МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№06(№54)
чэрвень
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

19 чэрвеня — дзень народзінаў Васіля Быкава
Сёлета яму споўнілася б 82 гады

19 чэрвеня, а 16-й гадзіне, у Мінску на Усходніх могілках сябры, родныя, блізкія, прыхільнікі таленту Быкава сабраліся, каб памянуць пісьменніка, ускласці кветкі на яго магілу. Асноўныя імпрэзы з нагоды дня нараджэння Быкава адбыліся 18 чэрвеня ў Віцебску і на радзіме пісьменніка, у вёсцы Бычкі на Вушаччыне.

У Віцебску, літаратурнае свята было арганізавана віцебскім абласным аддзяленнем Таварыства беларускай мовы, Саюзам беларускіх пісьменнікаў. У ім бралі ўдзел лідэр аб’яднанай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч, барды Віктар Шалкевіч, Лера Сом, пісьменнікі Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Анатоль Кудравец, Алесь Пашкевіч. Прысутнічалі таксама пісьменнікі з віцебскага аддзялення СПБ.

На жаль, сёлета ў Мінску нават літаратурную вечарыну, прысвечаную славутаму беларускаму пісьменніку, гонару нацыі, правесці няма дзе – Дом літаратара ада-браны Адміністрацыяй прэзідэнта. Таму родныя, блізкія, удзячныя чытачы Васіля Быкава сабраліся каля помніка-валуна на Усходніх могілках сталіцы.

Паводле радыё “Свабода”

Віншуем!

У чэрвені святкуюць свае дні нараджэння сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Глушко, Мікалай Маркевіч, Валянцін Голубеў (Беларусь), Лявон Юрэвіч (ЗША), Леанід Піталенка (Казахстан), Яўген Вапа (Польшча) і Валеры Барташ (Украіна). Жадаем добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Адкрыты ліст да заснавальнікаў газеты “Голас Радзімы”
Вельмі шаноўнае спадарства!

20 красавіка гэтага года газета “Голас Радзімы” выпусціла чарговы нумар /№16-18/, змясціўшы шэраг матэрыялаў на рускай мове, тыраж газеты, які быў да гэтага нумару 2207 асобнікаў, знізіўся да 1361, амаль на тысячу, а таму нашай суполцы — гурту беларускай культуры “Зорка Венера” — замест 13 асобнікаў газеты, пачалі дасылаць усяго адзін. Але, паверце, калі б толькі гэты факт стаў прычынай нашага жалю, мы не сталі б пісаць гэты адкрыты ліст, які рэдакцыя газеты “Голас Радзімы” не друкуе на сваіх старонках толькі таму, што ён з Украіны, краіны, якая прымае ў сябе беларускую апазіцыю, палітычнага прытулку ў якой просяць ужо звыш за 100 асобаў...

Звярнуцца з гэтым лістом нас прымусіла крыўда за нас, беларускіх патрыётаў, якія ў замежжы захавалі любоў, павагу і адданасць сваёй матчынай мове, якім зараз вы навязваеце чужую нам рускую мову: нашы дзеці ў Заходняй Украіне ўжо не вывучаюць яе ў школе, а навучанне вядзецца выключна толькі на роднай мове дзяржавы — украінскай. Руская тут гэткая ж замежная мова, як англійская, нямецкая, польская, французская, з той толькі розніцай, што заходнія мовы абавязковыя для вывучэння ад 2 класу, а руская не абавязковая, яе можна вучыць па жаданні ў гуртку або факультатыве, але такіх гурткоў “кот наплакаў”... У саюз з Расіяй Украіна не збіраецца, як бы таго не хацелі мясцовыя сепаратысты з Данбаса і Крыма, а марудна, але ўпэўнена крочыць у агульнаеўрапейскі дом – Еўрапейскі Саюз. А ў канцы гэтага, або ў наступным годзе Украіна стане паўнапраўным чальцом НАТО. Пішу гэта не дзеля прапаганды палітыкі Юшчанкі і яго ўраду, а для таго, каб вы ведалі, што беларусы Заходняй Украіны не паддадуцца чарговай хвалі русіфікацыі, якую вы задумалі на старонках газеты “Голас Радзімы”.

Мы просім вас вярнуць газеце “Голас Радзімы” статус цалкам беларускамоўнай, якой яна і была да 20 красавіка 2006 года. Копію гэтага ліста мы накіроўваем у міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, каб засведчыць пра распачатыя перамены ў моўнай палітыцы газеты, якая павінна была б дапамагаць сваёй дыяспары заставацца БЕЛАРУСАМІ са сваёй роднай мовай. Карыстаючыся тым, што “Бацькаўшчына” выпускае штомесячны беларускамоўны інфармацыйны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, мы просім спадарыню Алену Макоўскую змясціць гэты адкрыты ліст у бюлетэні, каб уся беларуская дыяспара ведала пра распачатую русіфікацыю чытачоў “Голасу Радзімы” і падтрымала наш пратэст супраць друкавання матэрыялаў на рускай мове ў “Голасе Радзімы”.

НЕ — РУСКАЙ МОВЕ НА СТАРОНКАХ “ГОЛАСУ РАДЗІМЫ”!!!
17.05.2006 г.

Ад імя сяброў гурта беларускай культуры
“Зорка Венера” — Пятрусь Капчык,
кіраўнік гурта, г. Ізяслаў, Украіна.

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

У пошуках новага Беларускага дому...

Як мы ўжо паведамлялі, дзейнасць Беларускага дому знаходзіцца перад пагрозай спынення ў сувязі з нявырашаным да гэтага часу пытаннем альтэрнатыўнага памяшкання на час капітальнага рамонту будынка, у якім зараз размяшчаецца “Бацькаўшчына”.

Нашае Згуртаванне працягвае звяртацца да дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць у прадстаўленні памяшкання, якое б знаходзілася недалёка ад лініі метро і магло размясціць бібліятэку і архівы беларускай дыяспары, а таксама было прыдатным для правядзення сустрэч прадстаўнікоў беларускай дыяспары. На жаль, на сённяшні дзень прапановы, зробленыя нашай арганізацыі адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі, не адпавядаюць гэтым патрабаванням: ці то знаходзяцца далёка ад любых транспартных камунікацый, ці то патрабуюць капітальнага рамонту, альбо размяшчаюцца, да прыкладу, на тэрыторыі сховішча для гародніны…

“Бацькаўшчына” самастойна працягвае пошук памяшкання пад Беларускі дом і, знайшоўшы адпаведныя варыянты, будзе зноў звяртацца ў Мінгарвыканкам аб спрыянні ў прадстаўленні прыдатнага памяшкання ў арэнду.

Зараз вядуцца актыўныя пошукі памяшкання, што займае шмат часу і высілкаў. Калі сітуацыя раптоўна не зменіцца, то да канца ліпеня мы застанемся па старым адрасе – па вул. Рэвалюцыйнай, 15, у Мінску. Далейшы лёс Беларускага дому вызначае Мінгарвыканкам.

Дар’я Сацукевіч,прэс-сакратар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вынікі дзіцячага конкурсу

У канцы траўня былі падведзеныя вынікі міжнароднага дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу сярод школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту пад назвай “Радзіма вялікая і малая”. Конкурс быў прысвечаны веданню легендаў, міфаў і паданняў пра родныя мясціны.

У склад экспертнай камісіі, якая ацэньвала дзіцячыя працы, увайшлі Аляксей і Ігар Марачкіны, Мікола Купава, Ірына Шаўлякова, Уладзімір Арлоў, Лідзія Савік, Вольга Іпатава, Анатоль Івашчанка.
Усяго да ўдзелу ў конкурсе было даслана 135 літаратурных твораў (сачыненні і вершы), а таксама 165 малюнкаў з розных куткоў Беларусі.

Экспертная камісія вызначыла 30 лаўрэатаў у намінацыі “лепшы малюнак” і 45 у намінацыі “лепшы літаратурны твор”. Трэба адзначыць, што некаторыя ўдзельнікі перамаглі адразу ў дзвюх намінацыях. Да таго ж на конкурс былі дасланы выключныя творы, якія камісія пагадзілася прыняць, не гледзячы на малады ўзрост творцаў. Так, самай маладой пераможцай (па дзвюм намінацыям!) стала Надзея Малафей (9 гадоў), вучаніца Бараўлянскай ДШМ.

Усе пераможцы атрымаюць граматы. Лепшыя творы выяўленчага мастацтва ўвойдуць у мастацкі альбом, які збярэ малюнкі пераможцаў конкурсу, што ладзіла “Бацькаўшчына” на працягу шасці гадоў. Таксама будзе надрукаваны зборнік сачыненняў і вершаў юных пераможцаў.

Акрамя таго, дзякуючы клопату і спрыянню мецэнаткі конкурсу Ірэны Каляды-Смірновай (ЗША) пераможцы, якія адпавядаюць усім умовам конкурсу, атрымаюць цудоўную магчымасць правесці два цудоўных тыдні ў Балгарыі, на Чорным моры

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайта “Бацькаўшчына”

Паважаныя наведвальнікі нашага сайта (http://zbsb.org/), сайт своечасова папаўняецца навінамі, якія зараз падзеленыя на тры рубрыкі: “Нашы навіны”, “Беларусь” і “Замежжа”.

Усе, хто жадае стаць сябрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, могуць запоўніць электронную картку, якая знаходзіцца ў правым меню.

Актыўна вядзецца праца над складаннем электроннай бібліятэкі “Бацькаўшчыны”. У хуткім часе ўсе нашы наведвальнікі змогуць карыстацца яе паслугамі.

Дзякуем Вам за увагу да нашай дзейнасці.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

“Стары Ольса” аб Фестывалі “60 паралель”

6-11 чэрвеня ў Сургуце (Расія) прайшоў Другі Міжнародны форум гарадоў “60 паралель”. У фестывалях, якія адбыліся ў рамках гэтага форуму, узяў удзел і гурт старадаўняй музыкі “Стары Ольса”.

Сургут нам даводзілася наведваць і раней. Тут упершыню мы выступалі ў 2003 г., на канцэрце, прысвечаным заснаванню Нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Югры”. Дзякуючы запрашэнню старшыні гэтай арганізацыі Сяргея Бандарэнкі, а таксама цеснаму супрацоўніцтву з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” гурт прыняў удзел у святочным канцэрце і выступіў на адной сцэне са славутымі “Беларускімі песнярамі”. Тады мы былі вельмі ўражаныя самой падзеяй і тым цёплым прыёмам, які нам аказалі беларусы Югры на чале з Сяргеям Бандарэнкам.

Мы заўсёды з прыемнасцю ўзгадвалі гэтую вандроўку, і вось зноўку — паездка да суродзічаў у Сургут для ўдзелу адразу ў некалькіх фестывалях: этнічнай музыкі “Нулевой причал”, нацыянальных культур “Соцветие” і Дні горада Сургут, якія адбыліся ў межах Міжнароднага форуму гарадоў “60 паралель”. І зноў нас уразіла гасціннасць, з якой нас сустрэлі беларусы Сургута, яна адчувалася паўсюдна, пачынаючы ад сустрэчы ў аэрапорце і да развітання.

Арганізацыя імпрэзаў была праведзена на самым высокім узроўні: запланаваныя мерапрыемствы праходзілі своечасова, музыкаў дастаўлялі на аўтобусах да сцэны і адвозілі ў гатэль, у кожнага гурту быў свой гід. Сапраўды — там ёсць чаму павучыцца беларускім арганізатарам фестываляў! І зазначым, што гэта былі фестывалі этнічнай музыкі, а не “поп”.

У першым фестывалі этнічнай музыкі “Нулевой причал” прымалі ўдзел гурты з Расіі (“Мюлярыт” і “Marimba Plus”), Нарвегіі (танцавальны калектыў “Лятаючыя Нарвежцы”), Украіны (“Карпаццяне”), Швецыі (“Скромта”) і з Беларусі (“Стары Ольса”).

Асабліва спадабалася, як выступаў гурт “Скромта”, дзе выкарыстоўваліся старадаўнія інструменты: нікельарфа і колавая ліра. На жаль, вельмі шмат гуртоў выкарыстоўвалі сучасныя інструменты. Не хапала аўтэнтычнасці гучання ў выкананні этнічнай музыкі.

На другі дзень праводзіўся фестываль нацыянальных культур “Соцветие”. Мэта фестывалю — захаванне традыцый народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Сургута.

У фэсце прынялі удзел 19 грамадскіх нацыянальных цэнтраў. Былі прадстаўленыя традыцыі кухні, абрадаў, святаў, танцаў і музыкі расіян, украінцаў, беларусаў, башкіраў, татараў, езідаў, дагестанцаў, армянаў, азербайджанцаў.

Вельмі ўразіла музычная частка гэтага фэсту. Была прадстаўлена вялікая колькасць экзатычных музычных інструментаў.

На канцэрце Беларусь прадстаўляў гурт “Стары Ольса”. Арыгінальнай часткай канцэрту стала сумеснае выступленне “Ольсаў” і танцавальнага калектыву “Юнацтва Сібіры”. Публіка з энтузіязмам успрыняла гэты сумесны нумар. Вельмі добра нацыянальная культурная аўтаномія прадставіла і традыцыі беларускай кухні. Вялікім попытам карысталіся беларускія дранікі і квас.

Шкада было пакідаць гэты цудоўны і гасцінны горад. Хацелася б сказаць вялікі дзякуй Сяргею Бандарэнку і ўсім сябрам Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі за прапаганду беларускай культуры, гасціннасць і цеплыню..

Ілля Кубліцкі
ад гурту “Стары Ольса”

Беларусь — Швецыя...

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і РГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” 15-16 чэрвеня правялі круглы стол “Беларусь — Швецыя: педагагічны аспект развіцця рамёстваў”. Галоўнымі гасцямі на гэтым мерапрыемстве былі прадстаўнікі шведскай арганізацыі “SV”, якая займаецца культурна-асветніцкім навучаннем дарослых, Барбара Ёхансан і Эва Мэлдаль.

Круглы стол распачала сваім выступленнем старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

Наступным выступоўцам была Барбара Ёхансан, якая распавяла аб дзейнасці сваёй арганізацыі, галоўнай мэтай якой з’яўляецца адукацыя і культурная асвета людзей. Кожны год па праграме навучаецца 5-6 мільёнаў чалавек (узбагачаюць сваю спецыялізацыю ў адукацыі, музыцы, мастацтве). Першы праект па беларуска-шведскаму супрацоўніцтву быў распачаты ў Беларусі ў 2002 годзе.

— Наша сустрэча прысвечана важным арганізацыйным пытанням па адукацыі, — гаворыць Барбара Ёхансан. — Мы спадзяёмся арганізаваць тут навучальныя гурткі па тых жа накірунках, па якіх ладзім іх у Швецыі: вывучэнне этнаграфіі, традыцый, народнага мастацтва, рамёстваў, музыкі... Для нас важна распачаць супрацоўніцтва з вамі, каб лепш спасцігнуць ваш светапогляд. Нядаўна мы распачалі такі ж праект ва Украіне.

Выступ Эвы Мэлдаль, лідэра праекту (яна ж працуе і ў этнаграфічным музеі ў Стакгольме з тэкстылем ды кансультантам па народных рамёствах) быў больш наглядным. Спадарыня Эва прадставіла цікавую прэзентацыю, дзякуючы якой прысутныя пазнаёміліся з самой арганізацыяй “SV”, яе дзейнасцю:

— У Швецыі асобы, якія займаюцца рамёствамі ў жыцці, вельмі часта маюць значныя і адказныя пасады, а іх творчасць — хобі, адпачынак ці рэалізацыя сваёй творчай душы. Колькасць такіх людзей расце шточас... Мы ж займаемся адукацыяй і выхаваннем будучых спажыўцоў, якія будуць цаніць мастацтва і народныя рэчы ды вырабы.

Падчас прэзентацыі спадарыня Эва распавяла таксама аб яе вандроўцы азам з Барбарай у 2005 годзе па Брэсцкім рэгіёне, дзе яны сустракаліся з беларускімі майстрамі, знаёміліся з народнымі традыцыямі. Пасля гэтай паездкі прадстаўніцы “SV” зрабілі прафесійныя высновы “вачамі іншаземцаў”. На іх погляд, асноўныя праблемы сучаснага становішча Беларускага народнага мастацтва з-за абмежаванага супрацоўніцтва з музеямі краіны, нізкай цікавасці людзей, слабага ведання тэхнікі рамёстваў, дэфіцыту матэрыялаў для творчасці, нераспрацаванасці каналаў рэалізацыі, адсутнасці крытэрыяў якасці і шмат іншага.

Наступным выступоўцам быў старшыня РГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” Аляксей Глушко, які распавёў аб дзейнасці арганізацыі, правядзенні лекцый і семінараў.

Цікавы выступ быў у Вольгі Лабачэўскай, якая прадставіла прэзентацыю “Народнае мастацтва ў Швецыі”, але “вачыма беларусаў”. Прэзентацыя прыемна ўразіла гасцей са Швецыі.

Кожны выступ быў асаблівым, цікавым. Яўген Сахута, Ларыса Быцько, Наталля Сухая, Рэгіна Гамзовіч, Наталля Канановіч, Святлана Слуцкая, Ірына Мазюк — усе распавядалі аб народным мастацтве, рамёствах, традыцыях, аб праблемах захавання спадчыны, рэканструкцыі страчанага і, канешне, адукацыі сучасных творцаў і спажыўцоў.

На другі дзень госці са Швецыі, спадарыні Барбара Ёхансан і Эва Мэлдаль, наведалі Музей у Строчыцах ды музей Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А затым была праведзена сумесная афіцыйная сустрэча прадстаўнікоў “SV”, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і РГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” па ўдакладненні пытанняў сумеснай дзейнасці і планаў на будучае.

Па словах гасцей, яны былі прыемна ўражаныя добрай арганізацыяй мерапрыемстваў, гасціннасцю гаспдароў, а самае галоўнае — перспектывамі супрацоўніцтва.

Дар’я Сацукевіч, Прэс-сакратар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Лондан, Англія

Адбыўся 60-ы Агульны гадавы з’езд Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ).

Адкрывала з’езд старшыня Управы сп-ня Алена Міхалюк. Выбраны прэзідыум з’езда прадстаўлялі: старшыня сп-р М.Швэдзюк і сакратары Сяргей Вінаградаў і Мікола Пачкаеў.

Справаздачу Управа прыняла ад старшыні, сп-ні А.Міхалюк, якая распавяла, што за апошні год дзейнасць ЗБВБ была вельмі актыўнай. Старшыня і сябры Управы рэпрэзентавалі ЗБВБ на з’ездах у Бельгіі, Літве, Чэхіі, Вялікабрытаніі, спрыялі дэмакратычным працэсам у Беларусі; таксама Управа арганізавала гадавіны нацыянальных святаў: дзень Беларускай Народнай Рэспублікі, дзень Слуцкага паўстання. А дзякуючы дзеянням Управы стан дэмакратыі ў Беларусі абмяркоўваўся ў парламенце.

Скарбнік Управы, спадар С.Пяткевіч, паведаміў пра фінансавае становішча згуртавання, вялікая частка грошай была выдаткавана на рамонт Беларускага дома ў Лондане.

Далей адбыліся выбары сябраў новай Управы. На пасаду старшыні была пераабрана спадарыня А.Міхалюк; намеснік старшыні — спадар М.Пачкаеў; сакратар-скарбнік — спадар С.Пяткевіч; сябры — П.Шаўцоў, С.Вінаградаў і А.Вышадок; наглядная Рада — спадары Калінін, Ясвіловіч, сп-ня Сенько.
Завершаны З’езд быў спевам роднага Гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

На вячэру смачны пачастунак прыгатавалі сяброўкі Алена Сянько і Джын Дзейка, за што ім вялікі дзякуй! З кілішкам віна хутка праляцеў час і ўжо трэба было раз’язджацца па розных кутках Англіі.

Жыве Беларусь!!!

Сільвестар Буткевіч

Мюнхен, Германія

16 чэрвеня Звяз беларусаў Нямеччыны правёў акцыю пратэсту каля консульства Расіі ў Мюнхене. Была зроблена спроба перадаць зварот “Рукі прэч ад Беларусі!” у консульства, але там яго не захацелі прыняць.

Сябры Звязу пакінулі зварот каля дзвярэй консульства і сталі адыходзіць ад будынку, калі раптоўна з дзвярэй выскачыў нейкі клерк у чырвонай кашулі, схапіў зварот, скамячыў і са словамі: “Забери свой мусор” кінуў паперу ў твар старшыні ЗБН Яўгена Мурашкі.

“Звяз беларусаў Нямеччыны”

Нью-Йорк, ЗША

Газета “New York Times” 1-га чэрвеня надрукавала артыкул “Беларусь: партрэт абсалютнай карупцыі ўлады”. Гэта рэцэнзія на дакументальныя фільмы беларускага рэжысёра Віктара Дашука “Ноч доўгіх нажоў” і “Рэпартаж з клеткі для трусаў“, якія ішлі 1-7 чэрвеня ў нью-йоркскім кінатэатры “Pioneer Theater”.

Абодва дакументальныя фільмы забароненыя да паказу ў нашай краіне.

bielarus.org

Вільня, Літва

У апошнюю суботу траўня ў Таварыстве беларускай культуры (ТБК) у Літве, адбылося мерапрыемства, прысвечанае чарговай гадавіне з дня нараджэння Францішка Багушэвіча (166 год).

Ініцыятар імпрэзы — старшыня ТБМ Віленскага краю Юрый Гіль. Вёў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька.

Юрый Гіль аформіў два стэнды, адзін прысвечаны Францішку Багушэвічу, другі — святарам-беларусам, якія былі закатаваны бальшавіцкім рэжымам. Айцец Ян па ўсіх духоўных канонах асвяціў стэнды, і ў хуткім часе яны будуць перавезены і ўсталяваны ў Свіранах.

Каля партрэта Ф.Багушэвіча гарэлі свечкі, прысутныя маліліся за Францішка Багушэвіча, Юрый Гіль чытаў свае вершы ў гонар творцы. Дзейнічала выстава кніг, у тым ліку і даследчыка Уладзіміра Содаля.

Леакадзія Мілаш, г.Вільня
27 траўня 2006 г.

Даўгаўпілс, Латвія

26 траўня адбыўся чарговы Дзень беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, які праходзіў у рамках Дзён славянскай пісьменнасці. Беларускі дзень пачаўся навукова-практычнай канферэнцыяй студэнтаў гуманітарнага факультэта Даўгаўпілскага універсітэта пад назвай “Беларускі народны касцюм як аб’ект даследавання гісторыі народа”. Слухачам былі прадстаўлены рэфераты-даследванні на тэму народнага адзення.

На канферэнцыі прысутнічалі шматлікія госці: моладзь, вучні сярэдняй школы № 6 разам з настаўніцай Сантай Чэйране, сябры “Уздыма”, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Генадзь Ахрамовіч. Усе ўдзельнікі былі апрануты ў беларускія народныя строі.

Прыгажосць і непаўторнасць беларускіх нацыянальных строяў можна было ўбачыць і на гала-канцэрце, які адбыўся ў Цэнтры латышскай культуры. Сюды прыехалі беларускія калектывы з Віцебска, Вісагінаса, Рыгі, Вільнюса. Дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Радзівон Бас прывёз свой прафесійны ансамбль “Лявоніха”, які пакарыў гараджан беларускімі народнымі танцамі і песнямі. Адбыўся дэбют танцавальных калектываў ЦБК “Вясёлка” і “Лянок”. У канцэрце прымалі ўдзел таксама даўгаўпілскія: “Купалінка”, “Ластаўкі”, саліст Павел Прозар, ансамбль акардэаністаў, салісты рыжскай “Надзеі”, ансамбль “Світанак” з Вісагінаса, спявачка-бард з Вільнюса Ганна Пазлевіч, салістка віцебскай філармоніі Валянціна Шылава, салістка рыжскай оперы Тамара Клімко.

На наступны дзень усе госці прынялі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю славянскай культуры “Славянскі каравай” на галоўнай плошчы горада. Выступалі таксама шматлікія вакальныя і танцавальныя калектывы рускага, украінскага, польскага, беларускага таварыстваў Даўгаўпілсу.

Таццяна Бучэль

Даўгаўпілс, Латвія

Узорны эстрадны аркестр Мінскага палаца дзяцей і моладзі ў складзе 15 чалавек пад кіраўніцтвам Васіля Коназа быў запрошаны гарадской думай і Домам творчасці на фестываль інструментальнай музыкі “Skanu fantazija”.

Ініцыятарам падобнага фестывалю ў 2002 годзе стаў Дом творчасці пад кіраўніцтвам Айны Янсане. Фестываль набыў папулярнасць і стаў з цягам часу міжнародным. У сёлетнім фестывалі прымалі ўдзел аркестры з Эстоніі, Польшчы, Беларусі (Мінск), Расіі (Санкт-Пецярбург), Латвіі (Рыга, Венспілс, Даўгаўпілс).

Сустрэча з маладымі талентамі з Мінска, на якую была запрошана таксама і студэнцкая моладзь, што вывучае беларускую мову і культуру, прайшла ў атмасферы ўзаемаразумення і цеплыні і доўжылася амаль дзве гадзіны.

Таццяна Бучэль

Даўгаўпілс, Латвія

Даўгаўпілская гарадская дума рэалізавала праект PHARE (Slavic People in Europe), у перакладзе — “славянскі пірог”.

Праект фінансуецца са сродкаў Еўрасаюза і Латвійскага фонду грамадскай інтэграцыі. Агульны кошт 22 689 еўра. Мэта — збліжэнне і аб’яднанне народаў, якія пражываюць у Балтыі. Галоўная роля ў рэалізацыі праекта адводзіцца Цэнтру рускай культуры Даўгаўпілса.

Завяршэннем праекта стала міжнародная канферэнцыя “Усходнія славяне ў Еўропе”. У гэтай канферэнцыі ўзялі ўдзел таксама і беларусы — навукоўцы з Віцебскага дзяржаўнага універсітэта: прафесар Валянціна Маслава, дактары філалагічных навук Вольга Русілка, Алена Муратава і магістр філалогіі Таццяна Бучэль.

У рамках Дзён славянскай пісьменнасці падведзены вынікі конкурсу “Вобразы мілыя роднага краю”, які быў прапанаваны таварыствам “Уздым” і Цэнтрам беларускай культуры для ўсіх тых, хто ведае і любіць Беларусь. Пад такой жа назвай у Цэнтры беларускай культуры была арганізавана выстава карцін новага сябра таварыства “Уздым” Галіны Жалабоўскай.

Таццяна Бучэль

Варшава, Польшча

Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў стварэнне фундацыі дапамогі дэмакратычным зменам у краінах былога СССР. Фундацыя не будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але дапамога Беларусі – гэта адзін з прыярытэтных накірункаў у будучай дзейнасці гэтай арганізацыі.
Лех Качыньскі спадзяецца, што арганізацыя пачне працу ўжо ў студзені 2007 года. Плануецца, што на выкананне статутных мэтаў у наступным годзе фундацыя атрымае 20 мільёнаў злотых, гэта каля 6,5 мільёна долараў – толькі з дзяржаўнага бюджэту, а паводле статуту магчымыя таксама і ахвяраванні ад прыватных асоб.

Новая фундацыя будзе займацца перадачай досведу польскіх пераменаў краінам былога Савецкага Саюза — у першую чаргу Украіне і Беларусі – і ўзмацняць імідж Польшчы як пасярэдніка паміж Усходам і Захадам.

unija.info. 2006 23 чэрв.

Варшава, Польшча

25 траўня ў Варшаве адбылася сустрэча Папы Рымскага Бенедыкта XVI з каталіцкімі святарамі Польшчы, Украіны, Расіі, Беларусі, кіраўніцтвам Польшчы, якой была распачата чатырохдзённая пілігрыміка на радзіму папярэдняга Папы Яна Паўла ІІ.

27 траўня на варшаўскім пляцы Пілсудскага ў час імшы, якую служыў папа, была прачытана малітва па-беларуску. Прычым зрабіў гэта былы вязень Акрэсціна (ізалятар у Мінску), беларускі студэнт з Варшавы Зміцер Гурневіч. Беларуская мова была адной з усяго трох моваў, на якіх вялося набажэнства (яшчэ па-польску і па-англійску).

Радыё “Свабода”

Варшава, Польшча

У Варшаве каля 30 чалавек арганізавалі хэпенінг каля расейскага пасольства. Прысутныя падзяліліся на дзве групы — адны ў масках з выявай А.Лукашэнкі, а другія – У.Пуціна і пад музыку “Эй, ухнем” перацягвалі вяроўку, зачэпленую з двух бакоў за чалавека ў кашульцы з надпісам “Беларусь”. “Беларусь”, аднак, не паддалася і ў выніку перакінула іх усіх.

Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць зніклых беларускіх палітыкаў, заявілі пра неабходнасць спынення Расіяй падтрымкі беларускага рэжыму, а потым пад гітару спявалі беларускія песні.

unija.info

Люблін, Польшча

16 чэрвеня, у Дзень беларускай Салідарнасці, у 12 гадзін над гарадской ратушай у Любліне былі вывешаныя беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і дзяржаўны сцяг Польшчы.

Акцыя арганізаваная люблінскім аддзяленнем “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” пры дапамозе мэра Любліна Анджэя Прушкоўскага. Кіраўнік прэс-бюро канцылярыі мэра Міраслаў Каліноўскі так пракаментаваў падзею: “Мы паднялі над ратушай беларускі сцяг, каб выказаць салідарнасць жыхароў Любліна з тымі, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Кожны раз, калі акцыі салідарнасці з беларусамі праводзіліся арганізацыямі, дзейнасць якіх накіраваная на падтрымку перамен у Беларусі, улады Любліна ставіліся да іх з разуменнем”.

unija.info
2006. 16 чэрв.

Украіна

Улады Беларусі забаранілі хросны ход з Украіны ў Расію праз Беларусь. Каля пяцідзесяці ўдзельнікаў шэсця, якое пачалося 2 красавіка ў Адэсе і працягвалася да падмаскоўнага Сергіева Пасада, не здолелі трапіць у Беларусь.

На беларуска-ўкраінскім пераходзе “Макраны” ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці іх сустрэлі ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікалі на загад міграцыйнай службы. Вернікам паведамілі, што шэсце нe ўзгоднена з мясцовымі ўладамі і Беларускай праваслаўнай царквой. Акрамя таго, арганізатарамі хроснага ходу ў межах Беларусі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі.

Пасля гэтага вернікам загадалі вярнуцца на тэрыторыю Украіны. На другім памежным пераходзе “Махро”, што ў Іванаўскім раёне на Брэсчыне, сітуацыя паўтарылася.

Удзельнікам хроснага ходу было таксама абвешчана, што яны не могуць працягваць шэсце па тэрыторыі Беларусі, бо дзеля гэтага трэба мець дазвол ад мясцовых уладаў і бласлаўленне ад Беларускай праваслаўнай царквы. Між тым, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт даць такое бласлаўленне адмовіўся. Трапіць у Беларусь удзельнікам шэсця не дазволілі нават транзітам, каб пасля працягнуць хросны ход на тэрыторыі Расеі.

Па словах арганізатара шэсця Юрыя Шышкова, удзельнікі хроснага ходу здзіўленыя такой рэакцыяй беларускіх уладаў і праваслаўнай царквы, бо мэта акцыі — аб’яднанне славянскіх народаў.

Паводле слоў спадара Шышкова, цяпер удзельнікі шэсця вымушаны змяніць маршрут, каб абмінуць Беларусь і ўсё ж дайсці да Сергіева Пасада, што знаходзіцца паблізу расійскай сталіцы.

Паводле радыё “Свабода”

АБ’ЯВЫ

Беларускі адпачынак у Канадзе

БЕЛАРУСКАЯ АЎТАКЕФАЛЬНАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА
ПАРАФІЯ СВ.КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА
524 St. Clarens Ave., Toronto, Ontario, Canada, M6H 3W7
Прапануе цудоўны сямейны ці калектыўны адпачынак на чыстым паветры, побач з лесам, па вечарах спевы ля вогнішча — усё гэта БЕЛАРУСКІ ДОМ АДПАЧЫНКУ «СЛУЦАК»
ЗАПРАШАЕМ ВАС!
Арэнда пакоя складае 30 даляраў у суткі. Тэлефануйце, калі ласка, па тэл:
(519) 623-9019 – Вальтэр,
(416) 727-7944 – Міхась,
(416) 267-0798 – Марыя,
(416) 691-3993 – Ірына,
(416) 508-6317 – Філіп,
(416) 661-1704 – Вольга,
(416) 769-3916 – Надзея.
Падрабязнасці можна знайсці на сайце: www.belaruscanada.com (Форум-Антарыё-Слуцак)

Прыемнага Вам адпачынку!
Парафіяльная рада БАПЦ

Свята вольнай беларускай паэзіі ў Ляўках

Усе прыхільнікі беларушчыны і беларускай паэзіі могуць ўзяць удзел 8 ліпеня ў чарговым Свяце вольнай беларускай паэзіі ў наваколлі Дома-музея Янкі Купалы ля вёскі, што ў Аршанскім раёне.

На асаблівае спрыянне (самае лепшае месца ля вогнішча і бясконцую ўвагу слухачоў ды гледачоў) могуць разлічваць маладыя творцы ва ўсіх відах мастацтва. Вядомыя і вопытныя паэты, якія маюць свае кнігі, запрашаюцца браць падпісаныя асобнікі з сабою, каб падараваць іх маладым ды невядомым калегам, творы якіх упадабаюць на свяце.

Пачатак каля 18.00.

Пра Ляўкоўскі музей і тамтэйшы перыяд жыцця Купалы можна прачытаць у сеціве: http://kupala-filialy.iatp.by/lauki.HTM.

Пытанні ды прапановы можна дасылаць на адрас: lauki2006@gmail.com

“Мясцовы час” на CD

Нарэшце прыйшоў да выніку шматгадовы праект лейбла “Limas” па аднаўленні лепшых альбомаў легендарнага полацкага гурту “Мясцовы час”, распачаты яшчэ ў 2001 г. Працу ўдалося завершыць дзякуючы фінансавай дапамозе знакамітага лейбла “БМАgroup” і маладой выдавецкай структуры “Prynamsi records”. На дыску размясціліся альбомы “Мой дом” (1989), “Ускраіна” (1990) і пара рарытэтных бонусаў: “Ісус” і “Слава слаўных”.

Узнёсла ўспрыняў гэтую вестку былы лідэр калектыву, вакаліст і гітарыст Алесь Кузьмін (зараз жыве ў Германіі). Ён абяцаў прыехаць у Беларусь на прэзентацыю новага дыска і выступіць з канцэртам. Менеджэры гарантуюць: унікальны барочны фальцэт знакамітага вакаліста фанаты зноў пачуюць па-над краем.

Цяпер ў стадыі лічбавага рэмастэрынгу знаходзяцца два іншых альбомы “Мясцовага часу” — “Слота” (1988) і “Халі-Галі” (1999), якія будуць выдадзены ў серыі “Super-2”, што азначае “два альбомы на адным CD”.

Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў”
www.music.fromby.net

“Песні Свабоды — 2” да Дня Незалежнасці...

Клопатам аб выданні другой часткі “Песень Свабоды” працягвае сваю дзейнасць незалежны музычны лейбл “VoliaMusic”.

Прэзентацыя дыску будзе прымеркавана да Дня аднаўлення Незалежнасці Беларусі — 27 ліпеня, таму асноўнымі тэмамі песняў, якія чакаюць выдаўцы ад гуртоў, стануць Свабода і Незалежнасць.

Праект “Песні Свабоды” атрымаў розгалас і цікавасць. Гэта быў не проста дыск, а з’ява, сімвал. Што тычыцца зместу “Песень Свабоды — 2”, выдаўцы абяцаюць прыкласці намаганні, каб з’явіліся новыя імёны — такія складанні даюць пэўны штуршок да развіцця маладых калектываў.

Падпіска на дыск адкрытая на сайце: http://za-svabodu.org.

Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў”
www.music.fromby.net

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Першы падручнік па беларускай мове для венграў

Пад агульнай рэдакцыяй прафесара Андраша Золтана пабачыў свет першы навучальны дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў-венграў “Ларыса Станкевіч — Жужа Каткіч. Дваццаць сустрэч з Беларуссю: падручнік па беларускай мове для пачаткоўцаў”.

Газета “Наша слова”. 2006. 7 чэрвеня

“Беларускае студэнцтва на чужыне”

Удакладняем інфармацыю па юбілейнай, 10-й, кнізе з серыі “Бібліятэка Бацькаў-шчыны”. Гэта выданне — успаміны Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне”. Кніга адрэдагавана Лявонам Юрэвічам і багата насычана архіўнымі матэрыяламі.

Кніга пабачыла свет дзякуючы падтрымцы: Вольгі Грыцук, Марыі Ганько, Івонкі Сурвіллы, Надзеі Дробінай, Вольгі Манькоўскай, Міколу Бучуку, Ірыне Верабей і БАПЦ святога Кірылы Тураўскага.

Вялікі дзякуй усім, хто зрабіў магчымым выданне гэтай надзвычай патрэбнай кнігі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кніжная серыя “Biblioteka bialoruska”

Прэзентацыя новай кніжнай серыі “Biblioteka bialoruska” адбылася 13 чэрвеня у Белдзяржуніверсітэце (Мінск). У гэтай серыі ва Вроцлаве ўжо выдадзеныя тры кнігі беларускіх пісьменнікаў. Такой цікавасці палякаў да беларускай літаратуры, як цяпер, раней не назіралася ніколі, адзначыў напярэдадні прэзентацыі рэдактар новай серыі з беларускага боку Лявон Баршчэўскі.

Першая выдадзеная кніжка — Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў “Калі рукаюцца душы” ў перакладзе Чэслава Сэнюха. Другая — дзвюхмоўная кніга вершаў Андрэя Хадановіча. І трэцяя кніжка — Уладзімір Арлоў “Каханак яе вялікасці”.

Усе гэтыя кнігі выдадзеныя ў шыкоўным афармленні і маюць вельмі прэзентацыйны выгляд, што, на думку спадара Баршчэўскага, цяпер вельмі важна як для папулярызацыі беларускае літаратуры за мяжой, так і для айчынных калекцыянераў такіх рарытэтаў. Да канца году польскую серыю “Bibliotekі...” папоўняць тамы Алеся Разанава, Валянціна Акудовіча, анталогіі маладой паэзіі і сучаснай публіцыстыкі.
Паводле радыё “Свабода”. 2006. 14 чэрв.

ВЕСТКІ

Грамадства

***

Ад 29 траўня да 17 чэрвеня актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымалі галадоўку пратэсту, патрабуючы спыніць пераслед апазіцыйнай моладзі, вернікаў-хрысціян, а таксама вызваліць палітвязняў. Галадоўка пачалася ў Салігорску, а потым ахапіла іншыя гарады. У акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзесяткі чалавек. Апошнія трое сутак галадала дзесяць апазіцыянераў. Цяпер маладафронтаўцы робяць захады, каб галадоўка мінімальна адбілася на іхным здароўі.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зміцер Дашкевіч трымаў галадоўку 16 сутак. Ён далучыўся да акцыі, як толькі выйшаў на волю пасля адбыцця арышту ў турме на Акрэсціна.

Паводле радыё “Свабода”

***

АБСЕ прадставіла канчатковую справаздачу па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. У справаздачы місія БДІПЧ АБСЕ канстатавала, што выбары прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года, не адпавядалі дэмакратычным нормам і не могуць лічыцца легітымнымі. Камісія пастанавіла, што былі парушаныя шматлікія міжнародныя нормы, правы простых грамадзян Беларусі. У прыватнасці, поўнасцю або часткова не былі выкананыя параграфы 5.4; 7.3; 7.4; 7.6; 7.7; 7.8; 10.1 і 10.3 Капенгагенскай дамовы ад 1990 года.

У сувязі з гэтым у справаздачы даецца 50 рэкамендацый беларускім уладам для прывядзення выбарнага заканадаўства і працэдуры выбараў у адпаведнасць з нормамі АБСЕ.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік, у сваю чаргу, заявіў, што ў папярэдняй справаздачы АБСЕ, апублікаванай падчас выбарчай кампаніі, было дапушчана шмат недахопаў, памылак. І зараз не вядома, ці выдалілі яны гэтыя недакладнасці з выніковай справаздачы.

Па меркаванні М.Лазавіка, справаздача БДІПЧ АБСЕ “абсалютна палітызаваная”.

Паводле БелаПан. 2006. 8 чэрв.

***

Сусветная асацыяцыі газет (WAN), Сусветны газетны кангрэс і Сусветны форум рэдактараў прынялі сумесную рэзалюцыю, у якой заклікалі беларускія ўлады спыніць прыгнёт незалежных журналістаў. Па меркаванні рады WAN, у Беларусі за апошні год журналісты сутыкнуліся з сур’ёзным ціскам з боку ўладаў.

Сярод фактаў прыгнёту незалежнай прэсы ў Беларусі прыводзіцца адмова гарвыканкама ў рэгістрацыі газеты “Наша Нiва” ў Мінску. Таксама гаворыцца аб недапушчэнні журналістаў на суд над Артурам Фінькевічам. У рэзалюцыі канстатуецца, што ў красавіку 2006 года журналісты “перыядычна арыштоўваліся ўладамі па розных прычынах”.

www.telegraf.by. 2006. 8 чэрв.

***

У Мінску адбылася прэзентацыя справаздачы па выніках аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Справаздача падрыхтаваная міжнароднай экалагічнай арганізацыяй “Грынпіса”. Гэта альтэрнатыўны погляд на праблему наступстваў аварыі.

Прадстаўнікі “Грынпіс” заяўляюць, што падставай для даследаванняў стала актывізацыя прыхільнікаў атамнай энергетыкі ва ўсім свеце. Да прыкладу, 20-годдзе Чарнобыля ў Беларусі адзначанае заявамі аб падрыхтоўцы да будаўніцтва ўласнай АЭС. Бо атам — адзіная альтэрнатыва развіццю чалавечай цывілізацыі.

Справаздачу рыхтавалі больш за 50 навукоўцаў з розных краінаў свету. Незалежнае даследаванне істотна розніцца ад вынікаў, зробленых афіцыйнымі экспертамі МАГАТЭ. Па падліках МАГАТЭ ў выніку аварыі загінулі чатыры тысячы чалавек. У дакладзе “Грынпіс” гаворыцца аб 97 тысячах.

Паводле радыё “Свабода”. 2006. 7 чэрв.

***

Беларусь заявіла ў чацвер, 8 чэрвеня 2006 года, што забараняе ўезд на сваю тэрыторыю ўладам ЗША і Еўрасаюза ў адказ на санкцыі і забарону ўезду ў ЗША прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і беларускім службоўцам.

Аб забароне распавёў на брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў. Ён адмовіўся паведаміць, хто ўваходзіць у падрыхтаваны спіс, але сказаў, што ў ім утрымліваюцца імёны “найбольш адыёзных палітычных фігур”, якія выказваліся супраць палітыкі, што праводзяць дзяржаўныя органы Беларусі.

Газета.Ru

***

У спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі, адбыліся змены. У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што спіс замежнікаў, якім забаронены або непажаданы ўезд на тэрыторыю Беларусі, папоўніўся новымі прозвішчамі. Гэта тыя асобы, што парушалі дзяржаўную мяжу Беларусі, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, асобы, дэпартаваныя з краіны, а таксама замежнікі, якія былі затрыманыя на дарогах Беларусі падчас кіравання аўтамабіля ў нецвярозым стане.

У цяперашні час забаронены або непажаданы ўезд на тэрыторыю Беларусі каля 40 тысячам замежнікаў, за апошнія 2 гады ў спіс “неўязных” занесена каля 10 тысяч замежных грамадзян.

Паводле “Інтэрфакс” і belaruspartizan.org.
2006. 15 чэрв.

***

Латвія першай з краінаў ЕС зробіць візы для беларусаў бясплатнымі. Адпаведнае рашэнне 20 чэрвеня прыняў кабінет міністраў Латвійскай Рэспублікі.

Ініцыятыва зрабіць бясплатныя візы для жыхароў Беларусі зыходзіць ад Еўрапейскага парламента. Яшчэ летась дэпутаты заклікалі краіны Еўрасаюза пайсці на такі крок, каб спрасціць беларусам перамяшчэнне па Еўропе. І першай на гэты заклік адгукнулася Латвія.

Да гэтага часу аднаразовая віза ў Латвію для грамадзянаў Беларусі каштавала 35 еўра, шматразовая — 70. Летась за выдачу візаў консульскія службы ў Мінску і Віцебску прынеслі бюджэту сваёй дзяржавы больш як паўмільёна еўра.

www.svitanak.lv

***

Паводле апошніх даследаванняў “Лявада-цэнтра”, колькасць расіян, якія за абранне Уладзіміра Пуціна на трэці тэрмін, вырасла за апошнія дзевяць месяцаў з 41 да 59%. Адначасова павялічылася і іх гатоўнасць прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах за кандыдата, прапанаванага цяперашнім прэзідэнтам (ужо зараз такіх каля 43%).

Пры гэтым найлепшыя шанцы стаць пераемнікам, па звестках апытання, мае першы віцэ-прэм’ер Зміцер Мядзведзеў, які ўжо апярэджвае па выбарным рэйтынгу і апазіцыю ў асобах Уладзіміра Жырыноўскага і Генадзя Зюганава, і іншага патэнцыйнага пераемніка, міністра абароны Сяргея Іванова.

Паводле www.polit.ru. 2006. 8 чэрв.

***

У Германіі стартавала акцыя “У падтрымку Беларусі”. Мэта гэтай акцыі — даць 20 навучальных месцаў у нямецкіх ВНУ студэнтам, якія былі або будуць адлічаныя па палітычных матывах.

Праграма разлічана на два семестры і пачнецца ў кастрычніку 2006 года, аднак заяўкі можна накіроўваць ужо зараз. Плануецца, што падчас праграм беларускім студэнтам будзе аказаная кансультатыўная падтрымка, а таксама прадстаўленая магчымасць прайсці моўныя падрыхтоўчыя курсы.

Паодле БелаПАН. 2006. 16. чэрв.

***

Акцыя “Свабода слова для Беларусі”, якую мінулай восенню ладзіла польская філія аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, узнагароджаная Бронзавым ільвом на фестывалі міжнароднай рэкламы ў Канах.

Падчас акцыі з ініцыятывы “Міжнароднай амністыі” два вядучых польскіх штодзённіка “Gazeta Wyborcza” i “Rzeczpospolita” выйшлі з амаль цалкам закрэсленымі тэкстамі на першых старонках – так, паводле аўтараў ідэі, выглядалі б гэтыя газеты пасля працы беларускіх цэнзараў.

Гэтак жа сама выглядалі і старонкі некалькіх вядучых інфармацыйных інтэрнэт-парталаў і радыёстанцый. Да таго ж на вуліцах польскіх гарадоў былі развешаныя 30 тысяч плакатаў са здымкамі вядомых беларускіх журналістаў і грамадскіх дзеячаў, якім скотчам заклеілі вусны.

Акцыя была настолькі заўважнай, што пра яе ў Польшчы памятаюць дагэтуль. А рашэнне журы фестывалю міжнароднай рэкламы ў Канах яшчэ раз нагадала польскай і міжнароднай грамадзкасці пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі.

Паводле радыё “Свабода”. 2006. 21 чэрв.

***

4 чэрвеня, напярэдадні Сусветнага газетнага кангрэса, у Маскве адбыўся круглы стол “СМІ на постсавецкай прасторы: ад дыктатуры да дэмакратыі?”.

У сваім выступе ўкраінская журналістка, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Украінская праўда” Алёна Прытула казала аб тым, што па свабодзе слова ў СМІ і іх незалежнасці Украіна апярэджвае Расію і тым больш Беларусь.

Галоўны рэдактар беларускай газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынько ў сваю чаргу сказаў: “Я жадаю перасцерагчы ад небяспекі, якая чакае Расію. Адной з небяспекаў, што пагражаюць беларускім СМІ, з’яўляецца абсалютызацыя дзяржавы. Думаю, у апошнія гады такая небяспека ёсць і ў Расіі”.

РІА “Новости”.2006. 5 чэрв.

***

Абмяркоўваць на ўрадавых сайтах праекты законаў прапанавала дэпутат Вольга Абрамава. Калі прэзідэнт адказваў на пытанні ў парламенце, яна пацікавілася, ці ёсць такая магчымасць. Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў і адказаў, што праекты законаў ужо ёсць на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

“Камсамолка” паспрабавала знайсці на сайтах міністэрстваў хоць бы адзін праект закона... Міністэрства гандлю, якое прапаноўвае праект закона “Аб рэкламе”, сайта не мае наогул. Сёлета ў парламенце плануецца разгледзець Кодэкс аб адукацыі і законы “Аб ахове здароўя”, “Аб іпатэцы”, “Аб турызме”. Але на сайтах міністэрстваў пра такія праекты не гаворыцца ні слова.

На сайце Цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Беларусі (http://ncpi.gov.by/ncla/) змешчаныя не самі праекты, а толькі іх назвы. Тэксты можна пашукаць на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (www.pravo.by) Аднак прапаноў і заўваг па праектах на старонцы не прымаюць. Толькі Мінфін дазволіў беларусам уносіць свае прапановы па спрашчэнні падатковага заканадаўства. І нават не ў інтэрнеце, а па тэлефоне. Да 30 чэрвеня ў міністэрстве працуе гарачая лінія (017) 200-43-31 (гэта не вылучаная лінія, а працоўны тэлефон міністэрства, з якога яшчэ і факсы адпраўляюць).

Паводле: www.kp.belkp.by,
news.tut.by

***

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні рэдакцыі і заснавальніку недзяржаўнага гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі летапісец”. Абодва папярэджанні падпісала 31 траўня намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

Заснавальніку ставіцца ў віну тое, што ён своечасова не паведаміў Мінінфармацыі пра змену перыядычнасці выпуску часопіса, што ў выходных дадзеных некалькіх нумароў былі недакладныя даты выхаду ў свет і што рэдакцыя газеты не зрабіла своечасовай рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў часопіса.

Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс “Лідскі летапісец” выходзіць з 1997 г. накладам 400 асобнікаў. Заснавальнік выдання — старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валеры Сліўкін. прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў 2006. 7 чэрв.

***

Белтэлерадыёкампанія падпісала новую дамову з каналам НТВ аб перадачы правоў на рэтрансляцыю яго тэлепраграм у Беларусі. Як пракаментавала кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Краскоўская, замяшчацца будзе “толькі вызначаны адсотак ТБ-прадукту на аналагічны”.

Першыя змены адбудуцца 4 ліпеня.

У НТВ таксама пацвярджаюць, што ўсе правы на трансляцыю на тэрыторыі Беларусі належаць Белтэлерадыёкампаніі.

Практыка перакрыцця трансляваных каналаў у Беларусі шырока распаўсю-джаная. Такія расійскія каналы як ОРТ, РТР, “Ren-TV” і “Культура” сталі асновай для беларускіх тэлеканалаў, якія замяшчаюць не толькі забаўляльныя, але і інфармацыйныя праграмы.

Паводле “Комсомольской правды” і
telegraf.by. 2006. 20 чэрв.

***

Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу на пасяджэнні 15 чэрвеня ратыфікаваў беларуска-расійскую Дамову аб роўных правах грамадзян дзвюх краін на свабоду перамяшчэння і выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Мікалай Чаргінец, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі верхняй палаты беларускага парламента, удакладніў: “У адпаведнасці з Дамовай грамадзяне Беларусі і Расіі атрымоўваюць права без міграцыйнай карты заязджаць, выязджаць, знаходзіцца, праязджаць транзітам і выбіраць месца жыхарства на тэрыторыі Беларусі і Расіі”. Таксама дамова дазваляе грамадзянам Беларусі ў спрошчаным парадку атрымоўваць дазвол на жыхарства ў Расіі, і грамадзяне двух дзяржаў вызваляюцца ад рэгістрацыі ў кампетэнтных органах на працягу 30 сутак са дня ўезду.

www.belaruspartizan.org

Эканоміка

***

За апошнія 3 гады тавараабарот паміж Украінай і Беларуссю павялічыўся ў тры разы, — да 1,8 млрд. даляраў. “З пачатку цяперашняга года гэты паказчык склаў 40 мільёнаў, што для нас не мяжа”, — заявіў на сустрэчы з віцэ-губернатарам Адэскай вобласці Янам Чарбаджы надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка. Дыпламат прымаў удзел у III Міжнародным форуме інвестыцый і інавацый, які праходзіў у Адэсе.

Regnum

***

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Павел Барадзін лічыць, што пытанне аб кошце на газ для Беларусі будзе вырашацца на ўзроўні прэзідэнтаў. Аб гэтым Павел Барадзін заявіў у інтэрв’ю журналістам у Мінску, каментуючы прапанову “Газпрама” — павялічыць цану на газ для Беларусі да 200 долараў.

“У нас цалкам разумныя прэзідэнты і яны дамовяцца аб кошце на газ”, — цытуе “Інтэрфакс” Паўла Барадзіна.

Супрацоўнікі Інстытута эканомікі Акадэміі навук мяркуюць, што павышэнне кошту на газ на кожныя 10 долараў будзе раўназначны для Беларусі страце 200 млн. долараў.

Паводле “Інтэрфакс” і “КоммерсантЪ”

***

Кіраўнік Лічыльнай палаты Расіі С.Сцяпашын пры абмеркавання з А.Лукашэнкам павелічэння коштаў на газ паведаміў: “Калі Расія і Беларусь будуць адзінай дзяржавай, тады і кошт газу будзе іншы”.

Але ў Лукашэнкі, па словах Сцяпашына, ёсць свае контраргументы... Аляксандр Рыгоравіч гаворыць — мы не супраць, але дайце нам магчымасць доступу да радовішчаў у Расіі. У нас для гэтага ёсць грошы. Чаму брытанскія кампаніі могуць атрымаць такі доступ, а мы не можам?

Зараз ідзе вельмі складаны працэс, і трэба разумець, што Беларусь ужо не тая, якой яна была 5-6 гадоў таму. Калі тады вялікая частка беларускага народа гаварыла аб тым, што яны гатовыя не проста аб’яднацца, а ўвайсці ў склад Расіі, то сёння прыхільнікаў такога варыянту — меншасць. Далей будзе яшчэ менш.

“Независимая газета”

***

Ва Украіне газ даражэе на 85%. З першага ліпеня Нацыянальная камісія рэгулявання электраэнергетыкі Украіны падвышае кошт на газ, які пастаўляецца для бюджэтных арганізацый і ўстаноў на 85%, да 648 грыўняў за тысячу кубічных метраў. Пры гэтым кошт газу для бюджэтных арганізацый складзе 88% эканамічна абгрунтаванага ўзроўню.

Адзін з кіраўнікоў прапрэзідэнцкай “Нашай Украіны” Аляксандр Ткаленка адзначыў, што падвышэнне коштаў на газ – змушаная мера.

“Да таго ж ва Украіне самыя нізкія кошты на “блакітнае паліва” сярод краін СНД, што прывяло да таго, што ўся камунальная энергетыка мае рэнтабельнасць мінус 30% у сярэднім. У такім стане нельга нармальна падрыхтавацца да ацяпляльнага сезону”, — лічыць украінскі палітык.

Паводле “Українська правда” і www.telegraf.by. 2006. 9 чэрв.

***

Да фінансавых санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да 36 высокапастаўленых беларускіх службовых асобаў далучыліся яшчэ 10 краін — Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Румынія, Нарвегія, Сербія, Харватыя.

Нагадаем, 18 траўня міністры замежных спраў 25 краін Еўрасаюза прынялі рашэнне аб арышце банкаўскіх рахункаў і нерухомасці 36 беларускіх службовых асобаў са спісу неўязных на тэрыторыю краін ЕС.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета ЕС, узгаданыя дзяржавы абвясцілі аб гатоўнасці ўзгадніць сваю нацыянальную палітыку з рашэннем краін Еўрасаюза, які прывітаў падобную гатоўнасць, паколькі, як лічаць у ЕС, гэта падвысіць эфектыўнасць уведзеных санкцый.

Паводле БелаПАН. 2006. 16 чэрв.

***

19 чэрвеня прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ, які забараняе любую фінансавую дзейнасць беларускіх дзяржаўных службаў на тэрыторыі ЗША. Паводле ўказу амерыканскага прэзідэнта, забарона накладаецца на фінансавую дзейнасць некаторых чальцоў урада і грамадзян Беларусі, якія прынялі ўдзел у парушэннях на мінулых выбарах.

Па меркаванні амерыканскай адміністрацыі, Аляксандр Лукашэнка, Наталля Пяткевіч, Віктар Галаванаў, Аляксандр Зімоўскі, Сцяпан Сухарэнка, Віктар Шэйман, Зміцер Паўлічэнка, Уладзімір Навумаў, Лідзія Ярмошына і Віктар Лукашэнка датычныя да масавых фальсіфікацый на мінулых выбарах, а таксама перашкаджаюць развіццю дэмакратыі ў Беларусі.

Паводле ўказу, згаданыя ў спісе людзі не змогуць атрымаць доступ да сваіх рахункаў, калі такія ёсць, у амерыканскіх банках, а фінансавыя арганізацыі ЗША, дзе б яны не знаходзіліся, не змогуць ім садзейнічаць.

Ва ўказе таксама прапаноўваецца міністэрству фінансаў ЗША папоўніць спіс асобаў, у дачыненні якіх таксама будуць ужывацца санкцыі.

Паводле www.telegraf.by

***

Беларускі бізнесовец, які без дазволу ўлады адкрые банкаўскі рахунак за межамі Беларусі, будзе прыцягвацца да крымінальнай адказнасці. Такую норму прынялі 23 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія ўнеслі адпаведныя змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Раней да крымінальнай адказнасці за банкаўскія рахункі за межамі Беларусі прыцягваліся толькі службовыя асобы суб’ектаў гаспадарання.
Радыё “Свабода”

КУЛЬТУРА

***

У Мінск 11 чэрвеня былі перанесеныя астанкі фундатара касцёла Святых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча.

Астанкі прадстаўніка шляхетнага беларускага роду былі перанесеныя з польскага горада Быдгошча. Цырымонія перапахавання адбылася на пляцы перад касцёлам. У ёй прынялі ўдзел вернікі розных канфесій, прадстаўнікі ўлады, а таксама дыпламаты.

Чырвоны касцёл названы імёнамі св. Сымона (Шымона) і св. Алены ў памяць аб памерлых ад хвароб у юнацкім узросце двух дзецях Эдварда Вайніловіча. “З некалі магутнага дрэва майго роду ападалі лісток за лістком, і я застаўся толькі як адна галінка, асуджаны на кананне, як апаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць”, — пісаў па выпадку згубы сваіх дзяцей Эдвард Вайніловіч.

Пасля смерці дзяцей Эдвард і Алімпія Вайніловічы ахвяравалі сваю маёмасць на ўзвядзенне храма.

Паводле www.telegraf.by; БелаПАН. 2006. 12 чэрв.

***

Трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы рыхтуецца да летніх гастроляў. У ліпені — жніўні артысты адправяцца ў Германію для ўдзелу ў штогадовым оперным фэсце “Open Air”, які праходзіць улетку па ўсёй краіне.

Артысты разлічваюць здзівіць пераборлівую нямецкую публіку трыма кітамі беларускай оперы: спектаклямі “Кармэн”, “Турандот” і сцэнічным дзействам “Карміна Бурана”.

Беларускія спявакі выступяць на самых вядомых пляцоўках Паўднёвай Германіі: у манастыры ў Лоршэ (помнік сусветнай культурнай спадчыны) і манастыры Бенядыкта, дзе, дарэчы, і быў знойдзены рукапіс “Carmina Burana” (зборнік сярэднявечнай лірыкі, на тэксты з якога Карл Орф напісаў сваю сцэнічную кантату). А таксама ў замку ў Карлсруэ і Домскім саборы ў Трыры.

“Минск-Новости” 2006. 5 чэрв.

***
Закрыццё VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур адбылося 5 чэрвеня ў Гродна. Па словах Марыі Біруковай, намесніка старшыні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фэсту, намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, гэта свята стала адным з самых маштабных і яркіх за ўсю яго гісторыю.

У ім узялі ўдзел каля 800 самых таленавітых прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Пазалетась на пятым фэсце было прадстаўлена 22 нацыянальнасці.
naviny.by. 2006. 5 чэрв.


Памёр Іван Дудка — грамадскі актывіст, былы вязень ГУЛАГу

Родныя нябожчыка паведамілі, што пахаванне адбылося 15 чэрвеня на баранавіцкіх могілках “Русіна”. Іван Гаўрылавіч Дудка памёр на 83-м годзе.
У 1946-м ён за непрыхільнае стаўленне да савецкай улады быў асуджаны на 25 гадоў сталінскіх лагераў. Адбываў тэрмін на поўначы Рэспублікі Комі, дзе ў той час за кратамі трымалі і Ларысу Геніюш.

З расказу сябра Геніюш і Дудкі, былога вязня ГУЛАГу Пятра Рашэтніка: “Мы там гаварылі па-беларуску і называлі яго Янка. А Геніюш — больш ласкава: Яначка. Яна была таксама знаёмая з яго жонкаю Тафіляй”. Сябра нябожчыка кажа, што Іван Дудка быў паплечнікам паэткі, якая яднала вакол сябе беларускіх патрыётаў і натхняла вераю ў лепшую будучыню. У Зэльву, дзе пасля турмы ўлады трымалі Ларысу Геніюш, Іван Дудка наведваўся, каб дапамагчы нарыхтаваць дровы, зрабіць рамонт. Ён быў і муляр, і цясляр, і добры, надзейны сябар.

Паводле радыё “Свабода”. 2006. 16 чэрв.


НАШ КАЛЯНДАР

Ліпень у гісторыі Беларусі

• 1 ліпеня 1569г. была падпісана Люблінская Вунія, паводле якой адбылося аб’яднанне двух краінаў Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства ў адно дзяржаўнае ўтварэнне Рэч Паспалітую.
• 6 ліпеня адзначаецца 155 год з дня нараджэння паэта-дэмакрата Янкі Лучыны (1851 – 1897 гг.), сапраўднае імя – Іван Неслухоўскі.
• 7 ліпеня — 210 год з дня нараджэння Яна Чачота (1796-1847 гг.), вядомага беларуска пісьменніка.
• 7 ліпеня 1882 г. нарадзіўся Янка Купала (Іван Луцэвіч), выбітны беларускі паэт (памёр 28 чэрвеня 1942).
• 15 ліпеня 1410 г. адбылася Грунвальдская бітва, падчас якой было знішчана ваеннымі сіламі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы войска Тэўтонскага ордэна.

Ліпень у гісторыі беларускай дыяспары

• У ліпені 1948 г. выдадзены першы нумар часопіса “Моладзь” органа БНАМ; рэдактар Янка Філістовіч (Парыж).
• У ліпені 1951 г. у Чыкага выйшаў першы нумар скаўцкага часопіса “Рада кругу”, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч.
• У ліпені 1955 г. у Манрэалі (Канада) выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Палесьсе”, рэдактар Пётр Чопчыц.
• 2 ліпеня 1949 г. згодна з пастановай Управы САБЭ ў Парыжы быў заснаваны Беларускі Нацыянальны Фонд, старшынёй абраны Міхась Навумавіч.
• 2 ліпеня 1961 г. у Мельбурне (Аўстралія) адбыўся сход беларусаў, на якім выбраны Каардынацыйны Камітэт для ладжання святкаванняў і вонкавага прадстаўніцтва.
• 3 ліпеня 1975 г. у Адэлаідзе адбылося асвячэнне залы Беларускага Рэлігійна-Грамадскага Цэнтра.
• 4-6 ліпеня 1952 г. адбылася сустрэча беларусаў ЗША і Канады, якую ладзілі БАЗА і ЗБК у Канадзе.
• 4-7 ліпеня 1963 г. у Кесткільскіх гарах паблізу Нью-Йорка адбылося афіцыйнае адкрыццё беларускага цэнтра адпачынку Белэр-Мінск.
• 5 ліпеня 1949 г. ЗБВБ у Лондане паклала пачатак адукацыйным курсам беларусазнаўства, у гэты дзень адбылася ўступная лекцыя.
• 5-7 ліпеня 1950 г. адбыўся з’езд сябраў БХАА “Жыццё” ў Лондане, на якім прысутнічалі: айцец Чэслаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Янка Пілецкі.
• 6 ліпеня 1947 г. адбыўся Першы з’езд беларусаў у Остэргофене (Германія) і выбары Беларускага Нацыянальнага Камітэта (БНК). У яго ўвайшлі: Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і інш.
• 8 ліпеня 1960 г. булай Папы Яна ХХІІІ айцец Чэслаў Сіповіч прызначаны біскупам для працы сярод беларускай эміграцыі.
• 10 ліпеня 1950 г. адбыўся сход, на якім быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вініпэгу (Канада). У Камітэт увайшлі: А.Галошын, Мікола Сільвановіч (Вярба).
• 12 ліпеня 1964 г. у Беларускім доме ў Брэдфардзе (Англія) адбылося адкрыццё Беларускага Юнацкага клуба. У Юнацкую Управу ўвайшлі: Юля Мацкевіч, Ванда Бута, Ганя Лемяшонак; апекуны: настаўнік беларускай мовы Алесь Бута, Лёля Міхалюк, Станіслаў Мак, Янка Каўбаса.
• 13 ліпеня 1947 г. праводзілася канферэнцыя Прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка з беларускім актывам у Лондане.
• 15 ліпеня 1950 г. у Нью-Ёрку адбыўся канцэрт славутага беларускага кампазітара Міколы Куліковіча.
• 15 ліпеня 1957 г. у Нью-Йоркскай публічнай бібліятэцы адбылася выстава беларускага друку.
• 16 ліпеня 1972 г. у Адэлаідзе (Аўстралія) адбыўся царкоўны фэст царквы св. Пятра і Паўла.
• 17-18 ліпеня 1954 г. у Беларускім народным доме ў Брэдфардзе (Англія) адбыўся з’езд вернікаў БАПЦ, на якім з дакладамі выступілі айцец Андрэй (Крыт) і Аляксандр Калодка.
• 17 ліпеня 1978 г. айцу Аляксандру Надсану нададзены тытул протаіерэя кангрэгацыі ўсходняга абраду.
• 19 ліпеня 1953 г. створаны аддзел БАЗА ў Спрынгфілдзе (ЗША), у які ўвайшлі: а. Васіль Кендыш, Павал Яскевіч, П.Рукас.
• 20 ліпеня 1958 г. у Мадрыдзе (Іспанія) выйшаў першы нумар “Эвангелісцкага прапаведніка”, рэдактар Уладыслаў Рыжы-Рыскі.
• 24 ліпеня 1949 г. адбыўся арганізацыйны сход, на якім быў створаны аддзел ХАБР у Манчэстэры і акрузе Йоркшыр (Англія); арганізатарамі былі Віталь Цярпіцкі, Юрка Хахолка, Янка Сяўковіч, Янка Міхалюк.
• 30 ліпеня 1947 г. для беларускіх школаў на чужыне быў выдадзены першы на эміграцыі “Беларускі лямантар” Апалоніі Савёнак (Радкевіч).
• 30 ліпеня 1953 г. у Лондане адбыўся з’езд сяброў БАКА “Рунь”, на якім прысутнічалі Вітаўт Рамук, Аляксандр Надсан, Дамінік Аніська, Францішак Бартуль.
• 30 ліпеня 1972 г. у Саўт-Рыверы (ЗША) адбылося асвячэнне новазбудаванай царквы св. Еўфрасінні Полацкай і Беларускага Грамадскага Цэнтра.

Паводле Беларускага архіва-музея ЛіМ і
“Ілюстраванай храналогіі”
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by