МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№9(№22)
верасень
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Падзея

8-е верасня - Дзень беларускай вайсковай славы

Фэст на месцы бітвы

На здымку: двубой беларускіх рыцараўАдбыўся святочны фэст на Крапiвенскiм полi пад Воршай. 8 верасня мы ўшаноўваем памяць герояў, што змагаліся за Бацькаўшчыну. Свята прымеркаванае да ўгодкаў слаўнай перамогi пад Воршай у 1514 г. беларускага войска над захопнiкамi з Усходу. Тады нашыя продкi ўтрая меншымi сiламi пад кiраўнiцтвам таленавiтага гетмана Канстанцiна Астрожскага разбiлi 80-тысячнае войска Масковii і тым самым спынiлi яе агрэсiю на Захад на доўгi час.

Сёлета на Крапiвенскiм полi пад Воршай, дзе 489 гадоў таму адбылася перамога нашага войска, прайшоў традыцыйны фэст. Гiстарычнае поле стала агульнанацыянальным цэнтрам святкаванняў. Ля памятнага крыжа прайшла грэка-каталiцкая багаслужба. Каля паўтысячы чалавек з Мінска, Воршы, Баранi, Вiцебска, Магiлёва, Барысава, Крупак сталi гледачамi і ўдзельнiкамi бардаўскага спабору, рыцарскiх двубояў, паэтычных чытанняў. Выступiлi знаныя барды Змiцер Бартосiк, Пётра Русаў, Змiцер Сiдаровiч, Iгар Мухiн-Рабянок, паэт Андрэй Хадановiч. У спаборы маладых перамагла Таццяна Барысiк з Магiлёва, якая атрымала "Залатую карону" фэсту.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Зьвяз Беларусаў замежжа", Чэхія

Шаноўныя спадары беларусы! Арганізацыя "Зьвяз Беларусаў замежжа" сардэчна віншуе вас з Днём беларускай вайсковай славы. Подзвіг нашых продкаў, якія змагаліся і перамаглі варожую навалу з усходу нагадвае нам, што Незалежнасць і Свабода - гэта тыя святыні, якія трэба шанаваць, адстойваць і бараніць. Будзьма годнымі нашых славутых продкаў! Жыве Беларусь!

www.belabroad.org

Навіны

Мідланд, Канада

5 верасня 2003 г. споўнілася 15 год Беларускаму памятнаму Крыжу, узнесенаму на адзначэнне тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі ў "Прошчы паўночна-амерыканскіх пакутнікаў".

З гісторыі паўстання Беларускага памятнага Крыжа. У другой палове 70-х беларусы Канады рыхтаваліся да святкавання ў 1988 г. тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі. Узнікла думка адзначыць Millenium манументам - Беларускім памятным Крыжам у Мідландзе - святым месцы, дзе размешчаны манументы шматлікіх нацыянальнасцяў Канады, але беларускага ж тады там не было.

У 1987 г. Згуртаванне Беларусаў Канады пачало дамагацца дазволу на пабудову Беларускага Крыжа ў Прошчы. Дазвол атрымалі ў студзені 1988 г. ЗБК удалося арганізаваць у верасні таго ж года і сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта, каб у часе яе пры вялікай колькасці суродзічаў адбылося асвячэнне Крыжа. Дзякуючы дапамозе Божай на трэці дзень 18-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, 5-га верасня 1988 г., удзельнікі яе з Бацькаўшчыны, Аўстраліі, краін Еўропы, ЗША і Канады зрабілі паломніцтва ў Прошчу, каб быць удзельнікамі ўрачыстасці высвячэння Крыжа.

Перад св. літургіяй, адпраўленай а. Аляксандрам Надсанам, айцец Джэймс Фарэл, дырэктар Прошчы, вітаў пабудову беларускага манумента і ацаніў гэтую гістарычную падзею, як узмоцненую сувязь з Усявышнім у малітвах за здзяйсненне нашых ідэалаў. Наша малітва ішла да Бога ў нашай роднай мове.

Пасля літургіі ў капліцы паломнікі перайшлі да беларускага Крыжа. На ўзгорку паміж бел-чырвона-белым беларускім і кляновым канадскім сцягамі ўздымаўся бронзава-залацісты Еўфрасіннеўскі Крыж.

Паводле Раісы Жук-Грышкевіч.

Францыя

Сёння ў Францыі побач з неўміручым "Хаўрусам", які зараз узначальвае медык і мастак Міхась Наўмовіч, існуе і значна маладзейшая асацыяцыя "Беларускія Перспектывы". Яна была заснаваная ў 1996 г. народжанымі ўжо на чужыне нашчадкамі старых эмігрантаў, так званымі "французамі беларускага паходжання", дзеля вывучэння Радзімы сваіх продкаў ды распаўсюджвання ведаў пра яе ў Францыі. Асацыяцыя, якая, дарэчы, на гэты час аб'ядноўвае ўжо некалькі дзесяткаў французаў самага рознага паходжання, выдае бюлетэнь на францускай мове "Perspectives Bielorussiennes", адзінае на сёння ў Францыі спецыялізаванае выданне беларускае тэматыкі. Кіруе "Беларускімі Перспектывамі" доктар тэатразнаўства, гісторык беларускага тэатру Вірджынія Шыманец. Сярод актыўных сябраў асацыяцыі - доктар гісторыі, выкладчык Нацыянальнага інстытуту ўсходніх моў і цывілізацый у Парыжы Бруна Дрвескі, доктар паліталогіі, эксперт Фундацыі імя Рабэра Шумана Аляксандра Гужон, памочнік дэпутата Нацыянальнай Асамблеі Францыі Жан-Шарль Ляльман, мастацтвазнаўца Клер Лё Фоль і інш.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Нью-Джэрсі, ЗША

Адбыўся Сабор Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Раскол, які цягнуўся амаль дваццаць гадоў, ліквідаваны. Сабор прайшоў 30 жніўня ў царкве Жыровіцкай Маці Божай у Гайленд-Парку (штат Нью-Джэрсі). Святары з ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі ды Аўстраліі сабраліся, каб фармальна пацвердзіць аб'яднанне дзвюх частак БАПЦ, якія ад 1984-га існавалі асобна. Царкву ачоліў мітрапаліт Ізяслаў, былі абраныя Рада і Кансісторыя. Сабор прыняў зварот да праваслаўных беларусаў, у якім дэкларуецца ўзмацненне сувязяў "паміж прыходамі замежжа і прыходамі ў Беларусі".

Перамовы пра аб'яднанне пачаліся ўлетку 2002-га - пасля смерці мітрапаліта Мікалая, які ачольваў адну з частак БАПЦ (другой кіраваў Ізяслаў). Той раскол перашкаджаў Аўтакефальнай царкве перанесці сваю дзейнасць на Бацькаўшчыну, хоць тут ідэя аўтакефаліі мае нямала прыхільнікаў сярод праваслаўных вернікаў і святароў. Пра гэта сведчаць неаднаразовыя спробы зарэгістраваць у Беларусі аўтаномныя прыходы Аўтакефальнай царквы, якія пачаліся ў сярэдзіне 1990-х.

"Наша ніва". 2003. 12 вер.

Чыкага, ЗША

У 1978 г. у Чыкага з'явіўся помнік нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы, Францыі і ЗША Тадэвушу Касцюшку. Конная скульптура Тадэвуша Касцюшкі ў цэнтры Чыкага з'явілася з ініцыятывы польскай дыяспары. Але сярод мноства надпісаў на пастаменце няма нават узгадкі пра беларускае паходжанне Касцюшкі. На велічным мануменце сярод пераліку вайсковых заслугаў генерала па-польску напісана: "Вялікаму грамадзяніну Польшчы і ЗША". Hi слова пра тое, што Касцюшка - беларус, што нарадзіўся ён на Берасцейшчыне, што неаднойчы вяртаўся на Радзіму і жыў тут. Амерыканскія палякі не пазначылі на пастаменце, што паўстанне 1794 года, якое ён ачоліў, было нацыянальна-вызвольным аднолькава як для палякаў, гэтак і беларусаў. I што самы дзейны чын бралі ў ім беларусы. Спробы прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чыкага аднавіць гістарычную раўнавагу аказаліся пакуль марнымі.

"Беларускі дайджэст". 2003. верасень

Ізяслаў, Украіна

"Узяцца за напісанне гэтага допісу у шэраг беларускіх СМІ і адміністрацыю прэзідэнта Беларусі мяне змусіла наступная акалічнасць. Ужо гады два нашыя сваякі з Беларусі дасылаюць нам паштоўкі, на якіх няма беларускамоўных пажаданняў са святамі! Хто так "распарадзіўся" мы можам толькі гадаць! Але толькі не патрыёт сваёй Радзімы! Шаноўныя расейскамоўныя чыноўнікі, вы ж не "падданыя" Расіі, а грамадзяне суверэннай дзяржавы, і мы, этнічныя беларусы бліжняга і далёкага замежжа, жадаем атрымліваць не расейскамоўныя паштоўкі са святамі, a нa сваёй роднай беларускай мове!!! Калі ласка, паважайце нашы патрыятычныя пачуцці, калі згубілі свае ўласныя!

У новым, 2003 годзе паштавікі Беларусі падрыхтавалі нам увогуле "сюрпрыз": замест беларускамоўных паштовых штэмпеляў яны зноў увялі ў абарачэнне... расейскамоўныя! Вось самы свежы: "Витебск - 33". І без указання краіны, быццам бы гэты беларускі горад ужо стаў "губернским центром"!

Спадзяюся, што мой пратэст ад імя усёй нашай суполкі і многіх маіх знаёмых украінцаў, абураных новай русіфікацыяй пошты ў Беларусі, не застанецца без увагі".

Пятрусь Капчык,
кіраўнік гурта Бел. Культуры "Зорка Венера"

Беласток, Польшча

У Беластоку разгарэўся скандал вакол адзінай беларускай газеты Польшчы - "Нівы" (выдаецца з 1957 г.). Падчас праверкі яе фінансава-гаспадарчай дзейнасці Найвышэйшая кантрольная палата Польшчы выявіла парушэнні. Выдаўцы газеты сцвярджаюць, што справу раздзімаюць польскія посткамуністы. Тэму з ахвотай падхапілі польскія СМІ. Галоўны рэдактар "Нівы" Яўген Мірановіч сведчыць, што ў выніковым дакуменце праверкі агульная дзейнасць рэдакцыі ацэньвалася станоўча, за выключэннем вядзення бухгалтэрыі.

Рэдакцыйны актыў "Нівы" ўпэўнены: скандал з "Нівай" штучна створаны з удзелам левых палітычных сілаў, якія цяпер пры ўладзе ў Польшчы. На апошніх выбарах беларусы склалі ім сур'ёзную канкурэнцыю на Беласточчыне і прымусілі зноў з сабой лічыцца. Адсюль і атака на "Ніву", скандал вакол якой мусіў бумерангам ударыць і па шэрагу лідэраў беларусаў Беласточчыны. Наколькі атака ўдалася, пакуль казаць рана. Калі Мінкульт палічыць праступак рэдакцыі сур'ёзным, можна чакаць спынення штогадовай датацыі на выданне газеты. А гэта смяротны прысуд - газета акупляецца толькі на 10%.

"Наша Ніва". 2003. 22 жніў.

Бельск, Польшча

Ужо восьмы раз у Бельску адбыліся Спасаўскія запусты, арганізаваныя Бельскім аддзелам БГКТ (Беларускае грамадскае культурнае таварыства) і Бельскім домам культуры. Абрадавую частку прадставіў фальклорны гурт "Арэшкі" з Арэшкава. Жанчыны звязвалі ахапак недакошанага ў час жніва збожжа, якое потым упрыгожвалі кветкамі, а на зямлі, паміж каласкамі, клалі кавалачак хлеба для жывёлы. Абраду спадарожнічалі народныя песні - жніўныя, любоўныя, аб роднай зямлі і шчасці.

"Ніва". 2003. 24 жніў.

Польшча

Хаця ў Польшчы пражывае толькі некалькі працэнтаў насельніцтва няпольскай нацыянальнасці, палітычныя эліты Польшчы зусім не ведаюць як ставіцца да гэтай праблемы. Паўтараюць тыя самыя памылкі, што іх папярэднікі. Звыш дзесяці гадоў Сейм не можа прыняць закону аб нацыянальных меншасцях. Кампетэнцыя ў гэтай справе перададзена адміністрацыі і палітычнай паліцыі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Вільня, Літва

У Вільні беларуская школа імя Францыска Скарыны працуе ўжо 10 год, яна мае 12 класаў і каля 170 вучняў, зрабіла некалькі выпускаў. Беларуская сярэдняя школа ў Літве адзіная. Адна на 60.000 беларусаў, якія сёння жывуць у Літве. Паміж уладамі Беларусі і Літвы былі падпісаны адукацыйныя пагадненні, якія прадугледжваюць адкрыццё нацыянальных школ, атрыманне вышэйшай адукацыі. Дзякуючы пагадненню беларускія дзеці Літвы атрымліваюць штогод 20 месцаў у вышэйшых навучальных установах Беларусі. Жаданне мець дыплом аб вышэйшай адукацыі якраз і падштурхнула вучняў 10-11 класаў іншых школ ісці ў беларускую школу, а потым у беларускія ўніверсітэты. Але ці ўзгадуюцца з гэтай моладзі нацыянальна свядомыя беларусы - вялікае пытанне? Беларуская школа мае пэўную дапамогу ад Беларусі праз беларускую амбасаду, за гэта амбасада праз дырэкцыю назірае за духам школы.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Цюмень, Расія

27-28 верасня ў Цюмені адбудзецца Абласны фестываль нацыянальна-культурных аб'яднанняў "Мост дружбы", у якім актыўна будзе ўдзельнічаць беларуская дыяспара Цюменскай вобласці. Беларуская дыяспара тут складаецца з дзвюх частак: першая - гэта нашчадкі беларусаў-"самаходаў", якія прыйшлі пешшу ў Сібір у ХІХ стагоддзі; другая - новыя беларускія перасяленцы савецкага часу. На гэтым фестывалі абедзве часткі дыяспары выступяць разам. Старая дыяспара захавала многія народныя беларускія рамёствы, маладыя перасяленцы выступаюць арганізатарамі культурніцкага жыцця дыяспары. Арганізацыйным ядром цяперашніх беларусаў у Цюменскай вобласці з'яўляецца Нацыянальна-культурнае аб'яднанне "Беларусь", генератарам ідэй і нястомным рухавіком якога выступае беларуская паляшучка Людміла Татарынцава.

Падчас фестывалю будзе пабудавана цэлае беларускае падвор'е, дзе сімвалам над усімі ўзнімецца слуп з буслом, а ў цэнтры падвор'я стане Бульбяная карчма з рознымі прысмакамі беларускай кухні. Вакол карчмы будуць працаваць народныя майстры: пляценне, вышыўка, ткацтва і інш. Каб паказаць актыўную працу па перадачы нацыянальных традыцый маладому пакаленню, а поруч з кожным майстром будуць працаваць дзеткі-беларусы. Усе ўдзельнікі фестывалю нязменна будуць выступаць у народных строях.

Асобная частка ўдзелу ў фестывалі беларусаў - гэта музычная праграма цюменскіх беларусаў: народны ансамбль беларускай песні "Лянок" пад кіраўніцтвам К.Зуевай (родам з Петрыкава), ансамбль беларускіх спеваў і карагодаў "Палессе" пад кіраўніцтвам Т.Грыгор'евай (родам з Калінкавіч), ансамбль беларускай песні з вёскі Ермакі пад кіраўніцтвам Н.Вычужанінай (нашчадкі беларускіх перасяленцаў ХІХ стагоддзя).

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Томск, Расія

На тэрыторыі Томскай вобласці пражывае больш за 10 тыс. беларусаў. Беларуская дыяспара гэтага рэгіёну Расіі ўключае ў сябе нашых суайчыннікаў, якія пераехалі ў Томск у савецкія часы, а таксама нашчадкаў беларускіх перасяленцаў канца IX - пачатку XX ст. Многія з іх захоўваюць свае традыцыі, фальклор, звычаі.

У снежні 2000 года ў Томскай вобласці ініцыятыўнай групай было створана таварыства беларусаў і зарэгістравана ў маі 2001 года - Томская рэгіянальная грамадская арганізацыя беларускай культуры "Белыя Росы". Асноўныя мэты таварыства - забеспячэнне духоўных патрэбаў беларускай дыяспары, яе нацыянальнага гуртавання, умацаванне сувязяў з Беларуссю, адраджэнне, захаванне і развіццё традыцыйнай беларускай культуры ў Сібіры.

За невялікі час сваёй дзейнасці арганізацыя дасягнула пэўных вынікаў і набыла вядомасць у Томскай вобласці. Зараз суполка займаецца разнастайнай культурнай работай. У маі ўдзельнічала ў штогадовым фестывалі "Дні Дружбы народаў", дзе ў ліку іншых нацыянальных цэнтраў прайшла сваёй калонай па галоўнаму праспекту Томска. На плошчы была наладжана выстава беларускіх народных рамёстваў і беларуская нацыянальная кухня. А на гала-канцэрце вызначаўся калектыў беларускай песні "Крылы".

У самых бліжэйшых планах таварыства - выданне ўласнай газеты, якая будзе выходзіць на дзвюх мовах - беларускай і рускай. Заканчваецца праца па стварэнні сайта, на старонках якога будзе размешчана "візітная картка" арганізацыі, інфармацыя аб напрамках яе дзейнасці і вырашэнні актуальных задач, старонка беларускага ансамбля "Крылы", які дамогся за апошнія два гады значных творчых поспехаў, курс беларускай мовы.

На сённяшні дзень галоўная праблема - кепскае веданне сваёй мовы. Аснову сучаснай беларускай дыяспары Сібірскага рэгіёна складаюць перасяленцы савецкага перыяду. Большая частка выхадцаў з Беларусі канца XIX - пачатку XX стагоддзя амаль што асімілявалася, хаця ў глыбінцы яшчэ захоўваюцца беларускія вёскі. Досыць вялікая колькасць беларусаў вызначыліся на карысць польскай нацыі. Таму таварыству дастаткова цяжка вырашыць праблему вывучэння роднай мовы ўласнымі сіламі. У Томскім педагагічным універсітэце працуе кафедра славянскіх моў, якая зацікаўлена ў арганізацыі вывучэння беларускай мовы.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары Томска ўсё радзей бываюць на Радзіме, таму вельмі зацікаўлены ў атрыманні інфармацыі пра сучаснае жыццё і падзеі ў Беларусі.

Паводле ліста Пётра Барыльчанкі,
Старшыні Управы таварыства "Белыя Росы"

"Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа"

Год таму сярод маладых беларусаў Заходняй Еўропы ўзнікла ідэя стварэння маладзёвай арганізацыі. Рэалізацыя ідэі пачалася напрыканцы мінулага года ў Гайдэльбергу (Германія). Тады спаткаліся студэнты, якія задумалі аб'яднаць заходнееўрапейскую беларускую моладзь. Тады і вырашылі стварыць "Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа".

18-20 ліпеня адбылася другая сустрэча - у Мюнхене. Сабраліся студэнты, дактаранты, якія навучаюцца ці працуюць у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Англіі, Бельгіі, Галандыі. Вырашылі, што сустрэчы будуць праводзіцца далей мінімум два разы на год, адна будзе ўлетку, другая - узімку. Была адчынена старонка Задзіночання ў інтэрнэце (www.belarusy.com). Тут змешчаны тэкст дэкларацыі аб задачах аб'яднання, а таксама іншая інфармацыя, напрыклад, пра магчымасці навучання ў замежжы, аб праграмах і ўмовах паступлення і інш.

Беларуска з Вены Ляна Бурцава паведаміла, што ўдзел у гэтым маладзёвым руху стаўся пэўным стымулам для моладзі, каб ствараць рэгіянальныя суполкі Задзіночання ў краінах свайго пражывання: "Мы вырашылі пасля апошняй сустрэчы стварыць у Аўстрыі нешта накшталт філіі Задзіночання. Беларусы ў Аўстрыі ёсць, і нямала. Дастаткова студэнтаў з Беларусі".

Аліна Бельская з Фінляндыі прыехала на сустрэчу з вялікай ахвотай, бо лічыць справу гуртавання моладзі вельмі патрэбнай. Пасля сустрэчы Аліна вырашыла стварыць сваё аб'яднанне ў Хельсінкі: "Мы с хельсінскімі беларусамі вырашылі стварыць Згуртаванне беларусаў Фінляндыі. Я мяркую, што пры дапамозе гэтай арганізацыі мы зможам нечага дасягнуць, асабліва ў сэнсе падавання інфармацыі пра Беларусь у Фінляндыі".

Максім Купрэеў, які жыве ў Берліне і вывучае старажытную гісторыю, таксама задаволены тым, што далучыўся да Задзіночання. Арганізатары спадзяюцца, што да іхных шэрагаў далучацца маладыя беларусы не толькі з еўрапейскіх краін, але і з усяго беларускага замежжа. Можа таму яны ўзялі назву - "Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа".

Патрэба ў такім аб'яднанні наспела даўно, двойчы ўжо былі спробы правесці з'езды беларускай моладзі свету. Магчыма, гэтая спроба стане больш удалаю.

Паводле Радыё "Свабода"

Год Юбілеяў!

Гэты, 2003, год у гісторыі беларускай культуры вельмі адметны юбілеямі вялікіх беларускіх дзеячаў. Вось гэтыя юбілеі:

  • 750-ыя ўгодкі каранацыі Міндоўга;
  • 450 год Рэфармацыі ў Беларусі;
  • 165-ыя ўгодкі з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага;
  • 140-ыя ўгодкі паўстання 1863 г.;
  • 120 год Францішку Аляхновічу, беларускаму драматургу і тэатральнаму дзеячу;
  • 120-ыя ўгодкі з дня народзінаў Язэпа Лёсіка, вучонага, аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі;
  • 110-ыя ўгодкі з дня народзінаў Максіма Гарэцкага;
  • 100-ыя ўгодкі з дня народзінаў паэткі Наталлі Арсенневай;
  • 110 год Міколу Шчаглову (Куліковічу), беларускаму кампазітару;
  • 100 год Вінцэнту Жук-Грышкевічу, выбітнаму грамадскаму дзеячу беларускага замежжа, кіраўніку Рады БНР і іншыя юбілеі.

На жаль, цяперашнія ўлады не адзначыла ніводнае з гэтых беларускіх святаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларуская мова ў замежных універсітэтах

З наступнага года ў Іркуцкім універсітэце пачне дзейнічаць факультэт беларускай мовы і літаратуры. У Расіі беларускую мову вывучаюць таксама студэнты Бранскага, Маскоўскага лінгвістычнага і Новасібірскага ўніверсітэтаў. У іншых нашых суседзяў беларускую мову вывучаюць студэнты Віленскага (Літва) і Даўгаўпілскага (Латвія) педуніверсітэтаў, Кіеўскага (Украіна) ўніверсітэту. У Польшчы беларускую мову вывучаюць у Варшаўскім, Беластоцкім, Люблінскім каталіцкім, Ольштынскім, Гданьскім, Познанскім універсітэтах і ва ўніверсітэце імя Складоўскай-Кюры.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

У нашых суседзяў

18-21 жніўня ў Кіеве адбылася падзея - VIII Сусветны Кангрэс украінцаў. Форум арганізавала самае ўплывовае аб'яднанне ўкраінскай дыяспары - Сусветны кангрэс украінцаў.

Сусветны Кангрэс украінцаў - гэта найвышэйшая арганізацыйная надбудова ўкраінскай дыяспары, ён аб'ядноўвае грамадскія, рэлігійныя, навуковыя і маладзёвыя непалітычныя арганізацыі. Пасля доўгіх міжарганізацыйных перамоў у 1967 г. у Нью-Ёрку адбыўся Першы сусветны Кангрэс вольных украінцаў, які ў 1991 г. перайменаваны ў Сусветны Кангрэс украінцаў.

Сусветныя кангрэсы ўкраінцаў адбываюцца раз у 5 гадоў. Да гэтага часу яны праводзіліся па-за межамі Украіны, а гэтым разам форум вырашана было арганізаваць на Бацькаўшчыне. Цяперашні VIII Кангрэс пераломны, бо ўпершыню ў сваёй гісторыі Кангрэс працаваў у самой Украіне. Упершыню больш за 359 дэлегатаў і больш за 200 гасцей ад усіх дыяспарскіх арганізацый сабраліся ў Кіеве. Тэмаю абмеркавання было жыццё 20 млн. украінцаў па-за межамі Украіны, іх супрацоўніцтва, інфармаванне адзін аднога і тое, чым яны могуць дапамагчы Украіне, а Украіна ім.

Суарганізатарам Кангрэсу з боку Украіны была Украінская Сусветная Каардынацыйная Рада ў Кіеве. Рада выконвае ролю каардынацыйнага цэнтру паміж Украінаю і арганізацыямі ў дыяспары. Створаная ў 1993 г. Рада якраз адзначала свой 10-гадовы юбілей. Паводле сваіх функцый у Беларусі яе аналагам можна назваць Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Дзеля ўсталявання кантактаў з дыяспараю дзяржаўныя ўлады Украіны таксама арганізуюць свае агульнаўкраінскія форумы, іх адбылося ўжо тры, апошні праходзіў у 2001 г. Сёлетні VIII Сусветны Кангрэс украінцаў быў арганізаваны грамадскімі сіламі, і дзяржаўныя структуры не ўдзельнічалі ў ягонай падрыхтоўцы. Больш таго, вакол Кангрэсу склалася сітуацыя падобна той, якая ў 1997 г. была ў Беларусі падчас Другога з'езду беларусаў свету, калі ўлады не дазвалялі праводзіць форум у будынку, аплочаным арганізатарамі.

На Кангрэсе прысутнічалі прадстаўнікі апазыцыйных сіл, дзесяткі народных дэпутатаў. Прэзідэнта, прэм'ер-міністра і спікера не было. У апошні дзень Кангрэсу адбыліся перавыбары ягонага кіраўніцтва. Дэлегаты прасілі ўладу як мага хутчэй прыняць Закон пра замежнага ўкраінца. Гэты закон ужо з 1997 года ў Вярхоўнай Радзе прайшоў некалькі чытанняў.

Прэзідэнт Кангрэсу Аскольд Лазінскі выказаў думку аб тым, што варта адысці ад такіх паняццяў як усходняя і заходняя дыяспары, а патрэбна гаварыць аб адзінай украінскай дыяспары ў свеце. Трэба адзначыць, што практыка падзелу дыяспары на заходнюю і ўсходнюю існуе сёння і ў Беларусі. Магчыма, што новыя падыходы ўкраінцаў да такой сітуацыі будуць успрынятыя і прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якія збяруцца на чарговы З'езд беларусаў свету ў 2005 г.

Радыё "Свабода". 2003. 26 жніў.

Кніжная палічка

"Родзічы" ў Санкт-Пецярбургу

У Санкт-Пецярбургу ў розныя гады жылі і працавалі беларускія літаратары. Яны працуюць тут і зараз: Анатоль Кірвель, Аўгіння Кавалюк, Валянцін Грыцкевіч, Мікола Нікалаеў... Зараз санкт-пецярбургскія беларускія літаратары, акрамя таго, што падтрымліваюць трывалыя сувязі з Беларуссю, уваходзяць у Саюз пісьменнікаў "Многонациональный Санкт-Петербург", які выдае сваю газету пад назвай "Петербург многонациональный". Па традыцыі штораз старонкі выдання аддаюцца той альбо іншай літаратурнай дыяспары. Пабачыў свет і беларускі нумар - "Родзічы". Сябры на яго старонках віншуюць Валянціна Грыцкевіча з 70-гадовым юбілеем. Надрукаваны па-беларуску (пераклала Аўгіння Кавалюк) рубаі башкірскай паэткі А.Бікулавай. Змешчаны і арыгінальны верш Аўгінні Кавалюк. У рубрыцы "Новыя імёны" - паэтычныя творы Ланы Успенскай. Паэт і празаік Анатоль Кірвель прадстаўляе вершы беларуса Аляксандра Дабравольскага.

"Голас Радзімы". 2003. 11 вер.

P.S. 12-ты нумар газеты, выдадзены ў ліпені, цалкам прысвечаны Васілю Быкаву.

Пра спадчыну ВКЛ у Ельскім універсітэце

У ЗША выйшла манаграфія выкладчыка польскай і ўсходнееўрапейскай гісторыі Ельскага ўніврсітэту Цімаці Снайдэра "Адбудова нацый. Польшча, Украіна, Летува, Беларусь" (Timothy Snyder. The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus 1569-1999. Yale University, 2003). Нягледзячы на сваю маладосць, Цімаці Снайдэр досыць вядомы даследчык гісторыі нашай часткі Еўропы. Ягоная першая праца "Nationalism, marxism, and modern Central Europe: a biography of Kazimierz Kelles-Krauz, 1872-1905" атрымала прэмію Оскара Халецкага, што прысуджаецца за найлепшыя даследаванні ўсходнееўрапейскай гісторыі.

Другая работа Снайдэра мае ўсе шанцы стаць навуковым бестселерам. He шукаючы простых адказаў на складаныя пытанні, аўтар паспрабаваў паглядзець на драматычныя, часам брутальныя факты гісторыі нацыянальных рухаў народаў былой Рэчы Паспалітай з пункту гледжання нейтральнага навукоўца, не заангажаванага ў нацыяналістычную летувіскую ці беларускую, польскую ці ўкраінскую гістарыяграфію. Кніга чытаецца як прафесійны і адначасова дэтэктыўна цікавы твор. Складаецца яна з трох частак, прысвечаных, адпаведна, Вялікаму княству Літоўскаму (Летуве і Беларусі), Украіне і Польшчы.

Беларуска-летувіская частка працы ўжо сваёй назвай "Спрэчкі за летувіска-беларускую Айчыну" робіць сенсацыю, бо амаль упершыню ў сучасны заходні дыскурс гістарычнай Літвы ўводзіцца як паўнапраўная ўдзельніца Беларусь. Падраздзел мае наступны змест: Вялікае Княства Літоўскае (1569-1863); Літва! Мая айчына (1863-1914); Першая сусветная вайна і пытанне Вільні (1914-1939); Другая сусветная вайна і пытанне Вільнюсу; Эпілог: савецкі летувіскі Вільнюс (1945-1991).

Ужо першы сказ задае планку дыскусіі: "Калісьці Вялікае Княства Літоўскае дамінавала на ўсходзе Еўропы. З 1991 году Літоўская Рэспубліка - гэта маленькая краіна на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Вільня, былая сталіца ВКЛ, сёння сталіца сучаснай Рэспублікі. Паўтысячагоддзя перад 1991 годам летувіская мова не была ані моваю віленскіх уладаў, ані моваю віленскіх вуліц". Аўтар задаецца пытаннем: як адбыліся гэткія вялізныя перамены, як сталася, што сёння ВКЛ асацыюецца на Захадзе выключна з сучаснай Летувой?

Андрэй Катлярчук, ARHE

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Вакол закона "Аб суайчынніках..."

У 2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" брала ўдзел у працы рабочай групы Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы праекта закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выйшла з шэрагам прынцыповых заўваг і прапаноў, якія былі дасланы ў адрас Савета Міністраў. На жаль, Згуртаванне не атрымала адказа ні ад Савета Міністраў, ні копію канчатковага варыянта законапраекта ад Цэнтру законпраектнай дзейнасці. Запланаваны на восень 2002 г. разгляд праекта закона ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь таксама не адбыўся. Не адбылося і прыняцце Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце", якая распрацоўвалася Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на 2002-2010 гг. Па словах загадчыка аддзела па нацыянальнасцях вышэйзагданага камітэту Г.Уральскага (размова адбылася на пачатку чэрвеня 2003 г.) да гэтага часу працягвае дзейнічаць дзяржаўная праграма, прынятая ў 1993 г. Запыт наконт тэрмінаў прыняцця закона сп. Уральскі пераадрасаваў да Савета Міністраў. Склалася ўражанне, што камітэт альбо не валодае інфармацыяй, альбо робіць з гэтага вялікую тайну.

24.06.2003 г. "Бацькаўшчына" падрыхтавала зварот у Савет Міністраў Беларусі, у якім утрымлівалася просьба паскорыць прыняцце закона, які рэгуляваў бы адносіны Рэспублікі Беларусь з беларусамі, што пражываюць за мяжой, з мэтай вырашэння ў поўным аб'ёме праблем беларусаў замежжа, стварэння спрыяльных умоў дзеля ўмацавання іх сувязяў з Бацькаўшчынай. Ліст утрымліваў таксама тры канкрэтныя пытанні:

  • ці ўлічаныя ў законапраекце заўвагі і прапановы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына";
  • калі адбудзецца абмеркаванне праекта закона "Аб суачынніках..." у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
  • калі будзе прынята новая праграма па падтрымцы беларускай дыяспары.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Савет Міністраў абавязаны прадставіць адказ на запыт. Да сённяшняга дня аніякага адказау "Бацькаўшчына" не атрымала. А загадчык аддзела Упраўлення сацыяльна-культурнай сферы Савета Міністраў Н.Голубева на тэлефонны запыт 8 верасня 2003 г. паведаміла, што ліст "Бацькаўшчыны" прыняты да ведама. На пытанні наконт даты прыняцця закона і праграмы сп-ня Голубева адказала, што мяркуецца правядзенне агульнага сходу з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары, на якім разам з імі будуць дапрацаваныя гэтыя дакументы. Але на пытанне, калі адбудзецца сход сп-ня Голубева таксама не змагла адказаць...

Зараз "Бацькаўшчына" робіць захады, каб атрымаць ад дзяржавы пісьмовыя адказы на свае запыты і даведацца, ці стане калі-небудзь пытанне беларускай дыяспары актульным для нашай дзяржавы?

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Выстава "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі"

''Каранацыя Міндоўга'' Вікторыі Ладзята17 верасня ў Музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў. Выстава, прысвечаная 450-годдзю Рэфармацыі ў Беларусі, з'яўляецца чарговай падзеяй у шэрагу святочных мерапрыемстваў і будзе працаваць цягам месяца. Ладзіць выставу МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Дзяржаўны Літаратурны музей М.Багдановіча.

На выставе прэзентуюцца лепшыя працы дзяцей, якія ўзялі ўдзел у конкурсе пад аднайменнай назвай - "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі". Гэты рэспубліканскі літаратурна-мастацкі конкурс Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" правяло ў 2003 г. 2003 год - юібілейны для нашай краіны. Сёлета спаўняецца 450 год Рэфармацыі ў Беларусі. Менавіта гэтай значнай падзеі ў развіцці беларускага грамадства і быў прысвечаны конкурс. Таму ў першую чаргу звярталася ўвага на працы, якія адлюстроўвалі гістарычныя падзеі, славутыя мясціны, постаці XVI ст.

''Нясвіжская вежа'' Дзяніса ЗахарычаНа конкурс было даслана больш за 100 малюнкаў з розных куткоў Беларусі: Ваўкавыска, Браслава, Мінска, Кругляншчыны, Полаччыны, Глыбоччыны, Маладзечна, Вілейкі, Магілёва, Паставаў, Оршы, Пінска, Мар'інай Горкі, Бялынічаў, Клічава, з Івацэвіцкага, Чавускага, Шчучынскага, Пружанскага, Светлагорскага раёнаў і іншых мясцін краіны. Конкурс ладзіўся для дзяцей 12-14-гадовага ўзросту. Але абвешчаная тэма настолькі зацікавіла творчых дзяцей, што на конкурс былі дасланыя і прынятыя да ўдзелу малюнкі маладзейшых за вызначаны ўзрост - 9-ці гадовых творцаў. І маленькія мастакі па-свойму асэнсоўвалі і адлюстроўвалі ў сваіх творах зададзеную тэму.

Малюнкі маленькіх майстроў моцна ўражваюць сваёй пачуццёвасцю, высокай мастацкай вартасцю, прасякнутасцю любоўю да роднай гісторыі. Таму варта было даць магчымасць шырокаму колу аматараў дзіцячай творчасці пабачыць на ўласныя вочы працу маленькіх мастакоў. На выставе прадстаўлены 53 лепшыя працы маладых мастакоў (9-14 год) з розных мясцін Беларусі. Тут малюнкі і дзяцей, якія займаюцца выяўленчым мастацтвам самастойна, і тых, хто вучыцца ў мастацкіх школах ці студыях.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Нашыя славутыя землякі

Вялікая страта беларускай дыяспары

17 жніўня памёр выбітны прадстаўнік беларускай дыяспары Аўстраліі, грамадскі дзеяч, публіцыст і патрыёт Павел Дуброўскі-Гуз. Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае самыя шчырыя спачуванні з гэтай трагічнай прычыны родным і паплечнікам спадара Паўла. Мы будзем заўсёды памятаць пра актыўную дзейнасць сп. Паўла Гуза на беларускай ніве, пра тое, што ён быў надзвычай адданым нацыянальнай справе. Беларусы не толькі Аўстраліі, але і ўсяго свету панеслі вялікую страту ў асобе спадара Паўла Гуза.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Жыццёвы шлях

Павел (Паўлюк) Дуброўскі-Гуз нарадзіўся ў 1924 г. у в. Дуброва Рэчыцкага р-на Гомельскай вобласці. Аб ранніх гадах П.Дуброўскага-Гуза вядома не шмат. У Другую сусветную вайну ён служыў у самаахове пры заводзе. Выехаў з Беларусі разам з маці і братам у 1944 г. Пэўны час правёў у Германіі, дзе актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх міжнародных скаўцкіх мерапрыемствах, дапамог утварыць Звяз імя І.Луцкевіча, міжнародную арганізацыю скаўтаў. Падтрымліваў сувязі з Беларускім нацыянальным камітэтам, кантактаваў з беларускай рэлігійнай місіяй Францыі. З 1950 г. жыў у Аўстраліі (Мельбурн, штат Вікторыя).

Акрамя асноўнай працы прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. Сакратар першага беларускага аб'яднання штата, адзін са стваральнікаў Беларускага дома ў Мельбурне і нядзельнай дзіцячай школы. П.Дуброўскі-Гуз быў сакратаром, а затым старшынёй Беларускага Цэнтральнага Камітэта, сакратаром Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый Аўстраліі, ініцыятарам з'яўлення і руплівым сябрам аўстралійска-чарнобыльскага фонду. Прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) Р.Астроўскі ўзнагародзіў сп. Гуза за грамадскую працу медалямі "Беларускія ветэраны на чужыне", "Беларуская краёвая абарона", "Жыве Беларусь". Яму прысвоена воінскае званне маёра.

Яшчэ ў маладосці пачаў супрацоўнічаць з беларускамоўнымі эміграцыйнымі выданнямі. Дасылаў свае артыкулы ў газеты "Беларускае слова", "Беларуская трыбуна", "Бацькаўшчына", "Шыпшына", "Беларускі эмігрант" і інш. Ажыццяўляў тэхнічнае рэдагаванне часопіса "Новае жыццё", які выдаваўся Беларускім аб'яднаннем Аўстраліі. Сп. Гуз браў удзел ва ўсіх беларускіх акцыях, што праводзіліся на "Зялёным кантыненце".

17 жніўня 2003 года пасля цяжкай хваробы Павел Гуз адышоў ад нас назаўсёды.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Ад беларусаў Аўстраліі

На здымку: пахаванне пад бел-чырвона-белым сцягам21 жніўня беларусы штату Вікторыя развіталіся з адданым дзеячам грамадскага жыцця ў Аўстраліі Паўлам Гузам. Усё сваё жыццё прысвяціў дабрабыту сваёй сям'і і беларускай грамадскай працы. На працягу 54-х гадоў у Аўстраліі ён займаў шматлікія адказныя пасады ў Беларускіх арганізацыях, якія выконваў шчыра і добрасумленна. Беларусы Аўстраліі будуць заўсёды памятаць яго з вялікай павагай і жалем.

Настаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы св. Віленскіх мучанікаў у Мельбурне а. Аляксандр Кулакоўскі адслужыў пахавальны абрад за супакой ду-шы светлай памяці Паўла Гуза. Пахаваны Павел на беларускіх могілках у раёне Фокнер. Вялікі натоўп сабраўся, каб аддаць належную чэсць паважанаму сябру і супрацоўніку. Перад труной, пакрытай Бел-Чырвона-Белым сцягам, усе прысутныя праспявалі жалобны марш "Спі пад курганам герояў", затым выказалі развітальныя словы ад Федэральнай Рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі - сп. Аўген Груша, ад Беларускага цэнтральнага камітэту ў Вікторыі - сп. Янка Барысевіч, ад Беларускага вызвольнага фронту - сп. Алег Шнэк і родны брат сп. Паўла Гуза а. Аляксандр Грыцук. Труна апусцілася ў магілу, і кожны сыпнуў жменьку роднай зямлі, прывезенай з Беларусі.

Беларуская грамада выказвае глыбокае спачуванне ўсім родным светлай памяці Паўла Гуза.

Алег Шнэк
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by