МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванні

3 кастрычніка - Дзень нараджэння шчырага беларуса, мастака, грамадскага дзеяча беларускай дыяспары Францыі Міхася Навумовіча! Вельмі шаноўны спадар Міхась! Кіраўніцтва і Управа Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуюць Вас з 80-годдзем і зычаць Вам добрага здароўя, шчасця і новых поспехаў на карысць Беларусі.

Кніжная паліца

МГА "Беларускі кнігазбор" па заказу Згуртавання "Бацькаўшчына" выпусціў у свет Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі "Рэфармацыя і залаты век Беларусі", якая адбылася ў Мінску 1 чэрвеня 2002 году. На канферэнцыі разглядаліся пытанні гісторыі, сучаснасці і перспектыў рэфарматарскага руху на Беларусі. Рэдакцыйную калегію ўзначаліў доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, у рэдкалегію ўвайшлі таксама доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, укладальнік С. Акінчыц.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Беласток, Польшча

У Беластоку адбылася прэзентацыя новых падручнікаў для беларускіх гімназій і ліцэяў у Польшчы. Мерапрыемства было арганізавана беластоцкім выдавецтвам "Ортдрук", якое ажыццявіла выхад гэтых кніг. Дэпутат польскага Сейма Яўген Чыквін прадставіў два новыя падручнікі - "Гісторыя Беларусі" і падручнік беларускай мовы для 2-га класа гімназіі "Шлях да сябе". Сёння ў падляскіх школах з беларускай мовай навучання вучацца 3,5 тысячы вучняў: каля 1800 - ў сярэдніх школах, 500 - у гімназіях і каля 1200 - у двух агульнаадукацыйных ліцэях.

"Беларускі дайджэст". 2002. кастрычнік

Ханты-Мансійская акруга, Расія

23 верасня ў горадзе Ханты-Мансійску зарэгістраваная новая беларуская арганізаццыя - гарадское нацыянальна-культурнае таварыства "Сябры". 30 верасня раённую арганізацыю культурна-асветнага таварыства "Спадчына" узначаліў Сяргей Бандарэнка. На больш позні тэрмін, у сувязі са зменамі ў заканадаўстве, пераносіцца рэгістрацыя Нацыянальнай аўтаноміі беларусаў у горадзе Сургуце.

Мельбурн, Аўстралія

На пасяджэнні Беларускага сацыяльнага клубу ў Мельбурне ў прысутнасці 43-х сяброў клубу была заснаваная новая беларуская арганізацыя: Аўстралійска-беларускае аб'яднанне састарэлых. Ва Управу былі абраныя: Аўген Груша (старшыня), Таня Спітэры (сакратар), Аліся Яшчанка, а. Аляксандр Грыцук, Шура Русак. Мэта арганізацыі - глядзець і аказваць усякую дапамогу старэйшым беларусам. Пададзены ліст-заява ў Аўстралійскія дзяржаўныя ўстановы аб прыняцці нашай арганізацыі пад дзяржаўную апеку.

Аўген Груша

Вільня, Літва

Фестываль беларускай песні, прысвечаны 120-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа, адбыўся ў Вільні з удзелам і пры актыўнай падтрымцы пасла У.Гаркуна і кіраўніцтва гораду.

"Наша ніва". 2002. 11 каст.

Вільня, Літва

У вялікай экспазіцыйнай зале Віленскай бібліятэкі імя Адама Міцкевіча адкрылася выстава вядомых беларускіх фотамастакоў, членаў Народнага фотаклуба "Мінск" "Шляхамі Купалы і Коласа" з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння славутых класікаў беларускай літаратуры. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы ўзялі ўдзел намеснік Старшыні Сейма Літоўскай Рэспублікі Чэславас Юршэнас і група парламентарыяў, кіраўнікі Міністэртва культуры Літвы і шэрагу грамадска-культурных, навуковых, дзелавых арганізацый і колаў, пісьменнікі, прадстаўнікі беларускай дыяспары. З прывітаннем да прысутных звярнуліся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ў Літве Уладзімір Гаркун і дырэктар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча Петрас Зурліс, якія падкрэслілі ролю культурных акцый ва ўсталяванні і развіцці добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Літвой. Прамоўцы таксама адзначалі той факт, што імёны знакамітых беларускіх песняроў цесна звязаны з Вільнюсам, дзе яны пэўны час жылі, працавалі, пісалі свае бессмяротныя вершы і творы. Падчас адкрыцця экспазіцыі беларусазнаўцамі, настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры беларускай школы імя Францыска Скарыны горада Вільнюса былі прачытаны вершы і ўрыўкі з прозы славутых юбіляраў.

Дзяржтэлерадыёкампанія. 2002. 2 каст.

Вільня, Літва

Камітэт па адукацыі, навуцы і культуры сейма Літвы прыняў пастанову аб узнаўленні ў Вільні дзейнасці Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Працяглы час літоўскія ўлады казалі аб немагчымасці рэалізацыі гэтай ідэі. На III-м з'ездзе беларусаў Балтыі ў ліпені гэтага году пытанне аб узнаўленні дзейнасці музея было зноў узнятае, і прадстаўнікі 12 краін звярнуліся з гэтай прапановай да ўраду і дэпутатаў парламента Літвы. Мяркуецца, што за перыяд свайго аднаўлення музей будзе мець статус філіяла аднаго з вядомых дзяржаўных музеяў Літвы, але размяшчацца будзе ў тым жа будынку ў Вільні, дзе ён дзейнічаў раней.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Вільня, Літва

У Таварыстве беларускай культуры ў Вільні адзначылі 110-я ўгодкі Зоські Верас. Пра легендарную пісьменніцу распавяла яе дачка Галіна Антонаўна Войцік-Луцкевіч. У Вільні Зоська Верас пражыла 68 гадоў; тут яна на пачатку ХХ стагоддзя актыўна займалася грамадскай і культурнай дзейнасцю, рэдагавала часопісы "Заранка" і "Пралескі". Госцем свята быў вядомы даследчык беларускай літаратуры Уладзімір Содаль. Ён расказаў пра сустрэчы з Зоськай Верас, шмат новых і цікавых звестак пра пісьменніцу.

Леакадзія Мілаш

Чыкага, ЗША

"Месячнік яднаньня" - так назвалі гэту сваю незвычайную ініцыятыву Чыкагскі дэпартамент авіяцыі і Цэнтр узаемаабмену пры Чыкагскім Філд-музеі. Пачалася гэтая падзея сёлета адразу пасля 11 верасня, пасля сумнай першай гадавіны ад дня тэрарыстычнага акту на амерыканскай зямлі. Арганізатары мерапрыемства імкнуліся падкрэсліць неабходнасць узмацніць у наш час адзінства людзей самых розных нацыянальнасцяў, рэлігій і духоўнасці, і перш за ўсё - людзей творчых, прадстаўнікоў мастацтва. Таму для ўдзелу ў "Месячніку яднання" былі запрошаны творцы з розных краінаў свету і прадстаўнікі некаторых этнічных групаў горада Чыкага. Вялікія залі і прасторныя пераходы ў чыкагскіх аэрапортах "О'Хара" і "Мідвэй" сталі на гэты час мастацкімі галерэямі і канцэтнымі пляцоўкамі. Экспанаваліся працы многіх мастакоў розных жанраў і майстроў мастацкай фатаграфіі. Сярод гэтых твораў вылучаліся карціны прадстаўніка нашых чыкагоўскіх беларусаў мастака Дзмітрыя Башка, святара Беларускай праваслаўнай царквы Святога Юр'я. З ягонай мастакоўскай творчасцю многія аматары жывапісу ў нашым горадзе азнаёміліся падчас леташняй выставы "Зямля пад белымі крыламі", дзе экспанаваліся працы аўтараў, што паходзяць з Беларусі. Па спецыяльных раскладах у аэрапортах "О'Хара" і "Мідвэй" у вялікіх залях ішлі канцэрты, падчас якіх выступалі музычныя і танцавальныя ансамблі і групы з Аўстрыі, Швецыі, Японіі, Кітаю, Люксембургу, Швейцарыі, Ірландыі, Калумбіі, Уругваю і іншых краін. Але два асобныя дні ў аэрапорце "Мідвэй" былі прадугледжаны для канцэртаў беларускага танцавальна-музычнага моладзевага ансамблю "Лянок", створанага пры Беларускай праваслаўнай царкве Святога Юр'я. Абодва выступленні ансамблю "Лянок" прайшлі з велізарнейшым поспехам. Дзеля гэтых канцэртаў амаль цалкам была абноўлена праграма; выконваліся традыцыйныя беларускія танцы, гучалі народныя песні. Шматлікія гледачы вельмі цёпла віталі удзельнікаў гурта Аліну Ступакевіч, Марыю Башко, Кацярыну і Ірыну Камаровых, Ірыну Севасьцьянаву, Ганну Васіленка, а таксама кіраўнікоў гэтага вельмі адметнага і яскравага калектыву Алену Ступакевіч і Ірыну Башко.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Чыкага, ЗША

У канцы верасня ў Чыкага з кароткачасовым візітам пабываў Станіслаў Шушкевіч. Сустрэча адбылася ў вялікай зале ОРТ-інстытуту. "Ці стане Беларусь губерняй Расіі?" - такая была тэма гэтай гутаркі. Адбылася прэзентацыя новай кнігі Станіслава Шушкевіча "Неакамунізм у Беларусі: ідэалогія, практыка, перспектывы". Кнігу аўтар не мог выдаць на радзіме; яна надрукавана ў Смаленску. Станіслаў Шушкевіч быў госцем вядомага беларускага сямейства Веры і Вітаўта Рамукоў, а таксама выступіў у новай праграме па адным з каналаў чыкагскага тэлебачання.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Ераван, Арменія

6 кастрычніка ў памяшканні Ерэванскай агульнаадукацыйнай школы імя А.С.Пушкіна навучэнцы беларускай нядзельнай школы суполкі "Беларусь" правялі на беларускай мове свой першы восеньскі баль "Залатая восень".

Да свята вучні падрыхтавалі пастаноўку "Восень" паводле твораў беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Артура Вольскага, сцэнарый якой напісалі настаўнікі школы. Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Арменія Валерый Сысоеў, які прыняў удзел у свяце, падзякаваў юным выканаўцам і ўручыў ім прыгожа аформленыя кнігі на беларускай мове.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларусы Іркуцка

7 кастрычніка 2002 г. у г. Іркуцку ў Музеі гісторыі адбылося адкрыццё выставы "Дзень добры ў хату - беларусы ў Іркуцку". Выстава была арганізавана Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Я.Чэрскага на чале з Алегам Рудаковым. Выстава прысвечана гісторыі засялення беларусамі Прыбайкалля. Падзея шырока асвятлялася ў мясцовай прэсе - прысутнічалі 5 тэлеканалаў, карэспандэнты газет. Падчас адкрыцця адбыўся канцэрт фальклорнага гурта "Ленушка", які дзейнічае пры ІТБК імя Я.Чэрскага. Выстава складаецца з наступных раздзелаў, падрыхтаваных на грамадскіх пачатках сябрамі ІТБК:

  • удзельнікі паўстання 1863 г.;
  • сталыпінская рэформа: перасяленцы;
  • удзельнікі ВАВ;
  • радаводы байкальскіх беларусаў (некаторыя з якіх ахопліваюць 5-6 пакаленняў і налічваюць больш за 100 чалавек);
  • палітыкі і знакамітыя людзі беларускага паходжання;
  • дзейнасць ІТБК імя Я.Чэрскага.

Наведвальнікі музея змогуць знаёміцца з гісторыяй беларусаў Прыбайкалья на працягу 6 месяцаў.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Гістарычная даведка

Беларускі музей у Вільні (Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І.Луцкевіча) быў заснаваны ў 1921 годзе на базе прыватнай калекцыі этнографа і археолага Івана Луцкевіча. У канцы жыцця Луцкевіч перадаў свае зборы Беларускаму навуковаму таварыству для будучага нацыянальнага музея. Да заснавання музея калекцыі захоўваліся пры рэдакцыі газеты "Наша ніва", дзе былі крыніцай вывучэння гісторыі роднага краю для Я.Купалы, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, В.Ластоўскага і інш. Стварэннем музея займаўся і кіраваў яго дзейнасцю да 1939 году Антон Луцкевіч. Дырэктарамі музея былі М.Пецюкевіч і Я.Шутовіч. Музей расмяшчаўся ў будынку былога базыльянскага кляштара, меў 5 экспазіцыйных залаў, архіў і бібліятэку (больш за 14 тысяч тамоў). Зберагаліся калекцыі: археалагічная, сфрагістычная, нумізматычная, медалёў і крыжоў, слуцкіх паясоў, дываноў, беларускіх музычных інструментаў, разбярства, старажытнай зброі, абразоў, старажытных кніг і старадрукаў, старадаўняга адзення, карцін 16 - 19 стст. Музей быў гвалтоўна зачынены ў 1945 годзе. Думка пра яго аднаўленне ўзнікла ў колах старэйшай беларускай інтэлігенцыі на пачатку 80-х гадоў. Пытанне пра аднаўленне дзейнасці музея з 1989 году найбольш актыўна ўздымалася Таварыствам беларускай культуры, якое ўзначальвае Хведар Нюнька.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Падзея

З'езд беларусаў Расіі

2 кастрычніка 2002 г. у Маскве адбыўся чарговы ІІ з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". У з'ездзе бралі ўдзел 87 дэлегатаў з 94 абраных ад 11 рэгіянальных аўтаномій з Комі, Карэліі, Краснаярска, Калінінграда, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Яраслаўля, Ніжняга Ноўгарада, Саратаўскай вобласці, Туапсэ, Навасібірска і Екацерынбурга. На з'ездзе прысутнічала вялікая колькасць гасцей - сяброў беларускіх грамадскіх аб'яднанняў з розных рэгіёнаў Расіі. У форуме таксама бралі ўдзел у якасці гасцей прадстаўнікі МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Беларускія афіцыйныя колы на з'ездзе былі прадстаўлены віцэ-прэм'ерам Рэспублікі Беларусь У.Дражыным, міністрам інфармацыі М.Падгайным, міністрам культуры Л.Гулякам, намеснікам старшыні камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў У.Ламекам. Госці і дэлегаты з'езду заслухалі справаздачны даклад старшыні ФНКА Ф.Каўрыгі. У сваіх выступах кіраўнікі рэгіянальных аўтаномій інфармавалі пра дзейнасць сваіх арганізацый, пра праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца і якія патрабуюць вырашэння з боку як расійскай, так і беларускай дзяржаў. Беларусаў Расіі турбавалі такія пытанні як адсутнасць беларускага цэнтральнага друкаванага органа, адсутнасць інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Маскве, адсутнасць дзейснага механізма падтрымкі аўтаномій мясцовымі адміністрацыямі, слабыя гарызантальныя сувязі паміж арганізацыямі. Шмат ўвагі надавалася і пытанням саюзнай дзяржавы. Прадстаўнікі ўрада Беларусі дыпламатычна абыходзілі пытанне саюзнай дзяржавы. У выніку працы з'езда прыняты зварот да прэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Ініцыятыўная група дэлегатаў форуму прапанавала прыняць заяву ў падтрымку дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, аднак заява не была прынята дэлегатамі з'езду.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

У Маскве прайшоў другі з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі", якую актыўна падтрымліваюць беларускія ўлады. Мы звярнуліся па каментар з нагоды гэтай падзеі да лідэраў беларускай дыяспары ў Маскве. На гэтым з'ездзе прысутнічалі больш за 400 дэлегатаў, у асноўным беларусаў паводле паходжання. З'ездам апекаваўся афіцыйны Мінск. Пасланне дэлегатам накіраваў Аляксандар Лукашэнка, а беларускую дэлегацыю ўзначальваў віцэ-прэм'ер Уладзімір Дражын. З'езд прыняў зварот да кіраўніцтва Расіі і Беларусі з заклікам хутчэй аб'яднацца ў гэтак званую адзіную саюзную дзяржаву. Прадстаўнікоў беларускіх арганізацый дэмакратычнай скіраванасці на з'езд не запрасілі. Тым не менш, некаторыя з іх там прысутнічалі. Вось уражанні сустаршыні Маскоўскага аб'яднання беларусістаў Аляксея Каўкі: "З'езд ішоў у інтэграцыйным напрамку. Але на агульным інтэграцыйным фоне прагучалі ўласна беларускія па форме, мове і з'месту галасы, прычым мясцовых аб'яднанняў і суполак. Я хачу сказаць, што трэба адрозніваць гэтае афіцыйнае рэчышча, якое супярэчыць інтарэсам беларускага народу і дзяржавы. Там у залі быў не народ, а чынавенства, адстаўныя палкоўнікі і генералы і былыя камуністычныя начальнікі. І разам з тым былі прадстаўнікі беларускага адраджэння. Іх галасы таксама прагучалі." А вось думка актывісткі маскоўскай Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны Таісы Мішчанкі: "Мы з самага пачатку ведалі, што калі там і будуць прымаць рэзалюцыі, гэта будуць рэзалюцыі з патрабаваннем паскарэння інтэграцыі. Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Расіі" не мае права рабіць заявы ад імя ўсёй беларускай дыяспары ў Расіі. Таму што большасць расійскіх беларусаў не трымаецца такіх поглядаў. Большасць з іх - свядомых, беларускамоўных, нават такіх, якія трохі забылі родную мову - яны ўсё роўна выступаюць за незалежнасць Бацькаўшчыны, каб яна сябравала з усімі, але не ўваходзіла ў склад іншай дзяржавы."

Радыё "Свабода". 2002. 3 каст.

На ІІ-м з'ездзе ФНКА "Беларусы Расіі" прынята рашэнне "лічыць важнейшай задачай актыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі і органамі ўлады ў іх дзейнасці, накіраванай на яднанне расійскага і беларускага народаў, стварэнне саюзнай дзяржавы".

Доктар гістарычных навук, прафесар А. Чэрняк:

- Як вядома ёсць тры варыянты аб'яднання. Першы - поўная інтэграцыя. Гэты шлях непрымальны для Беларусі, бо ёсць небяспека, што Расія поўнасцю яе "паглыне". Другі варыянт - гэта мадэль Еўрасаюза. Выкарыстанне яе таксама спрэчна, паколькі не ўсе еўрапейскія маделі можна выкарыстаць у славянскіх краінах. Відавочна, працэс аб'яднання пойдзе па трэцім шляху - далейшым развіцці інтэграцыі на падставе Саюзнай дамовы, падпісанай кіраўнікамі нашых краін.

Старшыня ФНКА "Беларусы Расіі" Ф. Каўрыга:

- Нягледзячы на неабарачальнасць аб'яднаўчага працэсу, у цяперашні час назіраецца пэўны застой у стратэгіі. Мне здаецца, што прыярытэтным накірункам інтэграцыі з'яўляецца стварэнне агульнага рынка працы. Адным з інструментаў правядзення ўзгодненай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне з'яўляецца бюджэт Саюзнай дзяржавы, арыентаваны на рэалізацыю расійска-беларускіх праграм і мерапрыемстваў. Сёння, у многім дзякуючы нашым рэгіянальным сувязям, стабілізуецца працэс эканамічнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Але ў той жа час запаволілася стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы, і гэта адна з праблем адзначаных на з'ездзе. Што датычыць прававога будаўніцтва, то яно можа ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці палітычнай волі, патрабуе палітычных рашэнняў. Фокусам прававога будаўніцтва з'яўляецца праца па падрыхтоўцы Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы, праект якога да гэтага часу не гатовы. Такой жа праблемай бачыцца і сфера фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы, стварэння сумесных медыя-структур.

"Труд". 2002. 9 каст.

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчыны"

Якому быць закону аб беларускай дыяспары?

Сёння за межамі Беларусі (у 73 краінах свету) пражывае больш за 3 мільёны беларусаў. Беларусы замежжа - неад'емная частка нацыі, велізарны чалавечы рэсурс, які пры сістэмных і ўзважаных падыходах дзяржавы і грамадскасці можа ператварыцца ў найважнейшы фактар імклівага эканамічнага і духоўнага ўздыму Беларусі.

На жаль, пытанні развіцця ўзаемаадносін з беларускай дыяспарай не сталі адным з важнейшых накірункаў знешняй палітыкі Беларусі. Не выканана ў поўным аб'ёме дзяржаўная праграма "Беларусы ў свеце" (1993 - 2000 гг.); большасць прапаноў беларускай дыяспары, выкладзеных у "Звароце да Парламента і Урада Рэспублікі Беларусь", прынятых на І з'ездзе беларусаў свету і дапоўненых на ІІ і ІІІ з'ездах беларусаў свету. Да гэтага часу не прынята Дзяржаўная праграма па працы з беларусамі замежжа на перыяд да 2010 г. Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў вядзе працу над праектам закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". Гэты закон непасрэдна тычыцца беларускай дыяспары. Таму, вельмі важна, каб ён стаўся не чарговай фармальнасцю, а рэальным падмуркам захавання беларускай прысутнасці ў свеце.

МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", абагульняючы прапановы беларусаў замежжа, выказаныя пад час з'ездаў беларусаў свету, выходзіць з наступнымі прапановамі па закону.

У галіне культуры:

Аказанне падтрымкі аб'яднанням беларускай дыяспары ў правядзенні культурных мерапрыемстваў і розных відаў культурнага абмену паміж Рэспублікай Беларусь і аб'яднаннямі беларускай дыяспары.

Спрыянне ўстаноўцы помнікаў беларускім дзеячам у месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа; рэстаўрацыі і захаванню беларускіх гістарычных і культурных помнікаў за межамі Беларусі.

Спрыянне стварэнню беларускіх інфармацыйна-культурных цэнтраў у месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа.

Аказанне дапамогі існуючым у замежжы беларускім бібліятэкам у папаўненні іх фондаў.

Аказанне матэрыяльнай і метадычнай падтрымкі мастацкім калектывам беларусаў замежжа.

Ажыццяўленне публікацый па гісторыі беларускай эміграцыі, нацыянальнай адукацыі ў замежжы і інш.

Арганізацыя супольнай працы з замежнымі беларускімі аб'яднаннямі па даследаванні пытанняў і вяртанню на Беларусь нацыянальных каштоўнасцяў беларускага народа.

У галіне навукі і адукацыі:

Правядзенне работы па адкрыццю ў замежжы на этнічных беларускіх тэрыторыях беларускіх школ і класаў.

Аказанне дапамогі існуючым беларускім школам і класам, арганізацыя для настаўнікаў гэтых школ курсаў павышэння кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Аказанне спрыяння беларусам замежжа ў атрыманні сярэдняй і вышэйшай адукацыі ў Беларусі з улікам квотаў для кожнай краіны на агульных, як для жахароў Беларусі, умовах па хадайніцтву аб'яднанняў беларусаў замежжа.

Арганізацыя аздараўленчага летняга адпачынку ў Беларусі для дзяцей беларусаў замежжа па адпаведных квотах.

Падтрымка ўсіх відаў навуковага абмену паміж аб'яднаннямі беларускай дыяспары і Беларуссю.

У галіне эканомікі:

Спрыянне прадстаўнікам прадпрымальніцкіх колаў беларусаў замежжа ў ажыццяўленні імі на Беларусі інвестыцыйных праектаў.

Стварэнне прадпрымальнікам - беларусам замежжа - па рэкамендацыі беларускіх аб'яднанняў замежжа ільготных умоваў вядзення бізнесу ў Беларусі пры ўмове іх дапамогі аб'яднанням беларусаў замежжа.

У галіне інфармацыйнага забяспячэння:

Спрыянне рэалізацыі правоў беларускай дыяспары ў краінах СНД, Балтыі і інш. атрымліваць, распаўсюджваць і абменьвацца інфармацыяй на беларускай мове.

Падтрымка ў краінах былога СССР агульнадзяржаўных выданняў на беларускай мове.

Заключэнне пагадненняў аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем памежных краін з улікам патрэб беларускай дыяспары і нацыянальных меншасцей Беларусі.

Даследаванне стану беларускай дыяспары, збор і аналіз інфармацыі, стварэнне базы дадзеных, прагназаванне працэсаў, матэрыяльнае забеспячэнне гэтай працы.

Забеспячэнне кіна-, відэа- і аўдыёматэрыяламі грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары.

Арганізацыйная аснова дзейнасці беларускай дыяспары:

Стварэнне ў складзе Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь асобнай структуры па справах беларускай дыяспары (Камітэта па справах дыяспары).

У Парламенце Рэспублікі Беларусь (у Савеце Рэспублікі і Савеце нацыянальнасцяў) стварэнне камісіі альбо падкамісіі па справах беларускай дыяспары.

Стварэнне ў Акадэміі навук спецыяльнай навуковай структуры з наданнем ёй функцый вывучэння і аналізу тэндэнцый развіцця беларускай дыяспары ў розных краінах свету.

Стварэнне асобных пасад у пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь па справах беларускай дыяспары.

Спрыянне дзейнасці грамадскім арганізацыям у Беларусі, якія супрацоўнічаюць з беларускай дыяспарай.

Выкарыстанне асоб з беларускай дыяспары як ганаровых консулаў, віцэ-консулаў і консульскіх агентаў Рэспублікі Беларусь у краінах іх пражывання згодна з Міжнароднай Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 г.

Стварэнне рэсурсных цэнтраў падтрымкі грамадскіх ініцыятыў у рэгіёнах пражывання беларускай дыяспары.

Стварэнне адпаведных міждзяржаўных камісій паміж Беларуссю і краінамі кампактнага пражывання беларусаў замежжа па рэалізацыі дамоў і пагадненняў аб забеспячэнні правоў асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей.

Стварэнне пры пасольствах Рэспублікі Беларусь цэнтраў юрыдычнай дапамогі прадстаўнікам беларускай дыяспары.

Ураду Рэспублікі Беларусь распрацаваць палажэнне "Аб статусе замежнага беларуса", у якім прадугледзець права на:

  • атрыманне шматразовай візы для ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;
  • неабмежаванага ў часе знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • уезду, знаходжання і выезду з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без аплаты пошлін, устаноўленых для замежных грамадзян;
  • доступ да адукацыі нароўні з беларускімі грамадзянамі;
  • доступ да медыцынскай аховы пад час знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;
  • набыццё маёмасці, зямлі, атрымання спадчыны нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;
  • атрыманне права на пастаяннае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь.

Да беларусаў замежжа павінны адносіцца наступныя катэгорыі асоб, якія пастаянна законна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь:

  • грамадзяне Рэспублікі Беларусь;
  • грамадзяне замежных краін альбо асобы без грамадзянства, якія нарадзіліся на тэрыторыі БССР альбо Рэспублікі Беларусь, з'яўляліся грамадзянамі былога СССР альбо Рэспублікі Беларусь;
  • асобы, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь да 1 студзеня 1919 г.;
  • асобы, якія ніколі не пакідалі беларускай тэрыторыі, але з-за геапалітычных працэсаў у перыяд з 1918 па 1945 гг. апынуліся па-за межамі сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • асобы, якія ўсведамляюць сябе беларусамі, г.зн. сваім паходжаннем, дзейнасцю, ужываннем беларускай мовы як штодзённай, выхаваннем нашчадкаў зазначылі сваю прыналежнасць да беларускага народу;
  • нашчадкі асоб, указаных у абзацах 2, 3, 4, 5 гэтага артыкула па прамой сыходнай лініі.

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" накіроўвае гэтыя прапановы ў Нацыянальны сход і Савет міністраў Рэспублікі Беларусь. Чакаем вашых заўваг і прапаноў.
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by