МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№4(№29)
красавік
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

НАВІНЫ

Чыкага, ЗША
“Мы – з Беларусі!” – так называлася творчая сустрэча, што прайшла напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка ў Чыкага. На гэты раз сустрэча была прысвечана творчасці Міхася Клейнера, вядомага ў Чыкага кампазітара, паэта, перакладчыка і спевака. Вытокі і асноўныя матывы ягонай творчасці цалкам звязаныя з Беларуссю – краінай, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе ўпершыню прыйшло да яго паэтычнае і музычнае натхненне. Адкрываючы сустрэчу, Ванкарэм Нікіфаровіч нагадаў пра надыходзячае свята 25 сакавіка і прыгадаў радкі са славутага купалаўскага верша “Я ад вас далёка”:
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,
На чужое неба ўжо гляджу сягоння…
Прамоўца асабліва падкрэсліў, што з’яўленню такой таленавітай асобы як Міхась Клейнер спрыяла непаўторная духоўна-культурная атмасфера Беларусі, талерантнасць і чалавекалюбства людзей, што жылі на гэтай зямлі, своеасаблівы перагук усяго лепшага, што аздабляла мовы беларускую, ідыш, польскую, рускую.
Падчас канцэрта выконваліся арыгінальныя песні Міхася Клейнера на словы Янкі Купалы, Уладзімера Дубоўкі, Алеся Салаўя, Ізі Харыка (пераклад П.Глебкі), Мойшэ Кульбака і Мотла Каплана (пераклад М.Клейнера), Анатоля Грачанікава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Давіда Сімановіча і іншых. Некалькі песень прагучала на словы самога кампазітара.
Творчая сустрэча “Мы з Беларусі” прайшла ў перапоўненай зале з вялікім поспехам.
Ванкарэм Нікіфаровіч

Мельбурн, Аўстралія
У нядзелю 28 сакавіка 2004 г. Беларускі цэнтральны камітэт у Вікторыі супольна з парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой Святых Віленскіх Мучанікаў у Мельбурне адзначылі 86-ыя ўгодкі Абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Як і ўсе папярэднія гады пасля малебену ў прыцаркоўнай залі адбылося ўрачыстае святкаванне гэтай вялікай падзеі ў нашай гісторыі.
Старшыня БКЦКВ сп. Алег Шнэк прывітаў прысутных і запрапанаваў на гэты раз пачаць святкаванне з мастацкай часткі. Жаночы хор “Каліна” з падтрымкай усіх прысутных праспявалі ўсім знаную песню “Люблю мой край, старонку гэту” і некалькі іншых песен. Затым адбыліся дэкламацыі вершаў. Па заканчэнні мастацкай часткі, старшыня ФРБАуА, сп. Аўген Груша прачытаў прысланыя прывітанні, і сп. Янка Барысевіч прачытаў вельмі змятоўны даклад на тэму дня, апрацаваны ім самім. Сп. Віктар Кавалеўскі – сакратар Беларускага гістарычнага Зугртавання ў Аўстраліі, ён жа рэдактар адноўленага часопіса “Новае Жыццё”, прывітаў прысутных з гэтай гістарычнай падзеяй.
На заканчэнне ўсе прысутныя ўсталі і праспявалі наш Беларускі нацыянальны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Алег Шнэк,
Старшыня БЦКВ

Стакгольм, Швецыя
Беларусы ў Стакгольме пачалі ўласнае прыватнае расследаванне забітых эмігрантаў, чые целы былі знойдзеныя 1-га красавіка ў прыгарадзе шведскай сталіцы. Стакгольмская паліцыя ідэнтыфікавала ахвяраў і паведаміла, што яны былі грамадзянамі Беларусі. Яны жылі ў Гродна. Абодва былі палітычныя ўцекачы. Па словах беларусаў, што жывуць у Стакгольме, забойцы былі расейскамоўнымі і на моцным падпітку.
Радыё “Свабода”. 2004. 9 крас.

Брусель, Бельгія
30 сакавіка ў Бруселі ў галерэі “Еўразія” адбылося адкрыццё выставы “Сучасны жывапіс Беларусі”, якая складаецца з твораў сучасных беларускіх мастакоў, што належаць да розных пакаленняў і накірункаў творчасці. Ва ўрачыстай цырымоні адкрыцця выставы ўзялі ўдзел Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Бельгіі І.Фісенка, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай уладаў Бельгіі, структураў Еўрапейскага союзу, бельгійскіх сродкаў масавай інфармацыі, а таксама кіраўнікі грамадскіх арганізацый, якія працуюць з Беларуссю. Выстава працягне працу да 30 красавіка 2004 года.
www.mfa.gov.by

Бухарэст, Румынія
30 сакавіка ў Міністэрстве культуры Румыніі адбылося адкрыццё выставы твораў беларускага фотамайстра Яўгена Казюлі пад назвай “Краявіды і твары Браслаўшчыны”.
На адкрыцці з вітальным словам да прысутных звярнуліся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыні В.Шых і Дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры Румыніі Іаан Опрыш.
Сярод гасцей выставы былі кіраўнікі шэрагу дыпламатычных місій, прадстаўнікі беларускай і расійскай дыяспар. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі высокае прафесійнае майстэрства Я.Казюлі, яркі каларыт адлюстраваных на здымках краявідаў.
www.mfa.gov.by

Варшава, Польшча
Усеагульны Сход Польскага Беларусазнаўчага Таварыства прыняў заяву, у якой выяўляе глыбокае незадавальненне ў сувязі з загадам уладаў Рэспублікі Беларусь ліквідаваць Беларускі Навукова-Асветніцкі Цэнтр імя Ф.Скарыны ў Мінску – вельмі заслужаную ўстанову ў галіне развіцця навукі, культуры і мовы. Цэнтр імя Ф.Скарыны ўнёс агромністы ўклад у справу папулярызацыі Беларусі ў шырокім свеце.
Польскае Беларусазнаўчае Таварыства лічыць, што ліквідацыя Цэнтра выкліча вельмі адмоўныя вынікі як у самой Беларусі, так і па-за яе межамі. У сувязі з гэтым Польскае Беларусазнаўчае Таварыства спадзяецца, што ўлады Рэспублікі Беларусь адыдуць ад прынятай пастановы ў справе ліквідацыі Навукова-Асветніцкага Цэнтра імя Ф.Скарыны хаця б з тае прычыны, што яго існаванне ёсць доказам беларускай годнасці і гонару, а яго ліквідацыя будзе ўспрынятая як праява беларускага нігілізму.
Радыё “Polonia”. 2004. 8 крас.

Кракаў, Польшча
У Кракаве 14-17 красавіка праходзяць Дні Беларускай Культуры. Сёння другі дзень мерапрыемства, якое арганізавала Усходняе Кола і Інстытут Усходнеславянскай Філалогіі Ягелонскага Універсітэту.
Мерапрыемства карыстаецца зацікаўленнем, якога не чакалі нават самі арганізатары. Дыскусія пад назовам “Беларусь у вачох сваіх і суседзяў”, якая прайшла ў найстарэйшым будынку Ягелонскага Універсітэту Collegium Majus, сабрала звыш сотні ўдзельнікаў. З дакладамі выступілі прадстаўнікі ўніверсітэту, а таксама беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Відаць таксама шчырае зацікаўленне кракаўскіх студэнтаў пытаннямі, датычнымі Беларусі.
Шмат гледачоў прыйшло на спектакль гарадзенскага тэатру, які выставіў “Тутэйшых” Янкі Купалы. Гледачы, хаця і не ведаюць беларускай мовы, не мелі праблемаў, каб зразумець спектакль. Неўзабаве адбудзецца паказ фільмаў пра Беларусь, аўтарства чэшскіх журналістаў, а вечарам сустрэча з гарадзенскім бардам Віктарам Шалкевічам.
Радыё “Polonia”. 2004. 15 крас.

Вроцлаў, Польшча
Калегіюм Еўропы Усходняй у Вроцлаве арганізоўвае “Першы фестываль беларускай культуры ў Вроцлаве”, які адбудзецца з 10 да 13 чэрвеня пад патранатам Міністра культуры Польшчы Вальдэмара Дамброўскага.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Міраў, Польшча
З 30 красавіка і да 3 траўня ў мясціне Міраў будзе праходзіць Першы інтэграцыйны беларуска-польскі летнік “RAZEM-2004”. Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары Польшчы і Чэхіі. Даведкі можна атрымаць па электроннай пошце: warszawa@gazeta.pl
www.belabroad.org

Беласточчына, Польшча
Паводле польска-беларускага пагаднення, беларусы з Беласточчыны могуць паступаць у беларускія ВНУ, знаходзячыся ў Польшчы. Штогод у Беласток прыязджае камісія з Беларусі ды ладзіць іспыты.
З кожным годам усё менш беларусаў Беласточчыны паступаюць вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. У апошнія гады, нягледзячы на пэўныя льготы і высокі ўзровень навучання ў беларускіх ВНУ, колькасць ахвотных вучыцца ў Беларусі рэгулярна змяншаецца. Калі на пачатку 90-х гэта было каля сотні чалавек, дык ў 1999-м годзе – 50, а сёлета толькі 7.
Адна з галоўных прычынаў – панаванне ў навучальных праграмах расейскай мовы. Яшчэ адзін істотны чыннік, які ўплывае на змяншэнне колькасці ахвотных вучыцца ў Беларусі, – гэта статус беларускага дыплома: дагэтуль невядома, ці будуць беларускія дыпломы ў будучым прызнавацца ў Польшчы.
Радыё “Свабода”. 2004. 9 крас.

Вільня, Літва
У Віленскай мастацкай галерэі “Мальдыс” прайшла выстава “Новыя адкрыцці: мастакі Вільні і Віленскага краю”. Цэнтральнае месца ў экспазіцы займаюць творы выдатнага мастака П.Сергіевіча, ураджэнца Віцебшчыны. Наведвальнікі затрымліваліся ля такіх вядомых карцін, напісаных майстрам, як “Партрэт сялянкі”, “Фестываль ля возера Нарач”, “Танец “Лявоніха”, “Ля калыскі”... Нягледзячы на тое, што мастак значны перыяд свайго жыцця пражыў у Вільні, ён назаўсёды захаваў любоў да Беларусі і адлюстраваў яе ў сваёй творчасці: у пейзажах родных мясцін, партрэтах беларусаў, карцінах, прысвечаных гістарычным падзеям.
“Культура”. 2004. № 15

Іркуцк, Расія
13 сакавіка прайшоў сход у Іркуцкім аддзяленні “Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага” (ІТБК). Музейная экспазіцыя “Беларусы ў Сібіры”, не паспеўшы закрыцца ў Музеі гісторыі г. Іркуцка, адразу ж атрымала запрашэнне ў Краязнаўчы музей. 19 сакавіка Таварыства ўжо перадало ў музей усе неабходныя дакументы, якія характарызуюць дзейнасць Таварыства. Адыкрыццё выставы плануецца на 11 траўня тэрмінам на адзін год. 27 сакавіка быў наладжаны беларускі абрад “Гуканне вясны”.
На 17 красавіка запланаваны Шосты абласны з’езд ІТБК.
Разам мы здолеем не толькі захаваць наш этнас і культуру, але і дапамагчы адзін аднаму ў цяжкую хвіліну. Я ўпэўнены, нягледзячы на тое, што наша гістарычная Радзіма знаходзіцца за 6.000 км ад нас, разам мы запальваем агеньчык любай Бацькаўшчыны ў нашых сэрцах. І нашыя продкі спрыяюць нам. І гістарычная наша Радзіма становіцца значна бліжэй.
Жыве Беларусь! Жыве беларускi народ!
Алег Рудакоў

Усць-Каменагорск, Казахстан
Ва Усходнім Казахстане пражывае, адпаведна перапісу 1999 г., 4,5 тысячы беларусаў. Большая частка з іх трапіла ў Казахстан пасля заканчэння навучальных устаноў па размеркаванні. Тут беларусы ўдзельнічалі ў падняцці цаліны, працавалі на розных пасадах на прадпрыемствах, у навучальных установах, у медыцыне, геалогіі і інш.
Наш Цэнтр быў створаны ў 1999 г. Яго ўзначальвае Уладзімір Паўлавіч Магазіншчыкаў. Пры цэнтры арганізавана нядзельная школа, дзе мы вывучаем мову, літаратуру, гісторыю, культурную спадчыну беларускага народа. Кіруе беларускай групай школы Прышчэпчык Ніна Мікалаеўна. У першыя гады ў школу хадзілі людзі толькі старэйшага пакалення беларусаў. Мы ўспаміналі звычаі нашых бацькоў, вывучалі абрады і традыцыі беларусаў па нешматлікіх літаратурных крыніцах у бібліятэках горада. Імкнуліся данесці нашыя звычаі і абрады да жыхароў горада, выступаючы на святах у Доме Дружбы, у навучальных установах горада, у этнаграфічным музеі. Па абласным тэлебачанні паказвалі фільм пра нашых беларусаў, інфармацыйныя паведамленні пра нашыя святы. У абласным этнаграфічным музеі была арганізавана экспазіцыя, прысвечаная Беларусі. У нашым цэнтры ёсць свае паэты. Так, Лушчава Раіса Ціханаўна піша вершы, у якіх мы чуем песні жаўрукоў, бачым нашыя родныя лясы, адчуваем водар жыта. Артыкулы Уладзіміра Маркава пра беларусаў, беларускія звычаі і беларускую кухню часта друкуюцца ў нашай абласной газеце.
Дзякуючы дапамозе пасла Беларусі ў Казахстане Ларысы Пакуш, мы маем падручнікі па беларускай мове за 1-4 класы. Сабралі невялікую бібліятэчку. Атрымліваем газету “Голас Радзімы”. Іншых крыніц бягучай інфармацыі мы не маем, таму шта падпіску на перыёдыку Беларусі аформіць немагчыма.
Толькі жывучы ў далечыні ад Радзімы разумееш словы: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”
Галіна Барысовіч,
па даручэнні
ВК Беларускага культурнага цэнтра

N.B. У пачатку 2003 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звярталася да Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з просьбай наладзіць падпіску арганізацый беларускай дыяспары на перыёдыку Беларусі. Адказу, на жаль, мы да гэтага часу не атрымалі.


Масква, Расія
У красавіку ў Маскве выйшаў першы нумар газеты “Беларусы Расіі”. Стваральнікам газеты з’яўляецца Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі”, рэдактар – Анатоль Дожын, супрацоўнік амбасады Рэспублікі Беларусь у Расіі. Газета друкуецца на рускай мове і носіць інтэграцыйны характар, хаця дэкларуецца як “трыбуна для ўсіх, хто жадае выказаць сваё меркаванне” і запрашае ўсіх жадаючых да дыскусіі. Адрас газеты: admin@belros.ru Пра дзейнасць самой ФНКА можна даведацца на сайце www.belros.ru
Віншуем беларусаў Расіі з яшчэ адным перыядычным выданнем. Сёння ў Расіі выдаецца газета “Маланка” (заснавальнік Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага, г. Іркуцк) і Маскоўскі літаратурна-навуковы штогоднік "Скарыніч" (рэдактар А.Каўка). Спадзяемся, што газета стане сапраўднай трыбунай для розных думак і меркаванняў і што мова выдання стане беларускай.
Далей падаем навіны жыцця беларускай дыяспары ў Расіі, змешчаныя ў першым нумары газеты “Беларусы Расіі”:
- у г. Калініградзе адчынены карпункт беларускай “Народнай газеты”. У Мурманску дасягнута дамоўленасць з дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй аб прадастаўленні эфірнага часу беларускім перадачам “Раніца” і “Крыніца”.
- 26 красавіка ў Маскве адбудзецца Урачыстае адкрыццё Года культуры Беларусі ў РФ. Мерапрыемствы ў межах Года культуры пройдуць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе, Новасібірску, Іркуцку, Смаленску, Яраслаўлі, Кастраме, Уладзіміры, Цверы, Петразаводску, Пскове, Волагдзе, Северадзвінску, Чарапаўцы і іншых гарадах Расіі.
Нацыянальныя бібліятэкі Беларусі і Расіі пачынаюць сумесны праект “Скарбы славянскай культуры”. Яго мэта – аб’яднаць рэдкія і старадрукаваныя выданні дзвюх краін ў адзіную электронную базу дадзеных і забяспечыць да яе свабодны доступ. Для пачатку плануецца стварыць бібліяграфічны каталог усіх кніжных “скарбаў” з часоў Фр. Скарыны да 1917 г. Найбольш каштоўныя выданні будуць прадстаўлены поўным тэкстам.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Іміграцыйны дакумент
Беларусь мае намер увесці іміграцыйны дакумент для іншаземцаў. Праект адпаведнага закона разглядае беларускі парламент. Іміграцыйны дакумент павінен упарадкаваць знаходжанне на тэрыторыі Беларусі іншаземцаў і асобаў, якія не маюць грамадзянства. Беларускі віцэ-міністр унутраных справаў Леанід Глухоўскі заявіў, што ўвядзенне згаданых дакументаў дазволіць атрымаць рэальную інфармацыю пра колькасць грамадзянаў іншых краінаў, якія ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі. У будучыні іміграцыйны дакумент павінен замяніць працэдуру рэгістрацыі знаходжання іншаземцаў.
Паводле міністра Глухоўскага, Беларусь плануе стварыць цэнтральны банк рэгістрацыі замежных гасцей і асобаў, якія не маюць грамадзянства.
Іншаземцы, якія падчас візіту ў Беларусі пражываюць не ў гатэлі, а ў знаёмых, альбо ў нанятых кватэрах, скардзяцца, што рэгістрацыя іх знаходжання ў беларускай сталіцы з’яўляеца не толькі платнай, але і зацягнутай працэдурай.
Радыё “Polonia”. 2004. 8 крас.

P.S. Нагадаем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” накіроўвала ліст у цэнтр законапраектнай дзейнасці з просьбай вылучыць прадстаўнікоў беларускай дыяспары сярод іншаземцаў і прыняць адпаведны закон пра суайчыннікаў за мяжой з пэўнымі льготамі ў атрыманні візаў і знаходжанні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Прапановы юрыстаў нашай арганізацыі былі адхілены, і беларусы з іншых краін будуць і надалей лічыцца іншаземцамі.


НАШЫ СЛАВУТЫЯ ЗЕМЛЯКІ

Прэмія імя Янкі Юхнаўца
У Нью-Ёрку заснавана літартурная прэмія імя Янкі Юхнаўца. Мэта – ушанаванне памяці выбітнага пісьменніка-эмігранта ды спрыянне развіццю літаратуры. Прэмія будзе прысуджацца ў дзень нараджэння пісьменніка – штогод 3 лістапада. Лаўрэатам прэміі можа стаць кожны творца ў Беларусі ці дыяспары, чые працы, арыгінальны твор або пераклад, у якой кольвечы форме (рукапіс, электронная публікацыя, кніжка, публікацыя ў прэсе, відэа-інсцэнізацыя, аўдыёзапіс) даступныя для азнаямлення сябрам Прэміяльнага камітэту. Прэміяльны камітэт самастойна абірае творы для азнаямлення, а таксама бярэ да разгляду прысланыя па пошце:
Kreceuski Foundation.
166-34 Gothic Drive, Jamaica,
N.Y. 11432
USA
ці на электронны адрас: premija@winterbrood.com
У Прэміяльны камітэт уваходзяць прадстаўнікі ад Беларускіх нацыянальных арганізацыяў замежжа. Ход і прысуджэнне Прэміі абвяшчаецца ў газеце “Беларус” і на “Беларускай Палічцы”.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Янка Юхнавец
Янка Юхнавец (сапраўднае імя Іван Змітрыкавіч Юхнавец) – паэт, празаік, драматург. Псеўданімы: Я.Юхна, К.Юхневіч; крыптонім Я.Ю.
Нарадзіўся ў в. Забродак Докшыцкага р-на. Да вайны скончыў сярэднюю школу. Сям’я загінула ў гады вайны, сам Я.Юхнавец быў вывезены ў Германію. Трапіў у лагер перамешчаных асобаў, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я.Купалы. З 1949 г. жыве ў ЗША.
Пачынаў з вершаў, першыя з іх публікаваліся ў часопісе “Шыпшына” ў 1947 г., пазней – амаль ва ўсіх эмігранцкіх выданнях. Янка Юхнавец – аўтар зборнікаў паэзіі “Шорах моўкнасці”, “Новая элегія”, “Калюмбы”, трохтомніка “Творы” (1990), ксеракснага зборніку “Дань майго часу” (1993), выбраныя творы “Сны на чужыне”, выдадзены ў Мінску ў 1994 г. Пісаў навелы, апавяданні, гістарычную аповесць-успамін “Яно” пра Мінск Другой сусветнай вайны. У 1996 г. выйшла кніга “Драматычныя начыркі”.
Творчасць Я.Юхнаўца ў беларускай літаратуры вылучаецца сваёй нетрадыцыйнасцю. Ён ідзе ў авангардзе найноўшай беларускай паэзіі, сугучнай са шляхам развіцця “адкрытага” еўрапейскага мастацтва, арганічна ўпісваючыся ў англасакскі кантэкст. Як паэт Янка Юхнавец цалкам фарміраваўся па-за абшарам беларускай літаратуры. “Доўгі час, – гаварыў ён у адным з інтэрв’ю, – я нічога не ведаў пра беларускую паэзію, заўсёды арыентаваўся на заходнюю літаратуру”. Юрыдычную і практычна набытую тэхнічна-матэматычную адукацыю ён адначасова дапаўняў самастойнай самаадукацыяй па азіяцкай, заходнееўрапейскай літаратуры, глыбока вывучаў як творы класікаў сусветнай літаратуры, так і знаёміўся з заходнееўрапейскай філасофскай думкай. Усё гэта ападала на яго беларускае да-літаратурнае, казачнае светаўспрыманне. “Для мяне, – пісаў Я.Юхнавец, – беларускія казкі, народны фальклор (спосаб іх казання) сталіся над усім”.
Як паэт і чалавек высока самаадукаваны, Янка Юхнавец, які глыбока азнаёмлены з заходняй культурай і добра разбіраецца ў іерархіі яе каштоўнасцей, у сваёй творчасці імкнуўся ажыццявіць сваё паэтычнае крэда “Умей тварыць нястворанае!” Пісаў ён свае творы, карыстаючыся беларускай моўнай традыцыяй. Творчасць Я.Юхнаўца, цесна звязаная з еўрапейскай паэтычнай культурай і анталагічна з беларускай, садзейнічае новым перспектывам развіцця сучаснай літаратуры.
Лідзія Савік


ЮБІЛЕІ СУПОЛАК

50 гадоў Англа-Беларускаму Таварыству
У брытанскай сталіцы прайшло святкаванне Дня Волі, а таксама 50-годдзя дзейнасці Англа-Беларускага Таварыства. З гэтай нагоды ў Лондане адбылося набажэнства, а таксама ўрачысты прыём.
Галоўнымі мэтамі дзейнасці заснаванага 50 гадоў таму Англа-Беларускага Таварыства і сёння застаюцца ўзмацненне сяброўства паміж двума народамі ды пашырэнне ў Вялікай Брытаніі ведаў пра гісторыю і культуру Беларусі. Таму, як распавёў радыё Свабода старшыня таварыства Васіль Еўдакімаў, большасць сябраў арганізацыі – брытанцы.
Ў сённяшніх урачыстасцях з нагоды Дня Волі і 50-годдзя працы Таварыства, сярод іншых, узялі ўдзел дэпутаты брытанскага парламенту, прадстаўнікі брытанскага МЗС і амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі, Браен Бэнэт, які выступіў з прамовай.
Паводле Васіля Еўдакімава, Таварыства, нягледзячы на даволі сур’ёзны ўзрост, пачуваецца вельмі добра і яшчэ сёлета плануе наладзіць шэраг мерапрыемстваў, звязаных з Беларуссю. Сярод іх – лекцыі вядомых ангельскіх навукоўцаў, прысвечаныя, напрыклад, творчасці і сяброўству Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, розным поглядам на гістарычныя падзеі часоў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі ды іншыя.
Варта дадаць, што Таварыства мае сваё друкаванае выданне, гэта “Беларуская хроніка”, якая выдаецца па-ангельску.
Радыё “Свабода”. 2004. 29 сак.

15 гадоў “БЭЗу”, Эстонія
Прайшоў тыдзень беларускай культуры, які быў прымеркаваны да святкавання Таварыствам беларускай культуры “БЭЗ” (“Беларуска-Эстонскае Згуртаванне”) свайго 15-годдзя. У Іыхві, у Сомпа, у Ору, у Олгіна, у Нарве адбыліся канцэрты ансамбля “Паазер’е” з беларускага горада Паставы. У Ахтмескай бібліятэцы можна было паглядзець падборку беларускіх кніг і паўдзельнічаць у паэтычнай вечарыне. У кафэ Кохтла-Яраўскай гаруправы і на гэтым тыдні кухар працягвала гатаваць стравы беларускай кухні... У Іыхвіскай гаруправе можна было пазнаёміцца з выставай работ Маргарыты Астравумавай, а ў ІКЦ – з працамі беларускіх майстраў Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары Млын”. За сем дзён па кабельнаму тэлебачанню была паказана адзінацаць фільмаў пра Беларусь, яе гістарычныя месцы, прыроду, пра яе таленавітых людзей, а напрыканцы, у нядзелю, прайшоў паказ запісу спектакля “Тутэйшыя” Беларускага Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. І, канешне, відавочным сведчаннем поспеху нашай акцыі была амаль поўная зала гасцей і гледачоў, якія прыйшлі ў Іыхвіскі культурны цэнтр на святочны канцэрт “Нам – 15”!
Зінаіда Клыга,
Намеснік старшыні
Таварыства беларускай культуры Іда-Вірумаа «БЭЗ»

“БЭЗ” учора і сёння

“БЭЗ” адзначыў сваё 15-годдзе шэрагам мерапрыемстваў з 15 па 22 сакавіка. На гэтым тыдні ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Эстоніі на розных пляцоўках гучала беларуская мова, беларуская музыка і песні, а выставы выяўленчага і народнага мастацтва, беларуская кухня знаёмілі жыхароў і гасцей рэгіёну з нашай культурай. “БЭЗ” прымаў віншаванні ад Консула Рэспублікі Беларусь у Таліне Валерыя Гарэлькі, начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Наталлі Булавінцавай, мясцовых уладаў, беларускіх суполак Эстоніі, іншых нацыянальных суполак і г.д.
Азіраючыся назад, можна з упэўненасцю сказаць, што намаганні сяброў БЭЗа на працягу 15 гадоў дзейнасці па адраджэнні і захаванні беларускай культуры, роднай мовы сярод беларускай дыяспары не прайшлі дарма. БЭЗ ведаюць і ў Эстоніі, і па-за яе межамі па яго справах. Мы добра папрацавалі, каб у шматнацыянальным асяроддзі нашага рэгіёну беларускасць успрымалася з павагай і зацікаўленасцю, каб нашы беларусы любілі, шанавалі і ганарыліся сваёй мовай, культурай і адметнасцю, каб у Эстоніі добра ведалі творчых асобаў і калектывы з Беларусі.
БЭЗ дасылае словы ўдзячнасці ўсім, хто быў нашым падарожнікам на шляху цягам 15 гадоў: з роднай Беларусі, Санкт-Пецярбургу, Іркуцку, Літвы, Латвіі, Украіны. Усім, хто прыязджаў да нас, хто прымаў нас у сябе, з кім мы трымаем рознабаковую сувязь.
Шчыры ўсім дзякуй, мы вас помнім і любім!
Маргарыта Астравумава,
старшыня Беларуска-Эстонскага Згуртавання “БЭЗ”

5 гадоў Аўтаноміі “Беларусы Расіі”
Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Расіі" адзначыла сваё пяцігоддзе. Гэта арганізацыя была створана 1 красавіка 1999 г. і аб’ядноўвае пэўную частку арганізацый беларусаў Расіі. На святкаванне юбілею ў Маскву сабраліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый Расіі. Таксама яны ўзялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Роля беларускай дыяспары ў развіцці інтэграцыйных працэсаў” і святочнай вечарыне, прысвечанай 5-годдзю арганізацыі.
У адпаведнасці з апошнім перапісам насельніцтва сёння ў Расіі пражываюць 814,7 тысяч беларусаў. Па колькасці яны займаюць 9-е месца сярод пражываючых у краіне 160 нацыянальнасцяў. Сёння ў Расіі склалася шматузроўневая структура дыяспары, у якую ўваходзяць 13 нацыянальна-культурных аўтаномій і больш за 60 грамадскіх беларускіх арганізацый.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

5 гадоў “Беларусі” ў Адэсе, Украіна
У Адэсе існуе Нацыянальна-культурнае аб’яднанне “Беларусь”. Сябрам праўлення аб’яднання з’яўляецца вядомы вучоны-генетык Адольф Стэльмах. Беларусы тут адчуваюць сябе адной беларускай сям’ёй. Многія эдэскія беларусы займаюць высокія пасады ў горадзе – загадчык кафедры педінстытута, прафесар хімічнага факультэта ва ўніверсітэце, галоўны лекар дзіцячай паліклінікі, дырэктар завода мэталаапрацоўчых канструкцый, галоўны рэдактар Адэскай кінастудыі, генэральны консул Расіі ў Адэсе – беларус, генэрал у адстаўцы, начальнік упраўлення абласной падатковай інспекцыі, загадчык аддзела культуры мэрыі, юрыста маем, шмат бізнэсменаў паспяховых. Усе яны – сябры беларускага аб’яднання. У гэтым годзе аб’яднанне “Беларусь” будзе адзначаць 5 гадоў сваёй дзейнасці. У Адэскай вобласці жыве некалькі тысяч беларусаў.
Аб’яднанне мае свай ансамбаль, пастаянна наладжвае святкаванні і канцэрты, супрацоўнічае з іншымі нацыянальнымі аб’яднаннямі горада. Да кожнай беларускай песні распрацаванае адмысловае літаратурнае суправаджэнне. У аб’яднання “Беларусь” ёсць нават Гімн адэскіх беларусаў.
Паводле Радыё “Свабода”

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе юбіляраў і зычыць далейшай плённай дзейнасці па папулярызацыі і захаваннібеларускай культуры, мовы і традыцый у краінах пражывання.

ВЕСТКІ

Весткі адным абзацам
· Дзяржаўны рэгістр кінавідэафільмаў Міністэрства культуры адмовіў студыі “Таццяна” ў выдачы пракатнага пасведчання на паказ дакументальнага фільма пра жыццё і творчасць Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому... Рэквіем”. Міністэрскія чыноўнікі, забараняючы паказ кінафільма на тэрыторыі Беларусі, спасылаюцца на тое, што кінастужка нібыта можа адмоўна паўплываць “на маральна-этычныя асновы жыцця беларускага народа”.
· З красавіка штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Всемирная литература”, “Нёман” не будуць распаўсюджвацца праз шапікі, толькі праз падпіску. Паводле былога галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Генрыха Далідовіча, гэта сведчыць пра далейшае звужэнне кола беларускамоўнага друку.
· Ва ўрочышчы Курапаты пашкоджаныя 9 крыжоў. Невядомыя вандалы выкарчавалі іх з зямлі.
· У гадавіну стварэння беларуска-расийскай супольнасці Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў абнародаваў дадзеныя агульнанацыянальнага апытання, праведзенага ў сакавіку. Адносная большасць 34% называюць першай у гісторыі беларускай дзяржавай Вялікае Княства Літоўскае, 15% – БНР, толькі 17% – БССР. Прыкладна столькі ж –18% вядуць адлік беларускай дзяржаўнасці з 1991 года, з абвяшчэння Рэспублікі Беларусь.
· Беларускамоўны дзіцячы часопіс “Бярозка” ад пачатку красавіка спыняе існаванне як самастойная адзінка. Загадам Міністэрства інфармацыі калектыў рэдакцыі звольнены.
· “Вярнуць на Беларускае тэлебачанне беларускую мову!” – з такім патрабаваннем да новага старшыні Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Уладзімира Матвейчука звяртаецца сёння Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.
· Газета “Голас Радзімы” стварыла мультымедыйны партал Беларусі. Яго адрас – www.21.by На сайце можна знаёміцца з навінамі, слухаць айчынныя радыёстанцыі, праглядаць фотахроніку. Акрамя таго, у цэнтры Мінску, на праспекце Ф.Скорыны, усталявана першая ў Беларусі пастаянна дзейсная вэб-камера. З яе дарамогай наведвальнікі рэсурса ў любой кропцы змогуць бачыць горад у прамым эфіры.
· Апошняе выданне “The Economist World in Figures” дае дэталёвую статыстыку сусветнай супольнасці. Беларусь займае 10-е месца ў свеце сярод краінаў з найбольш нізкімі тэмпамі росту насельніцтва і першае месца па колькасці працуючых жанчын (адносна агульнай колькасці занятых).


СВЯТКАВАННЕ ДНЯ ВОЛІ

Дзень Волі па Еўропе
А 14-й гадзіне ў Варшаве каля будынку Сейму сябры польскай грамадскай арганізацыі “Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” арганізавалі пікет пад лозунгам “Дапамажы Беларусі, якая змагаецца”. У Варшаўскім універсітэце, сябры навуковага кола “Альбарутэніка” наладзілі трохгадзінную лекцыю. Увечары ў Варшаве Беларускае задзіночанне студэнтаў арганізавала таксама паказ фільмаў, прысвечаных Беласточчыне. А ў паўночна-галандскім горадзе Гронінген сябры беларускага Звязу Галандыі ўзялі ўдзел у традыцыйным свяце замежнікаў. У Беластоку апоўдні адбылося адкрыццё выставы “Грамадзянская Беларусь”, прысвечанай сітуацыі недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі. У Бэльгіі адбылося ўрачыстае набажэнства з нагоды Дня Волі, а ўвечары ўрачыстая вечарына ў горадзе Антвэрпен. У Нарвегіі таксама адбылася невялікая акцыя, прысвечаная Дню Волі. Яе ўдзельнікі распаўсюджвалі ў невялікіх мястэчках гэтай краіны інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.
Паводле радыё “Свабода”

Рыга, Латвія
27 сакавіка ў Рызе адбылося ўрачыстае святкаванне 86-х угодкаў абвяшчэння БНР, якое ладзіла Латвійскае таварыства беларускай культуры “Cьвітанак”. Пачалося свята ў запоўненай залі Дома Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі з гімна “Магутны Божа” ў выкананні гурта таварыства “Cьвітанак”. У сваёй прамове старшыня таварыства распавяла прысутным аб падзеях, папярэдніх самай галоўнай для беларусаў ў ХХ стагоддзі гістарычнай падзеі – абвяшчэння Акту 25 Сакавіка. Усе мелі магчымасць паслухаць даслоўныя тэксты Першай, Другой і Трэцяй Устаўных грамат Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, каб зрабіць самастойныя высновы аб тых падзеях у Беларусі ў 1917-1918 гадах, з якіх пачаўся новы незалежніцкі этап у гісторыі нашага народа, іх значэнні і ўплыве на далейшы лёс беларусаў. У дакладзе прагучала таксама падрабязная інфармацыя аб мужных змагарах, якія баранілі незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны і аддалі за ідэалы БНР сваё жыццё – Слуцкіх паўстанцах. На свяце былі зачытаныя віншаванні, атрыманыя латвійскімі беларусамі ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і ад беларускіх грамадскіх арганізацый розных краінаў свету. У канцэртнай частцы свята прагучалі беларускія патрыятычныя і народныя песені ў выкананні гурта таварыства і яго салістаў Аляскандры Ларыёнавай, Анатоля Ермаковіча і Станіслава Клімава. Чытаннем патрыятычных вершаў беларускіх паэтаў упрыгожыла свята Таісія Бачкарова. Далей найгалоўнейшае свята беларусаў працягвалася за святочным сталом.
Адразу пасля ўрачыстай часткі некаторыя з беларусаў, што трапілі на падобнае святкаванне Дня Волі ўпершыню, звярнуліся з просьбаю ўступіць у таварыства “Cьвітанак”. Падрыхтаваць да свята змястоўны даклад, у якім быў прыведзены шэраг новых, раней невядомых для значнай часткі прысутных фактаў, стала магчымым дзякуючы спадарыні Раісе Жук-Грышкевіч з Каардынацыйнага Камітэту беларусаў Канады, якая на прыцягу многіх гадоў дасылае ў “Cьвітанак” свае насычаныя каштоўнай для нас інфармацыяй Камунікаты.
Таццяна Казак,
Старшыня ЛТБК “Сьвітанак”

Прага, Чэхія
25 сакавіка ў Празе адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 86-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У мерапрыемствах брала ўдзел Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, якая знаходзілася ў гэты час з візітам у чэшскай сталіцы. У памяць пра першых кіраўнікоў БНР былі ўскладзеныя кветкі ды запалены свечкі на Альшанскіх могілках Прагі, дзе яны пахаваныя. У святочных імпрэзах бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары розных краін.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Брусель, Бельгія
У Дзень Волі адбыліся пікеты, арганізаваныя беларускай дыяспарай у Бельгіі. Беларускі Цэнтар у Бельгіі ў Дзень Волі пікетаваў беларускую амбасаду ў Бруселі. Удзельнікі пікета трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і плакаты. “Мы не адседжваемся ў Еўропе, а спрабуем сваімі дзеяннямі прыцягнуць увагу да праблемаў Беларусі...”, – сказала прадстаўніца Беларускага Цэнтра ў Бельгіі Галіна Мацюшына.
У гонар 86 угодкаў БНР “Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне” (БЭЗ) правяло пікет каля Еўрапарламента. Мэтай пікета было звярнуць увагу сябраў Еўрапарламента, пасяджэнне якога праходзіла ў гэты дзень у Бруселі, да палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Як паведамляе прэс-сакратар БЭЗ Аркадзь Васілеўскі, у час размовы, якая адбылася паміж пікетоўцамі ды ўдзельнікамі паседжання, стала вядома, што актывізавалася абмеркаванне пытання больш хуткай інтэграцыі Беларусі ў Еўрасаюз. З боку праваахоўнікаў Бруселя была выказаная добразычлівасць і разуменне адносна палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
www.razam.org

Познань, Польшча
Беларускі Культурна-Асветніцкі Цэнтр у Познані ў чарговы раз зладзіў сустрэчу сябраў арганізацыі. Спатканне адбылося ў “Кавярні ў сяброў”, што ля “Познаньскага Таварыства Прыяцеляў Навук”. Святкаванне мела форму размовы на найбольш займальныя для беларускай моладзі тэмы. У гутарцы ўзялі ўдзел таксама Анатоль Маўчун і Вітальд Адамовіч – прадстаўнікі пасляваеннай эміграцыі.
Віталь Воранаў

Калінінград, Расія
25 сакавiка ў касцёле адбылася ўрачыстая iмша за беларускi народ. Гэта сталася магчымым дзякуючы айцу Сяргею, якi не так даўно быў прызначаны ў нашу дыяцэзiю. Упершыню на калiнiнградскай зямлi ў храме, дзе сабралiся сябры нашага таварыства самых розных веравызнанняў, гучала беларуская мова. Пасля iмшы, з ласкi айца Сяргея, святкаванне перамясцiлася ва ўтульную залу гасцявога дома, аздобленую Пагоняй i бел-чырвона-белым сцягам. Да глыбокай начы гучалi прамовы, успамiны, вершы i песнi. Было прыгожа i велiчна, без звыклага ў апошнi час пераследу з боку “дабрадзеяў”: аддзялення пасольства Беларусі (кiраўнік Уладзiмір Заламай) i “Калининградского землячества белоруссов” у асобе ейнага кiраўнiка Іосіфа Грэчкі.
Ігар Шаховіч,
кіраўнік Таварыства беларускай культуры


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Беларуская эміграцыя – абаронца роднае мовы”
Сайт Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі КАМУНІКАТ (http://kamunikat.net.iig.pl) запрашае пазнаёміцца з кнігай Ніны Баршчэўскай “Беларуская эміграцыя – абаронца роднае мовы”. Гэтая выдавецкая навінка з’явілася ў пачатку 2004 года.
З прадмовы да кнігі: Прадметам дысертацыі з’яўляецца аналіз публікацыяў, змешчаных на старонках беларускага эміграцыйнага друку, у якіх абмяркоўваюцца пытанні беларускае мовы. У працы разглядаецца сузалежнасць паміж правапіснымі нормамі і вымаўленнем; паказваецца значэнне беларусізацыйных працэсаў для будавання нацыянальнае тоеснасці; прыводзяцца, з аднаго боку, прыклады русіфікацыі беларускае мовы, а з другога – імкненне беларусаў як у замежжы, гэтак і на Бацькаўшчыне, захаваць чысціню роднае мовы; характарызуецца сітуацыя беларускае мовы ў школьнай сістэме Беларусі ў розных умовах: пад нямецкай акупацыяй, у савецкі перыяд ды ў сённяшні час; разглядаецца навуковая і выдавецкая дзейнасць у Беларусі ды ў замежжы, а таксама зацікаўленне беларусікай у свеце, у тым ліку і ў Польшчы.
Погляд беларускай эміграцыі на ролю роднае мовы ў захаванні нацыянальнай адметнасці дагэтуль не быў прадстаўлены суцэльна. Сённяшняя праца прынамсі ў нейкай ступені дапаможа запоўніць існуючы прабел і, з аднаго боку, будзе служыць дапаможнікам для беларускамоўнага навучання ў Польшчы, а з другога – зможа быць выкарыстаная нацыянальнай інтэлігенцыяй у Беларусі, якая ўсё мацней цікавіцца творчасцю беларусаў у эміграцыі. Гэта свайго роду праява ўдзячнасці для беларускай дыяспары за ейную карпатлівую працу не толькі дзеля захаваньня роднае мовы, але таксама дзеля яе ўзбагачэння ды зацікаўлення ёю іншыя народы.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Запісы БІНІМа
Беларускі Інстытут Навукі і Мастацва ў Нью-Ёрку (БІНІМ) выпусціў у свет 27-мы нумар сваіх “Запісаў”. Серыя заснавана ў 1952 годзе ў Нью-Ёрку і традыцыйна змяшчае навуковыя даследаванні па гісторыі і сучаснасці беларускай дыяспары ў свеце, а таксама літаратурныя творы беларускіх замежных пісьменнікаў. Першы раздзел 27-га нумару “Запісаў” прысвечаны памяці вядомай дзеячцы беларускай эміграцыі Зоры Кіпель. У раздзеле “Тэксты” артыкул пра беларусаў Аўстраліі прапануе даследчыца Наталля Гардзіенка (дарэчы, вынікі яе працы будуць увасобленыя ў 2-й кнізе серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якую заснавала нашая арганізацыя). У раздзеле “Архіваліі” можна пазнаёміцца з гісторыяй Беларускай Аўтакефальнай царквы. У літаратурным раздзеле змешчаны нататкі вядомага замежнага беларускага паэта і пісьменніка Янкі Юхнаўца. У “Запісах” таксама можна знайсці раздзелы “Пераклады”, “Беларусіка”, “Кнігапіс”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Беларускай эміграцыі прысвячаецца
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс сярод студэнтаў і маладых навукоўцаў (да 35 гадоў) на лепшы атыкул, прысвечаны трэцяй хвалі беларускай эміграцыі:
яе гісторыі, сучаснасці, культуры,
· філасофіі беларускай дыяспары,
· яе асяродкам, асобным дзеячам, помнікам, цэрквам,
· выданням беларускай дыяспары,
· падзеям,
· тэрмінам, актуаліям ды інш.
Працы павінны быць арыгінальным даследваннем аўтараў і насіць энцыклапедычны харктар (грунтоўна і ўсебакова асвятляючы тэму). Лепшыя працы ўвойдуць у энцыклапедычны даведнік беларускай дыяспары (спачатку – электронную версію на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”), а пераможцы будуць узнагароджаны. Адбор прац будзе ажыццяўляцца кампетэнтнай экспертнай камісіяй.
Праца павінна ўтрымліваць каардынаты (пры наяўнасці – навуковую ступень) аўтара, бібліяграфію да артыкула. Памер працы – да 8 друкаваных старонак (шрыфт Times New Roman 14 пт, праз 1,5 інтэрвала).
Працы прымаюцца да 20 верасня па адрасе: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15, для МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Тэл. для даведак (017) 289-31-94.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Юбілеі
Красавік – месяц юбілеяў! Сардэчна віншуем сяброў Вялікай Рады з круглымі датамі – Алену Глагоўскую (Польшча), Алеся Карповіча (Латвія), Пятра Капчыка (Украіна), Юрыя Туронка (Польшча), Уладзіміра Клітончыка (Расія), Ігара Хаменку (Беларусь), Яўгена Лецку (Беларусь), Уладзіміра Конана (Беларусь).
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Спроба скрасці дошку У.Ігнатоўскаму
У позна ўвечары 16 красавіка невядомыя спрабавалі скрасці мемарыяльную дошку заснавальніка Інбелкульта У.Ігнатоўскага. Дошка размяшчалася на фасадзе будынка па вуліцы Рэвалюцыйная, дзе месціцца офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Выпадковы мінак на вуліцы а 10-й гадзіне ўвечары, ўбачыў, як зрывалі шыльду са сцяны, запратэставаў і паклікаў супрацоўніка офіса “Бацькаўшчыны”. Пасля гэтага невядомыя зніклі з месца злачынства. У адлегласці 25 метраў ад месца злачынства стаяла машына з супрацоўнікам ДАІ, але ён заявіў, што нічога не бачыў і не чуў, хаця знаходзіўся ў машыне, павернутай непасрэдна да сцяны будынка.
На гэтай сцяне месціліся 2 шыльды: М.Гарэцкаму і У.Ігнатоўскаму. Прычым шыльду М.Гарэцкаму ўжо скрадалі ў 2001 годзе. Міліцыя ў росшуках той шыльды не здолела дапамагчы, пакуль праз год яе не падкінулі ў двор будынка.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by