Шосты iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусы ў свеце"

Змест:

Віншаванні

Кіраўніцтва і ўправа Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуюць шаноўнага сп. Вітаўта Кіпеля з 75-годдзем і жадаюць яму добрага здароўя, шчасця і новых поспехаў у працы на карысць Беларусі і яе народа.

Беларуская грамадскасць у краіне і ў замежжы добра ведаюць сп. Вітаўта Кіпеля як патрыёта сваёй роднай Беларусі, змагара за захаванне беларускай культуры і навукі за мяжой, прыхільніка незалежнай Беларускай дзяржавы і яе росквіту, сяброўства беларусаў з іншымі народамі свету, развіцця дэмакратыі ў нашай краіне. Яго патрыятычная дзейнасць мае глыбокія карані. З'яўляючыся сынам вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Яўхіма Яўсеевіча Кіпеля, ён быў з дзяцінства прасякнуты беларускім духам, знаходзіўся ў беларускім культурным асяродку і ўвабраў ўсё лепшае ад сваіх бацькоў. Нялёгкае дзяцінства і юнацтва загартавала яго. Прага да ведаў прывяла сп. Вітаўта ў сцены Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Германіі, Каталіцкага універсітэта ў Лювене, а потым і Ратарскага універсітэта ў Нью-Брансвіку. Атрымаўшы навуковую ступень доктара геалагічных навук, сп. Вітаўт працаваў па сваёй спецыяльнасці. Некалькі дзесяцігоддзяў ён таксама аддаў рабоце ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, займаючыся складаннем і апрацоўкай бібліяграфіі. Шырока вядомая грамадская і навуковая дзейнасць сп. Кіпеля. У свой час ён ўзначальваў этнічную дарадчую раду пры губернатары штата Нью-Джэрсі, радагаваў штомесячны бюлетэнь "Новыя тэхнічныя кнігі", быў сябрам амерыканскіх навуковых таварыстваў славяназнаўцаў, бібліятэкараў, быў віцэ-старшынёй Нацыянальнай канферэнцыі амерыканскіх этнічных груп. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Беларускага камітэта палітычных дзеянняў, Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў і інш.

З 1982 г. Вітаўт Кіпель узначальвае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку - навуковы асяродак беларускай дыяспары ў ЗША, які займае пачэснае месца сярод беларускіх навуковых цэнтраў у свеце. У 1993 г. у мінскім выдавецтве "Беларусь" выйшла ў свет кнігі "Беларусы ў ЗША", якая фактычна з'яўляецца энцыклапедыяй беларускай эміграцыі не толькі ў ЗША, але і ў іншых краінах.

Яшчэ раз шчыра віншуем Вас, наш дарагі сябра, з юбілеем.

Прэзідэнт МГА"ЗБС"Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч,
старшыня рады Алена Макоўская

Выйшаў 100-ты нумар "Беларускага дайджэста" (ЗША).

Шчыра віншуем кіраўніка выдання Міколу Прускага і ўсіх супрацоўнікаў, аўтараў, фундатараў і чытачоў з юбілейным нумарам і зычым плёну ў нялёгкай выдавецкай рабоце дзеля пашырэння ведаў пра Беларусь і яднання беларусаў Амерыкі.

Прэзідэнт МГА"ЗБС"Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч,
старшыня рады Алена Макоўская

З базы дадзеных

Чыкага (Ілінойс, ЗША).

У гэтым горадзе праходзіць актыўная беларуская дзейнасць. Працуе Беларускі каардынацыйны камітэт (Belarusian coordinating committee), якім кіруе доктар Вітаўт Рамук. Камітэт быў заснаваны ў 1973 годзе і пачаў дзейнічаць у грамадска-культурным накірунку. Беларускі камітэт выказвае жаданне супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі у галіне культуры. У тым жа горадзе працуе Беларуска-амерыканская нацыянальная рада (Вielarusian american national council), кіраўнік - Міхась Каленік. Рада заснавана ў 1960 годзе і акрамя грамадска-культурнай займаецца і рэлігійнай дзейнасцю. Нацыянальная рада мае намер супрацоўнічаць з культурна-літаратурнымі, мастацкімі i рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі. У 1995 годзе ў Чыкага ўтворана Беларускае зямляцтва ілінойскай асацыяцыі "Земляки" (Іllinois association of the former ussr countries fellows "Zemliaky"). Гэта арганізацыя апошняй xвалі эміграцыі, пераважна яўрэяў па паходжанню, але якія адчуваюць сваю непарыўную сувязь з зямлёй i народам Беларусі, з яе культурай. Кіруе зямляцтвам Іосіф Кацман. Арганізацыя хацела б супрацоўнічаць з установамі, якія б маглі дапамагчы дасылаць новыя слайды i відэафільмы пра краявіды Беларусі, яе гісторыю i культуру. Пры беларускай праваслаунай царкве св. Юр'я з 1960 года дзейнічае нядзельная школа, узначальвае яе а. Дзімітрый Башко. Тут выкладаецца Закон Божы, беларуская культура i мастацтва. Таксама пры царкве з 1996 года займаецца фальклорны моладзёжны ансамбль "Лянок", якім кіруе Алена Ступакевіч і ў якім дзеці навучаюцца народным і класічным танцам, беларускім народным спевам. У штомесячнай раскамоўнай газеце "Земляки" ёсць беларуская старонка, якую вядзе Цімox Ліякумовіч.

Саўт-Рывер (Нью-Джэрсі, ЗША).

У 1972 годзе пачаў дзейнічаць Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр. Кіруе ім Жорж Наумчык. Цэнтр займаецца пашырэннем і рэкламаваннем беларускай культуры і ведаў аб Беларусі паміж амерыканцамі беларускага паходжання. Сябры цэнтра хацелі б абменьвацца інфармацыяй аб падзеях у Беларусі, наладжваць маральнае і фінансавае супрацоўніцтва з іншымі беларускімі арганізацыямі на карысць незалежнасці Беларусі. 2 разы на год у Саўт-Рыверы выходзіць грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс "Беларуская думка", заснаваны ў 1960 годзе. Кіруе ім Міхась Кавыль. У царкоўным і грамадскім парку на кургане вышынёй 315 м. у 1972 годзе ўзведзены помнік "Тым, хто загінуў за Бацькаўшчыну Беларусь". На асноўнай частцы помніка - на бел-чырвона-белым тле герб Пагоня, па баках мячы, на адваротнай частцы - пячатка БЦР, злева - эмблема СБМ, справа - знак Скарыны.

Парацяг будзе.

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Бацькаўшчына" падвяла вынікі дзіцячага конкурсу.

У сакавіку - маі 2002 года ўправа "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" правяла конкурс на лепшыя літаратурныя творы і малюнкі па тэмах: "Мой родны кут, як ты мне мілы..." і "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". Рэалізацыя гэтага праекта стала магчымай дзякуючы клопатам і шчырай падтрымцы спадарыні Ірэны Каляды-Смірноў з Кліўленда, за што выказваем ёй самую шчырую падзяку. Для падвядзення вынікаў конкурсу была створана экспертная камісія ў складзе сяброў "Бацькаўшчыны": пісьменнікаў Уладзіміра Арлова і Міхася Скоблы, старшыні рады Алены Макоўскай, літаратуразнаўцы Лідзіі Савік, сяброў управы Алеся Станкевіча і Валянціны Фок, мастака Алеся Шатэрніка. Экспертнай камісіі было няпроста вылучыць пераможцаў, бо ўсе працы былі вартыя ўвагі і вызначаліся арыгінальнасцю. Нездарма лаўрэатамі сталі аж 70 удзельнікаў. У конкурсе бралі ўдзел 176 дзяцей з розных куткоў Беларусі. Прыйшло 55 малюнкаў і 121 літаратурны твор, з іх перамаглі адпаведна 31 і 44. Было шмат прац, якія спалучалі ў сабе і літаратурныя творы, і малюнкі. Найбольш прац прыйшло з раённых цэнтраў, невялікіх гарадоў, вёсак. На жаль, Мінск вельмі слаба адгунуўся на конкурс - мінчукі даслалі толькі 17 твораў. Вялікую колькасць твораў даслалі дзеці з вёсак Нясвіжскага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Гомельскага, Полацкага, Петрыкаўскага, Шчучынскага, Круглянскага, Івацэвіцкага, Светлагорскага і інш. раёнаў. Асаблівую падзяку выказваем калектыву СШ № 22 г. Оршы і настаўніцы роднай мовы і літаратуры Т. Нагорнай, а таксама кіраўніку гуртка "Спадчына" г. Бягомля Віцебскай вобл. А. Сушко. Вельмі цікавыя малюнкі былі дасланы вучнямі гімназіі № 3 г. Мінска. Управа "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае шчырую падзяку ўсім удзельнікам конкурсу і з радасцю паведамляе, што лаўрэаты конкурсу будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі, апрача таго, лепшыя творы і малюнкі будуць надрукаваны ў газеце "Раніца" і "Голас Радзімы".

У "Бацькаўшчыне" завершана праца па падрыхтоўцы навукова-практычнай канферэнцыі "Рэфармацыя і залаты век Беларусі".

У "Бацькаўшчыне" завершана праца па падрыхтоўцы навукова-практычнай канферэнцыі "Рэфармацыя і залаты век Беларусі", якая адбудзецца ў г. Мінску 1 чэрвеня 2002 г. Мэта канферэнцыі - вывучэнне ўзаемасувязі паміж ідэямі Рэфармацыі і развіццём беларускай дзяржавы і грамадства ў XVI стагоддзі: гістарычны, культурны і філасофскі аспект. На пленарным пасяджэнні прагучаць наступныя даклады: "Рэфармацыя ў Еўропе ў ХVІ ст." (Анатоль Грыцкевіч), "Поліэтнічны характар культуры ВКЛ у ХVІ ст." (Адам Мальдзіс), "Рэфармацыя - аднаўленне праўдзівага вобраза" (Станіслаў Акінчыц).

Юрыдычнай камісіяй "Бацькаўшчына" падрыхтаваны праект Закону "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа".

Праект вызначае прынцыпы і мэты дзяржаўнай палітыкі адносна беларусаў замежжа, асновы дзейнасці органаў дзяржаўнай улады па рэалізацыі ўказанай палітыкі. Адно з асноўных паняццяў Закону - беларусы замежжа, якому даецца наступнае вызначэнне: "Беларусы замежжа - асобы, якія з'яўляюцца беларусамі па нараджэнню або ўсведамляюць сябе беларусамі па прыметах агульнасці мовы, рэлігіі, культурнай спадчыны, традыцый і звычаяў, стала законна пражываюць або знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, з'яўляюцца яны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежных дзяржаў або асобамі без грамадзянства, а таксама нашчадкі ўказаных асоб па прамой сыходнай лініі, за выключэннем нашчадкаў асоб тытульных нацый замежных дзяржаў". Праект дасланы ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь.

Навiны

Расія, г. Сыктыўкар

Па запрашэнню нашых суродзічаў з Комі прадстаўнікі "Бацькаўшчыны" наведалі святкаванне 5-х угодкаў Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусь". Аўтаномія "Беларусь" сталася адной з самых актыўных нацыянальных аб'яднанняў Комі: ніводнае культурнае мерапрыемства краю не абыходзіцца без нашых суродзічаў. Таму свята было вельмі прадстаўнічым: прысутнічалі кіраўнікі ўкраінскай, татарскай, цыганскай дыяспар, беларусы з Ухты, Іркуцка, Масквы, Мінска. Святкаванне 5-годдзя беларускай аўтаноміі адбылося пры падтрымцы Міністэрства па справах нацыянальнасцяў Комі і дапамозе сябра арганізацыі, прадпрымальніка Віктара Сулкоўскага. Толькі дзякуючы В. Сулкоўскаму стала магчымай і паездка дэлегацыі ад "Бацькаўшчыны" і гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса". Прывітальнае слова сказаў старшыня аўтаноміі Аркадзь Крупенька, які коратка, але грунтоўна акрэсліў дасягненні аўтаноміі за пяць гадоў дзейнасці Створаны аддзяленні аўтаноміі у Варкуце, Інце, Ухце, Саснагорске, Усінске і Траецка-Пячорскім р-не. На працягу 3 гадоў дзейнічае беларускі хор, які паспяхова выступае на культурных мерапрыемствах у Комі. Адзначаюць нашы суродзічы беларускія нацыянальныя святы, праводзяць дні беларускай паэзіі, беларускай кухні, свякуюць юбілеі сваіх сяброў, вядуць вялікую інфармацыйную работу. Праводзяцца семінары для кіраўнікоў аддзяленняў, шматлікія мерапрыемствы з іншымі нацыянальнымі аб'яднаннямі. Беларусам было прысвечана ўжо тры радыёперадачы "Лёс", якая арганізавана Міністэрствам па справах нацыянальнасцяў. Шмат інфармацыі пра Беларусь і беларусаў друкуецца ў газеце "Жыццё нацыянальнасцяў". Рыхтуюцца матэрыялы да выдання кнігі аб беларусах у Рэспубліке Комі, аб працы аўтаноміі. А ў Інце для ўсіх жадаючых арганізавана вывучэнне беларускай мовы. Пасля афіцыйнай часкі адбыўся святочны канцэрт.

Расія, г. Масква

Сябры Таварыства беларускай культуры арганiзавала аматарскую падтрымку зборнай РБ па футболу на кубку GL. На трыбунах луналі 14 бел-чырвона-белых сцягоў і 3 зялена-чырвоных у групе аматараў з Мінску, а таксама супольны лозунг "Жыве Беларусь". Асобная беларуская трыбуна знаходзілася за варотамі беларускай зборнай пад аховай АМАПу, рускiя брытагаловыя фашысты размясціліся па абодва бакi ад беларусаў і выкрыквалі "Слава России" ды спрабавалі напрыканцы ўсчынiць бойку з абразамi беларускай нацыі. У гульні перамаглі беларусы. Напрыканцы высветлiлася, што нават у ахову да беларусаў паставiлi беларусаў - каб было надзейней. Самы вялiкi сцяг на стадыёне памерам 4 х 2 метра быў наш бел-чырвона-белы. Пад час гульні з Украiнай было лягчэй і людзей нашмат менш. Маладыя сябры Таварыства А. Гелагаеў, А. Чайчыц, Я. Мiшчанка сабралi ўсю маладзёжную секцыю. Прысутнічалі таксама і беларускія бiзнесмены.

Генадзь Лех

ЗША, г. Саўт-Рывер

15 чэрвеня 2002 г. у беларускай праваслаўная царкве св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, Нью-Джэрсі адбудзецца 4-ты "Беларускі фестываль-2002". Прыходзьце на смачныя стравы. Будуць гучаць беларускія фальклорныя мелодыі і прадавацца сувеніры. Гасцей будуць частаваць смачнымі стравамі. Фестываль адбудзецца нягледзячы на надвор'е.

ЗША, Калумбійскі універсітэт

11 - 13 красавіка ў Калумбійскім універсітэце прайшла канферэнцыя Асацыяцыі вывучэння нацыянальнасцяў (АВН), што яднае даследчыкаў у розных галінах вывучэння нацыянальных рухаў і разнастайных аспектаў палітычнага, грамадскага, эканамічнага жыцця і гісторыі краін Усходняй Еўропы і Еўразіі, што некалі ўваходзілі ў камуністычны блок пад кіраваннем Савецкай Расіі. Канферэнцыя ладзіцца АВН раз на год супольна з Інстытутам Гарымана пры Калумбійскім універсітэце. На канферэнцыю звычайна прыязджаюць навукоўцы, палітычныя дзеячы і аналітыкі з розных краін. Гэта ёсць ці не адзіная навуковая імпрэза ў Паўночнай Амерыцы, на якой разглядаюцца і абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з беларусазнаўствам, а менавіта: з беларускім нацыянальным рухам і палітыка-эканамічным станам у Беларусі. Канферэнцыя праходзіла ў Міжнародным будынку Калумбійскага універсітэта. Як заўсёды было праведзена секцыйнае пасяджэнне, прысвечанае Беларусі, і шэраг дакладаў на беларускую тэматыку на іншых секцыях. Гэтым разам секцыйнае пасяджэнне мела назву "Беларусь пасля прэзідэнцкіх выбараў", хаця даклады на ім не былі абмежаваныя толькі гэтай тэмай.

ЗША, г. Нью-Ёрк

Выйшаў трэці нумар нью-ёркскай газеты "Беларус". Выданне было заснавана ў 1950 годзе, але ў 2000-м часова прыпыніла існаванне. Цяперашняя, 2002 года, газета адноўленая маладымі эмігрантамі і з'яўляецца цікавым інфармацыйным выданнем.

Украіна, г. Севастопаль

Вечарына ў Севастопалі. 20 красавіка беларусы г. Севастопаля сабраліся на вечар паэзіі. Гучалі вершы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, 120-годдзе з дня нараджэння якіх адзначаецца ў гэтым годзе, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Максіма Багдановіча. Літаратурна-музычную кампазіцыю адкрыла старшыня праўлення гарадскога аддзялення Усеўкраінскага аб'яднання "Беларусь" Ала Гарэлікава. Сардэчна гучалі песні на словы любімых паэтаў у выкананні А. Якавенка, М. Глушковай, Т. Лушнікавай, Ю. Бекеша, А. Гарэлікавай, Б. Капцовай, З. Квас і іншых. На канцэрце дэбютаваў ансамбль беларускай песні нашага таварыства "Белая Русь" пад кіраўніцтвам Юлі Аскеравай. Шматлікія госці з вялікім задавальненнем пазнаёміліся з тэматычнай выставай кніг і цікавай калекцыяй народнай вышыўкі.

Л. Малько

Літва, г. Вільня

6 красавіка 2002 года ў 162-ю гадавіну з дня нараджэння Францішка Багушэвіча клопатамі сяброў ТБМ Віленскага краю устаноўлены мемарыяльны знак на радзіме ў Свіранах. Тэкст на табліцы напісаны па-беларуску лацінкай, гэтак жа, як пісаў і друкаваў свае творы Ф. Багушэвіч. Бел-чырвона-белую харугвачку пад дошку выткала руская віленчанка А. Лучова. Яна ж ахвяравала і выяву Хрыста для памятнай дошкі. Асвяціў памятную дошку уніяцкі святар кс. Ян Доўшкіс. А тым часам віленскія беларусы думаюць пра ўшанаванне Багушэвічавага імя і ў Рукойнах, у рукойнскім касцёле, дзе хрысцілі будучага абаронцу Беларусі. Паміж іншым, не так даўно і беларуская сталіца ўшанавала імя Францішка Багушэвіча. Ягоным імем названа плошча ля Тэатра музычнай камедыі. А яшчэ трохі раней ягоным імем назвалі адну са сталічных бібліятэк.

Літва, г. Вільня

24 красавіка гэтага года па просьбе Презідэнта Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Л. А. Мурашкі Літатарурны музей А. Пушкіна передаў на карысць Згуртавання больш за 400 экспанатаў музея аб жыцці і дзейнасці ў Вільні Я. Купалы і Я. Коласа. Гэты ўчынак прысвечаны 120-годдзю з дзён іх нараджэння. Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве мяркуе адчыніць у Вільні беларускі літаратурны музей.

М. Есіповіч

Польшча, г. Варшава

9 красавіка у 12 гадзін у Катэдры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта адбылася прэзентацыя трохмоўнага выдання "Новай зямлі" Якуба Коласа з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча. У сустрэчы са студэнтамі і навуковымі супрацоўнікамі ўдзельнічаў перакладчык "Новай зямлі" на польскую мову Чэслаў Сенюх, а таксама пасол Рэспублікі Беларусь у Варшаве сп. Мікалай Крэчка. 19 красавіка прэзентацыю трохмоўнага выдання "Новай зямлі" ладзіла Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве.

Польшча, г. Бельск-Падляшскі

24 красавіка дэкламатарскі конкурс беларускай паэзіі і прозы "Сцэнічнае слова" для вучняў сярэдніх школаў і студэнтаў ладзіла Беларускае грамадзка-культурнае таварыства у Бельскім Доме культуры.

Польшча, г. Бельск-Падляшскі

Да канца красавіка ў гарадской бібліятэцы ў Бельску- Падляшскім можна было наведаць выставу выданняў Беларускага гістарычнага таварыства. Выстава была адкрыта да ўшанавання 84-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларусь, г. Мазыр

Амерыканская мецэнатка Ірэна Каляда-Смірноў была ўзнагароджана Мазырскім аддзелам адукацыі (Гомельская вобл.) "за вялікі асабісты ўклад у справу арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з няпоўных і малазабяспечаных сем'яў, якія пражываюць на забруджаных пасля Чарнобыльскай аварыі землях у перыяд з 1998 па 2002 г.".

Латвія, г. Рыга

Першая выстава мастака Міхася Галынскага адбылася ў 1945 годзе. На ёй было прадстаўлена звыш 120 работ, зробленых мастаком яшчэ ў час вайны. 5 мая ў будынку Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі адкрылася яго персанальная выстава. Пазнаёміцца з творчасцю мастака мы змаглі дзякуючы самаахвярнай працы яго дачкі Аляксандры Міхайлаўны. Яна не толькі зберагла і захавала бацькаву спадчыну, але і падрыхтавала яго работы да экспазіцыі. Фінансавую падтрымку Аляксандры Міхайлаўне аказала Ліепайская дума, а ліепайская суполка "Мара" і Таварыства "Світанак" паклапаціліся аб тым, каб выставу ўбачылі і ў сталіцы. На адкрыццё выставы з Ліепаі прыехалі блізкія Аляксандры Міхайлаўны, а таксама прадстаўнікі "Мары" на чале з адным з кіраўнікоў суполкі В. Грыбоўскай. На свята прыйшлі і вучні рыжскай беларускай школы са сваім дырэктарам Ганнай Іванэ, і беларускія мастакі, сябры "Світанка", і прадстаўнікі латышскай творчай інтэлігенцыі, з якімі таварыства падтрымлівае цесныя стасункі. Сваю пашану выставе выказала і беларуская амбасада ў асобе першага сакратара Д. Шкурдзя. Пранікнёнымі былі словы старшыні Таварыства "Світанак" Таццяны Казак, прафесара Латвійскага універсітэта Ілгі Апіне, музычнае віншаванне спявачкі Ганны Крупскай.

Т. Касуха

Праблема

Насуперак волі ахвярадаўцау славуты Марыян Хаўз, дзе месцяцца шматлікія беларускія арганізацыі, можа быць перададзены ва ўласнасць структураў каталіцкай царквы ў Ватыкане.

Беларуская каталіцкая місія ў Лондане заснаваная ў 1947 годзе, і ад самага пачатку застаецца асяродкам не толькі беларускага рэлігійнага жыцця, але і цэнтрам беларусаў Вялікабрытаніі. Яна - дом для Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі, Англа-Беларускага Таварыства, Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі, беларускай дзіцячай школкі. На працягу дзесяцігоддзяў беларусы збіраюцца ў місіі на дні нацыянальных святаў, ладзяць лекцыі, навуковыя ды літаратурныя канферэнцыі, выдаюць беларускія кнігі і газеты. Напачатку 1970-х сябры місіі сталі заснавальнікамі Бібліятэкі імя Ф.Скарыны - найбуйнейшага па-за межамі Бацькаўшчыны збору беларускай і беларусазнаўчай літаратуры.

Жыццё беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі немагчыма ўявіць сабе без місіі, без ахвярнай працы яе кіраўніка айца Аляксандра Надсана ды без будынку, дзе яна месціцца - Марыян Хаўзу.

Марыян Хаўз (Марыйны дом) быў набыты ў тым жа 1947 годзе на ахвяраванні беларусаў усяго свету. У цяжкія пасляваенныя часы, апынуўшыся за межамі Радзімы людзі аддавалі, часам, апошняе - толькі каб стварыць на чужыне куток Бацькаўшчыны. Больш за паўстагоддзя Марыян Хаўз служыў беларускай справе і беларускаму слову.

Зараз Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў, якая заяўляе правы на Марыян-Хауз, патрабуе высялення з яго беларускай місіі і царквы, а разам з імі - усіх беларусаў і беларускіх арганізацый, што месцяцца там. Нашыя суайчыннікі наўпрост апынуцца на вуліцы. Нам усім трэба проста даслаць лісты кіраўніку Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардыналу Ігнацію Мусу Давуду з патрабаваннем захаваць унікальны грамадска-культурны асяродак беларусаў. Зрабіце гэта зараз! Дапамога патрэбна тэрмінова!

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"

Грамада беларускай культуры імя Ф. Скарыны г. Масквы

На пачатку 80-х гадоў студэнтамi маскоўскiх ВНУ было створана Беларускае студэнцкае брацтва. Першай ластаўкай была малазёвая суполка "Пагоня", створаная маскоўскiмi студэнтамi яшчэ ў 1987 г. 26 кастрычнiкa 1988 г. было зарэгiстравана Массаветам Маскоўскае гарадское таварыства беларускае культуры iмя Францiшка Скарыны (ТБК). Гэта была першая афiцыйна ўтвораная суполка беларускае дыяспары ў Расійскай Федэрацыі напрыканцы ХХ ст. З 1988 па 1991 г. у Маскоўскае Таварыства беларускае культуры запiсалiся каля семiсот (!) чалавек. З 1990 года ў межах таварыства запрацавалi нядзельная беларуская школка для дзяцей, згуртаванне беларускiх вайскоўцаў, праз якое на Беларусь вярталiся афiцэры-беларусы ў беларускае войска, маладзёвая секцыя, суполка БНФ, пачаў рэгулярна выходзiць бюлетэнь "Шляхам Скарыны", на маскоўскiх вулiцах і плошчах залуналi бел-чырвона-белыя сцягi ў часы масавых палiтычных мерапрыемстваў. Таварыства атрымала пад сядзiбу добрае памяшканне ў амбасадзе РБ. Маладзёвая секцыя ТБК, нашчадак перабудовачнай "Пагонi", існуе да гэтага часу. Праз удзел у яе працы прайшлi каля 2-х соцень хлопцаў і дзяўчат. Выданне таварыства "Шляхам Скарыны" выдаецца 1 - 3 разы на год, 6 нумароў выйшла пад рэдакцыяй Аляксея Каўкi і Алеся Драянкова, 11 нумароў пад рэдакцыяй Генадзя Леха. У 1993 годзе ў межах ТБК быў утвораны фальклорны гурт "Алеся". К пачатку 1994 года ў рэгiёнах РФ было зарэгiстравана 15 суполак беларускае дыяспары, з якiмi ТБК наладзiла стасункi. З 1994 года ТБК увайшло ў склад Згуртавання Беларусаў Свету (ЗБС). Не маючы адзiнай пазіцыi па пытанню кадравага становiшча ў амбасадзе РБ, нягледзячы на сустрэчы з тагачасным кiраўнiкoм МЗС РБ сп. П. Краўчанкам, у 1992 - 1993 гадах - кiраўнiцтва ТБК не здолела абаранiць свае пазіцыi, пасля кадравых і палiтычных змен у РБ ТБК апынулася на вулiцы. Была выпрацавана новая схема дзейнасцi ТБК. Зноў наладзiлася работа унiверсiтэта гiсторыi культуры. Была складзена праграма сяброўскiх гастроляў беларускiх бардаў у Маскве. У гэты перыяд ТБК 9 разоў праводзiў пiкетаванне Амбасады РБ з лозунгамi беларускай дзяржаўнасцi, мовы, культуры, некалькi разоў наладжваў мiтынгi, прысвечаныя абароне правоў чалавека ў Беларусi. У 2000 годзе ТБК прайшоў перарэгiстрацыю пад назвай РГА "Грамада беларускае культуры" iмя Францiшка Скарыны. Ствараецца сайт Грамады, ў якiм будуць таксама звесткi пра МАБР: www. Geocities.com/HRAMADA

Ніжэй мы прапаноўваем узор, які, падпісаўшы, можна адаслаць як індывідуальны ліст. Калі вы хочаце напісаць свой тэкст, да арыгінала пажадана далучыць кароткі пераклад на італьянскую, францускую або англійскую мовы.

Яго Эмінэнцыі кардыналу Ігнацыю Мусу Давуду
Sua Eminenza Cardinale Ignace Moussa Daoud
Prefetto della Congregazione per le Chiese Orientali
00120 Cittб del Vaticano
VATICAN CITY

______________________
_______________(адрас)
________________(дата)

Вашая Эміненцыя!

Я звяртаюся да Вас з вялікай трывогай аб лёсе сусветнавядомага беларускага духоўнага цэнтра - Беларускае каталіцкае місіі ў Лондане - і ейнага сэрца - Марыян-Хаузу з капліцай святых Апосталаў Пятра і Паўла.

Марыян-Хауз уяўляе сабой унікальную рэлігійную і культурную каштоўнасць для некалькіх пакаленняў беларусаў. Ён асабліва істотны для нас цяпер, калі Беларусь перажывае балючы працэс палітычнага і рэлігійнага станаўлення. Страта Марыян-Хауза можа стацца непапраўнай шкодаю для захавання і развіцця беларускае духоўнасці.

Вашая Эміненцыя, я спадзяюся на Вашую мудрасць і дальнабачнасць у прыняцці канчатковага рашэння пра Марыян-Хауз і веру ў кіраўніцтва Святога Духа ва ўсіх Вашых справах на карысць Святое Царквы і вернікаў.

З пашанаю,

Votre Еminence,

Avec une grande inquetude, je m'adresse а vous pour attirer votre attention sur le sort du centre religieux bielarussien, renomme dans le monde entier. C'est la Mission Catholique Belarussienne а Londres et son coeur - Marian House avec la chapelle des Saints Apotres Pierre et Paul.

Pour plusieurs generations des bielarussiens, Marian House represente une valeur religieuse et culturelle unique. Et c'est surtout maintenant, quand la Bielarussie traverse une periode d'epreuve de son identite politique et religieuse, que le role de ce centre est inestimable. La perte de Marian House pourrait causer un dommage irreparable а la cause de preservation et de developpement de la culture spirituelle bielarussienne.

J'ai le ferme espoir, Votre Eminence, que votre decision finale sur Marian House fera preuve de vos sagesse et prеvoyance, et je crois aux conseils de l'Esprit Saint dans tout ce que vous faites pour la Sainte Eglise et pour ses croyants.

Je vous prie d'agreer, Votre Eminence, l'assurance de mes sentiments devoues.

(імя, прозв.)_________________________________(nom, renom)
(подпіс)_______________________________________(infocenterature)

Сучасны стан беларускай дыяспары
ў Расійскай Федэрацыі (1992 - 2000)

На момант распаду СССР 1 млн. 155 тыс. беларусаў аказаліся ў Расіескай Федэрацыі. У наступныя гады выразна праявілася тэндэнцыя да вяртання іх на Бацькаўшчыну, хоць з 1993 г. гэты працэс запаволіўся, бо рэпатрыяцыя адбываецца без дзяржаўнай падтрымкі, а сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне застаецца складанай. За 1992 - 1997 гг. Беларусь прыняла з Расіі 97 тыс. беларусаў - 50 % ад агульнага ліку прыехаўшых (194 тыс. асоб). За гэты ж час у Расіі склалася наебольшая беларуская дыяспара ў свеце. У апошнія гады яна папоўнілася, пераважна па эканамічных прычынах, дзесяткамі вучоных, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, перспектыўнымі спартсменамі. Многія прадпрымальнікі перанеслі сваю дзеенасць у Расію ў сувязі з больш спрыяльнымі падатковымі, інвестыцыёнымі ўмовамі гаспадарання.

Працэсы нацыянальнага адраджэння пачатку 1990-х гг. актывізавалі культурна-асветную, нацыянальную дзеенасць расіескіх беларусаў. Спрыяюць захаванню традыцый сваего народа, яго мовы, гісторыі, культуры, папулярызацыі іх у Расіі беларускія суполкі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку, Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.

Творчыя, навуковыя здабыткі беларускіх мастакоў, пісьменнікаў, вучоных, якія жывуць і працуюць у Расіі, узбагачаюць культуру, навуку Беларусі і Расіі. Актыўна працуе суполка мастакоў Санкт-Пецярбурга (I. Чарнякевіч, В. Сівуха, Ю. Казак, М. Ткачэнка), належыць беларускае культуры творчая спадчына таленавітага літаратара I. Ласкова (1941 - 1994, Якуцк), пісьменнікаў А. Кірвеля, А. Кавалюк, I. Сібілы (Санкт-Пецярбург), драматурга М. Каляды (Екацерынбург). Спрыяюць развіццю беларусікі ў Расіі грунтоўныя публікацыі А. Каўкі, Я. Шыраева, Л. Шчавінскае (Масква), В. Грыцкевіча, I. Маціеўскага, М. Нікалаева (Санкт-Пецярбург), А. Котлярчука (Бранск), М. Ількевіча (Смаленск). Наебольш ініцыятыўныя навуковыя асяродкі склаліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску. У расіескіх навуковых цэнтрах праявілі свое талент выдатныя вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В. Капцюг (1931 - 1997), геолаг А. Трафімук, касманаўты П. Клімук і У. Кавалёнак, фізікі Ж. Алфёраў, Б. Галёркін, В. Гальданскі, У. Міткевіч, Ф. Шапіра.

У развіцці сучаснай беларускай супольнасці ў Расіі праявіліся дзве процілеглыя тэндэнцыі - абуджэнне да нацыянальнага жыцця, самаўсведамлення расіескіх беларусаў і паскораная іх асіміляцыя ў цяперашніх умовах. У тое жа час створаны Міжрэгіянальнае аб'яднанне беларусаў Расіі (сакавік 1999 г.) і Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы ў Расіі" (красавік 1999 г.).

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці адбыліся істотныя змены ў яе адносінах да дыяспары. З 1990 г. дзеенічае Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", з якім падтрымліваюць сувязі расіескія беларусы. Больш іх патрэбамі стала цікавіцца Таварыства "Радзіма". Прадстаўнікі беларускіх суполак Расіі былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снежань 1992). Першага (ліпень 1993) і Другога (ліпень 1997) з'ездаў беларусаў свету. У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Беларусы ў свеце" аказваецца падтрымка расіескім беларусам. З улікам спецыфікі ўзаемаадносін Беларусі і Расіі і наяўнасці сотняў тысяч беларусаў у Расіі, асіміляцыя якіх адбываецца вельмі хутка, асаблівага клопату і падтрымкі Бацькаўшчыны патрабуе культурна-асветная работа суродзічаў.

Г.Сяргеева