МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№6(№43)
чэрвень
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

АКТУАЛЬНАЯ ТЭМА: З'ЕЗД БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ

Ігар Шаховіч, старшыня Беларускага таварыства культуры г. Ка-лінінграда (Калінінград, Расія): Наша арганізацыя актыўна рыхтуецца да З’езда, ужо вылучаны дэлегаты. Мы спадзяемся на сустрэчу і гутарку з нашымі землякамі з розных краін. Беларускім дыяспарам зараз існаваць нялёгка, ёсць розныя праблемы, якія хацелася б узняць на З’ездзе. Мы спадзяемся, што на гэтым форуме будуць прысутнічаць прадстаўнікі дзяржаўных структур, якія цікавяцца нашымі падзеямі. Спадзяемся, што яны адлюструюць для сябе тую інфармацыю, якая прагучыць на пасяджэннях. Хацелася б, каб узнятыя пытанні былі агучаны не толькі ў незалежных сродках інфармацыі, але каб іх пачулі і тыя чыноўнікі, якія маюць уплыў на сітуацыю.
Апошні З’езд адбыўся чатыры гады таму, але мы не бачым якіхсьці значных і вялікіх змен у лепшы бок у працы з беларускай дыяспарай з боку дзяржавы. Таму я думаю, што чарговы З’езд павінен у прынцыповых момантах вызначыцца: ці мы застаемся існаваць у такіх умовах, да якіх мы прыйшлі, альбо нам трэба нешта кардынальна мяняць.

Алесь Трусаў, старшыня мала-дзёвага аддзела Таварыства беларускай культуры Літвы (Вільня, Літва): У Таварыстве беларускай культуры я ўзначальваю Маладзёвы аддзел, і таму я еду на З’езд асабліва зацікаўлены мала-дзёвымі пытаннямі. На апошнім З’ездзе моладзі было няшмат, і мы хацелі б, каб на гэты З’езд прыехала болей людзей маладога ўзросту. Мы маем стасункі з рознымі беларускімі суполкамі ў іншых краінах, і моладзь з іх плануе прыехаць на З’езд. Дэлегаты на З’езд ад нашага Таварыства ўжо вылучаны. Кожны з нас рыхтуе тэкст выступаў, і, канешне, кожны будзе закранаць тыя тэмы, за якія адказны. На гэтай глебе будзем шукаць аднадумцаў на З’ездзе з розных краінаў. На гэта мы і разлічваем.
Мы падтрымліваем кантакты з беларусамі Калінінграда, Латвіі, Чэхіі. Будзе прыемна іх зараз пабачыць. Мы рыхтуем да іх прапановы аб супрацоўніцтве, пра якія зараз казаць не буду. Усё будзе вырашацца, калі мы ўсе збяромся ў Мінску, выкажам свае думкі, разгледзім, чаго мы дасягнулі за мінулыя гады, што зроблена ў тых суполках. Дзеля гэтага мы і едзем, каб сустрэцца з сябрамі, па-знаёміцца з новымі.
Мы сочым за навінамі падрыхтоўкі З’езда. У многіх сяброў нашага Таварыства ёсць інтэрнэт, і я ведаю, што многія заходзяць на старонку Згуртавання “Бацькаўшчына”. Многія падпісаныя на рассылку навінаў “Бацькаўшчыны”, а таксама мы атрымліваем бюлетэнь “Беларусы ў свеце”.


НАВІНЫ МГА "ЗБС "БАЦЬКАЎШЧЫНА"

Віншуем!

60 гадоў Валерыю Барташу
24 чэрвеня святкуе 60-гадовы юбілей старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя М.Багдановіча “Пагоня” (Севастопаль, Расія), сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” Валерый Барташ.

Юбілей Ніны Савінавай
25 чэрвеня святкуе 50-годдзе старшыня Асацыяцыі беларусаў Эстоніі, сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Савінава.

40 гадоў Яўгену Вапу
28 чэрвеня адзначае 40-годдзе галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” (Беласток, Польшча), сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” Яўген Вапа.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе юбіляраў, зычыць здароўя, натхнення, здзяйснення ўсіх творчых планаў!

9 гадоў ІТБК
31 траўня 2005 г. Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) споўнілася 9 гадоў. У гэты дзень у 1996 г. прайшоў І з’езд беларусаў Іркуцкай вобласці. Менавіта на гэтым форуме былі зацверджаны назва, эмблема і статут арганізацыі, а таксама вызначаны асноўныя мэты, задачы і накірункі дзейнасці.
За 9 гадоў існавання Таварыства здзейсніла вялізную працу і прыцягнула да беларушчыны шмат людзей. На сённяшні дзень ІТБК вядзе працу па 22 асноўных накірунках, створана шэсць філіялаў па Іркуцкай вобласці.
Зычым нашым паплечнікам і надалей трымаць такі насычаны графік і такі ўзровень плённасці працы!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Энцыклапедыя Беларускай Дыяспары
Сёння па-за межамі Беларусі пражывае каля 3,5 мільёнаў беларусаў. Беларусы замежжа актыўна будуюць грамадскае жыццё: засноўваюць беларускія грамад- скія і палітычныя арганізацыі, навуковыя ўстановы, суполкі мастакоў, нацыянальны друк і асвету, культурныя цэнтры, музеі і архівы, мастацкія калектывы, храмы.
Вывучэнне беларускай дыяспары пачалося фактычна толькі на пачатку 1990-х гадоў і сёння мае добры набытак. Тым не менш, засталіся некранутымі важныя аспекты гісторыі і сучаснага існавання дыяспары. З іншага боку, вядома, што кожная галіна гуманістыкі дасягае таго этапу, калі неабходна падвесці вынікі зробленага. Падобная сітуацыя склалася і з вывучэннем беларускай дыяспары.
Апісаную праблему зможа вырашыць навуковая сістэматызацыя праз складанне разгалінаванай і навукова абгрунтаванай энцыклапедыі. Гэта дазволіць падвесці вынік і аўтарытэтна замацаваць зробленае ў вывучэнні набыткаў беларускай дыяспары ў свеце.
З ідэяй складання і выдання Энцыклапедыі Беларускай Дыяспары выступілі Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк) і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (Мінск). Канцэпцыю энцыклапедыі распрацаваў вядомы беларускі даследчык Лявон Юрэвіч (ЗША). Праца над ЭБД распачнецца пасля правядзення Чацвёртага з’езда беларусаў свету.
Дзеля прафесійнай падрыхтоўкі ініцыятары ЭБД звяртаюцца да гісторыкаў і дзеячаў беларускай дыяспары, а таксама ўсіх неабыякавых з запрашэннем да супрацоўніцтва і працы над Энцыклапедыяй Беларускай Дыяспары. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ствараюць арганізацыйны камітэт, які возьме на сябе ініцыятыву па зборы, апрацоўцы, рэдагаванні і друку ЭБД.
ЭБД мае ўвабраць у сябе: біяграфіі як беларусаў-эмігрантаў, так і прадстаў-нікоў іншых нацыянальнасцяў, чыя дзейнасць была ці ёсць звязаная з беларускай дыяспарай; артыкулы пра геаграфічныя мясцовасці, дзе знайшлі прытулак беларусы; арганізацыі; парафіі; выдавецтвы і выданні; падзеі і імпрэзы; тэарэтычныя, аглядныя артыкулы, тэрміналогію і шмат іншага.
Ініцыятары праекта будуць удзячныя за любую дапамогу ў падрыхтоўцы і выданні Энцыклапедыі. Пракансультавацца наконт праекта, даведацца ўмовы і патрабаванні да зместу і тэрміналогіі можна праз адрас:
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
вул. Рэвалюцыйная, 15.
Мінск, 220030
Рэспубліка Беларусь
Альбо праз электронны адрас:
zbsb@lingvo.minsk.by\zbsb@tut.by
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
1 чэрвеня 2005 г. каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Бруселі адбылася акцыя пратэсту супраць рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі ды супраць незаконнага прысуду старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Міколу Статкевічу і лідэру беларускай моладзі Паўлу Севярынцу.
Падчас акцыі яе ўдзельнікі спрабавалі перадаць зварот беларусаў Бельгіі, Францыі і Чэхіі да амбасадара. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў супрацоўнік амбасады, які заявіў беларускім актывістам, што іхнія дзеянні незаконныя. Супрацоўнік амбасады катэгарычна не хацеў размаўляць па-беларуску.
www.unija.info

Франкфурт-на-Одэры, Германія
8-га і 9-га чэрвеня жыхары нямецкага Франкфурта-на-Одэры згадваюць Віцебск і Беларусь. “Белыя ночы на Одэры” – так называецца традыцыйнае свята выкладчыкаў і студэнтаў франкфурцкага еўрапейскага ўніверсітэта Віядрына. Сёлетнія “Белыя ночы” ўпершыню прысвечаныя Беларусі. Урачыстае адкрыццё адбылося ў сенацкай залі франкфурцкага ўніверсітэта. Удзел у дыскусіях, прысвечаных перспектывам развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі, сёлета бяруць вядомыя эксперты ў галіне Усходняй Еўропы, студэнты розных універсітэтаў і ўсе зацікаўленыя жыхары горада.
У праграме імпрэзы таксама фільмы беларускага рэжысёра Валера Аслюка, фота- і кніжная выставы пра Беларусь. Адна з экспазіцый называецца “Шлях да перамогі”. У ёй прадстаўленыя гістарычныя фатаграфіі часоў гітлераўскай акупацыі Беларусі. Позна ўвечары на імправізаваных вулічных сцэнах гралі і спявалі беларускія і нямецкія музыкі.
Радыё “Свабода”.
2005. 8 чэрв.

Венецыя, Італія
Беларуская экспазіцыя сучаснага мастацтва адкрылася ў Венецыі. 51-я Міжнародная выстава “Біеннале” – культурнае мерапрыемства нумар адзін у свеце. У выставе гэтага года – экспазіцыі 70 краін. Для Беларусі ўдзел у Італьянскім культурным форуме асабліва ганаровы. Да гэтага айчыннае мастацтва было прадстаўлена на “Біеннале” толькі аднойчы – у 1948 годзе. Тады экспанаваліся карціны Марка Шагала. Беларускі павільён будзе прымаць гасцей да лістапада. Там можна пабачыць 30 жывапісных і скульптурных твораў сучасных беларускіх мастакоў.
“Агульнанацыянальнае тэлебачанне”. 2005. 11 чэрв.

Нью-Ёрк, ЗША
У Нью-Ёрку адбылося пасяджэнне Прэзідыума Рады БНР, на якім была прынятая заява ў падтрымку студэнтаў-галадоўнікаў у Жодзіне і іншых навучэнцаў, выключаных за сваю апазіцыйную дзейнасць, былі асуджаны прысуд Паўлу Севярынцу і Міколу Статкевічу. Рада БНР таксама выказала абурэнне дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі, у якім недзяржаўным арганізацыям і СМІ забаронена ўжываць словы “нацыянальны” і “беларускі”. Былі абмеркаваныя пытанні стасункаў з палітыкамі ЗША, Канады і еўрапейскіх краінаў у справе ўсталявання дэмакратыі ў Беларусі.
“Сharter’97”. 2005. 7 чэрв.

Рыга, Латвія
У сталiцы Латвii, у Доме Рыжскага Латвійскага таварыства, адбылася творчая вечарына беларускага кампазiтара Iгара Лучанка. У ёй удзельнiчалi яго землякi – прафесiйныя i самадзейныя артысты з Латвii. Гучала беларуская мова, якая была зразумелай усiм у зале – гэта мова прыгожых i ўсiм добра знаёмых песень.
Задумка гэтай сустрэчы даўно нарадзiлася ў Саюзе беларусаў Латвii. Яго старшыня Валянцiна Пiскунова агучыла яе Iгару Лучанку, i той прыняў запрашэнне прыехаць у Латвiю. Больш таго, спачатку даслаў ноты сваiх песень, i беларускiя салiсты i творчыя калектывы з Рыгi, Даўгаўпiлса, Вентспiлса, Лiепаi, Прэйлi развучылi яго творы менавiта да гэтай сустрэчы. Атрымалася сапраў-днае свята беларускай песнi, на якое прыйшлі дыпламаты Беларусi, Расii i iншых дзяржаў. Жаданымi гасцямi на iм былi маэстра Райманд Паулс з жонкай i Вольга Пiрагс. Для Iгара Лучанка, як ён заўважыў, гэта было i свята, i своеасаблiвы экзамен.
Сайт ЛТБК “Cьвітанак”

Вільня, Літва
У Вільні адбылася двухдзённая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная інаўгурацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Універсітэт, зачынены ў Мінску беларускімі ўладамі, будзе цяпер працаваць у Літве. Інаўгурацыйную канферэнцыю ладзіць грамадская ўстанова “EHU International”, якая працягвае дзейнасць зачыненага ЕГУ ў замежжы. У канферэнцыі бралі ўдзел кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты ЕГУ, многіх ВНУ з Літвы і іншых краінаў, прадстаўнікі ўладаў Літвы, прадстаўнікі інстытуцыяў Еўразвяза, у тым ліку Еўрапарламента, прадстаўнікі краінаў еўрапейскай супольнасці, – амбасадары многіх еўрапейскіх краінаў у Беларусі і Літве, амбасадар ЗША ў Літве Дональд Мул, прадстаўнікі фонду Сораса і МакАртура, іншых міжнародных грамадскіх арганізацый з усяго свету. Удзельнікаў канферэнцыі прывітаў прэ-зідэнт Літвы Валдас Адамкус.
Сёння ў Вільні атрымалі дыпломы тыя выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, якія, працягваючы сваё навучанне ў розных краінах, адначасова займаліся паводле дыстанцыйных праграмаў ЕГУ. Амбасадар Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Шмялеўскі перадаў узнагароды прафесарам ЕГУ – Французскія Медалі.
Грамадская ўстанова “EHU International” ад восені 2004 года дзейнічае як універсітэт у выгнанні. Яе асноўная мэта – стварыць у Беларусі і для Беларусі альтэрнатыўную сістэму вышэйшай адукацыі, вольную ад стандартаў ідэалагізаванай дзяржаўнай адукацыі. Будзе забяспечвацца прызнанне навуковых ступеняў ЕГУ на міжнародным узроўні. Цяпер распачнецца праца па акрэдытацыі ўніверсітэта ў Літве і ліцэнзаванні праграмаў.
Паводле “AFN”

Вільня, Літва
У Вільні адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма пра Скарынаўскую школу і беларускія асветніцкія традыцыі Віленшчыны. Фільм, які стварылі беларускія старшакласнікі, быў уганараваны прызам за лепшую аператарскую працу. Самі стваральнікі называюць свой твор міні-фільмам, але ў ім змясціўся аповед пра сучасную беларускамоўную школу ў Вільні, пра беларускія традыцыі і гісторыю, у ім узялі ўдзел і сказалі сваё слова і цяперашнія вучні і настаўнікі, і былая вучаніца Віленскай беларускай гімназіі Галіна Войцік, і нават сам Скарына.
Зрабілі фільм вучні 9-га, 10-га і 11-га класаў Віленскай беларускамоўнай школы імя Ф.Скарыны, якія бяруць удзел у працы “Моладзевай студыі” (“Jaunimo studija”), тэлеперадачы пра моладзь і для моладзі, якую ствараюць, фільмуюць і манціруюць не прафесіяналы, а вучні. У Літве фільм паказалі кабельныя тэлеканалы “Вініта”, “Рыгведа”, “Полсат”, а цяпер ён быў прадстаўлены на ўзроўні горада ў адным з найбуйнейшых віленскіх кіназалаў “Летува”. Магчымасць стварыць фільм пра сябе саміх беларускія вучні мелі дзякуючы адмысловаму праекту, які прыдумала і здзейсніла рэжысёр-дакументаліст Наталля Юхневіч разам з Віленскай гімназіяй імя Васіля Качалава.
Радыё “Свабода”. 2005. 5 чэрв.

Вільня, Літва
Хутка адновіцца выданне газеты беларусаў Вільні. У Вільні доўгі час выхо-дзіла славутая беларуская газета “Рунь”. З-за праблем з грашыма яна прыпыніла сваю дзейнасць, але ў хуткім часе Таварыства беларускай культуры плануе аднавіць выданне. На сённяшні момант з сяброў Таварыства складзены рэдакцыйны калектыў, матэрыялы напрацаваны, і пытанне толькі ў афармленні афіцыйных папер. Першы нумар выйдзе ўжо цягам бліжэйшых 2 месяцаў. Назва газеты будзе зменена. Выданне будзе штомесячнае.
У газеце абавязкова плануецца раздзел аб жыцці беларусаў у свеце, у якім будуць друкавацца паведамленні з розных суполак. Будзе таксама “Гасцёўня”. Рэдакцыя запрашае іншыя суполкі з розных краін друкаваць саве абвесткі і аб’явы ў газеце беларусаў Літвы.
Алесь Трусаў,
старшыня маладзёвага аддзела Таварыства беларускай культуры Літвы

P.S. На старонках бюлетэня “Беларусы ў свеце” будзе абавязкова зроблены агляд першага нумару адноўленай газеты беларусаў Літвы.

Свіраны, Літва
Свіранскі народны мемарыял створаны сіламі сяброў ТБМ імя Ф.Скарыны Віленскага Краю Літоўскай Рэспублікі на радзіме Ф.Багушэвіча – фальварку Свіраны Віленскага р-на Літвы. Цяпер у Свіранах устаноўлены дзве мемарыяльныя памяткі; пастаўлены Крыж паўстанцам 1863 г.; устаноўлена Фігура Маці Божай Ружанцовай Свіранскай; устаноўлена Фігура святога Юзафа (Язэпа), які трымае на руках Езуса (асвячэнне фігуры правёў а. Юзаф, ксёндз з Вострай Брамы г. Вільні). У гэтым цудоўным, маляўнічым і святым куточку паўстаў мемарыял у гонар паэта, дзе штогод былі і будуць праводзіцца імпрэзы ў гонар паэта. Сёлета таксама паспяхова прайшло свята ў гонар 165-х угодкаў з нараджэння Ф.Багушэвіча. Выданне кніжкі У.Содаля “Святы той куточак фальварка Свіраны” і яе прэзентацыя зрабілі імпрэзу цікавай і змястоўнай.
Цяпер Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны рыхтуецца да адкрыцця мемарыяльнай дошкі Ф.Багушэвічу ў Вільні па вул. Арклю, 20. Дазвол атрымалі, але няма пакуль што фінансаў. Спа-дзяемся на дапамогу грамадскасці.
Юры Гіль,
старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю

Беласток, Польшча
Новы музычны праект польскіх беларусаў “ILO” прэзентуе ў хіт-парадзе сайта “Тузін хітоў” (music.fromby.net) песню “Нянавісць”. Запіс зроблены ў прыватнай студыі “GGS Studio” ў мястэчку Грабоўка, непадалёк ад Беластока, 9 траўня 2005 г. Аўтар песні Лукаш Сцепа- нюк – музыка і журналіст – распавядае, што “Нянавісць” была напісана яшчэ пяць год таму. Тады яе выконвала група “Праект 2001”, якая па выкананні гэтай песні на “Басовішча-2001” здабыла адну з узнагарод фэсту. Усім запомніўся тады вакал 20-гадовай Ілоны Карпюк. Дарэчы, Ілона з 2003 г. з’яўляецца галоўным арганізатарам “Басовішча”. “ILO” – новы музычны праект сп-ні Карпюк.
music.fromby.net

Варшава, Польшча
У Варшаўскім этнаграфічным музеі адбыліся “Славянскія дні” – актыўны ўдзел у іх узялі сябры Інстытута беларускай культуры – незалежнай арганізацыі, у якую ўваходзяць беларусы Варшавы. У “Славянскіх днях”, мэта якіх – пашырыць веды палякаў пра суседнія народы, звычайна бяруць удзел дзесяткі музычных калектываў, народных майстроў, навукоўцаў з Чэхіі, Польшчы, Беларусі ды іншых краінаў. Інстытут беларускай культуры ўдзельнічае ў гэтым мерапрыемстве ўжо трэці раз запар – ад самага свайго заснавання – і кожны раз з нязменным поспехам.
Старшыня Інстытута Вольга Мазярская: “Сёлетні праект быў, можа, больш вузкі, але цікавейшы сутнасна. Мы за-прашалі гурт з Пінска “Крылы часу”, які грае класічную музыку, у тым ліку Агінскага, ды іншых старадаўніх беларускіх кампазітараў”. Акрамя гэтага, паводле спадарыні Мазярскай, палякі вельмі цікаві-ліся сучаснай Беларуссю, пра якую ў Польшчы даволі мала інфармацыі. Сябры Інстытута паказвалі наведнікам “Славянскіх дзён” альбомы пра Беларусь, апавядалі пра беларускую культуру.
Варта адзначыць, што Інстытут беларускай культуры ў Варшаве прэзентаваў Беларусь на “Славянскіх днях” выключна ўласнымі сіламі – намаганнямі сваіх сяброў і прыхільнікаў.
Радыё “Свабода”. 2005. 10 чэрв.

Вроцлаў, Польшча
У польскім горадзе Вроцлаве пачаў навучанне трэці клас ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. 26 ліцэістаў і некалькі настаўнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа маюць штодзённа 4 гадзіны лекцый па-беларуску і дзве гадзіны па-польску. Заняткі адбываюцца ў будынку вроцлаўскага ліцэю № 9, а жывуць беларускія ліцэісты ў дамах сваіх раўналетак – ліцэістаў з Вроцлава.
Прыезд беларусаў ва Вроцлаў стаў магчымым дзякуючы дапамозе Міністэрства замежных спраў Польшчы і мясцовых уладаў, а навучанне арганізавалі су-працоўнікі Калегіуму Усходняй Еўропы.
Кіраўнік Калегіуму Анджэй Дамброўскі кажа, што ў Польшчы шмат лю-дзей шчыра хочуць дапамагчы ліцэістам, бо ў польскай гісторыі былі перыяды, калі акупацыйныя ўлады не дазвалялі палякам вучыцца па-польску. Самі ліцэісты цешацца хаця б з той прычыны, што пасля доўгіх месяцаў заняткаў у маленькіх памяшканнях могуць вучыцца ў звычайнай аўдыторыі. Навучэнцы ліцэю застануцца ва Вроцлаве да 18 чэрвеня, а потым, у ліпені і жніўні, працягнуць навучанне ў Варшаве, Кракаве і Гданьску.
Паводле “Gazety Wyborczej”

Вроцлаў, Польшча
9-12 чэрвеня ва Вроцлaве ўжо другі рaз прайшоў Фестывaль белaрускaй культуры. Як і летась, aргaнізaтaрaмі выступілі ўрaд горaда і недзяржaўны фонд “Кaлегіум Усходняй Еўропы”. Фестывaль прaходзіў пaд пaтрaнaжaм міністрa культуры Польшчы Вaльдэмaрa Дaмброўскaгa.
Як рaсказаў aдзін з aргaнізaтaрaў фетывaлю стaршыня “Кaлегіума” Ян Aндрэй Дaмброўскі, мэтa імпрэзы – прэзентaцыя белaрускaй культуры, яе ствaрaльнікaў, звычaяў і трaдыцый, пaкaз рэaліяў сучaснaй Белaрусі. На працягу некaлькіх дзён польскaя грaмaдскaсць мела мaгчымасць бліжэй пaзнaёміцца з белaрускaй культурaй.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Гайнаўка, Польшча
Лепшым ліцэістам і гімназістам Комплексу школ з вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы (Беласточчына) уручаны дыпломы, падзякі і каштоўныя падарункі ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Саветнікі дыпламатычнай місіі і консул В.Палякоў наведалі ліцэй і гімназію з нагоды заканчэння вучэбнага года. Вучні атрымалі ў падарунак падручнікі і кнігі па беларускай літаратуры, гісторыі, культуры, СД-плэеры і кампакт-дыскі.
www.belarus21.by

Гайнаўка, Польшча
29 мая ў г. Гайнаўка (Польшча) гала-канцэртам лаўрэатаў завяршыўся Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”. Першая ўзнагарода фестывалю была прызначана Дзяржаўнаму акадэмічнаму хору радыё і тэлебачання Беларусі і Камернаму хору Харкаўскай філармоніі з Украіны. На заключным гала-канцэрце, які адбыўся ў Саборы святой Тройцы ў Гайнаўцы, прысутнічалі Прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі, Маршал Сейма Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч, Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, дэпутаты Сейма і Сената, прадстаўнікі рэгіянальных улад і грамадскасці.
На працягу васьмі дзён у межах фестывалю выступілі больш за 20 хароў у Польшчы, Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Грузіі, Украіны, Балгарыі, Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі, у тым ліку 7 свецкіх і царкоўных хароў з Беларусі.
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Белавежа, Польшча
У Белавежы прадстаўнікі цэнтрысцкай польскай партыі Грамадзянская платформа, лідэры БНФ, АГП, шматлікіх незалежных беларускіх асяроддзяў і вядомы літоўскі палітык Вітаўтас Ландсбергіс падпісалі Белавежскую дэкларацыю. Адбылося гэта ў час семінара “Палітыка Еўрапейскага Саюза ў адносінах да Беларусі”. Невыпадковае было месца, у якім сабраліся падпісанты Белавежскай дэкларацыі. Некалькі дзесяткаў кіламетраў ад Белавежы, у беларускіх Віскулях, падпісаны быў Акт аб распадзе Савецкага Саюза. У дэкларацыі перш за ўсё звяртаецца ўвага на тое, каб урады Літвы, Латвіі, Украіны і Польшчы цяпер каардынавалі свае намаганні з мэтай дапамагчы беларускай дэмакратыі.
Сярод пастулатаў знаходзіцца заклік да Еўрапейскага Звязу заснаваць сетку мясцовых радыёстанцый, размешчаных у краінах – суседках Беларусі, якія вяшчалі б па-беларуску, а таксама стварэнне беларускамоўнага спадарожнікавага тэлебачання. Іншай ідэяй ёсць стварэнне Еўрапейскага фонду дэмакратыі.
“Polskie radio “Polonia”.
2005. 13 чэрв.

Заблудаў, Польшча
27 мая пры царкве ў Заблудаве (Беласточчына) быў урачыста асвечаны помнік у гонар першадрукароў на нашай зямлі, якія дзейнічалі ў мястэчку ў XVI стагоддзі. Памятная табліца двухмоўная: польская і царкоўнаславянская. Манумент пастаўлены хадайніцтвам друкарні “Orthdruk” і рэдакцыі часопіса “Przeglad Prawoslawny”. Помнік узведзены ў гонар друкарні ў заблудаўскім манастыры, якую ў 1568 годзе заснаваў уласнік мястэчка, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч, гетман вялікі літоўскі. Друкарскай справай заняліся славутыя друкары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец.
“Ніва”. 2005. 5 чэрв.

Масква, Расія
Выдавецтва “Міжнародная кніга. Музыка” выпусціла унікальнае выданне — падвоены дыск “Анталогія беларускай класічнай музыкі”. Наклад — 1 000 экземпляраў. Дыск з’явіўся на аснове запісу двух канцэртаў, якія прайшлі ў 2002 годзе ў Маскве падчас Міжнароднага фестывалю “Прынашэнне Санкт-Пецярбурга”. У канцэрце, які быў арганізаваны сумесна з Саюзам кампазітараў Беларусі, браў удзел Дзяржаўны сімфанічны аркестр радыё і тэлебачання Расіі пад кіраўніцтвам беларускага дырыжора Міхася Снітко. Голас беларускай душы, як назваў прадстаўленае на дыску дырыжор Міхась Снітко, гучыць і дае магчымасць слухачам адкрыць для сябе нешта новае ў гісторыі беларускага мастацтва.
www.belarus21.by

Іркуцк, Расія
Кожны год 31 траўня Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) адзначае свой Дзень нара-джэння. З 2003 г. стала добрай традыцыяй напрыканцы траўня і пачатку чэрвеня праводзіць у Іркуцкай вобласці Тыдзень Беларускай Культуры. У гэтым годзе ў сувязі з гастролямі мастацкіх калектываў Таварыства, Тыдзень Беларускай Культуры ладзіўся з 5 па 11 чэрвеня. Кожны дзень адзначаны якім-небудзь мерапрыемствам, характар і накірунак якіх самыя разнастайныя (літаратурныя, творчыя, забаўляльныя, навуковыя, публіцыстычныя і інш.).
Тыдзень адкрыўся спектаклем “Трыбунал” па п’есе беларускага драматурга Андрэя Макаёнка, якую ў мясцовым Тэатры юнага гледача паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка. На наступны дзень у адміністрацыі Правабярэжнай акругі прайшоў вечар памяці, прысвечаны 60-годдзю Перамогі. На ім ветэранам Вялікай айчыннай вайны ўручалі медалі “60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. У праграме Тыдня адбыліся таксама ўрачыстасці, прысвечаныя 160-годдзю з дня нараджэння Яна Чэрскага, паказ кінафільма “Анастасія Слуцкая”, вечар беларускай музыкі, фестываль творчых калектываў Іркуцкага таварыства беларускай культуры.
На ўсіх мерапрыемствах, акрамя спектакля “Трыбунал”, уваход быў вольны.
Алена Мамантава,
прэс-сакратар ІТБК

Кіеў, Украіна
1 чэрвеня каля амбасады Рэспублiкi Беларусь ў Кiеве сябры арганiзацый “Нацыянальны Альянс” i “Малады Фронт” правялi акцыю салiдарнасцi з беларускiмi студэнтамi пад назвай “Дайце iм вучыцца!”. Больш за 20 маладых людзей разыгралi сiтуацыю, што кожны дзень назiраецца ў Беларусi: сярод вялiкай колькасцi запалоханых, пасiўных заўсёды знаходзiцца некалькi маладых людзей, якiя не баяцца выказаць сваю пазiцыю, за што знаходзяцца пад пастаянным наглядам спецслужбаў. Такiя ж акцыi адбылiся больш чым у дзесяцi абласных цэнтрах Украiны. Акрамя прыцягнення ўвагi грамадскасцi ва Украiне i за мяжой да праблемы са свабодай слова i думкi ў Беларусi, “Нацыянальны Альянс” распачаў працу ў накiрунку ўладкавання адлiчаных з навучання маладых бела-рускiх апазiцыянераў ва ўкраiнскiя навучальныя ўстановы. “Нацыянальны Альянс” ужо звярнуўся да шэрагу кiраўнiкоў абласных адмiнiстрацый i рэктараў украiнскiх ВНУ з адпаведнымi просьбамi. Раней гэту iнiцыятыву падтрымаў мiнiстр замежных спраў Украiны Барыс Тарасюк.
pahonia.promedia.by

Кіеў, Украіна
У Кіеве адбылося адкрыццё Беларускага цэнтра, зыніцыяванае Украінскай народнай партыяй. На прэсавай канферэнцыі з нагоды адкрыцця Беларускага цэнтра прысутнічалі прадстаўнікі Беларускае партыі свабоды (БПС), Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС), духавенства Беларускае аўтакефальнае царквы. Арганізатары з украінскага боку паведамілі, што ідэя такога Цэнтра існавала ўжо даўно, але вельмі моцным штуршком для матывацыі сталася затрыманне мінскай міліцыяй украінскіх грамадзян на Чарнобыльскім Шляху. На прэсавай канферэнцыі было заяўлена, што прыярытэтамі дзейнасці Беларускага цэнтра найбліжэйшым часам будзе інтэнсіфікацыя інфармацыйнага абмену паміж суседнімі краінамі, супрацоўніцтва моладзевых, у прыватнасці студэнцкіх, арганізацый і падрыхтоўка ўкраінскіх назіральнікаў да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе.
Радыё “Свабода”. 2005. 2 чэрв.

Прага, Чэхія
3 чэрвеня адбылася “Сустрэча сяброў беларускай культуры” ў пражскім клубе “V Jeleni”, што знаходзіцца непадалёк ад помніка Францішку Скарыну. На сустрэчы была прадстаўлена фотавыстава “Старажытная беларуская архітэктура”, якую падрыхтавала магілёўскае культурніцкае згуртаванне “Чароўны ўспамін”. Падчас імпрэзы выступілі магілёўскія барды Ігар Мухін, Сяржук Кулагін, Васіль Аўраменка і кампазітар Мікола Яцкоў.
Вечарына была падрыхтавана клубам “V Jeleni” ў супрацоўніцтве з Беларускім цэнтрам супольнасці “Чалавек у нядолі”.
“Беларускі цэнтр у Празе”.
2005. 3 чэрв.

Прага, Чэхія
У Празе, у будынку Сената Чэшскай Рэспублікі, адбылася прэзентацыя Міжнароднага аб’яднаньня “Грамадзянская Беларусь”. Яна створаная для дапамогі беларускім недзяржаўным арганізацыям, якія адчуваюць ціск уладаў альбо ўвогуле былі зачыненыя. Заснавальнікам новага аб’яднання выступіў Вацлаў Гавел, а таксама іншыя вядомыя чэшскія палітыкі і дысідэнты: Ярамір Шчэціна і Карэл Шварцэнберг, намесніца ўпаўнаважанага ў справах правоў чалавека Чэшскай Рэспублікі Ганна Шобатава, дысідэнт Ян Румл, кіраўнік фонду “Чалавек у нядолі” Томаш Пояр. На сустрэчы ў Сенаце Чэшскай Рэспублікі прысутнічалі супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Чэхіі, прадстаўнікі Рады БНР, беларускіх арганізацыяў і студэнты з Беларусі, якія вучацца ў Празе.
Паводле “Белорусского рынка”

Стакгольм, Швецыя
5 чэрвеня ў Стакгольме з вялікім поспехам выступіў гурт “Стары Ольса”. Імпрэза праходзіла ў старым горадзе ў прэстыжнай залі Каралеўскага нумізматычнага музея. Канцэрт адбыўся ў рамках міжнароднага фэсту “Ранняя музыка”. Арганізатарам паездкі ў Швецыю з беларускага боку было ЗБС “Бацькаўшчына”, са шведскага – прадзюсер Петэр Понтвік, дзед якога калісьці эміграваў з Гродна. Большасць гледачоў складалі шведы, што ўпершыню даведаліся пра багатую беларускую музычную традыцыю ВКЛ.
Андрэй Катлярчук

Калінінградскае зямляцтва беларусаў
Ужо чвэрць стагоддзя праслаўляе беларускае народнае мастацтва на тэрыторыі Калінінградскай вобласці фальклорны ансамбль “Чабор”. Ён быў створаны па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле цяперашняга кіраўніка Калінінградскага зямляцтва беларусаў Іосіфа Грэчкі. У ансамблі ўдзельнічаюць 20 чалавек – гэта жыхары пасёлка Вялікая Паляна, дзе кампактна пражываюць этнічныя беларусы, расказаў Іосіф Грэчка карэспандэнту БелТА. Амаль столькі ж народных музыкантаў задзейнічаны ў ансамблі “Крыніцы”, які таксама працуе пад “крылом” зямляцтва. Гэты калектыў існуе крыху менш – 22 гады. Нядаўна Міністэрства культуры нашай рэспублікі паабяцала падарыць “Крыніцам” новыя канцэртныя касцюмы. Упершыню выйсці на сцэну ў абноўках майстры народнай песні і танца плануюць праз месяц. Якраз у пачатку ліпеня ў Калінінградзе пройдзе Нацыянальная выстава Рэспублікі Беларусь.
Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, у Калінінградскай вобласці пражываюць больш за 80 тысяч выхадцаў з нашай рэспублікі: беларускія карані ёсць практычна ў кожнага дзесятага ка-лінінградца. У рэгіёне дзейнічае зямляц-тва беларусаў, аддзяленні якога ёсць ва ўсіх раёнах вобласці.
“БелТА”. 2005. 6 чэрв.

Каментар
Пракаментаваць паведамленне мы папрасілі старшыню Беларускага таварыства культуры г. Калінінграда Ігара Шаховіча:
Мы ўжо сутыкаліся з сітуацыяй, калі ў беларускіх сродках інфармацыі падаецца памылковая інфармацыя. Дзіўна было чытаць у такой газеце, як “Народная воля”, што ініцыятарам усталявання помніка Ф.Скарыну ў Калініградзе было Беларускае зямляцтва і яе кіраўнік Іосіф Грэчка. Гэтае Зямляцтва ўзнікла, на самай справе, 2-3 гады таму, а яму прыпісваецца практычна ўсё, што зроблена беларускага ў Калініградскай вобласці. Гэта кан’юнктурныя палітычныя рэчы, калі замазваецца сапраўдная рэчаіснасць. Наконт “Чабору” – прыкладна тое ж самае. Ансамбль сапраўды існуе вельмі даўно. На пачатку 90-х, калі мы стваралі нацыянальнае беларускае таварыства, а іншых не было, мы цікавіліся ўсім, што было беларускага ў вобласці. У Гвардзейскім раёне ў вёсцы Вялікая Паляна ініцыятыўныя людзі, у першую чаргу сп. Руба са сваёй жонкай, стварылі ансамбль “Чабор” пры падтрымцы адміністрацыі раёна. З таго часу і існуе ансамбль. Мы з імі добрыя знаёмыя, але выступаць з намі ў іх зараз мала магчымасцяў, бо гэта адбываецца па асабістай ініцыятыве. То ім клуб зачыняць, то касцюмаў не дадуць, то іншае.
З ансамблем “Крыніца” сітуацыя больш звязаная з нашым Таварыствам. Калі да нас адносіны былі добрыя, калі не перашкаджала, як зараз, аддзяленне беларускага Пасольства – мы добра кантактавалі з адміністрацыяй Гвардзейскага раёна. Яе ўзначальваў сп. Чапляў, беларус па паходжанні. Ён успрымаў нас як беларускую арганізацыю і вельмі дапамагаў. І вось у пасёлку Азяркі стварыўся ансамбль “Крыніца”, і спявалі там песні з Гомельшчыны, адкуль родам многія з гэтай вёскі. Мы папрацавалі з імі над беларускім рэпертуарам, дапамаглі зрабіць касцюмы. Таму можна сказаць, што гэта нашае “дзіця”. Але зараз, зразумела, яны пад крылом аддзялення Пасольства. Зараз у нас усе арганізацыі пад крылом адміністрацыі, адпаведна, і Зямляцтва беларусаў таксама.
Беларускае Пасольства нас увогуле не заўважае, ва ўсім, што ідзе з падачы аддзялення Пасольства, мы не прысутнічаем. Хаця ў нашага Таварыства ёсць вельмі цікавы музычны калектыў “Тутэйшыя музыкі”, але ён практычна не за- дзейнічаны ў беларускіх афіцыйных мерапрыемствах. Беларусы прысутнічаюць толькі ў выглядзе адной асобы – кіраў-ніка Зямляцтва І.Грэчкі.
Пра Нацыянальную выставу 1-3 ліпеня мне нічога не вядома, але гэтымі днямі будзе адбывацца агульнагарадское свята Кёнінгсберга, і плануюцца вялікія мера-прыемствы з прыездам вышэйшых асоб Расіі. Мы, Беларускае таварыства, удзельнічаем са сваім ансамблем “Тутэйшыя музыкі” і плануем запрасіць да ўдзелу ў канцэртнай праграме славуты беларускі гурт “Палац”.
Калі казаць пра “Зямляцтва беларусаў”, то людзей з беларускай мовай там увогуле няма, але што іх звязвае – можа, частка культуры, а можа, які іншы інтарэс. Стваралася Зямляцтва па-савецку, дырэктывай зверху: аўтобусамі прывозілі з раёнаў людзей, пераважна з раённых адміністрацый. У Гвардзейскім раёне нейкія беларусы паспрабавалі самаарганізавацца без удзелу адміністрацыі і заявіць пра сябе як пра беларускую арганізацыю. Яны са-бралі грамадскі сход, каб вылучыць лю-дзей на ўдзел у Зямляцтве. Але кіраўнік адміністрацыі назваў іх самазванцамі і заявіў, што ў іх ёсць свае беларусы. Вылучыў з адміністрацыі беларусаў і ад-правіў на ўстаноўчы сход Зямляцтва. Такім чынам вылучалі і з астатніх раёнаў. Так утварылася Зямляцтва беларусаў.
Калінінградскае Зямляцтва беларусаў не кантактуе з Беларускім таварыствам г. Калінінграда, бо з намі не кантактуе сама беларуская дзяржава ў выглядзе аддзялення Пасольства Беларусі і яго кіраўніка спадара Заламая. Іх палохае ў нашай дзейнасці сімволіка беларуская, мова беларуская, святы, якія мы адзначаем, імёны, якія мы шануем, і сама нашая сутнасць. Мы спрабавалі кантактаваць з імі, але нам ставяць пэўныя ўмовы, якія мы не можам выканаць. Калі яшчэ не існавала Зямляцтва, была спроба Пасольства стварыць Зямляцтва на нашай базе, прыкрыць беларускую сімволіку, з мовай не высоўвацца і рабіць усё, гледзячы на свайго начальніка. Мы не падышлі на гэтую ролю.
Аднак паводзіны беларускага Пасольства адрозніваюцца ад стаўлення да нашага Таварыства адміністрацыі Калінін-градскай вобласці. Падчас святкавання Дня волі 25 сакавіка, якое адбывалася ў Расійска-нямецкім доме пры ўдзеле ўкраінскай, літоўскай, польскай, азербайджанскай і іншых дыяспар, на свята прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі вобласці. Гэтыя расійскія чыноўнікі сказалі, што нас вельмі добра памятаюць, дзякуюць за нашу дзейнасць і віншуюць нас з “Днём незалежнасці”.

АБ'ЯВЫ

Купалле ў Англіі
Падыходзіць час Купалля! У Лондане яго будзем святкаваць у суботу 18 чэрвеня. Калі ласка, зазірніце на наш сайт (www.belarusians.co.uk), каб даведацца пра час і месца, а таксама паглядзець некаторыя здымкі з мінулагодніх святкаванняў. Пачнецца святкаванне а 17-й гадз. малебнам у царкве Пятра і Паўла (Марыян Хаўз), а праз паўгадзіны – традыцыйныя спевы, скокі, гульні, вогнішча і пачастунак аж да самае цемры. Уваход вольны, але сціплая дапамога стравамі і напоямі будзе дарэчы. Чакаем!
“Беларусы ў Брытаніі”

Купалле ў ЗША
Дарагія сябры! Давайце разам адзначым нашую прыгожую традыцыю Купалля. 26-27 чэрвеня Рэзервацыя Ward Pound Ridge ў Cross River, NY. Кантакты: Пётра і Алена Рыжыя; хатні тэл. (914) 734-81-015, маб. (914) 522-07-42, электронная пошта: LenaBelarus@aol.com Будуць купальскія песні і танцы, спартовыя спаборніцтвы і гульні, гатаванне страваў (прыносьце ежу, грылі там будуць).
www.bielarus.org

“Басовішча”
Ужо 16-ты раз у мястэчку Гарадок на Беласточчыне 22-23 ліпеня пройдзе беларускі рок-фэст “Басовішча”. Традыцыйна ў ім возьмуць удзел лепшыя беларускія гурты: НРМ, “Крама”, “Нейра дзюбель”, ЗЭТ, УЛІС, а таксама леташнія лаўрэаты “Тарпач”, “Сонцаварот”, “Таксі”, ГМП. Таксама, як і летась, усім беларускамоўным музыкам, якія пажадаюць выступіць самастойна “пазаконкурсна”, будзе прадастаўленая “Вольная сцэна”. Ужо ад 15 чэрвеня аб 11-ай раніцы распачынаецца інтэрнэт-адбор беларускіх кандыдатаў на фэст “Басовішча 2005”. Усе 23 каманды ўжо прадставілі свае дэма-песні на music.fromby.net і чакаюць вашага выбару!
“Polskie radio “Polonia”. 2005. 15 чэрв.

Урачыстае набажэнства
Айцец Аляксандр Надсан наведае Бельгію. 26 чэрвеня 2005 года адбудзецца ўрачыстае набажэнства на чале з Апостальскім Візітатарам для беларусаў замежжа Вялебным протаярэем Аляксандрам Надсанам.
Беларуская грэка-каталіцкая місія Уваскрасення Хрыстова запрашае ўсіх прыняць удзел ва ўрачыстым Набажэнстве.
www.unija.info

Пешая вандроўка “Сцяна”
7-10 ліпеня адбудзецца вандроўка беластоцкіх студэнтаў па гістарычных мясцінах Беласточчыны. Маршрут вандроўкі: Бельск-Падляшскі – Відава – Агроднікі – Ужыкі – Пасынкі – Крыва – Шчыты – Раковічэ – Падрэчаны – Гораш – Лушчэ – Чыжэ. Заяўкі і заўвагі прымаюцца на адрас:
sciana2005@sonca.org
www.slonko.com.pl

“Беларуская Масква”
Шаноўнае спадарства! Не прайшло і года ад пачатку размоваў, як на нашым сайце “Беларуская Масква” (www.maskva.com) запрацаваў форум. Ідэя гэта нараджалася, памірала, потым зноў нараджалася, але справа не краналася з месца пакуль за яе не ўзяўся Васіль Бірчанка. Вялікі яму дзякуй за энтузіязм і настойлівасць. Заходзьце, пішыце. Спа-дзяюся, такая форма кантактавання будзе зручней, чым гасцёўня. Дарэчы, архіў гасцёўні нікуды не падзеўся – вы знойдзеце яго на форуме, пайшоўшы па адпаведнае спасылцы.
З найлепшымі пажаданнямі,
Bіктар Дзятліковіч

Фальшывае грамадзянства
Апошнім часам у інтэрнэце з’явіліся аб’явы, дзе нехта прапануе набыццё грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, быццам бы са згоды Рады БНР. Такую аб’яву, напрыклад, пакінуў у шмат якіх беларускіх гасцявых кнігах і форумах чалавек, які падпісваецца імем Міхась Вашкевіч (варыянт Міхаіл Вашкевіч). Карыстальнікам прапануецца запоўніць анкету, дзе акрамя ўсяго належыць падаць свой хатні адрас, тэлефон, нацыянальнасць і нават упісаць сваіх дзяцей, і адаслаць яе на адрас: k_sdnb@abv.bg
Рада БНР афіцыйна паведаміла, што грамадзянства БНР нікому не выдаецца. І ніякіх пасярэдніцкіх функцыяў Рада нікому не давала. Гэта не тычыцца сайта сімвалічнага грамадзянства bnr.belinter.net, стварэнне якога было ініцыятывай Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.
www.bielarus.org

Кніжная палічка

Вэб-сайт Скарынаўскай бібліятэкі
Вэб-сайт Скарынаўскай бібліятэкі набыў новае аблічча і крыху больш зместу. З’явілася старонка са спісам перыядычных выданняў, якія бібліятэка атрымлівае ў 2005 г., а таксама старонка пра новую кнігу, “Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры”, выдадзенай пры ўдзеле бібліятэкі. Тэксты кнігі можна чытаць у інтэрнэце задарма. Адрас вэб-сайту – skaryna.org
Новы раздзел з’явіўся на сайце. Самыя апошнія паведамленні з гэтага раздзелу можна пабачыць у правай калонцы на галоўнай старонцы. Калі Вы бачылі ў інтэрнэце нешта новае пра беларусаў у Брытаніі і нашых брытанскіх сяброў, паведаміце нам!
Новы артыкул, “The Taking of Polack – 1579. An Elizabethan Newssheet”, дададзены ў электронную бібліятэку. Першапачаткова ён быў апублікаваны ў “The Journal of Byelorussian Studies” у 1965 г.
Чатыры нумары бюлетэня студэнтаў Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане “Наша місія” ў фармаце PDF можна скачаць з галоўнай старонкі Місіі.
“Беларусы ў Брытаніі”

“Час шакалаў”
Апошняя аповесць Васіля Быкава “Час шакалаў” выдадзеная ў Маскве.
“Новые Известия”: “Гэту антылукашэнкаўскую аповесць некалькі год хавалі ад спецслужбаў беларускія сябры Васіля Быкава. У апошнія гады жыцця ягоныя лісты даходзілі ўскрытымі, а ў тэлефонных размовах яму кожнага разу казалі, што “Час Ш” (канспіратыўны назоў, якім Быкаў пазначыў папку з гэтай аповесцю) яшчэ не настаў. У Беларусі гэтая кніга не выйшла і да гэтага часу, што не дзіўна. Сабраныя ў мастацкі тэкст факты нядаўніх тэленавінаў падобныя на фантастычную антыўтопію...”
“Время”: “Гэтую аповесць публікаваць яшчэ не час. Хай пачакае”, — казаў Васіль Быкаў у красавіку 1998 года. Тады ён не ведаў, што “Час шакалаў” стане апошняй яго аповесцю, горкім развітаннем з роднай Беларуссю...”
“Беларуская Масква”. 2005. 3 чэрв.

“Першы крок”
На сайце Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” (www.svitanak.lv) з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з рэдкай кнігай 1926 года – зборнікам вершаў маладых беларускіх паэтаў Латвіі “Першы крок” (Рыга, 1926). Толькі на сайце Таварыства Ёсць магчымасць прачытаць нізку вершаў, напісаных латвійскімі паэтамі-беларусамі 80 гадоў таму і ў 1926 годзе выдадзеных “Таварыствам Беларусаў-Выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, павятовыя, гарадскія і валасныя самаўрады ў Латвіі” ў Рызе. Захаваная мова арыгінала. Кіраўніцтва Таварыства “Сьвітанак” абяцае, што крыху пазней будуць абавязкова змешчаны ўсе 63 вершы дваццаці паэтаў-беларусаў з гэтага зборніка.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ВЕСТКІ

Грамадства
***
У траўні 2005 г. споўнілася 10 гадоў рэферэндуму ў Беларусі, дзе вырашаўся лёс дзяржаўных сімволікі і мовы. Ён быў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам, і ў выніку руская мова атрымала ў Беларусі статус дзяржаўнай, а бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня былі замененыя на герб і сцяг, падобныя на сімволіку БССР.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пад-пісаў Указ № 247. Дзяржаўныя органы і арганізацыі, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, а таксама сродкі масавай інфармацыі, заснавальнікамі якіх выступаюць дзяржаўныя органы, валодаюць правам на выкарыстанне ў сваіх найменнях слоў “нацыянальны” ці “беларускі”. Палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, рэспуб-ліканскія прафесійныя саюзы і банкі могуць выкарыстоўваць слова “беларускі”. Іншыя юрыдычныя асобы змогуць выкарыстоўваць у сваіх назвах і рэкламных матэрыялах словы “нацыянальны” і “беларускі” толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
У адпаведнасці з дакументам арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі, назвы якіх не адпавядаюць патрабаванням Указа, належаць перарэгістрацыі ў трохмесячны тэрмін... Дзейнасць жа арганізацый і СМІ, якія не прайшлі перарэгістрацыю, з’яўляецца незаконнай і забараняецца.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (president.gov.by)

***
Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журна-лістаў Міхаіл Пастухоў: “У дадзеным выпадку адбываецца неабгрунтаванае абмежаванне свабоды выяўлення меркаванняў, свабоды выкарыстання дазволеных найменняў і тэрмінаў. Гэта яўная форма дыскрымінацыі недзяржаўных выданняў, установаў і арганізацый”. Паводле экспертаў, новы ўказ прынясе недзяржаўным структурам і мас-медыям шмат арганізацыйных клопатаў і эканамічных праблемаў.
Радыё “Свабода”. 2005. 31 траў.

***
Амаль палова беларусаў выступае за ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Звяз. Пра гэта сведчаць вынікі чарговага нацыянальнага апытання грамадскай думкі, якія сёння прэзентаваў у новым статусе Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.
Закрыты беларускімі ўладамі ў красавіку гэтага года Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў сёння прэзентаваў сябе ў амбасадзе Літвы ў Мінску ў якасці літоўскай грамадскай установы. Прычым захаваная не толькі назва гэтай арганізацыі, але і яе статут ды мэты дзейнасці. Паводле дырэктара інстытута прафесара Алега Манаева, адсутнасць унутранага легальнага статусу пакуль не з’яўляецца прамой перашкодай для дзейнасці.
“Onet/PAP”. 2005. 6 чэрв.

***
Беларускія прадпрымальнікі па-ранейшаму супраць падатку на дададзеную вартасць. Яны лічаць непрымальнымі новыя ўмовы іх дзейнасці, якія ўступяць у сілу з 1 ліпеня. Такая выснова была зроблена актывістамі прадпрымальніцкага руху на нарадзе, якая адбылася 8 чэрвеня ў Мінску. У нарадзе бралі ўдзел лідэры бізнесоўцаў Мінска, Віцебска, Брэста, Баранавічаў, Рэчыцы і іншых рэгіёнаў. 1 ліпеня для дробнага бізнесу завяршаецца пераходны перыяд, вызначаны сакавіцкім указам А.Лукашэнкі. Актыўнасць прадпрымальніцкага руху не здолелі збіць ніякія рэпрэсіі. Пасаджаныя ў турму лідэры страйкама прадпрымальнікаў Валерый Леванеўскі і Аляксандр Васільеў нават там умудраюцца адстойваць свае правы. Леванеўскі ў чарговы раз аб’явіў галадоўку і зараз знаходзіцца ў турэмным медпункце.
Паводле “Белорусской деловой газеты” і Радыё “Свабода”

***
Міністэрства падаткаў і збораў накіравала ў раённыя падатковыя інспекцыі цыркуляр з прадпісаннем тэрміновае праверкі ўсіх незалежных выданняў краіны. Ён патрабуе выяўлення “сувязяў з ілжэструктурамі”. У спісе практычна ўсе недзяржаўныя газеты і часопісы. Не толькі тыя, якія традыцыйна лічацца “незалежнымі”, але і камерцыйныя выданні накшталт “Криминального обозрения”. Нават тыя, што даўно не выходзяць, як “Навінкі”. У спісе таксама інфармацыйная кампанія БелаПАН. Задачы правер-кі – правільнасць адлюстравання выручкі і “сувязі з ілжэструктурамі”.
“Наша Ніва”. 2005. 10 чэрв.

***
Абраннем новага старшыні завяршыўся 8 чэрвеня ў Мінску IV Міжнародны кангрэс беларусістаў. Ім стаў дактарант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мовазнаўца Сяргей Запрудскі. Прафесар Адам Мальдзіс абраны ганаровым старшынёй. Ніякіх выніковых дакументаў кангрэс не прыняў.
IV Міжнародны кангрэс беларусістаў у параўнанні з трыма папярэднімі стаў самым сціплым як прадстаўнічасцю замежных удзельнікаў, так і зместам заяўленай праграмы. На кангрэс не прыехалі сябры асацыяцыі беларусістаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Вялікабрытаніі, Францыі ды многіх іншых краінаў. Галоўная прычына змяншэння ўвагі да кангрэсу, на думку тых, хто прыехаў, — малая ўвага да беларусістыкі ў самой Беларусі.
Паводле “Народнай Волі”
***
Завяршыўся навучальны год. Сёлета на беларускай мове вучылася 23% дзяцей. Колькі вучняў сядзе за парту беларускамоўных класаў у наступным годзе, невядома. Але, паводле статыстыкі, колькасць школьнікаў, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, няўхільна змяншаецца. Сёлета школаў з беларускай мовай навучання паменшала яшчэ на 3%, у мінулым годзе меней за чвэрць школьнікаў вучылася па-беларуску. А дзесяцігоддзе таму, у 1993-1994-м навучальным годзе, ажно 76% дзяцей хадзіла ў беларускую школу.
Радыё “Свабода”. 2005. 6 чэрв.

***
Сёння на пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні Мінскага гарадскога рэферэндуму аб вяртанні ранейшых назваў цэнтральным праспектам і вуліцам, перайменаваным паводле ўказа А.Лукашэнкі, ухваленае рашэнне наконт пашырэння маштабаў гэтай дзейнасці. У выніку створаная грамадская ініцыятыва “За вяртанне назваў мінскім вуліцам”, якая зоймецца не толькі юрыдычнымі праблемамі, але і інфармаваннем мінчукоў, масавымі акцыямі, мастацкімі імпрэзамі.
Радыё “Свабода”. 2005. 1 чэрв.

***
На сённяшні дзень “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) сабрала каля 4 тысячаў подпісаў мінчукоў супраць перайменавання праспектаў Скарыны і Машэрава. Збор подпісаў працягваецца, потым яны будуць перададзены ў Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта. Збор подпісаў вя-дзецца таксама ў інтэрнэце. У перспектыве плануецца ініцыіраваць правядзенне мясцовага рэферэндуму.
1 чэрвеня распачынае працу сайт “За нашых” (www.za.nashіh.org), прысвечаны пытанню перайменавання праспектаў і вуліц Мінска.
Паводле “Сharter’97”

***
Беларускае Міністэрства юстыцыі збірае зараз дадзеныя, колькі партыйных і грамадскіх структур былі ліквідаваныя. З 1 чэрвеня рэгіянальныя ўпраўленні юстыцыі пачалі здымаць з уліку арганізацыйныя структуры палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, не пераведзеныя ў нежылы фонд. Без рашэння суда і нават без пісьмовага папярэджання. Гэта патрабаванне Мінюст абгрунтоўвае нормамі Жыллёвага кодэксу. Каб выканаць патрабаванні Мінюста, некаторым партыям давялося ліквідаваць ад 25 да 30 працэнтаў сваіх арганізацыйных структур.
Паводле www.bialorus.pl і “AFN”

***
Дагэтуль Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, для якой не вырабляюцца мабільныя тэлефоны з меню на нацыянальнай мове. Тым не менш, попыт на падобную прадукцыю існуе. Пра гэта сведчаць шматлікія аб’явы ў інтэрнэце і газетах, дзе саматужнікі прапануюць беларусіфікацыю мабільнікаў. “Samsung” стаўся першай карпарацыяй, якая вырашыла пастаўляць на беларускі рынак тэлефонныя апараты мабільнай сувязі з магчымасцю выбару беларускай мовы меню. Пераклад меню ўзгадняцца з адмыслоўцамі, у тым ліку сябрамі Таварыства беларускай мовы.
“Hrodnanews”. 2005. 10 чэрв.

***
Беларускiя вучоныя правялi даследаванне для вызначэння на тэрыторыi краiны магчымых месцаў размяшчэння атамнай электрастанцыi i рознатыповых сховiшчаў радыеактыўных адходаў. Аб гэтым у Мiнску ў ходзе работы Першага кангрэса фiзiкаў Беларусi паведамiў намеснiк генеральнага дырэктара Аб’яднанага iнстытута энергетыкi i ядзерных даследаванняў “Сосны” (Мiнск) Нацыянальнай акадэмii навук рэспублiкi Мiкалай Груша. Згодна з вывадамi, такiя месцы размешчаны на паўночным усходзе рэспублiкi.
“Звязда”. 2005. 14 чэрв.

***
“Беларускі Хельсінскі камітэт” пратэстуе супраць прысуду, які вынесены судом Цэнтральнага раёна Мінска адносна старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і каардынатара Еўрапейскай кааліцыі Мікалая Статкевіча і аднаго з лідэраў “Маладога Фронту” Паўла Севярынца.
Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі выказвае глыбокую занепакоенасць асу-джэннем Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца да трох гадоў абмежавання волі і папраўчых работ. Абодва ўжо былі асу-джаныя і адбывалі турэмныя тэрміны за ўдзел у пратэстах, што прайшлі пасля выбараў і рэферэндуму, праведзеных у кастрычніку мінулага года са значнымі парушэннямі.
Кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску пасол Эберхард Хайкен выказаў заклапочанасць у сувязі з вынясеннем крымінальнага прысуду адносна двух выбітных дзеячаў беларускай апазіцыі.
Паводле “Народнай Волі” і “Сharter’97”

Эканоміка
***
Экспарт прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасці ў Еўропу зведзены да мінімуму. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрна “Беллегпрам” Эдуард Нарышкін. У 2004 г. 30% прадукцыі пастаўлялася ў Расію, 30% — у ЕС, 40% — на ўнутраны рынак. У выніку скасавання з 1 студзеня квот на пастаўкі прадукцыі кітайскай лёгкай прамысловасці ў ЕЗ цэны на гэтыя тавары ўпалі на 23-96%, а аб’ёмы экспарту з Кітая ўзраслі на сотні працэнтаў. Таксама Э.Нарышкін паведаміў, што да канца года нямецкая кампанія “Трыумф” спыніць супрацоўніцтва з “Мілавіцай”. Свае замовы яна пераносіць у В’етнам, дзе таннейшая працоўная сіла. Гадзіна працы беларускай краўчыхі каштуе каля двух даляраў, кітайскай — у чатыры разы менш. Тым часам экспарт “Беллегпрама” ў Расію, што быў знізіўся праз новы механізм ПДВ, вярнуўся да ранейшага аб’ёму.
“Наша Ніва”. 2005. 10 чэрв.

***
Еўракамісія распачала працэдуру па-збаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый. Прычына – парушэнні правоў прафсаюзаў у нашай краіне. Калі працэдура завершыцца станоўча, то прэферэнцыі будуць адноўлены не раней чым праз шэсць месяцаў, і тое толькі ў тым выпадку, калі сітуацыя палепшыцца.
“Наша Ніва”. 2005. 10 чэрв.

***
ААТ “Гарызонт” у студзені-траўні бягучага года павялічыла аб’ём вытворчасці ў супастаўляльных цэнах на 49,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да 94,9 млрд. рублёў. За 5 месяцаў 2005 года прадпрыемства выпусціла больш за 325 735 тэлевізараў, што на 36,7% больш, чым у студзені-траўні 2004 года. Тэмп росту вытворчасці тавараў народнага спажывання ў студзені-траўні склаў 143,9% да аналагічнага перыяду мінулага года.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі”. 2005. 16 чэрв.

***
Флагман беларускай прамысловасці, мінскі завод “Гарызонт”, за апошнія два месяцы рэзка зменшыў аб’ёмы продажу. Тэлевізары, якія сабраныя на галоўнай пляцоўцы на вул. Чырвонай, ужо няма куды ставіць. У Расею, галоўны рынак збыту прадукцыі, з пачатку траўня пай-шло толькі некалькі фур. Аванс работнікам “Гарызонта” не выдаецца, а заробак апошнія два месяцы яны атрымліваюць са спазненнем.
“Наша Ніва”. 2005. 10 чэрв.

***
У галінах эканомікі Беларусі за- хоўваюцца значныя адрозненні ў аплаце працы. Аб гэтым паведаміла Міністэрства фінансаў. Так, больш за ўсё грошай атрымліваюць у нафтаперапрацоўчай прамысловасць – 987,4 тыс. рублёў у месяц. Дарэчы, гэта ў 2,4 разы вышэй, чым у сярэднім па краіне. Самымі “пакрыўджанымі” аказаліся сяляне – 215,5 тыс. рублёў. Гэтая сума ў 1,9 разы менш за сярэднюю па рэспубліцы. Някепска атрымліваюць банкіры – 744,2 тыс. рублёў, урачы – 600,7 тыс. рублёў, прафесарска-вы-кладчыцкі склад – 622,2 тыс. рублёў. У канцы спіса побач з сялянамі стаіць малодшы медыцынскі персанал з заробкам у 228,2 тыс. рублёў.
Паводле “AFN”

Культура
***
Рукапіснае Евангелле прыблізна XVI-XVII стст. набыў для сваіх фондаў Веткаўскі музей народнай творчасці. Евангелле добра захавалася, мае нязначныя пашкоджанні, але не патрабуе рэканструкцыі. Якасць кнігі высокая, верагодна, яна была створана ў буйным манастыры, аднак сказаць, дзе менавіта, немагчыма. Кніга будзе захоўвацца ў фондах музея, паколькі выстаўляць такі прадмет у экспазіцыі не рэкамендуецца. У бліжэйшы час спецыялістам музея належыць устанавіць дакладны ўзрост Евангелля, для чаго неабходна правесці адпаведную даследчыцкую працу.
“Hrodnanews”. 2005. 13 чэрв.

***
На Гомельшчыне будзе ўпарадкавана стаянка першабытных людзей каля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна, дзе 26 тысяч гадоў таму існавала паселішча краманьёнцаў. У прэс-службе Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што мясціна будзе добраўпарадкавана, тут запланавана аўстастаянка, будуць усталяваны шапікі, мяркуецца наладжваць для турыстаў тэатралізаванае шоу.
“Народная Воля”. 2005. 11 чэрв.

P.S. Улады плануюць паказваць турыстам тэатралізаванае шоу першабытных краманьёнцаў у той час, калі ў руінах ляжыць Крэўскі замак, расцягваецца па цаглінах Гальшанскі замак, зарастаюць хмызам рэшткі Пружанскага палаца, развальваецца пасля недарэчнай рэстаўрацыі Лідскі замак, згарэў Нясвіжскі замак і гэтак доўга далей...

***
У самым цэнтры Гродна на былым Рынку, цяпер Савецкай плошчы, археолагі раскапалі муры палаца Радзівілаў, які быў збудаваны ў 17 стагоддзі і разбураны савецкай уладаў у 1948 годзе. Раскопкі ў цэнтры горада сталі магчымы з прычыны таго, што ўлады зачалі рэканструкцыю Савецкай плошчы. На месцы сквера, дзе некалі і стаяў палац, спрабуюць зрабіць падземны пераход. Гродзенскі археолаг Генадзь Семянчук, які кіруе раскопкамі, сказаў, што ім удалося знайсці муры тыльнага фасаду палаца. Ён яшчэ паскардзіўся на тое, што няма з кім праводзіць раскопкі. У асноўным яму дапамагаюць школьнікі і некалькі студэнтаў. Гродзенскі гісторык Ігар Трусаў перакананы, што трэба здымаць асфальт з краю плошчы, тады можна было б патрапіць у скляпенні палаца.
“Polskie radio “Polonia”. 2005. 15 чэрв.

Дыпламатычныя канфлікты
***
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб увядзенні ў адносінах да Грузіі візавага рэжыму. Як растлумачылі ў прэс-службе прэзідэнт, гэта мера абумоўлена неабходнасцю прадоўжыць намаганні, накіраваныя на актывізацыю барацьбы з арганізаванай і транснацыянальнай злачыннасцю, абарону ў гэтай сферы інтарэсаў трэціх краін – суседзяў Беларусі – згодна з існуючымі дамоўленасцямі. У прыватнасці, сёння рэзка ўзраслі маштабы выкарыстання грузінскімі крымінальнымі элементамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасці канала пранікнення на тэрыторыю Ра-сійскай Федэрацыі без адпаведных віз.
Праваахоўнымі органамі Расіі складзены спіс замежных грамадзян, якія ўчынілі правапарушэнні, і ўезд якіх на расійскую тэрыторыю забаронены або непажаданы. Амаль чвэрць гэтага спіса складаюць грамадзяне Грузіі.
“БелТА”. 2005. 9 чэрв.

***
Чыноўнікі адміністрацыі прэзідэнта, а таксама міністр замежных спраў С.Мартынаў пачалі ўзмоцнена абвяргаць інфармацыю аб прыняцці А.Лукашэнкам рашэння ўвесці візавы рэжым з Грузіяй. Відавочна, што беларускія ўлады спалохаліся рэакцыі грузінскіх ўладаў: у пятніцу ка-мітэт па знешніх сувязях грузінскага парламента вынес на разгляд дэпутатаў праект пастановы аб забароне А.Лукашенку ўязджаць на тэрыторыю Грузіі. Беларускія чыноўнікі раскрылі сапраўдную прычыну закрыцця беларускіх межаў для грузін. “З чым мы не можам пагадзіцца і не пагаджаемся – гэта з намаганнямі па гвалтоўнаму экспарту да нас нейкіх рэвалюцый ці псеўдарэвалюцый”, “…і прэзідэнт Саакашвілі, і парламент Грузіі прымалі рашэнні, рабілі заявы аб накіраванні ў Беларусь баевікоў-“рэвалюцыянераў”...”, – такія заявы зрабіў 10 чэрвеня ў эфіры Беларускага тэлебачання міністр замежных спраў.
Паводле “Сharter’97” і “Народнай Волі”

***
Сапсаваўшы адносіны з Украінай і краінамі Балтыі, Беларусь стаіць на мяжы разрыву нармальных адносінаў з яшчэ адной краінай-суседкай – Польшчай. Скандал паміж Мінскам і Варшавай, які разгарэўся пасля нядаўняй высылкі польскага дыпламата з Беларусі, перайшоў у ціхую стадыю, калі бакі моўчкі рыхтуюць меры адзін супраць другога. На мінулым тыдні польскія ўлады абмяркоўвалі спіс мінскіх чыноўнікаў, для якіх зачыняць уезд не толькі палякі, але і ўвесь Еўрасаюз. Мінск са свайго боку прыгразіў Варшаве прыняццем нейкіх “мераў у адказ”.
“Сharter’97”. 2005. 7 чэрв.

***
Міністэрства замежных спраў Чэхіі накіравала дыпламатычную ноту пасольству Беларусі ў Празе у сувязі з адмовай у выдачы візы ўпаўнаважанаму чэшскага ўраду па правах чалавека, дэпутату чэшскага парламента Сватоплуку Карасеку. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Чэхіі. У ноце гаворыцца, што дэпутат С.Карасек планаваў узяць удзел у адкрыцці выставы, арганізаванай пасольствам Чэхіі ў Мінску. МЗС Чэхіі “шкадуе” аб рашэнні, якое прынята беларускім бокам, МЗС выказвае спадзяванне, што “ў інтарэсах захавання карэктных стасункаў паміж двума краінамі такія крокі больш не паўторацца”.
“Сharter’97”. 2005. 3 чэрв.


ЛІПЕНЬ У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

Ліпень у гісторыі Беларусі
• 1 ліпеня – 100 гадоў з дня нара-джэння Пятра Масальскага, псеўд. Сакол (1905-1985), беларускага паэта, перакладчыка з латышскай і расейскіх моваў, жыў і пахаваны ў Рызе.
• 5 ліпеня – 105 гадоў з дня нара-джэння Уладзіміра Дубоўкі (1900–1976), беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка.
• 18 ліпеня – 275 гадоў з дня нара-джэння Юзафа Катэнбрынга (1730 – пасля 1804), беларускага і польскага пісьменніка, педагога.
• 24 ліпеня – 185 гадоў з дня нара-джэння Люцыяна Крашэўскага (1820–1892), мастака, фатографа.
• 25 ліпеня – 165 гадоў з дня нара-джэння Юльяна Крачкоўскага (1840–1903), беларускага фалькларыста, этнографа, гісторыка і педагога.
Паводле Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Ліпень у гісторыі беларускай дыяспары

8 ліпеня 1946 г. адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны Наталлі Арсенневай, Хведару Ілляшэвічу, Масею Сяднёву ў Ватэнштэце (Германія).
6 ліпеня 1947 г. адбыўся Першы з’езд беларусаў у Остэргофене (Германія) і выбары Беларускага Нацыянальнага Камітэта (БНК). У яго ўвайшлі: Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і інш.
13 ліпеня 1947 г. праводзілася канферэнцыя Прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка з беларускім актывам у Лондане.
30 ліпеня 1947 г. для беларускіх школаў на чужыне быў выдадзены першы на эміграцыі “Беларускі лямантар” Апалоніі Савёнак (Радкевіч).
У ліпені 1948 г. выйшаў першы нумар часопіса “Моладзь” органа БНАМ; рэдактар Янка Філістовіч (Парыж).
2 ліпеня 1949 г. згодна пастановы Управы САБЭ ў Парыжы быў заснаваны Беларускі Нацыянальны Фонд, старшынёй абраны Міхась Наўмовіч.
5 ліпеня 1949 г. ЗБВБ у Лондане паклала пачатак адукацыйным курсам беларусазнаўства, у гэты дзень адбылася ўступная лекцыя.
24 ліпеня 1949 г. адбыўся арганізацыйны сход, на якім быў створаны ад-дзел ХАБР у Манчэстэры і акрузе Ёркшыр (Англія); арганізатарамі былі Віталь Цярпіцкі, Юрка Хахолка, Янка Сяўковіч, Янка Міхалюк.
5-7 ліпеня 1950 г. адбыўся з’езд сяброў БХАА “Жыццё” ў Лондане, на якім прысутнічалі: айцец Чэслаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Янка Пілецкі.
10 ліпеня 1950 г. адбыўся сход, на якім быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вініпэгу (Канада). У Камітэт увайшлі: А.Галошын. Мікола Сільвановіч (Вярба).
15 ліпеня 1950 г. у Нью-Ёрку адбыўся канцэрт славутага беларускага кампазітара Міколы Куліковіча.
У ліпені 1951 г. у Чыкага выйшаў першы нумар скаўцкага часопісу “Рада кругу”, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч.
4-6 ліпеня 1952 г. адбылася сустрэча беларусаў ЗША і Канады, якую ладзілі БАЗА і ЗБК у Канадзе.
19 ліпеня 1953 г. створаны аддзел БАЗА ў Спрынгфілдзе (ЗША), у які ўвайшлі: а. Васіль Кендыш, Павал Яскевіч, П.Рукас.
30 ліпеня 1953 г. у Лондане адбыўся з’езд сяброў БАКА “Рунь”, на якім прысутнічалі Вітаўт Рамук, Аляксандр Надсан, Дамінік Аніська, Францішак Бартуль.
17-18 ліпеня 1954 г. у Беларускім народным доме ў Брэдфардзе (Англія) адбыўся з’езд вернікаў БАПЦ, на якім з дакладамі выступілі айцец Андрэй (Крыт) і Аляксандр Калодка.
У ліпені 1955 г. у Манрэалі (Канада) выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Палесьсе”, рэдактар Пётр Чопчыц.
28 ліпеня 1956 г. у Аўстраліі адбыўся надзвычайны сход ЗБВ у справе супрацы з БВФ у Пэрце.
15 ліпеня 1957 г. у Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы адбылася выстава беларускага друку.
20 ліпеня 1958 г. у Мадрыдзе (Іспанія) выйшаў першы нумар “Эвангелісцкага прапаведніка”, рэдактар Уладыслаў Рыжы-Рыскі.
13 ліпеня 1959 г. у Чыкага вернікі прыходу св. Юрага набылі будынак для ўласнае царквы.
8 ліпеня 1960 г. булай Папы Яна ХХІІІ айцец Чэслаў Сіповіч прызначаны біскупам для працы сярод беларускай эміграцыі.
2 ліпеня 1961 г. у Мельбурне (Аўстралія) адбыўся сход беларусаў, на якім выбраны Каардынацыйны Камітэт для ладжання святкаванняў і вонкавага прадстаўніцтва.
4-7 ліпеня 1963 г. у Кесткільскіх гарах паблізу Нью-Ёрка адбылося афіцыйнае адкрыццё беларускага цэнтра адпачынку Белэр-Мінск.
13 ліпеня 1963 г. у Лондане закончыўся першы школьны год у беларускай школе-інтэрнаце св. Кірылы Тураўскага.
12 ліпеня 1964 г. у Беларускім доме ў Брэдфардзе адбылося адкрыццё Беларускага Юнацкага клуба. У Юнацкую Управу ўвайшлі: Юля Мацкевіч, Ванда Бута, Ганя Лемяшонак; апекуны: настаўнік беларускай мовы Алесь Бута, Лёля Міхалюк, Станіслаў Мак, Янка Каўбаса.
16 ліпеня 1972 г. у Адэлаідзе (Аўстралія) адбыўся царкоўны фэст царквы св. Пятра і Паўла з супольным абедам вер-нікаў.
30 ліпеня 1972 г. у Саўт-Рыверы (ЗША) адбылося асвячэнне новазбудаванай царквы св. Еўфрасінні Полацкай і Беларускага Грамадскага Цэнтра.
13 ліпеня 1975 г. у Адэлаідзе адбылося асвячэнне залы Беларускага Рэлі-гійна-Грамадскага Цэнтра.
17 ліпеня 1978 г. айцу Аляксандру Надсану нададзены тытул пратаярэя кангрэгацыі ўсходняга абраду.
Паводле “Хронікі беларускага жыцця на чужыне”


ПОГЛЯД

Беларусы Літвы: партрэт у інтэр’еры Адраджэння.

Пра аўтара. Йонас Лаўрынавічус, рэдактар беларускіх праграм Літоўскага нацыянальнага радыё (штодзённай 10-хвіліннай перадачы “Навіны для беларусаў Літвы” – са студзеня 1992 па кастрычнік 2003 г., і штотыднёвай паўгадзіннай “Тутэйшы час” – зараз).

Згодна з перапісам 2001 года, беларусаў у Літве пражывае блізу 55 тысяч (прыкладна на 8 тысяч менш, чымсьці ў 1989-м) – каля 1,5 адсоткаў ад усяго насельніцтва. Змяншэнне выклікана найперш міграцыйнымі працэсамі – многія вярнуліся на Бацькаўшчыну. Сёння гэта чацвёртая па колькасці нацыянальная група ў Літве – пасля літоўцаў (84%), палякаў (7%) і рускіх (6%.) Найбольшая ўдзельная вага беларусаў – у сталічным гарадскім раёне Наўёйі Вільня (паводле даных 1989 г.) – 10,9% ад усяго насель-ніцтва; па Вільнюсу ў цэлым – 5,3%, а таксама ў Ігналінскім (7,5%), Швянчонскім (5,5%), Вільнюскім (4,7%), Тракайскім (4,1%), Шальчынінкайскім (3,8%) раёнах. З гарадоў Літвы найбольшая канцэнтрацыя нашых землякоў – у Друскінінкаі (3,8) і Клайпедзе (2,7 адсоткі). Кампактна, амаль суцэльнымі вёскамі, яны пражываюць на паўднёвай ускраіне Варэнскага р-на. А ў мінімальнай колькасці жывуць ва ўсіх без выключэння 56-ці самакіраваннях Літвы. Трэба мець на ўвазе, праўда, што афіцыйны перапіс насельніцтва фіксуе так званых “пашпартных” беларусаў і не ўлічвае масы жыхарства ў Віленскім краі, якое ў побыце размаўляе “па-тутэйшаму”.
У Вільнюсе адлік ужо другога дзесяцігоддзя сваёй дзейнасці вядуць і адзіная ў замежжы сярэдняя беларуская школа імя Ф.Скарыны, якая ставіць мэтай працягваць традыцыі міжваеннай Вілен-скай беларускай гімназіі, і кафедра беларусістыкі педагагічнага ўніверсітэта (гэ-та – ужо якасна новая з’ява ў беларускай адукацыі Літвы). У горадзе атамшчыкаў Вісагінасе існуюць пачатковыя беларускія класы, у партовай Клайпедзе – ня-дзельная школа, у Шальчынінкаі – факультатыў роднай мовы.
Практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны заснаваныя і дзейнічаюць каля 20 зямляцкіх суполак на чале з выдатнымі актывістамі. Kожная з іх вартая асобнага расказу. Яны паяднаныя ў Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, якім кіруе маэстра Лявон Мурашка. Намаганнямі суполак – чальцоў Згуртавання па ўсёй Літве штогадова ладзяцца беларускія культурніцкія імпрэзы (Каляды, Вялікдзень, Купалле і інш.), праводзяцца Уселітоўскія святы беларускай песні пры падтрымцы Дэпартамента Літвы па справах нацыянальных меншасцей і эміграцыі, амбасады Беларусі ў Літве і мясцовай літоўскай адміністрацыі. Актыўны ўдзел у іх бяруць самадзейныя выканаўцы з зямляцкіх абшчынаў усёй Літвы, прычым кожны год – у іншым горадзе: у Вільнюсе, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Друскінінкаі, Клайпедзе, Шяўляі, Паневяжысу... Дарэчы, у Шальчынінкаі нарадзілася ўжо і традыцыя рэгіянальных беларускіх святаў песні. Тады на роднай мове спявае ўвесь раён, які афіцыйна трактуецца як польскамоўны...
Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) пад кіраўніцтвам Хведара Нюнькі, якое дзейнічае асобна ад Згуртавання, робіць акцэнт на культурна-асветніцкай рабоце: прапагандуе нацыянальна-дзяржаўныя вартасці, гістарычную беларускасць Вільні (усталёўваючы мемарыяльныя дошкі і надмагільныя помнікі дзеячам нацыянальнай культуры, змагаючыся за будучыню Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і г.д.), ладзіць адзначэнне святаў незалежнай Беларусі, юбілеяў выбітных асобаў, нярэдка запрашаючы для гэтых мэтаў навукоўцаў, людзей мастац-тва, палітыкаў.
Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Віленшчыны на чале з Юрыем Гілём па-клала шмат намаганняў для адраджэння памяці класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча ў наваколлях вёскі Свіроніс (Свіраны) Вільнюскага раёна, дзе ён нарадзіўся. У доме культуры вёскі Савічунай сумесна са Згуртаваннем усталяваная экспазіцыя, прысвечаная паэту, адна з вуліц названая яго імем, пра што сведчыць і мемарыяльная дошка.
Гэтыя і іншыя беларускія асяродкі, кожны па-свойму, спрычыняюцца да прапаганды і развіцця традыцый беларушчыны на Віленшчыне і ва ўсёй Літве.
На Нацыянальным тэлебачанні Літвы штотыднёва выходзіць у эфір 15-хві-лінная перадача “Віленскі сшытак” (рэдактар Таццяна Дубавец). Літоўскае радыё, акрамя маёй, транслюе яшчэ і паўгадзінкі “Для вас, суайчыннікі” калектыву няштатных аўтараў на чале з Галінай Войцік-Луцкевіч.
Некалькі год таму беларусы дамаг-ліся зрухаў і ў рэлігійных справах: кіраўніцтва Віленскага каталіцкага архібіскупства выдзеліла ім касцёл святога Барталамея ў сталічным раёне Ужупіс (Зарэчча) для багаслужбаў на роднай мове. Іх канцэлябруе святар Ян Шуткевіч. Да нядаўняга часу такія службы ладзіліся і архіярэем праваслаўнай царквы святога Мікалая, што каля Ратушнай плошчы, айцом Васілём Навінскім, але цяпер яны спыненыя з-за нізкай актыўнасці вернікаў.
Нягледзячы на відавочныя поспехі руху, праблема кансалідацыі ўсяго зямляцтва ацэньваецца самімі беларусамі як адна з актуальных. Канстатуецца, па-першае, разрыў у патэнцыяле сацыяльнай актыўнасці паміж вельмі дзейнай групай лідэраў, з аднаго боку, і той масай лю-дзей, якім гэтая дзейнасць прызначаецца, з іншага. Нізкая актыўнасць бацькоў абумоўлівае тое, што колькасць вучняў у беларускай школе застаецца на стабільна невысокім узроўні; што два гады таму зачынены адзіны беларускі дзіцячы садок у сталіцы; што ў Вісагінасе пакрысе згасае энтузіязм тых, хто калісьці планаваў мець тут суцэльную беларускую школку. А пра адкрыццё школ на роднай мове ў сельскіх Вільнюскім і Шальчынінкайскім раёнах “галасоў знізу” нават і не чуваць.
Прычын шмат – ад гістарычных да кан’юнктурных, ад матэрыяльных да маральна-псіхалагічных, ад аб’ектыўна абумоўленых да суб’ектыўных. Па-другое, розныя погляды на сітуацыю ў беларускай супольнасці Літвы вызначаюць і розныя алгарытмы паводзінаў асобных лідэраў. Адны, што называецца, “ідуць у людзі”, прапагандуючы народнае мастацтва – музычнае і прыкладное і арыентуючыся, такім чынам, на “масу”. Іншыя бачаць сваё прызначэнне найперш у падтрыманні высокага інтэлектуальнага ўзроўню імпрэзаў і сацыяльнай адказнасці за Бацькаўшчыну. На жаль, пры рэалізацыі такіх, відавочна ўзаемадапаўняльных аспектаў дзейнасці, адзінства не назіраецца. Не скідваючы з рахунку пэўнай ролі ў гэтым і асабістых амбіцый лідэраў, трэба зважаць найперш на розныя ацэнкі таго, як і чым жыве сёння Беларусь. Да таго ж, стратэгію асобных беларускіх арганізацый нярэдка вызначаюць іх фінансавыя магчымасці, часта залежныя ад падтрымкі з боку беларускай адміністрацыі. Па-рознаму ацэньваецца ў розных зямляцкіх арганізацыях і актыўная роля амбасады Рэспублікі Беларусь у жыцці і пашырэнні сеткі зямляцкіх суполак Літвы.
У выніку, на жаль, не толькі агульнанацыянальныя святы адзначаюцца паасобку, але нават і рэгіянальныя з’езды беларусаў Балтыі праводзяцца, зважаючы на палітычныя сімпатыі і антыпатыі іх удзельнікаў.
Йонас Лаўрынавічус

 
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by