Другi iнфармацыйны выпуск "Беларусы ў свеце"

Змест:

Нашыя віншаванні

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" сардэчна віншуе Юрыя Гіля - гісторыка, беларускага грамадскага дзеяча, старшыню ТБМ імя Ф. Скарыны Віленскага краю з 60-годдзем! Жадаем яму доўгага веку, плённай працы на карысць Беларусі ў галіне адраджэння і захавання беларускай культуры на Вілен шчыне.

Аб'ява

Паважанае спадарства,
Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь зараз здзяйсняе падрыхтоўку праекта Закону Рэспублікі Беларусь "Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой". МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" зацікаўлена, каб пры падрыхтоўцы закону былі максімальна ўлічаны пажаданні беларускай дыяспары. У сувязі з гэтым просім, па-магчымасці да 10 лютага, накіроўваць вашы прапановы ў адрас "Бацькаўшчыны".

Беларуская дыяспара - сучаснасць

Набыццё Беларуссю незалежнасці і звязанае з гэтым паглыбленне працэсаў дзяржаўнага, нацыянальна-культурнага адраджэння (асабліва ў першай палове 1990-х гадоў) абумовіла якасна новыя тэндэнцыі ў міграцыйных працэсах, адносінах Бацькаўшчыны да замежных суродзічаў, у жыцці беларускай замежнай супольнасці:

  • Заканадаўча замацаванае права на выезд грамадзян Беларусі за яе межы і вяртанне ў краіну (дзейнічае з 1994 г.) абумовіла натуральныя міграцыйныя працэсы. У савецкі ж час стымуляваўся выезд жыхароў БССР у рэгіёны СССР, а эміграцыя ў заходнія краіны была нязначнай, бо стрымлівалася ўладай рознымі спосабамі (прававымі, ідэялагічнымі, эканамічнымі ды інш.).
  • Адметнасцю беларускай замежнай супольнасці ў 1990-я гады стала прыкметнае яе колькаснае змяншэнне на постсавецкай прасторы і паступовае павялічэнне ў заходніх краінах. У 1992-2000 гг. стыхійная міграцыя беларусаў з пост савецкай прасторы ў Беларусь склала 200 тыс., што склала 46% ад усёй колькасці прыбылых адтуль. За гэты час з Беларусі выехалі ў новыя незалежныя краіны каля 70 тыс. беларусаў. З 1992 па 2000 г. з Беларусі эмігравалі ў заходнія краіны больш за 75 тыс. жыхароў (у Канаду, ЗША, Ізраіль, Германію, Польшчу, Аўстралію ды інш.), пры гэтым каля траціны з іх склалі беларусы.
  • 1990-я гады характарызуюцца істотнымі зменамі ў складзе беларускай дыяспары:
    • Новым стала з'яўленне ў эміграцыі грамадзян незалежнай Беларусі (некалькі дзесяткаў тысяч).
    • Сфармавалася новая, немагчымая ў савецкі перыяд, з'ява - часовая працоўная эміграцыя. У 1994 - 2000 гг. у Міністэрстве працы зарэгістравалі свае кантракты больш за 20 тысяч жыхароў Беларусі. Па меркаванню даследчыкаў колькасць нелегальных эмігрантаў вызначаецца ўжо дзесяткамі тысяч.
    • Праявілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння дыяспары (пераважна па эканамічных прычынах) за кошт здольных, творчых, перспектыўных высокапрафесійных выхадцаў з Беларусі, якія часова ці стала жывуць за мяжой. Неспрыяльныя падаткавыя, інвестыцыйныя ўмовы гаспадарання выштурхоўваюць у іншыя краіны прадпрымальнікаў і іх капіталы.
    • Беларусь першая сярод пост савецкіх рэспублік займела палітычную эміграцыю. Апаненты ўладзе атрымалі палітычны прытулак у ЗША, Чэхіі, Польшчы, Бельгіі, Вялікабрытаніі.
  • Істотным фактарам у 1990-я гады стала ўзнікненне на ўсёй прасторы пражывання беларускай дыяспары нацыянальна-арганізаванай дзейнасці (у іншаэтнічных рэгіёнах СССР яна цалкам адсутнічала ад 1930-х да сярэдзіны 1980-х гадоў). Культурна-асветную і сацыяльна-дабрачынную дзейнасць ажыццяўляюць беларускія суполкі, таварыствы, згуртаванні, навуковыя цэнтры, выдавецтвы, бібліятэкі у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстраліі, Расіі, Літве, Украіне, Малдове, Казахстане, Латвіі, Эстоніі, Кыргызстане, Узбекістане, Арменіі ды інш.

Галіна Сяргеева

Падзеі

Аўстралія
У Аўстраліі выйшаў "Беларускі праваслаўны каляндар на 2002 год". Календары ўжо некалькі гадоў выдае Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. На старонках календара можна пазнаёміцца з творамі рэлігійнай тэматыкі, а таксама з беларускімі гімнамі.

г. Мэльбурн
2 снежня 2001 г. Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі, супольна з парафіяй БАПЦ - святых Віленскіх Мучаннікаў адзначылі ўгодкі "Слуцкага чыну". Пасля літургіі а. А. Кулакоўскі адслужыў паніхіду па загінуўшых змагарах Слуцкага змагання. Пад-час паніхіды сябры розных арганізацый стаялі з пахіленымі бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягам Аўстраліі ў гонар герояў, якія аддалі жыццё за Беларусь.

ЗША, г. Чыкага
У лістападзе 2001 г. у Чыкага , у зале Музея архітэктуры і дызайну праходзіла выстава "Зямля пад беламі крыламі" мастакоў, што паходзяць з Беларусі, дзе былі прадстаўлены творы выдатнага мастака Х. Ліўшыца, аднаго са старэйшых беларускіх мастакоў Юзафа Пучынскага, мастака і скульптара М. Ліўшульца і інш., а таксама працы маладых мастакоў - А. Упарта, Паўла Аўроміна і інш. 9 мастакоў прадставілі больш за сто твораў.

ЗША, г. Нью-Йорк
8 снежня 2001 года прайшоў чарговы сход Нью-Йорскага аддзела БАЗА. Старшыня аддзела сп. Віталь Зайка праінфармаваў прысутных пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц. Таксама былі адзначаны візіт прадстаўніцы Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Шэрыл Джонсан на Берасцейшчыну, а таксама маючы адбыцца ў ліпені 2002 г. у Мінску Міжнародны сімпозіум пад эгідай ЮНЕСКО "Мова і культура народа ў кантэксце глабалізацыі".

У навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня ў святочна ўдэкараванай грамадскай зале царквы Св. Кірылы Тураўскага на 104 Атлантык Авэню ў Рычманд-Гіл беларуская грамада Нью-Йорку і ваколіцаў адсвяткавала надыход Новага 2002 года. А 10-й гадзіне ўвечары ў зале сабралося больш за 70 чалавек. Большасць, вядома, была з Нью-Йорку, але некаторыя людзі прыехалі здалёк, напрыклад, са штатаў Мінесота ды Індыяна. Вечарына, якую па-майстэрску вялі А. Кузміцкая і В. Дворнік, пачалася са шматлікіх навагодніх віншаванняў. Сталы былі застаўленыя надзвычай разнастайнымі смачнымі стравамі, сярод якіх трэба абавязкова адзначыць "наваградскія грыбочкі", якія прагатавала нястомная А. Орса-Рамана. Хапала на сталах шампанскага, лёгкіх і моцных напояў. Гасцей забаўлялі музыкі Т. і В. Дзямешчыкі. Сваёй вясёлай музыкай і спевамі яны цешылі гасцей аж да самай раніцы.

"Весткі й паведамленьні нью-йоркскага аддзела БАЗА",
№ 1 2002

ЗША, г. Бруклін
Напрыканцы 2001 г. у Катэдральным саборы св. Кірылы Тураўскага мітрапаліт Ізяслаў усвяціў а. дыякана Ігара Якуніна ў святарскую годнасць. Духоўным айцом пры ўсвячэнні быў а. архімандрыд Аляксей.

Канада, г. Атава
25 лістапада беларускае грамадства Таронта і ваколіц урачыста адзначала 81-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Урачыстасці арганізаваў Таронцкі аддзел ЗБС пад кіраўніцтвам яго старшыні Н. Дробінай ў супрацоўніцтве з парафіяй св. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) у Таронта.

У Атаве беларускае грамадства адзначыла 81-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну 1 снежня 2001 г. Імпрэзу арганізавала галоўная ўправа ЗБК пад кіраўніцтвам старшыні сп. Пятра Мурзенка. Галоўным дакладчыкам урачыстага сходу быў сакратар управы Іворт Шаметка. Святкаванне было людны і ўдалым.

19 студзеня адбыўся візіт у Атаву архіепіскапа Мікалая. Архіепіскап Мікалай правёў перамовы аб магчымасці стварэння беларускай праваслаўнай парафіі ў Атаве, асвяціў тры хаты, пахрысціў трох маленькіх дзяўчатак. Вынікам візіту было таксама нараджэнне новых сваякоў - кум і кумоў.

"Камунікат ККБК". Снежань 2001г.

Навагодні і калядны беларускі баль, як і ў мінулым годзе, праходзіў у доме архітэктара П. Шварцмана. 7 студзеня канцэрт адкрыла вакальная група (квінтэт), якая ў суправаджэнні скрыпкі (У. Шамецька) і клавішных (Н. Чаканская) выканала калядныя беларускія песні: "Ой, на моры, моры", "Неба і зямля", вядомы харал "Ціхая ноч". Далей канцэрт працягваўся з удзелам і дарослых, і дзяцей. Дзеткі чыталі вершы (К. Лысенка, Т. Кумейка), ігралі на клавішных (Н. Бойка), з гітарай спявалі песні А. Баркар і Ю. Логвін, музыкальные п'есы для скрыпкі выконвала У. Шамецька. Вельмі пацешыў свята Дзед Мароз. Ён віншаваў дзетак, што ўдзельнічалі ў канцэрце, дарыў ім і ўсім дзецям, што былі на свяце, навагоднія падарункі, забаўляў усіх пад час вечара. Пасля канцэрта працягваліся размовы, дыскусіі, дэгустацыя напіткаў і смачных страў, прыгатаваных нашымі шаноўнымі жанчынамі. Былі таксама і танцы, і ўсе, хто хацеў патанцаваць, змаглі гэта з прыемнасцю зрабіць. Многа рабілася фота- і відэаздымкаў.

Латвія, г. Рыга
13 студзеня ў Рызе, у доме Асацыяцыі нацыянальна-культурных меншасцяў Латвіі, ладзіла святкаванне Новага года і Калядаў Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак". Вечарына аб'яднала ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнання. На свята прыйшлі таксама вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы і навучэнцы Беларускай мастацкай студыі "Вясёлка". Была выкананая пастаноўка казкі "Калядная зорачка", выступаў школьны вакальны гурт "Вавёрачка". Сябры таварыства і госці чыталі вершы, спявалі родныя песні, танцавалі.

Літва, г. Вільня
У Таварыстве беларускай культуры прайшла музычна-паэтычная вечарына, прысвечаная 110-й гадавіне з дня нараджэння Максіма Багдановіча. На вечарыне чыталіся вершы М. Багдановіча, прысвечаныя Вільні. М. Багдановіч прыязджаў у Вільню, а ягоны першы прыжыццёвы зборнік "Вянок", які выйшаў у друкарні пана Марціна Кухты. На вечарыне дзейнічала выстава кніг з бібліятэкі ТБК і прыватных бібліятэк.

У віленскай царкве св. Мікалая распачаліся рэгулярныя набажэнствы па-беларуску. Яны адбываюцца штосуботы а 9-й раніцы. Адпраўляе набажэнствы айцец Васіль Навінскі. Вернікі-беларусы шануюць яго не толькі за пашану да роднай мовы, але найперш за мудрую навуку.

У сакавіку 2002 г. споўніцца 5 гадоў, як выходзіць газета "Рунь". Газета мае сваю старонку ў газеце ў сетцы Інтэрнет, неабходнае для выдання газеты і беларускіх кніжак кампьютэрнае абсталяванне. Хоць і паволі, але павялічваецца кола чытачоў і аўтараў.

Украіна, г. Ізяслаў
Сябры гуртка беларускай культуры "Зорка Венера", які ўзначальвае Пятрусь Капчык, наладзілі літаратурна-музычны вечар з нагоды 110-х угодкаў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. На вечарыне вучні чыталі вершы, санеты М. Багдановіча. Таксама чыталіся творы ў перакладзе на ўкраінскую мову. Вечарына скончылася вершам "Маладыя гады", які чытала 16 чалавек па аднаму радку.

Украіна, г. Вінніца
Па ініцыятыве савета Вінніцкага абласнога зямляцтва беларусаў праведзены Дні беларускай культуры ў Вінніцы і Вінніцкай вобласці. На свяце прысутнічаў супрацоўнік П

Пасольства Беларусі ва Украіне В. Дзенісенка, старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў Ірына Аржахоўская. Гасцей з Беларусі прыняў мэр Вінніцы. Як напісалі газеты, такога свята беларускай культуры ў Вінніцы яшчэ не было.

Навіны

Літоўскі паэт Томас Чэпайціс скончыў працу над перакладам новага паэтычнага зборніка Алеся Аркуша, журналіста радыё "Балтыйскія хвалі", "Проста ў сярэдзіну". Гэтая кніга напярэдадні Новага года была надрукаваная ў Вільні. Па-літоўску ж зборнік выйдзе сёлета ўлетку. Рыхтуюцца таксама пераклады зборніка на ўкраінскую і польскую мовы.

Вучні мінскай школы № 190 перад Калядамі атрымалі цукеркі і касеты з беларускай музыкай. Падарункі перадалі Вітаўт і Зора Кіпелі з Нью-Йорка, якія ўжо трэці год запар віншуюць гэтак з Калядамі вучняў беларускамоўных школаў.

У апошнім нумары ангельскі часопіс The Economist у артыкуле "Думкі аб Радзіме з-за мяжы" ацэньвае сучасны стан ўрадаў у выгнанні. Асабная частка артыкула прысвечана ўраду БНР у выгнанні, які цяпер узначальвае Івонка Сурвілла. Гэты ўрад збіраецца працягваць дзейнічаць, пакуль не знікне пагроза незалежнасці Беларусі, піша часопіс The Economist. Паспешлівасць можа быць рызыкоўнай, зазначаюць прадстаўнікі ўраду БНР. Урад УНР, які быў у выгнанні і больш за 70 гадоў, магчыма, паспешліва перадаў свае паўнамоцтвы постсавецкаму кіраўніцтву Ўкраіны, паколькі Расея зноў дэманструе жаданне да захопу суседніх краінаў, да таго ж мясцовыя рэжымы лёгка паддаюцца маніпуляцыі. The Economist паведамляе, што ўрад БНР захоўвае сувязі з часткай беларускай апазіцыі. А выдачу ім дакументаў аб грамадзянстве БНР часопіс разглядае як "добрую ідэю", што ставіць пад сумнеў легітымнасць кіруючых уладаў краіны.

Радыё "Свабода". 4 Студз.2002 г.

З базы дадзеных Інфармацыйнага цэнтра "Беларусь аб'яднаная"

Беларусы Аўстраліі

На запыт Інфармацыйнага цэнтра адгукнуліся "Федэральная рада Беларускіх арганізацыяў ў Аўстраліі" і "Беларускі цэнтральны камітэт у Вікторыі". Першая арганізацыя заснаваная ў 1976 годзе і ўзначальвае яе Аўген Груша. Рада мае намер супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі ў грамадскай і культурнай дзейнасці. Другая - заснаваная ў 1952 годзе, узначальвае яе Павел Гуз. Камітэт налічвае 50 сяброў і галоўнай мэтай ставіць палітычна-культурнае асветніцтва і сістэматызацыю ведаў пра Беларусь. У супрацоўніцтве з іншымі беларускімі арганізацыямі Камітэт найбольш цікавіць пашырэнне ведаў пра гісторыю Беларусі сярод моладзі.

З 1965 году ў Аўстраліі дзейнічае Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква святых віленскіх мучанікаў, якую ўзначальвае а. А. Кулакоўскі. У 1983 годзе заснаваная парафіяльная бібліятэка БАПЦ, фонд якой складаецца з 420 тамоў. Бібліятэку ўзначальвае В. Русак.

З 1974 г. на беларускім участку Фоўкнер-могілкаў узвышаецца "Помнік усім вядомым і невядомым загінуўшым за Беларусь".

Беларусы Вялікай Брытаніі

Асноўная беларуская арганізацыя Брытаніі - "Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі" ("ЗБВБ") - створана ў 1947 годзе, налічвае зараз 50 сяброў, узначальвае гэтую арганізацыю Алена Міхалюк. Асноўнымі мэтамі сваёй дзейнасці беларусы Англіі, як і ўся свядомая беларуская дыяспара, лічаць працу на карысць беларускай незалежнасці, захаванне беларускай культуры і традыцый ў замежжы, узмацненне і наладжванне сяброўскіх сувязяў паміж беларусамі на эміграцыі. "ЗБВБ" выказвае жаданне супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі на Радзіме і па ўсім свеце па наступных накірунках: абмен інфармацыяй, культурныя і гуманітарныя праекты.

Культурніцкае жыццё беларусаў Англіі віруе ў асноўным у Лондане вакол Беларускай суботняй школкі (заснавана ў 2000 г., узначальвае К. Мацкевіч), вакол "Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф. Скарыны" (заснавана ў 1971 годзе, кіраўнік - айцец А. Надсан). Ангельска-беларускае таварыства, заснаванае ў 1954 г., выдае ў Лондане з 1965 г. "Беларускую хроніку", а з 2000 г. выдае яшчэ і "Беларускі бюлетэнь навінаў".

У рэлігійным жыцці англійскіх беларусаў галоўную ролю адыгрываюць Беларуская Царква святых Пятра і Паўла грэка-каталіцкай канфесіі (заснавана ў 1947 г. айцом А. Надсанам), Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква Жыровіцкай Божай Маці (заснавана ў 1950 г., кіраўнік айцец Ян Абабурка, мае 2 прыходы, якімі кіруе айцец А. Сідаровіч, заснаваны прыходы адпаведна ў 1950 і 1957 гг.), Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква святога Мікалая (заснавана ў 1951 г., кіраўнік айцец М. Іскрыцкі). У ангельскай царкве служыць Беларускі праваслаўны прыход святой Еўфрасінні Полацкай, заснаваны ў 1963 годзе, узначальваецца айцом А. Сідаровічам.

Беларусы Канады

У 1966 г. быў заснаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК). Старшынёй зараз з'яўляецца Р. Качаткоў. Сябрамі ККБК ёсць 3 арганізацыі: Згуртаванне беларусаў Канады (заснаванае ў 1948 г.), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967 г.), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебэк (80-я гады). Асноўнымі накірункамі дзейнасці ККБК з'яўляюцца: а) выхаваўчая праца ў галіне беларускай культуры сярод сяброў беларускіх арганізацый, беларускага грамадства Канады; б) прэзентацыя беларускага грамадства перад урадавымі і грамадскімі структурамі Канады. ККБК - заснавальнік-сябра Канадскай этнакультурнай рады (1980), сябра арганізацыі "Канадыйцы за Музей генацыда"; ККБК дамогся і збудаваў у канадыйскай Прошчы паўночна-амерыканскіх пакутнікаў "The Belarusan Shrine" - беларускае святое месца. ККБК хацела б супрацоўнічаць з такімі арганізацыямі ў Беларусі, якія працуюць у кірунку абароны гістарычных помнікаў, вывучэння гісторыі Беларусі, абароны беларускае мовы і змагання з русіфікацыяй.

З 1954 г. у Таронта працуе Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква святога Кірылы Тураўскага, узначальвае яе архіепіскап Мікалай.

У Канадзе ёсць Беларускі памятны крыж, узнесены ў 1988 г. на адзначэнне тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі і помнік "Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі", узнесены і асвечаны ў 1996 г. На беларускіх могілках у Нью-Джэрсі, ЗША, канадыйскія беларусы збудавалі помнік др. Вінцэнту Жук-Грышкевічу, былому старшыні рады БНР.

Беларусы Эстоніі

Беларуска-эстонскае згуртаванне "БЭЗ" аб'ядноўвае беларусаў Паўночна-Усходняй Эстоніі. Асноўная мэта - адраджэнне самабытнасці беларускай культуры, вывучэнне беларускай мовы, захаванне сваёй адметнасці сярод іншых народаў на эстонскай зямлі. Сябры згуртавання праводзяць творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі Беларусі, з вядомымі артыстамі, навукоўцамі, адзначаюць беларускія святы: гуканне вясны, Каляды, Вялікдзень і інш.

У згуртавання існуе праблема недахопу беларускіх падручнікаў і кніг для дзяцей. Сябры "БЭЗу" выказваюць зацікаўленасць у турыстычных паездках па Беларусі з мэтай знаёмства з гісторыяй і культурай Бацькаўшчыны, а таксама ў летніках для дзяцей на Беларусі.

З нашай пошты

Беларусы ханты-мансійскай аўтаномнай акругі

У 1999 г. у г. Сургуце была створана гарадская грамадская арганізацыя Культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына", якая ставіла сваёй мэтай аб'яднанняе ўсіх беларусаў. Сёння суполка налічвае 150 актыўных сяброў, старшыня арганізацыі -- Шляхценка Валеры Васільевіч.

На першым сходзе, які меў назву "Сустрэча беларусаў на Югорскай зямлі", больш за ўсё было беларусаў з Гомельшчыны, бо менавіта ў гэтай вобласці найбольш развіта здабыча і перапрацоўка нафты.

Згодна апошнім перапісам насельніцтва, у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе беларусы займаюць чацвёртае месца пасля рускіх, украінцаў і татараў. У Сургуце і Сургуцкім р-не пражываюць 11,5 тыс. беларусаў. Найбольшая колькасць беларусаў сёння працуе ў "Сургутнефтегазе" - звыш 7 тыс. чалавек, таму ідуць нафтавікі насустрач беларускім арганізацыям больш ахвотна за астатніх.

У г. Лянторы была створана яшчэ адна беларуская арганізацыя пад назвай "Спадчына".

Асноўнымі мэтамі сваёй дзейнасці беларусы Ханты-Мансійскай аругі лічаць абуджэнне і ўмацаванне гонару за свой этнас, захаванне мовы і культуры, рэстаўрацыі гістарычнай памяці, стварэнне недзяржаўных устаноў беларускай культуры.

Беларусы ў гэтай далёкай ад Бацькаўшчыны старонцы жывуць насычаным культурным жыццём. Па ініцыятыве таварыства ў Сургуце двойчы адбыліся выступы ансамбля "Песняры", "Бацькаўшчына" заняла другое месца ў Днях славянскай пісьменнасці ў Ханты-Мансійску. У Сургуце былі праведзены Дні беларускай кухні, дзе повар А. Каспяровіч атрымаў захапляльныя водгукі наведвальнікаў, прыгатаваўшы 27 страваў з бульбы. Беларусы прынялі ўдзел у Міжнародным фестывалі "Соцветие", дзе былі прадстаўлены беларускія керамічныя і ткацкія вырабы, а таксама больш за 30 страваў нацыянальнай кухні, у выніку чаго беларусы занялі першае месца ў намінацыі "нацыянальная кухня". Беларусы рэгулярна ўдзельнічаюць у рабоце кансультатыўнай рады па наццыянальных пытаннях пры губернатары агругі. Таварыства стала ініцыятарам адкрыцця класа цымбалаў на базе Школы рускай культуры.

Таварыства "Бацькаўшчына" мае вялікія планы на далейшае жыццё: устаноўчая канферэнцыя па стварэнню беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Ханты-Мансійскай акругі пад назвай "Беларусы Югры", адкрыццё радыёстаронкі на FM-канале, адкрыццё нядзельнай школкі па вывучэнню беларускай мовы, гісторыі і культуры на базе гімназіі № 2 (ёсць выкладчыкі, але не стае падручнікаў), арганізацыя бясплатнай юрыдычнай кансультацыі для сяброў таварыства, арганізацыя гастроляў беларускіх калектываў (у бліжэйшы час адбудуцца гастролі ансамля "Сябры"), стварэнне нацыянальнай бібліятэкі і выставы народных промыслаў, выданне кнігі паэткі Л. Лісоўскай, стварэнне беларускай старокі ў Інтэрнеце, правядзенне выставы дзіцячых малюнкаў.

Культурна-асветніцкае таварыства "Бацькаўшчына" хацела б супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі на Радзіме ў галінах стварэння біблятэк, арганізацыі канцэртаў творчых калектываў, правядзення выстаў беларускіх тавараў і наладжвання камерцыйных сувязяў.