МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№08(№56)
жнівень-верасень
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

75 гадоў Нілу Гілевічу!

Гілевіч Ніл – славуты беларускі паэт, нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна. Скончыў Мінскую педагагічную вучэльню. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, пасля аспірантуру пры ім. З 1960 па 1986 г. – супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага універсітэта. З 1989 г. – старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. З чэрвеня 1990 г. – старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Яму належаць шматлікія кнігі паэзіі. Выдаў зборнік п’ес і аповесць “Перажыўшы вайну” (1988). Аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў. Працуе ў галіне перакладу з балгарскай, славенскай, рускай, украінскай, польскай, сербскай, лужыцкай і іншых моваў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) і Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева (1986).

Паводле друку

Сакрату Яновічу – 70 гадоў!

4 верасня споўнілся 70 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку з Беласточчыны (Польшча) Сакрату Яновічу. Вядомы як беларускі і польскі празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г. Ганаровы сябра Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі і Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Нарадзіўся пісьменнік 4 верасня 1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства. У школе спрабаваў пісаць вершы па-польску і па-руску. У Беластоку скончыў аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута (1962). Працаваў журналістам у штотыднёвіку “Ніва”, кіраваў аддзелам галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У 1973 г. завочна скончыў факультэт польскай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Быў старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). У апошнія гады ўсё больш займаецца палітычнай дзейнасцю, змагаецца за роўныя правы беларусаў Беласточчыны з палякамі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага незалежнага выдавецтва (1981-1987). Старшыня партыі “Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне” (з 1990). Жыве ў мястэчку Крынкі. Яго дом (т. зв. Villa Sokrates) стаў беларускім культурным асяродкам. Тут бясплатна атрымала памяшканне рэдакцыя штомесячніка “Czasopis”.

Як празаік Сакрат Яновіч дэбютаваў у 1956 г. на старонках беларускага штотыднёвіка “Ніва”. Адзначаны Афіцэрскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы і іншымі ўзнагародамі. Лаўрэат прэстыжнай польскай узнагароды імя Анджэя Дравіча.

Паводле autary.iig.pl

Віншуем!

У жніўні адзначылі дзень нараджэння Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Марыя Міцкевіч, Валеры Санько, Алег Трусаў, Валянціна Фок (Беларусь), Таццяна Казак (Латвія), Віктар Чайчыц (Расія). У верасні святкуюць дні нараджэння сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Іна Паўловіч (Чэхія), Вячка Целеш (Латвія), Аляксей Каўка, Георгій Казак (Расія) і Алесь Пашкевіч (Беларусь). Зычым здароўя, аптымізму, натхнення і плёну!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

ЦІ ЎДАСЦА “БАЦЬКАЎШЧЫНЕ”
ГОДНА АДСВЯТКАВАЦЬ СВОЙ ЮБІЛЕЙ…

15 гадоў таму – 29 снежня 1991 г. – было зарэгістравана Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” – арганізацыя, што аб’яднала пад адным дахам прадстаўнікоў суполак беларускай дыяспары з 25 краін свету, грамадскіх і палітычных дзеячаў, выдатных пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і навукоўцаў з Беларусі.

Заснаванне “Бацькаўшчыны” ў тыя часы было цалкам лагічным і адпавядала духу і патрабаванням часу. Распаўся Савецкі Саюз, Рэспубліка Беларусь атрымала незалежнасць і вымагала супольных дзеянняў беларусаў унутры краіны і па-за яе межамі дзеля адраджэння мовы, культуры, дзяржаўнасці. Савет Міністраў Беларусі, адзначаючы важную ролю “Бацькаўшчыны”, прыняў у 1992 г. пастанову “Пытанні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якой даручаў міністэрствам Беларусі аказваць магчымае спрыянне Згуртаванню ў яго статутнай дзейнасці, а Мінгарвыканкаму – выдзеліць адмысловае памяшканне пад стварэнне Беларускага дому – міжнароднага цэнтру беларускай дыяспары, дзе знайшлі б сваё месца музей, бібліятэка, архіў, інфармацыйны і культурна-асветны цэнтры ды органы кіравання “Бацькаўшчыны”.

Так адбылося заснаванне Беларускага дому на базе “Бацькаўшчыны”, якая пры дапамозе сяброў з Беларусі і замежжа збірала кнігі і архівы беларускай дыяспары, назапасіла ўнікальную базу дадзеных, у якую ўвайшла інфармацыя не толькі пра асяродкі беларусаў замежжа, але і СМІ, музеі, цэрквы, помнікі архітэктуры, могілкі беларусаў за мяжой. Сядзіба Згуртавання стала месцам сустрэч прадстаўнікоў беларускіх суполак, дзеячаў культуры і навукі з Беларусі. З 2001 г. пачаў актыўна працаваць інфармацыйны цэнтр, друкавацца і дасылацца бюлетэнь “Беларусы ў свеце”. Рэгулярны маніторынг патрэб беларускай дыяспары знайшоў сваё адлюстраванне ў прапановах “Бацькаўшчыны” да праекта Закона “Аб беларусах замежжа”, і праграмы “Беларусы ў свеце”, якія Згуртаванне прадставіла на разгляд дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. “Бацькаўшчына” здолела аб’яднаць навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннем дзейнасці беларускай дыяспары. Як вынік – заснаванне серыі кніг “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечанай дыяспары. У гэтым годзе выйшла ўжо 10-я кніга, да друку рыхтуюцца яшчэ 5. Згуртаванне вядзе навучальныя, адукацыйныя, культурныя праграмы ў Беларусі, аказвае дапамогу беларускім арганізацыям у замежжы.

І вось у гэтым годзе, напярэдадні свайго 15-гадовага юбілею, “Бацькаўшчына” паўстала перад праблемай спынення дзейнасці Беларускага дому. З якой прычыны?! Не, не таму што беларусы замежжа перасталі працаваць ці ствараць новыя арганізацыі; і не таму, што знікла неабходнасць яднання ўсіх беларусаў – і метраполіі і замежжа; і нават не таму, што знікла небяспека асіміляцыі беларусаў замежжа у краінах іх пражывання. Прычына больш банальная – будынак, у якім амаль 14 гадоў працаваў Беларускі дом дзяржава паставіла на капітальны рамонт. Аказваецца, такая банальная прычына можа стаць пачаткам канца любой, нават самай запатрабаванай, ініцыятывы!?
Шматлікія звароты асяродкаў беларускай дыяспары, беларускай інтэлігенцыі, кіруючых органаў “Бацькаўшчыны”, здавалася, далі свой плён. Адміністрацыя прэзідэнта дала даручэнне Савету Міністраў, той – Мінгарвыканкаму вырашыць узніклую праблему. Адміністрацыя горада прапрацавала пытанне… Вынік – у чэрвені гэтага года “Бацькаўшчыне” прапанавалі засяліць падвал без вокнаў, альбо размясціць архівы і бібліятэку на сховішчы гародніны ў прамысловым комплексе, на ускрайку горада. Тым часам для ўсіх суседзяў Згуртавання па будынку знайшліся месцы ў нармальных офісах, і недалёка ад цэнтра Мінска...

Відавочна, “Бацькаўшчына” была вымушана адмовіцца ад прапанаваных варыянтаў. Тады, кіраўніцтва горада параіла, улічваючы “пераборлівасць” Згуртавання, падшукаць памяшканне самім, абяцаючы аказаць спрыянне ў яго арэндзе. Супрацоўнікі “Бацькаўшчыны” за кароткі тэрмін праглядзелі больш за 50 пустуючых памяшканняў і адабралі аптымальны часовы варыянт для размяшчэння Беларускага цэнтру (пакуль будзе доўжыцца рамонт у будынку № 15 на Рэвалюцыйнай). Адпаведны запыт адразу ж, у канцы чэрвеня пайшоў у Мінгарвыканкам за абяцаным спрыяннем і паралельна да балансатрымальніка памяшкання. І вось ужо тры месяцы доўжыцца перапіска, якая не дала ніякіх практычных вынікаў. Улады горада дэманструюць разуменне праблемы і спрыяльнае стаўленне да яе вырашэння, а балансатрымальнік кажа пра немэтазгоднасць размяшчэння Беларускага цэнтру на ягоных плошчах. Адсюль лагічнае пытанне: як можа ў Беларусі ў сістэме ўладнай вертыкалі ніжэйстаячая ўстанова ігнараваць распараджэнне вышэйстаячай? Нядбайнасць некаторых чыноўнікаў?..

Ну што ж, перапіска, сустрэчы з чыноўнікамі працягваюцца, а “Бацькаўшчына” застаецца па-ранейшаму, без памяшкання, бо ідучы насустрач патрабаванням Мінгарвыканкама, вызваліла сядзібу на вул. Рэвалюцыйнай. Дзейнасць Беларускага дому ўжо 2 месяцы як прыпыненая. Архівы і бібліятэка захоўваюцца на прыватных кватэрах, мэбля – у гаражах, супрацоўнікі “Бацькаўшчыны” працуюць па кватэрах.

Больш таго, улады горада не маюць намеру вяртаць Беларускі дом і “Бацькаўшчыну” ў ранейшае памяшканне пасля заканчэння рамонту, не гледзячы на дамову арэнды, што была заключана да 2018 года (адпаведна Пастановы Савета Міністраў), паколькі ў памяшканні, дзе месціўся Беларускі дом і дзе працаваў Інстытут беларускай культуры (з якога паўстала Акадэмія навук Беларусі) будзе, адпаведна плану горада, размяшчацца рэстаран…

Не зважаючы ні на што, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” працягвае працаваць і рэалізоўваць свае планы. Дзякуй вялікі нашым сябрам з Беларусі і замежжа за падтрымку, без якой наша дзейнасць была бы немагчыма. Асабліва такая падтрымка каштоўная і адчувальная ў складаныя перыяды. Будзьма разам і надалей, не зважаючы на часовыя складанасці, працаваць на карысць нашай будучыні!

Электронная бібліятэка “Бацькаўшчыны” папаўняецца

Паважаныя сябры, у красавіку гэтага года мы паведамлялі аб стварэнні электроннай бібліятэкі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і звярталіся да суполак беларускай дыяспары, а таксама ўсіх, хто можа дапамагчы Згуртаванню ў гэтай справе: падаць матэрыялы, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары, а менавіта -- мастацкую, навукова-даследчую літаратуру, газеты ды часопісы, асобныя публікацыі любога перыяду, якія выдаваліся беларускімі суполкамі ды дзеячамі за мяжой; даслаць электронныя варыянты азначанай літаратуры. Мы паведамлялі, што дасланая літаратура не толькі ўвойдзе ў электронную версію бібліятэкі, але і папоўніць фонд фізічнай бібліятэкі і архіва, які фармуе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Вялікую колькасць кніг (66 асобнікаў) даслаў сп. Янка Запруднік (ЗША). Спіс дасланых кніг, якія ў бліжэйшы час будуць змешчаныя ў электроннай бібліятэцы, Вы можаце паглядзець на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” zbsb.org

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Бацькаўшчына” падтрымала акцыю

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” падтрымала акцыю “Дамо Дзецям шанец чытаць па-беларуску”, якая нядаўна была абвешчана Салігорскай моладзевай арганізацыяй. Галоўнай мэтай стала збіранне беларускамоўных кніг для дзіцячага дома ў Слуцку. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” перадала актывістам Салігорска беларускую гістарычную і мастацкую літаратуру.

Акцыя працягваецца! Бярыце ў ёй удзел! Кантактаваць з арганізатарамі акцыі можна праз e-mail: saligorsk@saligorsk.org ці па тэлефоне: +375293700204 Перадаць кнігі можна па адрасу:

Беларусь
г. Салігорск 223710
вул. К.Заслонава 53-114
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Пераможцы дзіцячага конкурсу ў Балгарыі

Нягледзячы на цяжкасці з памяшканнем, што сёлета напаткалі “Бацькаўшчыну”, арганізацыя імкнецца не губляць тэмпу працы і максімальна здзейсніць усё запланаванае.

На пачатку года Згуртаваннем быў абвешчаны літаратурна-мастацкі конкурс для дзяцей 12-15 гадоў “Радзіма вялікая і малая”. Як і заўжды, накірунак гэтага конкурсу быў выразна патрыятычны і ставіў на мэце выявіць найбольш таленавітых і патрыятычна выхаваных дзяцей з усёй Беларусі. Удзельнікаў, як і ў мінулыя гады, было вельмі шмат, што забяспечыла напружанай працай сяброў конкурснай камісіі. Сярод аўтараў краязнаўчых даследаванняў, літаратурных і жывапісных твораў былі абраныя дзеці, якія атрымалі заахвочвальныя прызы, а пераможцы, вызначаныя конкурснай камісія, былі запрошаныя да вандроўкі ў Балгарыю.

Арганізацыя адпачынку – плён шматгадовай дабрачыннай дзейнасці кіраўніка дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі”, мецэнаткі з Кліўленда (ЗША) Ірэны Каляды-Смірноў. Сп-ню Ірэну і Згуртаванне “Бацькаўшчына” яднае доўгае паспяховае супрацоўніцтва, адным з накірункаў якога з’яўляецца заахвочванне беларускіх дзяцей да ведання сваёй гісторыі.

Дзеці радаваліся мору і адпачынку на сапраўдным курорце, удзельнічалі ў літаратурных і гістарычных віктарынах, ладзілі спаборніцтвы, ездзілі на экскурсіі, каталіся на караблі і развучвалі беларускія песні. Насычаная праграма паездкі выклікала шчырае захапленне дзяцей, а пазней і іх бацькоў. Ужо там, у Балгарыі, маленькія беларускія патрыёты пачалі пісаць удзячныя лісты на імя Ірэны Каляды-Смірноў. Гэтыя лісты разам з некаторымі фотаздымкамі стануць лепшай ілюстрацыяй пачэснай справы сп-ні Ірэны на карысць фізічнага і духоўнага здароўя нашай нацыі.

Арцём Барздоў, г. Барань Аршанскага р-на, Віцебскай вобл., 14 гадоў:

“Шаноўная спадарыня Ірэна! У Балгарыі ўсё добра: і мора, і дрэвы, і сонца, і неба. Тут усё лепш, чым у нас, у Беларусі, -- вось такія думкі напаўнялі маю галаву, калі я толькі прыехаў у Балчык. Але ўжо праз некалькі дзён я пачаў думаць інакш. Успаміны аб маім доме, аб маім родным горадзе Барані, аб кожным куце і дрэве. Яшчэ праз некалькі дзён я толькі і марыў, каб хутчэй паехаць дамоў, у БЕЛАРУСЬ. І ніякае Чорнае мора, ніякі басейн не змаглі перапыніць гэтых думак. Да нас тэлефанавалі бацькі, казалі аб дужа дрэнным надвор’і. Тады мне яшчэ больш захацелася дамоў. Цяпер я разумею, як Вам было цяжка. Я вельмі дзякую Вам. Мне здаецца, што ўсе дзеці з Беларусі, якія пабывалі разам са мной у Балгарыі, сапраўды зразумеюць, што лепш за сваю Радзіму ў свеце нічога няма. Можа, Вы падумалі, што мне не спадабалася ў Балгарыі? Не, гэта не так. Тут вельмі хораша! Пра гэта пісаць не буду, і Вы мяне зразумееце... Мне вельмі цікава, як Вы, сумуючы па Радзіме, трымаецеся ў Амерыцы столькі часу? Дзякуй Вам за ўсё, паважаная Ірэна!”

Святлана Жук, г. Вышні Валачок, Расія, 14 гадоў:

“Паважаная спадарыня Ірэна! Дзякуй за тое, што даеце дзецям мягчымасць пабачыць свет. Дай Божа Вам добрага здароўя на доўгія гады. Сонца ласкава грэла, хвалі на моры былі ціхімі. Начамі ўдалечыні мігцеў маяк. На зорным небе вісеў чароўны месяц, ды такі вялікі, што, здаецца, ён ляжаў у маіх руках. Я загарала, плавала ў басейне ці на моры. Амаль кожны дзень мы з сяброўкаю хадзілі збіраць ракавіны.

Хоць нарадзілася я ў Расіі, але бацькі мае беларусы. І мне вельмі цікава пазнаваць беларускую гісторыю і мову. Таму я яе з задавальненнем вучу, каб ведаць родную мову. Дзякуючы Вам я магу размаўляць амаль два тыдні на родна й беларускай мове.

Адпачынак атрымаўся добрым. Вандроўка ўдалася. Дзякуй Вам вялікі!”

Андрэй Баярскі, в. Філатава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., 12 гадоў:

“Паважаная Ірэна Каляда-Смірноў! Кажу Вам вялікі дзякуй, што я змог паехаць у Балгарыю! Тут мне вельмі спадабалася адпачываць, таму што тут прыгожыя краявіды і чыстае паветра, і ўвогуле, Балгарыя вельмі прыгожая краіна, але не прыгажэйшая за Беларусь! І яшчэ раз вялікі Вам дзякуй!”

Эдзіта Маліцкая, в. Баброўнікі Астравецкага р-на, Гродзенскай вобл., 15 гадоў:

“Кожны чалавек марыць аб нечым фантастычным. Я таксама марыла пабываць за мяжой. Мне вельмі падабаецца беларуская мова, вывучаю яе з задавальненнем. Калі пісала сваю працу, то нават не спадзявалася, што сваімі стараннямі змагу выйграць адпачынак на моры. Мяне вельмі радуе, што маё гістарычнае даследаванне дапамагло мне яшчэ больш даведацца пра сваю Радзіму. У Балгарыі мне вельмі падабаецца, напэўна таму, што побач са мной добразычлівыя людзі, якія любяць сваю Радзіму Беларусь. Хоць у нашай краіне няма велізарнага мора, незабыўнай прыгажосці гор, але наша краіна напоўнена сваім хараством, мае сваю гісторыю.

Паважаная спадарыня Ірэна! Хачу выказаць удзячнасць за цудоўны адпачынак у Балгарыі!”

Зміцер Дашкевіч, г. Іванава, Брэсцкая вобл., 14 гадоў:

“Паважаная Ірэна! Я вельмі ўдзячны Вам за свой цудоўны адпачынак у Балгарыі. Мне тут вельмі спадабалася. Было шмат цікавых экскурсій. Яшчэ мы ўдзельнічалі ў розных конкурсах і гульнях. Плавалі па моры на вялікім караблі. Спявалі беларускія песні і ўспаміналі нашу Радзіму. Я знайшоў тут шмат сяброў. Тут вельмі цудоўная прырода, але мне больш падабаюцца родныя краявіды. Вы вельмі добрая жанчына. Хай Бог дасць Вам здароўя! І жывіце як мага даўжэй! Жадаю Вам і далей услаўляць нашу слаўную Беларусь! Жыве Беларусь!

Наталля Сёмуха, в. Старына Стаўбцоўскага р-на, Мінскай вобл., 15 гадоў:

“Паважаная Ірэна Каляда, я Вам вельмі ўдзячна, бо паехала сюды дзякуючы Вам. Каб папасці сюды, я намалявала малюнак. Я з самага дзяцінства марыла паехаць за мяжу. І вось мая мара здзейснілася. Папаўшы ў Балгарыю, я пабачыла яшчэ адну цудоўную краіну. Я гавару яшчэ адну, бо для мяне самая цудоўная краіна – гэта Беларусь.

Нашы кіраўнікі – гэта спадар Валера, спадар Мікола, спадарыня Алена і спадарыня Ганна. Гэтыя людзі вельмі цікавыя і вясёлыя і зрабілі ўсё, каб мы адпачылі тут вельмі весела. І гэта ў іх атрымалася, бо з такімі спадарамі не можа быць сумна. Кожны дзень яны праводзілі розныя гульні і конкурсы. Мы ездзілі на розныя экскурсіі, убачылі краіну ва ўсёй яе прыгажосці.

Хачу сказаць Вам вялікі дзякуй за тое, што дарыце дзецям такі цудоўны адпачынак!”

ПАДЗЕЯ

Адбылася 27-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

2 верасня 2006 года ў Нью-Брансвіку (ЗША) была распачата 27-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Першая сустрэча амерыканскіх і канадскіх беларусаў адбылася у 1952 г. у мястэчку Ніагара-фолс. З таго часу праводзіць сустрэчы кожныя два гады стала традыцыяй – яны адбываюцца па чарзе ў Канадзе і ЗША. 2 верасня адбыўся сімпозіум, у якім працавалі тры дыскусійныя групы. Першая прысвечана ўшанаванню ахвяраў беларускіх уладаў, кіраўнік — Ірына Красоўская — жонка зніклага Анатоля Красоўскага. Другая дыскусійная група абмяркоўвала ролю беларусаў Паўночнай Амерыкі ў дапамозе дэмакратыі ў Беларусі. Трэцяя секцыя прысвечана аналізу прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. У працы ўзялі ўдзел кангрэсмен Фрэнк Палоне, былы пасол у Беларусі Джордж Крол, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, дырэктар нью-йоркскага Інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель, старшыня Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк.

У 27-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі прынялі ўдзел сябры Беларускага моладзевага руху Амерыкі (БМРА), пры падтрымцы якіх была зладжана мастацкая выстава. У ёй узялі удзел вядомыя беларускія мастакі. Удзельнікі ўбачылі творы Алеся Шатерніка, Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Ягора Батальёнка, Уладзіміра Сулкоўскага і інш. Упершыню была прадстаўлена скульптурная кампазіцыя – помнік славутаму сыну зямлі беларускай Васілю Быкаву, выкананы вядомым беларускім скульптарам і мастаком Алесем Шатэрнікам. Сябры БМРА разам з беларускай дыяспарай Амерыкі прыклалі шмат намаганняў, каб стварыць і прывезці гэты помнік ў Нью-Йорк. У хуткім часе плануецца ўсталяваць помнік Васілю Быкаву ў Нью-Йорскай публічнай бібліятэцы. Дзеля гэтага вядуцца адпаведныя перамовы.

Са справаздачы на старонцы Беларускага моладзевага руха Амерыкі” (www.belmov.org): “Мы перакананыя, што ў гэты цяжкі час для нашай Радзімы павінна быць зроблена ўсё магчымае, каб захаваць ейную культуру і незалежнасць. Дзеля дасягнення гэтай мэты сябры Руху будуць пашыраць інфармаванне грамадскасці як на Бацькаўшчыне, так і за мяжой аб сітуацыі ў Беларусі. Гэта будзе зроблена праз паляпшэнне існуючых і стварэнне новых сродкаў масавай інфармацыі”.

Паводлеі www.belmov.org і радыё “Свабода”

З Рэзалюцыі 27-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

Мы, удзельнікі 27-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, прадстаўнікі беларускай грамады Злучаных Штатаў і Канады... адзначаем, што сёння як ніколі дэмакратычная апазіцыя на нашай Бацькаўшчыне вымагае падтрымкі і дапамогі... Аб’яднаная Еўропа, вызваленая ад таталітарызму, на жаль, сёння робіць для Беларусі значна меней, чым магла б зрабіць. Дзеля гэтага мы, беларусы Паўночнай Амерыкі, ускладаем спадзяванні на ўрады нашых краінаў — ЗША і Канады — у справе дапамогі Беларусі дзеля дэмакратычных зменаў і ў справе падтрымкі дэмакратычнай апазіцыі... Заклікаем усіх беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў ЗША і Канадзе, амерыканцаў і канадыйцаў з каранямі ў Беларусі дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне і краіне продкаў аднавіць дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць. Зрабіць гэта можна праз дапамогу дэмакратычнай апазіцыі Беларусі ў выглядзе збору фінансавых сродкаў, удзелу ў кампаніях салідарнасці і пратэсту, падтрымкі заканадаўчых ініцыятываў датычных Беларусі, працы са сваімі сенатарамі і кангрэсменамі, інфармавання парламентароў і прадстаўнікоў урадаў пра становішча ў Беларусі, адзначэння адмоўнай ролі Расіі ў беларускім пытанні, прыцягнення ўвагі да непаслядоўнай пазіцыі Еўрасаюза...”

3 верасня 2006 г., Нью-Брансвік, Н.Дж.

НАВІНЫ

Сафія, Балгарыя

У Сафіі адкрылася выстава “Свет беларускай кнігі. Кнігавыдавецтва ў Беларусі на мяжы тысячагоддзяў”. Беларуская экспазіцыя ўключыла ў сябе больш за 250 лепшых узораў сучаснага айчыннага кнігавыдавецтва. Сваю прадукцыю прадставілі 15 паліграфічных прадпрыемстваў, у тым ліку выдавецтвы “Беларусь”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, “Літаратура і мастацтва”, выдавецкі дом “Беларуская навука”, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускае тэлеграфнае агенцтва.

Па матэрыялах прэс-службы МЗС Беларусі

Нью-Йорк, ЗША

У жніўні ў Нью-Йорку пад старшынствам Івонкі Сурвіллы адбылося пасяджэнне прэзідыуму Рады БНР. Пасяджэнне пачалося са справаздачы старшыні. У апошнія месяцы Івонка Сурвілла правяла шэраг важных палітычных сустрэчаў і брала ўдзел у некалькіх акцыях на карысьць падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Намеснік старшыні Рады Сяргей Навумчык распавёў пра візіт у Аўстралію. Ён адзначыў, што старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла была цёпла прынятая ў беларускіх асяродках у Сіднеі, Мельбурне і Адэлаідзе. Актывісты дыяспары ў Аўстраліі былі праінфармаваныя пра падзеі ў Беларусі і дзейнасць Рады. Аўстралійскія беларусы не павінны адчуваць сябе “на перыферыі” беларускай справы, яны могуць шмат зрабіць ў тым ліку і для падтрымкі культурніцкіх і кнігавыдавецкіх праекаў (і, дарэчы, шмат робяць, як спадарыня Вольга Качан і спадар Міхась Лужынскі). Вячка Станкевіч прадставіў інфармацыю пра сустрэчы ў Дзярждэпартаменце ЗША, а таксама пра падтрымку ініцыятывы былога пасла Дэвіда Суорца, які стварыў беларускі даследчы цэнтр. На пасяджэнні Прэзідыума Рады гаварылася пра арганізацыю падтрымкі новага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які мусіць прыняць Кангрэс ЗША.

На пасяджэнні абмяркоўвалася пашырэнне сферы дзейнасці Рады ў галіне культуры і адукацыі, разглядаліся пытанні дзейнасці Фундацыі імя П. Крэчэўскага, а таксама захавання дыяспарай кватэры ў Парыжы, з якой звязана шмат у гісторыі беларускай дыяспары. Зянон Пазняк, які браў удзел у пасяджэнні, распавёў пра свае сустрэчы з беларускімі студэнтамі ў Варшаве.

“Беларус”. 2006. верасень

Нью-Йорк, ЗША

Беларусь прадстаўлена на IV Нью-Йоркскім міжнародным незалежным кінафестывалі. Відэафільм “Сонцам асвячуся” (англамоўная назва “I Will Be Lighted By the Sun”) аўтара і рэжысёра Сяргея Рыбакова (Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі) прайшоў афіцыйны адбор і возьме ўдзел ў IV Нью-Йоркскім міжнародным незалежным кінафестывалі (New York International independent film and video festival). Фільм расказвае аб экспедыцыі журналістаў АТН на Палессе, знаёміць з самабытнай культурай і унікальным песенным мастацтвам, якое захавалася ў беларускай глыбінцы.

“Многія сёння ведаюць беларускую культуру павярхоўна: забылі старадаўнія абрады, легенды, песні, — лічыць Сяргей Рыбакоў. — Між тым, гэта наша гісторыя, да таго ж, кожная песня тоіць у сабе глыбокі сэнс, які называюць народнай мудрасцю. “Сонцам асвячуся” — фільм аб экспедыцыі, якая збірае па крупінках самабытную песенную спадчыну нашых продкаў, паказвае забытыя старадаўнія абрады, легенды, замовы... Унікальныя па сваім гучанні і мелодыцы песні з філасофскімі тэкстамі і старажытнай мудрасцю, што гучаць у фільме ў выкананні жыхароў вёскі, адкрываюць глыбінныя пласты беларускай культуры”.

У экспедыцыі здымачная група АТН пабывала сумесна з вядомым беларускім фольк-музыкантам, выкладчыкам кафедры этнаграфіі і этналогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, лідэрам этнагрупы “Тройца” Іванам Кірчуком. Журналісты пабывалі ў адным з самых аддаленых куткоў беларускага Палесся (прыкладна за 400 км ад Мінска) — у вёсцы Відзібор Столінскага раёна.

Паводле сцэнарыя, пошукам песень прадзедаў займаецца галоўны герой фільма (Іван Кірчук), які з’яўляецца на свет з сімвалічнага двайніка — ажыўшай з глыбіні стагоддзяў батлеечнай лялькі Іван. Ён “адкопвае” з-пад пылу стагоддзяў беларускі фальклор, які пасля будзе апрацаваны і запісаны. І песні, якія “адыходзяць”, абавязкова захаваюцца і застануцца нашым нашчадкам.

Нью-Йоркскі міжнародны незалежны кінафестываль — адна з важных падзей у сусветнай кінаіндустрыі. Кожны такі форум прадстаўляе больш як 300 фільмаў, сусветных прэм’ер, высакаякасных дакументальных, кароткаметражных і анімацыйных фільмаў з ЗША, Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Расіі і іншых краін. Фестываль праводзіцца ў два этапы: з 14 па 21 верасня — у Лос-Анджэлесе (ЗША) і з 14 па 21 лістапада ў Нью-Йорку (ЗША). Паказ фільму Агенцтва тэлевізійных навін “Сонцам асвячуся” запланаваны ў ходзе славянскай секцыі кінафестывалю ў Лос-Анджэлесе.

belta.by

ЗША

У жніўні 2006 г. у Злучаных Штатах Амерыкі распачаў сваю дзейнасць Цэнтр беларускіх даследаванняў. Статутныя дакументы аб утварэнні такога цэнтра былі падпісаныя 11 ліпеня 2006 г. віцэ-прэзідэнтам Саўтвестэрн-каледжа Эндры Шэпардам (г. Вінфілд, Канзас) і былым паслом ЗША у Беларусі Дэвідам Суорцам. Афіцыйная цырымонія адкрыцця цэнтра запланаваная на лістапад бягучага года.

Стварэнне Цэнтра беларускіх даследаванняў – гэта супольная ініцыятыва Саўтвестэрн-каледжа і Фундацыі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту, якую дзесяць год таму заснаваў і прэзідэнтам якой з’яўляецца выпускнік Саўтвестэрн-каледжа Д.Суорц. Мэтай Фундацыі была падтрымка ЕГУ, пакуль універсітэт не быў зачынены беларускімі ўладамі ў 2004 г. Зараз Фундацыя ЕГУ спыняе сваё існаванне і перадае сваю маёмасць новаўтворанаму Цэнтру беларускіх даследаванняў.

Асноўнай задачай цэнтра будзе адраджэнне беларускай нацыі праз вышэйшую адукацыю. Плануецца, што цэнтр стане вядучым асяродкам беларускіх даследаванняў у ЗША, дзе будуць збірацца даследчыкі, студэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, універсітэтаў, бібліятэк, урадаў і ўсе тыя, хто адданы справе пабудовы дэмакратычнай Беларусі. Цэнтр будзе падтрымліваць навуковыя даследаванні і іншую дзейнасць на карысць Беларусі.

Цэнтр будзе запрашаць даследчыкаў і студэнтаў з Беларусі і іншых краінаў наведаць Саўтвестэрн-каледж, дзе ў іх будзе магчымасць весці навуковыя даследаванні, выступаць з лекцыямі і сустракацца з мясцовымі грамадскімі арганізацыямі. Ужо ў гэтым месяцы цэнтр прыме першага даследчыка з Беларусі, які правядзе ў Саўтвестэрн-каледжы цэлы акадэмічны год. Беларускія студэнты атрымаюць магчымасць праходзіць акадэмічныя стажыроўкі на базе каледжа. Цэнтр будзе садзейнічаць пашырэнню ведаў пра Беларусь праз публікацыю навуковых прац у друкарні каледжа. Таксама плануецца, што Цэнтр распрацуе і прапануе амерыканскім студэнтам шэраг акадэмічных курсаў, прысвечаных Беларусі.

Па словах Д.Суорца, цэнтр зацікаўлены ў супрацоўніцтве з арганізацыямі і асобамі з Беларусі, а таксама беларусамі, якія жывуць за мяжой. Так, напрыклад, ужо адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША, якія падтрымалі ідэю стварэння цэнтра.

“Беларус”. 2006. верасень

Латгалэ, Латвія

Кожныя два гады народнае свята Яблычны спас, якое знамянуе сабой заканчэнне лета, у Латгаліі адзначаюць своеасабліва – фестывалем нацыянальных культур “Латгальскі вянок” у Краслаўскім раёне. У ім удзельнічаў ансамбль беларускай песні “Журавінка” Вентспілскага гарадского цэнтра культуры. Усяго ж на фестывалі былі прадстаўлены больш за 40 калектываў нацыянальных культур з шматлікіх воласцяў і раёнаў Латгаліі, а таксама замежныя госці з Літвы і Украіны. Фестываль арганізуе валасны савет Індрскай воласці, якая знаходзіцца ля самай мяжы з Беларуссю. Сярод жыхароў Індрскай воласці пераважаюць беларусы. Напэўна, таму так цёпла сустракалі яны ансамбль беларускай песні з Вентспілса. “Журавінка” была адзіным калектывам, які атрымаў магчымасць выступіць у Індры з асобным паўтарагадзінным канцэртам.

Запоўненая зала валаснога Дома культуры доўга не адпускала са сцэны выканаўцаў беларускай песні, зноў і зноў выклікаючы іх на біс. Калі ж стомленыя і шчаслівыя спевакі “Журавінкі” пакідалі сцэну, зала праводзіла іх стоячы.

Ансамблю “Журавінка” давялося пераадолець доўгі шлях з Вентспілса на фестываль у Індры – больш за 500 кіламетраў. Фінансавую падтрымку ў аплаце транспартных выдаткаў аказалі Вентспілская гарадская дума і беларуская суполка “Спадчына”, якім удзельнікі гурту выказваюць сваю удзячнасць.

Сёлетні год выдаўся для ансамбля “Журавінка” насычаным і плённым за ўсе няпоўныя чатыры гады існавання калектыва. Ансамбль запісаў свой першы дыск і з поспехам удзельнічаў у двух міжнародных фестывалях нацыянальных культур – 13-м Міжнародным фестывалі музыкі і песні “Прыдняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які праходзіў 24-25 чэрвеня ў горадзе Дуброўна Віцебскай вобласці (Беларусь), і ў 5-м фестывалі “Латгальскі вянок”.

Алена Нарушэвіч
www.svitanak.lv

Варшава, Польшча

15 верасня 2006 года ў Нацыянальным цэнтры даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў у Варшаве адбылося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў выпускнікам ХI курса па тэме “Ахова і выкарыстанне гістарычных прамысловых аб’ектаў і помнікаў тэхнікі” Міжнароднай паслядыпломнай летняй школы “Нясвіжская акадэмія”. Дыпломы атрымалі 15 выпускнікоў, у тым ліку восем – з Беларусі і сем – з Украіны.

belarus21.by

Варшава, Польшча

У бібліятэцы Варшаўскага універсітэта адбылася міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Ежы Гедройц: культура й палітыка 20-га стагоддзя”. Сустрэча прайшла з нагоды 100-й гадавіны нараджэння вядомага польскага эміграцыйнага дзеяча. Першая частка канферэнцыі была прысвечаная значэнню палітычнай канцэпцыі Ежы Гедройц. Другая частка прайшла пад назвай “Сярод сяброў і суседзяў”. У ёй узялі ўдзел гісторыкі й палітыкі з Літвы, Украіны і Беларусі. Беларускі бок прадставілі Станіслаў Шушкевіч ды Лявон Баршчэўскі. Падчас прамовы прафесар Шушкевіч зазначыў, што ідэі Ежы Гедройца з прыходам дэмакратычнай і прабеларускай улады абавязкова будуць рэалізаваныя ў нашай краіне. Ганаровы старшыня ПЭН-цэнтра Лявон Баршчэўскі падкрэсліў, што ў пасляваенны час ніхто так не адстойваў інтарэсаў Беларусі ў Заходняй Еўропе як Ежы Гедройц.

Паводле“Polskie radio “Polonia”

Гайнаўка, Польшча

Першы дзень новага навучальнага года (4 верасня) у Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы праходзіў у традыцыйнай урачыстай атмасферы. Спачатку з дырэктарам школы Яўгенам Сачко і настаўнікамі спаткаліся белгімназісты, а пасля на ўрачыстай лінейцы прысутнічалі белліцэісты. Выступленні адбываліся пад школьным сцягам з беларускімі і польскімі надпісамі, які трымалі лепшыя вучні школы. У час прамоваў дырэктара Яўгена Сачко былі закранутыя таксама справы патрыятычнага выхавання, на якія зараз трэба звяртаць асаблівую ўвагу.

“Ніва”. 2006. 17 вер.

Гайнаўка і Бельск-Падляшскі, Польшча

9 верасня ў Музеі і цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы адбыўся Дзень беларускай культуры, які быў арганізаваны пасольствам Беларусі ў Польшчы, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы (БГКТ) і Музеем і цэнтрам беларускай культуры ў Гайнаўцы ў рамках праграмы супрацоўніцтва з беларускай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы “Беларусы Польшчы”.

У час правядзення мерапрыемства адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Слова Коласа яднае” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і перасоўнай кніжнай выстаўкі “Лепшыя кнігі Беларусі”, падрыхтаванай Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У рамках праграмы Дня беларускай культуры былі арганізаваны таксама паказы дакументальных відэафільмаў аб Беларусі, выступленні дэкламатаркі і фальклорнага калектыву Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы.

10 верасня 2006 года таксама адбыліся традыцыйныя III Археалагічнае свята ў в. Збучы Бельскага павету і Свята беларускай песні ў гарадскім амфітэатры ў Бельску-Падлясскім, якія былі арганізаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам сумесна з самаўрадавымі арганізацыямі гміны Чыжы і г. Бельска-Падлясскага. У вышэйназваных мерапрыемствах, на якіх прысутнічала каля 5 тысяч мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей, прынялі ўдзел 12 калектываў беларускай меншасці з Падлясскага ваяводства. Адбыліся таксама шматлікія конкурсы і паказы народных рамёстваў, былі арганізаваныя выстаўкі і продаж беларускай літаратуры і музычных запісаў.

Паводле пасольства Рэспублікі Беларусь
ў Рэспубліцы Польшча. 2006. 11 вер.

Гданьск, Польшча

У Гданьску, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, прайшло трохдзённае Свята нацыянальных меншасцяў. Гэта ўжо трэцяе па ліку такое мерапрыемства. Адметнасці сваёй культуры жыхарам і наведвальнікам Гданьска прадставілі беларусы, габрэі, літоўцы, украінцы, немцы, татары і караімы. Беларускую культуру на Днях нацыянальных меншасцяў у Гданьску прэзентаваў тэатар “Мы” з Беластока пад кіраўніцтвам Аліны Ваўранюк ды гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч.

Паводле“Polskie radio “Polonia”

Познань, Польшча

У Познані адкрылася фотавыстава здымкаў, якія перамаглі сёлета ў прэстыжным фотаконкурсе “BZ WBK Press Photo”. Трэцяе месца ў катэгорыі “Падзеі” заняў здымак, зроблены падчас сакавіцкіх падзеяў у Мінску Якубам Камінскім. На здымку – стары мужчына з малым хлопчыкам на шыі, у якога ў руцэ нацыянальны сцяжок, апынуліся ў натоўпе, сціснутым двума кардонамі міліцыі. Патрон конкурсу – аўтарытэтны штодзённік “Rzezcpospolita”, у якім і быў надрукаваны здымак.

Паводле радыё “Свабода”

Познань, Польшча

Бібліятэка Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ім. Францішка Багушэвіча дзякуючы дапамозе грамадскіх арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў паступова папаўняецца новымі кніжкамі. Дзякуючы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў збор перададзеная ўся серыя кніжак Бібліятэкі “Бацькаўшчыны”, ахвяраванню якіх паспрыяла спадарыня Алена Макоўская. Ахвоту перадаць свае кніжкі выказалі таксама ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна, спадарыня Ялянта Смялоўская (супрацоўніца беларускай службы радыё “Палонія”), а таксама спадар Анатоль Маўчун (познанскі дзеяч, сябра арганізацыі). Сябры цэнтра шчыра дзякуюць усім ахвярадаўцам.

Віталь Воранаў

Навасібірск, Расія

“Я пасею песні на радзімых гонях, можа, яны ўзыйдуць, з ветрам загамоняць. Зашумяць, як жыта буйнае калоссем. Загудуць мо ў небе спевам-сугалоссем. Хай ляцяць, як у небе гусі, і пяюць аб долі Маці-Беларусі!” Гэтымі словамі адкрыўся заключны гала-канцэрт фестывалю-конкурсу беларускай інструментальнай музыкі “Карані сваяцтва адвечныя ў музыцы Белай Русі” на сцэне Палаца культуры імя Горкага ў Новасібірску.

На працягу некалькіх гадоў напярэдадні Дня горада Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр БКАЦ у імя святой Еўфрасінні Полацкай праводзіць гарадскія і рэгіянальныя фестывалі, прысвечаныя роднай Беларусі. На гэты раз свята сабрала тых, хто валодае ігрой на музычных інструментах і праз музыку здольны выказаць сваю любоў да шматграннай і самабытнай беларускай культуры. Склад журы фестывалю выклікаў трапятанне і адначасова захапленне ўдзельнікаў: лаўрэаты ўсерасійскіх і міжнародных конкурсаў, уладальнікі Гран-пры конкурсу “Залаты акардэон” (ЗША), залатых медалёў конкурсу Іегуды Менухіна (Японія) дацэнты Новасібірскай кансерваторыі Андрэй Раманаў і Андрэй Кугаеўскі, прафесар Юрый Марчанка, кіраўнік ансамбля “Белыя Росы”, удзельнік “Славянскага базару ў Віцебску” Аляксандр Фяршалаў, саветнік аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Новасібірску Ігар Саўко, старшыня праўлення БКАЦ Іван Панасюк, старшыня аргкамітэта, дырэктар БКАЦ Аляксандр Лагуценка. Узначаліў журы заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Равенскі, які літаральна за месяц да фестывалю са сваім ансамблем “Дударыкі” даў дабрачынны гастрольны тур па Новасібірскай вобласці і канцэрты ў Новасібірску.

Здзівіла сваім выступленнем вучаніца дзіцячай школы мастацтваў № 14 Марына Ліхачова — упершыню ў Новасібірску яна на раялі выканала твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя Напалеона Орды “Успамін аб сваім юнацтве”. Выбухам апладысментаў зала вітала з’яўленне на сцэне першага ў горадзе цымбаліста. Алег Новікаў, выкладчык музычнай школы № 7 з ансамблем “Экспрэсіён” выканаў беларускую народную песню “Як я ехаў да яе”. Весела прагучалі полькі “Янка”, “Лявоніха”, “Бульба”, “Трасуха” ў выкананні духавых аркестраў малодшых і старэйшых класаў ДШМ № 7, маладзёжнага аркестра рускіх народных інструментаў ДК імя Горкага.
Найбольшую колькасць нумароў і заключную песню “Белая Русь” у выкананні ансамбля “Зоркі Сібіры” прадставіла музычная школа № 7, якая ўжо не першы год супрацоўнічае з Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам. Выхаванцы школы і сталі лаўрэатамі гарадскога фестывалю-конкурсу беларускай інструментальнай музыкі.

Напрыканцы фестывалю старшыня журы Дзмітрый Равенскі павіншаваў удзельнікаў цудоўнага свята і выказаў падзяку ўсім, хто за тысячы кіламетраў ад Беларусі захоўвае і перадае сваім дзецям музыку Белай Русі.

Персанальны прыз першаму цымбалісту Новасібірска ўручыў старшыня праўлення БКАЦ Іван Панасюк. Усе ўдзельнікі заключнага канцэрта атрымалі каштоўныя прызы — музычныя цэнтры, плееры, музычныя інструменты дзякуючы падтрымцы сяброў і партнёраў Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра. У чарговы раз Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр падарыў сібіракам радасць ад дакранання да беларускай музыкі — велічнай і цудоўнай, якая стагоддзямі жыве на сібірскай зямлі.

belarus21.by

ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ

Варшава, Польшча

16 верасня ў Варшаве ў акцыі прыняло ўдзел больш за 200 маладых беларусаў і палякаў, паведамляе вэб-сайт “Хартыя’97”. Удзельнікі атрымалі джынсавыя й бела-чырвона-белыя стужкі. Наперадзе калоны былі бачныя вялікія партрэты зніклых беларускіх апазіцыйных дзеячоў. Група прайшла цэнтральнымі вуліцамі Варшавы. На Замкавым пляцы, у самым гістарычным цэнтры Варшавы, адбыўся мультымедыйны паказ кароткіх фільмаў, прысвечаных сённяшняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Быў паказаны фільм пра зніклых беларускіх дзечаў, пасля чаго былі запаленыя свечкі салідарнасці. Напрыканцы адбыўся імправізаваны акустычны канцэрт беларускіх студэнтаў.

Паводле “Хартыя’97”

Латвія

16 верасня ў эфіры папулярных латвійскіх радыёстанцыяў “NABA” i “SWN” гучалі беларускія кампазіцыі з альбома “Песні свабоды”. Зборнік складаюць музычныя запісы беларускіх рок-гуртоў. Усе песні прысвечаныя тэме свабоды для Беларусі.

“Polskie radio “Polonia”. 2006. 17 вер.

Санкт-Пецярбург, Расія

Салідарнасць з беларусамі выказалі ў суботу таксама жыхары Санкт-Пецярбурга. Яны традыцыйна прыйшлі са свечкамі да беларускага консульства.

“Polskie radio “Polonia”. 2006. 17 вер.


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Аляксандр Надсан “Pro patria aliena.

Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938)”

Бібліятэка часопіса “Беларускі гістарычны агляд” папоўнілася кнігай Аляксандра Надсана, прысвечанай кляштару беларускіх айцоў марыянаў у Друі ў міжваенны час. У назве кнігі (у перакладзе на беларускую мову “Для чужой Бацькаўшчыны”) адлюстраваўся трагічны лёс друйскіх марыянаў, якія мужна баранілі свае нацыянальныя і рэлігійныя правы ва ўмовах Польшчы, дзе словы “паляк” і “каталік” многімі ўспрымаліся як сінонімы.

Як пазначыў ва ўступе сам аўтар, у кнізе “робіцца спроба прасачыць гісторыю Друйскага кляштара марыянаў ад ягонага заснавання да 1938 г. на фоне тагачаснай палітычнай і рэлігійнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, а таксама ватыканскай ostpolitik, што выяўлялася ў дзейнасці Папскай камісіі Pro Russia”. Як і ранейшыя працы айца А.Надсана, яна напісана на падставе шматлікіх і пераважна раней невядомых архіўных дакументаў, частка якіх знаходзіцца ў фондах Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Большасць гэтых дакументаў паходзіць са збораў біскупа Чэслава Сіповіча.

Алесь Смалянчук
mab.org.by

“Польшча: Энцыклапедыя аднаго рэгіёна”

Энцыклапедыя створана намаганнямі польскіх беларусаў айца Рыгора Сосны і Дарафея Фіёніка. Праваслаўны святар доктар Рыгор Сосна і культуролаг Дарафей Фіёнік апублікавалі сваю новую сумесную манаграфію аб адным з даволі характэрных беларускіх месцаў у сучаснай Польшчы — Шчытах і іх ваколіцах (O.Grzegorz Sosna, Doroteusz Fionik. Szczyty: Dzieje wsi i parafii. Bielsk Podlaski — Ryboly — Bialystok, 2005). Кніга выдадзена ў друкарні Супрасльскага Благавешчанскага манастыра пад грыфам Беларускага гістарычнага таварыства. Без перабольшвання, том у 400 старонак, які змяшчае звыш за 200 ілюстрацый, -- энцыклапедыя беларускага культурнага, гаспадарчага і рэлігійнага жыцця на крайнім заходнім памежжы тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага непадалёк ад Бельска-Падлясскага. Пачынаючы сваё апавяданне літаральна з эпохі ранняга сярэднявечча, аўтары заканчваюць яго днём сённяшнім — аглядам і аналізам той спадчыны, якая дасталася цяперашнім беларусам Польшчы ад іх продкаў, што стагоддзямі жылі ў гэтых мясцінах. Да несумненных плюсаў манаграфіі належыць увядзенне ў навуковы ўжытак велізарнага архіўнага матэрыялу, назапашанага аўтарамі ў выніку нястомных пошукаў у самых разнастайных зборах: найперш прыватных, царкоўных і дзяржаўных.

belarus21.by

Англійска-беларускі слоўнік на “тарашкевіцы”

У Мінску выйшаў з друку англійска-беларускі слоўнік — вынік шматгадовай працы Валянціны Пашкевіч, Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля, групы супрацоўнікаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў ЗША і Канадзе. У ім змешчана каля 30 тысяч артыкулаў. У беларускай частцы слоўніка скарыстана “тарашкевіца”, а ў англійскай – больш пашыраны ў свеце амерыканскі варыянт англійскай мовы. Англійска-беларускі слоўнік выйшаў у Мінску накладам 2 тысячы асобнікаў. Выдавец Зміцер Колас упэўнены ў запатрабаванасці гэтай працы і не выключае перавыдання слоўніка блізкім часам.

Даведка: Англійска-беларускі слоўнік быў створаны за кошт фінансавання фундацыі Пётры Крэчэўскага, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Лонданскага Беларускага Харытатыўнага фонду, Беларускага каардынацыйнага камітэту Канады, грамадскай падпіскі і ахвяраванняў.

Ужо пры канцы гэтага тыдня англійска-беларускі слоўнік трапіць у кнігарні Мінска. Кніга з’явілася на свет у выніку шматгадовай працы дзесяткаў людзей.

Паводле радыё “Свабода”

“Жыццё. Спадчына: гістарычны нарыс”

Сяргей Габрусевіч і Святлана Марозава — гарадзенскія даследчыкі — склаі кнігу, прысвечаную асобе прафесара Віленскага універсітэта Ігната Анацэвіча. Ён быў адным з прадстаўнікоў гэтак званай “віленскай гістарычнай школы” першай паловы ХІХ ст., якая моцна спрычынілася да станаўлення беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Ігнат Анацэвіч быў першым беларускім даследчыкам гісторыі ВКЛ, знаўцам крыніц па беларускім і літоўскім сярэднявеччы, спецыялістам па археаграфіі.

Галоўны герой кнігі — гэта знакавая постаць беларускай навукі і культуры першай паловы ХІХ ст. Між тым на Радзіме да нядаўняга часу яму былі прысвечаныя толькі кароткія біяграфічныя нарысы даведкава-энцыклапедычнага характару. Кніга Сяргея Габрусевіча і Святланы Марозавай у вялікай ступені запоўніла гэтую пустку. На падставе шырокага кола крыніц прааналізавана жыццё і дзейнасць чалавека, якога можна лічыць адным з пачынальнікаў беларускай гістарыяграфіі.

Апроч аўтарскага тэксту ўвагу чытача, безумоўна, павінны прыцягнуць выбраныя творы Ігната Анацэвіча, сярод якіх “Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі”, “Уступ да працы Яна Альбертрандзі “Праўленне Генрыха Валуа і Стэфана Баторыя, каралёў польскіх” ды інш. Таксама варта звярнуць увагу на бібліяграфію прац славутага віленскага прафесара.

Алесь Смалянчук
mab.org.by

Зварот да беларускай эміграцыі ва ўсім свеце

Амаль падрыхтаваная да друку унікальная кніга ўспамінаў дзеячаў беларускай эміграцыі найстарэйшага пакалення. Успаміны — іх запісана і апрацавана каля 60, мяркуецца яшчэ 10 — сабраў малады беларускі журналіст з Германіі Аляксандр Адзінец. Амаль усе гутаркі, запісаныя сп. А.Адзінцом, адбыліся па тэлефоне. Аўтар прарабіў сапраўды тытанічную працу, за ўласны кошт у вольны ад працы час тэлефанаваў у ЗША і Канаду, у Швецыю і Бельгію, Аўстралію і Аргенціну, Вялікабрытанію і Францыю, Польшчу і Чэхію. Успаміны будуць дапоўненыя фотаздымкамі.

Засталася толькі адна праблема — на кнігу не хапае грошай. Палова патрэбнай сумы сабраная, але неабходна другая палова. Кнігу плануецца выдаць у серыі “Бібліятэка “Бацькаўшчыны” пры канцы 2006 года. У звязку з тым МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца да ўсіх беларусаў на эміграцыі з просьбай аб дапамозе ў выданні кнігі, якая можа стацца сапраўдным помнікам беларускай эміграцыі ХХ ст.

Грошы можна пералічваць на рахунак аўтара:
Aliaksandr Adzinets
IBAN: DE26796500000500815253
BIC: BYLADEM1MIL
з пазнакай “на кнігу”
Аляксандр Адзінец

Беларус з Масквы раскрывае таямніцы беларускай гісторыі

12 верасня адбылася прэзентацыя новай кнігі Аляксея Каўкі “Каб не забыцца”, якую склалі аўтарскія допісы за розныя гады. На жаль, у кнігі зусім малы наклад – усяго сто асобнікаў. На імпрэзе ва ўправе БНФ было каля 30 - 40 чалавек. Аляксей Каўка – адзін з найбольш вядомых беларускіх савецкіх дысідэнтаў, славутасць якому прынёс артыкул “Ліст да расейскага народа”. Апошнія гадоў трыццаць Аляксей Каўка жыве і працуе ў Маскве, дзе атрымаў кандыдацкую гістарычных навук і доктарскую філалагічных. Выдае ў Маскве штогадовы альманах “Скарыніч”, дарэчы, сёлета ў свет з’явіўся ягоны ўжо шосты нумар.

На імпрэзе Каўка прызнаўся, што ўпершыню выступае з прэзентацыяй уласнай кнігі, таму крыху хвалюецца. Але яму і не давялося шмат казаць, за Каўку казалі шмат і добрага іншыя. Дырэктарка музея-архіва літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка параўнала працу Аляксея Каўкі з работай цэлага інстытута.

Паводле “Нашай Нівы”

“Лета ў Бадэне”

У Германіі выдадзены пераклад кнігі Леаніда Цыпкіна “Лета ў Бадэне”. Раман адразу ж выклікаў вялікі розгалас у нямецкіх чытацкіх колах. Нямецкая крытыка піша пра Цыпкіна як пра беларускага пісьменніка і бачыць у ім глыбокага знаўцу іншага выдатнага пісьменніка, звязанага паходжаннем з Беларуссю, – Фёдара Дастаеўскага.

Кнігу “Лета ў Бадэне” заходнія крытыкі называюць самым невядомым геніяльным творам другой паловы XX стагоддзя. Яе аўтар, патолагаанатам Леанід Цыпкін, нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства і юнацтва ў Мінску, у 1950–1970-х гадах жыў і працаваў у Ленінградзе, а ў 1982-м памёр у ЗША.
Галоўны герой твора Цыпкіна – вялікі расійскі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, продкі якога паходзілі з Беларусі, колішняй мяжы габрэйскай аселасці. Лейтматыў твору Леаніда Цыпкіна – горкае неразуменне, як Дастаеўскі, вялікі чалавек, што тонка адчуваў пакуты людзей, абараняў прыніжаных і пакрыўджаных, не знайшоў аніводнага слова ў абарону габрэяў – гнаных на працягу тысячагоддзяў людзей, якіх ён, нават, не называў народам, а “племем”.

Цікавая дэталь, якую падаюць нямецкія перакладчыкі раману. Ува ўсёй кнізе Цыпкіна ўсяго толькі 34 кропкі. Ягоная проза – бясконцая плынь свядомасці. Творы Леаніда Цыпкіна таксама перакладзеныя на англійскую і французскую мовы. У 2005 годзе кніга “Лета ў Бадэне” выйшла ў Маскве. На радзіме Цыпкіна – у Мінску – раман не выдаваўся.

Радыё “Свабода”

АБ’ЯВЫ

Маладзёвая старонка газеты “Беларус” запрашае

Маладзёвая старонка нью-йоркскай беларускай газеты “Беларус” ласкава запрашае дасылаць ідэі, прапановы, заўвагі, матэрыялы на адрас рэдакцыі (hazetabielarus@att.net) ці адказнага за маладзёвую старонку (moladz_bielarus@tut.by). Чакаем Вашыя водгукі.

Рэдакцыя маладзёвай старонкі

Беларускі суботні клас у Атаве

Пры актыўным садзеянні і фінансавай падтрымцы дзяржаўных адукацыйных установаў Канады ў Атаве працуе беларускі суботні клас. У беларускі клас прымаюцца дзеці да 8 класа ўключна. Заняткі праводзяць настаўнікі з вялікім стажам працы з дзецьмі дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гэта унікальная магчымасць для кожнага дзіцяці не толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, мовай і гісторыяй, але і набыць дадатковыя веды па матэматыцы.

Заняткі па суботах у школе Dr.Roy Kennedy з 9.00 да 11.00 гадзін.
Адрас школы:
919 Woodroffe Ave
(between the Queens Way and Carling Ave)
Тэлефон для даведак: (613) 733-5775
“Згуртаванне Беларусаў Канады”
(www.belaruscanada.com)


НАШ КАЛАНДАР

Аршанская Бітва 8 верасня 1514 г.

Бітва пад Оршай паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскага княства, якая адбылася 8 верасня 1514 г., з’яўляецца адной з найбольш вялікіх бітваў ХVІ ст. Маскоўскае войска ўварвалася на тэрыторыю ВКЛ, што мела цяжкія наступствы для Літоўскага княства. Інтэрвенцыі 80-тысячнага маскоўскага войска супрацьстаяла 30-тысячнае літоўскае войска. Толькі дзякуючы вайсковаму таленту гетмана літоўскага князя Канстанціна Астрожскага ўдалося перамагчы і пазбегнуць маштабных руйнаванняў ВКЛ. Перамога была настолькі ўразлівай, што праз два тыдні ў Германіі выйшаў адмысловы інфармацыйны лісток з апісаннем бітвы і вайсковага генія князя Астрожскага. Значэнне Аршанскай бітвы мела вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе. Перамога пад Оршай уратавала незалежнасць ВКЛ і таму займае пачэснае месца ў нашай гісторыі. Дзень 8 верасня пачаў святкавацца ў ХХ ст. як Дзень беларускай вайсковай славы. Штогод патрыятычная грамадскасць Беларусі адзначае яго як адно з галоўных нацыянальных святаў.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

15 гадоў таму

15 гадоў таму, 19 верасня 1991 г., Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў у якасці нацыянальных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню”. Гэта быў дзень нечуванага ўздыму ў грамадстве. Ініцыятыву ў рашэнні пытання выявілі Зянон Пазняк, Валянцін Голубеў і Алег Трусаў – усе гісторыкі. Менавіта іх намаганнямі ўдалося змабілізаваць мастакоў – Аляксея Марачкіна, Міколу Купаву, Уладзіміра Крукоўскага, Льва Талбузіна і падрыхтаваць цудоўную выставу пра гісторыю нацыянальных сімвалаў проста ў фае залы пасяджэнняў ВС. Папярэдне абмяркоўвалася пытанне на пасяджэнні камісіі па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савета. Мітрапаліт Філарэт сказаў тады, што гэта будзе вялікім гонарам і добрым знакам для краіны, калі яна будзе жыць пад бел-чырвона-белымі колерамі Хрыста.

Для прыняцця закону патрабавалася 174 галасы, але каб унесці адпаведныя змены ў Канстытуцыю – 230 галасоў. Пасля падрабязнага абмеркавання адбылося галасаванне. Пры першых галасаваннях аднаго-двух галасоў не хапала. Было то 228, то 229. Было дадатковае абмеркаванне, і калі спікер Станіслаў Шушкевіч паставіў на галасаванне яшчэ раз, неабходная колькасць галасоў была сабраная.

Група артадаксальных камуністаў, якая супраціўлялася ўвядзенню нацыянальных сімвалаў, назаўтра паспрабавала аспрэчыць рашэнне ВС. Было заяўлена, што дэпутат Віктар Шэйман на месцы адсутнічаў, а ў раздрукаваных выніках, насупраць яго прозвішча стаяла “за”. Тады сп. Шэйман устаў і заявіў, што сапраўды ён галасаваў “за”. Такім чынам адпаведны закон уступіў у сілу.

Паводле “Нашай Нівы”


ВЕСТКІ

Грамадства

***

Былога кіраўніка МЗС Літвы Антанаса Валеніса плануюць адправіць літоўскім паслом у Беларусь. У Літве, аднак, асцерагаюцца, што беларускія ўлады могуць не прыняць у сябе ў якасці пасла суседняй краіны экс-міністра, які не раз адкрыта выступаў у падтрымку апазіцыі. У Мінску сцвярджаюць, што менавіта Валеніс (быў тады міністрам замежных спраў Літвы) і літоўскае пасольства (якое ўзначальвалася цяперашнім кіраўніком МЗС Пятрасом Вайтэкюнасам) арганізавалі і скаардынавалі мітынг апазіцыі ў Мінску ў сакавіку 2006 года.

www.annews.ru

***

18 верасня ў Беларусь прыбыла новы пасол Злучаных Штатаў Амерыкі Карэн Сцюарт. Як адзначыла кіраўнік дыпламатычнай місіі ЗША ў Беларусі, для яе “гонар і задавальненне ўзначаліць амерыканскую місію ЗША ў Мінску”. Карэн Сцюарт нагадала, што апошнія чатыры гады яе прафесійная дзейнасць была звязаная з Беларуссю. Калі амерыканскую дыпламатычную місію ў Мінску ўзначальваў Майкл Козак, яна працавала намеснікам кіраўніка дыпламатычнай місіі, а затым — дырэктарам офіса па справах Беларусі, Украіны і Малдовы ў дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

Раней дыпламатычную місію ЗША ў Беларусі ўзначальваў Джордж Крол. Улетку гэтага года ён пакінуў Беларусь. Прэзідэнт ЗША Джордж Буш прызначыў Джорджа Крола пасол ЗША ў Беларусі ў 2003 годзе. У сваёй развітальнай прамове Джордж Крол сказаў, што беларусы навучылі яго таму, што “непакорлівы чалавечы дух — наймацнейшае, што ёсць на свеце... навучылі разумець сябе і сваю краіну”.

Паводле БелаПАН

***

Непрызнаная беларускімі ўладамі старшыня Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс атрымала ў Тарнове ўзнагароду ад Сусветнай асацыяцыі польскіх газет за значны ўнёсак ў прапаганду польскай культуры. Статуэтку ў форме зямнога шара Анжаліцы Борыс уручыў спікер Сената Польшчы Багдан Барусевіч.

У жніўні 2006 года Міністэрства замежных спраў Польшчы звярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваннем спыніць пераследаванне нацыянальных меншасцяў у краіне. У траўні 2006 года спікер Сената Польшчы Барусевіч заявіў, што пытанне аб Саюзе палякаў на Беларусі з’яўляецца адным з галоўных на шляху нармалізацыі беларуска-польскіх адносінаў. Па словах Барусевіча, толькі пасля прызнання афіцыйным Мінскам кіраўніцтва Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс магчымы прагрэс у адносінах паміж Варшавай і Мінскам.

telegraf.by

***

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі рэспублікі абнавіць і прывесці да аднастайнасці правілы арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы. Па дадзеных газеты “Взгляд”, беларускую мову чакае не кардынальная рэформа, а толькі ўдакладненне некаторых правілаў, што крыху спросціць мову і наблізіць яе да рускай.

Праект зменаў арфаграфіі і пунктуацыі быў распрацаваны ў 1999 годзе, але дагэтуль пытанне ўдакладнення правілаў мовы не вырашана. Зараз у рэспубліцы карыстаюцца рэдакцыяй, прынятай ў 1957 годзе. Па агульным меркаванні, за мінулыя 50 гадоў мова змянілася, і яе правілы трэба прывесці ў адпаведнасці з сучасным станам.

Паводле газеты “Взгляд” ( vzglyad.ru)

***

Судовае пасяджэнне па справе беларуса Юрася Іванюковіча, абвінавачванага ў вандалізме і апаганенні будынка беларускага пасольства ў Маскве, перанесена на нявызначаны тэрмін. Па словах адваката беларуса Станіслава Маркелава, суд не можа пачацца, паколькі дагэтуль не знойдзены перакладчык, які можа вусна перакладаць з беларускай мовы.
Маркелаў нагадаў, што 9 траўня Ю.Іванюковіч напісаў маркерам на шыльдах, змешчаных на сцяне будынка пасольства Беларусі ў Расіі, надпісы “Жыве Беларусь!!!” і “БТ маніць!!!”. Яго тут жа прымусілі сцерці надпісы, а затым затрымалі. 10 ліпеня Басманны суд Масквы распачаў слуханне крымінальнай справы па абвінавачванні Іванюковіча ў вандалізме.

Адвакат беларуса падкрэсліў, што прыцягненне да судовага працэсу ў Расіі беларускага перакладчыка, фактычнае прызнанне судом існавання гэтай мовы, – прэцэдэнт, за які ён удзячны суддзі.

Паводле БелаПАН

***

На апошнім пасяджэнні ўправы Партыі БНФ зацверджана ініцыятыва правесці Форум за незалежнасць Беларусі. Мэта форуму — засведчыць волю беларускай грамадзянскай супольнасці і згуртаваць палітычныя і грамадскія структуры краіны. Ініцыятыву БНФ падтрымаў лідэр аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, які заклікае не расхалоджвацца, весці растлумачальную працу, каб не дапусціць раптоўнай альбо паступовай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі.

Мінскі палітолаг Аляксей Кароль перакананы, што пагроза незалежнасці Беларусі існуе цягам усяго прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Праводзіць жа форум за незалежнасць неабходна ў той момант, калі гэтая акцыя будзе мець найбольшы грамадскі рэзананс і эфектыўнасць.

Радыё “Свабода”. 2006. 6 вер.

***

У Палітраду аб’яднаных дэмакратычных сіл увайшлі прадстаўнікі Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў. Заява прадпрымальнікаў аб далучэнні да аб’яднанай апазіцыі была падтрымана на пасяджэнні (6 верасня) палітрады ў Мінску.

На пасяджэнні быў ізноў разгледжаны графік рэгіянальных паездак А.Мілінкевіча па краіне. Адной з асноўных тэм гэтых сустрэч стане выпрацоўка механізмаў супрацьдзеяння магчымаму рэферэндуму па аб’яднанні Беларусі і Расіі ў рамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Паводле БелаПАН

***

Міністры замежных спраў Беларусі і Ірана 7 верасня заявілі пра супольную пазіцыю дзвюх краін адносна шэрагу міжнародных праблем, у тым ліку сітуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы. Заявы прагучалі падчас візіту міністра замежных спраў Ірана Манучэхра Матакі ў Мінск. Іранскі госць сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Канаплёвым і Міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Паводле радыё “Свабода”

***

У Мінску адбыўся Джынсавы фэст. У акцыі салідарнасці, прымеркаванай да гадавіны знікнення апанентаў дзейных уладаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, узяло ўдзел некалькі тысяч чалавек. Некаторыя актывісты выказалі намер ўвечары запаліць свечкі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы. З такім заклікам на фэсце публічна выступіў і А. Мілінкевіч. У 19.15 адключылася электрычнасць, што выклікала пратэст удзельнікаў акцыі. На сцэне Джынсавага фэсту арганізатары прымацавалі партрэты зніклых апанентаў улады і паставілі сімвалічны намёт, такі, якія стаялі на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку. Паколькі ўлады забаранілі выкарыстанне на фэсце нацыянальнай сімволікі, то бел-чырвона-белыя сцягі моладзь насіла на сваіх плячах, як аздабленне вопраткі. Недахоп сімволікі таксама кампенсавалі ўзнятымі над галовамі джынсавымі кашулямі, а таксама афіцыйнымі сцягамі горада Мінска і Еўрасаюза. Фэст пачаўся з гучных скандаванняў “Жыве Беларусь!” і выступаў родзічаў зніклых апанентаў улады.

Паводле радыё “Свабода”

***

У Беларускім інтэрнет-асяродку з’явілася першая электронная газета “Ежедневник” (“Штодзённік”). Больш дакладна аб ёй вы можаце даведацца на сайце www.ej.by Адзін з найлепшых варыянтаў абысці цэнзуру, якая зараз кантралюе СМІ, — Інтэрнет. Тым і цікавы праект “Ежедневника”. Ён складаецца па выніках мінулага дня, аўтары — вядомыя журналісты (у асноўным “Белорусской деловой газеты”), галоўны рэдактар “Ежедневника” Сяргей Сацук. “Ежедневнику” не патрэбна друкарня, ён з раніцы дасылаецца ўсім падпісчыкам па электроннай пошце ў фармаце PDF (выглядае як звярстаная газета). Карыстальнік можа яе прагледзець на кампутары альбо раздрукаваць.

Рэдакцыя абяцае, што ў выданні будуць і падборкі навінаў, і аўтарскія артыкулы, і аналітыка з каментарыямі, а таксама рэпартажы і журналісцкія расследаванні. З панядзелка па чацвер плануецца складанне газеты з навінаў і каментарыяў. Па пятніцах будзе выходзіць аналітычны нумар з некаторай часткай забаўляльных матэрыялаў. Газета выходзіць на рускай мове, аднак выдаўцы кажуць, што асобныя версіі могуць выйсці на беларускай і англійскай.

www.ej.by

Эканоміка

***

У апублікаванай штогадовай справаздачы Усясветнага Банка пра ўмовы вядзення бізнесу гаворыцца, што Беларусь – найгоршая краіна свету ў пытанні падаткаабкладання бізнесу. Каб выканаць усе падатковыя законы, фірма ў Беларусі мусіць заплаціць 186% падатку з прыбытку, а за год прадпрыемства павінна зрабіць 125 падатковых плацяжоў. Акрамя таго, у Беларусі складаныя ўмовы рэгістрацыі ўласнасці і знешнеэканамічнай дзейнасці.

У Міністэрстве падаткаў і збораў не пагаджаюцца з высновай Усясветнага Банка. Прэс-сакратар міністэрства Аляксандр Жыгуліч сказаў, што невядома, адкуль даследчыкі ўзялі лічбу 125 і што наогул ўкладалі ў паняцце “падатковая выплата”. І наагул, у міністэрстве няма такой статыстыкі, 186 % падатку з прыбытку.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі: “Сапраўды, гэта так: самыя дрэнныя ўмовы для вядзення бізнесу, фармавання бізнес-асяродку, а ўмовы падаткаабкладання дужа нявыгадныя для эканамічнага росту краіны. Нам даводзілася з гэтымі звесткамі знаёміць і чыноўнікаў. Парадокс у тым, што рэакцыі ніякай. Нібыта гэтыя лічбы з Марсу. У Беларусі так прыцярпеліся да гэтага нярынкавага асяродку, што ўспрымаюць яго як натуральнае”.

Радыё “Свабода”. 2006. 7 вер.

***

Падчас двухдзённага афіцыйнага візіту на Гродзеншчыну надзвычайны і паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што ўзаемаадносіны паміж Расіяй і Беларуссю не павінны замыкацца на нафта-газавай праблеме. Паводле спадара Сурыкава, на таваразварот паміж краінамі, які да канца года павінен дасягнуць 18-20 мільярдаў даляраў, уплываюць іншыя эканамічныя чыннікі. Расійскі пасол таксама зазначыў, што таваразварот паміж Расіяй і Беларуссю самы высокі сярод краін СНД і перасягнуў таваразварот з Украінай.

pahonia.promedia.by

***

Міністэрства эканомікі вырашыла падтрымаць падвышэнне мытных збораў на імпарт харчовых прадуктаў, каб кампенсаваць адмоўнае сальда знешняга гандлю. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра эканомікі Таццяна Старчанка. Па яе словах, назіраецца прырост імпарту такіх харчовых тавараў як свініна, ялавічына, хлебакандытарскія вырабы, сыр, тварог. З пункту погляду дзяржавы, пазіцыя чыноўніка збольшага зразумелая. Але з пункту погляду спажыўца такая пазіцыя абсурдная: цяжка яму растлумачыць, на якой падставе ён з сваёй уласнай кішэні павінен плаціць за беларускую цыбулю амаль у два разы больш, чым за імпартную.

Нагадаем, што ў студзені — ліпені дэфіцыт знешняга гандлю склаў $ 960,7 млн. у параўнанні з прафіцытам у $ 198,7 млн. за сем месяцаў 2005 года.

Паводле АФН

***

Урад Расіі зрабіў большжорсткімі сваі патрабаванні да Беларусі па падзеле прыбыткаў ад экспартных мыт на нафтапрадукты, што выпрацоўваюцца на беларускіх НПЗ з расійскай сыравіны. Зараз паступленні ад мыт прапаноўваецца дзяліць у прапорцыі 85% на 15% на карысць Расіі. Беларускі бок, не жадаючы губляць каля 1,5-2 мільярдаў даляраў у год, у абмен на адмову ад планаў падзелу прыбыткаў гатовы пайсці на саступкі па іншых патрабаваннях Расіі — уніфікаваць стаўкі экспартных мыт на нафтапрадукты і не падвышаць тарыфы на перапампоўку расійскай нафты па тэрыторыі Беларусі.

Час ад часу расійскі бок выкарыстоўвае тэму субсідзіравання беларускага экспарту для палітычнага ціску на Беларусь падчас перамоваў аб стварэнні адзінай дзяржавы. Апошні раз гэта адбылося ў красавіку 2006 года, калі Масква паспрабавала прымусіць Мінск аддаваць палову экспартнай мыты ў расійскі бюджэт. Красавіцкая атака супала з патрабаваннямі “Газпрама” падвысіць кошт закупкі газу Беларуссю. Цяперашняе патрабаванне аддаваць расійскаму бюджэту ўжо 85% заробленага на мытах, відаць, таксама павінна надаць дадатковую вагу прапанове “Газпрама” аб стварэнні сумеснага прадпрыемства з “Белтрансгазам” і новаму варыянту дамовы на 2007 год, у якім кошт на расійскі газ для Беларусі складае 200 даляраў за 1 тыс. куб. м замест цяперашніх 46,7 у.а.

kommersant.ru

Культура

***

Беларускі ПЭН-цэнтр і газета “Наша ніва” падвялі вынікі конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага стогадоваму юбілею “НН”. У снежні ў Мінску пройдуць майстр-класы для фіналістаў. Іх творы будуць выдадзеныя асобнай кнігай. Усяго на разгляд журы даслалі творы 80 аўтараў. Журы вызначыла 22 фіналісты. Адметнасць сёлетніх нашаніўскіх канкурсантаў у тым, што гэта пераважна не філалагічная паводле адукацыі моладзь.

Радыё “Свабода”. 2006. 1 вер.

***

5 верасня ў дольнай залі касцёлу св. Сымона і Алены адбыўся сход сяброў РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр”. На сходзе абралі новага першага намесніка старшыні ды ўручылі прэміі імя Ф.Багушэвіча і А.Адамовіча. Мерапрыемства праходзіла пад знакам апошніх падзеяў: канчатковага высялення Саюза беларускіх пісьменнікаў з Дома літаратара, расейскамоўных падручнікаў па гісторыі Беларусі, ды ініцыяваных Лукашэнкам зменаў правапісу. Старшыня арганізацыі Уладзімір Някляеў падаў заяву аб сыходзе з пасады. Аднак прысутныя на сходзе сябры ПЭН-Цэнтра не вызначыліся з кандыдатурай пераемніка.

Паводле “Наша Ніва”

***

5 верасня на сходзе Беларускага ПЭН-цэнтра празаік і гісторык з Мінска Леанід Маракоў быў узнагароджаны пачэснай прэміяй імя Францішка Багушэвіча. Уручаючы ўзнагароду, Уладзімір Някляеў адзначыў, што даследчык выканаў працу цэлага інстытута. Шматтамовы даведнік “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794-1991” не мае аналагаў. Гэта свайго роду помнік, які пляменнік паставіў свайму дзядзьку, Валерыю Маракову, закатаванаму саветамі.

Каб выдаць даведнік “Рэпрэсаваныя...”, пісьменнік прадаў свой мікрааўтобус. Аднак праца гэтая далёкая ад завяршэння. Увесь час адшукваюцца новыя і новыя звесткі. Як сумна пажартавалі калегі на сходзе ПЭН-Цэнтра, у Маракова яшчэ ёсць кватэра. Вядома ж, дзяржава не дае на такія кнігі ні капейкі.

Між тым аўтар рыхтуе да друку яшчэ адну кнігу. Працоўная назва -- “Толькі адна ноч”. У кнізе змешчаныя біяграфіі расстраляных 27 кастрычніка 1937 г., калі ў адну ноч былі забітыя каля 100 дзеячаў нацыянальнай культуры. Прыводзяцца таксама і звесткі пра іхных катаў, якія ў раскошы дажывалі свае дні на праспекце Скарыны...

Лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча ў розныя гады станавіліся Кастусь Акула, Алесь Белы, Андрэй Катлярчук, Захар Шыбека, Ніна Стужынская і іншыя пісьменнікі і гісторыкі.

Паводле “Нашай Нівы”

 

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by