МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№6(№19)
чэрвень
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"


СПЕЦЫЯЛЬНЫ ВЫПУСК
ДА 10-ГОДДЗЯ ПЕРШАГА З'ЕЗДУ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ

Змест:

След у гісторыі

lia-teatra.jpg6 ліпеня спаўняецца 10 гадоў з часу склікання Першага з'езду беларусаў свету. У той час мы з надзеяю глядзелі ў будучыню, і першая сустрэча беларусаў свету здавалася толькі прэлюдыяй да адраджэння краіны. 1993 год, калі быў скліканы З'езд, вызначаўся бурным развіццём нацыянальнай свядомасці, змаганнем за адбудову беларускай дзяржаўнасці. Беларусь атрымала незалежнасць, была адноўлена гістарычная сімволіка, урачыста адсвяткавалі 75 годдзе БНР, шырока адзначаны ўгодкі Слуцкага чыну. Гэта быў час гуртавання дзеля адраджэння Бацькаўшчыны. Абудзілася цікавасць да суродзічаў у замежжы. Сярод творчай інтэлігенцыі ўзнікла ідэя стварэння арганізацыі для падтрымання сувязяў з землякамі. Так, у верасні 1990 г. у Мінску было заснавана Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", прэзідэнтам якой быў абраны Васіль Быкаў. Гэта быў важны крок у справе яднання беларускай нацыі.

З мэтаю абмеркавання сітуацыі ЗБС "Бацькаўшчына" ў снежні 1992 г. арганізавала Першы сход беларусаў блізкага замежжа, на якім упершыню сустрэліся беларусы з розных краінаў. Удзельнікі Сходу падтрымалі прапанову Управы "Бацькаўшчыны" аб скліканні сусветнага беларускага форуму. Гэтая ідэя ўжо была падтрымана і заходняй эміграцыяй.

У 1992 г. Беларусь наведалі беларусы з Кліўленда (ЗША). З іх удзелам адбылося пасяджэнне Рады "Бацькаўшчыны", дзе быў створаны Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы сусветнага беларускага з'езду. Сустаршынямі Камітэту былі абраны Васіль Быкаў і Міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. У тым жа годзе адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая падтрымала прапановы аб правядзенні з'езду.

"Бацькаўшчына" звярнулася да ўсіх дэмакратычных арганізацый Беларусі з прапановаю ўдзельнічаць у падрыхтоўцы. Спецыяльна да з'езду дзяржаўнымі органамі была распрацавана і зацверджана праграма "Беларусы ў свеце". Арганізатарам з'езду давялося ажыццявіць велізарную пошукавую працу па выяўленні беларускай прысутнасці ў свеце. Аналізаваліся газеты, часопісы, інфармацыя радыё, тэлебачання, скарыстоўваліся асабістыя кантакты. Публікавалі артыкулы, звароты да суродзічаў і дасылалі іх у розныя краіны.

Неабходныя захады былі прынятыя і дзеля інфармацыйнага забеспячэння працы з'езду. "Бацькаўшчына" арганізавала прэс-цэнтр, была праведзена акрэдытацыя журналістаў. У друку, на радыё, тэлебачанні падавалася інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі. Адбылося чатыры прэс-канферэнцыі. Беларускае тэлебачанне вяло запіс пасяджэнняў. Дзякуючы намаганням Міністэрства інфармацыі быў выдадзены спецыяльны выпуск газеты "Звязда". Часопіс "Полымя" прысвяціў з'езду значную частку шостага нумара за 1993 год.

Форум збіраўся як першая сустрэча беларусаў свету. Вельмі важным было пазнаёміцца паміж сабою, устанавіць кантакты для супрацоўніцтва. Але над усім гэтым дамінавала пытанне, якое аб'ядноўвала ўсіх, - лёс Беларусі. Якім будзе накірунак дзяржаўнага будаўніцтва - цікавіла беларусаў на Радзіме і ў замежжы. Таму і былі вызначаны: мэта З'езду - аб'яднанне нацыі, згуртаванне яе лепшых сілаў дзеля адраджэння Бацькаўшчыны, галоўная ідэя - незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне, галоўная тэма - дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі. Ім адпавядала ўся праграма З'езду. Важнае месца ў праграме займалі пытанні ўзаемаадносінаў Беларусі і яе дыяспары, праблемы беларускага замежжа, падтрымкі замежных суродзічаў, далейшая дзейнасць ЗБС "Бацькаўшчына".

pasiadzennie.jpgМастакі зрабілі вялікую выставу пад назваю "Жыве Беларусь" у Палацы мастацтва з удзелам мастакоў беларускага замежжа. Мінскія ўлады паклапаціліся пра тое, каб горад быў упрыгожаны плакатамі з прывітаннямі ўдзельнікам З'езду. На франтоне Опернага тэатра, дзе праходзілі пасяджэнні, былі напісаны купалаўскія словы: "На Сход, на Усенародны Сход!". Оперны тэатр выглядаў вельмі святочна, у нацыянальным стылі быў аздоблены кожны куточак, у фае дзейнічалі выставы.

Істотным дапаўненнем да абмеркавання асноўных пытанняў на пленарных пасяджэннях была работа круглых сталоў у другі дзень З'езду. Яны прайшлі ў Строчыцах пад Мінскам, у сядзібе БНФ, у клубе "Спадчына", у Музеі Янкі Купалы, у Доме літаратара. Дэлегаты і госці прысутнічалі на адкрыцці мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Максіму Гарэцкаму.

У падрыхтоўцы З'езду актыўна дапамагалі Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства замежных спраў, улады г. Мінска, калектыў Музея літаратуры і мастацтва (на базе яго працавала Рабочая група, свайго памяшкання "Бацькаўшчына" яшчэ не мела), Нацыянальны цэнтр імя Ф.Скарыны, Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, многія беларускія навукоўцы, адміністрацыі Опернага тэатра і Тэатра імя Я.Купалы, Саюз пісьменнікаў і Дом літаратара, Музеі Якуба Коласа і Літаратурны музей Янкі Купалы. Вельмі напружана працавалі супрацоўнікі "Бацькаўшчыны".

З'езд прыняў наступныя выніковыя дакументы: Зварот беларусаў замежжа, удзельнікаў Першага з'езду беларусаў свету; Зварот да беларускага народу; Дэкларацыю аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва; Зварот да Парламента і Урада Рэспублікі Беларусь; Заяву па вайсковаму пытанню; Рэзалюцыю "Аб падтрымцы дзейнасці Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"; Пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў беларускай дыяспары; Рэзалюцыю аб падтрымцы Беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода"; Зварот да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь "Аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка".

З'езд пакінуў вялікі след у гісторыі. Упершыню нацыя паспрабавала кансалідавацца не толькі ў дзяржаўных межах, але і асэнсаваць сябе ў кантэксце сваёй прысутнасці ў свеце.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Прэс-рэліз Рабочай групы па падрыхтоўцы святкавання 10-годдзя Першага з'езду беларусаў свету

6 ліпеня адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Першаму з'езду беларусаў свету, які ў 1993 годзе арганізавала і правяло Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Створана Рабочая група па падрыхтоўцы свята на чале з акадэмікам Радзімам Гарэцкім.

У 1993 г. у жыцці беларускай нацыі пачала фарміравацца новая, невядомая раней грамадская сіла - беларуская сусветная грамада. Адзначаючы 10-годдзе гэтай гістарычнай падзеі, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" плануе правесці святочныя мерапрыемствы. Дзеля гэтага па рашэнні Управы была створана Рабочая група, першае пасяджэнне якой адбылося 2 чэрвеня. Была вызначана праграма святочных мерапрыемстваў і план падрыхтоўчай працы. Святкаванне будзе складацца з адкрыцця мемарыяльнай дошкі, прысвечанай дзеячам Інбелкульта, урачыстага пасяджэння і канцэрта. Плануецца ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Жадаючыя змогуць паехаць на Купалле. Запрашаюцца да супрацоўніцтва ўсе, хто зацікаўлены ў плённай працы на карысць нашага агульнага свята. Больш падрабязную інфармацыю чытайце на сайце МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": ZBSB.ORG

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Памяці Інбелкульта

Вялізнай перамогай беларускага духу ў 1921 г. стала заснаванне Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), які аб'яднаў лепшых беларускіх навукоўцаў. У 1928/29 гг. Інбелкульт ператварыўся ў Акадэмію навук.

Справу ўшанавання памяці беларускіх навукоўцаў першым распачаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра імя Ф.Скарыны, прафесар Адам Мальдзіс. Для абрання прозвішчаў быў праведзены рэйтынг, дзе кансультантамі выступілі супрацоўнікі Інстытута гісторыі і Інстытута літаратуры НАН, Архіва НАН і Музея гісторыі НАН. Працэдура была складаная і сур'ёзная: кожнаму з рэспандэнтаў (іх было больш за 100) быў разасланы спіс, які ўтрымліваў 100 прозвішчаў навукоўцаў Інбелкульта. Задача экспертаў была абраць 35 прозвішчаў акадэмікаў і навукоўцаў, якія сталі заснавальнікамі вышэйшай навуковай установы Беларусі. Шляхам супастаўлення атрыманых спісаў былі вылучаны 34 імёны.

У 1998 г. была выраблена і адліта мемарыяльная дошка ў гонар заснавальнікаў Інбелкульта. Мемарыяльная дошка выканана на высокім прафесійным узроўні. А.Мальдзіс спрабаваў узгадніць тэкст мемарыяльнай дошкі з Акадэміяй навук. Кіраўніцтва Акадэміі навук выказалася супраць размяшчэння дошкі на будынку, прыводзячы 2 аргументы. Першым было тое, што на гэтым будынку ўжо змешчаны дошкі акадэмікам М.Гарэцкаму і У.Ігнатоўскаму. Другі аргумент найбольш цікавы - кіраўніцтва Акадэміі не згодна са спісам прозвішчаў, які склалі самі ж супрацоўнікі Акадэміі. На думку кіраўніцтва Акадэміі на дошцы дарэмна адліты імёны В.Зелязея, Я.Кіпеля і М.Шатэрніка, бо яны ўнеслі малы ўклад у беларускую навуку. Недахопам таксама палічылі тое, што на дошцы адсутнічаюць прозвішчы С.Гельтмана, С.Матулайціса і У.Пічэты.

З красавіка 2002 г. за справу ўстанаўлення мемарыяльнай дошкі ўзялося Згуртаванне "Бацькаўшчына", якое разам з Нацыянальным цэнтрам імя Ф.Скарыны звярнулася ў Мінгарвыканкам па дазвол размясціць дошку. Адказ на запыт "Бацькаўшчына" атрымала толькі праз паўгады. "Бацькаўшчына" накіравала два лісты па пытаннях узгаднення тэкстаў дошкі. Але кіраўніцтва Акадэміі, як і першы раз, адмовіла, не палічыўшы нават патрэбным склікаць Навуковую Раду.

У выніку кіраўніцтва "Бацькаўшчыны" дамаглося ўсталявання дошкі..., але толькі ў вестыбюлі будынка. У сучасным стане беларускага грамадства гэта найбольшае, што можна было дамагчыся. 6 ліпеня а 14 гадзіне ў вестыбюлі будынка былога Інбелкульта (вул. Рэвалюцыйная, 15), адбудзецца ўрачыстае адкрыццё гэтай славутай мемарыяльнай дошкі. Запрошаны прадстаўнікі многіх грамадскіх аб'яднанняў і карэспандэнты. Адкрыццё дошкі ладзіцца ў межах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 10-годдзю Першага з'езду беларусаў свету.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Непрадказальныя павароты гісторыі

Гісторыя час ад часу дае крутыя павароты. На такім крутым павароце прайшоў у 1993 годзе і Першы з'езд беларусаў свету. Падзея гэтая была апафеозам яднання Бацькаўшчыны з дыяспарай. Браталіся з двух бакоў усе: міністры, урадаўцы, вайскоўцы, проста грамадзяне, сваякі і чужыя. Абдымкі, поціскі рук, цёплыя словы, слёзы радасці. Суцэльная эйфарыя!

А два гады пазней раптам у Беларусі - яшчэ адзін круты паварот. Гэтым разам у адваротны бок. Якая роспач! Які боль у сэрцы! Колькі бяссонніцы ў людзей!.. Але рэха першага вялікага яднання засталося незаглушаным. Паглыбілася пры гэтым азнаёмленасць з гісторыяй, з ейнай непрадказальнай натурай.

Першы з'езд беларусаў свету - пахвала ягоным празорлівым арганізатарам - заклаў аснову для далейшага трымання сувязі Бацькаўшчыны з раскіданымі па свеце суродзічамі. ЗБС "Бацькаўшчына" сталася ядром, вакол якога гуртуюцца беларускія суполкі і паасобныя суродзічы з цэлага свету. Цяпер пералік краінаў, дзе жывуць беларусы, значна даўжэйшы, чым першымі паваеннымі дзесяцігоддзямі. Да ранейшага спісу краёў пасялення суродзічаў дадаліся новыя, такія як Мексіка, Грэцыя, Галандыя, скандынаўскія ды іншыя краіны. Паток адплыву талентаў і працоўных рук з Беларусі тымчасам не спыняецца, а баржджэй наадварот. Значыць, Згуртаванню беларусаў свету "Бацькаўшчына" ёсць над чым працаваць, ёсць з кім пашыраць лучнасць, каго трымаць у надзеі на яшчэ адзін круты паварот. Над ім і працуйма! Бо мы ўжо ведаем, што крутыя павароты бываюць непрадказальныя і раптоўныя.

Адносна 4-га з'езду (прыпадае на 2005 год). З'езд будзе адбывацца роўна 100 год пасля скасавання царскім урадам у 1905 годзе забароны беларускага друкаванага слова. Зняцце забароны не толькі дало пачатак беларускаму легальнаму друку, але прыспешыла фармаванне і пашырэнне адраджэнскае думкі і дзяржаўніцкае ідэалогіі. За прамінулае стагоддзе (1905-2005) адбыліся карэнныя змены ў самасвядомасці беларусаў. Купалаўскі заклік "людзьмі звацца" перарос у імкненне "дяржаўнай нацыяй стацца".

Янка Запруднік, ЗША

У тыя ліпеньскія дні

Чакаць такую важную падзею як Першы з'езд беларусаў свету я пачала яшчэ напачатку траўня, калі з Канады патэлефанавала сп. Раіса Жук-Грышкевіч: "Рагнеда, я еду ў Беларусь, будзе З'езд". І вось мы з Сяргеем Мургам (яму і Валянціне Трыгубовіч Управа БНФ даручыла апекавацца сп. Раісай) у Менскім аэрапорце. Сп. Мурог найперш павёз нас у Курапаты. Моўчкі падышлі мы да Крыжа Пакутнікам Беларусі. І тут сп. Раіса плачучы абняла родную зямлю, з якой яна 50 год была ў разлуцы. Прачыталі Малітву за памерлых. Мае сямейнікі сустрэлі дарагіх гасцей хлебам і соллю.

8-га ліпеня ў Беларускім тэатры оперы і балету пачаўся З'езд. Задоўга да яго пачатку было шматлюдна і ў скверы каля помніка Максіму Багдановічу, і на прыступках тэатра. Паўсюль радасныя воклічы, поціскі рук, абдымкі. Было і так, што сустракаліся людзі, якія не бачыліся дзесяткі гадоў. А ў вестыбюлі панавала дзелавая атмасфера: ішла рэгістрацыя дэлегатаў. Віталі ўсіх і праводзілі ў залу жанчыны ў прыгожых нацыянальных строях.

З'езд адкрыў прэзідэнт "Бацькаўшчыны" Васіль Быкаў. Ён гаварыў: "Мы змагаемся за нацыянальную і дэмакратычную Беларусь, але тое змаганне далёка не закончана... Нацыя раз'яднаная, разбэрсаная, раскіданая ва ўсіх сэнсах, а не толькі ў геапалітычным. Патрэбна аб'яднанне, калі мы толькі хочам вылезці з ямы-прорвы, у якой мы апынуліся напрыканцы ХХ стагоддзя". Пра неабходнасць яднання гаварылі Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, старшыня ТБМ Ніл Гілевіч, рэдактар газеты "Беларус" Янка Запруднік з Нью-Ёрка, віцэ-прэзідэнт АН Беларусі Радзім Гарэцкі і многія іншыя выступоўцы. Ад імя Урада Беларусі прамаўляў Міхаіл Дзямчук.

На другі дзень З'езду былі праведзены "круглыя сталы" па праблемах беларускай дзяржаўнасці, культуры, эканомікі. Круглы стол па праблемах культуры вялі прафесар Уладзімір Конан (Мінск) і Вітаўт Кіпель (ЗША). Сп. Кіпель адзначыў неабходнасць унесці ў скарбніцу беларускай культуры ўсё, што створана беларусамі на эміграцыі, набытак гэты бясцэнны.

Рэктар Інстытута культуры Ядзвіга Грыгаровіч выказала спадзяванне на плённасць навуковых кантактаў ВНУ Беларусі з замежнымі. Выступоўцаў было шмат, і тэмы - самыя розныя: ахова помнікаў, народныя тэатры, кнігавыданне, пераклады, выхаванне дзяцей... Я сказала колькі слоў пра самае трывожнае для мяне - беларусізацыю школы. Падзякавала навукоўцам-гісторыкам за новыя падручнікі гісторыі Беларусі, прасякнутыя беларускай нацыянальнай ідэяй; скрытыкавала Міністэрства адукацыі за тое, што яшчэ па многіх прадметах гуманітарнага цыклу праводзіцца навучанне па старых, савецкіх падручніках, прывяла прыклады бюракратычнага падыходу да беларусізацыі школы.

Для ўдзельнікаў З'езду было праведзена шмат цікавых імпрэзаў, сустрэч, падарожжаў. Мне ж успамінаецца святочная імша ва ўніяцкай царкве св. Язэпа. Правіў набажэнства святой памяці айцец Ян Матусевіч. Малілася ўся нашая менская парафія і разам з намі - Раіса Жук-Грышкевіч з Канады, Кацярына Вініцкая і Томас Бэрд з ЗША, Гай Пікарда з Лондана, колькі гасцей з Чыкага. Маліліся за Беларусь. Калі на заканчэнне службы ўсе натхнённа спявалі песню-малітву "Магутны Божа", у сп. Томаса па твары цяклі слёзы. Няўжо ён прадчуваў, якія выпрабаванні чакаюць Беларусь?

Рагнеда Аляхновіч, Мінск

З'езд Беларусаў Свету

З'езд Беларусаў Свету ў 1993 годзе, які арганізавала і правяла "Бацькаўшчына", быў, на мой погляд, самай значнай падзеяй у новай гісторыі Беларусі пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе. Упершыню нацыянальна свядомыя беларусы з усіх кантынентаў прыехалі ў Менск, каб сустрэцца з суайчыннікамі і выступіць у перапоўненай вялікай залі опернага тэатра, засведчыць, што яны жывуць, памятаюць і любяць сваю Беларусь, хаця, на жаль, жыццёвы лёс параскідаў іх па розных краінах свету.

Выступленні прэзідэнта ЗБС Васіля Быкава, а таксама відных палітычных дзеячаў Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка і інш. зрабілі вялікае ўражанне на ўсіх прысутных. Незабыўныя, кранаючыя да глыбыні душы былі выступленні на чысцейшай беларускай мове дэлегатаў з Амерыкі, Канады, Аўстраліі і еўрапейскіх краін. Усё гэта мне нагадала сусветны з'езд свабодалюбівых літоўцаў, якія ў свой час адважна і мэтанакіравана змагаліся за незалежнасць сваёй дзяржавы.

Ад беларусаў Літвы ў З'ездзе ўдзельнічала звыш 20-ці чалавек. Я меў гонар сядзець у прэзідыуме побач з Максімам Танкам. Дзякуючы намаганням "Бацькаўшчыны" З'езд прайшоў на высокім патрыятычным і культурным узроўні. Дэлегаты верылі, што Беларусь, як заснавальнік ААН, раней іншых рэспублік былога СССР, пойдзе па шляху дэмакратычнага развіцця: адродзіцца беларуская мова і школа, нацыянальная культура, стануць свабоднымі СМІ.

На жаль, сталася па-іншаму - яшчэ больш звузілася карыстанне беларускай мовай, зліквідавана гістарычная сімволіка, парушаюцца правы чалавека, а сама Беларусь ізалявана ад цывілізаваных краін свету. Дайшло да того, што беларускія школьнікі на міжнародных конкурсах расейскай мовы заваёўваюць прызавыя месцы, а на беларускай - не могуць звязаць двух слоў.

Усё ж ёсць надзея і вера на лепшую будучыню для Беларусі.

Хведар Нюнька, Літва

Роздум

10 год таму адбыўся Першы з'езд беларусаў свету, якi наладзiла ЗБС "Бацькаўшчына" разам з урадавымi структурамi Беларусi. З замежжа тады прыехалi сотнi суайчыннiкаў. Многiя з iх трапiлi на Бацькаўшчыну пасля дзесяткаў гадоў i са слязамi на вачах углядалiся ў родныя мясцiны. Некаторыя падалi на каленi i цалавалi родную землю. Аб'яўленая незалежнай краiна з адкрытым сэрцам спаткала суайчыннiкаў.

Упершыню сабралiся разам прадстаўнiкi беларусаў усяго свету, каб кансалiдаваць нацыю і абмеркаваць шляхi да сапраўднай незалежнасцi. Тады мы з надзеяй глядзелi ў будучыню, i нам здавалася, што гэты з'езд - толькi пачатак магутнага адраджэння. У Оперным тэатры луналі старадаўнiя бел-чырвона-белыя сцягi, высіўся вершнiк "Пагонi". Гэтыя святыя сiмвалы былi прыняты парламентам незалежнай Беларусi, прычым у залу парламента сцяг урачыста ўнеслi дэпутаты. А ўжо праз 4 гады Iван Цiцянкоў, кiраўнiк Упраўлення справамi А.Лукашэнкi, iрваў на кавалкi наш сцяг, а за тыя сiмвалы стала магчымым атрымаць штраф цi трапiць у турму.

I ўсё ж памяць вяртае ў той гiстарычны дзень. Прагучаў сапраўды нацыянальны гiмн "Пагоня", якi выканаў Дзяржаўны народны хор. З'езд адкрыў Васiль Быкаў - першы прэзiдэнт ЗБС "Бацькаўшчына". Не думаў тады Васiль Уладзiмiравiч, што хутка вымушаны будзе пакiнуць Беларусь. Стоячы, дэлегаты з'езда сустрэлi выхад на трыбуну Зянона Пазьняка, якi пазней разам з iншымi дэпутатамi быў збiты ў зале Вярхоўнага Савета, а затым i зусiм змушаны пакiнуць Бацькаўшчыну. Некаторыя вядомыя палiтычныя дзеячы наогул знiклi.

Вялiкi тэатр поўнiўся роднай беларускай мовай, якая тады была адзiнай дзяржаўнай i асаблiва шырока пачала распаўсюджвацца пасля прыняцця "Закона аб мовах". Замежныя беларусы дадалi колькасць беларускамоўных грамадзян, i таму нават на вулiцах Мiнска можна было адчуць прыгажосць роднай мовы. Кiраўнiк дзяржавы С.Шушкевiч i многiя члены ўрада i парламента (нам.старшынi Савета мiнiстраў М.Дзямчук, мiнiстры П. Краўчанка, А.Бутэвiч, Я.Вайтовiч, В.Гайсёнак, нам.мiнiстра У.Гiлеп, I.Карэнда i iнш.) выступалi па-беларуску. Але пасля сумна вядомага рэферэндуму роднае слова зусiм знiкла з афiцыйнага ўжытку.

На пачатку 90-х гадоў пашыралiся дэмакратычныя i беларускамоўныя СМI, навучальныя ўстановы. Па тэлебачаннi i радыё можна было ўбачыць i пачуць прадстаўнiкоў розных думак - i ўладных, i апазiцыйных - iх спрэчкi памiж сабой. Адкрыўся i выдатны Гуманiтарны лiцэй iмя Я.Коласа пад кiраўнiцтвам У.Коласа. Цяпер ён пад пагрозай знiшчэння. Беларускамоўныя садкi, можна сказаць, знiклi зусiм, школы можна пералiчыць па пальцах, а ВНУ так i не паспелi стаць беларускамоўнымi. Закрываюцца многiя газеты, здымаюцца непажаданыя рэдактары часопiсаў i газет i змяняюцца на больш паслухмяных; бiблiятэкам забаронена выпiсваць недзяржаўныя газеты i г.д.

На пачатку 90-х гадоў грамадскасць Беларусi з надзеяй i аптымiзмам глядзела на будучыню краiны, якая адрывалася ад таталітарызму і паступова крочыла ў цывiлiзаваны свет. Здавалася, што Беларусь цвёрда стала на гэты шлях i ў хуткiм часе стане па-сапраўднаму краiнай еўрапейскага ўзроўню. Але кiраўнiцтва краiны прывяло да магчымасцi згубы суверэнiтэту i паставiла Беларусь у iзаляваны стан.

Першы з'езд беларусаў свету паказаў, што беларусы могуць аб'яднацца для пабудовы новай незалежнай дэмакратычнай i багатай краiны, але азначаныя падзеi i з'явы пакуль не даюць магчымасцi здзейснiць гэтую галоўную нацыянальную iдэю адраджэння.

Радзiм Гарэцкi, акадэмік,
экс-прэзiдэнт МГА "Згуртаванне
беларусаў свету "Бацькаўшчына"

На 10-я ўгодкі Першага з'езду беларусаў свету

zaslaue.jpgАрганізатарам З'езду было Згуртаванне Беларусаў Свету "Бацькаўшчына". I калі гэта было Згуртаванне Беларусаў Свету, дык зразумела, што беларускія арганізацыі свету павінны быць яе сябрамі. I гэтак Згуртаванне Беларусаў Канады (ЗБК) сталася сябрам ЗБС "Бацькаўшчына". Калі вясной 1993 г. мы ў Канадзе даведаліся, што "Бацькаўшчына" арганізуе ў ліпені Першы з'езд беларусаў свету, Згутраванне Беларусаў Канады пад старшынствам Міколы Ганька стала рыхтавацца да паездкі ў Беларусь.

Прыехалі мы ў Менск групай з Таронта 21 чэрвеня. На першым праверачным пункце ў Беларусі сустрэў нас урадавец расейскай мовай. Адказвалі мы яму па-беларуску. Малады ўрадавец таксама стаў з намі гаварыць пабеларуску. Сярод масы мытных бланкаў ёсць па-нямецку, па-ангельску, па-польску, па-расейску - шукаем беларускіх.... У сувэрэннай Беларусі апытальнікаў на беларускай мове не знайшлося! З пачуццём абурэння і горычы бярэм ангельскія друкі і запаўняем іх... Але на змену абурэнню прыйшла хваля радасці, спрычыненая сардэчным беларускім прывітаннем групы сяброў БНФ і святароў Беларускае Грэка-каталіцкае царквы, якія абдорвалі нас букетамі васількоў, рамонкаў і ружаў, ды развезлі кожнага з нас. Па дарозе сп. Сяргей Мурог завёз нас у Курапаты, дзе перад Крыжам Пакутнікаў злажылі мы кветкі і памаліліся.

5 ліпеня, зарэгістраваліся мы на Першы з'езд беларусаў свету і атрымалі накіраванне ў гатэль Беларусь. Наш пакой быў з вялікім вакном, з якога кожнай раніцы вітала нас прыветлівае беларускае сонейка і бел-чырвона-белы сцяг, што ўзвіваўся над нейкім далёкім будынкам. На душы было радасна.

I вось мы ў вялікай залі сходу. Нас, Міколу Ганька, старшыню ЗБК і мяне стршыню Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады (ККБК) запрасілі ў прэзідыюм. Вялізная зала напоўнілася людзьмі. Адкрыццё З'езду, маса прывітанняў з розных канцоў свету. Выступіў Зянон Пазьняк, усе падняліся з месцаў і бурнымі авацыямі дэкларавалі сваю падтрымку ў змаганні за волю Беларусі. У іншым часе парфесар Радзім Гарэцкі пачуццёва, узняўшы уверх рукі казаў: "За столькі год нарэшце дачакаўся таго, каб у гэтай, напоўненай залі загучала толькі беларуская мова!". Ад Беларускае грэка-каталіцкае царквы вітаў прысутных айцец Ян Матусевіч.

З'езд прадаўжаўся некалькі дзён. Усе, хто жадаў выказвалі думкі. У час перапынкаў была нагода агледзець наладжаную выставу кніг і сувеніраў. Быў час наведаць цікавыя часткі Менску, пайсці ў нядзелю на багаслужбу. Тады Беларуская грэка-каталіцкая царква была перапоўнена вернікамі з розных краінаў. Быў час адведаць музей Максіма Багдановіча. Былі мы ўдзельнікамі важнае і урачыстае падзеі адкрыцця мемарыяльнае табліцы ў гонар Максіма Гарэцкага. Пасля гэтае ўрачыстасці праф. Адам Мальдзіс запрасіў усіх да Нацыянальнага цэнтру імя Ф.Скарыны. Увечары таго ж дня адведалі мы і гасподу Беларускага Народнага Фронту на Варвашэні. Здавалася, што дзе б ні павярнуўся, - скрозь у Менску маладыя разумныя беларускія патрыёры. Гэта пад подыхам волі і блаславенства Еўфрасінні Полацкай закрасавала Беларушчына.

Раіса Жук-Грышкевіч, Канада

Мюнхен, Германія

18-20 ліпеня адбудзецца чарговая сустрэча "Задзіночання Бeларускай Моладзі Замежжа" (ЗБМЗ). Сустрэча адбудзецца ў сталіцы Баварыі Мюнхене. На сустрэчу збяруцца студэнты, дактаранты і проста моладзь, якая волей лёсу зараз знаходзіцца ў Заходняй Еўропе. Сустрэча ў ліпені будзе магчымасцю добра правесці час і завязаць кантакты сярод беларускай моладзі Заходняй Еўропы. Чакаецца, што сустрэчу наведаюць прадстаўнікі беларускай моладзі з шэрагу еўрапейскіх краінаў - Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Вялікай Брытаніі, Фінляндыі ды іншых. Інфармацыю пра сустрэчу можна знайсці на старонцы http://belarusy.com/munchen.

Яраслаў Крывы

Вільня, Літва

У Таварыстве беларускай культуры ў Літве (ТБК) адбылася сустрэча з акадэмікам Радзімам Гарэцкім, унучкай Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыяй Міцкевіч. У ТБК ужо ладзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя 110-годдзю Максіма Гарэцкага і 120-годдзю Якуба Коласа. Прагучалі змястоўныя даклады, зробленыя сябрамі Рады Леакадзіяй Мілаш і Паўлам Саўчанкам. Гэтым разам пра Коласа і Гарэцкага казалі таксама іхнія нашчадкі. Яны дапоўнілі нашыя веды і прывезлі шмат літаратуры ў бібліятэку ТБК. Марыя Міцкевіч распавяла пра дзіцячага пісьменніка Янку Маўра, якому споўнілася б у траўні 120 гадоў.

У выдавецтве ТБК выйшла чарговая кніга Веры Хамянок "Казкі - жыццёвыя развязкі". У гэты дзень адбылася і прэзентацыя. Ілюстраваў кнігу вядомы беларускі мастак Вільні Алег Аблажэй. Напрыканцы прысутныя паклалі кветкі на месцы пакарання Кастуся Каліноўскага, а таксама вандравалі па беларускіх мясцінах Вільні.

Леакадзія Мілаш

Эстонія

Сябры Беларуска-Эстонскага Згуртавання (БЭЗ) плануюць прыехаць у Беларусь і адзначыць Купалле ў Паставах. У мінулым годзе сябры БЭЗу прыязджалі ў Паставы дзеля ўдзелу ў фестывалі народнай музыкі. Пасля Паставаў БЭЗаўцы наведаюць Брэст і Мінск. У чэрвені да беларускай суполкі "Сябры" ў г. Нарва прыедзе з канцэртам фальклорны ансамбль "Радзімічы", які з 28 чэрвеня будзе прымаць у сябе БЭЗ.

Зінаіда Клыга

Даўгаўпілс, Латвія

У межах Дня беларускай культуры ў Даўгаўпілскім універсітэце адбылася навуковая канферэнцыя "Беларусы Латгаліі: гісторыя і сучаснасць", выступленне народнага ансамбля беларускай песні з Мінска "Церніца". Таксама адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны святкаванню 10-годдзя беларускага культурна-асветніцкага таварыства ў Даўгаўпілсе "Уздым". Громам апладысментаў суправаджаліся тэатралізаваны паказ фальклорнага ансамбля "Купалінка" беларускай суполкі "Уздым", выступленні фальклорных калектываў нацыянальных аб'яднанняў Латвіі і Літвы.

"Культура". 2003. 14-20 чэр.

Рыга, Латвія

17 мая ў Рызе адбылася Устаноўчая канферэнцыя "Саюзу грамадскіх аб'яднанняў беларусаў Латвіі". Арганізацыі, запрошаныя да ўдзелу ў Саюзе, падтрымліваюць існуючую ў Беларусі ўладу. Вялікую дапамогу аказала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі. Адна з мэтаў новага Саюзу - усталяванне гандлёвага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй. Старшынёй абрана В.Піскунова.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Сеул, Карэя

Мэр Сеула, сталіцы Рэспублікі Карэя, уручыў нашаму суайчынніку Аляксандру Акімаву дыплом ганаровага грамадзяніна Сеула. А.Акімаў - першы прадстаўнік нашай краіны, які ўдастоены гэтага звання. Ён - прафесійны музыкант, жыве ў Сеуле ўжо каля 11 гадоў і працуе ў аркестры тэлерадыёкампаніі КВS. А.Акімаў з'яўляецца членам і кіраўніком шэрагу ансамбляў духавых інструментаў, вядзе актыўную выкладчыцкую дзейнасць. За ўклад у культурнае і эканамічнае развіццё, міжнародныя сувязі сталіцы Рэспублікі Карэя сёлета дыпломы ганаровага грамадзяніна Сеула атрымалі 7 іншаземцаў. Сярод іх грамадзяне Аўстраліі, Бразіліі, Іспаніі, Канады, Кітая, ЗША.

"Культура". 2003. 7-13 чэр.

Антверпен, Бельгія

belgia.jpg1 чэрвеня ў жыццi беларускай дыяспары ў Бельгіі i ў духоўным жыццi беларусаў Еўропы адбылася значная падзея. У старажытным горадзе Антверпене ўрачыста адкрылася Беларуская Уніяцкая Царкоўная Місія Уваскрасення Хрыстовага. Узначаліў прыход святар Ян Майсейчык. На працягу апошніх 3-4 гадоў у Каралеўстве знайшлі прытулак тысячы нашых суайчыннікаў. Многія, апынуўшыся ў замежжы, сутыкаюцца, акрамя эканамічных проблем, з псіхалагічным дыскамфортам. Падрастаючыя дзеці страчваюць духоўную повязь з Радзімай. Таму Беларускім цэнтрам у Бельгіі было ініцыявана стварэння Беларускай царквы, якая заклікана дапамагаць і стаць апорай для ўсіх беларускіх уцекачоў. Неацэнную падтрымку аказаў Апостальскі візітатар для беларусаў Заходняй Еўропы а. Аляксандр Надсан. Ён неаднаразова наведваў Беларускі цэнтр у Бельгіі, сустракаўся з вышэйшымі іерархамі Бельгіі і Ватыкана. Актыўны ўдзел у стварэнні прыходу ўзяў прадстаўнік Рады БНР Янка Жучка і іншыя прадстаўнікі старой хвалі беларускай эмірацыі (сп Арэшка, Смарчок-Шэлястоўская). Асобную падзяку выказваюць Ірыне Дубянецкай. Доўгі час у Заходняй Еўропе, акрамя Англіі, не існавала беларускіх прыходаў. Стваральнікі бельгійскага прыходу спадзяюцца, што здолеюць з'яднаць беларусаў, захаваць культуру, мову і традыцыі, а таксама стануць прыкладам для беларусаў іншых краін.

Стваральнікі прыходу не разлічваюць на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Беларускага пасольства ў Бельгіі, абвінавачваючы цяперашнюю беларускую ўладу ў тым, што яна змусіла тысячы людзей стаць уцекачамі. Але ў будучым, пасля перамогі дэмакратыі, спадзяюцца, што іх прыход будуць наведваць супрацоўнікі дыпламатычнай місіі.

Ігар Лазарчук, Галіна Мацюшына

Беласток, Польшча

Бюлетэнь "Эмігрант", выданне беларускай палітычнай эміграцыі ў Польшчы, пасля выхаду 6 нумароў змяніў сваю назву на "Годнасьць". Змене назвы папярэднічала змена тэматыкі - матэрыялы бюлетэня цяпер скіраваныя да жыхароў Беларусі, а не да беларускіх палітычных эмігрантаў у Польшчы, як гэта было раней. Гэтымі днямі з'явіўся першы нумар выдання пад новай назвай. Ясь Абадоўскі - старшыня грамадскага аб'яднання "Звяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы", а менавіта гэтая арганізыцыя выдавала бюлетэнь "Эмігрант", паведаміў, што новы бюлетэнь "Годнасьць", як і ягоны папярэднік, будзе выходзіць раз на месяц у Беластоку. Выданне і надалей рыхтуюць сябры Звязу, аднак разам з назвай змяніўся і ягоны змест. Паводле словаў сп. Абадоўскага, у хуткім часе бюлетэнь можна будзе ўбачыць не толькі ў Беластоку, але і ў Беларусі. Пазнаёміцца са зместам бюлетэню "Годнасьць" можна на інтэрнэт-старонцы Звязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы www.emigrant.bialorus.pl.

Радыё "Свабода". 2003. 11 чэрвеня

Іркуцк , Расія

Скончыўся Тыдзень беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці, які праходзіў з 26 да 31 мая 2003 года. У апошні дзень адбыўся заключны гала-канцэрт "Гучы гоман беларускi". Глядацкая зала была поўная. Многія прыйшлі са сваімі сем'ямі. Большасць гледачоў былі моладзевага ўзросту. Уся далейшая частка была насычана беларускімі танцамі і песнямі розных стыляў: і опернага характара, і народнага, і больш архаічнага фальклора.

Кіраўніцтва ІТБК выказвае падзяку ўсім калектывам і артыстам: фальклорны ансамбль "Ленушка", Народны хор беларускай песні "Варэнiчкi", фальклорны дзіцячы ансамбль "Рушнiчок" і інш. Усім калектывам і салістам былі ўручаны граматы ІТБК і падарункі.

Напярэдадні Тыдня беларускай культуры былі праведзены ў некаторых школах Іркуцка і вобласці класныя гадзіны, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці Беларусі і гісторыі беларусаў у Прыбайкаллі. У Музеі Іркуцка прайшлі бясплатныя экскурсіі для дзяцей і дарослых з аддаленых беларускіх вёсак. Ім паказалі і распавялі пра выставу "Беларусы ў Сібіры", якая была падрыхтавана актывістамі ІТБК і супрацоўнікамі Музея. Выстава дзейнічае з кастрычніка 2002 года і працягне работу да кастрычніка 2003 года.

Купалле ў гэтым годзе іркуцкія беларусы будуць ладзіць аж у трох месцах: у Чарамхова, у Тургенеўцы i ў Iркуцку.

Алег Рудакоў

Навасібірск, Расія

У Навасібірску адбылося маштабнае святкаванне Дзён беларускай культуры. З 6 да 10 чэрвеня ў вялізных урачыстасцях узялі ўдзел тысячы чалавек. Арганізавалі свята навасібірская мэрыя і "Беларускі культурна-асветны цэнтр у імя святой Еўфрасінні Полацкай". Ва ўрачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі многіх расійскіх і беларускіх гарадоў, у тым ліку Кемерава, Омска, Томска, Іркуцка, Цюмені, Брэста, Мінска, Санкт-Пецярбурга. На свята прыехалі беларусы з Балотнінскага, Машкоўскага, Красназерскага і іншых раёнаў Новасібірскай вобласці. Прыехала асобная дэлегацыя з вёскі Колбаса, якая знаходзіцца ў Кыштоўскім раёне, - месца кампактнага пражывання беларусаў.

Урачыстасці пачаліся ў Царкве Святой Еўфрасінні Полацкай. Тут жа праз два дні адбыўся гала-канцэрт мастацкіх калектываў і святочнае гулянне. На закрыцці святочных дзён выступілі зоркі расійскай і беларускай культуры.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Казань, Расія

У 1975 годзе ў вёсцы Печышчы Верхняўслонскага раёна Татарскай АССР быў адкрыты музей Янкі Купалы, а ў красавіку 2002 года пры Доме дружбы народаў створана Таварыства беларусаў, якія пражываюць у Казані. Ініцыятыва стварэння таварыства належала Нацыянальнаму музею Рэспублікі Татарстан і музею Янкі Купалы ў Печышчах.

У Доме дружбы Казані прайшла выстава, прысвечаная памяці беларускага паэта Янкі Купалы. З горадам Казань звязана знаходжанне беларускага паэта ў эвакуацыі. Матэрыялы выставы знаёмяць з жыццём, станаўленнем асобы, творчасцю Янкі Купалы. Асобны раздзел прысвечаны тэме "Янка Купала і тэатр". Падрабязна прадстаўлены печышчынскі перыяд жыцця.

"Голас Радзімы". 2003. 5 чэр.

Страсбург, Францыя

Пяцікурсніцы кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта выставілі свае работы ў будынку Рады Еўропы ў Страсбургу. Вольга Агібава, Людміла Берднік, Ганна Мезаўцава, Ліда Мельнікава і Алена Фаміна атрымалі запрашэнне выставіцца ў гэткім прэстыжным месцы ад сакратара Ліберальнай групы Рады Еўропы Петэра Каленбергера. Летась ён быў у Магілёве, дзе наведаў выставу маладых беларускіх мастакоў. Творы віцебскіх студэнтак гэтак уразілі спадара Каленбергера, што ён запрасіў беларускіх дызайнераў выставіць свае работы ў Страсбургу. "Дэбют" - так назвалі выставу мастачкі - атрымаўся вельмі ўдалы: дзяўчаты атрымалі шэраг запрашэнняў на правядзенне новых выстаў у Еўропе.

"Культура". 2003. 7-13 чэр.

Цюмень, Расія

tiumen.jpg1 чэрвеня ў Цюмені адбыўся Абласны дзіцячы фестываль нацыянальных культур. Свае дзіцячыя калектывы прадставіла і беларуская дыяспара, ды так удала, што беларускія дзеткі занялі, бадай, усе прызавыя месцы і атрымалі многія прызы. Дзіцячы фальклорны калектыў "Рушнічок" з вёскі Вікулава (мастацкі кіраўнік Міхеенка) заняў І месца і атрымаў каштоўныя падарункі. Беларуска Юля Асятрова заняла ІІ месца, выканаўшы беларускую песню "Ходзікі". Каштоўныя прызы на фестывалі атрымаў унікальны фальклорны ансамбль "Саловушкі" з вескі Ермакі, які акрамя выканання беларускіх песняў аднавіў на сцэне старадаўні абрад "Гуканне Вясны". Ансамбль складаецца з праўнукаў тых беларусаў-самаходаў, якія ў ХІХ стагоддзі пешшу дайшлі з Магілёўскай губерні да Табольскай у пошуках лепшай долі. Іхнія нашчадкі ніколі не былі на зямлі прашчураў, у Беларусі, але паважаюць сваю спадчыну і з задавальненнем спяваюць старадаўнія беларускія песні.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by