Чацверты iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусы ў свеце"

Змест:

25 Сакавіка - Дзень Волі

Дарагія суродзічы-беларусы! Вітаем ўсіх вас са святам 25 Сакавіка, днём абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзень Волі штогод святкуецца беларусамі на Радзіме і ў замежжы як найвялікшае свята беларускага народа. Ідэя беларускай дзяржаўнай незалежнасці сталася ад 1918 года ідэйнай асновай усяго беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

Беларусы адстойваюць незалежнасць сваёй краіны. Усебеларускі з'езд за незалежнасць у ліпені 2000 года прыняў Акт Незалежнасці Беларусі, у якім абвясціў дзяржаўны суверэнітэт неад'емнай каштоўнасцю беларускага народа і прызнаў не маючымі законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі. Патрыёты гуртуюцца вакол ідэй Акта Незалежнасці.

Віншуем усе беларускія нацыянальныя арганізацыі і ўсіх беларусаў свету з Днём Волі і жадаем добрага здароўя, сілы, вытрымкі і поспехаў у здзяйсненні ідэалаў Акта 25 Сакавіка.

Управа Грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету" "Бацькаўшчына"

Шаноўныя суродзічы!

25 сакавіка мы будзем святкаваць 84-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гэтая падзея адкрыла нашай краіне шлях у сям'ю вольных і самастойных дзяржаў свету, дала беларусам магчымаць самастойна будаваць сваё жыццё, грунтуючыся на прынцыпах дэмакратыі і нацыянальнай незалежнасці.

Менавіта акт 25 сакавіка 1918 года аб абвяшчэнні незалежнай Беларусі стаўся ўзорам пры абвяшчэнні незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе, нацыянальныя сімвалы Беларускай Народнай Рэспублікі - герб Пагоня і бела - чырвона - белы сцяг, былі зацверджаныя дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.

Але для пабудовы дэмакратычнага грамадства недастаткова перайсці на дэмакратычныя механізмы кіравання - трэба навучыцца правільна карыстацца гэтымі механізмамі. У іншым выпадку з'яўляецца небяспека прыходу да ўлады папулісцкіх сілаў, якія, маніпулючы грамадскай свядомасцю, выкарыстоўваюць гэтую ўладу ў асабістых амбітных і карыслівых мэтах. Менавіта ў такой сітуацыі знаходзіцца цяпер нашае грамадства.

За апошнія восем год пасля рэстаўрацыі ў Беларусі недэмакратычнага рэжыму нашая краіна апынулася ў ізаляцыі ад крыніц інвестыцый і сучасных тэхналогій. Несупынныя інфляцыя і рост цэнаў вядуць да жабрацкага стану большасці насельніцтва, агульная колькасць якога ў краіне няўхільна змяншаецца.

Знішчэнню падвяргаецца і духоўны патэнцыял нацыі. Ідзе планамерны наступ на беларускую мову і культуру.

Прадметам гандлю робіцца самае дарагое і каштоўнае - дзяржаўнасць і незалежнасць краіны.

Аднак незалежнасць Беларусі з'яўляецца набыткам не толькі сённяшняга пакалення, але нашых продкаў і належыць нашчадкам. Суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэферэндум. Гэта было абвешчана на Усебеларускім з'ездзе за незалежнасць 29 ліпеня 2000 года, які прыняў Акт Незалежнасці Беларусі.

Шляхам Беларусі ёсць шлях, якім ідуць дзесяткі краін Еўропы і свету, што дасягнулі высокага ўзроўню развіцця і дабрабыту насельніцтва. Гэта шлях дэмакратычных пераўтварэнняў, максімальна адаптаваных да ўмоваў Беларусі, арганічна злучаных з яе нацыянальнымі інтарэсамі.

Ніхто не пабудуе ў нашай краіне нармальныя, годныя ўмовы жыцця лепш за нас саміх: для нас, што жывуць у Беларусі, і для вас, што жывуць у далечыні ад Бацькаўшчыны.

У Минску святкаванні Дня Волі пачнуцца ўрачыстым масавым ускладаннем кветак да помніка песняру Беларусі Янкі Купалы 24 сакавіка і працягнуцца шэрагам іншых мерапрыемстваў. Мы звяртаемся да вас з просьбаю падтрымаць нацыянальныя святкаванні ў Беларусі мерапрыемствамі, якія вы можаце зладзіць. Давайце разам выкажам нашую павагу да тых, хто марыў і дасягнуў незалежнасці для будучых пакаленняў беларусаў. Знайдзіце магчымасць адсвяткаваць гэты Дзень і праінфармаваць Нацыянальны арганізацыйны камітэт па святкаванню Дня Волі аб тым, што вы збіраецеся зрабіць. Гэта дапаможа стварыць сапраўды шырока адзначаемае ўсёй нацыяй Свята для ўсіх беларусаў на Радзіме і за яе мяжамі.

Далучайцеся да святкаванняў і кантактуйце з намі!

Нацыянальны Арганізацыйны камітэт па святкаванню Дня Волі

Урачыстасці

Расія

10 сакавіка 2002 года Сургуцкаму культурна-асветніцкаму таварыству "Бацькаўшчына" споўнілася тры гады з дня яго ўтварэння. У гэты дзень адбыўся сход, на які былі запрошаны саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, кіраўнік аддзялення ў г. Цюмені І. Канавалаў, ад Адміністрацыі г. Сургута Т. Гуранкова, загадчыца сектарам па працы з нацыянальнымі і рэлігійнымі аб'яднаннямі. Сябрам таварыства былі ўручаны падарункі, узнагароды, прывітальныя лісты і лісты ўдзячнасці. На сходзе выступілі выканаўчы дырэктар ОАО "НК Сургутнефтегаз" Г. Варонін. Павіншаваць са святам прыйшлі таксама і прадстаўнікі ад НКА немцаў, КАТ "Украіньска Родына", Азербайджанскага нацыянальна-культурнага цэнтра "Бірлік", Школы рускай культуры. На сходзе былі вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці таварыства на 2002 год. Адным з асноўных напрамкаў зацверджаны: стварэнне групы па вывучэнню беларускай мовы, гісторыі, культуры на базе адной з гарадскіх школ і стварэнне сваёй вэб-старонкі.

С. Бандарэнка,
намеснік старшыні КАТ "Бацькаўшчына"

Літва

1 лютага 2002 г. Віленская школа імя Ф. Скарыны адзначала сваё галоўнае свята - Дзень гімназіі. Па традыцыі на гэтае свята былі запрошаны выпускнікі і вучні былой Віленскай беларускай гімназіі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, бацькі сённяшніх вучняў школы. З прывітальным словам звярнулася да ўсіх прысутных дырэктар школы - сп. Г. Сівалава. Сваімі ўспамінамі пра мінулае, пра сваіх настаўнікаў падзяліліся сп. Галіна Войцік-Луцкевіч, Яраслаў Станкевіч, Лявон Мурашка. На заканчэнне адбыўся канцэрт малодшых школьнікаў, а старэйшыя правялі вячоркі.

Л. Мурашка, г. Вільня

Падзеі

Вялікабрытанія

У лютым у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане адбылася вечарына, прысвечаная 120-й гадавіне з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Вечарына была падрыхтавана Англа-Беларускім таварыствам і ГА "Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння "Сакавік". На вечарыне прысутнічалі прадстаўнікі беларускай Амбасады ў Лондане В. Садоха, З. Калантай, прадстаўнікі беларускай дыяспары, у тым ліку старшыня ЗБВБ сп. Алена Міхалюк, прадстаўнікі англійскіх дабрачынных арганізацый, якія працуюць з ГА "Сакавік", а таксама унучка Я. Коласа Марыя Міцкевіч. Беларускія дзеці ў нацыянальных строях чыталі вершы Я. Коласа на англійскай і беларускай мовах, выконвалі беларускія танцы. У другой палове вечарыны адбыліся чытанні паэмы Я. Коласа "Новая зямля" на ангельскай мове ў перакладзе Веры Рыч, у якіх бралі ўдзел Гай Пікарда, Вера Рыч і англійскія пісьменнікі. Удзельнікі вечарыны азнаёміліся таксама з вельмі цікавай выставай фотаздымкаў, прысвечанай жыццю і дзейнасці беларускага класіка, якая была таксама падрыхтавана пры дапамозе яго ўнучкі.

Марыя Міцкевіч,
кіраўнік ГА "Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння "Сакавік"

Латвія

9 лютага ў Доме Меннендорфа (доме-музеі багатага рыжаніна ХІІ ст.) адбылося адкрыццё выставы беларускай скульптуры "Рыга - Мінск" з удзелам 13-ці скульптараў з Беларусі. На гэтую ўрачыстасць прыйшлі прадстаўнікі Амбасады Рэспублікі Беларусь у Латвіі, мастакі з Аб'яднання мастакоў беларусаў Балтыі "Маю гонар", сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры "Світанак". У мінулым годзе латвійскія скульптары выстаўлялі свае творы ў Мінску.

16 лютага у музычным салоне "Калібры" Балтыйскага Рускага інстытута на вечарыне беларускай культуры сабралася больш за 100 чалавек. Мастакі з аб'яднання "Маю гонар" зрабілі выставу беларускіх выданняў. У вечарыне бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай Амбасады на чале з Часовым Павераным Рэспублікі Беларусь у Латвіі сп. В. Івановым, кіраўніцтва інстытута, вядомыя беларускія бізнесмены, кіраўнікі і настаўнікі Рыжскай беларускай асноўнай школы, саветнік Прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі па нацыянальным пытанням сп. О. Тынанс, загадчыцца аддзелам нацменшасцяў Упраўлення натуралізацыі Латвіі, прадстаўнікі рыжскай беларускай інтэлігенцыі, рэдактар Латвійскага радыё А. Чэра, беларускі паэт з Даўгаўпілса С. Валодзька і іншыя, каго цікавіць беларуская культура. Вельмі цёпла прынялі першае выступленне дзіцячага гурту "Вавёрачка" з Рыжскай беларускай асноўнай школы, не менш парадавалі ўсіх сваімі песнямі выпускніца Беларускай нядзельнай школы, оперная спявачка Г. Крупская, студэнтка рыжскай Медыцынскай акадэміі І. Варатнікова, вядомы ў Латвіі калектыў "Надзея". Спадабалася ўсім таксама беларуская нацыянальная страва - галушкі з бульбаю. Кіраўніцтва ЛТБК "Світанак" атрымала ліст ад кіраўнікоў праекта "Сусветная культура і міжнародныя культурныя сувязі" ліст з падзякаю за дапамогу ў падрыхтоўцы вечарыны.

24 лютага ў ЛТБК "Світанак" адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы сход. Раду абралі ў складзе 9 чалавек. Старшынёю Рады абраны В. Кліменка, старшынёю таварыства Т. Казак.

1 сакавіка па запрашэнню Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (яе сябрам з'яўляецца "Світанак") у Рыгу прехала дэлегацыя прадстаўнікоў нацыянальна-культурных таварыстваў Эстоніі. Адбыўся сумесны семінар, дзе была магчымасць і гасцям і гаспадарам падзяліцца вопытам, вялікую цікавасць на семінары выклікалі выступленні старшыні беларускай суполкі "Спадчына" сп. Т. Караткевіч-Цыганок з г. Нарвы (Эстонія) і кіраўніка Беларуска-Эстонскага згуртавання сп. Н. Савінавай з г. Таліна. Пасля семінара адбыўся сумесны канцэрт. Не толькі сябрам таварыства "Світанак", але і ўсім прысутным у вялікай канцэртнай зале вельмі спадабаліся беларускія песні ў выкананні трыо "Алеся" з Таліна.

Т. Казак,
старшыня ЛТБК "Світанак"

Літва

15 - 16 лютага вучні, бацькі і настаўнікі школы імя Ф. Скарыны г. Вільні па запрашэнню айцоў марыянаў наведалі святыя месцы Полацкай зямлі: сабор св. Еўфрасінні Полацкай, полацкі Сафійскі сабор. Увечары адбылася сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Полацкай гімназіі, дзе прынялі ўдзел у святой імшы і працэсіі, прысвечанай 59-й гадавіне смерці Росіцкіх мучанікаў Ю. Кашыры і А. Ляшчывіча. Паездка адбылася дзякуючы сястры эўхарыстцы, настаўніцы рэлігіі школы імя Ф. Скарыны - Наталлі Арлянковіч, кіраўніку клуба "Сябрына" Раману Вайніцкамі, фірме "Літполаўта".

Л. Мурашка, г. Вільня

Польшча

28 лютага і 1 - 2 сакавіка ў Гданьску прайшлі канцэрты гурту "Ліцьвіны". Яны выступілі ў Варшаве і Познані. У Гданьску таксама рыхтуюцца да святкавання 25 Сакавіка. Само святкаванне будзе праходзіць 23 сакавіка, у суботу, з ускладаннем кветак на могілках Лукаша.

А.Глагоўская, г.Гданьск

Прайшоў цэнтральны агляд конкурсу "Беларуская песня 2002". Беларускае грамадска-культурнае таварыства арганізуе яго на Беласточчыне ўжо аж 33 гады. Усё дзеля захавання фальклору, прадаўжання беларускіх народных традыцый ды ўвогуле культуры. Адбыўся ён 3 сакавіка ў Гарнізонным клубе ў Беластоку па вул. Кавалерыйскай. Быў мнагалюдны ды з рэкордным лікам спевакоў. Канцэрт трымаў у напружанні ўсіх гледачоў шэсць гадзін. Выступіла 18 салістаў, 15 дуэтаў, трыо і кватрэтаў, 5 хораў і 29 калектываў, у тым ліку 7 эстрадных, разам 350 чалавек. Амаль усе спевакі выступалі ў народных строях.

Янка Цэлушэцкі
"Ніва". 2002. 17 сак.

Расія

2 сакавіка 2002 г. у г. Іркуцку адбыўся V з'езд Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага. У з'ездзе бралі ўдзел 53 дэлегаты - сябры арганізацыі і яе рэгіянальных аддзяленняў з Чэрымхоўскага, Баяндаеўскага, Балаганскага і Заларынскага раёнаў і 40 гасцей. З далёкага Улан-Удэ на з'езд прыехала зямлячка Алена Новік. З'езд віталі: старшыня Заканадаўчага схода Іркуцкай вобласці Віктар Бароўскі, прадстаўнік абласной Адміністрацыі, загадчыца аддзелам па міжнацыянальных і міжканфессійных зносінах Святлана Плахотнікава, дэпутат Гарадской думы г. Іркуцка Ю. Коранеў, віцэ-прэзідэнт Нацыянальна-культурнай аўтаноміі палякаў Іркуцкай вобласці Баляслаў Шастаковіч. З'езд заслухаў справаздачу старшыні ІТБК Алега Рудакова, абраў новы склад рады суполкі, зацвердзіў перспектывы і асноўныя накірункі развіцця ІТБК на бліжэйшыя 2 гады. Старшынёй ІТБК імя Я. Чэрскага зноў абраны Алег Рудакоў.

Праблема

Ці быць помніку Ф. Скарыне ў Калінінградзе?

У пачатку 90-х гадоў сябры суполкі "Каралявец" г. Калінінграда вырашылі ўстанавіць помнік Францыску Скарыне і спынілі свой выбар на працы вядомага мінскага скульптара Анатоля Арцімовіча. Вынікам сустрэч у Калінінградзе, знаёмствам з архітэктурай горада стаў макет, выкананы ў супрацоўніцтве з Ігарам Марозавым (г. Мінск). На гэтым этапе работы былі прафінансаваны беларускім бокам і ўхвалены на экспертным савеце Упраўлення культуры Адміністрацыі Калінінградскай вобласці. Прывязка помніка была зроблена да тэрыторыі Ніжняга возера (былы Замкавы стаў), захаваўшай ауру сярэднявечнага месца, паблізу каралеўскага замка, дзе гасцяваў Францыск Скарына. У 1998 - 1999 г.г. у прыватнай ліцейнай майстэрні "Юнома" (г. п. Смалявічы Мінскай вобласці) мадэль помніка была выканана ў памеры і падрыхтавана форма для яго адліўкі з бронзы. На працягу 2000 г. трохмятровая фігура Ф. Скарыны была адліта на сродкі ўладальніка МП "Юнома" Алега Багдановіча. Фактычна, па затратах, праца з'яўляецца ўласнасцю выканаўцы. Выстаўленая ім калькуляцыя толькі за адліўку помніка вагаецца ў межах 20 000 долараў ЗША. Аўтары праекта скульптар А. Арцімовіч і архітэктар І. Марозаў адмовіліся ад аўтарскага ганарара, бо занепакоены тым, што гэта скульптура можа быць прададзена ў іншае месца. Зараз трэба выкупіць помнік і яго ўстанавіць. Калінінградскі бок згаджаецца добраўпарадкаваць тэрыторыю для ўстаноўкі помніка, а аплату адліўкі прапаноўвае фінансаваць беларускаму боку. На сёння Беларускае культурнае таварыства Калінінградскай вобласці мае 2 - 3 тысячы долараў ЗША і можа аплаціць адліўку, але афіцыйны бок Рэспублікі Беларусь ніяк не вырашыць пытанне перадачы помніка. Вось і атрымліваецца - амаль што дзесяць гадоў не можам устанавіць помнік Францыску Скарыне, хаця ён ужо зроблены, застаецца даставіць на месца і ўстанавіць.

Ігар Шаховіч,
старшыня суполкі "Каралявец"
г. Калінінград

Этнічныя землі

Беларусы Літвы

У канцы 1919 - пачатку 1920 г. у Каўнасе (Літва) актывізаваліся сілы беларускага руху. На тэрыторыі Літвы дзейнічалі беларускія вайсковыя часці, захоўвалася Міністэрства беларускіх спраў. З лютага 1920 г. у Каўнасе асталяваліся Народная рада і ўрад БНР. Тут дзейнічала дыпламатычнае прадстаўніцтва БНР пры ўрадзе Літвы (1921 - 1924), Беларускае прэс-бюро выдавала бюлетэнь. У 1922 г. у Каўнасе выходзіў часопіс на беларускай мове "Беларускі сьцяг". Негатыўнае стаўленне Літоўскага ўрада прымусіла ўрад БНР пакінуць Каўнас. Але на базе закрытага Міністэрства беларускіх спраў Літвы быў створаны Беларускі цэнтр у Каўнасе (1923 - 1927), які займаўся перакладамі на беларускую мову, выданнем навуковай літаратуры, школьных падручнікаў. З пачатку 30-х гг. шырокі размах набыла дзейнасць Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Каўнасе (1932 - 1935). Гуртаванню беларусаў спрыялі клуб "Беларуская хатка", Беларускі народны універсітэт, Беларускі народны тэатр, хоры, дзіцячы садок і бібліятэка-чытальня. "Літоўскі веснік" у 1933 г. паведаміў, што таварыства "з 1932 г. паставіла 213 спектакляў, 454 лекцыі ў Народным універсітэце, 218 харавых спяванак". З 1933 г. выходзіў часопіс "Беларускі асяродак". Паводле савецка-літоўскага дагавору аб узаемадапамозе Вільня і Віленская вобласць былі далучаны да Літвы. Такім чынам, у яе складзе з'явіліся беларусы-аўтахтоны. Пасля ўключэння ў 1940 г. Літвы ў склад СССР частка беларускіх дзеячаў эмігравала ў краіны Заходняй Еўропы. Савецкая ўлада дазволіла адкрыць у Віленскім краі некалькі беларускіх пачатковых школ. Але паўнакроўнай дзейнасці не было.

Пасля Другой сусветнай вайны беларуская работа ў Літве практычна прыпынілася. У пасляваенныя гады пачаўся сістэматычны прыток у Літву беларусаў на новабудоўлі. У 1959 г. іх палічвалася 30 тыс., у 1979 г. - 58 тыс., 1989 г. - 63 тыс. (або 1,7 % усяго насельніцтва). Але гэтая супольнасць не мела нацыянальна арганізаванага жыцця. Працэсы лібералізацыі ў СССР паспрыялі абуджэнню беларускага руху. Беларускія сілы дапамаглі правесці ў Вільнюсе Другі вольны сойм беларускіх суполак (1989), Устаноўчы з'езд Беларускага народнага фронту (1989). Разгарнулі работу Таварыства беларускай культуры ў Літве (1989), клуб аматараў беларускай народнай творчасці "Сябрына" (1988), рэгіянальная рада Беларускага народнага фронту. З 1989 г. пачаліся беларускія перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Літвы большасць беларусаў прынялі яе грамадзянства, а пэўная колькасць атрымала беларускае. Беларусы цяпер прадстаўлены ў Радзе нацыянальных суполак пры Дэпартаменце нацыянальных меншасцяў Літвы, існуе беларуская філія Інфармацыйнай палаты народаў Літвы. У 2000 г. культурна-асветную работу вялі ў Літве больш за 20 беларускіх арганізацый. 10 з іх утварылі Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый (ЗБГА) у Літве. Культурна-асветную работу вядуць Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы Віленскага краю, Таварыства беларускага пісьменства, Згуртаванне беларускай моладзі Віленшчыны, беларускія таварыствы Тракайскага, Шальчынінкайскага, Швянчонскага раёнаў, суполка беларусаў у Шаўляі, Згуртаванне беларусаў у Каўнасе, Вісагінская суполка беларусаў і Беларускі культурны цэнтр "Крок", Беларускі культурны цэнтр у Шальчынінкаі. Створаны факультатывы навучання беларускай мове і беларускія пачатковыя класы у школах Вісагінаса, Шальчынінкая, Друскінінкая. У 1997 г. пры 151-м садку ў Вільнюсе адкрыта беларуская група. Падрыхтоўку настаўнікаў для беларускіх школ ажыццяўляе беларускае аддзяленне факультэта славістыкі Вільнюскага педагагічнага універсітэта. Значнымі здабыткамі стала заснаванне нацыянальнага друку і фальклорных калектываў.

Г. Сяргеева

З базы дадзеных інфармацыйнага цэнтра

Латвія

З 1988 г. у г. Рыга дзейнічае Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак", якое налічвае прыкладна 40 сяброў. Старшыня таварыства Т. Казак. З 1994 г. у Рызе працуе Рыжская беларуская асноўная школа, у якой навучаецца 70 вучняў. У школе не ўсе дысцыпліны выкладаюцца на беларускай мове ў сувязі з патрабаваннем Міністрэства адукацыі Латвійскай Рэспублікі (чатска прадметаў павінна выкладацца на латышскай мове). У школе працуе беларуская мастацкая студыя "Вясёлка". Пры школе ёсць бібліятэка, якая налічвае 2000 тамоў літаратуры, большасць з якой на беларускай мове. Сваю бібліятэку (каля 200 кніг на беларускай мове) мае і ЛТБК "Світанак". Таварыства зацікаўлена ў пашырэнні бібліятэчных фондаў - не хапае метадычнай літаратуры, часопісаў, газет.

З 1989 г. на Латвійскім радыё была заснавана радыёперадача ЛТБК "Світанак", якая выходзіць адзін раз на месяц. Дарэчы для праграмы патрабуюцца музычныя дыскі з беларускімі песнямі.

На Іванаўскіх могілках ў Рызе адкрыты помнік Сяргею Сахараву, беларускаму асветніку, этнографу, фалькларысту і педагогу, які жыў і працаваў у Латвіі.

ЛТБК "Світанак" зацікаўлена ў наладжванні сувязяў з арганізацымі Беларусі ў сферы інфармацыйнага і культурнага абмену.

Латвія

З 1991 г. у Рызе актыўна працуе Аб'яднанне мастакоў-беларусаў "Маю гонар" пад кіраўніцтвам Вячкі Целеша. Арганізацыя ставіць сваёй мэтай аб'яднанне ўсіх мастакоў беларусаў на толькі па пашпарту, а ў асноўным па духу для прапаганды беларускай культуры і мастацтва беларускай дыяспары Балтыйскага рэгіёна.

Аб'яднанне мае інтарэс у супрацоўніцтве з беларускімі арганізацыямі, якія працуюць на беларускую нацыянальную ідэю ў мастацтве і культуры.

Расія

У г. Яраслаўлі з 2001 года распачала сваю дзейнасць Яраслаўская гарадская беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія, якой кіруе Т. Фадзеева. Арганізацыя налічвае каля 300 сяброў і дзейнічае па наступных накірунках: адраджэнне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці, беларускай культуры, традыцый, звычаяў, мовы. У Яраслаўлі з 1992 г. працуе музей М. Багдановіча. Беларуская мова выкладаецца як другая славянская на філалагічным факультэце ў Педагагічным універсітэце. Таксама на факультэце выкладаюцца лекцыі па тэмах "Беларуская мова", "Беларускія танцы". Пры Цэнтры беларускай культуры з 1995 г. працуе бібліятэка, якая налічвае 300 кніг. Дарэчы, бібліятэка зацікаўлена ў павялічэнні сваіх фондаў, вялікая патрэба ёсць у тлумачальных слоўніках. У Яраслаўлі ў 1994 г. каля Дзяржаўнага універсітэта на Чырвонай плошчы быў устаноўлены помнік М. Багдановічу.

Беларусы Яраслаўля жадаюць супрацоўнічаць з арганізацыямі Беларусі ў сферы культуры, навукі і эканомікі. Зацікаўлены ў наладжванні сумесных семінараў, канферэнцый, "круглых сталоў".

З нашай пошты

Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусь" у Рэспубліке Комі.

У Рэспубліцы Комі пражывае каля 27 тысяч беларусаў. Па колькаснаму складу беларусы стаяць на 4 месцы пасля рускіх, комі і ўкраінцаў. Прычыны з'яўлення беларусаў у гэтым краі самыя розныя: палітычныя, эканамічныя. Беларусы на Поўначы з'яўляюцца паўнапраўнымі сябрамі грамадства. Шмат з іх былі ўдастоены высокіх наград, званняў, абіраліся дэпутатамі ўсіх узроўняў, займалі і займаюць высокія пасады. Вось некаторыя з іх:

  • Г. Набокін -- двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Комі АССР, мае ўзнагароды, заслужаны работнік народнай гаспадаркі, зараз з'яўляецца кіраўніком Дзяржснаба Комі.
  • В. Баскакаў - генеральны дырэктар "Інтауголь", у 1999 г. увайшоў у дзесятку лепшых кіраўнікоў Расіі.
  • П. Галавачоў - 30 гадоў прапрацаваў дырэктарам прадпрыемства, мае 7 урадавых узнагарод, заслужаны работнік народнай гаспадаркі Комі.
  • В. Бабошын - намеснік міністра МВД Комі, паўкоўнік.

Гэты спіс можна працягваць і далей.

Рэспубліку Комі з Беларуссю звязваць эканамічныя сувязі. У Комі паступае вялікая колькасць тэхнікі і абсталявання Мінскага аўтазавода. Сувязь паміж рэспублікамі можна заўважыць нават падчас прагулкі па г. Сыктыўкару. На яго галоўных вуліцах знаходзяцца два магазіна "Беларускі абутак", магазін "МАЗ - КамАЗ, аўтазапчасткі". На сумесным прадпрыемстве шыльда "КоміМазсервіс". Па вуліцам ходзяць аўтобусы з надпісам "Беларусь - Комі". У двух арганізацыях ПАМК "Связьстрой" і гандлёвай арганізацыі "Дюна" кіраўнікі (Ю. Маркаў і В. Сулкоўскі) і кіруючы персанал у асноўным беларусы.

У 1997 г. у Комі была створана Нацыянальна-культурнай аўтаномія "Беларусь", якую узначаліў А. Крупенька. Асноўныя накірункі дзейнасці арганізацыі: захаванне самабытнасці мовы, адраджэнне і развіццё нацыянальных традыцый і культры, развіццё і ўмацаванне інтэрнацыянальных сувязяў і сяброўства паміж народамі. Аўтаномія мае аддзяленні ў Варкуце, Інце, Ухце, Саснагорску, Усінску і Траецка-Пячорскім раёне.

Аўтаномія "Беларусь" жадае супрацоўнічаць з арганізацыямі Беларусі ў сферы інфармацыйнага абмену, зацікаўлена ў інфармацыі аб працы беларускіх суполак у іншых краінах. У Рэспубліцы Комі няма беларускага музея, але ў музеі г. Сыктыўкара ў вызначаныя дні праводзяцца выставы нацыянальных аб'яднанняў, у тым ліку і беларускіх, дзе расказваецца аб працы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі, выстаўляюцца фотаздымкі, кнігі, іншыя выданні, касцюмы. Апошняя выстава праводзілася ў жніўні 2001 г. Пры аўтаноміі працуе гурток па вывучэнню беларускай мовы. Аўтаномія рэгулярна друкуе свае матэрыялы ў інфармацыйным весніку пры Міністэрстве нацыянальнасцяў Комі. У красавіку арганізацыі спаўняецца 5 гадоў. Увесь нумар інфармацыйнага весніка будзе прысвечаны гэтай святочнай даце.

Нацыянальна-культурная аўтаномія ў Комі падтрымлівае сувязі з Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам культуры Беларусі, таварыствам "Радзіма", якія дапамаглі на пачатковым этапе нацыянальнымі касцюмамі, касетамі, літаратурай. У 1988 г. аўтаномія накіравала групу дзяцей з беларускіх сямей на адпачынак у г. Лагойск Мінскай вобласці.

Беларусы Комі заявілі аб сябе як самая актыўная і ўплывовая дыяспара. Ніводнае грамадскае мерапрыемства ў краіне не абыходзіцца без удзелу беларусаў. Старшыня аўтаноміі з'яўляецца намеснікам старшыні Кансультатыўнага савета Міністэрства па справах нацыянальнасцяў Комі.

Пры аўтаноміі створаны беларускі хор. У г. Інце вядзецца навучанне беларускай мове, якую вывучаюць і дарослыя і дзеці. Аўтаномія праводзіць вечарыны беларускай паэзіі, беларускай кухні, адзначае беларускія святы, юбілеі сваіх работнікаў. Па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства РК па справах нацыянальнасцяў арганізавана радыёперадача "Судьба", у якой на працягу 30 хвілін расказваецца аб лёсах людзей, якія апынуліся на Паўночнай зямлі. Беларусам былі прысвечаны ўжо тры радыёперадачы. Зараз рыхтуюцца матэрыялы да выдання кнігі аб беларусах у Рэспубліцы Комі. Беларусы Комі ўдзячныя Міністэрству РК па справах нацыянальнасцяў за падтрымку іх работы, прадастаўленні сродкаў на правядзенне мерапрыемстваў, узяцце на сябе выдаткаў па арэндзе памяшканняў, аказанне метадычнай дапамогі.

А. Крупенька,
старшыня НКА "Беларусь" у Рэспубліцы Комі

Аб'ява

28-30 чэрвеня 2002 года ў першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - старажытным Наваградку - адбудзецца Другі Сярэднявечны фэст "Наваградскі замак". Рыцарскі турнір Караля Міндоўга, сярэднявечны кірмаш, канцэрты сярэднявечнай музыкі, тэатральная пастаноўка "Каранацыя Міндоўга", танцавальны вечар, начны бугурт (групавая сутычка), інсцэніроўка штурму войскам Тэўтонскага Ордэну Наваградскага замку ў 1394 годзе, і, безумоўна, баль на ўвесь свет! Заяўкі на ўдзел у фэсце падалі звыш 30 клубаў (звыш 600 удзельнікаў) з 7 краінаў Еўропы.

На сённяшні дзень якаснае правядзенне фэсту пад пагрозай - адсутнічаюць годныя спонсары. Запрашаем усіх сваіх - беларусаў, ураджэнцаў нашых земляў іншых нацыянальнасцяў, а таксама замежных сяброў - дапамагчы Наваградскаму фэсту! Мы ўпэуненыя, што прыйшоў той час, калі беларускія сярэднявечныя імпрэзы набылі годнасць сусветнай культурніцкай з'явы і вартага бізнэс-партнера.

Ігар Міхна,
нам. старшыні Аргкамітэту фэсту.