МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№11(№36)
лістапад
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

ВІНШУЕМ З УГОДКАМІ СЛУЦКАГА ПАЎСТАННЯ!
Шаноўныя суродзічы! Дзе б лёс ні наканаваў апынуцца сапраўднаму беларусу, ён заўжды трымаецца роднай мовы і памятае самыя славутыя даты сваёй Айчыны. Да такіх высокіх і годных падзей адносіцца дзень пачатку Слуцкага збройнага чыну – спробы адданых беларусаў адстаяць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У лістападзе 1920 годапатрыёты Случчыны навекі паказалі, што мусіць рабіць сапраўдны сын сваёй Радзімы ў цяжкі для яе час. Гэтыя падзеі скончыліся паражэннем, але пасялілі ў душах спадзяванне і сваім прыкладам выгадавалі ўжо многія пакаленні патрыётаў. Хай вечна жыве подзвіг герояў і нашая памяць пра іх!

50 гадоў парафіі св. Кірылы Тураўскага ў Таронта
Споўнілася 50 гадоў старэйшай беларускай праваслаўнай парафіі ў Канадзе св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. Яна была закладзена ў 1954 г. паваеннай беларускай эміграцыяй як асяродак Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на чужыне. З нагоды юбілею ў Таронта адбылося ўрачыстае пасяджэнне, у якім брала ўдзел старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, вернікі са старэйшай і новай эміграцыі, а таксама госця з Беларусі пісьменніца Вольга Іпатава.
Пра сваю царкву беларускія паваенныя эмігранты пачалі клапаціцца адразу, як толькі напрыканцы 40-х гадоў прыехалі ў Канаду. Гэтую парафію заклалі тыя, хто закладаў Згуртаванне беларусаў Канады. Яны разумелі, што значыць духоўнае апірышча для народа і для нацыянальнай ідэі. Яны купілі будынак, самі зрабілі іканастас з ручнікамі і вышыванкамі, якія прывезлі з Бацькаўшчыны, аздобілі царкву.
Першая багаслужба ў царкве св. Кірылы Тураўскага адбылася 2 кастрычніка 1954 г. у купленым на сабраныя сродкі Беларускім доме на вул. Дандас, 1000. Адпраўляў службу малады святар – айцец Міхась Мацукевіч, які ў будучыні стаў першаіерархам Беларускай аўтакефальнай царквы на эміграцыі і да апошніх сваіх дзён служыў у гэтай царкве.
Паводле Радыё “Свабода”

70 гадоў Ванкарэму Нікіфаровічу
У лістападзе спаўняецца 70 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу, перакладчыку, сцэнарысту, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, аўтару кніг “Усяму свету – свой дар”, “Дарогі ў шырокі свет”, сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ванкарэму Нікіфаровічу (Чыкага, ЗША).
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе шаноўнага спадара Нікіфаровіча і зычыць здароўя і поспехаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Нью-Ёрк, ЗША
Напрыканцы кастрычніка ў Нью-Ёркскім АРОВ-Парку адбылася вялікая беларуская ўрачыстаць. Айцец Ігар Якунін з Кафедральнага сабору святога Кірылы Тураўскага БАПЦ у Брукліне ўпершыню асвяціў помнік Янку Купалу. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел А.Шукелойць, Ю. Васілеўскі, Р.Гарошка ды іншыя прадстаўнікі беларускай дыяспары Нью-Ёрку. Нагадаем, што помнік Янку Купалу быў пастаўлены ў АРОВ-Парку ў 1973 годзе.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нью-Ёрк, ЗША
У Нью-Ёрку адбылося пасяджэнне Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады Івонка Сурвілла, а таксама сябры Рады Ала Орса-Рамана, Янка Запруднік, Вячка Станкевіч і іншыя распавялі пра кантакты з амерыканскімі і еўрапейскімі палітыкамі што да рэферэндуму і выбараў у Беларусі, вынікі якіх Радай не лічацца за легітымныя.
Адным з галоўных пытанняў быў “Акт аб дэмакратыі”, які нядаўна быў прыняты Кангрэсам і падпісаны прэзідэнтам ЗША. Сябры Рады БНР, лідэры беларускіх арганізацый у ЗША выступілі як актыўныя лабісты гэтага дакумента, скарыстоўваючы свае кантакты як з кангрэсменамі, гэтак і з прадстаўнікамі Белага дома.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла нагадала, што Рада прынцыпова не карыстаецца матэрыяльнай падтрымкай ніякіх дзяржаўных устаноў якіх бы ні было краінаў, каб не быць ад іх залежнай. Гэтак было раней, гэтак будзе і надалей, – адзначыла спадарыня Сурвілла.
www.razam.org

Нью-Ёрк, ЗША
Літаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца была заснавана ў сакавіку 2004 году, каб ушанаваць памяць выбітнага пісьменніка-эмігранта ды спрыяць развіццю літаратуры. На атрыманне прэміі падалі свае творы 14 аўтараў з Беларусі, Канады, Чэхіі, Эстоніі. Сярод іх як пачаткоўцы, гэтак і знаныя майстры слова, навукоўцы. На разгляд былі пададзены празаічныя і паэтычныя працы, а таксама навуковыя даследаванні. У выніку галасавання Першую літаратурную прэмію імя Янкі Юхнаўца атрымаў Макс Шчур за раман “Там, дзе нас няма”. Раман пакуль не апублікаваны і быў дасланы на конкурс у рукапісе. Яму аддалі першынство трое сяброў Прэміяльнага камітэта.
Паводле www.knihi.com і news.akavita.by

Рыга, Латвія
Выстава беларускіх мастакоў, якая днямі адкрылася ў Доме Рэйтэрна, стане адметнай старонкай у культурным жыцці латвійскай сталіцы. Галоўная яе асаблівасць – нацыянальны каларыт. Экспануюцца на выставе працы адзінаццаці беларускіх мастакоў – Вячкі Целеша, Васіля Малышчыца, Ганны Пейпіні, Ларысы Лойкі, Алены Раманоўскай, Анатоля Ермаковіча, Тамары Насенкі, Георгія Насенкі, Кацярыны Вольскай, Алены Лаўрыновіч, Мікалая Журовіча. Усе яны – сябры латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, адзінай нацыянальнай супольнасці мастакоў у Латвіі. З часу заснавання і да сённяшніх дзён ёю кіруе мастак Вячка Целеш, адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства.
Выстава выклікала цікавасць не толькі беларусаў. Далучыцца да беларускага мастацтва прыйшлі рыжане самых розных нацыянальнасцяў. Павітаць беларускіх мастакоў прыйшлі не толькі землякі, але і калегі-мастакі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Рыгі, нацыянальных культурных арганізацый сталіцы. Сімвалічна і тое, што чарговая (ужо чацвёртая па ліку) выстава аб’яднання ў Рызе зноў ладзілася ў Доме Рэйтэрна, у адным з самых знакавых “еўрапейскіх” месцаў латвійскай сталіцы. Дарэчы, пазнаёміцца з творчасцю сяброў аб’яднання “Маю гонар” сёлета маглі і іншыя еўрапейцы. У жніўні карціны беларускіх мастакоў пабывалі ў Празе, дзе падчас праграмы Першага з’езда беларусаў Еўропы экспанавалася і выстава некаторых сяброў аб’яднання.
Цёплыя словы віншаванняў мастакам адрасавалі: старшыня Таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак і сябра Рады гэтай суполкі Наталля Цімаховіч, прафесар Ілга Апінэ, старшыня Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі прафесар Раффі Хараджанян, латышскія, украінскія, рускія, яўрэйскія мастакі.
Асаблівую душэўнасць імпрэзе надаў гурт беларускай песні “Світанак”. Самадзейныя артысты не толькі радавалі гасцей сваімі песнямі, але і шчодра дзяліліся сваёй энергіяй, удзячнасцю, жадаючы мастакам галоўнага – творчасці і натхнення. На свяце выступілі і самыя юныя ўдзельніцы гурта – Людміла і Лаўра Ігнатавы. Абедзве дзяўчынкі – выхаванкі мастака Вячкі Целеша з мастацкай студыю “Вясёлка”. Студыя і зараз існуе пры школе, і, магчыма, праз нейкі час яе выхаванцы папоўняць шэрагі беларускіх мастакоў і, у прыватнасці, аб’яднання “Маю гонар”. Заўважым, што адзін з фундатараў выставы – прадпрымальнік Янка Кабановіч, досыць вядомы ў мастацкім асяроддзі мецэнат, прыйшоў на адкрыццё выставы разам са сваім сынам.
Таццяна Касуха,
сябра Латвійскага таварыства
беларускай культуры “Сьвітанак”

Рыга, Латвія
18 лістапада беларусы Рыгі адзначалі адразу два святы: 84-я ўгодкi Слуцкага збройнага чыну ў Беларусі і 86-я ўгодкі абвяшчэння Незалежнасці Латвіі. Вечарына, прысвечаная гэтым датам, сабрала ў Дзень незалежнасці Латвійскай Рэспублікі ў Доме рыжскага Латышскага таварыства паўнюткую залу. Шаноўным госцем вечарыны быў паважаны беларусамі з многіх краінаў, у тым ліку і Латвіі, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. Трэба адзначыць, што такое ўрачыстае святкаванне ўгодкаў Слуцкага паўстання ладзілася Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак” упершыню і стала магчымым дзякуючы падтрымцы Латвійскага фонду грамадскай інтэграцыі праекта “Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў – аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”.
Дзякуючы спадару Арлову, госці вечарыны змаглі не толькі даведацца аб непасрэдных падзеях ў Беларусі 84 гады таму – змаганні случакоў за ідэалы 25 Сакавіка ў лістападзе 1920 г. Госць з Мінскау вельмі цікава распавядаў паводле сабраных ім звестак аб лёсах 8 адважных ваяроў.
Шэраг патрыятычных песень падрыхтаваў да вечарыны вакальны гурт Таварыства “Сьвітанак”, які пачаў свята з выканання гімнаў: дзяржаўнага латвійскага і нашага “Магутны Божа”. Прагучалі два варыянты паэмы латышскага паэта Яніса Яўнсудрабіня “Каваль Калвіс”: на мове арыгінала і ў перакладзе на беларускую мову сябра нашага таварыства Наталлі Цімаховіч. У паэме распавядаецца аб барацьбе латышоў за незалежнасць сваёй краіны ў лістападзе 1919 года.
Вялікую цікавасць гасцей святочнай вечарыны выклікала спецыяльна падрыхтаваная сябрам “Cьвітанка” Аленай Капыціч фотавыстава “Мая Радзіма – Латвія, мая Бацькаўшчына – Беларусь”. Алена нарадзілася і вырасла ў Рызе, скончыла беларускую нядзельную школу, з’яўляецца сябрам Рады таварыства і працуе фатографам. Ужо некалькі гадоў розныя перыядычныя выданні друкуюць матэр’ялы аб мерапрыемствах Таварыства “Cьвітанак”, аздобленыя фотаздымкамі Алены. На выставе экспанаваліся фатаграфічныя працы з маляўнічымі беларускімі краявідамі, партрэты сваякоў з Беларусі, а таксама зробленыя ў Латвіі, у тым ліку і фотарэпартажныя здымкі з вечарын нашага таварыства. Шмат фотаздымкаў Алены будзе змешчана ў рэкламным буклеце Таварыства “Cьвітанак”, падрыхтоўка якога зараз вядзецца. Пасля адкрыцця выставы Алена атрымала запрашэнне пазней размясціць экспазіцыю на некалькі тыдняў ў выставачнай зале Дома Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі.
У рамках вечарыны адбылася таксама прэзентацыя новага зборніка цудоўных гістарычных апавяданняў і эсэ Уладзімера Арлова “Каханак яе Вялікасці”, які пабачыў свет літаральна перад ад’ездам аўтара ў сталіцу Латвіі. Госці зноў, як і на папярэдняй вечарыне “Cьвітанка”, напрыканцы кастрычніка, мелі рэдкую для Латвіі магчымасць не толькі набыць новую цікавую беларускую кнігу, але і адначасова атрымаць аўтограф аўтара. Жадаючыя мелі таксама, як і на папярэдняй імпрэзе, магчымасць атрымаць лістападаўскія нумары беластоцкага штотыднёвіка “Ніва”, што дасылаюць у Таварыства “Сьвітанак” нашы сябры з Польшчы. Газета набывае ўсё большую папулярнасць сярод беларусаў Латвіі. І зусім нядоўга засталося чакаць рыжскім беларусам наступнай святочнай імпрэзы ў “Cьвітанку” – 8 студзеня адбудзецца святкаванне Каляд. Падрыхтоўка да свята ўжо пачалася.
Таццяна Казак,
старшыня Латвійскага таварыства
беларускай культуры “Сьвітанак”

Рыга, Латвія
Вечарынай латышскіх дайнаў і беларускіх народных песень cябры Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” распачалі ў Рызе рэалізацыю вялікага праекта “Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў – аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”. Праект знайшоў падтрымку ў Латвійскім Фондзе грамадскай інтэграцыі і Рыжскай думе.
Галоўнай мэтай вечарыны было паказаць тое агульнае, што існуе ў беларускім і латышскім фальклоры. На пачатку вечарыны загучалі спецыяльна падрыхтаваныя Сільвіяй Браслыняй музычныя варыяцыі на тэмы беларускіх і латышскіх народных песень. У запоўненай вялікай зале было шмат гледачоў розных нацыянальнасцяў: палякаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў ды іншых.
Варта адзначыць, што ў апошнія некалькі гадоў арганізаваныя “Сьвітанкам” імпрэзы заўсёды збіраюць поўныя залы, прычым беларуская культура выклікае цікавасць у прадстаўнікоў вельмі розных нацыянальнасцяў, што жывуць у Латвіі. На вечарыне прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры і Акадэміі навук Латвіі, латышскія пісьменнікі, у тым ліку старшыня Саюза пісьменнікаў Латвіі Яніс Юрканс, кіраўнікі суполак, аб’яднаных ў Асацыяцыю нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, у тым ліку старшыня асацыяцыі прафесар Рафі Хараджанян, і іншыя вядомыя і паважаныя ў Латвіі людзі.
Арганізатары запрасілі гасцей не толькі пачуць народныя песні ў выкананні латышскіх фалькларыстаў і беларускага гурта “Сьвітанак”, дзіцячага ансамбля “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы і студыі аўтэнтычнага фальклору “Ільінская пятніца”. У рамках вечарыны адбылася таксама прэзентацыя кнігі “Крывіцкія руны”, што пабачыла свет ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор”, з удзелам яе ўкладальніка, госця з Мінска, беларускага паэта і перакладчыка з латышскай мовы, старшыні Таварыства “Беларусь–Латвія”, кавалера латвіійскага “Ордэна трох зорак” Сяргея Панізніка. У кнізе сабраны творы і біяграфічныя дадзеныя больш як 20 беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, што жылі ў Латвіі на працягу апошніх 80 гадоў. Аб двух з іх, беларускім паэце Пятры Саколе (Масальскім), які вельмі ўдала пераклаў на беларускую мову больш як 300 латышскіх дайнаў (народных песень), і Сяргеі Сахараве, вядомым беларускім асветніку і збіральніку беларускага фальклору Латгаліі (Паўднёва-Усходняй Латвіі) распавядаў на вечарыне старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш.
Спадар Вячка пазнаёміў прысутных з рэдкай кнігай, выдадзенай у 1939 г. у Латвіі Сяргеем Сахаравым, зборнікам беларускага фальклору Латгаліі. Госці вечарыны мелі таксама рэдкую магчымасць параўнаць, як гучаць на мове арыгінала і ў перакладзе на беларускую мову П.Сакола латышскія дайны. На беларускай мове іх вельмі артыстычна выконвала сябра “Сьвітанка” Таццяна Дробчык.
Таццяна Казак,
старшыня Латвійскага таварыства
беларускай культуры “Сьвітанак”

Даўгаўпілс, Латвія
Паступова здзяйсняюцца мары беларускіх настаўнікаў аб беларускай адукацыі ў школах Даўгаўпілса, дзе калісьці паспяхова працавала беларуская дзяржаўная гімназія, якая была адной з лепшых навучальных устаноў тагачаснага Дзвінска (старая назва Даўгаўпілса). Даўгаўпілская 6-я сярэдняя школа імя Райніса мае даўнія традыцыі па выхаванні і адукайцыі дзяцей розных нацыянальнасцяў. У хуткім часе спаўняецца 730 гадоў з дня заснавання гэтай школы. У мінулым тут існаваў беларускі камплект. Тут, дарэчы, вучыўся знакаміты Яніс Райніс, абаронца інтарэсаў беларусаў на Латвійскай зямлі.
Шаноўная спадарыня Ларыса Кажэўнікава, дырэктар школы, згадзілася ўвесці ў расклад школьных заняткаў беларускую мову па праграме “Адукацыя па інтарэсах”. Спадзяемся на падтрымку ў нашай нялёгкай настаўніцкай працы і з боку роднай Беларусі, і ў нашым горадзе сярод беларусаў-прадпрымальнікаў, беларусаў-мецэнатаў, зацікаўленых асоб.
Просьба да беларусаў-прадпрымальнікаў! Шаноўныя суайчынікі! Давайце паспрабуем успомніць сваіх беларускіх настаунікаў, якія прывівалі Вам калісьці, у вашы школьныя гады, павагу да беларускай мовы і культуры. Спадзяемся, што мы знойдзем сярод Вас падтрымку не толькі духоўную, але і матэрыяльную: у набыцці падручнікаў, у арганізацыі паездак на этнічную радзіму і г. д.
Таццяна Бучэль,
настауніца

Вільня, Літва
Літоўскія студэнты ВНУ, што належаць да ліберальнай моладзі Літвы, арганізавалі перад Амбасадай Рэспублікі Беларусь у Літве пікет пратэсту супраць парушэнняў на выбарах уладнымі структурамі Беларусі. У пікеце ўдзельнічала каля 100 чалавек, у тым ліку і студэнты з Галандыі. Пікет доўжыўся 3 гадзіны і суправаджаўся выступленнямі супраць існуючага рэжыму ў Беларусі і крытычнымі плакатамі.
Хведар Нюнька

Познань, Польшча
10 студэнтаў з Беларускага гуманітарнага універсітэта, зачыненага ўладамі краіны, зможа вучыцца ў ВНУ Познані. Кіраўніцтва універсітэта імя Адама Міцкевіча прыняло такое рашэнне пасля кансультацыі з Міністэрствам адукацыі ды польскай амбасадай у Мінску. Прарэктар Казімеж Пшышчыпкоўскі мяркуе, што такая дапамога – гэта маральны абавязак палякаў, якія нейкі час таму назад таксама атрымлівалі дапамогу з Захаду. У Познані будуць вучыцца два студэнты паліталогіі ды адзін філасофіі. Астатнія 7 чалавек – гэта кандыдаты на факультэце псіхалогіі. Рашэнне, колькі з іх будзе прынятаы на будучым тыдні.
“Radio Polonia”. 2004. 19 ліст.

Беласток, Польшча
Адзінае ў Польшчы праваслаўнае царкоўнае радыё “Orthodoxia”, якое дзейнічае ў Беластоку, хацела павялічыць геаграфію сваёй трансляцыі. На жаль, гэта не атрымалася, слухачы, напрыклад, Гарадка не здолеюць яго слухаць. Начальства “Orthodoxia” імкнуліся павялічыць магутнасць перадавальніка, каб рыдыё прымалася і ў паўночна–заходняй частцы Беластоцкага ваяводства, на землях, дзе жыве вялікая колькасць праваслаўных вернікаў. Дазвол на павелічэнне магутнасці прыйшоў, але з абмежаваннем: павелічэнне не можа датычыцца ўусходняга накірунку. Такім чынам, праваслаўныя, якія жывуць на ўсход ад Беластока радыё “Orthodoxia” не пачуюць.
Праваслаўнае радыё – некамерцыйнае, займаецца трансляваннем набажэнстваў і інфармуе аб падзеях у жыцці царквы. Зараз радыё можа трансляваць перадачы толькі на Беласток і ваколіцы.
“Gazeta Wyborcza”. 2004. 5 ліст.

Варшава, Польшча
У Амбасадзе Беларусі – з ініцыятывы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі – адбылася сустрэча сяброў Камітэта пабудовы помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве. На сустрэчу быў запрошаны дырэктар Музея літаратуры ў Варшаве праф. Януш Адрованж-Пенёнжэк, які згадзіўся ўзяць на сябе абавязкі старшыні камітэта. Прысутны на сустрэчы намеснік старшыні ініцыятыўнай групы пабудовы помніка праф. Аляксандр Баршчэўскі азнаёміў Януша Адрованж-Пенёнжэка з галоўнымі дзеяннямі ініцыятыўнай групы па справах пабудовы помніка класікам беларускай літаратуры ў Варшаве. Абмяркоўвалася таксама польска-беларускае супрацоўніцтва ў галіне культуры ды магчымасці яго пашырэння.
“Radio Polonia”. 2004. 9 ліст.

Торунь, Польшча
У Торуньскім этнаграфічным музеі адбыўся навуковы семінар „Мар’ян Пецюкевіч. Жыццё і дзейнасць”, арганізатарамі якога былі Этнаграфічны музей імя Мар’і Знамяроўскай-Прыфяровай у Торуні, торуньскі аддзел Польскага этнаграфічнага-* таварыства і кафедра міжнародных узаемаадносін Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. У семінары ўдзельнічалі сям’я Мар’яна Пецюкевіча, супрацоўнікі Торуньскага этнаграфічнага таварыства, навуковыя супрацоўнікі Універсітэта Мікалая Каперніка, а таксама госці з Беларусі і Польшчы.
“Ніва”. 2004. 21 ліст.

Беласток, Польшча
Агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы арганізуецца Беларускім саюзам і рэдакцыяй газеты “Ніва” ўжо 9 гадоў. Мэта яго застаецца нязменнай: стварыць аўтарам, якія карыстаюцца беларускай мовай, шанц паказаць свае літаратурныя напрацоўкі шырэйшаму колу чытачоў, аддаць іх на суд прафесійным літаратарам і літаратуразнаўцам. За гэты час у конкурсе прынялі ўдзел амаль 2 сотні чалавек, а некаторыя з іх папоўнілі ўжо рады членаў Літаб’яднання “Белавежа” і друкуюцца ў “Тэрмапілах” (Беласток).
Падсумаванне конкурсу адбылося 6 лістапада ў Беластоку. У час сустрэчы пераможцы атрымалі ўзнагароды, а астатнія ўдзельнікі — кніжныя і фанаграфічныя сувеніры. Лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу будуць апублікаваны ў адмысловым дадатку да газеты “Ніва”.
“Ніва”. 2004. 14 ліст.

Іркуцк, Расія
На базе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) адбылося ўрачыстае адкрыццё дзяцячага клуба “Зярнятка”. Праца клуба арыентавана на дзяцей школьнага ўзросту ад 6 да 14 гадоў. Клуб сумяшчае ў сабе як нядзельную школу па вывучэнні беларускай мовы, культуры і гісторыі, так і рэалізацыю праектаў адпачынку. Пры клубе таксама будзе дзейнічаць секцыя беларускіх рамёстваў. Усе заняткі будуць весці спецыялісты. Удзельнічаць у працы клуба могуць дзеці любой нацыянальнасці і абсалютна бясплатна.
Алена Мамантава,
Прэс-сакратар ІТБК імя Яна Чэрскага

Іркуцк, Расія
У Доме дружбы Іркуцка запланавана правядзенне гістарычнай вечарыны, прысвечанай такім беларускім дзеячам, як Сімяон Полацкі (1629–1680) – беларускі пісьменнік, першы рускі паэт, філосаф, асветнік, педагог, грамадскі і рэлігійны дзеяч; Яўстафій Тышкевіч (1814–1873) – пачынальнік беларускай археалогіі, гісторык, краязнаўца; Станіслаў Манюшка (1819–1872) – дырыжор, педагог, кампазітар, фалькларыст; Фларыян Ждановіч (1884–1842) – адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, прафесійны акцёр сучаснага тыпу.
Гістарычная вечарына прымеркавана да беларускага абрадавага дня Дзяды. Абрад Дзяды з’яўляецца крыніцай чыстых думак і пачуццяў. Менавіта гэты абрад можа выратаваць ад страты сваіх каранёў, што цягне да бездухоўнасці і абыякавасці, страты маральнасці.
Алена Мамантава,
Прэс-сакратар ІТБК імя Яна Чэрскага

Калінінград, Расія
На дзень усіх святых у каталіцкім прыходзе Святога сямейства абласнога цэнтра адбылася памінальная імша. Яе адслужыў беларускі святар айцец Сяргей Сурыновіч. Урачыстасць ужо не першы раз дапамагаў ствараць музычны гурт Беларускага таварыства культуры “Тутэйшыя музыкі”. Ён выконваў рэлігійныя творы на гэты раз у спалучэнні з арганам. Тэлевізійны канал “Дзюны” Калінінградскага тэлебачання ўпершыню здымаў беларускую імшу. У чатырох паўторах інфармацыйнай праграмы гучаў неафіцыйны гімн Беларусі (як падкрэсліла тэлежурналістка) – “Магутны Божа”. Яго праспяваў калінінградскі музыка Міхась Галубкін, ураджэнец Гродзеншчыны. Пасля імшы сябрам таварыства была наладжана рытуальная вячэра. Запрашэнне на імшу, адпраўленае айцом Сяргеем у мясцовае аддзяленне пасольства сп. Заламаю, засталося без адказу...
Ігар Шаховіч,
старшыня Таварыства беларускай культуры Калінінграда

Калінінград, Расія
Напярэдадні Змітраўскіх дзядоў адбылося пасяджэнне Рады Беларускага таварыства культуры. Абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з плануемым у ліпені наступнага года Чацвёртым з`ездам беларусаў свету ў Мінску, прыняты зварот да польскага ўрада ў абарону беластоцкай “Нівы”. Таксама запланаваны ўрачыстасці звязаныя з адкрыццём помніка Францішку Скарыну у Калінінградзе на сакавік 2005 г. Сябры Рады выказалі спадзеў, што Бацькаўшчына не застанецца убаку ад гэтай справы. Распачалася падрыхтоўка да Калядаў. Галоўная ўвага надаецца тэатралізаванай пастаноўцы “Батлейка”. У спектаклі, дзе ўсе акцёры – аматары, будуць задзейнічаны 14 чалавек ды музычны гурт “Тутэйшыя музыкі”. Плануецца запіс на тэлебачанні.
Ігар Шаховіч,
старшыня Беларускага таварыства культуры Калінінграда

Новасібірск, Расія
На базе Дома нацыянальных культур імя Г.Завалокіна ў Новасібірску адбыўся фестываль савецкай культуры. Галоўным арганізатарам выступіў грамадскі Фонд імя Кандрацюка пры падтрымцы дэпартамента культуры Новасібірскай вобласці. Актыўны ўдзел у свяце ўзяў Абласны цэнтр беларускай культуры. Прагучалі песні беларускіх аўтараў у выкананні маладзёжнага ансамбля “Вернісаж” (кіраўнік Н.Вароніна). У выкананні Т.Грышанковай і І.Дубаграевай прогучала песня “Ваявода” з рэпертуару ансамбля “Сябры”, Наталля Шаўчэнка дэбютавала з песняй “Паляўнічы”.
Калектывы і салісты Новасібірскага цэнтра беларускай культуры былі запрошаны і ў г. Томск, дзе прайшлі Дні беларускай культуры. Удзельнікі фестывалю правялі канцэрты і ў раёнах Томскай вобласці. Прагучалі аўтарскія песні і апрацоўкі народных песняў. Такім чынам, дзейснены творчы абмен з Томскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй беларускай культуры “Белыя росы” (кіраўнік П.Барыльчанка).
Такія творчыя сустрэчы становяцца традыцыйнымі на працягу апошніх 2 гадоў. Ансамбль “Крылы” г. Томска неаднаразова запрашаўся ў г. Новасібірск.
Ніна Кабанова,
дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Новасібірск, Расія
Дзяржаўная ўстанова “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры” (адзіны дзяржаўны беларускі цэнтр у Расіі) створаны ў 2000 г. у мэтах адраджэння, захавання і прапаганды беларускай культуры ў г. Новасібірску і Новасібірскай вобласці. Дырэктарам цэнтра была прызначана Ніна Кабанава (паходжаннем з Беларусі). Вялізны ўнёсак у стварэнне цэнтра як дзяржаўнай установы зрабіў В.Галуза.
За час дзейнасці центрам праведзена вялікая праца ў рэалізацыі асноўных мэтаў і задач: адчынена дзесяць філіялаў цэнтра ў вобласці ў месцах кампактнага пражывання беларусаў: Кыштоўскі, Паўночны, Куйбышеўскі, Балатнінскі, Машкоўскі, Качанеўскі раёны, г. Бердск. У выніку нарадзілася больш за 30 мастацкіх калектываў, якія з вялікім жаданнем спяваюць беларускія песні, выконваюць беларускія танцы, ставяць тэатральныя беларускія пастаноўкі, і што вельмі цешыць новасібірскіх беларусаў – гэта моладзь і дзеці.
Пры цэнтры працуе 17 клубных гурткоў для дзяцей і дарослых, у ліку якіх ансамбль “Крынічка” (кіраўнікі Ірына Дубаграява і Анатоль Амелічкін). Ансамбль – неаднаразовы ўдзельнік конкурсаў і фестываляў. Творчая дзейнасць калектыва адзначана медалем, дыпломамі і лістамі з падзякай. Ансамбль “Крынічка” ўдзельнічаў у сумесных праектах з ансамблямі “Песняры” і “Сябры”.
Цэнтр бярэ ўдзел ва ўсіх гарадскіх і абласных мерапрыемствах. У гэтым годзе цэнтр браў удзел у правядзенні Дзён беларускага кіно ў г. Новасібірску ў межах Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расіі. Цэнтр вядзе актыўную працу па прапагандзе беларускай культуры сярод дзяцей і моладзі. На базе школы-садка № 123 г. Новасібірска створаны дзіцячыя фальклорныя ансамблі “Калядачкі” (узрост дзяцей 3-4 гады), “Кужалёк” (5-7 гадоў), “Святкі” (8-11 гадоў). Вядзецца індывідуальная праца з таленавітымі дзецьмі. Ствараюцца дзіцячыя калектывы ў раёнах вобласці. Наладжана экспідыцыйна-этнаграфічная дзейнасць у месцы кампактнага пражывання беларусаў у Новасібірскай обласці. Цэнтр заключыў дамову аб супрацоўніцтве з кафедрай народнай мастацкай культуры Новасібірскага педагагічнага універсітэта ў мэтах аказання метадычнай і практычнай дапамогі ў вывучэнні беларускага фальклору. Наладжаны творчыя сувязі з беларускімі дыяспарамі Томска, Цюмені, Іркуцка і грамадскімі арганізацыямі Новасібірска.
У бліжэйшай перспектыве цэнтрам плануецца правядзенне семінара для кіраўнікоў творчых калектываў па вакалу, танцу, народнаму касцюму з прыцягненнем спецыцялістаў з Рэспублікі Беларусь, рэгіянальнага фестывалю–конкурсу беларускай творчасці для дзяцей і моладзі “Сібірскае сузор’е”, свята “У гасцях у Лявоніхі” (прысвечаны 5-годдзю адкрыцця цэнтра), фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі па месцах кампактнага пражывання беларусаў.
Ніна Кабанова,
дырэктар Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Крым, Украіна
“Беларусь – мая песня” – пад такім дэвізам прайшлі Дні беларускай культуры ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, прысвечаныя 60-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь і Крыма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Саюз беларусаў Крыма, які ўзначальвае Аляксей Сарасека.
Саюз беларусаў Крыма з’яўляецца пераемнікам Крымскага беларускага культурна-асветнага таварыства, якое ў гэтым годзе адзначыла сваё 13-годдзе. Ён аб’ядноўвае ў сваім складзе 21 арганізацыю, якія створаны і працуюць практычна ва ўсіх гарадах і рэгіёнах Крыма, дзе жыве амаль 30 тысяч нашых суайчыннікаў.
У Дні беларускай культуры ў Крыме Саюзам беларусаў Крыма былі арганізаваны паездкі і ўскладанне вянкоў і кветак да помніка М.Багдановічу ў г. Ялта, да Вечнага агню ў г. Сімферопалі і г. Севастопале, да манумента “Партызанская шапка”.
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 60-годдзя яе вызвалення ад фашыстаў у цэнтральным парку г. Сімферопаля адбыўся гала-канцэрт самадзейных калектываў практычна з усіх рэгіёнаў Крыма: “Світанак”, “Рабінушка”, “Сябрына”, “Беларусь”. З вялікім энтузіязмам удзельнікі і госці ўспрынялі выступ землякоў з Мінска ансамбль “Радзімічы”.
У межах Дзён беларускай культуры ў Крыме былі ўручаны віншавальныя лісты прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка і юбілейныя медалі “60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” вялікай групе ветэранаў, якія вызвалялі Беларусь у гады вайны. Лісты і медалі ўручыў першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Украіне Віктар Дзенісенка.
Саюз беларусаў Крыма ўдзячны Вярхоўнай Радзе Крыма, Рэспубліканскаму камітэту па справах нацыянальнасцяў, Рэспубліканскаму фонду міжнацыянальнай згоды, Рэспубліканскаму ваеннаму камісарыяту, гарадскому і раённым ваенным камісарыятам у арганізацыі і правядзенні гэтых імпрэз.
Г.Жукоўскі,
Старшыня праўлення Саюза беларусаў Крыма

Парыж, Францыя
У Парыжы ў рамках прэстыжнага Восеньскага салона кампаньёнаў Манмартра адкрываецца выстава вядомых беларускіх мастакоў Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі. Удзел беларускіх мастакоў у французскай выставе – сумесны праект Пасольства Францыі ў Беларусі і Федэрацыі кампаньёнаў Парыжа. Беларускія мастакі выстаўляюцца на Манмартры.
Гэта ўжо не першая выстава менавіта Цэслера і Войчанкі ў Францыі. Нашых мастакоў ужо ведаюць французскія аматары мастацтва, яны не адзін раз выстаўляліся не толькі ў Парыжы. Нават у Луўры ёсць адна супольная праца Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі.
Радыё “ Свабода”. 2004. 12 ліст.

Стакгольм, Швецыя
Сёлетняй вясною, калі да аб’яднанай Еўропы далучылася бальшыня ўсходнееўрапейскіх краін, мяжа Еўразвяза наблізілася непасрэдна да Беларусі. Некаторыя палітыкі ў краінах Еўразвяза занепакоеныя тым, што Беларусь аказалася па-за межамі еўрапейскай супольнасці народаў. У сувязі з гэтым “Радыё Швецыі” пачало трансляцыю праграмы на беларускай мове.
Мэты і задачы беларускай праграмы – знаёміць беларускага слухача са Швецыяй, з яе гісторыяй, з яе сучаснасцю, а таксама асвятляць культурныя, палітычныя і грамадскія падзеі ў галіне шведска-беларускіх стасункаў. Перыядычнасць выхаду ў эфір – два разы на месяц кожную другую нядзелю, перадачы па 30 хвілін. Першая перадача выйшла ў эфір 7 лістапада, першы блок – інтэрв’ю з людзьмі, якія маюць дачыненне да Беларусі, пра найбуйнейшую культурную імпрэзу – штогадовы кніжны кірмаш у Гётэборгу, дзе была прадстаўленая і Беларусь. Беларускае радыё ў іншых Скандынаўскіх краінах не існуе, толькі ў Швецыі. Гэта вялікі крок са шведскага боку – пачаць вяшчанне на новай замежнай мове, і вельмі прыемна, што гэты крок зроблены ў бок Беларусі.
Паводле belarusy.com і svaboda.org

Жэнева, Швейцарыя
58 твораў беларускіх мастакоў розных пакаленняў дэманструюцца на выставе “Беларускае сучаснае мастацтва”, што адкрылася ў Палацы нацый у Жэневе. Экспазіцыя з’яўляецца першай беларускай нацыянальнай выставай такога маштабу, арганізаванай у штаб-кватэры аддзялення ААН у Жэневе. На выставе прадстаўлены творы жывапісу, графікі і скульптуры, створаныя цягам апошніх 15 гадоў народнымі мастакамі Беларусі, заслужанымі дзеячамі мастацтваў Рэспублікі Беларусь і маладымі майстрамі.
“Народная воля”. 2004. 13 ліст.

ПАЛЕМІКА

Не палеміка, а чужыя справы
У бюлетэні “Беларусы ў свеце” № 5 за травень 2004 г. быў змешчаны артыкул “Дзесяцігадовы рубеж “Праменя”, аўтар Янка Петрыковіч. Хацелася б папоўніць гэты артыкул новай інфармацыяй.
Рэдактар газеты “Прамень” Лявон Шакавец і Валянціна Піскунова запісалі на свой рахунак заслугі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі і нават Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Міністэрства друку Рэспублікі Беларусь, не гаворачы аб беларусах Латвіі.
У публікацыі Лявона Шакаўца “Па слядах падзей” (газета “Голас Радзімы”, 2004, 22 красавіка, с. 23) адзначана: “ініцыятыву выдання газеты “Прамень” узяла на сябе тады яшчэ малавядомая суполка “Прамень” і шчырая беларуска, дырэктар фірмы Валянціна Піскунова. Яна прапанавала мне ўзначаліць рабочую групу, якая ў кароткі тэрмін правяла вялікую арганізацыйную работу, звязаную з падрыхтоўкай і выданнем першага нумару”.
Паважаныя, Таварыства беларускай мовы (ТБМ) “Прамень” было заснавана 5.10.90 г. у Рызе як рэгіянальная арганізацыя ТБМ Беларусі. Першы год старшынёй таварыства працавала Валянціна Кліменка. З 1991 па 1996 год уключна старшынёй таварыства працаваў Алесь Карповіч, пры якім таварыства было зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Латвіі, быў створаны гурт беларускай народнай песні “Надзея”. На 2-й канферэнцыі беларусаў Латвіі (27.05.94) было прынята рашэнне аб выданні газеты беларусаў Латвіі, што было даручана Таварыству “Прамень”. 23.11.94 штомесячная газета “Прамень” была зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Латвіі (рэгістрацыйнае пасведчанне № 1596). Набор, вёрстка і друкаванне праводзілася ў а/т “Прэсэс камс” у Рызе. Тыраж газеты быў у той час 3000 асобнікаў.
Ля вытокаў выдання газеты ў той час знаходзіліся: старшыня Таварыства “Прамень” Алесь Карповіч, рэдактар газеты Лявон Шакавец, першы пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Валянцін Вялічка і першы прэзідэнт Асацыяцыі прадпрымальнікаў беларусаў Латвіі “Беларускі шлях” Янка Кабановіч. Прэзентацыя газеты адбылася ў Пасольстве Рэспубліцы Беларусь у Латвіі.
Дапамогу ў выданні газеты таксама аказалі сябры таварыства А.Сцяпанава, Л.Міронава, В.Зайцава, В.Трафімчык, В.Салдатаў, М. Буры, В.Піскунова, А.Красько і Латвійскі фонд беларускай культуры (25.09.95 – 30.10.99). Газета выходзіла штомесячна, прадавалася ў кіёсках Рыгі і раённых гарадах Латвіі і ў г. Мінску. Перавозку газет у г. Дзвінск і г. Мінск і прывозку паперы, на выданне газеты з Беларусі, ажыццяўляў Янка Кабановіч.
Падпіска на газету дзейнічала ў 1995 – 1996 г. Пасля 1998 года выданнем газеты займалася іншае кіраўніцтва Таварыства “Прамень”, спачатку Мікола Буры, а зараз Валянціна Піскунова. За гэты час былі зменены нацыянальныя сімвалы ў газеце на савецкія. Тыраж газеты зменшыўся да 1000 асобнікаў. Са штомесячнай газета стала выдавацца адзін раз у два месяцы ці раз у квартал. Вялікая частка матэрыялаў друкуецца на рускай мове і без аўтарства.
А таксама мы не ведалі, што выпускам газеты “Прамень” займаецца старшыня суполкі з Эстоніі спадарыня Ніна Савінава.
Ян Марцінкевіч


Лістапад у гісторыі Беларусі
485 гадоў таму (1519 г.) скончана пабудова Барысаглебскай царквы ў Навагрудку, помніка архітэктуры готыкі.
425 гадоў таму (1579 г.) адбылося пераўтварэнне Віленскай езуіцкай акадэміі ў Віленскі універсітэт – першы універсітэт ва Усходняй Еўропе.
305 гадоў таму (1699 г.) пачалася выдавецкая дзейнасць ў Амстэрдамe беларускага кнігавыдаўца і асветніка Іллі Капіевіча.
220 гадоў таму (1784 г.) нарадзіўся Тэадор Нарбут, гісторык і археолаг, аўтар “Гісторыі літоўскага народа”.
220 гадоў таму (1784 г.) нарадзіўся З.Даленга-Хадакоўскі, славяназнаўца, археолаг, фалькларыст і этнограф.
120 гадоў таму (1884 г.) нарадзіўся Язэп Лёсік, выдатны грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог, адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдагаваў газету “Вольная Беларусь”. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР. Аўтар “Практычнай граматыкі беларускай мовы”. Закатаваны НКВД.
90 гадоў таму (1914 г.) нарадзіўся айцец Часлаў Сіповіч. Пасля Другой сусветнай вайны жыў у Лондане, дзе быў ініцыятарам і заснавальнікам Беларускага дома айцоў марыянаў. Памёр 4.10.1981 г. у Лондане, пахаваны на могілках св. Панкрата.
75 гадоў таму (1929 г.) нарадзіўся Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбергердорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўлендзе (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадска-рэлігійнага жыцця ў гэтым горадзе, арганізатар Беларуска-Амерыканскага грамадскага цэнтра “Полацак”, старшынёй быў якога 18 гадоў. Памёр 29.10.1993 г.
75 гадоў таму (1929 г.) нарадзіўся Яша Бурш, беларускі паэт, мастак, жыве і працуе ў Варшаве.
55 гадоў таму (1949 г.) у лагеры Тайшэт Іркуцкай вобласці памёр кс. Адам Станкевіч – святар, палітычны, рэлігійна-культурны дзеяч. Нарадзіўся ў 1892 г., у 1914 г. скончыў Віленскую каталіцкую семінарыю. Як адзін з першых ксяндзоў стаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі Сойм. Быў ініцыятарам, кіраўніком многіх беларускіх арганізацыяў, аўтарам публікацыяў. Праследаваны польскімі ўладамі. Нямецкую акупацыю перажыў у Вільні, трымаючыся здаля ад акупацыйных уладаў. У 1944 г. не падаўся ў эміграцыю, быў арыштаваны савецкімі ўладамі.
55 гадоў таму (1949 г.) у Германіі была адноўленая дзейнасць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У тым жа годзе адбылося пасвячэнне іераманаха Васіля (Тамашчыка) у біскупы у Розенгейме (Германія).
50 гадоў таму (1954 г.) адкрыўся Беларускі народны дом у Манчэсцеры, Англія. У тым жа годзе адбылося ўрачыстае высвячэнне Сабору Кірылы Тураўскага БАПЦ і беларускага грамадскага цэнтра ў Таронта.
45 гадоў таму (1959 г.) у Нью-Ёрку памёр беларускі грамадскі дзеяч Аляксандр Орса.
40 гадоў таму, у лістападзе 1964 г., старшыня бельскага аддзела Беларускага таварыства У.Раеўскі і сакратар аддзела Я.Шурбак распрацавалі план арганізавання беларускага хору пры Бельскім доме культуры (Беласточчына, Польшча). Першы канцэрт калектыў даў у Райску. А месцам першага фэста была Орля.
35 гадоў таму (1969 г.) адбылося высвячэнне і афіцыйнае адкрыццё Беларускага дома ў Брэдфардзе (Англія).
30 гадоў таму (1974 г.) у Таронта (Канада) выйшаў першы нумар часопіса беларускіх ветэранаў “Зважай” пад рэдакцыяй Кастуся Акулы. У тым жа годзе пабачыў свет першы нумар царкоўна-грамадскага часопіса праваслаўных беларусаў у Вялікабрытаніі “Званіца” пад рэдакцыяй Юркі Весялкоўскага.
Паволе “Czasopis”. 2004. №11;
“Ніва”. 2004. 21 ліст.;
М.Панькоў “Хроніка беларускага жыцця на чужыне”

У ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Беларускае пытанне ў Польшчы

Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях
Адносіны да беларушчыны ў Польшчы паказаў закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях, прыняты польскім Сеймам 4 лістапада. Адзіная карысць ад такога закону, што юрыдычна прызнаецца існаванне ў Польшчы беларускай меншасці. Праект сучаснага закону праваляўся ў сеймавых канцылярыях каля 12-ці гадоў. Прапіхваў яго незабыўны Яцак Курань, бяссільны пад сцяною польскага нацыяналізму. Талерантнасць палякаў аказалася самахвальствам, яны папраўдзе саштурхоўваюць у беларускае гета, у ізаляцыю. Сеймам пастаноўлена наступнае: ва ўстановах польскіх дазваляецца гаварыць і пісаць выключна па-польску (забарона моў нацыянальных меншасцяў ва ўправах раёнаў, дзе жыве меншасць).
“Ніва”. 2004. 21 ліст.

***
Нельга будзе карыстацца дапаможнай мовай ва ўправах гмінаў (сельсаветаў), у якіх пражывае нацыянальная меншасць. Толькі ў некаторых месцах Польшчы можна будзе сустрэць двухмоўныя шыльды. Дэпутаты Сейма выдалілі з закона аб нацыянальных меншасцях запіс, які дазваляў самаўрадам увядзенне ў справы другой дзяржаўнай мовы, мовы нацыянальнай меншасці, якая жыве ў дадзенай гміне. Большасць дэпутатаў упэўнены, што ўзровень аховы спраў меншасці ў Польшчы ўзоравы і без таго зацвярджэння. У праекце было напісана, што двухмоўе ва ўстановах і двухмоўныя шыльды будуць дазволены ў гмінах, дзе колькасць меншасці складае 8 працэнтаў. Сейм прыняў закон у рэдакцыі, дзе такі дазвол будзе толькі ў гмінах з 50 працэнтамі меншасці. Такім чынам, дазволена двухмоўе толькі ў 5 гмінах – 4 беларускіх і 1 літоўскай.
“Rzeczpospolita”. 2004. 5 ліст.

***
На ўліцах Бельска-Падляшскага не будуць вісець шыльды з назвамі вуліц на беларускай і ўкраінскай мовах. Нацыянальныя меншасці не могуць спадзявацца на тое, што будуць абслужаны чыноўнікамі на іх роднай мове. Гэта ўсё вынікі Закону аб нацыянальных меншасцях, прыняты Сеймам.
Вядома, што ўзровень дэмакратыі вымяраецца правамі нацыянальных меншасцяў, – каментуе Ярэк, 32-гадовы жыхар Бельска, які атаясамлівае сябе з беларускай меншасцю. – Нават на недэмакратычнай Беларусі ў месцах, дзе палякі складаюць меншасць, вісяць шыльды на польскай мовей. Польшча не еўрапейская?
Падобную думку маюць і іншыя прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай меншасцяў.
“Gazeta Wspolczesna”. 2004. 9 ліст.

***
Тадэвуш Гавін, які 10 гадоў быў лідэрам польскай меншасці на Беларусі, адмоўна ацаніў тое, што меншасці ў Польшчы не змогуць выкарыстоўваць ва ўстановах уласную мову як дапаможную. “Моцная дэмакратычная дзяржава павінна дбаць аб сваіх меншасцях”, – паведаміў “Radiо Bialystok” Тадэвуш Гавін. На яго думку, такое рашэнне польскага Сейма можа быць выкарыстана беларускімі ўладамі. Могуць знікнуць шыльды з польскімі назвамі вуліц у некаторых мясцовасцях Беларусі.
“Radio Bialystok” . 2004. 5 траўня

***
Дзеля рэалізацыі кожнай палітыкі, нават найбольш слушнай, патрэбны неабходныя прылады. Польскія палітыкі ўжо цэлыя гады шмат гавораць пра польскую ўсходнюю палітыку. Апошнім часам прадстаўляюць яе нават як аснову палітыкі Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да ўсходніх суседзяў. Асабліва шмат месца гэтаму пытанню прысвячаецца цяпер – пасля непрызнанага Еўропай рэферэндуму ў Беларусі ды пасля выклікаючых падобныя сумневы выбараў ва Украіне. Узнікае тады пытанне: ці Еўразвяз можа ўвогуле ўплываць на падзеі ў гэтых краінах, прычыняцца да іх дэмакратызацыі ды спыняць аўтарытарныя неасавецкія тэндэнцыі? – піша Антоні Падольскі, праграмны дырэктар Цэнтра міжнародных адносінаў, былы віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі.
Польшча на словах рашуча выказваецца за актыўную звязаўскую палітыку за ракой Буг, імкнецца нават узяць на сябе ролю вызначальніка гэтай палітыкі. Шкада толькі, што ў такой сітуацыі Польшча сама адмаўляецца ад дзвюх магчымасцяў, пры дапамозе якіх магла б пазітыўна ўплываць на хаду падзеяў, асабліва ў Беларусі. Цяжка зрабіць лепшы падарунак Лукашэнку, чым той, які нядаўна даў яму польскі парламент, выкідваючы з Закону аб нацыянальных меншасцях запіс, які дазваляў карыстацца мовамі меншасцяў ва ўстановах і мясцовых назвах. Цяжка – таму што ў такой сітуацыі польская Беласточчына не станецца свайго роду выставачным акном беларусаў у аб’яднанай Еўропе.
Ці сапраўды трэба баяцца, што пашырэнне правоў беларусаў у Польшчы можа пагражаць у будучыні стратай гэтых тэрыторыяў на карысць Беларусі? Ці, хутчэй за ўсё, гэта ўлады ў Мінску павінны баяцца прыкладу з-за ракі Буг, калі б на Беласточчыне беларуская мова і культура мелі лепшыя магчымасці развіцця, чым па другі бок мяжы? У спалучэнні з несумненна лепшай эканамічнай сітуацыяй Польшчы, стварала б гэта Лукашэнку прапагандысцкае выбуховае рэчыва – падобнае да таго, якім у часы камунізму быў Заходні Берлін і ФРГ для жыхароў ГДР. Беласток – як Заходні Берлін.
“Gazeta Wyborcza”. 2004. 17 ліст.

Беластоцкая “Ніва”
На мінулым тыдні раённая пракуратура Беласток-Поўдзень паклікала ў ролі падазроных пяць членаў уравы паграмнай рады тыднёвіка „Ніва” папярэдняга склікання. Такім чынам, спісак падазроных у злачынстве парушэння законаў аб бухгалтарстве дасягнуў адзінаццаці чалавек. Справу вядзе пракурор Анджэй Астапа. Калі такім тэмпам пракуроры ды іншыя службы будуць працаваць, неўзабаве абвінавачваць стануць таксама чытачоў нашага тыднёвіка. Судовы працэс трэба будзе праводзіць сама менш на стадыёне.
Хаця яшчэ далёка да стану-ідэалу канца трыццатых гадоў, калі кожны беларус быў падазроны, але ўсё ідзе ў гэтым напрамку. Чэкісты, паліцыянты, функцыянеры НІК, пракуроры – усе яны выконваюць працу, за якую плацяць таксама беларусы са сваіх падаткаў. Выконваючы сваю працу, цалкам згодна з законамі, могуць праследаваць грамадзян беларускай нацыянальнасці. Маральны і псіхічны тэрор – гэта адпаведныя тэрміны, якія адлюстроўваюць дзеянні ўлад у адносінах да беларускай інтэлігенцыі. Мы абараняць сваю годнасць можам толькі за кошт сваіх сродкаў і ў часе, у якім павінны працаваць або адпачываць. Яны — звычайна прыходзяць на працу. Супраць беларускай інтэлігенцыі вайну вядуць людзі, у руках якіх дзяржаўны апарат рэпрэсій. Вопыт гісторыі паказвае, што такая вайна можа цягнуцца, пакуль будуць тут праявы беларускага нацыянальнага жыцця. Не стане справы „Нівы”, прыдумаюць нешта іншае...
Паводле Яўгена Мірановіча.
“Ніва”. 2004. 21 ліст.

Новыя экзамены на атэстат сталасці
Новыя экзамены на атэстат сталасці выклікаюць непакой сярод бацькоў вучняў. Раней маглі яны параіць сваім дзецям, як вучыцца да экзаменаў, што адкрываюць дарогу ў дарослае жыццё. Зараз не ведаюць, што сказаць аб новай „матуры”. Многія вучні комплекса школ з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Гайнаўцы з’яўляюцца аптымістамі і вераць, што новыя матуральныя экзамены хутчэй адкрыюць ім дарогу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дырэкцыя і настаўнікі беларускай мовы перажываюць за экзамены па беларускай мове. Акруговая экзаменацыйная камісія ў Ломжы пакінула настаўнікаў беларускай мовы без належнай дапамогі ў падрыхтоўцы да правядзення новых экзаменаў. Ускладняцца ўмовы здавання экзаменаў па беларускай і польскай мовах. Раней на напісанне творчай работы давалася вучням 5 гадзін. Зараз за 2 гадзіны трэба будзе напісаць творчую работу і адказаць на пытанні да тэксту. Вусныя ўнутраныя экзамены на атэстат сталасці распачнуцца 18 красавіка. Пісьмовыя экзамены будуць праводзіцца ў маі.
“Ніва”. 2004. 21 ліст.

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Пачалася падрыхтоўка да Чацвёртага з’езда беларусаў свету

23 лістапада 2004 г. адбылося пасяджэнне Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, на якім было прынятае рашэнне аб скліканні 16-17 ліпеня 2005 г. Чацвёртага з’езду беларусаў свету. На пасяджэнні абмеркаваныя прынцыповыя пытанні З’езду і абвешчаны пачатак працы па яго падрыхтоўцы. На З’ездзе чакаецца прысутнасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары з больш чым 25 краін свету. Месцам правядзення З’езду абраны горад Мінск.
Абмеркаваўшы актуальныя пытанні беларускай сусветнай супольнасці, Малая Рада вызначыла асноўную тэму З’езду: “Дыяспара для Беларусі – Беларусь для дыяспары. Шляхі да кансалідацыі і развіцця нацыі”. У межах З’езда запланаваны наступныя секцыі і круглыя сталы:
1) Месца Беларусі ў Еўропе;
2) Беларуская эміграцыя: змена пакаленняў;
3) Роля беларускай дыяспары ў дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі;
4) Перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва: Беларусь – дыяспара;
5) Культура і адукацыя. Хада нацыянальна-культурнага адраджэння.
Рашэннем Малой Рады быў створаны Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Чацвёртага з’езду беларусаў свету. Старшынёй Аргкамітэта абраны прафесар Анатоль Грыцкевіч, сустаршынямі: акадэмік Радзім Гарэцкі, доктар Янка Запруднік, Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, сябры Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Валеры Герасімаў і Барыс Стук.
Прызначаны каардынатары па падрыхтоўцы З’езду ў Польшчы, Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, Аўстраліі, ЗША, Канадзе.
Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская пазнаёміла радцаў са справаздачай дзейнасці “Бацькаўшчыны” за 2004 г. звярнуўшы ўвагу на такі важны аспект дзейнасці аб’яднання як прыцягненне ўвагі дзяржаўных органаў да праблемаў беларускай дыяспары.
За межамі Беларусі пражывае больш за 3,5 млн. беларусаў (чвэрць беларускай нацыі), сярод іх вядомыя вучоныя, пісьменнікі, бізнесмены. За межамі Беларусі яны стварылі актыўнае грамадскае жыццё. Дыяспара любога народа здольная значна паўплываць на працэс развіцця сваёй Радзімы. У Беларусі гэты патэнцыял практычна не выкарыстоўваецца. Больш за тое, бальшыня беларускіх арганізацый адлучана ад грамадскага і культурнага працэсу на Радзіме. Вырашэнню надзённых пытанняў замежнай беларускай супольнасці, кансалідацыі намаганняў неабыякавых да лёсу сваёй культуры беларусаў і будзе прысвечаны чарговы Чацвёрты з’езд беларусаў свету.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Гіторыя з’ездаў беларусаў свету
Першы з’езд беларусаў свету адбыўся 8-10 ліпеня 1993 г. у Мінску. Гэта быў самы вялікі З’езд па колькасці ўдзельнікаў, на ім панаваў настрой аптымізму і веры ў высокае і паспяховае Адраджэнне. Дзяржаўнымі тады былі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.
На З’ездзе працавалі 486 дэлегатаў з Англіі, Аргенціны, Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Канады, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Расіі, Украіны, Малдовы, Туркменіі, Казахстану, Кіргізіі, Узбекістана, Эстоніі, Літвы, Латвіі. 510 дэлегатаў былі ад Беларусі, больш 200 чалавек гасцей.
На з’ездзе працавалі круглыя сталы “Беларуская дзяржаўнасць”, “Беларуская культура”, “Беларуская гаспадарка” і “Беларуская дыяспара”. прэзідэнтам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі. старшынёй Рады – Ганна Сурмач. (З заснавання МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 1989 г. і да 1993 г. прэзідэнтам быў Васіль Быкаў.)
На Першым з’ездзе былі прынятыя гістарычныя выніковыя дакументы: “Дэкларацыя аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва”, “Зварот да Парламента і Урада Рэспублікі Беларусь”, “Заява ўдзельнікаў Першага з’езду беларусаў свету па вайсковаму пытанню”, “Рэзалюцыя “Аб падтрымцы дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына”, “Пастанова аб Радзе прадпрымальнікаў”, “Рэзалюцыя аб падтрымцы Беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода” і “Зварот да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка”.
У “Звароце беларусаў замежжа, удзельнікаў Першага з'езду беларусаў свету” між іншага было напісана: “Беларускі народзе! Мы, твае сыны і дочкі, разнесеныя па цэлым шырокім свеце вятрамі нядолі, што напаткала наш край, з’ехаліся з Поўначы і Паўдня, з Усходу і Захаду ў сталіцу суверэннай Беларускай Дзяржавы – Менск, каб удыхнуць гаючае паветра роднай зямлі, наталіць вочы лагоднымі беларускімі краявідамі, сустрэцца з дарагімі сэрцу сваякамі і суродзічамі, адчуць цеплыню іхных душаў. У лучнасці з Бацькаўшчынай, гэтай жыватворнай духовай крыніцай, тоіцца сакрэт нашага супольнага выжывання, вытрываласці да перамогі над усімі цяжкасцямі і перашкодамі на шляху да свабоды і дабрабыту.”
Другі з’езд беларусаў свету адбыўся 26-27 ліпеня 1997 г. у Мінску і меў назву “Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце”. На ім працавалі 123 дэлегаты і 111 гасцей з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Эстоніі, а таксама 64 дэлегаты і 388 гасцей з Беларусі. Сярод гасцей былі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. На з’езд былі акрэдытаваны 63 прадстаўнікі прэсы.
Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі. старшынёй Рады – Ганна Сурмач. Выніковымі дакументамі З’езда былі: “Заява ўдзельнікаў Другога з’езду беларусаў свету”, “Рэзалюцыя аб дзейнасці Рады ЗБС “Бацькаўшчына” і “Рэзалюцыя аб сітуацыі вакол будынка Беларускага гуманітарнага ліцэя”.
У “Заяве ўдзельнікаў Другога з’езду беларусаў свету” між іншага чытаем: “Мы, удзельнікі Другога сусветнага форуму беларусаў, якія сабраліся ў сталіцы Маці-краіны, горадзе Мінску, звяртаемся да усей беларускай нацыі, да ўладаў Беларусі, да кожнага нашага суродзіча, які жыве на Бацькаўшчыне, ці далёка ад яе. Прымаючы пад увагу інфармацыю, выкладзеную ў дакладах па асноўнай тэме З’езду “Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце”, у выступленнях удзельнікаў З’езду мы вымушаны адказна заявіць аб тым , што будучыня беларускай нацыі знаходзіцца пад рэальнай пагрозаю... Шматлікія факты сведчаць і пра знішчэнне духоўнага патэнцыялу нацыі. У занядбаны стан прыходзіць нацыянальная мова і культура. Разбураецца створаны ў апошнія гады падмурак сістэмы нацыянальнай адукацыі ў краіне. Знішчаюцца нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, сістэма беларускага кнігадрукавання...”
Трэці з’езд беларусаў свету пад назвай “Беларусь і беларусы на мяжы тысячагоддзяў” адбыўся 5-6 ліпеня 2001 года ў Мiнску. У ім бралі ўдзел: 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету (ЗША, Канады, Бельгіі, Аўстраліі, Англіі, Польшчы, Балтыйскіх краін, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Узбекістана і інш.), прадстаўнікі 72 арганізацый беларускай дыяспары, 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўных структур (Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Мінгарвыканкама, Міністэрства юстыцыі), пасол ЗША і прадстаўнікі амбасадаў Украіны і Арменіі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый АБСЕ і ААН. На з’езд былі акрэдытаваны 45 прадстаўнікоў прэсы.
На з’ездзе працавалі секцыі “Беларуская дыяспара: праблемы і перспектывы”, “Беларуская навука, культура, літаратура і мастацтва на Радзіме і ў замежжы”, “Беларуская сусветная інфармацыйная прастора”. З'езд прыняў наступныя выніковыя дакументы “Пастанову аб падтрымцы Акта незалежнасці, прынятага Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 г. у г. Мінску”, “Праграму “Замежная беларуская супольнасць у 21 стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)”, “Дэкларацыю "Наш шлях: вартасці і мэты”, “Дэкларацыю “Беларуская дыяспара і свет”, “Рэзалюцыю аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, “Заяву аб беларускай мове”, “Рэзалюцыю “Аб падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і кансалідацыі беларускай дыяспары”.
Нягледзячы на парады беларускіх абмасадаў у краінах былога СССР і рэкамендацыі Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў не ехаць на з’езд, “Бацькаўшчына” сабрала пад сваім дахам 2/3 вылучаных дэлегатаў. Дух канструктывізму, жаданне аб'яднацца дзеля вырашэння праблем нацыянальнага жыцця перамаглі.
Адны з асноўных задач, якія ставіць перад Беларускай дзяржавай яе дыяспара і якія закладзены ў прынятай на з’ездзе Праграме, – стварэнне Дзяржкамітэта па дыяспары, прыняцце закона “Аб беларускай дыяспары”, абарона правоў беларускай нацыянальнай меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзяржаўных пагадненняў.
Прэзідэнтам Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абраны прафесар Анатоль Грыцкевіч, старшынёй Рады -- Алена Макоўская.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Скарбы Літвінаў”
Пры актыўнай арганізацыйнай падтрымцы МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выпушчаны 6-ты альбом гурта “Стары Ольса” пад назвай “Скарбы Літвінаў”, прысвечаны беларускай музыцы і музыцы Еўропы, якая была папулярна на беларускіх землях у 10—17 стагоддзях. Альбом – вынік гадавой даследчыцкай і паўгадавой студыйнай працы. Альбом пабачыў свет дзякуючы падтрымцы мецэнаткі з ЗША Ірэны Каляда-Смірноў.
“Скарбы Літвінаў” – падвойны альбом, які падзелены храналагічна: першая частка прысвечана ранняму і сталаму Сярэднявеччу, другая – эпосе Рэнесансу і ранняму барока. Увесь матэрыял выкананы на рэстаўраваных і рэканструяваных беларускіх старадаўніх інструментах – дудах, жалейках, гуслях, свірэлях, варганах, ліры, лютні, тамбуры і рознага кшталту барабанах і бубнах.
У змесце – старадаўні беларускі фальклор, рыцарскія беларускія песні, творы беларускіх кампазітараў 16 – пач. 17 ст., кампазіцыі са славутых зборнікаў беларускай прыдворнай музыкі – “Полацкага сшытка” і “Віленскага сшытка”, ваярскі фальклор Вялікага княства Літоўскага, а таксама папулярныя ў ВКЛ еўрапейскія мелодыі і танцы.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Летапіс “Уздыма”
Да 10-гадовага юбілею Беларускага культурна-асветнага таварыства “Уздым” выйшаў зборнік вычарпальнай інфармацыі пра грамадскі шлях гэтага актыўнага беларускага аб’яднання Даўгаўпілс (Латвія). Зборнік называецца “Летапіс беларускага культурна-асветнага таварыства “Уздым”. У ім паслядоўна выкладзена гісторыя аб’яднання і біяграфіі самых знакамітых беларусаў Даўгаўпілса, якія супрацоўнічалі з таварыствам. Пададзены таксама здымкі з імпрэзаў, сяброў “Уздыма”, урыўкі з беларускай і латышскай прэсы пра жыццё даўгаўпілскіх беларусаў, выявы беларускіх выданняў і шмат іншага. Зборнік заслугоўвае ўвагі як хрэстаматыйная крыніца па найноўшай гісторыі беларускай дыяспары Латвіі. Будзе ён цікавы і як досвед арганізацыі культурнага і грамадскага жыцця на чужыне.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Маланка”
У апошніх нумарах газеты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага апавядаецца пра насычанае падзеямі і справамі жыццё беларусаў Іркуцка. Консул Пасольства Рэспублікі Беларусь Ігар Саўко патэлефанаваў са сваёй резідэнцыі ў Новасібірску. Ён папрасіў скласці спісы ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі 60 гадоў таму, для ўручэння ім юбілейных медалёў.
Была зроблена чарговая этнаграфічная экспедыцыя ў Куйтунскі раён. Зараз мы знайшлі сваіх суродзiчаў і ў гэтым раёне. У вёсках Алкін, Сулкет, Андрушына і Ключы жывуць нашчадкі беларускіх перасяленцаў па Сталыпенскай рэформе (пачатак ХХ ст.). Падчас экспедыцыі было запісана шмат цікавай інфармацыі, старадаўнія песні. Асабліва здзівілі жыхары Сулкета. У іх ёсць вельмі каларытны ансамбль “Рушнiчок”. Зараз яні змогуць наведваць нашыя абласныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры.
У сядзiбе таварыства адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячага клуба “Зярнятка”. Гэтай падзеі даўно чакалі і сур’ёзна рыхтаваліся, бо будучае нашай арганізацыі, безумоўна, залежыць ад нашых дзяцей. Мы павінны прывіць ім любоў да свайго народа, выхаваць іх у веданні ўласнай культуры і гісторыі.
У Доме культуры ў дзяцей ёсць магчымасць сістэматычна вывучаць гісторыю беларускага народа, беларускае слова (мова і літаратура), наведваць секцыю “Ужытковае мастацтва” (вывучэнне сімвалаў, вышыўка, саломапляценне і інш.) і “Фальклорную студыю”. Ёсць спадзяванне, што з нашых малышоў вырастуць вартыя лідэры, якія змогуць працягнуць наш рух па захаванню беларускай традыцыі ў Прыбайкаллі.
У апошніх нумарах “Маланкі” таксама можна даведаецца пра чарговае пасяджэнне абласной рады ІТБК, пра іншыя падзеі і планы Іркуцкага таварыства: гістарычныя даследаванні на тэму “Беларусы ва Усходняй Сібіры», праца Рэсурснага навукова-метадычнага цэнтра па вывучэнні і распаўсюджанні беларускай культуры, адкрыццё ў Іркуцку рэстарана беларускай кухні, гістарычны клуб “Спадчына”, маладзёжны клуб “Крывiчы”, Музей-майстэрня “Беларусская хатка”, правядзенне нацыянальных дыскатэк і стварэнне радыёпередачы аб беларускай музыцы, Бібліятэка беларускай літаратуры.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ

Вакол правоў чалавека ў Беларусі
59-я сесія Генасамблеі ААН акрылася ў верасне. У гэтым годзе на разгляд дэлегатаў Трэцяга камітэта ААН было прадстаўлена 8 праектаў, рэзалюцый, якія асуджаюць парушэнні правоў чалавека, у тым ліку ў Беларусі. Ініцыятарам праекта рэзалюцыі па Беларусі сталі ЗША. Сааўтарамі выступілі краіны Еўразвяза, Румынія, Японія і Канада. У цэлым рэзалюцыя па Беларусі пабудавана па фактах, якія ўжо не раз выклікалі заклапочанасць у іншых міжнародных структурах і служылі повадам для прыняцця мноства аналагічных дакументаў.
МЗС Беларусі не абмежаваўся звычайным непрыяццем. Па заяве МЗС, у гэтых умовах Беларусь вырашыла ўнесці контрпраект – “Аб дэмакратыі і палажэнні з правамі чалавека ў ЗША”. Беларускі праект рэзалюцыі абвінавачвае амерыканскае кіраўніцтва ў ажыццяўленні жорсткага кантролю за СМІ, недасканаласці выбарчай сістэмы, у прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да непаўналетніх і псіхічна хворых і г. д.
Сенсацыяй сусветнага масштабу магло б стаць галасаванне на Генасамблеі ААН па прапанаванаму Мінскам праекту рэзалюцыі “Аб дэмакратыі і палажэнні з правамі чалавека ў ЗША”. Сенсацыі не атрымалася. Беларуская дэлегацыя адклікала свой праект рэзалюцыі па правах чалавека ў ЗША. Тым не менш нават сама спроба афіцыяльна абвінаваціць аплот заходняй дэмакратыі ў парушэнні правоў чалавека стала беспрэцэдэнтным крокам у сусветнай дыпламатыі.
Адзначым, што рэзалюцыі ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на працягу апошніх гадоў былі прыняты двойчы.
БДГ. 2004. 16 лістапада
***
Ад самага пачатку мэтай унясення рэзалюцыі “Аб палажэнні ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў ЗША” ў Трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН было не галасаванне па ёй... Усе мэты дасягнуты. Створаны першы ў гісторыі ААН прэцэдэнт унясення такой рэзалюцыі. Дэлегацыя Беларусі зрабіла заяву аб тым, што праект рэзалюцыі не выносіцца на галасаванне і заклікала аўтараў іншых краінавых рэзалюцый зрабіць такім жа чынам.
У падтрымку зробленага Беларуссю кроку выступілі дэлегацыі Расіі, дэлегацыя старшыні Руху недалучэння Малайзіі, Кітая, Інданезіі і іншыя.
Паводле каментару прэс-сакратара МЗС Беларусі 15.11.2004 г. mfa.gov.by

***
18 лістапада 2004 года ААН прыняла прынцыповае рашэнне не разглядаць унесенае ЗША і Еўрапейскім Саюзом на Генеральнай Асамблеі пытанне аб Беларусі. ААН не саступіла масіраванаму ціску ЗША і іншых Заходніх краін, адхіліўшы разгляд ініцыіраванага імі праекта рэзалюцыі “Аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.
103 краіны-ўдзельніцы ААН не падтрымалі дадзены праект, пазбавіўшы тым самым ЗША і ЕС рычага аказання палітычнага ціску на Беларусь пад прыкрыццём аўтарытэту міжнароднай супольнасці...
з заявы МЗС Беларусі www.mfa.gov.by

ВЕСТКІ

Аздараўленне дзяцей
Паводле прэзідэнта А. Лукашэнкі, на сёння ліцэнзію на права арганізацыі аздараўлення дзяцей за мяжой маюць 130 арганізацыяў, з якіх 115 – грамадскія, 9 – рэлігійныя. Арганізацыя выезду за мяжу дзяцей, што маюць патрэбу ў аздараўленні, павінна быць прэрагатывай дзяржавы, – заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што на сёння гэтымі пытаннямі займаюцца ўсяго чатыры дзяржаўныя арганізацыі.
Ён заявіў, што некаторыя недзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі, якія займаюцца вывазам дзяцей на аздараўленне, “выцягваюць з бацькоў грошы нібыта на дадатковыя паслугі і экскурсіі”. Аднак акрамя гэтага кіраўнік дзяржавы прывёў і іншы матыў: “Працэс вывазу дзяцей за мяжу трэба звесці практычна да нуля. Сваіх дзяцей мы павінны расціць і выхоўваць тут”.
І дадаў: “Няўжо вы не бачыце, якімі дзеці вяртаюцца адтуль? Што нам гэты лад жыцця дае? Нам такое выхаванне не трэба”. “Калі нам хочуць аказаць дапамогу, няхай пералічваюць сродкі і кантралююць тут, як мы іх будзем выкарыстоўваць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы аздараўляць павінны дзяцей сваіх унутры краіны. Сёння для гэтага ў нас хапае магчымасцяў, і толькі ў крайнім выпадку мы павінны вывозіць дзяцей за межы краіны”. Лукашэнка заявіў, што міністр адукацыі павінен “асабіста адпраўляць дзяцей для лячэння або ўсынаўлення за мяжу”, – подпіс міністра павінен стаяць пад кожным дакументам.
Радыё “Свабода”.2004. 17 лістап.

Здароўе школьнікаў
У Беларусі абсалютна здаровымі дзецьмі з’яўляюцца толькі каля 27% школьнікаў. З кожным годам іх становіцца ўсё менш: напрыклад, у 1997 г. было 33% здаровых вучняў. Такія дадзеныя прывёў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Міхаіл Рымжа на сумеснай нарадзе міністэрстваў, Нацыянальнай акадэміі навук і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Сустрэча адбылася ў Мінску і была прысвечана тэме ўплыву навакольнага асяроддзя на здароўе дзяцей. Адной з галоўных прычын росту дзіцячай хваравітасці з’яўляецца негатыўнае ўздзеянне фактараў навакольнага асяроддзя.
“Белорусскій рынок”. 2004. 6—13 лістап.

Насельніцтва Беларусі скарацілася
Як паведамілі афіцыйныя крыніцы, на 1 кастрычніка 2004 года колькасць насельніцтва Беларусі склала 9 мільёнаў 812,9 тысячы чалавек. У пачатку года ў краіне жылі 9 мільёнаў 849 тысяч. Такім чынам, за дзевяць месяцаў сёлета насельніцтва Беларусі скарацілася на 36 тысяч.
Радыё “Свабода”. 20004. 17 лістап.

Васiль Быкаў спачыў пад фiнскiм гранiтам
2 лiстапада на магiле Васiля Быкава ўсталяваны камень-помнiк. Гэта акцыя сабрала не адну сотню людзей. Луналi нацыянальныя сцягi, гарэлi памiнальныя свечкi, камень асвяцiлi згодна з хрысціянскiм абрадам. Пра Быкава гаварылi ля помнiка тыя, каму пашчасцiла ведаць яго як сябра, хто падзяляе ягоную грамадзянскую пазiцыю, хто шануе ягоную творчасць. Гэта Валянцiн Тарас, Рыгор Барадулін, Уладзiмiр Някляеў, Генадзь Бураўкiн, Алесь Пашкевiч, Андрэй Хадановiч, Васiль Шаранговiч... Ад улады не прыйшоў нiхто, нават кветак не даслалi. Для нас гэта звыкла: калi чынавенства штосьцi не можа ўзначалiць, дык у лепшым выпадку спрабуе яго не заўважаць. Не было беларускiх чыноўнiкаў, але прыйшлi амбасадары шэрага краiн Еўрасаюза. Пашану генiю беларускай нацыi выказалi ў сваiх выступах амбасадары Фiнляндыi ў Літве, Лiтвы i амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкi. Прычым амерыканскi дыпламат гаварыў па-беларуску.
"Народная Воля" 2004.5 лістап.

Збор твораў Васiля Быкава
Дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” адмовiлася выдаваць васьмiтомны Збор твораў класiка беларускай лiтаратуры Васiля Быкава. Пiсьменнiк не верыў у магчымасць выдання Поўнага збору твораў дзяржаўным выдавецтвам яшчэ тры гады таму – на самым пачатку працы над першым томам. Дырэктар выдавецтва “Мастацкая лiтаратура” Уладзiслаў Мачульскi прэзентаваў разам з Васiлём Быкавым яго васьмiтомнiк яшчэ на Мiжнародным кнiжным кiрмашы ў Франкфурце-на-Майне ў 2002 годзе, аднак першы том дагэтуль свету не ўбачыў. Першы том быкаўскага Збору твораў не выйшаў сёлета, не ўключаны васьмiтомнiк i ў выдавецкiя планы “Мастацкай лiтаратуры” на 2005 год.
pahonia.promedia.by

Нясвiжскiя зборы Радзiвiлаў
Унiкальная выстава "Нясвiжскiя зборы Радзiвiлаў" адкрылася ў Нацыянальным мастацкiм музеi ў Мiнску. У ёй экспануецца 47 партрэтаў выдатных палiтычных, грамадскiх, рэлiгiйных i ваенных дзеячаў Беларусi XVII - XVIII стагоддзяў з вялiкай калекцыi, якая некалi належала легендарнаму магнацкаму роду Радзiвiлаў, прадстаўнiкоў якога называлi некаранаванымi каралямi Вялiкага княства Лiтоўскага. Пачатак збору быў пакладзены Мiкалаем Радзiвiлам Сiроткам (1549—1616) i прадоўжаны яго нашчадкамi, якiя захавалi пераемнасць дынастычных традыцый. Доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая паведамiла, што нясвiжскi збор Радзiвiлаў перажыў дзве трагедыi: 1812 года, калi значная частка калекцыi была вывезена ў Эрмiтаж (Санкт-Пецярбург), i 1941 года, калi калекцыя спачатку была раздзелена памiж установамi культуры БССР, а потым вывезена нацыстамi ў Германiю, адкуль вярнулася ў Мiнск у 1948-1960 гадах. Толькi ў 1968 годзе 57 партрэтаў са збору трапiлi ў Дзяржаўны мастацкi музей БССР, дзе былi адрэстаўраваны i вывучаны.
“Народная воля”. 2004. 9 лістап.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by