МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№12(№59)
снежань
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Шаноўныя сябры!


Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе Вас і Вашых аплечнікаў з Калядамі і Новым 2007 годам!
Зычым шчасця, моцнага дароўя, дабрабыту і плёну ў справах!
Няхай Боскае спрыянне
заўсёды будзе з Вамі!
Жыве Беларусь!

 

Навагоднія віншаванні ад дыяспары

***

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася з калядным віншаваннем да беларускага народа:

“Дарагія суродзічы беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую Вас з Каляднымі святамі, якія сімвалізуюць ува ўсім свеце спакой, радасць і надзею.

Віншую ўсіх Вас з Вашай мужнасцю і вытрывальнасцю ў 2006 годзе. Вы паказалі свету, што Вы заслугоўваеце павагу і падтрымку.

Віншую Вашых лідэраў. Аляксандра Мілінкевіча за ягоную выдатную працу на міжнароднай арэне. Ён шмат спрычыніўся да новаздабытай павагі свету да беларускага народа. А нам патрэбная цяпер, як ніколі, павага вольнага свету.

Віншую Аляксандра Казуліна за ягоную адвагу і ахвярнасць у такіх цяжкіх умовах. Дасягнуў ён вельмі шмат. Жадаю яму сілаў вытрываць здзек бязлітаснай улады.

Віншую ўсіх палітвязняў, якія пакутуюць у турмах і калоніях дзеля сваёй любові да Бацькаўшчыны.

Віншую нашу дарагую моладзь, якая ўзяла на сябе заданне вызваліць свой край.

Віншую беларускую дыяспару, якая шмат спрычынілася, каб пакуты Беларусі не былі “крыкам у пустыні”. Была яна зноў голасам ў свеце нашага народа.

Дарагія суродзічы, Вы вярнулі ўсім нам веру ў лепшую будучыню. Віншую Вас і з глыбіні сэрца дзякую Вам.

Застаецца цяпер не дапусціць каб наш край прадалі за пару чырвонцаў. Веру, што мы гатовыя! Дык зноў жадаю Вам вытрываласці, любові і павагі да свайго роднага краю, да сваёй мовы, да сваёй культуры, любові і салідарнасці між сабой!

З’яднаныя разам, мы выратуем наш край! Жыве Беларусь!”

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

***

Дарагія суайчыннікі, беларускія патрыёты! Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе Вас са святымі Калядамі і Новым 2007 годам.

Жадаем моцнага здароўя, асабістага шчасця і поспехаў на ніве змагання за незалежную, свабодную і дэмакратычную Беларусь, за светлыя ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве

***

Віншуем з надыходзячым Новым годам! Згодна з традыцыяй, менавіта з надыходам Новага года мы звязваем свае мары і светлыя спадзяванні. Няхай наступаючы Новы год будзе для ўсіх беларусаў годам здзяйснення запланаваных мар. Няхай пануюць у Вашых сем’ях спакой і дабрабыт! Моцнага Вам здароўя і святочнага настрою. З надыходзячым Новым годам!

2006 год, які хутка завяршаецца, быў абвешчаны ў Беларусі годам жанчын. У Беларусі жанчыны складаюць 53% насельніцтва. Яны займаюць самыя розныя нішы ў грамадстве: бізнес, палітыка, грамадская дзейнасць і г.д. Існуе беларуская жаночая партыя “Надзея”, Саюз беларускіх жанчын, жаночы інстытут “Энвіла”, грамадскія аб’яднанні “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”, “Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын” і “Беларуская жаночая ліга”. Усе гэтыя арганізацыі паспяхова займаюцца пытаннямі жаночага лідэрства. У глабальным плане астролагі прызналі ХХІ стагоддзе стагоддзем лідэрства. Пажадаем усім беларускім жанчынам поспехаў і ў наступным годзе.

Цэнтр беларускай культуры,
Даўгаўпілс

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Зварот да сяброў Вялікай рады

Шаноўныя сябры Вялікай рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Звяртаем вашу ўвагу, што “Бацькаўшчына” праводзіць чарговае пасяджэнне Вялікай рады пісьмовым апытаннем. Просім пасля атрымання дакументаў па радзе (парадак дня, справаздача дзейнасці, прыярытэтныя накірункі, форма для апытання і форма для галасавання) уважліва іх вывучыць, запоўніць неабходныя формы і даслаць іх на адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да 18 студзеня 2007 г. (220030, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, д. 15.) Сябры Згуртавання могуць азнаёміцца са справаздачай дзейнасці аб’яднання на сайце zbsb.org

Суд над “Бацькаўшчынай”

12 снежня ў 10.30 у Гаспадарчым судзе Мінска адбылося судовае пасяджэнне па іску КУП “Мінская Спадчына” да МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” аб скасаванні дамовы арэнды памяшкання па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15 у Мінску.

Пасля разгляду матэрыялаў і выступаў бакоў суд адмовіў у іску КУП “Мінская Спадчына”. Такое рашэнне было вынесена суддзёй Гаспадарчага суда г. Мінска Аленай Мельнікавай. Таксама быў адхілены сустрэчны іск МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да “Мінскай Спадчыны”. Матывацыя рашэння суда была даслана абодвум бакам пазней...

У матывацыйнай частцы рашэння суда паведамляецца, што КУП “Мінская Спадчына” адмоўлена ў іску ў сувязі з тым, што дамова арэнды паміж “Спадчынай” і “Бацькаўшчынай” лічыцца несапраўднай.

Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” праводзіць кансультацыі з юрыстамі дзеля выпрацоўкі прававых крокаў, якія мусіць зрабіць Згуртаванне, каб усё ж адстаяць сваё права на памяшканне. Да гэтага часу дзейнічае пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у якой Мінгарвыканкам абавязваецца прадстаўляць Згуртаванню памяшканне пад дзейнасць Беларускага дома. Таксама дзейнічае рашэнне Мінгарвыканкама аб праве арэнды “Бацькаўшчыны” на памяшканне па вул. Рэвалюцыйнай тэрмінам да 2018 г.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Каментар кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” для радыё “Палонія” з нагоды іску

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” – арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларусаў ва ўсім свеце, – знаходзілася ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай, 15 у Мінску каля 13 гадоў.

Іск ў гаспадарчы суд падала арганізацыя “Мінская Спадчына”, якая з’яўляецца балансаўтрымальнікам будынку. Сваё рашэнне арганізацыя патлумачыла неабходнасцю праводзіць будаўніча-мантажныя работы. На іх думку, гэта з’яўляецца падставай для скасавання арэнды. Хутка справа павінна рушыць з мёртвага месца. Толькі вось у які бок? Распавядае намесніца старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету – Ніна Шыдлоўская.

Н. Шыдлоўская: “Мы вельмі дакладна вывучылі гэтае пытанне з юрыдычнага пункту гледжання і катэгарычна будзем адстойваць у судзе пазіцыю, што “Мінская Спадчына” не мае юрыдычнай падставы скасоўваць дамову арэнды. Гэтая арэнда была нам прадстаўлена на 25 гадоў дзякуючы пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У той жа пастанове была змешчаная рэкамендацыя ўсім дзяржаўным органам спрыяць “Бацькаўшчыне” ў яе дзейнасці, у тым ліку і ў прадастаўленні памяшкання. Пакуль мы не можам звяртацца па юрыдычны адрас, а ў Беларусі гэта вельмі важны момант працы арганізацыі, бо іначай мы парушаем Крымінальны кодэкс.

Нягледзячы на дадзеную сітуацыю, рабочыя органы “Бацькаўшчыны” дзейнічаюць. Вядзецца таксама праца над унікальнай кніжнай серыяй “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, а таксама аказваецца метадычная дапамога суполкам аб’яднання ў замежжы.

На сённяшні дзень дамова аб арэндзе быццам бы дзейнічае, і юрыдычны адрас, з аднаго боку, мы маем. Дэ-факта, “Бацькаўшчына” ўжо тры месяцы туляецца па кутах і не мае нармальнай магчымасці працаваць ані з архівамі, ані папаўняць іх. Многія кнігі звезеныя да сяброў у гаражы. Чыноўнікі абсалютна не маюць намеру ісці на саступкі. Мы ад іх не чакаем дапамогі і клопату. Ад іх мы патрабуем аднаго — дайце магчымасць арэндаваць знойдзенае намі ж памяшканне. Мы гатовыя самі рабіць у ім рамонт за свой кошт”.

Пра тое, як выглядае праца згуртавання без памяшкання, распавядае старшыня Рады ЗБС Алена Макоўская.

А. Макоўская: “Мы арганізавалі працу віртуальна. Супрацоўнікі ў большасці вымушаныя працаваць у сваіх кватэрах. Часам звяртаемся да іншых арганізацыяў, калі нам трэба сабрацца разам. Каля году мы перапісваемся і вядзем сустрэчы з чыноўнікамі рознага ўзроўню. На словах нам абяцаюць падтрымку, але факт застаецца фактам: да гэтага часу мы не маем памяшкання”.

Доктар Янка Запруднік, вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, гаворыць, што праблемы Згуртавання выкліканыя антыбеларускай палітыкай на Беларусі.

Я. Запруднік: “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выконвае сур’ёзную функцыю. Гэта патрэбная арганізацыя, супрацоўніцтва патрэбнае, але ў вырашэнні тых праблемаў мы не надта можам удзельнічаць. Гэта вынік палітыкі задушвання беларускасці”.

ЗБС “Бацькаўшчына” паўстала ў 1990 годзе. Адной з галоўных мэтаў арганізацыі з’яўляецца духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне.

Дзмітры Гурневіч, polskieradio.pl

Беларусь паміж Расіяй і Еўрасаюзам

16-17 снежня ў Мінску Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Інфармацыйна-аналітычны цэнтр НДА арганізавалі і правялі круглы стол “Беларусь у кантэксце адносін Расіі і Еўрасаюза: палітычны і эканамічны аспекты”. У пасяджэнні бралі ўдзел актывісты грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, палітычных партый, журналісты.

Мадэратар круглага стала Паўлюк Быкоўскі, загадчык аддзела палітыкі тыднёвіка “Беларусы і рынак”, зрабіў прэзентацыю “Інтэграцыйных памкненняў беларусаў” паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага рознымі інстытуцыямі ў Беларусі.

Затым слова атрымаў Алег Соскін, дырэктар Інстытута трансфармацыі грамадства, доктар эканомікі, прафесар (Украіна). Тэма яго дакладу – “Еўрапейскі патэнцыял Беларусі і магчымасці яго рэалізацыі ў партнёрстве з Украінай”. Выступ выклікаў найбольш пытанняў і каментарыяў удзельнікаў і прывёў да цікавай і напружанай дыскусіі.

Тэму беларускай эканомікі раскрыў даклад, кіраўніка аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміста Леаніда Заікі “Эканамічны феномен Беларусі: міфы і рэальнасць”. Даклад не надаў аптымізму ўдзельнікам і таксама выклікаў гарачую дыскусію.

Дакладчык Алег Муславец, дырэктар інтэрнет-рэсурсу “Агенцтва фінансавых навін” выступіў з дакладам на супярэчлівую тэму: “Беларусь: краіна ў цэнтры Еўропы альбо толькі ўчастак газаправоду Ямал-Еўропа”.

Вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч распавёў пра “Актуальныя захады на бліжэйшыя перспектывы ў галіне палітыкі, культуры, ідэалогіі”, і пасля абмеркавання даклада спадара Мацкевіча праца плаўна перайшла да практычнай часткі – дыскусіі, у якой бралі ўдзел не толькі выступоўцы (мэтры-навукоўцы), але і ўсе прысутныя.

Другі дзень мерапрыемства пачаўся з выступу палітолага, філосафа, Уладзіміра Роўды, дацэнта кафедры паліталогіі ЕГУ. Спадар Роўда зрабіў грунтоўны даклад на тэму “Палітычны аналіз новых прапановаў Еўрасаюза Беларусі”, спыніўшыся на апошнім Пасланні беларускаму народу, якое было зробленае Еўрапейскім камісарам па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Бенітай Ферэра-Вальднэр 21 лістапада 2006 года.

Затым выступаў кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў па тэме “Эканамічныя інтарэсы Еўрасаюз — Беларусь — Расія: перспектывы для эканомікі Расіі і вынікі для Беларусі”. Яго выступ красамоўна акрэсліў ненайлепшае становішча расійскай эканомікі і выклікаў шмат каментарыяў, асабліва ў сувязі з папярэднім дакладам Уладзіміра Роўды.

Даклад па “Праблемах бяспекі Украіны ў кантэксце новых стасункаў Расія — ЕС” прэзентаваў Андрэй Кірчыў, аналітык са Львова. Спадар Кірчыў распавёў аб неабходнасці развіцця дэмакратыі ў Беларусі з пункту погляду Украіны, аб магчымасцях падтрымкі з боку ўкраінскіх уладаў дэмакратызацыі суседняй краіны і г.д.

Госць круглага стала Яўген Янчук, старшыя Беларускага дэмакратычнага аб’яднання (Гайнаўка, Польшча) распавёў аб “Ролі Польшчы ў змене знешнепалітычнай стратэгіі ЕС у дачыненні да Беларусі”. Яго даклад быў цікавы тым, што аналізаваў пяць памылак ранейшага ўспрыняцця Польшчай (польскімі палітыкамі) Беларусі, яе палітычнага, эканамічнага і грамадска-культурнага становішча.

Абмеркаванні папярэдніх дакладаў плаўна перайшлі ў агульную дыскусію, якая цягнулася даволі доўга і выйшла за межы часу, вызначанага праграмай мерапрыемства.

На круглым стале былі закранутыя праблемы геапалітыкі і энергетычнай бяспекі Беларусі, Украіны і Еўропы ў сітуацыі, выкліканай падвышэннем коштаў на нафту і газ з боку Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі паспрабавалі спрагназаваць розныя варыянты развіцця падзей і знайсці ўзаемапрымальныя шляхі рашэння энергетычных і палітычных праблем. Некаторыя тэзісы дакладаў, агучаных экспертамі на круглым стале, ужо змешчаныя на нашым сайце, іншыя – з’явяцца ў хуткім часе.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШАВАННІ

Віншуем Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр Познані з 5-годдзем!

Шаноўны Віталь Воранаў! Шаноўныя беларусы Познані – сябры Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра! Ад імя міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуем вас з 5-годдзем! За гэты час вам удалося сабраць пад адным дахам асобаў, якія, знаходзячыся па-за межамі Беларусі, не парываюць з ёю сувязі, працягваюць і памнажаюць спадчыну нашых славутых продкаў.

Згуртаванне “Бацькаўшчына” мае гонар супрацоўнічаць з Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам у Познані з часоў яго заснавання! Мы спадзяемся, што і надалей нашы арганізацыі будуць працаваць разам, каб, не зважаючы ні на якія часовыя перашкоды, наша Радзіма стала вольнай і незалежнай еўрапейскай краінай.

Яшчэ раз шчыра віншуем з юбілеем! Зычым поспехаў, натхнення, здзяйснення творчых планаў. Каб ставала моцы не схіляць голаў ні перад якімі цяжкасцямі ў змаганні за лепшую долю нашых людзей, нашай агульнай Бацькаўшчыны.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем!

Паважаныя сябры Вялікай рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, што нарадзіліся ў студзені: Анатоль Грыцкевіч, Вольга Іпатава, Мікалай Купава, Яраслаў Раманчук, Генадзь Сагановіч, Ніна Шыдлоўская (Беларусь); Міхась Сцепанюк (Польшча), Віктар Сулкоўскі (Расія), Зінаіда Клыга (Эстонія)! Прыміце шчырыя віншаванні ад усіх беларусаў свету з днём нараджэння. Мы жадаем Вам, нашы сябры, здароўя, натхнення ў працы і аптымізму па жыцці.

Управа МГА “ЗБС Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Мельбурн, Аўстралія

У нядзелю, 26 лістапада, Беларускі Цэнтральны Камітэт супольна з парафіяй БАПЦ Святых Віленскіх Пакутнікаў адзначылі 86-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.

Пасля святой Літургіі айцец Аляксандр і айцец Юрый адслужылі паніхіду па слуцкіх змагарах, а таксама памаліліся за ўсіх вядомых і невядомых беларусаў, што змагаліся за лепшую долю Маці-Беларусі. Затым, у прыцаркоўнай залі пачалася ўрачыстая акадэмія, прысвечаная Слуцкаму змаганню супраць камуністычнай агрэсіі. Старшыня БЦК Янка Барысевіч адкрыў акадэмію ды прывітаў прысутных. Пасля ўся зала адспявала жалобны марш “Спі пад курганам герояў”. Старшыня Федэральнай Рады БАА Аўген Груша прачытаў рэферат на тэму дня “Змаганне БНР супраць маскоўскай навалы”. На нашай шматпакутнай зямлі стаіць шмат помнікаў катам беларускага народу, а няма помнікаў для нашых герояў-случакоў, якія пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.

Далей Аўген Груша прадэкламаваў верш “Волат”, Янка Барысевіч прачытаў сваю прамову з Дзён беларускай і літоўскай культур, якія адбыліся ў Вільні 7-8 кастрычніка 2006 г. На гэтым мерапрыемстве спадар Янка Барысевіч рэпрэзентаваў беларускую грамаду Мельбурна.

Урачыстая акадэмія закончылася спяваннем беларускага нацыянальнага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Аўген Груша
Мельбурн, Аўстралія

Антверпен, Бельгія

10 снежня 2006 года група вернікаў Беларускай дыяспары ў Антверпене здзейсніла паломніцтва ў Шэветонскі мужчынскі манастыр Узвышэння Пачэснага Крыжа, дзе прыняла ўдзел ў Боскай Літургіі. Гэтым разам набажэнства адпраўлялася на грэцкай мове. Хор братоў-манахаў грэцка-бізантыйскай мелодыяй спеваў стварыў выдатную малітоўную атмасферу і ўразіў прысутных прыгажосцю нашае ўсходняе хрысціянскае традыцыі. Памаліўшыся за Беларусь, за дыяспару і свае сем’і паломнікі прычасціліся Святых Тайнаў і па меры сіл падтрымалі манастыр сваімі ахвяраваннямі.

Пасля брацкай поснай трапезы беларускія вернікі адведалі адзін з вельмі слынных сваёй прыроднай прыгажосцю і пейзажамі горад Дынант, у галоўнай царкве якога запалілі свечкі ў інтэнцыі змагароў за незалежнасць і вольнасць Бацькаўшчыны.

Парафіяльная Рада БГКЦ Уваскрэсення Хрыстовага і Святога Мучаніка Язафата Полацкага ў Антверпене

Даўгаўпілс, Латвія

Прыканцы года ЦБК арганізаваў свята моды ад Валянціны Абушкевіч – шчырага, добрага, таленавітага сябра “Уздыма”, у мінулым – доктара па адукацыі, сёння — прыхільніцы творчасці Ахматавай і Пушкіна і вельмі таленавітага чалавека ў галіне вязання кручком.

Выстава работ шаноўнай Валянціны Абушкевіч праходзіць у ЦБК не першы раз, і заўсёды яна ўражвае нас сваёй таленавітасцю. Яе калекцыя – гэта разнастайныя шалі, каўнерыкі, спадніцы, касцюмы, понча, сумачкі, пальчаткі і нават мужчынская кашуля з гальштукам. На гэты раз быў арганізаваны сапраўдны паказ мод. Мадэлямі сталі спявачкі з ансамбля “Купалінка”. Вялікае дзякуй паважанай Валянціне Пятроўне за цудоўны падарунак пад Новы год для нашых жанчын, якія ў яе ўборах яшчэ раз адчулі сябе самымі прыгожымі і непаўторнымі.

Паводле інфармацыі ад ЦБК

Даўгаўпілс, Латвія

Па запрашэнні аддзела культуры Віцебскага абласнога выканкама і дырэкцыі “Славянскага базара” творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры былі запрошаныя на майстар-клас з вядомым беларускім калектывам “Лявоніха”.

Такая сустрэча адбылася дзякуючы таму, што быў напісаны праект, які фінансаваўся сакратарыятам Міністэрства інтэграцыі сумесна з таварыствам “Уздым” і ЦБК. Першапачаткова павінны былі ехаць толькі 15 чалавек (прадстаўнікі творчых калектываў і іх кіраўнікі). Аднак кіраўніцтва “Уздыма” вырашыла зрабіць навагодні падарунак дзецям і студэнтам, якія вывучаюць беларускую мову. Яны таксама наведалі Віцебск. Наша моладзь сустрэлася за круглым сталом са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскага універсітэта імя П.М.Машэрава, таксама з дзецьмі латышскай нядзельнай школы, з якімі мы сябруем ужо больш за 10 гадоў.

Праграма была вельмі цікавай і насычанай. Віцебск пакінуў самыя цёплыя і незабыўныя ўражанні. Разам са студэнцкай моладдзю мы наведалі драматычны тэатр, паглядзелі цудоўную камедыю “Фламінка”, потым была экскурсія па горадзе.

Паводле інфармацыі ад ЦБК

Вільня, Літва

16 снежня ў Вільні было адзначана 15-годдзе Балтыйскай Асамблеі на гадавой сустрэчы Асамблеі з Саветам міністраў Паўночных краінаў. У часе юбілейнай 25-й сесіі Балтыйскай Асамблеі на пленарным пасяджэнні абмяркоўвалася тэма супрацоўніцтва балтыйскіх краінаў з новымі суседзямі Еўрасаюза дзеля пашырэння дэмакратычнага досведу. Сярод гасцей, што прывіталі адкрыццё юбілейнай сесіі, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Паводле афіцыйнага паведамлення, у ліку 18 дакументаў, што былі прынятыя на сесіі Балтыйскай Асамблеі, два датычыцца Беларусі. Звязаныя яны з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі і падтрымкай супрацоўніцтва ў справе дэмакратыі з новымі суседзямі Еўрасаюза, у ліку якіх і Беларусь.

Паводле радыё “Свабода”

Вільня, Літва

15-16 снежня ў Вільні праходзіла канферэнцыя “Агульнанацыянальныя праблемы Беларусі напярэдадні выбараў і магчымасці супрацоўніцтва дзеля іх вырашэння”.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі сябра Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Барт ван Вінсэн, прадстаўнік Савета Еўропы Пламэн Нікалаў, старшыня Палітсавета Аб’яднаных дэмсіл Аляксандр Мілінкевіч, лідэр ПКБ Сяргей Калякін, іншыя палітычныя дзеячы з Беларусі. Канферэнцыю арганізаваў Літоўскі фонд абароны грамадзян супольна з Радай Еўропы і Нацыянальным камітэтам Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Гэта канферэнцыя ладзіцца ў межах вялікага праекту “Платформа супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

На канферэнцыі абмяркоўваліся сацыяльна-эканамічныя наступствы павышэння коштаў на газ для Беларусі, праблема энергетычнай бяспекі, а таксама праблемы эфектыўнасці супрацоўніцтва палітычных сіл і грамадзянскай супольнасці як ў часе выбараў, так і пасля выбараў у Беларусі. Таксама разглядаліся праблемы міжнароднага аўтарытэта Беларусі і перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва, прапановы Еўрапейскага Саюзу для Беларусі. Пры канцы адбыўся круглы стол па тэме “Варыянты дзеянняў дэмакратычных сіл Беларусі ва ўмовах магчымага крызісу”.

Паводле радыё “Свабода”

Новасібірск, Расія

Бязмежныя творчыя магчымасці майстроў паказаў абласны фэст беларускіх мастацкіх рамёстваў, які нядаўна прайшоў у Новасібірску. Арганізаваны ён быў дэпартаментам культуры Новасібірскай вобласці і абласным Цэнтрам беларускай культуры, а ўдзел у ім прыняло больш за 80 майстроў з 13 раёнаў.

Сапраўдным святам стаў заключны этап фэсту, дзе былі прадстаўленыя лепшыя з лепшых. А папярэднічала гэтай феерыі тры этапы дбайнага адбору, з верасня па лістапад.

За 6 гадоў існавання абласнога Цэнтра беларускай культуры такі грандыёзны агляд рукадзельнага майстэрства быў арганізаваны ўпершыню. Фэст выявіў сапраўдную скарбніцу талентаў у самых далёкіх кутках вобласці, дзе пражываюць этнічныя беларусы. Бо яны здаўна займаліся мастацкай апрацоўкай дрэва, керамікай, гафтам і ткацтвам, каваннем металу. А вырабы з лёну, саломкі і бяросты – найболей тыповыя ў іх мастацкім рашэнні.

Такія сустрэчы – найлепшая магчымасць абмяняцца вопытам, падзяліцца творчымі сакрэтамі. І за гэтую магчымасць ўдзельнікі шчыра дзякавалі дырэктару Цэнтра беларускай культуры Ніне Васільеўне Кабанавай, галоўнаму арганізатару гэтага фэсту. Нялёгкая задача была і ў журы, але без узнагароды і падзякі не застаўся ні адзін удзельнік.

Адзначым, што ўдзельнічалі ў фэсце не толькі этнічныя беларусы, але і шматлікія сібіракі, і тут трэба казаць аб узаемапранікненні культур, якое ярка выявіла заключная канцэртная праграма, дзе прынялі ўдзел беларускія і рускія калектывы, гучалі беларускія і рускія мелодыі. Як заўсёды, уразілі сваім майстэрствам Качанёўскі вакальны ансамбль “Чапурушка”, “Дабрадзея” з Паўночнага, моладзевы ансамбль “Крынічка” Цэнтра беларускай культуры і іншыя.

Значнасць мінулай фестывальнай імпрэзы была пацверджаная і шматлікімі прывітаннямі і віншаваннямі ў адрас удзельнікаў і гасцей ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага Міністэрства культуры Беларусі, пасольства Беларусі ў Расіі.

Фестываль стаў сапраўдным адкрыццём новай старонкі самабытных беларускіх рамёстваў. А ў дырэктара Цэнтра беларускай культуры зараз новы клопат: забяспечыць усіх таленавітых творцаў адмысловай літаратурай, відэаматэрыяламі, арганізаваць майстар-класы з запрашэннем адмыслоўцаў з гістарычнай Радзімы – Беларусі. Павінна атрымацца і гэта!

Інфармацыя ад Цэнтра беларускай культуры ў Новасібірску

Ялта, Украіна

9 снежня споўнілася 115 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Магіла беларускага паэта на старых ялцінскіх могілках была ўпрыгожана бел-чырвона-белым сцягам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Над помнікам паэта “ляціць” Пагоня, усталяваная 9 снежня 2001 года. У 115-ю гадавіну нараджэння паэта да яго магілы прыйшлі сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня”.

Старшыня Севастопальскага аб’яднання “Пагоня” Валерый Барташ прачытаў верш паэта “Пагоня” і паведаміў, што ў Севастопалі ёсць хатні міні-музей “Пагоня”, дзе можна пабачыць карціну вядомага беларускага мастака Алеся Марачкіна “Я не самотны”, на якой паэт з кнігай сваіх вершаў “Вянок” перад смерцю. Ёсць кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, літаратура па мастацтве і геральдыцы Беларусі.

“Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць! Жыве Беларусь!” — разнеслася над старымі кіпарысамі могілак. Прагучала малітва аб Беларусі, гарэлі памінальныя свечкі... У гэты момант і ў гэтым святым месцы ўсе прысутныя, хто нясе Пагоню ў сэрцы і бел-чырвона-белы сцяг у руках, адчувалі, што Жыве Беларусь!

Валерый Барташ,
Старшыня Севастопальскага аб’яднання “Пагоня”

Прага, Чэхія

Беларускі цэнтр у Празе выдаў CD-ROM па выніках сваёй васьмігадовай дзейнасці.

На ім змешчаны архіў артыкулаў са старонак www.belcentrum.org, зборнік “Трансфармацыя – чэшскі досвед”, пераклады 21 чэшскага трансфармацыйнага закона і каментар да іх.

Хто хоча атрымаць CD-ROM Беларускага цэнтра па пошце, могуць яго замовіць, на адрэс ilia.hlybouski@peopleinneed.cz .

belcentrum.org
2006. 07 снеж.

ВЕСТКІ

Грамадства

***

15 снежня ў Маскве завяршылася пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Спачатку адбылася гутарка Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў фармаце адзін на адзін, затым пасяджэнне працягнулася з удзелам урадавых дэлегацый двух краін. Падчас пасяджэнняў былі прынятыя саюзны бюджэт і праграма працы ў галіне знешняй палітыкі на 2006-2007 гады.

Нагадаем, што адзіная валюта і Канстытуцыйны акт знятыя з парадку дня Вышэйшга дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым паведаміў яшчэ 13 снежня намеснік кіраўніка прадстаўніцтва камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль Камісарчук. У той жа час спікер Дзярждумы Барыс Грызлоў дадаў, што ў кіраўніцтва Беларусі і Расіі няма адзінага меркавання аб тым, якімі павінны быць кіруючыя органы Саюзнай дзяржавы, таму рашэнне гэтых пытанняў адкладаецца.

Пры гэтым, як паведамляюць 13 снежня “Вести” са спасылкай на Интерфакс, крыніца ў Крамлі адзначае, што прэзідэнт Беларусі Лукашэнка традыцыйна працівіцца абмеркаванню пэўных параметраў Саюзнай дзяржавы, разумеючы, што раўназначнай свайму цяперашняму пасту пасады ў выніку аб’яднання не атрымае.

Паводле Интерфакс, “Вести” і
telegraf.by

***

Перамовы 15 снежня паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі прайшлі няўдала для беларускага боку, паведамляе “КоммерсантЪ”. Прэзідэнту Беларусі, як зазначаецца, “не атрымалася ні на адзін цэнт знізіць новы кошт расійскага газу” для сваёй краіны. Падчас трохгадзінных перамоў з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка таксама не змог адмяніць пастанову расійскага ўрада, паводле якой з 2007 года на нафту для Беларусі будуць адмененыя льготныя пошліны.

Сведчаннем таго, што перамовамі з прэзідэнтам Расіі беларускі бок не здаволены, стала адмена сумеснага прэзідэнцкага абеду, а таксама запланаваная паездка ў новы лёдавы палац на Хадынскім полі. У сувязі з карэкціроўкай плану знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай сталіцы быў таксама адменены ўдзел беларускага лідэра ў хакейным матчы.

Паводле “КоммерсантЪ”
2006. 16 снеж.

***

Старшыня Савета па знешняй і абароннай палітыцы Расіі Сяргей Караганаў перакананы, што Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі — гэта фікцыя. Па меркаванні Сяргея Караганава, які з’яўляецца таксама намеснікам дырэктара Інстытута Еўропы РАН, “ніякага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы не адбываецца”.

“Чым раней мы пачнем праводзіць цвёрдую эканамічную палітыку ў дачыненні да рэжыму, тым лепш. Хоць гэта трэба было зрабіць гадоў на пяць таму”, — заявіў Сяргей Караганаў у інтэрв’ю агенцтву Росбалт.

Напярэдадні гэтай заявы Сяргей Караганаў падкрэсліў у інтэрв’ю штотыднёвіку “Белгазета”, што “Расія ўжо зараз цалкам расчаравалася ў сваіх надзеях на канструктыўнае ўзаемадзеянне з беларускім кіраўніцтвам”.

Пры гэтым Сяргей Караганаў дадаў, што як Расія, так і краіны Заходняй Еўропы не робяць значных крокаў у бок таго, каб змяніць палітычную сітуацыю ў Беларусі. “Нярэдка мы бачым, што трагічны лёс Беларусі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах асобныя палітычныя кругі Польшчы і іншых краін. Я не бачу істотнай дапамогі Беларусі з боку Захаду”, — сказаў Сяргей Караганаў.

Паводле Росбалт, “Белгазета” і telegraf.by
2006. 15 снеж.

***

12 снежня ў Страсбургу на сесіі Еўрапарламента лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Прысуджэнне прэміі лідэру беларускай апазіцыі Еўрапейскія парламентарыі назвалі “рашучым сігналам” для Лукашэнкі, што Еўрасаюз “не забыўся пра сітуацыю на Беларусі”.

Але ад грашовай часткі прэміі, якая складае 50 тысяч еўра, Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся. Ён заявіў, што Еўрапарламент можа перадаць гэтыя грошы на падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі.

Выступаючы перад дэпутатамі Еўрапарламента, Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што “гэта прэмія належыць і Аляксандру Казуліну, Змітру Дашкевічу, Паўлу Севярынцу, Міколу Статкевічу, Андрэю Клімаву ды ўсім іншым палітзняволеным у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасці Еўропы да сітуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сімвал прызнання еўрапейскай будучыні Беларусі”.

Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Еўрапарламентам у 1998 годзе і прысуджаецца штогод за “дасягненні ў справе абароны правоў чалавека ды яго асноўных свабод, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства і развіццё дэмакратыі”. Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламента альбо група дэпутатаў. Вылучэнне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента “Еўрапейская народная партыя – еўрапейскія дэмакраты”.

Паводле радыё “Свабода”
2006. 12 снеж.

***

Аляксандр Казулін удзячны за салідарнасць і падтрымку

15 снежня, пасля працяглай забароны адміністрацыяй калоніі на сустрэчы з Аляксандрам Казуліным, палітык нарэшце сустрэўся з адвакатам Ігарам Рынкевічам.

Ён так распавёў аб сваіх уражаннях ад сустрэчы з Аляксандрам Казуліным: “Я ў шоку. Аляксандр Уладзіслававіч зняў кашулю, перада мной стаялі косці, абцягнутыя скурай, – канцлагер. Я рыхтаваўся да сустрэчы, але не чакаў пабачыць такое. У натоўпе я б проста прайшоў паблізу, не пазнаўшы яго... Казулін прыпыніў галадоўку. Ён сказаў, што чакае заявы Еўрасаюза і спадзяецца на выступ Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН да Каляд. Зараз ён п’е сокі. На самаадчуванне не скардзіцца. Вага 63 кг, зараз стабілізавалася, не падае”.

А.Казулін: “У выпраўленчай калоніі зразумелі, што я паміраю. Двойчы на дзень мяне аглядалі медыкі. Крытычная рыса была пройдзеная. Апошнія 10 дзён я дужаўся, каб мая прытомнасць была пад кантролем. Я трымаўся на сіле духа, веры ў Бога, вышэйшую справядлівасць”.

Аляксандр Казулін звярнуўся да грамадзян Беларусі, людзей свету, добрай волі з падзякай за салідарнасць і падтрымку ў яго барацьбе. Менавіта гэта давала яму неверагодную сілу ў перыяд працяглай галадоўкі.

Аб заяве А.Казуліна пра выхад з галадоўкі

11 снежня 2006 г. у 16.00 гадзін А.Казулін падаў афіцыйную заяву ў адміністрацыю калоніі № 3 аб выхадзе з галадоўкі. У гэтай заяве ён паказаў, што ён “…шчыра рады, што ў шырокім асяроддзі дэмакратычных сіл азначыліся добрыя зрухі. Разам з тым у мяне выклікае заклапочанасць той факт, што не ўсе лідэры дэмакратычнай апазіцыі могуць падняцца над уласнымі інтарэсамі і на справе, а не на словах гатовыя перайсці да рашучых канкрэтных дзеянняў.

Я яшчэ раз настойваю на фармаванні Урада народнага даверу і неадкладным прыняцці ім поўнай легітымнасці ўлады на сябе. Я удзячны Радзе БНФ, Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Івонцы Сурвілле асабіста за распачатыя дзеянні ў гэтым накірунку”.

Паводле прэс-службы А. Казуліна

***

Рэдакцыі выданняў “Gazeta Wyborcza”, “SME”, “Lidove Noviny” і “Lietuvos Rytas” звярнуліся з адкрытым лістом да сваіх урадаў з просьбай садзейнічаць вызваленню экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. У лісце гаворыцца, што “адзіная віна Казуліна, за якую яго пасадзілі на пяць з паловай гадоў, у тым, што ён адважыўся кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку”.

“Казулін праводзіў галадоўку ў калоніі 53 дні. Ён жадаў прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да парушэння правоў чалавека і асноў дэмакратыі ў яго краіне. У лісце да жонкі некалькі дзён назад ён напісаў, што жадае вывесці Беларусь са “стану багны” і разлічвае на рэакцыю палітыкаў. На днях Казулін паведаміў жонцы, што спыняе галадоўку. Аднак за сваю палітычную дзейнасць ён застаецца за кратамі на наступныя пяць гадоў”, – напісана ў адкрытым лісце.

“Мы не можам з гэтым пагадзіцца. Таму мы патрабуем ад нашых урадаў і парламентарыяў, каб яны неадкладна запатрабавалі ад кіраўніцтва Беларусі вызвалення Аляксандра Казуліна. Давайце разам устанем на абарону правоў чалавека, які гатовы на самыя сур’ёзныя ахвяры дзеля сваіх перакананняў”, – заклікалі свае Урады выданні чатырох краін.

Паводле “Хартыя 97” і telegraf.by
2006. 14 снеж.

***

У выпадку правядзення рэферэндуму аб аб’яднанні Беларусі і Расіі Злучаныя Штаты Амерыкі не прызнаюць яго вынікі. Аб гэтым 13 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла пасол ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт.

“Любое рашэнне аб стварэнні саюза дзвюх дзяржаў павінна рэалізоўвацца ў такіх умовах, каб міжнародная супольнасць была ўпэўнена, што гэты шлях абраны грамадзянамі краін абсалютна добраахвотна. Гэтая першая ўмова для таго, каб такі рэферэндум быў прызнаны. Прыняцце Акту аб дэмакратыі ў Беларусі гаворыць аб тым, што Кангрэс ЗША лічыць, што пры сапраўдных умовах у Беларусі такі рэферэндум прызнаны быць не можа”, — заявіла Карэн Сцюарт.

Таксама Злучаныя Штаты Амерыкі маюць намер выкарыстаць любы выпадак для абмеркавання сітуацыі з развіццём дэмакратыі і правамі чалавека ў Беларусі, заявіла надзвычайны і паўнамоцны пасол ЗША у Беларусі: “Калі з’яўляецца падстава, мы завем гэта “зачэпкай”, мы падымаем гэтае пытанне”, — сказала К.Сцюарт, гаворачы аб узняцці беларускага пытання на пасяджэнні Савета бяспекі ААН. “Выпадак Казуліна быў найболей крытычным у той момант”, — адзначыла пасол. Пры гэтым яна падкрэсліла, што “адказнасць за вынясенне прысуду Казуліну ляжыць на ўрадзе Беларусі”.

Паводле АФН
2006. 13 снеж.

***

У Нью-Йорку нечакана сарваўся чарговы раунд кансультацый па пытанні атамнай праграмы Ірана. На закрытым пасяджэнні Савета Бяспекі ААН прадстаўнік Злучаных Штатаў Уільям Брэнкік прапанаваў разгледзець на паседжанні Савета пытанне аб галадоўцы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак прадстаўнік Расіі Васіль Чуркін катэгарычна запярэчыў і пакінуў залю пасяджэнняў. Пасол Кітая ў ААН Ван Гуань патлумачыў журналістам: “Расійскі калега сказаў, што павінен атрымаць інструкцыі ад свайго ўраду ў справе сітуацыі ў Беларусі”. Са словаў Чуркіна, пасля нечаканага ўзгаду пра Беларусь перамовы па іранскім пытанні не маглі пайсці канструктыўна. У выніку планаванае абмеркаванне іранскай ядзернай праграмы было адкладзенае.

Як вядома, галадоўкай Аляксандр Казулін дамагаўся ад усіх дэмакратычных урадаў Еўропы і свету, генеральнага сакратара ААН вынясення на разгляд Савета Бяспекі ААН пытання аб Беларусі.

Варта адзначыць, што ў Савеце Бяспекі ААН беларускае пытанне загучала ўпершыню ў гісторыі.

Паводле “Наша Ніва”
2006. 13 снеж.

***

17 снежня ў Чарнігаве ва Украіне распачаўся ўстаноўчы з’езд Саюза левых партый Беларусі. Згаданы саюз утвараюць чатыры палітычныя сілы краіны: Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ды жаночая партыя “Надзея”.

Першапачаткова планавалася, што ўстаноўчая канферэнцыя адбудзецца ў Доме культуры Мінскага трактарнага завода, але кіраўніцтва ўстановы скасавала дамову аб арэндзе за некалькі дзён перад запланаваным спатканнем. Па меркаванні лідэра ПКБ Сяргея Калякина, рашэнне аб адмове падаваць палітычным партыям памяшканне ў Доме культуры было прынята на ўзроўні Галоўнага ідэалагічнага кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар ПКБ Сяргей Вазняк, былі выпадкі, калі актывісты, якія накіроўваліся на сустрэчу, былі наўпрост знятыя з цягнікоў і аўтобусаў. Затрымліваліся таксама аўтамабілі некаторых сябраў партыі.

Падчас устаноўчага з’езду ва Украіне беларускія левыя аб'ядналіся. Устаноўчую дамову аб стварэнні Саюза левых партый Беларусі падпісалі лідэры згаданых партый. Дэлегаты прынялі статут аб’яднання, праграмную заяву і заяву ў падтрымку экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідэра БСДП (Грамада) Аляксандра Казуліна, а таксама абралі яго ганаровым старшынёй Саюза левых партый.

Паводле polskieradio.pl і telegraf.by

***

Беларускія дзеці не паедуць у Італію. Такое рашэнне прынялі Міністэрства замежных спраў Італіі разам з Міністэрствам сям’і і асацыяцыяў. Цяпер беларускія дзеці, якія мелі намер наведаць Італію на Божае Нараджэнне і Новы Год, застануцца ў Беларусі.

Рашэнне італьянскіх улад з’яўляецца рэакцыяй на забарону беларускага ўраду аб выездзе на аздараўленне у Італію беларускіх сірот. Як зазначыла дырэктар фундацыі “Дрэва жыцця” Анна Шорап, “калі магчымасці на аздараўлення пазбаўленыя сіроты, якім найбольш патрэбна сямейнае цяпло, то італьянцы не маюць права запрашаць да сябе лепш забяспечаных дзяцей”.

Перад пасяджэннем прадстаўнікоў згаданых італьянскіх дзяржаўных установаў да беларускіх уладаў быў скіраваны адмысловы ліст з гарантыямі вяртання на радзіму ўсіх сірот, што будуць адпачываць у Італіі. Аднак адказу італьянцы так і не дачакаліся. Беларускі бок запэўнівае, што ніякага ліста з Італіі не было. Штогод Італія прымала каля 45% усіх беларускіх дзяцей, якія выязджалі на аздараўленне ў розныя краіны свету.

polskieradio.pl
2006. 17 снеж.

***

Пасольства Літвы абвясціла аб увядзенні папярэдняга запісу на атрыманне віз. Прадстаўнікі пасольства аргументуюць новы парадак вялікімі чэргамі людзей, што жадаюць выехаць у Літву. Па меркаванні супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтва, папярэдні запіс заахвоціць беларусаў загадзя планаваць паездку ў Літву.

Пры гэтым у пасольстве падкрэсліваюць, што папярэдні запіс здзяйсняецца толькі ў будынку дыппрадстаўніцтва, іншыя спробы запісу сапраўднымі лічыцца не будуць. Ён будзе праводзіцца па будных днях з 10:00 да 13:00.

Паводле БелТА
2006. 14 снеж.

***

Упраўленне ўнутраных спраў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска даслала на адрас пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” ліст з адмовай у завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста СТБ Людмілы Джураевай. У іску пратэстантам было адмоўлена, “бо ў дзеяннях апошніх адсутнічаюць прыкметы злачынства”.

Прадстаўнікі царквы “Новае жыццё” патрабавалі распачаць крымінальную справу ў дачыненні да аўтара тэлевізійных сюжэтаў (Людмілы Джураевай) аб царкве “Новае жыццё” на тэлеканале “Сталічнае тэлебачанне”, якія выйшлі ў эфір 14 і 15 кастрычніка 2006 года, а таксама ў дачыненні да ўдзельнікаў гэтага сюжэту – кіраўніка аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінгарвыканкама Алы Рабцавай і кандыдата гістарычных навук Івана Янушкевіча.

“Мы лічым гэтыя рэпартажы паклёпам, паколькі факты, выкладзеныя ў іх, не адпавядаюць рэчаіснасці і носяць правакацыйны характар. У выніку грубіянскага мантажу маіх слоў у рэпартажы СТБ прагучала выказванне, сэнс якога зводзіцца да таго, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту (пратэстанты праводзілі “пост-галадоўку” з 4 да 28 кастрычніка) абавяжуцца галадаць да смяротнага выніку”, — заявіў раней юрыст царквы Сяргей.

У лісце УУС Цэнтральнага раёна Мінска таксама згадваецца, што пратэстанты маюць права абскардзіць прынятае рашэнне ў пракуратуры Цэнтральнага раёна горада Мінска альбо звярнуцца з іскавай заявай аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі ў суд, у парадку грамадзянскага судаводства, паведамляе “Хартыя 97”.

Паводле “Хартыя 97” і telegraf.by
2006. 13 снеж.

***

Пашырэнне Шэнгенскай зоны пачнецца праз год. Сабраныя на саміце 15 снежня прадстаўнікі краінаў-чальцоў Еўрасаюза пацвердзілі дату пашырэння Шэнгенскай зоны. Адмена кантролю на памежных пераходах пачнецца 31 снежня 2007 г. пры ўмове, што будуць выкананы ўсе патрабаванні, звязаныя з ажыццяўленнем Шэнгенскіх дамоваў. Ацэняць гэта саюзныя міністры ўнутраных спраў. Такім чынам рашэнне аб далучэнні новых краінаў да Шэнгенскай зоны не будзе аўтаматычным. Кожная дзяржава будзе ацэненая асобна. Магчыма, што не ўсе далучацца да зоны адначасова.

polskieradio.pl
2006. 15 снеж.

Эканоміка

***

20 снежня Савет ЕС вырашыў пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцыяў – рашэнне ўвойдзе ў сілу праз 6 месяцаў.

Рашэнне аб выключэнні Беларусі з Усеагульнай сістэмы гандлёвых прэферэнцыяў (GSP) было ўзгоднена на сустрэчы паслоў краінаў Еўрасаюзу ў Бруселі, а пазней зацверджана міністрамі сельскай гаспадаркі дзяржаў аб’яднанай Еўропы, якія бяруць удзел у пасяджэнні Савета ЕС. Аргументавана рашэнне тым, што ў Беларусі “працягваюцца сістэматычныя парушэнні правоў працоўных”. Таму праз 6 месяцаў будуць падвышаны пошліны на беларускія тавары, якія экспартуюцца ў краіны ЕС.

Паводле падлікаў выдання “EU observer” пазбаўленне Беларусі гандлёвых прэферэнцый датычыць вартага прыкладна 400 мільёнаў еўра ў год экспарту перадусім дрэва, тэкстыльных вырабаў і сыравіны.

Супраць пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцыяў выказваліся Літва і Польшча, а раней Латвія і Італія, заяўляючы, што такі крок ўдарыць не па прадстаўніках рэжыму, але па звычайных беларусах, аднак супраціву гэтых краінаў аказалася недастаткова.

Паводле радыё “Свабода” і bez.unija.info
2006. 20 снеж.

***

Канада ўвяла гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі. З адпаведнай заявай выступіў міністр замежных спраў Канады Пітэр Маккей. У адпаведнасці з рашэннем канадскіх улад, для экспарту з Канады ў Беларусь любых тавараў, за выключэннем гуманітарнай дапамогі, неабходна экспартная ліцэнзія.

Як адзначыў у сваёй заяве міністр замежных спраў Канады, увядзенне санкцый выклікана неабходнасцю аказаць ціск на беларускія ўлады для ажыццяўлення дэмакратычных ператварэнняў у рэспубліцы. У заяве таксама ўказваецца, што сакавіцкія выбары прэзідэнта Беларусі ўлады заходніх краін прызналі нелегітымнымі.

У жніўні 2006 г. урад Канады распачаў крокі па спыненні гандлёвых адносін з Беларуссю пасля месяца крытыкі ў адрас беларускага кіраўніцтва ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў краіне і зняволеннем экс-кандыдата Казуліна. Урад Канады выявіў тады намер уключыць Беларусь у “Тэрытарыяльны кантралюючы спіс”, у які на сённяшні дзень уваходзяць толькі М’янма (Бірма) і Беларусь.

Паводле telegraf.by
2006. 18 снеж.

***

21 снежня ў Кіеве Беларусь і Украіна заключылі энергетычны кантракт, падпісалі дакументы аб пастаўках у Беларусь украінскай электраэнергіі ў першым паўгоддзі 2007 г.

З боку Украіны кантракт падпісаў прэзідэнт “Укрінтэрэнерга” Мікалай Пашкевіч. У першым паўгоддзі Украіна мае паставіць у Беларусь 1,5 млрд. кілават-гадзінаў – у першыя два месяцы па $ 0,43 за кілават-гадзіну. Потым кошты будуць зніжацца.

У 2007 годзе агульны аб’ём паставак можа дасягнуць 3,5 млрд. кілават-гадзінаў, а сярэдні гадавы кошт складзе $ 0,25 за кілават-гадзіну, што не нашмат болей, чым сёлета.

Радыё “Рацыя”
2006. 22 снеж.

Культура

***

Біл Гейтс выдаў беларускія калыханкі. Музыку да 11 калыханак напісаў Зміцер Вайцюшкевіч у суаўтарстве з паэтамі Уладзімірам Някляевым, Рыгорам Барадуліным, Леанідам Дранько-Майсюком і Алесем Камоцкім. Асобным бонусам дададзены старажытная габрэйская калыханка, якую спявае Аляксандр Памідораў, песня Юрыя Вудронка “Курка-раба” і “Мільярды зорак” ад “Нэа”.

Ідэя праекту належыць Дзіцячаму фонду ААН ЮНІСЭФ у Беларусі, які сёлета адзначае 60-годдзе, а спонсарам дадзенага праекту па лініі ААН ЮНІСЭФ выступіў Біл Гейтс.

Праект некамерцыйны, дыск у продаж не паступіць. Але ўжо на праваслаўныя Каляды ў інтэрнеце з’явіцца сайт www.lala.telecom.by, адкуль можна будзе бясплатна спампаваць песні-калыханкі.

Паводле “Комсомольская правда” в Белоруссии”
2006. 13 снеж.

***

“Свабодны тэатр” намініравалі ў Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.

Як адзначыў рэжысёр тэатра Уладзімер Шчэрбань, гэта вельмі прыемна і прэстыжна, што “Свабодны тэатр” інтэгруецца ў еўрапейскі тэатральны кантэкст.

Тэатральную канвенцыю стварылі ў 1988 годзе – на сёння яна аб’ядноўвае 35 тэатраў з 23 краінаў. Мэта канвенцыі ў абмене ідэямі, адмыслоўцамі і спектаклямі для паляпшэння інтэркультурных ведаў. Аб’яднанне таксама рэалізуе адукацыйныя праграмы, праводзіць прэстыжныя фестывалі. Галасаванне па прыёме новых сяброў адбудзецца вясною ў грэцкіх Салоніках.

Нагадаем, што “Свабодны тэатр” не мае сваёй пляцоўкі ў Беларусі і яго выступы забаронены.

Паводле dramaturg.org і радыё “Рацыя”
2006. 21 снеж.

***

У Гародні выдадзена даследаванне пра гістарычнасць беларускасці

Маладыя гарадзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Дзяніс Нарэль выдалі новую кнігу пад назовам “Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай”. Гэта першы вынік даследавання гісторыі ўсталявання беларускасці ў Гарадзенскім рэгіёне ў міжрэччы Ласосны і Чорнай Ганчы на памежжы з Польшчай і Літвой.

Аўтар Дзяніс Нарэль распавёў пра кнігу: “Спрабуем мясцоваму насельніцтву сказаць пра тое, што гэты рэгіён мае больш складаную гісторыю, і ягоныя карані ляжаць у беларускай нацыянальнай культуры”.

Андрэй Вашкевіч даводзіць, што ідэя кнігі – высветліць сапраўдную гісторыю мястэчка Сапоцкін. Адказаць на пытанне, як канфесійныя змены цягам стагоддзяў прыводзілі да фарміравання этнічнай свядомасці мясцовага насельніцтва.

Дарэчы, для Андрэя Вашкевіч і Дзяніса Нарэля Сапоцкаўшчына – родная мясціна.

У паэме “Пан Тадэвуш” Адам Міцкевіч пісаў менавіта пра беларускую шляхту ў мястэчку Сапоцкін між рэкамі Ласоснай і Чорнай Ганчай.

Паводле радыё “Свабода
2006. 14 снеж.

Аб’явы

Рыхтуецца літаратурны дадатак газеты “Беларус”

Рэдакцыя газеты “Беларус” пачынае падрыхтоўку да выдання літаратурнага дадатку да газеты. Гэта будзе зборнік мастацкіх твораў у выглядзе “тоўстага” часопісу.

Змясціць свае творы ў зборніку маюць права ўсе аўтары, якія пішуць па-беларуску ў самых розных літаратурных накірунках. Адзінае патрабаванне – аўтар павінен жыць па-за межамі Беларусі. Ёсць задума выдаваць такі зборнік штогод.

Плануемы час выхаду гэтага зборніка ў свет – сярэдзіна 2007 году. Свае творы аўтарам найлепш дасылаць у рэдакцыю электроннай поштай на адрас: hazetabielarus@att.net

У выключных выпадках, калі аўтары не маюць доступу да сусветнага сеціва, творы можна даслаць поштаю запісанымі на СD ці DVD альбо надрукаванымі на паперы на адрас рэдакцыі:

BIELARUS / P. O. Box 3225 / Farmingdale, NY 11735 USA

Тэксты пажадана пісаць тарашкевіцай. Творы напісаныя наркамаўкай, у зборніку будуць надрукаваныя тарашкевіцай. Кожнаму аўтару, які вырашыць даслаць творы для зборніка, пажадана таксама даслаць свой невялікі партрэтны здымак і кароткую аўтабіяграфію (па жаданню і дадатковую інфармацыю пра сябе, якую аўтар хоча паведаміць сваім чытачам).

Апошні тэрмін для дасылкі твораў 31 траўня 2007 года.

Пасля выхаду зборніка ў свет кожны аўтар атрымае адзін асобнік зборніка бясплатна. Аўтары пры жаданні таксама будуць мець магчымасць замовіць дадатковую колькасць асобнікаў па сабекошце (які будзе паведамлены ім пазней).

Ганарараў аўтарам рэдакцыя “Беларуса”, на жаль, выплачваць не можа, бо не з’яўляецца камерцыйным выданнем, а існуе выключна дзякуючы падтрымцы падпісчыкаў і ахвярадаўцаў. Жадаем поспехаў!

Рэдакцыя газеты “Беларус”

Змена адрасу ФРБА ў Аўстраліі

Паважаныя прадстаўнікі дыяспары, звярніце ўвагу.

Са студзеня 2007 года змяняецца адрас Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі (The Federal Council of Belarusian Organization in Australia):

8 Willis Street, Yaraville,

Vic. 3013, Australia

маб. тэл. 0403 868 319

Адрас Прэзідэнта Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі (The Federal Council of Belarusian Organization in Australia) Аўгена Грушы:

Eugene Hrusza

1212 Midland HWY,

Sulky, Vic. 3352

Australia

Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак" запрашае на Каляды-2007!

Святкаванне адбудзецца 13 студзеня 2007 г. у Вялікай залі Дома Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (Рыга, вул. Слокас, 37). Пачатак у 14 гадзін.

Каб добра прабавіць час ды годна пачаставаць калядоўшчыкаў, традыцыйна не пашкодзіць прыхапіць з сабою кошык да святочнага стала.

Даведкі па тэл. 726-12-26, 26-842-400

 

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by