Радзім Гарэцкі: “Мы робім унёсак у тое, каб беларусы не загінулі як нацыя”

Акадэмік Радзім Гарэцкі восем гадоў быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Было гэта ў тыя часы, калі слова “прэзідэнт” ужывалася не толькі ў дачыненні да адной асобы ў краіне. Абралі Радзіма Гаўрылавіча на гэтую пачэсную пасаду на Першым з’ездзе беларусаў свету, які адбыўся ў Мінску роўна 20 гадоў таму.

http://budzma.org/wp-content/gallery/zbs/1.jpg— Вы заступілі на пасаду прэзідэнта “Бацькаўшчыны” замест Быкава. Ці атрымалі наказ ад Васіля Уладзіміравіча?

 — Калі яшчэ на пачатку дзейнасці “Бацькаўшчыны” быў устаноўчы з’езд і мы папрасілі Быкава ўзначаліць арганізацыю, ён не вельмі хацеў, бо меў і так шмат розных пасад. Ён сказаў тады: “Мне цяжкавата, але гэта такая важная справа, што я даю згоду, толькі ненадоўга”. Ужо ў час падрыхтоўкі першага з’езду ён падышоў да мяне і сказаў, што хоча прапанаваць маю кандыдатуру на прэзідэнта. Сказаў: вы надзейны чалавек, які можа гэтую справу па-сапраўднаму пацягнуць. Тут, кажа, трэба быць адданым Бацькаўшчыне, быць шчырым і ўмець працаваць з рознымі людзьмі. Задача сапраўды стаяла важная — аб’яднаць розных людзей, розных паводле сваёй дзейнасці, поглядаў, веравызнанні. Але тых, хто любіць Беларусь і хоча яе росквіту. Васіль Уладзіміравіч пажадаў перадаць мне гэтую пасаду і сказаў, што заўжды гатовы дапамагчы і будзе разам з намі.

— Вы самі адчувалі ў сябе сілы, каб стаць на чале такой арганізацыі?

 — Вядома, былі сумневы, ці змагу я, бо за гэтай пасадай была вялікая адказнасць. Але мне дапамагалі той жа Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, сябраваў я з Янкам Брылём, які мяне ў гэтай справе падтрымаў таксама.

— Вас абралі прэзідэнтам на безальтэрнатыўнай аснове ці былі яшчэ кандыдатуры?

 — Сам дзіўлюся, але канкурэнцыі не было. Як Быкаў прапанаваў, так яно і было. Ніхто болей кандыдатуры не высоўваў, і мяне абралі. Можа, таму, што я ўвесь час удзельнічаў у гэтай справе, можа, паўплывала яшчэ тое, што я быў тады віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. Сам, па шчырасці, не ведаю.

http://budzma.org/wp-content/gallery/zbs/3.jpg— Што для вас асабіста значыла гэта абранне і праца ў “Бацькаўшчыне”?

 — Тады быў уздым беларушчыны, мы ўсе былі трохі ў эйфарыі, гатовыя былі зрабіць усё, каб гэтая справа толькі шырылася. Я ж сам хоць і нарадзіўся ў Мінску, але 40 гадоў не жыў у Беларусі, мовы не вучыў, а да ўсяго на пачатку перабудовы быў магутны націск на ўсё беларускае. Любоў да Беларусі мне перадалася праз бацькоў, а тут раптам стала ўсё разгортвацца. І я сам быў перапоўнены жаданнем хоць што-небудзь зрабіць дзеля беларушчыны. Адчуў, што ў мяне так шмат паплечнікаў, шмат людзей гатовыя падтрымаць мае пачынанні, таму я ўзяўся за грамадскія справы, хоць нямала было працы і ў прафесійнай дзейнасці.

— Як ў грамадстве ўспрынялі навіну пра правядзенне Першага з’езду беларусаў свету? Ці лічылі яго простыя людзі важнай падзеяй?

 — Думаю, што гэта была падзея. Перад гэтым з’ездам быў устаноўчы з’езд у 1990 годзе, калі дзякуючы ініцыятыве Яўгена Лецкі і яго аднадумцаў была заснаваная “Бацькаўшчына”. Пасля мы правялі з’езд беларусаў блізкага замежжа ў 1992 годзе. Усе гэтыя ранейшыя падзеі таксама шырока асвятляліся ў прэсе, прычым у дзяржаўнай. Людзі пра гэта ведалі, і падтрымка адчувалася з усіх бакоў. На хвалі адраджэння на постсавецкай прасторы вельмі хутка пачалі з’яўляцца беларускія суполкі. Ва Украіне, у Казахстане, у Расіі, асабліва ў Маскве, Новасібірску, Пецярбургу беларусы адчулі сябе беларусамі. І тут само па сабе прыйшло разуменне, што трэба згуртаваць не толькі беларусаў у метраполіі, але і наогул па ўсім свеце.

http://budzma.org/wp-content/gallery/zbs/4.jpg— Калі прыгадаць паседжанні на самім з’ездзе, асабістыя размовы і вашы назіранні, ці можна было назваць беларускую дыяспару згуртаванай?

 — На жаль, беларусы замежжа падзеленыя па пэўных напрамках. Як, напрыклад, беларусы Амерыкі. Адны падтрымліваюць БНР, другія трымаюцца згуртавання пасляваеннага. І яны між сабой не надта. Але як мы пачалі працаваць, то ставіліся да ўсіх аднолькава, не абіраючы пэўныя суполкі. Такая ж думка была ў Васіля Быкава — аб’яднаць усіх беларусаў усіх канцэсій і поглядаў на падставе незалежнасці нашай краіны. І гэта адчулі беларусы замежжа. Яны ж маюць настальгію па Радзіме, некаторых яшчэ дзецьмі вывезлі з краіны, але яны захавалі мову. А гэта ўжо аб’ядноўвае. Які ж ты беларус, калі не валодаеш сваёй мовай?!

— Які ваш самы яркі ўспамін з таго з’езду?

 — Здзіўлялі і радавалі беларусы, якія прыязджалі праз даўгі перапынак. Столькі было эмоцый! Некаторыя кідаліся на калені, каб зямлю сваю родную пацалаваць. Пачуцці былі супярэчлівыя, нехта баяўся, што па прыездзе іх могуць забраць у КДБ ды пасадзіць. А колькі выдатных людзей прыехала — Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Язэп Сажыч, тагачасны старшыня Рады БНР… У размове з Кіпелем высветлілася, што нашы бацькі працавалі разам у Інбелкульце, і я, і ён сталі геолагамі, а потым пачалі займацца агульнымі грамадскімі справамі.

— Якое было канкрэтнае значэнне першага з’езду?

 — Пасля з’езду шмат хто адчуў, што быць беларусам — гэта вялікі гонар. Па-першае, з’езд засведчыў, што беларусы могуць аб’яднацца і маюць вялікую цягу да нацыянальнага адраджэння. Быў прыняты зварот у падтрымку беларускай мовы. Прынялі пастанову аб неабходнасці распрацаваць праграму, датычную беларусаў замежжа, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў адбудове нашай дзяржавы. На жаль, вельмі хутка змянілася ўсё на супрацьлеглае, ужо з 1994 года, калі наша краіна стала прэзідэнцкай. А праз год адраджэнскі рух быў, па сутнасці, перакрэслены.

— Але Першы з’езд беларусаў свету не стаў апошнім. Што вам дае надзею на лепшае?

— Ужо Другі і наступныя з’езды арганізоўваць было вельмі складана. Але “Бацькаўшчына” працягвае аб’ядноўваць і трымаць разам сапраўдных беларусаў з усяго свету. І робіцца гэта на глебе, можа не столькі палітычнай, колькі культурна-асветніцкай. І мы ўсе робім значны ўнёсак у тое, каб беларусы не загінулі як нацыя.

Размаўляў Мікалай Дубавіцкі  

Фота Алесь Станкевіч

Фота 1 – Юрка Станкевіч (Прага), Алесь Станкевіч (Беларусь), Вячка Станкевіч (ЗША)

Фота 2 – Урачыстае адкрыццё Першага з’езду беларусаў свету

Фота 3 – Удзельнікі Першага з’езду беларусаў свету