МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№3(№40)
сакавік
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

Шаноўныя суродзічы!
25 сакавіка – адметная дата ў гісторыі Беларусі і свядомасці шчырых беларусаў. У гэты дзень 1918 г. была прынятая ІІІ грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе абвяшчалася незалежнасць беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах беларускага народа. 25 сакавіка стала святам і як Дзень волі адзначаецца беларусамі ва ўсім свеце. Віншуем вас, дарагія суайчыннікі, з Днём волі і зычым трываласці і веры на шляху любові і служэння Айчыне!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншаванне з Рыгі
Віншуем ўсіх беларусаў з найвялікшым нашым беларускім святам – 87-мі Угодкамі Акту 25 Сакавіка! Насуперак ўсім перашкодам, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Беларусі, Польшчы, ды яшчэ шмат дзе, насуперак тым умовам, у якіх мы з Вамі мусім займацца захаваннем і адраджэннем беларушчыны, нашая праца заўсёды мела і надалей будзе мець плён, і нашыя дзеці падоўжаць яе ў лепшыя часы і ў лепшых умовах! Жыве Беларусь!
Рада Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

Віншаванне з Вільні
Дарагія сябры! Таварыства Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) віншуе Вас і сяброў-аднадумцаў з вялікім святам Беларускага народа – Днём Волі. Беларускія патрыёты, раскіданыя па ўсіх краінах планеты, будуць заўсёды адзначаць гэтую дату. Сваімі ўчынкамі спрычыняцца да таго, каб яно належным чынам адзначалася ў нашай, пакуль не свабоднай і не дэмакратычнай бацькаўшчыне Беларусі.
З павагай,
Хведар Нюнька,
старшыня ТБК

P.S. 25 сакавіка ТБК ладзіць пікет-пратэст перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Вільні.


ЮБІЛЕІ

Юбілей Іны Снарскай
7 сакавіка адзначыла свой 40-гадовы юбілей актыўная дзеячка беларускай дыяспары Украіны, беларуская паэтка з Палтавы, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Іна Снарская (Дзідык).
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Юбілей Людмілы Басінскай
27 сакавіка адзначае 50 гадоў удзельніца грамадскага жыцця беларускай дыяспары Расіі, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Людміла Басінская.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

80 гадоў Віктару Шведу
Паэт, перакладчык і журналіст Віктар Швед нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Мора непадалёк Гайнаўкі (Беластоцкае ваяводства), скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту. Быў сузаснавальнікам Беларускага Літаратурнага Аб'яднання і па сённяшні дзень з’яўляецца яго сябрам, сябра Саюзу Польскіх Літаратараў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе юбіляраў, зычыць здароўя, натхнення, здзяйснення ўсіх творчых планаў.


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Пазачарговае пасяджэнне Малой Рады
22 сакавіка на сядзібе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адбылося пазачарговае пасяджэнне Малой Рады Згуртавання. Прычынай для склікання кіруючага органа Згуртавання стаў ліст Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у якім “Бацькаўшчыне” прапанавалася прывесці Статут Згуртавання ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. Што і зрабіла Малая Рада на сваім пасяджэнні.
Акрамя гэтага, у сувязі са зменамі ў Статуце было вырашана ўнесці адпаведныя змены ў нормы прадстаўніцтва на Чацвёрты з’езд беларусаў свету ад рэгіянальных і супольных сяброў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Таксама Малая Рада перадала паўнамоцтвы Управе Згуртавання карэктаваць нормы прадстаўніцтва і спіс дэлегатаў на Чацвёрты з’езд беларусаў свету на тэрмін да 1 ліпеня 2005 г.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Круглы стол
18-19 сакавіка 2005 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” супольна з РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” правяло беларуска-шведскі круглы стол “Традыцыйныя беларускія рамёствы: сучасны стан, перспектывы захавання і развіцця”. У працы круглага стала бралі ўдзел навукоўцы, майстры з Мінска і рэгіёнаў краіны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у тым ліку Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Напярэдадні мерапрыемства для гасцей са Швецыі была арганізавана паездка па Брэсцкім рэгіёне, багатым на розныя віды народных рамёстваў: ганчарства, ткацтва, бондарства, саломку, пляценне з лазы, кавальства і інш. Больш за ўсё замежныя госці былі ўражаныя цеплынёй і душэўнасцю, з якой іх сустракалі нашыя вясковыя жанчыны-майстры. Гэта цалкам кампенсавала і доўгія пераезды, і адсутнасць часам дарог, і няўтульныя гатэлі.
Круглы стол даў усім удзельнікам магчымасць пазнаёміцца, абмеркаваць існуючыя праблемы ў сферы народных рамёстваў Беларусі, вырашыць магчымыя шляхі да паляпшэння сітуацыі. Вельмі цікава было даведацца пра шведскі вопыт у галіне развіцця народных рамёстваў, пра дзяржаўную прадтрымку Швецыяй сваіх майстраў.
Сярод праблем, якія сёння існуюць ў сферы развіцця народных рамёстваў Беларусі, адзначаны такія, як: адсутнасць сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі майстроў, недахоп метадычнай і іншай літаратуры, высокі кошт на існуючыя кнігі, адсутнасць відэаматэрыялаў, адсутнасць спецыяльных перадачаў на радыё і тэлебачанні, адпаведных газет і часопісаў, няма класіфікацыі народнага мастацтва па ўзроўні адносін да традыцыі і інш.
Шведскія госці падзяліліся сваім вопытам арганізацыі працы асацыяцый народных рамёстваў, а таксама распавялі пра дзейнасць навучальных гурткоў, якія дазваляюць іх удзельнікам не толькі авалодаць новымі майстэрствамі, але таксама і камунікаваць падчас навучання, што вельмі важна для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва.
Круглы стол праходзіў у атмасферы ўзаемнай зацікаўленасці. Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Падзяка
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку Янку Петрыковічу (Латвія) і Алесю Карповічу (Латвія) за падтрымку аб’яднання.


НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
16 сакавіка ў Бруселі ў будынку Еўрапарламенту адчынілася фотавыстава “Грамадзянская Беларусь”. На прэзентацыю выставы былі запрошаны кіраўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выстава прэзентавала традыцыю і культуру Беларусі, змаганне беларускага народа за незалежнасць, свабоду і грамадзянскія правы, падзеі вакол Коласаўскага ліцэя, абарону Курапатаў, акцыі “Мы памятаем”, абарону свабоды слова, чарнобыльскую тэматыку. Адбыўся абмен думкамі і інфармацыяй з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый.
www.razam.org

Лювэн, Бельгія
Сябры Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (БЭЗ) і грэка-каталіцкай суполкі святога Язафата пры Беларускай царкве ўваскрэсення Хрыстовага ў Антверпене, правялі памінальнае набажэнства і мітынг у памяць Міколы Равенскага. Аўтар музыкі гімну “Магутны Божа” памёр у сакавіку 1953 года і пахаваны ў Лювэне.
Ганаровымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі Рады БНР у Бельгіі Янка Жучка і Аляксей Арэшка, што асабіста ведалі кампазітара. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі і харугва Згуртавання беларускае моладзі, зробленая ў 1948 г. Па паніхідзе на магіле кампазітара запалілі свечку – сімвал памяці. Праспявалі “Магутны Божа”, а скончылі ўсё супольным ламаннем хлеба і келіхам віна.
Паўстае праблема догляду могілак беларускіх дзеячаў, пахаваных на эміграцыі: магілы без догляду могуць быць знішчаныя. Найбліжэйшым клопатам БЭЗу мае стаць месца пахавання прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка ў Парыжы.
“Наша Ніва”. 2005. 18 сак.

Берлін, Германія
14 сакавіка ў Пасольстве Беларусі ў Берліне адбылася прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу нашай краіны з удзелам беларускіх турыстычных кампаній “Белінтурыст”, “ТурЛюкс”, “Топ-Тур” і “Алатан Тур”.
Падчас свайго выступлення на мерапрыемстве надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ФРГ Уладзімір Скварцоў праінфармаваў прысутных аб патэнцыяле, які ёсць у нашай рэспубліцы для развіцця ўязнога турызму, прадпрынятых Беларуссю аднабаковых мерах, накіраваных на лібералізацыю візавых фармальнасцей для грамадзян шэрагу еўрапейскіх краін, жадаючых наведаць нашу краіну.
Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены 4 праекты беларускіх турагенцтваў, спецыяльна распрацаваных для германскіх турыстаў з улікам іх пажаданняў і назапашанага ў турфірм досведу па прыёме замежных гасцей: “Самабытная Беларусь”, “Прыроднае і архітэктурнае багацце беларускай зямлі”, “Беларусь дзелавая, спартыўная і святочная”, “Памяць аб мінулым – надзея на будучыню”.
Прэзентацыі праектаў суправаджаліся дэманстрацыяй тэматычных відэафільмаў, а таксама выступленнямі прадстаўнікоў беларускіх турыстычных кампаній.
“Культура”. 2005. 19-25 сак.

ЗША
У ЗША пачаліся гастролі лідэра беларускіх гуртоў “N.R.M.” і “Крамбамбуля” Лявона Вольскага. У Амерыку, куды Л.Вольскі вылецеў адразу ж з Польшчы, дзе праходзіў клубны канцэрт “N.R.M.”, музыкант паехаў па запрашэнні беларускай дыяспары. Ён плануе даць там 6-7 сольных дабрачынных выступленняў у розных гарадах ЗША. Праўда, па дарозе ў Амерыку, пад час перасадкі ў Галандыі, у Лявона Вольскага знік багаж.
“Народная Воля”. 2005. 5 сак.

ЗША
Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка па запрашэнні Прэзідыуму Рады БНР удзельнічаў у паседжанні яе кіраўніцтва на чале са Старшынёй сп. Івонкай Сурвіллай. Дасягнуты шэраг дамоўленасцяў, у тым ліку пра каардынацыю міжнароднай дзейнасці Рады БНР і яе рэгіянальных прадстаўнікоў з Партыяй БНФ і яе прадстаўнікамі ў замежных краінах.
На сходзе ў залі нью-ёркскага Сабору Св. Кірылы Тураўскага В.Вячорка выступіў перад актывістамі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, адказаў на шматлікія пытанні аб палітычнай і нацыянальна-культурнай сітуацыі на Бацькаўшчыне. Ён перадаў адпаведныя паўнамоцтвы новапрызначанаму Прадстаўніку Партыі БНФ у ЗША й Канадзе сп. Сержуку Сокалаву-Воюшу.
У Вашынгтоне старшыня БНФ выступіў з дакладам аб Беларусі на міжнароднай канферэнцыі “Балтыйска-амерыканская палітычная дзейнасць: бачанне будучыні”. Супольна з прадстаўнікамі Беларуска-Амерыканскага Задзіночання д-рам Вітаўтам Кіпелем і сп-няй Алесяй Кіпель старшыня БНФ наведаў Дзярждэпартамент ЗША.
www.razam.org

Таронта, Канада
Беларусы Канады, якія пражываюць у горадзе Таронта, адсвяткавалі чарговую гадавіну з Дня ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Прайшла служба ў мясцовай царкве, потым было прачытана віншаванне са святам Зянона Пазьняка беларусам Канады. Затым адбыўся спектакль славутага твора “Паўлінка”. Ролі выконвалі, вядома ж, не прафесійныя акцёры, а самадзейныя артысты беларускай дыяспары. Яны самі пашылі нацыянальныя касцюмы, зрабілі дэкарацыі. Дарэчы, гэта была прэм’ера “Паўлінкі” ў Таронта.
“Народная Воля”. 2005. 22 сак.

Рыга, Латвія
20 сакавіка 2005 г. у Рызе адбылося ўрачыстае святкаванне 87-х угодкаў абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, арганізатарамі якога, як заўсёды, выступіла Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Напярэдадні інфармацыя аб свяце была размешчаная праз інфармацыйныя агенцтвы ў цэнтральных латвійскіх газетах, на сайце таварыства “Сьвітанак” і іншых сайтах у Інтэрнэце, а на рэкламных месцах ў горадзе луналі шматлікія бела-чырвона-белыя афішы. Таму не дзіўна, што, не гледзячы на неспрыяльнае надвор’е і эпідэмію грыпу ў Рызе, прысутных было больш як 450 асобаў. Імпрэза з нагоды ўгодкаў Акту 25 Сакавіка адбылася ў самым цэнтры горада ў вельмі прыгожай Вялікай зале Дома Рыжскага Габрэйскага аб’яднання, якую гасцінныя гаспадары бясплатна аддалі беларусам для святкавання. Адзначыць з намі найвялікшае беларускае свята палічылі неабходным прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрcтва інтэграцыі Латвіі, Латвійскай Акадэміі навук, кіраўніцтва Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі і шмат якіх нацыянальных суполак.
Пачалося свята традыцыйна: нашым цудоўным гімнам-малітвай “Магутны Божа” ў выкананні гурту “Сьвітанак”. Прысутныя вельмі цёпла сустракалі і прамоўцаў, і выканаўцаў святочнай канцэртнай праграмы. Беларускія патрыятычныя і народныя песні спявалі, акрамя беларускіх, латышскія і польскія вакальныя калектывы і салісты, а летувіскі танцавальны гурт выканаў свае нацыянальных танцы і беларускую “Бульбу”. Асаблівыя апладысменты i “брава” гучалі ў адрас вакальнага гурту “Вавёрачка” Рыжскай беларускай асноўнай школы пад кіраўніцтвам Наталлі Дзірвук і самых юных удзельніц гурту “Сьвітанак” сясцёр Лауры і Людмілы Ігнатавых, калі яны выконвалі сольныя нумары. Атмасфера на свяце панавала вельмі сардэчная, узнёслая і аптымістычная, спрыялі гэтаму неўміручыя купалаўскія патрыятычныя вершы і песні на словы Г.Бураўкіна, Я.Коласа, П.Панчанкі, Я.Купалы і іншых нашых класікаў, а таксама тая беларуская шчырасць, адкрытасць і дабрыня, што, здавалася, лілася разам з песнямі проста з сэрцаў самадзейных артыстаў. Выканаўцы цалкам беларускамоўнай канцэртнай праграмы далі магчымасць прысутным беларусам дакрануцца душою і сэрцам да свайго роднага слова і роднай матчынай песні, адчуць сябе тут, у Латвіі, менавіта беларусамі, а гасцям яны здолелі паказаць усю прыгажосць і веліч нашай такой мілагучнай і, не гледзячы на ўсе перашкоды, неўміручай беларускай мовы.
Акрамя святочнага канцэрту, у рамках святкавання ўгодкаў Абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі адбылася дэманстрацыя ўжо вядомай у свеце і, на жаль, забароненай у Беларусі мастацкай стужкі Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”.
Перад пачаткам імпрэзы і ў перапынку паміж канцэртнай часткай свята і паказам стужкі сярод беларусаў, не аб’яднаных у таварыства, распаўсюджваўся тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва”, які дасылаецца на адрас “Сьвітанка” нашымі сябрамі з Беластока. Газета набывае ўсё большую папулярнасць сярод беларусаў Латвіі.
Святкаванне 87-х угодкаў абвяшчэння БНР беларусамі Латвіі сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Латвійскага Фонду грамадскай інтэграцыі, Рыжскай Думы і Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі.
Таццяна Казак,
старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

Вільня, Літва
У Вільні пачынаюцца імпрэзы, прысвечаныя Дню Волі. У старым горадзе адбудзецца адкрыццё выставы маладой мінскай мастачкі Вольці Порах (выпускніца зачыненага ў Мінску Беларускага ліцэя). Адна з віленскіх мастацкіх галерэяў у цэнтры Вільні бясплатна вылучыла залю для выставы. Музычнае аздабленне да адкрыцця выставы ладзіць таксама выпускніца коласаўскага ліцэю Тэда Лі са сваёй групай. Прадстаўнікі галерэі, дзе няраз ладзіліся выставы беларускіх мастакоў, кажуць, што працы Вольці Порах адметныя сваёй яскравасцю, што гэта “вясёлыя працы, у якіх ёсць і пошук, і выклік”.
Радыё “Свабода”. 2005. 21 сак.

Вільня, Літва
Факультэт міжнародных адносін БДУ і Інстытут палітычных навук і міжнародных адносін Віленскага ўніверсітэта будуць наладжваць супрацоўніцтва. Ужо падпісаны адпаведны пратакол. Дакументам прадугледжана правядзенне шэрагу сумесных мерапрыемстваў па актуальных праблемах міжнароднай палітыкі. Чакаецца актывізацыя ўзаемных паездак выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама наладжванне абмену навуковымі публікацыямі.
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”. 2005. 9 сак.

Кішынёў, Малдова
15 сакавіка ў Кішынёве ў межах святкавання Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбыліся мерапрыемствы пад агульнай назвай “Дзень Рэспублікі Беларусь”. У гэты дзень адкрылася выстаўка, прысвечаная 60-годдзю перамогі. Адначасова дэманстраваліся працы мастака Вячаслава Ігнаценкі – члена Саюза мастакоў Рэспублікі Малдова, намесніка старшыні Беларускай абшчыны ў Малдове.
Падчас выступленняў да ўдзельнікаў мерапрыемства была даведзена інфармацыя аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама аб стане і перспектывах беларуска-малдоўскіх адносін.
Намеснік Старшыні Беларускай абшчыны ў Малдове, паэт Мікалай Шляпо азнаёміў прысутных з літаратурнай дзейнасцю абшчыны, некаторымі новымі паэтычнымі творамі. Завяршыўся Дзень Рэспублікі Беларусь прэзентацыяй аддзела беларускай кнігі Кішынёўскай бібліятэкі імя М.В.Ламаносава, фонд якога налічвае некалькі тысяч экземпляраў выданняў.
“Культура”. 2005. 19-25 сак.

Польшча
У той час, калі палякі масава выязджаюць працаваць у краіны Еўразвязу, беларусы, ахвотна едуць на працу ў Польшчу, – пра гэта гаворыцца ў найноўшай справаздачы польскага Інстытуту грамадскіх спраў. Паводле яго дадзеных, беларусы часцей за ўсё займаюцца ў Польшчы будаўнічымі і сельскагаспадарчымі працамі – яны замяняюць спецыялістаў-палякаў, якія паехалі працаваць на Захад.
Як сведчаць лічбы афіцыйнай статыстыкі, напрыклад, у 2003 годзе ў Польшчы афіцыйна працавала каля тысячы беларусаў. Аднак, паводле адмыслоўцаў, насамрэч у дзесяткі разоў больш – яны папросту працуюць без адпаведных дазволаў.
Каб аформіць на працу беларуса ці ўкраінца ў адпаведнасці з законам, патрэбна шмат часу і грошы, таму працадаўцы часцей робяць гэта неафіцыйна.
Паводле “Gazeta Wyborcza”

Беласточчына, Польшча
Як кожны год, у лютым прайшлі павятовыя агляды беларускай песні. На Беласточчыне ўжо здаўна ўраслі яны ў культурны краявід рэгіёна і няспынна прыцягаюць шматлюдную публіку. Ужо 36 гадоў гэтае мерапрыемства праводзіць Беларускае Грамадска-культурнае таварыства, дванаццаты раз адбываецца яно як фестываль.
Для ўдзелу ў фестывалі ў Гарнізонным клубе Беластока адбыліся адборачныя слуханні Беластоцкага павета. 6 лютага пры шматлюднай публіцы выступіла 20 выканаўцаў. Найбольш з самога Беластока і з гміны Гарадок. Апрача іх былі яшчэ толькі “Журавінкі” з Агароднічак (гм. Супрасль) і “Рэчанька” з падзаблудаўскіх Козлікаў.
Агляд пачаўся гімнам “Беласточчына”. Затым на сцэну выйшаў старшыня БГКТ Янка Сычэўскі, каб выказаць вялікае задавальненне, што беларуская песня на Беласточчыне жыве і развіваецца, і падзякаваць самадзейнікам за іх “адданую роднай культуры працу”.
Слуханні працягваліся амаль пяць гадзін. Выканаўцы праспявалі па дзве песні. Ацэньвала іх трохасабовая камісія пад кіраўніцтвам Андрэя Такаюка — вядомага дырыжора царкоўных хораў. Гаварыў на правільнай беларускай мове, якая ў час імпрэзы, на жаль, гучала амаль толькі выключна са сцэны. Сказаў, што найбольш прафесійна выступіў беластоцкі хор “Паліфонія”. Сапраўды, яго салістка Ала Каменская паказала вышэйшы вакальны ўзровень. Асабліва ў песні “Радзіма мая дарагая”.
Фестываль “Беларуская песня 2005” адбываецца пад медыяльным патранатам Тэлебачання Беласток і Радыё Беласток. Асабліва радыёвяшчанне шмат эфірнага часу і ўвагі прысвяціла гэтай імпрэзе. Амаль кожны дзень у перадачах “Пад знакам Пагоні” ў эфір ішлі аб’явы аб павятовых адборах, а пасля рэпартажы са слуханняў.
На XII Фестывалі “Беларуская песня 2005” з’явіліся новыя твары. На сцэне паказалася шмат моладзі (асабліва ў беластоцкіх калектывах “Каласкі” і “Лучына”). Пасля дзесяці гадоў маўчання беларускія песні выканаў славуты эстрадны гурт “Белы сон” з Беластока. А па-беларуску заспяваў нават карэнны курп родам з-пад Астраленкі. Значыць – з беларускай песняй не ёсць у нас яшчэ кепска.
“Czasopis”. 2005. № 3

Беласток, Польшча
18 сакавіка ў Беластоку адкрылася пяцідзённая канферэнцыя “Польшча – Беларусь”, у часе якой, сярод іншага, будзе арганізаваны збор сродкаў на дапамогу студэнтам ЕГУ, якія вучацца ў гэтым горадзе. Арганізатары канферэнцыі – сябры Незалежнага аб’яднання студэнтаў беластоцкага ўніверсітэту і сябры Беларускага аб’яднання студэнтаў (БАС) – падрыхтавалі ў яе межах надзвычай вялікую колькасць імпрэзаў: лекцыі, выставы, канцэрты, фільмы.
Удзельнікі канферэнцыі – гэта ў асноўным студэнты і грамадскія дзеячы з Беласточчыны, а таксама і звычайныя жыхары горада, паспелі паглядзець некалькі фільмаў, прысвечаных Беларусі, у тым ліку фільм аб жыцці і творчасці Васіля Быкава “Вяртанне”, ці сустрэцца з пісьменнікам Сакратам Яновічам. У праграме таксама шмат канцэртаў – ад бардаўскіх да рокавых, у часе якіх будуць збірацца грошы для студэнтаў ЕГУ, што вучацца ў Беластоку.
Галоўная мэта канферэнцыі – пазнаёміць жыхароў Беласточчыны з сітуацыяй у Беларусі, беларускай культурай, што павінна дапамагчы ім пазбавіцца стэрэатыпаў у адносінах да беларусаў. А гэта, як выглядае, патрэбна.
Паводле “Radio Bialystok” і Радыё “Свабода”

Варшава, Польшча
У Варшаве пачынаецца Прагляд незалежных беларускіх фільмаў, у часе якога жыхары польскай сталіцы змогуць пазнаёміцца з сучасным беларускім кіно, а таксама пакаштаваць беларускія стравы. У часе прагляду, зарганізаванага студэнтамі кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту і навуковым колам “Альбарутэніка”, да ўвагі гледачоў будуць прадстаўленыя каля 10 фільмаў, знятых беларускімі і польскімі рэжысёрамі.
Сярод іх вядомая ўжо мастацкая стужка “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі, дакументальныя фільмы, а таксама фільмы, прысвечаныя фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча” ды праблемам памежжа.
www.razam.org

Варшава, Польшча
У Варшаве 4 сакавіка пачаліся “Дні Васіля Быкава”: выстава, даклады на тэму творчасці, фільм “Вяртанне” Віктара Корзуна, спевы Касі Камоцкай. Выстава, прысвечаная аўтару, будзе працаваць да канца месяца. Арганізатарамі выступілі: Міжфакультэтны навуковы кружок “Albaruthenica”, які дзейнічае пры Кафедры беларускай філалогіі ды Калегіі міжфакультэтных індывідуальных гуманітарных студыяў, Грамадска-культурны кружок “Тамтэйшыя”, які дзейнічае пры Таварыстве Польшча-Беларусь, Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, ды як фінансавы спонсар — Аўстрыйскі форум культуры. На адкрыцці выставы можна было пачуць “Пасланне да нашчадкаў” – інтэрв’ю Васіля Быкава, узятае беларускай рэдакцыяй Радыё “Polonia”. Канферэнцыю адкрыў праф. Аляксандр Баршчэўскі, затым выступілі госці: Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў і Валеры Грыцук.
“Ніва”. 2005. 20 сак.

Гайнаўка, Польшча
У VІ Конкурсе беларускай гавэнды (бяседы), які арганізаваў Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, удзельнічалі шматлікія вучні падставовых школ і гімназісты. Мерапрыемства распачалося з выступлення наймалодшых удзельнікаў конкурсу. Вучні падставовых школ найчасцей свае расказы абапіралі на казкі або літаратурныя творы. Аднак здараліся расказы з мінулага і аповеды аб цяперашніх здарэннях. Калі камісія вырашала каму прызначыць галоўныя ўзнагароды, з канцэртам перад удзельнікамі мерапрыемства выступіў ліцэйскі калектыў “Знічка”. Прыгожы дзявочы спеў спадабаўся маладым удзельнікам конкурсу, якія з беларускай песняй сутыкаюцца ў сваіх школах.
Старшыня конкурснай камісіі, дырэктар беларускага музея Ян Карпюк перад уручэннем узнагарод звярнуў увагу на высокі ўзровень прэзентацыі расказаў. Сярод 50 удзельнікаў мерапрыемства было ўзнагароджана ажно 15 асоб. На конкурсе прысутнічала Іаанна Точка, візітатар Кураторыі ў Беластоку, якая курыруе навучанне беларускай мовы.
“Ніва”. 2005. 6 сак.

Гайнаўшчына, Польшча
Выпускніца Гайнаўскага беларускага ліцэя Наталля Лемеш запрапанавала Таварыству аховы краявіду, у якім актыўна дзейнічае, раздаваць на Гайнаўшчыне лістоўкі з заклікам да ўвядзення двухмоўных назваў мясцовасцей і карыстання беларускай мовай у якасці дапаможнай ва ўстановах. Таварыства адобрыла прапанову сваёй маладой удзельніцы. Пасля правядзення сярод грамадства тлумачальнай акцыі ўдзельнікі Таварыства намерваюцца афіцыйна выступіць са сваёй прапановай да ўстаноў Гайнаўшчыны. Нядаўна прыняты Сеймам Польшчы закон дазваляе ажыццявіць прапанову таварыства на тэрыторыі гмін, дзе пражывае больш за 20% беларусаў.
Яшчэ распрацоўваецца змест лістоўкі з заклікам да жыхароў Гайнаўшчыны. Удзельнікі таварыства будуць распаўсюджваць лістоўкі, арганізоўваць сустрэчы і індывідуальныя размовы, каб ідэю двухмоўя наблізіць да жыхароў. Справу падтрымалі таксама малодшыя ўдзельнікі таварыства, сярод якіх большасць складаюць гайнаўскія ліцэісты.
Сеймавы закон, які дазваляе двухмоўныя назвы, уступіць у сілу з пачаткам мая і да гэтага часу павінны быць падрыхтаваны выканаўчыя распараджэнні.
“Ніва”. 2005. 20 сак.

Іркуцк, Расія
На тэрыторыі Іркуцкай вобласці пражываюць ветэраны, якія бралі актыўны ўдзел вызваленні Беларусі ў 1944 г. Подзвігі і гераізм гэтых людзей не забытыя і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі перадало юбілейныя медалі “Вызваленне Беларусі” ў Іркуцкую вобласць, якія прывёз старшыня Іркуцкага Таварыства беларускай культуры (ІТБК) Алег Рудакоў. 23 лютага адбылося ўрачыстае ўручэнне ўзнагародаў сібіракам – актыўным удзельнікам вызвалення. Увазе ветэранаў была прадстаўлена канцэртная праграма з удзелам танцавальнага ансамбля ІТБК “Пралескi”, танцавальнага ансамбля “Самацветы”, фальклорнага ансамбля “Ленушка”, а таксама сібірскай беларускі і паэтэсы Екацярыны Агарковай.
Алена Мамантава,
прэс-сакратар ІТБК

Іркуцк, Расія
26 лютага адбылося чарговае пасяджэнне літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына”, тэма якога была вызначана як “Прычына ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага. Што такое сучасная Літва”. Адкрыў пасяджэнне старшыня Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага (ІТБК) Алег Рудакоў. У дыскусіях былі прапанаваны пункты гледжання на прычыны ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага беларускіх, польскіх і літоўскіх гісторыкаў.
Як ужо стала традыцыйным, другім блокам пасяджэння арганізатарамі клуба прапаноўваюцца музычныя творы – беларускія аўтарскія песні. Аднак 26 лютага Алена Сіпакова, вядучая блока, прадставіла творчасць беларускага гурта “Стары Ольса”, якая поўна, музычна і меладычна дапамагла ўявіць часы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. У канцы была вызначана дата наступнага пасяджэння – 26 сакавіка 2005 г., тэма “Вялікае Княства Літоўскае – Залаты век”.
Алена Мамантава,
прэс-сакратар ІТБК

Масква, Расія
З нагоды Дня Волі Грамада Беларускае Культуры праводзіць канцэрт Віктара Шалкевіча ў Маскве “Беларусь мая незалежная”. Афіцыйны сайт дыяспары Масквы: www.hramada.ru Неафіцыйны сайт дыяспары ў Маскве: www.maskva.com У гасцёўнях сайтаў заўсёды можна пакінуць паведамленні.
Генадзь Лех,
Старшыня “Грамады Беларускае Культуры места Масквы”

Масква, Расія
Аддзел беларускай кнігі з’явіцца неўзабаве ў магазіне Маскоўскага дома кнігі на Калужскай плошчы. Пра яго адкрыццё афіцыйна было аб’яўлена на прэзентацыі нацыянальнай экспазіцыі беларускіх кнігавыдаўцоў у рамках выставы-кірмашу “Кнігі Расіі”, што праходзіць днямі ў Маскве. У сваю чаргу, у мінскім магазіне “Светач” хутка з’явіцца спецыяльны аддзел расійскай кнігі.
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”. 2005. 11 сак.

Страсбург, Францыя
Улетку мінулага году ўлады Беларусі зачынілі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Апынуўшыся на вуліцы, былыя студэнты мусілі шукаць магчымасці працягваць адукацыю. Прапановы прыняць іх на навучанне выказалі некаторыя замежныя ўніверсітэты, і частка студэнтаў зараз працягвае вучобу ў Нямеччыне, Літве, Санкт-Пецярбургу. Групу беларускіх студэнтаў у Страсбургу складаюць палітолагі, сацыёлагі і эканамісты. Так што цяпер у гэтым палітычным цэнтры аб’яднанай Еўропы рыхтуюцца кадры будучых спецыялістаў у галіне палітыкі і грамадскага жыцця.
Адметна, што гэтую моладзь арганізавана і мэтанакіравана ніхто туды не пасылаў. Кожны з іх знайшоў туды дарогу сам. Выглядае, што хаця ў Страсбургу і няма беларускага сцяга перад будынкам Еўрапарламенту, там ужо прадстаўлена частка новай, маладой Беларусі.
Радыё “Свабода”. 2005. 5 сак.


ВЕСТКІ

Грамадства

***
У Нацыянальным сходзе працягваецца абмеркаванне праекта закона аб асноўных накірунках унутранай і знешняй палітыкі Беларусі. У Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне навукова-кансультацыйнай рады пры пастаяннай камісіі ў міжнародных справах. Журналістам на ім не дазволілі прысутнічаць. На пачатку гэтага пасяджэння журналістам дазволілі выслухаць меркаванне толькі аднаго эксперта – намесніка старшыні КГБ Пятра Траццяка. Ён сказаў, што ягонае ведамства лічыць неабходным унесці некаторыя рэдакцыйныя праўкі і ўдакладніць шэраг юрыдычных нормаў.
Радыё “Свабода”. 2005. 14 сак.


***
Нарада дэмакратычных сілаў Беларусі, так званая “дзесятка”, ухваліла парадак вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі на абласных сходах і ўсебеларускім кангрэсе. Доўгатрывалы працэс узгаднення працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі фактычна закончаны. Адпаведны дакумент сёння быў ухвалены на чарговым пасяджэнні “дзесяткі”. Было вырашана таксама стварыць аналагічныя структуры ў абласцях. Абласныя нарады дэмакратычных сілаў, а таксама недзяржаўныя арганізацыі і будуць арганізоўваць рэгіянальныя сходы па вылучэнні адзінага кандыдата. Пачнуцца гэтыя сходы ўжо ў гэтым месяцы.
Радыё “Свабода”. 2005. 2 сак.

***
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францiшка Скарыны” (ТБМ) абскардзіла ў Вярхоўным Судзе пісьмовае папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі. Свае дзеянні Мінюст матываваў тым, што некаторыя структуры ТБМ выкарыстоўвалі жылыя памяшканні для рэгістрацыі сваіх юрыдычных адрасоў і, такім чынам, парушылі палажэнні Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
www.ngo.by

***
У Саюзе палякаў змянiлася кiраўнiцтва. Такi галоўны вынiк шостага з’езда гэтай арганiзацыi, якi праходзiў 12-13 сакавiка ў Гродне. Старшынёй арганiзацыi абрана 31-гадовая Анжалiка Борыс. Выбар Анжалiкi Борыс азначае, што эра скандалаў i аўтарытарнага кiравання ў гэтай найбольшай грамадскай арганiзацыi краiны застаецца ў мiнулым.
pahonia.promedia.by

***
Група сталічных навукоўцаў-гісторыкаў напісала адкрыты ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, у якім паведаміла факты, якія сведчаць аб тым, што гарадскія ўлады пры забудове цэнтра сталіцы ігнаруюць думку спецыялістаў і фактычна знішчаюць культурна-гістарычную спадчыну Мінска. Аўтары ліста гатовы прывесці шмат прыкладаў бяздумнай забудовы цэнтра сталіцы.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 1 сак.

***
2 сакавіка ў Беларусі не працавала большасць рэчавых рынкаў. Намеснік старшыні РАА “Перспектыва” А.Лапатко: звесткі, сабраныя за гэты дзень з усіх рэгіёнаў краіны, дазваляюць сказаць аб тым, што агульнанацыянальны бестэрміновы страйк пакуль падтрымлівае большасць прадпрымальнікаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі выступаюць супраць увядзення падатку на дадатковую вартасць на тавар, які ўвозіцца з Расіі.
“Hrodnanews”. 2005. 3 сак.

***
80 тысяч беларускіх прадпрымальнікаў не заплацілі падаткаў і распачалі бестэрміновы страйк. Найвялікшая, пяцітысячная маніфестацыя адбылася ў Мінску і Гродне. Гандляры прыгразілі, што 25 сакавіка возьмуць масавы ўдзел у маніфестацыі апазіцыі, прысвечанай гадавіне абвяшчэння БНР. А гэта значыла б, што прадпрымальнікі пераходзяць пад штандары апазіцыі.
“Rzeczpospolita”. 2005. 2 сак.

***
Беларускія ўлады спрабуюць уціхамірыць дробных прадпрымальнікаў, арыштоўваючы арганізатараў страйкаў і дэманстрацыяў. У Беларусі дагэтуль не працуе большасць кірмашоў. Улады, як падаецца, спужаліся бунту амаль двухсот тысяч гандляроў. А.Лукашэнка сказаў нават, што асабіста наведае кірмашы, каб даведацца пра праблемы прадпрымальнікаў. Але з’явіцца ён там, напэўна, толькі тады, калі сітуацыя будзе больш спакойнай.
“Gazeta Wyborcza”. 2005. 7 сак.

***
Аб’яднанне “Перспектыва” перапыняе перагаворны працэс з урадам да вызвалення старшыні аб’яднання Анатоля Шумчанкі. 11 сакавіка адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху А.Шумчанка павінен быў выйсці на свабоду пасля адбывання 10-суткавага адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Аднак гэтага не адбылося.
“Сharter’97”. 2005. 16 сак.

***
Пратэст прадпрымальнікаў прыняты да ведама ўрадам, але ён у сваім рашэнні няўхільны – плаціць падатак патрэбна ўсім і ў поўным аб’ёме. Ад перамоваў з урадам прадпрымальнікі адмовіліся. 1 сакавіка страціўшыя надзею людзі вырашылі звярнуцца да прэзідэнта, але былі адкінутыя ад яго рэзідэнцыі АМАПам.
“Белорусский рынок”. 2005. 14-21 сак.

***
Гэты год для ўсёй эканомiкi пачаўся з праблемы аплаты падатку на дадатковую вартасць пры гандлi з Расiяй. Новы парадак нанёс удар па прадпрыемствах. I ўсё ж у найгоршую сiтуацыю трапiлi прадпрымальнiкi. Калi прадпрымальнiкi не даб’юцца адмены прынятага парадку аплаты, то само iх iснаванне трапiць пад пагрозу. Па краiне гэта 130.000 чалавек, а дададзiм наёмных работнiкаў ды сем’i ўсiх тых, хто заняты ў гэтай сферы.
“Народная Воля”. 2005. 5 сак.

Эканоміка

***
Складскія запасы мінскіх прадпрыемстваў працягваюць павялічвацца – рост складскіх запасаў на прадпрыемствах з 98,8% да сярэднемесячнага аб’ёма вытворчасці ў мінулым годзе да 154,3% у студзені-лютым 2005 г. У студзені-лютым таксама ўзніклі праблемы з экспартам прадукцыі. За гэты перыяд пастаўкі за межы краіны павялічыліся на 0,3% у параўнанні з студзенем-лютым 2004 г., пры гэтым экспарт у Расію знізіўся на 33,2%.
“Сharter’97”. 2005. 16 сак.

***
Беларусь павялічыць аб’ём транзіта расійскага газу праз тэрыторыю рэспублікі. Па словах кіраўніка беларускага ўраду С.Сідорскага, адпаведная дамоўленасць дасягнута паміж “Белтрансгазам” і “Газпромам”. Пры гэтым прэм’ер-міністр падкрэсліў, што беларускі бок цалкам выконвае свае абавязкі перад Расіяй, як па аб’ёмах транспарціроўкі газу, так і па аплаце газу для ўласных патрэбаў.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі”.
2005. 17 сак.

***
Бягучы прыбытак усіх беларускіх банкаў за 2004 год склала 183 млрд. рублёў – на 51,5 млрд. больш за 2003 год. Прырост склаў 37 % – на 22,6 % больш тэмпаў інфляцыі. Разам з тым тэмп росту прыбытку запаволіўся: у 2003 г. прыбытак у параўнанні з 2002 г. павялічыўся ў 2,5 раза. Зараз у рэспубліцы налічваецца 32 дзейсных банкі.
“Hrodnanews”. 2005. 14 сак.

***
Урад Беларусі ўстанавіў новы каэфіцыент да нарматыўных коштаў на зямельныя ўчасткі, якія перадаюцца ў прыватную ўласнасць грамадзянам Беларусі на 2005 год у памеры 1,435. Дадзены каэфіцыент штогод ўлічвае ўзровень інфляцыі адносна мінулага года пры перадачы зямельных участкаў ва ўласнасць. Нарматыўны кошт за ўчастак зямлі плошчай адзін гектар у Мінску складае 28,89 млн. рублёў, у Брэсце – 18,85 млн. рублёў, у Пінску – 15,37 млн. рублёў, у Полацку – 13,71 млн. рублёў, у гарадскім пасёлку Радашковічы 7,62 млн. рублёў без уліку каэфіцыента 1,435.
“Hrodnanews”. 2005. 10 сак.

***
Павялічваць заробак сваім працаўнікам беларускім суб’ектам гаспадарання становіцца ўсё цяжэй. З 1 сакавіка ўступае ў сілу пастанова Саўміна, што абмяжоўвае максімальны памер стаўкі першага разраду, які адносіцца на сабекошт. Бюджэт пражытковага мінімума на сёння роўны прыблізна 140 тыс. BYR. Тарыфны каэфіцыент спецыяліста з вышэйшай адукацыяй складае 3-3,5. Атрымліваецца, што больш за 400-500 тыс. BYR сярэдняму працоўнаму прадпрыемства плаціць не мае права. Зрэшты ў прадпрыемстваў ёсць яшчэ адзін спосаб плаціць заробак: у канвертах і без ведамасці. Так што беларускія ўлады самі штурхаюць прадпрымальнікаў на парушэнні.
“Сharter’97”. 2005. 1 сак.

***
Сусветны банк выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 45 мільёнаў даляраў на рэабілітацыю пацярпелых ад чарнобыльскай бяды раёнаў. Не выключна, што будуць прыцягнутыя і дадатковы сродкі. Пра гэта заявіў у Мінску дырэктар банка ва Украіне, Малдове і Беларусі Пол Бірмінгем.
“Наша Ніва”. 2005. 4 сак.

***
Дзяржаўны доўг Беларусі за студзень скараціўся на 1,6% і складае 4.383 трлн. руб. Між тым, у снежні ён вырас на 13,5%. На 1 студзеня ўнутраны доўг склаў 2.846 трлн. руб., вонкавы – 41,1 млн. даляраў
“Наша Ніва”. 2005. 4 сак.

***
Больш чым на 9% знізілася ў студзені гэтага года рэальная налічаная зарплата ў Беларусі. Такі вынік аналізу афіцыйных звестак аб дынаміцы змянення заработнай платы і індэкса спажывецкіх цэн. Падзенне сярэдняй зарплаты традыцыйна для студзеня.
“Народная Воля”. 2005. 2 сак.

***
Значна павялічылася вытворчасць і рэалізацыя алкагольных напояў. Паводле звестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, у студзені 2005 года ў параўнанні са студзенем 2004 года вытворчасць каньяку вырасла ў 5 разоў, піва на 27,3%, вінаградных він – на 20,3, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў – на 6,4, шампанскага – на 3,4.
“Народная Воля”. 2005. 2 сак.

Знешняя палітыка

***
Беларусь ініцыіруе аблягчэнне візавага рэжыму з Латвіяй, нягледзячы на тое, што гэта павінны рабіць латышскі бок: жыхары Латвіі наведваюць Беларусь у тры разы часцей, чым жыхары Беларусі – Латвію. Няпросты візавы рэжым паміж дзвюма краінамі з’яўляецца адной з праблем беларусаў у Латвіі, дзе беларуская дыяспара складае прыкладна 92 тысячы чалавек. З іх 68 тысяч не з’яўляюцца грамадзянамі Латвійскай Рэспублікі.
“AFN”. 2005. 5 сак.

***
Пасольства Беларусі ў Кішынёве накіравала ў Міністэрства замежных спраў Малдовы афіцыйную ноту з просьбай патлумачыць сітуацыю, звязаную з дэпартацыяй беларускіх грамадзян. 4 сакавіка для ўдзелу ў назіранні за выбарамі з Беларусі ў Малдову па лініі Арганізацыі па назіранні за выбарамі ў краінах СНД накіравалася каля 100 чалавек. 47 з іх пасля прыбыцця ў Кішынёў не змаглі нават выйсці на перон: іхны вагон быў адпраўлены на запасны пуць, а пазней – прычэплены да зваротнага цягніка на Мінск. Астатнія назіральнікі – каля 50 чалавек, у асноўным прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі – уладкаваліся ў санаторыі пад Кішынёвам. Аднак у назіранні і яны ўдзельнічаць не здолелі, бо не прайшлі акрэдытацыю ў МЗС Малдовы. Раніцай 7 сакавіка беларускіх назіральнікаў даставілі пад вартай на вакзал, а ўвечары – пасадзілі ў цягнік “Кішынёў–Мінск”.
Радыё “Свабода”. 2005. 9 сак.

***
Замежныя грамадзяне вызвалены ад сплочвання грашовага збору за часовае знаходжанне ў Мінску. Такое рашэнне прыняў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, разглядаючы рашэнні Мінгарвыканкама і Мінгарсавета аб рэгістрацыі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія на час прыязджаюць у беларускую сталіцу. Раней замежныя госці павінны былі сплочваць збор у памеры 20% мінімальнага заробку за кожны дзень знаходжання ў сталіцы. Гэта рабілася з мэтай кампенсацыі бюджэтных выдаткаў на сацыяльную сферу.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі”.
2005. 14 сак.

***
Камісія Еўрасаюзу разглядае праект выдачы бясплатных віз жыхарам рэгіёнаў, якія мяжуюць з новымі краінамі ЕС. Беларусы, якія жывуць у пяцідзесяцікіламетровай блізкасці ад межаў Латвіі, Літвы ці Польшчы і часта наведваюць суседнія краіны, будуць мець права на атрыманне бясплатнай візы. Віза будзе дзейсна толькі на прыгранічнай тэрыторыі дзяржавы ЕС, якая выдала візу. Беларусы змогуць праводзіць за мяжой да сямі дзён запар, але ў агульнай колькасці не больш за тры месяцы за паўгода. Візы будуць выдавацца мінімум на год. Праект па ўнясенні зменаў у візавы рэжым таксама прадугледжвае стварэнне спецыяльных пастоў ці калідораў на мяжы для жыхароў блізляжачых рэгіёнаў. Чакаецца, што ў бліжэйшыя паўгода праект уступіць у сілу.
“AFN”. 2005. 1 сак.

***
У мінулым годзе на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны выехала 12 510 беларусаў, іншаземцаў жа прыехала 14 642 чалавека. У параўнанні з 2003 годам міграцыйны прырост знізіўся больш чым у два разы. Пакідаюць Беларусь у большасці людзі працаздольнага ўзросту, студэнты і дзеці. Часцей іншых рашэнне пакінуць Радзіму прымаюць мінчукі. У Беларусь у асноўным прыязджаюць людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе як этнічныя беларусы і жадаюць вярнуцца на сваю гістарычную Радзіму. Вялікая група імігрантаў – грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Актуальным застаецца пытанне нелегальнай міграцыі. За 2004 г. больш 2,2 тысячы нелегалаў было дэпартавана, з іх 1 200 чалавек – пад канвоем. Выяўлены 122 групы нелегальных мігрантаў агульнай колькасцю больш 1 000 чалавек.
Сёння Беларусь імкнецца павялічыць колькасць імігрантаў за кошт іншаземцаў і этнічных беларусаў. Па словах А.Бегуна, у цяперашні час Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Беларусі рыхтуе праграму развіцця супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Адна з мэтаў праграмы – прыцягненне ў краіну найбольш перспектыўных і кваліфікаваных работнікаў. Мяркуецца, што людзі, якія вернуцца на радзіму, атрымаюць матэрыяльную дапамогу, ім таксама будуць гарантаваны дапамога консульскіх устаноў і садзеянне ў спрошчаным парадку атрымання грамадзянства. Ажыццяўленне гэтага праекту плануецца пачаць ужо ў гэтым годзе.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 4 сак.

***
Беларусь рыхтуецца адкрыць аддзелы па продажы кніг у Расіі, Украіне, Польшчы. Як паведаміў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Лапцёнак, расійскія і ўкраінскія кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі з’яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі. На працягу бягучага года плануецца адкрыць аддзел беларускай кнігі ў кніжным магазіне адной з прыгранічных абласцей Украіны.
Працягваюцца перамовы з расійскім бокам аб з’яўленні асобнага магазіна “Кнігі Беларусі” ў Маскве. Крокам у адказ стане з’яўленне магазіна расійскай літаратуры ў Мінску. Сёлета плануецца пашырыць супрацоўніцтва з кнігавыдаўцамі і кнігараспаўсюджвальнікамі Польшчы, сказаў Ігар Лапцёнак. Да гэтага часу кантакты дзвюх краін у гэтай галіне былі эпізадычнымі. У красавіку ў Польшчы адбудзецца Нацыянальная выстава “Кнігі Беларусі”. Айчынныя выданні будуць таксама прадстаўлены на экспазіцыі падчас Дзён культуры Беларусі ў Польшчы восенню 2005 года. Прадугледжваецца, што ўсе выданні, якія будуць дэманстравацца, перададуць у падарунак беларускай супольнасці ў Польшчы.
“Голас Радзімы”. 2005. 10 сак.

Дэкрэт №3

***
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
Прэзiдэнт А.Лукашэнка 9 сакавiка падпiсаў Дэкрэт № 3 “Аб некаторых мерах па процiдзеянню гандлю людзьмi”. Дакумент накiраваны на папярэджанне, спыненне гандлю людзьмi, у тым лiку ў мэтах сексуальнай эксплуатацыi, i ўстанаўленне жорсткай адмiнiстрацыйнай i крымiнальнай адказнасцi за ўчыненне правапарушэнняў у гэтай сферы.
president.gov.by

***
З гэтага часу МУС і Міністэрства адукацыі становяцца галоўнымі адказчыкамі за лёс беларусаў, якія выязджаюць за межы краіны. Цяпер гэта магчыма толькі з пісьмовага дазволу міністра адукацыі. Яшчэ больш узмацняюцца патрабаванні да замежных грамадзян, якія хочуць усынавіць беларускіх дзяцей.
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”. 2005. 12 сак.

***
Турыстычным кампаніям Беларусі “давялі” новыя правілы гульні. Новыя ўмовы ліцэнзавання тураператараў пакінуць на рынку прыблізна 20% цяпер існуючых кампаній.
“Национальная экономическая газета”. 2005. 11 сак.

***
Беларусам, якія хочуць выехаць з краіны пад рознымі нагодамі – шлюб з іншаземцам, праца, вучоба за мяжой ці простай турпаездкі, – хутка стане амаль немагчыма выехаць з радзімы. Падпісаны Дэкрэт № 3 вызначыў правілы, згодна з якімі для выезду, напрыклад, на вучобу патрабуецца спецыяльны дазвол Міністэрства адукацыі, а шлюбныя агенствы мусяць падаваць звесткі аб сваіх кліентах у МУС і рэгістравацца ў мясцовых ідэалагічных установах.
“Сharter’97”. 2005. 18 лют.

***
Зусім не відавочна, што гэтыя захады дапамогуць прадухіліць гандаль жанчынамі, бо гэтым займаюцца, як правіла, нелегальныя структуры, якія нідзе не зарэгістраваныя. Але наступствамі гэтага дэкрэту могуць быць: устанаўленне больш жорсткага кантролю дзяржавы за бізнесам, стварэнне вялікай колькасці перашкод у працы бізнесоўцаў, ліквідацыя многіх фірм па працаўладкаванні за мяжой. Гэта прывядзе да рэзкага скарачэння кантактаў беларусаў з замежнымі краінамі. Выезд людзей за мяжу і пошук працы будуць адбывацца па-за межамі легальных каналаў.
Радыё “Свабода”. 2005. 10 лют.

***
Цяпер любыя дзеяннi могуць ажыццяўляцца толькi пры наяўнасцi спецыяльнага дазволу (лiцэнзii), што выдаецца Мiнiстэрствам унутраных спраў. Уладальнiкам адпаведнай лiцэнзii ставiцца ў абавязак заключаць з грамадзянамi пiсьмовы дагавор аб садзейнiчаннi ў працаўладкаваннi ў iншаземнага наймальнiка за межамi Рэспублiкi Беларусь, якi ўключае абавязак па аказанні дапамогi ў заключэннi працоўнага дагавора (кантракта) з iншаземным наймальнiкам.
www.tut.by

***
Дэкрэт № 3 робіць больш жорсткім кантроль за ўсімі “прыгранічнымі і замежнымі” сферамі жыцця беларусаў – ад усынаўлення дзяцей-сіротаў да прадастаўлення працы прафесійным мадэлям. МУС і МЗС будуць збіраць інфармацыю аб “невяртаючыхся”, якія выехалі праз заходнюю мяжу. У Беларусі, па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, штогод на працу за межы з’язджае да 5 тыс. чалавек. Пры гэтым у 2004 г. органы МУС выявілі толькі 400 чалавек, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі. Настолькі дэтальны клопат аб беларусах за мяжой можна патлумачыць пачаткам прэзідэнтскай гонкі.
“Белорусский рынок”. 2005. 14-21 сак.

***
Дзіўна, але разам з больш жорсткімі патрабаваннямі да дзейнасці мадэльных агенцтваў дакумент забараняе ўсынаўленне маленькіх беларусаў іншаземцамі, а таксама вучобу за мяжой без адпаведнага дазволу Міністэрства адукацыі. “Жалезны занавес” для моладзі?
Цікава, што ў той жа дзень, калі быў падпісаны ўказ аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, А.Лукашэнка зацвердзіў рашэнне аб ахове дзяржаўнай мяжы. Ён загадаў кіраўніцтву памежных войскаў да 2007 года скончыць дэмаркацыю дзяржаўнай мяжы з Літвой і Латвіяй, каб памежнікі кантралявалі “кожны метр”.
“Народная Воля”. 2005. 12 лют.

***
Пад выглядам барацьбы з гандлем “жывым таварам” А.Лукашэнка замыкае межы краіны перад беларусамі. Прэзідэнцкі дэкрэт вяртае савецкія метады дзяржаўнага нагляду за грамадзянамі, якія выязджаюць ці толькі збіраюцца выехаць за мяжу.
“Gazeta Wyborcza”. 2005. 14 сак.

Культура

***
21 сакавіка – 165 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. Памятная дата не ўключаная ў календары, а ў Свіранах і Кушлянах, на радзіме пачынальніка новай беларускай літаратуры і грамадскага дзеяча, да гэтае пары няма помніка. Намаганнямі клуба “Спадчына” помнік Багушэвічу павінен з’явіцца сёлета ў Слуцку. Ушанаванне памяці выбітных асобаў Беларусі – справа энтузіястаў. Пра 165-годдзе Багушэвіча забыліся нават у календары “Родны край”. І не пра аднаго Багушэвіча.
Радыё “Свабода”. 2005. 21 сак.

***
У Полацку прынята рашэнне паставiць помнiк князю Усяславу Чарадзею, падчас праўлення якога ў другой палове ХI стагоддзя пабудавалi знакамiты Сафiйскi сабор. Праходзiць адпаведны конкурс для скульптараў, вынiкi якога будуць падведзены вясной. Мяркуецца, што помнiк паставяць каля гарадскога стадыёна.
“Звязда”. 2005. 1 сак.

***
У Міжнародны дзень музеяў, 18 сакавіка, культурна-асветніцкі клуб “Спадчына” ў Доме літаратара прэзентаваў праекты помнікаў Францішку Багушэвічу і Альгерду Абуховічу-Бандынелі. Памятныя знакі будуць усталяваныя ў Слуцку з нагоды 165-х угодкаў з дня нараджэння заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Акрамя таго, сёлета ў Слуцку з’явіцца таксама помнік Слуцкім ткачыхам.
Радыё “Свабода”. 2005. 18 сак.

***
Злучаныя Штаты Амерыкі будуць і надалей падтрымліваць праект аднаўлення фальварка Тадэвуша Касцюшкі ў вёсцы Мерачоўшчына на Берасцейшчыне. У Дзярждэпартаменце гэтай краіны прыняты кіраўнік грамадскага фонду Касцюшкі спадар Леанід Несцярчук. Па выніках сустрэчы Беларусь пачала атрымліваць гістарычныя дакументы, фотакопіі і іншыя матэрыялы, датычныя лёсу нацыянальнага героя.
Радыё “Свабода”. 2005. 16 сак.

КРАСАВІК У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

• 12 красавіка – 115 гадоў з дня нараджэння Янкі Нёманскага (сапр. Іван Пятровіч; 1890–1937), беларускага празаіка, публіцыста, вучонага-эканаміста і грамадскага дзеяча.
• 14 красавіка – 125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Дылы (1880–1973), беларускага празаіка, драматурга і грамадскага дзеяча.
• 14 красавіка – 120 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага (1885–1938), беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, публіцыста, педагога.
• 18 красавіка – 65 гадоў з дня нараджэння (1940) Эдуарда Ханка, беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста Беларусі.
• 20 красавіка – 65 гадоў з дня нараджэння (1940) Уладзіміра Мархеля, беларускага літаратуразнаўцы.
• 21 красавіка – 170 гадоў з дня нараджэння Ялегі Пранціша Вуля (сапр. Карафа-Корбут; 1835–1880-я), беларускага паэта.
• 23 красавіка – 65 гадоў з дня нараджэння (1940) Віктара Казько, беларускага пісьменніка.
Паводле Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Красавік у гісторыі дыяспары
9 красавіка 1946 г. было створана Беларускае літаратурнае Згуртаванне “Шыпшына” ў Міхельсдорфе (Германія). Арганізатары Юрка Віцьбіч і Наталля Арсеннева.
25 красавіка 1946 г. адбылося асвячэнне і першае богаслужэнне ў беларускай праваслаўнай царкве св. Еўфрасінні Полацкай у Рэгенсбургу. Службу вёў епіскап Апанас (Мартас).
6 красавіка 1947 г. выйшаў № 1 часопіса беларусаў-католікаў “Беларуская думка”, які выдаваўся Беларускім Каталіцкім Парафіяльным камітэтам у Ватэнштэце (рэдактар Вацлаў Пануцэвіч).
5 красавіка 1949 г. з радыёстанцыі ў Лімбургу пачалася трансляцыя паўгадзінных беларускіх радыёперадач, арганізаваных Уладыславам Рыжым-Рыскім.
7 красавіка 1951 г. быў створаны Каардынацыйны Камітэт беларускіх арганізацыяў у Вялікабрытаніі (Лондан). Увайшлі ў гэты Камітэт: Часлаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Міхаіл Мацукевіч.
9 красавіка 1946 г. адбыўся канцэрт Беларускага студэнцкага хору кампазітара Міколы Равенскага ў Бруселі.
20 красавіка 1952 г. быў адчынены Беларускі народны Дом у Кліўлендзе.
9 красавіка 1946 г. адбыліся канцэрты Беларускага студэнцкага хору кампазітара Міколы Равенскага ў Парыжы.
9 красавіка 1946 г. адбылася выстава беларускага эміграцыйнага друку ў Буэнас-Айрэсе.
9 красавіка 1946 г. пачаліся сталыя беларускамоўныя перадачы з Сіднэя.
9 красавіка 1946 г. адчынены новы прыход БАПЦ у Мельбурне.
9 красавіка 1946 г. створаны Беларускі Культурна-асветніцкі камітэт у Нью-Брансвіку. Управу склалі: Васіль Стома, Галіна Русак, Ліза Бакуновіч, Аўген Люсюк, Б.Р., Г.Тодт.
9 красавіка 1946 г. у Нью-Брансвіку выйшаў № 2 тыднёвіка беларускіх змагароў “Змагар” (рэдактар Віктар Васілеўскі).
9 красавіка 1946 г. на сустрэчы беларусаў Аўстраліі ў Албуры створаны Каардынацыйны Камітэт Беларускіх арганізацыяў. У яго склад увайшлі: Міхась Зуй, Мікола Ціхан, Уладзімір Пацко, Уладзімір Кулецкі – ад Сіднея; а. А.Грыцук, Язэп Слесарэвіч, Павал Гуз, Язэп Алехнік – ад Мельбурна.
9 красавіка 1946 г. з нагоды Акту 25 сакавіка ў Палаце лордаў англійскага Парламенту была прынятая беларуская дэлегацыя ў складзе біскупа Часлава Сіповіча і Паўла Навары.
9 красавіка 1946 г. адбылося святкаванне 30-х угодкаў Ангельска-Беларускага Таварыства ў Лондане.
Паводле “Хронікі беларускага жыцця на чужыне”


З НАШАЙ ПОШТЫ

Ад рэдакцыі: На наш адрас прыйшоў ліст з Украіны, які нельга абысці ўвагай, бо ў ім выразна выяўляецца адрозненне паміж афіцыйнымі заявамі і рэальным станам спраў, з якім і даводзіцца сутыкацца беларусам замежжа. Ліст узяты са старонкі Чарнігаўскай газеты “Десняская правда” № ад , які даслала Галіна Варажбіт, старшыня Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры”. Г.Варажбіт так пракаментавала сітуацыю: “Прачытайце гэты артыкул, як нас этнічных беларусаў сустракаюць на мытні ў Новай Рудні”.
Падаем ў перакладзе з украінскай мовы.

На пахаванне ў Беларусь
Мама ў мяне беларуска, бацька – украінец. Усё нашае дзяцінства (маё і сястры) прайшло ў Беларусі, дзе наша бабуля і ўся радня. Тое, што адбылася з намі на мінулым тыдні, я і дагэтуль згадваю са слязьмі і невымоўным болем. Не хачу, не магу з тым мірыцца, таму і напісала ў газету.
Сталася непапраўнае – памёр мой дзядзька (ён жа хросны бацька), мамін брат, які жыў на Гомельшчыне, у вёсцы Белае. Мы сабраліся з сястрою (мама з бацькам паехалі раней). Аўтамабіль, вянкі, кветкі, прадукты. Едзем. Перад вачыма ўсё дзяцінства, хросны бацька, слёзы. Украінскія мытнікі без перашкод далі дабро на пераход мяжы, а вось беларускія доўга пераправяралі ўсе рэчы, распытвалі, дапытвалі, пасля чаго паведамілі пра грашовыя сумы, які неабходна заплаціць за дазвол на праезд: 150 долараў – за адзін дазвол, 30 за зялёную картку і яшчэ энную колькасць зялёнай валюты – за іншыя дакументы.
Мы былі разгублены, бо такіх велі¬чэзных грошай не мелі. У адказ на нашыя слёзы беларускія мытнікі параілі вярнуцца назад і афармляць усе неабходныя паперы ў сябе на ўкраінскай мяжы, маўляў, будзе танней. Паехалі мы да нашых, але зноў натрапілі на надзвычай высокі кошт працэдуры дазволу праехаць на суседнюю (нашу ж, родную) зямлю.
У роспачы не ведалі, што рабіць далей, таму і паслухалі нейкага “знаўцу” мытных законаў. Ён параіў нам ехаць на пахаванне праз Расію, кажучы, што так будзе танней, бо мяжы між тымі дзяржавамі няма.
На роздумы часу не было, бо ж вельмі хацелі правесці дзядзьку ў апошні шлях. Заплацілі ўсё, што вымагалі расіяне, праехалі некалькі кіламетраў іхняй тэрыторыі, а за 40 кіламетраў ад роднай вёскі нас спыніў пост ДАІ. Міліцыянеры сталі вымагаць дакументы, страхавыя полісы, тлумачыўшы, што тыя дазволы, за якія мы заплацілі на расійскай мытні, нядзейсныя. I малілі іх, і прасілі, a ў адказ пачулі: давайце яшчэ 45 долараў. Дзе ж ix узяць, нікога не цікавіла.
Прыехалі мы дадому ў слязах, так і не пахавалі свайго дзядзечку, а яшчэ ж, акрамя маральных, зазналі велічэзныя матэрыяльныя выдаткі. Здавалі вянкі назад, на душы пякло агнём...
Адна ў мяне надзея – на майго Прэзі¬дэнта Юшчанку, за якога ўсёй сям’ёй мы галасавалі тры туры запар: дамоўцеся з Прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам пускаць нас у месца, дзе нарадзіліся і вырасталі, дзе нас заўжды чакаюць.
З павагаю, Таццяна, г. Шчорс”.

Нашы страты

4 сакавiка ў сталiцы Нарвегii, Осла, памёр беларускi пiсьменнiк, паэт i перакладчык, адзiн з заснавальнiкаў Беларускага ПЭН-цэнтра Карлас Шэрман. Ён нарадзiўся ва Уругваi, куды ў 20-я гады мiнулага стагоддзя эмiгравалi з Заходняй Беларусi яго бацькi. Пазней яны перабралiся ў Аргенцiну, дзе прайшло юнацтва Карласа. У 1956 г. назаўсёды прыехаў у Беларусь, на сваю гiстарычную радзiму. У дзевяностыя гады мiнулага стагоддзя Карлас – у самым вiры барацьбы за дэмакратычныя перамены, за беларускае нацыянальнае адраджэнне, становiцца паплечнiкам Алеся Адамовiча i Васiля Быкава, разам з iмi стварае Беларускi ПЭН-цэнтр.
Крэмацыя ягонага цела адбылася ў Нарвегii, праз колькi дзён урна з прахам дастаўлена ў Мiнск.

Беларусы Вікторыі (Аўстралія) спачуваюць сябру Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі Янку Барысевічу і яго сямейцы з нагоды вялікай страты. Анна Маліноўска (Барысевіч) на 51-м годзе жыцця пасля цяжкой хваробы адышла ад нас у вечнасць 8 лютага. Пахаваная на могілках у Спрынг Ваіл (Мельбурн). Пакінула ў вялікім смутку 14-гадовую дачку Ізабэлу, маці Людвіку, бацьку Яна, брата Апртура, сваіх блізкіх і добрых прыяцеляў.
Божа, прымі з пашанай нашу дарагую Аню. Вечная памяць.

27 лютага на 93 годзе жыцця ў Францыі памёр вядомы беларускі мастак на эміграцыі Віктар Жаўняровіч. Беларусы свету смуткуюць з нагоды гэтай страты.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by