МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№01(№49)
студзень
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ!

Юбілей Марыі Чапялёвай!
Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу (БГКТ) мае гонар павіншаваць з 95-годдзем Марыю Аляксандраўну Чапялёву (Шабуню) са славутага беларускага роду Луцкевічаў.

Маці Марыі Аляксандраўны – Эмілія была роднаю сястрою пачынальнікаў нашага адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў, бацька – Аляксандр Шабуня – інжынерам, дацэнтам Беларускага Політэхнічнага інстытута. Марыя Аляксандраўна выхоўвалася разам з братам Эдвардам і сястрой Янінаю (у шлюбе Каханеўскай, а ўнук яе Багдан Андрусішын – вядомы спявак Данчык і супрацоўнік радыё “Свабода”) у шляхетных традыцыях сваіх бацькоў. Спадарыня Марыя скончыла Мінскі медыцынскі інстытут у 1936 годзе, але пачварны таталітарны рэжым не пакінуў яе ў спакоі: як пляменніца вядомых адраджэнцаў яна была пасаджана ў турму, пасля пераведзена ў лагер ля Палярнага кола. Адпакутаваўшы сваё, Марыя Аляксандраўна ў 1939 годзе атрымала загад застацца тамсама ў ссылцы, у Манчагорску, паблізу Мурманска. Там Марыя Чапялёва працавала лекарам (хірургам, тэрапеўтам, рэнтгенолагам). Была Марыя Аляксандраўна ўзнагароджана двума медалямі – “За абарону Запаляр’я”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Пасля выхаду на пенсію Марыя Аляксандраўна працягвала працаваць, а ў 1974 годзе пераехала да дачкі ў Пецярбург. Тут яна з самага пачатку стварэння БГКТ, прыняла ўдзел у сустрэчах сяброў таварыства. Усе высока цэняць Марыю Аляксандраўну за высакароднасць, дабрыню і тактоўнасць. Яна заўсёды ўражвае сваімі высокімі духоўнымі вартасцямі ўсіх, хто яе ведае.
Усе сябры БГКТ шчыра віншуюць Марыю Аляксандраўну з цудоўным юбілеем, жадаюць моцнага здароў’я і жыццёвага аптымізму на радасць усім нам.

Валянцін Грыцкевіч,
старшыня Рады БГКТ, доктар культуралогіі

Дні нараджэння!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сяброў Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Анатоля Грыцкевіча, Вольгу Іпатаву, Мікалая Купаву, Яраслава Раманчука, Генадзя Сагановіча, Ніну Шыдлоўскую (Беларусь), Міхася Сцепанюка (Польшча), Віктара Сулкоўскага (Расія), Зінаіду Клыга (Эстонія).

Жадаем добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс
“РАДЗІМА вялікая і малая”

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае міжнародны дзіцячы конкурс сярод школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту.

Працы павінны ўключаць літаратурнае ці мастацкае ўвасабленне легендаў, паданняў, міфаў:
- аб стварэнні і заснаванні беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак;
- аб выбітных асобах і адметных падзеях, што занялі сваё месца ў гісторыі як ўсёй Беларусі, так і асобных яе мясцінаў.
Конкурс ладзіцца па дзвюх намінацыях: мастацкія працы (малюнкі) і літаратурныя творы (апавяданні, нарысы, эсэ, вершы, паэмы).

Усе працы павінны мець наступныя звесткі:
прозвішча, імя ўдзельніка, узрост, дата нараджэння, зваротны адрас з індэксам, кантактныя тэлефоны.

Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420 х 295) і А2 (420 х 590), а таксама літаратурныя творы на беларускай мове (апавяданні, вершы, сачыненні, нарысы і інш.) аб’ёмам да 10 друкаваных старонак (14 пт, адзінарны інтэрвал).

Працы на конкурс прымаюцца да 20 красавіка.
Адрас для дасылкі:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
вул. Рэвалюцыйная, 15
Мінск 220030
эл. пошта:
zbsb@lingvo.minsk.by
zbsb@tut.by
Кантактны тэлефон у Мінску:
(017) 289 31 94

Пераможцы будуць узнагароджаныя.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Адказы на запыты

***
У канцы снежня 2005 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” на свой запыт адносна прыняцця закона, які б рэгуляваў стасункі Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа, атрымала адказ ад Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Падаем тэкст ліста:

“Па даручэнні старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.М.Канаплёва Пастаянная камісія па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу ўважліва разглядзела ліст старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, у якім уздымаецца пытанне аб падрыхтоўцы і прыняцці Закона Рэспублікі Беларусь, які б рэгуляваў стасункі Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа, а таксама дасланыя ў дадатку дакументы.

Паведамляем, што законапраектная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь будуецца ў адпаведнасці з Планам законапраектных работ, які зацвярджаецца штогод указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці са згаданым Планам вызначаецца і суб’ект права заканадаўчай ініцыятывы, адказны за падрыхтоўку таго ці іншага праекта закона і ўнясенне яго да разгляду ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Праект Плана законапраектных работ рыхтуецца Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Як нам вядома, у праекце Плана законапраектных работ на 2006 год згаданы законапраект адсутнічае. У.М.Здановіч, старшыня камісіі”.

***
У студзені 2006 г. “Бацькаўшчына” атрымала адказ ад Камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (№ 23-05/33 ад 16.01. 2006 г.)

“Шаноўная Алена Паўлаўна!

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледжаны накіраваныя Вамі выніковыя дакументы Чацвёртага з’езда беларусаў свету Міжнароднага грамадскага аб’яднання (МГА) “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і, у прыватнасці, зварот да Урада і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб прыняцці закона Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа”.

Не можам не пагадзіцца з Вамі наконт таго, што патэнцыял беларускай дыяспары для развіцця эканомікі і сацыяльна-культурнай сферы нашай краіны пакуль што мала задзейнічаны. Але мы хацелі б выказаць шчырую падзяку тым прадстаўнікам беларускай дыяспары, якія ў рамках дзеючага заканадаўства Беларусі актыўна дапамагаюць эканамічнаму росквіту нашай Бацькаўшчыны, вырашэнню існуючых сацыяльных, экалагічных і іншых праблем краіны, рэалізацыі карысных праектаў і праграм, асабліва па аздараўленню за мяжой беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.

Паведамляем, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2006 г. № 5 зацверджаны план падрыхтоўкі законапраектаў на 2006 год. Згодна з дадаткам да названага плана Ураду Рэспублікі Беларусь даручана да лістапада 2006 года распрацаваць канцэпцыю праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”, узгадніць яе з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і прадставіць на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мяркуецца, што ў вышэйназваным Законе знойдуць адлюстраванне палажэнні, якія будуць рэгуляваць адносіны нашай дзяржавы з беларусамі замежжа.

Пастаянная камісія па міжнародных справах і сувязях з СНД лічыць, што шэраг прапаноў удзельнікаў Чацвёртага з’езда беларусаў свету МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выклікаюць цікавасць і могуць быць разгледжаны ў рамках распрацоўкі канцэпцыі, а потым і самога Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”.

3 павагай, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД В.А.Папоў”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту
Паважаныя чытачы і ўсе хто часова, альбо сістэматычна наведвае сайт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (zbsb.org), мы працягваем паведамляць Вам аб зменах на ім. Акрамя тых змен на галоўнай старонцы, пра якія мы Вам паведамлялі ў былым выпуску бюлетэня “Беларусы ў свеце”, на галоўнай старонцы з’явіліся спасылкі на беларускія газеты замежжа. Па спасылках, якія там указаны, Вы можаце прачытаць рэгулярна аднаўляемыя: тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва”, газету амерыканскага задзіночання “Беларус” і чэшскую культурна-асветніцкую газету “Выдра”.

Акрамя таго, пашыраны ўсе асноўныя старонкі па фармаце экрана. Плануецца гэтае ж самае зрабіць і з астатнімі. Шточасова аднаўляюцца навіны, частку з якіх у скарочаным варыянце Вы можаце прачытаць у бюлетэні. Калі ж вас цікавіць тэрміновая інфармацыя, то, калі ласка, – звяртайцеся да нашага сайту (zbsb.org)

Працягваем чакаць ад Вас навінаў для размяшчэння на нашым сайце.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія
Урачыстую вечарыну ладзілі 29 снежня актывісты беларускай грамады Антверпена з нагоды свята Хрыстовага Нараджэння і надыходзячага Новага году. Зала была ўпрыгожана хвойкамі і беларускімі нацыянальнымі колерамі. Дзетак сустрэў Святы Мікалай разам з беларускай прыгажуняй. Дзеці спявалі песні, распавядалі вершы, вадзілі карагоды вакол хвойкі, добры Дзед быў вельмі задаволены тым, што дзеткі звярталіся да яго па-беларуску, прынамсі, і праграма ў іх была беларускамоўная. Пасля дзіцячай імпрэзы адбылася вечарына для дарослых.

Паводле www.unija.info

Антверпен, Бельгія
Напярэдадні Новага года святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Антверпене Ян Майсейчык разам з актывістамі Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання павіншаваў спадарыню Зою Смаршчок-Жэлязоўскую (матушку святара Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы). Беларусы павіншавалі спадарыню Зою са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам, падараваўшы ёй кветкі.

Падчас вячэры спадарыня Зоя распавяла, як адзначалі беларусы паваеннай эміграцыі ўсе святы і якая вялікая колькасць беларусаў была на гэтых вечарынах, чым выклікала добрую зайздрасць у прадстаўнікоў эміграцыі новай хвалі. Аптымістычны настрой старой беларускі надаў натхнення і большай упэўненасці ў перамозе беларускай салідарнасці прадстаўнікам беларускай дыяспары.

Спадарыня Зоя павіншавала ўсіх беларусаў, якім неабыякавы лёс Радзімы, і пажадала захоўваць добрыя традыцыі беларускай эміграцыі і непахісную веру ў перамогу нацыянальных сілаў. У сваю чаргу наведвальнікі спадарыні Зоі пажадалі ёй бадзёрасці духу і моцнага здароўя у новым 2006 годзе.

Паводле www.unija.info

Хемніцы, Германія
У Хемніцы, у Тэхнічным універсітэце, адбылася дэманстрацыя фільма аб Курапатах “Хутка забыты лес”. Па сканчэнні якога адбылася дыскусія з двума супрацоўнікамі Беларускага цэнтра. У дыскусіі ўдзельнічала некалькі дзесяткаў навукоўцаў, супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта.

belcentrum.org

Даўгаўпліс, Латвія
Апошняя перадача ў 2005 годзе, “Святы вечар” (у Латвіі), выйшла як раз напярэдадні навагодніх святаў, калі на вуліцах і ў дамах загучала “Ціхая ноч”. Загучала “Ціхая ноч” і ў нашай гэтай праграме, на беларускай, роднай мове.

Такая магчымасць паслухаць любімыя навагоднія і калядныя песні з’явілася ў латвійскіх слухачоў дзякуючы музычнаму каляднаму праекту “Святы вечар”, які ажыццявіла “Беларуская музычная альтэрнатыва”. Калядоўшчыкамі на час праграмы сталі беларускія гурты і выканаўцы. (Дыск з іх спевамі “Святы вечар” магчыма набыць у крамах Даўгаўпілса).

Таццяна Касуха,
www.svitanak.lv

Рыга, Латвія
Сайт Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” (www.svitanak.lv) адзначыў свой першы год існавання ў сусветным сеціве. На сайце паведамляецца аб самых значных падзеях у жыцці беларусаў Латвіі, сваечасова падаюцца аб’явы і звесткі аб дзейнасці дыяспары. Арганізатары сайту ўдзячныя за падтрымку ўсім сябрам, дзякуючы якім сайт жыве і працуе (выключна на грамадскіх пачатках). Са святамі Вас і да новых сустрэч у сеціве!

Паводле www.svitanak.lv

Вільня, Літва
8 студзеня гэтага года ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылася справаздачная выбарчая канферэнцыя. Па выніках галасавання ў Раду абрана больш паловы новых сяброў. Рада будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў. Склад Рады: Васіль Акуневіч, Крысціна Балаховіч, Вацлаў Гулбіновіч, Сяргей Карабах, Валерый Масюк, Хведар Нюнька, Валерый Радукевіч, Аляксандр Трусаў. Старшынёй абраны Хведар Нюнька, намеснікі: Васіль Акуневіч і Валерый Масюк.

Хведар Нюнька – актыўны беларускі грамадcка-культурны дзеяч Віленскага краю, быў абраны старшынёю Таварыства быў у 1989 годзе. Вялікая заслуга спадара Хведара ў тым, што з самага пачатку утварэння ТБК у Раду увайшлі людзі, вядомыя ў літоўскім грамадстве, нашчадкі беларускай інтэлігенцыі пачатку XX стагодздзя – Лявон і Юрка Луцкевічы, Лявон Кароль, Яраслаў Станкевіч, Сяргей Карабач, Мікола Рулінскі. У 1997 г. сп. Нюнька ўвайшоў у Прэзідыум Рады БНР у Нью-Ёрку, сябра Беларускага Народнага Фронту. Актыўна адстойвае пазіцыю адраджэння і захавання беларускасці ў Літве.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кракаў, Польшча
У апошнія гады інтэнсіфікавалася дзейнасць беларусаў у Кракаве. Усё больш канцэртаў беларускай музыкі, праводзяцца Дні беларускай культуры. У 16-ты дзень месяца праходзяць Дні салідарнасці. На галоўнай плошчы а 20-й гадзіне па мінскім часе запальваюцца белыя і чырвоныя знічы ў знак падтрымкі. Нарэшце, арганізавалася суполка беларусаў.

“Люблю Беларусь” – рэлігійна-культурная група, якая яднае беларусаў і тых, хто цікавіцца культурай краіны. Супольная малітва па-беларуску ў касцёле, спяванне гімну “Магутны Божа” і гутаркі – ад гісторыі хрысціянства ў Беларусі да сучаснай беларускай культуры і агульначалавечых праблем. На сустрэчы збіраюцца вельмі розныя людзі рознага веку, розных інтарэсаў, веравызнання… Але яднае ўсіх тая частачка Беларусі, якую кожны носіць у сваім сэрцы. І кожная сустрэча прыносіць нязвыклае пачуццё споўненасці і шчырай радасці, узмацняе веру і распальвае ў сэрцы агеньчык надзеі.

У найбліжэйшых планах – беларускамоўная імша, супольныя выправы, спатканне з літаратарамі, імпрэза з паказам беларускага фільма і музыкай… На кожнае спатканне прыходзіць усё больш і больш людзей, і чакаеш пятніцы як свята… Бо ў пятніцу пойдзеш на Столярскую, 12 – там чакаюць свае…

“Наша Ніва”. 2006. 20 студз.

Беласток, Польшча
Прэм’ер Казімеж Марцінкевіч быў да каляднай вячэры ў Беластоку з беларусамі. Ён прыехаў у сталіцу Падляшша напярэдадні праваслаўнага Раства Хрыстовага і ў каталіцкае свята Трох Каралёў. У бібліятэцы універсітэта ў Беластоку прэм’ер Марцінкевіч прадставіў планы выраўноўвання шанцаў ваяводстваў Усходняй сцяны. Прыпомніў аб падрыхтоўцы спецыяльнай еўрасаюзнай праграмы развіцця ваяводстваў усходняй Польшчы. Агулам гэта 880 млн. еўра на 2007–2013 гады. У той час разам з грашыма на іншыя еўрасаюзныя праграмы на Падляшша мае трапіць каля мільярда еўра.

“Ніва”. 2006. 15 студз.

Варшава, Польшча
14–15 студзеня 2006 года ў Варшаве прайшлі беларускія культурныя мерапрыемствы, якія былі арганізаваны Пасольствам Беларусі ў Польшчы. Адбыўся традыцыйны беларускі навагодні баль, які праводзіцца ўжо больш за 30 гадоў варшаўскім аддзелам Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. З канцэртнымі праграмамі ў час балю выступілі ансамбль народнай музыкі “Рагнеда” з Заслаўя Мінскай вобласці і беларускі эстрадны ансамбль “Лідэр” з Беластока.

“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча”.
2005.17 студз.

Гайнаўка, Польшча
У гэтым годзе Дэканальны інстытут праваслаўнай культуры ў Гайнаўцы і Аб’яднанне “Любіцелі царкоўнай музыкі”, якія з’яўляюцца галоўнымі арганізатарамі Фестывалю “Гайнаўскія сустрэчы з праваслаўнай калядкай”, пашырылі сваю прапанову для жыхароў Гайнаўшчыны. Побач конкурснай прэзентацыі калядак наладзілі выстаўку гвяздаў і арганізавалі даклады пра традыцыі і абрады, якія спадарожнічаюць Раству Хрыстоваму. У час мерапрыемства, якое праходзіла з 11 па 15 студзеня, перад публікай калядавала 29 дзіцячых і маладзёжных калектываў, у якіх выступіла звыш за 600 чалавек.

У 1998–2002 гадах агляд праваслаўных калядак праводзіўся ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, а ініцыятарамі мерапрыемства былі дырэктар школы Яўген Сачко і тагачасны старшыня Гайнаўскага аддзела БГКТ Міхал Голуб. З 2003 года ўсё мерапрыемства праводзіцца на сцэне дома культуры.

“Ніва”. 2006. 22 студз.

Іркуцк, Расія
Ужо на працягу 10 год беларусы Прыбайкалля праводзяць Каляды ў адпаведнасці са старымі славянскімі традыцыямі. Рэгіянальнае грамадскае аб’яднанне “Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага” з часу заснавання ў 1996 годзе паставіла сваёй мэтай адраджэнне, захаванне і развіццё беларускіх нацыянальных традыцый, абрадаў і рамёстваў.

Напярэдадні Калядаў, таварыства звярнулася да беларусаў рэгіёну з прапановай паўдзельнічаць у сапраўдных беларускіх Калядах і запрасіць да сябе Маладзёжнвы клуб “Крывічы”, які ўжо трэці год запар практыкуе калядаванне ў хаце па замове. Вясёлае забаўляльнае відовішча з аднаго боку і вялікі паток лепшых пажаданняў з другога.

Калядны абрад у хаце звычайна займае 15–20 хвілін. Але за гэты час, дзякуючы намаганням удзельнікаў Маладзёжнага клуба, гледачы могуць дакрануцца да дзіўнага свету нашых продкаў.

А 7 студзеня Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага распачало а 13-й гадзіне агульную сустрэчу – свята “Каляды-2006”, якая адбылася ў сярэдняй школе № 65. У праграме былі святочны канцэрт, застолле і нацыянальная беларуская дыскатэка.

Паводле Алега Рудакова,
старшыні ІТБК

Санкт-Пецярбург, Расія
25 снежня 2005 года, у саюзе пісьменнікаў “Міжнацыянальны Пецярбург” адбылася прэзентацыя трох новых зборнікаў Аўгінні Кавалюк: “Адклікаюцца рэхам гады” (Мінск. Беларускі кнігазбор, 2005. – 88 с., выдадзена дзякуючы грашовай падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, за што і аўтар, і Рада Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу выказалі падзяку “Бацькаўшчыне”), “Акварэлі памяці” (СПб., Новая Беларусь, 2005. – 72 с.) і “Палічы старонкі” вершы на рускай і беларускай мовах (СПб., 2005 – 24 с.).

У першай кнізе змешчаны вянок санетаў “Слова жанчыны да Айчыны” і тры іншых раздзела. Зборнік “Акварэлі памяці” напісаны прозай, але змешчаныя там абразкі цалкам прасякнутыя паэзіяй. Трэці зборнік “Палічы старонкі” з’яўляецца ўзорным для дзяцей.

Прысутныя на прэзентацыі чальцы Беларускага грамадска-культурнага таварыства дзякавалі паэтцы за яе творчы ўнёсак у скарбніцу беларускай літаратуры.

Валянцін Грыцкевіч,
старшыня Рады БГКТ,
доктар культуралогіі

Масква, Расія
7 студзеня 2006 года а 19.30 у Цэнтральным Доме мастака (у Маскве) “Песняры” пад кіраўніцтвам Лявона Барткевіча далі вялікі канцэрт. Акрамя таго, з’явілася інфармацыя, што фірма “Moroz records” рыхтуе выданне Анталогіі “Песняроў” на 17 дысках. Плануецца, што да выдання Анталогіі будзе прымеркаваны шэраг канцэртаў з удзелам у тым ліку Кашапарава, але даты пакуль не агучваюцца.

Застаецца толькі нагадаць, што яшчэ ў 1996 годзе “Moroz records” выдала анталогію “Песняроў” на васьмі дысках і заслужыла абвінавачанні ў парушэнні аўтарскіх правоў як з боку гурта так і фірмы “Мелодыя”, якая на той час валодала правамі на большую частку творчасці “Песняроў”.

12 студзеня Уладзіміру Георгіевічу Мулявіну споўнілася б 65 год… Светлая памяць Вялікаму чалавеку, нізкі паклон ад сяброў, калег, сапраўдных паклоннікаў і проста добрых людзей.

“Беларуская Масква”

Прага, Чэхія
Амбасада Беларусі ў Празе адмовілася выдаць сенатарам Карлу Шварцанбергу і Яраміру Шчэціне візы для наведвання Беларусі.
Сенатары звярнуліся па візы пасля афіцыйнага ўхвалення паездкі Арганізацыйнай камісіяй Сената Парламента Чэшскай рэспублікі, перадалі амбасадзе дакладна запоўненыя фармуляры візавых анкетаў і дыпламатычныя пашпарты.

Сенатары планавалі азнаёміцца з актуальнымі ўмовамі ў Беларусі ў той час, калі ўжо былі абвешчаны прэзідэнцкія выбары ў сакавіку 2006 году ды планавалі сустрэцца з найбольш верагоднымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і друку. Сенатары безумоўна планавалі сустрэцца і з кандыдатам ў прэзідэнты аб’яднанай беларускай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам.

У праграме іх паездкі была і дыскусія аб сяброўстве Чэшскай рэспублікі ў еўраатлантычных арганізацыях ды ўзаемаадносінах Еўрапейскага Саюза і Беларусі. Яны таксама хацелі атрымаць інфармацыю аб забароне беларускім Міністэрствам адукацыі выезду на стажыроўкі ў Чэшскую Рэспубліку студэнтам багемістыкі, якая была не так даўно выдадзена. Сенатары таксама мелі на мэце азнаёміцца з працэдурай выдачы чэшскіх візаў грамадзянам Беларусі. Нягледзячы на шматразовыя спробы, так і не ўдалося атрымаць афіцыйныя тлумачэнні часовага паверанага Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы М.Барысевіча.

belcentrum.org


АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ

Перадзел фінансавання
Беларускім арганізацыям Беласточчыны (Польшча) значна скарочаны дзяржаўныя фундацыі. Зараз такія арганізацыі, як “Беларускі саюз”, “Беларускае культурнае таварыства” страцілі большую частку фінансавання. Па словах Яўгена Янчука, сябра Беларускага форуму самакіравання (Гайнаўка), Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыя пры гэтым ссылаліся на недахоп сродкаў у бюджэце дзяржавы (адказ быў кароткі, без удакладненняў). Цікава, што пры гэтым неверагодна былі павялічаны выдаткі на “Саюз Украінцаў” Беласточчыны (на 40–100%). Трэба заўважыць, што ўкраінцаў на Беласточчыне 1 336 чалавек, а беларусаў – 46 000.

Польскі ўрад афіцыйна гаворыць аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, але зараз факт скарачэння падтрымкі беларускай меншасці ў Польшчы гэтага не пацвярджае. З-за недахопу сродкаў цяпер немагчыма працягнуць такія праекты, як “Бязмежжа” (літаратурныя сустрэчы беларускіх і польскіх пісьменнікаў) альбо конкурсы маладых талентаў… Магчыма не давядзецца ў гэтым годзе правесці і штогадовы фестываль “Басовішча”.

Дар’я Сацукевіч,
Прэс-сакратар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Наш плацдарм у Еўропе
Галоўны рэдактар беластоцкай газеты “Ніва” Яўген Вапа кажа, што раней Польшчай кіравалі “левыя” беларусы, а цяпер пачынаюць кіраваць беларусы “правыя”. Але, паводле Вапы, беларусам Польшчы ніякай карысці ад такой “беларускай” улады няма.

Беларускую мову ў Беластоку можна пачуць яшчэ радзей, чым у Мінску. У вёсках на Падляшшы (Беласточчына) яна гучыць. Аднак беларускія вёскі тут нешматлюдныя: жывуць пераважна старыя.

У гарадах беларускай мовай публічна не карыстаюцца – каб не вылучацца з асяроддзя. Пісьменнік Сакрат Яновіч кажа, што яго больш даймае неталерантнасць навакольных, чым асіміляцыйныя працэсы: “Калі я ў Варшаве ці Шчэціне, я не думаю, што я беларус. А Беласток – горад вельмі халопскі. Гэта неталерантны, ультракаталіцкі горад”.

Яўген Вапа больш радыкальны: “Талерантнасць у нас такая: твая беларускасць можа быць толькі справай прыватнай. А беларуская меншасць хоча быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы такія ж грамадзяне гэтага краю. Трэба, каб людзі адчулі, што беларуская мова можа быць не толькі хатняй, але і публічнай”.

Няма салідарнасці ў беларускім асяроддзі. Дэпутат сойму ад “лявіцы” Яўген Чыквін лічыць, што нацыянальныя праблемы хвалююць толькі інтэлігенцыю: “Польская культура больш выгадная. Беларускасць – гэта стыгмата, яе хаваюць як фізычнае калецтва”.

Перапіс 2002 г. адназначна паказаў: 46 тыс. беларусаў пражываюць на Беласточчыне ды 5 тыс. далей у Польшчы, – але гісторыкі лічаць, што сама меней іх мусіць быць 200 тыс. “Маркерам” беларусаў раней выступала праваслаўе. Сацыялагічныя даследаванні несуцяшальныя: 75% праваслаўных беларусаў у вёсках называюць сябе палякамі. У 1983 г.: 30% праваслаўных назваліся палякамі, 40% – “рускімі” (“рускай веры”) і 27% – беларусамі. Цяпер даследаванні Інстытуту сацыялогіі паказалі, што працэнт “беларусаў” захаваўся, але знікла катэгорыя “рускіх”, “тутэйшых”, яны далучыліся да польскай культуры.

Апроч таго насельніцтва папросту мяняе веравызнанне. У мяшаных шлюбах вянчаюцца ў царкве, дзяцей хрэсцяць у касцёле.

На будучыню гісторык глядзіць досыць песімістычна. “Застанецца жменька інтэлектуалаў. Але гэта будзе лёс эмігранцкай супольнасці, якая будзе пастаянна між сабой сварыцца: усе эмігранты сварацца”.

Пачуцца эмігрантам на радзіме, у краі, дзе жылі твае бацькі і дзяды, – крыўдна і абразліва. І не бачна надзей на паляпшэнне.

Лідэраў беларускага руху ў Польшчы прыгняла крымінальная справа, паводле якой пад следствам апынулася Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”. Іх абвінавацілі ў грашовым махлярстве. Гэта кантрастна на фоне таго, што атрымалі падчас уступлення ў ЕС іншыя меншасці – нямецкая (мае нацыянальнае самакіраванне ў гмінах, падтрымку з боку Германіі), літоўская. Але сённяшняя беларуская дзяржава мае асаблівыя нацыянальныя ды палітычныя погляды. Расплачвацца за гэта даводзіцца беластоцкім беларусам.

“Нас успрымаюць як прадстаўнікоў нацыі, якая пайшла ў нейкі іншы бок. У нас бачаць частку таго народа, які выбраў Лукашэнку”, – канстатуе загадчык каф. Беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта праф. Я.Мірановіч. Апошнім разам беларусаў спрабавалі “прыціснуць” у сувязі са скандалам вакол Саюза палякаў Беларусі. Беларуская супольнасць у Беластоку выказалася ў падтрымку Анжалікі Борыс (у тым ліку і ў “Ніве”), але некаму гэтага падалося замала. Патрабавалася дэманстрацыя лаяльнасці – публічныя лісты з пратэстамі.

Атаясамлівацца з Беларуссю Лукашэнкі беластоцкія беларусы не жадаюць, але надзеі на рэнесанс нацыянальнага руху звязваюць з беларускай дзяржавай. Беларускай па духу.

Ці пройдзена мяжа, за якой няма вяртання да паўнацэннага жыцця беларускай меншасці на Беласточчыне? Ці ўсё ж дапамогуць ёй магчымыя дэмакратычныя змены ў Беларусі? Пачуўшы гэтае пытанне, прафесар Мірановіч смяецца: “Гэта футурыстычнае пытанне, бо не відаць, каб у Беларусі былі нейкія змены. Але гэта напэўна будзе вялікая надзея! На пачатку 1990-х людзі вучыліся беларускай мове, бо была суседняя краіна Беларусь”.

Цяпер беларуская меншасць на Беласточчыне не займаецца пражэкцёрствам – яны рэалісты. Яны хочуць жыць у еўрапейскай краіне, але ведаюць, што належнае жыццё ім можа гарантаваць толькі дэмакратычная Беларусь па той бок мяжы. Я.Мірановіч кажа катэгарычна: “Людзі слабыя ўцякаюць з беларускага асяроддзя. Застаюцца тыя, каму ўжо гонар не дазваляе кудысьці пайсці. Нішто іх не трымае – толькі гонар”.

“Наша Ніва”. 2006. 13 студз.


ПАДЗЕІ

Адліты Звон Свабоды
Пачатак года прынёс радасную навіну: рэалізаваная ідэя стварэння Звона Свабоды. Аўтарамі праекту выступілі Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, а шматлікія дабрадзеі ахвяравалі на яго сродкі. Іх імёны знойдуць сваё пачэснае месца на старонках своеасаблівай кнігі гонару.

Да працы прыступілі яшчэ ўвосень 2004 г., запланаваўшы прэзентаваць звон грамадскасці вясной 2005 г. – да Дня Волі. Аднак здзейсніць задуманае ў час не ўдалося. У ходзе працы ўзнікалі новыя ідэі. Давялося, напрыклад, перабіваць надпісы. Цяпер на баках выбіты выказванні славутых беларусаў пра свабоду: “Нічога не маець быці дарожшага над вольнасць” – Леў Сапега, 1588; “Жыві ў Свабодзе” – Кастусь Каліноўскі, 1864; “Толькі свабода” – Васіль Быкаў, 2003. Ёсць намер у дадатак да іх выгравіраваць яшчэ надпісы-цытаты з Бібліі Скарыны і ІІ Устаўной граматы БНР. Апроч надпісаў, звон упрыгожваюць дзве выявы “Пагоні” – вялікі герб трымаюць анёлы, над шчытом размешчаная карона.

Звон вагаю ў 110 кг. адліты з бронзы. Сплаў змяшчае 80% чырвонай медзі і 20% волава. Для паляпшэння гучання была прымененая спецыяльная тэхналогія ліцця: сплаў медзі і волава размешвалі бярозавым кіем – бярозавае вуголле адсарбуе непатрэбныя дамешкі. Гучанне звона адпавядае гуку ноты рэ-бемоль.

У краінах Еўропы і ў Амерыцы многія гарады і мястэчкі маюць свае званы, якія размяшчаюць у найбольш людных месцах.

За саветамі Беларусь страціла шмат якія традыцыі, а традыцыя званоў звялася хіба толькі да выкарыстання іх у жалобных мемарыялах. Звон Свабоды мае абвесціць пра вызваленне Беларусі і ад таталітарнай спадчыны таксама.

“Звон Свабоды – гэта сакральны нацыянальны сімвал”, – кажа Алесь Марачкін, – У хрысціянскім свеце званы звыкла клічуць, звіняць. Для Беларусі Звон Свабоды – гэта новае формаўтварэнне. Пройдуць выбары, і па іх жыццё не скончыцца. Застанемся мы, Звон, і настане час, калі на цэнтральным пляцы гораду мы яго ўсталюем на адмысловай стэле”.

У якасці варыянту размяшчэння звона разглядаецца пляц Свабоды. Маюцца далекасяжныя планы адбудовы царквы Усіх Святых, якую і мог бы аздобіць звон. Альбо аднаўленне гадзіннікавай вежы на тым жа пляцы.

А пакуль ёсць ідэя сімвалічнага ўзняцця звона на часовую канструкцыю. Зрабіць гэта маюць паважаныя ў грамадстве людзі. 10 студзеня ініцыятыўная група, у якую уваходзяць навукоўцы, мастакі, літаратары, палітыкі, музыкі абвясціла дату і месца прэзентацыі Звона Свабоды – 25 сакавіка 2006 г. на пляцы Свабоды.

Напрыклад, Філадэльфійскі звон стаў называцца “Звонам Свабоды” пасля таго, як 8 ліпеня 1776 г. яго звон абвясціў пра незалежнасць ЗША. У гэты дзень у яго званілі штогод, пакуль у 1836 г. падчас пахавання галоўнага суддзі Вярхоўнага суду не раскалоўся. Яго змясцілі ў музей штату Пенсільванія, дзе ён знаходзіцца і па сёння.

“Наша Ніва”. 2006. 31 студз.

Дзень Салідарнасці
Беларусь. Адбыўся Дзень салідарнасці з палітвязнямі, апазіцыянерамі, якія зніклі, іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі. У 20.00 у вокнах тысяч беларусаў пагасла святло і запаліліся свечкі Волі. Вулічныя акцыі адбыліся ў Віцебску, Баранавічах, Салігорску, Гродне, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Пінску, Полацку, Наваполацку, Лідзе, Слоніме, Кобрыне, Маладзечне, Вілейцы, Барысаве, Светлагорску, Асіповічах, Паставах, Белаазёрску, Жодзіне, Оршы, Заслаўі, Мар’інай Горцы, Капылі, Івацэвічах, Бярозе, Бабруйску, іншых гарадах і вёсках Беларусі. Гэта ўжо чацвёртая акцыя, якая праводзіцца 16 дня кожнага месяца.

У інтэрнеце. 16-га студзеня інтэрнет-супольнасць “Трэці Шлях” (3dway.org) запаліла свечку салідарнасці ў інтэрнеце. На адну гадзіну з 19.30 да 20.30 мінскага часу ў 16-ы дзень кожнага месяца можна замяніць галоўную старонку свайго сайту на 16.3dway.org Па тэхнічных пытаннях можна звярнуцца на адрас: 3dway@3dway.org

Антверпен. Да дня салідарнасці было прымеркавана ўрачыстае набажэнства ў тамтэйшай грэка-каталіцкай царкве.

Вашынгтон. Акцыя салідарнасці адбылася насупраць Беларускай амбасады. У акцыі удзельнічалі студэнты з арганізацыі “Студэнты за Глабальную Дэмакратыю”, прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “Погляд”, грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, студэнты з Беларусі, прадстаўнікі NED і Сумеснага Балтыйска-Амерыканскага Камітэта, беларусы, якія жывуць у Вашынгтоне, Трэнтані і Нью-Ёрку.

Вільня. У будынку Дома настаўнікаў па вуліцы Віленскай адбылася гарадская імпрэза “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасці”. Сабралася поўная зала людзей розных нацыянальнасцей, пераважна беларусаў і літоўцаў, – больш за сотню чалавек.

Адбыўся імправізаваны мітынг на двух мовах, у якім бралі ўдзел і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Акцыю зладзіла маладзёжная арганізацыя “Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў”, да якой далучыліся беларускія і літоўскія студэнты, прадстаўнікі розных беларускіх суполак. А 20-й гадзіне на 15 хвілінаў былі запаленыя белыя і чырвоныя свечкі. Акцыя была адметная ўвагай разнастайных сродкаў масавай інфармацыі Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, – беларускай, польскай, рускай.

Беласток. Сябры шэрагу недзяржаўных арганізацыяў на ініцыятыву фундацыі імя Роберта Шумана выпусцілі ў паветра тысячы шарыкаў, да якіх прымацаваныя лісты беларусам на польскай і беларускай мовах з выказваннем падтрымкі для дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Познань. У Познані акцыя салідарнасці адбылася чацвёрты раз. На плошчы Адама Міцкевіча сабралася каля 50 чалавек, каб запаліць свечкі і пераслаць святло надзеі ў Беларусь. Пасля маніфестацыі адбыўся канцэрт з удзелам культавага беларускага рок-гурта з Падляшша “Zero-85”. Акцыю зладзілі Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у Познані, Саюз незалежных студэнтаў, Маладыя дэмакраты і Саюз на карысць дэмакратыі ў Беларусі.

Варшава. Ля будынка прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламента ў Польшчы ў акцыі салідарнасці ўдзельнічалі больш як 300 чалавек. Прысутныя запалілі белыя і чырвоныя свечкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве.

Стакгольм. На цэнтральнай плошчы Стакгольма сабраліся прадстаўнікі палітычных партый, прадстаўленых у парламенце Швецыі, каб выказаць салідарнасць з беларускім грамадствам.

У іншых краінах. Дзень салідарнасці з Беларуссю прайшоў ва Украіне, у Расіі, Канадзе, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Германіі, Славакіі, Эстоніі, Венгрыі і інш.

Паводле “Трэці шлях”,
www.charter97.org,
www.svaboda.org, www.pahonia.promedia.by
і ІAR


АБ'ЯВЫ

Электронная энцыклапедыя “Паўлінка”
Праект “Паўлінка” падрыхтаваны для аматараў беларускай нацыянальнай культуры ва усім свеце. Гэта электронная энцыклапедыя па адной з найбольш яскравых культурных з’яў XX стагоддзя – п’есе класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Падборка песен і фальклорных кампазіцый у выкананні музычных калектываў Беларусі падрыхтавана спецыяльна для гэтага выдання.

Кампанія “Медыум” выказвае свае падзякі калектыву і кіраўніцтву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы за прадастаўленыя матэрыялы. Дзякуем супрацоўнікам Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску за дапамогу ў рабоце над праектам і прадастаўленыя матэрыялы. Асабістая падзяка народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу за артыкул пра Янку Купалу.

Па пытаннях набыцця Вы можаце звязацца з кампаніяй “Медыум” праз сайт:
www.amedium.ru
альбо па эл. пошце:
info@amedium.ru
Кампанія “Медыум”

Ініцыятыўная група беларускай інтэлігенцыі
Звяртаецца да усіх беларусаў у краіне і па-за яе межамі з просьбай дапамагчы ў годнай справе – аказаць фінансавую падтрымку ў вырабе і ўстаноўцы Звона Свабоды.

Па ініцыятыве групы інтэлігенцыі адліты Звон Свабоды, які стане нацыянальным сімвалам Беларусі. На ім выяўленыя біблейныя словы пра Свабоду, пасланні нашых вялікіх продкаў. Звонам Свабоды будуць распачынацца найбольш значныя акцыі і мерапрыемствы грамадскасці Беларусі.

Тэлефоны для кантактаў:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” +375 17 289 31 94, Аляксей Марачкін +375 17 210 13 93, Управа БНФ + 375 17 284 50 12.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

КНІЖНАЯ ПАЛІЦА

“Рэфармацыя і грамадства: ХVI стагоддзе”
Паважанае грамадства, аматары гісторыі і літаратуры, па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдадзена кніга – зборнік матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі “Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе”, якая адбылася 29 лістапада 2003 года.

Згаданае навукова-папулярнае выданне склалі даклады ўдзельнікаў канферэнцыі, якія закраналі гістарычныя, культурныя, рэлігійна-філасофскія аспекты Рэфармацыі ў Беларусі XVI стагоддзя. У склад рэдакцыйнай калегіі увайшлі: галоўны рэдактар Анатоль Грыцкевіч (доктар гістарычных навук), Захар Шыбека (доктар гістарычных навук), Генадзь Сагановіч (кандыдат гістарычных навук), Станіслаў Акінчыц (гісторык) і Наталля Кабелка (кандыдат філалагічных навук).

Арыгінальнасць зборніка яшчэ і ў тым, што ў яго ўвайшлі даклады як абазнаных гісторыкаў, дактароў навук, так і маладых навукоўцаў, што перамаглі ў аднайменным конкурсе, абвешчаным “Бацькаўшчынай” у 2003 г. Прапанаваныя ў зборніку матэрыялы могуць зацікавіць сваёй тэматычнай разнастайнасцю і глыбінёй распрацоўкі ўзнятых пытанняў.

Кожны даклад, прадстаўлены ў зборніку, варты увагі. На жаль, наклад кнігі невялікі – 100 асобнікаў. Але усіх, хто зацікавіўся гэтым выданнем “Беларускага кнігазбору”, запрашаем звяртацца ў офіс Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАШ КАЛЯНДАР

Люты ў беларускай гісторыі
* 1 лютага 1863 г. – дзень пачатку паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
* 1 лютага 1915 г. нарадзіўся Міхась Кавыль (сапр. Язэп Казіміравіч Лешчанка), беларускі паэт, крытык, празаік. Жыве ў ЗША.
* 2 лютага 1838 г. нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстання 1863 г., нацыянальны герой Беларусі.
* 80 год (3 лютага 1926 г.) з дня выхаду ў Вільні першага нумара беларускай газеты “Беларускае слова” (выдавалася да лютага 1928 г.)
* 75 год (4 лютага 1931 г.) з дня смерці Усевалада Ігнатоўскага, першага прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук, дырэктара Інстытута гісторыі.
* 4 лютага 1808 г. нарадзіўся славуты беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
* 4 лютага 1515 г. нарадзіўся беларускі магнат і асветнік Мікалай Радзівіл Чорны.
* 4 лютага 1745 г. нарадзіўся славуты змагар за незалежнасць Рэчы Паспалітай і ЗША Тадэвуш Касцюшка.
* 120 год (8 лютага 1886 г.) з дня нараджэння беларускага гісторыка, прафесар БДУ, супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР Васіля Дружчыца.
* 10 лютага 1883 г. нарадзіўся Ста-ніслаў Булак-Балаховіч, беларускі генерал і палітык. Коннае войска Булак-Балаховіча было самай моцнай вайсковай сілай Ураду БНР.
* 10 лютага 1903 г. прыйшоў на свет Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі палітык і педагог, вучыўся ў Празе, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, пасля вайны жыў і працаваў у Канадзе, быў кіраўніком беларускай секцыі радыё “Вызваленьне” (цяперашняя “Свабода”), з 1970 г. узначальваў Раду БНР.
* 10 лютага 1938 г. карныя органы НКВД расстралялі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
* 11 лютага 1807 г. нарадзіўся беларускі мастак і кампазітар Напалеон Орда, удзельнічаў у паўстанні 1831 г., сябраваў з Шапенам і Міцкевічам.
* 12 лютага 1798 г. пакінуў гэты свет Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль Рэчы Паспалітай. Ён паходзіў з беларускай шляхты, пахаваны на тэрыторыі Беларусі – у Воўчыне.
* 12 лютага 1970 г. быў набыты будынак для Беларускай бібліятэкі, музею і архіву Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане.
* 13 лютага 1705 г. нарадзілася асветніца і драматург Уршуля Радзівіл.
* 15 лютага 1857 г. у Берліне памёр знакаміты кампазітар Міхал Глінка, заснавальнік расійскай класічнай музыкі. Паходзіў Глінка са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба “Тшаска“.
* 90 год (15 лютага 1916 г.) з дня выхаду ў Вільні першага нумара беларускай грамадска-палітычнай газеты “Гоман”, рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей
* 16 лютага 1964 г. у Лондане было заснавана “Ангельска-Беларускае Таварыства”, прэзідэнт – лорд Герліх.
* 16 лютага 1895 г. нарадзіўся Францішак Кушаль, кадравы афіцэр расійскага і польскага войскаў. У часе Другой сусветнай вайны спрабаваў стварыць самастойнае беларускае войска. Пасля вайны жыў у Амерыцы. Быў старшынёй “Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня”. Побач з Кушалем заўжды была ягоная жонка – славутая паэтка Наталля Арсеннева.
* 200 год (17 лютага 1806 г.) з дня нараджэння Канстанціна Тышкевіча – заснавальніка археалогіі ў Беларусі.
* 55 год (17 лютага 1951 г.) з дня заснавання праваслаўнага прыхода св. Еўфрасінні Полацкай у Таронта (Канада).
* 55 год (18 лютага 1951 г.) з дня заснавання “Беларускага Выдавецкага Фонда ў Нью-Ёрку”.
* 18 лютага 1893 г. нарадзіўся найбуйнейшы беларускі пісьменнік і вучоны ХХ ст. Максім Гарэцкі. Друкавацца пачаў у 1912 г. у “Нашай Ніве”, праз два гады выйшаў першы зборнік “Рунь”. Быў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі, напісаў першы падручнік па гісторыі беларускай літаратуры.
* 90 год (18 лютага 1916 г.) з дня стварэння ў Вільні арганізацыі “Сувязь незалежнай і непадзельнай Беларусі” на чале з В.Ластоўскім
* 19 лютага 1890 г. нарадзіўся беларускі паэт, драматург, публіцыст, каталіцкі святар Казімір Сваяк (сапр. Канстанцін Стаповіч; 1890–1926).
* 19 лютага 1908 г. нарадзіўся беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч, аўтар вершаў для дзяцей, бацька палітыка Станіславам Станіслававічам Шушкевічам.
* 19 лютага 1915 г. нарадзіўся беларускі паэт, заслужаны доктар медыцыны Анатоль Бярозка (сапр. Мацвей Смаршчок). Жыве ў ЗША.
* 24 лютага 1952 г. у Сіднеі (Аўстралія) быў заснаваны прыход Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
* 27 лютага 1949 г. створаны “Каардынацыйны Камітэт Беларускіх Арганізацыяў у Парыжы”.
* У лютым 1948 г. у Таронта (Канада) выйшаў першы нумар штомесячніка “Беларускі эмігрант” пад рэдакцыяй Кастуся Акулы.

Паводле www.slonko.com.pl, www.bielarus.org, “Нашай Нівы”,
Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва


ВЕСТКІ

***
У параўнанні з былымі прэзідэнцкімі выбарамі колькасць жадаючых спрабаваць сябе у выбарчай кампаніі значна скарацілася – у 2001 годзе на першым этапе было 22 прэтэндэнты. Але, улічваючы сённяшнія абставіны, і, у першую чаргу, невялікі тэрмін для падрыхтоўкі дакументаў, з’яўленне васьмі прэтэндэнтаў магчыма назваць нават крыху нечаканым.

Свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі:
1. Лідэр Дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. Яго ініцыятыўная група – 5 136 чалавек. Яе кіраўнік – старшыня Партыі працы Аляксандр Бухвостаў.
2. Лідэр Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ Зянон Пазняк, які першым з васьмёркі падаў дакументы. У склад ініцыятыўнай групы, якую ўзначаліў намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў, увайшло 2 405 чалавек.
3. Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Гайдукевіч. У яго ініцыятыўную групу ўвайшло 3 073 чалавекі. Узначальвае групу намеснік старшыні ЛДП Уладзімір Карунас.
4. Аляксандр Лукашэнка. Яго ініцыятыўная група, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман, – 6 212 чалавек.
5. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, генерал Валерый Фралоў, які прыцягнуў пад свой сцяг 1 152 чалавекі. Ініцыятыўнай групай кіруе былы ваенны Ігар Азарка.
6. Былы спікер Савета рэспублікі, акадэмік Аляксандр Вайтовіч. У склад яго ініцыятыўнай групы ўвайшло 1 314 чалавек. Групу ўзначаліў былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Валерый Дунаеў. Пазней Аляксандр Вайтовіч зняў сваю кандыдатуру.
7. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Аляксандр Казулін. У ініцыятыўную групу, якой кіруе Мечыслаў Грыб, увайшло 3 345 чалавек.
8. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, экс-кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк перадаў у ЦВК спіс са 148 прозвішчаў. Сам Скрабец зараз знаходзіцца ў сталічным СІЗА № 1, яго крымінальная справа не завершана, што і дазволіла палітыку прапанаваць сваю кандыдатуру.
Непасрэдная рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца з 12 па 21 лютага, пасля чаго выбарчая кампанія пяройдзе ў стадыю агітацыі і прапаганды.

Паводле радыё “Свабода” і
www.charter97.org

***
За Аляксандра Мілінкевіча, на 20 студзеня, сабрана 178 тысяч подпісаў. За Аляксандра Казуліна 146 тысяч подпісаў, каля 30 тысяч з іх ужо здадзены ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, паведаміў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Мечыслаў Грыб. Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што на 23 студзеня за яго сабрана каля 125 тысяч подпісаў. Нягледзячы на затрыманні, ініцыятыўная група Зянона Пазняка працягвае збор подпісаў (сабрана 125 тысяч), а таксама інфармаванне аб “народным галасаванні”, паведаміў яе старшыня Сяргей Папкоў. Сяргей Скрабец адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы, ён ужо перадаў сваю афіцыйную заяву ў СМІ, у якой заклікае сваіх прыхільнікаў падтрымліваць Аляксандра Казуліна. Збор подпісаў за Сяргея Гайдукевіча быў спынены яшчэ на мінулым тыдні, калі ён меў 135 тысяч подпісаў. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерыя Фралова Ігар Азарка паведаміў, што за яго прэтэндэнта сабралі 59 тысяч подпісаў. Больш за 930 тысяч подпісаў сабрала група падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле радыё “Свабода” і news.tut.by

***
За межамі Беларусі будзе арганізаваны 41 выбарчы участак для галасавання. (зацверджана на паседжанні ЦВК). Участкі будуць арганізаваны ў 32 краінах, дзе на консульскім уліку стаяць не менш за 20 беларускіх грамадзян. Усе яны будуць прыпісаныя да розных выбарчых акруг Беларусі. Падчас былых прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе за межамі нашай краіны працавала 40 выбарчых участкаў. Падчас сучаснай выбарчай кампаніі іх колькасць папоўніцца з улікам участка, арганізаванага ў Краснадарскім краі Расіі. Прагаласаваць за мяжой змогуць усе грамадзяне рэспублікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў на момант прэзідэнцкіх выбараў. Арганізацыя і правядзенне галасавання будзе залежаць ад кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных місій і консульстваў, якія знаходзяцца за мяжой.

news.tut.by

***
Палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) 18 студзеня выступіў з заявай, у якой канстатаваў, што “ўлада зрабіла стаўку на рэпрэсіўна-сілавыя метады вядзення кампаніі і фальсіфікацыю вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах”. АГП заяўляе аб адсутнасці элементарных умоў для правядзення выбараў па стандартах, прынятых АБСЕ, і пакідае за сабой магчымасць непасрэднага звароту да грамадзян і выбаршчыкаў з заклікам пратэсту супраць неканстытуцыйных спраў улады.

www.charter97.org

***
18 студзеня адбылося пасяджэнне ЦВК Беларусі, на якім было зацверджана палажэнне аб дзейнасці замежных наглядальнікаў на выбарах 19 сакавіка. Цэнтрвыбаркам Беларусі накіраваў запрашэнні на выбары прэзідэнта прадстаўнікам ЦВК усіх краін СНД, акрамя Грузіі, Літвы і Латвіі, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама рэспублікі Лідзія Ярмошына. Замежным наглядальнікам забараняецца карыстацца сваёй пасадай для ажыццяўлення дзейнасці, не звязанай з нагляданнем за выбарамі.

www.charter97.org

***
У апошнія дні снежня Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых зменаў, якія пракаментаваў наступным чынам: “Пачынаецца новая пяцігодка – патрэбныя новыя людзі з новымі поглядамі. Павінна быць аднаўленне кадраў. Гэты крок робіцца да прэзідэнцкіх выбараў толькі па гэтай прычыне”. Прэзідэнт прызначыў новым намеснікам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касіцына, выканаўцам абавязкаў міністра аховы здароў’я – Віктара Рудэнку, а міністрам транспарту і камунікацый – Уладзіміра Сасноўскага. Прэзідэнт даў згоду на накіраванне Аляксандра Бароўскага на пасаду старшыні канцэрна “Белнафтахім”.

Праз два дні, 29 снежня 2005 года, Аляксандр Рыгоравіч вызваліў ад пасады старшыні Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь Станіслава Буко ў сувязі з пераводам на другую працу. У гэты ж дзень прэзідэнт падпісаў Указ аб накіраванні на пасаду старшыні Камітэта па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі, які да гэтага займаў пасаду міністра культуры.

27 снежня аб звальненні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Віктара Шэймана заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Такое рашэнне было прынятае адразу пасля рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Спадар Шэйман узначаліў ініцыятыўную групу па падтрымцы кандыдата ў прэзідэнты – Аляксандра Лукашэнкі. Першым намеснікам старшыні Адміністрацыі зараз накіраваны 66-гадовы Анатоль Рубінаў, які да гэтага быў старшынёй вышэйшай атэстацыйнай камісіі Акадэміі навук. Алег Праляскоўскі, які быў вызвалены ад пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта 4 студзеня, прызначаны памочнікам прэзідэнта – кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле president.gov.by,
www.naviny.by, БелТА
www.charter97.org

***
13 студзеня 2006 года ў Нью-Ёрку кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас прыняў удзел у пашыранай міжнароднай каардынацыйнай нарадзе па пытаннях развіцця міжнароднага супрацоўніцтва пад эгідай ААН па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Асноўнымі мэтамі пасяджэння былі агляд сённяшняга стану дзейнасці міжнародных арганізацый і ўстановаў сістэмы ААН на чарнобыльскім напрамку і ўдакладненне прыярытэтных кірункаў гэтай працы ў наступныя гады з улікам прынятай у лістападзе 2005 года новай рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН па Чарнобылі. З дапамогай тэлемоста ў пасяджэнні змаглі прыняць удзел прадстаўніцтвы ААН у Беларусі, Расіі і Украіне, а таксама прадстаўнікі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў Парыжы. Прадстаўнік Беларусі распавёў аб мэтах Міжнароднай канферэнцыі “Чарнобыль 20 гадоў пасля: Стратэгія аднаўлення і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў”, якая пройдзе з 19 па 21 красавіка 2006 года ў Мінску.

Вынікам нарады стала вызначэнне і грунтоўнае абмеркаванне ўсімі актыўнымі ўдзельнікамі міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН найбольш значных далейшых сумесных дзеянняў па мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы і спрыянні аднаўленню і – у перспектыве – устойліваму развіццю пацярпелых рэгіёнаў.

“Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь”.
2006.18 студз.

***
28 снежня 2005 г. Аляксандр Лукашэнка выдаў указ № 635 “Аб падпісанні Палажэння паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на вольнае перамяшчэнне, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў – удзельніц Саюзнай дзяржавы”.

Зараз грамадзяне адной краіны маюць права: выязджаць, знаходзіцца, праязджаць транзітам, рухацца і абіраць месца жыхарства на тэрыторыі другой краіны без міграцыйнай карты; вызваляцца ад рэгістрацыі ў органах другой краіны на працягу 30 дзён з даты прыезду; атрымаць дазвол на пастаяннае жыхарства і від на жыхарства без уліку тэрміну часовага знаходжання на тэрыторыі другога боку.

Паводле president.gov.by і БелаПАН

***
Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006–2010 гады, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі Еўрасаюза з’яўляецца адным з прыярытэтаў у міжнародных сувязях рэспублікі, перадае агенцтва “Інтэрфакс”. Нагадаем, што ў першай палове 2006 года за ўзаемадзеянне Еўрасаюза і Беларусі будзе адказваць Латвія. Гэта краіна павінна будзе інфармаваць органы і краіны – удзельніцы ЕС аб навінах у Беларусі, прадстаўляць у ёй інтарэсы Еўрасаюза, каардынаваць дзеянні краін ЕС і інфармаваць беларускія ўлады аб прынятых у Бруселі рашэннях.

Lenta.ru, news.tut.by

***
Прэс-сакратар Еўракамісіі Эма Удвін паведаміла, што зараз ідзе праца над тэндэрам для стварэння на сродкі Еўракамісіі новай радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на Беларусь. У гэтым месяцы будзе прынятае рашэнне наконт кандыдата на новы кантракт вяшчання на Беларусь. Плануюцца адмысловыя тэле- і радыёпраграмы, прысвечаныя выбарам, вяшчанне пачнецца да выбараў.

Сярод чатырох кампаніяў, якія выйгралі першы этап тэндэру на еўрасаюзаўскае фінансаванне, ёсць таксама кансорцыум Польскага грамадскага тэлебачання і “Радыё Беласток”.

Паводле www.svaboda.org, baj.ru

***
Паўстане новае беларускае радыё. Незалежная станцыя будзе вяшчаць з Польшчы. Гаворка ідзе пра ультракароткія і сярэднія хвалі. Ультракароткія можна будзе чуваць на захадзе Беларусі. Прыём сярэдніх складанейшы, але яны праходзяць далей. Уласнікамі радыё будуць беларусы. Варшаўскі ўрад абяцае датацыі, радыё таксама спадзяецца на прыватныя фундацыі. Бюджэт гадавога праекту вымяраецца ў сотнях тысяч долараў. На будучым радыё будуць працаваць журналісты зачыненых недзяржаўных газет, рок-музыкі і нават адзін былы супрацоўнік АНТ. Цяпер яны праходзяць навучанне на ўкраінскіх радыёстанцыях, дзе іх трэніруе былы праграмны дырэктар “Альфа-Радыё” Сяргей Кузін.

“Наша Ніва”. 2006. 13 студз.

***
У Віцебску Саюз пісьменнікаў выганяюць з офіса. Старшыня віцебскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Франц Сіўко мусіў пакінуць службовы кабінет у ведамасным будынку аблвыканкама. У гаспадарчым аддзеле яму патлумачылі, што пісьменніцкая арганізацыя мусіць або плаціць грошы за арэнду памяшкання, або высяляцца з будынка рэдакцыі абласной газеты “Віцебскі рабочы”, дзе раней без аніякае аплаты займаў кабінет старшыня абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэты кабінет выкарыстоўваўся для пасяджэнняў, тут збіраліся мясцовыя літаратары, абмяркоўвалі творы, размаўлялі, спрачаліся. Пытанне пра арэнду гэтага памяшкання да апошняга часу не паўставала.

Пра цяперашнюю сітуацыю ў пісьменніцкім асяродку Франц Сіўко быў напісаў у газету “Віцьбічы”, але дзяржаўнае выданне артыкул старшыні філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў не надрукавала.

Радыё “Свабода”. 2006. 18 студз.

***
У мінскім Доме літаратара адбылася прэзентацыя музычна-паэтычнага альбому “Жыць для Беларусі”. Гэта кампакт-дыск з песнямі на вершы Ларысы Геніюш у выкананні вядомых беларускіх музыкаў. Яго выданне прымеркавана да 95-годдзя паэткі. Гэты дыск утрымлівае рарытэтныя архіўныя запісы – як Ларыса Геніюш чытае свае вершы. Восем вершаў былі захаваныя вядомым беларускім паэтам Сяргеем Панізнікам, і дзякуючы яму гэтыя запісы зараз стануць даступнымі ўсім жадаючым. Музычны альбом выйшаў у серыі “Беларускі музычны архіў”. Яна была заснаваная для папулярызацыі дзеячаў беларускага адраджэння, імёны якіх незаслужана забытыя. Гэтак, раней ужо з’явіліся творы Станіслава Манюшкі, Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага.

Падчас імпрэзы адбылася і прэзентацыя кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш “Каб вы ведалі”.

Паводле радыё “Свабода”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by