У верасні Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” споўнілася 25 гадоў. Ганна Сурмач, сябра Рады Згуртавання, а ў 1993-2001 гадах - яе старшыня, піша пра гэты пройдзены “Бацькаўшчынай” немалы шлях.
Некалі ў раннім юнацтве, чытаючы Караткевіча, я была ўражаная тым эпізодам, калі герой ягонага твора трапляе ў пустыню і ўспамінае пад бязлітасным сонцам пра сваю далёкую Радзіму Беларусь з яе рэкамі і крыніцамі. Тады ўпершыню прыйшло разуменне, што беларусы жывуць не толькі ў Беларусі. Цяпер гэта выглядае дзіўна, што мы нічога не ведалі пра сваіх суродзічаў у свеце. Але ў той час, выхаваныя ў поўнай ізаляцыі ад свету, мы не задумваліся над гэтым пытаннем. Відаць, з таго часу пачало яно цікавіць мяне асабіста, а потым праз доўгія гады сталення і самастойнай працы стала маім жыццёвым наканаваннем.
Сёння я з радасцю прыпамінаю тыя часы новага беларускага Адраджэння, калі мы стварылі наша Згуртаваньне беларусаў свету "Бацькаўшчына". На той час мы ўжо шмат што ведалі пра нашых суродзічаў у замежжы, пачыналіся першыя кантакты, сустрэчы. І ўрэшце выразна паўстала пытанне аб арганізацыйным афармленні працы з замежнымі беларусамі. Усё больш выразна мы пачалі бачыць, што па-за межамі жыве значная частка беларускай нацыі, што лік ідзе на мільёны. Прыйшло асэнсаванне гэтай з’явы як вялікай трагедыі Беларусі, якая на сваім гістарычным шляху страціла вельмі шмат чалавечага патэнцыялу. Краіна на мяжы двух сусветаў, на разломе, праз тэрыторыю якой праходзілі самыя крывавыя войны. Амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, аўтар вядомай кнігі "Крывавыя землі", аднёс да іх ліку і нашу Бацькаўшчыну. У выніку шматлікіх гістарычных катаклізмаў Беларусь катастрафічна страчвала сваё насельніцтва - ад фізічнага вынішчэння да адыходу ў эміграцыю.
Эміграцыйныя хвалі адна за адной выносілі з беларускіх земляў найбольш працаздольных, адукаваных і часта нацыянальна сведамых людзей. Яны асвойваліся на чужыне, будавалі новае жыццё ўласнымі сіламі, без падтрымкі краіны-маці. Не было гэтай краіны, забранай у чужую імперыю. Ніхто ніколі раней не клапаціўся пра беларускіх эмігрантаў, ніхто на радзіме не прызнаваў іх, а ў савецкія часы яны лічыліся ворагамі. Адным словам, не было беларусаў у іншых краінах, а толькі нейкія адшчапенцы - такую думку навязвала нам савецкая прапаганда.
Сама ідэя прызнання наяўнасці беларускай эміграцыі ў свеце і стварэння Згуртавання беларусаў свету дзеля падтрымання пастаяннай сувязі краіны-маці і яе дыяспары была вялікім крокам ў развіцці беларускай нацыі, які стаў магчымым з пачаткам нацыянальнага Адраджэння. І гэтая ідэя была паспяхова рэалізавана ў 1990 годзе, калі мы - беларусы з Бацькаўшчыны і з замежжа сабраліся разам у Доме літаратара і абвесцілі пра стварэнне новай арганізацыі. Так была адчыненая зусім новая старонка ў гісторыі краіны.
У той час высокай грамадскай актыўнасці стваралася шмат новых арганізацый, да сённяшняга дажылі нямногія. Сярод іх і Згуртаванне "Бацькаўшчына". Арганізацыя можа з гонарам адзначаць свой 25-гадовы юбілей. Яна паспяхова выконвае сваю ролю - гуртаваць беларусаў па ўсім свеце. Перажыта шмат выпрабаванняў, цяжкасцяў, стратаў, як і раней, няма дастатковай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы праз палітычную сітуацыю ў краіне. Але ёсць адказныя людзі, якія нясуць на сабе ўвесь цяжар гэтай працы, не здраджваюць ідэі, робяць, што магчыма, каб трымаць сувязі з беларускім замежжам.
Немагчыма пералічыць тут усіх, хто спрычыніўся да стварэння і дзейнасьці ЗБС. Кожнага з вас, дарагія мае сябры і паплечнікі, успамінаю з вялікай цеплынёю і ўдзячнасцю за тое, што давялося быць побач з вамі ў такой важнай і адказнай дзейнасці на карысць нашай беларускай нацыі.
Галоўны вынік нашай сумеснай працы - стварэнне сусветнай беларускай супольнасці, якая жыве ўжо сваім самастойным жыццём, і перапыніць гэты працэс немагчыма. Беларусы з розных краінаў кантактуюць між сабою, сустракаюцца, супрацоўнічаюць, трымаюць сувязь з Бацькаўшчынаю. Цяпер ужо відавочна, што жыццёвая прастора беларускай нацыі не абмяжоўваецца геаграфічнымі рамкамі Беларусі. Беларусы жывуць у бальшыні краінаў свету, на ўсіх кантынентах. І не проста жывуць, а ствараюць адзіную супольнасць, якая ёсць беларускай нацыяй, прысутнай у сусвеце.
Сваю кнігу пра беларускую эміграцыю ў розных краінах я назвала "Беларусь без межаў". Вось менавіта такою сталася наша краіна, дзякуючы ў першую чаргу дзейнасці Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Ганна Сурмач,
Нью-Ёрк