МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванні

Прэс-рэліз МГА "Згуртаванне Беларусаў свету "Бацькаўшчына"
Аб падрыхтоўцы праекта закона
"Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой"

На Трэцім з'ездзе беларусаў свету (5-6 чэрвеня 2001 г.) прадстаўнікі беларускай дыяспары выказалі шэраг прапаноў па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў замежжа, якія знайшлі сваё ўвасабленне ў прынятай З'ездам Праграме "Замежная беларуская супольнасць у ХХІ стагоддзі". У гэтай праграме падкрэслена неабходнасць прыняцця асобнага закона аб беларускай дыяспары. Праграма разам з іншымі дакументамі Трэцяга з'езду была накіравана ва Урад, Нацыянальны сход і міністэрствы Рэспублікі Беларусь у жніўні 2001 г. У мэтах рэалізацыі праграмы юрыдычная камісія Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" распрацавала праект Закона "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа", які адлюстроўвае рэальныя патрэбы беларускай дыяспары. У пачатку 2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" была запрошана Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да ўдзелу ў працы рабочай групы па падрыхтоўцы праекта закона з працоўнай назвай "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" атрымала для разгляду першую версію праекта закона "Аб суайчынніках..." у чэрвені 2002 г. Уважліва прааналізаваўшы праект, арганізацыя накіравала ліст з шэрагам прынцыповых заўваг у Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці. На першым пасяджэнні рабочай групы 16 жніўня 2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" пацвердзіла выказаныя раней заўвагі, перадала свой праект закона "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа" і звярнулася з просьбай узяць гэты праект за аснову. На жаль, Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці перадаў праект закона "Аб суайчынніках...." на разгляд Савета Міністраў без уліку прапаноў "Бацькаўшчыны".

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" лічыць, што дзяржава пры прыняцці закона, які тычыцца беларускай дыяспары, павінна ставіць сваёй мэтай, у першую чаргу, вырашэнне ў поўным аб'ёме праблем беларусаў замежжа, стварэнне спрыяльных умоў дзеля ўмацавання іх сувязяў з Бацькаўшчынай, прыцягненне іх магутнага патэнцыялу дзеля росквіту Беларусі. Нельга забывацца, што зараз па-за межамі Беларусі пражывае больш 3 мільёнаў беларусаў, а асіміляцыйныя працэсы ў краінах іх пражывання ставяць пад пытанне беларускую прысутнасць у свеце. Асноўная і прынцыповая заўвага па праекце Закона, распрацаванага дзяржавай, - вызначэнне мэтавай групы, на якую скіраваны Закон. У праекце размова ідзе пра "суайчыннікаў", што знішчае само вызначэнне "беларус" у адносінах да беларусаў замежжа. Невырашэнне гэтага пытання робіць бессэнсоўным далейшае ўдасканаленне закона. Прыняцце праекта закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой" унясе раскол у асяродак беларускай дыяспары. Па водгуках, якія "Бацькаўшчына" атрымлівае ад суполак беларускай дыяспары (з Расіі, Польшчы, ЗША і інш. краін), значная частка беларусаў, якія жывуць за мяжой, выступае катэгарычна супраць вызначэння іх як "суайчыннікаў неакрэсленай нацыянальнасці". Праект закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой" вельмі нагадвае Закон Расійскай Федэрацыі "Аб дзяржайнай палітыцы Расійскай Федэрацыі ў адносінах да суайчыннікаў за мяжой". Распрацоўшчыкі праекта закона не ўлічылі, што Рэспубліка Беларусь - унітарная, а не федэратыўная дзяржава. Выкарыстанне тэрміна "суайчыннік" у праекце закона прывяло да таго, што фактычна пакінуты без увагі каля мільёну этнічных беларусаў, якія пражываюць на Беласточчыне, Віленшчыне, Латгаліі, Смаленшчыне і інш., да поўнага ігнаравання каля 200 беларускіх грамадскіх арганізацый, якія актыўна дзейнічаюць у 73 краінах свету. Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" лічыць, што дзяржаўны законапраект носіць дэкларатыўны характар, рэалізуе тэарытычны і фармальны падыход, які не ўлічвае рэалій і спецыфікі жыцця беларускай дыяспары ў розных краінах свету.

  1. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" даводзіць да ведама грамадскасці сваю пазіцыю адносна да праекта закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой".
  2. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" звяртаецца да грамадскасці Беларусі і беларускай дыяспары паспрыяць прыняццю дзейснага закона, скіраванага на вырашэнне праблем беларусаў замежжа, стварэнне спрыяльных умоў дзеля ўмацавання іх сувязяў з Бацькаўшчынай, прыцягненне іх магутнага патэнцыялу дзеля росквіту Беларусі.
  3. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" будзе і надалей у сваёй дзейнасці адстойваць інтарэсы і рэальныя патрэбы беларускай дыяспары.

Беларусы ў Балгарыі.

У сакавіку-траўні гэтага года Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" правяла конкурс на лепшыя літаратурныя творы і малюнкі па тэмах: "Мой родны кут, як ты мне мілы..." і "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". Рэалізацыя гэтага праекта стала магчымай дзякуючы клопатам і шчодраму дару спадарыні Ірэны Каляды-Смірноў з Кліўленда, за што выказваем ёй самую шчырую падзяку. У конкурсе бралі ўдзел 176 дзяцей з розных куткоў Беларусі. Прыйшло 55 малюнкаў і 121 літаратурны твор, з іх перамаглі адпаведна 31 і 44. Было шмат прац, якія спалучалі ў сабе і літаратурныя творы і малюнкі. Узнагародаю (ізноў жа дзякуючы спадарыні Ірэне Калядзе-Смірноў) стала вандроўка ў Балгарыю для ўсіх пераможцаў конкурса. Пэўна, для дзяцей гэта быў вялікі сюрпрыз, бо мора некаторыя з іх ніколі ў сваім жыцці не бачылі. Вялікую колькасць твораў даслалі дзеці з вёсак Нясвіжскага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Гомельскага, Полацкага, Петрыкаўскага, Шчучынскага, Круглянскага, Івацэвіцкага, Светлагорскага і інш. раёнаў. З Мінска пераможцаў было мала, бо, даслана было толькі 17 працаў. Асноўнай працай для выкладчыкаў было паказаць дзецям мора і намагацца, каб яны гэтую вандроўку запомнілі назаўсёды. Дзеці значную частку свайго часу бавілі на пляжы. Мора было галоўным для дзяцей. Выкладчыкі ж ставілі перад сабою зусім іншыя мэты і задачы: зрабіць для дзяцей маленькі асяродак беларушчыны ў Балгарыі. Ладзіліся святы, дні народзінаў, конкурсы і нават судзейства на спартовых гульнях. Адметным быў конкурс па беларускай гісторыі: маленькія беларусы чыталі кнігу Арлова "Адкуль наш род" па начах і рыхтаваліся да конкурса, як сапраўдныя студэнты. Асобнымі эмоцыямі для дзяцей сталі нацыянальныя святы. Уявіце: вогнішча на беразе Чорнага мора, русалкі, Купалінка, спевы і карагоды... Дзеці з задавальненнем адзначылі Купалле: самі развучылі песні, наладзілі конкурсы ды зрабілі невялічкае тэатралізаванае шоу. Было прыемна, што навокал хадзілі немцы, дзівіліся, цікавіліся і фатаграфавалі выступы нашых дзяцей. Далёка ад дома - святкаванне ўгодкаў Грунвальдскай бітвы з абмеркаваннем тактычных захадаў беларускага войска, маляваннем вайсковых мапаў, расстаноўкай войскаў... Кожны мог адчуць сябе ваяром, і ледзь не даходзіла да імітацыі вайсковых дзеянняў на тэрыторыі гатэлю "Маяк" у Варне. Асаблівай радасцю не толькі для дзяцей, але і для выкладчыкаў сталі спартовыя перамогі нашых дзяцей. Было тры заедзы беларускіх дзяцей у Балгарыю, і ва ўсіх заездах яны выйгравалі ў шматлікіх спаборніцтвах: па тэнісу, футболу, валейболу нашы дзеці лёгка перамагалі ў масквічоў, балгараў, украінцаў і інш. Але найбольш вялікія ўражані дзеці атрымалі падчас двух экскурсій. Незабывальныя эмоцыі пакінулі наведванне дэльфінарыя ў Варне - шмат хто адфатаграфаваў там усе свае стужкі. Не менш прыгожа было ў Балчыку, у батанічным садзе, за што ў першую чаргу трэба падзякаваць балгарскаму боку. Вандроўкі дзяцей гэтым летам - не першая такая ініцыятыва МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Згуртаванне накіроўвае дзяцей на аздараўленчы адпачынак у розныя краіны свету некалькі гадоў запар. Гэта стала магчымым пасля таго, як арганізацыя ўсталявала шчыльныя кантакты з кіраўніком дабрачыннага фонду ў Кліўлендзе Ірэнай Каляда-Смірноў, якая вядомая сваёй дабрачыннай дзейнасцю як сярод беларускай дыяспары ў свеце, так і на Беларусі. Дзеці пісалі да спадарыні Каляды лісты падзякі - гэта найлепшы паказчык таго, што вандроўка ім вельмі спадабалася.

Сяргей Пульша

Навіны

Карэлія, Расія

Прадстаўнікі беларускае дыяспары ў Карэліі лічаць непрымальнымі ўмовы аб'яднання дзвюх дзяржаў, вылучаныя прэзідэнтам Расіі Пуціным. Як заявіў намеснік старшыні Таварыства беларускае культуры Валер Апухоўскі, фактычна Беларусі прапанавана ўвайсці ў склад Расіі на правах сямі рэгіёнаў. Ні пра якое раўнапраўе расійскага і беларускага народаў казаць не даводзіцца, лічыць ён. Самі фармулёўкі пытанняў, прапанаваных расійскім бокам, на думку В.Апухоўскага, з'яўляюцца прыніжальнымі для беларускага боку. Валер Апухоўскі ўпэўнены, што згода Беларусі на прыняцце расійскіх умоў будзе азначаць "страту твару" і асабіста для кіраўніка Беларусі Лукашэнкі, і для ўсёй дзяржавы.

Радыё "Рацыя". 2002. 22 жніў.

Нью-Ёрк, ЗША

У суботу 10-га жніўня прайшоў чарговы сход нью-ёркскага аддзелу БАЗА ў памяшканні Фундацыі Крэчэўскага. Госцем аддзелу быў Старшыня Камітэту паняволеных народаў сп. Хорст Уліх са сп-няй Эвай Уліх. Сп. Уліх у сваёй прамове падзякаваў Беларуска-Амерыканскаму Задзіночанню за актыўны ўдзел у мерапрыемствах Тыдня Паняволеных Народаў і перадаў нашай арганізацыі прывітальны ліст, дасланы Прэзідэнтам Джорджам Бушам у Камітэт Паняволеных Народаў. Сп. Хорст Уліх адзначыў, што Камітэт уважае БАЗА за найбольш актыўную арганізацыю ў ягоным складзе, удзячны за актыўную падтрымку і лічыць, што прывітальны ліст ад Прэзідэнта ЗША па праву належыць беларускай арганізацыі.

"Беларус". 2002. верасень

Беласточчына, Польшча

У галерэі "Гайно", якая знаходзіцца ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы, адбылося адкрыццё выставы мастацкіх прац І.Кярсноўскай і фатаздымкаў Т.Тапольскага "Святло і змрок". Т.Тапольскі прадставіў фотаздымкі, якія зрабіў апошнім часам у Белавежскай пушчы. Жывапісец і графік І.Кярсноўская змясціла на выставе многа сваіх прац, на якіх паказвае разнастайнасць прыгажосці пушчы.

"Ніва". 2002. 18 жніў.

Беласточчына, Польшча

Улады Нараўчанскай гміны і Беларускае грамадска-культурнае таварыства арганізавалі беларускі фэст у Семяноўцы. У гэты дзень тут ушаноўваецца царкоўнае свята св. Вялікамучаніка Панцеляймона, а пад вечар адбываецца народнае гулянне. Імпрэзу адкрыў войт Нараўчанскай гміны Мікалай Павільч, які прывітаў запрошаных гасцей з Беларусі і Польшчы. Канцэрт пачаўся каля 17-й гадзіны. Спачатку выступілі два самадзейныя песенныя калектывы: "Цаглінкі" са Старога Ляўкова і "Нараўчанкі" з Нараўкі. За імі сваё майстэрства прадэманстраваў беларускі эстрадны гурт "Ас". Пасля на сцэну выйшлі "Траецкія музыкі" з Барысава (Беларусь). Яны і спявалі, і танцавалі. Спявалі маладыя дзяўчаты з калектыву "Душкі з пушкі" з Нараўкі. Пасля іх выступу - сустрэча з вельмі чаканым усімі ансамблем "Церніца" з Мінска. Кожная іхная песня ішла да самага сэрца. Канцэрт завяршылі "Прымакі" з Гарадка. Пад гукі іхнай музыкі танцавалі і дзеці, і моладзь. А ў 20.30 пачалося народнае гулянне.

"Ніва". 2002. 25 жніў.

Рыга, Латвія

2 верасня адбылося святкаванне Дня ведаў у Рыжскай беларускай асноўнай школе. Упершыню школа стала поўнакамплектнай. На свята прыйшлі вучні з 1-га па 9-ты клас, бацькі, кіраўніцтва і сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак", намаганнямі якога ў 1994 годзе быў адчынены першы беларускі клас. У гэтым годзе, як заўсёды, прывялі дзяцей не толькі ў першы клас; значна папоўніліся таксама іншыя класы. Сёлета Рыжская Дума выдаткавала сродкі на рамонт памяшканняў школы, але, каб у наступным годзе з асноўнай школы (дзевяцігодкі) школу пераўтварыць у сярэднюю альбо ў Беларускую гімназію, падрэбна падтрымка Рэспублікі Беларусь у набыцці будынка і выдаткаванні сродкаў на капітальны рамонт (зараз школа месціцца ў частцы дзіцячага садка, не мае спартыўнай залі, майстэрняў, абсталяваных кабінетаў фізікі, хіміі і г.д.). Бацькі сённяшніх дзевяцікласнікаў спадзяюцца, што ў наступным годзе ім не давядзецца шукаць сваім дзецям іншую школу. Зараз у Рызе, акрамя латышскіх, існуюць сярэднія ўкраінская, літоўская, польская, яўрэйская, эстонская, руская школы, а таксама нацыянальныя школы на ўсёй тэрыторыі Латвіі.

Таццяна Казак

Літва

Згодна з заяваю літоўскіх уладаў з 1 студзеня 2003 года катэгорыі грамадзян Беларусі, якія захочуць наведаць Літву, павінны будуць набываць візы, нават тыя, хто карыстаўся правам бязвізавага праезду мяжы. Намер літоўскіх уладаў закране інтарэсы не толькі грамадзян Беларусі, але і самой Літвы, дзе жыве, паводле апошняга перапісу 1999 года, больш за 50 тысяч беларусаў. Як паведаміў прэс-сакратар беларускай амбасады ў Вільні Сяргей Балашчанка, Беларусь таксама вымушаная будзе прыняць адэкватныя меры. Такім чынам, новы парадак на мяжы непасрэдна закране беларускую дыяспару ў Літве.

Радыё "Свабода". 2002. 3 вер.

Днепрапятроўск, Украіна

У ваколіцах украінскага горада Днепрапятроўска, былога Кацярынаслава, на рацэ Вялікая Сура месціцца сяло, якое мае падвойную назву - Сурска-Літоўскае. Першая частка паходзіць, вядома ж, ад назвы ракі, а вось другая - ад ягоных жыхароў. Больш за 200 гадоў вёску насяляюць ліцьвіны, выхадцы з Вялікага княства Літоўскага. Сёння там жыве блізу 4.5 тыс. чалавек, большасць з іх беларусы. Гісторыя Сурска-Літоўскага звязаная з сумнымі падзеямі, калі напрыканцы 18 ст. беларускія землі трапілі ў склад Расійскай імперыі. Расійскія ўлады тады адразу па-свойму пачалі распараджацца лёсам новых царскіх падданых. Калі Пацёмкін у Кацярынаславе адкрыў суконную фабрыку, сюды ў 1794 годзе перавялі суконную і шоўка-панчошную мануфактуры. Тады ж у слабадзе Сурскай пасялілі прыпісных сялянаў з Беларусі. Вядома, што перасяленцы былі вывезеныя з Віцебшчыны. Жылі гэтыя перасяленцы з Беларусі ў цяжкіх умовах. Яны не звыклі карыстацца мясцовай пітной вадой, якая ў летні час пачала цвісці. Студняў не было, і людзі змушаныя былі для прыгатавання ежы браць ваду з Суры, у выніку нямала беларусаў захварэла на ліхаманку.

Жыхары Сурска-Літоўскага памятаюць і захоўваюць свае нацыянальныя традыцыі. Найбольш захаваліся вясельныя абрады і песні, прынесеныя з роднай Беларусі 200 гадоў таму. Вяселле суправаджаецца вялікім размахам, святкуе ўсё сяло. Вось такія словы сказала Соф'я Савітчанка, захавальніца народных традыцый: "Вясельныя звычаі маюць у Сурска-Літоўскай даўнія традыцыі, яны не знікнуць. Зараз у нашым сяле нямала прыезжых, але ўсе яны трымаюцца нашага звычаю. На ўсе свае вяселлі яны клічуць карэнных ліцьвінаў, просяць парады, дапамогі ў правядзенні свята". Беларускія перасяленцы захавалі і некаторыя свае рэлігійныя звычаі. На могілках ёсць такія крыжы, на якіх распяцце Хрыстовае. Гэта не характэрна для тутэйшых украінскіх вёсак, гэта ўніяцкая традыцыя. Тая тэрыторыя Віцебшчыны, адкуль родам перасяленцы, была ўніяцкай. Але тут яны мелі царкву праваслаўную, расійскую. Пасля рэвалюцыі ў Сурска-Літоўскім спрабавалі наладзіць для дзяцей перасяленцаў адукацыю па-беларуску. Колішні дырэктар школы Іван Іваноў паведаміў, што на гарышчы ў школе пад час рамонту знаходзілі падручнікі на беларускай мове. Цяпер у сяле ёсць сярэдняя школа, але яна не беларуская і нават не ўкраінская. Апошнім часам сюды сталі наязджаць і новыя беларускія перасяленцы, якія знаходзяць тут паратунак ад Чарнобылю ды іншых праблемаў на Радзіме. Маладая эміграцыя хінецца да старэйшых, бо крэўныя сувязі на чужыне звычайна мацнеюць. Новыя перасяленцы прыязджаюць з пашпартамі Рэспублікі Беларусь, а вось старэйшыя страцілі цяпер магчымасць афіцыйна захаваць сваю нацыянальнасць, бо новы ўкраінскі пашпарт не мае раздзелу нацыянальнасць.

Радыё "Свабода". 2002. 13 вер.

Масква, Расія

8 верасня ў Маскве адсвяткавалi Дзень вайсковай славы беларусаў. Сабралася каля паўсотнi асоб, больш за палову з iх - моладзь. Iнiцiятыва правядзення свята зыходзiла ад сяброў маладзёвае суполкі "Пагоня", якая ўваходзiць у склад маскоўскае Грамады беларускае культуры ў якасцi cекцыi. Яны здолелi прывесцi на сустрэчу студэнцкую моладзь з Беларусi, якая часова знаходзіцца ў Маскве (МГIМО, Мытная акадэмiя i г.д.), нават вайсковых курсантаў. Быў гiстарычны даклад, дыскусія, выступ гурта "Алеся", спевы, вершы, скокi. Памяшканне забяспечылi сябры мясцовае фiлii БНФ.

Г. Лех

Масква, Расія

Савет Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" у адпаведнасці са Статутам прыняў рашэнне аб правядзенні чарговага другога З'езду ФНКА у г. Маскве 2 кастрычніка 2002 года ў канферэнц-залі Ураду Масквы. У З'ездзе возьмуць удзел больш за 400 дэлегатаў і гасцей з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Праграмай З'езду прадугледжваецца падсумоўванне вынікаў дзейнасці Аўтаноміі і вызначэнне асноўных накірункаў працы на будучае. У цяперашні час ФНКА аб'ядноўвае 11 рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаномій, якія аб'ядноўваюць больш за 30 грамадскіх арганізацый беларусаўу найбольш населеных імі раёнах Расіі.

Гісторыя

Да гісторыі Сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амерыкі

Сёлетняя 25-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі адзначае 50-я ўгодкі такіх Сустрэчаў. Гісторыя паўстання іх была такая: Вінцэнт Жук-Грышкевіч, што прыехаў у Канаду ў студзені 1950-га года, ведаў, што ў ЗША жыве шмат ягоных сяброў з Вільні і Прагі, ды ягоны дваюрадны брат інж. Часлаў Ханяўка. Нікога з іх ён ад 30-га верасня 1939-га года, калі бальшавікі яго арыштавалі і вывезлі ў канцэнтрацыйныя лагеры Варкуты, не бачыў. Прагнуў надта з імі зноў сустрэцца. У лістах да іх прапанаваў наладзіць спатканне. З гэтай мэтай ён звязаўся з Арганізацыяй Беларускай Моладзі (АБМ) ў ЗША, старшынём якое быў Міхась Тулейка. Дамовіліся, што ЗБК і АБМ зарганізуюць Сустрэчу беларусаў у Канадзе. Наступным заданнем было знайсці адпаведнае месца на Сустрэчу. Найлепей адпавядаў бы на гэта, меркаваў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, нейкі летні рэзорт у цікавай і прыгожай мясцовасці ды недалёка ад мяжы ЗША. (У 1952-м годзе мы яшчэ не мелі свайго беларускага дому ў Канадзе.) 1-я Сустрэча беларусаў Канады і ЗША адбылася 5-6-га ліпеня 1952-га года на канадыйскім баку вадаспада Ніагара над Вэланд каналам. І гэтак запачаткавала яна добрую традыцыю. 1-я Сустрэча была прысвечаная Янку Купалу - 70-м угодкам ад ягонага нараджэння і 10-м ад трагічнае ягонае смерці. Ключавы даклад на тэму "Янка Купала як чалавек і грамадзкі дзеяч" меў Вінцэнт Жук-Грышкевіч. На Сустрэчы прысутнічалі такія выбітныя асобы, як прадстаўнік ураду БНР у ЗША сп. Ян Чарапук-Змагар, што жыў тады ў Чыкага; паэтка Наталля Арсеннева і ёйны муж генерал Франціш Кушаль, што жылі ў Нью-Ёрку; спявачка з Мінску, што так хораша выконвала беларускія народныя песні; др. Баляслаў Грабінскі - вілянчук; інж. Мікола Гарошка, калісь студэнт у Празе; старшыня АБМ Міхась Тулейка; Васіль Русак; праўнік Леанід Галяк - вілянчук; сям'я Ханяўкаў; Рамукі з Чыкага і шмат іншых. Паводле Камунікату Галоўнае Ўправы ЗБК ад 24-га студзеня 1953-га года ў Сустрэчы ўзяло ўдзел па-над 120 беларусаў з абедзвюх краінаў. Уся багатая праграма Сустрэчы - даклады, прамовы, мастацкая частка, адведванне вадаспаду Ніагара, увечары купальскае (хоць і ў ліпені) вогнішча над ракою з песнямі і вянкамі на вадзе - усё адбывалася пад адкрытым небам. Другая Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі адбылася ў Таронта ў верасні 1956-га года. Мы, Згуртаванне беларусаў Канады, ужо мелі свой беларускі дом на Дандас, 1000 у Таронта, але галоўная частка Сустрэчы адбывалася на Цэнтральным востраве, што на возеры Антарыё каля Таронта. Там на вялікай плошчы ў цяні дрэваў айцец Міхась, пазней Мітрапаліт БАПЦ Уладыка Мікалай, адпраўляў урачыстую Божую службу. Пяяў вялікі хор. Тады мы, канадыйскія беларусы, ды і ўся канадыйская зямля першы раз чулі велічны, што ад сотні грудзей узносіўся да неба, беларускі гімн "Магутны Божа". Пяяла яго і прысутная на сустрэчы аўтарка Наталля Арсеннева. 5-я Сустрэча адбылася ў Таронта ў 1962-м годзе. Тады мы ўжо мелі ад 1959-га года Беларускі рэлігійна-грамадзкі цэнтр (БРГЦ) на Сант Кларэнс у Таронта. У той час Саветы праводзілі вострую кампанію "за вяртанне на Радзіму". Вінцэнт Жук-Грышевіч меў даклад на тэму "Мы ня вернемся пад савецкую акупацыю". У часе гэтае Сустрэчы было шмат дакладаў. Між імі памятаю даклад доктара Янкі Станкевіча. Трэба адзначыць, што ўсе Сустрэчы апрача першае арганізавала ЗБК і БАЗА. Памятнаю і велічнаю была 10-я Сустрэча 2-4 верасня 1972-га года ў Таронта, прысвечаная 90-м угодкам ад нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа ды 450-м угодкам друку на беларускай зямлі. Адкрыццё Сустрэчы адбылося ў суботу а 3-й гадзіне папаўдні ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры. Цэнтрам дэкарацыі залі быў вялікі, з 90 белых і чырвоных гваздзікаў букет у гонар 90-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. На сценах залі была выстава абразоў Івонкі Сурвіллы. Увечары ў залі цэнтру была супольная вячэра, а потым Баль-Сустрэча. У нядзелю, 3-га верасня, урачыстая Божая служба ў царкве Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ і пасля яе супольны абед у залі цэнтру. А 3.30 папаўдні ў вялікай аўдыторыі Цэнтральнае Тэхнічнае школы адбыўся ўрачысты сход Сустрэчы з дакладамі др. С.Станкевіча пра Янку Купалу і праф. А.Адамовіча пра Якуба Коласа; прывітальныя прамовы старшыняў: Згуртавання Беларусаў Канады др. Раісы Жук-Грышкевіч і БАЗА сп. Расціслава Гарошкі. У канцы быў канцэрт. 13-я Сустрэча, што адбылася на пачатку верасня 1978-га году ў Таронта, Канада, прыпадала на 61-я ўгодкі Першага Беларускага Кангрэсу ды 60-я ўгодкі абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшыня Рады БНР др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч у сваёй прывітальнай прамове гаварыў аб цяжкім шляху, які мусіла прайсці Рада і Урад БНР за 60 гадоў, аб патрэбе нашага безупыннага змагання за ўзнаўленне незалежнасці БНР. "Галоўнае наша заданне наперадзе", - сказаў у канцы свае прамовы Старшыня Рады БНР. 18-я Сустрэча 3-5-га верасня 1988-га года ў Таронта была важная тым, што на трэці яе дзень удзельнікі Сустрэчы зрабілі паломніцтва ў Прошчу паўночна-амерыканскіх пакутнікаў, у Martyr's Shrine in Midland Ontario, дзе 5-га верасня 1988-га года адбылося ўрачыстае асвячэнне Беларускага Памятнага Крыжа, узнесенага беларусамі замежжа пад кіраўніцтвам старшыні Рады БНР др. Вінцэнта Жук-Грышкевіча і Старшыні ЗБК др. Раісы Жук-Грышкевіч на 1000-годдзе хрысціянства ў Беларусі. Урачыстасць асвячэння крыжа праводзіў а. Аляксандар Надсан, апостальскі візітатар для беларусаў замежжа з Лондану. 21-я Сустрэча 3-5-га верасня 1994-га года ў Таронта была адметная тым, што на ёй былі выдатныя госці з Беларусі: тагачасны Старшыня ЗБС "Бацькаўшчына" праф. Радзім Гарэцкі, былая Старшыня Вялікай Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ганна Сурмач, фатограф Анатоль Кляшчук з Мінска ды шмат іншых. Пасля ўрачыстасцяў ля Памятнага Крыжа сп-ня Ганна Сурмач ахінула Крыж слуцкім поясам.

Раіса Жук-Грышкевіч, "Беларус". 2002. верасень

Падзея

25-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

У Нью-Брансвіку, што каля Нью-Ёрку, распачынаецца 25-ы з'езд беларусаў Паўночнай Амерыкі. Гэта традыцыйная імпрэза, на якую з'язджаюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары з Паўночнай Амерыкі, пераважна ЗША ды Канады. Першая сустрэча беларусаў ЗША і Канады адбылася 5-6 ліпеня 1952 года на канадыйскім баку вадаспаду Ніагара. Яна і стала пачаткам традыцыі такіх спатканняў.

У Нью-Брансвік пад Нью-Ёркам з'ехаліся каля 100 дэлегатаў з розных гарадоў ЗША і Канады. Тэма гэтай сустрэчы - роля беларускай эміграцыі ў дэмакратызацыі Беларусі і захаванні незалежнасці. У праграме будуць "круглыя сталы" з аналізам сучаснай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і перспектыў дэмакратызацыі. Будуць таксама выпрацоўвацца нейкія канкрэтныя дзеянні ў справе пераемнасці пакаленняў па-за межамі Беларусі, захавання культурнай і гістарычнай спадчыны. Гэтая апошняя тэма звязаная з тым, што за апошнія пяць гадоў некалькі сотняў новых эмігрантаў прыехалі ў Амерыку. Пераважна ў ЗША, у Нью-Ёрк. Тэма, якую ўжо пачалі абмяркоўваць, - апошняя заява Пуціна ў справе анексіі Беларусі, якая ў беларускай дыяспары ўспрынятая з вельмі вялікай насцярогай. Сустрэча будзе адбывацца тры дні. Чакаецца наведванне яе кангрэсменам Франкам Палонэ, які ёсць кангрэсменам ад штата Нью-Джэрсі, дзе кампактна пражывае значная частка беларусаў. Сярод гасцей - старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская перспектыва" Валянціна Трыгубовіч і беларускі гісторык і пісьменнік Генадзь Сагановіч. Яны ў цэнтры ўвагі, і пытанне, якое ім задаюць прадстаўнікі дыяспары - чаму заявы Крамля пра анексію Беларусі практычна не выклікалі, за выняткам асобных палітыкаў, рэакцыі дэмакратычных сілаў у Беларусі? Беларусы Амерыкі - Нью-Ёрку, Вашынгтону - пастаянна пікетуюць беларускую, расійскую амбасады з пратэстамі супраць анексіі Беларусі з боку Расіі.

Удзельнікаў 25-га з'езду беларусаў Паўночнай Амерыкі вітаў кангрэсмен Франк Палонэ, які зазначыў у сваім прывітальным слове, што ЗША зацікаўленыя ў дэмакратызацыі Беларусі і з вялікай насцярожанасцю сочаць за тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Удзельнікаў сустрэчы таксама вітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і спікер Вярхоўнага Савету 13-га склікання Сямён Шарэцкі, які ўжо больш за 2 гады жыве ў Кліўлендзе, штат Агаё. Апроч гэтых выступаў, адбылася шырокая дыскусія пра тое, як павінны ЗША ставіцца да апошніх ініцыятыў расійскага прэзідэнта Пуціна што да анексіі Беларусі - менавіта слова "анексія" ўжываецца ў выступах прамоўцаў. Старшыня нью-ёркскага аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання Віталь Зайка зазначыў, што ЗША падтрымліваюць дэмакратызацыю Беларусі, але праблемы нацыянальных каштоўнасцяў, праблемы беларускай мовы і нацыянальнай культуры доўгі час застаюцца па-за ўвагай ЗША. Вітаўт Кіпель, першы намеснік старшыні Рады БНР і дырэктар Інстыту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку адзначыў, што адзіны правільны шлях для заходніх палітыкаў у разуменні перспектыў Беларусі - і на гэтым павінна настойваць беларуская дыяспара - гэта стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы, і менавіта гэтага трэба дамагацца.

Радыё "Свабода". 2002. 2 вер.

Кніжная паліца

У выдавецкай фірме "Беларускі кнігазбор" выйшлі з друку Матэрыялы Міжнароднага "круглага стала" "Беларусь - Бельгія: грамадска-культурнае ўзаемадзеянне", які адбыўся ў Мінску 18-19 мая. У гэтым зборніку, які ўтрымлівае вялікі блок фотаматэрыялаў, змешчаны даклады і паведамленні, прысвечаныя палітычным, гістарычным, культурным сувязям Беларусі і Бельгіі. Асобныя раздзелы прысвечаныя літаратурнаму ўзаемадзеянню (найперш - перакладу), беларускай дыяспары ў Бельгіі (М.Равенскі, студэнты і выпускнікі Лювенскага ўніверсітэта). Выданне разлічана на гісторыкаў, палітолагаў, краязнаўцаў. Змест зборніка падзелены на наступныя раздзелы: "Агульнасць", "Старонкі гістарычна-культурнай супольнасці", "Літаратурныя сувязі, параклады, паралелі", "Беларусы ў Лювенскім універсітэце", "Дадатак".

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Камітэт гісторыі навукі і тэхнікі Польскай Акадэміі навук і Таварыства польскай культуры Лідчыны выдалі ў Варшаве кнігу "Ігнацій Дамейка". Яе аўтары Ядзвіга Гарбоўская і Кшыштаф Якубоўскі распавядаюць пра вучобу нашага земляка ў Шчучыне і Вільні, яго дзейнасць у таварыствах філаматаў і філарэтаў і вымушаным пераездзе ў Жыбуртаўшчыну (каля Дзятлава) і Заполле пад Лідай, дзе ён працаваў у маёнтках дзядзькі. Значнае месца ў кнізе адведзена бліскучай кар'еры Ігнація Дамейкі на амерыканскім кантыненце. Там ўраджэнец Мядзведкі (паблізу Міра) стаў сусветна вядомым вучоным і атрымаў годнасць нацыянальнага героя Чылі. Кніга выдадзена на польскай і беларускай мовах, змяшчае цікавыя ілюстрацыі, вытрымкі з дзённікаў і лістоў знакамітага вучонага і іншых крыніц.

"Ніва". 2002. 1 вер.

Пад назвай "Век так ня будзе" выйшла новая кніга пра рэпрэсіі ў Беларусі. Век так не будзе - гэтыя словы наўздагон Надзеі Дземідовіч крыкнула маці, калі энкавэдысты запіхвалі 20-гадовую дзяўчыну ў варанок, каб адправіць у сібірскія лагеры ў 1950 годзе. Надзея памятала тыя словы ўсе шэсць гадоў зняволення. Адзін з раздзелаў выдання - "Радкі з-пад сэрца" - складаюць вершы аўтаркі. Кніга мае шмат фотаздымкаў. Ідэі незалежнасці, нацыянальнай годнасці беларусаў спадарыня Надзея выказала праз лёс сваёй сям'і. "Такой кнігі ў Беларусі яшчэ не было", - кажа адказная за выпуск Алена Арэшка. Да шырокага кола чытачоў кніга "Век так ня будзе" наўрад ці дойдзе, бо выдаецца за асабістыя грошы спадарыні Надзеі і мае наклад ўсяго 350 асобнікаў. Надзея Дземідовіч мае намер напісаць працяг сваіх успамінаў. У грамадскім аб'яднанні "Дыярыюш", якое вывучае гісторыю рэпрэсій у Беларусі, рыхтуюць другі том кнігі "Індэкс рэпрэсаваных Беларусі" - пра забітых у падмаскоўных лагерах беларусаў.

"Беларускі дайджэст". 2002. жнівень
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by