МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№5(№18)
травень
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Навіны

Польшча

Карысную і самую разнастайную інфармацыю пра Беларусь размясцілі ў інтэрнеце прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы. Сайт www.bialorus.pl уключае ў сябе штодзённую стужку навінаў з Беларусі, даведачную інфармацыю пра краіну, апісанне палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў сучаснай Беларусі, кароткую гісторыю Беларусі, інфармацыю пра вядомых беларусаў, артыкулы пра Беларусь з беларускай і польскай прэсы. Акрамя таго, на сайце размешчаныя кнігі аб вядомых беларусах, артыкулы пра Беларусь з беларускай і польскай прэсы. Ёсць сайце і кнігі польскіх і беларускіх аўтараў. Пакуль сайт мае тольку адну версію - польскую. Аднак у бліжэйшы час павінна з'явіцца беларуская версія.

Хартыя'97. 2003. 12 травеня

Познань, Польшча

Паўстаў новы беларускі асяродак у Польшчы - "Беларускі Культурна-Асветніцкі Цэнтр у Познані" Гэта няўрадавая, зарэгістраваная, згодна з юрыдычным правам Польшчы, арганізацыя, якая аб'ядноўвае беларускі студэнцкі асяродак (прыблізна сорак беларусаў і палякаў) у Познані. Мэты арганізацыі - заахвочванне студэнтаў да працы на карысць развіцця дэмакратыі ў Беларусі, пашырэнне беларускай культуры, мовы і ведаў аб Беларусі ў акадэмічным асяроддзі Познані, сярод палякаў і замежнікаў, прамоўшэн Беларусі ў Еўропе і дэмакратычным свеце, a таксама стварэнне будучых добра адукаваных эліт Беларусі. "Беларускі Цэнтр" запрашае да супрацоўніц-тва людзей і арганізацыі, якія зацікаўленыя ў развіцці і пашырэнні нашай культуры, у пабудове дэмакратычнага і вольнага грамадства Беларусі, а таксама ў супрацоўніцтве беларускага замежжа на карысць спадчыны і будучыні нашага народу. Цэнтр будзе рады далучыцца да супольных праектаў, якія адпавядаюць статуту арганізацыі. Будзе супрацоўнічаць і дапамагаць арганізацыям, якія займаюцца падобнай дзейнасцю.

Віталь Воранаў

Кліўленд, ЗША

Беларуская дыяспара ў ЗША асудзіла меркаваны "інтэграцыйны рэфэрэндум" і атрымала падтрымку сенатара Джорджа Вайновіча. У беларускім цэнтры "Полацак" пад Кліўлендам (штат Агаё) адбылася арганізаваная актывістамі Беларуска-амерыканскага задзі чання (БАЗА) канферэнцыя "Аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі". Удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што запланаваны рэферэндум аб прыняцці "канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі" стварае пагрозу для незалежнасці Беларусі і не павінен быць прызнаны міжнароднай супольнасцю. Канферэнцыя ў Агаё - значная падзея ў жыцці беларускай дыяспары. У яе працы ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў асоб. Выступоўцы гаварылі пра тое, што ЗША павінны падтрымаць беларускую незалежнасць у сувязі з тымі абавязкамі, якія ўзялі на сябе ЗША і Вялікабрытанія падчас вываду з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі на пачатку 1990-х гадоў. Актывісты беларускіх арганізацый у ЗША Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Пол Васілеўскі, Сяргей Раманюк прапаноўвалі канкрэтныя механізмы ўзаемадзеяння з амерыканскімі палітыкамі. Шмат што ў гэтым накірунку ўжо робіцца. Гэта тычыцца найперш законапраекта - Акта аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, які прадстаўлены на разгляд Кангрэсу ЗША сенатарам Гэлмсам. Цяпер да Акта далучыўся сенатар Джордж Вайновіч, які прывітаў удзельнікаў канферэнцыі ў Кліўлендзе. Шмат увагі надавалася сучаснай рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі, адзначалася, што "расійская праваслаўная царква выкарыстоўваецца антыбеларускімі палітычнымі коламі для анэксіі Беларусі", у той час як "аўтакефальная беларуская царква пазбаўленая юрыдычнага права на існаванне з прычыны антыдэмакратычнага закона аб рэлігійных арганізацыях".

Радыё "Свабода". 2003. 5 травеня

Чэхія

Творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава зараз можна прачытаць ў інтэрнеце. Сайт Васіля Быкава - www.bykau.by.ru. На сайце можна пазнаёміцца з творамі вялікага беларускага класіка, публікацыямі і інтэрв'ю, якія Васіль Быкаў даваў цягам апошніх гадоў беларускім і замежным выданням.

Хартыя'97. 2003. 8 травеня

Клермон-Феран, Францыя

З 22-га красавіка па 20-га травеня сёлета адбудзецца ў французскім горадзе Клермон-Феран цэлы шэраг мерапрыемстваў дзеля азнаямлення французаў з беларускаю культураю. Уся багатая праграма будзе праведзеная пад мастацкім кіраўніцтвам Віржыні Шыманец і Бруна Бусаголя. У розных канцэртных залах горада адбудуцца тэатральныя і фільмовыя паказы, выставы, выступленні харавых і музыкальных груп ды паасобных спевакоў, круглыя сталы і даклады на тэмы, звязаныя з традыцыйным і сучасным мастацтвам Беларусі ды ўрадавай палітыкай у галіне культуры і правоў чалавека. У праграме фестывалю возьмуць удзел, сярод іншых, пісьменніца Святлана Алексіевіч, паэт Алесь Разанаў, філосаф Алесь Анціпенка. На фестываль за-прошаны Васіль Быкаў.

"Беларус". 2003. красавік

Латвія

У Латвіі 2.331.467 жыхароў. З іх толькі 58,4% - латышы па нацыянальнасці. Рускіх - 29%. Беларусы - трэцяя буйная этнічная група (3,9%), і складае яна 91.809 чалавек. Але толькі 25 тысяч беларусаў з'яўляюцца грамадзянамі краіны.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Новасібірск, Расія

Сумеснымі намаганнямі Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў імя св. Еўфрасінні Полацкай і мэрыі г. Новасібірска 6-10 чэрвеня адбудуцца Дні беларускай культуры. 6 чэрвеня ўрачыстай Літургіяй у царкве св. Еўфрасінні Полацкай будзе адсвяткаваны Дзень памяці гэтай славутай беларускай асветніцы. 8 чэрвеня ладзіцца вялікі Гала-канцэрт новасібірскіх гуртоў "Белыя росы", "Кросны", "Азарычы", а таксама іншых беларускіх творчых калектываў з Цюмені, Іркуцка і Новасібірскай вобласці. 10 чэрвеня адбудуцца тэатральныя дзеі, урачыстая канцэртная праграма з удзелам ансамбля "Песняры".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Сургут, Расія

У Сургуце праходзіць спартакіяда сярод прадстаўнікоў нацыянальных таварыстваў, якая працягнецца ўвесь год. Зараз адбываецца турнір па мініфутболу. Каманды падзелены на 2 групы. У сваёй групе беларусы перамаглі хантаў - 9:5, немцаў - 13:2, башкіраў - 7:6, згулялі ўнічыю з казахамі - 3:3. 10 мая пачаліся паўфінальныя гульні, але тут пераможны марш беларускай каманды прыпыніўся: беларусы прайгралі дагестанцам і гулялі за 3 месца з башкірамі, якіх перамаглі. Поспехі беларускай каманды натхнілі беларускую дыяспару Сургута стварыць сваю пастаянную каманду па мініфутболу пад назвай "Беларусь".

Сяргей Бандарэнка

"Зьвяз Беларусаў Замежжа"

Беларускіх эмігрантаў у Чэхіі некалькі тысячаў. Многія працягваюць змагацца за Беларусь. Дзеля каардынацыі дзеянняў у Празе паўстала арганізацыя "Зьвяз Беларусаў Замежжа". Аргкамітэт пачаў сваю працу ў студзені 2002 г. Быў распрацаваны статут, план дзеянняў арганізацыі. Першай масавай акцыяй стала святкаванне Дня Волі, 25-га сакавіка 2002 г., - пікетаванне беларускай амбасады ў Празе. 26-га красавіка каля сотні чалавек прайшлі па цэнтру Прагі з беларускімі нацыянальнымі сцягамі і запаленымі свечкамі, правёўшы такім чынам "Чарнобыльскі шлях". Аб гэтых і іншых акцыях нашай арганізацыі хутка можна будзе даведацца на старонцы www.belabroad.org Звязацца з намі можна ўжо цяпер, даслаўшы ліст на наступны адрас: zviazbel@hotmail.com

Аўген Сідорык

Беларусы Санкт-Пецярбурга

У 1988 г. па ініцыятыве гісторыка Валянціна Грыцкевіча і этнолага Алега Лысенкі было вырашана аб'яднаць дзейнасць дзеячаў і даследчыкаў беларускай культуры па пашырэнні беларускай культуры ў Санкт-Пецярбургу. У склад ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) былі ўключаны доктар філалагічных навук Мікалай Мікалаеў, мастак Іван Чэрнякевіч, кампазітар і музыказнаўца Ігар Маціеўскі. Мэтай стварэння і дзейнасці БГКТ, адпаведна яго Статуту, з'яўляецца вывучэнне, захаванне і папулярызацыя беларускай культуры. Паступова склаўся актыў Таварыства (А.Разумаў, М.Ткачэнка, А.Кавалюк, А.Кірвель, С.Гаўрыліна, С.Шурко, Л.Габрусёнак, Л.Навасельскі, М.Прохарчык, Г.Рабцэвіч, П.Кропаў, Л.Кавалюк, М.Перова, Д.Жукоўскі, А.Дабраволькі, У.Драздоў і інш.).

Пасяджэнні БГКТ адбываюцца рэгулярна на працягу 14 гадоў 2 разы на месяц (з перапынкам на лета). БГКТ брала актыўны ўдзел у стварэнні Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", прадстаўнікі Таварыства ўдзельнічалі ва ўсіх З'ездах беларусаў свету і З'ездах беларускіх культурных таварыстваў Балтыі. Старшыня Рады БГКТ - Валянцін Грыцкевіч. Таварыства падтрымлівае шчыльныя кантакты з Таварыствам беларускай мовы імя Ф.Скарыны ў Мінску, з Таварыствам беларускай культуры імя Ф.Скарыны ў Маскве, Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Я.Чэрскага (старшыня А.Рудакоў), з Таварыствам беларускай культуры Літвы (старшыня Х.Нюнька). Сумесна з Таварыствамі беларускай культуры ў Маскве і ў Іркуцку БГКТ стала ініцыятарам стварэння Міжрэгіянальнага аб'яднання беларусаў Расіі (1999). У 1989-90 гг. В.Грыцкевіч і іншыя актывісты Таварыства чыталі курс лекцый па гісторыі і культуры Беларусі ў Беларускім культурным таварыстве ў Таллінне. Для сустрэч са слухачамі народных універсітэтаў беларускай культуры В.Грыцкевіч рэгулярна наведваў Маскву, Рыгу, Вільню, шэраг гарадоў Беларусі. У стварэнні Музея кнігі ў Полацку ўдзельнічалі бібліёграфы і мастакі Таварыства. На пасяджэннях Таварыства чытаюцца лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, праводзяцца літаратурныя вечары беларускіх пісьменнікаў і выставы беларускіх мастакоў, распаўсюджваюцца беларускія перыядычныя выданні з Беларусі, Польшчы, Літвы, ЗША. Ладзяцца сустрэчы з гасцямі - беларусамі з Беларусі, Польшы і ЗША, канцэрты беларускіх фальклорных ансамбляў. Важным аб'яднаўчым фактарам стала ўзвядзенне Крыжа памяці ахвяраў камуністычнага тэрору - ураджэнцаў Беларусі ў Левашове, месцы масавых растрэлаў. Крыж быў асвечаны праваслаўным і каталіцкім святарамі. Штогод тут на Дзяды збіраюцца беларусы для памінання продкаў. 80-годдзю БНР (1988) у БГКТ было прысвечана ўрачыстае пасяджэнне і вялікі канцэрт.

Акрамя БГКТ у Санкт-Пецярбургу дзейнічае філія Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Таварыства беларускіх мастакоў "Маю гонар".

Валянцін Грыцкевіч

Кніжная палічка

Францыя

Сапраўдны бум у французскім беларусазнаўстве адбыўся з пачаткам выдання серыі кніг "Беларуская калекцыя" ў парыжскім выдавецтве "L'Harmattan". Пачалася яна з кнігі Ігара Лялькова "Агляд палітычнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага" (2000). Сярод наступных выданняў - кніга Алены Лапатнёвай "Беларусь: мізансцэны ўлады", выданне пад рэдакцыяй Аляксандры Гужон, Жана-Шарля Ляльмана і Віржыніі Шыманец "Хронікі пра сучасную Беларусь" і ўспаміны жонкі першага пасла Францыі ў Беларусі Ані Жаліф "Беларуская прыгода".

Самае белетрыстычнае з гэтых трох выданняў - эсэ А.Жаліф. Стварэнне французскага пасольства апісваецца аўтаркай як незвычайная прыгода. Мадам Жаліф не хавае сваёй сімпатыі да Беларусі. Чытаючы яе кнігу, нібы вяртаешся ў пачатак 90-х, але бачыш Беларусь пры гэтым вачыма іншаземца.

Іншыя кнігі - навуковыя. У прадмове да кнігі А.Лапатнёвай, парыжскай даследчыцы беларускага паходжання, французскі навуковец Ален Блюм піша: "Кніга прапануе для гісторыкаў і палітолагаў зразумець прыроду пэўнай нацыянальнай гісторыі...". У раздзеле "Гісторыя" друкуюцца артыкулы "Беларусь, множная гісторыя" Бруна Дрвескі, "Даследаванне ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі" Алены Лапатнёвай і "Адраджэнне яўрэйскай гістарыяграфіі ў Беларусі" Клер Лё Фоль. У раздзеле "Чарнобыль" - "Чарнобыльская катастрофа і здароўе" Мішэля Фэрнэкса, "Адказнасць Захаду за ўплыў чарнобыльскай катастрофы на здароўе жыхароў Беларусі, Украіны і Расіі" Бэлы Бэльбэок, "Жыццё ў забруджанай зоне, або Парадоксы кіравання рызыкай" групы аўтараў.

З'яўленню серыі спрыялі Аляксандра Гужон і Віржынія Шыманец, нашчадкі беларускіх эмігрантаў, маладыя французскія навукоўцы. Іх жа намаганнямі выдаецца бюлетэнь "Беларускія перспектывы", дзе прадстаўлены палітыка, эканоміка, культура і экалогія нашай краіны, друкуюцца рэцэнзіі, бібліяграфія. Пабачыла свет ужо 29 нумароў.

"Голас Радзімы". 2003. 1 мая

Ельскі ўніверсітэт аб Беларусі

У выдавецтве Ельскага ўніверсітэту выйшла кніга Тыматы Снайдара "Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь.1569-1999." Кніга складаецца з трох частак, у якіх аўтар адпаведна даследуе ўзнікненне і развіццё нацыянальных рухаў на абшары гістарычнай Літвы (сённяшнія Беларусь і Літва) і Галіцыі і Валыні (Заходняя Украіна), а затым дае агляд сённяшняга стану і перспектыў нацыянальна-дзяржаўнага развіцця Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, а таксама закранае пытанні ўзаемадзеяння паміж імі. У першым раздзеле, напасрэдна звязаным з Беларуссю, Т.Снайдар разглядае ўзнікненне летувіскага, беларускага і польскага нацыяналізмаў праз прызму спадчыны ВКЛ і праз творчасць Адама Міцкевіча. Ён адзначае, што беларускі рух меў усе падставы называцца спадкаемцам гэтай гістарычнай спадчыны і, як найбольш вялікі па колькасці этнас на разглядаемым абшары, мусіў прэтэндаваць на першынства сярод іншых народаў. Аднак адбылося дакладна наадварот, і ў сваёй працы аўтар дае спробу аналізу прычынаў "беларускай нацыянальнай паразы". Жыва і зацікаўлена напісаная, кніга добра чытаецца. Снайдар дае кароткія, але выразныя партрэты асобаў беларускай гісторыі - Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Каліноўскага, Багушэвіча, Луцкевіча, Тарашкевіча. Для крытычнага і ўважлівага чытача кніга можа даць шмат матэрыялу для роздуму.

Віталь Зайка

Падарожныя нататкі

Аўстралійскі дзённік

1972. Беларускі Дом, сям'я ГрушаўСустрэча. Я ехала да людзей, чые прозвішчы сустракала на старонках газеты "Беларус" і якія дагэтуль існавалі для мяне толькі як імёны на капэртах.

Паводле звестак, якія мясцовыя беларусы лічаць найбольш імавернымі, у паваенныя гады ў Аўстраліі апынуліся больш за 15 тысяч нашых суродзічаў. Прыехалі яны напрыканцы 1940-х - напачатку 1950-х. Менавіта яны сустракалі мяне ў Мельбурнскім аэрапорце з бел-чырвона-белым сцягам: старшыня Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі Аўген Груша і айцец Аляксандр Грыцук.

1954. Мельбурн. Беларускі спартовы клуб. Футбольная камадна 'Зубр'Мельбурн. Мельбурнскія беларусы ўразілі сваёй гасціннасцю. У нейкі момант я адчула, што проста раздаўленая ўвагай да сваёй сціплай асобы, а потым зразумела, што ўся гасціннасць належыць мне як зямлячцы, як часцінцы роднага краю, куды яны доўгі час марылі вярнуцца. Паўла Гуз зрабіў надзвычайнае ўражанне чалавека вельмі моцнага духам. Запомніўся Алег Шнэк, вясёлы і актыўны, і, безумоўна, Аўген Груша. У Мельбурне ў беларускай царкве сустрэў айцец Аляксандар Кулакоўскі, спяваў мясцовы беларускі гурт "Каліна", які дзейнічае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў і ў якім змянілася некалькі пакаленняў выканаўцаў. Тут ёсць асобныя беларускія могілкі, дзе знаходзіцца і магіла Алеся Салаўя. Тут былі запісаны першыя інтэрв'ю з жанчынамі-беларускамі, што прыехалі ў Аўстралію ў паваенны час. Менавіта гэтыя ўспаміны і былі мэтай майго прыезда ў Аўстралію. Розныя гісторыі, розныя лёсы. Хтосьці ўцякаў ад рэпрэсій савецкае ўлады, нехта, вывезены пад час Другой сусветнай вайны на прымусовыя працы ў Нямеччыну, не захацеў вяртацца ў Беларусь. Але ўсіх беларусаў яднала тое, што яны не забыліся на сваё імя, на сваю мову, сваю культуру. І жанчыны засталіся такімі ж, якія былі іх матулі і бабулі: шчырыя, працавітыя, добрыя жонкі і адданыя маці. Крыху дзіўна было бачыць так далёка ад Беларусі такіх блізкіх і такіх знаёмых людзей. Яны вырошчваюць у гародчыках агуркі і памідоры, нягледзячы на тое, што ўсё гэта танна можна набыць у краме. Яны квасяць капусту, яны ходзяць па грыбы, яны гатуюць дранікі і кісялі. Увесь час ужываюць звычайныя беларускія стравы.

1981. Мельбурн. ІV сустрэча беларусаў АўстралііНекаторыя беларусы ў Аўстраліі ад самага пачатку ўспрымалі гэтую краіну як часовае месца жыхарства. Доўга мелі надзею, што ў Беларусі штосьці зменіцца і будзе магчымасць вярнуцца. Да 1965 г., напрыклад, не прымалі аўстралійскае грамадзянства айцец Аляксандр і матушка Тамара Грыцукі.

Адэлаіда. Тут жывуць беларусы не толькі старой хвалі, але і новай, - тыя, хто з'ехалі з Беларусі ў 1990-я гады. Прадстаўнікі новай хвалі ідуць па слядох старой. У большасці выпадкаў ім даводзіцца забывацца на тое, чым яны займаліся на Радзіме, і пачынаць з некваліфікаванай працы. Хтосьці ідзе вучыцца і набывае новую прафесію, некаторыя спрабуюць абараніць свае дыпломы (асабліва гэта датычыць медыкаў), але для гэтага трэба адвучыцца і здаць іспыты. Зрабіць кар'еру ў Аўстраліі эмігранту, якому за сорак, амаль нерэальна. Аднак і працуючы на "непрэстыжнай працы" можна набыць дом, аўтамабіль і забяспечыць усе мінімальныя патрэбы. Адзінае, што трэба, - працаваць. І маладыя беларусы працуюць, працуюць шмат. Тое ж рабілі і іхнія папярэднікі.

1981. Мельбурн. ІV сустрэча беларусаў АўстралііУражвае працавітасць і энтузіязм у дачыненні да беларускай справы ў асяроддзі беларусаў новай хвалі. Жарковы, Камінскія, вялікая сям'я Кавалеўскіх. Новы старшыня Беларускага Аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі сп. Віктар Кавалеўскі - чалавек надзвычай таленавіты і працавіты. У Адэлаідзе, у адрозненні ад Мельбурна і Сіднея, прадстаўнікі новай хвалі беларускай эміграцыі маюць кантакты са старымі.

Побыт у Адэлаідзе складаўся з інтэнсіўнага збору ўспамінаў і няспынных кантактаў з людзьмі розных пакаленняў. Найбольшае ўражанне зрабіла сустрэча з сям'ёй Бурносаў, адданых і ахвярных удзельнікаў беларускага жыцця. Засталося пачуццё ўдзячнасці за тую цеплыню, якой ахінулі ў гэтым горадзе.

1977. Мельбурн.І сустрэча беларусаў АўстралііСідней. Як і ў Адэлаідзе, сіднейскія беларусы стварылі атмасферу гасціннасці і добразычлівасці. Зноўку было шмат успамінаў, гісторый, уражанняў. На святкаванне ўгодкаў БНР у беларускім доме сабралася больш за 60 асобаў. І гэта толькі невялікая рэшта. Захавалася шмат фотаздымкаў з беларускіх нацыянальных святаў, выстаў, спеваў, што ладзіліся ў 1970-80-я гады. У Сіднеі беларусаў найбольш, таму не дзіва, што менавіта тут паўстала Беларускае радыё, якое працуе ўжо больш за 20 гадоў. Спачатку былі паўгадзінныя перадачы, цяпер гадзінныя. Доўгія гады пасля першага кіраўніка Аркадзя Качана і Аўгінні Каранеўскай выпускам перадач займаўся Міхась Лужынскі. У 90-х ён перадаў справу ў рукі прадстаўніка новай хвалі беларускіх эмігрантаў Славы Елкановіча, цяперашняга кіраўніка. Сіднейскае беларускае радыё не адзінае ў Аўстраліі. У 70-я гады існавала аналагічнае ў Мельбурне, цяпер працуе Беларускае радыё ў Пэрце.

Канбэра. Вандроўка ў Канбэру суправаджалася запісам ўспамінаў Міхася Лужынскага. Тут мы мэтанакіравана наведалі сям'ю Парэцкіх. Спадарыня Эва напісала свае ўспаміны.

Развітанне. Апошнія дні былі надзвычай насычаныя. Найбольш запомніўся Сіднейскі ўнівэрсітэт і доктар псіхалогіі Вольга Качан. Яна ўкраінка, але была жонкай вядомага беларускага дзеяча Аркадзя Качана і вельмі прыгожа размаўляе па-беларуску. Апошні візіт быў да гасціннага спадарства Антухоў. Усе беларускія госці абавязкова спыняюцца тут. Апошнія ўспаміны запісаныя на дыктафон.

На здымках: 1954, Мельбурн, Беларускі спартовы клуб, футбольная каманда "Зубр"; 1972, Беларускі Дом, сям'я Грушаў; 1977, Мельбурн, І сустрэча беларусаў Аўстраліі; два наступныя здымкі - 1981, Мельбурн, ІV сустрэча беларусаў Аўстраліі.

Наталля Гардзіенка

Нашы славутыя землякі

Кастусь Акула

Кастусь Акула (сапраўднае імя Аляксандр Ігнатавіч Качан) - празаік, паэт, драматург.

Кастусь АкулаНарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). З прыходам бальшавікоў бацька быў рэпрасаваны і загінуў у ГУЛАГу. А.Качан вучыўся спачатку ў польскай, затым у расійскай школах, падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім (1942), некаторы час працаваў настаўнікам сямігодкі ў в. Порплішчы. У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА), пераехаў у Мінск, адкуль пачалося выгнанне. Беларускія салдаты БКА апынуліся ў Эльзасе, перайшлі на бок французскага Супраціўлення, затым ваявалі супраць немцаў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічалі ў славутай бітве пры Монтэ-Касіна, дзе загінула шмат беларусаў. Аляксандр Качан быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. эміграваў у Канаду. Адбыўшы двухгадовы кантракт на сельскагаспадарчых работах, ён пераехаў у Таронта.

Кастусь Акула з'яўляецца адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў далёкім замежжы. Грамадскай працай пачаў займацца яшчэ ў Нямеччыне, працаваў у беларускай газеце "Бацькаўшчына", якая пачала выходзіць у Мюнхене. Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША, рускамоўнымі эмігранцкімі часопісамі. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант", праз якую трымалі сувязь з беларусамі, расселенымі па іншых месцах Канады. Нязменны ўдзельнік, ініцыятар нацыянальных свят, фэстаў, сходак з нагоды тых ці іншых палітычных падзей на Бацькаўшчыне, арганізатар антыкамуністычных акцый як на беларускім, так і на міжнацыянальным франтах.

І самае галоўнае: Кастусь Акула - найперш пісьменнік, талент якога пачаў праяўляцца ў маладыя гады яшчэ на Бацькаўшчыне. Раннія вершы К.Акулы друкаваліся падчас вайны ў мінскай "Беларускай газэце", у "Голасе вёскі" пад псеўданімам Міхась Козыр. Ужо тады ён, прысягнуўшы на вернасць Бацькаўшчыне, заклікаў беларуса змагацца, "мець гонар палегчы за вольнасць дзяцей". Вершы праходзілі праз рукі Ф.Аляхновіча, які, пасля неспадзяванага вызвалення з салавецкага ГУЛАГу, жыў у Вільні, падтрымліваў маладога аўтара. Пазней, ужо на эміграцыі, шмат піша артыкулаў, нарысаў, фельетонаў і змяшчае іх у эмігранцкіх выданнях пад псеўданімам Кастусь Акула, які стаў яго пастаянным прозвішчам. Ён амаль цалкам пераходзіць да жанру прозы, хаця іншы раз з'яўляюцца і вершы, як водгук на востранадзённыя праблемы беларускай рэчаіснасці.

Асноўныя празаічныя творы Кастуся Акулы - раман "Змагарныя дарогі" (1962), трылогія "Гараватка" - носяць выразна аўтабіяграфічны характар, ідэйна аб'яднаны вобразам галоўнага героя, які, хоць і мае розныя прозвішчы - Янук Бахмач ("Гараватка"), Сымон Спарыш ("Змагарныя дарогі"), - аднак ягоны лёс (вясковае дзяцінства, ранняе юнацтва, вучоба, смерць маці ад кулі польскага асадніка, цяжкае жыццё бацькі, вайна, выгнанне, чужыя дарогі Еўропы) шмат ў чым нагадвае лёс самога пісьменніка. Калі раман "Змагарныя дарогі" - першы ў беларускай прозе твор на забароненую ў савецкія часы тэму - апавядае пра лёсы беларусаў БКА, якія ваявалі супраць немцаў у шэрагах брытанскіх, польскіх, французскіх, італьянскіх атрадаў, і якія прайшлі ад Мінска і Вільні да Монтэ-Касіна і гінулі, несучы ў сэрцах сваю Радзіму-Беларусь, то "Гараватка" звернута да традыцыйнай у нашай літаратуры тэмы жыцця сялянства. Аўтар бачыць і раскрывае жывую душу народу ў тых простых, звычайных беларусаў, побач з якімі жыў, сталеў ён сам. Сярод іх былі змагары за волю і незалежнасць, вясковыя мудрацы, таленавітыя мастакі-самародкі, паэты і казачнікі, стваральнікі народнага мастацтва, самабытныя творцы, народныя асілкі-волаты, якія з'яўляліся той жыццядайнай сілай, тымі ўстойлівымі карэннямі, якія жывілі беларускую нацыю, не давалі ёй знікнуць, растварыцца сярод іншых. У трылогіі выкарыстоўваюцца народныя паданні і легенды пра слаўнае мінулае Беларусі. Як сімвал шматпакутнай Бацькаўшчыны паўстае прыгожая, зялёная выспа Гараватка і магутны дуб на ёй, празваны Архіпам. He раз імкнуліся знішчыць яго чужынцы, але народ заўсёды бараніў Архіпа, не даваў падсекчы яго карэнне, і ён ужо многія стагоддзі ахоўваў Гараватку і ўсё жывое наваколле.

Раман "За волю" (Таронта, 1991) прысвечаны жыццю нацыянальна свядомай беларускай эміграцыі ў Канадзе. Паралельна аўтар апісвае тыя варожыя сілы, што садзейнічалі расколу ў асяроддзі беларускіх эмігрантаў, агітавалі за вяртанне ў савецкую Беларусь, не грэбуючы ніякімі метадамі - паклёпы, хлусня, крывадушная прапаганда, шантаж, забойствы, запалохванне родных на Радзіме. Раман "За волю" адзіны пакуль што ў беларускай літаратуры распавядае пра жыццё беларусаў у далёкім замежжы. Яму папярэднічала кніга "Усякая ўсячына" (1984), у якой К.Акула таксама шмат расказвае пра жыццё беларусаў-эмігрантаў у Канадзе. Гэта найперш камедыя "Тараканы ў саладусе", з гумарам напісаныя "Запіскі Яўхіма Крайняга", нарысы, апавяданні, фельетоны.

К.Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове "Заўтра - гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары, паказаны праз пакутніцкі лёс настаўніцы Марыі Каравай.

Мастацкія творы, публіцыстыка К.Акулы ўносяць шмат новага, адметнага, асабліва ў нацыянальна-тэматычньм плане, у сучасную беларускую літаратуру, узбагачаюць, дапаўняюць яе тэмамі, ідэямі, праблемамі якія не закраналіся ў савецкія часы.

Кастусь Акула жыве ў Канадзе.

Лідзія Савік

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Хронiка дзейнасцi МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

2003 год, студзень - травень

Студзень:

  • Працяг выпуску інфармацыйных бюлетэняў "Беларусы ў свеце" і распаўсюджванне па арганізацыях беларускай дыяспары ў 18 краінах свету.
  • Абвяшчэнне Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац "Рэфармацыя і рэнесанс у Беларусі. XVI ст.".
  • Засанаванне серыі кніг "Беларуская дыяспара".
  • Абвяшчэнне Міжнароднага дзіцячага гістарычнага літаратурна-мастацкага конкурсу "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі".
  • Перавыданне кнігі дзіцячых сачыненняў "Беларусь - мая Бацькаўшчына".

Люты:

  • Удзел ва Устаноўчым сходзе Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Югры" Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Арганізацыя выступу гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" на ўрачыстым канцэрце.
  • Правядзенне пасяджэння Малой Рады.
  • Правядзенне вечарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча.
  • Абвяшчэнне гістарычнай віктарыны, прысвечанай 450-годдзю Рэфармацыі ў Беларусі, і размяшэчнне каляровых плакатаў з тэкстам віктарыны ў метро.
  • У межах дзейнасці Нацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 85-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі падрыхтоўка да правядзення Урачыстага сходу.
  • Падтрымка правядзення серыі лекцый "Гісторыя, якой няма ў падручніках", арганізаваных МГА "Гісторыка".

Сакавік:

  • Правядзенне Урачыстага сходу грамадскасці, прысвечанага 85-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • Правядзенне міжнароднага круглага стала "Дыялог дзеля партнёрства" з удзелам грамадскіх арганізацый Беларусі і Швецыі.
  • Падрыхтоўка да выдання кнігі ў серыі "Беларуская дыяспара" з рабочай назвай "Беларуская моладзь Францыі".

Красавік:

  • Правядзенне сумесна з Таварыствам беларускай мовы вечарыны "Засьпявай мне песьню", прысвечаную памяці Ларысы Геніюш.
  • Правядзенне Міжнароднага круглага стала "Традыцыі талерантнасці ў ВКЛ" з удзелам навукоўцаў Беларусі і Польшчы, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Беларусі, Нарвегіі, Галандыі.
  • Удзел ва ўзнагародзе дзяцей - пераможцаў адкрытых рэспубліканскіх конкурсаў "Лёс, лёсам, пра лёс" і "Я маю твор...", арганізаваным Міжнароднай грамадскай арганізацыяй "Зялёны Крыж".

Травень:

  • Падрыхтоўка да правядзення святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 10-годдзю Першага з'езду беларусаў свету ў ліпені 2003 г.
  • Падвядзенне вынікаў дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу "Гістарычныя вандроўкі".
  • Правядзенне перамоў аб падрыхтоўцы да выдання кніг пра беларусаў Аўстраліі і газету "Беларус" (ЗША) у серыі "Беларуская дыяспара", заснаванай МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
  • Праца над стварэннем электроннай версіі Галерэі грамадскіх і культурных дзеячаў беларускага замежжа.
  • Падрыхтоўка да правядзення гістарычнай віктарыны, прысвечанай 450-годдзю Рэфармацыі ў Беларусі.
  • Правядзенне работы па арганізацыі дзіцячага аздараўленчага адпачынку для дзяцей - пераможцаў конкурсу "Гістарычныя вандроўкі".
  • Падрыхтоўка да правядзення выставы малюнкаў дзяцей - удзельнікаў конкурсу "Гістарычныя вандроўкі".
  • Правядзенне сустрэч з кіраўнікамі дзіцячых дамоў і дамоў-інтэрнатаў (беларускамоўная Вілейская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем мовы, Аб'яднанне апекуноў і дзяцей-сірот "Надзея", Вярэйкаўская спецшкола-інтэрнат, Быценская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі мовы), дзеці з якіх бралі ўдзел у конкурсах "Бацькаўшчыны", з мэтай аказання ім шэфскай дапамогі.
  • Падрыхтоўка да экспазіцыі, прысвечанай Нікадзіму Жызнеўскага, дзеячу беларускага нацыянальнага руху ў ЗША.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Увага! Конкурс!

Вялікая Рада МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" запрашае прадстаўнікоў беларускай дыяспары да ўдзелу ў конкурсе на лепшы тэкст гімна нашай арганізацыі!

Музыка гімна "Бацькаўшчыны" была зацверджана на ІІІ з'ездзе беларусаў свету і запазычана са старадаўняга беларускага зборніка "Полацкі сшытак" (ХVІІ ст.). Гэты твор быў апрацаваны кампазітарам Вячаславам Кузняцовым. Надыходзіць новы этап у стварэнні гімна "Бацькаўшчыны" - неабходны ўрачысты вершаваны твор, які стане тэкстам гімна і адкрые Чацвёрты з'езд беларусаў свету ў 2005 годзе.

Тэксты на конкурс гімна будуць прымацца да 31 снежня бягучага года.

Ноты выкладзены на сайце www.zbsb.org

Патрабаванні да рытмаарганізацыі тэкста дадаюцца:
/_ _ /_ /_ _ /
/_ _ /_ /_ _ /_
/_ _ /_ /_ _ /
/_ _ /_ /_ _ /_ _/

/_ _ /_ _ /_ _ /
/_ _ /_ _ /_ _ /
/_ _ /_ _ /_ _ /
/_ _ /_ _ /_ _ /

/_ _ /_ /_ _ /
/_ _ /_ /_ _ /_ _/

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Думка

Бюлетэні "Беларусы ў свеце" каштоўныя тым, што ў іх сабраны і паданы да агульнага ведама весткі пра дзейнасць беларусаў. Вось гэтыя весткі натхняюць жывым духам беларусаў да творчай дзейнасьці ў іхніх асяродках, стымулююць ініцыятыву ды наагул беларускі нацыянальны дух.

Раіса Жук-Грышкевіч

Падзяка

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае падзяку за падтрымку арганізацыі спадару Анатолю Лук'янчыку (ЗША).
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by