МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№1(№26)
студзень
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Юбілеі

75 гадоў гісторыку і грамадскаму дзеячу Анатолю Грыцкевічу

Анатоль Грыцкевіч і Васіль Быкаў 31 студзеня спаўняецца 75 гадоў гісторыку і грамадскаму дзеячу Анатолю Грыцкевічу.

Анатоль Грыцкевіч... Вучоны, палітык, грамадскі і культурны дзеяч, педагог, літаратар. Ён з тых, хто пераняў гістарычную эстафету, хто будаваў і будуе сучасны Беларускі Дом.

Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся ў Мінску, але радавод свой вядзе са Случчыны, дзе на працягу ажно некалькіх стагоддзяў жылі яго продкі. Скончыў медыцынскі інстытут і інстытут замежных моў (завочна, з "чырвоным" дыпломам"), гістарычны факультэт БДУ (завочна). Працаваў лекарам ва Урачэбна-санітарнай службе Беларускай чыгункі. Скразной тэмай кандыдыцкай і доктарскай дысертацый стала сацыяльна-экамічнае развіццё прыватна-ўладальніцкіх гарадоў Беларусі ў 16-17 стст. Старэйшы навуковы супрацоўнік у Інстытуце гісторыі Беларусі і музеязнаўства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Пэўны час быў дырэктарам навукова-даследчага Інстытута Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Мінск).

Анатоль Грыцкевіч - шматгранны навуковец. Ён вядомы працамі па гісторыі Беларусі феадальнага перыяду. Жыццё сярэднявечнага беларускага горада сёння для нас адкрытая кніга, дзякуючы шмат у чым менавіта яму. Многае ў творчых пошуках вучонага зроблена ўпершыню, многае актуальна і сугучна нашаму часу. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1791 г., самакіраванне (амаль знішчанае ў сённяшняй Рэспубліцы Беларусь) старажытнага горада, гісторыя беларускіх татараў (пасля працяглага перапынку недзе ў 50 гадоў згадак пра іх у навуковай літаратуры), беларускае паходжанне Івана Фёдарава і роля выхадцаў з Беларусі ў грамадска-палітычным жыцці Маскоўскай дзяржавы ў ХV - ХVI стст., генеалогія беларускіх і літоўскіх шляхецкіх родаў, уключна з уласным радаводам, які ён прасачыў з ХVI ст., гераічны Слуцкі збройны чын 1920 г., паход генерала С.Булак-Балаховіча на Палессі - гэта толькі маленькая частка даследаваных Анатолем Грыцкевічам сюжэтаў.

Разам з Валянцінам Грыцкевічам і Адамам Мальдзісам у 1988 г. ён апублікаваў у маскоўскім часопісе "Советское славяноведение" артыкул "Няўжо забароненая зона?", у якім абвяргаліся міфы савецкіх гісторыкаў і выкрываўся прамаскоўскі прынцып разгляду гісторыі Беларусі гэтага перыяду. (У беларускіх часопісах надрукаваць такое было немагчыма.)

Рэч Паспалітая - агульная дзяржава дзвюх раўнапраўных дзяржаўных утварэнняў Вялікага княства Літоўскага і Кароннай Польшчы, ВКЛ - Беларуска-Літоўскае гаспадарства (дзяржава). Гэтую канцэпцыю Анатоль Грыцкевіч адстойвае праз усё жыццё. Засноўваючыся на крыніцах і скурпулёзных падліках ён давёў, што беларускія магнаты займалі ў ВКЛ калі не дамінуючае, то вельмі важнае месца.

Усяго ў яго творчым багажы звыш 1100 навуковых публікацый, у тым ліку энцыклапедычных.

Грыцкевіч вучоны неадрыўны ад Грыцкевіча грамадскага дзеяча. Сумленне чалавека-патрыёта, разуменне гістарычнай праўды і адказнасці моманту не дазволілі Анатолю Грыцкевічу застацца ў баку ад нацыянальна-дэмакратычных працэсаў, якія ўскалыхнулі Беларусь падчас чарговай хвалі нацыянальнага Адраджэння. Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, старшыня Згуртавання беларускай шляхты, Сустаршыня Усебеларускага з'езда за незалежнасць (2000 г.) ва ўрачыстых абставінах падпісаў Акт аб незалежнасці Беларусі, прыняты з'ездам, сябра аргкамітэта па стварэнні Беларускага Народнага Фронта "Адраджэне" і шматгадовы сябра сойма БНФ - гэта ўсё ён.

Абраны ў 2001 годзе прэзідэнтам Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" сёння Анатоль Грыцкевіч усе свае сілы , не шкадуючы, аддае новым грамадскім абавязкам. Пад яго кіраўніцтвам Згуртаванне годна працягвае традыцыі, закладзеныя Васілём Быкавым і Радзімам Гарэцкім, з'яўляецца прызнаным каардынацыйным цэнтрам па захаванні беларускай прысутнасці ў свеце. Сам Грыцкевіч мае міжнародны аўтарытэт і карыстаецца заслужаным даверам у беларускай дыяспары. Як выбітнога беларускага дзеяча яго ведаюць у дзяржаўных і навуковых колах Польшчы, Літвы, Украіны, Славеніі, Англіі, Нямеччыны, Венгрыі, Расіі і Італіі. Вядомы гісторык рэлігіі і цэркваў у Беларусі ён тройчы сустракаўся з папам рымскім Янам Паўлам II і размаўляў з ім у Ватыканскім палацы і Кастэль-Гандольфа. Нездарма вельмі ўдала прайшлі і арганізаваныя ў 2003 годзе МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" і пратэстанцкімі цэрквамі навуковыя канферэнцыі і шэраг іншых мерапрыемстваў, прысвечаных 450-годдзю Рэфармацыі на Беларусі.

Анатоль Грыцкевіч - выдатны педагог. Яго лекцыі ва ўніверсітэце культуры карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ўжо ў некалькіх пакаленняў студэнтаў. Ягонымі вучнямі з гонарам лічаць сябе дзясяткі і сотні "аступеняных" прафесійных гісторыкаў.

Анатоль Грыцкевіч і Папа Рымскі Яго талент і веды запатрабаваныя, ушанаваныя на ўсёй еўразійскай і сусветнай культурніцкай прасторы. Акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, дзейны сябра Маскоўскага гістарычна-радаводнага таварыства і Міжнарожнай асацыяцыі беларусістаў, сябра вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны, ганаровы сябра Таварыства беларускай культуры ў Літве. У 1998 годзе Міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны "чалавекам года".

Зрэшты, гэта не навуковая справаздача, а толькі добрая нагода сказаць добрыя словы пра саратніка і старэйшага сябра.

З юбілеем Вас, шаноўны Анатоль Грыцкевіч!

На здымках:
А.Грыцкевіч, А.Грыцкевіч з В.Быкавым, А.Грыцкевіч з Папам Рымскім

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Беларуская Беласточчына

Больш за дзесяць гадоў парламент Польшчы рыхтуе Закон аб нацыянальных меншасцях. Прадбачваецца ў ім магчымасць карыстання роднай мовай грамадзянамі няпольскай нацыянальнасці ў кантактах з лакальнымі ўладамі. Але пакуль гэты закон cтaнe фактам, невядома, ці будзе каму дэманстраваць сваю іншасць сярод палякаў. Мабыць, беларусаў, немцаў ці літоўцаў стане столькі, колькі цяпер татараў ці караімаў. Апошнія паказваюцца ўладамі як праява шматкультурнасці нейкай правінцыі і талерантнасці пражываючага там люду.

У Беластоку тым часам карыстанне беларускай мовай на вуліцы, у аўтобусе ці краме некаторымі лічыцца праявай адвагі, іншымі - шаленства, а яшчэ іншымі - правакацыі, якая можа выклікаць агрэсію з боку "найбольш талерантнай" нацыі. Некаторыя маюць нават праблему, каб набыць доўгачаканую "Ніву". Знаёмыя адкрыта заяўляюць, што баяцца рэакцыі крэсавых патрыётаў у некаторых газетных кіёсках, якія на лозунг "Ніва" пагардліва крычаць: "Nie ma", або маўчаць.

"Ніва". 4 студз. 2004

Беласток, Польшча

Дакументаваная вынікамі перапісу прысутнасць беларусаў на Беласточчыне (50 тысяч) выклікала чарговую хвалю змагання за "крэсы". Пакуль што гэта толькі акцыя, накіраваная супраць беларускай прэсы.

У 2003 годзе з прычыны недахопу сродкаў выйшла нашмат менш беларускіх кніжак, ладзілася менш сустрэч культурнага і навуковага характару, чым у папярэднія гады. Можна меркаваць, што для беларускага асяроддзя 2004 г. таксама не будзе лёгкім. Фінансавым крызісам у краіне стануць апраўдваць паменшаныя датацыі на культурную дзейнасць. Невялікую надзею стварае працэс еўрапеізацыі Польшчы, але апошнім часам ён моцна затармазіўся. Заўсёды, аднак, лёс нашай культуры і якасць нацыянальнага жыцця найбольш залежаць ад нас саміх.

"Ніва". 28 снеж. 2003

Беласток, Польшча

У Польшчы пачаўся працэс пазбаўлення ліцэнзіі адзінага ў гэтай краіне беларускамоўнага радыё "Рацыя", якое перадавала з Беластока ў тым ліку і на тэрыторыю Беларусі.

Радыё "Рацыя" не перадае ўжо больш за 18 месяцаў. Чатыры гады таму радыё было зарэгістраванае як некамерцыйная арганізацыя, значыць, не магло змяшчаць рэкламу і ўтрымлівалася з грошай ад фундацыяў ды іншых некамерцыйных арганізацыяў. Калі тыя спынілі фінансаванне, дык перастала працаваць і радыё. Дзяржаўная Рада ў справах тэлебачання і радыёвяшчання Польшчы накіравала да радыё "Рацыя" запыт, чаму тое маўчыць такі працяглы час. Прэсавая сакратарка Рады ў справах тэлебачання Дарота Яслоўска запэўнівае, што сам запыт яшчэ не сведчыць пра тое, што ліцэнзія будзе адабараная. Але так, хутчэй за ўсё, і здарыцца, бо вялікіх надзеяў на тое, што радыё адновіць сваю працу, няма.

Між тым калектыў радыё гатовы аднавіць працу ў любы момант, калі б толькі было фінансаванне, аднак шматлікія абяцанні дапамогі пакуль застаюцца толькі абяцаннямі.

Сярод беларусаў, якія жывуць у Польшчы, радыё "Рацыя" было вельмі папулярнае, перадачы можна было слухаць у FM-дыяпазоне. На Гайнаўшчыне "Рацыя" гучала практычна ў кожнай хаце. Людзі пастаянна туды телефанавалі, часта прыходзілі ў офіс, каб падзякаваць ці паскардзіцца. Радыё было гэткім заступнікам для беларусаў. Вядучыя часам значна падаўжалі час жывога эфіру, бо тэлефанаванняў было столькі, што не паспявалі на іх адказаць. Шмат хто казаў, што дзякуючы "Рацыі" "адчуў сябе чалавекам" і пачаў гаварыць па-беларуску. Так што найбольш страцілі менавіта слухачы.

Радыё "Свабода". 13 студз. 2004

Лафает, ЗША

Сужэнцы Крыс Гернат і Наталля Русак жывуць у гарадку Лафает у штаце Нью-Джэрсі ў маляўнічай гарыстай мясцовасці. Ната, дачка Васіля і Галіны Русакоў, разам з сястрой Людай змалку пераняла ад дзядоў і бацькоў родную мову ды перадалі яе сваім дзецям (у кожнай па трое). Наталлін муж, роджаны, як і яна, у Амерыцы ў сям'і славацкага паходжання, спрыяе англа-беларускаму двухмоўю. Падтрымліванне шматкультур'я ў сям'і - з'ява вельмі ўласцівая амерыканскай традыцыі. Шматкультур'е культывуецца і ў адукацыйнай сістэме. Гэтак, прыкладам, Націна сястра Люда, калі працавала настаўніцай, давала лекцыі беларускай мовы сваім вучням у пазаўрочны час. У школе, куды ходзяць трое Крысавых і Націных дзяцей, настаўнікі таксама выкарыстоўваюць розныя нагоды, каб азнаямляць навучэнцаў з іншымі культурамі.

Двое малодшых Гернатаў, Кіпрыян і Настасія, наведваюць другі клас, але займаюцца ў розных групах. Педагогі абедзвюх груп, калі надыходзяць калядныя святы, вучаць дзяцей спяваць хорам калядкі на мовах іншых народаў. Летась спявалі калядку па-італьянску. Сёлета ж Ната запрапанавала праспяваць калядку па-беларуску. Параіўшыся, выбралі шырока вядомую "Ціхая ноч", прыгожы пераклад якое зрабіла некалі Наталля Арсеннева. Ната зрабіла фанетычны транскрыпт тэксту. Другакласнікі, усіх каля 40, пачалі праводзіць спеўкі, практыкуючыся ў беларускім вымаўленні. Ната змабілізавала ўсе свае выканальніцкія здольнасці, каб памагчы харыстам з беларускай мовай. Гэтак маленькія калядоўшчыкі не толькі навучыліся спяваць на іншай мове, але даведаліся пры гэтым пра далёкую краіну Беларусь, адкуль перабраліся некалі ў Амерыку прадзеды і дзяды Кіпрыяна й Анастасіі.

Школьны канцэрт прайшоў удала. Калі меркаваць па відэазапісе, які зрабіла Наталля, беларускае вымаўленне школьнікі апанавалі даволі добра. Аўдыторыя, якая складалася з бацькоў дзяцей, была задаволеная выкананнем калядкі "Ціхая ноч" ды пашырэннем праз гэта ведаў геаграфіі ў іхніх дзяцей.

Янка Запруднік

Рыга, Латвія

2004 год у Латвійскім таварыстве "Сьвітанак", як заўсёды, пачаўся з каляднай вечарыны, якую 11 студзеня ўжо 15-ты раз з моманту свайго заснавання ладзілі сьвiтанкаўцы ў Вялiкай залi Асацыяцыi нацыянальна-культурных меншасцяў Латвii. На гэты раз зала не змагла змясціць усіх жадаючых. Тэатралiзаваныя "Каляды" з "гаспадаром" ды "гаспадыняю" ў "вясковай хаце" атрымалicя надзвычай яскравымi i каларытнымi. У якасцi "калядоўшчыкаў" выступiў вакальны гурт таварыства "Cьвiтанак" і вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы.

Сярод гасцей было шмат моладзi і дзяцей, прыкладна палова ад усіх прысутных. Беларусам, якія нарадзіліся ў Рызе ў другім, а то і ў трэцім пакаленні, такія вечарыны даюць магчымасць пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурнай спадчынай, а для тых, хто калісці прыехаў з мілай сэрцу Беларусі, гэта цудоўная магчымасць правесці свята сярод землякоў-суродзічаў, пагаварыць на матчынай мове, паспяваць нашы самыя мілагучныя ў свеце родныя песні, патанцаваць беларускія танцы.

На вечарыне прысутным былi прачытаныя вiншаваннi з Нараджэннем Хрыстовым, Новым годам і Калядамі і пажаданні, дасланыя на адрас "Cьвiтанка" ад беларусаў з розных куткоў свету: з Вялiкабрытанii, Канады, Літвы, Расii i iнш. краін, і, канешне, з Радзімы-Беларусі.

Да свайго 15-гадовага юбілею ў лістападзе 2003 г. таварыствам была выдадзена кніжачка "Сьвітанак" аб дзейнасці на працягу ўсіх 15-ці гадоў. Кніжка выклікала вялікую цікавасць сярод прысутных. I не дзіўна, што да самай ночы не хацелі разыходзіцца беларусы са свайго свята, бо на гэты раз не давалі сумаваць ім на Каляды аж 5 музыкаў: 2 гарманісты, 2 баяністы і яшчэ акардэаніст!

Узнагародаю i святочным падарункам арганiзатарам вечарыны былi шчырыя словы падзякi за сапраўднае беларускае свята ў Рызе i ад пастаянных удзельнiкаў "cьвiтанкаўскiх" вечарын, i ад тых, хто прыйшоў упершыню.

Таццяна Казак,
Старшыня Латвійскага таварыства "Сьвітанак"

Вільня, Літва

У Літву прыйшлі святыя Каляды, Новы год, маразы, прыйшла сапраўдная снежная зіма. Сябры Рады Таварыства Беларускай Культуры Літвы (ТБК) гэтымі днямі рыхтавалі залу ТБК, каб сабрацца дэлегатам і сябрам таварыства на справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Легітымнасць працы Рады заканчваецца 12 студзеня.

11 студзеня ў 14 гадзін зала ТБК напоўнілася беларусамі, якія даўно з'яўляюццца сябрамі Таварыства, наведваюць імпрэзы, што праводзіць Рада ТБК, якім неабыякава дзейнасць гэтай беларускай суполкі ў Літве.

Справаздачны даклад зрабіў старшыня Рады сп. Нюнька, які доўга пералічваў зробленае Радай за два справаздачныя гады. Гэта - розныя імпрэзы, сходы, пікеты, экскурсіі, канферэнцыі, сустрэчы з выбітнымі беларусамі Бацькаўшчыны, блізкага і далёкага замежжа, выданне кніг.

Рада на сваіх імпрэзах вяртала да новага жыцця свядома і несвядома забытыя імёны пісьменнікаў, паэтаў, дзяржаўных дзеячаў далёкай і блізкай гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Вялікую ўвагу Рада ТБК надае ў свёй дзейнасці стану беларускай мовы і ў Беларусі, і сярод беларусаў, стану беларускіх школ Бацькаўшчыны і дыяспар.

Асабліва абурае беларусаў Літвы і дзяржаўных дзеячаў многіх краін страшэнная, дзікая вайна беларускага ўраду з беларускім ліцэем імя Якуба Коласа ў Мінску. Ніводная краіна свету не ведае прыкладаў змагання ўраду са сваімі грамадзянамі, якія хочуць атрымаць адукацыю на роднай мове, ведаць сваю гісторыю і культуру.

Старшыня Рады адзначыў, што было зроблена таварыствам па ўшанаванню беларускіх мясцін у Вільні (памятныя дошкі, крыжы, захады па аднаўленню музеяў Івана Луцкевіча, Якуба Коласа і інш.). Выступоўца гаварыў аб тым, што калі б дзяржаўныя ўстановы Беларусі аказвалі належную падтрымку, сённяшняе беларускае жыццё ў Літве было б іншым. Гэта пацвярджае жыццё польскіх, рускіх, яўрэйскіх суполак, якія маюць моцную маральную і матэрыяльную падтрымку з боку сваіх урадаў. Бацькаўшчына многае губляе, не ацэнваючы і не падтрымліваючы жыццё сваіх дыяспар. Але гэта характэрна толькі для тых дзяржаў, урад якіх з'яўляецца антыдэмакратычным, дыктатарскім. Але, нягледзячы на перашкоды, Рада ТБК будзе і надалей займацца пытаннямі беларускай культуры, беларускай гісторыі, беларускага жыцця.

Прысутныя атрымалі адказы на самыя розныя пытанні дзейнасці Рады, становішча на Беларусі. Праца Рады была ацэнена станоўча. У новую Раду былі абраны 9 чалавек, у рэвізійную камісію 3 чалавекі, якім усе зычым плёну ў працы і працягваць дзейнасць, якая наблізіць сапраўдную незалежнасць Беларусі, зробіць яе вольнай. Старшынёй Рады выбраны зноў Хведар Нюнька, які ўзначальвае гэтую Раду з першых дзён яе стварэння 15 год таму. Днямі новая Рада збіраецца на пасяджэнне для выпрацоўкі новых накірункаў дзейнасці, выпрацоўкі планаў на 2004 і 2005 гады.

Павал Саўчанка,
сябра Таварыства беларускай культуры Літвы

Вільня, Літва

Калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа вярнуўся з Вільні ў Мінск. Выкладчыкі і дзеці задаволеныя вынікамі навучання ў Літве, дзе яны ўпершыню за апошнія паўгады мелі магчымасць займацца пад адным дахам. Выкладчыкі ліцэю адзначаюць, што заняткі былі плённыя. У будынку, дзе яны займаліся, былі добра абсталяваныя кабінеты біялогіі, фізікі, хіміі і спартовая зала. Былі ўрокі-экскурсіі. Праводзілі заняткі па месцах, якія згадваліся ў "Новай зямлі" Якубам Коласам. На думку намесніка дырэктара Лявона Баршчэўскага, навучанне пад адным дахам спрыяе добрай псіхалагічнай атмасферы.

Ліцэісты працавалі плённа і па праграме абышлі звычайныя школы. Калі давядзецца здаваць экзамены экстэрнам, вучні здадуць іх паспяхова, - лічыць Лявон Баршчэўскі. Ліцэй не адчувае сябе кінутым на волю лёсу. Калі ўласны ўрад не бачыць ліцэю альбо пераследуе ліцэй, то іншыя краіны глядзяць на гэта інакш.

Радыё "Свабода". 5 студз. 2004

Харкаў, Украіна

Беларускі рух на Харкаўшчыне перажывае не лепшы свой час. Так, па выніках перапісу насельніцтва ў 2002 г. у Харкаўскім рэгіёне пражывала 14 тысяч беларусаў, але ў 1989 г. іх была 21 тысяча. Як бачым, адбываецца актыўная асіміляцыя. Многія губляюць карані паходжання, культуру і традыцыі беларускага народа.

Для абмеркавання гэтых праблем і становішча, у якім развіваецца беларускі рух Харкава, 23 снежня па ініцыятыве праўлення Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб'яднання беларусаў "Сябры" і пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Беларусь на Украіне адбылася сустрэча.

На сустрэчу былі запрошаныя і ўзялі ў ёй удзел Першы сакратар беларускай амбасады на Украіне Віктар Дзенісенка, Консул Польшчы ў Харкаве Анджэй Рачкоўскі, начальнік аддзела па справах нацыянальнасцей і міграцыі Харкаўскага гарсавета Аляксандр Сцерын, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі Харкава Уладзімір Грыневіч, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі нацыянальна-культурных аб'яднанняў Украіны Ганна Цімашэўская.

На сустрэчы прысутнічалі беларусы, імёны якіх вядомы не толькі ў Харкаве, - Мікола Хвысюк, Аляксандр Пракопчык, Яўген Зубкоў, а таксама актывісты нацыянальна-культурнага аб'яднання "Сябры". З кароткай інфармацыяй аб мэтах сустрэчы, асноўных задачах дзейнасці аб'яднання на бліжэйшы перыяд выступіла старшыня праўлення Алена Шаўцова.

У выступах удзельнікі сустрэчы адзначалі, што толькі пры дасягненні яднання беларуская дыяспара Харкава можа дамагчыся поспеху. Першы сакратар беларускай амбасады сп. Дзенісенка адзначыў станоўчую ролю беларускай дыяспары ў наладжванні культурных і эканамічных сувязей паміж Беларуссю і Украінай.

З вялікім задавальненем і ўвагай удзельнікі сустрэчы праслухалі беларускія народныя песні і песні беларускіх кампазітараў у выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Грашчанкі, які зараз працуе салістам па кантракце ў Харкаўскім тэатры оперы і балета. Сп. Уладзімір з'яўляецца актыўным удзельнікам беларускага руху і прапагандыстам беларускай песні ў Харкаве.

Васіль Астаповіч, старшыня Харкаўскага
нацыянальна-культурнага аб'яднання беларусаў "Сябры"

Іркуцк, Расія

Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага правяло цэлы шэраг цікавых і вясёлых мерапрыемстваў:

4 снежня сумесна з Польскай НКА "Огніво" была наладжана гістарычная вечарына, прысвечаная вядомаму беларуска-польскаму паўстанню 1863 года;

12 снежня ў Палацы дзіцячай творчасці прайшоў юбілейны канцэрт беларускага фальклорнага ансамбля "Ленушка", якому споўнілася 15 год, што ў два разы болей, чым у нашага Таварыства;

20 снежня актывісты ІТБК з горада Іркуцка і Чарамхоўскага аддзялення Таварыства віталі юбіляра - старшыню Чарамхоўскага аддзялення ІТБК Ракіту Васіля Станіслававіча, якому споўнілася 65 год, а ягонай жонцы Зоі Аляксееўне - 60;

24 снежня на базе эксперыментальнага 3 "В" класа Т.Бізікавай (школа № 64 г. Іркуцка), які працуе па праграме вывучэння беларускай культуры, прайшла гульня "Поле цудаў", прысвечаная беларускім Калядам;

27 снежня Маладзёжны клуб "Крывiчы" наведаў школу № 64 і правёў абрад Каляды для нашых юных культуролагаў з класа Т.Бізікавай;

28 снежня фальклорны ансамбль "Ленушка" і актывісты клуба "Крывiчы" выступілі з канцэртнай каляднай праграмай у беларускай вёсцы Чарчэт Тайшэцкага раёна.

Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага Таварыства
Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага

Масква, Расія

Беларуcы Масквы добра падтрымалі футбольную каманду "Гомель" на Кубку Чэмпіёнаў Садружнасці. Прыйшлі беларусы Масквы і фанаты Гомелю. Так крычалі, што часам мелі перавагу над сотнямі фанаў ЦСКА. Гульня была добрая, ды і ўвогуле "Гомель" мае ўсе шанцы не толькі выйсці з групы, але і перамагчы ў турніры. Найбольш актыўныя заўзятары ходзяць на кожную гульню, але вялікая кампанія зноў збіраецца пайсці, калі беларускі клуб праб'ецца ў паўфінал і фінал.

"Беларуская Масква" (www.maskva.com). 19 студз. 2004

Масква, Расія

Тэлеканал РТР хуткім часам пакажа дакументальны фільм, прысвечаны гісторыі гатэля "Масква". Сярод іншага ў 46-хвілінным фільме - таямнічая гісторыя смерці Янкі Купалы, які ў 1942 годзе жыў у гатэлі і быццам бы скончыў жыццё самагубствам, кінуўшыся ў лесвічны пралёт з чацвертага паверха. У фільме бярэ ўдзел кіраўнік Таварыства Беларускае Культуры г. Масквы Генадзь Лех са сваім поглядам на тыя падзеі. Аўтар фільма - таленавітая журналістка Ліза Лістова. Папярэдне прэм'ера фільма планавалася на 20 студзеня, але магчыма тэрміны будуць мяняцца.

"Беларуская Масква" (www.maskva.com). 17 студз. 2004

Тэндэнцыі

Беларуская эміграцыя: змена пакаленняў

Беларускія асяродкі дзейнічалі найбольш актыўна ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Паваенная эміграцыя ў гэтых краінах зрабіла найбольш для захавання беларускай ідэі. Менавіта там сучасны працэс змены пакаленняў найбольш адчувальны. Тут, можа, не столькі гаворка пра змену пакаленняў, колькі пра змену характару той хвалі эміграцыі, якая прыехала пасля Другой сусветнай вайны і характару той хвалі, якая цяпер наплывае ў Амерыку з Беларусі. Першая хваля дзякуючы сваёй нацыянальнай свядомасці здолела стварыць у Амерыцы арганізацыйную і матэрыяльную базу. Былі заснаваныя свае арганізацыі, пабудаваныя грамадскія цэнтры, заснаваныя перыядычныя выданні.

Да гэтай арганізацыйна-матэрыяльнай базы апошнімі гадамі пачалі далучацца новыя эмігранты з Беларусі. Гэта ўжо людзі іншага крою. Гэта людзі пераважна маладога веку, з добрай асветаю, але ў шмат якіх выпадках без вялікай нацыянальнай свядомасці і без навыкаў грамадскай працы. Частка з іх далучаецца да беларускіх арганізацый. Сёння можна пабачыць у беларускіх асяродках у Кліўлендзе, у Чыкага, Нью-Ёрку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансвіку людзей з новай хвалі беларускай эміграцыі, якія актыўна ўдзельнічаюць у працы беларускіх арганізацый. Яны забяспечаць будучыню, працяг беларускай прысутнасці ў Амерыцы. Але ў Чыкага некаторыя падаюць галасы, што навошта нам беларуская мова. Вось гэты зрусіфікаваны элемент, які прыбывае з Беларусі, недаацэнвае вартасці нацыянальнае мовы. Паўстае адразу праблема, можа, нават канфлікт. Тым не менш, традыцыя беларускай нацыянальнай справы захаваецца. Паводле тых з'яў, якія назіраюцца цяпер, беларуская эміграцыя ў Амерыцы арганізацыйна выжыве. Беларусы ў Амерыцы будуць працягваць сваю дзейнасць.

У беларускай эміграцыі Амерыкі існуе, як, магчыма, і ва ўсёй беларускай дыяспары, пэўны перарыў пакаленняў. Людзі, якія выехалі пасля вайны і людзі, якія пачалі прыязджаць у 90-я гады, а паміж імі ёсць недахоп эмігрантаў сярэдняга ўзросту. Гэта адчувальна. Людзі старэйшыя ўжо маюць менш сілаў, людзі маладзейшыя маюць менш ведаў. І гэтую праблему адчуваюць не толькі беларускія арганізацыі ў ЗША, але і ў іншых краінах.

У Канадзе таксама адсутнічае пакаленне людзей сярэдняга веку, таму даводзіцца маладым, якія прыязджаюць, вучыцца не ў бацькоў па ўзросту, а ў дзядоў. Зараз для тых, хто цяпер прыязджае, рэлігійныя ідэалы, царква - гэта зусім іншае. Даводзіцца ім тлумачыць, што гэта павінна быць, што гэта наша царква - прыходзьце. Беларуская прысутнасць у Канадзе захаваецца. У людзей ёсць патрэба ў самаідэнтыфікацыі. У Беларусі ўсе беларусы, а тут гэта даволі востра адчуваецца. Адзінае, што перашкаджае, - у маладога пакалення на першым часе ёсць больш важныя справы, чым грамадскія. Людзі прыязджаюць, пачынаюць жыццё спачатку, і таму да грамадскай працы ім далучыцца цяжка. Але з часам гэта зменіцца.

Ёсць людзі, якія прыехалі некалькі гадоў таму, якія стаяць на нагах, - гэта якраз тыя людзі, якія пераймаюць зараз традыцыі, робяць грамадскую працу. Зараз даволі актыўна працуе Атаўскі аддзел Згуртавання беларусаў Канады. Таксама Згуртаванне беларусаў у Квебеку, яны выдаюць часопіс "Прамень". Гэта перыяд перадачы справы ад адной генерацыі да другой, і гэты працэс пайшоў.

Менш аптымістычна пачуваецца старшыня Федэральнай Рады беларусаў Аўстраліі сп. Яўген Груша: "Аўстралія амаль не бярэ новых эмігрантаў, няма наплыву новай эміграцыі. Нашыя дзеці таксама адышлі, яны ажаніліся з чужымі, памяшаліся і асіміляваліся. Замала нас было тут. Прыязджаюць, некалькі чалавек прыйшлі, але іх не цікавіць Беларусь, яны ў пагоні за далярамі. Зрусіфікаваныя, для іх без Расіі не можа быць Беларусі. У нас у Мельбурне няма новых. Памёр, напрыклад, Павал Гуз - сакратар Федэральнай Рады, няма каму замяніць. У Адэлаідзе 4 сям'і далучылася, Віктар Кавалеўскі ўзяўся за працу. У Сіднеі таксама далучыліся новыя эмігранты. Мы прыехалі голыя ў 1949 годзе, але ўсё роўна збіраліся разам і святкавалі нацыянальныя святы, было больш актыўнасці. Я заўважыў, што прыезджыя абсалютна не вераць у Бога".

Трывожная сітуацыя назіраецца таксама і ў Вялікабрытаніі, дзе раней беларускае жыццё віравала амаль ва ўсіх буйных гарадах. На сённяшні дзень трымаецца толькі Лондан. Дамы ў Брадфордзе і Манчэстэры мусілі прадаць. Гады зрабілі сваё, адыйшлі нашыя людзі, мала засталося. Але ў Лондане яшчэ працуе Беларускі дом, працягвае працу да сённяшняга дня, самае галоўнае там - Бібліятэка імя Скарыны.

Паводле інтэрв'ю Янкам Запруднікам, Віталям Зайкам,
Русланам Качатковым, Яўгенам Грушам, Аленай Міхалюк
Радыё "Свабода". 30 снеж. 2003

"Пушчанскі Запаведнік Еўропы"

Навукоуцы з Камітэту Аховы Прыроды Польскай Акадэміі Навук прапануюць стварыць першы ў Еўропе двухнацыянальны запаведнік пад назовам "Пушчанскі Запаведнік Еўропы", які складаўся б з польскай і беларускай часткі Белавежскай пушчы. 34 навукоўцы згаданага камітэту накіравалі адкрыты ліст па гэтай справе да ўладаў Польшчы, Беларусі і Еўрасаюза. У згаданым лісце навукоўцы выказваюць занепакоенасць пашырэннем вырубкі старых дрэваў па абодвух баках Белавежскай пушчы. Клапоцячыся пра культурную спадчыну, навукоўцы супольна з экалагічнымі і няўрадавымі арганізацыямі вырашылі ўзнавіць старанні за тое, каб з усяе тэрыторыі польскай часткі Белавежскай пушчы стварыць нацыянальны запаведнік.

Радыё "Polonia". 7 студз. 2004

Камунікат запрашае

Запрашаю беларускіх гісторыкаў (і іншых аўтараў) публікаваць свае працы і кніжкі на сайце Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі КАМУНІКАТ

kamunikat.net.iig.pl

Можна гэта рабіць на два спосабы:

1. Публікуючы свае кніжкі ў паасобных раздзелах Бібліятэкі.

2. Ствараючы свой персанальны сайт у Бібліятэцы.

Тэхнічныя справы Вас няхай не турбуюць. Гэтым зоймецца Бібліятэкар - webmaster сайта. Вам трэба даслаць толькі электронны варыянт Вашых кніжак (1 спосаб) ці падрабязную біяграфію-CV, кніжкі, артыкулы, выступленні на канферэнцыях і г.д. (2 спосаб). За падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся па адрасу:

kamunikat@poczta.onet.pl

На сайце Бібліятэкі КАМУНІКАТ знаходзіцца больш чым 250 беларускіх кніжак і часопісаў (у тым ліку шмат гістарычных). Бібліятэка аднаўляецца рэгулярна.

Яраслаў Іванюк

Кніжная палічка

Антон Адамовіч. Творы

Хоць постаць Антона Адамовіча не надта аддаленая ад нас у часе, нястача дакументаў, згубленых у арыштах, высылках, вайне, эміграцыі, цяжкасці з атрыманнем архіўных матэрыялаў са сховаў дзяржаўных, - усё пералічанае пакідае нявысветленымі багата якія моманты ў жыцці гэтага чалавека. Шэраг дакументаў спецыяльна рабіўся з непраўдзіваю інфармацыяй - гэта асабліва датычыцца перыяду часоў лагераў ДП, калі небяспека быць вернутымі саюзніцкімі войскамі на "радзіму" была надта рэальнаю.

Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНІМ) у серыі "Беларускія пісьменьнікі й паэты" выпусціў з друку новы том: Антон Адамовіч. Творы. На 800 старонках - невядомыя працы, новыя пераклады, архіўныя дакументы. Змест збору твораў уключае найбольш важныя для асэнсавання творчасці самога навукоўца і ўсяе гісторыі нашае літаратуры наступныя працы А.Адамовіча: "Паўлюк Трус", "Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры", "Так пяяў Салавей". Упершыню друкуюцца дзве Адамовічавы аўтабіяграфіі 1935 і 1941 гадоў.

Том дапаўняюць нарыс рэдактара і ўкладальніка кнігі Лявона Юрэвіча, а таксама бібліяграфія твораў А.Адамовіча ды паказнік імёнаў. У кнізе змешчаны ўнікальныя архіўныя здымкі са збораў БІНІМу і прыватных архіваў. Большасць з іх друкуецца ўпершыню.

Кошт кнігі $30. Замовы дасылаць на адрас Інстытуту:

Belarusan Institute of Arts and Sciences
1797 Buttonwood Ave., Toms River, NJ 08755 Attn: Vitaut Kipel

Рабы ў старажытным і сучасным свеце

Юры Весялкоўскі, беларускі эміграцыйны гісторык і публіцыст, выдаў сваю новую кнігу "Рабы ў старажытным і сучасным сьвеце". Кніга складаецца з чатырох дзесяткаў нарысаў пра грамадскія адносіны ад старажытных Месапатаміі, Індыі і Кітая, праз Егіпет, Грэцыю і Рым да ўзнікнення дзяржаў новай гісторыі ў Еўропе, якія накінулі астатняй частцы свету каланіялізм і рабства.

Найбольш увагі аўтар адводзіць Расіі, якая апошнія чатыры стагоддзі мела непасрэдны ўплыў на тое, што адбывалася на беларускіх землях. Нават калі існавала яшчэ Вялікае княства Літоўскае. У кнізе распавядаецца пра жахлівыя паводзіны маскоўскіх войскаў на Беларусі ў часы вайны цара Аляксея Міхайлавіча з Рэччу Паспалітай (1654 - 1667).

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Весткі

Помнік Ларысе Геніюш

Сёлета 29 лістапада на тэрыторыі Троіцкай царквы ў Зэльве адкрылі помнік выдатнай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш (1910-1983). Дазвол на гэта даў патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. На ўрачыстасць у Зэльву прыехала творчая інтэлігенцыя з Мінска, Гродна, Слоніма і іншых гарадоў Беларусі, а таксама святары, якія асвяцілі гэты помнік. Помнік Ларысе Геніюш зрабіў скульптар Міхась Інькоў. Але дазвол на яго ўстаноўку ў Зэльве не давалі ні мясцовыя ўлады, ні аблвыканкам.

Аднак мінула трохі больш за тыдзень, як у рэдакцыю "Газеты Слонімскай" патэлефанавалі зэльвенцы і сказалі, што ў мясцовы райвыканкам паступіла распараджэнне з аблвыканкама, каб у бліжэйшы час дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш. Маўляў, яе яшчэ не рэабілітавалі, а значыць, яе нельга ўшаноўваць.

Сяргей Чыгрын
"Ніва". 21 снеж. 2003
"Беларускі дайджаст". снежань. 2003

ТБМ выганяюць на вулiцу

Арганiзацыю, якая актыўна абараняе родную мову тытульнай нацыi, выкiдваюць на вулiцу. 12 студзеня грамадскае аб'яднанне "Таварыства Беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны" атрымала ўведамленне ад ЖРЭА Партызанскага раёна Мінска аб разрыве кантракта арэнды памяшкання.

Намеснiк старшынi ТБМ Сяргей Кручкоў выказаў версiю, што ўлада "адпрацоўвае новую схему лiквiдацыi грамадскiх аб'яднанняў". Вярхоўны суд пазачыняў многiя грамадскiя арганiзацыi па старой схеме. ТБМ фактычна лiквiдуецца, але не напрамую. Выпрацоўваецца новы механiзм: арганiзацыя пазбаўляецца памяшкання, а знайсцi новае практычна немагчыма, што з'яўляецца падставай для вынясення папярэджання з боку Мiністэрства юстыцыі (арганiзацыя знаходзiцца не па юрыдычным адрасе). А затым мiнюст iнiцыiруе працэс па лiквiдацыi арганiзацыi ў Вярхоўным судзе, як сцвярджае Сяргей Кручкоў.

Кiраўнiцтва ТБМ настроена працягваць працу ў любых умовах.

pahonia.promedia.by 14 студз.

Зварот Таварыства беларускай мовы

Грамадзяне Беларусі! Над ТБМ імя Ф.Скарыны, якое бароніць лінгвістычныя правы чалавека, выступае за наданне беларускай мове рэальнага статуса дзяржаўнай - навісла рэальная пагроза ліквідацыі.

Выканаўчая ўлада Партызанскага раёна адмовіла нам у арэндзе памяшкання на 2004 год і не прапанавала ўзамен нічога іншага. Згодна з іх рашэннем Таварыства павінна вызваліць памяшканне па вул. Румянцава, 13 да 04.03.04 г. У выпадку высялення грамадскае аб'яднанне губляе юрыдычны адрас трох сваіх арганізацый: Рэспубліканскай, Мінскай гарадской і Партызанскай раённай, што можа стаць падставай для закрыцця Таварыства беларускай мовы.

Звяртаемся да ўсіх, каму не абыякавы лёс беларускай мовы, выказаць уладным структурам, у першую чаргу, старшыні Мінскага гарвыканкама Міхаілу Паўлаву свой пратэст супраць беспадстаўнага высялення адной з важных для існавання незалежнай беларускай дзяржавы грамадскіх арганізацый нашай краіны.

Прынята на сакратарыяце ТБМ 13 студз. 2004

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Я - беларус, і тым ганаруся"

Скончаны чацвёрты літараутрна-мастацкі конкурс "Я - беларус, і тым ганаруся", у якім узялі ўдзел больш за 300 дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта быў самы буйны па колькасці ўдзельнікаў конкурс. Тэматыка конкурсу заклікала паразважаць на тэму "Што значыць для мяне быць беларусам", якая была прапанавана сп. Янкам Запруднікам з ЗША. Тэма вельмі актуальная для сённяшняй Беларусі, у якой беларуская мова і культура знаходзяцца далёка не на першым месцы. Таму даведацца, з якога ўзросту ў дзяцей пачынаецца фармірванне адчування прыналежнасці да нацыі, і што з'яўляецца вытокамі любові да Радзімы і быў закліканы гэты конкурс. Калі рабіць аналіз усіх прац, якія мы атрымалі, то шмат работ насілі апісальны характар, і дзеці імкнуліся перадаць не тое, чаму яны лічаць сябе беларусамі, а за што яны любяць Беларусь. У асноўным дзеці захапляліся нашымі лясамі, прыродай. Экспертная камісія, у якую ўвайшлі Уладзімір Арлоў, Міхась Скобла, Лідзія Савік, імкнулася адабраць усё ж тыя працы, якія ўтрымліваюць дзіцячыя разважанні, у якіх дзеці больш глыбока імкнуцца разабрацца, што значыць для іх быць беларусам, вытокі любові да Бацькаўшчыны. Таму лепшымі былі адабраныя толькі 25 літаратурных прац.

Я - беларус, і тым ганаруся Адбор малюнкаў праводзіў Алесь Марачкін. Трэба адзначыць, што сярод твораў выяўленчага мастацва было вельмі цяжка адабраць лепшыя. Усяго было адбрана 45 малюнкаў з 159, сярод якіх 10 былі прызнаны лепшымі. Усе малюнкі будуць прадстаўлены на выставе, якая адбудзецца ў сакавіку г.г. у Музеі М.Багдановіча (Мінск).

Паводле дзіцячых твораў у канцы студзеня выйдзе кніга з аднайменнай назвай. Пераможцы конкурсу правялі незабыўныя дні ў Польшчы ў гарах Карканошы (міжнароная база адпачынку "Новая Руда") і ў Беластоку, дзе намаганнямі Алега Латышонка для беларускіх дзетак была наладжана надзвычай цікавая экскурсійная праграма па беларускіх гістарычных мясцінах гэтага горада.

Тыя дзеці, працы якіх не перамаглі, але заслугоўвалі заахвочвання, атрымалі ў падарунак кнігі Ул.Арлова "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" і "Адкуль наш род" з аўтографам аўтара. Усім астатнім "Бацькаўшчына" накіравала лісты ўдзячнасці.

Я - беларус, і тым ганаруся Адпачынак стаўся магчымым дзякуючы беларускай мецэнатцы з ЗША Ірэне Калядзе-Смірноў, якая многія гады дбае пра духоўнае развіццё і аздараўлене беларускіх дзяцей.

І нездарма, як і ўсе мінулыя гады, пераможцы пісалі шматлікія лісты са словамі падзякі да спадарыні Ірэны:

"Я хачу выказаць вялікі дзякуй за паездку ў Польшчу, дзе я ніколі не была. І гэта для мяне, простай дзяўчынкі, - цуд. Гэтыя вясёлыя і незабыўныя дні ў Польшчы назаўсёды застануцца ў маёй памяці." Ганна Юруць, 12 год, Іванаўскі раён Брэсцкай вобл.

"Дзякуючы гэтай вандроўцы я стала яшчэ больш любіць і паважаць сваю родную мову і нашую мілую Беларусь, як, напэўна, і кожны, хто ездзіў са мною. Гэтыя зімовыя канікулы застануцца ў маёй памяці назаўсёды." Таццяна Бялянка, 15 год, г. Магілёў.

"Нядаўна я атрымала пуцёўку ў Польшчу. Я вельмі гэтаму ўзрадавалася. Было там вельмі цікава і прыгожа. Мы ездзілі на розныя экскурсіі, хадзілі ў басейн, каталіся на лыжах і г.д. Мне вельмі хацелася б падзякваць Вам за тое, што дарыце дзецям шчасце, радасць! Бо для нас, беларускіх дзяцей, гэта тое самае, што трапіць у казку!" Таццяна Паліўка, 13 год, Іванаўскі раён Брэсцкай вобл.

"Нашае жыццё складаецца з маленькіх рознакаляровых кавалачкаў. І чым ярчэй гэтыя кавалачкі, тым цікавейшая і даражэйшая жыццёвая сцежка. І гэта паездка ў Польшчу стала самым яркім кавалачкам. Дзякуй Вам." Таццяна Жук, 15 год, г. Мар'іна горка.

"Сп-ня Ірэна, жадаю Вам плёну ў працы, здароўя, шчасця і няхай у кожным куце Вашай хаты пахне шчасцем! Дзякуй за ўсё, Беларус Зміцер." Зміцер Сутула, 12 год, г.Глыбокае.

"Мне вельмі спадабалася ўсё: лыжы, басейн, гатэль... Але лепшае за ўсё тое, што шмат хлапцоў і дзяўчат збіраюцца ў адным месцы, каб успомніць свае карані, паразмаўляць на роднай Беларускай мове і вельмі прыемна правесці час. І я спадзяюся, што мне пашанцуе з'ездзіць яшчэ куды-небудзь з цудоўнай арганізацыяй "Бацькаўшчына", знайсці шмат сяброў і яшчэ больш уславіць маю Бацькаўшчыну - Беларусь!!!" Вольга Котух, 14 год, г. Мінск.

"Я вельмі ўдзячна за тое, што нам падаравалі столькі незабыўных дзён, што далі магчымасць пазнаёміцца з цудоўнымі мясцінамі Польшчы і знайсці новых сяброў. Я вельмі рада, што ёсць такія людзі, як Вы, сп-ня Ірэна. Таму што менавіта Вы далі нам магчымасць не толькі праявіць свой талент, але і магчымасць праславіць сваю Беларусь за яе межамі." Юля Літвінчук, 14 год, г. Іванава.

"Дзякуй за тое, што дапамаглі нам раскрыць саміх сябе, свае таленты. Напэўна, я ніколі не забуду гэтага цудоўнага падарожжа..." Марына Стасенка, 14 год, Іванаўскі раён Брэсцкай вобл.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларусь у сусветнай культуры

У адрозненні ад гісторыі Украіны, Літвы, Польшчы і Расіі, гісторыя Беларусі прадстаўлена ў бібліятэках свету надзвычай мізэрна. Больш за тое, замежныя навукоўцы і нават гісторыкі вельмі мала ведаюць пра беларускую гісторыю і адпаведна на такім жа ўзроўні яе выкладаюць. У выніку прэстыж нашай краіны вельмі моцна церпіць, і мы застаемся чорнай правалінай на інтэлектуальнай мапе свету.

Адна з галоўных прычын такога становішча - адсутнасць канцэптуальнай інфармацыі пра нашую краіну, даступнай у сусветных бібліятэках і выкладзенай на адной з агульнасусветных моў (англійскай). Амбасадары і ўдзельнікі іншаземных дэлегацый з цяжкасцю знаходзяць даступную літаратуру па гісторыі Беларусі. Польскія навукоўцы на канферэнцыях не разумеюць, чаму беларусы пры даследванні сваёй гісторыі спасылаюцца на раскопкі ў Вільні, некаторыя нямецкія даследчыкі перыяду Адраджэння не ведаюць пра Францыска Скарыну. І з падобнай недасведчанасцю замежных навукоўцаў можна сустрэцца на кожнай міжнароднай канферэнцыі. Прычына ў тым, што мы не папулярызуем сваю гісторыю ў свеце.

Справай гонару для ўсіх беларусаў стала прадставіць сваю вельмі багатую гісторыю і культуру на сусветнай арэне. Нам ёсць чым ганарыцца.

Найбольш даступны і неабходны крок - навукова-папулярнае выданне гісторыі Беларусі на англійскай мове, папулярызацыя і распаўсюджанне гэтай кнігі па бібліятэках і навуковых цэнтрах Еўропы і Амерыкі.

Мы прапануем выдаць на англійскай мове кнігу па гісторыі Беларусі, аўтарам якой бачыцца слынны беларускі навуковец, гісторык, аўтар вялікай колькасці выданняў па гісторыі Беларусі Генадзь Сагановіч.

Згуртаванне "Бацькаўшчына" будзе ўдзячна ўсім, хто далучыцца да нас і падтрымае гэты патрэбны для Беларусі праект.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Увага!

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" правяло працу па пераносу матэрыялаў ІІ і ІІІ з'ездаў беларусаў свету на электронныя носьбіты інфармацыі. Пасля адпаведнай карэктуры і рэдактуры матэрыялы будуць перададзены ў друк.

Звяртаемся яшчэ раз да тых удзельнікаў, хто не паспеў падаць свае матэрыялы, - дашліце іх, калі ласка, у бліжэйшы час. Гэтая просьба, у першую чаргу, датычыць тых удзельнікаў з'ездаў, хто па нейкіх прычынах не здолеў ці не паспеў на іх выступіць.

Сваю карэспандэнцыю дасылайце, калі ласка, на адрас рэдакцыі нашага бюлетэня.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Увага!

Шаноўныя сябры Вялікай Рады, якія не даслалі формы для галасавання, просьба выканаць свой грамадскі абавязак і як мага хутчэй даслаць запоўненыя дакументы ў офіс "Бацькаўшчыны". Нагадваем, што адсутнасць кворуму вядзе да скасавання пасяджэння, а парушэнне статуных нормаў можа даць Мінюсту падставу да скасавання арганізацыі.

Сябрам, знаёмым і некаторым беларускім арганізацыям і рэдакцыям, якія з нагоды майго 80-гадовага юбілею прывіталі і выказалі свае пажаданні, асабліва "не выпушчаць пяра з рукі", усім Вам выказваю сваё шчырае беларускае дзякуй.

Юры Весялкоўскі, Лондан, студзень 2004
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by