МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№07(№55)
ліпень
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

На 89-м годзе пайшоў з гэтага свету Янка Брыль

На 89-м годзе пайшоў з гэтага свету Янка БрыльЗгуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Маскоўская беларуская культурная грамада смуткуюць з нагоды смерці нашага выбітнага Суайчынніка, Зоркі беларускай літаратуры, Чалавека, Грамадзяніна, Беларуса – Янкі Брыля!

Ён сышоў ад нас 25 ліпеня. Беларусь і ўсе беларусы свету асірацелі чарговы раз.

Гэта не проста смерць чалавека... Янка Брыль – гэта цэлая эпоха айчыннай літаратуры, светапогляду, філасофіі жыцця, якая дагэтуль засталася да канца для нас неадкрытай, якую мы яшчэ павінны спасцігнуць. Уся тая спадчына, якая засталася нам, цяперашняму і будучым пакаленням, не павінна зысці ў нябыт разам з Песняром, неабходна яе пераасэнсоўваць і ўнікаць у найбагацейшы свет Брыля.

Мы выказваем глыбокае спачуванне не толькі родным і блізкім Янкі Брыля, а ўсяму беларускаму народу. Але ніякія словы спачування не змогуць пераказаць усёй нашай роспачы. Янка Брыль – Прарок жыцця і Чалавек сумлення! На працягу свайго жыццёвага шляху Ён даводзіў нам слова праўды, Ён змагаўся за беларускасць, за незалежнасць, за гонар цэлай нацыі!

Янка Брыль навечна застанецца такой асобай, на якую мы будзем азірацца, якой будзем ганарыцца, з кім будзем звяраць уласны жыццёвы шлях.

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Беларускі дом пераязджае ў нікуды

Па стану на 25.07.2006 г. не вырашана, на жаль, пытанне з размяшчэннем Беларускага дому – міжнароднага цэнтра беларускай дыяспары.

Як вядома, Беларускі дом быў створаны МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2.04.1992 г. (са зменамі і дадаткамі 23.06.1999 г.) для забеспячэння патрэбаў шматмільённай беларускай дыяспары і прадстаўляе сабой:

-інфармацыйны цэнтр,
-культурна-асветны цэнтр,
-архіў беларускай дыяспары,
-бібліятэку беларускай дыяспары.

Згуртаванне “Бацькаўшчына”, асяродкі беларускай дыяспары з 11 краін свету неаднаразова звярталіся ва ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь (да Прэ-зідэнта Рэспублікі Беларусь, у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савет міністраў, Мінгарвыканкам, Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці) з просьбай забяспечыць Беларускі дом памяшканнем на перыяд капітальнага рамонту і пасля яго правядзення вярнуць Беларускі дом у будынак, дзе ён месціўся апошнія 13 гадоў адпаведна Пастановы Урада Рэспублікі Беларусь.

На жаль, ніводная беларуская арганізацыя з замежжа не можа пахваліцца тым, што атрымала адказ на свае звароты. Тым не менш, кожная інстанцыя разглядала лісты і спускала на ўзровень ніжэй для разгляду і прадстаўлення прапаноў. У выніку Мінгарвыканкам прапанаваў “Бацькаўшчыне” некалькі варыянтаў памяшканняў, што былі зняты з абавязковых таргоў ці аўкцыёну па прычыне незапратабаванасці патэнцыйнымі арандатарамі, – глухія падвалы ў жылых дамах, гарадскія прамысловы зоны, сховішчы гародніны…

У чэрвені г.г. на сустрэчы з намес-нікам мэра г. Мінска прагучала парада Згуртаванню самім знайсці памяшканне і тады горад будзе гатовы разгледзіць гэтую прапанову. “Бацькаўшчына” агле-дзела звыш 50-і памяшканняў у розных месцах горада, з таго, што больш падавалася прымальным, улічваючы неабходнасць размяшчэння кніг і архіваў, інфармацыйнага і культурна-асветнага цэнтраў, а таксама зручнасць транспартных камунікацый, бо Беларускі дом часта наведваецца прадстаўнікамі беларускай дыяспары, навукоўцамі і студэнтамі з Беларусі.

У выніку – на разгляд Мінгарвыканкама Згуртаванне прадставіла прымальны варыянт, але да гэтага часу так і не атрымала адказу, а балансаўтрымальнік памяшкання не атрымаў адпаведнага даручэння Мінгарвыканкама. Пытанне з размяшчэннем Беларускага дому не вырашана, як і не вырашана пытанне аб яго вяртанні ў памяшканне па старым адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 15, пасля заканчэння рамонту.

Да 28 ліпеня “Бацькаўшчына” мусіць вызваліць памяшканне, дзе працаваў Беларускі дом. Вызваліць, з’ехаўшы ў нікуды! Большасць рэчаў, мэбля звезеныя ў гаражы, каштоўныя кнігі і архівы – на захаванні ў прыватных кватэрах. А ў вялікім сталічным горадзе з двума лініямі метро так і не знаходзіцца памяшкання для цэнтра па працы з беларускай дыяспарай па адной простай прычыне: без станоўчай рэзалюцыі горада ніводны арэндадаўца не адважыцца пусціць на свае плошчы недзяржаўную арганізацыю…

Мы спадзяемся, што ў самы бліжэйшы час дзяржаўныя органы, ад якіх залежыць далейшае існаванне Беларускага дому, вызначацца з канкрэтным рашэннем.

Не гледзячы на ўзніклыя цяжкасці, “Бацькаўшчына” будзе на сувязі: праз мабільны тэлефон + 375 29 572-82-92, а таксама электронны адрас: zbsb@tut.by

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Бацькаўшчына” прайшла перарэгістрацыю

У сувязі з уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” да канца кастрычніка г.г. усе грамадскія арганізацыі, незалежна ад тэрыторыі дзейнасці і часу рэгістрацыі, павінны ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў свае статуты.

29 чэрвеня 2006 года Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прайшло чарговую (7-ю з моманту рэгістрацыі ў 1991 г.) перарэгістрацыю і атрымала пасведчанне № 01459 аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.

У Статут было ўнесена не шмат змен. Яны датычацца, найперш, вылучэння асобным пунктам прадмета дзейнасці арганізацыі, а таксама схемы абскарджання рашэнняў выбарных органаў.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку

Шчырую падзяку за падтрымку Згуртавання мы выказваем нашым сябрам: Ірэне Калядзе-Смірновай (ЗША), Згуртаванню Вялікай Брытаніі, Вячку Целешу (Латвія), Алесю Карповічу (Латвія), Янку Петрыковічу (Латвія), Вользе Іпатавай (Беларусь), Вікторыі Міхна (Беларусь).

Круглы стол па Еўрасаюзу

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ГА “Фонд “Адкрытае грамадства” і аналітычны штотыднёвік “Беларусы і рынак” 1-2 ліпеня, арганізавалі круглы стол па тэме “Еўрапейскі Саюз як палітычны актор у суседніх краінах”. Гэта ўжо пяты круглы стол на тэму “Беларусь — Еўрапейскі саюз: прастора для дыялогу”.

У мерапрыемстве бралі ўдзел эксперты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. У першы дзень гучалі выступы Марыі Садоўскай (журналіст-міжнароднік) “Стратэгіі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі: дылема бізуна і перніка”; Кірыла Коктыша (палітолаг, выкладчык МДІМА) “Асноўныя вектары беларускай палітыкі Еўропы”; Алеся Лагвінца (выканаўчы дырэктар Беларускага Шуманаўскага Таварыства) “Еўразвяз як каталізатар дэмакратычных рэформаў: выпадак Беларусі”; Андрэя Кірчыва (аналітык) “ЕС — Україна: спроба корекції політичної ментальності”; Віктара Чарнова (палітолаг, выканаўчы дырэктар ГА “Фонд “Адкрытае грамадства”) “Еўразвяз і Расія: тэндэнцыі збліжэння і разыходжання”.

Пасля ўсіх выступаў лагічным падсумаваннем дзённай працы стала агульная дыскусія на тэму “Эфектыўныя механізмы дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі з боку ЕЗ” і заключнае слова мадэратара Паўлюка Быкоўскага.

Другі дзень таксама быў эфектыўным і цікавым. Першым з выступоўцаў слова ўзяў Уладзімір Роўда (кандыдат філасофскіх навук, выкладчык ЕГУ) з дакладам “Унутраныя перашкоды дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі”. Затым выступалі: Сяргей Дзікман (эксперт-аналітык АНА “Юрыкс” (“Юрысты за канстытуцыйнае права і свабоды”), які дакладаў па тэме “Еўрапейскі Саюз і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Расіі і краінах СНД”; беларус з Польшчы Яўген Янчук (сябра Беларускага форуму самакіравання ў Рэчы паспалітай Польскай) паведаміў аўдыторыі аб “Усходняй палітыцы ЕС вачамі беларускай меншасці ў Польшчы”. Андрэй Фёдараў (палітолаг, міжнародны аглядальнік “Дзелавая газета” і агенцтва БелаПАН) выступіў па тэме: “Пытанні бяспекі ў адносінах Еўрапей-скага Звязу і Беларусі”.

Завяршальнай стала праца ў групах, дзе абмяркоўвалася тэма эфектыўнасці розных узроўняў супрацоўніцтва паміж структурамі ЕС і Беларуссю. Спадар Быкоўскі падсумаваў працу круглага стала, па выніках дыскусіі дзвюх груп і выступах экспертаў (іх вы можаце пабачыць на сайце http://zbsb.org/).

Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайта “Бацькаўшчына”

Паважаныя сябры, наведвальнікі нашага сайта, мы зноў паведамляем Вам аб зменах і дапаўненнях на нашым сайце (http://zbsb.org/). Звярніце калі ласка ўвагу на раздзел “Круглыя сталы”. Там змешчана інфармацыя і тэзісы выступаў апошняга праведзенага круглага стала (за 1-2 ліпеня). Таксама пашырана старонка са спасылкамі на сродкі масавай інфармацыі (СМІ).

Нагадаем, што стаць сябрам нашай арганізацыі стала значна прасцей. Для гэтага Вы можаце запоўніць электронную картку на нашым сайце. Спасылка на яе размешчана ў левай калонцы меню.

Мы ўдзячныя Вам за цікавасць да нашай дзейнасці.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШАВАННІ

Не стыне агонь душы. Да 80-годдзя Янкі Запрудніка

Янка Запруднік – актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык, палітолаг, паэт, празаік, публіцыст, крытык. Ён нарадзіўся ў мястэчку Мір 9 жніўня 1926 г. у сям’і настаўнікаў Веры і Мікалая Вільчыцкіх, скончыў там школу. Затым вучыўся у Баранавіцкай прагімназіі, гандлёвай школе, належаў да Саюза беларускай моладзі. Падчас Другой сусветнай вайны хоць і пазбег прымусовага вывазу ў Германію, аднак у 18 год, у 1944 г., вымушаны быў пакінуць радзіму. У Германіі, каля Рэгенсбургу быў заснаваны лагер перамешчаных асобаў, дзе апынулася вялікая колькасць беларусаў-выгнанцаў. Там была адкрыта беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую ў 1947 г. скончыў і Янка Запруднік. Затым з групай адзінаццаці выпускнікоў выехаў на працу ў вугальныя капальні Англіі (пазней група стала славутай “Дванаццаткай”, пра якую Янка Запруднік напісаў выдатную кнігу).

З сябрамі ён выдаваў на беларускай мове часопіс “Наперад”. Тады пра “Дванаццатку” даведаліся ў беларускім студэнцкім асяродку ў Бельгіі і прапанавалі юнакам паступаць у Лювенскі універсітэт. Так у 1950 г. Янка Запруднік стаў студэнтам гістарычнага факультэта універсітэта, які паспяхова скончыў у 1954 г. Ужо разам з жонкай Вольгай выехаў у Мюнхен працаваць на радыё “Свабода”. Адначасова супрацоўнічаў з Інстытутам вывучэння СССР, беларускай газетай “Бацькаўшчына”, друкаваў шмат артыкулаў на розныя тэмы ў “Зборніку” інстытута і на старонках газеты. У 1957 г. Янка За-пруднік з сям’ёю пераехаў на сталае жыхарства ў ЗША і на працягу 37 гадоў нязменна працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”, якая знаходзілася на Манхэтане ў Нью-Йорку. Ён і тут працягваў вучыцца, скончыў Нью-йоркскі універсітэт, абараніў доктарскую дысертацыю на вельмі цікавую і мала вядомую ў беларускай гісторыі тэму: “Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўных Думах Расіі 1906-1917 гг.” Атрымаўшы ступень доктара філасофіі (1969), Янка За-пруднік у 70-я гады чытаў лекцыі ў Нью-йоркскім універсітэце па гісторыі Расіі і Савецкага Саюза. Выдаў на аснове сваіх даследаванняў 10 нумароў англамоўнага бюлетэня “Факты пра Беларусь”. Адначасна пісаў і выступаў на радыё з глыбока-змястоўнымі артыкуламі па савецкай і міжнароднай палітыцы.

Янка Запруднік быў сябрам арганізацыйнай групы Беларуска-амерыканскага камітэта палітычных дзеянняў (з 1976 г.), уваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса “Беларуская моладзь”, газеты “Беларус”, “Запісаў” Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (БІНіМ), быў рэдактарам бюлетэня “Навіны з Беларусі”. Разам з Томасам Бэрдам выдаў кніжку на беларускай і англійскай мовах “Паўстанне на Беларусі 1863 году: “Мужыцкая Праўда” і “Лісты з-пад шыбеніцы”. Тэксты і каментары” (выданне Фундацыі П.Крэчэўскага). Як гісторык Янка Запруднік напісаў шмат раздзелаў пра Беларусь і яе гісторыю ў многія англамоўныя кнігі, якія выдаваліся ў Нью-Йорку.

Адметна тое, што Янка Запруднік пачынаў творчы шлях як паэт і ў беларускай літаратуры вядомы пад паэтычнымі псеўданімамі — Сяргей Ясень і Аркадзь Будзіч. Яго вершы друкаваліся ў часопісах і газетах, а ў 1992 г. былі надрукаваны ў анталогіі “Туга па радзіме”, выдадзенай у Мінску.

Мне давялося пакарыстацца гасціннасцю спадара Янкі, як карысталіся многія беларусы з Бацькаўшчыны. Ён жыве беларускімі справамі, дапамагае беларусам і Беларусі, робіць усё, каб яна стала незалежнай, паўнацэннай і годнай часткай дэмакратычнай міжнароднай супольнасці.

Лідзія Савік

80 год Аляксандру Надсану!

8 жніўня святкуе свой дзень нара-джэння айцец Аляксандр Надсан, апостальскі візітатар беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктар Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Нарадзіўся Аляксандр Надсан у мястэчку Гарадзея, што пад Нясвіжам. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі, і хлопец з дзяцінства размаўляў з маці па-французску. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Сам айцец кажа, што семінарыя дала яму “не толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыццё”.

У час вайны Аляксандр узначаліў мясцовае аддзяленне Саюза Беларускай Моладзі, стаяў у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Мінску, быў скіраваны на Заходні фронт, у Францыю, дзе далучыўся да Руху Супраціўлення. Пазней ваяваў у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса, дзе ён быў паранены. Айцец Надсан мае ўзнагароды за змаганне з фашызмам.
У Брытаніі, дзе айцец апынуўся па вайне, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі універсітэт на аддзяленне матэматыкі. У 1946 г. Аляксандр Надсан становіцца адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, найстарэйшай з дзейных цяпер беларускіх арганізацыяў у замежжы. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання “Рунь”, што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Еўропе і ЗША.

Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсць гадоў у Грэцкай калегіі. Высвечаны на святара ён быў 23 лістапада 1958 г. і ў наступным годзе вярнуўся ў Лоданскую місію.

Святарскае служэнне для айца заўсёды было звязанае з працаю дзеля захавання беларускай культуры. Таму і працуе ён актыўна ў складзе Англійска-Беларускага таварыства, чытае культура-знаўчыя лекцыі, друкуецца ў перыядычных выданнях, цікавіцца старадрукамі, скарыназнаўствам, робіць унікальную працу па даследаванні і транслітарацыі аль-кітабаў.

Пасля смерці біскупа Сіповіча а.Аляксандр робіцца рэктарам місіі ў Лондане, а ў 1986 г. яго прызначаюць Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў замежжа.

Калі была знята жалезная заслона, айцец прыехаў на Беларусь — з дапамогаю для дзяцей.

Зараз ён працягвае сваю справу на карысць бацькаўшчыны. Добра ведаць, што там, у Лондане, у царкве Св.Пятра і Паўла, айцец асвячае пачатак кожнага дня Боскай літургіяй па-беларуску і моліцца вось ужо колькі дзесяткаў гадоў “за краіну нашу Беларусь і за ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас”.

Паводле www.lingvo.minsk.by

Віншуем!

У ліпені святкуюць свае дні нараджэння сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Макоўская Алена, Гардзіенка Алег, Гардзіенка Наталля, Станкевіч Алесь, Царыкаў Аляксандр (Беларусь); Груша Яўген (Аўстралія); Мацюшына Галіна (Бельгія); Давідзюк Алег (Літва); Сурмач Ганна (Чэхія). Жадаем добрага здароўя, плённай працы, духоўнага і творчага росту!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

500 гадоў Клецкай бітве

5 жніўня 1206 г. – знамянальная дата ў беларускай гісторыі – 500 год з часоў вялікай перамогі войска ВКЛ над крымскімі татарамі пад Клецкам. Больш чым 12-тысячнае войска татараў на чале з Бяці-Гірэем і Бурнашом у канцы ліпеня стаялі ўжо ля Слуцка, пад Лідай, Наваградкам, Клецам. Вялікі князь Аляксандр і Паны-Рада ВКЛ даручылі выбіваць з Беларусі татараў найвышэйшаму гетману ВКЛ Станіславу Кішку і маршалу, дворнаму князю Міхайлу Глінскаму. 5 жніўня 1506 г. раніцай беларускія войскі атакавалі наезнікаў і разбілі іх ушчэнт. Былі вызвалены тысячы палонных і абоз з нарабаваным дабром. Клецкая бітва стала ў шэраг выдатных перамогаў беларускага войска, такіх як перамога на Сініх Водах, пад Грунвальдам, пад Воршай.

Сёлета беларусы адзначаюць гэтую выдатную дату айчыннай гісторыі. Нацыянальны Аргкамітэт па святкаваннях юбілеяў распрацаваў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай вялікай падзеі.

4 жніўня ў Музеі гісторыі Клеччыны адкрыецца выстава твораў сяброў Беларускага саюзу мастакоў “Адплата”. У гэты ж дзень ля помніка, усталяванага на месцы бітвы, адбудзецца мітынг і ўскладанне кветак.

5 жніўня ў Клецку адбудзецца навуковая канферэнцыя Інстытута гісторыі НАНБ.

6 жніўня ў Клецкім гарадскім парку пройдзе святочны канцэрт.

У Мінску 5 жніўня а 17 гадзіне ў сядзібе ТБМ імя Ф.Скарыны запланавана адкрыццё дзіцячай і маладзёвай вы-ставы “Клецк – наш гонар і слава”. Затым пачне працу навуковая канферэнцыя з удзелам вядомых беларускіх навукоўцаў. У завяршэнне адбудзецца канцэрт беларускіх музыкаў, паэтаў і песняроў.

У бібліятэках Беларусі да гэтай даты адкрыюцца выставы літаратуры і публікацыяў пра перамогу пад Клецкам. 24 жніўня выстава Беларускага саюза мастакоў “Адплата” адкрыецца ў Мінску ў касцёле Св. Сымона і Алены.

Запрашаем годна адзначыць гэтую вялікую падзею як па ўсёй Беларусі, так і ва ўсім свеце.

Нацыянальны аргкамітэт

ПАДЗЕЯ

Суд над Аляксандрам Казуліным

Судовы працэс над былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандрам Казуліным пачаўся 6 ліпеня 2006 г. у судзе Маскоўскага раёна.

На судзе спадар Казулін заявіў, што не прызнае сябе вінаватым па прад’яўленых пракуратурай абвінавачваннях. У сваю чаргу, суддзя Аляксей Рыбакоў адхіліў усе хадайніцтвы падсуднага і яго адвакатаў, у тым ліку аб недаверы суду, змяненні яму меры стрымання, дазволе журналістам весці відэаздымку судовых пасяджэнняў, прадастаўленні на час знаходжання ў будынку суда асобнага пакоя для падрыхтоўкі да працэсу (А.Казулін утрымліваўся ў час перапынкаў у каменным мяшку без святла). У тым ліку суд адхіліў хадайніцтва аб выкліку на працэс у якасці сведак прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, кіраўніка “САХР” Дзмітрыя Паўлічэнкі, камандзіра спецпадраздзялення “Алмаз” па барацьбе з тэрарызмам Мікалая Карпянкова, намесніка старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Ціцянкова, камандзіра палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама Юрыя Падабеда.

Па меркаванні былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова, супрацьпраўных дзеянняў Аляксандр Казулін не здзяйсняў, а працэс над ім – прававое бязмежжа.

12 ліпеня Аляксандра Казуліна выдалілі з залы суда і пазбавілі апошняга слова. Такое рашэнне прыняў суддзя А.Рыбакоў па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Бортніка.

На судовым пасяджэнні 13 ліпеня, у 11 гадзін, дзяржаўны абвінаваўца С.Бортнік запатрабаваў прысудзіць Аляксандра Казуліна да 6 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд быў вынесены ў 17.45. Суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна да пяці з паловай год у калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў, што абарона асуджанага палітыка мае намер у дзесяцідзённы тэрмін абскардзіць вынесены прысуд у Мінскім гарадскім судзе.

Паводле www.kozylin.com,
www.telegraf.by,
Интерфакс, АФН; БелаПАН

У падтрымку Аляксандра Казуліна

Кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі Джордж Крол заявіў пасля вынясення прысуду экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, што суддзя Рыбакоў і пракурор Бортнік могуць быць занесеныя ў спіс асобаў, уезд на тэрыторыю ЗША для якіх забаронены. Па апошніх звестках, гэта рашэнне ўладамі ЗША ўжо прынятае. Па меркаванні амерыканскага дыпламата, Еўрасаюз абавязкова далучыцца да санкцый ЗША ў дачыненні да суддзяў і пракурораў.

Дзеючы старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Бельгіі Карэл дэ Гухт выказаў глыбокую заклапочанасць прысудам Аляксандру Казуліну. Кіраўнік АБСЕ выказаў надзею, што беларускія ўлады скарыстаюцца апеляцыяй з боку абароны палітыка і здымуць абвінавачванне. Па меркаванні дыпламата, А.Казуліну павінна быць дазволена вярнуцца дахаты да разгляду апеляцыі.

Міністр замежных спраў Канады Пітэр Маккей заявіў: “Гэта чарговы прыклад поўнай знявагі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі дэмакратычных правоў беларускага народа”. Ён звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам “выявіць стрыманасць і павагу да асноўных правоў і свабод сваіх грамадзян”. П.Маккей абвясціў, што Беларусь будзе занесеная ў спіс краін, з якімі абмежаваны гандаль. Зараз канадскія экспарцёры павінны будуць атрымаць ліцэнзію для вывазу тавараў у Беларусь. Пры гэтым міністр адзначыў, што гэта не датычыцца грузаў гуманітарнага характару.

У заяве чэшскага знешнепалітычнага ведамства гаворыцца, што Чэхія разглядае прысуд як “чарговую палітычна-матываваную акцыю супраць апанентаў сённяшняга беларускага рэжыму” і парушэнне міжнародных абавязкаў Беларусі.

У якасці выканаўцы функцый мясцовага старшынства Еўрасаюза ў Мінску пасольства Германіі паведамляе, што “кіраўнікі дыпламатычных місій краін-членаў Еўрапейскага Саюза ў Мінску шкадуюць аб прысудзе, вынесеным Аляксандру Казуліну ў сувязі з вылучэннем яго кандыдатуры на пост прэзідэнта. Еўрапейскі Саюз з вялікай увагай назіраў за ходам працэсу і спадзяваўся на вызваленне сп. Казуліна.

Кіраўнікі дыпламатычных місій шкадуюць, што Беларусь зноў страціла магчымасць прадэманстраваць гатоўнасць да пераадолення сваёй ізаляцыі ў Еўропе і распачаць выкананне сваіх міжнародных абавязкаў і гарантый, у тым ліку і ў якасці краіны-членаў АБСЕ. Яны будуць і надалей уважліва назіраць за справай Казуліна і іншых беларускіх грамадзян, якіх пераследуюць за палітычныя перакананні.

Такім чынам, Аляксандра Казуліна надоўга выбілі з вялікай палітыкі. Нават калі ён будзе выпушчаны з турмы датэрмінова, то ўсё роўна не зможа прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года — на ім будзе вісець судзімасць, якая не дазволіць балатавацца.

Паводле "Белорусские новости";
www.kozylin.com;
http://www.telegraf.by

НАВІНЫ

Брусель, Бельгія

5 ліпеня ў Бруселі прайшла акцыя салідарнасці, якую арганізаваў Беларускі цэнтр. Яна пацвердзіла тое, што пытанне пра палітычных зніклых і рэпрэсаваных застаецца адным з галоўных у спісе пытанняў па Беларусі і нікога не пакідае абыякавым.

У Бруселі, побач з уваходам ў Еўрапарламент, дзе праходзіў круглы стол па беларускім пытанні ў рамках сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, сабраўся пікет салідарных (у ім прымалі ўдзел Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін). Удзельнікі трымалі плакаты:

“Мы памятаем пра тое, што шэсць гадоў таму (7 ліпеня 2000 г.) быў выкрадзены Зміцер Завадскі, лёс якога да гэтага часу невядомы”.

“Мы памятаем пра тое, што заўтра адбудзецца суд над Аляксандрам Казуліным, экс-кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”.

“Мы памятаем пра звольненых з працы, пра выключаных з ВНУ студэнтаў, пра арыштаваных і тых, хто адбывае пакаранне, пра герояў намётавага гарадка — пра ўсіх тых, хто змагаецца за вольную дэмакратычную Беларусь”.

“Наша салідарнасць робіць нас згуртаванымі, моцнымі і з кожным днём набліжае да перамогі”.

Беларускі цэнтр,
Бельгія

Брусель, Бельгія

Напярэдадні саміта “Вялікай Васьмёркі” ў Пецярбургу, беларусы Еўропы перадалі петыцыю амерыканскаму прэзідэнту Джорджу Бушу, у якой выказалі занепакоенасць палітычнай сітуацыяй вакол Беларусі і неаднаразовымі грубымі спробамі Расіі пазбавіць Рэспубліку Беларусь дзяржаўнай незалежнасці. Таксама быў перададзены Мемарандум Рады БНР і зварот да кіраўнікоў вялікіх дзяржаў “Аб палітычнай агрэсіі”, прыняты на Сойме Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне”.

Таксама беларускімі палітычнымі ўцекачамі з дазволу брусельскай паліцыі і пры тэхнічнай падтрымцы Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання быў зладжаны пікет.

БЭЗ-Інфа www.unija.info

Вільня, Літва

У Вільні прадстаўлены беларускія кнігі. Вільня — першы горад, які прымае перасоўную выставу беларускіх кніг. Выстава была адкрыта ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя .М. Мажвідаса 3 ліпеня і працягнецца да 28-га. Экспазіцыя прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства інфармацыі Беларусі сфармавала бібліятэку з 275 выданняў. Гэта альбомы, слоўнікі, энцыклапедыі, даведнікі, падручнікі, кнігі для дзяцей, даведнікі, карты і інш.

Адначасова ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя М.Мажвідаса адчыніцца выстава карцін беларускага мастака Мікалая Бушчыка. У экспазіцыю ўключана 20 прац майстра.

Плануецца, што пазней выставу ўбачаць у Польшчы, а ў верасні беларускія кнігі будуць экспанавацца ў Галандыі.

www.naviny.by

Варшава, Польшча

У Варшаве 6 ліпеня ў 18.30 (па польскім часе) адбыўся пікет перад Беларускім пасольствам. 20 студэнтаў з ліку стыпендыятаў Каліноўскага разгарнулі ля пасольства бел-чырвона-белы сцяг і два плакаты. На адным быў надпіс: “Свабоду палітвязням”, а на другім — фотаздымак Аляксандра Казуліна і подпіс “Свабоду Казуліну”.

Пікет працягваўся каля паўгадзіны. Супрацоўнікі і ахова пасольства выклікалі паліцыю, але тая проста перапісала пашпартныя дадзеныя аднаго з удзельнікаў акцыі і не ўмешвалася. Моладзь скандзіравала “Жыве Беларусь!” і “Свабоду Казуліну!”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА“ЗБС“Бацькаўшчына”

Іркуцк, Расія

У авіякатастрофе, якая адбылася 9 ліпеня ў аэрапорце Іркуцка, пацярпелі 3 грамадзяніна Беларусі.

Адразу ж пасля катастрофы супрацоўнікі консульскай службы пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ўсталявалі кантакты з прадстаўнікамі МНС і МЗС Расіі, а таксама авіякампаніі “Сібір”, якой належаў згарэўшы лайнер. Вялікую дапамогу пацярпелым суайчыннікам аказала Іркуцкае зямляцтва беларусаў.

Стан усіх трох беларускіх грамадзян стабільны. Аляксандр Баравікоў, Леанід Карнышаў і Юрый Лукін былі адразу шпіталізаваныя ў гарадскую лякарню. Усе яны з’яўляюцца жыхарамі Віцебска і ляцелі ў Іркуцк з дзелавой мэтай. Беларусы знаходзіліся ў хваставой частцы самалёта, што, хутчэй за ўсё, і выратавала ім жыццё.

Аэробус А-310 авіякампаніі “Сібір”, які выконваў рэйс 778 па маршруце Масква-Іркуцк, пры пасадцы страціў кіраванне, выехаў за межы ўзлётна-пасадкавай паласы, знёс бетонны плот, заехаў у гаражныя пабудовы і загарэўся.

На борце было 203 чалавекі, выяўленыя целы 124 загінуўшых, 52 чалавекі шпіталізаваны, невядомы лёс 4 пасажыраў. Прычынай катастрофы, па папярэдніх выніках, магла стаць тэхнічная няспраўнасць самалёта. У сувязі з гэтай трагедыяй 10 ліпеня ў Расіі быў абвешчаны дзень жалобы.

Пасольства Беларусі ў Расіі

Масква, Расія

“Российская газета” арганізавала беларускую вечарыну. У рэдакцыі прайшла вечарына “Свет без віз. Масква з беларускай вымовай”, на якой прысутнічалі беларусы і рускія, знакамітыя і не вельмі.

Духмяную беларускую хатнюю каўбасу, караваі чорнага хлеба, сапраўдную белавежскую гарэлку адмыслова для гэтага вечара прывезлі з Мінска Барыс Пастэрнак і Уладзімір Някляеў. Госці падыходзілі да “падарункаў Беларусі” і пахвальна ўсміхаліся.

З рускай пераходзілі на беларускую, зноў на рускую, абдымаліся, фатаграфаваліся.

На вечарыну сабраліся: Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціханавіч, спявачка Анжаліка Агурбаш, унучка пісьменніка Янкі Маўра, удава Алеся Адамовіча, банкіры і прадпрымальнікі, ветэраны савецкага жыцця — былыя сакратары ЦК камсамола і міністры былога СССР.

На вечарыне спявалі сумныя беларускія песні пра рэчаньку. Глядзелі аматарскае кіно аб роднай вясковай хаце Віктара Шуткевіча, у якім кожны пазнаваў нешта сваё. Паэт Уладзімір Някляеў чытаў свае вершы. Госці дзяліліся лепшымі анекдотамі пра беларусаў. Выдатная салістка тэатра Камбуравай Алена Фралова праспявала пад гітару песні на вершы беларускіх паэтаў.

А потым былі хіты салістаў легендарнага беларускага ансамбля “Верасы” — Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціханавіча, і любімую “Заранку” спявалі ўсё разам. Былі букеты з васількоў і рамонкаў, і, вядома, чарка сапраўднай белавежскай.

“Российская газета”, 2006, 29 чэрв.

Самара, Расія

Прадстаўнікі больш чым 50 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый узялі ўдзел у Нацыянальнай выставе “Беларусь — 2006”, якая праходзіла ў Самары 12 — 15 ліпеня.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Міністэрства замежных спраў, Міністэрства гандлю і Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Мэта правядзення выставы — дэманстрацыя тавараў нацыянальнай вытворчасці, развіццё гандлёва-эканамічных адносін і іншых форм узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Сваю прадукцыю і паслугі на выставе “Беларусь — 2006” прадставілі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, канцэрна “Беллегпрам”.

www.naviny.by

Сургут, Расія

Страхавое таварыства “Сургутнафтагаз” застрахавала за ўласныя сродкі 17 удзельнікаў пошукавага атрада “Зорка”, якія па ініцыятыве і пры падтрымцы Нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Югры” 30 чэрвеня накіраваліся з Сургута ў Беларусь несці Вахту Памяці, шукаць рэшткі загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— Атрад паехаў у горад Вялікія Лукі ў Беларусі, — распавёў старшыня НКА “Беларусы Югры” Сяргей Бандарэнка, — дзе ў 1943 годзе праходзілі крывавыя бітвы па вызваленні горада, названыя пазней гісторыкамі “Сталінградскай бітвай у мініяцюры”. Зямля ў гэтай мясцовасці літаральна нашпігаваная металам і чалавечымі касцямі. Цэлы месяц хлопцы будуць шукаць медальёны з занатоўкамі, снарады і міны ў месцах баёў, у варонках і акопах, балотах Беларусі. Па заканчэнні экспедыцыі плануецца ўрачыстае пахаванне астанкаў савецкіх салдат і знішчэнне выяўленых выбухова-небяспечных прадметаў.

На ўвесь час знаходжання ў Беларусі ўдзельнікі Вахты Памяці былі застрахаваныя ад розных небяспечных выпадкаў — траўм, укусаў змей і кляшчоў, атручванняў, пераломаў і інш. — у Страхавым таварыстве “Сургутнафтагаз”, якое актыўна падтрымлівае ідэі выхавання ў падлетках духу патрыятызму, любові да сваёй Радзімы, павагі да ветэранаў.

Сума страхавога пакрыцця на ўсіх удзельнікаў пошукавага атрада “Зорка” складае 1 мільён 700 тысяч расійскіх рублёў ($63 000).

Іна Жаўнерчык, г.Сургут

Нью-Йорк, ЗША

На нью-йоркскім сайце www.gothamist.com пад рубрыкай “The Hungry Cabbie Eats” размешчаны артыкул аб беларускай краме ў Нью-Йорку. Яна знаходзіцца паміж Коні Айландам і Брайтан Біч, мае назву “Беларусь” і працуе 24 гадзіны на суткі.

Як піша аўтар, калі ён хоча набыць для сябе нешта асабліва смачнае, а менавіта тое, чаго не знойдзе больш нідзе ў Нью-Йорку, напрыклад, мочаныя яблыкі, ён едзе ў нью-йоркскую “Беларусь”.

Аўтар, аднак, папярэджвае патэнцыйных наведнікаў адносна не зусім звыклага для амерыканцаў сэрвісу: “Калі вы сустрэнеце не вельмі ветлівае стаўленне да вас, не хвалюйцеся… Не пытайце лішняга, і вам прапануюць цудоўныя свежыя дранікі альбо вельмі смачнае шакаладнае печыва, імпартаванае з Мінска”.

Высветлілася, што уладальнік нью-йоркскай “Беларусі” — Сямён Кац. Яму 60 год. Ён нарадзіўся на Мядзельшчыне, доўгі час жыў у Мінску. У Нью-Йорку вось ужо 6 год. Паводле ягоных словаў, калі ў гэтым горадзе вы ўбачылі нейкую гандлёвую кампанію, якая мае ў сваёй назве слова “Беларусь”, гэта кампанія ягоная – Каца.

У сваім інтэрв’ю карэспандэнту радыё “Свабода” спадар Сямён расказаў, што гатуе у сваёй краме сам: “Я сам салю агуркі. У мяне вельмі багатая кулінарыя. Халаднікі раблю белыя, чырвоныя, са шчаўя. Капусту раблю, дранікі з мясам.... У мяне дзве крамы: “Беларусь-1” і “Беларусь-2”. У Амерыцы ўсяго хапае. Ёсць крамы “Адэса”, “Кракаў” і г.д., а з беларускім словам – аніводнай. Я патрыёт Беларусі і вырашыў назваць крамы “Беларусь”. Хаця раён тут хутчэй адэскі. Мае ўсе кампаніі маюць імя “Беларусь”. “Беларусь хот сэйл” – кампанія, якая будзе прывозіць прадукты харчавання з Беларусі. Наконт наведвання маіх крамаў, так патроху ходзяць амерыканцы, афрамерыканцы. Ходзяць-ходзяць!..”

Паводле радыё “Свабода”
2006, 20 ліпеня

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Забытых таямніцаў чар”

“Забытых таямніцаў чар” — збор легендаў, паданняў, аповесцей з ваколіц Белавежскай пушчы. Кніга выдадзеная пад рэдакцыяй Наталлі Герасімюк. Арганізатарам праекта выдання стала аб’яднанне “Музей і Асяродак Беларускай культуры ў Гайнаўцы”. Рэалізаваны праект пад патранажам еўрарэгіёну Белавежская пушча пры грашовай падтрымцы Еўрапейскай Вуніі.

“Музей і Асяродак Беларускай Культуры ў Гайнаўцы” — культурна-асветніцкая арганізацыя, якая займаецца стварэннем і распаўсюджваннем беларускай культуры.

Польшча, г. Гайнаўка, 3 Мая 42; 17-200
тэл.+48 85 6822889; факс: +48 85 6823016;
e-mail: belmuzeum@poczta.onet.pl; asiarodak@op.pl
www.belmuzeum.fm.interia.pl

“Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду”

Старадаўні беларускі шляхецкі род Касцюшкаў (інакш – Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) здавён выклікаў цікавасць у даследчыкаў. Асабліва ўзрасла цікавасць да гісторыі гэтай сям’і пасля імклівага ўварвання на арэну сусветных падзей неардынарнай нават для мяжы ХVIII – ХІХ стагоддзяў асобы генерала Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША....

Гісторыя любой сям’і мае сапраўдную каштоўнасць. Занатаваная ў сямейных дакументах і паданнях, яна — найкарыснейшая крыніца выхавання.

Аўтар радаводнага роспісу Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Анатоль Бензярук. Кніга была выдадзеная ў Брэсце выдавецтвам “Акадэмія”.

knihi.net

ВЕСТКІ

Грамадства

***
Швейцарыя ўвяла фінансавыя санкцыі супраць 36 беларускіх чыноўнікаў. Адпаведную заяву пра далучэнне да санкцый Еўрасаюза, адносна арышту банкаўскіх рахункаў і нерухомасці беларускіх чыноўнікаў, зрабіла кіраўніцтва дэпартаментаў па міжнародных адносінах і эканомікі ўраду Швейцарскай канфедэрацыі. Рашэнне тычыцца і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Як вынікае з дакумента, асобы альбо фінансавыя інстытуты Швейцарыі, якія супрацоўнічалі з Беларуссю ці валодаюць інфармацыяй пра двухбаковыя эканамічныя аперацыі, павінны неадкладна паведаміць пра гэта ў адпаведныя інстанцыі. Швейцарыя аказвае фінансавую дапамагу Беларусі з 1996 года.

www.svaboda.org
2006. 30 чэрв.

***
Родныя беларускіх палітвязняў звярнуліся да лідэраў G8. 10 ліпеня на прэс-канферэнцыі камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” кіраўнік камітэта Іна Кулёй, Ірына Казуліна і сваякі беларускіх палітвязняў заявілі пра тое, што накіравалі кіраўніцтву G8 адкрыты ліст з патрабаваннем разгледзець беларускае пытанне на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу і дапамагчы ў вызваленні вязняў сумлення.

“Калі на саміце G8 не будзе абмяркоўвацца пытанне палітвязняў у Беларусі, то з гэтага моманту кіраўнік кожнай з гэтых дзяржаў будзе несці асабістую адказнасць за тое, што ён не зрабіў нічога для выратавання людзей”, — заявіла Ірына Казуліна.

Паводле АФНП
2006. 10 ліп.


***
Сустрэча лідэраў краін “Вялікай васьмёркі” ў Санкт-Пецярбурзе адказала на ўсё “беларускія пытанні” і расставіла ўсе кропкі над беларускім “i”. Большасць запярэчыць: беларускае пытанне не абмяркоўваўся падчас саміта, а слова “Беларусь” нават не прагучала ў кулуарах. І маюць рацыю, але толькі напалову. Так, у ЗША службоўцы дзярждэпартамента запэўнівалі Анатоля Лябедзьку, што тэма будзе абавязкова абмяркоўвацца з прэзідэнтам Расіі. І Аляксандр Мілінкевіч, які наведваў Еўропу, неаднаразова чуў падобныя запэўненні з вуснаў кіраўнікоў дзяржаў.

Варта прызнаць, што Еўропа і ЗША выканалі свае абяцанні, якія з лёгкасцю далі беларускім апазіцыянерам. Беларускае пытанне абмяркоўвалася і яшчэ як, на працягу шматлікіх месяцаў, як частка пытання глабальнай энергетычнай бяспекі. Вось яно, месца сённяшняй Беларусі ў сучаснай геапалітыцы – кавалак зямлі, які забяспечвае энергетычную бяспеку заходняй Еўропы і паспяховага расійскага газавага бізнесу.

А перад падобнымі самітамі, як правіла, усплываюць усякія набалелыя праблемы тыпу ізраільска-арабскага канфлікту. Ён пачаўся за тыдзень да саміту G8, і канфлікту прысвяцілі цэлы дзень. Выбары ў Беларусі былі даўно, і да саміта ўвесь запал страціўся, справа Казуліна, тут ужо нічога не паробіш, пачалася яшчэ ў сакавіку. Ізраіль і арабы не падвялі і своечасова пачалі чарговую вайну. Еўропа не ўзгадала не толькі пра Беларусь, але і нават пра Украіну, дзе ўсе шанцы стаць прэм’ерам мае спадар Януковіч.

Лідэрам краін G8 не да Беларусі зараз. Галоўнае – глабальная энергетычная бяспека. А у кулуарах дадалі, што не бачаць адэкватнага партнёра з беларускага боку.

АФН
2006, 20 ліп.

***
У Польшчы распачата праграма імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў. Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч прыняў ўдзел у цырымоніі яе адкрыцця, якая адбылася ў Варшаўскім універсітэце 5 ліпеня. Праграма разлічана на выключаных па палітычных матывах з ВНУ беларусаў.

Па словах жонкі лідэра беларускай апазіцыі Іны Кулей, якая з’яўляецца кіраўніком Камітэта абароны рэпрэсаваных, у праграме прымуць удзел 214 беларускіх студэнтаў, аднак колькасць удзельнікаў можа быць павялічана.
У праграме могуць прыняць удзел усе студэнты, што былі выключаны з беларускіх ВНУ па палітычных матывах, удакладніла Іна Кулей.

Праграма імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы разлічана на 300 месцаў. Эстонскі ўрад таксама даў 10 месцаў для беларускіх студэнтаў.

У той жа час, прадстаўнікі міністэрства адукацыі Беларусі сцвярджаюць, што ў краіне няма ні аднаго выпадку выключэння з ВНУ па палітычных матывах.

Паводле www.telegraf.by
2006. 05 ліп.

***
Кабінет Міністраў Украіны сваёй пастановай ад 3 ліпеня №910 унёс змены ў правілы ўезду замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ва Украіну, іх выезду з Украіны і транзітнага праезду праз яе тэрыторыю.

Пастановай быў дазволены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Украіны грамадзянам 36 краін па пашпартным дакуменце, калі тэрмін іх знаходжання на тэрыторыі Украіны не перавышае 90 дзён.

Дадзены рэжым распаўсюджваецца на грамадзян Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Ватыкана, Венгрыі, Германіі, Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, ЗША, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі, Японіі.

ЛIГАБiзнесIнформ
2006. 05 ліп.

***
Уведзеная міграцыйная карта адзінага ўзору для жыхароў Расіі і Беларусі. Такое рашэнне было прынятае ў 2004 годзе.

Адпаведны пратакол зараз быў падпісаны кіраўнікамі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы на нарадзе ў Маскве. Дакумент распаўсюджваецца на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія заязджаюць на тэрыторыю Беларусі і Расіі з трэціх краін. Беларусам, якія заязджаюць на тэрыторыю Расіі, не патрабуецца запаўняць міграцыйную карту.

Пратакол усталёўвае форму міграцыйнай карты, парадак яе выдачы, запаўнення і ўжывання, а таксама парадак апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, якая змяшчаецца ў міграцыйнай карце. Як адзначылі “Интерфаксу” у МУС, зараз створана неабходная нарматыўна-прававая база для каардынацыі дзеянняў у межах міграцыйнай палітыкі.

Увядзенне адзінай міграцыйнай карты выклікана тым, што ў цяперашні час памежны кантроль за асобамі, якія перасякаюць мяжу Расіі і Беларусі, не здзяйсняецца. Гэта прыводзіла да парушэння заканадаўства. Больш таго, дадзенай сітуацыяй карысталіся пазапраўныя мігранты, якія з мэтай ухілення ад адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання ў Расіі спасылаліся на тое, што прыбылі ў Расію з Беларусі, і таму не маюць на руках міграцыйнай карты.

Паводле “Интерфакс-Запад”

***
9 ліпеня пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Польшчы. Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Польшчы.

Беларуская служба Польскага радыё паведаміла, што падставай для сустрэчы прадстаўнікоў польскага МЗС з П.Латушкам стаў інцыдэнт на беларускай мяжы 8 ліпеня, калі польскія сенатары і кіраўнік “Вспульнота Польска” прафесар Анджэй Стэльмахоўскі не змаглі праехаць у Беларусь. “Асаблівую незадаволенасць” польскага боку, як паведаміла Польскае радыё, выклікала адмова ва ўездзе прафесару Стэльмахоўскаму, чыя беларуская віза была ануляваная на мяжы ў сувязі са “з’яўленнем некаторых абставінаў”.

Паводле БелаПАН

***
Беларусь плануе весці будаўніцтва атамнай электрастанцыі (АЭС) на пляцоўцы ў Магілёўскай вобласці, у максімальнай набліжанасці да мяжы са Смаленскай вобласцю РФ.

Як паведаміў “Інтерфаксу” дарадца кіраўніка канцэрна “Белэнерга” Уладзімір Кардуба, пры разглядзе спецыялістамі Нацыянальнай Акадэміі Навук і міністэрства энергетыкі Беларусі з шасці меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС былі вызначаныя дзве найбольш перспектыўныя пляцоўкі, размешчаныя на поўначы і паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. У ліку пераваг гэтых пляцовак была адзначаная іх блізкасць да мяжы з Расіяй і Смаленскай АЭС у сувязі з разгледжанай магчымасцю выкарыстання інфраструктуры Смаленскай АЭС для развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі.

Беларусь плануе завяршыць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў 2015 г., пры ўмове, што абгрунтаванне інвестыцыйнага праекта будаўніцтва будзе зроблена ў бліжэйшыя два гады. Пры падрыхтоўцы абгрунтавання будуць улічвацца такія аспекты, як патрабаванні да пляцоўкі для будаўніцтва, экалагічная адзнака сітуацыі на пляцоўцы і прылеглай тэрыторыі як падчас будаўніцтва, так і ў перыяд эксплуатацыі АЭС, а таксама эканамічная адзнака праекта.

У чэрвені 2006 г. Саўмін Беларусі ўхваліў працоўны план па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

Паводле NEWSru.com

З Мінска ў Ліду перавезлі бібліятэку Саюза пісьменнікаў

На патрабаванне Гаспадарчага суда Мінска на сёння цалкам вызваленае ад кніжак і абсталявання памяшканне бібліятэкі Дома літаратара. Паводле папярэдняй дамоўленасці, мінскі кнігазбор будзе захаваны асобным фондам у цэнтральнай бібліятэцы Ліды.

За межы Мінска накіроўваецца асноўная частка пісьменніцкага кнігазбору — гэта больш за 35 тысяч тамоў. Са слоў кіраўніка спраў Саюза Беларускіх пісьменнікаў Анатоля Івашчанкі, судовыя выканаўцы прыспешваюць высяленне: “Перамовы будуць весціся постфактум, калі бібліятэка пераедзе. Тады будзем узгадняць дэталі. Будзе складзены акт на часовае захоўванне. Гэтак мы дамаўляліся раней з бібліятэкамі універсітэта культуры, педагагічнага універсітэту ды прэзідэнцкай бібліятэкай”.

Анатоль Івашчанка ўдакладніў, што Таварыства беларускай мовы актыўна дапамагае Саюзу пісьменнікаў захаваць кніжны фонд. “На сёння найлепшыя ўмовы ў Лідзе, — пераконвае сябра ТБМ Станіслаў Суднік. — Таварыства беларускай мовы зацікаўленае ў тым, каб бібліятэка была захаваная. Але бібліятэка не пераходзіць ТБМ. Яна перадаецца беларускай дзяржаве ў юрыдычнай асобе аддзела культуры Лідскага гарвыканкама. Ідзе рэканструкцыя будынку, які дадаткова атрымала гарадская бібліятэка, ён трохпавярховы — месца будзе дастаткова”.

Літаратурныя фонды ў Мінску атрымлівае дырэктарка Лідскай цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы Тамара Зянюковіч. За каментарыямі да яе звярнулася карэспандэнтка радыё “Свабода”: “На жаль, спадарыня Тамара, Мінск страчвае бібліятэку Саюза пісьменнікаў. А наколькі будзе запатрабаваная ў вашым рэгіёне такая кніжная калекцыя?”

“Мінск — багаты. Ён можа страціць і не заўважыць, бо пабудаваў Нацыянальную бібліятэку, мае абласную і гарадскую бібліятэкі, — гаворыць спадарыня Тамара. — Заўважаць пісьменнікі, што яны страцілі. Ім было тут лёгка, звыкла, даступна. Спадзяюся, што мы зробім усё магчымае, каб захаваць фонд і каб ім магчыма было карыстацца. Тут ёсць усё, пачынаючы ад прыродазнаўчых навук да мастацтва. Зразумела, што, магчыма, не кожная кніга, але большая частка знойдзе ў нас свайго чытача”.

Нагадаю, 2 сакавіка Гаспадарчы суд Мінска задаволіў іск галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта — кіраўніцтва Саюза мусіць пакінуць Дом літаратара і заплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.

Паводле радыё “Свабода”

***
У Мінску жорстка разагнаная акцыя салідарнасці. Больш за 40 чалавек затрыманыя ў нядзелю, 16 ліпеня, на падыходзе да расійскай амбасады ў Мінску. Беларусы мелі намер запатрабаваць узняць беларускае пытанне на саміце G8, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, каб заклікаць Расію спыніць падтрымку беларускай дыктатуры.

Удзельнікі акцыі ішлі да амбасады з партрэтамі зніклых у Беларусі палітыкаў і журналіста, а таксама трымалі ў руках свечкі салідарнасці з палітвязнямі і рэпрэсаванымі беларусамі. Пры затрыманні супрацоўнікі АМАП збівалі людзей нагамі, а па сведчаннях відавочцаў, — працягвалі жорстка біць і ў аўтобусах. Сярод затрыманых – лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, адзін з лідэраў апазіцыі Зміцер Бародка. Усяго да расійскай амбасады дайшлі больш за 100 чалавек.

www.charter97.org

Эканоміка

***
29 чэрвеня прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Фрадкоў і беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі пасля двухгадзіннай сустрэчы дамовіліся аб пошуку механізмаў паніжэння кошту аплаты паставак расійскага газу Беларусі з 2007 года. Пакуль пазбегнуць грашовай аплаты па тарыфе 200 даляраў за 1 тыс. куб. м суседняй краіне прапаноўваецца двума спосабамі: перадачай “Газпраму” ва ўласнасць шэрагу нафтагазавых актываў Беларусі або допускам яго да падзелу прыбыткаў на ўнутрыбеларускім рынку. Гэтыя варыянты бакі будуць абмяркоўваць у верасні 2006 года.

Учора ў Белым Доме прайшло пасяджэнне саўміна Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Саўмін — міжурадавы орган, які быў створаны ў 1999 годзе для аператыўнага рашэння інтэграцыйных пытанняў Расіі і Беларусі. Аднак для абмеркавання 18 пытанняў павесткі дня саўміна Міхаілу Фрадкову і Сяргею Сідорскаму хапіла дваццаці хвілін. Затое каб абмеркаваць пытанне кошту расійскага газу для Беларусі ў 2007 годзе, спатрэбілася больш за дзве гадзіны. Па гэтым пытанні Міхаіл Фрадкоў і Сяргей Сіидорскі радзіліся за зачыненымі дзвярамі. Туды ж былі запрошаныя толькі некалькі прадстаўнікоў саўміну і глава “Газпрама” Аляксей Мілер, які выступіў перад прэм’ерамі з дакладам аб ходзе сваіх перамоў па кошце газу.

Ад Міхаіла Фрадкова Сяргей Сідорскі дабіўся малага. Раней аб павелічэнні кошту на газ у наступным годзе з цяперашніх 46,68 да 200 даляраў за 1 тыс. куб. м беларусы чулі толькі ад прадстаўнікоў “Газпрома”. Учора ж Сяргей Сідорскі пачуў ад Міхаіла Фрадкова, што гэтыя прапановы падтрымліваюцца і расійскім урадам. На сустрэчы прэм’ер заявіў, што “Расія будзе зыходзіць з універсальнага падыходу да ўсіх партнёраў”, роўна тое ж, што гаворыць спадар Мілер з сакавіка, абгрунтоўваючы рост коштаў на газ для Беларусі.

Галоўны вынік учорашняй сустрэчы: Сяргей Сідорскі пагадзіўся абмяркоўваць газавае коштаўтварэнне па правілах, усталяваных у Маскве. Гэтыя правілы прадугледжваюць падвышэнне кошту на газ для Беларусі ў 2007 годзе да 200 даляраў за 1 тыс. куб. м — дыскусіі датычыліся толькі варыянтаў расплаты за газ.

Па словах аднаго з расійскіх удзельнікаў перамоў, самы просты спосаб, прапанаваны Беларусі, — расплаціцца ўласнасцю. Учора Аляксей Мілер ізноў назваў беларускія прадпрыемствы, у набыцці якіх зацікаўлены “Газпрам”. Перш наперш гэта магістральныя газаправоды “Белтрансгаза”, размеркавальныя сеткі “Белпаліўгаза” і Мазырскі НПЗ. Але, па заяве Сяргея Сідорскага, прапановы “Газпраму” “былі вернутыя”.

Расійскі бок ад гэтага патрабавання не адмаўляецца, а прэм’еры па выніках сустрэчы заявілі, што перамовы ў тупік не зайшлі. Па дадзеных газеты “КоммерсантЪ”, беларускаму боку быў прапанаваны і больш складаны варыянт альтэрнатыўнай расплаты за газ. Як заявіла “Ъ” крыніца ў Белым Доме, Беларусі прапаноўваецца “распрацаваць варыянты сумеснага выкарыстання ўласнасці, якія могуць прывесці да паніжэння канчатковага кошту на газ”. Як сцвярджаў пасля сустрэчы Міхаіл Фрадкоў, для рашэння гэтага пытання можна ізноў вярнуцца да ідэі стварэння сумеснага прадпрыемства па кіраванні беларускай газатранспартнай сістэмай. Па меркаванні спадара Фрадкова, “гэтае пытанне не ўпушчана”.
Мяркуючы па ўсім, Расія прапанавала Беларусі перадаць “Газпрому” не толькі кантрольны пакет у газатранспартнай сістэме, але і частку прыбыткаў ад рэалізацыі газу на ўнутрыбеларускім рынку. Адзначым, у гэтым выпадку газ для Беларусі можа быць у цэлым танней.

Адзнакай і пошукам варыянтаў зоймецца працоўная група, якую вырашылі стварыць прэм’еры. Вынікі яе працы М.Фрадкоў зможа падвесці ўжо ў верасні ў Мінску падчас чарговага пасяджэння саўміна.

Паводле “КоммерсантЪ”

***
Швецыя зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Беларуссю па рэалізацыі сумесных праектаў у рамках Кіёцкага пратаколу. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў пасол Беларусі ў Каралеўстве Швецыя Андрэй Грынкевіч.

Па яго словах, такое ўзаемадзеянне з’яўляецца выгадным для абодвух бакоў. Швецыя можа фінансаваць праекты па скарачэнні забруджвання, альбо павелічэнні паглынання парніковых газаў на тэрыторыі Беларусі. Як правіла, падчас рэалізацыі такіх праектаў праводзіцца мадэрнізацыя энергетычнага і камунальнага абсталявання. Такім чынам дзяржава-донар выконвае свае абавязкі ў межах міжнароднай дамовы, а іншы бок атрымоўвае інвестыцыі, перадавыя тэхналогіі, паляпшае экалагічную сітуацыю на сваёй тэрыторыі.

Як адзначыў дыпламат, зараз шведскі бок вывучае пэўныя сферы ў Беларусі, якія можна залучыць у падобнае супрацоўніцтва. Адзін з магчымых варыянтаў — праект па стварэнні вытворчасцяў па перапрацоўцы драўніны. Фундатарам гатовая выступіць адна з найбуйнейшых у свеце шведскіх кампанія “Vaxjo”. “Любыя замежныя інвестыцыі ў вытворчасць могуць разглядацца як узаемадзеянне ў рамках Кіёцкага пратаколу. Таму шведам на карысць супрацоўніцтва з Беларуссю”, — сказаў Андрэй Грынкевіч.

Паводле БелТА

***

Беларускую правінцыю будзе развіваць ААН.

У новай праграме ААН для Беларусі прапаноўваецца аказаць эканамічнае садзеянне беларускім рэгіёнам. Аб гэтым паведаміла кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ААН/ПРААН Джыхан Султанаглу. Па яе словах, ААН працягне фінансаваць праграмы па развіцці “чарнобыльскіх” рэгіёнаў і прадухіленні распаўсюджвання ВІЧ/СНІД.

Адначасова з гэтымі праграмамі прадстаўніцтва ААН/ПРААН працягне дзейнасць, накіраваную на паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва, якое пражывае ў рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Плюс да гэтага ў рамках новай праграмы працягнецца рэалізацыя сумеснай з Еўрасаюзам праграмы па падтрымцы барацьбы з наркотыкамі і гандлем людзьмі, паляпшэнні памежнага кантролю ў цэлым.

У сацыяльна-эканамічнай сферы прадстаўніцтва ААН/ПРААН мае намер працягнуць аказваць фінансавую падтрымку для развіцця дробнага і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ў рэгіёнах.

Паводле БелаПАН

КУЛЬТУРА

***
Прэзентацыя міжнароднага музычна-паэтычнага праекта “Вялікае княства паэтаў” (“Magnus Ducatus Poesis”) прайшла 5 ліпеня ў амбасадзе Літвы ў Мінску.

Адкрываючы вечар, пасол (зараз — кіраўнік МЗС Літвы) Літвы Пятрас Вайтэкюнас паведаміў, што ў аснову праекта легла “духоўная, культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага, яго цывілізацыйная скіраванасць”. Дыпламат адзначыў, што ідэя праекта нарадзілася ў Мінску, і яго прэзентацыя была прымеркаваная да дня каранавання караля ВКЛ Міндоўга, які ў 1253 годзе стаў першым і апошнім князем. “Творчасць, воля і адказнасць не падуладныя часу”, — падкрэсліў літоўскі амбасадар.

Паэты з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны прачыталі прысутным свае творы, а таксама пераклады на сваю родную мову вершаў прысутных калегаў. Ад Беларусі ў прэзентацыі ўдзельнічалі Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч. Рускамоўная паэзія была прадстаўленая паэтам з Літвы Георгіем Яфрэмавым. Выступ паэтаў суправаджаўся імправізацыямі на старажытных музычных інструментах, у тым ліку дудзе, беларускім, латвійскім і літоўскім музыкантамі.

Арганізатары не выключаюць, што праект “Magnus Ducatus Poesis” можа стаць традыцыйным, паколькі вечар прайшоў паспяхова. Паэты, у прыватнасці, адзначылі ўменне беларускай публікі слухаць і разумець паэзію і музыку.

БелаПАН

***
Хрысціянская святыня, рука Іаана Хрысціцеля, прабыла ў Беларусі, у Свята-Ефрасіннеўскай хрысцільнай царкве, да шостага ліпеня. У Мінск яна была прывезена ў другой палове дня 3 ліпеня. Пасля прыбыцця рукі ў Мінск да яе дакрануцца захацелі тысячы веруючых. Усю ноч з панядзелка на аўторак, паведамілі ў Мінскім епархіяльным кіраванні, вернікі ішлі ў храм.

Як паведамляе “Інтэрфакс”, каўчэг з рукой прыбыў у Мінск спецрэйсам з Паўночнага Каўказа, шостага ліпеня святыню павязуць у Пецярбург.

Рука Іаана Хрысціцеля — адна з галоўных святынь хрысціянскага свету. Лёс вялікай святыні — рукі святога прарока Іаана, цесна звязаны з гістарычнымі падзеямі ў Расіі і іншых краінах, дзе яна знаходзілася.

Абыходзячы з пропаведдзю Хрыстовай розныя гарады і паселішчы, Евангеліст Лука ўзяў з Севасціі ў Антыёхію часціцу мошчаў вялікага прарока — яго правую руку. Дзевяць стагоддзяў рука прарока знаходзілася там, і толькі калі ў 959 годзе мусульмане захапілі Антыёхію (пры імператары Канстанціне Парфірародным), дыякан перанёс руку Прадцечы ў Xалкедон, адкуль яна была перавезеная ў Канстанцінопаль, дзе захоўвалася да часу заваёвы гэтага горада туркамі.

Пазней рука захоўвалася ў Іерусаліме, на востраве Радос, на Мальце, у Аўстрыі. У 1799 годзе яе перанеслі ў сталіцу Расійскай імперыі Санкт-Пецярбург, дзе з вялікай глыбокай павагай захоўвалі на працягу стагоддзя ў царкве Нерукатворнага Спаса ў Зімовым Палацы.

Пасля рэвалюцыі 1917 года рука святога Іаана Хрысціцеля была вывезеная з Расіі і знаходзілася ў розных гарадах Еўропы, затым мошчы прарока былі перададзеныя каралю Югаславіі Аляксандру Карагеоргіевічу. Толькі ў 1993 годзе, падчас наведвання Чарнагорыі патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Аляксеем II, святыня была зноў паказаная свету.

Паводле “Інтэрфакс”,
www.telegraf.by і www.ont.by

НАШ КАЛАНДР

Жнівень у нашай гісторыі

• жнівень 1314 г. перамога дружын князя Давыда Гарадзенскага над войскамі крыжакоў пад Наваградкам.
• 5 жніўня 1506 года Клецкая бітва, падчас якой 7-тысячнае войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага разграміла войскі крымскіх татараў;
• 5 жніўня 1924 г. нарадзіўся Аркадзь Жураўскі, беларускі мовазнавец, аўтар прац “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, „Мова нашых продкаў”, адзін са складальнікаў “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”.
• 6 жніўня 1517 г. Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу;
• 11 жніўня 1974 г. у Полацку адкрыты помнік Францыску Скарыну.
• 14 жніўня 1385 г. заключэнне Крэўскай вуніі – дамовы аб хаўрусе Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам шляхам шлюбу вялікага князя Ягайлы з польскай князёўнай Ядвігай.
• 15 жніўня 1954 г. памёр Язэп Драздовіч, выдатны мастак, скульптар, этнограф.
• 16 жніўня 1874 г. нарадзіўся Аляксандр Уласаў, рэдактар-выдавец “Нашай Нівы” (1906-1914) і беларускі грамадскі дзеяч.
• 20 жніўня 1919 г. у Закапанэ памёр Іван Луцкевіч, беларускі археолаг, публіцыст, удзельнік беларускага руху перад І сусветнай вайной, заснавальнік Беларускага музея ў Вільні.
• 25 жніўня 1629 г. нарадзіўся Сімяон Полацкі – славуты беларускі пісьменнік, грамадскі і царкоўны дзеяч, педагог.
• 25 жніўня 1840 г. царскі ўрад скасаваў дзеянне ў Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага.
• 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была нададзеная сіла канстытуцыйнага закону.

Жнівень у гісторыі беларускай дыяспары

• 6-7 жніўня 1994 г. адбыўся з’езд беларусаў Балтыі у Вільні, на якім абмяркоўваліся становішча Беларусі, адраджэння культуры і мовы, магчымасці вывучэння гісторыі Беларусі ў краінах Балтыі;
• 8 жніўня нарадзіўся Аляксандр Надсан — апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа;
• 9 жніўня нарадзіўся Янка Запруднік — актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык, палітолаг, паэт, празаік, публіцыст, крытык;
• 14 жніўня 1959 г. памёр у ЗША выдатны беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік Эдуард (Эдзюк) Будзька.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле “Ілюстраванай храналогіі”
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by