МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№6(№31)
чэрвень
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

НАВІНЫ

Галадоўка
3 чэрвеня дэпутаты групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь В.Фралоў, С.Скрабец і Ул.Парфяновіч абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць неўнясення ў парадак работы сесіі падрыхтаванага “рэспубліканцамі” законапраекта аб зменах у выбарчае заканадаўства. Іншыя патрабаванні – выпусціць з турмы Міхаіла Марыніча і адмовіцца ад зменаў у Канстытуцыі аб трэцім тэрміне для Лукашэнкі (на восень улады Беларусі рыхтуюць рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі Беларусі з мэтай дазволіць Прэзідэнту краіны абірацца на трэці тэрмін). 21 чэрвеня галадоўка была спынена.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Старшыня Рады БНР выказала падтрымку галадоўнікам
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў тэлефоннай гутарцы з дэпутатам Сяргеем Скрабцом выказала ад імя Рады БНР падтрымку дэпутатам-галадоўнікам і ўсім тым, хто далучыўся да гэтай акцыі пратэсту.
Радыё “Свабода”. 2004. 8 чэр.

Беларусы замежжа падтрымалі дэпутатаў групы “Рэспубліка”
Кааліцыя ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, у якую ўваходзяць 12 беларуска-амерыканскіх і дзве беларуска-канадскія арганізацыі, выказвае салідарнасць з дэпутатамі групы “Рэспубліка”, якія вядуць галадоўку, дамагаючыся дэмакратычных зменаў Выбарчага кодэкса РБ. “Выбарчае права павінна гарантаваць адкрытыя і справядлівыя выбары. Мы салідарызуемся з галадоўнікамі ў іхняй абароне Канстытуцыі РБ, якая прадбачыць толькі два прэзідэнцкія тэрміны. Мы падтрымліваем дамаганне галадоўнікаў спыніць палітычныя пераследы, у тым ліку супраць Міхаіла Марыніча. Мы падтрымліваем галадоўнікаў маральна і палітычна, высока цэнім іхнюю мужнасць у змаганні за жыццё без дыктатуры. Жыве Беларусь!” – гаворыцца ў заяве, якую ад імя Кааліцыі падпісалі сустрашыні Аляксандр Сільвановіч і Янка Запруднік.
www.charter97.org

Амстэрдам, Галандыя
З 29 да 31 траўня ў Амстэрдаме адбылася шостая міжнародная малітоўная ўрачыстасць, нагодай для якой сталі цудоўныя аб’яўленні Маці Божай, што мелі месца ў 1945-1959 гады ў гэтым старажытным горадзе. Доўгі час гэтая падзея была ў ценю, але апошнім часам, дзякуючы руплівасці біскупа Амстэрдамскага і Гаарлемскага Язэпа Пунта, набыла сапраўды міжнароднае значэнне.
Для нашага народа ўшанаванне Найсвятое Багародзіцы з’яўляецца глыбокім і традыцыйным, таму Беларуская Царква не змагла пакінуць гэтую ўрачыстасць без увагі. Група моладзі ад парафіі Уваскрасення Хрыстовага горада Антверпена на чале са святаром Янам Майсейчыкам прыняла актыўны ўдзел у святкаваннях.
Галоўнаму Набажэнству папярэднічала ўрачыстае шэсце са сцягамі народаў, якія бралі ўдзел у святкаваннях. Прыемна было назіраць, як другі год запар сярод сцягоў сусветнай супольнасці развіваўся і наш бел-чырвона-белы сцяг, надзвычай прыгожы і поўны хрысціянскага зместу: белы колер – гэта колер Божае Ласкі, якая выліваецца на наш народ праз чырвань Крыві Хрыста. У часе Набажэнства наш сцяг стаяў на горнім месцы ў алтарнай частцы, сімвалізуючы сабой безупынную малітву за нашую Радзіму і Беларускую Уніяцкую Царкву. Уражвала неверагодная атмасфера спакою і малітвы, якая панавала падчас усяе ўрачыстасці, нягледзячы на тысячаколькаснае скапленне разнамоўнага люду. Твары людзей свяціліся радасцю і запальвалі такую самую радасць у сэрцах беларускіх паломнікаў.
www.razam.org

Нью-Джэрсі, ЗША
30 траўня ў царкве Жыровіцкай Маці Божай у Гайленд Парку, штат Нью-Джэрсі, новапасвечаны епіскап БАПЦ Уладыка Васіль адслужыў сваю першую ў гэтай парафіі Багаслужбу. Уладыку Васіля віталі ля ўваходу ў царкву Жыровіцкай Маці Божай з хлебам і соллю настаяцель прыходу айцец Вячаслаў і старшыня царкоўнай рады сп. Віктар Дубяга ды з кветкімі сп-ня Ала Дубяга.
Прыхаджане, а разам з імі і шматлікія госці, адсвяткавалі ў гэты дзень разам з Сёмухаю і парафіяльнае свята царквы – Дзень іконы Жыровіцкай Маці Божай. Павялічаным хорам кіраваў і чытаў апостала сп. Якуб Сапяжынскі.
Япіскап Васіль у сваёй пропаведзі адзначыў важнасць ролі роднай мовы ў жыцці Царквы ды заклікаў быць вернымі сваім праваслаўным традыцыям.
Адбыўся супольны абед у царкоўнай залі.
“Беларус”. 2004. чэрвень

Рыга, Латвіі
У Рызе створана новая грамадская арганізацыя “Адкрытая Беларусь” (“Atverta Baltkrievija” ,“Open Belarus”). Заснавалі яе прадстаўнікі з Беларусі і Латвіі. Устаноўчы сход адбыўся 30.04.04, у Рэгістры Латвійскай Рэспублікі арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная 20.05.04. Мэтамі створанай арганізацыі з’яўляюцца: садзейнічанне інфармаванасці беларускага грамадства аб дэмакратычных каштоўнасцях, падтрымка ў Беларусі дэмакратычных сіл і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, садзейнічанне ўзмацненню сувязяў паміж грамадскімі арганізацыямі Латвіі і Беларусі, супрацоўніцтва з падобнымі арганізацыямі ў іншых краінах і інш. У планах “Адкрытай Беларусі” – падрыхтоўка, публікацыя і распаўсюджванне ў супрацоўніцтве з беларускімі незалежнымі сродкамі інфармацыі, журналістамі і грамадзскімі арганізацыямі інфармацыі па палітычных, сацыяльных, эканамічных пытаннях, а таксама па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі праз Інтэрнет і іншыя сродкі масавай інфармацыі, арганізацыя семінараў, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў. Старшынёю праўлення абраны віцэ-прэзідэнт Фонда Сораса ў Латвіі Пэтэрыс Вінькеліс. Латвійская прэса надала шмат увагі гэтай падзеі – стварэнню такой арганізацыі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Даўгаўпілс, Латвія
У Даўгаўпілсе чарговы раз адбыліся святочныя мерапрыемствы ў межах “Тыдня славянскага пісьменства”. Асобны дзень заўсёды прысвячаецца беларускай культуры.
Беларускі дзень распачаўся студэнцкай канферэнцыяй “Беларуская пісьменнасць: гістарычныя вытокі”. У праграме былі выступы выкладчыкаў, даклады студэнтаў гуманітарнага факультэта. У завяршэнні канферэнцыі адбыўся Круглы стол, выстава беларускіх буквароў, газет і часопісаў. Былі падведзены вынікі дзіцячага конкурса “Ці ведаеш ты Беларусь?”. У другой палове дня праводзілася ўрачыстая вечарына, прысвечаная 10-годдзю беларускага ансамбля “Купалінка”, на якую завітала беларуская амбасада на чале з Паслом Беларусі ў Латвіі сп. В.Ламковым, беларускае консульства на чале з Консулам сп. Г.Ахрамовічам, а таксама госць з Мінска Н.Голубева. Шыкоўны падарунак – новыя нацыянальныя касцюмы ад Міністэрства культуры Беларусі. Павіншаваць ансамбль сабраліся шматлікія госці: ансамбль “Надзея” з Рыгі, старшыня беларускага таварыства “Прамень” В.Піскунова, якая прывезла таксама прывітанне і ад беларусаў Вентспілса і Ліепаі. Да гэтага юбілею быў запісаны першы кампакт-дыск ансамбля.
Таццяна Бучэль,
намеснік старшыні Культурна-асветнага
таварыства “Уздым”

Кішынёў, Малдова
29 траўня ў Кішынёве адбыўся Першы Кангрэс беларусаў Малдовы, арганізаваны Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова і Каардынацыйным саветам кіраўнікоў беларускіх суполак у Малдове.
У Кангрэсе ўзялі ўдзел дэлегацыі ўсіх сямі рэгіянальных беларускіх суполак Малдовы (Кішынёў, Ціраспаль, Бельцы, Бэндэры, Камрат, Грыгарыёпаль, Рыбніца).
Пасол Рэспублікі Беларусь у Малдове Васіль Саковіч зачытаў удзельнікам Кангрэса пасланне Прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі, у якім кіраўнік дзяржавы падкрэсліў ролю беларусаў замежжа як народных дыпламатаў, выказаў упэўненасць, што намаганні беларусаў Малдовы і ў далейшым будуць накіраваны на высакародныя мэты, а Рэспубліка Беларусь зробіць усё, каб яны адчувалі любоў і падтрымку Радзімы.
Падчас выступаў удзельнікаў Кангрэса падкрэслілі сваю падтрымку палітыцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па выніках дыскусій была прынята рэзалюцыя першага Кангрэса беларусаў Малдовы. У рэзалюцыі ўдзельнікі мерапрыемства выказалі словы ўдзячнасці на адрас кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і асабіста Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнку за клопаты аб суайчынніках замежжа.
www.mfa.gov.by

Вроцлаў, Польшча
З 10 да 13 чэрвеня ў Вроцлаве, пад ганаровым патранатам Мiнiстра культуры Польшчы, адбыўся Першы фестываль беларускай культуры. Праграма мерапрыемства была надзвычай насычаная. Жыхары i госцi Вроцлава пабачылі выступ танцавальнага калектыва “Белыя росы” з Гродна, два канцэрты гурта “Стары Ольса” з Мінска. У праграме – “Тутэйшыя” Гарадзенскага лялечнага тэатра, а таксама вернiсаж выставы гарадзенскiх мастакоў – Юрыя Якавенкi, Аляксандра Сiльвановiча, Сяргея Грыневiча i Валянцiны Шобы. Перад жыхарамі Вроцлава спяваў славуты беларускі бард Вiктар Шалкевiч. Адбылася таксама прэзентацыя творчасцi мастакоў таварыства “Майстар” з Мінска. Гарадзенскую дэлегацыю на Фестывалi ўзначальваў вiцэ-старшыня гарвыканкама Валянцiн Ляонаў.
Першы фестываль беларускай культуры арганiзаваны Калегiумам Усходняй Еўропы ў супрацоўнiцтве з уладамi Вроцлава i Гарадзенскiм гарвыканкамам. У фестывалі ўдзельнічаў Мiнiстр культуры Польшчы Вальдэмар Дамброўскi, а таксама Пасол Беларусi ў Польшчы Павел Латушка.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Варшава, Польшча
У Варшаве адзначылі Міднародны дзень уцекача (бежанца). З гэтай нагоды адбыўся фэст і канцэрт у адным з гарадскіх паркаў Варшавы. Можна было ўзяць удзел у конкурсах, прысвечаных праблематыцы ўцекачоў. Былі запланаваныя таксама спецыяльныя гульні для дзяцей. Міжнародны дзень уцекача Варшава арганізоўвае ў дзесяты раз. На фэсце прысутнічалі таксама беларускія ўцекачы.
Радыё “Polonia”. 2004. 20 чэр.

Беласток, Польшча
31 траўня ў Беластоку адбылося Свята беларускай культуры, арганізаванае Галоўным праўленнем Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Святочнае мерапрыемства сабрала ў беластоцкім амфітэатры звыш 2 тысяч чалавек, якія прыйшлі паслухаць і паглядзець беларускія песні і танцы.
Сярод ганаровых гасцей на канцэрце прысутнічалі: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Павел Латушка, дэлегацыя з Гродзенскай вобласці начале з намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама Валянцінам Ляонавым, Падляскі ваявода Марэк Стшаліньскі і віце-ваявода Ежы Пул’яновіч, Прэзідэнт горада Рышард Тур, сенатар Рэспублікі Польшча Сергіуш Плева, прадстаўнікі мясцовых органаў самакіравання Падляскага ваяводства.
Ва ўрачыстым канцэрце прынялі ўдзел лепшыя фальклорныя і прафесійныя калектывы з Падляшша, якія выконвалі беларускія народныя і сучасныя песні. Завяршыўся канцэрт выступленнем беларускага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя Росы” з Гродна. Падчас святкавання быў разгарнуты кірмаш, на якім жадаючыя маглі купіць беларускія кнігі і падручнікі, вырабы народных майстроў з Беларусі і Польшчы.
www.mfa.gov.by

Польшча
У Польшчы беларуская мова ў сямейным жыцці прысутнічае даволі рэдка. Бацькі да сваіх дзяцей найчасцей звяртаюцца па-польску. Традыцыйна ўжо па-беларуску размаўляюць жыхары вёсак, а ў гарадах беларуская мова карыстаецца пашанай толькі ў сем’ях свядомых беларусаў, у якіх існуе моцная матывацыя да падкрэслівання свае беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці.
На працягу многіх дзесяткаў гадоў сітуацыя, зразумела, змянялася. У сярэдзіне 1950-х гадоў заўважалася адраджэнне беларускай культуры. У той час было заснаванае Беларускае Грамадска-культурнае таварыства, пачаў выходзіць тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”, у Варшаўскім універсітэце ўзнікла Кафедра беларускае філалогіі. Асабліва вялікую ролю выканала “Ніва”, якая спрычынілася да пашырэння беларускага пісанага слова. З’явіліся дзесяткі вакальных, тэатральных ды інструментальных гуртоў; народныя тэатры і хоры арганізаваліся амаль у кожнай беларускай вёсцы на Беласточчыне. Гэта спрыяла шырэйшаму карыстанню беларускай мовай таксама ў сямейным жыцці.
У 1960-х гадах сітуацыя пачала пагаршацца. Умяшанне цэнзуры не дазваляла супрацоўнікам “Нівы” публікаваць артыкулы, у якіх закраналася пытанне нацыянальнай тоеснасці. Таксама ў гэты перыяд школьная адміністрацыя рабіла захады, каб абмежаваць навучанне беларускае мовы, пра што сведчыць Распараджэнне Міністра асветы 1962 г. Узніклі цяжкасці з набыццём падручнікаў на беларускай мове. Гэта ўсё адмоўна адбілася на сітуацыі беларускае мовы ў сямейным жыцці.
Найгоршае, аднак, наступіла ў 1970-х гадах. Частка беларускіх культурных і адукацыйных устаноў была папросту скасаваная. Беларуская мова абмежавалася толькі заняткамі па беларускай літаратуры і мове; наступіла поўная ліквідацыя навучання іншых прадметаў па-беларуску.
Нягледзячы на дыскрымінацыйную палітыку ўладаў, у 1980 г. узніклі сімптомы, спрыяльныя духоўнаму адраджэнню беларусаў у Польшчы. Заўважаўся рост актыўнасці сярод беларускай інтэлігенцыі. Узніклі новыя арганізацыі: Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яданнне, Звяз беларускай моладзі. З’явіліся спробы навучання беларускай мовы ў Беластоку, дзе раней такіх магчымасцяў не было. Гэтая дзейнасць прычынілася да адраджэння беларускае мовы таксама ў сямейным жыцці.
Радыё “Polonia”. 2004. 2 чэр.

Масква, Расія
Фільм беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі” можа быць зняты з конкурснай праграмы Маскоўскага кінафестывалю – нядаўна Мінкульт Беларусі накіраваў ліст ў Мінкульт Расіі з патрабаваннем зняць фільм з конкурсу.
У Беларусі выдача пракатнага пасведчання мастацкай карціне А.Кудзіненкі была прыпынена пасля абмеркавання стужкі прадстаўнікамі трох камісій – экспертнага савета па кінавідэамастацтву Міністэрства культуры, класіфікацыйнай камісіі Дзяржрэгістра і Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні парнаграфіі і гвалту. Эксперты прыйшлі да высновы, што “трактоўка партызанскага руху ў фільме “Акупацыя. Містэрыі” супярэчыць ісцінай праўдзе, можа абражаць пачуцці ветэранаў вайны і негатыўна ўплываць на выхаванне падрастаючага пакалення і моладзі”.
www.charter97.org

Масква, Расія
Сайт “Беларуская Масква” запрашае падпісацца на рассылку навінаў. Дзеля таго, каб атрымліваць навіны, дашліце пусты ліст на адрас:
news-on@maskva.com
Пасля гэтага на Ваш электронны адрас прыйдзе лiст з просьбай пацвердзiць падпiску. На яго трэба проста адказаць (Reply).
www.maskva.com

Масква, Расія
Помнiк народнаму паэту Беларусi Янку Купалу, якi будзе ўстаноўлены ў Маскве, ужо iснуе не толькi ва ўяўленнi скульптараў. Аўтары твора, бацька i сын Гумiлеўскiя, ужо выканалi скульптурную кампазiцыю ў мяккiм матэрыяле ў натуральную велiчыню, i яна была прынята на пасяджэннi рэспублiканскага экспертнага савета па манументальнаым мастацтве. А зараз сумесна з расiйскiм бокам вырашаецца пытанне наконт адлiўкi самога помнiка i дастаўцы яго ў Маскву. Вышыня каля сямi метраў, кампазіцыя будзе выканана з бронзы, каменю i гранiту.
Для таго, каб абраць лепшы праект помнiка, Мiнiстэрства культуры Беларусi ў 2002 годзе правяло адкрыты блiц-конкурс. Перамогу аддалi скульптуры Купалы, якi абапiраецца на валун, задуменна скрыжаваўшы рукi.
Адкрыццё помнiка Янку Купалу павiнна адбыцца сёлета, у Дзень горада Масквы, на пачатку верасня.
“Звязда”. 2004. 10 чэр.

Ад рэдакцыі: Ідэя ўсталяваць помнік Янку Купалу ў Маскве даўняя. Яна ўзнікла 3 гады таму пад час Купалаўскіх чытанняў. Планавалася зрабіць гэта ў верасні 2002 г. і прымеркаваць да 120-гадовага юбілею паэта. Але, нягледзячы на абяцанні мэра М.Лужкова, урад Масквы так і не падпісаў рашэнне аб узвядзенні помніка. Камісія па манументальным мастацтве мэрыі Масквы не зацвердзіла праект помніка.
Ініцыятыву падхапілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Маскве на чале з Антонам Сабалеўскім – актыўным сябрам Грамады беларускай культуры імя Ф.Скарыны г. Масквы, якія неаднойчы наведваліся да кіраўніка Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Ф.Каўрыгі. Але пошукі падтрымкі ў кіраўніцтва аўтаноміі, пасольскіх і іншых чыноўнікаў поспеху не мелі.
Беларуская дыяспара ў Маскве пачала збор народных ахвяраванняў. Але мэрыя Масквы так і не вызначыла месца для помніка. Убачыўшы тупіковасць гэтай сітуацыі, Антон Сабалеўскі выкупіў помнік нашаму Песняру і прывёз да сябе на Радзіму, у Глыбокае, дзе 8 ліпеня гэтага года падарыў яго Глыбоцкаму краязнаўчаму музею.
Зараз, як бачым пачынаецца новае кола гісторыі беларускага помніка ў Маскве.

Масква, Расія
У верасні гэтага года ў Маскве плануецца наладзіць выставу твораў беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, каб даць магчымасць маскоўскаму чытачу пазнаёміцца з ягонымі ідэямі і думкамі. Пад час выставы да ўвагі наведвальнікаў будуць прапанаваны ягоныя кнігі на беларускай і рускай мовах. Вырашана сабраць усе творы Адамовіча ў бібліятэцы Культурна-інфармацыйнага цэнтра ФНКА “Беларусы Расіі”. У межах Тыдня беларускай культуры ў Маскве з 3 да 7 ліпеня плануецца правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па творчай спадчыне пісьменніка, па выніках якой будзе прынята рашэнне аб выданні збора твораў у Расіі пры садзеянні ФНКА “Беларусы Расіі”.
belros.ru

Новасібірск, Расія
У пачатку чэрвеня ў Новасібірску прайшля Дні беларускай культуры, прысвечаныя 60-годдзю вызвалення Беларусі. У храме св. Еўфрасінні Полацкай адбылася Боская Літургія. Удзел у свяце ўзялі госці з Томска, Новасібірскай вобласці і ансамбля беларускай песні “Церніца” з Мінска. Артысты з канцэртамі выязджалі ў гарады і вёскі вобласці. Свята прайшло ўмежах года культуры Рэспублікі Беларусь ў Расіі. Ініцыятарам свята стаў Беларускі культурна-асветны цэнтр у імя св. Еўфрасінні Полацкай.
Праца Новасібірскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у гэтым годзе асабліва насычаная. Шэрагі арганізацыі пастаянна папаўняюцца, прыходзяць новыя людзі – актыўныя, творчыя, неабыякавыя.
З вялікай цікаўнасцю наведваюць сібірскія беларусы Гістарычны клуб, які арганізаваў Альберт Анатольевіч Мітэр. Кола пытанняў, якія ўздымаюцца сябрамі клуба, самае разнастайнае: гісторыя Беларусі; шляхі пранікнення беларусаў у Сібір; сучасны беларускі рух у Сібіры; беларуская дыяспара ў свеце і шмат іншых.
У планах працы Новасібірскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў – удзел у традыцыйным Дні горада, свяце “Купалле”, “У гасцях у Лявоніхі”. Заўжды з радасцю сустракаюць новасібірцы фальклорныя калектывы Беларускага культурнага цэнтра і яго кіраўніка Ніну Васільеўну Кабанаву. Цэнтр разам з аўтаноміяй нямала робіць для прыцягнення моладзі да спасціжэння беларускай культуры. У некалькіх новасібірскіх школах дзеці займаюцца вышыўкай, традыцыйнымі нацыянальнымі вырабамі, вывучаюць беларускія народныя танцы.
Усяго ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры працуюць сёння 17 калектываў і аматарскіх аб’яднанняў, у якіх займаюцца больш за 300 чалавек. Пачалася праца па стварэнню дзіцячага літаратурнага конкурса “Мой радавод”.
Людміла Бяляўская

Іркуцк, Расія
Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) на тэрыторыі Іркуцкай вобласці вядзе актыўную дзейнасць па адраджэнні і захаванні нацыянальных традыцый, абрадаў беларусаў на працягу ўжо 8 гадоў. На базе Таварыства арганізуюцца і праводзяцца такія масавыя абрадавыя святы, як Каляды, Гуканне Вясны, Дзяды і інш.
Уначы 26-27 чэрвеня адбудзецца адно з самых прыгожых святаў “Купалле”. У гэтым годзе абрад будзе праводзіцца непадалёк ад Музея Драўлянага дойлідства “Тальцы” на березе ракі Ангара.
Алена Мамантава,
Прэс-сакратар ІТБК

Цюмень, Расія
З 30 траўня да 1 чэрвеня ў г. Цюмені праходзіў IV дзіцячы фестываль нацыянальнай самадзейнай мастацкай творчасці “Вясёлка”. Гала-канцэрт адбыўся 1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей. У агульным заліку Нацыянальна-культурная аўтаномія (НКА) “Беларусь” заняла 3-е месца сярод 26-ці нацыянальных таварыстваў.
У намінацыі “фальклор” усіх парадаваў калектыў “Маладыя галасы” з в. Вікулава (кіраўнік В.Міхіенка), які заняў 2-е месца. На сцэну выйшлі 10 хлопчыкаў 10-16-ці гадоў у беларускіх нацыянальных строях і запелі “Дудалку” так, што журы папрасіла выканаць яшчэ адну песню, не для адзнакі, а для душы! Ансамбль “Салавейкі” в. Ермакі Вікулаўскага раёна стаў трэцім у гэтай жа намінацыі. У інструментальным жанры лаўрэатам 3-й ступені стала 11-гадовая Вольга Зуева (скрыпка). Улад Татарынцаў у гэтым годзе здзівіў журы не толькі мастацкім выступам (1-е месца), але і арыгінальнымі вырабамі з гліны (1-е месца). Годна выступілі салісты Юлія Асятрова (г. Цюмень), дуэт “Сяброўкі” з в. Вікулава.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі каштоўныя падарункі і сувеніры. Акрамя гэтага старшыня НКА “Беларусь” Л.Ксяндзоў уручыў усім беларускім удзельнікам фестывалюпа каробцы цукерак.
Людміла Татарынцава,
начальнік аддзела беларускай культуры
АДНК “Будаўнік”

Францыя
У Францыі ствараецца новая беларуская арганізацыя пад назвай “Супольнасьць беларусаў Францыі імя Тадэвуша Касьцюшкі”. Устаноўчы сход гэтай беларускай арганізацыі адбудзецца ў пачатку ліпеня 2004 года. Зараз Аргкамітэт займаецца рэгістрацыяй “Супольнасьці” ва ўладных структурах Французскай Рэспублікі. Ініцыятары стварэння новай арганізацыі заклікаюць усіх беларусаў Францыі, якім не абыякавы лёс Бацькаўшчыны, да кансалідацыі. Для сувязі прапануецца элктронны адрас:
tadeush1794@yahoo.fr
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прага, Чэхія
У сетцы Інтэрнет з’явіўся новы сайт беларусаў замежжа – сайт беларускай суполкі “Скарына” ў Чэхіі.
www.skaryna.cz
Гэтую арганізацыю ўзначальвае Ганна Сурмач, былая Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Цяпер суполку “Скарына”, якая налічвае каля сотні чалавек, пераважна складаюць найбольш грамадска актыўныя людзі, тыя, хто ўдзельнічаў у апазіцыйным руху ў Беларусі, хто і на чужыне стараецца дапамагчы сваёй Радзіме.
Кожны год суполка адзначае нацыянальныя святы, якія сёння забароненыя ў самой Беларусі: 25 Сакавіка, Дзень памяці памерлых, Дзень памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Суполка трымае пастаянную сувязь з Беларуссю, запрашае на сустрэчы вядомых палітыкаў, пісьменнікаў, спевакоў з Радзімы.
Суполка актыўна супрацоўнічае з чэшскай грамадскасцю, з палітычнымі і культурнымі дзеячамі. Найбольш актыўныя кантакты мае з Фундацыяй “Чалавек у нядолі”, пры якой працуе Беларускі інфармацыйны цэнтр.
Паводле www.skaryna.cz

Прага, Чэхія
Адбылося чарговае пасяджэнне Рады беларускай суполкі “Скарына” ў Чэхіі. Абмеркавана справаздача сяброў Рады аб удзеле ў святочных мерапрыемствах у Вільні. Нагадваем, што сябры Рады сп. Юрка Станкевіч і сп. Сяргей Скаруліс прадстаўлялі суполку на святкаванні 15-й гадавіны Таварыства беларускай культуры ў Літве (22 траўня), куды яны былі запрошаны кіраўніцтвам Таварыства.
Абмеркавана прапанова беларусаў краінаў Балтыі, выказаная на святкаванні 15-годдзя Таварыства беларускай культуры ў Вільні, аб правядзенні Сустрэчы беларусаў Еўропы ў Празе.
Было абмеркавана пытанне аб удзеле суполкі ў “З’ездзе беларускай дыяспары “апошняй хвалі”, якое плануецца на 4 верасня 2004 года ў Бельгіі (інфармацыю аб з’ездзе глядзіце на www.razam.org). Рада суполкі “Скарына” прыняла рашэнне не браць удзел у “З’ездзе беларускай дыяспары “апошняй хвалі”. Таксама Рада выпрацавала заяву суполкі “Скарына”, якая адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю суполкі ў адносінах да гэтага мерапрыемства:
“У сувязі са з’яўленнем інфармацыі пра тое, што ў Празе створаны арганізацыйны камітэт па правядзенню з’езду беларускай палітычнай эміграцыі “апошняй хвалі” 4 верасня гэтага года ў Бельгіі намі вырашана паведаміць Радзе БНР і Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” пра нашу пазіцыю адносна гэтага мерапрыемства.
Суполка “Скарына” не возьме ўдзел у арганізацыі і правядзенні гэтага мерапрыемства з прычыны недаверу да некаторых арганізацыяў і асобаў, якія ўваходзяць у аргкамітэт з’езду”.
www.skaryna.cz


КНІЖНАЯ ПАЛІЦА

“Цярністы шлях”
У Германіі падрыхтавана да выдання кніга ўспамінаў вядомага беларускага вучонага Барыса Кіта, які цяпер жыве ў Франкфурце-на-Майне.
Імя акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, заслужанага прафесара Вашынгтонскага Мэрылендскага універсітэта, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі Барыса Кіта добра вядома ў навуковых касмічных колах. Ён даследаваў магчымасць выкарыстання вадкага вадароду для палётаў у космас, а затым выдаў першы ў свеце падручнік па ўсіх магчьшых відах ракетнага паліва. Яго імя ўкладзена ў "капсулу часу" найвядомых вучоных астранаўтыкі, якая захоўваецца ў бібліятэцы Роберта Говарда (ЗША) і будзе адкрыта праз 500 гадоў.
Дзяцінства вучонага прайшло ў вёсцы Агароднікі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Цяпер гэтая вёсачка злілася з райцэнтрам Карэлічы.
Кніга дарагая для вучонага яшчэ і тым, што запісваў яго ўспаміны Васіль Быкаў – гэта адбылося ўлетку 2001 года. Кніга складаецца з 12 раздзелаў, у якіх расказана пра ўсе найважнейшыя падзеі ў жыцці выдатнага вучонага. Да таго ж напісана яна на добрай беларускай мове, на якой дагэтуль размаўляе Барыс Кіт.
“Народная воля”. 2004. 9 чэр.

“Гукі жыцця”
У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” пабачыла свет кніга аповесцяў і апавяданняў беларускага пісьменніка з Санкт-Пецярбурга Анатоля Кірвеля. Збрнік мае назву “Гукі жыцця” і складаецца з дзевяці твораў пісьменніка. У выданні кнігі дапамогу аказала і МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Духоўная культура Падляшша
26 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя Міжнароднай славяназнаўчай праграмы “Гісторыя кніжнай культуры Падляшша”. Цягам болей за дзесяць гадоў ажыццяўлялася вывучэнне духоўнай культуры Падляшша – тэрыторыі сучаснай Польшчы, якая заселена этнічнымі беларусамі,
Аўтар ідэі праекта “Гісторыя кніжнай культуры Падляшша” – навуковец Расійскай акадэміі навук, дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Інстытута славяназнаўства і балканістыкі, доктар філалагічных навук Ю.Лабынцаў распавёў пра тое, як ішла праца над чатырнаццаццю кніжкамі, што ўвайшлі ў навуковую серыю. Ён зазначыў, што праграма была ажыццёўлена на аснове найноўшых інфармацыйных тэхналогій.
На прззентацыі можна было ўбачыць навуковыя манаграфіі і бібліяграфічныя матэрыялы, артыкулы, прысвечаныя культурнай спадчыне Падляшша, яго рукапіснай і друкаванай кніжнасці. Была прадстаўлена апошняя кніжка, выдадзеная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў 2004 годзе ў межах праграмы "Заходнебеларуская пісьмовая спадчына ХVІІ - ХХ стагоддзяў".
“Культура”. 2004. 5-11 чэр.

Прэзентацыя кнігі “Быкаў на Свабодзе”
У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі “Быкаў на Свабодзе”. У гэтай кнізе –словы Васіля Быкава, ягоныя ацэнкі, ягоныя роздумы, ягоныя – Быкаўскія прароцтвы. Тут і сусветна вядомыя імёны – як Генрых Бёль ці Міхаіл Гарбачоў, і асобы, вядомыя вузкаму колу, але якія былі вельмі дарагія Быкаву – як, напрыклад, незабыўны Уладзімір Кармілкін, летапісец апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння. Ёсць асобы, якія згадваюцца вельмі часта – гэта сябры Быкава, блізкія яму людзі – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Зянон Пазняк, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законнікаў, родныя Быкава, супрацоўнікі “Свабоды”, якія рабілі інтэрв’ю ды рэпартажы.
Быкаў лічыў адной з найважнейшых падзеяў беларускай гісторыі – аднаўленне незалежнасці Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. І кніга “Быкаў на Свабодзе” – яшчэ адно пацверджанне гэтаму.
Паводле радыё “Свабода”

“Новае жыцьцё”
У Адэлаідзе выйшаў у свет другі ў гэтым годзе нумар беларускага часопіса “Новае жыцьцё”. Гэтае выданне было заснаванае ў 1950-м годзе “Беларускім Аб’яднаньнем у Аўстраліі” (Сідней-Мельбурн) і выходзіла да 1959-га года. Выданне часопіса было адноўленае “Беларускім Гістарычным Згуртаваньнем ў Аўстраліі” ў верасні 2003 года. Асобная копія выдання робіцца для Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Адказны за друк – Віктар Кавалеўскі. Нумар рыхтавалі: Адам Жураўлевіч, Сяргей Розмысл, Уладзімір Камароўскі, Уладзімір Сідлярэвіч, Міхась Шэка, Віктар Гладкі, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэк, Павал Гуз, Аляксандр Грыцук.
У прадмове да выдання Віктар Кавалеўскі піша: “На працягу некалькіх гадоў я друкаваў Інфармацыйны Ліст “Беларускага Аб’яднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі” (БауПА). Рассылаў сябрам БауПА. У сярэдзіне 2003 года мы (Іна, Віктар і малодшая дачка Вікторыя) трохі праехаліся па Аўстраліі, заглянуўшы ў Мельбурн, Сідней, Канберру, Вога-Вогу, Рэнмарк і іншыя аўстралійскія гарады і гарадкі. У Мельбурне трапілі на пахаванне св. памяці Паўла Гуза. Менавіта ў гэтую паездку і нарадзілася ідэя адрадзіць часопіс “Новае Жыцьцё”, які папераменна друкаваўся беларусамі Мельбурна і Сіднея на працягу 50-х – 60-х гадоў.
Гэта часопіс апісвае ў галоўным падзеі 2001-2003 гадоў. Ну і вядома, далейшыя выданні часопіса будуць аглядаць падзеі, якія адбыліся ў трох беларускіх суполках (Адэлаіда, Сідней, Мельбурн) за адпаведны каляндарны перыяд.
Колькі выйдзе нумароў – цяжка сказаць. Усё залежыць ад многіх абставін, ды і відавочна, што без прадстаўнікоў пасляваеннай хвалі эміграцыі ўтрымаць грамадскую, не гаворачы ўжо аб рэлігійнай, працу будзе вельмі цяжка.
Праблемы жыцця беларускай эміграцыі патрэбна будзе даследваць. Для гэтай працы такое выданне, як гэты часопіс, будзе вельмі спадручным”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беларуская літаратурная класіка
Кампакт-дыск “Беларуская літаратурная класіка ХІ – ХІХ стагоддзяў” рыхтуюць да выпуску спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пры падтрымцы UNESCO. Гэты дапаможнік дазволіць чытачам пазнаёміцца з недасягальнымі і рэдкімі кнігамі з фондаў вядучай бібліятэкі краіны. Плануецца, што кампакт-дыск будзе змяшчаць больш за 100 твораў 50-ці аўтараў, а таксама біяграфічныя артыкулы, партрэты, гравюры, тытульныя лісты кніг. Для хуткага пошуку неабходных старонак і твораў мяркуецца ўвесці пошукавую сістэму.
www.tvr.by

“Ладдзя роспачы”
Гурт “Стары Ольса” запісаў аўдыёспектакль паводле аповесці У.Караткевіча “Ладдзя роспачы”. “Ладдзя роспачы” – надзвычай жыццясцвярджальны і патрыятычны твор. Ролі выканалі ўдзельнікі гурта. У аздабленні пастаноўкі выкарыстаны кампазіцыі з усіх альбомаў “Старога Ольсы”, у тым ліку і яшчэ не выдадзеныя.
Галоўнай ідэяй гэтага праекта было запісаць славуты твор беларускай літаратуры на прафесійнай тэхніцы і выпусціць яго ў ліцэнзаванай якасці. Дыск з аўдыёспектаклем можна праслухоўваць на любой музычнай тэхніцы – цэнтры, плэеры, кампутары.
19 траўня ў Мінску адбылася прэзентацыя аудыёспектакля.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВЕСТКІ

80 гадоў Васілю Быкаву

Васіль Быкаў
Васіль Уладзiмiравiч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Навучаўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 г. уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены.
Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 г., аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданняў, напісаных у 1951 годзе. У 1974 г. Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесць “Дажыць да світання”, 1973), у 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 годзе быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць “Знак бяды”.
Некаторыя творы пісьменніка, такія як аповесці “Трецяя ракета” (1962), “Дажыць да світання”, былі экранізаваныя. Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць “Трэцяя ракета”, напісаная ў 1962 годзе. У 1960-я ён публікуе аповесці “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, у 1970-я – “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Дажыць да світання”, “Пайсці і не вярнуцца”.
Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэнне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.
Народны пісьменнік памёр 22 чэрвеня 2003 года ў анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах, пад Мінскам.

Год з дня смерці

22 чэрвеня мінуў год з дня смерці Васіля Быкава. У Рэспубліцы Беларусь не з’явілася ні вуліцы імя Быкава, ні ўніверсітэту, у дзяржаўным выдавецтве не выйшла ніводнай быкаўскай кнігі. Улада працягвае сваю зацятую вайну з пісьменнікам...
“Наша ніва”. 2004. 18 чэр.

Дзесяць месяцаў таму Віцебская абласная Рада ТБМ звярнулася да гарадзкіх ды абласных уладаў з шэрагам прапановаў па ўшанаванні памяці Васіля Быкава. Адхілена ідэя таго, каб імя Васіля Быкава было нададзенае абласной бібліятэцы, якая цяпер носіць імя Леніна. Была адхіленая прапанова правесці на Вушаччыне мастацкі пленэр. Адмоўлена таксама ў стварэнні ў Віцебску Музея Васіля Быкава. Ва ўладаў не хапае грошай нават на тое, каб зрабіць мемарыяльную дошку на будынку, дзе В.Быкаў вучыўся ў мастацкай вучэльні.
Паводле Радыё “Свабода”

Святкаванне 80-годдзя В.Быкава
Вільня адзначыла 80-годдзе Быкава прэм’ерай дакументальнага фільма аб ім. У Вільні адбылася гарадзская вечарына памяці Васіля Быкава, дзе быў паказаны дакументальны фільм рэжысёра Віктара Корзуна “Васіль Быкаў. Вяртаньне”.
Беларускія суполкі, якія ініцыявалі вечарыну, ладзілі імпрэзу не толькі і не столькі для беларускай грамады, а для ўсёй Вільні. У імпрэзе бралі ўдзел літаратары з Беларусі і Літвы. З Фінляндыі прыехаў паэт Уладзімір Някляеў.

19 чэрвеня з самай раніцы сотні людзей з кветкамі і свечкамі ішлі на магілу Васіля Быкава, што на Усходніх могілках у Мінску, каб адзначыць 80-я ўгодкі з дня нараджэння пісьменніка. Сябры, калегі і прыхільнікі таленту Васіля Быкава ўшаноўвалі ягоную памяць, чыталі вершы, спявалі нацыянальныя песні. З Украіны да магілы Быкава прыехаў Васіль Бондар, з Масквы – Рыма Казакова, Валянцін Аскоцкі, Юры Чэрнічэнка.

У мінскім Доме літаратара адбылася вечарына, прысвечаная 80-годдзю з Дня нараджэння Васіля Быкава. У перапоўненай залі прайшла прэзентацыя некалькіх новых кніг твораў пісьменніка і ўспамінаў ягоных сяброў, а таксама кампакт-дыска “Быкаў на Свабодзе”. Сярод тых, хто прыйшоў на быкаўскую вечарыну, былі вядомыя пісьменнікі, удава пісьменніка Ірына Міхайлаўна, амбасадары.

У вёсцы Бычкі на Вушаччыне адчыніўся мемарыяльны музей Васіля Быкава. Тры месяцы таму сядзібе пісьменніка быў нададзены статус культурна-гістарычнай каштоўнасці, і таму наведнікі музею ўбачылі родную хату Васіля Быкава амаль такой, якая яна была ў часы ягонага маленства. З 27-га красавіка гэтага года сядзіба Быкавых занесеная ў пералік помнікаў гісторыі ды культуры.

На філфаку БДУ адчыненая мемарыяльная аўдыторыя Васіля Быкава. Імя народнага пісьменніка нададзенае аўдыторыі нумар 304 філалагічнага факультэта БДУ.

Надмагільным помнікам Васілю Быкаву будзе валун з Фінляндыі. Некалькі беларускіх скульптараў распрацавалі макеты надмагільнага помніка Васілю Быкаву. Старшыня Саюзу пісьменнікаў Алесь Пашкевіч атрымаў з Фінляндыі фотаздымкі валуна і схему ягонага ўсталявання на адмысловым пастаменце, распрацаваным тамтэйшымі майстрамі. На валуне надпіс: “Васіль Быкаў” і гады жыцця.
Фінляндыя была першаю краінай, якая прыняла Васіля Быкава пасля таго, як улады на радзіме распачалі публічныя выпады супраць пісьменніка, стварыўшы яму невыносныя ўмовы жыцця і творчасці і вымусіўшы В.Быкава з’ехаць за мяжу.

У гарадзенскай гарадской філіі Таварыства беларускай школы адбылася вечарына, прысвечаная Васілю Быкаву. Старшыня дэмакратычнай арганізацыі ветэранаў Мікалай Мельнікаў паведаміў, што ветэраны напрыканцы месяца маюць адчыніць музейны пакой, прысвечаны творчасці Васіля Быкава.
Паводле Радыё “Свабода”

60 гадоў Другому Усебеларускаму Кангрэсу
60 гадоў таму, 27 чэрвеня 1944 года, адбылася адна з найважнейшых падзеяў гісторыі Беларусі – Другі Усебеларускі Кангрэс. Сход, які яшчэ раз пацвердзіў імкненне беларусаў да незалежнасці,
Дзеячоў, што згуртаваліся вакол Беларускае Цэнтральнае Рады, створанай у снежні 1943 года, не задавальняла тое, што ўладу БЦР атрымала з нямецкіх рук і падпарадкоўвалася яна нямецкаму цывільнаму кіраўніцтву.
Вось што пісаў Іван Касяк, у 1944 годзе намеснік прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага на Глыбоцкую акругу: “БЦР хацела стварыць аўтарытэтнае прадстаўніцтва, што паходзіла б з волі беларускага народу”.
“Беларус”. 2004. чэрвень

Беларусь статыстычная
Апошняе выданне “The Economist World in Figures” дае дэталёвую статыстыку сусветнай супольнасці. Беларусь займае 10-е месца ў свеце сярод краінаў з найбольш нізкімі тэмпамі роста насельніцтва і першае месца па колькасці працуючых жанчын (адносна агульнай колькасці занятых).
www.belarusy.com

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Віншаванне
9 чэрвеня святкуе свой 45-гадовы юбілей беларуска з Эстоніі, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Таццяна Краткевіч. Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас і зычым здароўя і поспехаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Матэрыялы Другога і Трэцяга з’ездаў беларусаў свету
У пачатку чэрвеня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдала зборнік матэрыялаў “Другога (1997 г.) і Трэцяга (2001 г.) з’ездаў беларусаў свету”. Гэта ўнікальны зборнік матэрыялаў і дакументаў. У яго ўвайшлі даклады і выступы прадстаўнікоў беларускай дыяспары з 18 краін свету, выніковыя дакументы і фотаматэрыялы абодвух з’ездаў. Укладальнік матэрыялаў – Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.
У прадмове да кнігі сказана: “Выданне матэрыялаў Трэцяга з’езда беларусаў свету ўдалося ажыццявіць толькі праз тры гады, але мы добра памятаем гэты сусветны форум, бо і сёння кіруемся ў сваёй дзейнасці яго рашэннямі. З’езд праходзіў у складаных грамадска-палітычных варунках пры далёка неадназначным стаўленні дзяржавы да самой падзеі. Пра гэта дакладна распавядае тагачасны прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Радзім Гарэцкі ў сваёй прадмове, пра гэта сведчаць і выступленні дэлегатаў і гасцей форума. Трэці з’езд з’явіўся яшчэ і пэўным выпрабаваннем для МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, таму што арганізацыя з 1999 г. перажывала пэўны ўнутраны крызіс, што не магло не адбіцца на стасунках з беларускімі асяродкамі за мяжой. Але “Бацькаўшчына” паказала сваю жыццяздольнасць і запатрабаванасць — з’езд сабраў прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з 18 краін свету, што было пэўным знакам даверу да арганізацыі і яе дзейнасці. Дзякуй яшчэ раз усім, хто падтрымаў нас у тыя складаныя часы.”
Кніга прысвечана 80-годдзю першага Прэзідэнта МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Васілю Быкаву.
Згуртаванне “Бацькаўшчына” выказвае шчырую падзяку Згуртаванню беларусаў вялікай Брытаніі за чынную дапамогу ў выданні кнігі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ПАЛЕМІКА

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы мы традыцыйна друкуем інфармацыю па спрэчных момантах жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары. І робім гэта з мэтай даць магчымасць выказаць розныя думкі дзеля таго, каб вы, шаноўныя чытачы, самастойна склалі сваё меркаванне наконт апісаных падзей.

Заява Рады ТБК
У апошніх нумарах “Руні” з’явіліся артыкулы-пасквілі ў адрас Таварыства беларускай культуры. Рэдакцыя пачала кампанію брудных інсінуацый наконт новага памяшкання ТБК, пішучы ва ўсе інстанцыі лісты, хаця яна да гэтага не мае ніякіх адносін. Гэтыя пытанні вырашала і вырашае Рада ТБК, якая складаецца з 9 чалавек. У 1997 г. Таварыства заснавала газету “Рунь” і з’яўлялася яе выдаўцом. На грамадскіх пачатках, без фінансавай дапамогі з боку Літвы і беларусаў замежжа, ТБК штомесячна выпускала газету. Выйшла ўсяго 22 нумары.
Першым рэдактарам, абраным Таварыствам, была Т.Шмідт. Цяперашні рэдактар, Алег Мінкін, адштурхнуў рэдактара Т.Шмідт і без ведама Рады Таварыства зарэгістраваў газету “Рунь” у Саюзе Журналістаў Літвы на сваё імя.
Паступова сувязь газеты з ТБК аслабла, артыкулы аб дзейнасці Таварыства не змяшчаліся ў газеце. Так, не былі адлюстраваны мерапрыемствы, прысвечаныя ўгодкам Слуцкага Збройнага чыну, Дню Волі, 100-годдзю Н.Арсенневай, 15-годдзю дзейнасці ТБК, на якіх прысутнічалі вядомыя дзеячы з Беларусі і іншых краін замежжа, пісьменнікі.
Адкрытае ігнараванне пачалося з 2002 года. На жаль А.Мінкін не займаецца выдавецтвам газеты, апошнія гады газета выходзіць толькі адзін раз у тры месяцы. А два апошнія нумары выйшлі ва ўрэзаным фармаце. Шматлікія ахвяраванні на газету з боку беларусаў замежжа, чаго не мела і не імкнулася мець Таварыства, дазваляюць рэгулярна, штомесяц, выпускаць газету нармальнага фармату, аднак гэта не робіцца. Таму ТБК просіць беларусаў замежжа не лічыць газету “Рунь” газетай Таварыства, а публікацыі ў ёй пра дзейнасць ТБК з’яўляюцца грубай фальсіфікацыяй.
Прынята Радай Таварыства беларускай культуры ў Літве
ў Вільні 8 чэрвеня 2004 года


Ліст у рэдакцыю
У нумары 5 (травень, 2004 г.) бюлетэня інфармацыйнага цэнтра "Беларусы ў свеце" прачытаў артыкул (5-ы абзац) “Весткі з Віленшчьшы, Літва”, падпісаны старшынёю ТБМ Віленскага краю Ю.Гілем.
Прэтэнзіі сп. Гіля да мяне і да Згуртавання не маюць ніякай падставы і, мякка кажучы, мінаюцца з праўдаю.
а) За апошнія 14 гадоў беларускія грамадскія арганізацыі ў Літве атрымалі з Беларусі нямала нацыянальных строяў для сваіх калектываў мастацкай самадзейнасці. На сённяшні дзень Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве аб'ядноўвае 17 суполак, і колькасць гурткоў мастацкай самадзейнасці пабольшала. Таму нам яшчэ патрэбныя нацыянальныя строі.
У 2003 г. я звярнуўся з просьбаю ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні нашым калектывам беларускіх народных строяў. Міністэрства адказала, што на той момант задаволіць нашу патрэбу нельга, але пры першай матчымасці наша просьба будзе выканана. Аб гэтым я, з ветлівасці, паведаміў і сп. Ю.Гілю, хаця клапаціцца аб ТБМ Віленскага краю я не магу, бо яно не ўваходзіць у склад Згуртавання. Аднак каб была магчымасць, то чаму не падзяліцца з іншымі? На жаль, такой магчымасці няма.
б) Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый, як і суполкі, якія ўваходзяць у Згуртаванне ці не ўваходзяць, звяртаюцца ў Дэпартамент нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі з праектамі, на якія просяць фінансавай падтрымкі. Калегія Дэпартамента разглядае гэтыя праекты і або іх фінансуе, або не. Прычым гэтыя фінансы можна выдаваць толькі на дадзены праект.
Суполкі таксама звяртаюцца з праектамі да самаўпраў гарадоў ці раёнаў свайго пражывання і атрымліваюць фінансавую падтрымку.
Колькі мне ведама, сп. Ю.Гіль таксама некалі атрымліваў фінансавую патрымку ад Самаўправы Віленскага раёна і з Дэпартамента.
Спадар Ю.Гіль пра ўсе парадкі добра ведае.

З павагаю,
Лявон Мурашка,
прэзідэнт Згуртавання
беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ

Прапануем Вашай увазе артыкул беларускага даследчыка па тэме гісторыі беларускай дыяспары ў Лацінскай Амерыцы Сяргея Шабельцава. Матэрыял асвятляе “белыя плямы” ў жыцці беларусаў на чужыне, у прыватнасці дзейнасць амбасады СССР у Аргенціне па “саветызацыі” беларусаў.

Палітыка савецкай амбасады
ў Буэнас-Айрэсе
ў дачыненні да беларускіх эмігрантаў
(1940 – 1950 гг.)
Аргенціна – адна з традыцыйных краінаў беларускай эміграцыі, куды нашыя землякі пераяжджалі яшчэ да Першай сусветнай вайны. Аднак найбуйнейшую хвалю беларускай эміграцыі даў міжваенны перыяд, калі толькі з 1925 г. да 1939 г. сюды пераехала каля 50 тыс. нашых суайчыннікаў. У Аргенціне яны набывалі зямлю ў маланаселеных правінцыях ці ўладкоўваліся на будаўніцтве чыгунак, нафтаздабычы, металургічных заводах ды тэкстыльных фабрыках. Гэта была эканамічная эміграцыя, якая, пераважна, сімпатызавала СССР, і ад якой рознілася трэцяя хваля беларускіх перасяленцаў пасляваеннага перыяду (да 1 тысячы чалавек), што мела яскравы палітычны антысавецкі характар.
У 1934 г. узнікла “Беларускае Культурна-Асветніцкае Таварыства”, якое ўзначальваў член Камуністычнай партыі Аргенціны В.Качарга. Пазней былі створаныя беларускае таварыства “Культура”, “Бібліятэка імя І.Луцкевіча”, “Белавеж”. У 1939 г. беларускія таварыствы аб’ядналіся ў “Федэрацыю Беларускіх Арганізацыяў у Аргенціне” (ФБА), да якой далучыліся пазней створаныя таварыствы на Док-Суд (1939 г.) і ў Бэрыса, які знаходзіцца за 60 км ад Буэнас-Айрэса (1941 г.). Узначальвалі гэтае аб’яднанне У.Гайлевіч, М.Мярэчка і Я.Пятрушак.
У 1946 годзе ў Аргенціне пачала працу амбасада СССР. Гэта адбылося ва ўмовах росту сімпатый да саюзьнікаў пасля разгрому нацызму. Неад’емнай часткай працы амбасады былі стасункі з эмігрантамі, якія паходзілі з тэрыторый, падуладных СССР. Аднак узаемаадносіны савецкіх дыпламатаў і эмігрантаў не афішаваліся і ўсяляк замоўчваліся. Толькі пасля развалу СССР у прэсе пачалі друкаваць успаміны былых жыхароў Аргенціны.
Пра ўплыў амбасады на беларусаў згадвалі толькі палітычныя эмігранты трэцяй хвалі, што стварылі “Згуртаванне Беларусаў у Аргентыне” (ЗБА), актыўным лідэрам якога з’яўляўся Кастусь Мерляк.
Савецкія дыпламаты ад самага першага дня свайго знаходжання ў Буэнас-Айрэсе навязалі цесную сувязь з “прогрессивными” эмігрантамі: беларускую дыяспару можна было выкарыстаць дзеля распаўсюду камуністычных ідэй і стварэння прывабнага іміджу СССР. Праўда, спачатку неабходна было пазбавіць беларускія таварыствы папярэдняй “самадзейнасьці”, накіраваўшы іх у патрэбнае рэчышча.
Пра актыўнае ўмяшальніцтва амбасады СССР у арганізаваную дзейнасць беларусаў сведчаць змены ў дзейнасці эмігрантаў, кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве грамадскіх аб’яднанняў ды перайменаванне беларускіх таварыстваў. Пачалі мяняцца назвы беларускіх таварыстваў, якія займелі імёны, дазволеных у СССР асобаў. Так, аб’яднанне ў горадзе Берыса стала звацца “імя Георгія Скарыны”; “Белавеж” – “імя Якуба Коласа”. Новыя таварыствы, якія арганізоўваліся пасля вайны, наогул насілі імёны расійскіх пісьменнікаў – “імя А.Талстога” і “імя А.Пушкіна”.
У верасні 1946 г. адбыўся Першы Кангрэс Беларускіх Арганізацыяў у Аргенціне, дзе быў створаны Саюз Беларускіх Культурных Арганізацыяў. З 18 членаў кіраўніцтва больш за палову былі камуністы, а ўзначаліў аб’яднанне Т.Ляшук. Паказальна назва кангрэсу – “Першы”, бо вядома, што такія з’езды былі і раней. Так, сапраўдны Першы Кангрэс прайшоў 26 траўня 1940 г., а У.Гайлевіч у лісце да А.Коршуна згадвае Другі З’езд Беларускіх Таварыстваў, які адбыўся ў 1942 г.
Беларускія эмігранты трэцяй хвалі тлумачылі сітуацыю тым, што новае кіраўніцтва, якіх яны называюць “рускімі агентамі”, не лічыла папярэднія з’езды за сапраўдныя. Супраць “амбасадаўскага” пункту гледжання выступала толькі “Бібліятэка імя І.Луцкевіча”, гэтае таварыства тады было выключана з беларускага аб’яднання.
Здзіўленне таксама выклікае лёгкасць, з якой савецкая амбасада ўсталявала кантроль над таварыствамі ды паслухмянасць беларускіх эмігрантаў. Але гэта тлумачыцца тым, што “прогрессивные” беларусы, былыя грамадзяне Польшчы, у другой палове 40-х гадоў прынялі грамадзянства СССР і сталі залежаць ад савецкага консульства. У выніку, беларусы ўжо праз год пасля з’яўлення амбасады СССР залежалі ад яе па грамадзянству і былі арганізаваныя ў таварыствы пад кіраўніцтвам “надзейных” асобаў, звязаных з КПА. Акрамя гэтага, савецкія дыпламаты прысутнічалі на ўсіх пасляваенных беларускіх кангрэсах, ладзілі прыёмы ў амбасадзе для кіраўнікоў беларускіх таварыстваў, забяспечвалі неабходнымі матэрыяламі газету “прогрессистов” “Наш голос”. Амбасада стала ланцужком сувязі паміж эмігрантамі і іх Бацькаўшчынай: тут можна было паглядзець савецкія фільмы, прачытаць бэсэсэраўскія газеты.
Галоўным накірункам дзейнасці “прогрессивных” беларусаў было распаўсюджванне камуністычных ідэй, перш за ўсё, у межах беларускай дыяспары, а пасля і ў асяроддзі ўсяго аргенцінскага грамадства. Гэтай справе беларусы аддаліся разам з прагрэсістамі іншых нацыянальнасцяў, якія былі аб’яднаныя ў “Славянскі Саюз у Аргенціне”. Славянскі рух узнік падчас вайны і быў ініцыяваны Масквой дзеля падтрымкі Савецкага Саюзу славянамі ўсіх краінаў, у тым ліку і ў Паўднёвай Амерыцы. У 1946 г. у Буэнас-Айрэсе адбыўся ІІ Славянскі з’езд, дзе бралі ўдзел і беларусы, а Т.Ляшук быў абраны ў цэнтральнае кіраўніцтва “Саюзу”. К.Мерляк сцвяржаў, што савецкая амбасада фінансавала “камуністычныя газеты ў Аргенціне ў пяці мовах, выплачваючы на кожны нумар па 2.000 пэсаў”.
Арыентацыя “Славянскага Саюзу” на распаўсюд камуністычных ідэяў не спадабалася кіраўніцтву Аргенціны, таму аргенцінскія ўлады ў 1949 г., выкарыстаўшы раскол “славян” на прыхільнікаў Ціта і прыхільнікаў Сталіна, забаранілі яго дзейнасць і ўсіх арганізацыяў, якія ўваходзілі ў гэтае аб’яднанне (у тым ліку і беларускіх).
Незабароненай засталася дзейнасць “Бібліятэкі імя І.Луцкевіча”, бо яна была выключана са “Славянскага Саюзу”, дзейнічала таксама Згуртаване беларусаў Аргенціны (ЗБА), што займала антысавецкія пазіцыі. ЗБА ўсталявала добрыя стасункі з аргенцінскімі ўладамі, што было звязана з іх агульным антыкамунізмам.
Для савецкіх дыпламатаў прадстаўнікі трэцяй хвалі беларускай эміграцыі з’яўляліся “здраднікамі радзімы”. Нацкаваныя сябры “Славянскага Саюзу”, у тым ліку і беларусы, збіраліся на Пляц Рэціро перад эміграцыйным гатэлем і нападалі на новапрыбылых, вінавацячы іх у здрадзе Радзіме і калабарацыі з немцамі. “Калабаранты” давалі адпор, даходзіла часам да боек, пакуль не ўмешвалася паліцыя. Сутыкненні працягваліся й надалей, што прыводзіла нават да забойстваў, і аніякі кампраміс паміж прадстаўнікамі “старой” і “новай” эміграцыі быў немагчымы.
У савецкай амбасадзе пачалася праца па ліквідацыі непатрэбнай “Бібліятэкі”. Наступныя падзеі падрабязна апісаў у газеце “Бацькаўшчына” К.Мерляк. “Бібліятэка імя І.Луцкевіча” была самарасфарміраваная, і гэта адбылося не ў СССР, а ў вольнай краіне.
На пачатку 50-х гадоў замест нацыянальных таварыстваў былі створаныя інтэрнацыянальныя клубы савецкіх грамадзян, якія звычайна насілі імёны расійскіх пісьменнікаў: М.Горкага, М.Астроўскага, У.Маякоўскага, А.Пушкіна і г.д. Гэтыя таварыствы наладжвалі кантакты толькі з рэкамендацый савецкай амбасады. Эмігрантам дасылалі розную літаратуру, кружэлкі, кінастужкі і г.д. Былі выпадкі, калі карэспандэнцыя спачатку накіроўвалася ў амбасаду.
Нацыянальныя рысы новых аб’яднанняў страчваліся, і ініцыятыва ў гэтым была за савецкімі дыпламатамі, якія намагаліся “зняць нацыянальнае пытанне”. Пра становішча ў клубах згадваў Карлас Шэрман, які двойчы наведваў “Беларускі клуб імя В.Бялінскага”, куды яго зацягнуў бацька.
“У клубе была чытэльня, у якой пераважалі савецкія часопісы на іспанскай мове. Можна было запісацца на курсы рускай мовы, іх вяла сівая ахайная старая, якая, напэўна, эмігравала яшчэ задоўга да прыходу бальшавікоў. Цяпер я разумею, што ўся гэта расійскасць беларускага клуба ішла ад савецкай амбасады ў Буэнас-Айрэсе, яна якраз праводзіла нацыянальную палітыку імперскай дзяржавы, імкнулася да ўнітарнасці, да русіфікацыі “на благо всех народов”.
Савецкія грамадзяне ў Аргенціне мелі таварыства ўзаемадапамогі “Белорусский очаг”, у якое ўваходзіла звыш 11 тысяч чалавек. “Белорусский очаг” утрымліваў дом, пабудаваны беларусамі ў складчыну, замовіў музычныя інструменты і нацыянальны строй кожнаму ўдзельніку хору клуба імя Бялінскага. Але “беларускі” было толькі ў назве гэтага таварыства, а яго сябрамі былі савецкія грамадзяне ўсіх нацыянальнасцяў. Нават матэрыялы для хору й для танцаў прасілі даслаць на рускай ці ўкраінскай мове.
Такім чынам, у палітыцы савецкай амбасады ў Аргенціне магчыма вызначыць наступныя накірункі. Па-першае, у клубах савецкіх грамадзян не выкладалася родная мова беларускіх імігрантаў. У клубах прапаноўвалася вывучаць мову “міжнацыянальных зносінаў” – рускую. Таму беларусы павінны былі пераўтварыцца ў звычайных рускамоўных грамадзян, толькі якія жылі ў Паўднёвай Амерыцы.
Па-другое, адным з галоўных накірункаў дзейнасці амбасады СССР у пасляваеннае дзесяцігоддзе была папулярызацыя і прапаганда савецкага ладу жыцця. Для гэтага выкарыстоўваліся газета “За возвращение на Родину”, якую службоўцы амбасады бясплатна адпраўлялі на ўсе магчымыя адрасы.
Калі падвесці рысу пад палітыкай амбасады СССР у дачыненні да беларускай дыяспары ў Аргенціне, то можна ахарактарызаваць яе як выключна дэструктыўную. Перш за ўсё, яна садзейнічала расколу паміж рознымі арганізацыямі беларусаў. Вынікам гэтага было падпарадкаванне беларускіх арганізацыяў “агентамі Масквы” і немагчымасць іх самастойнага развіцця.
Сяргей Шабельцаў


НАШЫЯ СТРАТЫ

Памёр Віктар Шэвялевіч
14 чэрвеня 2004 г. памёр вядомы телерэжысёр, сцэнарыст, заслужаны дзеяч культуры, сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Віктар Шэвялевіч. Больш за 30 гадоў ён прысвяціў стварэнню дакументальных, мастацкіх і відэафільмаў. Ім створана больш за 70 твораў, з іх – 8 мастацкія карціны, сярод якіх “Пастка для зубра. Вітаўт” (1995 г., фільм распавядае не толькі пра часы росквіта ВКЛ, але і пра памкненні і справы людзей, які рабілі выбар паміж дабром і злом, – людзей, які прагнулі ўлады і славы), “Тварам да Вас” (спецпрыз Канскага фестывалю). У 1998 г. В.Шэвялевіча ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у намінацыі “кіно і тэлебачанне” за дакументальныя стужкі “Шлях да святыні”, “Місія патрыярха”. Фільм “Шлях да святыні” быў зняты па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Сюжэт апавядаў пра гісторыю аднаўлення вобраза Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Віктар Шэвелевіч быў першым рэжысёрам, які зняў тэлевізійную пастаноўку беларускага балета. Цыкл называўся “Стварэнне”. Апошні праект, над якім ён пачаў работу і так і не скончыў, – гэта серыя дакументальных фільмаў пра навейшую гісторыю Беларусі.
Кінематаграфіст пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні блізкім і сваякам Віктара Шэвелевіча.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by