МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№04(№52)
красавік
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВЯЛІКДЗЕНЬ

Са зварота айца А.Надсана
“Вялікдзень – свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго тварэння ў Хрысце Ісусе... Нядаўна ў Беларусі адбываліся падзеі, пра якія загаварыў увесь свет, калі сотні беларусаў, пераважна юнакоў і дзяўчат, апынуліся ў вязьніцы за тое, што жадалі лепшае долі для свайго народу. Мяне ўразілі словы адной маладой пацярпелай, якая на пытанне карэспандэнта як яна сябе адчувала ў турэмнай камеры, адказала: "Мы адчувалі сябе свабоднымі". Мне здаецца, што ў сваім разуменьні свабоды яна вельмі блізка падышла да разумення сутнасці Вялікадня. Дык вось такога разумення свабоды, што ідзе ў пары з духоўным разняволеннем, хочацца пажадаць усім нам у гэты радасны дзень уваскрасення Хрыстовага. Хрыстос уваскрос!”

Айцец Аляксандар Надсан.
Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (Лондан, Англія)

Са звароту святара Яна Майсейчыка
“…Ад шчырага сэрца зычу Вам, каб аблічча ўваскрослага Госпада было заўсёды зьвернута да Вас, Вашых родных і блізкіх, і каб Ён ва ўсе дні Вашага жыцця ўмацоўваў Вас у добрым здароўі, дабрабыце і хрысціянскай любові.
Боская Ласка ўваскрослага Госпада Хрыста, Ягонага вечнага Айца і жыцьцядайнага Сьвятога Духа з Вамі.”
святар Ян Майсейчык,
пробашч беларускай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага
(Антверпен, Бельгія)
Служба ў Антверпене
У Дзен Святой Пасхі ў грэка-каталіцкай беларускай парафіі Уваскрасення Хрыстова г. Антверпена ўзгадвалі зніклых і зняволенных. Службу вёў святар Ян Майсейчык.

Ігар Лазарчук

Юбілей Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы

Iвонка Сурвілла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. З 1944 году – у эміграцыі. Скончыла вышэйшую Мастацкую Школу ў Парыжы, пазней – лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага Універсітэту (1959). У 1958-1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі Іспанскага Нацыянальнага Радыё. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Федэральным урадзе Канады. Старшыня Рады БНР з 1997 году.

Віншаванне ад МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паважаная спадарыня Івонка Сурвілла! Ад імя МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас з Юбілеем! Дазвольце нам з нагоды урачыстай даты пажадаць Вам добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і натхнення на далейшую грамадска-палітычную і творчую дзейнасць! Шчыры і нізкі Вам паклон! Жыве Беларусь!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншаванне Івонцы Сурвілле з Украіны
Паважаная спадарыня Івонка! Віншуем Вас з юбілеем!Жадаем здароў’я, поспехаў у грамадскай дзейнасці, якой Вы увасабляеце Свабодную Беларусь! Мір Вашаму дому! Дабрабыту Вашым родным і блізкім! Жыве Беларусь!

Валер Барташ,
старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў
імя М.Багдановіча “Пагоня”

ВАКОЛ ПАДЗЕІ

Указ № 213
Указам № 213 (10 красавіка 2006 г.) Прэзідэнт А.Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Ф.Скарыны кіраўніка Маскоўскага тэатра “Русская песня” Надзею Бабкіну і артыста Марыйскага тэатра Мікалая Баскава.
Культура. 2006. 15-21 крас.

Вільня. Супраць знявагі ордэна імя Ф.Скарыны
Ля мемарыяльнай скарынаўскай дошкі ў Вільні прайшла акцыя, удзельнікі якой выказалі нязгоду з дэвальвацыяй адной з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Беларусі. А.Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Скарыны артыстаў, якія бралі ўдзел у яго агітацыйнай кампаніі, у тым ліку Надзею Бабкіну, Мікалая Баскава з Расіі і Мікалая Гнацюка з Украіны. Між тым ордэн Скарыны быў заснаваны як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Беларусі, якая прысвойваецца за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.

Скарына у сталіцы ВКЛ меў падтрымку віленскага купецтва і мяшчанства, у тым ліку і свайго брата Івана. Скарынава друкарня была абсталяваная ў доме бурмістра Якуба Бабіча. Якраз у гэтых памятных мясцінах і сабраліся Віленскія беларусы.

Паводле радыё “Свабода”

Прага. “Ордэны Скарыны – героям Беларусі!”

Ля помніка Францішку Скарыну ў Празе прайшла акцыя. Пражскія беларусы разам з дзецьмі надзелі белыя майкі з чырвонымі літарамі, якія склалі лозунг: “Ордэны Скарыны – героям Беларусі!”. Перад гэтым людзі згадвалі сваіх мужных землякоў, якія ў цэнтры Мінску начавалі ў палатках на марозе. Як патлумачылі ўдзельнікі акцыі, яны хочуць звярнуць увагу на тых, каму сапраўды належаць адзнакі дзяржаўнай пашаны. На іх думку, пачатак новага адраджэння заклаў чын людзей, што выйшлі на плошчу адстойваць справядлівасць і свабоду ў Беларусі. Заслугі перад Лукашэнкам заезджых артыстаў-агітатараў не ідуць з гэтым ні ў якае параўнанне. Да таго ж гэтая нядзеля прыпала на 16-ы дзень месяца – дзень салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю.

Сам помнік Скарыну ўсталяваны непадалёк ад садоў Пражскага граду, дзе Скарына служыў каралеўскім батанікам. А ў дворыку Славянскай бібліятэкі наведнікаў сустракае скарынаўская памятная шыльда. У Празе, як вядома, у 1517-м годзе выйшла Скарынава “Біблія”. Дзесяць гадоў таму ў Чэхіі ўзнікла зямляцкая суполка беларусаў, якая абрала сабе назву “Скарына” – менавіта яе сябры правялі нядзельную акцыю.

Паводле радыё “Свабода”

ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ

Парыж. Пікет на плошчы Бастыліі
Акцыя салідарнасці з Беларуссю прайшла 16 красавіка ў Парыжы. Актывісты грамадскай арганізацыі “Парыж-Мінск” выйшлі на плошчу Бастыліі з бела-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі. Удзельнікі акцыі прымацавалі да вопраткі таблічкі, стылізаваныя пад асабістыя нумары зняволеных. Такім чынам пікетчыкі хацелі звярнуць увагу на існаванне ў Беларусі палітычных зняволеных.

Пасля акцыі было прынятае рашэнне пачаць збор подпісаў французскіх палітыкаў пад адкрытым лістом з патрабаваннем перапыніць рэпрэсіі супраць грамадзянская супольнасці Беларусі.

www.charter97.org

Талін. Масавая акцыя

В Таліне прайшла масавая акцыя ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі

16 красавіка ў талінскім парку Таммсааре сабралася 500 чалавек, каб выказаць сваю салідарнасць са змагарамі за дэмакратыю ў Беларусі. Імпрэзе папярэднічаў збор подпісаў у інтэрнэце пад зваротам, які заклікаў падтрымаць навучанне ў Эстоніі студэнтаў з Беларусі, якіх па палітычных матывах выключылі з ВНУ і інш. Свае подпісы пад зваротам на сайце (valgevene.city.ee) паставілі больш за 600 грамадзян Эстоніі, сярод якіх ёсць вядомыя палітыкі і знакамітыя ў Эстоніі людзі. Падчас акцыі было сабрана яшчэ 200 подпісаў.

Ініцыятарамі стварэння сайта і правядзення акцыі салідарнасці з’яўляюцца эстонцы, якія былі назіральнікамі на беларускіх выбарах. Да назіральнікаў далучыліся грамадскія аб’яднанні і маладзёжныя арганізацыі парламенцкіх партый. На акцыі салідарнасці выступілі дэпутаты парламента. У межах мерапрыемства прайшла таксама фотавыстава і адбыўся паказ фільмаў аб падзеях у Беларусі. Урад Эстоніі на сваёй нарадзе вырашыў даць магчымасць навучання ў эстонскіх універсітэтах студэнтам з Беларусі, якіх выключылі з ВНУ па палітычным матывах.

Паводле www.charter97.org

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Пасяджэння Малой Рады
18 красавіка адбылося пасяджэння Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, дзе разглядаліся справаздача аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (01.11.04-31.12.05), фінансавая справаздача за 2005 г., план працы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на 2006 г., а таксама аб звароце да кіраўніцтва тэлеканала Euronews і інш. Пытанні.

Гісторыкам Генадзем Сагановічам было ўзнята пытанне пра стан музея Луцкевіча ў Вільні. Старшыня ТБМ Алег Трусаў паведаміў, што падтрымка ідэі стварэння музея Луцкевіча зыходзіць ад парламенцкай камісіі пры Парламенце Літвы, але галоўная справа за Урадам, які пакуль не выказвае ініцыятывы падтрымаць дадзены праект. Кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін дадаў, што літоўскі бок выказаў згоду адкрыць музей, калі з Беларусі будуць прадстаўлены мастацкія экспанаты. На жаль, справа далей не пайшла.

Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская прапанавала правесці мерапрыемства ў жніўні гэтага года, якое прысвечана юбілеям сп. Я.Запрудніка і а. А.Надсана. Аляксей Марачкін паведаміў, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” далучаецца да выдання альбома Я.Куліка, палова сродкаў ужо сабрана, акрамя таго ёсць камісія, якая збіраецца сабраць астатнія сродкі. Генадзь Сагановіч удакладніў пытанне наконт таго, што прадугледжана Статутам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – збор складак ці ахвяраванняў.

А.Сідаровіч,
сакратар пасяджэння

Справаздача аб дзейнасці ў 2006 г.

А.Макоўская пазнаёміла прысутных з інфармацыяй аб бягучай дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. У выніку актыўнай дзейнасці толькі за 3 месячы гэтага году была зроблена вельмі шмат. Напрыклад, працягвае ўдасканальвацца сайт арганізацыі, у сакавіку выдадзены кнігі “Каханы горад” (зборнік ваеннай прозы беларускай эміграцыі), “Летапісны звод сусьвету чалавека сьведамага” (гісторыя газет “Бацькаўшчына” і “Беларус”), “Беларускае літаратурнае вымаўленне” А.Каляды. Да выдання рыхтуюцца ўспаміны Барыса Рагулі, альбом “Беларусь вачыма дзяцей” (паводле прац пераможцаў конкурсаў “Бацькаўшчыны”). Ідуць перамовы аб выданні драм Юхнаўца, кнігі журналіста А. Адзінца з інтэрв’ю з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, складаецца зборнік па рэлігійным жыцці беларускай эміграцыі, працягваецца праца над выданнем Чытанкі для дзяцей. Ідуць перамовы аб выданні зборніка з працоўнай назвай “Беларуская дзяржаўнасць” пра гісторыю БНР, а таксама выдання зборніка драматургіі беларускай эміграцыі.

За справаздачны перыяд “Бацькаўшчына” аказала арганізацыйнае спрыянне стварэнню Ініцыятыўнай групы па вырабу Звона Свабоды, і фінансавае спрыянне гэтай годнай справе. Ідзе арганізацыйная праца па стварэнні рэгіянальных суполак у Беларусі. На пачатку года быў абвешчаны конкурс “Радзіма малая і вялікая”, на сённяшні дзень атрымана больш за 150 прац. Была складзена і перададзена ў Чэхію бібліятэчка кніг для адной з суполак. Плануецца перадача кнігі “Беларускае літаратурнае вымаўленне” ў асяродкі беларускай дыяспары, дзе ёсць школы і курсы беларускай мовы.

“Бацькаўшчына” звярнулася да Епіскапа Савы (Варшава) з прапановай прадставіць беларускамоўную літаратуру для нядзельных школак на Беласточчыне. Падрыхтавана рэцэнзія на Прапановы кафедры міжнародных адносін БДУ па дзяржаўнай палітыцы ў галіне супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. Накіраваны 2 звароты у адміністрацыю Прэзідэнта і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з прыняццем новых правіл паступлення у ВНУ, у якіх фактычна скасоўваецца права беларускай дыяспары атрымліваць адукацыю па-за конкурсам. У студзені адбылася гутарка з кіраўніком нацыянальнага цэнтру законатворчай дзейнасці пры Прэзідэнце наконт прыняцця закону “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”. У лютым адбылася сустрэча з кіраўніком дзяржаўнага камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Дасягнуты дамоўленасць пра тое, што “Бацькаўшчыну” запросяць да абмеркавання законапраекта.

У студзені балі зроблены захады па стварэнні аб’яднання беларускай дыяспары ў Кіеве. У лютым адбылася паездка ў Кіеў на сустрэчу з таварыствам “Украіна – Сьвіт”. Дамовіліся пра супрацоўніцтва і падпісанне адпаведнай дамовы. У лютым прайшлі перамовы з французскай амбасадай наконт перадачы архіва Міхася Наўмовіча ў Беларусь.

Прынята заява ў падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі. “Бацькаўшчына” сумесна з суполкамі беларускай дыяспары працуе над ідэяй правядзення Канферэнцыі беларускай нацыянальнай меншасці Еўразвязу. Папярэдне, плануецца, што канферэнцыя пройдзе ў верасні гэтага году. З гэтай нагоды адбыўся шэраг сустрэч з кіраўнікамі беларускіх арганізацый у Літве і Польшчы. Адбылася сустрэча з прадстаўніком сойму Польшчы Робертам Тышкевічам з Беластоку, прадстаўніком Сойму Літвы Вацлавам Станкевічам. У другой палове лютага адбылася паездка ў Бельгію. Мэтай паездкі была наладжванне супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай Бельгіі, а таксама сустрэча з Еўрадэпутатамі.

“Бацькаўшчына” пачала ствараць электронную бібліятэку на сайце арганізацыі, у якую на працягу года ўвойдуць каля 400 найменняў кніг. Разам з беларускім студэнцкім этнаграфічным таварыствам ідзе падрыхтоўка да правядзення круглага стала і семінара з шведскімі партнёрамі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Электронная бібліятэка “Бацькаўшчыны”
Шаноўныя сябры, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” актывізуе працу па стварэнні электроннай бібліятэкі, прысвечанай беларускай дыяспары. Плануецца, што ў бібліятэку, размешчаную на сайце Згуртавання, увойдуць творы і публікацыі, якія былі выдадзеныя як у Беларусі, так і па-за яе межамі і датычыліся беларускай дыяспары, акрамя таго любога роду літаратура, што выдавалася асобнымі дзеячамі беларускага замежжа ці суполкамі.

Наша аб'яднанне цягам сваёй дзейнасці ўжо займалася стварэннем бібліятэкі і архіву беларускай дыяспары. Але, на жаль, сённяшнія ўмовы памяшкання не з’яўляюцца спрыяльнымі для таго, каб забяспечыць публічны доступ да ўсіх кніг, прэсы і архіўных матэрыялаў.

Справа стварэння бібліятэкі ў электронным выглядзе з'яўляецца надзвычай важнай і неабходнай не толькі для даследчыкаў і навукоўцаў, але і для ўсіх беларусаў, якія пражываюць як на Радзіме, так і па-за яе межамі. Пры гэтым маецца на мэце не толькі захаванне багатай і разнастайнай інтэлектуальнай і мастацкай спадчыны, якая стваралася і назапашвалася беларускай дыяспарай на працягу доўгага перыяду, але і адкрыццё свабоднага, максімальна шырокага доступу да літаратурна-мастацкіх і навуковых каштоўнасцяў, створаных нашымі суайчыннікамі за мяжой.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца да суполак беларускай дыяспары, а таксама ўсіх, хто можа дапамагчы Згуртаванню ў гэтай справе: 1) прадаставіць матэрыялы, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары, а менавіта: мастацкую, навукова-даследчую літаратуру, газеты ды часопісы, асобныя публікацыі любога перыяду, якія выдаваліся беларускімі суполкамі ды дзеячамі за мяжой; 2) даслаць электронныя варыянты азначанай літаратуры . Пры неабходнасці, перададзеныя для працы кнігі могуць быць вернуты ўладальніку.

Дасланая літаратура не толькі ўвойдзе ў электронную версію бібліятэкі, але і папоўніць фонд фізічнай бібліятэкі і архіву, які фармуе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Дзякуем за дапамогу і супрацоўніцтва!
Наш адрас:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Рэспубліка Беларусь 220030 г.Мінск
вул. Рэвалюцыйная 15
Тэл.: + 375 17 289 31 94
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беларускае літаратурнае вымаўленне
Па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдадзена навукова-папулярная праца – Практыкум па дыкцыі “Беларускае літаратурнае вымаўленне”. Аўтар кнігі – вядомы беларускі педагог, спецыяліст ў галіне навучання выразнаму чытанню, прафесар кафедры сцэнічнай мовы Акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. У кнізе зацікаўлены чытач знойдзе звесткі пра асаблівасць літаратурнага вымаўлення, артыкуляцыю галосных і зычных гукаў беларускай мовы. Для апрацоўкі дыкцыйнай выразнасці і практычнага засваення нормаў беларускага літаратурнага вымаўлення ў дапаможніку змешчаны прыказкі, прымаўкі, чыстагаворкі, скорагаворкі, асобныя строфы з вершаў беларускіх паэтаў.

Кніга адрасавана для студэнтаў, выкладчыкаў беларускай мовы і ўсіх, хто хоча самастойна вывучыць і засвоіць арфаэпісныя нормы беларускай мовы. Гэтае выданне будзе надзвычай карысна для беларускіх школ як у Беларусі, так і ў асяродках беларускай дыяспары. Адукацыйная вартасць кнігі прадвызначыла цікавасць і попыт на яе. Для замаўлення практыкуму можна звяртацца на офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:
Тэл.: + (375) 17 289-31-94
Эл. Пошта: zbsb@lingvo.minsk.by
Альбо на сайт: zbsb.org
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Таронта-Атава-Манрэаль, Канады
Сябры Згуртавання беларусаў Канады і сябры Згуртавання беларусаў у Квебэку арганізавалі на пачатку красавіка пратэсты супраць падтрымкі Расіяй уладаў Беларусі. Пікеты прайшлі ля расійскага кансулату ў Таронта, ля пасольства Расіі ў Канадзе ў Атаве і на плошчы ля гарадской управы Манрэаля.

Паводле радыё “Свабода”

Даўгаўпілс-Вісагінас, Латвія-Літва
Вясну Беларускае таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс, Латвія) пачало не толькі “Гуканнем вясны”, але і чарговым выездам да нашых сяброў у літоўскі горад Вісагінас, дзе паспяхова і плённа працуе беларускі Цэнтр культуры “Крок”. Творчыя калектывы беларускага Цэнтра культуры Даўгаўпілса (“Купалінка”, “Ластаўкі”, саліст Павел Прозар, ансамбль акардэаністаў) спявалі беларускія песні для сваіх суайчыннікаў у гэтым літоўскім горадзе, дзе таксама як і ў Даўгаўпілсе 10% насельніцтва складаюць беларусы. Канцэрт праходзіў у атмасферы цеплыні і доўжыўся амаль дзве гадзіны. Пад час гэтай вечарыны было праведзена таксама і сумеснае пасяджэнне рады двух таварыстваў. Складзена дамоўленасць на правядзенне агульных мерапрыемстваў на літоўска-латышскім памежжы.

Плённае супрацоўніцтва на ніве развіцця беларускай культуры і асветніцтва ў Прыбалтыцы дае свае вынікі. Ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго. І мэта ў гэтых таварыстваў адна – актыўна інтэгравацца, мець гонар лічыць сябе беларусамі, якія маюць вялікую культуру і гісторыю.

Даўгаўпілскія беларусы вельмі ўдзячны сябрам-“крокаўцам” за цёплы прыём, за іх шчырасць і сардэчнасць, за гасціннасць, за ўсё тое, што нас аб’ядноўвае.

Таццяна Бучэль

Вільня, Літва
7 красавіка адбыўся пікет перад амбасадай Беларусі. У якім удзельнічала звыш 20 чалавек, галоўным чынам студэнты ЕГУ. Было шмат плакатаў, сцягоў і свечак. Пікет суправаджаўся лозунгамі супраць трэцяга тэрміну прэзідэнта Лукашэнкі, у падтрымку палітзняволеных, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Пікет доўжыўся дзве гадзіны, на працягу гэтага часу яго здымалі рэпарцёры тэлеканала “Euronews”.

Хвёдар Нюнька,
Старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы

Віленскі край, Літва
На радзіме Францішка Багушэвіча з’явіўся крыж ў гонар паэта. Усё было зроблена стараннямі суполкі Таварыства Беларускай Мовы Віленскага раёна ў Літве. У фальварку Свіраны (Віленскі раён) усталяваны металёвы крыж з надпісам па-беларуску на лацінцы “У гонар Францішка Багушэвіча”. Крыж – побач з хатай, на якой цяпер знаходзіцца памятная шыльда ў гонар бацькі беларускай паэзіі. На шыльдзе надпіс таксама на беларускай лацінцы, а над ёй умацаваны бела-чырвона-белы сцяг з выявай Хрыста.

Гэта тая самая шыльда ў гонар Багушэвіча, якая была ўрачыста ўмацаваная год таму, 6 красавіка, на хаце Філіповіч-Ранцавене ў фальварку Свіраны. Побач быў умацаваны бела-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі месяцаў шыльда была знятая па распараджэнню мясцовых уладаў. Тагачасны мэр Віленскага раёну, сп-ня Л.Янушаўскене, загадала зняць найперш сцяг. Пра гэта стала вядома дзякуючы здымачнай групе беларускай праграмы “Віленскі сшытак” на Літоўскім ТВ – яны выявілі знікненне і зрабілі дослед.

Цяпер, калі ТБМ усталявала крыж, шыльду з новым сцягам ўмацавалі ізноў. Шыльда ўжо на іншай хаце – насупраць той, дзе была раней. І гаспадыня гэтай хаты настроеная вельмі рашуча на абарону і крыжа, і шыльды, і бела-чырвона-белага сцяга.

www.vilnia.com

Нараўка, Польшча
12 красавіка ў Нараўцы адбыўся фінал дэкламатарскага конкурса “Роднае слова”, у якім прынялі ўдзел больш за 100 прадстаўнікоў школ з вывучэннем беларускай мовы з Беласточчыны. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі адзела адукацыі, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, бацькі. Консул Генконсульства зачытаў віншавальны ліст да арганізатараў і вучняў школ ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, у якім была выказана падзяка арганізатарам і ўдзельнікам конкурса за сістэматычную працу дзеля захавання і развіцця беларускай мовы і культуры ў Польшчы і ўручыў каштоўныя падарункі пераможцам.

“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча”

Іркуцк, Расія
Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага (ІТБК) ужо 10 год актыўна развівае такі накірунак як – Адраджэнне старажытных традыцыйных Беларускіх абрадавых свят. Вось і зараз актывісты ІТБК (фальклорны ансамбль “Ленушка”, ансамбль “Пралескі”, Маладзёвы клуб “Крывічы”) арганізавалі 8 красавіка правядзенне абрадавага свята “Гуканне Вясны” ў вёсцы Філіпаўск Зімінскага раёна. Гэтая вёска была заснавана каля 100 гадоў таму беларускімі перасяленцамі падчас Сталыпінскай рэформы. У наш час насельніцтва вёскі захоўвае той жа нацыянальны каларыт, што і падчас заснавання вёскі.

Мэта гэтага свята заключана не толькі ў тым, каб паказаць моладзі вёскі і суседніх населеных пунктаў само абрадавае свята, але і ў тым, каб прыцягнуць беларусаў да узнаўлення забытых традыцый і перадачы нацыянальнага гістарычнага вопыту сваім нашчадкам.

Паводле прэс-сакратара ТБК Алены Мамантавай

Кіеў, Украіна
Адбылася чарговая акцыя пратэсту перад амбасадай Беларусі ў Кіеве, якая была арганізавана ініцыятывай “Свабода без межаў”, актывістамі, музыкантамі, украінскай рэдакцыяй “Індымедыя”. Асноўнай падзеяй стала распаўсюджанне соцень улётак, а разам з імі інфармацыйных матэрыялаў і лістовак “Індымедыі-Беларусь”.

community.livejournal.com

Львоў, Украіна
Адбылася прэс-канферэнцыя ВА “Свабода” і ГА “Беларуская нацыянальная грамада Львову”. Старшыня Львоўскай гарадской арганізацыі ВА “Свабода” В.Паўлюк падкрэсліў, што Беларускі народ пазбавіўся страху і ва ўмовах рэпрэсій і ціску выйшаў на свой, беларускі, Майдан. ВА “Свабода” будзе заўсёды верна лозунгу АЎН “Свабоду народам! Свабоду чалавеку!” і выказвае сваю падтрымку Вольнай Беларусі.

www.tiahnybok.info

Прага, Чэхія
Каля беларускай амбасады ў Празе адбылася акцыя “Чорная метка” супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і ў знак салідарнасці з пацярпелымі ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе павязалі чорныя стужкі на агароджу беларускай амбасады і наклеілі на сцены наклейкі з “чорнай меткай” – дакладнай копіяй сцівенсаўскай, у “Востраве скарбаў”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прага, Чэхія
Па запрашэнні суполкі “Скарына” ў Чэхіі (старшыня І.Паўловіч) з канцэртам Прагу наведаў вядомы беларускі рок-гурт “Нейрадзюбель”, які даў канцэрт з нагоды 88-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Канцэрт доўжыўся больш за дзве гадзіны. Легенды беларускага року сабралі больш за 100 беларусаў, чэхаў і ўкраінцаў – уцекачоў, бізнесоўцаў, студэнтаў. Луналі бела-чырвона-белыя сцягі. Паводле слоў прысутных — шмат гадоў Прага не бачыла такога свята беларускай музыкі.

Андрэй Рамашэўскі

Euronews

Расійская служба Euronews і раней спрабавала сябе ў змяшчэнні акцэнтаў “адаптуючы” міжнародныя навіны для “патрэбаў” Расіі. Тлумачэнняў гэтаму шмат, і абвінавачванне ў непрафесійнасці сярод іх самае мяккае. Аднак прыклад з паведамленнем аб інагурацыі Лукашэнкі даволі паказальны. Ён указвае на пералом, які адбыўся ў рэдакцыйнай палітыкі той часткі паважанага пан-еўрапейскага тэлеканала, кантроль над якой мае Расія.

Кантроль гэты, не гледзячы на той факт, што Усерасійская Дзяржтэлекампанія з 2004 года валодае 16% акцый Euronews, больш падобны на перацягванне пры картачнай гульне. Валодаць акцыямі тэлеканала гэта адно, а распаўсюджваць ад яго імя ілжывую інфармацыю — зусім іншае.

Праяўлення несумленнасці, як нітачкі, цягнуцца да заказчыка дэзінфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі – Усерасійскай Дзяржтэлерадыёкампаніі (УДТРК). Флагман УДТРК, тэлеканал “Расія”, яўна і цынічна спекулюе на жыццёва важных для беларускага грамадства тэмах, і асабліва ў паліванні брудам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. Тэлеканал “Расія” ужо больш 10 год называе ў сваім эфіры Беларусь “Белоруссией”. У эфіры вялікага дзяржаўнага каналу гэта “недакладнасць” мае толькі адзін сапраўдны сэнс – публічна адмаўляецца самастойнасць і права на самавылучэнне суверэннай дзяржавы. Гэта не выпадковая агаворка, гэта палітыка. З нядаўняга часу гэтым пачаў займацца і расійскі эфір Euronews.

У Расіі тэлеканал Euronews карыстаецца рэпутацыяй непрадузятай крыніцы навінаў. Навіны аб тым, што адбываецца ў самой Расіі, а так сама ў Беларусі альбо Украіне, успрымаюцца гледачамі як погляд незалежных ад расійскай палітыкі СМІ краін Еўрасаюза.

www.ciwr.org

Зварот Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да кіраўніцтва тэлеканала Еuronews

Шаноўнае спадарства! Як вам вядома, на працягу 12 гадоў у Беларусі ўсё больш абмяжоўваецца распаўсюджанне незалежнай інфармацыі. Не толькі беларускія, але і расійскія тэлеканалы працуюць у рэчышчы ідэалогіі сённяшняй беларускай улады. У адрозненне ад іх, канал Euronews заваяваў павагу і аўтарытэт як крыніца непрадузятай інфармацыі. Euronews на працягу апошніх гадоў для многіх жыхароў Беларусі быў “каналам пастаяннага ўключэння” – кругласутачнага аператыўнага інфармавання. Выпускі навінаў Euronews для многіх беларусаў былі адзінай крыніцай высокапрафесійнай аб’ектыўнай інфармацыі.

Аднак на працягу зімы—вясны 2006 г. сітуацыя з асвятленнем беларускіх падзей па Euronews рэзка змянілася. Тэксты навінаў, якія рыхтуе руская рэдакцыя Вашага канала, пачалі кардынальным чынам адаптавацца да ідэалагічнай палітыкі, якую ва ўсходняй Еўропе праводзіць урад Расійскай Федэрацыі. Шматлікія факты неадпаведнасці, а часам і кардынальнага адрознення ракурсу асвятлення падзеяў рускай рэдакцыяй ўжо выклікалі шырокае абурэнне сярод беларускай грамадскасці, а таксама сярод журналісцкіх колаў Беларусі, якія ў Euronews заўсёды бачылі саюзніка ў змаганні за свабоду слова.

Абурэнне выклікаюць дзве тэндэнцыі ў працы рускай рэдакцыі Euronews:

– сэнсавая неадпаведнасць англійскага і рускага тэкстаў навінаў (падача навінаў з Беларусі ў святле расійскай інтэграцыйнай палітыкі);

– перыядычнае называнне нашай краіны “Белоруссіей” (моўны алагізм часоў СССР, які азначае залежнае/падпарадкаванае становішча Беларусі ад Расіі). Ужываецца выключна Расіяй.

Але найбольшую хвалю пратэсту выклікалі рэпартажы Euronews 8 красавіка аб інаўгурацыі Александра Лукашэнкі. Відэарад сюжэтаў рускай і англійскай рэдакцый быў аднолькавы, але каментар да іх адрозніваўся кардынальна. Калі раней прафесіяналізм журналістаў расійскай службы Euronews ставіўся пад сумненне з-за іх няўпэўненага валодання рускай мовай (некарэктны пераклад навін і назваў), то зараз – з-за сэнсавага адрознення – сумненню падлягае маральнае права займацца журналістыкай супрацоўнікам рускай рэдакцыі..

У выніку такіх тэндэнцый і падзей канал Euronews імкліва страчвае рэйтынг сярод найбольш адукаванай і актыўнай часткі грамадства Беларусі. А менавіта гэтыя колы беларускай грамадскасці з’яўляюцца паслядоўнымі і адданымі праваднікамі дэмакратычных каштоўнасцяў і агульнаеўрапейскай геапалітычнай ідэі.

Малая Рада (кіруючы орган) Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” звяртаецца з просьбай разгледзець дзейнасць рускай рэдакцыі Euronews у сферы падачы інфармацыі адносна Беларусі і карэктнага ўжывання афіцыйнай назвы нашай краіны – Рэспубліка Беларусь ці Беларусь.

Малая Рада МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

АБ’ЯВЫ

ВНУ Еўропы
Урады Аўстрыі, Славакіі, Латвіі, Эстоніі, Францыі далучыліся да ранейшых прапановаў Польшчы па дапамозе ва ўладкаванні на вучобу студэнтаў, адлічаных з беларускіх ВНУ за палітычныя погляды. Урады гэтых краінаў гатовы стварыць умовы для працягу навучання беларускіх студэнтаў.

На сённяшні момант з беларускіх ВНУ адлічаны 20 студэнтаў, многім іншым пагражаюць, што яны не здадуць сесію.

www.charter97.org

Увазе студэнтаў, выключаных з ВНУ
Вядзецца збор інфармацыі пра студэнтаў ВНУ, каледжаў, тэхнікумаў, ПТВ, што зазналі пераслед (былі арыштаваныя, збітыя, адлічаныя) падчас прэзідэнцкай кампаніі і пасля яе. Калі вы былі выключаныя са сваёй навучальнай установы, то можаце працягнуць навучанне за мяжой.
Тэлефон для даведак: 8-029-612-57-38 (Людміла)
Эл. пошта: asipienka@yahoo.com

Нагадаем, што 30 сакавіка Аляксандр Мілінкевіч і прэм’ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч у прысутнасці рэктараў шасці найбуйнейшых польскіх універсітэтаў падпісалі Дэкларацыю аб стварэнні фонду дапамогі рэпрэсаваным беларускім студэнтам імя Кастуся Каліноўскага. Беларусы могуць разлічваць прыкладна на 300 месцаў у польскіх ВНУ – ім будуць аплачаны кошты навучання і пражывання ў Польшчы. Ад ліпеня ў польскіх ВНУ пачнуцца курсы польскай мовы для беларускіх студэнтаў. Пачатак заняткаў – 1 кастрычніка.

www.nn.by

Праграма падтрымкі ахвяраў
Фонд Wolna Bialorus (Вольная Беларусь) пачынае праграму падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і іх сем’яў на Беларусі. Праграма мае на мэце дэманстрацыю салідарнасці і аказанне маральнай і матэрыяльнай падтрымкі асобам, якія з прычыны сваіх дэмакратычных поглядаў былі рэпрэсаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а таксама інфармаванне польскай грамадскасці пра парушэнне правоў чалавека і грамадзяніна ў Беларусі і ініцыіраванне публічнай дыскусіі па гэтых пытаннях. Падтрымкай могуць карыстацца асобы якія адбылі зняволенне па палітычных матывах, а таксама сем’і асобаў, якія на дадзены момант адбываюць пакаранне, ці знаходзяцца пад арыштам па палітычных матывах. Кандыдата на атрыманне дапамогі можа прапанаваць як сам пацярпелы ці ягоныя сваякі, так і адна з беларускіх праваабарончых арганізацый, удзельніц праграмы. Рашэнне пра выдзяленне стыпендыяў будзе прымаць грамадская Рада Праграмаў Фонду, якая складаецца з экспертаў у справах Беларусі. Праграма рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве з асноўнымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Заяўкі дасылаць: fundusz@eedc.org.pl

Jan Mencwel,
каардынатар праграмы

Заява Вышэйшай школы ў Празе
Вышэйшая мастацка-прыкладная школа ў Празе далучаецца да адозвы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў справе вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на Беларусі і тым студэнтам вышэйшых мастацкіх школ, якія пераследаваліся сённяшнім беларускім рэжымам, прапануе магчымасць навучання ў Вышэйшай мастацка-прыкладной школе ў Празе. У выпадку зацікаўленасці ў падрабязнай інфармацый пішыце на адрас:

ilia.hlybouski@peopleinneed.cz
Tel.: +420 226200447; Fax: +420 226200401
Вашы пытанні будуць перададзены ў Аддзяленне замежных зносін Вышэйшай мастацка-прыкладной школы ў Празе.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Новы сайт беларусаў Масквы

Пачаў працу яшчэ адзін сайт беларусаў Масквы www.licvin.com Сардэчна запрашаем Вас на ягоныя старонкі! Тамака Вы знойдзеце інфармацыю па беларускай гісторыі і культуры, прозу і паэзію лепшых пісьменнікаў ды паэтаў, актуальныя артыкулы пра падзеі ў Беларусі і за яе межамі. Таксама чакаем Вас на нашым форуме. Выказвайце свае меркаванні, думкі, цікавае. Будзьце актыўнымі! Чакаем Вашыя допісы! Вельмі хочацца, каб наш форум зрабіўся месцам сустрэч беларусаў усяго свету! Спадзяемся, што наш сайт Вам спадабаецца і Вы зробіцеся нашымі трывалымі сябрамі. Калі ў Вас узнікнуць пытанні, прапановы, заўвагі – лістуйце на licvin@gmail.com

Калі ў Вас ёсць сайт, прапануем абмен спасылкамі!

Адміністрацыя сайта

Біяграфія Васіля Быкава

Біяграфія Васіля Быкава выйшла асобнай кнігай на англійскай мове. Яе можна набыць у Брытаніі, ЗША, Канадзе, Францыі, Германіі, Аўстрыі. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце “Беларусы ў Брытаніі” (www.belarusians.co.uk).

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Canadian International Education Program

Пры актыўным садзейнічанні і фінансавай падтрымцы дзяржаўных адукацыйных установаў Канады ў Атаве працуе беларускі суботні клас.

У беларускі клас прымаюцца дзеці да 8 класа уключна. Заняткі праводзяць настаўнікі з вялікім стажам працы з дзецьмі дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага узросту. Гэта унікальная магчымасць для кожнага дзіцяці не толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, мовай і гісторыяй, але і таксама набыць дадатковыя веды па матэматыцы.
Заняткі па суботах у школе Dr.Roy Kennedy з 9.00 да 11.00 гадзін.
Адрас школы:
919 Woodroffe Ave
(between the Queens Way and Carling Ave)
Тэлефон для даведак: (613) 733-5775.
www.belaruscanada.com


ПРАБЛЕМА

ВЕСТКІ

Вакол выбараў

***
Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Асноўным пунктам дакументу з’яўляецца прызнанне прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка несвабоднымі і фальсіфікаванымі, а Лукашэнка лічыцца нелегітымным прэзідэнтам Беларусі. Рэзалюцыю падтрымалі 524 еўрадэпутата, супраць было 17.

“Polskie radio “Polonia” 6 красавіка 2006 г.

***
Еўрапарламентары зацвердзілі спіс неўяздных на тэрыторыю Беларусі асобаў з 31 чалавека. Між тым, Еўразвяз гатовы пашырыць гэтыя спісы такім чынам, каб туды ўвайшлі не толькі ключавыя асобы дзяржаўнага апарату, але і людзі на месцах: сябры выбарчых камісіяў, іх старшыні, сакратары, удзельнікі і аўтары прапагандысцкіх фільмаў БТ, канцэртаў “За Беларусь”, суддзі, адміністрацыя навучальных установаў, якія падчас выбарчай кампаніі незаконна рэпрэсавалі дэмакратычных актывістаў. Зараз грамадскай камісіяй складаецца поўны спіс асобаў, які ўключае вышэйназваныя пазіцыі. На дадзены момант сабраная інфармацыя больш чым пра 350 чалавек.

Камісія дапускае перагляд справы той ці іншай асобы. Кожны, хто лічыць, што трапіў у спіс несправядліва, мусіць гэта асабіста пацвердзіць і прадставіць доказы сваёй недатычнасці да фальсіфікацыяў, прапаганды ці рэпрэсіяў у часе выбарчай кампаніі 2006 г. Напрыклад, сябра выбарчай камісіі, уключаны ў спіс, можа арганізаваць адкліканне свайго прозвішча са спісу ў выпадку, калі прадставіць выключную інфармацыю пра тое, як праходзіла галасаванне на яго ўчастку, магчыма, пацвердзіць гэта сапраўднымі лічбамі галасавання, дакументальнымі матэрыяламі, якія будуць доказам, што гэты чалавек не прымаў удзел у фальсіфікацыях выбараў, альбо, адпаведна, не падпісваў пратакол з фальшывымі вынікамі. Санкцыі не будуць ужывацца таксама супраць тых, хто прызнае сваю віну і пра гэта публічна абвесціць.

Людзі, якія дакажуць сваю невінаватасць альбо, наадварот, публічна прызнаюць віну, будуць пасля перагляду справы выкрэсленыя са спісу. У выпадку рэпрэсіяў супраць гэтых людзей з боку ўлады грамадская камісія гарантуе ім неабходную дапамогу.

www.charter97.org

***
Еўрапарламент у апошнія дні прыняў чарговую, яшчэ больш рашучую рэзалюцыю па справах Беларусі. У гэты раз датычыць яна сітуацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Беларусь крытыкуецца за правядзенне іх ў атмасферы страху, праследу і арыштаў вядучых кіраўнікоў апазіцыі. Падтрымана была ідэя замарожвання замежных банкавых рахункаў прадстаўнікоў беларускіх уладаў і замарожвання прыватных сродкаў самога А.Лукашэнкі. Парламент сцвердзіў, што ён “ашарашаны адабральным рашэннем расійскай Дзярждумы і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна...”

Ніва № 16 (2605) 16 красавіка 2006 г.

***
З Заявы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з увядзеннем ЕС і ЗША візавых абмежаванняў у дачыненні беларускіх службовых асоб : “...Сённяшняе рашэнне паказала няздольнасць Вашынгтона і Бруселя з павагай аднесціся да ясна выражанай волі незалежнай нацыі... Беларусь лічыць пазіцыю Еўрасаюза і ЗША нецывілізаванай. Дзеянні такога роду недальнабачныя і бесперспектыўныя. Рэспубліка Беларусь пастаўлена перад неабходнасцю прыняць у адносінах ЕС і ЗША адэкватныя адказныя меры. У адпавяданні з міжнароднай практыкай яны закрануць аналагічныя катэгорыі асоб.

“Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь”
10 красавіка 2006 г.

***
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік назваў “дебилизмом” рашэнне Еўрасаюзу па увядзенню мер, што будуць абмяжоўваць у'езд у краіны ЕС беларускіх чыноўнікаў. Беларускай жа апазіцыі дасталася ад сакратара ЦВК за “абсалютна непісьменны” спіс асоб, у адносінах якіх Еўрасаюз увёў абмежаванні. Між тым, на афіцыйным сайце ЦВК Беларусі інфармацыя аб складзе Цэнтрвыбаркама не аднаўлялася з 2002 года.

www.ucpb.org

***
Самалёт прэм’ера Беларусі С.Сідорскага паляцеў на Кубу без кіраўніка дзяржаўнага тэлебачання А.Зімоўскага і прэзідэнцкага памочніка А.Праляскоўскага, якія ўваходзяць у спіс неўязных у Еўропу, Канаду і ЗША. Прычынай нявылету стала пазіцыя Канады, якая адмовілася прымаць беларускі ўрадавы самалёт для дазапраўкі, калі спадары Зімоўскі і Праляскоўскі будуць знаходзіцца на борце самалёта. Назіральнікі не выключаюць таксама, што на пазіцыю канадскага ўраду адносна беларускага самалёта магла паўплываць нядаўняя гісторыя з арыштам у Мінску канадскага журналіста Фрэдэрыка Лявуа. Яго затрымалі падчас выбараў і асудзілі на 15 сутак. Вядома, што канадскі бок адмыслова звяртаўся да беларускага кіраўніцтва з просьбай вызваліць журналіста датэрмінова, але просьбы не задаволілі. Міністр замежных спраў Канады Пітэр Макей заявіў, што Канада абмяжуе афіцыйныя стасункі з Беларуссю.

Гэта не першы выпадак, калі з-за забароны ўезду ў краіны Еўропы, ЗША і Канаду сарваліся замежныя візіты высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. У 2004 годзе на Алімпійскія гульні ў Афіны не пусцілі тагачаснага міністра спорту Юр’я Сівакова, які ўваходзіць у спіс асобаў, падазраваных у датычнасці да палітычных знікненняў у Беларусі.

Радыё “Свабода”. 2006. 20 крас.

***
На Кастрычніцкай плошчы адбылася інаўгурацыя на трэці тэрмін паўнамоцтваў прызідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На цырымоніі не было прадстаўнікоў іншых краін. На плошчу можна было патрапіць толькі па спецыяльных пропусках. Быў закрыты рух транспарту па цэнтральных вуліцах. На інаўгурацыю прымусілі пайсці студэнтаў БНТУ.

“Polskie radio “Polonia”. 2006. 8 крас.

Цэнтр Гродна руйнуецца
У самым цэнтры Гродна працягваецца грандыёзны акт вандалізму. У парушэнне заканадаўства рэспублікі і міжнародных пагадненняў і пры адсутнасці хоць якіх дазволаў, “рэканструкцыйныя” работы працягваюцца шалёнымі тэмпамі. Адбываецца знішчэнне Старога Гораду, незваротна знікаюць адметнасці гораду. Горад ператвараецца ў правінцыйны расійскі гарадок 19 ст. За разбурэнне археалагічнага помніка цэнтра горада ніхто не панясе адказнасці. Археалагічныя раскопкі летам 2005 г. праводзіліся прыкладна на плошчы 25 кв.м. Калі ўлічыць, што земляныя работы вядуцца зараз на плошчы не меншай чым 20 000 кв.м. то выкананы аб’ём раскопак можна фактычна не браць ва ўлік.

Знішчаныя наступныя помнікі:

1. культурны слой XIV-ХVІ ст. (выкапаны экскаватарамі) на плошчы не менш 300 кв.м. Яма засыпана пяском, а пасля ўтрамбавана катком.

2. Увесь сквер (тэрыторыя была заселена ўжо ў XV ст.) экскаватарамі быў перарэзаны траншэямі глыбінёй да 2,5 метраў, плошча разбурэнняў складае па сціплых падліках каля 500 кв.м.

3. Поўнасцю знішчаны культурны слой на месцы выкапанай ямы пад падземны пераход у двары Палаца Радзівіла XVII ст. Агульная плошча каля 400 кв.м.

4. Разбураныя падмурак і скляпенні палаца Радзівілаў як мінімум ў дзвюх месцах. 15 красавіка падмуркі палаца пачалі разбураць яшчэ у двух месцах.

5. Пры пракладанні сцёкавай каналізацыі паўз усю Савецкую плошчу (Рынак 2 пал. XIV ст.) была выкапана траншэя агульнай працягласцю каля 200 метраў шырынёй 2 метры і глыбінёй да 3,5 метраў, тым самым знішчыўшы ўвесь культурны слой.

6. Разбураныя падмуркі гандлёвых радоў паміж палацам Радзівілаў і Ратушай (XVI ст.), рэшткі драўлянай маставой XVI-XVII ст. (агульная плошча 30 кв.м.).

7. Знішчаны падмуркі некалькіх дамоў па вул. Маставая (закладзеная ў XV-XVI ст.), падмуркі і скляпенні будынкаў XVII-XVIII ст.

8. Знішчаецца брук ХІХ-пач. ХХ ст., брук канца 1930-х гг. (агульная плошча не менш 2000 кв.м.)

9. Галоўнае: разбураецца традыцыйная планіроўка плошчы. Плошча “прыклейваецца” да пальчаткавай фабрыкі. Парушаецца радыяльная структура плошчы з выхадамі на яе ўсіх галоўных вуліцаў горада, характэрная для большасці вялікіх еўрапейскіх гарадоў.

Іншыя разбурэнні на працягу 2005 і 2006 гг. Збураны будынак ля рогу вуліцаў Віленскай і Ажэшкі канца ХІХ ст. Паводле гістарычных крыніцаў тут мелася быць Віленская брама горада XVI ст.! Знішчана камяніца пры вуліцы Заводскай, 12, пасля чаго уся вуліца і ўзбярэжжа былі перагрэбаныя бульдозерамі (плошча 200 кв.м.). Знесены мураваныя будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. па вул. Заводскай 12, Акадэмічнай 16, К. Маркса 20, Віленскай, Вялікай Траецкай, 11 ліпеня і г.д. Знесены будынак адной з першых у Беларусі мікрабіялагічных станцыяў (вул. Чырвонаармейская). Знішчаны брук на вуліцы Рыбацкай і вуліцы вакол Замкавай Гары (вуліца Старазамкавая). Рэканструкцыя моста паміж Старым і Новым замкамі – знішчаны брук і заменены пліткай. У парку імя Жылібера знішчана значная частка старых дрэваў.

Чаканыя знішчэнні археалагічнай спадчыны.

Паводле праекта “дабраўладкавання” цэнтра горада ў бліжэйшыя месяцы чакаецца: будзе працягвацца закладанне траншэй паўз плошчу Савецкую (Рынак 2 пал. XIV ст.). Цягнецца траншэя поўнасцю знішчаючы вуліцу Маставую (XV-XVIст.). Будзе скончаны падземны пераход пад вуліцай Баторыя, падчас чаго наканавана назаўсёды быць зьнішчаным усходняму флігелю палаца Радзівіла (XVII ст.). Дабраўладкаванне паміж Савецкай плошчай і мастом праз Нёман перакапае спуск да маста (заселены з XV ст.). Пры рэканструкцыі маста праз Нёман будуць пракладвацца камунікацыі пры ўездзе на мост – у XVI ст. тут стаяла царква-ратонда. Будзе праведзена новая аб’язная дарога пад кляштарам Бернардынцаў (Падол XV-XVI ст.). Павінны быць знішчаны дамы на вул. 11 ліпеня. Плануецца знос 28 будынкаў па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня і пабудова там сучаснага гасцінічнага комплекса. Запланавана рэканструкцыя Каложскай царквы ХІІ ст. Улічваючы, што царква будзе аднаўляцца па сучасных, а не старжытных тэхналогіях, будуць нанесены неапраўданыя страты.

Паводле grodnoproblem.km.ru

СМІ

***
На тэрыторыі Літвы забаронена трансляцыя беларускага дзяржаўнага тэлебачання. Было абвешчана адпаведнае рашэнне Камісіі тэлерадыё Літвы. Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабельнага тэлебачання ўжо паведаміў, што асацыяцыя, якая аб’ядноўвае каля 50 кампаніяў, выканае рашэнне камісіі. Аператары кабельнай тэлебачання павінны спыніць трансляцыю дзяржаўнага беларускага тэлебачання. Рашэнне было прынята з увагі на ранейшую рэзалюцыю літоўскага парламенту адносна выбараў у Беларусі, якія прызнаныя несапраўднымі.

Паводле радыё “Свабода”

***
Міністэрства замежных спраў Беларусі лічыць спыненне рэтрансляцыі праграм БТ на літоўскай тэрыторыі парушэннем двухбаковых пагадненняў. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы МЗС ад 13 красавіка. Па меркаванні аўтараў заявы, гэта парушае таксама Хельсінкскія дакументы АБСЕ. Аўтары звароту заклікалі прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ і Вярхоўнага камісара АБСЕ па справах нацыянальных меншасцяў паўплываць на пазіцыю Літвы.

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 14 красавіка 2006

***
Незалежная газета “Наша Ніва” атрымала ліст ад Мінскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што “размяшчэнне газеты “Наша Ніва” у горадзе Мінску з’яўляецца немэтазгодным”. Матывацыя: галоўны рэдактар газеты “Наша Ніва” атрымаў адміністрацыйнаму пакаранню – арышт на 10 сутак. Варта нагадаць, што рэдактар быў затрыманы на выхадзе з аўтобуса з прадуктамі для ўдзельнікаў намётавага лагеру, а пасля асуджаны па абвінавачванні ў “нецэнзурнай лаянцы”.

З 1 студзеня газету пад рознымі нагодамі не распаўсюджваць манапалісты “Белсаюздрук”, “Мінгарсаюздрук”, “Мінаблсаюздрук”, а “Белпошта” выключыла газету з падпіснога каталогу. 10 красавіка пасля доўгай зацяжкі Міністэрства сувязі адмовіла “Нашай Ніве” ў атрыманні ліцэнзіі на самастойнае правядзенне падпіскі. Тым самым днём датуецца і ліст з Мінскага гарвыканкаму за подпісам намесніка старшыні М.Ціцянкова, падрыхтаваны ідэалагічным аддзелам гарвыканкаму. Ён азначае забарону на існаванне прадпрыемства “Наша Ніва”.

Паводле радыё “Свабода”

***
Беластоцкая “Ніва” гатова даць свае старонкі для “Нашай Нівы”. У Польшчы закрыццё “Нашай Нівы” называюць спробай беларускіх уладаў “паказаць, што ніякай іншай прэсы, акрамя афіцыйнай у Беларусі няма. Рэдактар беластоцкай “Нівы” Яўген Вапа кажа, што ягоная газета будзе ўсяляк падтрымліваць нашаніўцаў: “Тое, што інфармацыя пра закрыццё “Нашай Нівы” з’явілася ў час 100-гадовага юбілею газеты, гэта мэтанакіраваны ўдар па ўсім, што беларускае паводле духу...”

Радыё “Свабода” 19 красавіка 2006 г.

***
На штогадовай сустрэчы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, якая праходзіла з 7 па 9 красавіка ў горадзе Блед (Славенія), была прынята рэзалюцыя з заклікам да беларускіх уладаў спыніць пераслед супрацоўнікаў беларускіх і замежных СМІ. Рэзалюцыя, ініцыяваная Дацкім і Нарвежскім саюзамі журналістаў, была прынятая адзінагалосна. Падчас абмеркавання тэксту старшыня бельгійскай асацыяцыі журналістаў Філіп Леру падкрэсліў, што апошнія падзеі ў Беларусі сведчаць аб пагаршэнні сітуацыі са свабодай СМІ ў нашай краіне, і міжнародная супольнасць не можа стаяць убаку ад гэтых працэсаў. Могенс Бліхер-Б’ергарт, старшыня Дацкага саюза журналістаў, падкрэсліў, што за некалькі год супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў ён назіраў, як высокапрафесійна і гераічна працуюць беларускія калегі.

Апроч беларускага пытання, ЕФЖ прыняла шэраг рэзалюцый адносна рэгуляцыі правоў журналістаў на агульнаеўрапейскім узроўні. На сустрэчы Федэрацыі прысутнічалі прадстаўнікі большасці постсацыялістычных краін.

12 красавіка 2006 г.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

20 ГАДОЎ

20 гадоў чарнобыльскай трагедыі

У 1986 г., 26 красавіка ў 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секунд, у г. Чарнобыль, на тэрыторыі Украіны ля беларускай мяжы, адбылася самая буйная тэхнагенная катастрофа XX ст. Серыя выбухаў знішчыла рэактар і будынак 4-га энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. У выніку ў атмасферу патрапіла 50х106 Кu радыенуклідаў, з іх 70% выпала на Беларусь. Выбух быў такой сілы, што радыяцыйны фон вышэй нормы быў зарэгістраваныя 29 красавіка 1986 г. у Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі; 30 красавіка – у Швейцарыі і Паўночнай Італіі; 1-2 мая – у Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, паўночнай Грэцыі; 3 мая – у Ізраілі, Кувейце, Турцыі і інш. Радыяцыйныя рэчывы, як аэразоль паднятыя выбухам у атмасферу, распаўсюджваліся глабальна: 2 мая яны зарэгістраваныя ў Японіі, 4 мая – у Кітаі, 5-га – у Індыі, 5 і 6 мая – у ЗША і Канадзе.

23% тэрыторыі Беларусі былі забруджаны радыёнуклідамі са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км (для параўнання: на Украіне забруджана 4,8% тэрыторыі, у Расіі – 0,5%). На сённяшні дзень (згодна заканадаўству па зонах радыяцыйнага забруджання) 20% ад агульнай тэрыторыі Беларусі забруджана. Сёння кожны сёмы беларус жыве на забруджаных тэрыторыях. Па звестках Камітэта па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Саўміне (Камчарнобыль), на забруджаных тэрыторыях пражывае на сённяшні час 1,3 млн чалавек.

Іншыя лічбы: 20% ўсіх лясоў у Беларусі да гэтай пары з’яўляюцца забруджанымі; 137 000 чалавек былі высяленыя; тэрыторыя ў 155 000 км2 да гэтай пары застаецца забруджанай небяспечнымі ізатопамі цэзія 137 і стронцыя 190 (будуць небяспечнымі на працягу некалькіх стагоддзяў).
Былы намеснік старшыні Белдзяржаграпрому Іван Нікітчанка: “Мы знаходзімся ў самым пачатку наступстваў аварыі. Чарнобыль будзе шмат часу ўплываць на Беларусь. Той прагноз, які мы рабілі ў 1986-1987 гадах, цяпер спраўджваецца. Смяротныя выпадкі пачаліся праз 7-8 гадоў. У выніку з 1993 году пачалося змяншэнне колькасці насельніцтва. На сёння яно зменшылася амаль на 470 тысяч чалавек. Паводле прагнозаў дэмографаў гэты працэс будзе цягнуцца да 2020 году, і Беларусь згубіць каля 1 мільёну жыхароў. Я звязваю гэта з Чарнобылем. Цяпер хварэюць людзі, якія падчас аварыі хадзілі ў школу і садок. З’явіліся хваробы, якіх у нас не было да аварыі. Найперш, пацярпелі тыя органы, якія першымі сустракаліся з радыяцыяй: лёгкія, крывяносная сістэма, цэнтральная нервовая сістэма. Людзі, якія маюць удзельную радыёактыўнасць цела вышэй за гэтыя лічбы, усе хворыя на розныя захворванні. А ў Заходняй Еўропе гэтага няма. Таму нельга казаць пра ліквідацыю наступстваў аварыі.

З дазволу ўладаў радыяцыя расцягваецца па тэрыторыі ўсёй краіны. Няма ніводнай вобласці, дзе не было б радыёактыўных плямаў. Людзі атрымліваюць радыяцыю за кошт брудных прадуктаў. На забруджаных тэрыторыях застаецца жыць каля 1,8 мільёнаў чалавек, у тым ліку, каля паўмільёна дзяцей. Іх няма куды перасяліць. Я вымушан з горыччу канстатаваць, што ўрад увогуле выкінуў чарнобыльскую праблему з ліку першачарговых пытанняў, якія трэба вырашаць. А між тым, гэта праблема № 1 для Беларусі. Такая сітуацыя будзе працягвацца датуль, пакуль людзі не аб’яднаюцца. Таму што гэтай бюракратычнай сцяне можа супрацьстаяць толькі сіла. Дзяржаўная праграма павінна абараняць кожнага чалавека, а не ўвогуле рэабілітаваць тэрыторыю. Трэба кантраляваць удзельную радыёактыўнасць людзей, а не тэрыторый. Галоўная праблема – забяспечыць людзей чыстымі прадуктамі харчавання.
Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця адкрыў транш у “Прыёрбанку” для развіцця сельскіх гаспадарак у гэтай зоне. Але скарыстацца гэтымі грашыма цяжка. Па-першае, чалавек, які хоча ўзяць крэдыт, павінен забяспечыць 30% ад сумы праекту сваімі грашыма. А ў яго няма грошай. Па-другое, чалавек павінен унесці маёмасць у якасці закладу. Але акрамя старой хаты, у яго нічога няма. А зямля знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці” (з інтэрв’ю радыё “Свабода” 19 красавіка 2006).

Кіраўнік беларускага сацыяльна-экалагічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка: “У дакладзе прэм’ер-міністра Сідорскага на парламенцкіх слуханнях адзначалася, што ў выніку аварыі Беларусь панесла страты на суму 235 мільярдаў даляраў, а з 1989 года на ліквідацыю яе наступстваў патрачана 17 мільярдаў даляраў.

У газеце “Набат” мы пісалі пра тое, што пад выглядам рэабілітацыі на землях, выведзеных з сельскагаспадарчага карыстання, пачалі вырабляць прадукцыю. І цяпер засяваюць. А на гэта заплюшчваюць вочы. Уплыў радыяцыі на насельніцтва будзе павышацца. Рэальнасць зусім не адпавядае афіцыйным дэкларацыям. У гэтай зоне наспявае яшчэ адна выбуховая рэч. Гэтыя землі засяляюцца іншаземцамі з-за межаў Беларусі. Адбываецца дэпапуляцыя беларускага насельніцтва. І гэтую праблему яшчэ давядзецца вырашаць. Усё гэта адбываецца таму, што людзі, якія стаяць пры ўладзе, жывуць адным днём” (з інтэрв’ю радыё “Свабода” 19 красавіка 2006).

Па дадзеных ААН, каля 7 млн. чалавек яшчэ жыве ў забруджаных раёнах Беларусі, Украіны і Расіі. Агульны аб’ём стратаў ад аварыі на ЧАЭС па ацэнках беларускіх навукоўцаў складае $ 235 мільярдаў. Аб гэтым паведаміў 11 красавіка на прэс-канферэнцыі старшыня Камчарнобыля пры Савеце міністраў Беларусі Уладзімір Цалко. На сённяшні дзень ў Беларусі 47 населеных пунктаў, якія належаць да перасялення, але ў іх жывуць людзі. Сярод наведванняў зоны адсялення вылучаюцца паездкі з навуковай мэтай, а таксама праца ў зоне і наведванне пахаванняў родных.

Дадзеныя “Грынпіс Расіі” аб наступствах аварыі на ЧАЭС значна разыходзяцца з афіцыйнымі. Аб гэтым паведаміў кіраўнік энергетычнага аддзела “Грынпіс Расіі” У.Чупураў. У верасні 2005 г. у Вене быў прэзентаваны даклад ВОЗ і МАГАТЭ, у якім афіцыйныя лічбы былі абвешчаны заніжанымі. Па ацэнкам “Грынпіс Расіі” Дадзеныя МАГАТЭ па колькасці смярцей зніжаны на парадак.

5 кастрычніка 2005 г. Камітэт па пытаннях навакольнага асяродку Бундэстага правёў спецыяльнае пасяджэнне, прысвечанае наступствам Чарнобыльскай катастрофы. У абмеркаванні тэмы пасяджэння прынялі удзел паслы Германіі ва Украіне і Беларусі, а таксама міжнародныя эксперты. Кіраўнік філіяла арганізацыі “Міжнародныя ўрачы за прадухілення атамнай вайны” Ангеліка Клаўсэн абвінаваціла экспертаў з МАГАТЭ ў маніпуляцыі лічбамі і змяншэнні маштабаў трагедыі. А ў заключэнні паабяцала прадставіць сваё даследаванне.

Каб забруджаная тэрыторыя цалкам ачысцілася, у кожным з радыяцыйных элементаў павінна прайсці некалькі паўраспадаў. У адных ізатопаў перыяд паўраспаду цягнецца 8 дзён, у іншых – сотні альбо тысячы гадоў. У найбольш небяспечнага для чалавека стронцыю-137 – 30 год, у плутонія-239 – амаль 25 тысяч гадоў. Некаторыя элементы пры распадзе ператвараюцца у яшчэ больш небяспечныя для чалавека. Пасля 14 гадоў плутоній-241 ператвараецца ў вельмі небяспечны амерыцый-241, які лёгка рапушчаецца ў вадзе і збіраецца ў жывых арганізмах. У адрозненне ад дастаткова няшкоднага бэта-выпраменьвання амерыцый небяспечны гама-выпраменьваннем.

Зразумела, што беларуская дыяспара не магла пакінуць сам насам Беларусь з Чарнобыльскай трагедыяй. Прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін свету адгукнуліся на беларускі боль, кожны як мог, у межах сваіх магчымасцяў. Так, беларусы з Саўт-Рывера (ЗША), вернікі Беларускай аўтакефальнай царквы, з дапамогай аднаго з кіраўнікоў беларускай арганізацыі Аляксандра Сільвановіча змаглі наладзіць 4 пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Беларусь на агульную суму 6 мільёнаў даляраў. Гэта адбылося пасля таго як светлай памяці Уладыка Мікалай, першаіерарх Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы наведаў Беларусь і пазнаёміўся з тымі праблемамі, што паўсталі перад Беларуссю пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Пры дапамозе айца Аляксандра Надсана (Лондан) і яго падтрымцы завязалася супрацоўніцтва паміж Беларускім фондам “Сакавік” і ірландскімі дабрачыннымі арганізацыямі. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву сотні дзяцей з рознымі хваробамі змаглі прайсці абследаванне і лячэнне ў клініках Вялікабрытаніі.

Нельга абысці ўвагай і дзейнасць Канадскага фонда дапамогі ахвярам Чарнобыля, заснавальнікамі якога выступілі Івонка і Янка Сурвіллы, Зінаіда Гімпелевіч, Паўліна Пашкевіч. А Раду склалі кіраўнікі ўсіх беларускіх арганізацый Канады. Фонд паўстаў з ініцыятывы Івонкі Сурвіллы і дзейнічае на працягу 17 год. Дзейнасць фонду знайшла шырокі водгук сярод канадцаў, якія далучаліся да працы фонда, прымалі ў свае сем’і беларускіх дзяцей, закупалі медыкаменты і ежу, кампутары для школ, для аказання гуманітарнай дапамогі Беларусі. Штогод каля 600 дзяцей з Беларусі праходзілі аздараўленне ў Канадзе, жылі ў канадскіх сем’ях.

Спрыялі аказанню гуманітарнай дапамозе Рэспубліцы Беларусь Мікола Прускі з Гранд-Рэпідз, Анатоль Лук’янчык з Кліўленду.

Вялікую дапамогу ў аздараўленні дзяцей да гэтага часу аказвае фонд “Этнічныя галасы Амерыкі” на чале са сп-няй Ірэнай Калядой. У 1993 годзе сп-ня Ірэна наведала Беларусь. Наша краіна зрабіла вялікае ўражанне на яе, бо фактычна гэта быў першы візіт Ірэны Каляды ў Беларусь пасля распаду Савецкай імперыі. Адразу ж, па вяртанні ў ЗША яна заснавала дабрачынны фонд, які да гэтага часу штогод накіроўвае тысячы беларускіх дзяцей на аздараўленне. За час, што прайшоў з моманту заснавання фонда больш за 12000 беларускіх дзяцей прайшлі аздараўленне ў Балгарыі, Турцыі, Чэхіі, Славеніі, Польшчы, Малдове. Дзякуючы яе клопату ў Беларусь накіроўваліся кантэйнеры з медыкаментамі, рэчамі для бальніц, дзіцячых дамоў. Пры яе дапамозе арганізаваны канцэрты мастацкага калектыву “Церніца” ў забруджаных рэгіёнах краіны. Сп-ня Ірэна супрацоўнічае са шмат якімі грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі. Пры яе дапамозе Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” арганізавала аздараўленчы адпачынак больш чым для 1000 дзяцей з Беларусі. Аказвалася падтрымка і асобным сем’ям і цяжка хворым дзецям. Фонд працягвае актыўна працаваць, арганізоўвачы аздараўленне сотняў беларускіх дзетак.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстана інфармацыя www.expressnews.by, www.angelfire.com, радыё “Свабода” і Цэнтра навінаў ААН.


“Чарнобыль праз 20 год”

19 красавіка 2006 г. прэем’ер-міністр Беларусі С.Сідорскі на канферэнцыі “Чарнобыль праз 20 год” сказаў, што Беларусь лічыць галоўнай мэтай вяртанне да паўнавартаснага жыцця людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. Ён нагадаў, што ў наш час на забруджанай тэрыторыі жывуць каля 1,6 мільёнаў грамадзян Беларусі.

Фінансавую дапамогу ў рэабілітацыі забруджаных зон накіруе ўраду Беларусі Сусветны банк. Напярэдадні быў прыняты пакет дакументаў аб выдзяленні Беларусі 15 мільёнаў долараў на патрэбы, звязаныя з ЧАЭС. Указаныя сродкі плануюць накіраваць на газіфікацыю сістэм ацяплення ў школах-інтэрнатах і на далейшую газіфікацыю гэтых раёнаў. Як чакаецца, ў выніку атрымаецца адыйсці ад практыкі выкарыстання забруджанага паліва.

Па дадзеных міжнародных экспертаў, у выніку катастрофы і ліквідацыі яе наступстваў каля 600 тыс. чалавек атрымалі вялікія дозы радыяцыйнага апраменьвання. Прыкладна ў 4 тыс. чалавек, у большасці дзяцей, быў выяўлены рак шчытападобнай залозы. У 2003 г. Служба бяспекі Украіны разсакрэціла матэрыялы КДБ, з якіх вынікае што непаладкі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) пачаліся задоўга да выбуху чацвёртага энергаблока. Згодна з дадзенымі дакументамі будаўніцтва ЧАЭС з пачатку суправаджалася мноствам праблем. Яшчэ да катастрофы было вядома аб тым, што 3 і 4 блокі атамнай станцыі мелі сур’ёзныя недахопы, з-за якіх пачалі разбурацца перакрыцці блокаў, прычынай чаго стала неякасная цеплаізаляцыя. Абсталяванне на 3 і 4 энергаблоках было югаслаўскім, на 1 і 2 – савецкім. Недахопы энергаблокаў праяўляліся яшчэ ў 1982 г., калі на ЧАЭС адбылася аварыя, што выклікала невялікія радыяцыйныя выкіды.

“Белорусская деловая газета”. 2006. 19 крас.

Абвінавачанне Зялёных Еўрапарламенту

19 красавіка 2006 г. фракцыя Зялёных Еўрапейскага парламенту абвінаваціла МАГАТЭ ў заніжэнні колькасці пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС і заклікала Еўракамісію апублікаваць свой даклад. Нагадаем, што згодна з дакладам апублікаваным МАГАТЭ і іншымі агенцтвамі ААН, агульная колькасць людзей, якія загінулі альбо могуць загінуць у выніку выкліканага аварыяй на ЧАЭС апрамянення, складзе 4-9 тысяч чалавек. У той жа час, па ацэнцы экспертаў экалагічнай арганізацыі “Грынпіс”, на працягу 1986-2056 гадоў у Беларусі, Расіі і Украіне ад хвароб, выкліканых апраменьваннем, загіне больш 93 тысячы чалавек, з іх каля 22 тысяч толькі ў Беларусі.

Зялёныя заклікалі Еўракамісію прааналізаваць даследаванні і абвесціць дадзеныя аб магчымых пацярпелых ад катастрофы ў трох узгаданых краінах і 25 дзяржавах у складзе ЕС. Яны таксама патрабавалі апублікаваць дадзеныя аб дапамозе, аказанай пацярпелым з боку Еўрасаюзу. Намеснік старшыні фракцыі Зялёных нямецкі дэпутат Рэбекка Хармс заявіла журналістам, што МАГАТЭ “спрабуе зменшыць страты, якія прынёс выбух”.

“Белорусская деловая газета”. 2006. 20 крас.

Рээвакуацыя

Абавязковае размеркаванне беларускіх студэнтаў ініцыяваў А.Лукашэнка. З 2003 г. ягоныя прапановы замацаваныя ў нарматыўных дакументах ураду і міністэрства адукацыі. Усе выпускнікі, якія навучаліся на бюджэтных факультэтах, павінныя адпрацаваць па накіраванні ня менш як два гады. За мінулы час прымус выклікаў хвалю пратэстаў.

Паводле Звароту нацыянальнага аргкамітэту Чарнобыльскага шляху 26 красавіка 2005 г., колькасць насельніцтва ў забруджаных радыенуклідамі рэгіёнах складае амаль два мільёны чалавек. Акадэмік А.Вайтовіч перакананы, што няма неабходнасці павялічваць групу рызыкі за кошт рээвакуацыі насельніцтва.

Афіцыйная статыстыка даводзіць, што пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей было адселена ў чыстыя зоны больш як 130 тысяч чалавек. Яшчэ 200 тысяч склалі моладзь і вымушаныя перасяленцы, якія пакінулі заражаныя мясцовасці самастойна. У той жа час 50 тысяч чалавек пераехалі ў радыеактыўныя зоны Беларусі. Людзі вяртацца ў паўразбураныя паселішчы, нанава абжываць пакінутыя гаспадаркі, але аслабленыя радыяцыяй, часта хварэюць... Да таго ж ёсць небяспека нападу дзікіх звяроў. Паводле Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, зараз у месцах адсялення працягваюць жыць каля 300 чалавек. Яшчэ 140 тысяч жыхароў налічваецца ў зонах з узроўнем радыяцыі ад 15 да 40 кюры.
Паводле радыё “Свабода”

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі

Сёлета ў Беларусі завяршаецца дзеянне часовай забароны на будаўніцтва АЭС. Мяркуючы з публікацыяў у СМІ, улады зацвердзілі і скіравалі да выканання праграму будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Прыхільнікі “мірнага атаму” пераконваюць насельніцтва ў бяспецы ядзерных тэхналогій, неабходнасці і эканамічнай мэтазгоднасці АЭС, дадаючы пры гэтым, што “надыйшоў час забыцца аб Чарнобылі”.

Тым часам група сяброў грамадскіх арганізацый аб’ядналася ў Антыядзерную кампанію, каб прадухіліць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. 19 красавіка на плошчы Бангалор у Мінску прайшла акцыя супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Мерапрыемства было прымеркаванае да дваццатай гадавіны чарнобыльскай катастрофы. У ім удзельнічалі каля 30 чалавек. Эколагі заклікалі памятаць аб трагедыі, што адбылася на ЧАЭС, і не дапусціць паўтарэння падзеяў 1986 года.

www.belngo.info
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by