МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№2(№15)
люты
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванне

Зварот кіраўніцтва МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" да суайчыннікаў за мяжой з нагоды 85-й гадавіны БНР

Дарагія суродзічы!

BNR

25 сакавіка спаўняецца 85 гадоў з дня абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР, выконваючы волю 1-га Усебеларускага Кангрэса 1917 г. і маючы на гэта ўсе паўнамоцтвы, сваёй Трэцяй устаўной граматай абвясціла Беларусь дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай. Ад гэтага часу дзень 25 сакавіка з'яўляецца галоўным нацыянальным святам беларускага народа - Днём Волі, Днём незалежнасці. Утварэнне БНР адкрыла Беларусі шлях у сям'ю вольных і самастойных дзяржаў Еўропы і свету. Урад і Рада БНР за кароткі тэрмін зрабілі значную працу па ўсталяванні дзяржаўных інстытутаў у Беларусі. Вялікія дасягненні былі зроблены ў галіне адукацыі і культуры. Але ў канцы 1918 г. тэрыторыя Беларусі была занята войскамі Савецкай Расіі, і пабудова незалежнай дзяржавы была гвалтоўна спынена. І ўсё ж бальшавікі былі вымушаны лічыцца з імкненнем беларусаў да ўтварэння самастойнай дзяржавы. Таму ў процівагу БНР яны абвясцілі БССР з фіктыўным суверэнітэтам.

Аднак ідэі незалежнасці і справядлівасці не перасталі жыць у нашым народзе. Менавіта Акт 25 сакавіка стаўся ўзорам пры аднаўленні дзяржаўнасці Беларусі ў 1991 г. Суверэнітэт Беларусі з'яўляецца набыткам не толькі сённяшняга пакалення, але і нашых продкаў і належыць нашчадкам. Суверэнітэт нашай краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны ніякімі дзяржаўнымі асобамі і органамі, ці праз рэферэндум. Усебеларускі з'езд за незалежнасць, які адбыўся 19 ліпеня 2000 г., у сваіх рашэннях пацвердзіў усе асноўныя пастулаты БНР і курс на захаванне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Пагроза, што навісла над незалежнасцю Беларусі, аб'ядноўвае ўсіх грамадзян краіны, усе палітычныя партыі, якія выступаюць за дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беварусь.

У дзень 25 сакавіка беларусы ўсяго свету адзначаюць сваё вялікае свята. Кіраўніцтва "Бацькаўшчыны" віншуе ўсіх вас і вашыя сем'і, вашых блізкіх з гэтым святам і жадае добрага здароўя, поспехаў у вашай працы на карысць нашай краіны.

Жыве Беларусь!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Хайдэльберзе, Германія

Гісторыя беларускіх маладзёвых арганізацыяў у Заходняй Еўропе пачалася бадай што з узнікненнем Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Празе ў 1920-30 гг. На жаль, тыя студэнты не пакінулі па сабе пераемнікаў, і беларуская моладзь Еўропы маўчала да сярэдзіны 1940-х. Пасля другой сусветнай вайны ў лагерах для перамешчаных асобаў пачалі сваю дзейнасць беларускія скаўты, але і гэты пачатак не меў працягу на еўрапейскіх абшарах. Адзіным выключэннем была Беласточчына, дзе беларускі маладзёвы рух, у самых розных формах, існаваў ці не заўсёды. Была яшчэ арганізацыя Беларуска-Амерыканскай моладзі, але гэта ўжо на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі. Сёння сітуацыя з беларускай моладдзю ў Заходняй Еўропе выглядае крыху інакш. Неафіцыйныя зямляцтвы беларусаў існуюць у некаторых еўрапейскіх універсітэтах, сям-там моладзь стараецца заснаваць нацыянальныя суполкі, як, прыкладам, Звяз беларусаў замежжа ў Чэхіі. Цяпер жа сваё слова сказалі і студэнты. Пры канцы снежня летась у Нямеччыне сабраліся шэсць беларускіх студэнтаў, якія рэпрэзентавалі нашых землякоў з пяці еўрапейскіх краінаў: Вялікай Брытаніі, Галандыі, Нямеччыны, Фінляндыі і Швейцарыі. Некаторыя з тых, што вучацца ў краінах па-за Шэнгенскай зонай, не змаглі прыехаць на сустрэчу праз цяжкасці з атрыманнем візы. Арганізатар сустрэчы ў Нямеччыне - Яраслаў Крывы.

Радыё "Свабода". 2003. 21 студз.

Хайдэльберзе, Германія

19-21 студзеня ў горадзе Хайдэльберзе адбылася сустрэча беларускай моладзі, што навучаецца ці працуе ў Заходняй Еўропе. У з'ездзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай моладзі з Галандыі, Германіі, Швейцарыі, Фінляндыі ды Аўстрыі. У выніку было прянята рашэнне заснаваць Згуртаванне Беларускай Mоладзі Замежжа - нефармальную арганізацыю, што ставіць сабой мэтаю аб'яднянне маладых беларусаў, што апынуліся за мяжой Радзімы дзеля ўзаемадапамогі. Сярод першапачатковых мерапрыемстваў запланавана стварыць інфармацыйны рэсурс у інтэрнеце, а таксама зрабіць з'езды, падобнымі таму, што адбыўся ў Хайдельберзе, рэгулярнымі. Наступная сустрэча запланавана на лета 2003 года.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся на адрас: krynica@yahoo.com.

Яраслаў Крывы

Васагінас, Літва

Беларускі культурны цэнтр "Крок" г. Вісагінаса наладзіў мерапрыемства з нагоды 5-годдзя свайго ансамбля беларускай песні "Світанак". У перапоўненай канцэртнай зале "Банга" (600 сядзячых месцаў) адбыўся ўрачысты канцэрт "Світанка". Юбіляраў цёпла вітала зала, віншавалі прэзідэнт Згуртавання беларусаў Літвы Л.Мурашка, мэр горада В.Рачкаўскас, прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве, кіраўніцтва Дэпартамента па справах нацыянальных меншасцей пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і іншых нацыянальнасцей г. Вісагінаса. У гэты дзень адбылося і выязное пасяджэнне Рады Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, на якім была зацверджана дата П-га з'езду Згуртавання.

Мікалай Бізун

Вільня, Літва

Памёр шчыры беларус, актыўны ўдзельнік беларускага руху ў Вільні Юрый Зямніцкі. Ён скончыў Віленскую кансерваторыю, працаваў у Тэатры оперы і балета, 30 гадоў з'яўляўся салістам Літоўскай філармоніі. Напрыканцы 80-х актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальны рух, быў арганізатарам і, на працягу сямі гадоў, кіраўніком беларускага хору "Сябрына". Дэлегат І і ІІ з'ездаў беларусаў Балтыі. Шмат гадоў прафесійна займаўся пчалярствам, быў добрым і сціплым чалавекам, захаваў аб сабе светлую памяць. Пахавалі Юрыя Зямніцкага на праваслаўных Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках.

Леакадзія Мілаш

Мадрыд, Іспанія

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла наведала беларускую грамаду ў Іспаніі, дзе зараз пражывае шмат беларусаў. Нашы суайчыннікі наведваюць украінскі ўніяцкі храм, а таксама праваслаўныя багаслужбы ў Мадрыдзе. Спатканне адбылося ў залі храму, дзе адбываюцца ўкраінскія багаслужбы. І.Сурвілла расказала пра жыццё беларусаў у іншых краінах, удзельнікі сустрэчы распавялі пра сваё жыццё перад і пасля прыезду ў Іспанію і вырашылі, што існуе патрэба ў стварэнні згуртавання беларусаў у Іспаніі. Назвалі яго Беларуска-Іберыйскім Згуртаваннем (Asociacion Bieloruso-Iberica), каб магчы ўлучыць у яго і сяброў з Партугаліі і тых, хто пражываюць у іншых некастыльскіх правінцыях. Стварылі Арганізацыйны камітэт пад старшынствам Андрэя Рубцова, якому даручылі падрыхтаваць да наступнай сустрэчы статут арганізацыі. Ужо ёсць электронны адрас Беларуска-Іберыйскага Згуртавання (zhurtavannie@yahoo.es). Вельмі пажадана, каб беларускія выдавецтвы выслалі беларусам Іспаніі некаторыя свае выданні, а арганізацыі ў іншых краінах, дзе пражываюць нашыя суродзічы, іх прывіталі.

"Беларус". 2003. люты

Калінінград, Расія

24 студзеня 2003 г. беларусы Караляўца адзначылi дзесяцiгоддзе. Нямецка-расійскi дом у асобе дырэктара сп. Пэтэра Вунша гасцiнна дазволiў правесцi iмпрэзу ў сваiх сценах. У імпрэзе ўдзел бралі актывiсты Таварыства, фундатары, сябры з iншых нацыянальных суполак. Асобна былi запрошаны спадарыня Алена Глагоўская з Гданьску, пiсьменнiк Уладзiмір Арлоў i бард Змiцер Бартосiк з Беларусі. Зала напоўнiлася так, што давялося шукаць дадатковыя месцы. Пасля прывiтальных слоў канцэртную праграму распачаў старэйшы беларускі калектыў "Чабор", далей рэй вёў гурт "Тутэйшыя музыкi" (кiр. Люба Кастрамiна), дзiцячы ансамбль "Пралеска", вакальны гурт "Напеў". Беларусаў вiншавалi ўкраiнскi хор (кiр. Iван Гарбенюк), ансамбль Летувiскага таварыства культуры, ансамбль "Iнтэрмеццо". Гаварылiся добрыя словы ў адрас музыкаў, майстроў, фундатараў - людзей, для якiх беларушчына ёсць непарыўнай часткай жыцця. Асвятлялі падзею дзве мясцовыя тэлевiзiйныя кампанii, тэлерадёкампанiя "Янтарь", газета "Калiнiнградская праўда".

Для імпрэз калінінградскіх беларусаў стаў традыцыяй "удзел" аддзялення пасольства РБ у Калiнiнградзе (кiраўнiк Заламай), якое перашкаджала правядзенню свята, абвясціўшы яго палітычным: на дзверы, за якімі знаходзіліся строі гурта "Чабор", быў павешаны замок; за тры днi да iмпрэзы дырэктару нямецка-расійскага дома было паведамлена пра палiтычны характар маючых адбыцца падзей, што ледзь не сапсавала арэндаванне памяшкання i інш.

Язэп Сякера

Пецярбург, Расія

У студзені 2003 г. у Пецярбургу ў Пушкінскім Доме (Інстытут рускай літаратуры) была абаронена дысертацыя, прысвечаная Кірылу Тураўскаму. Дысертантка з Паўднёвай Карэі Со Сон Джонг разгледзела Жыццяпіс (Жыціе) Кірылы Тураўскага з кнігі "Пралог". Гэткія "пралогі" складалі манахі, збіраючы пад адной вокладкай творы розных "айцоў царквы". Таксама яна разгледзела ўсе "Словы" св.Кірылы, змест і тэмы якіх суадносяцца з тэкстамі таго "Пралогу". Такіх "Словаў" тры: "Прытча пра сляпога і кульгавага", "Слова пра нядбайнага цара і разумнага дарадцу" (альбо "Аповесць аб беларызцу") і "Слова на сабор святых айцоў 318-ці" (на Нікейскі першы сабор сабраліся 318 айцоў). Сам Кірыла шмат разоў пісаў, што стварае тэксты на падставе святых кнігаў. Ён амаль цалкам запазычыў для сваіх "Словаў" асноўны сюжэт з прытчаў "Пралогу". Аднак у Кірылы, які быў вялікім знаўцам Святога Пісьма і богаслужбовых тэкстаў, кожны праложны сюжэт робіцца шматзначным. Так, у "Аповесці аб беларызцу", цалкам уводзячы ў свой тэкст сюжэт з "Пралогу", Кірыла Тураўскі ўзбагачае яго вобразамі, якіх няма ў праложным тэксце: па-мужчынску разумная дачка, нейкі прыгожы і высокі чалавек, што стаіць на цвёрдым камені, бунт у горадзе. Грунтуючыся на гэтым, Со Сон Джонг абвяргае гіпотэзу Е.Фет аб тым, што Кірыла Тураўскі быў складальнікам другой рэдакцыі "Пралогу". Матэрыялам для даследавання сталі 120 рукапісаў Пралогу XIII-XVII ст., а таксама спісы вышэйназваных твораў.

"Наша Ніва". 2003. 7 лют.

Бішкек, Кыргызстан

Грамадскае аб'яднанне беларусаў "Світанак" адсвяткавала свой дзесяты дзень нараджэння. Вечар адбыўся ў выставачнай зале Нацыянальнай бібліятэкі, спецыяльна падрыхтаванай для гэтай падзеі. На ім прысутнічалі каля 150 чалавек, сярод іх кіраўнікі дыяспар, члены ўрада Кыргызскай Рэспублікі, дэпутаты парламента, грамадскія дзеячы і актыўныя ўдзельнікі "Світанка". Мерапрыемства прайшло ўрачыста. Увесь вечар прысутныя захапляліся народнай музыкай, спевамі, танцамі і стравамі нацыянальнай кухні. "Світанак" падтрымлівае пастаянную сувязь з Пасольствам Рэспублікі Беларусь, з беларускімі суполкамі суседніх краін. Пры Бішкекскім гуманітарным універсітэце створаны Цэнтр беларускай мовы, гісторыі і культуры. Энергія, з якой дзейнічае "Світанак", невычэрпная, спіс яго спраў доўгі. Галоўная задача арганізацыі - духоўнае нацыянальнае ўзбагачэнне. Створана бібліятэка беларускай літаратуры, ёсць усе ўмовы для вывучэння мовы і народныхтрадыцый, нацыянальнай культуры.

"Голас Радзімы". 2003. 20 лют.

Падзея

Новая беларуская арганізацыя

11 лютага ў г. Сургуце (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга, Расія) адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды стварэння Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Югры". Прыём гасцей з Беларусі, культурная праграма, сардэчнасць нашых землякоў былі на вышэйшым узроўні! План мерапрыемстваў складаўся з наступнага: Устаноўчы сход нацыянальна-культурнай аўтаноміі, прэс-канферэнцыя з удзелам карэспандэнтаў мясцовых і беларускіх газет, Беларускага агульнанацыянальнага тэлебачання, урачыстая частка з віншаваннямі і ўручэннем ушанавальных грамат тым асобам, якія актыўна ўдзельнічалі ў беларускім гармадскім жыцці г. Сургута, урачысты канцэрт беларускіх выканаўцаў. Старшынёй беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Югры" быў аднагалосна абраны наш суродзіч з Рэчыцы Сяргей Бандарэнка. Сп. Бандарэнка доўгі час з'яўляўся намеснікам старшыні рады культурна-асветнага таварыства "Бацькаўшчына" г. Сургута, якое з 1999 г. актыўна працуе з беларусамі ў гэтым рэгіёне.

Для ўдзелу ў працы сходу былі запрошаны Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у РФ В.Грыгор'еў, старшыня Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" А.Макоўская, намеснік старшыні Федэратыўнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Ю.Ваўчок, а таксама кіраўнікі рэгіянальных беларускіх дыяспар Навасібірскай і Цюменскай абласцей. З прымаючага боку быў мэр Сургута А.Сідараў і кіраўнік Сургуцкага раёна А.Сарычаў, намеснік мэра горада Я.Чэрняк, намеснік генеральнага дырэктара АТ "Сургутнафтагаз" В.Татарчук, прадстаўнікі ўраду Ханты-Мансійскай акругі. Вялікую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказала АТ "Сургутнефтегаз", адміністрацыя г.Сургута.

У Ханты-мансійскай аўтаномнай акрузе беларуская нацыянальная меншасць з'яўляецца чацвертай па колькасці (30 тыс. чалавек) пасля рускіх, украінцаў і татар. У г. Сургуце пражывае 10 тыс. выхадцаў з Беларусі. У асноўным гэта нафтавікі, юрысты, настаўнікі, работнікі культуры і гандлю, ёсць і бізнэсоўцы.

Павіншаваць беларусаў з утварэннем аўтаноміі прыйшлі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў - украінцы, татары, немцы, дагестанцы і інш. Культурную праграму складалі эстрадны ансамбль "Беларускія Песняры", гурт сярэднявечнай беларускай музыкі "Стары Ольса" і народны ансамбль беларускай песні з Цюмені "Лянок". Для дэлегацыі з Беларусі клопатам Адміністрацыі г. Сургута былі наладжаны экскурсіі па музеях і славутых мясцінах горада.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Бібліятэкі Універсітэта Рутгерс (Нью-Джэрсі, ЗША)
ствараюць Калекцыю кніг, якія датычаць
беларускай культуры і грамадскасці

Сотні тысяч беларусаў пражываюць у ЗША. Адно з месцаў іх найбольшай колькасці - у штаце Нью-Джэрсі. Гэта тлумачыць, чаму Бібліятэкі Універсітэта Рутгерс маюцца задакументаваць жыццё і культурныя дасягненні беларусаў у гэтым штаце.

Бібліятэкі пастанавілі сабраць калекцыю двух важных набыткаў культуры. Сям'я паэта і грамадскага актывіста з Мілтауна Янкі Золака (псеўданім Антона Даніловіча), ахвяравала архіў і кнігі, якія адлюстроўваюць яго амаль 50-гадовую літаратурную і палітычную дзейнасць, большая частка якой прайшла ў Нью-Джэрсі. Бібліятэкі выказалі падзяку доктару Янку Запрудніку з Сомерсэта, аўтару двух кніг ў бібліятэках Універсітэта за ахвяраванне цудоўнай калекцыі кніг пра Беларусь, яго дакументаў, якія адлюстроўваюць яго дзейнасць на радыё "Свабода" (Беларуская рэдакцыя ў Нью-Ёрку), а таксама грашовы ўнёсак на набыццё і перапрацоўку кніг і манускрыптаў, якія датычаць Беларусі.

30 красавіка 2002 г. лідэры Беларускай грамады сустрэліся з прадстаўнікамі бібліятэк у Александраўскай бібліятэцы дзеля прагляду папер Золака і абмеркавання калекцыі кніг і нататкаў пра Беларусь. Калекцыя будзе выконваць падвоеную ролю: зберагаць памяць пра вопыт жыцця беларусаў, набываць і рабіць даступнай кнігі і перыёдыку, якія будуць падтрымліваць акадэмічныя праграмы Універсітэта Рутгерс. Бібліятэкі выказалі вялікую зацікаўленасць у дзённіках, лістах і арганізацыйных запісах беларусаў Нью-Джэрсі і беларускіх грамадскіх арганізацый, такіх як цэрквы, культурныя асацыяцыі.

Універсітэт Рутгерс запрасіў валанцёраў і спонсараў для апрацоўкі гэтых дакументаў. Універсітэт мае курсы па ўсходне-еўрапейскай культры, гісторыі, кінематографе і палітыцы, некаторыя з якіх датычаць вывучэння Беларусі. У падтрымку гэтых акадэмічных праграм бібліятэкі Універсітэта ставяць сваёй мэтай заснаваць фонд, які забяспечыць сродкамі набыццё кніг па ўсходнеславянскай культуры і гісторыі. Выпускнікі і ўсе іншыя, хто жадае патрымаць гэтыя захады, могуць рабіць свае ўклады на адрас: Rutgers University Foundation, Winants Hall, 7 College Ave., New Brunswick, NJ 08901-1261. На чэку, калі ласка, паведамце аб тым, што вашае ахвяраванне накіроўваецца на падтрымку бібліятэк Універсітэта Рутгерс і іх беларускай калекцыі. Па даведкі звяртайцеся таксама да доктара Вітаўта Кіпеля, прэзідэнта Беларускага інстытута навукі і мастацтва (1797 Buttonwood Avenue,Toms River, NJ 08755, Tel.: (732) 557-0094).

З нашай пошты

Рыга, Латвія

Вялiкi дзякуй "Бацькаўшчыне" за падарунак - зборнiк "Мой родны кут, як ты мне мiлы." Цудоўнейшыя творы пераможцаў конкурсу! Перадайце, калi ласка, ад беларусаў з нашага таварыства падзяку спадарыне Iрэне Каляда-Смiрноў за гэтае выданне i за ўзнагароду дзецям-пераможцам. Кнiжку ў "Cьвiтанку" будзем чытаць па чарзе, я ўжо прачытала. Мяркую, што большасць з гэтых аўтараў у хуткiм часе папоўняць Саюзы пiсьменнiкаў i мастакоў Беларуci. I гэта будуць шчырыя, сапраўдныя патрыёты-беларусы - пicьменнiкi i пicьменнiцы, паэты i паэткi, мастакi i мастачкi. Пакуль ёсць у нас такiя дзецi (i, канешне, бацькi i настаўнiкi, якiя iх так выхоўваюць), верыцца, што, негледзячы нi на што, Жыве Беларусь i будзе жыць!

12 студзеня ў "Cьвiтанку", у Вялiкай залi будынку Асацыяцыi нацыянальна-культурных меньшасцяў Латвii, дзе заўсёды праводзяцца нашыя святы, мы ладзiлi святкаванне Новага году i Каляд. У лiстападзе мiнулага году з дапамогаю Аддзела нацменшасцяў Упраўлення натуралiзацыi Латвii таварыства "Cьвiтанак" набыло новыя беларускiя нацыянальныя касцюмы, i таму тэатралiзаваныя "Каляды" з "гаспадаром" ды "гаспадыняю" ў "вясковай хаце" на гэты раз атрымалicя вельмi яскравымi i каларытнымi. У якасцi "калядоўшчыкаў" выступiла вакальная група таварыства "Cьвiтанак" пад кiраўнiцтвам Наталлi Камiлеўскай, а таксама дзiцячы гурт "Вавёрачка" Рыжскай беларускай асноўнай школы. Сярод гасцей-гледачоў таксама было шмат дзяцей i моладзi. Асаблiва прыемна было сустрэцца на вечарыне з былым настаўнiкам Рыжскай беларускай нядзельнай школы, з выпускнiкамi школы розных гадоў, якiя сталi ўжо зараз дарослымi, але не забылiся роднай мовы. Беларусы, якiя прыйшлi на вечарыну, атрымалi вiншаваннi з Новым годам i Калядамi i пажаданнi ад прадстаўнiка Радзiмы-Беларусi - Першага сакратара Амбасады РБ у Латвii спадара Дзмiтрыя Шкурдзя i ад прадстаўнiцы дзяржавы, дзе яны жывуць зараз, - загадчыцы Аддзела нацменшасцяў Упраўлення натуралiзацыi Латвii спадарынi Айны Балашка. Таксама прысутным былi прачытаныя вiншаваннi, дасланыя на адрас "Cьвiтанка" па пошце ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Аўстралii, Летувы, Расii i iнш. Тых прысутных на вечарыне, якiя не змаглi 27.12.02 г. патрапiць на адкрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака, ураджэнца Латвii Пётры Мiрановiча, старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыi "Маю гонар" Вячка Целеш запрасiў у выставачную залю на 2-iм паверсе i расказаў аб жыццi i творчасцi гэтага мастака, а таксама пазнаёмiў з творамi юбiляра i творамi iншых удзельнiкаў выставы. Наогул, навагодняя вечарына атрымалася цiкаваю i вясёлаю, з багатым святочным сталом з беларускiмi нацыянальнымi стравамi, з нашымi цудоўнымi народнымi песнямi i танцамi, з гульнямi i латарэяю. Узнагародаю i святочным падарункам для арганiзатараў сталі шчырыя словы падзякi за свята i ад пастаянных удзельнiкаў "cьвiтанкаўскiх" вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.

Таццяна Казак

"Стары год сканчаем, новы зачынаем!"

Так спяваецца ў адной з беларускіх "калядных" песняў. Для беларусаў пачатаку Новага года заўжды папярэднічае падсумоўванне вынікаў мінулага года. Вось самыя асноўныя падзеі і мерапрыемствы Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага ў 2002 годзе:

  1. Газета "Маланка", дзякуючы пастаяннай фінансавай падтрымцы Уладзіміра Якавенкі, стала выходзіць штомесячна накладам 500 асобнікаў.
  2. Створаны 4 аддзяленні ІТБК па Іркуцкай вобласці - у г. Чарамхова, у Усць-ардынскай акрузе, у г. Брацку, у в. Тарнапаль. Ва ўсіх аддзяленнях ужо ведзецца праца па адраджэнні, захаванні і развіцці беларускай культуры.
  3. Упершыню праведзены Дзень Беларускай культуры ў пас. Залары. Дзякуючы паспяховасці гэтага свята, з 21 сакавіка да 21 красавіка быў праведзены Месячнік беларускай культуры ў г. Чарамхова.
  4. 2 сакавіка адбыўся V з'езд ІТБК, на якім прысутнічалі 53 дэлегаты і 41 госць. На з'ездзе абноўлены склад Рады, зацверджана праграма развіцця ІТБК на бліжэйшыя два гады, гімнам ІТБК зацверджаны "Магутны Божа".
  5. Адбылася сустрэча каманды "КВН" БДУ з актывам ІТБК.
  6. Сябра Рады ІТБК браў удзел у святкаванні юбілею нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусь" у Рэспубліцы Комі.
  7. Беларуская сям'я Наталлі Брызгун заваявала тытул "Ганаровая шматдзетная сям'я Правабярэжнай акругі", а пазней стала лаўрэатам "Ганаровая сям'я г. Іркуцка".
  8. Фальклорны ансамбль "Ленушка" браў удзел у Днях славянскай пісьмовасці ў Навасібірску. Адбыўся сумесны выступ іркуцкага беларускага ансамбля "Ленушка", цюменскага "Лянок", навасібірскага "Азарычы" з беларускім ансамблем "Сябры".
  9. З нагоды 6-й гадавіны ўтварэння ІТБК у Іркуцку адбыўся Літаратурны вечар, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу.
  10. На сродкі мецэната У.Якавенкі пабудаваны і 18 кастрычніка адчынены новы беларускі музейны гісторыка-этнаграфічны комплекс ў в. Тургенеўка. (Вёска заснавана ў 1909 г. беларускімі перасяленцамі, зараз у вёсцы працуюць Беларускі народны хор "Варэнiчкi" і дзіцячы фальклорны ансамбль "Рушнiчок").
  11. Сабраная інфармацыя і экспанаты для выставы "Беларусы Сібіры", якая адкрылася ў Музеі гісторыі Іркуцка.
  12. Два прадстаўнікі ІТБК бралі ўдзел у працы 2-га з'езду Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі".
  13. Ладзіліся маляўнічыя святы "Каляды", "Купалле", "Гуканне вясны", "Дзяды".
  14. Прадстаўленне беларусаў у мясцовых фестывалях і святах "День независимости", "Фольклорная деревня", "Сибирь многонациональная" і інш.
  15. Сумесна з 21-м каналам Іркуцкага тэлебачання наладжаны месячнік беларускай кухні.
  16. У сярэдняй школе №31 Іркуцка адбыўся Фестываль "Как встречают Новый год в разных странах"; 5-ы "В" клас, дзе шмат дзяцей беларусаў паказвалі сцэнку "Беларускiя Каляды"; усе дзеці размаўлялі па-беларуску.
  17. Пачалася рэалізацыя новага праекта "Беларускiя вячоркi"; галоўная ідэя -захаваць у моладзі пераемнасць беларускіх традыцый.
  18. Ад "Губернского собрания общественности" атрыманы гранты на выкананне праграм "Адраджэнне ткацкага рамяства" і "Правядзенне міжнацыянальных дыскатэк"; выкананне ўжо пачатае.

Алег Рудакоў

З базы дадзеных

Ад 1948 г. у Лондане працуе грэка-каталіцкая Царква святых апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначальвае айцец Аляксандр Надсан. Царква аб'ядноўвае 30 прыхаджан і ўтрымліваецца Беларускай каталіцкай місіяй. Сайт Царвы: www.skaryna.clara.net/mission

У 1971 годзе ў Лондане была створана Беларуская бібліятэка і Музей імя Ф.Скарыны. Узначальвае іх знакаміты беларускі дзеяч айцец Аляксандр Надсан. Бібліятэка і Музей сумесна займаюцца зборам і захаваннем беларускіх кніг, перыёдык, музычных запісаў, архіўных матэрыялаў і г.д., а таксама пашырэннем ведаў пра Беларусь на захадзе. Музей утрымлівае старадрукі, мапы, нумізматыку, філатэлію, рамёствы, выяўленчае мастацтва - усё датычнае Беларусі і беларускае дыяспары. У зносінах з грамадскімі арганізацыямі Беларусі Бібліятэку і Музей перадусім цікавяць кантакты з выдаўцамі кніг як на Беларусі, так і па-за ейнымі межамі. Яны зацікаўлены таксама ў падтрымцы любых ініцыятыў ствараць па-за межамі Беларусі кнігазборы, адкрытыя для публічнага карыстання. Сайт Бібліятэкі і Музея: www.skaryna.org

Ад 2001 г. у Лондане існуе нефармальная беларуская Дзіцячая школка, якую ўзначальвае Караліна Мацкевіч. Дзеці ад 4 да 10 гадоў з сем'яў, дзе хаця б адзін з бацькоў паходзіць з Беларусі, збіраюцца раз на месяц па суботах, каб гуляць разам, слухаць беларускую мову і спрабаваць размаўляць па-беларуску. Школку падтрымлівае Каталіцкая місія і Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі.

Навіны "Бацькаўшчыны"

Малая Рада

20 лютага адбылося пасяджэнне Малой Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". Была заслухана і ўхвалена справаздача Старшыні Рады Алены Макоўскай, ухвалены план дзейнасці на наступны год; у план унесены дапаўненні, якія, у асноўным, датычаць культурна-асветніцкага накірунку дзейнасці "Бацькаўшчыны". На сходзе прысутнічала пераважная большасць сяброў Рады.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Вечарына 100-годдзя В.Жук-Грышкевіча

20 лютага ў бібліятэцы Дома літаратара Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ладзіла ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага дзеяча Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Вечарыну наведалі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, бліжэйшыя сваякі Вінцэнта Жук-Грышкевіча. На вечарыне склалася вельмі цёплая і па-сяброўску ўтульная атмасфера. Выступоўцы расказвалі пра жыццё і грамадска-палітычную дзейнасць слыннага беларускага дзеяча, пра значэнне яго дзейнасці для беларускага вызвольнага руху. На пачатку вядучы - Сяргей Законнікаў - зачытаў зварот Раісы Жук-Грышкевіч, жонкі славутага дзеяча, адрасаваны арганізатарам вечарыны і запрошаным. Доктар гістарычных навук Леанід Лыч у змястоўным дакладзе вызначыў месца ахвярнай працы В.Жук-Грышкевіча ў даследванні найноўшай гісторыі беларускага народа. Сваімі ўспамінамі пра бацьку падзялілася Рагнеда Аляхновіч (дачка В.Жук-Грышкевіча). Лідзія Савік распавяла пра Вінцэнта Жук-Грышкевіча як літаратара і літаратуразнаўцу. Галіна Сяргеева асвяціла жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча як грамадскага і палітычнага дзеяча беларускай дыяспары. Вельмі пранікнёна прагучаў урывак з кнігі "Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча" ў выкананні прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў Андрэя Каляды. Выступалі Сяргей Законнікаў і Вольга Іпатава. Гучала шмат цёплых слоў у адрас жонкі В.Жук-Грышкевіча Раісы, якая да гэтага часу з'яўляецца актыўнай грамадскай дзеячкай беларускай дыяспары ў Канадзе. Падчас вечарыны намаганнямі "Бацькаўшчыны" была арганізавана выстава з выкарыстаннем дакументаў з архіва музея літаратуры і мастацтва, прыватных архіваў Р.Аляхновіч і Л.Савік. Напрыканцы вечарыны ўсе ўдзельнікі вырашылі пакінуць свае подпісы пад віншавальным і падзячным лістом да сп. Раісы Жук-Грышкевіч.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Міжнародны дзіцячы гістарычны літаратурна-мастацкі конкурс
"Беларусь. Гістарычныя вандроўкі"

МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" запрашае школьнікаў 12-14 гадовага ўзросту з Беларусі і беларускай дыяспары ўзяць удзел у конкурсе "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі".

Конкурс праводзіцца па намінацыях:

  • Творы на гістарычную тэму: пра значныя падзеі, славутыя асобы гісторыі Беларусі, гістарычныя помнікі (сачыненне, балада, паэма, вершы, паданне).
  • Жывапісныя творы, прысвечаныя гістарычным падзеям, славутым асобам, помнікам гісторыі. (Фармат графічных і жывапісных прац - да 70 см па вялікім баку. Кожная праца павінна быць падпісана друкаваным шрыфтам на зваротным баку).

Калектыўныя працы павінны мець суправаджальны ліст. Усе працы павінны мець зваротны адрас, прозвішча і імя ўдзельніка, узрост, па-магчымасці, кантактныя тэлефоны.

У сувязі з 450-годдзем Рэфармацыі, асаблівая ўвага будзе надавацца работам, прысвечаным 16 стагоддзю ў гісторыі Беларусі. Работы прымаюцца да 15 красавіка 2003 г. Пераможцы конкурсу атрымаюць каштоўныя ўзнагароды. Працы накіроўваць па адрасу: 220050, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15. Літаратурныя творы можна накіроўваць электроннай поштай: zbsb@lingvo.minsk.by Кантактны тэлефон: (017) 289 31 94.

Весткі з Беларусі

Для арганізацыі і правядзення святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 85-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, быў створаны Нацыянальны аргкамітэт, у які ўвайшлі вядомыя людзі Беларусі: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Леанід Лыч, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Уладзмір Басалыга і інш. Старшынёй Аргкамітэту абраны Прэзідэнт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", прафесар Анатоль Грыцкевіч. Адным з цэнтральных святочных мерапрыемстваў стане вулічнае шэсце і ўрачысты канцэрт у г. Мінску, на які будуць запрошаны шырокія колы грамадскасці Беларусі (дзеячы культуры, навукі, мастацтва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і розных палітычных партый), прадстаўнікі дзяржаўных органаў, паслы замежных краін. Аргкамітэт заклікае ўсіх неабыякавых аказаць садзеянне ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай славутай даце.

Прэс-служба Аргкамітэту

Падзякі

Супрацоўнікі МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказваюць шчырую падзяку спадару Кастусю Акулу (Канада) за заўвагі і прапановы ў працы над Бюлетэнем "Беларусы ў свеце".

Нашыя славутыя землякі

Грамадзянін свету

Kit

Барысу Уладзіміравічу Кіту, амаль равесніку XX ст., 6 красавіка споўнілася 90 гадоў. Землякі, якія сустракаюцца з ім у Франкфурце-на-Майне, дзе цяпер жыве славуты беларус, аднадушна называюць нашага суайчынніка, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх еўрапейскіх акадэмій і навуковых таварыстваў, прафесара Вашынгтонскага універсітэта, грамадзянінам планеты. Ён чвэрць стагоддзя ўдзельнічаў у амерыканскіх касмічных даследаваннях, першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аб'ездзіў з лекцыямі амаль усе краіны свету. Ён сведка і ўдзельнік многіх вызначальных падзей, што адбываліся на планеце ў XX ст. Але ўсе гэтыя падзеі Барыс Кіт нязменна суадносіць з жыццём сваёй адзінай Бацькаўшчыны. Ён часта любіць паўтараць: "Усё, што я зрабіў, - для Беларусі". Неласкавай, непрыветнай часта была яна для сваіх таленавітых сыноў. Барыс Уладзіміравіч неаднойчы гаварыў, што ў СССР яго жыццё заўчасна скончылася б у ГУЛАГу. I ён зрабіў свой выбар - не прыняў сталінскай таталітарнай сістэмы, пайшоў у выгнанне, добра разумеючы, што не Бацькаўшчына была вінавата ў гэтым, бо і сама яна жыла пад рознымі акупацыямі, што не давалі беларусу быць гаспадаром на ўласнай зямлі. Ён, як і многія беларусы, вымушаныя пакінуць Айчыну і перайначваць свой лёс далёка за яе межамі, заўсёды памятаў Скарынавы словы: "Людзі, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ёсць, да таго месца вялікую ласку маюць..."

Барыс Кіт, дзяцінства і юнацтва якога прайшло ў найпрыгажэйшых гістарычных мясцінах Беларусі (Навагрудак, Карэлічы, Мір), пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта стаў настаўнікам, асветнікам і гэтаму прызванню аддаў усё сваё жыццё. Прабыўшы больш за паўвека за межамі Беларусі, валодаючы еўрапейскімі мовамі, ён толькі беларускую прызнае роднай, увесь час размаўляе на ёй, лічыць яе самай прыгожай, мілагучнай, здатнай канкурыраваць з асноўнымі еўрапейскімі. I цяпер, нягледзячы на цяжкае становішча Бацькаўшчыны, ён, мудры, сталы чалавек, памятаючы ўсе складаныя перыяды беларускай і сусветнай гісторыі, верыць у жыццястойкасць Радзімы, яе светлыя перспектывы. He можа знікнуць старажытная нацыя ў цэнтры Еўропы!

Беларусам заўсёды нялёгка жылося, шмат чаго давялося ім паспытаць, акрамя хіба што аднаго - добрага, спакойнага, заможнага жыцця. Барыс Кіт змог даказаць усім нам, што чалавек сам творыць свой лёс. Ратуючыся ад сталінскай дыктатуры, паспытаўшы, што такое паланізацыя, русіфікацыя, фашысцкая акупацыя, пры якой, трапіўшы ў рукі гестапа, ён ледзь не загінуў, у канцы 40-х вучоны стаў грамадзянінам ЗША. Дзякуючы лепшым рысам беларускага характару - цярпялівасці, працавітасці, добразычлівасці, настойлівасці ў дасягненні мэты, ён не згубіўся ў чужамоўным свеце, пражыў прыгожае, цікавае, багатае на падзеі, сустрэчы, вандраванні, знаёмствы жыццё, матэрыяльна забяспечанае і нават заможнае. Але праз доўгія гады ён усё ж пранёс вернасць Радзіме, мове, нацыянальнай гісторыі, быў і застаўся беларусам.

На пачатку 90-х гг., калі Беларусь стала незалежнай, ён адным з першых прыехаў на Радзіму, на сустрэчу з ім у 1992 г. зляцеліся яго шматлікія былыя вучні з Вільні, Мінска, Навагрудка, Паставаў, Глыбокага, Маладзечна, Гродна. Але затым многае ў Беларусі зноў змянілася. I ўсё ж Барыс Уладзіміравіч лічыць, што свет, у тым ліку і Беларусь, прыйдзе да сапраўднай дэмакратыі, бо новае тысячагоддзе нясе надзею на лепшую будучыню, якую збудуюць новыя пакаленні. Самае галоўнае - захаваць Беларусі сваю незалежнасць.

Барыс Кіт - не палітык, ён ніколі не належаў ні да якіх партый і груповак. Пра яго напісана больш двухсот артыкулаў, яму прысвечаны вершы (В.Іпатава, Р.Барадулін), яму дораць кнігі (В.Быкаў, Н.Гілевіч, С.Законнікаў, Н.Мацяш, У.Арлоў). Сярод яго былых вучняў - вядомыя ў Беларусі людзі (прафесар медыцыны П.Кузюковіч, акадэмік А.Раковіч, мастак К.Харашэвіч, нядаўна памерлы літаратуразнавец У.Калеснік). Яго імя згадваецца ў ліку славутасцей Беларусі (п'еса А.Петрашкевіча "Інтэлігенты", артыкул А.Грыцкевіча "Славутыя імёны Беларусі"). Ён стаў ганаровым грамадзянінам Навагрудка, дзе некалі вучыўся, узначальваў гімназію, вучыў дзяцей, ганаровым прафесарам Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы. З юбілеямі яго асабіста віншуе прэзідэнт Амерыкі.

Справы выдатнага сына Беларусі застануцца ў гісторыі Бацькаўшчыны.

Лідзія Савік

Вінцэнт Жук-Грышкевіч

Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў выдатным беларускім дзеячам і адыграў вялікую ролю ў беларускім вызвольным руху свайго часу. Дзейнасць яго абыймала розныя галіны - педагагічную, навуковую, арганізацыйна-грамадскую, палітычна-дзяржаўную - і вялася, не зважаючы на пераследы, арышты, вязніцы, ссылкі, канцэнтрацыйныя лагеры.

Нарадзіўся Вінцэнт Жук-Грышкевіч 10 лютага 1903 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павету. Пачаткавую асвету Вінцук здабыў у Будславе, сярэднюю - у беларускіх гімназіях: у Будславе і Вільні. У 1922 годзе ён скончыў Віленскую Беларускую Гімназію. Увосень 1922 года Вінцэнт паступіў на факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Універсітэту Карла IV у Празе і ў 1926 годзе скончыў яго. У снежні 1932 года В.Жук-Грышкевіч здаў дзяржаўныя экзамены ва Універсітэце Сцяпана Батуры ў Вільні, якія дазвалялі яму выкладаць у сярэдніх школах гісторыю і славянскую філалогію. 26 ліпеня 1952 года праф. В. Жук-Грышкевіч абараніў у Атаўскім універсітэце ў Канадзе доктарскую дысертацыю па беларускай літаратуры на тэму "Лірыка Янкі Купалы" і 11 кастрычніка 1952 года атрымаў навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне літаратуры.

Педагагічную дзейнасць пачаў В.Жук-Грышкевіч, вярнуўшыся з Прагі, а фактычна ў 1915 годзе пасля заканчэння двукласавага прыхадскога вычылішча, калі ён быў хатнім настаўнікам; там ён зарганізаваў і школку, якую палякі зачынілі ў 1919 годзе. У 1927-1939 гадах ён быў вучыцелем у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю, беларускую мову і літаратуру. Гэтаксама быў выкладчыкам беларускае мовы ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі ў Вільні.

Апрача педагагічнай працы, Вінцэнт Жук-Грышкевіч з 19-ці гадоў праз усё сваё доўгае жыццё займаўся навуковай, нацыянальна-грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Ужо ў 1922 годзе, у часе першых выбараў у польскі сойм, ён быў выбарчым інструктарам у Браслаўскім і Дзісненскім паветах ад Беларускага выбарчага камітэту ў Вільні; агітаваў па сёлах і мястэчках за беларускіх кандыдатаў у польскі сойм і сенат.

У Празе В.Жук-Грышкевіч належаў да беларускіх студэнцкіх арганізацый; у Вільні браў актыўны ўдзел у беларускім "Навуковым таварыстве", "Беларускім вучыцельскім саюзе" і ў "Таварыстве беларускай школы"; супрацоўнічаў у часопісах і газетах: "Беларуская справа", "Наша справа", "Народны звон", "Сям'я і школа", "Беларускі звон" і "Маладая Беларусь".

30 верасня 1939 года, пасля акупацыі Чырвонаю Арміяй Вільні, НКВД арыштавала В.Жук-Грышкевіча. Ён быў зняволены. У 1940 годзе яму вынеслі прысуд, у якім было сказана, што ён "социально опасный элемент" ды вораг народу і савецкай улады і з-за гэтага асуджаны на 8 гадоў "исправительных трудовых лагерей". У выніку дагавора генерала Сікорскага з Молатавым пра вызваленне з лагераў польскіх грамадзян у 1942 годзе В.Жук-Грышкевіч быў вызвалены, і каб урэшце вырвацца з Савецкага Саюзу, увосені 1942 года накіраваўся ў польскае войска.

З войскам гэтым, што было ў складзе восьмай Брытанскай Арміі, ён быў у Іраку, Палестыне, Егіпце, а пасля ў Італіі. Браў удзел у бітве пад Монтэ Касіна. Пасля спынення ў 1945 годзе ваенных дзеянняў у Італіі ён выкладаў у вайсковай польскай сярэдняй школе гісторыю і псіхалогію. З вучнямі-беларусамі падрыхтоўваў грунт для заснавання беларускай арганізацыі ў Англіі і ў 1946 годзе арганізаваў у Лондане першую пасля вайны на эміграцыі беларускую арганізацыю - Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі, быў ягоным першым старшынёй. У гэтых гадах быў рэдактарам часопісаў "На шляху" і "Беларус на чужыне".

У студзені 1950 года В.Жук-Грышкевіч пераязджае ў Таронта і становіцца "spiritus movens" беларускага нацыянальна-грамадскага і навуковага жыцця ў Канадзе. Арганізаваў групоўку "Авангард", быў ініцыятарам і галоўным арганізатарам у Канадзе Першае сустрэчы беларусаў Паўночнае Амерыкі, арганізаваў Беларускую крэдытовую суполку - "Byelorussian (Toronto) Credit Union Ltd.", пры Універсітэце Таронта - Лектарат Беларусаведы, на якім ён быў выкладчыкам. Рэпрэзентаваў беларусаў на кангрэсе "Pax Romana" ў Таронта, Монрэалі і Квэбэку. Супрацоўнічаў у газетах "Беларускі эмігрант" і "Бацькаўшчына".

У лютым 1954 года накіраваўся ў Нямеччыну для арганізацыі і вядзення беларускай секцыі радыё "Вызваленне" (зараз "Свабода") у Мюнхене. 20 траўня 1954 года беларускія радыёперадачы пайшлі ў Беларусь. Кіраўніком беларускай секцыі радыё "Вызваленне" В.Жук-Грышкевіч быў да красавіка 1956 года, калі вярнуўся назад у Таронта.

У Канадзе ізноў поўнасцю ўключаецца ў беларускае грамадскае жыццё. Супрацоўнічае з др. В.Дж.Кэйэ ў працы над манаграфіяй пра беларусаў у Канадзе -"Canadians of Byelorussian Origin". У 1966 годзе арганізуе Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у 1967 - Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і з'яўляецца першым старшынёй абедзвюх арганізацый. Вінцэнт Жук-Грышкевіч рэпрэзэнтуе беларусаў на агульнаканадскіх кангрэсах і канферэнцыях, супрацоўнічае ў газетах "Бацькаўшчына", "Беларус" і рэдагуе "Весткі з Канады". У 1970 годзе становіцца Старшыней Рады БНР, а 11-я Сесія Рады БНР 1971 года абрала яго Старшынёй Рады БНР і на наступны шасцігадовы тэрмін. На становішчы Старшыні Рады БНР ён быў да лістапада 1982 года - амаль да свайго 80-годдзя.

Апошнім дасягненнем др. В.Жук-Грышкевіча трэба лічыць ягоны вядучы ўдзел у пабудове ў 1988 годзе, на 1000-я ўгодкі хрысціянства ў Беларусі, Беларускага памятнага крыжа ў Святыні пакутнікаў у Мідлянд (Канада).

Аддаў сваё працавітае і творчае, ахвярнае і пакутнае жыццё Вінцэнт Жук-Грышкевіч на службу Бацькаўшчыне - Беларусі, скончыў яго 14 лютага 1989 года ў Бэры ў Канадзе і заслужыў вечную памяць. Цела яго спачывае на беларускім могільніку Жыровіцкае Божае Маці ў Іст-Брансвіку ў ЗША.

Паводле матэрыялаў Раісы Жук-Грышкевіч
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by