МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№3(№16)
сакавік
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Навіны

Нью-Ёрк, ЗША

Прадстаўнікі беларускай эміграцыі адзначаць ў Нью-Ёрку, на Манхэтане, 85-годдзе абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Святочная вечарына, падрыхтаваная аддзелам "Беларуска-амерыканскага задзіночання", будзе складацца з асноўнай урачыстай часткі, канцэрту беларускіх выканаўцаў і святочнага абеду. Урачыстасць адбудзецца 16 сакавіка ў залі "Украінскага дому", які знаходзіцца ў цэнтры Нью-Ёрку.

"Радыё Рацыя". 2003. 11 сак.

Беласток, Польшча

З 24 лютага ў "Muzeum Alfonsa Karnego" у Беластоку можна пазнаёміцца з рэтраспектыўнай выставай беларускага мастака Пётры Сергіевіча. Выстава ўражвае сваёй разнастайнасцю і колькасцю прац. Паказаны, перадусім, пейзаж і партрэт, агулам - 40 карцін. Мэтай выставы з'яўляецца прэзентацыя творчасці мастака, якая захавалася ў Польшчы. Сёння вядомы 116 твораў (згадваюцца ў альбоме, выдадзеным з нагоды выставы). Усе "польскія" карціны Пётра Сергіевіча знаходзяцца ў прыватных зборах. Беластоцкая выстава выклікала вялікую зацікаўленасць, асабліва сярод студэнтаў. Арганізатарамі выступілі Беларускае таварыства "Хатка" ў Гданьску, Кафедра Беларускай культуры ў Беластоку, "Muzeum Alfonsa Karnego" ў Беластоку, Гістарычны музей горада Гданьска, Беларускае гістарычнае таварыства.

Пётр Сергіевіч нарадзіўся ў 1900 годзе на Браслаўшчыне. У 1919 г. трапіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў Віленскага універсітэта. Найвялікшы ўплыў на яго зрабілі Фердынанд Рушчыц і Бенедыкт Кубіцкі. У 1924-1925 гг. Сергіевіч вучыўся ў Кракаве ў прафесара Юзэфа Панкевіча, у Кракаве стаў свядомым беларусам. У 1928 г. вярнуўся ў Вільню, удзельнічаў у беларускім руху. У час вайны жыў у Вільні, у 1943 г. адбылася другая персанальная выстава ў Вільні. З 1944 да 1945 гг. працаваў у Беларускім музеі ў Вільні, пасля вайны - старшым выкладчыкам на Кафедры малюнку і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў. Яшчэ дзве юбілейныя выставы арганізаваны ў Вільні ў 1970-1980 гг., у 1978 годзе працы Сергіевіча былі выстаўлены ў Мінску, Памёр мастак у лістападзе 1984 года ў Вільні і пахаваны на віленскіх вайсковых могілках.

www.bialorus.pl

Вільня, Літва

Віленшчына працягвае ўшаноўваць імя Францішка Багушэвіча. Запланавана вялікае літаратурнае свята: "Паэтава калыска - фальварак "Свіраны". Сярод задум прадбачыцца шэсце на паэтаву радзіму ў Свіраны, усталяванне і асвячэнне там крыжа-помніка ў гонар Ф.Багушэвіча; святая імша на роднай мове ля мемарыяльнага крыжа. Затым знаёмства з Савічунскай бібліятэкай імя Ф.Багушэвіча, літаратурны мантаж ля мемарыяльнай дошкі на бібліятэцы. Пасля ўрачыстасцей у Свіранах удзельнікі свята наведаюць Рукойнскі касцёл, у якім у 1840 годзе хрысцілі Францішка. Чакаецца пілігрымка па віленскіх Багушэвічавых мясцінах і святочная імша на роднай мове за Ф.Багушэвіча ў касцёле святога Барталамея. Таварыства беларускай мовы Віленскага краю на гэтую ўрачыстасць чакае ў Літву дэлегацыю з Беларусі.

"Голас Радзімы". 2003. 27 лют.

Вільня, Літва

Таварыства беларускай мовы Віленскага краю аб'яўляе збор сродкаў на памятны крыж Францішку Багушэвічу, які будзе ўстаноўлены на радзіме паэта, у Свіранах. Хай кожны з вас адгукнецца ды зробіць свой пасільны ўнёсак на гэтую святую справу. Ды паможа нам Бог! Тэлефон для сувязі: (+370 5) 244 99 92.

"Рунь". 2003. 12 лют.

Вільня, Літва

У Таварыстве Беларускай Культуры ў Вільні адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Пра яго шматбаковую дзейнасць расказаў Хведар Нюнька, пра віленскі перыяд жыцця - Леакадзія Мілаш. Зачыталі апошні нумар "Камуніката", дасланы сп-няй Раісай Жук-Грышкевіч, ён цалкам прысвечаны юбіляру, які да апошніх дзён самаахвярна займаўся беларускай справай. Справу Вінцэнта актыўна працягвае яго жонка сп-ня Раіса - выпускае "Камунікат" і высылае ў беларускія асяродкі розных краін. Дзякуючы ёй, Вінцэнт шмат часу прысвяціў беларускай дзейнасці: яна яго падтрымлівала, натхняла, дапамагала. У 1993 годзе ў Таронта вышла грунтоўная кніга Раісы Жук-Грышкевіч "Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча". Жыццё і дзейнасць іх абодвух - прыклад для нашчадкаў.

"Наша Слова". 2003. 5 сак.

Вільня, Літва

21 лютага адбыўся II з'езд Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Прэзідэнт Згуртавання Л.Мурашка зрабіў справаздачу, старшыня Рэвізійнай камісіі прадставіла акт праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. З'езд ацаніў дзейнасць Прэзідэнта, Управы задавальняюча, зацвердзіў Раду Згуртавання, прэзідэнтам Згуртавання абраны Л.Мурашка. На з'ездзе прысутнічалі госці: Пасол Рэспублікі Беларусь У.Гаркун, прадстаўнікі ўрадавых арганізацый Літоўскай Рэспублікі, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі друку, радыё і тэлебачання. На з'ездзе прысутнічалі таксама кіраўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый Латвіі, Эстоніі і Калінінграда. Па прапанове старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ў Рызе была падпісана Заява аб стварэнні Каардынацыйна-Кансультатыўнай Рады.

М.Есіповіч

Рыга, Латвія

У Латвiйскiм Таварыстве беларускай культуры "Сьвiтанак" адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы сход. На сходзе сябры суполкi абралi Раду ў складзе 11 чалавек. Старшынёю таварыства пераабралi Таццяну Казак. Абавязкi старшынi Рады ЛТБК "Сьвiтанак" будзе выконваць Вячка Целеш, намеснiка старшынi Рады - Ганна Iванэ.

Таццяна Казак

Беласток, Польшча

У Беластоку адбыўся гала-канцэрт X-га Агульнапольскага фестывалю "Беларуская песня-2003". Удзел бралі каля 30 выступоўцаў з Падляшша і Варшавы. Ладзіцца фэст пад патранатам міністра замежных спраў Польшчы Уладзіміра Цімашэвіча.

"Наша ніва". 2003. 14 сак.

Чарнігаў, Украіна

Нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў горада Чарнігава "Сябры" правяло ўрачыстую вечарыну, якая мела вялікі грамадскі рэзананс. Айцец Яўген Орда справіў царкоўную службу на беларускай мове з малітвамі за беларускі і ўкраінскі народы. Затым хор суполкі выканаў калядкі і віншаванні на беларускай мове. Старшыня таварыства Галіна Варажбіт звярнулася з віншавальным словам да прысутных у царкве таксама на беларускай мове. Пасля кожнай калядкі гучалі віншаванні Аксаны Орды, Веры Бескаравайнай, Тамары Дзміцеркі. Па мясцовым тэлебачанні прайшоў сюжэт з урачыстасці беларусаў, а на наступны дзень па мясцовым радыё было перададзена віншаванне ад беларускай суполкі ўсім жыхарам Чарнігава.

Нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў "Сябры" будзе рада завесці перапіску і сяброўскія сувязі з іншымі суполкамі беларусаў свету. Адрас: Украіна, 14021, г.Чарнігаў, вул.Арлоўская, д.67. Варажбіт Галіна Міхайлаўна.

"Голас Радзімы". 2003. 13 сак.

Сургут, Расія

Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Югры" (Ханты-Мансійская акруга) склала прапанову мэру Сургута аб усталяванні партнёрскіх стасункаў з адным з беларускіх гарадоў. Так як у распрацоўцы багаццяў Заходняй Сібіры ўдзельнічалі ўбольшасці беларусы-нафтавікі, выхадцы з Гомельскай вобласці, прапанавана парадніцца гарадам Сургуту і Гомелю. Сабрана поўная інфармацыя пра Гомель і Гомельскую вобласць на 88 аркушах і пададзена спецыялістам адміністрацыі Сургута. Адпаведна прапанове было прынята рашэнне разглядзець на нарадзе Каардынацыйнай рады па міжнародных і міжрэгіянальных сувязях пры адміністрацыі г. Сургута магчымасць параднення двух гарадоў. Варта адзначыць, што ініцыятыва аб парадненні гарадоў сыходзіла ад намесніка мэра Я.С.Чэрняка, Аўтаномія толькі ўвасобіла ягоную ідэю. У гарадскім Доме культуры "Нефтяник" рыхтуецца праграма беларускіх танцаў і праграма беларускіх песняў, з якой плануецца выехаць на гастролі ў Гомель. Аўтаномія "Беларусы Югры" атрымала ўласны офіс, у якім распачаты рамонт. 19-20 сакавіка сябры Аўтаноміі арганізавана выязджаюць у Ханты-Мансійск падтрымліваць беларускую зборную на чэмпіянаце свету па біятлону.

Сяргей Бандарэнка

Кніжная паліца

Пабачыла свет факсімільнае выданне Скарынавага "Апосталу". Таўшчэзны (больш за 1000 старонак) фаліянт выйшаў у рамках нямецкага кніжнага праекту "Biblia Slavica". Немцы ўклалі ў публікацыю больш за 100 тыс. даляраў. "Апостал" быў надрукаваны ў Вільні ў 1525 годзе. Над перавыданнем 10 гадоў працавала беларуска-нямецкая група навукоўцаў. З нямецкага боку праектам кіраваў прафеcap Бонскага ўніверсітэту Ганс Ротэ, з беларускага - прафесар таго ж універсітэту Уладзімір Сакалоўскі. (На сёння перавыдадзеныя ўсе Скарынавы першадрукі, акрамя "Малой падарожнай кніжыцы".) Факсімільнае выданне суправаджаецца навуковымі артыкуламі, прысвечанымі "Апосталу". Прафесар Г.Ротэ прааналізаваў крыніцы, з якіх Скарына перакладаў сваю кнігу. У Беларусь трапілі толькі 8 асобнікаў выдання. Яны дасланыя беларускім удзельнікам праекта. Кіраўніцтва Акадэміі навук збіраецца набыць некалькі асобнікаў для HAH i Нацыянальнай бібліятэкі.

"Наша Ніва". 2003. 28 лют.

Яшчэ адна новая кніга пра Беларусь па-англійску выйшла ў выдавецтве Ратледж - зборнік артыкулаў "Сучасная Беларусь: Паміж дэмакратыяй і дыктатурай". Зборнік рэдагавалі даследчыкі з універсітэту ў Басе. Беларускія і замежныя аўтары (сярод іх - Дэвід Марплз, Віталь Сіліцкі, Янка Запруднік ды інш.) прапануюць калекцыю артыкулаў пра палітычныя, сацыяльныя ды эканамічныя працэсы, якія адбываюцца на Беларусі. Гэта - першая падобнага кшталту публікацыя па-англійску. Яна лучыць у сабе шырокі фокус дыскутаваных тэмаў і высокі прафесійны ўзровень матэрыялаў.

www.skaryna.clara.net

Падзея

Рада Саюзу пісьменнікаў Беларусі зацвердзіла палажэнне, паводле якога тыя літаратары, якія жывуць за мяжою і не могуць стала ўдзельнічаць у працы пісьменніцкае арганізацыі, маюць права быць ейнымі ганаровымі замежнымі сябрамі. Першымі гэтым званнем уганараваныя тры беларускія літаратары з ЗША і адзін з Канады. Дзякуючы сужэнству Зоры і Вітаўта Кіпеляў Амерыка ведае пра Беларусь. Літаратуразнаўчую і перакладніцкую працу супрацоўніцы Нью-Ёркскае публічнае бібліятэкі Зоры Кіпель цяжка пераацаніць. Як немагчыма пераацаніць унёсак літаральна ва ўсе сферы беларусазнаўтва стваральніка і кіраўніка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, публіцыста і кнігавыдаўца Вітаўта Кіпеля. Навіну пра прыняццё ў ганаровыя сябры пісьменніцкае грамады яны ўспрынялі з радасцю. Вітаўт Кіпель з гэтае нагоды сказаў: "Мы працавалі ўсё жыццё з Беларуссю і для Беларусі, хоць жылі мы па-за Беларуссю і праца наша была па-за Беларуссю. I таму фармальная прыналежнасць да арганізацыі, якая на Бацькаўшчыне, успрымаецца з вялікай падзякай, з вялікім энтузіязмам". Паэт, публіцыст, навуковец Янка Запруднік таксама жыве ў Нью-Ёрку, але працуе для Беларусі. На Радзіме творы і навуковыя працы Янкі Запрудніка сталі вядомыя толькі ў часы незалежнасці. Тады ў адным з недзяржаўных выдавецтваў была выдадзеная ягоная кніга "Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях". Апошняя кніга Запрудніка - "Дванаццатка", прысвечаная сябрам эміграцыйнае маладосці, патрапіла ў спіс мінулагодніх бестселераў паводле апытання чытачоў, якое праводзіла газета "Наша Ніва". Патрапляў у спіс бестселераў і раман канадыйскага беларускага пісьменніка Кастуся Акулы "Змагарныя дарогі", перавыдадзены ў 1994-м годзе ў Беларусі выдавецтвам "Мастацкая літаратура". Спадар Акула спадзяецца, што і астатнія ягоныя кнігі будуць выдадзеныя на Радзіме. Рашэнне Рады Саюзу пісьменнікаў ён успрыняў як спробу злучыць ўсіх беларускіх літаратараў у супольнай працы для хутчэйшага ўсталявання ў Беларусі дэмакратычных каштоўнасцяў. Прапановы прыняць замежных беларускіх літаратараў у пісьменніцкі саюз, выказвалася яшчэ ў сярэдзіне 90-х, але тады яны не знайшлі падтрымкі бальшыні сяброў Рады.

"Беларус". 2003. сакавік

Навіны "Бацькаўшчыны"

Новая серыя кніг

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" на сваім пасяджэнні ў студзені 2003 г. зацвердзіла канцэпцыю серыі кніг пад назвай "Беларуская дыяспара". Першая кніга серыі будзе прысвечаная гісторыі беларускай моладзі ў Францыі ў пасляваенныя гады. Кніга будзе складзена на падставе бюлетэняў, прадстаўленых Яўгенам Калубовічам, а таксама дакументаў і ўспамінаў вядомага дзеяча беларускай эміграцыі ў Францыі Міхася Наўмовіча. Укладальнікі кнігі - Міхась Скобла і Яўген Калубовіч.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Круглы Стол "Дыялог дзеля партнёрства"

1-2 сакавіка 2003 года ў г. Мінску працаваў Міжнародны Круглы стол грамадскіх арганізацый і ініццятыў Беларусі пад назвай "Дыялог дзеля партнёрства", мэтай якога было паляпшэнне супрацоўніцтва паміж беларускімі арганізацыямі, якія працуюць з жанчынамі, а таксама знаёмства бакоў, абмен вопытам, абмеркаванне праблем і пошук спосабаў іх вырашэння, распрацоўка стратэгіі і тактыкі развіцця жаночага руху ў адпаведнасці з існуючымі ўмовамі ў Беларусі, падрыхтоўка сумеснага інфармацыйнага матэрыяла для жаночых арганізацый. Каардынатарам са шведскага боку выступіла арганізацыя "Varby Gard" (кіраўнік - Unelma Krakau), каардынатарам з беларускага боку і арганізатарам - МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Акрамя названых аб'яднанняў у працы Круглага стала ўзялі ўдзел такія арганізацыі як "Беларускі жаночы інфармацыйна-каардынацыйны цэнтр", "Магілёўскае гарадское грамадскае аб'яднанне "Жанчыны для жанчын", "Беларуская асацыяцыя жанчын-юрыстаў", "Таварыства філаматаў "Прамень", Гісторыка-культуралагічны часопіс "Зямля N", Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Экапраект".

Важнай часткай працы было знаёмства з вопытам жаночых арганізацый Швецыі, задавалася шмат пытанняў, беларускіх жанчын цікавілі многія бакі жыцця і грамадскай дзейнасці шведскага жаночага руху. Сярод еўрапейскіх дзяржаў Швецыя застаецца лідэрам у вырашэнні сацыяльных праблем, у тым ліку і жаночых, і заслуга ў гэтым саміх шведскіх жанчын. Гэта адзіная краіна, дзе ў Парламенце жанчыны прадстаўлены нароўні з мужчынамі - 50%, дзе жанчыны адыгрываюць вялікую ролю не толькі ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, але і ў пытаннях іх прыняцця.

Круглы столДругая частка складалася з зачытвання і абмеркавання дакладаў кіраўнікоў жаночых арганізацый Беларусі: "Беларуская жанчына на Радзіме і ў эміграцыі" (Алена Макоўская), "Становішча ў жаночым руху Беларусі і стратэгія дзейнасці" (Святлана Бястужава), "Альтэрнатыва, якой не было" (Таццяна Царук), "Экалогія, устойлівае развіццё і задачы гендэрнай палітыкі ў пачатку ХХІ ст." (Людміла Елізарава), "Выдавецкая сфера: жаночы погляд" (Вольга Каменева), "Прававыя аспекты абароны ад насілля адносна жанчын" (Віка Кучарэнка), "Краіна разгубіўшыхся мужчын" (Ала Кулікоўская).

На пасяджэнні кваліфікаваны юрыст Галіна Дрэбезава адказала на шматлікія пытанні. Удзельнікі Круглага стала выпрацавалі перспектыўны план супрацоўніцтва.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Круглы стол "Традыцыі талерантнасці ў ВКЛ"

450 год таму пачалося шырокае распаўсюджанне ў Беларусі рэфармацыйных ідэй, што стала адной з прычынаў імклівага росквіту беларускай культуры ў ХVI ст. - філасофіі, дойлідства, кнігадрукавання, навучальных устаноў. Беларуская грамадскасць, шырокае кола творчай і навуковай інтэлігенцыі не абмінулі ўвагай такую значную падзею беларускай гісторыі. Створаны Нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі, у межах дзейнасці якога "Бацькаўшчына" ладзіць Круглы стол з пазначанай назвай і адпаведнай тэматыкай. Мэта - папулярызацыя ведаў аб традыцыях грамадскага жыцця сярэднявечнай Беларусі, аб талерантнасці як духоўнай, гістарычнай і культурнай з'яве. Мерапрыемства адбудзецца 13 красавіка з удзелам вядомых беларускіх навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў і дзеячаў культуры. Плануецца чытанне дакладаў і навуковае абмеркаванне, задачамі якога з'яўляецца навуковае асэнсаванне культуры міжэтнічных і міжканфесійных зносін у Беларусі 16 ст., ушанаванне памяці знакамітых дзеячаў беларускай культуры 16 ст.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Пра бюлетэнь

Бюлетэнь "Беларусы ў свеце" распаўсюджваецца як па беларускіх асяродках за мяжой, так і па арганізацыях Беларусі з мэтай папулярызацыі ведаў аб беларускай дыяспары. Мы адбіраем самую надзённую інфармацыю. Супрацоўнікі "Бацькаўшчыны" выказваюць шчырую падзяку пастаянным аўтарам і запрашаюць да супрацоўніцтва новыя суполкі. Інфармацыю пра Вас і Вашую арганізацыю прачытаюць у дзесятках краін свету. Дасылайце навіны і інфармацыю аб падзеях у Вашым асяродку, аб асноўных праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца, аб планах і перспектывах.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Нашыя славутыя землякі

Ірэна Каляда-Смірноў

Ірэна Каляда-СмірноўІрэна Каляда-Смірноў паходзіць са славутага роду, генеалогія якога налічвае больш за тысячу гадоў. Першыя звесткі пра род Каляды адносяцца да часоў Яраслава Мудрага. Беларускія войскі пад харугвамі з гербам Каляды бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Буйнейшыя прадстаўнікі роду ахвяравалі свае жыцці Беларусі.

Ірэна нарадзілася ў вёсцы Падкасоўе Наваградскага раёна. Бацька Ірэны памёр ад сухотаў у 1937 годзе, маці засталася ўдавою ў 29 гадоў. Гадаваць дзяцей дапамагала бабуля, якая і навучыла Ірэну беларускай мове. Маці трымала малачарню, дзе выраблялі сыр. Калі ў 1939 годзе прыйшлі Саветы, маёмасць канфіскавалі. Ад Сібіры ўратавалі суседзі. Ірэне было тады каля чатырох гадоў, калі пачалася вайна. У 1944 годзе Ірэна разам з маці трапіла ў Германію, а старэйшы брат Лёня, які падлеткам у час вайны ўступіў у Саюз беларускай моладзі, застаўся на Радзіме. За ўдзел у гэтай арганізацыі ён на некалькі гадоў трапіў у турму. Пра яго лёс родныя нічога не ведалі аж да канца 60-х.

У Германіі, у працоўных лагерах, маці Ірэны працавала разам з іншымі жанчынамі, укопваючы тэлеграфныя слупы. Калі вызвалялі Германію, сям'я Ірэны трапіла ў амерыканскі сектар. Добра разумеючы, што вяртанне на Радзіму пагражае высылкай, сям'я выехала ў Кліўленд (ЗША). На эміграцыі Клаўдзія Каляда, маці Ірэны, стала адной з актывістак грамадскага жыцця беларускай дыяспары. Яна збірала вакол сябе людзей, была адной са стваральніц Беларускага жаночага згуртавання (1952 год), рыхтавала выставы, вечарыны, канцэрты, арганізоўвала беларускія школкі.

У ЗША Ірэна працавала эканамістам, хаця марыла пра іншую кар'еру - артыстычную. Ад прыроды мела талент і жаданне спяваць. Скончыла беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Германіі, дзе пазнаёмілася з Куліковічам і Равенскім. Брала ў іх урокі вакалу, спявала ў царкоўным хоры, выконвала партыі ў беларускіх спектаклях. Некаторы час узначальвала беларускі хор у Кліўлендзе. Стаць прафесійнай спявачкай Ірэна не змагла толькі таму, што атрымаць адпаведную адукацыю ў Амерыцы было вельмі цяжка і каштавала шмат грошай.

У Беларусь Ірэна прыехала ў 1992 годзе. Эканамічнае становішча краіны стала для яе сапраўдным шокам. Але яшчэ больш уразілі наступствы Чарнобыльскай трагедыі для беларускіх дзяцей. Менавіта для дапамогі хворым дзеткам спадарыня Ірэна стварыла Дабрачынны фонд "Этнічны голас Амерыкі". На грошы фонду штогод больш за 500 беларускіх дзяцей адпачываюць у Славеніі, Турцыі, Балгарыі. Летась Мазырскі раён атрымаў 18 тон гуманітарнай дапамогі (вопратку, коўдры). За час працы фонду на аздараўленне было накіравана больш за 5 тысяч беларускіх дзяцей. У асноўным гэта дзеці з глыбінкі, з дзіцячых дамоў, малазабяспечаных і няпоўных сем'яў. Штогод Ірэна атрымлівае сотні лістоў ад удзячных дзетак і іх бацькоў.

Вельмі шмат увагі надае спадарыня Ірэна і патрыятычнаму выхаванню беларускай моладзі. З дапамогай гэтай жанчыны змаглі паехаць на аздараўленчы адпачынак у Балгарыю пераможцы дзіцячых творчых конкурсаў, якія ладзіла МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў 2000, 2001 і 2002 гг. Работы пераможцаў былі выдадзены асобнымі кнігамі таксама дзякуючы сп. Ірэне.

He пакідае сп. Ірэна без увагі і беларускую культуру. Дзякуючы яе падтрымцы былі выдадзены кнігі "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы", "Аповесці і апавяданні" Ф.Дастаеўскага ў перакладзе на беларускую мову яе стрыечнага брата Андрэя Каляды. Таксама сп. Ірэна паспрыяла выпуску музычнага альбома "Verbum", які мае адукацыйную вартасць і ў якім адноўлены сярэднявечныя традыцыі чытання тэкстаў. Урыўкі са "Слова пра паход Ігаравы", Статута ВКЛ, "Песні пра зубра", "Пана Тадэвуша" чытаюцца на мовах арыгіналаў у суправаджэнні беларускай сярэднявечнай музыкі.

Алена Макоўская

Эміграцыя ў гады Другой сусветнай вайны

З пачаткам Другой сусветнай вайны перапыніўся прыток беларускіх эмігрантаў на амерыканскі кантынент і карэнным чынам змяніліся іх колькасць і становішча ў еўрапейскіх дзяржавах. На акупаваных немцамі тэрыторыях аказаліся сталыя беларускія асяродкі з арганізаваным нацыянальным жыццём (у Празе, Парыжы, Варшаве, Лодзі і інш). Захоп Германіяй Польшчы і далучэнне Заходняй Беларусі да БССР выклікалі выезд на захад палітычных дзеячаў, якія не мелі даверу да палітыкі савецкай улады.

У Германію і на акупаваныя ёю тэрыторыі эмігравалі многія беларусы з віленскага і іншых асяродкаў прыбалтыйскіх дзяржаў напярэдадні іх інкарпарацыі ў СССР. 70-80 тысяч беларусаў, што ваявалі ў складзе польскага войска, трапілі ў нямецкі палон, а затым з канца 1939 г. і на працягу 1940 г. атрымалі права ўладкоўвацца вольнымі работнікамі. Арганізацыю матэрыяльнай падтрымкі і культурна-асветнай работы ажыццяўлялі грамадскія арганізацыі: Беларускі Камітэт самапомачы ў Берліне (меў аддзелы ў Мюнхене, Лейпцыгу, Вене, Празе, Лодзі, Торуні і іншых месцах) і Беларускі камітэт у Генеральнай губерні ў Варшаве (меў аддзяленні ў Кракаве і Бялай Падлясцы).

Неакрэсленасць пазіцыі кіраўніцтва Германіі адносна статуса Беларусі спарадзіла разлік часткі лідэраў беларускай эміграцыі на падтрымку іх памкненняў да незалежнасці Беларусі. У сувязі з гэтым у 1941 г. у Берліне узнік Беларускі нацыянальны цэнтр. Лідэры створанай летам 1940 г. у Варшаве Партыі беларускіх нацыяналістаў наадварот арыентаваліся на заходніх саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі, лічылі, што яны стануць пераможцамі і будуць вырашаць праблемы пасляваеннага ўладкавання Еўропы, а тады можна будзе пытанне незалежнасці Беларусі вывесці на міжнародны ўзровень.

Напад Германіі на СССР, працяглая акупацыя тэрыторыі Беларусі абумовілі масавае, галоўным чынам прымусовае, перамяшчэнне яе насельніцтва. У ліку савецкіх ваеннапалонных за мяжой аказаліся сотні тысяч беларусаў. Амаль 385 тыс. асоб былі прымусова адпраўлены з акупаванай БССР у Германію як танная працоўная сіла (остарбайтэры). Напрыканцы вайны ў Германіі паявіліся лагеры прымусова вывезеных дзяцей ад 6 да 12 гадоў. На працу ў Германію паехалі каля 5 тыс. юнакоў і дзяўчат Саюза беларускай моладзі. Мелі яны, як і прымусова вывезеныя, нялёгкія ўмовы жыцця і працы, але ў адрозненне ад апошніх праводзілі нацыянальную культурна-асветную працу. У гады вайны ў Германіі выдаваліся газеты "Раніца", "Беларускі работнік", часопісы "Беларускі студэнт", "Малады змагар", была 15-хвілінная радыёперадача на беларускай мове ў Гамбургу.

Нямецкія ўлады ізалявалі прэзідэнта БНР В.Захарку, які знаходзіўся ў акупаванай Празе і адмовіўся выступаць у падтрымку германскай палітыкі. Перад сваёй смерцю ў 1943 г. ён перадаў паўнамоцтвы М.Абрамчыку, які быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Парыж. Паспяховае наступленне савецкіх войскаў выклікала значную эмігранцкую хвалю з Беларусі тых, хто баяўся вяртання сталінскага рэжыму. За мяжу выехалі дзесяткі тысяч беларусаў, у тым ліку арганізацыі, установы, вайсковыя фарміраванні, створаныя на акупаванай тэрыторыі (БЦР, Галоўны штаб Саюза беларускай моладзі, Сабор епіскапаў Беларускай праваслаўнай царквы, атрады Беларускай краёвай абароны і дапаможнай паліцыі), інтэлігенцыя, якая працавала ў гады вайны ў адукацыйнай сістэме і культурна-асветных арганізацыях. Гэтая плынь была ў асноўным палітычнай - апазіцыйнай савецкай уладзе.

БЦР, якая выехала ў Кёнігсберг, а затым Берлін, зрабіла захады па афармленні сябе ўрадам у выгнанні. Рабілі спробы наладзіць кантакты з заходнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, каб стварыць умовы для далейшай дзейнасці эміграцыі пасля вайны. Большасць членаў БЦР у канцы вайны трапіла ў зоны акупацыі ЗША і Вялікабрытаніі.

Няпростым быў лёс беларускіх вайсковых фарміраванняў, якія пры адступленні немцаў былі ўключаны ў германскае войска. Батальёны Беларускай краёвай абароны (да 16 тыс. чалавек) былі адпраўлены на заходні фронт. Нямала гэтых беларусаў, якія аказаліся летам 1944 г. на тэрыторыі Францыі, далучыліся да мясцовых партызан, а адзін батальён перайшоў у Швейцарыю. Восенню 1944 г. большасць іх уступіла ў войска Андэрса і змагалася супраць Германіі. Значная частка беларусаў з дывізіі Зіглінга ў Францыі здаліся ў палон англа-амерыканскім саюзнікам восенню 1944 г. Сотні беларусаў-остарбайтэраў, уцекачоў з лагераў ваеннапалонных, працоўных каманд, канцлагераў вялі антыфашысцкую барацьбу на тэрыторыі акупаваных еўрапейскіх дзяржаў. Узброенае змаганне супраць акупантаў жыхары Беларусі вялі ў складзе часцей нацыянальна-вызваленчай арміі Югаславіі.

Нямала беларускіх эмігрантаў змагалася на франтах Другой сусветнай вайны ў войсках дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. Улады Францыі ў 1939 г. упершыню прызвалі ў армію больш 6 тыс. беларусаў. У баях з германскімі войскамі праявілі мужнасць сотні амерыканскіх беларусаў. У брытанскім войску служыла не менш 30 тыс. беларусаў, з іх больш за 1700 загінулі на заходніх франтах, у тым ліку ў вядомай бітве пры Монтэ-Касіна (Італія).

Яшчэ ў ходзе вайны ў адпаведнасці з рашэннем СНК СССР (кастрычнік 1944 г.) пачалася абавязковая рэпатрыяцыя савецкіх грамадзян, якая пазбаўляла магчымасці застацца ў эміграцыі. Але заходнія саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі не адносілі да падлягаючых рэпатрыяцыі тых асоб, якія да пачатку Другой сусветнай вайны пражывалі ў Польшчы (у Заходняй Беларусі), прыбалтыйскіх дзяржавах. Карыстаючыся гэтым, многія беларусы, змяніўшы нацыянальнасць, пазбеглі прымусовай рэпатрыяцыі.

Галіна Сяргеева

Падзякі

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае падзяку за падтрымку арганізацыі Міхасю Наўмовічу (Францыя).
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by