МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№02(№50)
люты
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ!

100-годдзе Міколы Улашчыка

Мікола Улашчык – буйнейшы беларускі акадэмічны гісторык, які ў савецкія часы зрабіў шмат дзеля аднаўлення праўдзівай гісторыі Беларусі.

Нарадзіўся 14 лютага 1906 г. на Койданаўшчыне (зараз Дзяржынскі раён), у вёсцы Віцькаўшчына, якую потым апісаў у адным са сваіх даследаванняў. У 1929 г. скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1930 г. быў арыштаваны ў сувязі са справаю так званага Саюза вызвалення Беларусі, але фактычна за ягоную працу ў галіне беларускага краязнаўства, пасля суда быў сасланы ў Вяцкую вобласць. Потым быў яшчэ двойчы рэпрэсаваны.

Пасля лагераў у Беларусь вярнуцца не меў магчымасці, працаваў у Маскоўскім універсітэце, а потым з 1955 г. у Інстытуце гісторыі СССР Акадэміі навук СССР. Доктар гістарычных навук, аўтар навуковых прац па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі. Памёр у 1986 г.”.

Паводле радыё “Свабода”

Вечарына ў гонар Мікалая Улашчыка

15 лютага ў Маскоўскім доме нацыянальнасцей адбылася вечарына, прысвечаная 100-годдзю М.Улашчыка. Актывісты маскоўскіх беларускіх суполак, расійскія вучоныя, студэнты і іншыя ўдзельнікі і госці ўспаміналі добрым словам гэтага выдатнага беларускага гісторыка і літаратара.

Вядомы беларускі і маскоўскі славіст А.Каўка расказаў пра жыццёвы і творчы шлях М.Улашчыка, пазнаёміў прысутных з разгорнутай у зале выставай яго твораў. Прамоўца адзначыў унікальнасць прац М.Улашчыка: высокі прафесіяналізм спалучаецца з захапляючым стылем пісьма, са шчырай любоўю да Радзімы і роднай беларускай мовы, што заўважыў у свой час В.Быкаў. Па словах беларускага пісьменніка А.Кажадуба, М.Улашчык сваёй працай неаднаразова даказваў, што Беларусь мела, мае і будзе мець сваю багатую гісторыю. Актывіст беларускага руху ў Маскве А.Сабалеўскі назваў юбіляра падзвіжнікам беларушчыны і адраджэння. Як падкрэслілі ў сваіх прамовах расійскія вучоныя і былыя калегі, прафесіяналізм М.Улашчыка, яго грамадзянская годнасць, сумленнасць і прыязнасць заўсёды будуць прыкладам для новых пакаленняў беларускіх і расійскіх вучоных.

На вечарыне прагучалі ўрыўкі з твораў юбіляра, быў паказаны фрагмент тэлевізійнай перадачы з Мінска ад 1986 г., у якой М.Улашчык выступаў на роднай мове і адказваў на пытанні беларускай аўдыторыі. Удзельнікі і госці маглі пазнаёміцца і набыць штогоднік маскоўскіх беларусаў “Скарыніч”, прысвечаны 100-годдзю М.Улашчыка.

В.Чайчыц

P.S. Падчас вечарыны быў запланаваны паказ фільма “На чорных лядах”, які да гэтага вечара быў прадстаўлены МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Але, на жаль, паказ фільма не адбыўся, а быў перанесены на другую імпрэзу, бо сустрэча былых знаёмых Мікалая Улашчыка зацягнулася на тры гадзіны.

Паводле радыё “Свабода” і “Беларуская Масква”

Дні нараджэння!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сябраў Вялікай Рады арганізацыі Арсеня Ліса, Леаніда Лыча (Беларусь), Аркадзя Крупеньку (Расія), Васіля Астаповіча (Украіна).

Жадаем добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

50-ты нумар бюлетэня “Беларусы ў свеце”!

Шаноўныя чытачы! У снежні 2001 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” распачало выданне бюлетэня “Беларусы ў свеце”. Больш за чатыры гады мы рыхтуем і дасылаем наша выданне. За гэты час з чатырох старонак аб’ём павялічыўся да васьмі-дзесяці, стварылася кола карэспандэнтаў і ў шмат разоў павялічылася колькасць падпісчыкаў ва ўсіх кутках свету.

Творчы калектыў і супрацоўнікі офіса дзякуюць усім пастаянным чытачам за ўвагу да бюлетэня. У планах “Бацькаўшчыны” павялічваць якасць інфармацыйнага зместу нашых нумароў. Заставайцеся з намі!

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Адказы на запыты

Ліст ад “Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” ад 25.01.2006 № 01-11/85

“Аб разглядзе звароту

У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Камітэтам разгледжаны зварот старшыні Рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” А.Макоўскай на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Шэймана В.У. аб уліку прынятых на Чацвёртым справаздачна-выбарчым з’ездзе Аб’яднання выніковых дакументаў у дзейнасці дзяржаўных органаў, і паведамляецца наступнае.

Прапановы, выказаныя ў выніковых дакументах Чацвёртага справаздачна-выбарчага з’езда Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, які адбыўся 16 — 17 ліпеня 2005 г., і якія датычацца сферы кампетэнцыі Камітэта, па магчымасці будуць улічаны ў яго дзейнасці.

Пры гэтым узаемадзеянне Камітэта, іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь з аб’яднаннямі суайчыннікаў за мяжой уключае розныя формы супрацоўніцтва, у тым ліку і тыя, што змешчаны ў тэксце праграмы Аб’яднання “Беларусы замежжа” (2005 — 2009 гг.).

Выказваем надзею на паспяховае выкананне палажэнняў дадзенага праекта ўсімі зацікаўленымі.

Намеснік Старшыні У.Б.Ламека”

Беларусы і ўкраінцы свету

15 лютага старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская наведала Кіеў, дзе сустрэлася з намесніцай старшыні сакратарыята арганізацыі па сувязях з украінцамі за межамі Украіны – Таварыства “Україна-Світ” — Алай Кандзера. Таксама адбылася гутарка са старшынёй таварыства, народным дэпутатам Украіны Іванам Драчом. Падчас сустрэчы ішла размова аб магчымасцях партнёрства, арганізацыі сумесных культурна-асветных мерапрыемстваў як у Беларусі, так і ва Украіне. Удзельнікі сустрэчы выказалі ўзаемную зацікаўленасць у супрацоўніцтве і вырашылі заключыць адпаведную дамову.

Таварыства “Україна-Світ” – усеўкраінская грамадская няўрадавая арганізацыя. Мэтай яе дзейнасці з’яўляецца развіццё супрацоўніцтва з украінцамі за мяжой, умацаванне іх сувязяў з радзімай дзеля аб’яднання ўкраінцаў свету і будаўніцтва Украінскай дзяржавы.

Таварыства “Україна-Світ” мае шырокую сетку працоўных рэгіянальных аддзяленняў – 31. А ў федэрацыю таварыства звязаў з замежнымі краінамі ўваходзяць 62 арганізацыі дыяспары. Вельмі істотна тое, што пры Таварыстве працуе Інстытут даследавання ўкраінскай дыяспары. Таксама таварыства актыўна прымае ўдзел у распрацоўцы закону, дзяржаўных праграм і іншых нарматыўных актаў, што рэгулююць стасункі Украіны з дыяспарай. Па словах Алы Кандзеры, вельмі важна, што дзяржаўныя органы супрацоўнічаюць у гэтым накірунку з грамадскай арганізацыяй, якая мае вялікі вопыт у супрацоўніцтве з украінскай дыяспарай, валодае практычна ўсімі пытаннямі і праблемамі, што маюць украінскія асяродкі ў свеце.

Трэба адзначыць, што Украіна ўжо прымала нацыянальную праграму “Закордонне украінство” ў 2001 г. Зараз рыхтуецца прыняцце новай праграмы і Закону Украіны “Пра прававы статус замежных украінцаў”. Праект закона прадугледжвае стварэнне Нацыянальнай камісіі па пытаннях замежных украінцаў, статус замежнага украінца будзе пацверджаны адпаведным пасведчаннем, якое будзе выдавацца на 10 год і даваць шэраг ільготаў яго атрымальніку. Да апошніх адносяцца атрыманне бясплатнай шматразовай візы для ўезда ва Украіну, атрыманне права на жыхарства. Таксама замежныя ўкраінцы ў адпаведнасці з гэтым законам будуць атрымліваць усе правы, свабоды і абавязкі, вызначаныя Канстытуцыяй Украіны і яе законамі, акрамя палітычных правоў і абавязкаў і права на пенсійнае забеспячэнне. Трэба адзначыць, што палажэнні украінскага праекта Закону вельмі падобныя да тых прапаноў, з якімі яшчэ ў 2002 г. звярнулася Згуртаванне “Бацькаўшчына” да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у дачыненні да беларусаў замежжа.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, сяброўскай атмасферы. Аказалася, што і гэтага часу недастаткова, каб абмеркаваць усе пытанні. Як падзялілася сваімі ўражаннямі Алена Макоўская: “Нашы арганізацыі вельмі падобныя па напрамках дзейнасці, па мэтах. Падчас сустрэчы мы дзяліліся вопытам па супрацоўніцтве з дыяспарай, абмяркоўвалі наладжванне сумесных культурна-асветніцкіх конкурсаў і мерапрыемстваў. Я спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва, бо ўкраінская таварыства – арганізаваны і надзейны партнёр”.

Інфармацыйны аддзел
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту

Паважаныя наведвальнікі і чытачы, як і ў папярэдніх нумарах бюлетэня мы працягваем паведамляць аб зменах і дапаўненнях на нашым сайце (zbsb.org). На галоўнай старонцы адноўлена рубрыка “Перапіска з дзяржаўнымі ўстановамі”, дзе змешчаны новыя адказы афіцыйных асоб на звароты МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Рубрыка знаходзіцца ў меню, на правай калонцы галоўнай старонкі.

Акрамя таго адноўлена рубрыка-спасылка “Круглыя сталы. Беларусь – Еўрапейскі саюз: прастора для дыялогу”, дзе змешчаны ўсе даклады выступоўцаў.

Рэгулярна аднаўляюцца навіны, частку з якіх у скарочаным варыянце можна прачытаць у бюлетэні. Калі ў Вас ёсць парады і прапановы, меркаванні – іх можна выказаць на форуме. Мы ўдзячныя вам за цікавасць да нашай дзейнасці.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс

“РАДЗІМА вялікая і малая”

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае міжнародны дзіцячы конкурс сярод школьнікаў 12—14-гадовага ўзросту.

Працы павінны ўключаць літаратурнае ці мастацкае ўвасабленне легендаў, паданняў, міфаў:

- аб стварэнні і заснаванні беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак;

- аб выбітных асобах і адметных падзеях, што занялі сваё месца ў гісторыі як ўсёй Беларусі, так і асобных яе мясцінаў.

Конкурс ладзіцца па дзвюх намінацыях: мастацкія працы (малюнкі) і літаратурныя творы (апавяданні, нарысы, эсэ, вершы, паэмы).

Усе працы павінны мець наступныя звесткі:

прозвішча, імя ўдзельніка, узрост, поўная дата нараджэння, зваротны адрас з індэксам, кантактныя тэлефоны.

Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420 х 295) і А2 (420 х 590), а таксама літаратурныя творы на беларускай мове, аб’ёмам да 10 друкаваных старонак (14 пт, адзінарны інтэрвал).

Працы на конкурс прымаюцца да 20 красавіка.

Адрас для дасылкі: МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, вул. Рэвалюцыйная, 15, Мінск 220030. e-mail: zbsb@lingvo.minsk.by, zbsb@tut.by, кантактны тэлефон у Мінску: (017) 289 31 94.

Пераможцы будуць узнагароджаныя.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу”

У выдавецтве “Тэхналогія” пабачыла свет унікальная кніга – навуковае даследаванне А.Мікуліча “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу”.

Вытрымкі з рэцэнзіі Зміцера Санько: “Як справядліва адзначае ў прадмове да кнігі ўкраінскі антраполаг С.Сегеда, падобных выданняў у беларускай антрапалагічнай літаратуры яшчэ не было. Манаграфія падводзіць вынікі больш чым трыццацігадовых экспедыцыйных даследаванняў, праведзеных вядомым антрапагенетыкам Аляксеем Мікулічам у Рэспубліцы Беларусь і на сумежных тэрыторыях краін-суседзяў – Расійскай Федэрацыі, Літвы, Украіны. Аб’ектам іх было пераважна вясковае насельніцтва як носьбіт найбольш характэрных генетычных і канстытуцыйных асаблівасцяў прабацькаўскіх папуляцый.

Даследаванне генафонду карэнных лакальных папуляцый паказала цэласнасць беларускага этнасу. Вядома, што “еўрапеізацыя” ўсходнееўрапейскага, пераважна рускага, насельніцтва спынілася пад татара-мангольскім уплывам. Вывучэнне генафонду беларусаў практычна не выявіла прысутнасці ў ім прыкмет мангольскай расы. Гэта пацвярджае гістарычныя звесткі пра тое, што Беларусь не зазнала татара-мангольскай няволі.

Аляксей Мікуліч аргументавана аспрэчвае высновы маскоўскіх калегаў пра тое, што ядро рускага генафонду нібыта знаходзіцца на паўночным захадзе рускага этнічнага арэалу (Пскоўшчына, Ноўгарадчына) з далучэннем часткі зямель, якія сёння знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Беларусь. Ён адзначае, што да беларусаў Прыдзвіння генетычна вельмі блізкія карэнныя жыхары Пскоўскай і Наўгародскай, як і Смаленскай абласцей. (І гэтаму факту ёсць гістарычнае тлумачэнне – агульныя крывіцкія карані.) Але гэта зусім не дае падставы вылучаць іх з беларускага этнічнага арэалу. Аналіз антрапагенетычнага і геннадэмаграфічнага матэрыялу прыводзіць аўтара да высноваў пра глыбокую старажытнасць беларускага этнасу.

Манаграфія багата ілюстраваная каляровымі картамі, мае невялікі слоўнік спецыяльных тэрмінаў. Ён змяшчае тлумачэнні тых тэрмінаў, пераважна з генетыкі і антрапалогіі, якія могуць быць незразумелыя спецыялістам іншых навуковых галін. Гэта істотна пашырае кола чытачоў, робіць кнігу больш даступнай. Яна, бясспрэчна, зацікавіць не толькі навукоўцаў – антраполагаў, генетыкаў, этнолагаў, археолагаў, эколагаў, але і студэнтаў ВНУ, а таксама усіх, хто цікавіцца пытаннямі этнагенезу і этнічнай адметнасці”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кніга аб дыяспары і для дыяспары

З друку выйшла кніга “Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя” (28-я кніга серыі “Беларусіка = Albaruthenica”). Гэтае навукова-папулярнае выданне ўтрымлівае матэрыялы IV Міжнароднага кангрэса беларусістаў, які называўся “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін”. Кангрэс адбыўся 6 — 9 чэрвеня 2005 г. Сам зборнік выдадзены на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах.

У зборнік уключаны даклады і паведамленні, прачытаныя на пасяджэнні кангрэса беларусістаў. Даклады прысвечаны гісторыі дыяспары і праблемам культурнага жыцця беларусаў за межамі Айчыны. Кніга адпаведна падзеленая на тры тэматычныя часткі – дыяспара, культуралогія і гісторыя. Заключны раздзел утрымлівае кароткую інфармацыю аб аўтарах. Кніга прызначаная беларускім і замежным навукоўцам, выкладчыкам, настаўнікам, студэнтам.

Кніга выдадзеная пры дапамозе Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя Беларусістаў”, Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцей пры савеце міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кніга выдадзена на базе рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, але, на жаль, наклад яе невялікі – 300 асобнікаў.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

Беларусам замежжа скасаваныя ільготы

Паступаць ў беларускія навучальныя установы ім давядзецца на агульнай аснове.

Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 80 ад 07.02.2006 зменены парадак паступлення ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь беларусаў замежжа.

Паводле прынятых Правілаў, беларусы замежжа будуць паступаць у ВНУ і сярэдне-спецыяльныя ўстановы на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Рэспублікі Беларусь – на конкурснай аснове. Такое ж права атрымалі і грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Кіргізскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан, Рэспублікі Казахстан. Пры паступленні беларусам замежжа трэба будзе прадстаўляць дакументы, што пацвярджаюць беларускую нацыянальнасць.

Калі Правілы пачнуць дзейнічаць без змяненняў, то яны фактычна скасоўваюць існаваўшыя раней ільготы на атрыманне бясплатнай адукацыі (за кошт бюджэту). Нагадаем, што ў 1993 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь была зацверджана Праграма “Беларусы ў свеце”, у адпаведнасці з якой дзяржава давала магчымасць беларусам замежжа атрымліваць адукацыю ў навучальных установах Рэспублікі Беларусь бясплатна і па-за конкурсам. Дакументам, які сведчыў пра беларускае паходжанне будучага абітурыента было хадайніцтва ад суполкі беларускай дыяспары.

Кожны год у навучальныя ўстановы Беларусі паступаюць дзесяткі тысяч абітурыентаў, колькасць жа навучэнцаў з дыяспары ніколі не перавышала ста чалавек. Такім чынам, навучанне суайчыннікаў не клалася цяжкім фінансавым грузам на рэспубліканскі бюджэт, і што найбольш значна, спрыяла павышэнню аўтарытэту нашай краіны, сведчыла пра клопат аб беларусах замежжа.

МГА ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае занепакоенасць зменамі ў Правілах паступлення ў навучальныя ўстановы, якія могуць сур’ёзна абмежаваць магчымасці для моладзі з беларускага замежжа навучацца ў беларускіх ВНУ. У сувязі з гэтым накіраваны адпаведныя лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў і Міністэрства адукацыі.

Прэс-служба
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія

Напярэдадні свята Сустрэчы Госпада Ісуса Хрыста (Грамніц) Беларускую царкву ў Антверпене наведалі высокія госці: Аляксандр Мілінкевіч з жонкай Інай, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін.

Пробашч парафіі святар Ян Майсейчык распавёў гасцям аб гісторыі, сучасных праблемах і перспектывах развіцця беларускае царквы, пры якой ствараецца беларуская бібліятэка і дзейнічаюць нядзельная дзіцячая школа і сацыяльна-культурная грамада “Святы Язафат”. У размове было адзначана, што парафія стала для беларусаў Антверпена сапраўдным духоўным цэнтрам, які працуе на духовае аздараўленне і ўмацаванне дыяспары. Госці з вялікай цікавасцю слухалі аповед і не маглі схаваць свайго шчырага пазітыўнага ўражання ад убачанага і пачутага. Падчас сустрэчы высокія госці паабяцалі ўсямерную падтрымку Беларускай парафіі для яшчэ большай аптымізацыі працы сярод зноў прыбылых беларусаў. На развітанне Я.Майсейчык пажадаў А.Мілінкевічу і ягоным калегам Божага блаславення ў перадвыбарчай барацьбе і вялікіх поспехаў у кансалідацыі беларусаў на падставе хрысціянскіх каштоўнасцей, гістарычна-культурнай саматоеснасці і дэмакратычных здабыткаў еўрапейскае цывілізацыі.

Паводле unija.info

Вільня, Літва

Угодкі вядомага навукоўца і краязнаўцы Генадзя Каханоўскага, які заўчасна пакінуў свет, адзначыла 28 студзеня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве. З аповедам перад прысутнымі выступіў сябра ТБК Валера Радзюкевіч, які ведаў спадара Каханоўскага, яшчэ калі жыў у Маладзечне. Палітолаг Анатоль Астапенка прэзентаваў уласную кнігу “Споведзь нацыяналіста” і адказаў на шматлікія пытанні. Не так часта ў Вільню прыязджаюць асобы такога кшталту. У зале прысутнічалі журналісты, навукоўцы, студэнты.

Пытанняў было шмат. Прысутных цікавіла: “Якой павінна быць нацыянальная ідэя, і што такое нацыяналізм у краіне, у якой вялікая колькасць савецкіх адстаўнікоў? Якое параўнальнае становішча ў Латвіі і Літве. Як у гэтых краінах фармуецца нацыянальная ідэя?” Закранулі ў часе сустрэчы і сітуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вядома, шмат было пытанняў і наконт будучых выбараў прэзідэнта, як праходзіць падрыхтоўка, які шлях выбірае краіна пасля...

На сустрэчы прысутнічалі беларускамоўныя студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, якія добра арыентуюцца ў сучасным палітычным жыцці. Усталяваліся добрыя кантакты студэнтаў ЕГУ з Таварыствам Беларускай Культуры, ёсць дамова аб далейшым супрацоўніцтве. Размова ў цесным коле сяброў за кубачкам кавы доўжылася і пасля афіцыйнага заканчэння мерапрыемства. Ніхто не спяшаўся разыходзіцца, бо і тэма актуальная, і суразмоўцы былі цікавыя. Гэтым разам прысутныя на мерапрыемстве паглядзелі відэафільм Віктара Дашука “Страх”.

Леакадзія Мілаш

Варшава, Польшча

У варшаўскім “Радыё-кафэ” адбылася сустрэча Клубу былых супрацоўнікаў польскай службы радыё “Свабодная Еўропа” з экспертамі і гасцямі з Беларусі – прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый, журналістамі і беларусамі Беласточчыны. На ёй абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў. Прысутныя адзначалі, што зараз ў Беларусі ёсць шмат агульнага з Польшчай часоў ваеннага становішча.

У “Радыё-кафэ” абмяркоўваюцца толькі найважнейшыя падзеі, прычым размова цалкам запісваецца і перадаецца потым ў праграме польскага радыё. Аліна Грабоўская – выканаўчы сакратар Клуба і шматгадовы супрацоўнік польскай службы радыё “Свабодная Еўропа” — на просьбу даць параду беларускім журналістам з незалежных выданняў, якія вымушаныя цяпер працаваць ва ўмовах пераследу і адсутнасці свабоды слова, кажа: “Самае галоўнае – гэта інфармацыя і тое, як гэтая інфармацыя падаецца. Пра ўсё тое, што ў Беларусі цяпер адбываецца, трэба казаць праўду. Гэта галоўная задача журналіста – казаць праўду пра падзеі, і больш нічога”.

Аліна Грабоўская не выключае, што ў хуткім часе будзе наладжанае яшчэ адно спатканне, прысвечанае Беларусі.

Паводле радыё “Свабода”

Варшава, Польшча

У Варшаве, каля пасольства Беларусі, адбылася акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Беларусі актывістамі маладзёжнага руху “Зубр” і арыштаваным на 15 сутак Яўгенам Афнагелем. Нягледзячы на моцны снегапад, да пасольства Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек з бел-чыровна-белымі беларускімі і бела-чырвонымі польскімі сцягамі. Прысутныя трымалі ў руках свечкі і здымкі Яўгена Афнагеля. Удзельнікі пікету, аднак, вырашылі не перадаваць у пасольства ніякага звароту ці ліста, бо, паводле іхных словаў, “гэта проста не мае сэнсу”.

Радыё “Свабода”. 2006. 14 лют.

Познань, Польшча

24 студзеня ў Польшчы адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак. Маршалак Вялікапольскага ваяводства Марэк Возняк (беларускі адпаведнік – старшыня аблвыканкама) у Познані павінен быў сустрэцца з паслом Беларусі ў Польшчы Паўлам Латушкам у 12.30 у будынку маршалкоўскай управы. Сустрэча не адбылася, маршалак адмовіўся ад запланаванай раней сустрэчы, а замест гэтага сустрэўся з беларускімі актывістамі, якія мелі намер наладзіць пікет пратэсту каля месца сустрэчы маршалка і пасла.

Паводле намесніка дырэктара палітычнага кабінета маршалка Крысціны Чайкі, ініцыятарам сустрэчы быў беларускі бок. У Познані пачаўся буйны будаўнічы кірмаш “Будма”, у якім бралі удзел і беларускія фірмы, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з польскімі партнёрамі. Гэтаму, паводле спадарыні Чайкі, і павінна была быць прысвечана сустрэча.

“Спатканне ні ў якім разе ня мела б палітычнага характару, – кажа спадарыня Крысціна.– Але калі мы даведаліся, што супраць гэтай сустрэчы плануецца правядзенне пікету, спадар маршалак вырашыў адмовіцца ад спаткання з паслом. Ён заявіў, што не хацеў, каб тыя людзі, якія ладзілі акцыю пратэсту, мелі праблемы з паліцыяй. Калі пачаліся пытанні, чаму было прынятае такое рашэнне, дык спадар маршалак вырашыў прыняць гасцей”.

Між тым, паводле польскага заканадаўства, на вулічныя акцыі, у якіх бяруць удзел менш чым 15 чалавек, ніякі дазвол ці папярэдняе ўзгадненне з уладамі не патрэбныя, а да ваяводскай управы прыйшлі менш за 15 асобаў, таму паліцыя не мела б законных падстаў, каб спыніць акцыю.

Адным з гасцей маршалка Марка Возняка быў Віталь Воранаў з Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані – паводле ягоных словаў: “Нечакана нас запрасіў спадар маршалак. Ён адмовіўся ад сустрэчы з паслом, але прыняў прадстаўнікоў Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру. Пытаўся пра тое, чым мы займаемся, як можа дапамагчы ў будучым. Маршалак сказаў, што ён асабіста быў на Майдане ў Кіеве і жадае беларусам, каб у нас адбылося тое ж самае. Тое, што спадар Возняк прыняў замест пасла прадстаўнікоў беларускай арганізацыі, якая стаіць у выразнай апазіцыі да цяперашніх уладаў, гэта вельмі сімвалічна і важна для нас”.

Аляксей Дзікавіцкі

Іркуцк, Расія

27 студзеня (пятніца) ў 18.00 у канферэнц-зале Дома Сяброўства Народаў Іркуцка адбылася сустрэча сяброў літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына”, Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Тэма – “Віцебск скрозь стагоддзі”.

Адбылася свайго роду рэканструкцыя гісторыі існавання аднаго з самых буйных гарадоў Беларусі. Былі ўзгаданы вядомыя беларускія культурна-грамадскія дзеячы, такія як Уладзімір Караткевіч і іншыя.

Адной з самых цудоўных частак сустрэчы была прэзентацыя непараўнальнай карціны “Другі палёт над Віцебскам” Уладзіміра Багданава. Калі ў вас узнікла пытанне па назве карціны: “Чаму другі палёт?”, то адкажам, што “Першы палёт над Віцебскам” быў напісаны сусветна вядомым віцебскім мастаком Маркам Шагалам. Спадар Уладзімір Багданаў з вялікай павагай ставіцца да Марка Шагала, але мае свой погляд на родны горад. Гэта і адлюстравана ў яго творчасці.

На гэты ж вечар іркуцкая паэтэса — ураджэнка зямлі Віцебскай Кацярына Агаркава – падрыхтавала вершы, прысвечаныя сваёй Радзіме і вялікім суайчыннікам.

Вольга Галанава,
каардынатар Літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына”

Іркуцк, Расія

Адной з самых актыўных суполак беларусаў Расіі па праву з’яўляецца Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. На кожнае свята імі ладзяцца цікавыя культурныя мерапрыемствы, святы праводзяцца па традыцыйных беларускіх абрадах, працуе літаратурна-гістарычны клуб “Спадчына”, праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі...

На гэты год таксама запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Паведамім вам пакуль расклад на першае паўгоддзе:

17 лютага адбудзецца пасяджэнне літаратурна-гістарычнага клуба (ЛГК) “Спадчына”, тэма — “Беларускі перыяд” руска-шведскай вайны і яе вынікі для беларускага народа”;

23 — 25 лютага запланавана экспедыцыя “Вячоркі па вёсках” у Куйтунскі раён;

4 красавіка пройдзе афіцыйнае справаздачна-выбарчае пасяджэнне Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК;

25 сакавіка – VII з’езд РГА ІТБК;

31 сакавіка адбудзецца паседжанне літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына” па тэме “узаемапранікненне культур беларускага і бурацкага народаў у Прыбайкалле”;

традыцыйнае беларускае абрадавае свята “Гуканне вясны – 2006” пройдзе 8 красавіка ў вёскі Філіпоўск Зімінскага раёна;

на 20 — 22 красавіка запланавана этнаграфічная экспедыцыя ў Ніжэўдзінскі раён;

28 красавіка – паседжанне ЛІК “Спадчына”, тэма якога: “1-ы, 2-і, 3-і падзелы Рэчы Паспалітай – канчатковае далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі”;

29 траўня – 3 чэрвеня пройдзе тыдзень Беларускай Культуры – 2006 (юбілейныя мерапрыемствы ІТБК у сувязі з 10-годдзем арганізацыі, 31 траўня – дзень народзінаў таварыства);

24 — 25 чэрвеня будзе па усіх традыцыях святкавацца “Купалле - 2006”;

28 — 30 чэрвеня запланавана этнаграфічная экспедыцыя ў Балаганскі раён.

Спадзяемся, што Іркуцкае таварыства будзе гэтак жа і далей працягваць сваю плённую культурна-асветніцкую працу.

Паводле інфармацыі Алега Рудакова,
старшыні ІТБК

Познань, Польшча

У Познані ў чарговы раз адбыўся дзень салідарнасці, які арганізавалі пяць арганізацый. Больш за 50 сяброў гэтых арганізацый раздавалі мінакам значкі, джынсавыя стужкі, каляндарыкі з фотаздымкам Мілінкевіча і інфармацыю пра надыходзячыя выбары ў Беларусі. У прысутнасці шматлікіх СМІ было заяўлена, што 16 сакавіка акцыя салідарнасці будзе мець масавы характар.

Віталь Воранаў

P.S. Акцыя салідарнасці з Беларуссю прайшла і на Беласточчыне. Ніжэй падаем малюнак, дасланы да нас з Гайнаўкі (Беласточчына, Польшча).

АБ’ЯВЫ

Навучанне для беларусаў ва Універсітэце Градэц-Кралаве

Універсітэт у Градэц-Кралаве (Чэхія), факультэт інфарматыкі і мэнеджменту сумесна з Гуманітарнай арганізацыяй “Чалавек у нядолі” распачынаюць конкурс на чатыры стыпендыі на бакалаўрскае навучанне па спецыяльнасці “Інфармацыйны мэнеджмент, ці Прыкладная інфарматыка”.

Пачатак навучання – верасень 2006 г.

Форма навучання – дзённая.

Мова навучання – англійская.

Тэрмін навучання – 3 гады.

Падрабязнасці пра навучанне на старонцы:

http://www.uhk.cz/eng/fim/studies/34

альбо на:

http://www.uhk.cz/eng/fim/studies/88

Заявы на удзел у конкурсе могуць падаваць грамадзяне Беларусі, Украіны, Малдовы, якія валодаюць англійскай мовай.

Узор заявы знаходзіцца тут:

http://belcentrum.org/download/Information_Management-Bachelor_degree.doc

Заява дасылаецца да 15.03.2006 (дата атрымання) разам з неабходнымі дадаткамі (па-англійску) на адрас:

Belcentrum, Clovek v tisni o.p.s.,

Sokolska 18, 120 00

Praha 2, Czech rep.

Пытанні можна дасылаць на e-mail (з тэмай “Навучанне”):

ilia.hlybouski@peopleinneed.cz

Стыпендыя аплачвае навучанне на працягу трох год, зваротны білет адзін раз за навучальны год (1х3), выдаткі на навучальную візу, медычную страхоўку, пражыванне ў інтэрнаце ды пэўныя асобныя выдаткі (каля 7000 чэшскіх крон за месяц).

Беларускі цэнтр у Празе

Пачатак трансляцыі

Еўрапейскае радыё для Беларусі пачало тэставую трансляцыі ў інтэрнэце на старонцы www.belradio.fm

У хуткім часе трансляцыі пачнуцца на сярэдніх хвалях і FM.

Беларускі цэнтр у Празе

ВАКОЛ ПРАБЛЕМЫ

Працяг справы беластоцкай “Нівы”

Польскі Урад збіраецца праверыць, ці правільна было праведзена следства па справе сябраў рады штодзённіка беларускай меншасці ў Польшчы “Ніва”. Беластоцкі працэс супраць адзінаццаці сябраў рады газеты “Ніва” некаторымі ацэньваецца як спроба дыскрэдытаваць дзеячаў беларускай меншасці ў Польшчы. Тры гады таму была выкрытая памылка ў бухгалтарскіх фінансавых справаздачах і дакументах штодзённіка. Было вынесена папярэджанне, што дзяржаўную датацыю “Ніва” выкарыстоўвала ўвесь год, а не да канца кастрычніка, як было прадугледжана па дакументах. Ні адзін злоты тады не прапаў, але сцвярджалася, што частка датацыяў была выманеная.

Польская пракуратура выставіла абвінавачанні. Дзевяці сябрам рады прапанавалі скончыць працэс, але яны не пагадзіліся, маючы намер пераканаць суд у сваёй невінаватасці. Сярод абвінавачаных апынуліся і журналісты, вядомыя сваімі крытычнымі меркаваннямі аб беларускім прэзідэнце. У кастрычніку 2004 г., калі з’явіліся данясенні, следства было перададзена ад паліцыі органам пракуратуры. Зараз дзяржаўная пракуратура павінна праверыць, ці ўсё праходзіла адпаведна заканадаўству.

Каментар па нюансах справы даў рэдактар штотыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа: “Пракуратура сама заявіла, што “ні адзін злоты не быў скрадзены”. Проста была “фінансавая блытаніна”, але грошы ніхто не краў. А праблема на самай справе ў тым, што польскі бюджэт позна пералічваў газеце грошы. Міністэрства культуры, якое тады нас фінансавала, не мела да нас ніякіх прэтэнзій. Яны давалі нам грошы ў чэрвені-ліпені, а нас абвінавацілі ў тым, што мы гэтымі грошамі разлічваліся ў студзені. Трэба было плаціць з чэрвеня па кастрычнік. Але нам трэба было плаціць цэлы год, таму што газета выходзіць на працягу ўсяго года. Зараз гэта дамова афармляецца са студзеня па снежань. Атрымліваецца, нас абвінавачваюць у тым, што дзяржава зрабіла памылку. Не мы, а дзяржава! Нам пагражалі васьмю гадамі турмы, і гэта калі, па іх словах, ні адзін злоты не быў скрадзены. Абвінавачаных 11 чалавек – прадстаўнікі ўсіх беларускіх арганізацый, якія ёсць на Беласточчыне. Пракуратура прапанавала нам прызнаць сваю віну і атрымаць год умоўнага тэрміну, пры гэтым называюць нас “добрымі людзьмі”. Мы не пагадзіліся, таму, што нашай віны няма...

...Сёння пракуратура фактычна зняла ўсе абвінавачанні. Чаму ж тады працягваецца пераслед? Польскія СМІ склалі вельмі адмоўную атмасферу ў дачыненні да нас. Мы, канешне, разлічваем на справядлівасць суда. Але калі нехта будзе асуджаны, то мы гатовыя абскардзіць гэта рашэнне, і дойдзем да еўрапейскага суда. Мы да гэтага гатовыя.”

Паводле www.euramost.org і www.rzeczpospolita.pl

Судовы працэс над беластоцкай “Нівай”

14 лютага, у аўторак, адбылося першае пасяджэнне суда па справе сяброў Праграмнай рады (выдаўцоў) тыднёвіка беластоцкай газеты беларусаў Польшчы “Ніва”. Пракуратура абвінавачвае кіраўніцтва “Нівы” ў бухгалтарскіх парушэннях, але рада тыднёвіка адзначае, што ні адзін грош не знік. Двум сябрам Рады (старшыні і бухгалтару) пракуратура прад’явіла абвінавачванні, пазней прапанавала ім спыніць справу ўмоўна. Ніхто з абвінавачаных не пагадзіўся, бо гэта было б прызнаннем віны, а яны сябе вінаватымі не лічаць.

У падсудных было запрошана даць суду дадатковыя сведчанні, але ўсе абвінавачаныя адмовіліся даваць новыя сведчанні, бо не збіраліся змяняць свае тлумачэнні, якія былі дадзеныя ў пракуратуры. Аб гэтым распавёў бюлетэню “Беларусы ў сеце” сп. Яўген Вапа – галоўны рэдактар, старшыня Праграмнай радыпаведаміў, што быў вельмі ўражаны з’яўленню ў залі падчас судовага працэсу сп. Рамашэўскага, які ўжо шмат год займаецца праваабарончай дзейнасцю і сваёй прысутнасцю аказаў падтрымку падсудным. Паводле слоў Рамашэўскага сказаў, ён прыехаў на гэты працэс, бо лічыць, што гэта справа падрывае прававыя ўстоі.

Другое пасяджэнне суда прызначана на 10 сакавіка, на ім адбудзецца допыт сведак, падсудным прысутнічаць не абавязкова. Яўген Вапа заверыў, што з боку суда ніякай прадузятасці не было. Між тым неафіцыйна паведамляецца праз СМІ, што справу выдаўцоў “Нівы” вывучае зараз кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі Польшчы.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАШ КАЛЯНДАР

Сакавік у нашай гісторыі

- 8 сакавіка 1892 г. нарадзіўся беларускі дзяржаўны дзеяч, кіраўнік першага Урада БССР Алясандр Чарвякоў, памёр 16 чэрвеня 1937 г.

- 9 сакавіка 1883 г. нарадзіўся Францішак Аляхновіч – беларускі пісьменнік і тэатральны дзеяч. Памёр у 1944 г.

- 11 сакавіка 1401 г. адбылася Віленска-Радамская вунія – дзяржаўная і палітычная дамова ВКЛ і Польскага каралеўства, адпаведна з якой ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай.

- 11 сакавіка 1566 г. зацверджаны ІІ-гі Статут ВКЛ – звод законаў феадальнага плана, помнік беларускай пісьменнасці і юрыдычнай думкі.

- 18 сакавіка 1921 г. была падпісаная Рыжская мірная дамова між Савецкай Расіяй і Польшчай, паводле якой гэтыя дзяржавы падзялілі Беларусь: Заходняя – да Польшчы, Усходняя – да Расіі. Цікава, што дэлегацыю БНР на пасяджэнні не пусцілі.

- 20 сакавіка 1767 г. стварылася Слуцкая канфедэрацыя пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты, якую ўзначаліў кальвініст граф Грабоўскі і праваслаўны епіскап Георгі Канінскі.

- 21 сакавіка 1840 г. нарадзіўся беларускі паэт Францішак Багушэвіч (памёр 28 красавіка 1900 г.)

- 22 сакавіка 1864 г. ў Вільні на Лукішскай плошчы павешаны кіраўнік паўстання Кастусь Каліноўскі, што фактычна азначала падаўленне паўстання 1863 — 1864 гг.

- 23 сакавіка 1716 г. створана Віленская канфедэрацыя літоўскай і беларускай шляхты, якая далучылася да Тарнагародскай канфедэрацыі 1715 г. і выступіла супраць караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага.

- 23 сакавіка 1886 г. нарадзіўся беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля, памёр 3 лістапада 1941 г.

- 24 сакавіка 1794 г. пачалося вызваленчае паўстанне ў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, паўстанне доўжылася да 16 лістапада 1794 г.

- 25 сакавіка 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла ІІІ Статутную грамату, у якой абвясціла стварэне свабоднай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і адасабленне Беларусі ад Савецкай Расіі.

- 28 сакавіка 1985 г. памёр вядомы беларускі мастак Марк Шагал (нарадзіўся 7 ліпеня 1887 г. у беларускім мястэчку Лёзна).

- 30 сакавіка 1689 г. ў Варшаве спалены беларускі філосаф-атэіст Казімір Лышчынскі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВЕСТКІ

***

17 лютага ў Палацы Рэспублікі, Цэнтральная Выбарчая камісія зарэгістравала ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Іх чатыры: Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Казулін і Сяргей Гайдукевіч.

Акрамя галасавання камісіі ЦВК і зацвярджэння кандыдатур, у Палацы Рэспублікі падчас афіцыйнай часткі кандыдатам быў дадзены час для прамоў. Прамова Аляксандра Мілінкевіча была змястоўнай і на чыстай беларускай мове. Прамова Аляксандра Казуліна перабольшыла па часе і была на рускай мове. Абодва выступоўцы даволі крытычна выказваліся па сучаснай палітычнай сітуацыі ў Беларусі, але Аляксандр Лукашэнка на гэта не адрэагаваў, а падчас свайго выступу казаў аб захаванні стабільнасці ў краіне. Прамова ж Сяргея Гайдукевіча складалася з падзякі сваім прыхільнікам.

Пакуль адбывалася афіцыйная частка рэгістрацыі, на плошчы каля Палаца Рэспублікі сабраліся прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча. Ён яшчэ за два дні да гэтага абвясціў, што будзе чакаць іх на сустрэчу каля Палаца. Нават былі актывісты рэгіёнаў, з плакатамі: “Жодзіна за Мілінкевіча!”, “Мілінкевіч – Рэчыца з табой!” і інш. Надавала ўражанне вялікая колькасць супрацоўнікаў службаў бяспекі.

Інфармацыйная служба
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Мінскі гарвыканкам зацвердзіў пералік месцаў для агітацыі за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Гэта звыш за 20 паркаў, сквераў, пляцовак, пераважна ў аддаленых ад цэнтра месцах сталіцы. Каб скарыстацца імі, кандыдаты і іх давераныя асобы павінныя загадзя атрымаць дазвол. Кіраўнік выбарчага штаба адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Сяргей Калякін назваў патрабаванне Мінгарвыканкама аб атрыманні дазволаў не адпаведным выбарчаму заканадаўству.

“ERB” (Еўрапейскае радыё для Беларусі). 2006. 14 лют.

***

Пасля праверкі подпісаў у шасці абласцях Беларусі ніхто з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не выйшаў з барацьбы, гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік 10 лютага. Нагадаем, што больш за 100 тысяч подпісаў сабралі чатыры прэтэндэнты – Аляксандр Лукашэнка (сучасны прэзідэнт), Аляксандр Мілінкевіч (лідэр аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі), Аляксандр Казулін (лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада) і Сяргей Гайдукевіч (старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі).

Як паведаміў спадар Лазавік, ва ўсіх абласцях прэтэндэнты не перавысілі 15-працэнтны парог недакладных подпісаў, пры якім усе сабраныя па вобласці подпісы лічацца недакладнымі. У той жа час, па словах сакратара ЦВК, у некаторых прэтэндэнтаў у шэрагу раёнаў колькасць недакладных подпісаў усё ж перавысіла крытычны парог. Яны не будуць улічвацца пры складанні агульнай колькасці подпісаў, сабраных у падтрымку дадзенага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта.

БелаПАН. 2006. 10 лют.

***

Усе чатыры прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта падалі ў ЦВК дакументы, неабходныя для іх рэгістрацыі кандыдатамі. Аб гэтым БелаПАН паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. У камплект дакументаў уваходзяць дэкларацыі па даходах прэтэндэнтаў і іх бліжэйшых родных, заява аб згодзе балатавацца ў прэзідэнты і анкетныя дадзеныя.

У выбарах працягваюць удзельнічаць чатыры палітыка, і зараз самае слабае іх месца будзе праверка прадстаўленых дэкларацый па даходах і маёмасці. Дэкларацыі будуць правярацца на працягу тыдня, а затым іх апублікуюць у СМІ. Пасяджэнне Цэнтрвыбаркама па рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты адбудзецца 17 лютага ў Палацы Рэспублікі.

news.tut.by. 2006. 10 лют.

***

У Маскве абвешчана пра стварэнне Грамадскага камітэта расійскай інтэлігенцыі ў падтрымку дэмакратычных выбараў у Беларусі. Ініцыятыва стала вынікам сустрэчы ў Маскве прадстаўнікоў расійскай грамадскасці з лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам. Ініцыятар стварэння камітэта Ала Гербер, кіраўнік фонду “Халакост”, мае намер накіраваць заяву ў ЦВК Беларусі з просьбай дазволіць удзел ў якасці назіральнікаў не толькі афіцыйнай расійскай дэлегацыі на чале з У.Рушайлам, але таксама і прадстаўнікам грамадскасці Расіі.

Адбылася таксама сустрэча А.Мілінкевіча з кіраўніцтвам расійскага інфармацыйнага агенцтва Інтэрфакс і прэс-канферэнцыя сп. Мілінкевіча, на якую акрэдытаваныя 84 расійскія і замежныя журналісты.

Прэс-група Штаба падтрымкі
Аляксандра Мілінкевіча

***

“Якімі мовамі валодаюць прэтэндэнты ў прэзідэнты?” – такім пытаннем цікавяцца многія. Аляксандр Мілінкевіч выглядае амаль паліглотам, бо акрамя беларускай і рускай моваў (добра валодае) ён свабодна гаворыць па-французску, па-польску і даволі добра па-англійску. Калі ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Францыі і выступаў перад французскім парламентам, то прамаўляў на французскай мове.

Аляксандр Казулін, дасканала ведае рускую мову, беларускую ён не вывучаў, але зараз гэтым займаецца, і ў яго добрыя настаўнікі на чале са спадаром Алегам Трусавым, які з’яўляецца яго намеснікам у партыі. Аляксандр Казулін вучыўся ў спецыялізаванай англійскай школе, таму добра валодае англійскай мовай.

Сяргей Гайдукевіч валодае ў пэўнай ступені англійскай мовай і дастаткова, як ён лічыць, рускай і беларускай. Што тычыцца Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца, якія да нядаўняга часу ўдзельнічалі ў выбарчай барацьбе, то, паводле водгукаў, іх лінгвістычных ведаў дастаткова, каб у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта годна выконваць дзяржаўныя абавязкі.

Паводле радыё “Свабода”

***

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой выказалася за ізаляцыю. “Калі ж беларускія ўлады праявяць альбо заявяць аб падрыхтаванасці наблізіцца да статусу Савета Еўропы ў вобласці дэмакратыі і першынства закона, асамблея будзе зноў гатовая адчыніць неабходныя каналы”, – гаворыцца ў дакуменце.

Згодна з рэзалюцыяй, пад ізаляцыяй разумеецца прыпыненне выдачы віз “большай колькасці чыноўніцтва на высокіх пасадах” Беларусі. Гаворка таксама ідзе аб кроках па замарожванню банкаўскіх рахункаў і іншых фінансавых актываў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і яго акружэння. У той жа час ПАСЕ прапаноўвае палегчыць выданне віз простым беларускім грамадзянам, і асабліва студэнтам.

Прэс-служба АГП

***

Спрэчкі працягваюцца, а TV і радыё для Беларусі так і няма. Польскі бок не пагаджаецца з вынікамі конкурсу на права тэле- і радыёвяшчання на Беларусь, абвешчанага Еўрапейскай камісіяй. Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Богдан Кліх лічыць, што прапанова кансорцыума, які выйграў права рэалізоўваць дадзены праект, горшая, чым прапанова польскага боку.

“Кантракт яшчэ не падпісаны, а ўмовы яго выканання патрабуюць даверу да ўсіх удзельнікаў”, – адзначыла Эма Удвін, прэс-сакратар камісара Ферэра-Вальднэр. Правілы праекта патрабуюць ад кампаній, якія ўваходзяць у кансорцыум, выканання 55 % усіх прац. Гэта азначае, што толькі 45 % сумы, якая выдаткоўваецца на рэалізацыю ўсяго праекта, патрапіць да тых, хто будзе надаваць вяшчанне: RTVI і EBR.

www.bialorus.pl і www.rzeczpospolita.pl

P.S. Еўрапейская камісія вырашыла за грошы ЕЗ стварыць незалежнае радыё для Беларусі. Гэта права атрымаў міжнародны кансорцыум, у якім прынялі ўдзел фірмы з Германіі, Расіі, Польшчы і Літвы. Галоўную ролю ў рэалізацыі праекта будзе адыгрываць нямецкая медыйная суполка Media Consult. У склад кансорцыума ўваходзяць таксама такія медыя-цэнтры, як літоўскае радыё “Балтыйскія Хвалі”, расійскае тэлебачанне РТВ, ад польскага боку – “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Акрамя таго, у рэалізацыі дадзенага праекта будуць прымаць удзел няўрадавыя арганізацыі з Польшчы, Літвы і Чэхіі. Еўрапейская камісія выдзеліла на ажыццяўленне дадзенага праекта 2 мільёны еўра. Пасля першага адбору прэтэндэнтаў засталося чатыры: польскі кансорцыум, які ўтвораны ТВП і Польскім радыё Беласток, кансорцыум літоўскі, кансорцыум літоўска-беларускі і міжнародны, які і быў выбраны экспертамі з Еўрапейскай камісіі. Выбар экспертаў быў ухвалены дэпутатамі з Еўрапейскай камісіі. (Паводле wiadomosci.gazeta.pl).

***

Пасольства Беларусі ў Празе адмовілася выдаць сенатарам Карлу Шварцанбергу і Яраміру Шчэціну візы для наведвання Беларусі. Сенатары звярнуліся па візы пасля афіцыйнага ўхвалення паездкі Арганізацыйнай камісіяй Сената Парламента Чэшскай рэспублікі, перадалі пасольству фармуляры анкет і дыпламатычныя пашпарты.

Сенатары планавалі азнаёміцца з актуальнымі ўмовамі ў Беларусі ў той час, калі ўжо былі абвешчаны прэзідэнцкія выбары ў сакавіку 2006 г., ды планавалі сустрэцца з найбольш верагоднымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і друку. Сенатары безумоўна планавалі сустрэцца і з кандыдатам ад аб’яднанай беларускай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам.

У праграме іх паездкі была і дыскусія аб сяброўстве Чэшскай рэспублікі ў еўраатлантычных арганізацыях ды ўзаемаадносінах Еўрапейскага Звязу і Беларусі.

Беларускі цэнтр у Празе

***

Зніклі 300 тысяч экспанатаў музея гісторыі Мінска. Пераезд у новае памяшканне выявіўся фатальным. ЖРЭУ Ленінскага раёну папросту выставіла скрыні з калекцыямі на вуліцу. ЖЭС № 2 загадаў прыбраць іх з двара. Калекцыю папросту вывезлі на сметнік.

Археоляг Сяргей Тарасаў кажа: “Там была і кераміка, і калекцыя скураў ад ХІІІ ст., і драўляныя вырабы, і вялікая шкляная калекцыя, і прылады працы”. Мінская археалагічная калекцыя збіралася з 1948 г. да 2003 г. (заснаваў яе археолаг Васіль Тарасенка). Знаходкі павінны былі скласці аснову будучага Музея гісторыі Мінска, захоўваліся ў доме № 8 па вул. Кірылы і Мяфодзія. Як будынак паставілі на рамонт, калекцыя пераехала ў сутарэнні дома № 2 па вул. Рыбалкі, пра што была падпісаная дамова арэнды з ЖРЭУ Ленінскага раёна. На ўваходзе ў памяшканне была прымацаваная шыльдачка з пазнакай уладальніка – Інстытуту гісторыі. Пры канцы 2005 г. ЖРЭУ папярэдзіла навукоўцаў, што дом можа быць пастаўлены на капітальны рамонт, аднак пагадзілася пакінуць калекцыю і рамантаваць сутарэнні паэтапна. Навукоўцы працягвалі аплачваць арэнду. 8 лютага С.Тарасаў і ягоны калега Пятро Русаў прыехалі, каб дадаць вынікі летніх раскопак, і пабачылі, што ў арандаваных імі памяшканнях месцяцца майстэрні.

Аднавіць збор цяпер немагчыма. “Усё ляжала па скрынях, на кожным экспанаце было пазначана месца, час знаходкі, стаяў адмысловы шыфр. Цяпер па іх праехаўся бульдозер”, – канстатуе С.Тарасаў.

“Наша ніва”. 2006. 17 лют.

***

Новыя правілы для іншаземцаў, якія жадаюць наведаць Беларусь:

Замежныя госці, якія прыязджаюць у Беларусь, павінны зараз мець пры сабе пэўную колькасць грошай. Гэта адно з патрабаванняў, уведзеных “Правіламі знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Так, згодна з правіламі, іншаземцы, якія прыязджаюць у Беларусь на тэрмін не меншы за адзін месяц, павінны мець на кожны дзень знаходжання ў рэспубліцы суму, роўную прыкладна 14 доларам (1 базавая велічыня). Пражываць іншаземцы маюць права толькі па месцы рэгістрацыі. А зарэгістравацца яны павінны на працягу трох дзён з часу прыбыцця ў краіну.

Таксама ўвайшлі ў сілу новыя правілы транзіту іншаземцаў праз тэрыторыю Беларусі. Гэты дакумент абавязвае замежных гасцей праехаць па тэрыторыі Беларусі ў тэрмін, які не перабольшвае двух сутак. Пры гэтым на кожны дзень знаходжання яны павінны мець прыкладна па 68 долараў. Пераязджаючы рэспубліку на аўтатранспарце, іншаземцы могуць карыстацца выключна аўтатрасамі міжнароднай сувязі.

У новых правілах указваецца, што беларускі бок можа адмовіць іншаземцам ва ўездзе на тэрыторыю краіны. Паводле неафіцыйных дадзеных, у спісе непажаданых для Беларусі замежных гасцей лічыцца каля сарака тысяч чалавек.

Паводле ИТАР-ТАСС

***

Беларусаў стала на 49,9 тысячы чалавек менш, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. Па стане на 1 студзеня 2006 г. колькасць жыхароў нашай краіны склала 9 млн. 750,2 тыс. чалавек. За 11 месяцаў мінулага года ў Беларусі нарадзілася 82,8 тыс. дзяцей, што на 1,2 тыс. болей, чым за аналагічны перыяд 2004 г. У студзені–лістападзе памерла 129,9 тыс. чалавек, што на 1,9 тыс. болей. Лічба памерлых ў Мінску ў мінулым годзе павялічылася на 4 %, у Берасцейскай вобл. – на 2,6 %, Гомельскай – на 1,7 %, Мінскай і Магілёўскай абл. – на 1,3%, Гродзенскай – на 0,2 %. У Віцебскай вобласці дадзены паказчык знізіўся на 0,4 %.

Па выніках мінулага года Мінстат краіны адзначыў павелічэнне колькасці смярцей ад інфекцыйных і паразітарных хваробаў (на 11,2 %), хваробаў органаў дыхання (на 5,1), сістэмы кровазвароту (на 3,6). Пералічаныя захворванні сталі прычынай смерці 73,8 % усіх памерлых за дадзены перыяд, з іх хваробы сістэмы кровазвароту – 55,8 %. Лічба смяротных выпадкаў па прычынах, якія не звязаны з захворваннямі, павялічылася на 3,2 %.

Міграцыйны прырост насельніцтва, паводле звестак Мінстата, за 11 месяцаў 2005 г. знізіўся і склаў 1.417 чалавек.

Паводле дадзеных Мінстата

***

Органы юстыцыі адмовілі ў рэгістрацыі рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускае краязнаўчае таварыства”. Устаноўчы з’езд грамадскага аб’яднання прайшоў у Мінску 29—30 сакавіка мінулага года. На ім кіраўніком быў абраны паэт і перакладчык Анатоль Бутэвіч. Краязнаўцы спадзяваліся, што колішняя праца Бутэвіча ў дзяржаўных структурах (ён быў міністрам інфармацыі, дыпламатам) будзе садзейнічаць паспяховай легалізацыі Беларускага краязнаўчага таварыства, а пасля і атрыманню дзяржаўнай дапамогі. Аднак нядаўна стала вядома, што органы юстыцыі без тлумачэння прычынаў адмовілі ў рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню А.Бутэвіча.

www.belngo.info

***

4 лютага прэс-служба Ватыкана распаўсюдзіла спецыяльную заяву ў адказ на просьбы пракаментаваць публікацыю карыкатур на прарока Мухамеда некаторымі заходнімі выданнямі.

“Права на свабоду сумлення і слова, што гарантуецца Сусветнай дэкларацыяй правоў чалавека, не падразумявае правы на знявагу пачуццяў вернікаў. Відавочна, што гэты прынцып справядлівы ў адносінах да ўсіх рэлігіяў”, – гаворыцца ў заяве прэс-службы Ватыкана. “Падобныя формы варожае крытыкі ці абсмейвання іншых сведчаць аб адсутнасці тактычнасці і, у некаторых выпадках, могуць служыць недапушчальнай правакацыяй”, – адзначаецца ў дакуменце. “У той самы час неабходна адразу сказаць, што ў крыўдах, нанесеных прыватнай асобай ці друкаваным органам, нельга вінаваціць грамадскія інстытуты адпаведнай краіны, улады якой могуць і павінны неадкладна ўмяшацца, зыходзячы з заканадаўства”. “Таму прыкра бачыць гвалтоўныя акцыі пратэсту. Падобная рэакцыя перад абліччам нанесеных крыўдаў не можа адпавядаць сапраўднаму духу любой рэлігіі. Праява фізічнай або моўнай неталерантнасці не мае значэння: ці гэта само дзеянне ці рэакцыя на яго, хаваюць у сабе сур’ёзную пагрозу супакою”, – падкрэсліваецца ў заключэнні.

Каталіцкая Інфармацыйная служба “Agnuz”

***

Пратэстанцкаму пастару пагражаюць арыштам. Судовыя выканаўцы патрабуюць, каб пастар суполкі “Беларуская Евангельская царква” Эрнэст Сабіла заплаціў судовы падатак. Летась у жніўні суд зліквідаваў пратэстанцкую суполку. Судовы працэс ініцыяваў Мінгарвыканкам, але плаціць за гэта мусіць пастар зліквідаванай суполкі.

Эрнэст Сабіла абураны дзеяннямі судовых уладаў. Спачатку яму патэлефанавалі з суда Маскоўскага раёна і параілі тэрмінова заплаціць 127.500 рублёў. Спадару Сабілу патлумачылі, што ў іншым выпадку вылічаць гэтыя грошы з ягонай пенсіі. Сёння ён атрымаў ліст, у якім яго папярэдзілі, што прыедуць дахаты і апішуць маёмасць. Дарэчы, за гэтую працэдуру ён таксама мусіць заплаціць дзесяць мінімальных заробкаў. Апроч таго, сталага чалавека папярэдзілі, што могуць арыштаваць на 15 сутак.

Па словах пастара, нягледзячы на юрыдычную ліквідацыю суполкі, пратэстанты будуць ладзіць набажэнствы і маліцца. Эрнэста Сабілу ў 1951 г. за рэлігійныя перакананні суд прыгаварыў да расстрэлу, але потым за ягоны актыўны ўдзел у партызанскім руху замянілі расстрэл на 25 гадоў пазбаўлення волі. Палову гэтага тэрміну ён правёў у лагерах.

www.charter97.org

***

10 лютага 2006 г., Віктар Камянкоў, намеснік Вышэйшага гаспадарчага суда, на пытанне: ці чытаеце вы незалежную прэсу? — адказаў: “Няўжо яна яшчэ выходзіць?” – і шчыра падзівіўся такому “ненармальнаму” становішчу спраў, паведаміў “Беларускі партызан”.

У Віктара Камянкова пацікавіліся, ці не шкадуе ён аб тым, што дзякуючы намаганням, у тым ліку і гаспадарчых судоў Беларусі, шматлікія незалежныя выданні сёння не могуць друкавацца і распаўсюджвацца ў краіне. Старшыню ВГС запыталі таксама, ці чытае ён незалежную прэсу і дзе яе набывае, улічваючы фактычную забарону на яе распаўсюджанне. В.Камянкоў заявіў, што не шкадуе аб прынятых гаспадарчымі судамі рашэннях адносна лёсу незалежных СМІ. “Шкадаванне прывядзе да хаосу”, – канстатаваў ён.

“AFN”. 2006. 10 лют.

***

У межах перагаворнага працэсу па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) адбылася сустрэча Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Сяргея Алейніка з дырэктарам дэпартамента сакратарыята СГА па далучэнні новых краін Арыфам Хусейнам. У развіццё дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе візіту ў Рэспубліку Беларусь старшыні Генеральнага савета СГА Аміны Махамед (12—14 студзеня 2006 г.), беларускі бок перадаў у сакратарыят СГА падрабязную інфармацыю аб прымяненні ў Беларусі спецыяльнага права (“залатой акцыі”), аб сістэме мытнага кантролю, а таксама пераводзе на англійскую мову адпаведных нарматыўна-прававых актаў.

belarus21.by/gazeta

***

Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заканадаўства замацавала тэрмін будаўніцтва жылога дома, дачы. 7 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 87 “Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач”. Указ прадугледжвае пашырэнне кампетэнцыі мясцовых органаў улады па кантролі за правядзеннем такога будаўніцтва, устаноўкі адказнасці грамадзян за сканчэнне будаўніцтва жылога аб’екта.

Упершыню заканадаўствам замацаваны тэрмін будаўніцтва жылога дома, дачы. З улікам матэрыяльнага стану грамадзяніна тэрмін будаўніцтва можа быць працягнуты мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, але не больш чым на год. Пры атрыманні зямельных надзелаў у спадчыну, на якіх размешчаны незавершаныя, незакансерваваныя будынкі жылых дамоў, дач, іх будаўніцтва павінна быць завершана на працягу трох год з тэрміну атрымання сведчання на права спадчыны. Калі няма магчымасці завяршэння будаўніцтва ў зацверджаны тэрмін, грамадзяне павінны закансерваваць (але тэрмінам не больш чым на тры гады).

У выпадку невыканання ўласнікам прадпісання мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаныя забяспечыць правядзенне ацэнкі і падаць у суд заяўку на забіранне недабудаванага дома, дачы і зямельнага надзела. Забіранне гэтых дамоў, дач будзе праводзіцца праз выкуп альбо продаж з таргоў.

БелаПАН. 2006. 9 лют.

***

Нацыянальны банк Беларусі падрыхтаваў спецыяльнае тлумачэнне ў сувязі з унесенымі ў дэкрэт прэзідэнта ад 5 лютага 1997 г. № 1 змяненнямі, якія прадугледжваюць набыццё замежнай валюты фізічнымі асобамі без рэгістрацыі іх пашпартных дадзеных. Як паведаміла прэс-служба Нацбанка, паводле закону асабістаму кантролю падлягаюць фінансавыя аперацыі, сума кожнай з якой роўная альбо перавышае 2.000 базавых велічынь. Дадзеныя змены ўсталёўваюць фінансавы кантроль за валютна-абменнымі аперацыямі па разавай здзелцы.

БелаПАН. 2006. 10 лют.

***

4 лютага на Берасцейшчыне адзначылі 260-я ўгодкі з дня нараджэння славутага земляка – Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі, нацыянальнага героя Злучаных Штатаў Амерыкі і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі.

Ушанаваць памяць пра вялікага змагара за свабоду на ягонай радзіме сабраліся дыпламаты з розных краін, акрэдытаваныя ў Мінску, прадстаўнікі грамадскасці, сярод якіх пераважалі сябры дэмакратычных арганізацый і палітычных партый. Наведванню памятных мясцінаў, звязаных з імем Тадэвуша Касцюшкі, прысвяціў гэты дзень пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол.

Асноўныя ўрачыстасці адбыліся ў былым фальварку Мерачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне, дзе аднавілі сядзібу Касцюшкаў. Амерыканская дэлегацыя прывезла ў Мерачоўшчыну фрагменты фартыфікацыйных забудоў, што былі ўзведзеныя ў ЗША пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Гаспадарам музею амерыканскае пасольства падаравала таксама камп’ютарнае абсталяванне.

У сваю чаргу часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Аляксандр Васілеўскі паабяцаў, што польскі бок прыме удзел у праектаванні і пабудове помніка Тадэвушу Касцюшку ў мясцінах, дзе ён нарадзіўся. Што да беларускіх уладаў, дык яны запэўнілі прысутных, што неўзабаве сядзіба Касцюшкі разам з Косаўскім палацам, які збіраюцца аднаўляць, будзе прыцягваць у гэты рэгіён Берасцейшчыны ня толькі замежных турыстаў, але і інвестараў.

unija.info

***

Усе паланезы Агінскага ўпершыню сабраныя на адным дыску! 24 паланезы, напісаныя нашым вядомым земляком Міхаілам Клеафасам Агінскім, выдадзены на адным дыску! Упершыню ў свеце! Гэту падзею гісторыкі і знаўцы музыкі назвалі знакавай.

З часу нараджэння Міхаіла Клеафаса прайшло 240 год, але ягоная спадчына да гэтага тоіць шмат загадак. Вось і апошні, невядомы, паланез Агінскага быў знойдзены толькі некалькі год таму яго нашчадкам Іво Залужскім (ён, дарэчы, і выканаў на фартэпіяна ўсе кампазіцыі дыска) у адным з еўрапейскіх архіваў. Ініцыятарам выпуску CD з поўнай калекцыяй паланезаў Агінскага выступіла Нацыянальная камісія па справах ЮНЭСКА.

Выдаўцом дыску выступіла прыватная фірма, а выдаткі па яго выпуску ўзяў на сябе камерцыйны банк. Добра, што ў пачатку XXI стагоддзя можна зноўку казаць аб лепшых традыцыях мецэнацтва, закладзеных яшчэ 150 гадоў таму. Наступным праектам у гэтым спісе будзе дыск “Музыка дынастыі Агінскіх”, у які будуць унесены творы нашчадкаў кампазітара. І, канешне, музыка самога Міхаіла Клеафаса.

Паводле “СБ-Беларусь сегодня”

***

У Беларусі будзе ўласная антарктычная станцыя. Першая нацыянальная антарктычная экспедыцыя выляцела 6 лютага ў Кейптаўн. З порта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі на навуковым судне “Акадэмік Фёдараў” беларускія палярнікі накіруюцца да заснежаных берагоў Антарктыды. Першы пункт назначэння – станцыя Новалазараўская, затым яшчэ чатыры кропкі на карце заходняга ўзбярэжжа кантынента, дзе будуць праводзіцца работы па вывучэнні месца размяшчэння беларускай палярнай станцыі. На ўсё 12 дзён стацыянарных даследаванняў і вадалазных работ, 15 тысяч кіламетраў і больш як два месяцы марскога шляху.

belarus21.by/gazeta

ГІСТОРЫЯ ДЫЯСПАРЫ

Беларуская дыяспара ў Расіі

На рускай этнічнай тэрыторыі беларусы сяліліся як дабраахвотна, так і прымусова (пляненне падчас войнаў, ссылкі ўдзельнікаў паўстання XIX ст., рэпрэсіі XX ст., дэпартацыі).

Гістарычныя даследаванні пацвярджаюць пераважна прымусовы характар перасялення групаў беларускага насельніцтва ў Масковію ў XVI-XVII стст. У месцах “вадварэння” выхадцаў з ВКЛ ствараліся кампактныя пасяленні, як, напрыклад, Мяшчанская Слабада ў Маскве.

У этнічнай назве беларусаў, якія перасяліліся з этнічных беларускіх земляў у Масковію, адлюстроўваліся змены гістарычных рэаліяў. У шэрагу дакументаў пераселеныя беларусы ў Маскоўскай дзяржаве называліся “ліцьвінамі”, “ліцьвінамі-беларусцамі”. Пазней, пасля вуніі 1596 г., паступова распаўсюдзілася вызначэнне іх як “палякаў”, “польскіх людзей”. Разам з функцыянаваннем указаных этнонімаў у XVII ст. ужо часцей ужывалася этнанімічная форма “беларусец”, “беларусцы”.

У XVII ст. беларусы жылі ў некаторых губернях Еўрапейскай часткі Расіі. Беларускія пасяленні былі ў Курскай і Пензенскай губернях. Невялікая колькасць беларусаў пражывала таксама ў Арлоўскай і Калужскай губернях. У Ржэўскім ўездзе Твярской губерні беларусы складалі ў першую палову XVIII ст. каля 10 %. Асабліва заўважнай была колькасць беларусаў у Смаленскай губерні. Паводле гістарычных дадзеных у канцы XVIII ст., беларусы складалі там каля 53 % усяго насельніцтва губерні.

З канца XIX ст. пасля адмены прыгонніцкага права перамяшчэнне беларусаў з іх этнічнай тэрыторыі набывае масавы характар. Да канца XIX – пачатку XX ст. арэал рассялення беларусаў пашырыўся: ад суседніх з беларускімі губернямі Расіі да Сібіры і Дальняга Усходу. Добраахвотнаму сялянскаму перасяленню ў глыб краіны папярэднічала прымусовая высылка ў Сібір удзельнікаў паўстання 1830—1831 і 1863—1864 гг.

Перасяленні ў Сібір, якія пачаліся ў 1860-я гады, працягвалася да першай сусветнай вайны і пазней, пасля 1917 года. Беларусы добраахвотна перасяляліся ў Паволжжа, на Паўночны Каўказ, у Сярэднюю Азію і Сібір. У 1885–1914 гг., па няпоўных дадзеных, толькі ў Сібір з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў перасялілася каля 550 тыс. беларусаў. Гэта склала болей за 11 % агульнарасійскага перасяленцкага руху.

Матэрыялы перапісу насельніцтва 1917, 1920, 1926 гг. паказваюць няўстойлівую колькасць беларусаў на Смаленшчыне, Чарнігаўшчыне, Пскоўшчыне. Так, беларускае насельніцтва Пскоўшчыны (у межах 1926 г.) з 224.180 чалавек ў 1897 г. (221.859 беларусаў у Вяліжсім, Невельскім і Себежскім уездах і 2.321 – у старой Пскоўскай губерні) скарацілася па дадзеным перапісе 1926 г., да 34,3 тыс. чалавек, ці болей чым у 6,5 разу.

Прычыны гэтага маглі быць наступныя. З аднаго боку існавалі недакладнасці і памылкі ў ходзе самога перапісу, часамі выкліканыя палітычнымі ўстаноўкамі і поглядамі арганізатараў перапісу. З іншага боку, скарачэнне колькасці беларусаў было звязана з недакладнай іх ідэнтыфікацыяй у прымяжоўных раёнах і іх этнанімізацыяй (выкарыстаннем у якасці саманазвы не этноніма, а этнаканфесіёніма “праваслаўны – рускі”, у будучым – палітоніма “расійскі”) у спалучэнні з рэгіянальнымі назвамі. Пэўную ролю адыгрывалі таксама працэсы русіфікацыі, якія праходзілі паскорана на прымяжоўных тэрыторыях. Перапісы 1917, 1920 і 1926 гг. наглядна дэманструюць асноўныя прыкметы “пашпартнай” дээтнізацыі.

У 1926 г. у буйнейшых гарадах Расійскай Федэрацыі – у Маскве і Санкт-Пецярбургу (у якіх жыло беларусаў адпаведна 15 тыс. і каля 18 тыс.) меліся беларускія клубы, дзейнічалі беларускія секцыі творчых аб’яднанняў пісьменнікаў. Беларускія студэнты некаторых ВНУ Расіі аб’ядноўваліся ў нацыянальныя студэнцкія зямляцтвы. Нацыянальна-культурнае развіццё беларусаў ішло разам са стварэннем беларускіх сельскіх Саветаў. У 1924–1926 гг. у Сібіры быў створаны 71 беларускі сельсавет. У 1926 г. у Дальнеўсходнім краі існавала 26 беларускіх сельсаветаў. На Урале на 1 кастрычнік 1928 г. 11 сельсаветаў было беларускіх. Разам з развіццём сеткі нацыянальных сельсаветаў у месцах кампактнага пражывання беларусаў рабіліся спробы арганізацыі беларускіх нацыянальных раёнаў. Так, у першай палове 1930-х гадоў у складзе Уральскай вобласці існаваў Таборынскі нацыянальны беларускі раён. Разглядалася пытанне аб стварэнні беларускага нацыянальнага раёна на тэрыторыі Омскай акругі.

У 1920—1930-я гг. Адначасова з добраахвотным перасяленнем з тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася таксама і прымусовая высылка беларусаў на поўнач і ўсход краіны (пры раскулачванні і рэпрэсіях). У другой палове 1940-х пачатку 1960-х гг. адбывалася буйное перасяленне беларусаў (у парадку аргнабору) у Карэлію, Архангельскую вобл., Комі АССР, Казахстан і іншыя рэгіёны. У наступныя гады працягвалася і неарганізаваная міграцыя. Да 1959 года колькасць беларусаў у Расіі дасягнула 844 тыс. чалавек. У асобных раёнах, як напрыклад, Карэліі, адбылося шматкратнае яе павелічэнне, але пасля 1960 г. лічба беларускага насельніцтва пачала скарачацца. У цэлым у РСФСР колькасць беларусаў узрасла з 964 тыс. У 1970 г. да 1.206 тыс.

У 1989 г. найбольш буйныя пасяленні беларусаў былі зафіксаваныя ў Еўрапейскай часцы РСФСР – у Маскве (73 тыс.) і Маскоўскай вобл. (56,5 тыс.), у Санкт-Пецярбургу (93 тыс.) і Ленінградскай вобл. (33,7 тыс.), у Калінінградскай вобл. (73,9 тыс.), у Карэліі (55,5 тыс.), у Комі (26,7 тыс.); у паўночных абласцях – Мурманскай (38,8 тыс.), Архангельскай (19,9 тыс.); у паўднёвых – Краснадарскім краі (37,4 тыс.), Растоўскай вобл. (38,0 тыс.); у абласцях даўніх перасяленняў беларусаў – Смаленскай (28,9 тыс.), Пскоўскай (12,5 тыс.), Бранскай (11,3 тыс.). Расселены беларусы былі і на Урале – у Свярдлоўскай (28,9 тыс), Чэлябінскай (29,1 тыс.), Пермскай абл., а таксама ў Сібіры і на Дальнім Усходзе. Гарадское насельніцтва сярод беларусаў складае 79,9 %.

Неабходна адзначыць, што, пачынаючы з другой паловы 1980-х г. актывізавалася беларуская грамадска-культурная дзейнасць за межамі БССР. Пачалі ўзнікаць беларускія асяродкі і суполкі, напрыклад, у Маскве, Санкт-Пецярбургу і Навасібірску былі заснаваныя аддзяленні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Паводле кнігі “Белорусы”. М., 1998

 

 

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by