Пяты iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусы ў свеце"

Змест:

Юбiлеi

У ліпені 2002 года сусветная грамадскасць будзе адзначаць 200-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі - ураджэнца Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, славутага геолага, даследчыка Чылі, вучонага з сусветным імем, які зрабіў каштоўны ўклад у навуку, адукацыю і культуру. Лёс І. Дамейкі акрамя Беларусі цесна звязаны з Польшчай, Літвой, Францыяй і асабліва з Чылі. Чылійскі ўрад абвясціў Ігната Дамейку нацыянальным героем. Яго імем названы горад, пасёлак, універсітэт, нацыянальная бібліятэка ў Чылі. Прынята рашэнне ўключыць юбілей І. Дамейкі ў каляндар памятных дат ЮНЭСКО.

"Культура". 2002. 23 - 29 сак.

ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў ЗАМЕЖЖЫ

Аўстралія, шт. Вікторыя

31 сакавіка Беларускі цэнтральны камітэт у Вікторыі супольна з парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы святых Віленскіх мучанікаў адзначылі 84-я ўгодкі абвяшчэння БНР. Гэты дзень беларусамі Аўстраліі адзначаўся як дзень адраджэння і шлях да волі і незалежнасці. Пасля заканчэння літургіі а. А. Кулакоўскі адслужыў малебен за беларускі народ, адбылося ўрачыстае святкаванне. Старшыня ВЦК у Вікторыі, сп. П. Гуз, павітаў усіх прысутных і прачытаў шматлікія прывітанні, дасланыя з розных краін свету, суполак і арганізацый у Аўстраліі. Алег Шнэк прачытаў рэферат. На заканчэнне адбылася мастацкая частка, дзе асаблівую цікавасць выклікалі вершы, прачытаныя самім аўтарам А. Холадам, усе праспявалі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

А. Шнэк

шт. Адэлаіда

Традыцыйна адправiлi святкаванне БНР беларусы Адэлаіды ў Банайтан-парку, што ппобач з Адэлайд-сiцi. Малiтвамi адкрыў Дзень Незалежнасцi Беларусi а. Мiхаiл Бурнос. Прысутныя праспявалi "Магутны Божа" i "Мы выйдзем шчыльнымi радамi". Сакратар БА сп. Жаркоў зачытаў вiншаваннi ад фэдэральнай рады, ад БНФ i ад Таварыства беларускай мовы.

В. Кавалеўскі

Бельгія

Святкаванне 84-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі правялі ў Бельгіі ў нядзелю 24 сакавіка разам з новымі эмігрантамі, якія ўсю арганізацыю ўзялі на сябе. Сп. Ігар Лазарук, які ўзначальвае новапрыбылых у Бельгію беларусаў, на адкрыцці прывітаў усіх. Янка Жучка ў свой час павіншаваў усіх прысутных з вялікім нацыянальным святам і падкрэсліў ягоную нацыянальную каштоўнасць, перадаў прывітанні ад Івонкі Сурвіллы і іншых асоб і арганізацый. Сп. Арэшка выступіў з дакладам па гісторыі Беларусі.

Я. Жучка

ЗША, Чыкага

Урачыста адзначаўся Дзень Волі ў чыкагскім Беларускім рэлігійным і культуральным цэнтры пры каталіцкім храме Хрыста Збаўцы. Напачатку а. Джон Макданел прачытаў малітву за беларускі народ і Беларусь. Святкаванне пачалося праслухоўванем амерыканскага гімна і выкананнем беларускага гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Святочную цырымонію вёў доктар Эл Талавер. З прывітальным словам ад імя Беларускага каардынацыйнага камітэта ў Чыкага да прысутных звярнуўся ветэран беларускага руху доктар Вітаўт Рамук. Мастак Анатоль Упарт прачытаў верш беларускага паэта Алеся Пісарыка, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму. Пра гісторыю свята і яго значэнне гаварыў у рэфераце журналіст Ванкарэм Нікіфаровіч. Адбыўся вялікі канцэрт кампазітара і спевака Міхася Клейнера. У залі была разгорнута вялікая выстава новых беларускіх кніг, газет, часопісаў. Завяршылася святкаванне выкананнем песні "God Bless America", пры гэтым было ўзгадана, што аўтар яе, Ірвінг Бейлін, родам з Магілёва. Прагучаў беларускі духоўны гімн "Магутны Божа".

Канада, г. Квэбек

Згуртаванне беларусаў Квэбека правяло святкаванне 84-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР у нядзелю 7 красавіка. На святкаванні гучалі беларускія вершы, паэмы і музыка гасцей з Атавы і Манрэаля. Адбылася таксама выстава-распродаж беларускіх сувеніраў і кніг. На заканчэнне адбылася вячэра з беларускай кухняй.

Літва, г. Вільня

24 сакавіка Таварыства беларускай культуры ў Летуве святкавала Дзень Незалежнасці. У Беларускім доме ў Вільні адбылося ўрачыстае пасяджэнне, якое вёў старшыня таварыства Хведар Нюнька. Удзельнікі праслухалі гімн Беларускай Народнай Рэспублікі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Былі абвешчаны прывітанні беларусам Летувы ад прэзідэнта Рады БНР Івонкі Сурвіллы, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгі Іпатавай, палітычных дзеячаў Беларусі. З віншаваннем выступіў прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч, нагадаў аб тагачасных гістарычных падзеях, аб сучасным становішчы ў Беларусі, у тым ліку аб барацьбе супраць інтэграцыйных працэсаў.

А. Грыцкевіч

Польшча, г. Гданьск

Святкаванне 84-х угодкаў у Гданьску адбывалася 23 сакавіка. Яно пачалося ўскладаннем кветак да магілы Лукаша Дзекуць-Малея і ягонае жонкі Серафіны. Прысутнічалі і ўскладалі кветкі віцэ-прэзідэнт Гданьска Марэк Стэмпа і віцэ-консул Рэспублікі Беларусь Іна Паўлоўская. Была праведзена прэзентацыя кніжак Анелі і Веранікі Каткавічанак "Успаміны" і Марыяна Пецюкевіча "Кара за службу народу". Пра М. Пецюкевіча ўспамінаў яго сябра др. Станіслаў Паплаўскі і былы журналіст "Нівы" Масей Канапацкі. Святкаванне пачалося гімнам "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", а таксама "О, Беларусь, мая шыпшына" і "Магутны Божа". На вечарыне прысутнічаў віцэ-прэзідэнт Гданьска Ян Стопа.

А. Глагоўская

Расія, г. Калінінград

1 сакавiка сябры Беларускага культурнага таварыства "Каралявец" ладзiлi каляндарна-абрадавае свята гуканне вясны. Руска-нямецкi дом стаў беларускай хаткай і прыняў каля 90 ўдзельнiкаў свята, сярод якiх былi прадстаўнiкi польскай, татарскай i некалькiх нямецкiх арганiзацый. Свята было ўпрыгожана Пагоняй i бел-чырвона-белым сцягам. Дзень Волi сябры таварыства адзначылi на ўскраiне горада. На ўрачыстасцi ў словах сп. Iгара Шаховiча i Яўгена Пеўнева гучала падзяка нашым папярэднiкам, якiя ўсклалi на свае плечы крыж выратавання беларускай нацыi. Падзеяй iмпрэзы стаўся прагляд мастацкай стужкi "На чорных лядах". На заканчэнне была наладжана ўрачыстая вячэра.

І. Шаховіч, г. Масква

30 сакавіка Грамада беларускай культуры імя Ф. Скарыны г. Масквы святкавала Дзень Волі. Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская і сябра Управы Сяргей Чыслаў. Свята адбылося ў адным з будынкаў Выставачнага цэнтра (былое ВДНХ). Павіншаваць беларусаў прыйшлі прадстаўнікі іншых нацыянальных суполак Масквы. Распачаў святкаванне старшыня Грамады Генадзь Лех, які выступіў з дакладам аб 84-й гадавіне БНР, гісторыі гэтага свята, яго значэнні ў сённяшнія часы. Пасля ўрачыстасцяў адбыўся канцэрт гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", які таксама прыехаў павіншаваць маскоўскіх беларусаў. На канцэрце гучалі сярэднявечныя беларускія балады, творы беларускіх кампазітараў XVI ст. і фальклорныя кампазіцыі, якія былі выкананы на старажытных інструментах (дудах, ліры, гуслях, лютні, свірэлі і інш.). Асабліва даспадобы прыйшоўся канцэрт беларускай моладзі Масквы, якая танцавала пад сярэднявечную беларускую музыку. Напрыканцы прысутныя выканалі гімн "Магутны Божа".

г. Санкт-Пецярбург

24 сакавіка адбылася ўрачыстая сустрэча пецярбургскіх беларусаў з нагоды Дня Волі. На сустрэчы прысутнічала блізу 15 чалавек, сярод якіх пісьменнік Анатоль Кірвель, цётка Данчыка Маргарыта Пятрова, культуразнаўца Нацыянальнай бібліятэкі Расійскай Федэрацыі сп. Мікола Нікалаеў і інш. Узгадвалі славутыя падзеі абвяшчэння БНР. Пра братоў Луцкевічаў і іх дзейнасць распавялі іх сваякі. Сустрэча доўжылася каля чатырох гадзін і збор на кватэры Луцкевічаў у Пецярбургу беларусы вырашылі зрабіць штогадовай традыцыяй.

Я. Крывы

Эстонія, г. Кохтла-Ярве

Прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры "БЭЗ" усклалі вянкі на магілу беларусаў у Курэмяэ і правялі сустрэчу, прысвечаную Дню Волі. Святкаванні адбыліся ў кохтла-ярвескім Доме культуры. Для ўдзелу ў святкаванні Дня Волі запрошаны Беларускі паэтычны тэатр Галіны Дзягілевай са спектаклем, створаным па неапублікаваных вершах Янкі Купалы "Мне сняцца сны аб Беларусі".

Беларусы ў Польшчы

Згодна з дамовай паміж СССР і Польшчай ад 16 жніўня 1945 г. да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Брэсцкай вобласці на тэрыторыі Белавежскай пушчы. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасць беларускага насельніцтва. У першыя пасляваенныя гады ў Бельскім павеце беларусы складалі 45 % насельніцтва, або амаль 86 тыс. чалавек. У такіх гмінах, як Орля, Нарва, Нараўка, Кляшчэлі, беларусы складалі звыш 90 % насельніцтва. Ужо па выніках выбараў у Сейм у 1989 г., у якіх беларусы ўпершыню ўдзельнічалі як самастойная палітычная сіла, беларусы складалі 30% усяго насельніцтва. Вясковае беларускае насельніцтва, якое складала да канца 50-х гг. ядро беларускай супольнасці ў Польшчы, інтэгравалася ў агульнадзяржаўную плынь гаспадарчага і культурнага жыцця. Але ў горадзе актыўна ішоў працэс дэнацыяналізацыі беларусаў, чаму ў значнай ступені спрыяла і палітыка дзяржаўнай улады. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе існаванне беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы фактычна не прызнавалася афіцыйнымі ўладамі Польшчы і БССР. Толькі з часоў адлігі 50-х гг у СССР і краінах Усходняй Еўропы беларусы ў Польшчы атрымалі магчымасць абмежаванай нацыянальна-культурнай дзейнасці. У 1956 г. было заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), 4 сакавіка 1956 г. выйшаў першы нумар тыднёвіка "Ніва" - яго друкаванага органа. З 1957 г. у Беластоку штогод выходзіць "Беларускі каляндар". Беларуская мова выкладалася ў школах Беласточчыны, былі створаны беларускія ліцэі ў Бельску і Гайнаўцы. Беларусы стварылі значную колькасць фальклорных, мастацкіх аматарскіх калектываў, праводзілі конкурсы беларускай песні, фестывалі, мастацкія выстаўкі. К пачатку 80-х гг. існавала 180 гурткоў БГКТ, якія аб'ядноўвалі больш за 6 тысяч чалавек у Беластоку, Варшаве, Гданьску, Бельску, Гайнаўцы і інш. Беларускія творчыя сілы згуртаваліся вакол літаратурна-мастацкага аб'яднання "Белавежа", членамі якога стала каля 30 чалавек. Вядомасць у Польшчы і Беларусі набылі літаратурныя творы С. Яновіча, А. Барскага (Баршчэўскага), В. Шведа, Я. Чыквіна, М. Гайдука і інш. У 1956 г. створана кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. У канцы 50-х гг. было створана таксама Беларускае навуковае таварыства, вядомасць набылі навуковыя даследаванні Ю. Туронка, Б. Белаказовіча, У. Юзвюка, А. і Я. Мірановічаў. Культурна-асветная дзейнасць была адзіным накірункам грамадскай дзейнасці беларусаў у Польшчы як нацыянальнай супольнасці. Праявы грамадска-палітычнай актыўнасці не дазваляліся. У 70-я гг. польскія ўлады пачалі здзяйсняць на практыцы тэзіс аб Польшчы як монанацыянальнай дзяржаве. У выніку спынілі сваю дзейнасць многія народныя калектывы, тэатры і гурткі. Дзесяткі пачатковых школ з беларускіх пераўтварыліся ў школы, дзе беларуская мова вывучалася як прадмет, такі ж лёс напаткаў беларускія ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску. БГКТ і яго друкаваны орган "Ніва" засталіся адзінымі беларускімі ўстановамі ў Польшчы. Іх дзейнасць строга кантралявалася.

Намаганні ў накірунку актывізацыі і рэарганізацыі беларускай дзейнасці былі зроблены ў пачатку 80-х гг., калі ў Польшчы ўзмацнілася барацьба супраць аўтарытарна-бюракратычнага рэжыму. Пашырыўся ўдзел беларускага насельніцтва ў грамадска-палітычным жыцці Польшчы. У 1981 г. пачало дзейнічаць Беларускае аб'яднанне студэнтаў (БАС).

У выніку ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы ў снежні 1981 г. была прыпынена дзейнасць БГКТ, БАС, газеты "Ніва". Беларускі нацыянальны рух у Польшчы, у якім пачала шырока ўдзельнічаць моладзь, у гэты час існаваў амаль нелегальна. "Салідарнасць", якая прыйшла да ўлады ў 1990 г., упершыню афіцыйна прызнала наяўнасць у краіне нацыянальных меншасцяў. У 1990 г. была створана першая беларуская палітычная партыя - Беларускае дэмакратычнае аб'яднанне (БДА). У 1990 г. у шэрагу гмін Беласточчыны кандыдаты БДА атрымалі перамогу. Канец 1980-х гг. у Польшчы адзначаны ўзнікненнем беларускіх выдавецтваў: Беларускага незалежнага выдавецтва, літаратурнага выдавецтва "Бераг", гістарычнага імя У. Ігнатоўскага, публіцыстычнага выдавецтва "Кантакт". З'явіліся новыя беларускія перыядычныя выданні - часопісы "Сустрэчы" (Варшава), "РОS" (Беласток), "Chasopis" (Беласток), "Дыскусія" (Варшава) і інш.

З 1990-х гг. беларускі нацыянальны рух у Польшчы падняўся на якасна новы ўзровень. У краіне былі зарэгістраваны новыя беларускія арганізацыі - Рада беларускіх арганізацый у Польшчы, Саюз гмін Усходняй Беласточчыны, Звяз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства, Асацыяцыя беларускіх журналістаў і інш. Тыднёвік "Ніва" з 1992 г. стаў самастойным. У 1992 г. у Варшаве пачала працу беларуская рэдакцыя Польскага радыё. У 1995 г. на Беласточчыне існавалі 44 школы і 2 ліцэі, дзе беларуская мовы выкладалася як прадмет навучання. З верасня 1997 г. у Беластоку пачаў работу універсітэт, створаны на базе Варшаўскага універсітэта, што дае больш спрыяльныя магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі для беларусаў. Зараз у пяці вышэйшых навучальных установах Польшчы існуюць кафедры беларускай філалогіі. У 1997 у выніку парламенцкіх выбараў у Польшчы дэпутатам польскага сейма стаў прадстаўнік беларускай дыяспары Ян Сычэўскі, кіраўнік БГКТ, якое зараз аб'ядноўвае больш як 5 тысяч беларусаў. Акрамя таго, беларускія суполкі існуюць у Варшаве (Згуртаванне варшаўскіх беларусаў), у Гданьску (беларуская "Хатка") і Ольштыне (беларускі гурток). У апошнія гады значна пашырыліся сувязі беларусаў Польшчы з Беларуссю ў галіне культуры, навукі, адукацыі. Далейшае развіццё нацыянальнага руху беларусаў у Польшчы патрабуе яго падтрымкі на дзяржаўным узроўні. Першыя крокі былі зроблены ў кастрычніку 1990 г., калі была падпісана Дэкларацыя аб беларуска-польскіх адносінах, у якой упершыню на міжурадавым узроўні былі ўзяты абавязацельствы аб абароне інтарэсаў нацыянальных меншасцяў.

Пэўная раз'яднанасць беларускіх арганізацый у Польшчы па палітычных поглядах не дазваляе ім дасягнуць больш значных поспехаў.

Л. Языковіч

НАВІНЫ

Арменія, г. Ерэван

На пачатку красавіка адбылося адкрыццё нядзельнай школы пры ерэванскай Беларускай грамадзе "Беларусь". Школка была ўтворана пры спрыянні Часовага Паверанага Рэспублікі Беларусь у Арменіі сп. Сысоева і дапамозе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Асаблівую ўдзячнасць выказвае кіраўніцтва Грамады сп. Г. Пяцігору - намесніку начальніка Упраўлення замежных сувязяў за дапамогу ў набыцці падручнікаў і іншай метадычнай літаратуры.

Літва, г. Вільня

У гэтым годзе ТБМ імя Ф. Скарыны Віленскага краю споўнілася 10 гадоў з дня заснавання. У гэты юбілейны год рада выступіла з ініцыятывай: пры касцёле св. Барталамея ў Парафіяльным доме (цяпер гэтае памяшканне рамантуецца за кошт Віленскай курыі) адкрыць Галерэю партрэтаў беларускіх каталіцкіх і уніяцкіх святароў з перспектыавй адкрыцця там адпаведнага музея.

Ю. Гіль

У Лаварышках Віленскага р-на ТБМ робіць высілкі, каб у 2002 - 2003 гг. пры літоўскай школе адкрыць факультатывы: беларускай мовы, бларускай літаратуры, этнакультурны. На гэта ўжо дадзена згода начальніка дэпартамента адукацыі Віленскай акругі, рада хадайнічае перад міністрам адукацыі аб фінансаванні гэтага праекта.

ЗША, г. Чыкага

Ужо некалькі гадоў пад спонсарствам і патранажам губернатара штата Ілінойс у Чыкага ладзіцца выстава ў гонар этнічных жаночых арганізацый - "Tribute to Ethnic Women's Organizations". У сакавіку гэтага года Беларускі каардынацыйны камітэт у Чыкага зноў прыняў удзел у выставе, у якой удзельнічалі болей за 30 этнічных арганізацый. Гаспадынямі беларускага стэнда былі спадарыні Раіса Шпакоўская-Братків і Вера Рамук. Многія экспанаты расказвалі пра беларускую нацыянальную спадчыну і гісторыю беларускай эміграцыі ў Чыкага. Губернатар штата Джордж Раен выдаў пракламацыю, у якой 25 сакавіка абвяшчаўся святам ў штаце Ілінойс. Былі выстаўлены абразы св. Еўфрасініі Полацкай і св. Язафата, выява "Пагоні" разам з нацыянальным сцягам, абразы Маці Божай і трох віленскіх пакутнікаў. Невялічкая мапа дапамагала наведвальнікам з'арыентавацца ў геаграфічным палажэнні Беларусі. Вялікую цікавасць выклікаў альбом "Беларускія мастакі ў замежжы", выдадзены ў Нью-Йорку, сваеасаблівая энцыклапедыя "Historical Dictionary of Belarus", аўтарам якой ёсць доктар Ян Запруднік, кніга-даведнік доктара Вітаўта Кіпеля "Belarusans in the United States", кніга "Беларуская кухня", шэраг часопісаў, у тым ліку "The Belarusian Review". Дэманстраваліся скрыначкі, інкруставаныя саломкай, куфэркі, разьба па дрэве. З нагоды надыходзячых Велікодных святаў быў выстаўлены кошык з яйкамі і абраз Жыровіцкай Маці Божай.

В. Нікіфаровіч

Расія, г. Іркуцк

ІТБК імя Я. Чэрскага пад кіраўніцтвам Алега Рудакова вельмі актыўна ладзіць беларускае жыццё ў Прыбайкаллі. Зараз прадстаўнікі таварыства збіраюцца ў этнаграфічную экспедыцыю, 6 красавіка рыхтуюцца да правядзення гукання вясны. Рэгіянальная суполка ІТБК у Чэрамхова абвясціла месячнік беларускай культуры, у рамках якога будуць праводзіцца віктарыны, а 12 красавіка сябры суполкі чакаюць у госці каманду "КВН" Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Дарэчы, з 4 кастрычніка ў Музеі гісторыі г. Іркуцка пачынае працаваць экспазіцыя "Беларусы прыбаёкалля". Экспазіцыя будзе ўключаць інфармацыю аб Беларусі, аб гістарычных перасяленцах у гэты рэгіён, аб ХХ і ХХІ стагоддзях ў жыцці беларусаў Прыбайкалля, а таксама распавядаць пра дзейнасць таварыства. Экспазіцыя будзе дзейнічаць на працягу года.

А. Рудакоў

Украіна, г. Львоў

У сакавіку адбыўся агульны сход Беларускай грамады Львоўшчыны з нагоды двухгоддзя яе стварэння. З паведамленнем выступіў кіраўнік грамады Сяргей Кулікоў. На сёння ў Львоўскай вобласці пражывае 11 тысяч беларусаў. Рэгулярна працуе беларуская нядзельная школа (38 дзяцей і 80 дарослых). З вялікім поспехам удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці выступілі на фестывалі мастацкай самадзейнасці ў Львове. Прайшлі літаратурна-музычныя вечарыны, прысвечаныя паэтам Я. Коласу і М. Багдановічу. Ёсць квота на прыём у ВНУ Беларусі маладых людзей на льготных умовах.

"Голас Радзімы". 2002. 20 сак.

З НАШАЙ ПОШТЫ

Грамада каталікоў-беларусаў, г. Санкт-Пецярбург

У 1997 годзе ў Санкт-Пецярбургу была створана грамада каталiкоў-беларусаў, што дзейнiчала найбольш актыўна да 2000 года. Грамада складалася з прыкладна пятнаццацi чалавек. Асноўнымi накiрункамi дзейнасцi грамады былi рэлiгiйны, культурнiцка-асветнiцкi ды iнфармацыйны. Сярод найважнейшых мерапрыемстваў, што былi арганiзаваны грамадой, былi нядзельная iмша, выданне газеты, а таксама радыёперадачы на беларускай мове. Нядзельная iмша на беларускай мове праводзiлася ў катэдральным касцёле Пецярбурга. Служыў iмшу пробашч а. Стэфан Кацiнэль родам з Беларусi. На iмшу збiралiся не толькi беларусы, але i прадстаўнiкi ўкраiнскай дыяспары. Газета "Крынiца" стала працягам беларускай газеты з такой жа назвай, што выдавалася на пачатку ХХ стагоддзя а. А. Станкевiчам у Пецярбургу. Беларуская радыёперадача "Магутны Божа" з 1997 года вяшчалася на хвалях пецярбургскага "Радыё Марыя" у FM дыяпазоне. Перадача выходзiць i дагэтуль, але ў скарочаным выглядзе i на iншых хвалях, яе сталым вядучым зараз з'яўляецца Лявон Габрусёнак.

Я. Крывы

Грамада беларускай культуры імя Ф. Скарыны г. Масквы

На пачатку 80-х гадоў студэнтамi маскоўскiх ВНУ было створана Беларускае студэнцкае брацтва. Першай ластаўкай была малазёвая суполка "Пагоня", створаная маскоўскiмi студэнтамi яшчэ ў 1987 г. 26 кастрычнiкa 1988 г. было зарэгiстравана Массаветам Маскоўскае гарадское таварыства беларускае культуры iмя Францiшка Скарыны (ТБК). Гэта была першая афiцыйна ўтвораная суполка беларускае дыяспары ў Расійскай Федэрацыі напрыканцы ХХ ст. З 1988 па 1991 г. у Маскоўскае Таварыства беларускае культуры запiсалiся каля семiсот (!) чалавек. З 1990 года ў межах таварыства запрацавалi нядзельная беларуская школка для дзяцей, згуртаванне беларускiх вайскоўцаў, праз якое на Беларусь вярталiся афiцэры-беларусы ў беларускае войска, маладзёвая секцыя, суполка БНФ, пачаў рэгулярна выходзiць бюлетэнь "Шляхам Скарыны", на маскоўскiх вулiцах і плошчах залуналi бел-чырвона-белыя сцягi ў часы масавых палiтычных мерапрыемстваў. Таварыства атрымала пад сядзiбу добрае памяшканне ў амбасадзе РБ. Маладзёвая секцыя ТБК, нашчадак перабудовачнай "Пагонi", існуе да гэтага часу. Праз удзел у яе працы прайшлi каля 2-х соцень хлопцаў і дзяўчат. Выданне таварыства "Шляхам Скарыны" выдаецца 1 - 3 разы на год, 6 нумароў выйшла пад рэдакцыяй Аляксея Каўкi і Алеся Драянкова, 11 нумароў пад рэдакцыяй Генадзя Леха. У 1993 годзе ў межах ТБК быў утвораны фальклорны гурт "Алеся". К пачатку 1994 года ў рэгiёнах РФ было зарэгiстравана 15 суполак беларускае дыяспары, з якiмi ТБК наладзiла стасункi. З 1994 года ТБК увайшло ў склад Згуртавання Беларусаў Свету (ЗБС). Не маючы адзiнай пазіцыi па пытанню кадравага становiшча ў амбасадзе РБ, нягледзячы на сустрэчы з тагачасным кiраўнiкoм МЗС РБ сп. П. Краўчанкам, у 1992 - 1993 гадах - кiраўнiцтва ТБК не здолела абаранiць свае пазіцыi, пасля кадравых і палiтычных змен у РБ ТБК апынулася на вулiцы. Была выпрацавана новая схема дзейнасцi ТБК. Зноў наладзiлася работа унiверсiтэта гiсторыi культуры. Была складзена праграма сяброўскiх гастроляў беларускiх бардаў у Маскве. У гэты перыяд ТБК 9 разоў праводзiў пiкетаванне Амбасады РБ з лозунгамi беларускай дзяржаўнасцi, мовы, культуры, некалькi разоў наладжваў мiтынгi, прысвечаныя абароне правоў чалавека ў Беларусi. У 2000 годзе ТБК прайшоў перарэгiстрацыю пад назвай РГА "Грамада беларускае культуры" iмя Францiшка Скарыны. Ствараецца сайт Грамады, ў якiм будуць таксама звесткi пра МАБР: www. Geocities.com/HRAMADA

З БАЗЫ ДАДЗЕНЫХ

Вентспілскае беларускае нацыянальна-культурнае згуртаванне "Спадчына" (Латвія)

Згуртаванне створана ў студзені 1999 года, у ім зарэгістравана каля 50 чалавек. Асноўныя накірункі дзейнасці: адраджэнне беларускага фальклору, мовы и традыцый; сувязі с Бацькаўшчынай; развіццё турызму і прадпрымальніцтва паміж беларусамі Вентспілса і суайчыннікамі на Радзіме; удзел у працэсах інтэграцыі латвійскага грамадства; аб'яднанне беларусаў Латвіі і Балтыі і інш. "Спадчына" выказвае пажаданне супрацоўнічаць з арганізацыямі Беларусі: турызм, прадпрымальніцтва, сяброўства гарадоў Латвіі і Беларусі, абмен дэлегацыямі, дапамога ў заснаванні беларускай нядзельнай школы і беларускага фальклорнага ансамбля (падручнікі, касцюмы і г. д.), інфармацыйны абмен.

А. Нарушэвіч

АБ'ЯВЫ

Грамадская арганізацыя "Творчае згуртаванне "Святліца" - недзяржаўнае грамадскае аб'яднанне людзей мастацтва г.Баранавічы , заснавана ў жніўні 1996 г. Мэта аб'яднання - дапамога людзям мастацтва дзеля рэалізацыі імі творчага патэнцыялу: развіццё культуры і мастацтва, культурна-асветніцкая праца сярод насельніцтва. Сябры "Святліцы" праводзяць такія мерапрыемствы, як выступленні літаратараў і бардаў у навучальных установах і ўстановах культуры, праводзяць прэзентацыі кніг, якія выдадзены згуртаваннем, даюць інфармацыю пра сваю дзейнасць на радыё і тэлебачанні. ГА "Творчае аб'яднанне "Святліца" звяртаецца да ўсіх, хто жадае супрацоўнічаць з ім: можа дасылаць выдадзеныя кнігі, фотаздымкі, выявы твораў мастакоў пераважна па e-mail.