МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№11(№58)
лістапад
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

У Фрунзенскім раёне Мінска памяшканняў для Беларускага дома і “Бацькаўшчыны” няма…

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” працягвае шукаць памяшканне, каб размясціць Беларускі дом. Нагадаем, што на працягу ўжо больш як трох месяцаў прыпынена праца Беларускага дома, архівы і бібліятэка захоўваюцца на прыватных кватэрах, мэбля – у гаражах, супрацоўнікі “Бацькаўшчыны” працуюць па кватэрах. Кіраўніцтва горада параіла Згуртаванню шукаць памяшканне самастойна і ўзяло на сябе абавязак аказаць спрыянне ў яго арэндзе, але ва ўсіх памяшканнях, што мы знаходзім, нам адмаўляюць: звычайна яны раптам аказваюцца занятымі ці запатрабаванымі дзяржаўнымі ўстановамі.

За апошні месяц Згуртаванне беларусаў свету чарговы раз прагледзела шэраг памяшканняў. Чарговы раз выбралі аптымальны варыянт. Чарговы раз напісалі зварот у Мінгарвыканкам і адміністрацыю Фрунзенскага р-на г. Мінска.

21 лістапада ўвечары атрымалі адказ ад першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна спадарыні Жамойцінай. Нам было адмоўлена ў арэндзе памяшкання па вул. Якубоўскага, 23 на падставе таго, што УП “ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна” раптам вырашыла выкарыстоўваць яго ў сваіх мэтах. Удакладнім, што да таго часу, як нашае аб’яднанне звярнулася ў адміністрацыю, гэтае памяшканне два разы выстаўлялася на аўкцыён і не было запатрабаванае.

Асабліва ўражвае апошні абзац ліста.

Прадстаўляем вашай увазе увесь тэкст:

“Председателю правления МОО

«ОБМ «Батьковщина»

Маковской Е.П.

На ваше обращение по вопросу предоставления в арендное пользование помещения, расположенного по адресу: ул. Якубовского, 23, администрация Фрунзенского района сообщает, что в настоящее время вышеуказанное помещение снято с аукциона торгов по просьбе УП «ЖРЭО № 1 Фрунзенского района г. Минска» с целью дальнейшего использования под собственные нужды объединения.

Предлагаем Вам в Минском городском центре недвижимости ознакомиться с перечнем свободных площадей для подбора иного помещения.

Что касается территории Фрунзенского района, к сожалению, в настоящее время приемлемых помещений для размещения МОО «ОБМ «Батьковщина» не имеется.

Первый заместитель
главы администрации Н.В. Жамойтина

Ад Мінгарвыканкама “Бацькаўшчына” пакуль не атрымала ні абяцанага спрыяння, ні адказу.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Шведскі вопыт у беларускіх умовах

11-12 лістапада ў Мінску адбыўся беларуска-шведскі семінар “Сучасны дызайн і народныя рамёствы”. Арганізатарамі мерапрыемства з беларускага боку выступілі: МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Рэспубліканскае маладзёжнае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Швецыю прадстаўлялі: Эва Мэльдаль з Міжнароднага культурнага цэнтра, і Барбара Ёхансан з асацыяцыі “SV”, якая займаецца арганізацыяй адукацыі для дарослых у Швецыі. Таксама ў мерапрыемстве брала ўдзел дызайнер са Стакгольма Аманда Чанфрэў.

У пачатку 2005 г. адбыўся першы круглы стол, на якім партнёры мелі магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы стану беларускіх рамёстваў. Пра асноўныя пытанні ў гэтай сферы паведамляла Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, якое шмат гадоў запар ладзіць экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, імкнецца захаваць беларускія традыцыі. “Бацькаўшчына” выступіла тым мостам, які звязаў шведскія арганізацыі і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. У мінулым годзе паездка па Брэсцкім рэгіёне адбылася ўжо з удзелам шведскіх гасцей і пры падтрымцы “Бацькаўшчыны”. Шведы былі ўражаны прастатой, гасціннасцю, таленавітасцю нашага народа, невычарпальным багаццем традыцый.

Падчас наступных сваіх прыездаў і сустрэч у 2005 і 2006 гадах, шведскія сябры імкнуліся перадаць свой вопыт захавання і папулярызацыі рамёстваў. Адной з такіх формаў з’яўляецца правядзенне навучальных семінараў ці гурткоў, на якія запрашаюцца майстры, каб навучаць моладзь рамёствам.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства са свайго вопыту па арганізацыі такіх гурткоў у Беларусі вызначыла, што ў гэтым годзе найбольш папулярнае пляценне паясоў. А на апошнім семінары ўдзельнікі, маладыя майстры вывучалі, як выкарыстоўваць сучасны дызайн пры працы з традыцыйным матэрыялам. Шведскія госці дзяліліся сваім вопытам, тэхналогіямі, перадалі вельмі шмат кніг па традыцыйных шведскіх рамёствах, адначасова пазнаёміліся з унікальнымі творамі некаторых беларускіх майстроў і так захапіліся, што вырашылі наладзіць адмысловую аўтарскую выставу ў Швецыі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
12.11.2006 г.

Прэзентаваныя “Ахвяры свяшчэннага дубу”

15 лістапада Вольга Іпатава правяла прэзентацыю сваёй новай кнігі “Ахвяры свяшчэннага дубу”, што выйшла пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Урачысты вечар праходзіў на сядзібе БНФ.

Зала была запоўнена прыхільнікамі творчасці В. Іпатавай: сябрамі, гісторыкамі, выдаўцамі, журналістамі, моладдзю. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прадстаўлялі старшыня рады – Алена Макоўская і намесніца старшыні – Ніна Шыдлоўская.

У сваёй уступнай прамове аўтарка прэзентацыйнай кнігі “Ахвяры свяшчэннага дубу” распавяла пра натхненне, пра працу над кнігай, пра тое, што яе падштурхнула да гісторыка-даследніцкай творчасці.

Пасля прамовы аўтарка перадала слова Алене Макоўскай, якая падзякавала Вользе Іпатавай за прыемнае і плённае супрацоўніцтва, дадала, што аўтарка не толькі таленавітая пісьменніца, але і працуе на захаванне спадчыны беларускай дыяспары, з’яўляецца ўкладальнікам кнігі, што пабачыць свет на пачатку наступнага года пра жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука з Канады. Таксама А.Макоўская выказала шкадаванне, што сёння дзяржава не фундуе беларускі друк і аўтары самі вымушаны шукаць грошы на выданне сваіх кніг.

Высокую ацэнку кнізе дала літаратуразнаўца і крытык – Лідзія Савік. Калісьці менавіта спадарыня Савік падштурхнула Вольгу Іпатаву кінуць працу ў газеце “Культура” і распачаць працаваць над гістарычнымі раманамі і аповесцямі. І цяпер мы можам чытаць цудоўныя гісторыка-даследчыя раманы, прыгожыя вершы, за якія і дзякавала Лідзія Савік аўтарцы.

Наступным слова ўзяў рэдактар газеты “Наша слова” Алег Трусаў. Ад яго спадарыня Вольга пачула шмат кампліментаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы, дацэнт, кандыдат гістарычных навук, археолаг адзначыў унёсак спадарыні Вольгі ў адраджэнне мовы і гісторыі: “Кніга напісана шыкоўнай, чыстай мовай, без русізмаў. Аўтар добра ведае мову і цудоўна адлюстроўвае эпоху аб якой піша”.

У заключэнні цудоўнага вечара выступіў госць спадарыні Іпатавай, адзін з выдаўцоў вілейскага бюлетэня, бард Алесь Карневіч. Ён прыехаў спецыяльна каб папрысутнічаць на прэзентацыі і ў гонар аўтаркі праспяваць некалькі сваіх песняў.

Па заканчэнні прэзентацыі госці не спяшаліся разыходзіцца і папрасілі Вольгу Іпатаву пачытаць яе вершы, пасля чаго аўтарка працягнула прымаць віншаванні, падпісваць чытачам кнігі...

Дар’я Сацукевіч,
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Перавыдадзеная кніга “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”

Кніга прысвечаная адной з самых трагічных баталій Другой сусветнай вайны — бітве пры Монтэ-Касіна, у якой бралі ўдзел тысячы беларусаў. На яе старонках даследуецца гісторыя стварэння “арміі генерала Андэрса”, апублікаваны спіс нашых суайчыннікаў, якія загінулі ў Італіі і пахаваныя на монтэ-касінскіх могілках. Змешчаная таксама дакументальная аповесць прадстаўніка беларускай дыяспары Пётры Сыча “Смерць і салаўі”, прысвечаная падзеям пры Монтэ-Касіна. Кніга разлічаная на чытача, неабыякавага да гісторыі Беларусі.

Набыць яе можна будзе ў мінскіх кніжных крамах і ў выдавецтве “Кнігазбор”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШАВАННІ

Нашы віншаванні спадару Сабалеўскаму

17 лістапада сваё 80-годдзе святкаваў Антон Аляксандравіч Сабалеўскі, сябра Вялікай Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, адзін з заснавальнікаў Грамады Беларускае Культуры ім. Ф. Скарыны месца Масквы.

Дзень нараджэння спадар Антон Сабалеўскі сустракаў дома, да яго прыехалі сваякі з Глыбокага (Віцебская вобласць), і вечар прайшоў у цёплым коле родных. А на наступны дзень віншаванні ад сяброў Антон Аляксандравіч прымаў на ўрачыстым абедзе ў рэстаране пасольства Беларусі ў Маскве.

Мы патэлефанавалі спадару Сабалеўскаму, каб павіншаваць яго з юбілеем і даведацца пра апошнія навіны ў справах актыўнага беларускага дзеяча. Галоўнай навіной была нядаўняя паездка Антона Аляксандравіча на радзіму, дзе 15 кастрычніка ў Глыбоцкім краязнаўчым музеі ён правёў чытанні, прысвечаныя памяці свайго бацькі, Аляксандра Антонавіча Сабалеўскага, актыўнага ўдзельніка нацыянальнага адраджэння 20-х гадоў.

Чытанні праводзіліся пад кіраўніцтвам загадчыка культуры Глыбоцкага раёна і пры актыўным удзеле кіраўніцтва музея, навукоўцаў, рэдакцыі газеты “Вольнае Глыбокае”. Галоўны рэактар газеты Уладзімір Скрабатун, па словах Антона Аляксандравіча, вельмі дапамог у час правядзення чытанняў. Яшчэ раз віншуем спадара Антона Сабалеўскага з юбілеем!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем са стагоддзем “Нашу Ніву”!

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашаю ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй – доляй шчасліваю!..

Янка Лучына

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць першую беларускую газету “Наша Ніва” са стагоддзем.

“Наша Ніва”, утвораная яшчэ ў 1906 годзе, 23 лістапада афіцыйна святкуе свой стогадовы юбілей. Сёння гэта грамадска-палітычны штотыднёвік, выхад якога адноўлены з 1991 года. Газета набыла беспярэчную папулярнасць сярод інтэлігенцыі, моладзі, беларускага асяродку.

Не гледзячы на тое што ў 2005 годзе ўлады забаранілі распаўсюджваць газеты праз “Белпошту” і “Белсаюздрук”, яна жыве! І зараз яе можна атрымаць дзякуючы створанай сістэме распаўсюджвання праз рассылку поштай і кур’ерскую дастаўку. Да таго ж рэдакцыя ідзе ў крок з часам і з 2006 года “Наша Ніва” пакарыла віртуальную прастору. Зараз на сайце газеты (http://nn.by/) можна чытаць своечасовую інфармацыю, а падпісчыкі PDF-версiі маюць магчымасць чытаць “НН” (у арыгінальным, папяровым выглядзе) у любой частцы свету.

На нашым сайце да Вашай увагі артыкул, прысвечаны газеце-юбіляру “Маці беларускай нацыянальнай перыёдыкі” Леаніда Лыча, прафесара, доктара гістарычных навук.

Жадаем “Нашай Ніве” захаваць статус першай беларускай газеты, не мець перашкод у выданні і адзначыць 200-гадовы юбілей.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем!

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуе сяброў Вялікай Рады, што нарадзіліся ў снежні: Радзіма Гарэцкага, Уладзіміра Роўду, Марыю Садоўскую, Вячаслава Сіўчыка, Аляксандра Сцепаненку, Станіслава Шушкевіча (Беларусь); Язэпа Паўловіча (Германія), Андрэя Рубцова (Іспанія), Надзею Дробіну (Канада), Міхася Андрасюка (Польшча).

Віншуем паважаных імяніннікаў і жадаем ім, каб здароўе заўсёды было моцным, праца — прыемнай, а родная краіна — вольнай!

Управа МГА “ЗБС Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

Дзяды — святы дзень для беларусаў

Беларусы ўсяго свету 1 лістапада адзначаюць Дзяды — Дзень памінання продкаў.

Дзяды ў Бельгіі

1 лістапада ў горадзе Лювэне на могілках, дзе пахаваны Мікола Равенскі, адбылося традыцыйнае адзначэнне Дня памінання продкаў Дзяды. Каб аддаць даніну павагі знакамітаму беларускаму кампазітару, а таксама ўсім, хто жыў дзеля Беларусі, да магілы ў Лювэне сабраліся беларусы з розных гарадоў Бельгіі.

З прамовай да прысутных звярнуўся старшыня Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання Зміцер Піменаў, які зазначыў, што абавязак кожнага сумленнага чалавека — памятаць і шанаваць сваіх дзядоў, бо без памяці аб мінулым няма будучыні.

Затым святар Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы Ян Майсейчык адслужыў паніхіду. А Янка Жучка, сябра сакратарыята вонкавых спраў Рады БНР, распавёў аб жыцці памерлага і аб сваім асабістым знаёмстве ды сяброўстве з ім.

На заканчэнне прысутныя праспявалі малітву “Магутны Божа”, музыку да якой напісаў Мікола Равенскі.

Паводле charter97.org

Дзяды ў Польшчы

Беларусы Варшавы ўшанавалі памяць продкаў – Дзяды былі адзначаныя наведваннем магіл знакамітых беларусаў. На пачатку каля дзесятка беларусаў, што жывуць у Варшаве, запалілі свечкі каля мемарыяльнай шыльды ў гонар генерала Станіслава Булак-Балаховіча, што ўсталяваная на вуліцы Французскай – недалёка ад гэтага месца Балаховіча забілі ў часе Другой сусветнай вайны.

З кароткай прамовай выступіў адзін з беларускіх студэнтаў.

Потым беларусы наведалі магілы Яна Жамойціна, Яна Булгака і Вацлава Аношкі.

Прысутныя праспявалі гімн “Магутны Божа”.

Паводле радыё “Свабода” і unija.info

Дзяды ў Іркуцку

1 лістапада 2006 года ў Іркуцку, у Хаце сяброўства народаў, адбыўся агульны збор іркуцкіх беларусаў, якія правялі літаратурна-гістарычны вечар, прысвечаны вядомым беларускім дзеячам розных стагоддзяў. Арганізатарам мерапрыемства выступіла РГА “Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага”.

Таксама на гэты вечар былі запрошаныя госці з Мінска — кампазітар Алег Чыркун, спявачка Наталля Койпіш і паэт Кастусь Падыма.

На вечары узгадалі князя Альгерда (са дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 710 год); палітычнага і грамадскага дзеяча ХVI стагоддзя Ф.Еўлашоўскага (460 год); пісьменніка, публіцыста, рэвалюцыянера Я.Чачота (210 год); палітычнага дзеяча, адраджэнца І.Луцкевіча (125 год); пісьменніка З.Бядулю (120 год); байкапісца К.Крапіву (110 год); гісторыка М.Ермаловіча (85 год).

Абрадавы вечар быў праведзены згодна з усімі традыцыямі. Гарэлі свечкі на пакрытым саломай стале ды шырока былі расчыненыя вокны і дзверы…

Вольга Галанава

Дзяды ў Маскве

3 лістапада беларусы Масквы правялі беларускі вечар памінання Дзяды. У Доме Нацыянальнасцяў адбылася імпрэза, якую распачаў спадар Аляксандр Глод, ён жа быў вядучым гэтага вечара.

Пра Дзяды і беларускія традыцыі правядзення дня памінання продкаў распавёў Раман Чырвонцаў, затым выступіў беларускі ансамбль “Кірмаш”. Удзельнікі ансамбля парадавалі публіку народнымі песнямі і танцамі. Наступным слова атрымаў Алесь Кажадуб. Яго выступленне было прысвечана памяці Васіля Быкава, творчасці і жыццю пісьменніка. Спадар Антон Сабалеўскі выступіў з прамовай аб Слуцкім збройным чыне, некалькі вершаў прачытаў паэт з Беларусі Алесь Пісарык. На заключэнне былі паказаныя фрагменты з фільма “На чорных лядах”, які па замове беларусаў Масквы быў дасланы з Мінска Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

На другі дзень усе жадаючыя сустрэліся, наведалі новае беларускае месца на Кутузаўскім праспекце, усклалі кветкі да помніка Я.Купалу, а затым накіраваліся на Навадзевічыя могілкі, наведалі магілы вядомых беларусаў. Там пахаваны такія вядомыя асобы, як Народны артыст СССР Пётр Алейнік, палітычны дзеяч, сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў, заснавальнік беларускай філалогіі Уладзімір Пічэта і інш. Затым беларусы наведалі Траякураўскія могілкі, дзе ўшанавалі памяць вядомых беларусаў, што былі пахаваныя там: Т.В. Герчык, Э.І. Шыркоўскі і інш.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Дзяды ў Чэхіі

2 лістапада беларусы Прагі прыйшлі на Альшанскія могілкі, дзе пахаваныя два прэзідэнты БНР – Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка. Помнікі на магілах беларускіх дзеячаў былі адноўленыя коштам фундацыі Крачэўскага, створанай беларускімі эмігрантамі ў ЗША.

Сёння, як і ў ранейшыя гады, на Альшанскія могілкі прыйшлі сябры суполкі “Скарына”, Звязу беларусаў замежжа, студэнты і стажоры, што вучацца ў гэтыя дні ў Чэхіі. Сярод іх і чатыры радныя БНР – Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Юрка Станкевіч, Уладзіслаў Яндзюк.

Згадваючы складаны і цалкам яшчэ недаследаваны пражскі перыяд ураду БНР, гаварылі і пра ролю сакратаркі-апякункі Ларысы Геніюш, якая па смерці Захаркі (у яе ўспамінах “дзядзька Васіль”) некаторы час заставалася адказнай за лёс спадчыны БНР.

Згадвалі ўсіх выбітных беларусаў, чый лёс быў звязаны з Прагай. Сяргей Навумчык гаварыў пра Васіля Быкава, Юрка Станкевіч прыпомніў, як яшчэ застаў тут Забэйду-Суміцкага, наведваў ягоную кватэру, у якой на спеў гаспадара ў вокнах рэзанавалі шыбы...

Збор на Дзяды стаў для беларускай грамады адной з рэдкіх магчымасцяў сустрэчы ў шырэйшым коле.

На развітанне грамада фатаграфавалася на прыступках царквы – на гэты раз з унікальным сцягам, які летась перадалі суполцы “Скарына” абаронцы лагеру на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Паводле радыё “Свабода” і
unija.info

Дзяды ў Беларусі

3 лістапада паслы краін Еўрасаюза і ЗША наведалі ўрочышча Курапаты, дзе ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя праводзіліся масавыя расстрэлы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. “Мы тут для таго, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў тут ад рэпрэсій”, — сказала надзвычайны і паўнамоцны пасол ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт.

Па прыведзеных гісторыкам Ігарам Кузняцовым звестках, на тэрыторыі Курапат пахавана не меней за 30 тысяч чалавек. Тэрыторыя масавага пахавання займае 15 гектараў. Сярод расстраляных ёсць прадстаўнікі практычна ўсіх краінаў Еўропы і ЗША.

На тэрыторыі ўрочышча ўсталяваны мемарыяльны знак ад імя народа ЗША, адкрыты падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана 15 красавіка 1995 года. Мемарыяльны знак уяўляе сабою мармуровую лаўку з металічным вянком. Аднак нядаўна вянок быў выкрадзены, мармуровую пліту таксама некалькі раз спрабавалі вынесці, некалькі разоў размалёўвалі фашысцкай свастыкай. Вінаватыя ў вандалізме ні разу не былі знойдзеныя.

Да чарговага дня памяці — 30 кастрычніка — на тэрыторыі Курапат за кошт сродкаў грамадскасці будзе адкрытая памятная пліта, паведаміў І.Кузняцоў.

Паводле АФН

Мітынг-рэквіем адбыўся 3 лістапада ў Мінску ля крыжа з надпісам: “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”, які стаіць у яры каля вёскі Лошыца. Там у 30-я гады мінулага стагоддзя НКУС расстрэльваў сваіх ахвяраў. Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ штогод на Дзяды ладзіць там мітынг-рэквіем.

Акцыя пачалася шэсцем ад Палацу культуры мінскага Камвольнага камбіната. Трохі больш за 30 чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў атачэнні прыкладна такой жа колькасці міліцыянтаў у цывільным рушыла ў Лошыцкі яр, дзе адбыўся мітынг-рэквіем. Ён пачаўся спяваннем гімна “Магутны Божа”.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі да крыжа кветкі і запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах тэрору.

Паводле радыё “Свабода”

Выстава да Дня памінання продкаў

З трэцяга лістапада па 3 снежня ў Мінску працуе выстава да Дня памінання продкаў — Дзядоў. Арганізавалі імпрэзу сябры мастацкай суполкі “Пагоня”. Выстава адкрылася ў памяшканні сядзібы Таварыства беларускай мовы.

Выставу да Дзядоў мастакі суполкі “Пагоня” ў новым тысячагоддзі ладзяць упершыню. Раней такое адбывалася толькі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ад таго часу шэрагі колішняй “Пагоні” парадзелі — не стала Яўгена Куліка, Пётры Сергіевіча, чые работы таксама могуць убачыаць гледачы. І гэта адметнасць выставы, як кажа адзін з яе арганізатараў Мікола Купава:

— Тут выстаўленыя работы, можна сказаць, карыфеяў нашага мастацтва. Прыходзьце, людзі, глядзіце. Будзем памятаць і рабіць усё тое, каб памяць была пра нашых Дзядоў. І пра нашых людзей, якія стваралі Беларусь, яе культуру. І будзем іх услаўляць.

Паводле арганізатараў, наступная выстава “Пагоні” будзе прысвечаная гадавіне Слуцкага збройнага чыну.

Паводле радыё “Свабода”

НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія

У Бельгіі, у антверпенскай беларускай грэка-каталіцкай царкве, 12 лістапада адбылося ўрачыстае Архіерэйскае Набажэнства з нагоды дня ўшанавання памяці святога мучанніка Язафата Полацкага (Кунцэвіча) – патрона Беларускай парафіі ў Антверпене. Упершыню адбылося выстаўленне для ўрачыстага ўшанавання часткі мошчаў святамучаніка Язафата.

Парафія беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Антверпене існуе ўжо некалькі гадоў. Але ўпершыню вернікі – беларусы Бельгіі – мелі такое вялікае свята. Іх наведаў біскуп Антверпенскі ўладыка Павал Ван Дэн Берхгэ. Разам з ім урачыстае набажэнства адслужылі Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандр Надсан і ягоны намеснік па місійных справах у Лондане айцец Сяргей Стасевіч, а таксама пробашч фламандскай рыма-каталіцкай парафіі Святога Сэрца Ісуса айцец Язэп Гендрыкс і пробашч беларускай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрэсення Хрыстовага і св. Язафата Полацкага айцец Ян Майсейчык.

У святочным набажэнстве ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў беларусаў.

Беларуская грэка-каталіцка парафія ў Антверпене атрымала таксама ад беларускай місіі св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане часткі мошчаў святамучаніка Язафата Полацкага.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Нью-Йорк, ЗША

Кангрэс Беларуска-амерыканскага задзіночання перанесены на 26 чэрвеня. Гэтае рашэнне было прынята на пасяджэнні Галоўнай управы БАЗА 18 лістапада. Прычынамі пераносу сталі абмежаванасць ў часе для падрыхтоўкі кангрэсу, недастатковая узаемная камунікацыя і нявызначаная працэдура выбару дэлегатаў. Такім чынам прызначаная раней дата 25 лістапада 2006 г. адмянілася. Кангрэс пройдзе ў Брукліне, Нью-Йорк.

Зважаючы на важкасць падрыхтоўкі да кангрэсу, стварылася камісія, якая будзе здзяйсняць вышэй прынятае рашэнне і зробіць захады па працэдуры, згодна з якой пройдзе Кангрэс.

baza-belarus.org

Рыга, Латвія

Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч запрашае на IV Фестываль мастацтваў нацыянальных меншасцяў “Адзіныя ў разнастайнасці-2006” з 30 лістапада па 4 снежня.

У праграме фестывалю:

30 лістапада ў царкве Пятра, вул. Скарню, 19 (Petera Baznica, Skarnu iela 19) а 17-й канцэрт самадзейных калектываў суполак – сяброў АНКМЛ.

1 снежня ў Доме Рэйтэрна, вул. Марсталю, 2 а 17-й адкрыццё мастацкай выставы “Еўропа і мы”, удзельнікі – мастакі суполак сяброў АНКМЛ.

2 снежня ў Доме АНКМЛ (вул.Слокас 37):

• а 12-й – дзіцячы канцэрт.

• а 14-й – закрыццё выставы мастака з Даўгаўпілса Пятра Худабчонка.

• а 15-й – жывапіс Людмілы Перэц і яе вучняў.

• а 16-й – літаратурная праграма “М.Гумілёву – 120”

3 снежня ў Доме АНКМЛ (вул. Слокас, 37) а 15-й – канцэрт класічнай музыкі “Танцавальная Еўропа”.

4 снежня ў Доме АНКМЛ (вул. Слокас, 37) а 17-й – адкрыццё выставы мастака Дмітрыя Чудзінава.

На ўсе імпрэзы ўваход вольны. У імпрэзах бяруць удзел гурт “Світанак”, салісткі Лаура і Людміла Ігнатавы і мастакі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Фестываль падтрымалі Культуркапіталфонд і Міністэрства культуры Латвіі

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”
www.svitanak.lv

Рыга, Латвія

Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” праводзіць калектыўную выставу, прысвечаную 15-м угодкам аб’ядання. Яна працягнецца да 7 снежня.

“Беларускія ўражанні ў Балтыі” — выстава юбілейная і чакае наведвальнікаў у ЦКНМ “Ritums” па адрасе Рыга, вул. Яуніела, 29а, кожны дзень з 11-й да 17-й з 24 лістапада да 7 снежня 2006 г.

www.svitanak.lv

Польшча

16 лістапада ў дзевяці польскіх гарадах адбыліся акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых беларускіх палітыкаў і палітвязнямі. Акцыі салідарнасці прайшлі ў Варшаве, Кракаве, Познані, Уроцлаве, Гданьску, Лодзі, Пултуску, Любліне, Беластоку.

“Мінск-Варшава — супольная справа” — гэткім лозунгам распачаўся ў Варшаве Дзень салідарнасці. Арганізаваў акцыю “Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”. Удзел бралі палякі ды беларусы – каля 100 чалавек. Усё пачалося ў цэнтры Варшавы пад помнікам Дэ Голя, потым удзельнікі расцягнуліся абапал вуліцы Новы Свят. Маніфестанты трымалі знічкі, бел-чырвона-белыя сцягі ды партрэты Змітра Дашкевіча. Праз цэнтральныя вуліцы калона дайшла да Замкавага Пляца, дзе арганізатары паказалі фільм Паўла Шэрэмета “Дзікае паляванне-2”. Фільм праецыраваўся на аглядную вежу на Замкавым пляцы.

У Беластоку акцыя салідарнасці прайшла ў выглядзе тэатралізаванага перфоманса. Пасля заканчэння якога ўдзельнікі сталі са свечкамі і партрэтамі палітвязняў Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, Міколы Статкевіча, Аляксандра Казуліна, Цімафея Дранчука, Андрэя Клімава і іншых насупраць беларускага консульства і патрабавалі іх неадкладнага вызвалення. Пры гэтым удзельнікі акцыі завязалі вочы джынсавымі стужкамі.

У Кракаве сваю салідарнасць з Беларусамі выказала каля 50 чалавек. У гістарычным цэнтры горада ўдзельнікі расцягнулі банер “Свабоду палітвязням” ды запалілі свечкі.

Люблін таксама правёў акцыю падтрымкі палітвязня Змітра Дашкевіча. Людзі сталі з яго партрэтамі пад помнікам Люблінскай вуніі. Былі запаленыя свечкі.

Ва Уроцлаве 20 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі галоўнымі вуліцамі горада, спяваючы беларускія песні.

Таксама Дзень салідарнасці быў адзначаны ў Познані, Лодзі, Гданьску і іншых гарадах Польшчы.

Паводле wolnabialorus.org

Польшча

У падляскіх гмінах, у якіх у значнай ступені пражывае беларуская меншасць, Беларускі выбарчы камітэт, Беларуска-народны выбарчы камітэт і Бельская кааліцыя не да канца могуць быць задаволенымі вынікамі самаўрадавых выбараў, што адбыліся 12 лістапада. Праваслаўнае асяроддзе будзе прадстаўляць там Яраслаў Матвяюк. У Гарадскую раду на БКВ прагаласавала 1701 асоба. У беластоцкай Гарадской радзе праваслаўнае асяроддзе будуць прадстаўляць кандыдаты ад ПО і вядомыя радныя: Марк Масальскі і Славамір Назарук.

У гміне Чыжы войтам стаў Юры Васілюк (БНВК). У Дубічах-Царкоўных пацярпеў паразу толькі з-за 20 галасоў кандыдат гэтага камітэта Міхал Андрасюк, падобна як і ў Гайнаўскай гміне кандыдат на войта Міраслаў Баравік, а ў Нарве падтрыманая БНВК Ева Урбановіч.

Другі тур будзе праводзіцца ў Орлі, дзе ўступяць у спаборніцтва Уладзімір Сахарчук і Пётр Сэльвэсюк ды ў Чаромсе (тут было аж чатыры кандыдаты на войта) Ежы Шыкула і Міхал Врублеўскі, а таксама ў Белавежы, дзе будуць сапернічаць Альберт Ліцвіновіч і Міхал Корх.

У Бельску-Падляскім Бельская кааліцыя можна назваць поспехам выбары у Гарадскую раду, куды ўвайшлі аж сем асобаў: Андрэй Сцепанюк, Раіса Іванюк, Марк Верамеюк, Ала Сасна-Паўлючук, Андрэй Рошчанка, Аляксандр Божка і Дарафей Фіёнік. У Бельску адбудзецца другі тур выбараў бурмістра. Змагацца за гэту пасаду будуць: сучасны бурмістр Яўген Беразавец і прадстаўнік ВК Пётр Божка. У Кляшчэлях зноў бурмістрам стане Аляксандр Сяліцкі. А ў Гарадской радзе Гайнаўкі будуць ад БНВК Яўген Сачко, Пётр Маркевіч, Віктар Дзік, Валянціна Асташэўская, Рыгор Сурэль і Вера Масайла.

Паводле газеты “Ніва”

Беласток, Польшча

22 лістапада ў Беластоку пачалося святкаванне 25-годдзя з часу заснавання Беларускага аб’яднання студэнтаў Польшчы – адной з найбольш актыўных арганізацыяў беларускай меншасці ў Польшчы.

Хто хаця б аднойчы быў на фестывалі музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, бадай, ніколі не забудзе атмасферы гэтага фестывалю, які свой назоў атрымаў ад абрэвіятуры назвы Беларускае аб’яднанне студэнтаў – БАС, адсюль і “Басовішча”.

БАС у Варшаве – гэта добра вядомыя не толькі мясцовым беларусам канцэрты “Беларускі андэграўнд”, беларускія вечарыны, сустрэчы.

На пачатку 1980-х маладыя беларусы – ініцыятары стварэння БАСа – былі захопленыя беларускай ідэяй, якая толькі пачынала па-сапраўднаму адраджацца на Беласточчыне, і на гэтай хвалі стварылі арганізацыю. Чым прыцягальны БАС для моладзі цяпер, распавядае Ілона Карпюк: “Вядома, сённяшняе грамадства можа запрапанаваць моладзі шмат розных спосабаў бавіць вольны час. Але мы пераконваем, што варта прызначыць свой час і на грамадскую дзейнасць. Неўзабаве ў БАСе зменіцца чарговае пакаленне – да ўлады і актыўнай дзейнасці ў арганізацыі прыйдуць новыя студэнты-беларусы. Планаў шмат. “Басовішча”, вядома, – гэта прыярытэт, але будуць і іншыя канцэрты. Хочам выдаваць беларускія кнігі, а таксама паспрабаваць выдаваць музычныя альбомы. Бо гэта тое, што пакідае па нас нейкі след”.

25-годдзе БАСа гэтымі днямі адзначаюць у Варшаве і Беластоку.
Радыё “Свабода”

Варшава, Польшча

7 лістапада ў Варшаве каля беларускага пасольства Ігар Крыштон пачаў галадоўку салідарнасці з экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Аляксандрам Казуліным. 8 лістапада да былога паплечніка па прэзідэнцкай кампаніі далучылася сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Наталля Завадская. Падтрымаць галадоўнікаў да будынка пасольства прыйшлі некалькі беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі з патрабаваннем вызваліць Аляксандра Казуліна.

“Я пратэстую супраць парушэння правоў Аляксандра Казуліна, які атрымаў пяць з паловай гадоў зняволення толькі за тое, што пратэставаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў”, — заявіла Завадская для радыё “Свабода”.

“Мы, людзі старэйшыя, таксама падтрымліваем Казуліна, які галадае ў турме. Цяперашнюю палітычную абстаноўку ў Беларусі нельга параўнаць з тым, што было 10-12 гадоў таму”, — сказаў адзін з пікетчыкаў.

Паводле радыё “Свабода” і
www.charter97.org

Масква, Расія

16 лістапада беларусы Масквы сабраліся каля помніка беларускаму паэту Янку Купалу на Кутузаўскім праспекце, каб выказаць падтрымку палітвязням, а таксама ўзгадаць зніклых змагароў за свабоду Беларусі. “Гэтае месца ўжо зрабілася сімвалічным, гэта сапраўдная беларуская тэрыторыя свабоды ў Маскве”, — адзначылі ўдзельнікі акцыі.

Паводле licvin.com,
charter97.org

Парыж, Францыя

На працягу тыдня ў Парыжы праходзіў фэст “Мы гаворым — Беларусь!”, які быў прымеркаваны да традыцыйнага Дня беларускай салідарнасці, які праводзіцца 16-га чысла кожнага месяца. Фестывальная праграма ўключала ў сябе больш за дзесятак культурных і грамадскіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў розных залах французскай сталіцы.

Дні салідарнасці з Беларуссю, якія штомесяц праводзяцца грамадскімі, палітычнымі і культурнымі арганізацыямі ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы, у апошні час перайшлі са спісу лакальных палітычных акцый у спіс буйных грамадска-культурных мерапрыемстваў. У іх удзельнічае ўсё больш палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і дзеячаў культуры першай велічыні.

Варшаўскі канцэрт рок-музыкаў у падтрымку Беларусі пры ўдзеле Анджэя Вайды; выступ беларускіх акцёраў і музыкаў на сцэне Шведскага каралеўскага тэатра; праект “Музыкі свету ў падтрымку Беларусі”, які стартаваў з выступу ў Мінску тройкі вядучых еўрапейскіх DJ; прэзентацыя п’ес беларускіх драматургаў у Нью-Йорку, якая праходзіла пад патранажам Тома Стопарда — гэта толькі няпоўны пералік апошніх культурных падзей, што адбыліся ў рамках Дня салідарнасці.

Праграма фэсту была насычанай і разнастайнай: фотавыстава, спектакль, канцэрты, кінапаказы, дыскусіі. Усе мерапрыемствы нязменна праходзілі пры перапоўненых залах і выклікалі вялікую цікавасць парыжан.

Канцэрты Зміцера Вайцюшкевіча з яго “WZ-аркестрам” і Касі Камоцкай прайшлі пры аншлагах і былі падтрыманыя авацыямі на працягу ўсяго выступу беларускіх музыкаў. Перад іх выступленнямі адбыўся паказ прац беларускага кінарэжысёра-дакументаліста Юрыя Хашчавацкага. Французскай публікай была запоўнена зала “Дома Еўропы і Усходу”. Прысутныя паглядзелі фільм “Звычайны прэзідэнт” і працоўны матэрыял новага фільма рэжысёра “Пляц Каліноўскага”. Пасля паказу гледачы не адпускалі рэжысёра на працягу двух гадзін, закідваючы яго пытаннямі.

На працягу ўсяго часу фэсту ў Парыжы працавалі дзве фотавыставы, якія знаёмілі французаў з жыццём і людзьмі Беларусі. Адна з выстаў прадстаўляе працы фотамастака Джэфа Баніфацына (партрэты галоўных дзеячаў нефармальнага мастацтва Беларусі).

Кульмінацыяй фэсту стаў паказ спектакля “Вольнага тэатра” “Пакаленне Jeans”, які праходзіў у Theatre-Studio (зараз гэта рэзідэнцыя “Вольнага тэатра” ў Заходняй Еўропе). На сцэне гэтага тэатра запланаваныя прэм’ерныя паказы падчас вясенніх гастроляў “ВТ” у Парыжы. Запланавана паказаць каля 20 спектакляў.

Парыжскі праект стаў магчымы шмат у чым дзякуючы запалу дырэктара праекту — Ганны Діды, якая не хавала добраахвотніцкую аснову акцыі: “Перавага беларускага праекту — у яго прастаце: мінімальная колькасць сродкаў і максімум вынаходлівасці. Акрамя таго, усё адбылося дзякуючы духу салідарнасці, які панаваў паміж арганізатарамі, удзельнікамі праекту і парыжскай публікай. Мы ведалі, што зможам дагрукацца да парыжан, але не маглі выказаць здагадку, што іх увага і падтрымка апынуцца настолькі гарачымі”.

charter97.org
2006. 20 ліст.

Швецыя

7 лістапада Беларуская служба “Радыё Швецыя” святкавала Дзень нараджэння. Два гады таму пазыўныя Беларускай службы ўпершыню прагучалі ў эфіры.

У 2006 г. быў павялічаны аб’ём вяшчання Беларускай службы ў два разы, распачата вяшчанне ў FM-дыяпазоне, зроблена вэб-старонка www.radiobelarus.se У планах рэдакцыі зараз далейшая распрацоўка вэб-старонкі, частковы пераход у фармат МР3 і магчымасць пад-кастынгу.

Паводле radiobelarus.se

ВЕСТКІ

Грамадства

***

Польская “Gazeta Wyborcza” 20 лістапада паведаміла, што Еўракамісія падрыхтавала праект новай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. ЕС адчыняе свой рынак для беларускіх тавараў, павялічвае колькасць стыпендый для студэнтаў, прапануе фінансавую падтрымку для беларускіх фірм, стварае ўмовы для спрошчанага атрымання беларусамі віз і г.д. Кошт прапановы ЕС ацэньваецца ў сотні мільёнаў еўра. І ўсё гэта ў замен на дэмакратызацыю.

Камісія ставіць Беларусі 12 умоваў, па выкананні якіх ЕС пачне рэалізацыю сваіх абавязкаў. Сярод умоваў: вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі, дасканальнае расследаванне справы зніклых апазіцыянераў і журналістаў. І ўрэшце — свабодныя выбары.

Паводле “Gazeta Wyborcza”, charter97.org
2006. 20 ліст.

***

Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (Reporters Without Borders) апублікавала на сваім афіцыйным сайце спіс краін — “ворагаў інтэрнету”. Сёлета “ворагамі інтэрнету” абвешчаныя: тры рэспублікі былога СССР — Беларусь, Узбекістан і Туркменістан, таксама да іх аднесеныя Бірма, Кітай, Куба, Егіпет, Іран, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Сірыя, Туніс і В’етнам.

Беларускія ўлады вінавацяцца ў блакіраванні вэб-сайтаў апазіцыі і незалежных анлайн-публікацыяў.

Паводле “NEWS.RU”
2006, 8 ліст.

***

Трэці камітэт Генасамблеі ААН прыняў рэзалюцыю “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”. Практычна аналагічная рэзалюцыя ў ноч з 22 на 23 лістапада па беларускім часе была прынятая Генасамблеяй ААН у дачыненні да Ірана. У прынятых дакументах асуджаецца сітуацыя, якая склалася з правамі чалавека ў Беларусі і Іране.

Рэзалюцыю ў дачыненні да Беларусі ініцыявалі ЗША і краіны Еўрасаюза. За яе прыняцце выступілі 70 краін, супраць – 31 дзяржава, у тым ліку Расія і Кітай. Прадстаўнікі 67 дэлегацый устрымаліся падчас галасавання па рэзалюцыі ў дачыненні да Беларусі.

У рэзалюцыі “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі” гаворыцца, што ў краіне ўсё часцей выкарыстоўваецца практыка рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі, вядзецца крымінальны пераслед праваабаронцаў, журналістаў і тых, хто выступае ад імя няўрадавых арганізацый.

Паводле telegraf.by
2006, 23 ліст.

***

Пазіцыя Германіі да рэжыму ў Беларусі не зменіцца. Аб гэтым заявіў Роналд Пофала, генеральны сакратар нямецкай партыі ХДС, на сустрэчы ў Мінску з лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам, удзел у сустрэчы таксама брала Ірына Казуліна.

Як адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, генеральны сакратар партыі ХДС прыехаў у Мінск з рашучым пасланнем, сутнасць якога ў тым, што Еўропа застаецца адкрытай для супрацоўніцтва з Беларуссю, але толькі пры выкананні канкрэтных ўмоваў – распачынанне дэмакратычнага працэсу, стварэнне ўмоў для правядзення празрыстых выбараў, вызваленне палітзняволеных.

Галоўным вынікам сустрэчы А. Мілінкевіч назваў той факт, што Еўропа не мае намер мяняць крытэрыі адзнакі палітычнай сітуацыі ў Беларусі і адмаўляцца ад сваіх патрабаванняў.

Паводле www.kozylin.com
www.milinkevich.org
2006. 10 ліст.

***

Сябры берасцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выступілі са зваротам, у якім заклікаюць 25 лістапада, у дзень нараджэння Аляксандра Казуліна, правесці масавую галадоўку, даслаць палітычнаму вязню паштоўкі і лісты з віншаваннямі, а ўвечары запаліць свечкі.

Акрамя таго, берасцейскія сацыял-дэмакраты просяць Аляксандра Казуліна пасля 25 лістапада спыніць бестэрміновую галадоўку.

На 23 лістапада быў 35-ты дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Паводле інфармацыі ад Ірыны Казулінай, Аляксандар Казулін цяпер важыць 73 кілаграмы. Рост палітыка — 188 сантыметраў. Да арышту 25 сакавіка Казулін важыў 103 кілаграма.

Паводле радыё “Свабода”
2006, 23 ліст.

***

1 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска завяршыўся працэс па справе лідэра Маладога Фронту Змітра Дашкевіча. Яго прыгаварылі да аднаго года і шасці месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд ацэньваецца як жорсткі. Адвакат паабяцаў яго абскардзіць. Агулам каля будынка суда сабралася каля 200 маладых людзей і каля 50 назіральнікаў, журналістаў, дыпламатаў, грамадскіх дзеячаў.

А восьмай гадзіне вечара на Кастрычніцкай плошчы распачалася акцыя ў падтрымку палітвязня Змітра Дашкевіча. Падчас яе правядзення было затрымана 12 чалавек. Пазней адпусцілі ўсіх, за выключэннем Змітра Хведарука і Глеба Сандраса. На наступны дзень адбыўся працэс у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Змітра Хведарука пакаралі трыма суткамі арышту; Глеба Сандраса аштрафавалі на 2 базавыя велічыні (62 000 руб.)

Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі і радыё “Свабода”
2006. 2 ліст.

***

Міжнародны Хельсінкскі камітэт (МХК) заклікае беларускія ўлады адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Аб гэтым паведамляецца ў заяве прэс-службы МХК: “Дадзены артыкул, па якім былі асуджаныя: лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”, — парушае Канстытуцыю Беларусі і права грамадзян на свабоду асацыяцый, — гаворыцца ў заяве. — Гэты артыкул дазваляе пераследаваць ў судовым парадку сяброў любых незарэгістраваных арганізацый, незалежна да іх дзейнасці”.

АФН
2006, 3 ліст.

***

Латвійскія візы застануцца бясплатнымі для беларусаў як мінімум да ўступлення Латвіі ў Шэнгенскую зону ў 2008 годзе. Пра гэта 1 лістапада паведаміла надзвычайны і паўнамоцны пасол Латвіі ў Беларусі Майра Мора. Дыпламат падкрэсліла, што павышэнне кошту шэнгенскіх віз з 35 да 60 еўра са студзеня 2007 г. будзе занадта высокім для Беларусі. Пры гэтым амбасадар падкрэсліла, што кожная краіна, якая ўступае ў Шэнгенскае пагадненне, можа прымаць свае ўнутраныя рашэнні аб адмене платы за атрыманне візы.

Еўрапейскае радыё для Беларусі
2006, 1 ліст.

***

Дзяржаўныя СМІ распальваюць ксенафобію. 1 лістапада на сценах будынка пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” з’явіўся надпіс “Не таталітарным сектам” за подпісам фашысцкай арганізацыі НБП.

Пастар царквы “Новае жыццё” Вячаслаў Ганчарэнка пракаментаваў гэта так: “Я лічу, што не выпадковае з’яўленне гэтага надпісу на будынку царквы пасля публікацыі ў “Белорусской военной газете” артыкула пад назвай "Куды кліча пастар". Асабіста я расцэньваю гэта як рэакцыю асобных людзей, арганізацый на тое, чым напампоўваюць іх сродкі масавай інфармацыі. Гэта ёсць вынік працы некаторых СМІ. Паняццямі “таталітарная секта”, “дэструктыўная секта” ў дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў сродкі масавай інфармацыі аперыруюць даволі часта. А людзі проста паўтараюць іх хлусню. СМІ штучна ствараюць канфлікт паміж Евангельскай царквой і грамадствам. Калі капнуць больш глыбока, то СМІ ў нейкай ступені адлюстроўваюць пункт гледжання ўрада”.

Паводле www.charter97.org
2006, 4 ліст.

***

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі адмовіўся пачынаць расследаванне па факце апаганення мемарыяла ахвярам Халакоста “Яма” на вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску. У КДБ Беларусі лічаць, што апаганенне мемарыяла было зроблена малалетнімі хуліганамі, бо ў Камітэце нічога не ведаюць аб арганізацыі “Фронт арыйскага супраціву “Белая Русь”, чые ўлёткі былі знойдзеныя на месцы інцыдэнту.

На вертыкальнай стэле невядомыя нанеслі белай фарбай свастыку памерам прыкладна 35 на 35 сантыметраў, а таксама выпацкалі белай фарбай некалькі фігур бронзавай кампазіцыі, размешчанай уздоўж прыступак, што вядуць да цэнтра мемарыяла, паведаміла сакратар-рэферэнт Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак Іна Бездзежская.

Пасольства Ізраіля ў Беларусі ўжо выказала сваю занепакоенасць з нагоды актывізацыі фашыстаў у рэспубліцы. Нагадаем, што 11 лістапада на фасадзе будынка Ізраільскага інфармацыйна-культурнага цэнтра былі намаляваныя свастыкі і зробленыя надпісы “Бей жидов”.

Паводле БелаПАН і.telegraf.by
2006, 14 ліст.

Эканоміка

***

Беларусь знаходзіцца сярод лідэраў у СНД па тэмпе росту ВУП у студзені-верасні 2006 г. у параўнанні з аналагічным перыядам у мінулым годзе, паведамляе Статыстычны камітэт Садружнасці.

Найбольшы прырост ВУП за 9 месяцаў зафіксаваны ў Азербайджане — 34%. На другім месцы знаходзіцца Арменія — 12,5%. Беларусь з узроўнем росту ВУП у 9,6% заняла трэцяе месца. Далей – Таджыкістан — 7,6%, Узбекістан — 6,6%, Украіна — 6,2%, Расія — 5,7%, Малдова — 5% і Кыргызстан — 3,2%.

У сярэднім па краінах СНД рост ВУП у студзені — верасні 2006 г. склаў 6%.

Статкамітэт СНД не валодае звесткамі па сітуацыі ў Грузіі, Казахстане і Туркменістане.

Паводле БелТА
2006, 10 ліст.

***

За верасень сярэдняя намінальная налічаная зарплата ў Беларусі склала каля 606,5 тысячы рублёў (у эквіваленце — 283 долары). Гэта амаль на 3% менш, чым у жніўні. Найбольш істотна паменшыліся заробкі ў чыноўнікаў – на 9% і ў работнікаў сельскай гаспадаркі (-10%). Крыху больш атрымліваць сталі толькі настаўнікі і работнікі культуры: іх заробкі выраслі прыкладна на 5%.

Эканамісты сцвярджаюць, што ёсць сезонныя ваганні (летам працаўнікам выплачваюць адпускныя, лекавую дапамогу), а ёсць і аб’ектыўныя прычыны зніжэння заробкаў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа: ваганні сярэдніх заробкаў у межах 3% цалкам дапушчальныя, але эканаміста непакоіць іншая тэндэнцыя: “Зарплата пакуль перавышае эканамічныя паказчыкі. Унутраны валавы прадукт расце прыкладна на 10% у год, а зарплата – амаль на 20%. Вось гэта сапраўды праблема. А з іншага боку, у сельскай гаспадарцы прырост дзесьці 2,2% аб’ёма вытворчасці. Там яна і не можа расці”. На думку эканаміста, спадара Залескага, далейшага значнага зніжэння сярэдняй зарплаты не чакаецца, але і такога істотнага росту – да 20% у год – таксама не будзе. Усё даволі лёгка выраўняць, замарозіўшы рост заработнай платы і захаваўшы рост цэнаў, што і робіць зараз урад, лічыць Міхал Залескі.

Паводле разлікаў эканаміста, кіраўніка навукова-даследчага Цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, пры цяперашніх заробках беларусу трэба працаваць толькі на кватэру 23 гады, не купляючы больш нічога – ні прадуктаў, ні адзення. У сітуацыі, калі цягам жыццёвага цыклу ў прынцыпе немагчыма зарабіць на кватэру, знаходзяцца 95% беларускіх сем’яў.

Паводле радыё “Свабода”
2006, 11 ліст.

***

Кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Аляксандр Шпілеўскі падпісаў пастанову “Па процідзеянні ўвозу няякасных харчовых прадуктаў і спіртазмяшчальных вырабаў”, у якой рэкамендуецца спыняць на мытнях усе грузы з кандытарскімі і спіртазмяшчальнымі вырабамі небеларускай вытворчасці.

Кіраўнік беларускай мытні пастанавіў: “У дачыненні да затрыманых тавараў (кандытарскіх і спіртазмяшчальных вырабаў) у абавязковым парадку забяспечыць даследаванні на прадмет адпаведнасці ўсталяваным у РБ стандартам якасці. Аб фактах затрымання кандытарскіх вырабаў інфармаваць канцэрн “Белгасхарчпрам” з мэтай выяўлення і спынення ўвозу кантрафактнай прадукцыі”.

Беларускія прадпрымальнікі ўжо паведамілі аб тым, што дзеянні беларускіх уладаў пазапраўныя, і яны церпяць страты.

“Мы нясем страты. Машыны ўсе наёмныя, яны былі зарэзерваваныя іншымі заказчыкамі на іншыя дні. У сераду яны павінны быць, напрыклад, у Аўстрыі, Францыі або Італіі, гэта значыць парушаюцца дамовы і ў фірм, якія падалі транспарт, — паведаміў адзін з прадпрымальнікаў, што пажадаў застацца невядомым. — Гавораць, што гэта адказ Беларусі на праблемы з увозам цукру і сваіх кандытарскіх вырабаў у Расію, але страты нясем мы, беларускія прадпрымальнікі”.

Паводле telegraf.by
2006, 15 ліст.

Культура

***

Рэспубліканская рада Таварыства беларускай мовы выступіла са зваротам да ўладаў. Грамадскае аб’яднанне выступае ў абарону беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах.

У заяве адзначаецца, што паводле новых стандартаў Міністэрства адукацыі блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін істотна змяніўся: зменшылася колькасць прадметаў і аб’ём гадзінаў. У прыватнасці, беларуская мова абсалютна адсутнічае ў навучальных стандартах і планах. Кіраўніцтва ТБМ заявіла, што такія крокі не толькі вядуць да духоўнай катастрофы, але і ставяць пад пагрозу незалежнасць краіны і яе аўтарытэт у свеце.

Еўрапейскае радыё для Беларусі
2006, 11 ліст.

***

Фільм “Анастасія Слуцкая” стаў уладальнікам галоўнага прызу Міжнароднага кінафестывалю “Залаты певень і 100 кветак”, які прайшоў у Кітаі. Паводле словаў рэжысёра карціны Юрыя Елхава, беларуская стужка атрымала ўзнагароду як “лепшы замежны фільм”. На кінафоруме фільм разам з рэжысёрам прэзентавала выканаўца галоўнай ролі Святлана Зелянкоўская. Падчас свайго знаходжання ў кітайскім горадзе Ханжоў беларускія ўдзельнікі пакінулі свае “сляды” на мясцовай алеі зорак, дзе захоўваюцца адбіткі правай рукі шматлікіх кітайскіх і замежных акцёраў і рэжысёраў. Запрашэнне наведаць фестываль “Залаты певень і 100 кветак” фільм “Анастасія Слуцкая” атрымаў ад пасольства КНР у Беларусі і такім чынам стаў першай беларускай карцінай, якой быў дадзены такі гонар.

Паводле БелТА
2006, 13 ліст.

***

Атэстацыйная камісія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыняла пастанову пра неадпаведнасць Міхаіся Чарняўскага і Валянціны Вяргей пасадам старшых навуковых супрацоўнікаў.

Паводле Валянціны Вяргей, камісія ніяк не аргументавала свайго рашэння: “Гэта асабістае меркаванне, і ўсё”. Спадарыня Вяргей назвала такія паводзіны камісіі адсутнасцю маральных і этычных крытэраў.

В.Вяргей збіраецца звярнуцца да сваіх замежных калегаў з просьбай даць публічную ацэнку яе прафесійнай навуковай дзейнасці.

Валянціна Вяргей і Міхась Чарняўскі вядомыя сваёй грамадскай актыўнасцю. Вяргей уваходзіць у склад грамадскай ініцыятывы для захавання мемарыялу ў Курапатах, а Чарняўскі – адзін з кіраўнікоў руху ветэранаў беларускага Адраджэння.

Рашэнне камісіі мае рэкамендацыйны характар, але гэта сур’ёзная падстава для звальнення. Апошнімі гадамі з Інстытута гісторыі ўжо былі звольненыя навукоўцы Ніна Стужынская, Андрэй Кіштымаў, Генадзь Сагановіч і Сяргей Тарасаў.

Паводле радыё “Свабода”
2006, 13 ліст.

***

Выйшлі ў свет і дастаўленыя ў Мінск IV-VI тамы поўнага збору сачыненняў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Кожны том аддрукаваны тыражом 3 тыс. асобнікаў. Збор сачыненняў выпускаецца Саюзам беларускіх пісьменнікаў і маскоўскім выдавецтвам “Время”, а друкуецца ў Екацярынбургу. Аб гэтым паведаміў БелаПАН старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

Па яго словах, рэдкалегія і ўкладальнікі ўключылі ў чарговыя тры тамы ўсе вядомыя аповесці В.Быкава і раман “Кар’ер”. “Прыкладна 2,5 тыс. асобнікаў кожнага тома будуць бясплатна перададзеныя бібліятэкам Беларусі. Улічваючы шматлікія пажаданні чытачоў, рэдкалегія, укладальнікі і выдаўцы збору намерваюцца частку тыражу, што застанецца, накіраваць у рознічны продаж”, — сказаў А.Пашкевіч. Ён паведаміў, што ў сёмую кнігу, якую плануецца выпусціць на пачатку наступнага года, будуць уключаныя ўсе вядомыя апавяданні і фельетоны народнага пісьменніка, створаныя ім у перыяд з 1947 г.

Паводле naviny.by
2006, 15 ліст.

***

Кардыналу Казіміру Свёнтэку, Архібіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму на пенсіі, Апостальскаму Адміністратару Пінскай дыяцэзіі нададзена званне Камандора ордэна Ганаровага легіёна. Адпаведны дэкрэт падпісаў прэзідэнт Францыі Жак Шырак.

Па дадзеных пасольства Францыі ў Беларусі, Кардынал Свёнтэк з’яўляецца першым і адзіным грамадзянінам Беларусі, які атрымаў гэтае званне з моманту набыцця краінай незалежнасці.

Ордэн Ганаровага легіёна з’яўляецца вышэйшай ваеннай і грамадзянскай узнагародай Францыі. Яна была заснаваная Напалеонам Банапартам у 1802 г. У траўні 1998 г. ордэн атрымаў кардынал Ёзэф Рацінгер, які пасля стаў Папаю Рымскім Бенедыктам XVI.

Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання Кардынала Казіміра Свёнтэка знакам Камандора ордэна Ганаровага легіёна адбылася 23 лістапада ў рэзідэнцыі пасла Францыі ў Беларусі. Падчас цырымоніі “патрыярху” касцёла была павязана чырвоная стужка з залатым крыжам камандора.

У ордэна Ганаровага легіёну пяць ступеняў адрознення. Камандор — трэцяя з іх.

Паводле belaruspartizan.org
2006, 21 ліст.

Аб’явы

З вялікай прыемнасцю і задавальненнем паведамляем Вам, карыстальнікі інтэрнэта, што Беларуская інтэрнэт-бібліятэка KAMUNIKAT прыдбала новы адрас.

Зараз дастаткова ў браўзеры напісаць KAMUNIKAT.ORG, каб адчыніўся сайт бібліятэкі. Запрашаем вас наведаць гэты новы адрас. Але паведамляем, што застаюцца таксама актуальнымі старыя адрасы бібліятэкі:

http://kamunikat.net.iig.pl

http://kamunikat.fontel.net

Bielaruskaja Internet Biblijateka KAMUNIKAT
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by