МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№10(№23)
кастрычнік
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванне

65 гадоў Вячку Целешу

25 верасня споўнілася 65 гадоў аднаму з адданых беларускіх дзеячаў замежжа, славутаму мастаку Вячку Целешу, які жыве і працуе ў Латвіі. Управа і сябры МГА “ЗБС “Бацькаўчына” сардэчна віншуюць яго з юбілеем і зычаць здароўя, доўгіх гадоў і плёну ў працы на карысць адзінай нашай Бацькаўшчыны.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Жыццёвы шлях

Вячка Целеш нарадзіўся ў 1938 годзе ў Ваўкавыскім раёне. Моцная любоў да малявання ў школьныя гады і вызначыла яго жыццёвы шлях – прысвяціць сябе мастацтву. У 1961 г. В.Целеш быў прыняты ў мастацкую студыю А.Петэрсона у г. Рызе. У 1964-м В.Целеш паступае на падрыхтоўчыя курсы Латвійскай акадэміі мастацтваў. Ягоная ўпартасць і адданасць працы прыносяць плён – у 1970 г. ён стаў студэнтам педагагічнага аддзялення Акадэміі, дзе яго настаўнікамі былі вядомыя майстры латышскага мастац-тва: праф. К.Убанс, Э.Грубэ, Э.Ілтнерс і інш. Пасля заканчэння ў 1975 г. вучобы ў Акадэміі – частыя летнія паездкі В.Целеша ў санаторый Тэрветэ. Тут ім напісана шмат эцюдаў і карцін. Кожны прыезд у Тэрветэ заканчваецца выставай у санаторыі. Менавіта тут у 1976 г. экспанавалася яго першая персанальная выстава. Працы Вячкі Целеша экспанаваліся на рэспубліканскіх выставах Латвіі і Беларусі, ён удзель-нік вернісажаў у Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Швецыі, Даніі, ЗША і Канады. Працуе ў жывапісу, станкавай графіцы і экслібрысу. Лірызм і настраёвасць у творах В.Целеша прывабліваюць мецэнатаў і аматараў мастац-тва, таму яго пейзажы, нацюрморты, партрэты, графічныя лісты і экслібрысы былі набытыя і захоўваюцца ў зборах Латвіі, Беларусі, Расіі, ЗША і Канады. Свае веды мастак передае сваім суродзічам у Рызе – Беларускай дзіцячай мастацкай студыі “Вясёлка”. Сябра Саюзу мастакоў Рэспублікі Беларусь.

Сп. Вячка бярэ чынны ўдзел у грамадскім жыцці беларусаў Латвіі. Стваральнік і дырэктар беларускай школы ў Рызе. Доўгі час Вячка Целеш узначальваў беларускую суполку “Сьвітанак”, спрычыніўся да адкрыцця беларускай праграмы на латвійскім радыё. Але найбольш шаноўны юбіляр вядомы як старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Аб’яднанне “Маю гонар” было створана ў 1991 г. У яго ўваходзяць мастакі-беларусы Латвіі, Літвы, Эстоніі і Швецыі. Любоў да мастацтва, адданасць нацыянальнай ідэі, жаданне далучыць сваіх суродзічаў да агульнага працэсу беларускага адраджэння, развіваць культуру беларускага замежжа аб’ядноўвае мастакоў розных мастацкіх школ, якія працуюць у разнастайных тэхніках, мастацкіх стылях і накірунках.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Святкаванне

2 кастрычнiка ў Музеi прыроды Латвii адбылося ўрачыстае адкрыццё юбiлейнай персанальнай выставы старшынi Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” Вячкi Целеша. Адкрыццё выставы “З Тэрвецкага альбома” сталася сапраўдным бела-рускiм святам. Па-вiншаваць юбiляра прыйшло шмат ягоных сяброў розных нацыянальнасцяў, але беларуская мова гучала значна часцей, чым іншыя, бо вiншавалi Вячку Целеша сябры Латвiй-скага таварыства беларускай культуры “Cьвiтанак” i старшыня таварыства T.Казак, мастакi з Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыi “Маю гонар” i адказны сакратар аб’яднання В.Малышчыц, настаўнiкi Рыжскай Беларускай асноўнай школы i яе дырэктар Г.Iванэ, беларускi мецэнат Я.Кабановiч, а таксама беларускiя мастацкiя калектывы. Ансамбль Рыжскай Беларускай асноўнай школы “Вавёрачка” вiншаваў свайго былога дырэктара, а гурт таварыства “Cьвiтанак” – старшыню Рады. На адкрыццi выставы ўпершыню прагучаў у выкананнi “cьвiтанкаўцаў” “Магутны божа”. Праз некалькi дзён на першай i апошняй старонках галоўнай латвiйскай афiцыйнай газеты (газеты Урада Латвii) “Latvijas vеstnesis” быў змешчаны артыкул сябра таварыства “Cьвiтанак” Наталлi Цiмаховiч “Беларуcкi мастак з латвiйскiм дыпломам” з фотаздымкамi В.Целеша i яго твораў з выставы, у якiх адлюстроўваецца прыгажосць латвiйскай прыроды.

Таццяна Казак,
Старшыня ЛТБК “Cьвiтанак”

Новая кніга ў Інтэрнэце

У 2002 г. Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва выдаў надзвычай каштоўную кнігу беларускага навукоўца і журналіста Янкі Запрудніка “Дванаццатка”. Гэтая надзвычай каштоўная дакументальная аповесць распавядае пра дванаццаць беларускіх хлопцаў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі, іх жыццё і дзейнасць на карысць беларускай ідэі ў 1946–1954 гадах. Днямі Яраслаў Іванюк паведаміў, што зараз з кнігай “Дванаццатка” можна пазнаёміцца ў Інтэрнэце: http://kamunikat.net.iig.pl

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны

Прага, Чэхія

У пражскім арцыбіскупстве на Градчанах адбылася сустрэча прадстаўнікоў арганізацыі “Зьвяз Беларусаў замежжа” з рыма-каталіцкім біскупам Вацлавам Малым. Ён быў і застаецца для чэшскага народа падпісантам “Хартыі 77”, яе духоўным лідэрам, адным з 7-мі захавальнікаў ключоў ад Кароннага пакою сабору Св. Віта, дзе знаходзяцца кляйноты чэшскіх каралёў, сябрам Вацлава Гавела. Біскуп Вацлаў Малы ездзіць у адны з найгарачэйшых кропак свету. Быў на Кубе, у Чачні і вось пару месяцаў таму вярнуўся з Беларусі. На Беларусі Вацлаў Малы наведаў Курапаты, пакланіўся і памаліўся на магіле “духоўнага лідэра беларусаў” пісьменніка Васіля Быкава. Як прызнаўся сам біскуп, быў моцна ўражаны тым, што на магіле вельмі шмат вянкоў, кветак – жывых кветак, што яскрава кажа аб вялікай павазе да чалавека, якога ніколі не забывалі і не забудуць. Таксама наведаў у Баранавічах журналіста і рэдактара газеты “Рабочы” Віктара Івашкевіча. Назваў яго вельмі разумным і цікавым чалавекам, які працягвае змагацца і ў тых цяжкіх умовах. Падчас наведвання Беларусі, Вацлаў Малы быў азнаёмлены з праблемай Ліцэя і поўнасцю падтрымлівае ліцэістаў у іх змаганні за права вучыцца на роднай мове. На сустрэчы шмат гаварылася аб тым, што сённяшняя сістэма адукацыі на Беларусі пабудавана так, што дзеці не маюць магчымасці вучыцца на роднай мове. Беларускамоўныя школы зараз можна сустрэць толькі ў вёсках, а ВНУ ўвогуле не існуюць. Спадара біскупа цікавілі адносіны беларускай улады да веруючых розных веравызнанняў, адно-сіны паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой, праца святароў з веруючымі. Балюча было спадару біскупу чуць аб чарнобыльскай праблеме, якую беларускія ўлады ўжо перасталі заўважаць, і ў забруджаны раён пачалі перасяляць лю-дзей і нанава адкрываць школы для дзяцей. Вельмі быў узрушаны тым, што на Беларусі вынішчаюцца векавыя дрэвы ў Белавежскай пушчы, якія з’яўляюцца нацыянальным багаццем беларускага народа. Зразумела, што як чалавек, які актыўна ў свой час удзельнічаў у дэсідэнцкім руху, пазнаёміўся і са структурай апазіцыйнага руху на Беларусі, і з умовамі, у якіх прыходзіцца дзейнічаць. На развітанне біскуп пажадаў усім поспехаў у нялёгкай працы. Апошнія словы біскупа на гэтай сустрэчы датычыліся Беларусі: “Жыве Беларусь! Перамога будзе!”

www.belabroad.org

Гётэборг, Швецыя

З 25 па 28 верасня ў шведскім Гётэборгу адбыўся чарговы сусветны кніжны кірмаш. Нашую краіну прэзентавала з уласнай аўдыторыяй і кніжным стэндам шведская суполка “Беларусь” на чале з Марыяй Шёдэрбар’ё. Пры фінансавай падтрымцы Шведскага Інстытута сябры беларускай суполкі здолелі годна прэзентаваць Беларусь. Беларуская праграма се-мінараў не саступала па багаццю літоўскай, эстонскай і латышскай часткам, якія рыхтаваліся на дзяржаўным узроўні. З лекцыямі пра Беларусь выступілі вядомы шведскі журналіст Абрахамсон (аўтар кнігі пра Беларусь на шведскай мове “Беларусь: 89 міліметраў ад Еўропы”), кіраўнік суполкі “Беларусь” у Швецыі, папулярны фотажурналіст Марыяй Шёдэрбар’ё, сусветнавядомы польскі пісь-меннік і падарожнік Рышард Капусцінскі, (аўтар кнігі “Вандроўка ў Пінск”, што выйшла ў Швецыі), гісторык беларускага паходжання са Стакгольма Андрэй Катлярчук, шведская паэтка беларускага паходжання Інга-Ліна Ліндквіст, былы мінчук, а зараз шведскі драматург Дзмітрый Плакс (ягоная п’еса рыхтуецца Нацыянальным Купалаўскім тэатрам), аўтар новай кнігі пра Беларусь “Кантроль, рэпартаж з Беларусі”, шведскі журналіст Тобіяш Люнгвал, паэт і дакументаліст з Мінска Ігар Палевікоў, кіраўнік грамад-скай суполкі “Калегіум” з Пінска Надзея Аўсеевіч.

У “залі паэзіі” пры натоўпе гледачоў уласныя вершы чыталі Дзмітрый Плакс і Інга-Ліна Ліндквіст. Там жа выступіла пераможца “кубка маладзёвай паэзіі”, арганізаванага ўвесну 2003 года ў Пінску шведскай суполкай “Беларусь”, 17-гадовая Вольга Панасюк з Пінска. Госці кірмаша агледзелі зробленыя спадарыняй Шёдэрбар’ё слайды Беларускага Палесся, набылі шведскія і беларускія выданні, прысвечаныя гісторыі, культуры і сучаснаму становішчу Беларусі, беларуска-шведскім кантактам.

Андрэй Катлярчук

Антверпен, Бельгія

Апостальскi Вiзiтатар для грэка-каталiкоў Беларусi Архiмандрыт Сяргей Гаек наведаў Бельгiю. 5 кастрычнiка ён узяў удзел у Боскай лiтургii ў царкве Святога Сэрца Iсуса, што месцiцца ў Антверпене. У супольнай малiтве ўдзель-нiчала больш 70 вернiкаў, сяброў бела-рускай грэка-каталiцкай супольнасцi краiн Бенiлюкса.

pahonia.promedia.by
2003. 6 кастр.

Познань, Польшча

У Познані адбылася сустрэча сяброў “Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтра ў Познані” з загадчыкам інфармацыйнага аддзела МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Зміцерам Сасноўскім. Абмеркаваны шляхі супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй. Кіраўнік беларускай суполкі Познані Віталь Воранаў распавёў пра захады сваёй арганізацыі па павелічэнні калекцыі беларускіх кніжак у бібліятэцы імя Рачынскіх, з якой Беларускі цэнтр ужо падпісаў дамову аб супрацоўніцтве.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Варшава, Польшча

19 верасня адбылася сустрэча пасла Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі з прэзідэнтам Варшавы Лехам Качынскім. У ходзе спаткання абмяркоўваліся пытанні беларуска-польскага супрацоўніцтва, перспектывы ўстанаўлення і развіцця ўзаемавыгадных кантактаў паміж Мінскам і Варшавай. У сувязі з планаваным на 4 кастрычніка г.г. адкрыццём помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску Лех Качынскі выказаў гатоўнасць вывучыць магчымасць адкрыцця помніка Якубу Коласу (Канстанціну Міцкевічу) у Bapшаве.

www.mfa.gov.by
2003. 22 вер.

Падляшша, Польшча

У Падляшскiм ваяводстве, у якім традыцыйна пражываюць беларусы, пера-могу на выбарах у Сенат атрымаў пры-хiльнiк жорсткай палiтыкi ў дачыненнi да рэжыму Лукашэнкi – Кшыштаф Юргель, кандыдат ад апазiцыйнай партыi “Права i Справядлiвасць”. Па афiцыйных звестках, ён набраў больш за 35 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў.

pahonia.promedia.by
2003. 10 кастр.

Беласток, Польшча

У новым навучальным годзе ў Падляшскім ваяводстве Польшчы звыш 3.500 вучняў у 25 пачатковых школах, 3 гімназіях і 2 ліцэях будуць вывучаць беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Да пачатку навучальнага года пасольствам Беларусі ў Польшчы дзіцячаму садку № 14 у Беластоку з польскай і беларускай мовамі навучання перададзена новая беларускамоўная шыльда. Дзіцячы садок з выкладаннем беларускай мовы існуе ў Беластоку з 1995 года. У ім беларускую мову ў двух узроставых групах вывучае 35 дзяцей.

“Голас Радзімы”. 2003. 9 кастр.

Польшча

Польская партыя “Грамадзянская платформа” прапанавала ў аднабаковым парадку ўвесці бясплатныя візы для грамадзянаў Беларусі ў якасці жэсту добрай волі. Зварот падтрымалі і прыватныя прадпрымальнікі Беласточчыны.

“Наша ніва”. 2003. 17 кастр.

Літва

Каля 60 тыс. жыхароў Літвы ўва-жаюць сябе за беларусаў. Як правiла, гэта выхадцы або дзецi выхадцаў з Савецкай Беларусi, перадусiм з памежных з Лiтвою беларускiх раёнаў, якiя этнiчна нічым не адрознiваюцца ад раёнаў Усходняй Лiтвы. Шмат хто з перасяленцаў скончыў школы ў БССР, дзе выкладалiся беларуская мова і лiтаратура. Апроч таго, недзе каля 70% лiтоўскiх палякаў (а гэта прыкладна 140 тыс. насельнiкаў Лiтвы), асаблiва ў раёнах, прылеглых да Беларусi, размаўляюць памiж сабою на гэтак званай “простай мове” – даволi чыстым беларускiм дыялекце, якi максімальна наблiжаны да сучаснай лiтаратурнай беларускай мовы. Такiм чынам, сёння ў Лiтве пражывае прыблiзна 200 тыс. чалавек (6-7% ад усяго насель-нiцтва Лiтвы), якiя збольшага ведаюць, а часам i карыстаюцца беларускаю моваю. Нягледзячы на гэта, у Вiльнi да нядаўняга часу не выходзiла нiводнай белару-скамоўнай газеты, якая б адлюстроўвала жыццё беларусаў i беларускамоўных палякаў Лiтвы, а таксама iнфармавала iх пра жыццё і падзеi ў Беларусi і, наогул, пра жыццё беларускай дыяспары ў свеце. Менавiта ў гэтым бачаць сваю першасную задачу сябры рэдакцыi газеты “Рунь”, якую на свае сцiплыя сродкi ды на ахвяраванні чытачоў з сакавiка 1997 г. пачало выдаваць Таварыства беларускай культуры ў Лiтве (ТБК), а з канца 1998 г. – Віленскі цэнтр грамадскіх ініцыятыў “Дэмакратыя для Беларусі”.

www.runbel.lt

Вільня, Літва

Таварыства Беларускай Культуры ў Літве адзначыла 100 гадоў з дня нара-джэння Наталлі Арсенневай. У прыгожа прыбранай залі ТБК былі выстаўлены партрэты Н.Арсенневай і кветкі. Пра жыццё і творчасць паэткі шырока і цікава распавяла настаўніца Леакадзія Мілаш. Андрусь Старавойтаў праспяваў песні на словы Наталлі Арсенневай. Гімн “Магутны Бо-жа”спявалі разам усе прысутныя стоячы. Свой верш, прысвечаны Васілю Быкаву, прадэкламавала Вера Хамянюк. Імпрэза была паказана па Літоўскаму тэлебачанню.

Таварыства Беларускай Культуры

Панявежыс, Літва

Адбылося 8-ае свята беларускай песні “Панявежыс 2003”. 5-га кастрычніка ў Панявежыс з’ехаліся калектывы мастацкай самадзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, а таксама запрошаны з Рэспублікі Беларусь калектыў “Бераста-віцкія музыкі” з г. Бераставіца Гродзен-скай вобласці. Свята было прысвечана суполцы беларусаў г. Панявежыс, якая была афіцыйна зарэгістраваная ў гэтым годзе. Сярод ганаровых гасцей свята былі пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы У.Гаркун, прадстаўнікі ўлады г. Панявежыс. Вялікі поспех мелі выступы калектываў “Сябрына” з Вільні, “Ча-раўніцы” з Клайпеды, “Вісічанка” з вёскі Малыя Салечнікі, “Світанак” з Вісагінаса і “Бераставіцкія музыкі” з Беларусі. На за-канчэнне на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі канцэрта і прагучала агульная песня “Люб-лю наш край, старонку гэту”, а зала ўспры-мала гэту песню стоячы. Пасля канцэрта шматлікія гледачы, сярод якіх большасць была літоўцаў, выказвалі сваё захапленне і падзяку за мерапрыемства.

М.Есіповіч

Латвія – Беларусь

18-19 кастрычніка адбылася паездка ў Віцебск прадстаўнікоў беларускай дыя-спары г. Даўгаўпілса (Латвія). У паездцы ўзялі ўдзел 46 чалавек: сябры Белару-скага культурна-асветнага таварыства “Уздым”, вучні беларускай нядзельнай школы, а таксама пераможцы і лаўрэаты гарадскога конкурсу сярод шкаляроў “Што ты ведаеш пра Беларусь?”, які пра-ходзіў пад эгідай Генеральнага кон-сульства Рэспублікі Беларусь у Даў-гаўпілсу. Віцебскі гарадскі цэнтр куль-туры прапанаваў гасцям вялікую экскур-сійную і культурную праграму, якая ўключала наведванне дома-музея і арт-цэнтра Марка Шагала, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. У паездцы прадстаўнікоў беларускай дыяспары суправаджала здымачная група Даўгаўпілскага тэле-бачання “Даўтком”.

www.mfa.gov.by
2003. 21 кастр.

ЗША

У ЗША вядзецца падрыхтоўка да аднаўлення дзейнасці Таварыства беларускіх лекараў. Гэтая арганізацыя была ўтвораная прадстаўнікамі паваеннай хвалі эміграцыі ды ўжо даўно не дзейнічае. Цяпер яе адраджаюць новыя беларускія эмігранты і некалькі сыноў эмігрантаў старых. Чакаецца, што ў гэтай арганізацыі будзе свой сайт у Інтэрнэце.

“Наша ніва”. 2003. 3 кастр.

Вашынгтон, ЗША

У Вашынгтоне адбылася цырымонія перадачы экземпляра Нацыянальнага атласа Беларусі бібліятэцы Дзярждэпартамента ЗША. У ходзе цырымоніі пасол Беларусі ў ЗША М.Хвастоў пад-крэсліў, што Нацыянальны атлас з’яўляецца ўнікальным навукова-даведачным выданнем, якое не мае аналагаў у краінах СНД. Дырэктар бібліятэкі Мэры Бун з удзячнасцю прыняла Нацыянальны атлас і выказала падзяку за каштоўнае выданне, якое папоўніць калекцыю кніг пра Беларусь самай старой бібліятэкі ЗША.

“Голас Радзімы”. 2003. 16 кастр.

Нью-Ёрк, ЗША

У парафіі Кафедральнага Сабору БАПЦ св. Кірылы Тураўскага ў Брук-ліне прайшоў 3-і Беларускі фестываль. Раніцай Святую Літургію адправіў а. Ігар Якунін з іерадыяканам Васілём Касцюком, прыгожа спяваў хор пад кіраўніц-твам Ліды Кано. Пасля службы ўсе сабраліся ў прыбранай ручнікамі царкоўнай залі. Пачалася канцэртная частка фестывалю. Ліда Кано і Рыма Пракопчык пад акампанемент Тацяны Дзямешчык спявалі беларускія песні. Новай з’явай на гэтай сцэне было трыо Тацяны Дзямешчык, яе дачкі Вольгі ды Настассі Стралец, выступ якіх выклікаў захапленне публікі. Апошняя парадавала ўсіх яшчэ і сольным выкананнем нашых песняў. Пасля канцэрту была разыграная латарэя, пераважна з вырабаў беларускага народнага мастацтва.

“Наша ніва”. 2003. 26 вер.

Харкаў, Украіна

25 верасня адбыліся справаздачна-выбарчыя зборы Харкаўскага нацыя-нальна-культурнага аб’яднання беларусаў “Сябры”. У склад праўлення аб’яднання абраны У.Абраменка, В.Астаповіч, Л.Ба-былёў, У.Гусак, В.Карповіч, Т.Лаціна, В.Панасоўская, І.Панкевіч. Узначаліла праўленне Алена Шаўцова. На зборах за-цверджаны план дзейнасці на наступны год. У выступах сябры аб’яднання ад-значылі неабходнасць падтрымліваць сувязь з нацыянальна-культурнымі супол-камі беларусаў, у тым ліку з МГА “Згур-таванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Адной з галоўных мэт аб’яднання заста-ецца развіццё і падтрымка нацыянальнай культуры і традыцый сярод беларусаў Харкава, а асабліва сярод моладзі.

Васіль Астаповіч

Томск, Расія

Ансамбль томскіх беларусаў “Крылы” перамог у міжрэгіянальным фестывалі-конкурсе “Сібірскія самацветы”, які адбыўся 6-7 кастрычніка ў Томску ў абласным Палацы народнай творчасці. Новасібірскі калектыў “Крынічка” Новасі-бірскага Абласнога Беларускага культурнага цэнтра – другі ў намінацыі “Буйныя вакальныя ансамблі”. У канцы лістапада беларусы Томска збіраюцца ў Новасібірск, дзе адбудзецца міжрэгіянальны фестываль “Беларусы Сібіры”. У бліжэйшы час распачнецца праца над індэксам беларусаў у Томскай вобласці. Томская арганізацыя беларускай культуры “Белыя Росы” абмяркоўвае планы стварэння беларускага музея ў вёсцы Пакроўка Крывашэінскага раёна. Арганізацыя “Белыя Росы” адчувае недахоп у метадычнай літаратуры. З просьбай дапамагчы ў гэтым пытанні кіраўніцтва арганізацыі звярнулася да Міністэрства адукацыі Беларусі.

Пётр Барыльчанка

Год беларускай культуры

У адпаведнасці з дамовай, падпісанай паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі, 2004-ы год у Расіі абвешчаны годам беларускай культуры. Па словах намесніка міністра культуры Беларусі У.Рылаткі, у сувязі з гэтым у 2004 годзе ў Расіі запланавана правядзенне многіх культурных акцый, у якіх возьме ўдзел і беларуская дыяспара. Так, у канцы красавіка павінен быць адкрыты помнік Янку Купалу ў Маскве, а ў Трэццякоўскай галерэі – выстава “Сто шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі”. У.Рылатка адзначыў, што маскоўскі бок выказаў пажаданне, каб “прывезлі беларускую класіку, якая ніколі не бывала за межамі Мінска”.

БелаПАН. 2003. 20 вер.

Пагоня ў Севастопалі

Падчас візіту ў Беларусь офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” наведаў Валерый Барташ, старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя М.Багдановіча “Пагоня”.

Па перапісу насельніцтва ў 2001 г. у Севастопалі пражывала 5.872 беларусы. Гэта трэцяя па велічыні нацыянальная група Севастопаля. Існуе 2 таварыствы беларусаў. У 1997 г. узнікла першае Севастопальскае таварыства беларусаў “Пагоня” (спачатку суполка мела назву “Бацькаўшчына”), старшыня – Валерый Барташ, адвакат, які жыве ў горадзе з 1948 г. і паходзіць з сям’і афіцэра Чарнаморскага флота. Таварыства ўзнікла на хвалі па-дзей прыхода да ўлады Лукашэнкі. Гэта была рэакцыя на русіфікацыю і дэбеларусізацыю Беларусі. У Статуце ў ліку першых пунктаў напісана, што мэтай таварыства з’яўляецца не толькі культурна-асветніцкая праца, што характэрна для статутаў нацыянальных таварыстваў, але і суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы. Гэты радок узяты са Статута Згуртавання беларусаў свету “Бацькаў-шчына”, з якім севастопальскія беларусы адразу ўсталявалі кантакт. Старшыня Севастопальскага тварыства Валерый Барташ браў удзел у працы ІІ і ІІІ з’ездаў беларусаў свету, у Кангрэсе дэмакратычных сіл за незалежнасць Беларусі. У мінулым годзе В.Барташ абраны ў Вялікую Раду Згуртавання “Бацькаўшчына”.

Дзейнасць “Пагоні” актыўная, ідэалогія дзейнасці – творчасць М.Багдановіча. Гэты класік беларускай літаратуры пахаваны ў Крыму. Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг указаны як сімвалы арганізацыі ў Статуце “Пагоні”. Дэвізам таварыства з’яўляецца выраз “Жыве Беларусь! Старадаўняй літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!”

Таварыства жыве вельмі актыўным жыццём. Рэгулярныя вечарыны, прысвечаныя творчасці М.Багдановіча пры ўдзеле прадстаўнікоў іншых нацыянальных таварыстваў. Адбыліся вечарыны, пры-свечаныя Еўфрасінні Полацкай, Ларысе Геніюш. На імпрэзах абавязкова прысутнічаюць нацыянальныя сімвалы. Была вечарына, прысвечаная нацыянальным сімвалам, дзе размаўлялі пра іх паходжанне.

Адзначана 200-годдзе А.Міцкевіча. У 1998 г. беларускае таварыства арганізавала і аплаціла ўсе мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Гэта была дэманстрацыя беларускай прысутнасці і дачынення да лёсу Міцкевіча, бо юбілей гэтай асобы мала адзначаўся на дзяржаўным узроўні ў Беларусі. У г. Балаклава ў элітарным месцы была ўсталявана шыльда А.Міцкевічу. Ідэя, сродкі і арганізацыя ўшанавання належалі кіраўніцтву “Пагоні”. Дзейнасць па ўшанаванні А.Міцкевіча была заўважана ў Варшаве музеем Міцкевіча, ад якога “Пагоня” атрымала кнігу з удзячнасцю.

Імкненне адлюстроўваць сваю культуру і выказваць павагу да традыцый выяўляецца ў тым, што ўсе сябры таварыства “Пагоня” апранаюць нацыянальныя строі на ўсе святы. Суполцы ў 2000 г. у Ялце ў музеі Багдановіча ў прысутнасці прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ўрачыста ўручылі карціну Алеся Марачкіна “Я не самотны” з выявай М.Багдановіча.

Вялікую дапамогу аказвае намеснік старшыні “Пагоні” Г.Малахоўская. Яна вя-дзе беларускае ра-дыё ў Севастопалі, якое называецца “Пагоня” і пачынаецца матывам раманса “Пагоня” на словы М.Багдановіча ў выкананні Данчыка.

Сябрамі таварыства з’яўляюцца толькі той, хто прытрымліваецца прынцыпа незалежнасці, шануе нацыянальныя сімвалы, паважае мову.

Праз тры гады пасля “Пагоні” было створана “Усеўкраінскае таварыства беларусаў”. На Украіне некалькі “ўсеўкраінскіх” таварыстваў беларусаў! Гэтае таварыства ўзнікла па ініцыятыве камуністычнай арганізацыі Севастопаля. Калі “Пагоня” з’явілася з партрэтам Багдановіча, то “ўсеўкраінскае” – з партрэтам Лукашэнкі. Таварыства нічым заўважным не займаецца.

Выйшла вялікая кніга “Севастополь на рубеже тысячелетия”. Тэндэнцыйнасць складальнікаў раздзела пра нацыянальныя таварыствы выявілася ў тым, што побач былі пададзены абодва таварыствы. Прычым адносна “Пагоні” – дзейнасць таварыства была прыніжана, факты не ўказаны, а некаторыя мерапрыемствы прыпісаны польскаму таварыству.

Асацыяцыя нацыянальных таварыстваў Севастопаля вельмі некарэктна паводзіць сябе ў дачыненні “Пагоні”, і праяўляецца гэта адносна пытанняў незалежнасці і русіфікацыі. У 2003 г. “Пагоня” вырашыла перапыніць сваё сяброўства ў Асацыяцыі. Але гэта не спыніла рэальнага супрацоўніцтва з іншымі нацыянальнымі таварыствамі Севастопаля, асабліва з тымі, якія працуюць на інтэлектуальным узроўні. Сябрам іншых таварыстваў беларусы распавядаюць пра сапраўдныя нацыянальныя сімвалы, пра Беларусь, пра беларускую культуру і інш. Як ні дзіўна, Татарскае таварыства разумее беларускія праблемы лепш, чым “беларускае таварыства”. Акрамя таго, усталяваныя плённыя кантакты з інтэлігенцыяй Севастопаля.

Разам з мастакамі, паэтамі, музейнымі супрацоўнікамі была праведзена вечарына імя Аляксандра Грына (Грыневіча), бацька якога ваяваў у паўстанні Каліноўскага. Кіраўніцтва “Пагоні” лічыць, што 2003 год – год Каліноўскага (яму споўнілася 170 гадоў). У 2004 г., на 25 сакавіка, плануецца адзначыць 140-годдзе паўстання Каліноў-скага. Старшыня “Пагоні” прапануе ўсім беларускім суполкам адзначыць гэтае свята.

“Пагоня” бярэ актыўны ўдзел у вяртанні севастопальскага касцёла вернікам. Пры актыўным удзеле “Пагоні” праведзена Канферэнцыя “Каталікі горада Севастопаля”. “Пагоня” адзначыла прыезд Папы Рымскага на Украіну. Айцец Сергій Гаек выказаў падзяку беларускаму таварыству і падарыў Біблію.

Вялікую маральную падтрымку “Пагоні” аказвае прыклад свядомых беларусаў і дзейнасць “Радыё Свабода”. Прадстаўнікі “Радыё Свабода” ніводнага разу не былі ў гасцях у “Пагоні”. Карыстаючыся магчымасцю, севастопальскія беларусы запрашаюць наведаць іх арганізацыю і горад.

Паводле старшыні “Пагоні”
Валерыя Барташа

На здымках: Сябры суполкі “Пагоня” на адкрыцці помніка Т.Шаўчэнку; Сям’я Барташаў на адкрыцці помніка Т.Шаўчэнку; Дзень памяці В.Быкава

Падзеі

Беларускі друк у свеце

Вітаўт Кіпель – доктар геалогіі, вучоны-бібліёграф, вядомы грамадска-культурны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, іншых грамадскіх арганізацый, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Выйшла ў свет манументальнае выданне “Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе”. Гэты бібліяграфічны даведнік цягам 40 гадоў складалі вядомыя дзеячы беларускага руху Амерыкі Зора і Вітаўт Кіпелі. Яны працавалі ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы і на пачатку 1960-х гадоў задумалі сабраць звесткі пра ўсе беларускія друкі на эміграцыі.

Бібліяграфія выходзіць у двух тамах. Першая частка надрукаваная ў Мінску, выдаўцом яе з’яўляецца Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. Гэты том змяшчае інфармацыю пра кнігі, брашуры, паштоўкі, карты, лістоўкі, адозвы – усё, што выдавалася беларускімі арга-нізацыямі. На 583 старонках змешчана інфармацыя пра 4.180 друкаваных адзінак. Кніга ахоплівае час ад 19 стагоддзя да 2002 г.

Другая частка бібліяграфіі выдаецца ў ЗША і з’явіцца ўжо напрыканцы кастрычніка. Гэта кніга мае назву “Перыядычныя выданьні”, у ёй змешчана інфармацыя пра грамадска-палітычныя выданні – газеты “Бацькаўшчына”, “Беларус”, “Беларускае слова”, “Белару-ская думка” і бюлетэні партыйна-палітычнага характару, напрыклад, “Абежнік партыі беларускіх нацыянал-дэмакратаў”. Яе друкуе Нью-Ёркская публічная бібліятэка. Гэта частка бібліятэчнай серыі. Там зарэгістравана 423 выданні. Друкам было ахоплена амаль усё. Было шмат часопісаў, у якіх гістарычныя тэмы займалі першае месца, але асобнага, спецыялізаванага не было. Магчыма, найменш ахоплена вайсковая справа, хаця ёсць часопіс “Камбатант”. У кнізе ёсць звесткі і пра друкі ранейшых хваляў эміграцыі. Гэта, напрыклад, брашура “Пра багацьце і беднасьць”, гэта беларускія друкі, выдадзеныя ў Цюрыху і Жэневе. У пачатку 1860-х гадоў выходзіў часопіс “Змова”.

В.Кіпель: “Мы ўлічвалі толькі тое, што знаходзіцца на Захад ад Польшчы. Мы зрабілі выключэнне для кнігі, якая была надрукаваная ва Уладзівастоку ў 1922 г. пад назвай “Белорусское белое движе-ние” (яна ёсць у адным экземпляры ў Амерыцы). Мы ўключылі найперш Сербію і Данію, якія для нас новыя. Безумоўна, Нямеччына, Італія, Гіш-панія, Ангельшчына, Швецыя – у гэтых краінах шмат друкавалі. Далей, безумоўна, ЗША, Канада ды Аўстра-лія. Аргенціна – там друкавалі ка-лендары.

Мэтай нашай бібліяграфіі было паказаць, які вялікі высілак быў зроблены беларускімі эмігрантамі, каб паказаць, што Беларусь жыве. Эміграцыя адлюстроўвала тое, што рабілася на Бацькаўшчыне, яна аналізавала гэтыя падзеі, яна даводзіла іх заходняму даследніку, заходняму чытачу, навукоўцу. Мэтай працы было зафіксаваць інтэлек-туальны здабытак беларусаў, якія жылі на эміграцыі.

Пераважае прыгожае пісьменства – мастацкая літаратура. Потым ідзе літаратура рэлігійная, а на трэцім месцы – літаратура адукацыйна-маладзёвая: падручнікі, чытанкі, скаўцкія дапаможнікі. Здзівіла і ўзрадавала тое, што на пачатку 1990-х гадоў Амерыканскае інфармацый-нае агенцтва выдала мапу Амерыкі з надпісамі па-беларуску.

Мы не толькі выдалі бібліяграфію, але мы і 90% таго, што там ёсць, сабралі, яно даступна для карыстаньня ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Там заснаваны Фонд перахавання беларускай кнігі, і эміграцыйная літаратура будзе там цалкам збірацца. Дублі мы перадалі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Такой паўнаты ні ў кога няма. Ёсць бібліяграфія, напрыклад, латышская, яна ўключае літаратуру педагагічную; літоў-ская эміграцыя выдавала літаратуру каталіцкую. Але такой паўнаты няма ў іншых нацыянальнасцяў”.

Каб пазнаёміцца з выданнем у Мінску, трэба звяртацца ў Нацыянальную біб-ліятэку Беларусі, а замовіць нью-ёркскае выданне можна ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва на адрас Фундацыі Крэчэўскага ў Нью-Ёрку:

BINIM, 166-34 Gothic Drive,
Jamaica, N.Y. 11432
USA - ЗША

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нашыя страты

Васіль Кендыш

1 кастрычніка на 96-м годзе жыцця ў штаце Масачусэтс (ЗША) памёр заслужаны на царкоўнай і нацыянальнай адраджэнскай ніве беларускі дзеяч – а. пратапрасвітэр Васіль Кендыш. Ад 1968-га да 1973-га года ён кіраваў парафіяй БАПЦ у Гайленд Парку ды да 1981-га быў кіраўніком парафіі Кафедральнага Сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Пасля пяцідзённае працы ў прамысловасці рэгулярна даязджаў на адправы ў абедзве царквы ажно з далёкага Масачусэтсу. Жыццё і пастырская дзейнасць а. пратапрасвітэра вартыя пераймання, прыклад ахвярнасці ў службе Богу і Бацькаўшчыне. Няхай жа наш Збаўца дасць душы незабыўнага айца Васіля Кендыша заслужаны спачын ды па-спрыяе, каб нашая царкоўная і нацыянальная справа, на якую ён працаваў, абярнулася ў жыццё.

“Наша ніва”. 2003. 10 кастр.

Эмілія Шнэк

13-га кастрычніка на 70-м годзе жыцця адышла ў вечнасць Эмілія Шнэк (Стажынска). Эмілія нарадзілася ў Варшаве ў 1933 г. У пачатках беларускага жыцця і дзейнасці ў Аўстраліі Эмілія, будучы жонкай вядомага беларускага дзеяча Уладзіміра Шнэка (Случанскага), аддавала шмат часу і старанняў нашай агульнай беларускай дзейнасці. Брала ўдзел ва ўсіх падрыхтоўках нашых нацыянальных святкаванняў і з’яўлялася сябрам амаль усіх беларускіх арганізацый у Мельбурне. Вечная памяць табе Эмілія.

Алег Шнэк

Браніслаў Даніловіч

У ЗША памёр беларускі дзеяч Браніслаў Даніловіч – заходнебеларускі настаўнік, вайсковец, аўтар некалькіх ваярскіх песняў, сярод якіх “Першы штурмовы звяз”. Браніслаў Даніловіч не дажыў два месяцы да свайго 95-годдзя.

“Наша ніва”. 2003. 24 кастр.

Увага

“Вянок” Максіма Багдановіча

У 1913 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, убачыў свет адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Сёлета спаўняецца 90 гадоў з той знамянальнай падзеі. У Літаратурным музеі М.Багдановіча ў Мінску на сённяшні момант захоўваюцца чатыры экземпляры “Вянка”, кожны з іх унікальны. Тры зборнікі вершаў маюць аўтографы Максіма Багдановіча і былі падараваныя паэтам сваякам. Чацвёрты “Вянок” належаў Уладзіміру Дубоўку, быў падараваны ім літаратуразнаўцу Д.Бугаёву, які і перадаў кнігу ў музей МБагдановіча. Вядома, што было надрукавана 2.000 экземпляраў кнігі, таму навуковых супрацоўнікаў музея М.Багдано-віча цікавіць пытанне, колькі зборнікаў захавалася да нашага часу.

Супрацоўнікі музея звяртаюцца да ўладальнікаў гэтага рарытэтнага выдання – адгукніцеся, раскажыце гісторыю з’яўлення гэтай кнігі ў вас, звязаныя з ёю легенды. Ці не задумваліся вы над пытаннем перадачы “Вянка” ў Літаратурны музей М.Багдановіча дзеля надзейнага захавання для будучых пакаленняў? Музей будзе вельмі ўдзячны за любую інфармацыю па гэтым пытанні. Але, калі ласка, будзьце ўважлівыя, у 1981 годзе зборнік “Вянок” быў факсімільна перавыдадзены. Супрацоўнікаў музея цікавяць кнігі менавіта 1913 года выдання. Адрас музея:

вул.М.Багдановіча, 7а
220029, г.Мінск,
Музей М.Багдановіча
Кантактныя тэлефоны ў Мінску: 234-07-61, 234-22-95.

Ніна Гарэлік,
галоўны захавальнік фондаў,
Ірына Мышкавец,
вучоны сакратар

З нашай пошты

Пра беларусаў у Парыжы

Адзін французскі малады журналіст Jean Christophe Collin шмат піша пра беларускіх спартоўцаў і пра Беларусь у вялікім штодзённіку Парыжа “L’EQUIPE”. J.Ch.Collin, які нядаўна ездзіў на Беларусь, зрабіў шырокі нарыс пра жыццё нашае Бацькаў- шчыны. Ён апісаў вялікія страты і знішчэнні, якія былі вынікам ІІ сусветнае вайны ды катастрофы Чарнобыля.

Ён падае інфармацыю, якую французы ніколі не чулі. Падчас ІІ сусветнай было знішчана 209 гарадоў, 9.200 вёсак, і паміж імі 616 спаленых з іхнімі жыхарамі. Забітая была адна чацвёртая частка насельніцтва Беларусі.

Ды як сёння паверыць, што не гледзячы на такія жудасныя падзеі мінулага, на тое, што паміж спартоўцамі Беларусі былі закранутыя аварыяй Чарнобыля, яе моладзь паднімае горда свае галовы, каб сказаць усім: “Мы заслугоўваем, каб аб нас не забываліся!” У жніўні ў міжнародных гульнях лёгкай атлетыкі ў Францыі нашыя спартоўцы Беларусі занялі выключную пазіцыю паміж спартоўцаў свету, атрымаўшы 7 медалёў, з якіх 3 залатыя, 1 медаль серабра і 3 медалі бронзавыя, што здзівіла многіх французаў.

P.S. Мой асабісты ўспамін з 1995 года, калі падобныя гульні атлетыкі адбываліся ў Швецыі, у Godeborg. Я працаваў у дзяржаўнай школе фізеатэрапіі, і там вучыліся атлеты Францыі. Два хлапцы прыбеглі да мяне паведаміць, што беларуская дружына атлетыкі здабыла 2-е месца пасля ЗША. Усе ведалі, што я родам беларус. Тады я ім адказаў, што гэта немагчыма, а сёння веру. Таксама моцна веру, што ў недалёкай будучыні нашая Бацькаўшчына – Беларусь знойдзе сваё месца ў Еўрапейскай Суполцы народаў. Еўропа пабольшыцца здольнымі працавітымі людзьмі і выдатнымі спартоўцамі.

Міхась Наўмовіч

Падзяка

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае вялікую падзяку за падтрымку аб’яднання Валерыю Барташу (Украіна), Вітаўту Кіпелю (ЗША), Міколу Антуху (Аўстралія), Лявону Мурашку (Літва), Арсену Лісу (Беларусь), Арыне Вячорка (Беларусь)
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by