МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№7(№20)
ліпень
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Падзея

Свяікаванне 10-годдзя першага з'езду беларусаў свету

6 ліпеня адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 10-м угодкам Першага з'езду беларусаў свету. Віншаванні з юбілеем прыходзілі ў адрас МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ўжо задоўга да гэтага ўрачыстага дня.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся а 14-й гадзіне. На вуліцы Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) у фае дома № 15 - будынку, дзе ў 1921 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры, - адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай заснавальнікам гэтай навучальнай установы. У прысутнасці творчай інтэлігенцыі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Беларусі і дыяспары, карэспандэнтаў урачыстасць пачаў акадэмік Радзім Гарэцкі, пасля выступіў ініцыятар стварэння дошкі прафесар Адам Мальдзіс. Аўтар гэтага манументальнага твора скульптар Алесь Шатэрнік урачыста адкрыў мемарыяльную дошку і прачытаў вельмі пранікнёны верш.

А палове на шостую ў вялікай зале Дома літаратара распачалася ўрачыстасць з удзелам дэлегатаў і гасцей Першага з'езду. Як і на Першым з'ездзе беларусаў свету, гукі сурмы абвясцілі аб пачатку ўрачыстага пасяджэння. У прыўзнятай атмасферы загучаў гімн Згуртавання "Бацькаўшчына" і слынны беларускі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Перад прысутнымі выступілі акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, даследчыца Лідзія Савік, гісторык Леанід Лыч, экс-міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, экс-міністр інфармацыі Анатоль Бутэвіч, прадстаўнікі беларускай дыяспары: з Літвы - Хведар Нюнька, з Польшчы - Яўген Вапа, з Расіі - Антон Сабалеўскі.

Падчас урачыстасці працавала вялікая выстава, прысвечаная тром з'ездам беларусаў свету, якія прайшлі за гэты час, а таксама дзейнасці "Бацькаўшчыны" за 10 мінулых гадоў.

А 19-й пачаўся святочны канцэрт. Канцэртная праграма была пабудавана на шэдэўрах беларускай музыкі ад ХV да пачатку ХХ стагоддзяў. Трыо "Вытокі" пазнаёміла публіку з творамі Міхала Казіміра Агінскага, Міхала Клеафаса Агінскага, Міхала Ельскага, чым выклікала шчырае захапленне і авацыі. Далей на сцэне загучалі старадаўнія беларускія мужчынскія спевы ў выкананні фальклорнага гурта "Кудмень". Завяршыў канцэртную праграму гурт сярэднявечнай беларускай музыкі "Стары Ольса" з высакароднымі і рашучымі мелодыямі старадаўніх літвінаў.

Яшчэ доўга не разыходзіліся людзі. У вестыбюле спявалі "Пагоню" і іншыя патрыятычныя песні.

Урачыстасць адбылася дзякуючы сумесным арганізацыйным намаганням "Бацькаўшчыны" і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Вікторыя, Аўстралія

"Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі" адзначыў 59-тыя ўгодкі Другога Ўсебеларускага Кангрэса. Старшыня "Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі" сп. Аўген Груша прывітаў прысутных і запрапанаваў хвілінай цішыні ўшанаваць памяць тых, што аддаў жыццё за Беларусь. Асаблівую ўвагу сп. А.Груша звярнуў на сумную вестку аб смерці адданага сына Бацькаўшчыны, святой памяці Васіля Быкава. Перад заканчэннем афіцыйнай часткі ўсе прысутныя з ўвагай праслухалі з касеты прамову Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, прафесара Радаслава Астроўскага на Другім Усебеларускім Кангрэсе, якую прынёс а. Аляксандр Грыцук. Пасля ўрачыстага выканання гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" сяброўская бяседа працягвалася спевамі і ўспамінамі мінулых дзён, а таксама ўспамінамі з падарожжаў тых, хто наведаў Беларусь і родныя мясціны.

Алег Шнэк
На здымку: сябры Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі"

Лондан, Англія

У зале Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра ў Лондане адбыўся 57-мы Агульны гадавы з'езд "Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі". Адкрыла З'езд Старшыня ЗБВБ Алёна Міхалюк. Спадарыня Міхалюк ад Галоўнай Управы здала справаздачу аб дзейнасці арганізацыі за мінулы год у Англіі і па-за яе межамі. Распавяла таксама пра падарожжа ў Беларусь, Літву, Бельгію, пра сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у гэтых краінах. Таксама паведаміла пра прыём у House of Commons у ангельскім Парламенце, арганізаваным Беларуска-Ангельскім Таварыствам, на якім прысутнічалі, апрача мясцовых беларусаў, Старшыня БНР Івонка Сурвілла, прадстаўнікі англійскай улады і госці з Беларусі.

Пасля справаздачаў адбыліся дыскусіі. Быў абраны новы склад Галоўнай Управы: Старшыня А.Міхалюк, намеснік Старшыні П.Шаўцоў, сакратар І.Пачкаеў, скарбнік С.Пяткевіч, сябра Ўправы Джон Дзейка. На закрыцці З'езду прысутныя праспявалі беларускі нацыянальны гімн.

Міхась Баяроўскі

Таронта, Канада

У навуковым жыцці беларускай дыяспары паважнае месца займае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (БІНІМ), які існуе ўжо 52 гады. Менш вядома пра дзейнасць ягонага "малодшага брата" - у Канадзе, які мае такую ж назву. Канадскі БІНІМ быў створаны беларускай інтэлігенцыяй у 1968 г. Дзейнымі сябрамі Інстытуту з'яўляюцца 25 навукоўцаў. У гэтым годзе ў Таронта адбудзецца Кангрэс славістаў свету, дзе будуць працаваць тры секцыі па беларускіх справах. Адна па літаратуры і музыказнаўству. Будзе Круглы стол, у якім возьмуць удзел з Беларусі - Вінцук Вячорка, з ЗША - Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Будзе секцыя па лінгвістыцы на чале з Куртам Вулгайзэрам. У апошнія гады склад сяброў Інстытуту папоўніўся новымі сіламі з апошняй хвалі беларускай эміграцыі ў Канаду. Сярод іх сп. Ірына Лысенка, якая знайшла ў Канадзе шмат матэрыялаў, што датычаць гісторыі Беларусі, і зараз распрацоўвае новую тэму аб малавядомых аспектах падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі і іх уплыве на гісторыю краіны.

Радыё "Свабода". 2003. 24 чэр.

Вільня, Літва

Беларусы Літвы адрадзілі Купалле і кожны год святкуюць яго па-рознаму. У гэтым годзе адрадзілі даваенную традыцыю. У касцёле св. Барталамея адбылося набажэнства, яго адслужыў ксёндз Ян Шуткевіч. Каля касцёла дзейнічала выстава кніг пра лекавыя расліны з бібліятэкі школы імя Ф.Скарыны, з уласных бібліятэк Галіны Войцік-Луцкевіч і Леакадзіі Мілаш, пра выкарыстанне лекавых раслін расказала Галіна Стральчэня.

На свята беларусы-віленчукі запрасілі фальклорны гурт "Ветах" з Мінску. Яны спявалі, вадзілі карагоды, свята прадоўжылася на беразе Вяллі ў Вяркяйскім парку каля вогнішча. У гэты дзень дзесяцікласнікі беларускай школы імя Ф.Скарыны атрымоўвалі пасведчанне. У гэты дзень пачулі страшную навіну - памёр Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. У памяць аб ім вучні пасадзілі дрэўца. В.Быкаў у 1995 г. быў у беларускай школе ў Вільні, тут засталася светлая памяць пра яго.

Купалле - гэта і гісторыя, і песня, з якой наш народ нёс са стагоддзя ў стагоддзе свае радасці, смутак, надзею і веру ў светлую будучыню. Надзея заўсёды жывая. Свята падрыхтавалі Сяргей Вітушка і настаўнікі беларускай школы імя Ф.Скарыны.

"Наша Слова". 2003. 9 ліп.

Польшча

Паводле Ўсеагульнага перапісу жыхароў Польшчы 2002 году сярод непольскіх народнасцей, якія найчасцей былі названы ў адказах, на першым месцы знаходзіцца нямецкая - 152,9 тыс. асоб, a наступная, паводле афіцыйных дадзеных, беларуская - 48,7 тыс. Украінцаў у Польшчы - 31,0 тыс. асоб, рускіх - 6,1 тыс., літоўцаў - 5,8 тыс.

www.stat.gov.pl

Польшча

Сталі вядомыя вынікі польскага перапісу. 50 тыс. чалавек залічылі сябе да беларускай нацыянальнасці. Болей, чым чакалася. Болей, чым украінцаў і літоўцаў у Польшчы разам узятых. Але меней, чым лічылася ў савецкі час. Нямала беларусаў, трэба думаць, знайшлося сярод найбольшай нацменшасці ў Польшчы - 775 тыс. чалавек залічылі сябе да "ніякай нацыянальнасці". Са свечкаю беларусаў не знойдзеш цяпер у каталіцкай і яшчэ 100 гадоў таму суцэльна беларускай Сакольшчыне - асіміляваныя цалкам. Лапік беларускасці ў Польшчы сціснуўся да праваслаўных паветаў. I ўсё ж 50 тыс. свядомых беларусаў - гэта сіла. Заціснутыя нефартуннымі акалічнасцямі, беларусы застаюцца супольнасцю, вернай сваёй нацыі. Шкодзіць толькі слабасць дзяржавы - Рэспублікі Беларусі. Бо ад каго беларусы Беласточчыны маюць найменш падтрымкі, дык гэта ад суайчыннікаў.

"Наша ніва". 2003. 20 чэр.

Рыга, Латвія

Беларускі вакальны калектыў "Cьвiтанак" браў удзел у святочным канцэрце з цыклу мерапрыемстваў, прысвечаных 15- годдзю Асацыяцыi нацыянальна-культурных таварыстваў Латвii. Выконваліся беларускiя народныя песнi і песнi на словы Я.Коласа i Я.Купалы. Апошнiм часам калектыў папоўнiўся моладдзю - 18-гадовымi хлопцамi i дзяўчатамi, так што цiкавасць да беларускай песнi сярод рыжскiх беларусаў расце.

Таццяна Казак

Рыга, Латвія

У сталіцы Латвіі адбылася значная падзея. Першаму выпуску дзевяцікласнікаў Рыжскай беларускай школы ўручаны выпускныя дыпломы. У Пасольстве Рэспублікі Беларусь з гэтай нагоды адбыўся прыём для выкладчыкаў навучальнай установы і прадстаўнікоў Рыжскай гарадской школьнай управы, у ходзе якога былі ўручаны вучэбныя дапаможнікі, мэбля, сувенірная прадукцыя і аргтэхніка, перададзеныя ў якасці шэфскай дапамогі адміністрацыяй Савецкага раёна горада Мінска. Пасол Беларусі ў Латвіі Вадзім Ламкоў выказаў удзячнасць педагагічнаму калектыву за ўклад настаўнікаў у справу захавання і развіцця беларускай асветы на латвійскай зямлі, а таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння выпускных атэстатаў школы.

"Голас Радзімы". 2003. 10 ліп.

Львоў, Украіна

У Львове заснавана новая беларуская газета. Львоўская суполка беларусаў "Беларуская абшчына Львоўскай вобласці" клопатамі кіраўніка Сяргея Кулікова заснавала беларускую газету пад назвай "Весткі з Беларусі". Выданне маецца выходзіць на 6-ці старонках і выкарыстоўваць тры мовы - беларускую, украінскую і рускую.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Вашынгтон, ЗША

Лiдэры беларускай дыяспары правялi плённыя сустрэчы з амерыканскiмi палiтыкамi. Закраналiся пытаннi аб пагрозе незалежнасцi Беларусi, аб гарантыях беларускай незалежнасцi, аб Акце аб дэмакратыi ў Беларусi, якi будзе пастаўлены на галасаванне ў Кангрэсе. Таксама было пастаўлена пытанне аб дыскрымiнацыi беларусаў у сувязi з выдачай iмiграцыйных дакументаў. Прайшлi таксама сустрэчы ў Дзярждэпартаменце ЗША.

"Народная Воля". 2003. 26 чэр.

Каралявец (Калінінград), Расія

5 ліпеня ў Караляўцы (Калінінградзе) адбыўся штогадовы фэст "Дзень горада". Як і ў мінулыя гады, у фэсце бралі ўдзел нацыянальныя дыяспары, у тым ліку і "Беларускае таварыства культуры". Сябры Таварыства з сем'ямі, апранутыя ў нацыянальныя строі з бел-чырвона-белымі сцягамі і велічнай Пагоняй віталі жыхароў абласнога цэнтра шчыльнай сцяной. На беларускім падворку і канцэртнай пляцоўцы завадатарам быў ансамбль Таварыства "Тутэйшыя музыкі". А на падворку ў беларускай гаспадыні для ўсіх знаходзілася "і чарка, і шкварка", пад якія нетаропка цякла бяседа з суседзямі, сябрамі польскага таварыства, якія лёгка знаходзяць з табой і агульную мову, і агульную Радзіму, бо усе яны - нашыя землякі-каталікі, хто з Ваўкавыску, хто з Бабруйску, а хто з Віцебску. Прывезены з самой Польшчы смалец пад кілішак нашай "Белавежскай" паціху вяртаў у мінуўшчыну вялікага Міцкевіча і мужнага Касцюшкі. I забываецца, як на пачатку шэсця нейкі дзядзька ў цывільным кінуўся на 14-гадовага хлопца, які трымаў самы вялікі сцяг, з крыкамі: "Мы любим Белоруссию", "Это фашистский флаг", "Сколько вам заплатил Запад?" Малы не разгубіўся і запытаў: "Скажы што-небудзь па-беларуску?" Пасля гэтага правакатар схаваўся ў натоўпе. Забываецца і тое, што ўпершыню ўлады нас наўмысна "не заўважылі" і двойчы пад час шэсця "забылі" павітаць беларусаў, хаця ўзгадвалі ўсіх, нават таджыкаў. Відаць і Пагоня, і бел-чырвона-белы сцяг паралізуюць язык нават расійскім чыноўнікам.

Застаюцца сяброўскія сустрэчы і надзея. У памяці ўсплываюць поўныя хвалявання словы падзякі нашых землякоў з "вялікай Радзімы", якіх раз-пораз мы запрашаем на нашыя святы, дзе вольна лунае наш сцяг і наш герб. Дзеля гэтага варта жыць. Жыве Беларусь!

Адам Каралявецкі
На здымку: Беларуская суполка пад час шэсця.

 

Вялікая страта

22 чэрвеня пайшоў з жыцця народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, адданы патрыёт

ВАСІЛЬ БЫКАЎ.

Імя Васіля Быкава вялікімі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі. Ён паклаў сваё ахвярнае і працавітае жыццё на алтар Радзімы і назаўжды застанецца ў сэрцы кожнага беларуса. Быкаў - сымбаль нязломнасці беларускага духу.

Лёс

Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 г. на Вушаччыне, у вёсцы Бычкі. Сям'я зведала ўсе цяжкасці прымусовай калектывізацыі - голад, бяспраўе. Пасля школы Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме і ў фабрычна-завадской вучэльні. З пачаткам ІІ-й сусветнай вайны мабілізаваны на абарончыя працы, з 1942-га ён у Чырвонай арміі. Скончыў пяхотную вучэльню, лейтэнантам трапіў на фронт. Быў некалькі разоў паранены, а пасля цяжкіх баёў пад Кіраваградам яго залічылі ў спісы загінулых, аб чым прыйшло паведамленне бацькам. Потым будучы пісьменнік ваяваў у Румыніі, Мадзяршчыне, Югаславіі, Аўстрыі, быў узнагароджаны.

Вайна назаўсёды стала асноўнай тэмай ягонай творчасці. Усё жыццё ён асэнсоўваў падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх давялося быць. У аповесцях "Жураўліны крык" (1960) і "Трэцяя ракета" (1962) дадзена рэалістычнае адлюстраванне жорсткіх рэаліяў вайны, якое не ўкладалася ў афіцыйныя каноны сацрэалізму. Таму аповесць "Мёртвым не баліць" (1965) была фактычна забароненая савецкімі ідэолагамі. Беларуская эміграцыя аператыўна зрэагавала на гэта і выдала гэтую аповесць у 1966 г. у Нью-Ёрку. У 1970 г. выйшла аповесць "Сотнікаў", што закранула тэму жыцця пад акупацыяй, адкідаючы старыя савецкія штампы.

Аповесць "Знак бяды" (1982) стала паваротнаю ў творчасці пісьменніка. У ёй Быкаў зрабіў спробу глыбей прааналізаваць падзеі нядаўняй гісторыі - вайны і сталінскай калектывізацыі, і супаставіць іхні ўплыў на лёсы людзей. У аповесці лірычныя старонкі, поўныя замілавання сваім краем і ягоным людам, перамяжаюцца з апісаннем трагічных падзей.

З прыходам перабудовы Быкаў пачынае шырэй і смялей закранаць забароненыя датуль тэмы. Выйшлі творы "Аблава" (1989) - пра лёс раскулачанай і высланай у Сібір беларускай сям'і, "Кар'ер" - пра незнікаючы ўплыў падзей ваеннага часу на сучаснае жыццё, "На чорных лядах" - пра падзеі часоў Слуцкага паўстання.

Васіль Быкаў бярэ актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ён стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі памяці ахвяраў сталінізму "Мартыралог Беларусі", адным з заснавальнікаў БНФ, першым Прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Публіцыстыка Васіля Быкава, якая з'яўлялася ў гэты час у беларускім друку, уздымае сэрцы беларусаў, кліча на абарону сваёй мовы і культуры, на вывучэнне сапраўднай гісторыі, на здабыццё незалежнасці. Мастак, якi валодаў рэдкай пранiклiвасцю i неверагоднай сiлай уздзеяння, бясстрашны змагар за незалежнасць сваёй любiмай Беларусi, Быкаў пiсаў аб барацьбе дабра са злом. Ягоныя творы былi перакладзены амаль на 40 моў свету.

З набыццём незалежнасці прыходзяць новыя надзеі, але кебічаўскі "застой" і прыход да ўлады Лукашэнкі мяняюць дзяржаўнае стаўленне да Быкава. Творы Быкава паступова здымаюцца з выдавецкіх планаў, а набор кнігі "Сцяна" рассыпаецца па загадзе ідэолагаў.

Недвухсэнсоўная пазіцыя пісьменніка ў абарону культуры і незалежнасці Беларусі, супраць дыктатуры, выклікала кампанію цкавання праз ідэалагічныя органы. Кніга Быкава "Сцяна", тым не менш, выйшла ў 1997 г. на народныя грошы. Новыя творы пісьменніка працягваюць выходзіць у газеце "Наша Ніва". Для патрыётаў імя і творчасць Васіля Быкава зрабіліся сінонімамі Беларусі і Свабоды.

А ўлады працягвалі цкаванне, не спыняючыся нават перад эпітэтамі кшталту "літаратурны паліцай". Развярнулася бурная дзейнасць: ствараліся саюзы-асацыяцыі, ад чыйго імя рассылаліся пісьмы-патрабаванні зняць творы Быкава са школьных праграм. Пісьмаў было шмат, хаця аўтары часцей адны і тыя ж. Большасць ветэранаў, якіх намінальна ўцягвалі ў такія асацыяцыі, не падазравалі, якія мэты прыкрываюць іхнімі імёнамі.

Міністэрства культуры было "вымушана" рэагаваць на "патрабаванні ветэранаў" і абмежавала вывучэнне твораў Быкава. Але быкаўская праўда прарастае праз накіданае ідэалагічнае смецце і прымушае думаць аб змаганні высакародства і подласці. І тое, што савецкія ідэолагі лічылі геройскім, змяняла ацэнкавы знак.

Вось рэальная сітуацыя. Фашысты, заняўшы вёску, пакідаюць у ёй гарнізон з 5 чалавек і ідуць далей. Папярэджваюць жыхароў: калі гарнізон будзе знішчаны, то вёска будзе спалена і жыхары яе пастраляныя. Ноччу прыходзяць два дзясяткі партызанаў, справіцца з маленькім гарнізонам ім няцяжка, у справаздачы наверх яны смакуюць падрабязнасці, як голыя гітлераўцы выскоквалі з вокнаў і напорваліся на штыкі. А тое, што вёска спалена і жыхары яе пазабіваныя фашыстамі?..


Тры гады таму ў Магілёве судзілі Васіля Быкава. Дакладней, судзілі газету "Тыднёвік Магілёўскі" і аднаго з яе аўтараў, які ўзяўся бараніць творы Быкава ад купкі камуністаў. Тыя лічылі, што гэтыя творы трэба выключыць са школьных праграм, бо яны "скажаюць праўду пра вайну".

Быкаў быў змушаны выехаць з Беларусі. Адносiны Васiля Быкава да цяперашняй улады засведчаны ў ягонай публiцыстычнай творчасцi, у выступах на айчынных i мiжнародных форумах, у СМІ, яны вядомыя ва ўсiм свеце. Ён не прымаў таталiтарызм, і таму на працягу апошнiх 8 гадоў пастаянна падвяргаўся нападкам і абвiнавачванням.

Быкаў вярнуўся на Бацькаўшчыну пасля доўгiх гадоў на чужыне і пражыў толькі 3 днi пасля свайго 79-га дня народзiнаў.

Пахаванне

Была створаная дзяржаўная камiсiя для пахавання, але ў яе склад не былi запрошаныя анi Рыгор Барадулiн, анi Генадзь Бураўкiн - найблiжэйшыя сябры вялiкага творцы, якiм давярае сям'я Быкава. Насуперак волi сям'i, планавалася зладзiць вайсковы рытуал пахавання з жаўнерскай вартай, аркестрам i салютам, пры гэтым не дапусцiўшы нават кароткай жалобнай працэсii па вулiцах горада. Чыноўнiкi патрабавалі ад забiтых горам жонкi і сына адмовiцца ад выканання жаданняў нябожчыка. Яны нават спрабавалi, мiнуючы сям'ю, забраць з Бараўлянаў ягонае цела. Iм гэта не ўдалося.

Сяргей Васiльевiч, сын пiсьменнiка, сам накрыў бацькава цела святым для Быкава бел-чырвона-белым сцягам, якi людзi ў форме і ў цывiльным патрабавалi прыбраць. Калі труну з целам Быкава прывезлі ў Дом літаратара, там былі прадстаўнікі камісіі па арганізацыі пахавання: міністр культуры Леанід Гуляка і дэпутат Мікалай Чаргінец. Ім вельмі не спадабалася, што на труне Васіля Быкава быў бел-чырвона-белы сцяг. Пасля таго, як жонка пісьменніка Ірына настаяла, каб сцяг застаўся, афіцыйныя асобы пакінулі Дом літаратара.

Улада хацела зрабiць Быкава "сваiм" у цяжкiя для яго днi хваробы i нават цяпер - пры пахаваннi. Але Васіль Быкаў належыць усяму народу, што i засведчыла ўсенародная павага, бо ў апошнi шлях яго праводзiлi i ветэраны з ордэнскiмi планкамi, i сiвыя бабулькi, i сярэдняга веку жанчыны i мужчыны, і многiя тысячы юнакоў i дзяўчат. Развiтацца з Васiлём Уладзiмiравiчам прыехала шмат людзей з глыбiнных вёсак і гарадкоў Беларусi. Сцэна Дома Літаратара паплыла ў колькасці жалобных вянкоў і кветак. Сябры Згуртавання "Бацькаўшчына" таксама ўсклалі вянок ад сваёй арганізацыі і ад беларусаў Аўстраліі (па просьбе аўстралійскіх суайчыннікаў).

Калi найвышэйшай уладзе стала зразумела, што Быкава ў апошнi шлях правядзе ягоны народ, дзяржаўнай камiсii быў дадзены загад спынiць дзейнасць. "Государство уходит отсюда", - сказаў мiнiстр Гуляка, пакiдаючы жалобную залю а 10-й гадзiне.

Ад гэтага моманту жалобную цырымонiю цалкам вялi грамадскія арганізацыі і партыі. Адбылася грамадзянская панiхiда. А 15-й гадзiне труна паплыла наперадзе велiзарнай людской грамады. Ад пляцу Перамогi да пляцу Якуба Коласа труну неслi на плячах. Там, паводле жадання родных Быкава, яе змясцiлi ў катафалк. У працэсii ўдзельнiчалi рыма-каталiцкi святар а. Уладыслаў Завальнюк, грэка-каталiцкi святар а. Андрэй Абламейка, праваслаўныя манахi.

З пляцу Якуба Коласа дзесяткi тысяч чалавек са шматлiкiмi вянкамi і кветкамi суправаджалi жалобны паязд да Усходнiх могiлак. Там пісьменніка адпявалі ўніяцкі і каталіцкі святары. На жалобнай паніхідзе каля магілы Васіля Быкава выступіў ягоны сябра, вядомы беларускі паэт Сяргей Законнікаў. Дамавiна апусцiлася ў магiлу, куды была высыпана i жменя зямлi з роднай нябожчыку Вушаччыны. А затым магiла Быкава акрылася, патанула ў безлiчы вянкоў i кветак. Людзi доўга не хацелi разыходзiцца ад яе...

Улады паабяцалi даць 5 аўтобусаў, каб ад пляцу Якуба Коласа да могiлак можна было падвезцi вянкi і частку людзей. Але замова на аўтобусы была скасаваная, а станцыя метро "Плошча Якуба Коласа" - зачыненая.

Афіцыйны Мінск абурыўся тонам публікацый на смерць Быкава ў шэрагу медыяў, найперш расійскіх. Так, у артыкулах, напісаных аднадумцамі вялікага пісьменніка, дарэмна шукаць кампліменты на адрас кіраўніцтва Беларусі. Людзі, якіх па сэрцы разанула смерць Быкава, сказалі жорсткія і непрыемныя для ўлады словы. Стасункі пісьменніка і ягоных саноўных антыподаў былі акрэслены ў жалобных эсэ так, як выглядалі насамрэч. Падобныя моманты вымагаюць гранічнай шчырасці і горкай праўды. Вялiкi творца нават смерцю сваёй паказаў, хто сапраўдны валадар сэрцаў людскiх.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Нашыя помнікі

Новы помнік М.Багдановічу

Пры канцы чэрвеня, праз чатыры гады пасля конкурсу на найлепшы праект помніка Максіму Багдановічу ў Ялце, на магіле паэта ўсталяваны помнік. Помнік створаны скульптарамі Сяргеем і Львом Гумілеўскімі - задуменны Максім з кніжкай, а побач на падпорнай сценцы радкі з ягонага верша "Зорка Венера": "Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю". Вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік высока ацаніў мастацкія якасці новага надмагільнага помніка Максіму Багдановічу. Намеснік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц паведаміў, што помнік ужо асвечаны. Але пытанне ўрачыстага адкрыцця пакуль не вырашанае, яно знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.

Адзін з яго аўтараў Сяргей Гумілеўскі ўпэўнены, што помнік упісаўся ў мясцовасць, да яго добры падыход, усё выглядае прыстойна. Між іншым, спадар Гумілеўскі лічыць, што патрэбная ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка. Даследчык творчасці Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі незадаволены пэўнай келейнасцю пры ажыццяўленні ўсяго гэтага праекту. Гэта павінна было ператварыцца ў падзею нацыянальнага маштабу, мяркуе ён. Натуральна, што сама ідэя магла б быць абмеркаваная ў шырэйшым коле. Помнік паставілі дэ-факта, і не зрабілі з гэтага культурнай падзеі. У 20-я гады мінулага стагоддзя, калі на магіле Багдановіча ўсталёўваўся ранейшы помнік, у Крым ездзіў кіраўнік беларускага ўраду Цішка Гартны і дэлегацыя пісьменнікаў.

Магілай паэта апякуецца мясцовая беларуская суполка, якая выступіла з ініцыятывай стварыць у Ялце філію Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У Ялце добрая, годная дыяспара беларусаў, якія даглядалі магілу дагэтуль і будуць даглядаць...

Радыё "Свабода". 2003. 4 ліп.

Вяртанне Купалы

Ідэя ўсталяваць помнік Янку Купалу ў Маскве ўзнікла 2 гады таму пад час Купалаўскіх чытанняў. Планавалася зрабіць гэта ў верасні 2002 г. і прымеркаваць да 120-гадовага юбілею паэта. Але, нягледзячы на прагучаўшыя абяцанні мэра Лужкова, урад Масквы так і не падпісаў рашэнне аб узвядзенні помніка. Камісія па манументальным мастацтве мэрыі Масквы не зацвердзіла праект помніка.

Ініцыятыву падхапілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Маскве на чале з Антонам Сабалеўскім - актыўным сябрам Грамады беларускай культуры імя Ф.Скарыны г. Масквы, якія неаднойчы наведваліся да кіраўніка Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Ф.Каўрыгі. Але пошукі падтрымкі ў кіраўніцтва аўтаноміі, пасольскіх і іншых чыноўнікаў поспеху не мелі.

Беларуская дыяспара ў Маскве пачала збор народных ахвяраванняў. Але мэрыя Масквы так і не вызначыла месца для помніка. Спачатку размаўлялі пра месца каля Беларускага вакзала. На пачатку 2002 г. маскоўскія ўлады "канчаткова" вырашылі, што Янка Купала "прапішацца" ў скверы на Кутузаўскім праспекце. Потым агучылі ідэю аб размяшчэнні помніка на Неўскай плошчы. І нарэшце, аказалася... што месца для беларускага класіка ў сталіцы Расіі няма.

Гісторыя старая і адбывалася неаднойчы. Пяць гадоў таму маскоўскія беларусы хацелі павесіць мемарыяльную дошку на будынку, у якім знаходзіўся Універсітэт імя Шэняўскага, дзе калісьці вучыўся паэт. Звярталіся ў мэрыю і да беларускага кіраўніцтва, але зноў безвынікова.

Тым часам, да 200-годдзя Пушкіна помнік рускаму паэту паставілі ў гістарычным месцы беларускай сталіцы, дзе Пушкін ніколі не бываў. Янка Купала жыў, вучыўся і загінуў у Маскве. Але і праз 60 гадоў пасля смерці нашага Песняра расійскія ўлады не ўшанавалі яго памяць.

Убачыўшы тупіковасць гэтай сітуацыі, адзін з ініцыятараў стварэння помніка Антон Сабалеўскі выкупіў помнік нашаму Песняру і прывёз да сябе на Радзіму, у Глыбокае, дзе 8 ліпеня гэтага года падарыў яго Глыбоцкаму краязнаўчаму музею.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Візіты

Беларусы Комі (Расія)

Летам шмат прадстаўнікоў беларускай дыяспары прыязджаюць у Беларусь, наведаць сваякоў, паглядзець родныя мясціны. Пад час такой паездкі ў офіс "Бацькаўшчыны" завітаў старшыня Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаномііі "Беларусь" у Рэспубліцы Комі Аркадзь Крупенька з жонкай. Гутарка адбылася даволі працяглай і гэта можна зразумець, з часоў апошняй сустрэчы прайшло больш за год. Тады дэлегацыя "Бацькаўшчыны" разам з гуртом "Стары Ольса" наведала 3-х гадовы юбілей Беларускай аўтаноміі ў Комі.

Засяленне беларусамі гэтых краёў мае сваю спецыфіку: яно не было такім масавым як у Іркуцкай альбо Новасібірскай вобласці. У Комі няма беларускіх вёсак, і таму праца па пошуку беларусаў даволі складаная. Беларуская дыяспара ў Комі займае 4-е месца (27 тысяч) па колькасці пасля рускіх, комі і ўкраінцаў. За 3 гады працы Аўтаноміі беларускія суполкі ўтварыліся ў Варкуце, Інце, Саснагорску, Ухце, Усінску і Троіцка-Пячорскім раёне. Створаны беларускія мастацкія калектывы, працуе беларускі хор. У мінулым годзе праводзіліся вечарыны, прысвечаныя Ф.Скарыну і Е.Полацкай. Ідзе праца над кнігай пра гісторыю беларусаў у гэтым краі і пра знакамітых асоб беларускай дыяспары. У Інце праходзяць заняткі па вывучэнню беларускай мовы. Беларусы ўсяго за тры гады сталі самай актыўнай і ўплывовай дыяспарай Комі.

Вельмі доўга памочнікам у мерапрыемствах, якія ладзіла Аўтаномія, быў сябра арганізацыі, прадпрымальнік Віктар Сулкоўскі. Сёння, на жаль, ён вымушаны закрыць сваю справу і пераехаць у Маскву. Праца беларускай дыяспары Комі ўскладняецца яшчэ і тым, што скасавана Міністэрства па працы з нацыянальнасцямі. Але беларусы Комі маюць аптымізм. Наперадзе арганізацыя юрыдычнай кансультацыі з мэтай аказання дапамогі беларусам, ушанаванне беларускіх сем'яў - захавальнікаў беларускіх традыцый, правядзенне культурных мерапрыемстваў і, зразумела, супрацоўніцтва з Радзімай.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Нашчадкі "Самаходаў"

Беларусь наведаў унікальны беларускі гурт з Цюменскай вобласці "Вячоркі". Унікальнасць яго ў тым, што ўсе ўдзельнікі калектыву - прамыя нашчадкі беларусаў-перасяленцаў. Іх продкі ў ХІХ стагоддзі пешшу прайшлі шлях ад Магілёўскай губерні да далёкай Сібіры, за што атрымалі паважную мянушку "Самаходы". Цікава, што беларусы-перасяленцы новым паселішчам давалі назвы сваіх родных беларускіх вёсак - Ермакі, Баркі, Пакроўка, Ярлоўка, Распаліха, Новамікольскае, Асінаўка. Яны таксама закансервавалі фальклорную спадчыну.

Сярод насычанай праграмы візіту (фестываль, прыём у міністра і г.д.) землякі знайшлі час наведаць офіс "Бацькаўшчыны" і нават сустрэцца з прадстаўнікамі Беларускага студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Фальклорны ансамбль "Вячоркі" цалкам паходзіць з вёскі Вікулава. Кіруе гэтым ужо досыць вядомым гуртом Валянціна Міхіенка, якая сумяшчае працу і салісткі, і мастацкага кіраўніка. Спадарыня Валянціна - вельмі працаздольны, добры і ўдзячны кіраўнік, клапоціцца пра захаванне для дзяцей і ўнукаў самабытнай культуры продкаў.

Даўно жывуць беларусы ў Сібіры, але не страцілі сваю культуру. Захаваліся дзівосна прыгожыя беларускія песні. Іх спяваюць людзі, якія "ніколе не былі ў Беларусі, а слухалі іх з дзецтва". Прычым выконваюць родныя песні так, што вельмі праславіліся на палову Сібіры. Ансамбль "Вячоркі" - пастаянны ўдзельнік фестываляў. У іхнім пакоі ў раённым Доме культуры паўсюдна вісяць граматы і дыпломы прэстыжных фестываляў і конкурсаў. Ансамбль утварыўся ў 1986 г., калі спадарыня Валянціна і яе аднадумцы зразумелі, што паступова знікаюць песні, на якіх яны выраслі.

Апекавалася гуртом у паездцы па Беларусі загадчык аддзела беларускай культуры Цюменскага Палаца будаўнікоў Людміла Татарынцава. Музей "Беларусь", які створаны пры аддзеле, утрымлівае ўнікальныя рэчы беларусаў ХІХ стагоддзя - вышыўкі, ручнікі, сямейныя рэліквіі з "сундукоў". Фальклорная спадчына беларусаў Цюмені аказалася настолькі багатая, што сябры Этнаграфічнага таварыства вырашылі наладзіць асобную экспедыцыю ў гэты край, бо некалькіх гадзін у офісе "Бацькаўшчыны" аказалася вельмі мала для паўнавартаснага знаёмства.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларускія зборы ў ЗША і Канадзе

Нядаўна з'явілася паведамленне пра тое, што Бібліятэка ўніверсітэту Ратгерс заклала падмурак беларускае калекцыі, набыўшы архіў паэта Янкі Золака (Антона Даніловіча) і збор беларускіх кніг і архіў д-ра Янкі Запрудніка.

У Вашынгтоне, у Нацыянальным архіве ЗША, ёсць матэрыялы з польскай амбасады пра падпольныя рухі ў Заходняй Беларусі (КПЗБ, Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада). Патрабуюць доследу архівы Джорджтаўнскага ўніверсітэту, у заснаванні якога адыграў важную ролю наш зямляк а. Францішак Дзеружынскі з Воршы. Не выключана, што туды маглі трапіць карціны, вывезеныя з Полацкай акадэміі 150 гадоў таму. Дарэчы, у Езуіцкіх архівах у Балтыморы захоўваецца перапіска кс. Дзеружынскага.

Ёсць беларускія матэрыялы і ў Нью-Ёрку. Так, у Інстытуце Пілсудскага можна знайсці матэрыялы, звязаныя з Беларускай вайсковай камісіяй, з дзейнасцю Алеся Гаруна, "Страявы Статут" Ф.Кушаля з 1919-га года. У Бахмецеўскім архіве Калумбійскага ўніверсітэту захоўваюцца матэрыялы дарэвалюцыйнага менскага губернатара. Інстытут габрэйскіх доследаў ІВО (Нью-Ёрк) мае матэрыялы пра габрэяў Беларусі, пра Другую сусветную вайну ў Беларусі, матэрыялы пра Заходнюю Беларусь міжваеннага часу. Экспазіцыя Музею міграцыі на Эліс-Айленд мае пашпарты БНР, па якіх у Амерыку прыехалі беларускія эмігранты.

Вартыя ўвагі таксама Чыкага і Кліўленд - у тамтэйшых Публічных бібліятэках ёсць сфільмаваныя ў 1930-я гады іміграцыйныя архівы і матэрыялы, у тым ліку аб даваеннай і дарэвалюцыйнай беларускай эміграцыі. У Чыкага ёсць матэрыялы Язэпа Варонкі - мемарандумы Этнічнай рады, а таксама царкоўныя дакументы.

У Стэнфардзе (Каліфорнія) пры ўніверсітэце ёсць вядомы Гувераў інстытут, дзе захоўваюцца матэрыялы Амерыканскай дапамаговай адміністрацыі, якая займалася размеркаваннем дапамогі савецкай Расіі. Філіі знаходзіліся і ў савецкай Беларусі (Віцебск, Гомель, Менск), і шмат дакументацыі трапіла ў Гувераў інстытут. У калекцыі, прысвечанай эміграцыі, ёсць паперы Ю.Сабалеўскага, I.Касяка. Матэрыялы, якія асвятляюць жыццё Заходняй Беларусі, можна знайсці ў паперах польскіх консульскіх устаноў, што таксама захоўваюцца ў Гувера.

У Сэнт-Поле, пры ўніверсітэце Мінесоты створаны архіў гісторыі іміграцыі, дзе ёсць прыватныя архівы В.Пануцэвіча, Ч.Будзькі, В.Жук-Грышкевіча, В.Пунтуса, Ю.Сабалеўскага. Д-р Вітаўт Кіпель перадаў туды архіў, сабраны пры напісанні кнігі "Беларусы ў ЗША".

Ва Універсітэце Масачусетс захоўваецца архіў польскага даследчыка Ю.Абрэмбскага, які ў бальшыні складаецца з матэрыялаў аб Піншчыне, у тым ліку шматлікіх фотаздымкаў і рукапісаў недрукаваных прац.

У Таронта, у Нацыянальным архіве Канады, існуе калекцыя, прысвечаная беларускай эміграцыі. Ёсць там і пашпарты БНР. Між іншага, туды перадаў свой архіў журналіст С.Хмара з умовай адкрыць яго праз 50 гадоў.

Каштоўныя матэрыялы маюць архівы БАЗА ў Нью-Ёрку і Кліўлендзе, Беларускага кангрэсавага камітэту ў Нью-Джэрсі, іншых беларускіх арганізацый, сховішчы дакументаў пры беларускіх цэрквах у ЗША і Канадзе. Не менш каштоўнымі ёсць прыватныя архівы, што сёння знаходзяцца ў актыўных дзеячоў эміграцыі або іхніх нашчадкаў. Важна, каб гэтыя архівы былі захаваныя для даследчыкаў і для беларускага народу, які, мы верым, яшчэ ацэніць адданасць і ахвярнасць сваіх сыноў і дачок, што апынуліся на чужыне.

Віталь Зайка. "Беларус". 2003. красавік

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by