МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№10(№46)
кастрычнік
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ!

80 гадоў Кастусю Акулу!
16 лістапада – 80 гадоў з дня нара-джэння (1925) беларускага пісьменніка і журналіста Кастуся Акулы.
Кастусь Акула (сапраўднае імя Аляксандр Ігнатавіч Качан) – празаік, паэт, драматург. Нарадзіўся ў Вілейскім павеце. Бацька быў рэпрасаваны і загінуў у ГУЛАГу. А.Качан вучыўся спачатку ў польскай, затым у расійскай школах, падчас нямецкай акупацыі скончыў настаў-ніцкія курсы ў Глыбокім, працаваў настаўнікам. У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944-м – у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА). Беларускія салдаты БКА апынуліся ў Эльзасе, перайшлі на бок французскага Супраціўлення, затым ваявалі супраць немцаў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса, удзельнічалі ў славутай бітве за Монтэ-Касіна, дзе загінула шмат беларусаў. Аляксандр Качан быў узнагароджаны медалямі “За вайну” і “Залатой Зоркай Італіі”. Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу. У 1947 г. эміграваў у Канаду, дзе жыве дагэтуль.
Кастусь Акула – актыўны дзеяч беларускай дыяспары. Працаваў у беларускай газеце “Бацькаўшчына”, якая пачала выходзіць у Мюнхене. Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса “Зважай”, супрацоўніцтву з беларусамі ЗША, рускамоўнымі эмігранцкімі часопісамі. Быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты “Беларускі эмігрант”, праз якую трымалі сувязь з беларусамі, расселенымі па іншых месцах Канады. Нязменны ўдзельнік, ініцыятар нацыянальных свят, фэстаў, акцый.
Мастацкія творы, публіцыстыка К.Акулы ўносяць шмат новага, адметнага, асабліва ў нацыянальна-тэматычным плане, у сучасную беларускую літаратуру, узбагачаюць, дапаўняюць яе тэмамі, ідэямі, праблемамі, якія не закраналіся ў савецкія часы.
Шчыра віншуем паважанага спадара Кастуся Акулу з юбілеем!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

75 гадоў Аляксандру Баршчэўскаму!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар віншаваць Аляксандра Баршчэўскага (псеўданім Алесь Барскі), які адзначае свой дзень нараджэння 2 лістапада. Аляксандр Баршчэўскі нарадзіўся ў 1930 г. у Беластоцкім ваяводстве. Скончыў аддзяленне рускай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага універсітэта (1955). З 1956 г. працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, з 1975 г. – загадчык гэтай кафедры. У 1959–1980 гг. – старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. З 1984 г. – старшыня галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г. Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы, медалём імя Францыска Скарыны і інш. Выступае ў друку з 1956 г. Апублікаваў шэраг зборнікаў вершаў, займаецца перакладчыцкай дзейнасцю.
Аляксандр Баршчэўскі з’яўляецца выбітным дзеячам на ніве беларускай літаратуры і адраджэння беларускага мастацкага слова, вядомым навукоўцам, якім па праву могуць ганарыцца беларускія суайчыннікі. Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” жадае Аляксандру Баршчэўскаму далейшай плённай дзейнасці, добрага здароўя і творчых поспехаў!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Дні нараджэння!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сяброў Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алега Якшэвіча (Беларусь) і Альберта Мітэра (Расія).
Жадаем ім добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэа-лізацыі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

5 год Новасібірскаму цэнтру беларускай культуры!
За пяць год цэнтр, якім кіруе Ніна Кабанава, зрабіў вялікую працу па адраджэнні і вывучэнні традыцый беларускай народнай творчасці, арганізацыі фальклорных калектываў. Цэнтр падтрымлівае і развівае актыўныя сувязі з большасцю раёнаў вобласці, дзе арганізаваны яго філіялы, а таксама свае фальклорныя калектывы, якія дапамагаюць развіццю і падтрымцы беларускіх народных традыцый, абрадаў і мовы. Большасць з гэтых калектываў возьме ўдзел ў святкаванні, якое адбудзецца ў Новасібірску на пяцігоддзе Беларускага культурнага цэнтра.
У святочныя дні ў Краязнаўчым музеі адбудзецца культурна-асветная праграма, прысвечаная 515-й гадавіне з дня нараджэння Францішка Скарыны. Тады ж адбудуцца і канцэрты па раёнах вобласці і г. Новасібірску, а потым вя-лікае свята “Сібірскае сузор’е”. У фае Палаца культуры пройдзе выстава ра- мёстваў, фотавыстава аб дзейнасці Цэн-тра, будзе арганізавана забаўляльная праграма. Наведвальнікаў чакае сустрэча з традыцыйнымі героямі беларускага фальклору Лявонам і Лявоніхай.
Людміла Бяляўская

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

“Адклікаюцца рэхам гады”
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” надрукавала ў выдавецтве “Беларускі Кніга-збор” новую кнігу “Адклікаюцца рэхам гады”. Гэта зборнік вершаў беларускай паэткі з Санкт-Пецярбурга Аўгінні Кавалюк. У кнігу ўвайшлі творы апошніх гадоў, характэрныя сённяшняму настрою паэткі, яны скіроўваюць чытача на роздум аб агульначалавечых каштоўнасцях і спрадвечных пытаннях чалавека. Аўгіння Кавалюк скончыла беларускую школу і Гродзенскі педагагічны інстытут, працавала ў Рызе, а з 1987 г. жыве ў Санкт-Пецярбургу. Аўгіння Кавалюк напісала шэраг зборнікаў вершаў, якія выдаваліся з 1964 г. Яе творы перакладзены на латышскую, рускую, украінскую мовы.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту
Паважаныя чытачы, Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртае ўвагу на змены, якія адбыліся за апошні час на сайце аб’яднання (zbsb.org). На галоўнай старонцы сайту з’явілася новая рубрыка – “Агляд падзей”. Яна ўтрымлівае аналітычныя артыкулы па апошніх па-дзеях у Беларусі і замежжы.
Знікненне на галоўнай старонцы рубрык “Навіны беларусаў замежжа” і “Круглы стол” тлумачыцца пераразмеркаваннем гэтай інфармацыі ўнутры структуры сайтуа. Яе можна паглядзець у раздзеле “Бюлетэнь”, “Навіны беларускага замежжа”, а таксама знайсці па спасылцы “Уплыў пашырэння Еўразвязу на становішча Беларусі”, дзе змешчаны матэрыялы па “круглых сталах”.
Адбыліся таксама і змены на форуме сайту. Былі адрэдагаваныя тэмы форуму, што спрасціла дасылку і размя-шчэнне звестак, заўваг і пажаданняў наконт агульнай тэматыкі і дызайну сайту. Дарэчы, кожны наведвальнік, які ціка-віцца пэўнымі падзеямі ці мае пытанні, можа дасылаць іх праз форум кіраўніцтву МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Адміністратар сайта і Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” запрашаюць наведаць форум сайта. Тое пытанне, што цікавіць вас, можа быць актуальным і для іншых наведвальнікаў.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

АКТУАЛЬНАЯ ТЭМА

!!! Самапаланізацыя
Яблык не падае далёка ад яблыні, гаворыць народная прыказка. Горш, калі гэта яблык разладу. А такім, напэўна, з’яўляецца рашэнне епіскапа Беластоцкага і Гданьскага Іакава наконт увядзення з ня-дзелі, 16 кастрычніка, польскай мовы ў богаслужбы ў дзвюх беластоцкіх цэрквах. Такім чынам беластоцкі іерарх стаўся спадкаемцам самапаланізацыйнай па-літыкі Царквы, якой гарачым прыхільнікам у 30-х гадах ХХ стагоддзя быў епіскап Гродзенскі Сава Саветаў.
Да нас, беларусаў Беласточчыны, якія складаюць вялікую частку права-слаўных вернікаў Польшчы, вестка пра польскія богаслужбы была нечаканасцю і навіной вельмі балючай. Справа ў тым, што ў большасці нас, беларусаў, на плячах спачывае цяжар утрымлівання праваслаўнай царквы ў Польшчы. Гэта ж за нашыя, вернікаў, грошы будуюцца небачасныя храмы, якімі ўсе так захапляюцца. Нашы людзі – глыбока веруючыя, адданыя Богу і сваёй нацыянальнасці. Тое, што маюць быць набажэнствы на польскай мове, нас не толькі здзівіла, але абразіла і абурыла.
Калі ўводзіцца польская мова, дык узнікае пытанне: а чаму ж не ўвесці беларускую мову? Калі ў праваслаўных храмах на поўдні Польшчы гучыць украін-ская мова, дык відавочна Бог, разумее па-ўкраінску. Бог разумее ўсе мовы свету і быццам бы не хоча разумець толькі па-беларуску.
Думаю, што беларуская мова таксама зразумелая і мілая Богу, і Бог быў бы ўсцешаны, калі б з Беласточчыны даляталі да Яго малітвы на беларускай мове. Калі ёсць патрэба служыць для некалькіх соцень сапраўдных палякаў, якія прынялі права- слаўе па-польску — калі ласка. Але ж мы, беларусы, шматтысячная і асноўная частка ўсіх праваслаўных вернікаў, ужо ж колькі гадоў просім і дабіваемся богаслужбаў на беларускай мове. Але іх няма. Гэта для нас вельмі прыкрая справа. З боку духавенства гучаць часта тлумачэнні, што нібыта няма беларускіх перакладаў Святога Пісання. Але ж яны ёсць і пры тым па-суседску. Няўжо цяжка заказаць пераклады, якія выдала Праваслаўная царква ў Беларусі. Гэта не вялікі выдатак. Можна імі забяспечыць і святароў у прыходах, і настаўнікаў рэлігіі ва ўсіх школах. А можа Беларусь і беларускасць толькі тады добрыя, калі бясплатна даюць цэглу і іншыя будаўнічыя матэрыялы на адбудову Супрасльскага манастыра? Гаворачы аб прычынах увядзення польскай мовы, епіскап Іакаў тлумачыў, што маладыя людзі не разумеюць царкоўнаславянскай мовы і не ведаюць кірыліцы. Сумная праўда аб стане царкоўнай адукацыі. А чаму ж гэта нельга на Беласточчыне весці ў школах навучанне закону Божага для дзяцей і моладзі па-беларуску? На пачатак можна было б такія заняткі весці ў тых школах, дзе і так вядзецца навучанне беларускай мове. А потым пашыраць з карысцю для Царквы і народа. Каб быць разам. А так страчана ўжо столькі гадоў і цэлае пакаленне. Супольнымі намаганнямі можна гэты працэс змяніць, але перадусім мусіць быць добрая воля з боку Царквы. Менавіта ў гэтай дзялянцы павінен актывізаваць сваю працу пасол Яўген Чыквін. Узамен за галасы праваслаўных беларусаў можа паспрыяць, каб мы пачулі Божае слова на роднай мове. Зараз пытанне стаіць гэтак: ці мы хочам мець у царкве вернікаў, ці турыстаў. Тут справа адназначная. Калі хочам мець вернікаў, дык мова павінна быць беларуская, а калі ў цэрквах хочам мець турыстаў, каб яны не былі пустымі, то тады — польская мова.
Трэба памятаць, што моц права- слаўя ў Польшчы заўсёды асноўвалася на тым, што яно падтрымлівала моўную адметнасць. У адным выпадку, калі Царква прынцыпова ставіць націск на польскасць, гэта мне нагадвае прымусовую паланізацыю ў 1930-х гадах, але гэтым разам па сваім жаданні.
Яўген Вапа

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Невядомая Беларусь”
Выйшла кніга “Невядомая Беларусь” пры падтрымцы Беларускага цэнтра і выдавецтва “Dokoran”. Кніга – найцікавейшы зборнік эсэ вядучых беларускіх інтэлектуалаў на тэмы старажытнай і найноўшай беларускай гісторыі, культуры, палітыкі. Прадмову да кнігі напісаў Вацлаў Гавел. 17 кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі ў межах “Форуму-2000”, дзе ў рэжыме on-line прысутнічалі В.Гавал, А.Мілінкевіч, А.Анціпенка і інш.
Ілля Глыбоўскі

Навінкі “Камуніката”
У Беларускай Інтэрнет-бібліятэцы “Камунікат” знаходзіцца шмат беларускіх кніг і часопісаў. У тым ліку шмат выдавецкіх навінак ды некалькі кніг з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” (заснавана МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 г.). Варта рэкамендаваць і кнігу “Канспіратар Беларускі”, якая нядаўна выйшла ў Беларусі і яе тыраж ужо разышоўся. Запрашаем наведаць бібліятэку “Камунікат”: kamunikat.fontel.net
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Сцяна”
У вераснёўскім нумары часопісу “Plav Revue” пабачыў свет чэшскі пераклад апавядання Васіля Быкава “Сцяна”. Гэты пераклад зроблены вядомым перакладчыкам і вялікім прыяцелем белару-шчыны ў Чэшскай рэспубліцы Адамам Гаўліным, і быў адзначаны ганаровай прэміяй 13-га конкурсу чэшскіх перакладчыкаў імя Йіржы Левага.
www.bielarus.org

ПАДЗЕЯ

“Падляшша 2005”
20-21 кастрычніка ў польскім горадзе Гайнаўка адбылася 10-я юбілейная сустрэча беларусаў Бельшчыны і Гайнаўшчыны “Падляшша 2005”. Мэтай сустрэчы была інтэграцыя моладзі, аб’яднанай навучаннем у ліцэях з дадатковым вывучэннем беларускай мовы. Арганізатарам гэтай важнай імпрэзы выступіў Беларускі саюз у Польшчы на чале з Яўгенам Вапам ў супрацоўніцтве з беларускімі ліцэямі Гайнаўкі і Бельска-Падляшскага.
Праграма сустрэчы была надзвычай насычанай. 20 кастрычніка ліцэісты з вялікім зацікаўленнем выслухалі выступ беларускага празаіка і грамадскага дзеяча Беласточчыны Міхася Андрасюка, а пасля і “Беларускія мроі” нашай вядомай зямлячкі з Польшчы Надзеі Артымовіч. Удзельнікаў сустрэчы віталі і слынныя беларускія пісьменнікі, што адначасна знахо-дзіліся ў Гайнаўцы на канферэнцыі, – Алесь Пашкевіч, Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, дырэктар зачыненага ўладамі беларускага ліцэю Уладзімір Колас.
Вельмі жывой была прэзентацыя тыднёвіка “Ніва”, у якой бралі ўдзел усе журналісты, руплівай працай якіх і ствараецца сёння гэтая аўтарытэтная беларуская газета ў Польшчы.
Сустрэчу аздаблялі беларускімі песнямі ліцэісткі з Гайнаўкі, гурт “Дзявочыя ноткі” з Бельскага беларускага ліцэя. Пацешыла прысутных сваім майстэрствам і тэатральная група Гайнаўскага ліцэя пад кіраўніцтвам Яна Карчэўскага.
Ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” была запрошаная Алена Макоўская, старшыня Рады арганізацыі. Яна распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра беларускую прысутнасць у свеце, дзейнасць “Бацькаўшчыны” і запрасіла ўсіх жадаючых да супрацоўніцтва.
Па абедзе госці ліцэю разышліся па класах, каб у непасрэднай атмасферы пазнаё-міцца ды пагутарыць з ліцэ-істамі. Можна было папрысутнічаць на сустрэчы Клубаў беларускіх спраў з Бельска і Гайнаўкі пад кіраўніцтвам Яўгена Янчука, узяць удзел у працы гуртка іканапісу Гайнаўскага ліцэя пад кіраўніцтвам Міхала Юшчука і ў іншых, не менш цікавых сустрэчах ліцэістаў з беларускімі пісьменнікамі з Беларусі і Польшчы ды журналістамі з “Нівы”.
Па заканчэнні сустрэч усе прысутныя былі запрошаны ў Беларускі музей, дзе павіншавалі паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцу і грамадскага дзеяча Аляксандра Баршчэўскага (Алеся Барскага) з 75-гадовым юбілеем. А пасля ўдзельнікаў чакала захапляльная экскурсія па месцах гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў Гайнаўшчыны.
Увечары навучэнцы і настаўнікі Бельскага ліцэю развіталіся з гасціннай Гайнаўкай, каб назаўтра прымаць гасцей у сябе, у Бельску. 21 кастрычніка там адбыліся ўрачыстасці з нагоды надання беларускай школе імя Яраслава Кастыцэ-віча, настаўніка і грамадскага дзеяча, які ў цяжкія паваенныя гады засноўваў беларускае школьніцтва ў Бельскім краі. Наданне школе, дзе выкладаецца беларуская мова, імя Яраслава Кастыцэвіча з’яўляецца годным ушанаваннем памяці гэтага выбітнага чалавека, сведчаннем таго, што ён не забыты, яго дзейнасць была не дарэмнай, а справа беларускамоўнага навучання на тэрыторыі Бельска, якой Яраслаў Кастыцэвіч прысвяціў вялікую частку свайго жыцця, працягвае існаваць ды развівацца і ў наш час.
Сёння ліцэі Гайнаўкі і Бельска выкладаюць беларускую мову для каля чатырох тысяч навучэнцаў і ствараюць сапраўдную канкурэнцыю польскамоўным навучальным установам з прычыны высокага ўзроўню адукацыі. Вучні ў іх набіраюцца на конкурснай аснове, і заслуга ў гэтым найперш дырэктараў беларускіх ліцэяў Яўгена Сачко (Гайнаўскі ліцэй) і Андрэя Сцепанюка (Бельскі ліцэй), а таксама настаўнікаў, што запальваюць у маладых людзях агеньчык беларускасці.
Радуе тое, што сустрэчы беларускай моладзі Падляшша носяць традыцыйны характар, бо яны з’яўляюцца сапраўдным унёскам у справу яднання беларусаў Польшчы, як і іншыя шматлікія праявы грамадскай, палітычнай, культурнай ды навуковай актыўнасці беларусаў Беласточчыны. І за ўсім гэтым стаіць цяжкая, а часамі і няўдзячная, праца і натхнёная творчасць тых, хто дапамагае сённяшняй Беласточчыне за- хоўваць і развіваць беларушчыну, – Яўгена Вапы, Міхася Андрасюка, Аляксандра Баршчэўскага, Алега Латышонка, Яўгена Мірановіча, Надзеі Артымовіч і шматлікіх іншых журналістаў, навукоўцаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, якімі багаты блаславёны Беластоцкі край.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
Завяршыўся візіт дэлегацыі Рады БНР у Брусель. Прадстаўнікі Рады БНР сустракаліся ў Еўрапарламенце з прадстаўнікамі Еўрапейскіх камісій, якія непасрэдна займаюцца дачыненнямі з Беларуссю. Таксама адбылася размова ў офісе Высокага прадстаўніка ў справах агульнай замежнай палітыкі і палітыкі ў галіне бяспекі. Удзел у размовах бралі: старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, намеснік старшыні Сяргей Навумчык, сакратар унутраных спраў Вячка Станкевіч ды супрацоўнік сакратарыяту вонкавых спраў Мікола Пачкаеў.
З нагоды візіту Рады БНР у Бельгію кіраўніцтвам Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (БЭЗ) была зладжана ўрачыстая сустрэча прадстаўнікоў Рады БНР з беларускай дыяспарай у горадзе Антверпене. У якасці паважаных гасцей былі запрошаныя прадстаўнікі старой хвалі эміграцыі спадар Янка Жучка ды спадарыня Зоя Смарчок-Жэлязоўская, а таксама асістэнт Парламенцкай асамблеі НАТО Вольга Стужынская, асістэнт па праграмах у краінах Усходняй Еўропы Аліна Бельская, асістэнт віцэ-спікера Еўрапарламента Янка Чурыловіч. На заканчэнне было адзначана неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва дыяспары ў Бельгіі з Радай БНР.
Напрыканцы візіту адбылося наведванне месца пахавання Міколы Равен- скага ў горадзе Лювэне. Парах беларускай грэка-каталіцкай царквы Ян Майсейчык адслужыў ліцыю за спачын душы беларускага кампазітара.
Паводле www.unija.info
і радыё “Свабода”

Бон, Германія
25 кастрычніка ў Цэнтральнай бібліятэцы Бона адбылося адкрыццё выставы маладога беларускага мастака Яраслава Сафонава, якая называецца “Маладосць і мудрасць”. Выстава ладзіцца ўпраўленнем культуры Бона, горада-партнёра Мінска, пры падтрымцы пасольства Германіі ў Беларусі. Яна адбудзецца ў межах фестывалю дзіцячай і юнацкай літаратуры “Kаеpt’n Book”, які праводзіцца ўжо ў трэці раз. Таленавіты 12-гадовы мастак, якога горад Бон запрасіў у Германію разам з яго бацькам Вадзімам Сафонавым, асабіста прадставіць свае працы на цырымоніі адкрыцця. 21 карціну, якія будуць паказаны на выставе ў Боне, можна будзе праглядзець на працягу чатырох тыдняў.
pahonia.promedia.by

Нью-Ёрк, ЗША
У кастрычніку Нацыянальны Акадэмічны Тэатр імя Якуба Коласа паехаў на гастролі ў Бостан, Нью-Ёрк і Кліўленд. Запрошаны гэты слаўны беларускамоўны тэатр праз Гарвардскі універсітэт у сувязі з сімпозіумам “Мастацтва, палітыка і нацыянальная свядомасць у сучаснай Беларусі”. Тэатр падрыхтаваў творы “Шагал...Шагал...” Уладзіміра Драздова пра маладыя гады ў Віцебску сусветнавядомага мастака Марка Шагала. (пастаноўка здабыла прызы ў шэрагу гарадоў Еўропы), а таксама новую п’есу Сакрата Яновіча “От Цо, Да” пра складаны лёс Браніслава Тарашкевіча – дзеяча беларускага Адраджэння.
13–15 кастрычніка ў Гарвардскім універсітэце прайшоў сімпозіум, у межах якога адбыліся выступленні віцебскага тэатра ім. Якуба Коласа. Удзельнікі мерапрыемства з Паўночнай Амерыкі, Брытаніі і Беларусі зрабілі даклады на розныя тэмы: ад музыкі і літаратуры Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя да пошуку душы і культурных войнаў.
У суботу, у заключнай частцы праекту, прагучалі вершы Вальжыны Морт, адной з найвыдатнейшых беларускіх паэтак сучаснасці. А тэатр ускалыхнуў спрадвечную думку пра тое, што ты далёка ад дому, што цяжка вяртацца і не ведаць, што там цябе чакае, і не належаць ні таму, ні гэтаму свету.
16 кастрычніка у грамадскай залі пры Саборы Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне прайшоў сход Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА, на якім таксама адбылася сустрэча з акцёрамі Нацыянальнага Акадэмічнага Драматычнага Тэатру імя Якуба Коласа з Віцебску. На гэтую сустрэчу сабраліся беларусы з Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі. 19 кастрычніка ў Нью-Ёрку адбыўся спектакль. На яго гледачы прыйшлі з дзецьмі, прынеслі кветкі і былі вельмі ўзрадаваныя, што прыехалі землякі. На сцэне вісеў вялікі плакат — “Вітаем віцебскі тэатр імя Якуба Коласа!”. Дарэчы, у залі быў і пляменнік Якуба Коласа, спадар Міцкевіч, якога ўсе прысутныя віталі апладысментамі.
Прывітальнае слова сказаў старшыня Нью-Ёркскага аддзелу Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Віталь Зайка. Выступіў Зянон Пазняк, які расказаў пра гісторыю коласаўскага тэатра, зазначыўшы і імёны выбітных дзеячаў беларускага мастацтва, такіх як Стэфанія Станюта, якія пачыналі свой творчы шлях у віцебскім тэатры. Пасля гучалі беларускія песні, якія і коласаўцы, і амерыканскія беларусы спявалі разам. Пасля — Кліўленд, дзе 21 кастрычніка адбылася сустрэча з суайчыннікамі і выступленне ў Грамадскім Цэнтры “Полацак”.
www.belarusy.com

Даўгаўпілс, Латвія
У верасні адбылося ХІІ Свята беларускага пісьменства ў Камянцы на Брэстчыне. Напярэдадні газета “Голас Радзімы” і Міністэрства інфармацыі абвясцілі конкурс для суайчыннікаў замежжа пад назвай “Нашчадкі Скарыны” на лепшы твор аб Беларусі (літаратурны альбо паэтычны сярод дарослых і адвольнае сачыненне сярод дзяцей).
Галоўнай умовай конкурсу было пісаць па-беларуску. Пераможцаў абяцалі запрасіць на дні беларускага пісьменнасці ў Камянцы. Усяго было 12 лепшых публікацый з шасці краін: Латвіі, Украіны, ЗША, Малдовы, Польшчы, Расіі. Пяць публікацый прыйшло з Даўгаўпілса: Марына Куцына (беларуская нядзельная школа), Алена Бучэль і Ала Петашка (Даўгаўпілскі універсітэт), Настасся Сазанкова і Станіслаў Валодзька (беларускае таварыства “Уздым”). Дыпломы і падарункі ім уручаў міністр інфармацыі Ўладзімір Русакевіч і знакаміты беларусіст, прафесар Адам Мальдзіс.
Таццяна Бучэль

Даўгаўпліс, Латвія
У Даўгаўпілскім Доме культуры адбылася імпрэза “Стагоддзе латгальскай прозы; 1904—2004”, дзе ўспаміналася і творчасць беларускіх аўтараў мінулага стагоддзя. Адбылося таксама галоўнае свята ў Доме Райніса у Беркенелях, што недалёка ад горада, дзе калісьці жыў Райніс. Кульмінацыяй свята стала пастаноўка па матывах твораў Райніса — сумесны латышска-беларускі праект. 34 юных акцёра прынялі ўдзел ў гэтым спектаклі, дзесяць з іх віцебскія, астатнія з Даўгаўпілса. Рыхтавалі пастаноўку ў Даўгаўпілсе. Аўтар праекта – Інара Мукане – кіраўнік аддзела культуры Даўгаўпіл-скага раёна, супрацоўнік Міністэрства культуры і шчыры наш дарадчык у многіх сумесных латышска-беларускіх святах. Дарэчы, прыемна зазначыць, што менавіта яна стала натхняльнікам для праекта па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе ў 20-я гады паспяхова працавала беларуская дзяржаўная гімназія. Гэта па-дзея была прысвечана пяцігоддзю таварыства “Уздым”.
Апроч таго, адбылася сустрэча з беларускімі паэтамі у 6-й сярэдняй школе імя Райніса навучэнцаў факультатыва беларускай мовы ў межах праграмы “Адукацыя па інтарэсах”. Ён існуе ў школе з мінулага года для дзяцей, якія маюць беларускія карані. Гэта вельмі сімвалічна, што менавіта ў школе імя Райніса паклалі пачатак для добрай традыцыі — вывучаць беларускую мову і культуру. Беларускі паэт г. Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька і госця з Віцебска Вольга Русілка (загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава) пазнаёмілі вучняў са сваімі вершамі. Вучні падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю на вершы Райніса (на беларускай і латышскай мовах). Сустрэча прайшла ў цёплай, добразычлівай атмасферы. Адбыўся абмен падарункамі, аўтографамі, кнігамі.
Таццяна Бучэль

Рыга, Латвія
У Рызе ў Доме Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч адбылася вечарына, прысвечаная змагарам супраць нямецкага фашызму падчас Другой сусветнай вайны, салдатам і афіцэрам 2-га Польскага корпуса ў складзе 8-й Брытанскай арміі, які ў траўні 1944 г. удзельнічаў у бітве за Монтэ-Касіна ў Італіі. Асноўную частку імпрэзы заняло адкрыццё фотавыставы, прысвечанай 2-му Польскаму корпусу, складзенай з фотадакументаў архіва Міністэрства замежных спраў Польшчы. Сабралася шмат прадстаўнікоў нацыянальных культурных таварыстваў.
Аўтар гэтых радкоў – як прадстаўнік беларускай дыяспары Латвіі і як пляменнік салдата другога Польскага корпуса – распавёў прысутным пра свайго роднага дзядзьку Уладзімера Целеша, які як і сотні беларусаў апынуўся ў войску генерала Андэрса з савецкага ГУЛАГу і разам з імі прайшоў вайну, удзельнічаў у бітве за Монтэ-Касіна, дзе палегла шмат беларусаў з Заходняй Беларусі. Пасля вайны У.Целеш не пажадаў вяртацца ў рэпрэсіўную сталінскую Беларусь, а застаўся ў Лондане, а потым як і многія беларусы, эмігранты паваеннай хвалі, апынуўся ў Таронта, дзе да апошніх сваіх дзён (1993 г.) актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадскім жыцці, быў старшынёй царкоўнай Рады Беларускай аўтакефальнай царквы імя св. Кірылы Тураўскага і адным з памочнікаў Мітрапаліта Мікалая.
На выставе магчыма было ўбачыць фотаздымкі У.Целеша, а таксама кнігу Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”, што выйшла ў мінулым годзе ў Мінску ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Верш з гэтай кнігі – аб Монтэ-Касіна – “Макі” Міхася Кавыля прачытаў Вячка Целеш.
Падобная імпрэза з гэтай жа выставай, якая вандруе па краінах Балтыі, прысвечаная 60-годдзю перамогі над гітлераўскім фашызмам. Не дрэнна было б, каб яна адбылася і ў Мінску, бо армія Андэрса гэта не толькі старонка гісторыі для палякаў, але і для беларусаў.
Вячка Целеш,
Старшыня аб’яднання “Маю гонар”

Саболева і Мацеёвіцы, Польшча
14–16 кастрычніка ў мястэчках Саболева і Мацеёвіцы адбыўся ХХII міжнародны касцюшкаўскі сімпозіум. У рамках сімпозіума былі праведзены V міжнародная маладзёжная касцюшкаўская канферэнцыя ў м. Саболева, педагагічная сесія “Рэгіянальныя традыцыі”, шэсце і ўскладанне кветак да помніка Т.Касцюшкі ў м. Мацеёвіцы, касцюшкаўская навуковая сесія, канцэрты беларускіх мастацкіх калектываў.
Ад імя пасольства усклаў кветкі да помніка Т.Касцюшку і прывітаў удзель-нікаў касцюшкаўскіх мерапрыемстваў саветнік пасольства Беларусі ў Польшчы Тадэвуш Стружэцкі. У выступленнях арганізатараў мерапрыемстваў, многіх навукоўцаў неаднаразова падкрэслівалася, што супольная гісторыя і асоба Т.Касцюшкі павінны спрыяць фарміраванню і ўмацаванню добрых стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю, станоўча ацэньвалася дзейнасць па аднаўленні і музее-фікацыі месцаў, звязаных з жыццём Т.Касцюшкі ў Беларусі.
“Пасольства РБ у Польшчы”.
2005. 18 кастр.

Бельск-Падляшскі, Польшча
Ужо пяты раз у Бельску-Падляшскім адбудзецца незвычайны конкурс пад назвай “Паэтычнае трохгалоссе”, – паведамляе “Radio Bialystok”. У ім возьмуць удзел дзеці з сярэдніх школ і гімназіяў, якія будуць дэкламаваць вершы на мовах нацыянальных меншасцяў, што жывуць у ваколіцах Бельска-Падляшскага. У школах гэтага горада праводзяцца між іншым заняткі па беларускай і ўкраін- скай мовах, як мовах родных. Падчас конкурсу, які пачнецца а 10-й гадзіне ў зале бельскага Дому культуры, будуць дэкламавацца вершы на беларускай, украін-скай, а таксама расейскай мовах. Пасля абвяшчэння вынікаў а 13-й гадзіне распачнецца гала-канцэрт з удзелам салістаў, гурта ўкраінскай песні “Ранак”, гурта “Капрыз” з аб’яднання школ з дадатковай беларускай мовай, а таксама салістаў студыі песні “Фарт” з бельскага Дому культуры.
Паводле “Radio Bialystok”

Гайнаўка, Польшча
“У пошуках новых формаў суседства” – гэта дэвіз IV польска-беларускіх літаратурных сустрэч, што праходзяць у Гайнаўцы. У сустрэчах прымае ўдзел літаратурная эліта Беларусі, а менавіта старшыня Саюзу пісьменнікаў у Беларусі Алесь Пашкевіч, галоўны рэдактар адзінага незалежнага літаратурнага часопіса “Дзеяслоў” Барыс Сачанка, знакамітая пісьменніца Вольга Іпатава і Анатоль Вярцінскі. На думку прафесара Аляксандра Баршчэўскага, які прадстаўляе польскі бок, дзякуючы такім сустрэчам можна будаваць нармальныя беларуска-польскія адносіны.
“Radio Bialystok”. 2005. 19 кастр.

Познань, Польшча
З пачаткам навучальнага году ў межах Універсітэту імя Адама Міцкевіча арганізавана вывучэнне беларускай мовы. Заняткі адбываюцца раз на тыдзень і маюць форму лектарата. Кожны студэнт універсітэту мае цяпер магчымасць вывучаць нашу мову. Адкрыццё лектарату – гэта добры крок на шляху да заснавання беларускай філалогіі як асобнага інстытута. У Польшчы такіх інстытутаў некалькі, між іншым, у Варшаве і Бела-стоку.
Віталь Воранаў

Масква, Расія
Помнік Янку Купалу, які будзе усталяваны на Кутузаўскім праспекце, дастаўлены ў Маскву. Плануецца, што ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка адбудзецца ў другой палове кастрычніка. Дакладная дата будзе вызначаная на нарадзе, якая пройдзе ва ўрадзе Масквы на наступным тыдні. Помнік Янку Купалу стане падарункам Маскве ад Беларусі. Яго аўтарамі з’яўляюцца беларускія скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія, якія сталі пераможцамі спецыяльнага конкурсу на лепшы праект. Чатырохметровая постаць з бронзы будзе усталяваная на невялікім узгорку. З-пад каменя, на які абапіраецца постаць пісьменніка, будзе бегчы крыніца.
“Беларуская Масква”

Брно, Чэхія
5 кастрычніка дэлегацыя “Звязу Беларусаў замежжа” наведала старажытны, другі па значнасці, па памерах і колькасці жыхароў пасля Прагі горад Брно. Запрасілі сяброў Звязу сюды “Маладыя кансерватары” (МК) – гэта маладзёвая арганізацыя адной з найбуйнейшых чэшскіх партый – Грамадзянскай дэмакратычнай партыі. З пражскай штаб-кватэрай МК Звяз Беларусаў супрацоўнічае ўжо пэўны час, і вось зараз наладжана супрацоўніцтва з брноўскім філіялам. Пасля гэтае размовы на юрыдычным факультэце Масарыкавага універсітэта ў Брно адбыўся семінар. Арганізавалі яго тыя ж акты-вісты з “Маладых кансерватараў” Брно (Ян Стрэлічка ды іншыя). У семінары прынялі ўдзел: доктар паліталогіі спадар Гольцэр, магістр паліталогіі Гловачэк, старшыня Звязу Беларусаў замежжа А.Сідорык. Іх прамовы выслухалі больш за 60 студэнтаў універсітэта.
Аляксандра Дацій

Прага, Чэхія
У пражскай Гарадской бібліятэцы 17 кастрычніка адкрылася выстава пра Беларусь, якую можна будзе наведаць з 18 кастрычніка па 12 лістапада. Падрыхтаваў яе Беларускі цэнтр у супрацоўніцтве з Усходнееўрапейскім дэмакратычным цэнтрам з Варшавы ды Гарадской бібліятэкай у Празе.
www.bielarus.org

Прага, Чэхія
“Невядомыя злачынцы скралі бронзавы надпіс з помніка Францішку Скарыну ў Празе. Маецца на ўвазе помнік, які знаходзіцца паміж міністэрствамі культуры і замежных спраў...” З гэтага паведамлення, размешчанага 24 студзеня гэтага года на сайце суполкі “Скарына”, пачалася праца па аднаўленні скрадзенай шыльды. Праз 9 месяцаў, 23 кастрычніка, бронзавы надпіс зноў упрыгожвае помнік. Як праходзіла праца і аб людзях, якія дапамаглі аднавіць надпіс, чытайце ў інтерв’ю з Віталем Цімошчанкам, якое будзе надрукавана ў чарговым нумары “ВЫДРЫ”.
Паводле “ВЫДРЫ”

Акцыя салідарнасці
12 кіламетраў ішлі маршам студэнты у падтрымку дэмакратычных арганізацый у Беларусі 15 кастрычніка ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Польшчы, ЗША, Турцыі, Непале, Гане, на Тайвані і ў ЮАР. Мэтай маршаў была падтрымка беларусаў у пабудове дэмакратыі і прыцягненне амерыканцаў і жыхароў іншых краін да “глабальнай дэмакратычнай плыні”. Студэнты ішлі па сталіцах сваіх краін, апрануўшы майкі з беларускай сімволікай і трымаючы ў руках транспаранты і плакаты. Накірункі маршаў выбіраліся каардынатарамі на месцах. Напрыклад, у Лондане марш пачынаўся каля амбасады Кыргызстана і працягваўся праз амбасады Украіны, Грузіі (як краін “пераможных рэвалюцый”), а таксама Арменіі, Расіі і Эстоніі і скончыўся ля амбасады Беларусі. Дарэчы, у брытанскіх студэнтаў не было магчымасці атрымаць амерыканскія футболкі з беларускай сімволікай (кошт кожнай быў 15 USD), яны размалёўваліся і самі рабілі сабе плакаты.
16 кастрычніка акцыі салідарнасці прайшлі ў блізкім замежжы. Напрыклад, акцыя салідарнасці адбылася ў Варшаве і Познані. А арганізавана яна была Культурна-Асветніцкім Цэнтрам у Познані. Падобныя акцыі ў той самы час адбыліся ў Беластоку, Лодзі, Гдыні і Вроцлаве.
Каля сотні ў асноўным маладых лю-дзей прыйшлі на вуліцу Новы свят, што ў самым цэнтры Варшавы. Прысутныя трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, транспарант з надпісамі ”Мы салідарныя з Беларуссю”. Удзельнікі акцыі выцягнуліся ў жывы ланцуг ўздоўж Новага святу, трымаючы свечкі белага і чырвонага колераў.
Паводле “Беларускага рынку” і Віталя Воранава

АБ’ЯВЫ

З’езд Згуртавання беларусаў Канады
40-ы звычайны агульны З’езд Згуртавання беларусаў Канады склікаецца ў суботу, 29 кастрычніка 2005 г. У 13.00 адбудзецца З’езд ў зале БГРЦ на 524 St.Clarens Ave., Toronto, Ontario. У парадак дня сярод іншага ўнесена абмеркаванне плану працы на наступныя два гады і выбары кіруючых і кантрольных органаў ЗБК, а таксама спектакль самадзейнага тэатру ЗБК па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”.
Згуртаванне Беларусаў Канады
524 St.Clarens Ave., Toronto, Ontario, M6h 3w7, Canada.
Tel: 416-530-1025
“Згуртаванне Беларусаў Канады”

Футбольная каманда беларускай дыяспары
4 кастрычніка нарадзілася на свет футбольная каманда беларускай дыяспары Масквы. На першую трэніроўку прыйшло 12 чалавек. На наступным тыдні каманда падае заяўку на удзел у Кубку міжнацыянальнай футбольнае Лігі, у якім бяруць удзел каманды розных нацыянальных дыяспар. У заяўку могуць быць уключаныя 18 чалавек, так што ёсць вольныя месцы. Той, хто жадае далучыцца, можа прыходзіць на трэніроўкі ва Універсальнай спартыўнай залі “Дружба” што на тэрыторыі Лужнікоў, а 20.30. Сустракаемся а 20-й гадзіне ля уваходу ў комплекс.
“Беларуская Масква”

Паважаныя чытачы!
Неабходна ваша дапамога! Звяртаецца да вас Стась Лісоўскі, жыхар Мінску. Мне 66 гадоў. Мяне ведае спадар Янка Запруднік з Нью-Ёрку, добра ведае Алена Міхалюк, айцец Надсан з Лондану.
У 1996 годзе за свае сродкі я пабудаваў на матчынай радзіме (вёска Чарнагубава Капыльскага раёну) помнік 67 рэпрэсаваным землякам. Фотаздымкі помніка ёсць у БІНІМЕ ў Нью-Ёрку. На помніку ёсць і імя майго дзеда Яся Крэпскага. У 1905–1913 гадах ён жыў у Эйшландзе, штат Мічыган, у ЗША. Праз гэта быў рэпрэсаваны і загінуў.
У 2003 годзе ў памяць свайго бацькі, ужо нябожчыка, я ўзяўся за будаўніцтва падобнага помніка і на ягонай радзіме ў вёсцы Выня таго ж раёна. Гэта прыкладна 120 км. ад Мінску. Скарыстаўшыся з дакументаў, а таксама апытаўшы тамтэйшых жыхароў, удалося набраць звесткі пра 76 чалавек (120 хатаў), якія зніклі падчас рэпрэсій у 1929–1945 гадах.
Пасля доўгіх пераглядаў, Капыльскі выканкам дазволіў будоўлю помніка: узгоднена месца, пароблены праект. Помнік уяўляе сабой 11 плітаў на валунах, крыжы — праваслаўны, рыма-каталіцкі і ўніяцкі, памятныя тэксты з вершамі Рыгора Барадуліна і Ларысы Геніюш, арка памяці са звонам.
Агульны кошт помніка, уключна з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, агаро-джай і арганізацыйнымі выдаткамі складае прыблізна 8 000 даляраў. Але першачарговая задача выкупіць замоўленыя на заводзе пліты. Кошт гэтых пліт – 3 000 даляраў, на сённяшні дзень нам удалося сабраць некаторую суму грошай, але бракуе 2 000 даляраў. На жаль, грамад-скія арганізацыі і партыі, што меліся дапамагчы, не змаглі сабраць поўную суму для выкупу на заводзе гэтых пліт з прычыны ўзмоцненага фінансавага кантролю з боку дзяржавы.
Паважаная чытачы! Ці можаце вы дапамагчы выкупіць гэтыя пліты?
Р.S. Падчас сталінскіх рэпрэсій у Беларусі пацярпела блізу двух мільёнаў чалавек, але ў іх памяць пастаўлена дзе-нідзе некалькі помнікаў. Гэта зроблена рукамі грамадскасці ці асобных рупліўцаў. Таму планаваны помнік быў бы вельмі дарэчы.
3 павагай,
Стась Лісоўскі
Мінск, 220004
Вул. Максіма Танка 36-2-61
Тэл.+375172037878


ЮБІЛЕЙНЫЯ ДАТЫ ЛІСТАПАДА

* 2 лістапада – 75 гадоў з дня нара-джэння (1930) беларускага паэта, літаратуразнаўца, публіцыста, перакладчыка, фалькларыста, педагога, грамадска-культурнага дзеяча Аляксандра Баршчэўскага. Жыве ў Польшчы.
* 8 лістапада – 115 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і фалькларыста Янкі Пачопкі (1890 – 1977).
* 11 лістапада – 130 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта-гумарыста і драматурга Альберта Паўловіча (1875 – 1951).
* 12 лістапада – 85 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга і народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (1920 – 1982).
* 16 лістапада – 100 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, паэта і заслужанага работніка культуры Беларусі Яна Скрыгана (1905 – 1992).
* 16 лістапада – 80 гадоў з дня нараджэння (1925), беларускага пісьменніка і журналіста Кастуся Акулы (сапр. Качан Аляксандр Ігнатавіч). Жыве ў Канадзе.
* 18 лістапада – 80 гадоў назад (1925) выйшла ў свет “Беларуская ніва”, газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, неафіцыйны орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася ў Вільні да канца 1926 г.
* 26 лістапада – 75 гадоў з дня нараджэння Караткевіча Уладзіміра Сямёнавіча (1930 – 1984), беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста.
* 27 лістапада – 105 гадоў з дня нараджэння Пукста Рыгора Канстанцінавіча (1900 – 1960), беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
Паводле “Беларускага архіву навукі і мастацтва”

ВЕСТКІ

***
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзідэнцкія выбары пройдуць не пазней за 20 ліпеня 2006 года. Улічваючы тое, што выбары ў нас традыцыйна праводзяцца ў нядзелю, хутчэй за ўсё, гэта будзе 16 ліпеня. Час, калі апазіцыйна настроеныя студэнты раз’едуцца з ВНУ па хатах.
Паводле радыё “Свабода”

***
Адбыўся Нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сіл. Афіцыйна былі вылучаны патрабаванні Кангрэса дэмакратычных сіл да ўладаў на конт правядзення выбараў у 2006 годзе. Галоўнай ідэяй Кангрэса было абранне адзінага кандыдата ў прэзідэнты для ўдзелу ў будучых прэзідэнцкіх выбарах. Прэтэндэнтаў было чатыры – Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч і Сяргей Калякін. Абраны Аляксандр Мілінкевіч. Аляксандр Мілінкевіч – новы лідэр апазіцыі і яе адзіны кандыдат у прэзідэнты.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***
Кампанія за беларускую мову “Нямецкай хвалі” дае плён: радыёстанцыя заявіла, што вяшчанне стане дзвюхмоўным “у сярэднетэрміновай перспектыве”. Раней гаворка была пра “доўгатэрміновую перспектыву”. Справа важная: прыняўшы рашэнне аб рускай мове 30-хвілінных перадачаў “Нямецкай хвалі”, еўрапейская дыпламатыя сімвалічна перадала Беларусь у зону расійскага ўплыву. Але бура пратэстаў у Беларусі прымусіла Брусель і Берлін задумацца над адэкватнасцю ўласнага бачання беларускай сітуацыі.
“Наша Ніва”. 2005. 14 кастр.

***
“Насуперак пярэчанням, Беларусь аднаўляе свае атручаныя землі,” – пад такім загалоўкам амерыканская газета “International Herald Tribune” сёньня друкуе артыкул пра аднаўленне сельскай гаспадаркі на тэрыторыях Беларусі, заражаных радыяцыяй пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. “International Herald Tribune” піша, што зоны, дзе радыяцыя перавышае 40 кюры на квадратны кіламетр і куды забаронена заходзіць лю-дзям, перамяшаныя з землямі, дзе жывуць людзі. Улады раздавалі людзям да-зіметры, але мала хто імі карыстаецца. У выніку, многія людзі дагэтуль збіраюць грыбы ды ягады, і трымаюць пчальнікі на заражаных тэрыторыях. Калі жывеш на адну пенсію, які тут можа быць выбар? – рытарычна пытаецца амерыканскі журналіст. Ён піша, як назіраў калі двое мясцовых жыхароў у Чарнобыльскай зоне збіралі яблыкі ў даўно закінутым садзе.
Радыё “Свабода”. 2005. 20 кастр.

***
У Віцебску прагрымелі 3 выбухі. Першы выбух адбыўся 14 верасня, у 18.45 на праспекце Фрунзэ, побач з прыпынкам грамадскага транспарту “Плошча Свабоды”. Другі выбух адбыўся праз тыдзень, 22 верасня ў 22.17, каля летняй кавярні “Эрыдан”. За дапамогай у медыцынскія ўстановы звярнуліся 43 чалавекі, у працяглым абследаванні мелі патрэбу 36 пацярпелых, восем шпіталізавана, тры чалавекі ў цяжкім стане. Па звестках інфармацыйных агенцтваў, колькасць пацярпелых павялічылася да 50. Пазней прагрымеў трэці выбух.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***
Беларусы ў перспектыве змогуць легальна працаваць у Літве . У Мінску дыпламаты двух краін разглядзелі магчымае ўвядзенне квот на працаўладкаванне. Спецыялісты ўпэўнены, што гэта мера павя-лічыць тавараабарот і зменшыць паток працоўных эмігрантаў.
Па ацэнкам экспертаў, за мяжу штогод з’язджае працаваць каля 50 тысяч беларусаў. Узровень экспарту працы каля 1,5 адсоткаў. Часцей працоўныя мігранты замаўляюць кантракты на працу ў сферы паслуг, сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Перавагу надаюць Расіі і краінам Балтыі. А ў пошуку працы літоўцы аддаюць перавагу краінам Еўрасаюзу. І таксама нелегальна, з-за чаго краіне сёння востра патрэбныя прафесійныя кадры. Папоўніць вакансіі ў Літве спрабуюць спецыялістамі з Беларусі, але пры гэтым менеджэры спрабуюць навязваць супрацоўнікам “шэрыя” схемы. Адзін з варыянтаў прававога адсочвання гэтага пытання – увядзенне новых катэгорый віз для грамадзян памежнай зоны. Зараз кошт аднаразовай візы ў Літву – 5 еўра. Калі ад перамоў консулы пяройдуць да працы – візы будуць танней, а значыць, літоўцы і беларусы змогуць працаваць за мяжой легальна.
Паводле агенцтва “Інтэрфакс” і АФН

***
У перспектыве Беларусь не абыдзецца без уласнай атамнай электрастанцыi, заявiў першы вiцэ-прэм’ер Беларусi Уладзiмiр Сямашка на 10-м Беларускiм энергетычным i экалагiчным кангрэсе. Зараз, паводле яго слоў, неабходна распрацоўваць нарматыўную базу для практычнага ўвасаблення праекта.
Для арганiзацыi энергабяспекi Беларусi трэба выкарыстоўваць розныя крынiцы энергii, зазначыў спадар Сямашка, падкрэслiўшы, што АЭС з’яўляецца “найбольш выгаднай крынiцай электрычнай энергii”. Апрача таго, вiцэ-прэм’ер паведамiў, што суседняя Польшча таксама плануе пабудаваць сваю атамную электрастанцыю.
Намеснiк мiнiстра энергетыкi Мiхаiл Мiхадзюк у сваю чаргу паведамiў, што Мiнiстэрства энергетыкi разглядае будаўнiцтва АЭС як адзiн з перспектыўных кiрункаў развiцця беларускай энергетыкi. Нагадаем, што шэраг грамадскiх арганiзацый патрабуюць правядзення рэферэндуму, па вынiках якога i прапануе прыняць рашэнне аб магчымасцi будаўнiцтва АЭС. Улады нiяк не рэагуюць на гэтыя прапановы.
“Народная воля”. 2005. 8 кастр.

***
Расія ў найбліжэйшы час усталюе сусветныя цэны на энерганосьбіты для ўсіх краінаў, у тым ліку “сваіх хаўруснікаў”. Пра гэта заявіў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў. “Газпрам” мае падвысіць цану на дадатковыя 1,4 млрд. кубаметраў газу, якія Беларусь набывае ў наступным годзе, да сярэднееўрапейскіх тарыфаў. А з 2007 года “Газпрам” мае падвысіць цану на ўвесь газ, які ідзе ў Беларусь.
“Наша Ніва”. 2005. 21 кастр.

***
У самым цэнтры Полацка падчас археалагічных раскопаў, на плошчы Свабода, археолагі знайшлі сляды ювелірнай вытворчасці XVII стагоддзя. Рэшткі адзення, завушніцы, колца, пярсцёнкі і булаўкі – агульнай колькасцю каля сарака ўпрыгожанняў, вырабленых са сплаву срэбра і медзі. Акрамя таго, археолагі знайшлі ў грунце каштоўнасці XI – XII стагоддзяў. Спецыялісты упэўнены: побач знаходзілася ювелірная майстэрня княжацкага двара. А знойдзеныя ўпрыгожанні належалі дзецям і ўнукам Усяслава Чарадзея.
За час раскопаў знойдзена больш за дзесяць тысяч рэчаў, дзвесце з якіх уяўляюць найбольшую гістарычную каштоўнасць. Штодзень на раскопе знаходзілі дзесяткі ювелірных вырабаў. Кожная з іх здзіўляла навукоўцаў тым, што захавалася ў добрым стане.
naviny.by

***
У Беларускім навукова-даследчым цэнтры электроннай дакументацыі прадугледжваецца стварэнне камп’ютэрнай версіі архіву магнацкага раду Радзівілаў і Літоўскай метрыкі – дзяржаўнага архіву Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта паведаміў дырэктар цэнтра Вячаслаў Насевіч 4 кастрычніка ў Мінску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню архівіста, што адзначаецца 6 кастрычніка.
Паводле слоў Вячаслава Насевіча, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі знаходзіцца толькі 32 % усіх дакументаў фонду князёў Радзівілаў. “Прыкладна 28 % матэрыялаў, што тычацца да-дзенай тэмы, захоўваюцца ў архівах Польшчы. Астатняя частка дакументаў гэтага фонду знаходзіцца ў архіўных установах Літвы і Расіі”, — сказаў Вячаслаў Насевіч. Паводле яго слоў, у Беларусі, Польшчы, Літве і Расіі вядзецца збор матэрыялаў па стварэнні сумеснага каталогу фонду Радзівілаў, а таксама за-планавана стварэнне камп’ютэрных версій фонду і Літоўскай метрыкі. “У Беларусі гэта стала магчымым толькі цяпер, закупіўшы адпаведнае абсталяванне”, – сказаў Вячаслаў Насевіч.
“Наша слова”. 2005. 12 кастр.

***
Унікальная калекцыя партрэтаў роду Радзівілаў прапанавана ў Гродне. Выстава будзе працаваць да канца года. У экспазіцыі 23 палотны, у тым ліку партрэты Радзівілаў, Сапегаў, каралёў, кардыналаў. Партрэты ўяўляюць калекцыю вядомага роду магнатаў Вялікага Княства Літоў-скага. Яны ўпрыгожвалі рэзідэнцыю князёў у Нясвіжы. Стваральнікам калекцыі быў вядомы мецэнат Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка.
www.tvr.by

***
Адкрыццё клуба прыхільнікаў беларускай музыкі “Farmat.By” адбылося 14 кастрычнiка. На мерапрыемства сабралiся госцi з Мiнска i iншых гарадоў. З боку музыкаў прыйшлi хлопцы з вядомага беларускага гурта “IQ48”. Музыкі адказвалi на пытаннi, дзялiлiся уражаннямi ад “Басовішча-2005” i паказвалi майстар-клас, выконваючы песнi “ўжывую”.
Прэс-Цэнтр МП “Вока”

НАШЫЯ СТРАТЫ

Памёр Сымон Белы
18 кастрычніка 2005 года памёр Сымон Белы – выдатны пісьменнік і летапісец, сапраўдны патрыёт нашай зямлі, адзін з заснавальнікаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Смуткуем з нагоды смерці і выказваем шчырыя спачуванні родным і паплечнікам.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by