МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№12
ЛІСТАПАД

БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванні

Шаноўнае спадарства!

Кожны год 27 лістапада беларусы ўсяго свету адзначаюць Дзень герояў Беларусі. Управа "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуе ўсіх беларусаў з 82-мі ўгодкамі Слуцкага паўстання і зычыць далейшай плённай працы на карысць Радзімы.

З гісторыі. Акт 25-га сакавіка 1918 года быў сустрэты жыхарамі Случчыны з вялікім патрыятычным уздымам. 14 лістапада 1920 года адбыўся першы Беларускі з'езд Слуцкага павета, на які сабраліся 107 дэлегатаў. З'езд абраў Часовую Раду Случчыны і прыняў рэзалюцыю "Супраць захопу нашай Радзімы замежнай і самазванай савецкай уладай", а Рада Случчыны вылучыла патрабаванне незалежнасці Беларусі ў яе этнаграфічных межах ды пастанавіла бараніць інтарэсы беларусаў "нават сілай зброі".

Управа ЗБС "Бацькаўшчына"

Дарагія суродзічы!

Ад імя сяброў ВК ФРБА ў Аўстраліі і асабіста свайго вітаю Вас з 82-мі ўгодкамі Слуцкага Збройнага чыну, перасылаю нашыя ўрачыстыя віншаванні і пажаданні. Дзень 27-га лістапада 1920 года святкуецца беларусамі па ўсім вольным свеце, дзе іх толькі не закінула ваеннае ліхалецце, праводзяцца акадэміі, адпраўляюцца Божыя службы, пяюцца патрыятычныя песні. Сёння і на роднай Бацькаўшчыне патрыёты-змагары, якім дарагая Маці-Беларусь, разам з беларусамі ў вольным свеце горда шануюць сваіх патрыётаў - сыноў Случчыны. I цяпер, болей як калі, мы павінны сканцэнтраваць свае духовыя сілы і змагарнасць, каб дапамагаць барацьбітам за вольнасць Беларусі. Вось гэтай духовай сілы і мудрасці жадаем мы вам і сабе.

Паўлюк Дуброўскі-Гуз
Федэральная Рада Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі

Навіны

Польшча

Абнавіўся сайт "Камунікат". Шмат увагі і месца ў ім прысвячаецца культуры, гісторыі, літаратуры, грамадскім пытанням і кнігам, якія выдаюцца беларускай меншасцю ў Польшчы (хаця не толькі). На сайце ўжо з'явіліся некаторыя выданні, якіх нельга знайсці ні ў кнігарні, ні ў Інтэрнеце: "Навейшая гісторыя Беларусі" Яўгена Мірановіча, "Беларускія вайсковыя фармаваньні" Алега Латышонка (на польскай мове), "Успаміны Анелі Катковіч ды Веранікі Катковіч-Клентак", "Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне" Яна Максімюка, "Літаратурны рух на эміграцыі" Лявона Юрэвіча ды кніга ўспамінаў вязняў ГУЛАГ-у "Ніколі болей". Ёсць нямала нідзе не друкаваных дагэтуль перакладаў Васіля Сёмухі. Плануецца размясціць на сайце наступныя выданні: зборнік "Вяртаньне да сваіх" з творамі С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка, кнігу ўспамінаў "У новай айчыне. Штодзённае жыцьцё Беларусаў Беласточчыны ў міжваенны пэрыяд", "Далёкія і бліскія" Яна Чыквіна ды многія іншыя. Неўзабаве з'явіцца люстэрка "Запісаў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва" з Нью-Ёрку. Традыцыйна ў "Камунікаце" таксама цікавыя інтэрв'ю з эфіру Беларускай Рэдакцыі "Радыё Палёнія", цыклы гутарак "Пад знакамі Арла й Пагоні" Сакрата Яновіча ды "Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову" Ніны Баршчэўскай, агляд публікацый польскіх СМІ пра Беларусь. Запрашаем - http://kamunikat.net.iig.pl/

Бельск-Падляшскі, Польшча

Дзевяты раз у Бельску-Падляшскім прайшоў Фестываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні. Мерапрыемства, якога галоўным арганізатарам і ініцыятарам з'яўляецца Звяз беларускай моладзі, адбылося 18 і 19 кастрычніка ў Бельскім доме культуры. У конкурснай частцы ўзялі ўдзел васьмёра салістаў з Мінска, Маладзечна і Гродна. Адзіным прадстаўніком Падляшша быў вучань ІV класа Бельскага беларускага ліцэя Тамаш Суліма, выступленне якога спадабалася бельскай публіцы. Камісія, якую складалі трое мінскіх музыкаў Алесь Камоцкі, Аляксандр Памідораў і Міхась Анемпандыстаў, не мела вялікага клопату з прызначэннем узнагарод. Гран-пры IX фестывалю "Бардаўская восень" атрымала маладая мінчанка Вольга Калейнік, якая выспявала ўзнагароду бурмістра Бельска-Падляшскага. Узнагарода самая прэстыжная - магчымасць запісання сваіх твораў у прафесійнай студыі Радыё Беласток - прыпала самому Тамашу Суліму. Бельскае беларускае асяроддзе сваю ўзнагароду прызначыла мінскаму дуэту Алесю Дудко і Дзянісу Лісейчыкаву.

"Ніва". 2002. 10 ліст.

Беласток, Польшча

26 кастрычніка на Ваенных могілках у Бельску-Падляшскім адкрылі мемарыяльную табліцу, прысвечаную праваслаўным гандлярам, забітым у канцы студзеня 1946 года атрадам польскага падполля. 30 бязвінных жыхароў былога Бельскага павета пакоіліся паўвека ў чужой зямлі, а іхнія сем'і нават не ведалі пра месца іхняга спачынку. І нават калі злачынства выявілася, дзяржаўныя чыноўнікі перашкаджалі напісаць праўду на брацкай магіле, куды былі перапахаваны астанкі. Табліцу з эпітафіяй адкрылі Аляксандр Бандарук - прадстаўнік сем'яў забітых, Марэк Стшалінскі - падляшскі ваявода і Андрэй Сцепанюк - бурмістр Бельска-Падляшскага. Мітрапаліт Сава з епіскапам бельскім Грыгорыем адслужылі паніхіду. На заканчэнне на магілу былі ўскладзены вянкі.

"Ніва". 2002. 10 ліст.

Рыга, Латвія

19-га кастрычнiка ў Рызе адбылася сустрэча беларускай дыяспары з хорам Беларускага Дзяржаўнага Унiверсiтэта. Хор БДУ прыехаў у сталiцу Латвii з нагоды Дня нараджэння Латвiйскага Унiверсiтэта па запрашэнні хора "Ювентус". У Мiнску "Ювентус" ужо выступаў у вераснi, а ў Рызе 18-га кастрычнiка адбыўся вялiкi сумесны канцэрт абодвух хораў. Высокi ўзровень майстэрства нашых землякоў змаглi ацанiць шмат мясцовых беларусаў, якiя прыйшлi на канцэрт, прадстаўнiкi Амбасады РБ у Латвii на чале з Часовым Павераным у справах РБ у Латвii сп. В.Iвановым, кiраўнiцтва беларускiх суполак. Найбольшую колькасць апладысментаў выклiкалi песнi менавiта на беларускай мове. Сустрэча хору з мясцовымi беларусамi прайшла таксама ў форме сумеснага канцэрта. Спачатку сваiмi цудоўнымi спевамi ўразiлi гледачоў госцi з Мiнску, а потым танцавалi, спявалi песнi i чыталi вершы на роднай мове гаспадары сустрэчы. Асаблiвую цiкавасць мiнчукоў выклiкалi выступленне магчымых будучых студэнтак БДУ - дзяўчат з дзiцячага гурта "Вавёрачка" Рыжскай беларускай асноўнай школы, i песнi ў выкананнi выпускнiцы беларускай нядзельнай школы, студэнткi 6-га курса Латвiйскай медыцынскай Акадэмii Iлоны Варатнiковай. Cустрэча доўжылася да позняга вечара, развiтваючыся, некаторыя юнакi i дзяўчаты прызнавалiся, што не ўяўлялi сабе раней, з якою любоўю i павагаю могуць ставiцца беларусы замежжа да сваёй мовы, культуры, традыцый.

Старшыня ЛТБК "Cьвiтанак" Таццяна Казак

Рыга, Латвія

3 лiстапада, у дзень нараджэння Якуба Коласа, у Рызе Латвiйскае таварыства беларускай культуры "Сьвiтанак" ладзiла лiтаратурна-музычную вечарыну, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа. Арганiзатары свята падрыхтавалi выставу кнiг нашых славутых юбiляраў, а таксама выставу паштовак i фотадакументаў, прысвечаных iх жыццю i творчасцi. Ганаровымi гасцямi на вечарыне былi вядомыя латышскiя пiсьменнiкi Андрыс Веянс i Кнут Скуйныекс, Першы сакратар Амбасады Рэспублiкi Беларусь у Латвii Дзмiтрый Шкурдзь, загадчыца аддзела нацменшасцяў Упраўлення натуралiзацыi Латвii Айна Балашка, прафесар Латвiйскага Унiверсiтэта, аўтарка кнiгi "Беларусы ў Латвii" Iлга Апiнэ, старшыня латвiйскай суполкi Мiжнароднай асацыяцыi беларусiстаў, кавалер ордэна Францыска Скарыны Мiрдза Абала, беларускiя прадпрымальнiкi. Аб жыццi i творчай дзейнасцi Янкi Купалы i Якуба Коласа распавялi ў сваiх выступленнях сябар "Сьвiтанка", старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыi "Маю гонар" Вячка Целеш i старшыня суполкi Таццяна Казак, а яскравай iлюстрацыяй багатай спадчыны нашых песняроў стала трохгадзiнная лiтаратурна-музычная кампазiцыя з вершаў паэтаў, песень на iх словы, а таксама твораў, прысвечаных Коласу i Купале. Да юбiлею таварыства "Сьвiтанак" выпусцiла каляровую паштоўку з рэпрадукцыяй карцiны Вячкi Целеша "Дзвiна-Даўгава - мацi наша" з выяваю вядомага латышскага паэта Янiса Райнiса i Янкi Купалы на фоне Дзвiны-Даўгавы. Гэтыя паэты сябравалi, i Янка Купала ў свой час быў у Рызе. Кiраўнiцтва таварыства "Сьвiтанак" выказала падзяку тым беларускiм прадпрымальнiкам, якiя дапамаглi ў падрыхтоўцы вечарыны: спадарам Валянцiне Варатнiковай, Янку Кабановiчу i Iгару Шчаснаму.

Старшыня ЛТБК "Cьвiтанак" Таццяна Казак

Aнтверпен, Бельгія

У Бельгіі створаны і афіцыйна зарэгістраваны Беларускі цэнтр, які згуртаваў уцекачоў з Беларусі апошняй хвалі, але ў яго ўваходзяць таксама і тыя беларусы, якія апынуліся за межамі Беларусі пасля вайны. Прыярытэтнымі з'яўляюцца два напрамкі працы: 1) удзел у пабудове дэмакратычнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь (прадстаўленне беларускай апазіцыі на Захадзе, праца з беларускімі грамадскімі арганізацыямі і рухамі; цэнтр ладзіць семінары і сходы, друкуе ў мясцовых СМІ інфармацыю пра Беларусь); 2) аказанне дапамогі беларускім уцекачам (спрыянне іх інтэграцыі ў еўрапейскае грамадства, наладжванне беларускіх вечарын і сустрэч з мэтай захавання сваёй культуры). За мінулы год звыш 1500 беларусаў звярнуліся да бельгійскага ўраду з просьбай аб прадастаўленні палітычнага прытулку. Урад Бельгіі стварае неспрыяльныя ўмовы для ўцекачоў, каб знізіць колькасць прыязджаючых, і, патрапіўшы сюды, людзі трапляюць у складанае становішча. З іх убольшасці і складаецца арганізацыя. Цэнтр працуе на грамадскіх пачатках. Многія з сябраў арганізацыі не маюць працы, не атрымліваюць дапамогі, таму дабраахвотныя ўнёскі, якія ўдаецца сабраць, ідуць на дапамогу людзям.

Галіна Мацюшына

Свіраны, Літва

У фальварку Свіраны ізноў сіламі Таварыства беларускай мовы Віленскага краю ўстаноўлена мемарыяльная дошка Францішку Багушэвічу. Дошка ўстаноўлена на сцяне дома Ярмалковіч Аляксандры са згоды гаспадыні. У Свіранах плануецца таксама ўстанавіць Крыж, а ў Рукойнах, дзе хрысцілі паэта, мемарыяльны знак з нагоды гэтага на вялікім камяні, што ля сельсавета.

Юрый Гіль

Вільня, Літва

Літаратурны музей А.Пушкіна ў Вільні перадаў Згуртаванню беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве каля 400 экспанатаў (фотаздымкі, дакументы, кнігі і інш.) пра жыццё і дзейнасць класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа. Сярод экспанатаў ёсць дакумент пра дзейнасць ў Вільні А. Пашкевіч (Цёткі) і М. Багдановіча. Пры Беларускай сярэдняй школе імя Ф. Скарыны быў урачыста адкрыты Беларускі літаратурна-мастацкі музей.

М. Есіповіч

Вільня, Літва

Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве наладзіла сёмае Свята беларускай песні ў Літве, якое было прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. Удзельнікамі свята былі беларускія мастацкія калектывы з Васагінаса, Клайпеды, Друскенікаў і Вільні, а таксама дзіцячы танцавальны калектыў са Смаргоні. Сярод гасцей прысутнічаў Пасол Рэспублікі Беларусь у Літве У. Гаркун і прадстаўнікі ўрадавых арганізацый. Прысутнічалі таксама кіраўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый з Латвіі, Эстоніі і Калінінграда. У адрас удзельнікаў свята атрыманы віншаванні ад беларусаў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Канады, Англіі і Аўстраліі.

Мікалай Бізун

Вільня, Літва

Кіраўніцтва грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) заклікае дзяржструктуры і грамадаскасць Беларусі ўзяць удзел у аднаўленні Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Кіраўніцтва ТБМ выказвае спадзяванне, што і Міністэрства замежных спраў і культуры Рэспублікі Беларусь станоўча адгукнуцца на гэтую ініцыятыву літоўскіх парламантарыяў і дапамогуць аднавіць адзін з лепшых беларускіх музеяў першай паловы XX стагоддзя.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Таронта, Канада

Аддзел Згуртавання беларусаў Канады пад старшынствам Надзеі Дробінай і Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады пад старшынствам др. Руслана Качаткова арганізавалі 3 лістапада паломніцтва да Беларускага святога месца - Беларускага памятнага крыжа і помніка "Памяці ахвяр камуністычнага тэрору ў Беларусі", што ў Прошчы паўночна-амерыканскіх пакутнікаў у Мідландзе. Паломніцтва было асноўнай часткай святкавання "Дзядоў" - ушанавання памяці продкаў, а перадусім памяці пакутнікаў Беларусі.

"Камунікат". 2002. лістапад

Чыкага, ЗША

У Першай беларускай галерэі Lincoln Terrace ў чыкагскім прыгарадзе Скокі адбылася выстава "Матывы беларускай паэзіі ў творчасці Хаіма Ліўшыца". Гэтая невялікая, але вельмі змястоўная і эмацыянальная выстава была прысвечана 90-годдзю выдатнага беларускага мастака Хаіма Ліўшыца (1912-1994), які чатыры апошнія гады свайго жыцця жыў і працаваў у Чыкага. Сярод іншых значных карцін у нашым горадзе ён стварыў сваё вядомае вялікае манументальнае палатно "Малітва ў Менску", прасякнутае паэзіяй, музыкай, філасофскім роздумам пра пакуты яўрэяў і іншых народаў у гады Другой сусветнай вайны. Арганізатары выставы зусім не выпадкова аб'ядналі тэматычна экспазіцыю твораў мастака з іншымі знамянальнымі датамі гэтага года: 120-годдзем нашых выдатных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа і 115-й гадавінай з дня нараджэння Марка Шагала. Уплыў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа праходзіць праз усю творчасць Хаіма Ліўшыца. Сам Хаім Ліўшыц прызнаўся, што ягоныя пейзажы - гэта паэзія Купалы і Коласа ў фарбах, што яны напоўненыя любоўю да прыроды і людзей Беларусі. І побач на выставе зноў - пейзажы, нацюрморты, дзе гучыць хутчэй эпічны матыў, што ідзе ўжо ад паэзіі Якуба Коласа. Тут, у эміграцыі, Хаім Ліўшыц так і не мог вызваліцца ад суму па роднай Беларусі. Улюбёны ў Беларусь, у яе прыроду, мастак, працуючы, нібы чуў натхнёныя галасы вялікіх паэтаў гэтай зямлі.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Нью-Ёрк, ЗША

У залі Катэдральнага Сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне 20-га кастрычніка адбыўся Беларускі Фестываль. Адкрыў і вёў яго сп. Юрка Васілеўскі, які прывітаў прысутных ад імя парафіяльнай рады і выказаў спадзеў, што беларускія імпрэзы будуць прыцягваць больш і больш нашых суродзічаў. Затым з прывітальным словам выступіў старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які распавёў прысутным пра гісторыю набыцця будынку Сабору, пра ягонага першага настаяцеля а. Хведара Данілюка і падзяліўся ўспамінамі пра беларускае жыццё ў Брукліне ў 1950-я гады. Затым адбыўся канцэрт спевакоў і музыкаў Ліды Кано, Таццяны Дзямешчык, Рымы Пракопчык. Прысутныя з задавальненнем паслухалі папулярныя беларускія песні і мелодыі.

"Беларус". 2002. лістапад

Гейдэльберг, Германія

20-22 снежня ў Гейдэльбергу адбудзецца сустрэча маладых беларусаў, што вучацца ці працуюць у Заходняй Еўропе.

Яраслаў Крывой

Нью-Ёрк, ЗША

У Фундацыі імя П.Крэчэўскага прайшоў 12-га кастрычніка чарговы сход нью-ёркскага аддзела БАЗА. З кароткім аглядам навінаў з Беларусі за апошні месяц выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ён спыніўся, у прыватнасці, на выбарах старшыні Саюзу Беларускіх пісьменнікаў, значэнне якіх выходзіць за межы пісьменніцкай арганізацыі. Пасля гэтага адбылася невялікая літаратурная вечарына, прысвечаная творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, 120-гадовы юбілей якіх святкуецца сёлета.

"Беларус". 2002. лістапад

Навасібірск, Расія

Беларускі культурна-асветны цэнтр у імя св. Еўфрасінні Полацкай створаны на добраахвотных пачатках. Асноўнымі задачамі яго з'яўляюцца захаванне і развіццё самабытнай беларускай культуры, задавальненне духоўных патрэбаў, падтрымка ў будаўніцтве і дзейнасці культурна-праваслаўнага храмавага комплекса ў імя св. Еўфрасінні Полацкай Навасібірскай епархіі. Цэнтр актыўна працуе над выданнем уласнай газеты "Радзіма", над адкрыццём беларускай праграмы на Навасібірскім тэлебачанні, над адкрыццём карціннай галерэі. Ужо пабудавана першая чарга храмавага комплекса - царква ў імя св. Еўфрасінні Полацкай, адкрыты клуб "Беларускіх традыцый", распрацавана праграма беларускіх фестываляў і конкурсаў.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Падзея

На муніцыпальных выбарах на Беласточчыне беларусы ўпершыню выступілі як самастойная палітычная сіла

Беласток. Беларускаму выбарчаму камітэту не хапіла 0,9% галасоў, каб трапіць у Соймік сталіцы Падляшскага ваяводства. Беларусы атрымалі 4,1%, ці больш за 15,5 тысяч галасоў, пры неабходных 5%. У склад БВК не ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Яны абіраліся па спісах СЛД і атрымалі ў Сойміку два месцы. Дэпутатамі сталі Ян Сычэўскі, вядомы сваімі заявамі ў падтрымку Лукашэнкі, і Ян Зэнюк, дзеяч беластоцкага праваслаўнага асяроддзя, які за часамі ПНР заклікаў да забароны беларускай мовы. Прафесар Антон Мірановіч, кандыдат ад БВК на пасаду мэра Беластока, сярод 12 кандыдатаў апынуўся на 5-м месцы, набраўшы 6,5% галасоў. Бельск-Падляшскі. Тут Кааліцыя Бельская, у якую ўваходзяць беларускія і ўкраінскія арганізацыі, перамагла, атрымаўшы ў Радзе 8 месцаў з 21. У Бельскім павеце Кааліцыя заняла другое месца пасля СЛД, узяўшы 5 мандатаў з 19-ці. У выбарах на пасаду бурмістра Бельску-Падляшскага ўпэўнена перамог беларус Андрэй Сцепанюк, які набраў 84,2% галасоў. Гайнаўка. У Радзе горада Беларускі народны выбарчы камітэт (БНВК) заняў другое месца, атрымаўшы 5 мандатаў з 21, а ў павеце 5 з 17-ці. Аднак левыя, якія выйгралі тут выбары, змогуць утварыць кааліцыю з іншымі палітычнымі сіламі, і голас беларусаў не будзе вырашальным. На пасаду бурмістра Гайнаўкі БНВК кандыдата не выстаўляў. У Польшчы органы самакіравання маюць значную ўладу і не залежаць ад "цэнтра". Гэта робіць дэпутацтва ў мясцовых радах прывабным. Менавіта мясцовыя ўлады будуць вырашаць лёс вялізных сум грошай, якія атрымаюць польскія рэгіёны з бюджэту Еўрасаюза пасля 1 студзеня 2004 г.

"Наша ніва". 2002. 15 ліст.

Беларускай адукацыі ў Латвіі - 80 гадоў

Беларускае адраджэнне пачалося ў Латвіі ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя. Гады парламентарнай Латвіі былі самым спрыяльным перыядам для беларускай дыяспары. Згодна з канстытуцыяй Латвіі таго перыяду, усе нацыянальныя меншасці атрымалі права на нацыянальна-культурную аўтаномію. Згодна Закона аб навучальных установах і Закону аб упарадкаванні нацыянальных меншасцей, Латвійская Рэспубліка гарантавала ўсім дзецям абавязковую бясплатную адукацыю на роднай мове. Дзяржава абавязвалася ўтрымліваць дастатковую колькасць нацыянальных школ. Для кіраўніцтва нацыянальнымі школамі пры Міністэрстве адукацыі былі створаны адпаведныя аддзелы: нямецкі, яўрэйскі, польскі, рускі, беларускі. Беларускі аддзел быў створаны пры падтрымцы паэта Яна Райніса, на той час дэпутата Латвійскага Сойма. Ён першы з латышскіх дзеячаў адгукнуўся на хадатайніцтва беларускіх настаўнікаў. Ян Райніс узяў на сябе абавязкі абараняць інтарэсы беларусаў, пакуль у Сойме не будзе беларускага прадстаўніка. Кіраўніком беларускага аддзела быў абраны Уладзімір Пігулеўскі. Доля расходаў на адукацыю мусіла быць адпаведнай колькасці нацыянальных меншасцей у насельніцтве краіны. Школьная аўтаномія спрыяла развіццю навучальных і культурных устаноў. Беларускім аддзелам за кароткі тэрмін было адкрыта 50 (з іншых крыніц нават 60) беларускіх пачатковых школ і дзве беларускія дзяржаўныя гімназіі - у Лудзе (па беларуску Люцыне) і Даўгаўпілсе (Дзвінску). Адкрыццю беларускіх гімназій садзейнічаў Ян Райніс, тады ўжо Міністр адукацыі. Для вырашэння праблемы забеспячэння беларускіх школ педагагічнымі кадрамі былі наладжаны настаўніцкія курсы ў Дзвінску і Рызе. Першыя курсы паспяхова закончылі 20 чалавек. Менавіта яны і сталі настаўнікамі першых 16 пачатковых беларускіх школ Дзвінскага павета. Плённа працавала Таварыства беларускіх настаўнікаў, якое дамаглося адкрыцця і ўтрымання 4 прыватных пачатковых беларускіх школ, адной сярэдняй школы і дзіцячага сада ў Рызе. Сіламі культурна-асветніцкіх арганізацый вялася інтэнсіўная работа. Плённа працавалі шматлікія культурныя ўстановы: "Рунь", "Араты", "Прасвета", "Беларуская хатка", асветны кааператыў "Культура і праца", Навукова-краязнаўчае аб'яднанне, Сельскагаспадарчае таварыства, Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускія бібліятэкі, беларускае выдавецтва, драматычныя гурткі, два беларускія драматычныя тэатры - у Рызе і Даўгаўпілсе. Драматычнаму беларускаму тэатру ў Рызе дапамагалі дзяржаўныя ўстановы Латвійскай Рэспублікі, у рэпертуары тэатра ў асноўным была класіка, у Даўгаўпілскім тэатры - музычныя пастаноўкі этнаграфічнага плана. Значнай падзеяй у жыцці беларусаў Латгаліі ў 1929 годзе былі дні беларускай культуры. Не менш значнай падзеяй было выступленне хора Дзвінскай гімназіі ў Рызе ў дзяржаўным тэтры. Існаваў беларускі друк: рыжская газета "Голас беларуса", "Думка беларуса" - друкаваны орган Беларускай дэмакратычнай партыі з цэнтрам у Дзвінску, часопісы "Беларуская школа ў Латвіі", "Школа і жыццё", часопіс "На чужыне", штомесячнік "Гаспадар". Беларускім выдавецтвам было выдадзена мноства падручнікаў, кніг, брашур для беларускіх школ.

Паводле беларускай прэсы ў Латвіі, прадстаўленай Таццянай Бучэль

Весткі

У наступным, 2003 годзе - юбілей

13 лістапада адбылося ўстаноўчае пасяджэнне Аргкамітэту па святкаванні 450-х угодкаў Рэфармацыі ў Беларусі, старшынёй абраны вядомы гісторык, прэзідэнт Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", прафесар Анатоль Грыцкевіч. 450-я ўгодкі адлічваюцца ад 1553 года, калі Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў першыя пратэстанцкія друкарні ў Нясвіжы і Бярэсці. У Аргкамітэт увайшлі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч, старшыня Саюза мастакоў Уладзімір Басалыга, прэзідэнт Біблейскага таварыства Герман Родаў, рэктар Тэалагічнага інстытута Сяргей Цвор, а таксама вядомыя ўсёй Беларусі дзеячы культуры і навукі Беларусі: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Уладзімір Арлоў, Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксей Марачкін, Георгі Штыхаў, Міхась Чарняўскі, Уладзімір Конан і многія іншыя. Мэтай дзейнасці Аргкамітэту з'яўляецца прыцягненне ўвагі шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці да духоўнай, гістарычнай і культурнай спадчыны Рэфармацыі ў Беларусі. На пасяджэнні вызначаны насычаны гадавы план святочных мерапрыемстваў па наступных накірунках: навуковы, адукацыйны, інфармацыйны, культурніцкі, грамадскі.

Прэс-служба Аргкамітэту

У Мінску будзе вуліца Ігната Дамейкі

Такое паведамленне атрымала Таварыства беларускай мовы з Упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Рашэнне было прынятае на падставе зварота сходу грамадскасці г. Мінска, прысвечанага 200-годдзю з дня народзінаў нашага славутага суайчынніка. Пытанне пра ўвекавечанне памяці Ігната Дамейкі ў назве адной са сталічных вуліц уключана ў план работы камісіі па найменаванні і перайменаванні вуліц і плошчаў.

Сакратарыят ТБМ

Другія Гашкевічаўскія чытанні

9-10 кастрычніка ў Мінску і Астраўцы прайшлі Другія Міжнародныя гістарычна-краязнаўчыя і літаратурныя чытанні, прысвечаныя памяці выдатнага вучонага асветніка, пісьменніка, падарожніка, першага консула Расійскай Імперыі ў Японіі, ураджэнца і жыхара Беларусі Іосіфа Гашкевіча (1815-1875). Падчас чытанняў на радзіме Іосіфа Гашкевіча ў вёсцы Малі Астравецкага раёна быў адкрыты памятны знак работы вядомага лідскага скульптара Рычарда Грушы. Чытанні сабралі надзвычай шырокую і прадстаўнічую аўдыторыю. Дастаткова сказаць, што толькі з японскага боку ў іх удзельнічала шэсць чалавек. Сярод іх - Такада Касічы, грамадскі дзеяч, нашчадак у сёмым калене Такатая Кахі, які першым пачаў устанаўліваць грамадзянскую дыпламатыю паміж Японіяй і Расіяй, арганізатар і ўладальнік музея ў г. Хакадатэ, у якім устаноўлены бюст I. Гашкевіча; Джун-Ічы Сато, прафесар Такійскага ўніверсітэта, кіраўнік Суполкі беларусістаў Японіі; Касіна Го, аташэ па культуры Пасольства Японіі ў Беларусі. У чытаннях узялі ўдзел навукоўцы і літаратары не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Літвы, ЗША. Было зачытана каля 50 дакладаў і спавешчанняў.

"Наша слова". 2002. 23 кастр.

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчыны"

ЗБС "Бацькаўшчына" рыхтуе да друку Зборнік сачыненняў пераможцаў сёлетняга дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурса "Мой родны кут, як ты мне мілы...". Гэта ўжо другі зборнік. Папярэдні быў выдадзены ў мінулым годзе пад назвай "Беларусь - мая Бацькаўшчына" і змяшчаў творы пераможцаў леташняга літаратурна-мастацкага конкурса. У гэтым годзе друкуюцца творы 72 маладых пісьменнікаў і мастакоў, што нашмат больш, чым у мінулым годзе, бо на прапанову паўдзельніцаць у конкурсе адгукнулася намнога больш дзяцей і са значна большай колькасці беларускіх рэгіёнаў. Зборнік адрозніваецца ад леташняга яшчэ і тым, што ў ім будуць змешчаны і дзіцячыя малюнкі. Конкурс вызначыў лепшых з усёй Беларусі. Гэта цудоўная магчымасць для маладых творцаў ужо ў дзіцячым узросце пабачыць плён свайго таленту надрукаваным у кнізе. Мяркуецца, што зборнік выйдзе да Новага года, і, як і ў мінулым годзе, будзе дасланы ўсім пераможцам.

Цікава

Своеасаблівы падарунак да Дня беларускай культуры, які ладзілі беларусы Даўгаўпілса, зрабіла студэнтка мясцовага ўніверсітэта - на кафедры агульнага і рускага мовазнаўства яна паспяхова абараніла магістарскую дысертацыю ў галіне трохмоўнага супастаўлення. Наша юная зямлячка зрабіла цікавае навуковае даследаванне беларуска-руска-латышскіх філалагічных паралеляў. Вялікая рэдкасць, але навуковая камісія выставіла ёй усе 10 балаў. Звычайна даецца дзесьці дзевяць ці дзевяць з паловаю балаў. А каб дзесяць... Магістарская праца студэнткі - сведчанне таму, што студэнцкая моладзь універсітэта і горада цікавіцца беларускім мовазнаўствам і неабыякава ставіцца да беларускай культуры. Магістарская праца, звязаная з даследаваннямі беларускай мовы, другая па ліку ў гісторыі Даўгаўпілскага ўніверсітэта. Першай даследчыцай была цяперашняя выкладчыца гэтага вуза Таццяна Бучэль. Менавіта яна заўважыла незвычайныя здольнасці студэнткі ў галіне філалогіі, дапамагла ім сфармавацца ў пэўны светапогляд. Жане Каравацкай прысвоена акадэмічная ступень магістра філалогіі.

Газета "Прамень", г. Даўгаўпілс

Кніжная паліца

Выйшаў у свет дваццаць першы том серыі "Беларускі кнігазбор" - "Ігнат Дамейка. Мае падарожжы". У кнігу ўвайшлі ўспаміны вялікага сына зямлі беларускай, нацыянальнага героя Чылі, славутага вучонага І. Дамейкі (1802-1889). Пераклад з польскай мовы і каментар зрабіў Здзіслаў Сіцько, з прадмовай да кнігі выступіў галоўны рэдактар МГА "Беларускі кнігазбор" Кастусь Цвірка.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Творчая асацыяцыя "Новая Беларусь" у Пецярбургу выдала зборнік паэзіі "Тры грацыі", дзе прадстаўленыя творы трох паэтак: Аўгінні Кавалюк з Пецярбургу, Антаніны Хатэнкі з Мінска і Ніны Мацяш з Белаазёрска. І хаця жывуць яны ў розных мясцінах, еднасць іх паэтычных і духоўных пошукаў - бясспрэчная. Тая ж Творчая асацыяцыя выпусціла ў свет зборнік апавяданняў Анатоля Кірвеля з Пецярбурга "Мёртвы горад: акварэль, алей, графіка". У прадмове прапаноўваецца самому чытачу вызначыць жанр гэтых цікавых твораў сучаснай беларускай пісьмовасці.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

У Маскве выдадзеныя тэзісы Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Літаратура: класіка ў дыялогу культур". Галоўны рэдактар - Аляксей Каўка, кіраўнік Маскоўскага рэгіянальнага аб'яднання беларусістаў. Канферэнцыя адбылася 23 кастрычніка 2002 года і была прысвечаная 120-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Арганізатарамі выступілі Расійская Акадэмія навук, Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы і Міжнародная асацыяцыя беларусістаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Алесь Пашкевіч, які напярэдадні свайго трыццацігоддзя ўзначаліў Саюз беларускіх пісьменнікаў, ужо здолеў пераканаўча заявіць пра сябе як паэт і празаік. А яшчэ - як даследчык літаратуры беларускага замежжа. Летась у беластоцкім выдавецтве выйшла яго кніга "Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя". Да яе арганічна дапасавалася выдадзенае сёлета ў Беларусі даследаванне "Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры. Проза замежжа ХХ стагоддзя". I вось новае выданне - "Драматургія беларускага замежжа ХХ стагоддзя". Прызначана яно ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў. Звычайна дапаможнікі такога тыпу ствараюцца на падставе ўжо даследаванага і ўведзенага ў навуковы ўжытак матэрыялу. Тут жа аўтар выступае ў якасці першапраходца.

"Голас Радзімы". 2002. 13 ліст.

У Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва ў Бібліяграфічнай серыі выйшаў чарговы том - "Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі". Укладальнікі - дырэктар БІНІМ доктар Вітаўт Кіпель і навуковы супрацоўнік Зміцер Саўка, які далучыўся да праекта ў 1997 годзе і быў запрошаны дзеля гэтага на адмысловую стыпендыю. Выданне падобнага даведніка ажыццёўленае ўпершыню, а праца над ім працягвалася амаль паўстагоддзя. Даведнік складаецца з дзвух частак - каталагічнай (у трох каталогах сабраныя звесткі пра беларускія слоўнікі і энцыклапедыі ад часоў Лаўрэнція Зізанія да сёлетніх выданняў і публікацыяў, а таксама інфармацыя пра рукапісныя і электронныя слоўнікі і картатэкі) і індэксавай (яна дае магчымасць шукаць матэрыял паводле моваў, тэмаў, гадоў і месцаў выдання, па тыпах слоўнікаў, па асобах і мясцінах).

"Беларус". 2002. лістапад
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by