МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№7(№44)
ліпень
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

"Мы ўсе разам - хто нарадзіўся і жыве ў Беларусі, хто па волі лёсу апынуўся па-за межамі бацькаўшчыны - ёсць Народ Беларусі. Мы ўсе - адзін для аднаго, мы ўсе разам - для Беларусі, вольнай і незалежнай, дэмакратычнай і заможнай".
Са Звароту да суайчыннікаў
Чацвёртага з'езда беларусаў свету МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Мы, удзельнікі Чацвёртага з'езда беларусаў свету сведчым Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву з яе адвечнымі сімваламі - бела-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня".
З Дэкларацыі
Чацвёртага з'езда беларусаў свету МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

IV З’езд беларусаў свету. Выніковы рэпартаж.

Напярэдадні
Беларусы з розных краін пачалі прыязджаць у Мінск і заходзіць на сядзібу Згуртавання ўжо за тыдзень да З’езда. У напружанай падрыхтоўчай атмасферы суайчыннікі з усіх куткоў свету жыва цікавіліся сітуацыяй у Беларусі і падрыхтоўчай працай да З’езда. Многія шчыра прапаноўвалі дапамогу.
Першае мерапрыемства ў межах З’езда адбылося ўжо 13 ліпеня. Ім стала Прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў беларускай дыяспары ЗША. Галоўнымі дзеючымі асобамі былі доктар гістарычных навук, пісьменнік і грамадскі дзеяч Янка Запруднік, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель, намеснік старшыні Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі Алена Касоўская і парафіянін Царквы імя Еўфрасінні Полацкай Джордж Лапіцкі. Госці выступілі перад беларускімі і замежнымі журналістамі, адказалі на іх пытанні.
Апошнім падрыхтоўчым мерапрыемствам перад З’ездам было пасяджэнне Вялікай Рады “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” 15 ліпеня. Кіраўнік Згуртавання Анатоль Грыцкевіч і старшыня Рады Алена Макоўская паведамілі пра асноўныя складанасці ў падрыхтоўцы да З’езда, апошнія арганізацыйныя захады і план працы структур Згуртавання на З’ездзе.

Прадстаўнічасць З’езда
16 ліпеня ўжо з 8 гадзінаў раніцы перад Міжнародным адукацыйным цэнтрам IBB па праспекту “Праўды” пачалі збірацца людзі, хаця рэгістрацыя афіцыйна была абвешчана з 9 гадзін. У фае будынку рыхтаваліся да мерапрыемства сакратарыят, інфармацыйны цэнтр і ахова З’езда. На будынку Цэнтра вісеў вялізны транспарант “IV З’езд беларусаў свету”. А 9-й гадзіне аўтобусы пачалі прывозіць дэлегатаў і гасцей форума з гатэля “Беларусь”. Пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў.
Паводле інфармацыі старшыні мандатнай камісіі З’езда Ніны Шыдлоўскай, з Беларусі і замежжа ў працы З’езда бралі ўдзел 278 дэлегатаў: 144 дэлегаты з Беларусі, 134 дэлегаты з краін замежжа. У працы З’езда ўдзельнічалі прадстаўнікі 69-ці арганізацый беларускай дыяспары з 21 краіны: Англіі, Германіі, ЗША, Польшчы, Ватыкана, Аўстрыі, Іспаніі, Коста-Рыкі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Канады, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Украіны, Арменіі, Кыргызстана, Беларусі, Канады. На З’ездзе былі зарэгістраваны 110 гасцей з Францыі, ЗША, Польшчы, Расіі, Беларусі, Чэхіі, Швецыі.
Былі запрошаныя прадстаўнікі Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, Мiнiстэрства юстыцыi, Мiнiстэрства адукацыi, Мiнiстэрства iнфармацыi, Мiнiстэрства эканомiкi, Мiнiстэрства замежных спраў, Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў i iнш. Аднак ад дзяржаўных структур на З’ездзе прысутнічалі толькі прадстаўнiкi Мiнiстэрства юстыцыi i Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў.
Ад дыпламатычнага корпусу прысутнiчалі Пасол ЗША Джордж Крол, Першы сакратар пасольства Польшчы Марыюш Семаковiч, прадстаўнiк пасольства Францыi Лаура Трэгерэ.
Да З’езда праявілі вялікую цікавасць прадстаўнікі беларускіх і замежных сродкаў інфармацыі. На З’ездзе былі акрэдытаваны і яго асвятлялі 16 перыядычных выданняў, сярод якіх і дзяржаўныя, і незалежныя газеты і часопісы. Працавалі 7 інфармацыйных агенцтваў, сярод якіх БелаПАН, ІНТЭРФАКС, ВВС, REUTERS, ASSOCIATED-PRESS і інш. Актыўна асвятлялі дзейнасць З’езда Радыё “Свабода”, І канал Беларускага радыё, а таксама “Polskie radio” і “Radio Gdansk”. Бралі інтэрв’ю і здымалі працу З’езда 6 каналаў тэлебачання: НТВ, RenTV, СТВ, ТВЦ, ЛАД, АНТ.

Першы дзень З’езда
Адкрыццё З’езда адбылося а 10 гадзіне 16 ліпеня ўрачыстым выкананнем гімна “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Адбыліся выбары рабочых органаў і зацвярджэнне рэгламенту З’езда. У запісу прагучалі вітальныя словы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы (Канада). На З’езд таксама былі дасланы вітанні ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага і Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (Беларусь), Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва” (Польшча), акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыса Кіта (Германія), Рады Таварыства сувязяў з украінцамі замежжа (Украіна), выдаўца часопіса “Belarusian Review” Вячкі Станкевіча (ЗША), Рады суполкі “Скарына” ў Празе (Чэхія), Саюза беларускіх пісьменнікаў (Беларусь), кіраўніцтва Чыкагскага беларускага зямляцтва (ЗША), першага старшыні Згуртавання беларусаў Канады Кастуся Акулы, Галоўнай Управы Згуртавання беларусаў Канады, Федэральнай Рады Беларускіх арганізацый у Аўстраліі, Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі (Аўстралія), Беларуска-Іберыйскага Згуртавання ў Мадрыдзе (Іспанія), Згуртавання беларусаў Бельгіі.
Перад удзельнікамі З’езда з вітальнымі словамі на беларускай мове выступіў пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол.
З дакладамі выступілі кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” прафесар Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук Янка Запруднік (ЗША), гісторык Алег Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель (ЗША), кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.
Адбыліся выступленні дэлегатаў і гасцей З’езда, прэзентацыя кніг, справаздачны даклад старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, справаздачны даклад Кантрольна-рэвізійнай камісіі.
Увечары для удзельнікаў З’езда быў арганізаваны святочны канцэрт, на якім разам з беларускім музыкамі вялікую частку праграмы выканалі самадзейныя і прафесійны артысты з суполак беларускай дыяспары.

Другі дзень З’езда
У другі дзень 17 ліпеня праца З’езда праходзіла па секцыях “Беларусь для дыяспары – дыяспара для Беларусі. Шляхі да кансалідацыі і развіцця нацыі”, “Культура і адукацыя беларускага замежжа”, “Перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва: Беларусь – дыяспара.”
Па абедзе адбылося падвядзенне вынікаў працы секцый, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіруючых органаў, пасяджэнне новаабранай Вялікай Рады, прысваенне звання “ганаровы сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, прэс-канферэнцыя арганізатараў і дэлегатаў З’езда, сяброўская вячэра.
Кіраўніком МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” абраны вядомы мастак Аляксей Марачкін, старшынёй Рады пераабрана Алена Макоўская, намеснікамі старшыні Рады – Ніна Шыдлоўская, Валеры Герасімаў, Барыс Стук. У Вялікую Раду абраны 104 чалавекі: 52 з Беларусі і 52 кіраўнікі беларускіх арганізацый замежжа. Ганаровымі сябрамі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сталі Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Івонка Сурвілла, Барыс Кіт, Ніл Гілевіч.

Выніковыя дакументы IV З’езда беларусаў свету
На З’ездзе былі прыняты наступныя выніковыя дакументы:
1. Праграма “Беларусы замежжа” (2005–2009 гг.).
2. Зварот да суайчыннікаў “Беларусь – для дыяспары, дыяспара – для Беларусі”.
3. Рэзалюцыя “Пра беларускую мову”;
4. Дэкларацыя “Аб падтрымцы Акта незалежнасці Беларусі, прынятага Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 г. у Мінску”;
5. Рэзалюцыя “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – правамоцны прадстаўнік інтарэсаў сусветнай беларускай супольнасці”;
6. Зварот “Аб Радыёстанцыі Deutsche Welle”;
7. Заява супраць перайменавання ў Мінску праспекта Ф.Скарыны.
8. Зварот да Урада і Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь аб прыняцці закона “Аб беларускай дыяспары”.
Праграма “Беларусы замежжа” распрацавана на падставе прапаноў, якія паступілі ў адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ад сяброў аб’яднання – прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Праграма непасрэдна датычыцца як дзейнасці самога МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, так і ўключае шэраг парад і прапаноў да органаў улады ў галіне развіцця ўзаемаадносін і дапамогі беларускай дыяспары.
Рэзалюцыя “Пра беларускую мову” выказвае пратэст працэсам русіфікацыі і заклікае да абароны роднай мовы.
Рэзалюцыя “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” – правамоцны прадстаўнік інтарэсаў сусветнай беларускай супольнасці” з’яўляецца сведчаннем высокага даверу, які дэлегаты З’езда выказалі Згуртаванню.
Дэкларацыя “Аб падтрымцы Акта незалежнасці Беларусі...” сцвярджае пераемнасць ідэй незалежнасці і дэмакратыі, абвешчаныя ў свой час Усебеларускім з’ездам (2000 г.).
У Звароце “Беларусь – для дыяспары, дыяспара – для Беларусі” праводзіцца актуальнае для сучаснасці асэнсаванне катэгорыі “беларуская нацыя”. У Звароце таксама змешчаны заклік гуртавацца, усталёўваць сувязі, пашыраць кантакты і абмен інфармацыяй, інфармаваць сваіх замежных сяброў і знаёмых аб сітуацыі ў Беларусі.
У Звароце да Урада і Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь аб прыняцці закона “Аб беларускай дыяспары” падкрэсліваецца неабходнасць прыняцця закона, абмеркаванне якога ідзе ўжо больш за 3 гады.
Зварот “Аб Радыёстанцыі Deutsche Welle” ўздымае пытанне аб неабходнасці вяшчання на Беларусь гэтай нямецкай радыёстанцыі на беларускай мове. Прынята таксама Заява супраць перайменавання ў Мінску праспекта Ф.Скарыны.
Падрабязна з выніковымі дакументамі IV З’езд беларусаў свету, Праграмай З’езда, фотагалерэямі, прысвечанымі розным бакам дзейнасці З’езда, можна пазнаёміцца на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
zbsb.org

Пасля З’езда
18 ліпеня ў сядзібе “Бацькаўшчыны” адбылася сустрэча дэлегатаў З’езда з новым кіраўніцтвам Згуртавання, дзе абмяркоўваліся самыя розныя пытанні будучай дзейнасці Згуртавання.
З ініцыятывы супрацоўнікаў вядомага беларускага партала TUT.BY адбылася онлайн-канферэнцыя з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і Згуртавання “Бацькаўшчына”, у якой удзельнічалі Зінаіда Клыга (Эстонія), Язэп Паўловіч (Германія), Максім Вінакураў (Аўстрыя), Алена Макоўская (Беларусь) і Алег Гардзіенка (Беларусь).
22 ліпеня адбыўся прыём у рэзідэнцыі Пасла ЗША ў Беларусі Дж.Крола ў гонар беларусаў Амерыкі.
Увесь наступны тыдзень на офісе “Бацькаўшчыны” адбывалі сустрэчы, абмяркоўваліся сумесныя праекты і планы, адбываўся абмен каардынатамі, інфармацыяй, кнігамі, брашурамі, дыскамі і іншымі прэзентатыўнымі матэрыяламі. Дэлегаты і госці З’езда развітваліся і зычылі адзін аднаму і супрацоўнікам “Бацькаўшчыны” трываласці і плёну ў далейшай працы.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ВІТАННІ

IV З’езд беларусаў свету атрымаў надзвычай шмат вітанняў з усіх куткоў свету і з Беларусі, і не толькі ад арганізацый беларускай дыяспары. Пералік вітанняў можна прачытаць у выніковым рэпартажы Інфармацыйнага цэнтра – першы артыкул бюлетэня. Усе вітанні прасякнуты павагай да дэлегатаў і працы З’езда, ва ўсіх выказваецца шчырая падтрымка гэтай падзеі, упэўненасць у станоўчых і плённых выніках, а таксама вера ў поспех беларускага руху і адраджэнне роднай культуры пры ўдзеле ўсёй сусветнай беларускай супольнасці. У скарочаным выглядзе падаем некаторыя з вітанняў да З’езда.

Вітальнае слова Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы (Атава, Канада):
“Паважаныя арганізатары і дэлегаты 4-га З’езда Беларусаў Свету, дарагія Суродзічы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – яшчэ ўсё на чужыне – вітаю Вас з гэтым, Чацвёртым З’ездам Беларусаў Свету, віншую арганізатараў і жадаю ўсім сапраўды плённай працы.
Жывем мы ў розных краінах свету. Кожны з нас хоча ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, бо адчуваем сябе неад’емнай часткай беларускага народа...
Будуць яшчэ перашкоды на нашым шляху, дарагія Суродзічы. Не ўсім выгадна, каб беларуская нацыя кансалідавалася і развівалася. Але наш народ здольны. Гэта ён не раз меў нагоду даказаць у сваёй гісторыі. Дык не трацьма надзеі.
Жадаю Вам поспехаў у Вашай працы”.

Барыс Кіт, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Франкфурт-на-Майне, Германія):
“Шаноўнае спадарства! Віншую ўсіх са святам – З’ездам беларусаў свету – святам яднання і згоды лепшых, шчырых сыноў і дачок нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны-Беларусі. Зычу плённай працы нашаму з’езду і спадзяюся, што ён адбудзецца без усякіх перашкодаў, пройдзе канструктыўна і вынікова.
Ганаруся вашай самаадданай працай на ніве адраджэння Беларусі, нястомным змаганнем за волю і незалежнасць краіны. Веру, што стане вольнай, незалежнай і дэмакратычнай наша Бацькаўшчына – таму за паруку ваша пачэсная праца!
Са шчырымі прывітаннямі і найлепшымі пажаданнямі ўсім удзельнікам З’езда!”

Прывітальная прамова Джорджа Крола, Пасла ЗША ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, Беларусь):
“Беларусь — старажытная нацыя са складанай гісторыяй і адной з найстарэйшых і найпрыгажэйшых моў у Еўропе. Хачу зазначыць, што многія сыны і дочкі зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё маёй краіны. Тадэвуш Касцюшка змагаўся за незалежнасць Амерыкі. Барыс Кіт дапамог амерыканцам дабрацца да Месяца. Дзякуючы такім людзям, як Зора Кіпель, Нью-Ёрская публічная бібліятэка стала адной з найвыдатнейшых у свеце. Амерыка вінна Беларусі. Амерыка можа вучыцца на прыкладах барацьбы і мужнасці беларускага народа.
Сябры, для мяне гэта вялікі гонар быць сярод вас, прадстаўнікоў мілай мне краіны. Вы, раскіданыя па ўсім свеце, сабраліся сёння на зямлі сваіх продкаў. Я веру, што беларускі народ даб’ецца таго, што належыць кожнай свабоднай нацыі.
Дарагія сябры! Ад імя амерыканскага народа і ўраду, які я прадстаўляю, я жадаю гэтаму кангрэсу поспеху, і дзякую вам за ласку і ўвагу”.

Прывітальнае слова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага і Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (Мінск, Беларусь):
“Сардэчна вітаю суайчыннікаў у роднай Беларусі!
Вы сабраліся з усіх канцоў зямлі дзеля таго, каб асэнсаваць жыццё народа беларускага на Бацькаўшчыне і ў рассеянні-дыяспары існых. Гэта надзвычай важна, бо ўсялякі народ жыве і ўмацоўваецца адзінствам духу, думкі і пачуцця.
Беларуская зямля багатая святасцю: гэта прападобная Еўфрасіння Полацкая, свяціцель Кірыл Тураўскі, праведная Сафія Слуцкая, прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі, дабраверны князь Фёдар Астрожскі ды іншыя. Веру, што і праца IV з’езда беларусаў свету пройдзе пад іх малітоўным пакровам. Наша агульная задача сёння – збіраць, беражліва захоўваць і сведчыць пра тое лепшае, што назапасіў наш народ за сваю шматвяковую гісторыю. Думаю, што толькі ў адзінстве духу мы здолеем прынесці сваю пасільную ахвяру ў справе служэння сваёй Бацькаўшчыне і яе народу.
Божага благаславення ўдзельнікам З’езда!”

Іван Драч, старшыня Рады Таварыства сувязяў з украінцамі замежжа “Україна – Світ” (Кіеў, Украіна):
“Шаноўныя ўдзельнікі і госці шаноўнага форуму! Дазвольце шчыра прывітаць Вас на гэтым высокапаважным сходзе. Ужо чацвёрты раз Менск і ўся беларуская зямля гасцінна прымаюць прадстаўнічую грамаду беларусаў з усяго свету. Упэўнены, што работа Вашага форуму дасць магчымасць спрыяць далейшай кансалідацыі беларусаў ва ўсім свеце.
Няхай гэты З’езд напоўніць вашыя сэрцы радасцю, аптымізмам і вераю ў лепшую будучыню.
Ад шчырага сэрца зычым Вам плённай і канструктыўнай працы, новых важкіх дасягненняў, моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту”.

Аўген Груша, старшыня Федэральнай Рады Беларускіх арганізацый у Аўстраліі (Мельбурн, Аўстралія):
“Дарагія суродзічы дэлегаты і госці!
Федэральная Рада БАА і беларусы Аўстраліі вітаюць Вас, на гэтым важным беларускім форуме. Жадаем Вам вялікіх поспехаў у працы і правядзенні 4-га з’езда ў Мінску. Беларусы Аўстраліі шлюць НАЙШЧЫРЭЙШЫЯ ПРЫВІТАННІ I ПАЖАДАННІ!!! Выносім шчырую па-дзяку Кіраўніцтву ЗБС “Бацькаўшчына”, Кіраўніку прафесару Анатолю Грыцкевічу, Старшыні Рады Алене Макоўскай за шчырую сумленную працу на карысць нашай Маці-Беларусі. Жыве Беларусь!”

Алег Шнэк, старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі (Вікторыя, Аўстралія).
Паважаныя прысутныя Чацвёртага З’езда Беларусаў Свету. Прыйдзе час, і стане Беларусь ізноў вольнай і незалежнай дзяржавай, трэба будзе трымаць гэтую волю – моцна трымаць, як гэта спяваецца ў нашай юнацкай песні “Вон, гадаўё, з нашай зямлі!”
Жадаю вам правесці гэты з’езд карысна і плённа, і будзем спадзявацца, што на наступным з’ездзе ізноў спадкаемся ўсе разам. Жыве Беларусь!”


З ВЫСТУПАЎ ДЭЛЕГАТАЎ

У сваіх выступах дэлегаты З’езда абмяркоўвалі надзённыя праблемы беларускай дыяспары, прапаноўвалі свае праекты, заклікалі да супрацоўніцтва, наладжвалі кантакты. Бюлетэнь “Беларусы ў свеце” друкуе вытрымкі з некаторых выступаў.

Янка Запруднік, доктар гісторыі, пісьменнік (Нью-Ёрк, ЗША):
“Выказваю задаваленьне з тэмы нашага З’езду – “Беларусь для дыяспары – дыяспара для Беларусі: шляхі да развіцця і кансалідацыі нацыі”.
Якое дачыненне да кансалідацыі нацыі мае беларуская дыяспара ў Злучаных Штатах? Вельмі беспасярэдняе і вельмі даўнае. Ролю сучаснай беларускай дыяспары ў кансалідацыі і развіцці нацыі трэба разглядаць у кантэксце новага сусветнага працэсу глабалізацыі. Мы сёння – сведкі тэхналагічнай рэвалюцыі. Пашырэнне дэмакратыі, рост адкрытых дзяржаўных межаў, глабальная інтэрнетаўская камунікацыя, паўсюднасць інфармацыйна-размнажальнай тэхналогіі драматычна павялічылі магчымасці абмену людзьмі, таварамі і ідэямі. Усё гэта дало і чалавеку дыяспары пабольшаную магчымасць, павялічыла ягоную здольнасць браць удзел у жыцці Бацькаўшчыны.
ЗБС “Бацькаўшчына” ў сваім далейшым існаванні можа выконваць выключна важную ролю. База дадзеных Згуртавання павінна была б уключаць, апрача ўсяго іншага, адрасы суродзічаў-спецыялістаў розных галін навукі і тэхнікі, што жывуць за межамі Радзімы. Гэта на выпадак, калі б патрэбныя былі адпаведныя кантакты з замежжам ці кансультацыі для пашырэння сувязяў і супрацоўніцтва, наладжаньн турызму, экспарту-імпарту. Гэта і будзе тым развіццём, пра якое мы тут гаворым”.

Антон Сабалеўскі, Грамада беларускае культуры імя Ф.Скарыны места Масквы (Масква, Расія):
“Беларускае грамадства расколата, расколата і дыяспара, дзе яшчэ шмат “нацыянальных інвалідаў”. Як і раней востра стаіць пытанне аб захаванні беларускай прысутнасці ў свеце. А для захавання сябе як этнасу беларусам трэба адкінуць сваю “памяркоўнасць” і змяніць яе на больш уласцівыя рысы, як упартасць і рашучасць. Бо ніхто на свеце не можа замяніць упартасці, а ў барацьбе за сваю незалежнасць тым больш. Мы аптымісты. Мы і далей будзем разлічваць на ўласныя сілы і ўпарта працаваць на карысць нашай любай Бацькаўшчыны-Беларусі.
Нашая Грамада прапануе зрабіць спаборніцтва паміж суполкамі дыяспары па правядзенні мерапрыемстваў на тэрыторыі Радзімы.
Жыве незалежная, суверэнная Беларусь!”

Яўген Вапа, рэдактар беларускага штотыднёвіка “Ніва” (Беласток, Польшча):
“Перасякаючы мяжу, неадольна захацелася мне напісаць пра тое, чым для беларуса з суседняй Беласточчыны з”яўляецца ягоная духоўная Бацькаўшчына.
Бацькаўшчына – гэта... калі патэлефануеш у дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў любым кутку свету ды скажаш “Добры дзень”, у адказ пачуеш такое ж беларускае, а не “Здравствуйте, слушаю вас”. А калі занясеш прашэнне ў візе, то не захвалюешся – дадуць яе табе ці не. Бо калі думаеш па-беларуску, то людзей такіх не надта хоча бачыць твая Бацькаўшчына. І крыўдна, і сорамна, калі з гонарам крочаць цэнтрам беларускай сталіцы псеўдаславянскія вычварэнцы, а табе прадвызначаюць самоту, забыццё, рэзервацыю...
Бацькаўшчына – гэта... калі перасякаеш беларускую мяжу і радуешся культурнасці памежнікаў і мытнікаў, а не натыкаешся на падазронасць ад кожнага слова на роднай мове. Асабісты дагляд, ператрус кніжак і газет толькі таму, што яны на мове Багдановіча і Купалы. А ўсе памежныя дакументы чытаеш і запаўняеш на “общепонятном”. Ды ніхто не пажадае табе шчаслівай пабыўкі...
Бацькаўшчына – гэта... калі глядзіш па тэлебачанні перамогу на міжнародным турніры беларускага спартоўца і ведаеш, што праз хвіліну залунае любы кожнаму беларусу бела-чырвона-белы сцяг, а словы і музыка гімна парадуюць веліччу і гістарычнай годнасцю. I радуешся, што тваю духоўную Бацькаўшчыну ведаюць у свеце як краіну людзей культуры і навукі, як сярэднееўрапейскую дзяржаву, да якой хочацца прыехаць, а не як найхутчэй з’ехаць. Краіну гаспадароў і справядлівасці, якую паказваюць у свеце як каштоўнасць усяе нацыі, а не ўласнасць аднаго чалавека...
Бацькаўшчына – гэта... калі шпацыруеш вуліцамі беларускага горада ці мястэчка ды іхнія назвы сваёй мінуўшчынай блізкія твайму сэрцу, а не колюць вочы прозвішчамі катаў, якія ўчынялі над нашымі продкамі злачынствы генацыду. I не трэба табе баяцца, што аштрафуюць толькі за тое, што на тваім касцюме значак з Пагоняй. I ведаеш, што не пасаромеецца за цябе Францішак Скарына, ордэны якога зараз прысвойваюць самым ярым ворагам беларускасці, а шыльды з ягоным імем выкідаюць у сметніцу...
Бацькаўшчына – гэта... калі захочаш пабыць на сваёй Бацькаўшчыне больш за тры дні, дык не будзеш думаць пра штраф з-за недапоўненай прапіскі. А за начлег у гатэлі заплаціш па адным для ўсіх тарыфе, а не ў пяць разоў большым, па замежным...
Бацькаўшчына – гэта... краіна, у якой мае сябры і знаёмыя могуць пахваліцца: гэта мой бізнес, гэта пабудова дома для маёй сям’і, гэта мае дзеці, якія прыйшлі з беларускага канцэрта...”

Сяргей Шабадалаў, старшыня Грамадскай рады Беларускага культурнага цэнтра “Крок” (Вісагінас, Літва):
“Маю да прадстаўнікоў беларускай дыяспары з розных краінаў такую прапанову: размясціць на сайце Згуртавання “Бацькаўшчына” інфармацыю пра вопыт правядзення беларускіх святаў, тую ці іншую інфармацыю аб сваіх мерапрыемствах, метадычныя напрацоўкі, сцэнарыі, ноты песняў. Хто займаецца грамадскім жыццём, той ведае наколькі цяжка знайсці гэта ўсё самастойна.
Прапаную зрабіць на сайце “Бацькаўшчыны” (zbsb.org) раздзел з назвай “Творчасць” і ўсім дасылаць на яго напрацоўкі з свайго досведу. У кожнай арганізацыі асабіста назапашана, але трэба, каб гэта было здабыткам нас усіх”.


ІНТЭРВ'Ю ЎДЗЕЛЬНІКАЎ З'ЕЗДА

Падчас працы З’езда ў прадстаўнікоў Інфармацыйнага цэнтра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” была ўнікальная магчымасць узяць эксклюзіўныя інтэрв’ю ў сяброў “Бацькаўшчыны” з замежжа. Да ўвагі чытачоў падборка інтэрв’ю беларусаў розных краін.

Лондан, Англія
Алена Міхалюк, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі:
“Я прыехала з Лондана на Чацвёрты з’езд беларусаў свету, які цяперака адбываецца тут, у Менску. Уражанні ёсць вельмі прыемныя… Па-першае, вельмі прыгожае надвор’е адпавядае гэтаму з’езду, вельмі многа людзей сабралася. З’езд праходзіць на ўзроўні. Усё так, як належыць, як мае быць. Я прымала ўдзел таксама ў Трэцім з’ездзе і цяпер не хочацца прапусціць наступнага, бо чалавек тут сапраўды пачуваецца як дома. Тут чуецца свая родная мова, тут свае людзі і гэта ёсць вельмі-вельмі важным.
Мы ніколі са сваёй Бацькаўшчынай не разміналіся. Кожны дзень мы думалі, дбалі, працавалі для яе, стараліся зрабіць усё, што маглі. Наша пакаленне ўжо вымірае. Нас засталося ў Англіі – на пальцах пералічыць. Але за намі ідуць маладыя. Ёсць такія сярод іх, якія хочуць працаваць на карысць Бацькаўшчыны. Частка імкнецца далучыцца да нашых суполак і ўдзельнічаць у беларускім грамадскім жыцці. Яны ўсе пачуваюцца з намі разам і стараюцца не быць асобна. У нас агульная мэта – ВОЛЬНАЯ І НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ!”

Мінск, Беларусь
Вячаслаў Сіўчык, грамадскі дзеяч:
“У мяне самыя лепшыя ўражанні пра Чацвёрты з’езд. Хаця калі я на яго ішоў, у звязку сённяшняй сітуацыяй на Беларусі, думаў, што могуць быць розныя варыянты падзей і вельмі сур’ёзныя мінусы. І я вельмі рады, што адбылося чыста беларускае мерапрыемства, дзе сэнсоўныя беларускія прамовы былі – як у людзей, якія даўно задэкларавалі сябе прыхільнікамі беларускай ідэі, так і ў тых палітыкаў, якія звычайна ў сваіх прамовах звяртаюць увагу на іншыя праблемы беларускага грамадства. Гэта паказвае яшчэ раз важнасць беларускае дыяспары для самой метраполіі, бо наяўнасць дэлегатаў з дальняга замежжа прымусіла сённяшніх беларускіх палітыкаў, нарэшце, гаварыць на прыстойнай беларускай мове і казаць тыя рэчы, якія даўно мусіць чуць беларускі народ. Я проста ўдзячны лёсу, што мае першасныя прагнозы наконт з’езда не апраўдаліся і з’езд адбыўся ў Менску.
Апошнія мерапрыемствы беларускай апазіцыі ўвесь час цярпелі паразы. Але ж З’езд беларусаў свету да паразаў ніякага дачынення не мае, гэта – сход людзей, якія думаюць пра перспектыву для беларускага народа, якія сапраўды такую перспектыву бачаць. І гэта азначае, што ўсё-такі на Беларусі будуць перамены”.

Лондан, Вялікабрытанія
Васіль Еўдакімаў, старшыня Англа-Беларускага Таварыства:
“Англа-Беларускае Таварыства існуе больш за 50 гадоў. З самага пачатку гэтая арганізацыя склалася дзеля пашырэння сувязей паміж брытанскім і беларускім народамі, пашырэння ведаў аб Беларусі ў Брытаніі, гісторыі Беларусі, мовы. Вялікая колькасць вельмі славутых у брытанскім грамадстве людзей зацікавілася гісторыяй і культурай і самім народам Беларусі. Мы супрацоўнічаем са Згуртаваннем Беларусаў Вялікай Брытаніі. Дзякуй Богу, беларусы ў Англіі жывуць у добрых стасунках паміж сабой.
Гэты З’езд, на мой погляд, паспяхова працягвае традыцыі з’ездаў папярэдніх: вельмі добрая магчымасць людзям убачыць, што мы адна нацыя, дзе б мы не жылі. Сам З’езд робіць для кансалідацыі нацыі вельмі шмат, бо людзі прыязджаюць і адчуваюць сябе кавалачкам нечага адзінага.
Спадзяюся, што з’езды беларусаў будуць працягвацца і далей, бо гэта вельмі важная справа для кансалідацыі нацыі. Зараз праз сродкі электроннай інфармацыі пашыраюцца сувязі паміж беларусамі розных краінаў. Мы ведаем, што робіцца ў беларусаў Польшчы, Балтыі, Германіі. Сувязі гэтыя будуць пашырацца і далей, моладзь пачынае браць больш актыўны ўдзел, ствараюцца згуртаванні беларускіх студэнтаў у Еўропе. Я з аптымізмам гляджу на развіццё гэтых сувязяў”.

Зіген, Германія
Язэп Паўловіч, старшыня Рэгіянальнай арганізацыі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў Германіі:
“Сітуацыя з беларусамі ў Германіі – складанае пытанне, бо беларусаў у Германіі дастаткова многа, але яны належаць да рознай генерацыі, маюць розную ступень зацікаўленасці ў кантактах. Многія жывуць адасобленым жыццём. Што датычыць палітычнай эміграцыі – гэта таксама складанае пытанне, бо ёсць людзі, якія праяўляюць цікавасць толькі да таго моманту, пакуль атрымаюць дазвол на жыхарства.
Праблема ў тым, што, на жаль, пакуль няма беларускага Дома, нейкага цэнтра, пэўнай беларускай тэрыторыі. Былі праекты з Беларускай Аўтакефальнай Царквой у Баварыі, але пакуль што гэта не пайшло. У Германіі ёсць беларускія суполкі, якія займаюцца толькі чарнобыльскімі праблемамі, але яны абыякавыя да беларускай мовы. Што робіцца ў беларусаў у Берліне, я даведваюся толькі са “Свабоды”. Спадар Мурашка спрабаваў выйсці на Задзіночанне беларускіх студэнтаў і яшчэ на нейкую арганізацыю, але чамусьці яму гэта не ўдалося. У нас са спадаром Мурашкам спарадычныя кантакты, у асноўным тады, калі ўзнікаюць агульныя справы, напрыклад, калі ладзілі пікет у Боне.
Я быў на ўсіх З’ездах беларусаў свету і маю магчымасць параўнання. Колькасна гэты З’езд меншы за Першы. Але першыя з’езды былі больш рамантычныя. Апошні ж З’езд адрозніваецца нейкім драйвам. Гэта ўжо пэўная супольнасць людзей, якія гатовыя працаваць разам. Раней было заўважна, што людзі, якія прыязджаюць і выступаюць – адчуваюць сябе гасцямі. А зараз прыехалі людзі вырашаць праблемы, яны актыўна працуюць у сваіх суполках. Таму ўражанні самыя прыемныя. Я пабачыў амерыканскіх беларусаў, маладых і актыўных. Зараз з’явілася такая энергія, якой не было ні на адным з’ездзе!”

Нью-Ёрк, ЗША
Янка Запруднік, доктар гісторыі, пісьменнік, грамадскі дзеяч:
“На З’езд я прыехаў з пачуццямі радасці, бо паварот на Бацькаўшчыну, які ў маім жыцці адбываецца перыядычна, кожны раз выклікае новыя пачуцці ў сувязі з тымі зменамі, якія адбываюцца тут. Уражанне такое: вонкавы выгляд лепшы, нутраны – горшы. З кожным годам чысцейшыя вуліцы, больш акуратныя гарады. Але калі размаўляеш з людзьмі, чуеш, якія бар’еры яны пераадольваюць у штодзённым жыцці, перашкоды эканамічным ініцыятывам, бюракратычныя перашкоды, перашкоды культурнай і арганізацыйнай ініцыятыве. Таму ў мяне і радасць, і смутак, і весялосць, і спачуванне.
Думаю, што З’езд вельмі трапна названы і вельмі добрая тэма дадзеная гэтаму З’езду. Кантакт з дыяспарай – гэта кантакт з вонкавым светам, гэта перамаганне тае ізаляцыі, якая стварылася вакол Беларусі ў выніку палітыкі заціскання свабоды слова, якая, на жаль, і да сёння практыкуецца. Беларусь патрабуе як мага больш інфармацыі пра заходнюю навукова-тэхнічную думку, пра ўстаноўленыя стандарты, каб выходзіць са сваімі таварамі на замежны рынак. Адставанне Беларусі можна ліквідаваць толькі пры дапамозе як мага цяснейшых кантактаў з вонкавым светам, а дыяспара якраз і ёсць той масток да вонкавага свету. Людзі дыяспары – гэта людзі падвойнай культуры, абазнаныя ў беларускай рэальнасці; яны могуць быць свайго роду “гідамі” для прадстаўнікоў Беларусі на тым замежным свеце і рынку.
Адбываецца вялікая біялагічная змена адной хвалі эміграцыі другой хваляй. Перайманне эстафеты грамадскага жыцця атрымліваецца вельмі няпроста. У людзей майго пакалення дзейнасць матывавалася глыбокімі нацыянальнымі пачуццямі, а людзі новага пакалення эміграцыі – гэта прадукт савецкай школы, дзе маладое пакаленне ўзгадоўваецца ў атмасферы русіфікацыі. Яны прыязджаюць са значна заніжанай нацыянальнай свядомасцю, тым не менш, сярод іх ёсць вельмі шчырыя беларусы, якія горнуцца да беларускай дыяспары.
Напрыклад, у нас у Амерыцы цяпер газета “Беларус” працягвае працаваць дзякуючы маладым новым беларусам; “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва” (Нью-Ёрк) выходзяць дзякуючы новым маладым навукоўцам; Аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў Нью-Ёрку папоўніўся ў вялікай меры маладымі беларусамі.
З’езды даюць выдатную магчымасць для дыялогу прадстаўнікоў беларускай дыяспары з розных краін. Думаю, што імпульс, які дае З’езд, вядзе да пераасэнсавання некаторых ацэнак, некаторых каштоўнасцяў. Дай Божа, каб з’езды адбываліся далей, бо яны надзвычай патрэбныя як для дыяспары, так і для Бацькаўшчыны”.

Нью-Ёрк, ЗША
Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ):
“Я сталы чытач бюлетэня “Беларусы ў свеце”, які выдае “Бацькаўшчына”. У беларускім руху я па-над 60 гадоў, і мне гэты бюлетэнь вельмі падабаецца, бо, як адкрываю яго, атрымліваю ясную карціну пра дзейнасць беларусаў ва ўсім свеце. Шчыра жадаю, каб гэты бюлетэнь выходзіў далей, бо ад чытання яго паляпшаецца настрой.
Я прыехаў на З’езд з тымі ж думкамі, з якімі прыязджаў на ўсе папярэднія: даведацца, што робіць дыяспара, што робіцца ў Менску, пачуць нашы праблемы і вырашыць, што рабіць далей. Я лічу, што мы прагрэсуем, бо за гэтае дзесяцігоддзе такога форуму ў нас яшчэ не было, каб мы сустракаліся з цэлага свету на пару дзён, дыскутавалі агульныя праблемы, вырашалі спецыфічныя праблемы, стараліся іх палепшыць. Я ўпэўнены, што ў кожнага ўдзельніка настрой больш аптымістычны пасля З’езда.
Спецыфіка гэтага З’езда ў параўнанні з папярэднімі найперш у тым, што прыехалі людзі, якія актыўна ўдзельнічаюць у нашым руху: ці то яны вядуць невялічкую школу ў Латвіі, ці то яны ўдзельнічаюць у суполцы у Кыргызстане. Яны трымаюць руку на пульсе беларускага жыцця. Гэта вельмі пазітыўная адзнака. Па-другое, прыехалі людзі, якія вельмі крытычна глядзяць на стан нацыянальнай культуры. Бясспрэчна, што на такіх з’ездах кантактаў вельмі шмат. Напрыклад, я пазнаёміўся з беларусамі з Сібіры з Таварыства імя Яна Чэрскага. Думаю, што такія з’езды спрыяюць асабістаму ўзмацненню ахвоты працаваць.
На З’езде быў агучаны праект стварэння даведніка аб дыяспары. БІНіМ даўно выступаў з гэтай прапановай. Я задаволены, што “Бацькаўшчына” пайшла насустрач, і праз пару гадоў, я думаю, такі даведнік будзе”.

Бішкек, Кыргызстан
Тамара Плавінская, намеснік старшыні Беларускага культурнага цэнтра “Крыніца”:
“Наш цэнтр працуе ўжо чатыры гады. Мы займаемся прапагандай беларускай мовы, рэалізуем культурныя праграмы, адзначаем беларускія святы. Прадстаўляем беларускую культуру на рэспубліканскіх святах. З верасня цэнтр “Крыніца” пачынае цесна супрацоўнічаць з нацыянальным універсітэтам Кыргызстана: арганізуем шырокія курсы беларусазнаўства і беларускай мовы.
Мы вельмі ўдзячныя згуртаванню “Бацькаўшчына” за фінансавую падтрымку ў справе прыезду на З’езд беларусаў свету. Гэты дало магчымасць сустрэцца з землякамі, паслухаць, чым яны жывуць, таму што ў беларусаў Кыргызстана вялікі інфармацыйны голад, які яшчэ страшнейшы за фінансавыя праблемы.
Мы ўдзячныя “Бацькаўшчыне” за тое, што яны адгукнуліся на наш заклік працаваць разам. Мы звярталіся ў таварыства “Радзіма”, да беларускай амбасады. Але яны абыякава паставіліся да нас і зацікаўленасці ў іх не было.
На З’ездзе добрая арганізаванасць, сяброўская атмасфера, дэмакратычныя ўмовы. Прыехалі неабыякавыя людзі; яны хварэюць за праблемы Беларусі, прапускаюць іх праз сэрца. Атрымалася ўсталяваць кантакты з беларусамі Калініграда, абмяняліся візіткамі з многімі людзьмі, пазнаёміліся з беларусамі з Літвы. Мы будзем працаваць далей”.

Рыга, Латвія
Таццяна Касуха, рэдактар беларускіх праграм на Чацвёртым канале Латвійскага радыё “Домская плошча”:
“На працягу апошніх двух гадоў культурна-асветніцкае жыццё беларусаў у Латвіі стала значна больш актыўным. Гэта звязана найперш з тым, што пачалі дзейнічаць праекты, якія рэалізуюць беларускія суполкі з уступленнем Латвіі ў Еўразвяз. У жніўні заканчваецца гадавы праект пад кіраўніцтвам Таццяны Казак, старшыні беларускага таварыства “Сьвітанак”. У межах праекта адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў. Тыдзень таму скончыліся Дні беларускай культуры ў Вентспілсе. Гэта было першае мерапрыемства такога буйнога маштабу.
Аднак трэба адзначыць, што беларуская дыяспара ў Латвіі неаб’яднаная і падзеленая. Ёсць таварыства “Сьвітанак” выразна дэмакратычнага кірунку, і ёсць Саюз беларускіх суполак Латвіі. Калі дзесяць гадоў таму такога падзелу не было, то зараз гэта выяўлена вельмі яскрава.
Хацелася б закрануць праблему асветы. Нядаўна адбыўся трэці выпуск Рыжскай асноўнай беларускай школы. На гэтую школу было патрачана шмат сіл і ўсе ўскладалі вялікія надзеі. У школе дзеці заканчваюць 9 класаў, далей паўстае пытанне – куды ісці вучыцца. Калі дзеці пасля ідуць у рускую альбо латышскую школу, то традыцыі Рыжскай беларускай школы губляюцца.
Усе нацыянальныя дыяспары Латвіі маюць падтрымку сваіх дзяржаў: палякі, яўрэі, украінцы. Пакуль жа пытанне падтрымкі нашай школы вісіць у паветры, хаця школа сертыфікавана, яна атрымала акрэдытацыю, там добры настаўніцкі склад. Пакуль што размовы пра падтрымку беларускай дзяржавай застаюцца толькі словамі. Для таго, каб беларускія дзеці з Латвіі маглі працягваць вучобу ў Беларусі, у Латвію выязджае спецыяльная камісія, адбываюцца экзамены і абраныя едуць на бяскоштную вучобу ў Беларусь. Але гэты працэс зачынены, і асабіста я ніколі не сустракала аб’явы пра іспыты і працу гэтай камісіі.
Калі мы прыехалі на Першы з’езд беларусаў свету, на прывакзальнай плошчы віселі вялізныя транспаранты “Вітаем удзельнікаў Першага з’езда беларусаў свету!” Людзі, якія нават не мелі дачынення да беларускай справы падчас удзелу ў Першым з’ездзе, ехалі ў свае краіны, каб займацца там беларускімі справамі, і на з’ездзе пачыналі размаўляць па-беларуску. Такое моцнае натхненне даваў Першы з’езд, і такая на ім была моцная аўра.
На Чацвёртым з’ездзе захаваны дух “Бацькаўшчыны” як арганізацыі. На з’ездзе сустракаешся з аднадумцамі і бачыш, што твае ідэі падзяляюць многія, бачыш людзей, якія жывуць тымі ж справамі. І гэта дае новыя сілы”.

Рыга, Латвія
Вячка Целеш, старшыня аб’яднання беларусаў-мастакоў Балтыі “Маю гонар”:
“Мяне хвалюе пытанне з накіраваннем дзяцей на вучобу ў Беларусь. Раней людзі ведалі, што ёсць школа і што можна пайсці вучыцца далей. Была ў Рызе асноўная беларуская школа і была нядзельная школа, дырэктарам якой я працаваў. Мы вучылі дзяцей беларускай мове, гісторыі і культуры Беларусі, і яны, калі прыязджалі ў Беларусь, добра ўліваліся ў асяроддзе.
Зараз зусім іншыя адносіны, палітыка змянілася ў адносінах да нашай школы і Таварыства “Сьвітанак”. Выбралі патрэбных людзей, зрабілі Саюз беларускіх грамадскіх арганізацый, які ўзначаліла жанчына, далёкая ад нашай культуры, ад беларускай школы – Валянціна Піскунова. Саюз не дапамагае беларускай школе, але В.Піскунова вырашае, якіх дзяцей паслаць вучыцца ў Беларусь. Саюз падтрымлівае толькі тых, хто падзяляе іх палітычныя погляды...
Галоўная заслуга Згуртавання “Бацькаўшчына” – у аб’яднанні беларусаў, якія маюць сваю пазіцыю, а пазіцыя ў нас адна – беларуская незалежная дэмакратычная дзяржава пад гербам “Пагоня”, сімвалам нашай гісторыі і дзяржавы. Лічу гэта асновай аб’яднання людзей на З’ездзе. Тут яднаюцца менавіта такія людзі.
З’езд натхняе нас, дае настрой і энергетыку. Мы бачым, што мы не адныя, а ва ўсім свеце ёсць такія ж самыя нашыя аднадумцы. Хацеў бы пажадаць, каб “Беларусы ў свеце” сталі газетай большага памеру, каб падаваць яшчэ больш інфармацыі. Нягледзячы на наяўнасць Інтэрнета, нам вельмі важна, каб да нас даходзіла добрая прэса”.

Вільня, Літва
Павел Саўчанка, сябра Таварыства беларускай культуры Літвы:
“Я быў на ўсіх з’ездах, мне вельмі прыемна быць і зараз у нашай сталіцы Менску. Першы з’езд быў уздымам, незвычайнай з’явай і знамянальнай датай, бо мы ўпершыню сустрэліся з беларусамі свету. Другі і Трэці з’езд прайшоў на нейкі градус ніжэй. А вось Чацвёрты з’езд – мы не чакалі, што так добра атрымаецца, бо ведаем, які ціск ёсць на грамадскія арганізацыі. З’езд прайшоў вельмі прадстаўніча, бо прыехала многа дэлегацый з розных краінаў. Атрымалася сустрэцца з Вітаўтам Кіпелям з Амерыкі, з Аленай Міхалюк з Англіі, былі прадстаўнікі з Канады. Вельмі прыемна, што ўдзел бярэ не толькі старая эміграцыя, але і моладзь замежжа.
На гэтым з’ездзе не было такіх правакацыйных выступаў з мэтай сарваць работу, як гэта было на 2-м і 3-м з’ездах. Вялікі дзякуй кіраўнікам.
Вельмі актыўна ў жыццё дыяспар сталі ўмешвацца супрацоўнікі беларускіх амбасадаў, і робяць вельмі негатыўны ўплыў, каб разваліць станоўчую працу. Тое ж адбываецца і ў Літве, напрыклад, у Вільні. Дзякуй Богу, на гэтым з’ездзе не было прадстаўнікоў тых суполак, якія створаны гэтымі амбасадамі.
Вельмі ўдзячны за запрашэнне на З’езд. Упэўнены, што новае кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” працягне працу і прыкладзе намаганні, каб надалей гуртаваць беларусаў свету”.

Беласток, Польшча
Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы:
“Перш за ўсё, беларусы на Беласточчыне – не дыяспара, а аўтахтонныя жыхары гэтае зямлі. Сітуацыю на Беласточчыне акрэсліваюць вынікі перапісу насельніцтва, калі высветлілася, што на Беласточчыне пражывае 46 з паловай тысяч беларусаў (казалі, што беларусаў дзесьці тысяч 15). Гэта вынікі настолькі добрыя, што яны абумовілі ход падзей за апошнія некалькі гадоў. Атрымалася, што мы адзіная нацыянальная меншасць у Польшчы, якая можа дамагацца тэрытарыяльнай аўтаноміі. Украінцаў аказалася толькі 30 тысяч, літоўцаў 5 тысяч.
У мяне такое адчуванне, што беларуская нацыянальная свядомасць і згуртаванасць у Польшчы мацнеюць. Але нельга спадзявацца, што гэта будзе развівацца ў нашых краях хутка, паколькі на нас вельмі кепска ўплывае сітуацыя ў Беларусі. Відаць, што ўлады не падтрымліваюць беларушчыны. Відаць, што ўлады ў сваёй дзяржаўнай палітыцы абсалютна не маюць нічога супольнага з беларушчынай.
Мы, беларусы Беласточчыны, былі на ўсіх з’ездах беларусаў свету. Гэты з’езд, няма чаго хаваць, адбываецца намнога больш сціпла, паколькі на пачатку з’езды былі справай дзяржаўнай. Але гэты з’езд мне вельмі падабаецца тым, што ён вельмі дзелавы. Прыехалі людзі, якія ведаюць, чаго хочуць. Я з гэтага з’езда з’язджаю вельмі задаволены, я набраўся духу, бачу, што ніхто не думае здавацца, што тыя, хто адстойвалі, і далей адстойваюць сваё, і мне гэта вельмі падабаецца.
З’езд не можа паўплываць на стаўленне дзяржавы да праблемаў дыяспары. Я ведаю, як гэтая дзяржава ставіцца да беларусаў у свеце, і што робяць прадстаўнікі гэтай дзяржавы ў Беласточчыне. Ад гэтай дзяржавы мы нічога не чакаем, ані я, ані мае сябры”.

Беласток, Польшча
Яўген Вапа, рэдактар беларускага штотыднёвіка “Ніва”:
“Калі газета “Ніва” апынулася ў цяжкай сітуацыі, спрацавала звычайная беларуская салідарнасць, адгукнуліся беларусы з усяго свету. Гэта сведчыць пра тое, што мы ўжо даспелі да ўзроўню, калі дзе-небудзь б’юць беларуса, то за яго заступаюцца свае. Гэта важны момант у адраджэнні нацыі і адчуванне сваёй годнасці.
Усе звароты і лісты беларусаў свету ў падтрымку “Нівы” былі нечаканасцю для ўсіх. Многія думалі, што будзе, як заўсёды – ёсць справа, усе пагавораць, але ніхто не заступіцца. Але ўсе лісты да вышэйшага кіраўніцтва Польшчы спрацавалі. Там пачалі думаць, што калі так шмат пратэстаў, значыць не ўсё так звычайна з гэтай справай. Дзяржаўныя ўстановы Польшчы пабачылі акт салідарнасці. Мы зараз чакаем апраўдальнага рашэння суда.
Усе суполкі, якія прыехалі на з’езд, усе заступіліся за “Ніву”. І таму для мяне гэта вялікі прыемны абавязак – выступіць на З’ездзе, каб падзякаваць за падтрымку”.

Масква, Расія
Генадзь Лех, старшыня Грамады беларускае культуры імя Ф.Скарыны места Масквы:
“Нашая арганізацыя ўжо існуе больш за 18 гадоў, за якія ўсё змянілася. У свой час у нас у складзе было шмат беларускіх пісьменнікаў, шмат культурных дзеячаў. Зараз гэтае пакаленне проста фізічна адыходзіць. І ў той жа час у Маскве з’явілася шмат маладых беларусаў, якія зараз шмат у чым робяць жыццё беларускай дыяспары. Гэта маладыя людзі, якія любяць сядзець у Інтэрнеце, сачыць за гасцёўнямі і сайтамі, яны з задавальненнем ходзяць на мітынгі і пікеты ў абарону незалежнасці Беларусі і беларускай мовы, у падтрымку палітвязняў. У мінулым годзе мы 8 разоў пікетавалі беларускую амбасаду. У маладых ёсць жаданне быць беларусамі, яны хочуць быць заможнымі, што вельмі добра. Мне як бізнесоўцу ёсць у іх чаму павучыцца, бо яны ў добрым сэнсе наступаюць мне на пяткі. Яны вельмі прагматычныя, у іх няма ў галаве ідэалагічнай “жвачкі”.
Старэйшае пакаленне, якому ўжо цяжка выконваць абавязкі, перадае тыя добрыя традыцыі, якія былі імі народжаныя. Таму сёння ў нас ёсць пэўная пераемнасць. Я адношуся да сярэдняга пакалення, якое імкнецца дапамагчы гуртаванню маладых.
Шкада, канешне, што знікаюць беларускія парафіі і асяродкі. Але ўпэўнены, што рана ці позна пачнецца пералом. Як пачнецца пералом у ментраполіі, так адразу ў Расіі з 1 мільёна беларусаў стане 2-3. Як у Расіі, так і ў свеце шмат беларусаў не вызначыліся як беларусы, бо зараз ім няма чым ганарыцца, нельга ж ганарыцца сучаснай беларускай дзяржавай.
Нашая арганізацыя даўно супрацоўнічае з Таварыствам беларускай культуры ў Літве. Вельмі добрыя стасункі з польскімі беларусамі. Калі ў Польшчы былі праблемы з перайменаваннямі вуліц, мы дасылалі туды свае адозвы, галасавалі. У нас таксама старыя добрыя стасункі з Таварыствам “Сьвітанак” у Латвіі і, вядома, добрыя сувязі з беларусамі ў Эстоніі. Ёсць сувязі з беларусамі ў Амерыцы, але адлегласць накладае свой уплыў. У Канадзе ёсць цудоўная жанчына Раіса Жук-Грашкевіч, з якой мы маем сталае ліставанне, яна піша, дасылае кнігі. Хацеў бы праз бюлетэнь “Беларусы ў свеце” падзякаваць. Да нас усё прыходзіць і з “Бацькаўшчыны”, і ад беларусаў Літвы, і ад спадарыні Раісы, за што вялікі дзякуй.
Я прыехаў на З’езд з мэтай, каб не даць змяніць накірунак дзейнасці Згуртавання “Бацькаўшчына”, бо мяне, канешне, палохае з’яўленне “саюзных” беларусаў, арганізацыі якіх утварыліся ў 99-м годзе, з’яўленне тых “беларускіх” выданняў, якія фінансуюцца ўрадам Расіі і Масквы абсалютна прасавецкага і прасаюзнага накірунку. Гэта пераважна былыя і дзейсныя чыноўнікі, адстаўныя службоўцы КГБ і ФСБ, якія праводзяць прарасійскую і нават часам чарнасоценную палітыку. Мяне гэта палохае, і я як кіраўнік “старой” беларускай дыяспары, якая было створана знізу і аб’ядноўвала жывых людзей – студэнтаў, навукоўцаў, рабочых, бізнэсоўцаў, я не магу пагадзіцца на такое.
Гэты З’езд мае важнае значэнне. Былі адкрыта паказаны лічбы, як змяншаецца беларуская супольнасць у свеце, былі названыя працэсы змены пакаленняў і страта некаторых асяродкаў. З’езд павінен знайсці шляхі, як гэта спыніць. І скажу тое, што цяжка сказаць, але Згуртаванню “Бацькаўшчына” пэўна прыйдзецца працаваць з тым урадам і ўладай, якая ёсць сёння на Беларусі. Нягледзячы на ўсю непрыемнасць, але пэўна прыйдзецца, пасыпаўшы галаву попелам, даказваць, расказваць, удакладняць, абхадзіць, пераконваць, пагадняцца, але па-сапраўднаму прымусіць урад неяк актывізаваць стасункі з дыяспарай з мэтай умацавання асяродкаў.
Мне не ўсё падабаецца ў дзейнасці “Бацькаўшчыны”, і асабліва жаданне ўсадзіць усіх беларусаў у адну лодку. Так, мы вельмі розныя і па палітычных поглядах, і па веравызнанні і ў шмат іншым, але ёсць пытанні, у якіх адступаць нельга. Гэта пытанні беларускай мовы, беларускай культуры і беларускай дзяржаўнасці. Гэта тыя падмуркавыя камяні, праз прызму якіх Згуртаванне беларусаў свету павінна глядзець на дыяспару. Калі арганізацыя прымае гэты падмурак – яно павінна быць сябрам Згуртавання. Прыманне сяброў, якія ў прынцыпе не вызнаюць нічога беларускага, лічу не вартым, бо Згуртаванне павінна быць больш маналітным. Хай гэта будуць людзі камуністычных перакананняў, нацыяналістычных, ліберальных, любой веры, сексуальнай схільнасці, – гэта не мае ніякага значэння, галоўнае, каб яны былі беларусамі.
На З’езд жа прыехалі некаторыя людзі, якія нічога беларускага не прымаюць, але чамусьці называюць сябе беларусамі, на самой справе з’яўляючыся прыдаткамі нейкіх шавіністычных расійскіх колаў. Таму я ўжо сказаў на З’ездзе, што трэба вельмі сур’ёзна падысці да крытэрыя “беларуская арганізацыя”.
Хацеў бы падкрэсліць, што беларусы ў Расіі аб’яднаныя ў 2 структуры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Расіі і Федэральная аўтаномія так званых “саюзных” беларусаў. У іх прынцыповая розніца. І ліквідаваць такую рознасць у поглядах – немагчыма, ёсць людзі, якія не прымаюць ні беларускую дзяржаўнасць, ні беларускую мову, ні беларускую культуру. Таму да такіх людзей не варта ўжываць крытэрый “беларус” і “беларускасць”. І ніякіх кампрамісаў з імі быць не можа.
У многім беларускія суполкі самі павінны праяўляць актыўнасць. Мы пастаянна запрашаем да сябе выступіць беларускія ансамблі, беларускіх дзеячаў. Зараз мы аб’явілі конкурс на стварэнне лепшага беларускага гістарычнага рамана, стварылі добры прызавы фонд і гатовыя супрацоўнічаць з любой арганізацыяй беларускай дыяспары. Пры нагодзе запрашаем усіх беларусаў да ўдзелу ў конкурсе, ці то з Беларусі, ці то з Канады – з любой краіны. Дасылайце свае творы.
У нас не надта вялікія магчымасці, але мы хочам самі дапамагаць Беларусі, мы любім сваю краіну і хочам у яе вяртацца”.

Іркуцк, Расія
Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага:
“У Расіі існуе дзве вялікія асацыяцыі беларускіх суполак. Першая – Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Расіі (МАБР), а другая – Федэральная Нацыянальна-Культурная Аўтаномія беларусаў Расіі (ФНКА). Нашае Таварыства ў свой час прымала ўдзел у стварэнні Міжрэгіянальнага Аб’яднання беларусаў Расіі. Калі ж утваралася ФНКА, мы былі запрошаныя туды ў якасці гасцей, але мы туды не ўваходзім афіцыйна. Там мы маем права голасу і права выказваць свае пажаданні. Я лічу, што і МАБР, і ФНКА не робяць тую працу, на якую мы спадзяваліся, калі ўдзельнічалі ў іх стварэнні. Яны не працуюць, бо не маюць ніякай аб’ядноўваючай ідэі. МАБР ужо фактычна існуе толькі на паперы. Туды ўваходзяць тыя старыя беларускія арганізацыі Расіі, якія былі ўтвораныя ў сярэдзіне 90-х гадоў. Але ніякай каардынацыйнай працы і ўзаемных стасункаў няма. Мы працуем у Іркуцку аўтаномна, самі па сабе. Таму я лічу, што існаванне гэтых структур на сённяшні дзень непатрэбна. ФНКА нешта робіць у самой Маскве, але гэта нас не датычыць. Адзіная сур’ёзная справа – гэта выданне газеты “Беларусы Расіі”, і ў гэтай газеце іншым разам друкуюць навіны з суполак і ёсць трохі цікавыя артыкулы. Але гэта, бадай, і ўсё”.

Іркуцк, Расія
Вольга Галанава, Іркуцкае таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага:
“Я першы раз прыехала на з’езд. Я вельмі рада, што так многа людзей хвалююць беларускія праблемы, яны хочуць быць разам. Але мне не спадабалася, што ў першы дзень занадта шмат гаварылі пра палітыку. Гэта былі размовы не пра людзей і як ім дапамагчы, а апісанні палітычных праграм. Другі дзень мне спадабаўся нашмат больш, калі мы разбіліся на секцыі, дзе сапраўды пачалі працаваць і вырашаць канкрэтныя праблемы і што рабіць далей.
З’езд вельмі добра падымае настрой і дае больш упэўненасці, але не ўсе мае чаканні апраўдаліся. Хацелася б яшчэ больш прадстаўнікоў маладых беларускіх суполак свету”.

Іркуцк, Расія
Алена Сіпакова, Іркуцкі маладзёжны клуб “Крывіч”:
“Я прадстаўляю беларускі маладзёжны клуб “Крывіч” г. Іркуцка, і таму мне б вельмі хацелася паразмаўляць з такімі ж адзінадумцамі, якія займаюцца такой жа справай. У першую чаргу мяне цікавіць абмен вопытам, вельмі хацелася б распрацаваць нейкі сумесны праект альбо абмен маладзёжнымі дэлегацыямі з іншымі суполкамі.
У Іркуцку ёсць пераемнасць пакаленняў беларусаў: гэта дзіцячы клуб “Зярнятка”, гэта маладзёжны клуб “Крывіч” і гэта вялікая, з шасцю філіяламі, абласное іркуцкае Таварыства Беларусаў імя Я. Чэрскага.
Гэты З’езд, безумоўна, нашмат лепшы, чым з’езд ФНКА (Федэральная Нацыянальна-Культурная Аўтаномія беларусаў Расіі). Там былі размовы ні аб чым. Былі незразумелыя планы, далейшых дзеянняў, нараканні на становішча. ФНКА фактычна не існуе, моладзі там увогуле няма, сядзелі ветэраны вайны і старыя людзі са слыхавымі апаратамі. Нейкія чыноўнікі трубілі справаздачы. А потым быў канцэрт, на якім было мала беларускага: выступалі цыгане і інш.
У адрозненне ад з’езду ФНКА, на З’ездзе беларусаў свету можна было працаваць, асабліва падчас працы ў секцыях. Вельмі добра, што тут была магчымасць набыць дыскі і касеты з беларускай музыкай, беларускія кнігі. Думаю, што ў З’езда мог бы быць і яшчэ адзін дзень працы”.

Севастопаль, Украіна
Валеры Барташ, старшыня Севастопальскага Таварыства беларусаў імя М.Багдановіча “Пагоня”:
“З’езд беларусаў свету – гэта доўгачаканая падзея, якая дае падставы для аптымізму. Будучае нашай Беларусі светлае, чыстае, еўрапейскае. Пацвярджэннем гэтаму – тая перакананасць удзельнікаў З’езда, больш малады склад дэлегатаў і ўпэўненасць у праваце сваёй справы. Задачай нумар адзін з’яўляецца кансалідацыя беларусаў усяго свету і, перад усім, кансалідацыя беларусаў у самой Беларусі. Актуальнасць гэтай павесткі сведчыць пра прадуманасць тэмы З’езда.
Наконт спраў беларусаў у Севастопалі магу сказаць, што перыяд гарачага супрацьстаяння сярод беларусаў прайшоў. Беларусы пачынаюць разумець, што самае галоўнае – стацца і быць народам, захаваць сваё ўласнае аблічча. І ніякі панславізм, ніякае аб’яднанне ў агульную саюзную дзяржаву не заменіць свайго ўласнага беларускага дома, дзе мы будзем гаспадарамі свайго лёсу. Я ўпэўнены, што да гэтага прыйдуць усё болей і болей беларускіх людзей. Прыйдзе час, калі ўсе ўзгадаюць нацыянальныя сімвалы, і мы зможам гаварыць аб гонары і годнасці. Я не сумняваюся, што маладое пакаленне – прагматычнае, не затлумленае ідэалагічнымі ўстаноўкамі, яно і зробіць вывады. Я не сумняваюся, што наш народ, як і народ Украіны, устане з кален”.

Палтава, Украіна
Іна Снарская-Дзідык, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Саюза журналістаў Украіны:
“Я дужа рада, што прыехала на З’езд. Мне прыемна, што прымала ўдзел ва ўсіх з’ездах – з першага да чацвёртага. Згуртаванне “Бацькаўшчына” робіць вялікую справу. Я ведаю, што ў цяжкіх і амаль невыносных умовах вы здолелі падняць гэты з’езд і правесці яго. Ёсць, канешне, адрозненні паміж атмасферай Першага і гэтага з’езда. Тады ўсё беларускае падтрымлівалася, на з’ездзе было ўсё кіраўніцтва дзяржавы. На жаль, зараз дзяржава не ідзе на кантакт з беларускай дыяспарай.
Галоўнае дасягненне Чацвёртага з’езда – гэта тое, што мы даведаліся, што робіцца ў беларусаў у розных краінах свету. Хачу пажадаць “Бацькаўшчыне” працаваць і надалей. Мы – беларусы замежжа – будзем дапамагаць. Вы вельмі шмат робіце таго, што грэе нашу душу там, у замежжы. Жыве Беларусь!”

Прага, Чэхія
Рыта Гаціх, сябра Беларускай суполкі “Скарына”:
“Дыяспара зараз амалоджваецца. Гэта натуральны працэс, калі старое пакаленне адыходзіць. Для беларускай дыяспары ў Чэшскай Рэспубліцы ўласціва тое, што яна не надта аб’яднаная, па той прычыне, што кожны едзе туды з рознай мэтай. Пра большасць з іх нельга казаць як пра дыяспару, бо яны ўладкоўваюцца на працу і займаюцца паляпшэннем дабрабыту. Але ёсць тыя, хто не абыякавы да справы: супрацоўнікі Радыё “Свабода”, палітычныя ўцекачы, іншыя актыўныя людзі, якія вядуць грамадскае жыццё і аб’ядноўваюцца ў суполкі.
У Міністэрстве юстыцыі Чэшскай Рэспублікі зараз зарэгістраваны 3 арганізацыі беларусаў. Прыемна, што з мінулага года з’явілася вельмі шмат беларускіх студэнтаў; толькі з Віцебска прыехала 30 чалавек. Яны самі вывучаюць чэшскую мову і едуць вучыцца. Яны звычайна здымаюць нейкую кватэрку, уладкоўваюцца на працу, напраклад, мятуць вуліцы, і атрымліваюць еўрапейскую адукацыю. На жаль, амаль усе мараць працягваць сваё жыццё ў Еўропе.
Сярод іх ёсць вельмі пасіўныя людзі. Напрыклад, гэта прадстаўнікі беларускага ліцэя, славутага “коласаўскага” ліцэя, якія прыязджаюць і абсалютна не адгукаюцца. Мы нават ездзілі да іх, размаўлялі, але яны не выходзяць на кантакт абсалютна і нават размаўляюць па-расейску. Таму склалася ўражанне, што вакол ліцэістаў проста створаны нейкі міф. Але ёсць і такія людзі, якія прыязджаюць, нікога не ведаюць, але знаходзяць беларускія арганізацыі і бяруць удзел у грамадскім жыцці.
Мяне дэлегавалі на З’езд каб завязаць новыя стасункі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і пашыраць інфармацыю аб беларусах у Чэхіі. На З’ездзе атрымалася завязаць новыя кантакты, атрымаць карысную інфармацыю, наладзіць стасункі, атрымаць новыя газеты беларусаў з Іркуцка, з Пецярбурга. Ёсць планы свайго выдання ў Празе. Уражанні пра З’езд добрыя, усе тут даволі ахвочыя да працы.
Хочацца, каб у Беларусі ведалі, што беларусы ёсць за мяжой, што яны там жывуць, што яны сапраўды беларусы, што маюць свае школкі, да нечага імкнуцца”.

Швейцарыя
Ларыса Пліско-Балі, грамадскі дзеяч:
“Сувязяў з іншымі беларусамі Швейцарыі ў мяне пакуль няма, але я не губляю надзею. Я пачала іх актыўна шукаць па тэлефонным даведніку і праз аб’явы ў газетах. На З’езде прафесар А.Мальдзіс падказаў некаторыя каардынаты людзей у Швейцарыі, якія валодаюць беларускай мовай. Думаю, што мы хутка сустрэнемся і падумаем, як нам ладзіць нашыя беларускія справы ў Швейцарыі.
Калі я прыязджаю на Беларусь мяне заўсёды ўражвае становішча з мовай, людзі саромеюцца размаўляць па-беларуску. І зараз ніякіх зменаў я не заўважыла. Чамусьці змянілі назву праспекта Скарыны, але пакінулі вуліцу Валадарскага, Свярдлова, Кнорына. Што гэтыя людзі для нас, нібыта ў нас няма сваіх герояў. Знешняе ўражанне, што ў Менску няма нічога беларускага.
Але З’езд мяне падштурхнуў, з’явіліся надзеі на нейкія пазітыўныя змены. Таму што я бачу, якія ёсць людзі на Беларусі, яны жывуць беларускай справай.
На З’езде мы сустрэліся са спадаром Запруднікам з ЗША, з якім знаёмыя ўжо даўно. Сустрэліся з Ігарам Шаховічам з Калінінграда, з’явіліся новыя знаёмствы з амерыканскімі беларусамі, з беларусамі з Чэхіі. І гэта вельмі прыемна.
Што тычыцца самога З’езда, я ўражана добрай арганізацыяй і лічу працу З’езда вельмі канструктыўнай. Дзякую тым, хто працаваў, і ўсяго добрага ўсім сумленнымі беларусам”.

Кохтла-Ярвэ, Эстонія
Зінаіда Клыга, старшыня Беларуска-Эстонскага Згуртавання:
“Наша суполка працуе ўжо 17-ты год. Мы ладзім шмат розных мерапрыемстваў. У нашы планы ўваходзіць несці беларускую культуру ў Эстоніі. Нядаўна быў рэалізаваны такі праект – “БЭЗ прыходзіць у госці”, калі мы праехаліся па невялікіх гарадах Эстоніі, дзе таксама жыве шмат. Правялі Фестываль беларускага гумару. Прыехалі людзі з іншых беларускіх суполак. Вялізная зала была поўная. Людзі так весяліліся, што памяталі потым вельмі доўга. І ўсё было на беларускай мове. У верасні гэтага года мы ладзім ў Эстоніі Міжнародны фестываль беларускай песні “Родныя напевы”. Мы запрасілі ўсе беларускія суполкі Эстоніі, а іх вельмі многа (3 у Таліне, 2 у Нарве, па адной у маленькіх гарадах, зараз з’явіліся яшчэ і новыя).
Але нам не хапае сувязяў з беларусамі ў іншых краінах. Таму тэма З’езда беларусаў свету вельмі слушная. Нам не хапае таго, чаго не хапае ўсім беларускім суполкам у іншых краінах – не хапае зацікаўленасці з боку беларускай дзяржавы. Эстонская дзяржава нас падтрымлівае, але да беларускіх уладаў мы ўжо і не спрабуем звяртацца. Запрашалі колькі разоў людзей з Міністэрства культуры Беларусі, але ў іх заўжды знаходзяцца перашкоды. Таму тое, што З’езд узняў пытанне ўзаемаадносінаў беларускай дзяржавы і дыяспары – вельмі своечасова. На З’ездзе прыняты дакументы, да якіх дзяржава, спадзяемся, пачне прыслухоўвацца.
Першае ўражанне ад З’езда – было так цёпла на душы. Мы сустрэліся са старымі знаёмымі, паразмаўлялі аб агульных справах. Побач са сталымі было вельмі прыемна пабачыць маладых. На З’ездзе мы пазнаёміліся з сібірскімі беларусамі. Мы можам ім дапамагчы беларускімі песнямі, якіх яны ведаюць мала. Яны мала размаўляюць па-беларуску, бо толькі пачынаюць”.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by