МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№1(№38)
студзень
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННЕ

90 гадоў Геогію Усцілоўскаму

15 студзеня адсвяткаваў свой 90-гадовы юбілей старшыня таварыства “Мемарыял” (Рэспубліка Комі, Расія), сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і проста бадзёры і жыццесцвярджальны чалавек Георгій Усцілоўскі. Нягледзячы на паважны ўзрост, спадар Георгій застаецца ў шыхтах беларускіх патрыётаў і дзеячаў беларускай дыяспары. Таварыства “Мемарыял” ставіць за асноўную мэту несці людзеям праўду аб змрочных гадах сталінскага тэрору. Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас і зычым здароўя, поспехаў і здзяйснення творчых планаў.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ


Аўстралія

Вельмі паважаны спадар Прэзідэнт Віктар Юшчанка! Ад імя беларусаў Аўстраліі віншуем Вас і Вашых сяброў з абраннем Вас на гэтую высокую пасаду. Мы шчыра верым, што пад Вашым кіраўніцтвам Дзяржава Украіна будзе назаўсёды сапраўды вольнай і незалежнай. I народ Украіны будзе жыць у дэмакратычнай і цывілізаванай краіне. Жадаем Вам і Вашым сябрам поспехаў і дабрабыту ў вашай адказнай справе.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

З павагай,
Аўген Груша,
старшыня Федэральнай Рады
Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі
Алег Шнэк,
намеснік старшыні Федэральнай Рады
Беларускіх Арганізацыяў у Аўстралі

Чыкага, ЗША

Гэта стала вельмі добрай традыцыяй: вось ужо некалькі гадоў запар у чыкагскім Музеі навукі і індустрыі напярэдадні навагодніх святаў адкрываецца арыгінальная выстава. У вялізнай зале велічнага будынка – унікальнага архітэктурнага помніка канца XIX стагоддзя – выстаўляюцца незвычайныя экспанаты: святочныя навагоднія елкі, кожная з якой упрыгожана прадстаўнікамі розных эмігранцкіх групаў, што жывуць сёння ў нашым горадзе. Усё гэта зроблена ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі, асаблівасцямі рэлігійных звычаяў, мастацкіх густаў. Каля кожнай елкі – назва краіны, з якой гэтая эмігранцкая этнічная група: Аргенціна, Бельгія, Беларусь, Латвія, Люксембург, Літва, Нарвегія, Германія, Швецыя, Харватыя, Францыя, Японія…

Вельмі многа наведвальнікаў заўсёды каля беларускай елкі. Яна прыцягвае ўсеагульную ўвагу арыгінальнымі ўпрыгожаннямі, зробленымі з саломкі – традыцыйнай беларускай народнай нацыянальнай аздобы. Самае цікавае, што кожная з гэтых шматлікіх елачных цацак мае адмысловы дызайн, і аніводная з іх не паўтараецца.

Праграма гэтай незвычайнай экспазіцыі Музея навукі і індустрыі прадугледжвае не толькі агляд елак. Кожная нацыянальная група мае магчымасць паказаць тут, у вялікай зале, свой канцэрт альбо тэатралізаваны паказ. У гэтым годзе менавіта беларусы былі ганарова запрошаны першымі адкрыць канцэртную святочную праграму. У нядзелю 2 студзеня тут з канцэртам выступіў беларускі дзіцячы музыкальна-танцавальны ансамбль “Харошкі”, створаны ў дзіцячым садку канцэртмайстрам і педагогам Ірынай Грыгаровіч.

Яны яшчэ зусім юныя ўдзельнікі гэтага ансамблю: сем гадоў старэйшаму, чатыры – самаму меншаму. Рычард Наўрузаў, Джэйкаб Келензан, Алесь Грыгаровіч, Віка Берман, Андрэй Вараб’ёў, Саня Нікіцін… Аснову праграмы склалі беларускія народныя спевы і танцы.

Ванкарэм Нікіфаровіч


Рыга, Латвія

У Рызе адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Латвія-Беларусь. Дыялог дзвюх культур”, у якой узялі ўдзел вучоныя, грамадскія дзеячы з Латвіі і Беларусі. Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры Анатоль Грыцкевіч  прачытаў даклад на тэму “Інфляндскае ваяводства і Беларусь”. Дацэнты таго ж універсітэту І.Клімаў, Л.Дамнянкова, І.Алексіна выступілі з дакладамі “Балтызм у беларускай мове і тэорыя балцкага субстрата”, “Народны касцюм беларусаў ХІХ – першай паловы ХХ ст.”, “Латышска-беларускія тэатральна-фальклорныя сувязі ў 30-я гады ХХ ст.” Магістр філалогіі, выкладчык Даўгапілскага ўніверсітэту Таццяна Бучэль прачытала даклад на тэму “Адукацыя ў Латвіі і Беларусі: агульнае і адрозненні”, страшыня Саюзу грамадскіх аб’яднанняў беларусаў Латвіі – “Этнічнае адраджэнне беларусаў Латвіі ў 1990-2004 гг.”, дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ – “Перспектывы развіцця адукацыі на беларускай мове ў Латвіі”, прафесар Акадэміі навук Латвіі Ілга Апінэ – “Асаблівасці развіцця латышскага і беларускага этнасаў: гістарычныя паралелі”. Паэт Андрыс Веянс падзяліўся ўспамінамі аб сустрэчах і супрацоўніцтве з беларускімі літаратарамі. З цікавымі дакладамі выступілі таксама вучоныя латвійскіх ВНУ.

Пасля заканчэння канферэнцыі адбыўся канцэрт, у якім узялі ўдзел беларускія ансамблі “Надзея” з Рыгі, “Журавінка” з Вентспілса, “Паўлінка” з Ліепаі, “Рабінушка” з Прэйлі, “Купалінка” і трыо “Ластаўкі” з Даўгаўпілса, дзіцячы ансамбль з Рыжскай беларускай школы “Вавёрачка”, ансамбль беларускай старажытнай музыкі “Пастараль” з Мінска. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сакратар Пасольства Беларусі ў Латвіі Дз.Шкурдзь і генеральны консул Консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Г.Ахрамовіч.

Т.Лаўрыновіч


Даўгаўпілс, Латвія

У Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбылася прэзентацыя аповесці Валерыя Самахвалава “Волахаўскія кладкі”, нядаўна надрукаванай у часопісе “Полымя”. Сябры “Уздыма” шчыра павіншавалі Валерыя з творчым поспехам і пажадалі не меншага поспеху і надалей.

Т.Лаўрыновіч


Рыга, Латвія

Ці ўсе беларусы ведаюць, якую кашулю трэба было калісьці апранаць на Каляды: новую суровую, старую белую ці багата вышытую? Удзельнікі чарговай каляднай вечарыны, якую традыцыйна штогод ладзіць у Рызе Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, спрабавалі даць адказ на гэтае і шмат якія іншыя пытанні аб нашых старадаўніх традыцыях падчас адмысловай каляднай віктарыны. Беларускія Каляды-2005 ў Рызе атрымаліся надзвычай шматлюднымі, цікавымі, вясёлымі і аптымістычнымі. На гэты раз у прасторнай прыгожай зале гасціннага Дома Рыжскага Габрэйскага аб’яднання за багата накрытымі святочнымі сталамі змаглі змясціцца больш як 100 асобаў, але ўсёроўна жадаючых атрымаць запрашальныя білеты было значна болей.

Адметнай рысай святкавання стала тое, што на гэты раз традыцыйную інсцэніроўку з “гаспадаром” і “гаспадыняю” ў “вясковай” хаце, да якіх завіталі ў госці “калядоўшчыкі”, арганізатары змянілі на разнастайную 6-ці гадзінную святочную праграму з конкурсамі, гульнямі, жартамі, танцамі пад “жывую” музыку, латарэяй ды іншымі забавамі. Калядоўшчыкі, безумоўна, усё роўна былі на свяце, бо на тое ж гэта і Каляды! У якасці іх выступілі гаспадары – вакальны гурт таварыства “Сьвітанак”, які падрыхтаваў шмат калядных песень, а таксама літоўскі музычны гурт “Біюнас” і гурт польскай песні “Вісла”. Акрамя традыцыйных калядных песень на родных для выканаўцаў гэтых калектываў мовах, госці выконвалі спецыяльна падрыхтаваныя да беларускай каляднай вечарыны беларускія песні і музыку, што асабліва было вельмі прыемна тым беларусам, якія сабраліся на Каляды разам. Святкаванне Калядаў 8 студзеня 2005 г. на добрым ўзроўні сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Латвійскага Фонду грамадскай інтэграцыі.

     А на наступную вечарыну таварыства “Сьвітанак” будзе збіраць сваіх сяброў, беларусаў Рыгі і ўсіх, каго цікавіць наша культура і гісторыя, у гонар угодкаў Акту 25 сакавіка 1918 года. Плануецца арганізацыя вялікага святочнага канцэрту, прысвечанага 87-й гадавіне абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтае свята, гэтак жа, як і Каляды, таварыства “Сьвітанак” штогод адзначае з моманту свайго заснавання.

     Своеасаблівым навагоднім і калядным падарункам для латвійскіх беларусаў стала стварэнне ў снежні 2004 года першага беларускага сайту ў Інтэрнэце, на якім можна знайсці інфармацыю аб дзейнасці беларускай дыяспары ў Латвіі. Гэта сайт Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Адрас: www.svitanak.lv

Таццяна Казак,
старшыня ЛТБК “Cьвітанак”

Вільня, Літва

Скончылася другая па ліку вучнёўская сесія ў Вільні Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа. У Вільня ліцэй знаходзіўся у поўным складзе амаль тры тыдні. Заняткі адбываліся ў памяшканні Віленскага ліцэю, жылі ліцэісты і выкладчыкі ў інтэрнаце Літоўскага дома.

Радыё “Свабода”. 2005. 8 студз.


Вільня, Літва

8 студзеня ў сядзібе Таварыства беларускай культуры ў Літве  адбылася вечарына, прысвечаная памяці ксяндза Адама Станкевіча – ахвяры бальшавіцкага тэрору. Пра патрыятычную  дзейнасць для беларускай справы, якой прысвяціў усё сваё свядомае жыццё ксёндз А.Станкевіч, распавёў сябра ТБК журналіст Алесь Адамковіч.

Пасля заканчэння вышэйшай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу  ў 1918 г. Адам Станкевіч вярнуўся ў Вільню і быў прызначаны выкладчыкам у гімназію. А.Станкевіч таксама актыўна ўдзельнічаў у існуючых на той час беларускіх арганізацыях і выдавецтвах, а некаторыя і ўзначальваў. За яго беларускасць польскімі ўладамі неаднойчы пераследваўся і бываў пакараны. А.Станкевіч пакініў багатую літаратурную і публіцыстычную спадчыну.

За адданасць ідэі незалежнасці Беларусі А.Станкевіч у 1949 г. быў паўторна арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і  асуджаны на 25 гадоў лагераў з канфіскаванай маёмасці. Цераз няпоўныя тры месяцы, на 58 годзе жыцця А.Станкевіч памёр.

На вечарыне Х.Нюнька зачытаў некаторыя матэрыялы допытаў А.Станкевіча з архіву КДБ у Вільні. Са змястоўным і цікавым дакладам  выступіў дырэктар Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа сп. Уладзімір Колас. Улічваючы вялікія заслугі А.Станкевіча перад беларусамі, Таварыства беларускай культуры ў Літве  вырашыла ў 2005 годзе ўстанавіць на будынку былой Віленскай Беларускай Гімназіі прысвечаную яму мемарыяльную табліцу з барэльефам.

Хведар Нюнька


Беласток, Польшча

Яўген Вапа, галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва”: “Чакае нас у Беластоку “працэс адзінаццаці” абвінавачаных у справе “Нівы”. Дзяржаўны апарат улады не можа прайграць з нейкай там меншасцю. Трэба ёй паказаць сілу і вярнуць усё на сваё месца. У 1923 г. у Беластоку меў месца працэс 45-ці нашых продкаў, якія заявілі тады права на беларускасць. На справядлівасць суда няма ў нас, беларусаў, зараз вялікіх спадзяванняў. Усе ж ведаем, што гэта суд дэмакратычнай Польшчы рэабілітаваў Рамуальда Райса “Бурага”, на руках якога кроў нявінных беларускіх сем’яў”.

“Kurier Poranny”. 2005. 3 студз.


Варшава, Польшча

У Варшаве прайшло традыцыйнае “Беларускае калядаванне”. Адбылося яно ўжо пяты раз, і ладзіць яго, нярэдка пры дапамозе іншых арганізацыяў, грамадская арганізацыя Інстытут беларускай культуры. Традыцыйна імпрэза адбываецца ў прэстыжным варшаўскім клубе “Апетыт архітэктара” і пачынаецца з кароткага аповеду пра традыцыю беларускіх калядак, потым прысутныя маюць магчымасць пабачыць на свае вочы, як ладзіцца гэтае калядаванне. Гасцей чакаў таксама выступ галоўных гасцей сёлетняга беларускага калядавання – мінскага гурту “Палац”. Яшчэ ў часе імпрэзы можна было пакаштаваць сапраўдных беларускіх дранікаў, салёных агуркоў, канапкі са шмальцам.

Імпрэза ўражвала сваім размахам, калі браць пад увагу тое, што рабілася яна выключна на грамадскіх пачатках. Сёлета на “Беларускае калядаванне” прыйшлі каля 300 чалавек, што для польскай сталіцы, дзе штодня адбываюцца дзесяткі розных цікавых імпрэзаў, вельмі шмат.

Радыё “Свабода”. 2005. 17 студз.

Дубіны, Польшча

У Гімназіі ў Дубінах павялічваецца колькасць вучняў, якія ходзяць на заняткі беларускай мовы. Амаль усе гэтыя вучні намерваюцца паступаць у Гайнаўскі белліцэй.

Дырэктар Гімназіі ў Дубінах Тамара Крайнік: “Зацікаўленне заняткамі беларускай мовы, напэўна, выклікала павышаная актыўнасць гімназістаў і настаўнікаў у мінулым годзе. Прымалі мы ўдзел у праекце супрацоўніцтва са школамі Беларусі. Нашы гімназісты рэалізавалі таксама рэгіянальныя праекты, якія выклікалі зацікаўленне гісторыяй родных вёсак і жыццём продкаў”.

“Ніва”. 2005. 16 студз.


Іркуцк, Расія

Ужо 9 гадоў запар беларусы Прыбайкалля ладзяць “Каляды”. Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) з моманту заснавання ў 1996 годзе паставіла за мэту адраджэнне, захаванне і развіццё беларускіх нацыянальных абрадаў, традыцый, звычаяў і рамёстваў.

Маладзёжны клуб “Крывiчы” ўжо трэці год запар ладзіць калядаванне на кватэрах. З 25 снежня па 7 студзеня іх можна было запрасіць да сябе пакалядаваць. Вясёлае забаўляльнае відовішча, з аднаго боку, і вялікая колькасць лепшых пажаданняў, з другога боку.

7 студзеня ў Палацы дзіцячай і юнацкай творчасці Іркуцкае таварыства ладзіла свята “Каляды-2005”. Былі запрошаны ўсе сябры Таварыства з сем’ямі і сябрамі.

Алег Рудакоў,
старшыня ІТБК


Іркуцк, Расія

ІТБК імя Я.Чэрскага пачынае новы напрамак працы. У Доме дружбы народаў адбудзецца пасяджэнне літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына”, каардынатарам якога з’яўляецца Анатоль Вінабер. Клуб плануе ладзіць творча-дыскусійныя сустрэчы кожную апошнюю суботу месяца.

Бліжэйшы вечар адкрыецца аўтарскімі вершамі актывісткі Таварыства беларускай культуры Кацярыны Агарковай, творы якой знайшлі сябе ў зборніку вершаў “Пралескi”. Другая частка вечырыны будзе адбывацца ў форме дыскусійнай пляцоўкі на тэму “Месца беларускай філасофіі ў сусветным аспекце”.  Літаратурны клуб “Спадчына” чакае сваіх сяброў.

Алег Рудакоў,
старшыня ІТБК


Калінінград, Расія

У Калінінградзе адбылося адкрыццё помніка Францішку Скарыну. Калінінградскія беларусы збіраюцца адкрываць гэты ж помнік 25 сакавіка, на Дзень Волі.

Манумент Скарыну стаіць на вуліцы Аляксандра Неўскага, распавёў старшыня Беларускага культурнага таварыства “Каралявец” Ігар Шаховіч. Ён жа дадаў, што ягоную суполку адхілілі ад усталявання гэтага помніка, на якім цяпер напісана па-руску: “Вялікаму ўсходнеславянскаму асветніку, беларускаму першадрукару”. Спадар Шаховіч кажа, што калінінградская філія амбасады Беларусі ў Расеі нават не запрасіла яго на цяперашнюю цырымонію адкрыцця помніка. Удзел у яго адкрыцці ўзяў паўнамоцны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі ў Расіі – віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў.

Што да помнікаў Францішку Скарыну ў замежжы, дык у Празе ён быў адкрыты 31 кастрычніка 1996 года каля замка на Градчанах. Таксама ёсць мемарыяльныя шыльды ў памяць Скарыны ў двары Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, у польскім горадзе Кракаве ды італьянскай Падуі.

Радыё “Свабода”. 2005. 20 студз.


Новасібірск, Расія

У Новасібірску адбыўся III Рэгіянальны фестываль беларускай культуры “У гасцях у Лявоніхі”, які стаў ужо традыцыйным. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства з’яўляюцца Дэпартамент культуры Новасібірскай вобласці і дзяржаўная ўстанова культуры “Новасібірскі цэнтр беларускай культуры”. Фестываль сабраў шмат беларускіх калектываў і салістаў Сібірскага рэгіёна: інструментальны ансамбль “Азарычы”, фальклорны ансамбль “Крынічка”, танцавальны ансамбль “Юнацтва Сібіры”, школа традыцыйнай культуры – падлеткавы ансамбль “Святкі”, дзіцячы вакальны ансамбль “Кужалёк”, трыо “Свята”. Новасібірскую вобласць прадстаўлялі вакальныя ансамблі “Чапурушка”, “Світанак”, “Верныя сябры”, самадзейныя артысты з г. Бердзска. Былі запрошаны і суседзі – беларусы Томска.

     Асноўныя задачы фестывалю: аб’яднаць беларусаў і іх нашчадкаў, якія жывуць на тэрыторыі Сібірскага рэгіёна, спрыяць культурнаму ўзаемаўзбагачэнню беларускага і рускага народаў, забяспечыць пераемнасць маладым пакаленнем духоўных і культурных каштоўнасцяў свайго народа.

     У першы дзень фестывалю ў г. Бердзску Новасібірскай вобласці адбыўся канцэрт “Ёсць у Сібіры беларусы!” На сцэне гучала толькі беларуская мова. Адбыўся таксама гала-канцэрт, у якім брала ўдзел вялікая колькасць дзяцей. Гэта перадача эстафеты пакаленняў, любові і павагі да сваіх каранёў і да культурнай спадчыны. Правядзенне фестывалю было прысвечана 60-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прагучалі песні на ваенную тэму, а ветэранам былі ўручаны кветкі і падарункі.

Яркім і маляўнічым быў выступ танцавальнага калектыву, які выканаў на сцэне “Лявоніху” і “Кросны”. Надзвычай каларытна абвяшчалі кожны нумар персанажы канцэрта Лявон і Лявоніха.

     У фае перад пачаткам гала-канцэрта была разгорнута фотавыстава “Ёсць у Сібіры беларусы!”, прысвечаная 15-годдзю беларускага руху ў г. Новасібірску.

Ніна Кабанава,
дырэктар Цэнтра беларускай культуры


Новасібірск, Расія

На пачатку студзеня ў Новасібірску адбыўся Міжнародны музычны фестываль-конкурс. Фестываль ладзіцца ўжо не першы раз і прысвячаецца памяці вядомага сібірскага музыканта Івана Маланіна.

На гэты раз сярод гасцей былі і музыканты з Беларусі. Інструментальнае трыо “Лірыца” (цымбалы, баян, кантрабас) з г. Рэчыца заваявала сэрцы сібірцаў высокім узроўнем выканання, яркім нацыянальным каларытам.

У праграме новасібірскага фестывалю былі шматлікія выступы гасцей, творчыя сустрэчы з гледачамі, семінары. Ансамбль “Лірыца” акрамя выступаў на асноўнай сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў выязджаў у вёскі Новасібірскай вобласці, дзе яго цёпла прымалі сібірскія беларусы.

 Л.Бяляўская

Сыктыўкар, Расія

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” Рэспублікі Комі (Расія) правяла інфармацыйна-пазнавальную вечарыну, прысвечаную Гомельскай вобласці. Гэта першае мерапрыемства з агульнай серыі “Як мы ведаем сваю Беларусь”. Вечарына прайшла ў вельмі зацікаўленай атмасферы. Падрыхтаваныя выступоўцы пазнаёмілі прысутных з вялікім матэрыялам, адказалі на шматлікія пытанні. Падчас вечарыны было дамоўлена пра правядзенне ў першым паўгоддзі вечарыны, прысвечанай Брэсцкай вобласці. Разам з Нацыянальнай бібліятэкай беларуская Нацыянальна-культурная аўтаномія наладзіла таксама вечар, прысвечаны беларускай літаратуры.

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” Рэспублікі Комі падтрымлівае рашэнне МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” аб правядзенні чарговага З’езду беларусаў свету, а таксама вызначаныя для абмеркавання на ім тэмы.

Аркадзь Крупенька,
старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”


Сыктыўкар, Расія

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” Рэспублікі Комі (Расія) прызначала на 2004 год вялікую праграму дзеяння разнастайнай накіраванасці. Большасць наладжаных імпрэзаў звязана з абвяшчэннем 2004 года – годам беларускай культуры ў Расіі.

У Аўтаноміі быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў у межах правядзення дзён беларускай культуры ў Рэспубліцы Комі. У выніку хор Аўтаноміі на працягу года 7 разоў выступаў на разнастайных рэспубліканскіх і гарадскіх святах. Адзначылі таксама Дзень абаронцаў Айчыны, 8 сакавіка, Дзень Перамогі, 60-годдзе вызвалення Беларусі. Па асаблівым сцэнары наладзілі ўжо пяты год запар беларускае свята “Дажынкі”. Наладжана арганізаванае наведванне тэатра і прагляд п’есы “Шчасце маё” беларускага драматурга Аляксея Дударава.

Цікава прайшла вечарына “Беларуская сям’я на Поўначы”. Улетку ў Рэспубліцы Комі працаваў дзіцячы шматнацыянальны летнік “Дружба”, дзе адбыўся Дзень Беларусі. Дзеячы Аўтаноміі выязджалі ў летнік, распавядалі пра Беларусь, выконвалі беларускія песні.

Па ініцыятыве Аўтаноміі Сыктыўкар наведалі прадстаўнікі Пасольства Беларусі ў Расіі, якія выступілі перад землякамі з тлумачэннем заканадаўчых актаў, якія датычаць пераезда ў Беларусь, атрымання грамадзянства, прапіскі, заняткаў прадпрымальніцкай дзейнасцю, набыцця жылля і многіх іншых пытанняў.  

У лістападзе вялікая група ўдзельнікаў Гандлёва-прамысловай палаты Беларусі наведалі г. Сыктыўкар для сустрэчы з прадпрымальнікамі Рэспублікі Комі з мэтай усталявання эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Комі. Сябры беларускай культурнай аўтаноміі таксама ўдзельнічалі ў перагаворным працэсе і выказалі жаданне садзейнічаць у вырашэнні дадзенай праблемы. Потым прадстаўнік Пасольства Беларусі І.Пятрышчанка ўручыў ветэранам медалі “60 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, пасля чаго быў паказаны канцэрт.

Аўтаномія рыхтуе да выдання кнігу “След на Паўночнай зямлі” аб укладзе беларусаў у развіццё эканомікі і культуры Рэспублікі Комі. Гэта будзе цікавая кніга аб беларусах, іх лёсах і заслугах.

Гонарам Аўтаноміі з'яўляецца хор, у якім удзельнічаюць сапраўдныя патрыёты, якія бескарысліва працуюць у хоры і заўжды гатовыя да выступу на любым мерапрыемстве.

Беларуская аўтаномія лічыцца адной з самых актыўных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Комі, а яе дзейнасць праз сродкі інфармацыі на слыху ў жыхароў Рэспублікі Комі.

Аркадзь Крупенька,
старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”


Цюмень, Расія

6 студзеня 2005 года дэлегацыя Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусь” (Цюменская вобласць) накіравалася з каляднай канцэртнай праграмай у Вікулаўскі раён, дзе на невялікай адлегласці адна ад адной размешчаны вёскі Ермакі, Ялоўка, Асінаўка. Яны былі заснаваны ў 1886-1889 гадах беларускімі перасяленцамі, так званымі “самаходамі”. Прайшло больш за сто гадоў, а жыхары, адарваныя ад гістарычнай радзімы, здолелі зберагчы сваю культуру, традыцыі, абрады, песні, строі, мову і, вядома ж, святы. У першую чаргу, вялікія, абрадавыя святы, якія яднаюць, натхняюць і паляпшаюць людзей.

У Вікулаўскім Доме культуры тлумна і вясёла, бо сустракаюцца сябры. Прыбылі беларусы-“самаходы” з вёскі Новабярозаўка. На чале з В.Габрусем прыехала Табольская дэлегацыя беларусаў. Пад’ехалі фальклорны ансамбль “Ростань” і студэнты Цюменскага каледжа мастацтваў на чале з галоўным спецыялістам па фальклору Л.Дземінай і дырэктарам каледжа В.Скакаліным. Прадстаўнікі прэсы, тэлебачання і радыё выходзілі з аўтобусаў і тут жа пачыналі працаваць. Усіх гасцінна сустракала заслужаны работнік культуры Расіі В.Міхіенка – кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Вячоркі”.

У нацыянальных беларускіх строях усе пайшлі калядаваць. Наперадзе гурта з “Каляднай Зоркай” – сімвалам шчасця і дабрабыту – ішоў Мікалай Сальнікаў з вёскі Новабярозаўка. Ён шмат гадоў запар, таксама як калісьці і ягоны бацька, у дзень слаўлення Хрыстова выносіць “зорку” для аднавяскоўцаў, і, дзякуючы яму, толькі ў ягонай роднай вёсцы і больш нідзе ў вобласці захаваўся і праводзіцца гэты абрад.

Калядны канцэрт пачаўся асабліва. У славянаў заўжды шанавалася старое пакаленне, таму ў першую чаргу кіраўнік адміністрацыі Вікулаўскага раёна С.Парыгін і старшыня праўлення Аўтаноміі “Беларусь” Леанід Ксяндзоў па даручэнні кіраўніка аддзялення Пасольства Беларусі ў Цюмені Яўгена Сімончыка ўрачыста ўручылі ўдзельнікам вайны юбілейныя медалі ў сувязі з 60-годдзем вызвалення Беларусі. Атрымалі падарункі і старажылы в. Вікулава А.Плотнікава і К.Кадзяева, якім споўнілася 90 гадоў. А юных удзельнікаў канцэрта пачаставалі каляднай слодыччу.

7  студзеня ў вёску Асінаўка, маленькую вёсачку ў 48 двароў, дзе захоўваецца старадаўні абраз Раства Хрыстова, з'ехаўся народ з навакольных вёсак і гарадоў. Абраз год знаходзіцца ў адным з дамоў, а на Раство пераносіцца ў суседні дом да наступнага Раства. Цюменскія беларусы мусілі пакінуць свой аўтобус і пешшу дабірацца да вёскі. Дарога была застаўленая машынамі з Цюмені, Табольска, Сургута і Омска. Тут ў канцэртнай  праграме ўзялі ўдзел народныя ансамблі “Лянок”, “Вячоркі”, “Ростань”, “Расіначка”, маладзёжныя “Палессе”, “Вірея”,  дзіцячыя “Маладыя галасы”, “Саловушкі”, “Рушнічок”, “Сяброўкі”. На цымбалах грала Т.Грыгор’ева.

Людміла Татарынцава,
начальнік аддзелабеларускай культуры
АДНК “Будаўнік”

НАВІНЫ ЗБС

Вынікі года ў жыцці беларускай дыяспары

У сакавіку пры пасрэдніцтве беларускай амбасады ў Маскве адбылося заснаванне Беларускага маладзёвага зямляцтва. У красавіку ў Вільні паўстала Асацыяцыя дэмакратычных беларускіх арганізацый краін Балтыі. У канцы жніўня адбылася Першая сустрэча беларусаў у Празе, на якой быў заснаваны Дэмакратычны форум беларусаў у Еўропе. У верасні адбыўся З'езд апошняй хвалі палітычнай эміграцыі і заснаванне Беларускай уніі як рэпрэзентанта арганізацыяў беларускай палітычнай эміграцыі. У траўні адбыўся Устаноўчы сход Звязу беларусаў Нямеччыны. У Канадзе прайшла 26-я сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. У Варшаве ыў створаны Камітэт усталявання ў польскай сталіцы помніка Янку Купалу і Якубу Коласу.

У 2004 годзе актыўна развівалася беларуская прысутнасць у глабальнай сетцы Інтэрнэт. З’явіўся сайт суполкі “Скарына” ў Празе (Чэхія). Распрацоўшчыкі сайта “Кніжная палічка”, бальшыня якіх прадстаўнікі дыяспары, прапанавалі свой новы праект “Электронная энцыклапедыя” (www.slounik.org), на якім сабралі беларускія слоўнікі і энцыклапедыі.

Выйшла шмат кніг па гісторыі беларускай дыяспары. Гэта “Чэслаў Сіповіч: святар і беларус” за аўтарствам айца Аляксандра Надсана, матэрыялы канферэнцыі “Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры” (адбылася ў 2001 г. у Лондане). Віктарам Кавалеўскім з Аўстраліі аднавілася выданне часопісу “Новае жыццё”, што друкаваўся ў Мельбурне і Сіднэі ў 1950-1959 гг. У Польшчы выйшла кніга Міхася Андрасюка “Мясцовая гравітацыя”. Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага выдала зборнік паэзіі «Пралескі» беларускай паэткі з Іркуцка Кацярыны Лапо-Агаркавай. Да 10-гадовага юбілею Беларускага таварыства “Уздым” (Латвія) выйшаў зборнік матэрыялаў “Летапіс “Уздыма”. У Новасібірску выйшаў з друку зборнік вершаў беларускіх аўтараў з Сібіры “Мая Радзіма”.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдала ў 2004 годзе “Матэрыялы Другога і Трэцяга з’ездаў беларусаў свету”. Буйной падзеяй стала заснаванне “Бацькаўшчынай” кніжнай серыі, прысвечанай беларускай эміграцыі – “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. У гэтай серыі ўжо выйшлі першыя кнігі – “Месца выдання – Парыж” пра беларускую паваенную эміграцыю ў Францыі, а таксама кніга пра ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касіна (“Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”). Пабачыла свет трэцяя кніга серыі – “Беларусы ў Аўстраліі” (аўтар Наталля Гардзіенка). Выйшла з друку новая кніга Лідзіі Савік пра Барыса Кіта “Грамадзянін свету”.

Самымі актыўнымі перыядычнымі выданнямі беларускай дыяспары ў 2004 годзе былі газеты “Беларус” (Нью-Ёрк, ЗША), “Беларускі дайджэст” (ЗША ), “Ніва” (Беласток, Польшча) і “Маланка” (Іркуцк, Расія).

Самымі цяжкімі, вялікімі і аб’яднаўчымі працэсамі для беларускай дыяспары былі падзеі вакол судовага пераследу беластоцкай беларускай газеты “Ніва”. Дзякуючы згуртаваным дзеянням беларускай супольнасці ў свеце і  на Бацькаўшчыне атрымалася значна зменшыць разбуральныя памкненні польскіх “патрыётаў”, накіраваныя на змяншэнне актыўнасці беларускай дыяспары на Беласточчыне.

У гэтым годзе на Радыё Швецыі ўпершыню адчынілася праграма на беларускай мове. Адбыўся Тыдзень беларускай культуры ў Іркуцку. Адчыніліся беларускія рэстараны ў Маскве і Токіо.

У жыцці беларускай дыяспары на Захадзе сёлетні год быў адзначаны і знамянальнымі юбілеямі. 50 гадоў адсвяткавала ў Таронта Парафія святога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Споўнілася 50 гадоў Беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”.

Найбольш актуальнай задачаю на 2005 год стане кансалідацыя беларускай дыяспары, у чым самай значнай падзеяй мусіць стаць чарговы Чацвёрты з’езд беларусаў свету, які адбудзецца ў ліпені  2005 года.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Картка для iншаземца

Парламенцкая камiсiя па мiжнародных справах i сувязях СНД працягвае працу над папраўкамi да Закона “Аб прававым палажэннi iншаземных грамадзян i асоб без грамадзянства ў Рэспублiцы Беларусь”. Акрамя ўдакладнення парадку ўезду, выезду i знаходжання ў краiне, новая рэдакцыя павiнна заканадаўча замацаваць правы, свабоды, абавязкi як iншаземцаў, так i пасадавых асоб, адказных за выкананне закона.

Асобая задача дакумента – папярэджанне незаконнай мiграцыi i супрацьстаянне экстрэмiзму. Прадугледжваецца спрошчаная працэдура дэпартацыi i высылкi iншаземных грамадзян у выпадку парушэння iснуючага заканадаўства i нормаў мiжнароднага права. Сур’ёзна палегчыць кантроль за мiграцыйнымi працэсамi стварэнне цэнтралiзаванага банка даных. А ўвядзенне мiграцыйных картак стане асновай для спрашчэння iснуючай працэдуры рэгiстрацыi iншаземцаў у органах МУС i гасцiнiцах.

“Голас Радзімы”. 2005. 13 студз.


Ад рэдакцыі: Выконваючы рашэнні Трэцяга з’езду беларусаў свету, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” паслядоўна і актыўна адстойвае інтарэсы беларусаў замежжа як паўнапраўнай часткі беларускай нацыі. Аднак беларускае заканадаўства дагэтуль не вылучае беларусаў замежжа ў асобную катэгорыю і прызнае за звычайных іншаземцаў. Аб хадзе гэтага працэсу і ягоных “выніках” можна прачытаць на сайце арганізацыі: zbsb.org



Падзяка

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку Вользе Іпатавай, Ігару Хаменку, Аляксею Каралю, Радзіму Гарэцкаму, Ніне Шыдлоўскай, Валерыю Герасімаву, Міколу Люцко і Алене Макоўскай (усе з Беларусі) за падтрымку аб’яднання.



Міжнародны дзіцячы конкурс

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адпаведна штогадовай традыцыі абвяшчае ў 2005 г. Міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс “Там, ля сівых муроў...” Конкурс прысвячаецца беларускім дзеячам і арганізацыям, лёс і дзейнасць якіх былі звязаныя з Вільняй канца ХІХ - пачатку ХХ ст. і 300-годдзю Францішкі Уршулі Радзівіл. Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” запрашае да ўдзелу ў конкурсе школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту.

Тэмы конкурсу:

1. Вільня ў духоўным жыцці беларусаў.

  • Пра значныя падзеі беларускай гісторыі і культуры, звязаныя з Вільняй;

  • пра ролю беларускіх палітычных і культурніцкіх арганізацый (устаноў) Вільні ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці;

  • пра выбітных беларускіх дзеячаў, лёс якіх быў звязаны з Вільняй.

2. Магнацкія роды на Беларусі.

  • Пра ролю магнацкіх родаў Беларусі ў гісторыі і культуры бацькаўшчыны (мецэнацтва, помнікі архітэктуры, асвета, тэатры, музеі і г.д.);

  • пра цікавыя (адметныя) эпізоды жыцця і дзейнасці асобаў магнацкіх родаў Беларусі.

Конкурс будзе адбывацца па дзвюх намінацыях: мастацкія працы (малюнкі) і літаратурныя творы. Усе працы павінны мець наступныя звесткі: прозвішча, імя ўдзельніка, узрост, поўная дата нараджэння, зваротны адрас з індэксам, па магчымасці, кантактныя тэлефоны. Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420 х 295) і А2 (420 х 590), а таксама літаратурныя творы (апавяданні, вершы, сачыненні, нарысы і інш.) аб’ёмам да 10 друкаваных старонак. Пераможцы будуць узнагароджаныя. Працы на конкурс прымаюцца да 20 красавіка.

Творы дасылаць на адрас рэдакцыі бюлетэня.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


“Беларусы ў Аўстраліі”

У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 годзе і прысвечанай гісторыі беларускай эміграцыі, пабачыла свет трэцяя кніга “Беларусы ў Аўстраліі”. Яна распавядае аб гісторыі станаўлення і развіцця беларускіх асяродкаў у Аўстраліі, асвятляе розныя аспекты прысутнасці беларусаў у жыцці мясцовага грамадства і іх улучанасці ў культурны кантэкст беларускага замежжа наогул. Асаблівая ўвага аддадзеная ролі жанчын у дыяспары, што адлюстраваная ў сабраных і апрацаваных успамінах яе ўдзельнікаў і ўдзельніц. Гэта плён доўгай працы маладой беларускай даследчыцы Наталлі Гардзіенка. Кнігу выпусціла МГА “Беларускі кнігазбор”.

На першай старонцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырую падзяку тым, хто спрыяў працы над кнігай: Федэральнай Радзе Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, Беларускаму Цэнтральнаму Камітэту ў Вікторыі, Беларускаму Рэзервоваму Фонду, Беларускаму Аб’яднанню ў Паўдзённай Аўстраліі, Аўгену Грушу, Алегу Шнэку, Міхасю Лужынскаму, Міколу Антуху, Генры Тэры, Галіне Падгайскай, Віктару Ліпскаму, Аляксандру Бакуновічу і Маргарыце Сямёнавай.

Прадмову напісала вядомы дзеяч беларускай дыяспары, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У ёй, між іншым, чытаем: “Хаця на працягу апошніх шасьцідзесяці гадоў было апублікавана шмат кнігаў, прысвечаных паасобным падзеям і людзям паваеннай хвалі беларускай эміграцыі, гісторык Янка Запруднік у адным з сваіх нядаўніх інтэрв’ю зазначыў, што “Гісторыя беларускае паваеннае эміграцыі яшчэ не напісаная”. Тыя з нас, хто перажыў паўстагоддзя ў выгнанні, ведае, што застаецца яшчэ вельмі шмат не сказанага, не запісанага й належна не асэнсаванага. Аўтарка ня толькі паспела запісаць шматлікія “жывыя мемуары” нашых старэйшых суродзічаў, але і здолела цудоўна перадаць чытачу, чым яны жылі”.

Насычаны змест даследавання ўтрымлівае такія раздзелы, як “Беларуская іміграцыя і дыяспара ў Аўстраліі як аб’екты гістарычнага даследавання”, “Аўстралія ў святле свае міграцыйнае палітыкі”, “Паўстагоддзя беларускае Аўстраліі”, “Жанчыны беларускае дыяспары ў Аўстраліі”, “Лёсы беларусаў Аўстраліі ва ўспамінах і лістах”, “Аўстралія ў беларускіх вершах”. Заканчваецца кніга вялікім дакументальным раздзелам “Дадаткі”.

     Сама аўтарка кнігі ў сваёй прадмове піша: “Гэтая кніга – даніна маёй павагі і ўдзячнасці беларусам Аўстраліі, якія змаглі цягам болей як паўстагоддзя свайго жыцця на чужыне застацца сабой, захаваць сваю мову й любоў да Беларусі. Гэтая кніга – спроба паказаць, чым жыла беларуская дыяспара ў адной з самых аддаленых краінаў, на чым трымалася яе жыццё, з чаго складалася дзейнасць.

Гэтая кніга, магчыма, – толькі пачатак вялікага шляху ў вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары. Яна і правакацыя, і дасягненне адначасова. Правакацыя, бо мае на мэце ўзняць перад навукоўцамі праблему неабходнасці мэтанакіраванага вывучэння здабыткаў беларускай культуры замежжа. Дасягненне, бо ёсць вынікам сур’ёзнай працы й супрацоўніцтва дыяспары і метраполіі”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


     Ад рэдакцыі: па пыфтаннях набыцця кнігі звяртайцеся па электроннай пошце zbsb@lingvo.minsk.by альбо па тэл. 289-31-94



БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАСТОЧЧЫНА

     Ад рэдакцыі: Шаноўныя чытачы, прапануем Вашай увазе падбор матэрыялаў па становішчы беларускай дыяспары Польшчы па трох асноўных тэмах: пераслед беластоцкай беларускай газеты “Ніва”, прыняцце Закона аб нацыянальных меншасцях Польшчы і аналітычны артыкул Сакрата Яновіча.

Заява беларускiх грамадскiх аб'яднанняў Беласточчыны

З нагоды апошніх падзей вакол беларускай дыяспары Беласточчыны прынята “Заява”, падпiсаная Яўгенам Вапам, Алегам Латышонкам, Сакратам Яновiчам i iншымi кiраўнiкамi беларускiх таварыстваў, згуртаванняў, фондаў Падляшскага ваяводства (Польшча). На пачатку яе згадваецца, што ў час перапiсу насельнiцтва ў Польшчы ў 2002 годзе сваю прыналежнасць да беларускай нацыянальнасцi засведчылi каля 50 тысяч жыхароў Беласточчыны.

У “Заяве” выказваецца трывога з той прычыны, што на працягу 2003 i 2004 гадоў прадстаўнiцтва Вярхоўнай кантрольнай палаты ў Беластоку правяло шэраг акцый, скiраваных супраць «беларускай iнтэлiгенцыi», найперш сяброў Праграмнай рады тыднёвiка “Нiва”, настаўнiкаў беларускiх школ. Яны абвiнавачвалiся ў няправiльным расходаваннi дзяржаўных датацый, хаця ў некаторых выпадках (Праграмная рада “Нiвы”) не мелi да iх непасрэднага дачынення. Справа даходзiла да таго, што ў некаторых журналiстаў i вучоных (прафесар Яўген Мiрановiч) бралiся нават адбiткi пальцаў.

“Чакаем, – гаворыцца ў канцы “Заявы”, – што вярхоўныя дзяржаўныя ўлады высветляць акалiчнасцi апiсаных здарэнняў i вернуць верагоднасць падначаленых iм устаноў”.

Паводле niva.iig.pl


Ад рэдакцыі: поўны тэкст Заявы можна прачытаць на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” zbsb.org

Змаганне з “Нівай” у Мінску

Пры канцы снежня мінулага года ў працэс змагання з „Нівай” уключылася Польскае пасольства ў Мінску. Пасол Тадэуш Паўляк напісаў у газету „Наша слова”, якая выдаецца Таварыствам беларускай мовы, ліст з поўным спісам „злачынстваў” Праграмнай рады. Найбольш сюррэалістычна гучыць першы закід. “Сумарныя выдаткі на рэалізацыю задач у 2001-2002 гадах, пададзеныя штотыднёвікам, былі завышаныя на 446,8 тысяч злотых ($120 тыс.),” – піша пасол РП Тадэуш Паўляк.

Пасол Паўляк напэўна ведае, што адлюстроўваюць прыведзеныя ім лічбы, аднак выкарыстоўвае іх так, каб выклікаць пажаданы вобраз сітуацыі сярод беларускай інтэлігенцыі. Сума, якой шакіруе пасол Паўляк, гэта грошы, якіх мы не знайшлі на рэалізацыю сваіх праектаў. Прапагандысцкая сенсацыя выплывае з рапарта Найвышэйшай кантрольнай палаты: “...дамагаліся 1 146,4 тыс. зл, а атрымалі 699,6 тыс.”. Запіс Кантрольнай палаты атрымаў такую моўную канструкцыю, што кожны прапагандыст можа напісаць, што ў „Ніве” хацелі ашукаць спонсараў на 446,8 тысяч злотых. Чыноўнікі Кантрольнай палаты, хаця гэтага самі не напісалі, далі магчымасць людзям, непрыхільным беларускай прысутнасці на Беласточчыне, праводзіць дэмагагічную антыніўскую прапаганду.

Калі б, для прыкладу, пасол Паўляк запланаваў на 2005 год выдаткі свайго пасольства ў памеры 3 мільёнаў злотых, запатрабаваў такую суму ад Міністэрства замежных спраў Польшчы і атрымаў толькі 2 мільёны, тады, згодна з логікай прапаганды, якая вядзецца супраць „Нівы”, можна было б пісаць, што „хацеў незаконна прысвоіць сабе мільён злотых”.

Застаецца пытанне, дзеля якіх мэтаў дыпламатыя Польшчы кампраметуе за мяжой сваіх грамадзян, хай сабе і другой катэгорыі, але яшчэ грамадзян.

Яўген Мірановіч

“Ніва”. 2005. 23 студз.


Ад рэдакцыі: Сітуацыя на Беласточчыне выклікае ўсё большы інтарэс і абурэнне беларускай грамадскасці. Але, між іншым,  Консульскі аддзел Пасольства Беларусі ў Польшчы адмовіў Яўгену Вапу ва ўяздной візе ў Беларусь...



Дарагія суродзічы!

Дарагія суродзічы! У бюлетэні “Беларусы ў свеце” № 11 за лістапад 2004 года прачытала сумную вестку аб тым, як палякі ўціскаюць беларускую меншасць на Беласточчыне пад Польшчай і нават забараняюць беларусам ужываць сваю родную мову.

У нас у ЗША ўсе этнічныя групы грамадзян маюць сваю спадчыну і культуру, а ў мясцовасцях, дзе ёсць шмат эмігрантаў з Мексікі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, нават увялі двухмоўе – англійскую і іспанскую мовы ва ўрадах. Палякі таксама карыстаюцца такім жа самым прывілеем. На вуліцах у нас, у Чыкага, дзе палякі маюць свае харчовыя і гандлёвыя крамы і ўстановы рознага тыпу, усюды віднеюцца назовы на польскай мове і вісяць польскія сцягі, а беларусам на роднай этнаграфічнай тэрыторыі на Беласточчыне палякі забараняюць.

З апісанага закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях у Польшчы выглядае, што польскі ўрад не з’яўляецца дэмакратычным.

Вера Рамук,

Чыкага, Іліной, ЗША


Прэс-канферэнцыя

У апошні дзень мінулага года Раённая пракуратура Беласток-Поўдзень склікала чарговую прэс-канферэнцыю ў справе „Нівы” з мэтай паінфармаваць журналістаў пра завяршэнне даследавання, пра якое стала вядома як у Польшчы, так і ў Беларусі. Нашу рэдакцыю, традыцыйна ўжо, не запрасілі, хаця 9 членаў Управы Праграмнай рады пракурор Бажэна Кішло палічыла вінаватымі ў парушэнні закона аб рахункаводстве, але з-за таго, што ніхто з іх раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і ад вынікаў „злачыннай” дзейнасці не атрымаў ніякай карысці, запрапанавала гадавы тэрмін “умоўнага” пакарання.

Апошнім часам дайшла з Варшавы вестка, што прапагандысты распаўсюджваюць інфармацыю, што ў “Ніве” заканспіравалася агентура Лукашэнкі. Хлусня мае большы шанец стаць праўдай, калі дасягае межаў абсурду.

Апошнія паўтара года на Беласточчыне надта выразна паказалі, якія ёсць рэальныя магчымасці выказваць свае погляды і меркаванні. Некаторыя пастаянныя чытачы маіх фельетонаў спрабавалі мяне далікатна паінфармаваць, што хаця маем свабоду слова, аднак трэба памятаць, што жывем у акрэсленым месцы на зямлі, і я, як гісторык, павінен пра гэта памятаць. Прыклад “Нівы” паказвае, што ў дэмакратычнай сістэме дзяржаўны апарат мае дастаткова сродкаў, каб нішчыць паасобных людзей, установы, арганізацыі, калі людзі гэтага апарату адчуваюць, што назапашваюць такім чынам капітал для свае кар’еры.

Яўген Мірановіч

“Ніва”. 2005. 9 студз.


Выжыванне

Яўген Вапа: “На новы 2005 год не разлічваю. У 2005 г. на беластоцка-беларускім панадворку з беларушчынай будуць надалей гуляць выканаўцы чыіхсьці палітычных заказаў. Так, як зараз адбываецца працэс ліквідацыі Беларускага дэмакратычнага аб’яднання – адзінай партыі нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Прысуд на нас ужо выдадзены. Адказ на ўсё гэта павінен быць адзін – мы хочам жыць па-беларуску. У 2005 г. у Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Выбарчая картка, аддадзеная на Беларускі выбарчы камітэт, будзе нашым супольным голасам і ў падтрымку “Нівы”, БДА, беларускага школьніцтва і культуры, надзеяй на выжыванне беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

“Ніва”. 2005. 2 студз.


Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне

Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне выкраслілі з рэгістра палітычных партый Польшчы. Так вырашыў Акруговы суд у Варшаве. “Гэта не адпавядае Канстытуцыі Польшчы,” – заяўляюць дзеячы партыі.

Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне (БДА) – адзіная палітычнай партыя ў Польшчы, якая дзейнічае ад 1990 г. БДА падала ў Апеляцыйны суд у Варшаве апеляцыю на рашэнне варшаўскага Акруговага суда, каб гэтай справай заняўся Канстытуцыйны трыбунал.

“Ніва”. 2005. 2 студз.


“Ліквідацыя афіцыяльнай тапанімікі”

Выйшла кніжка Яраслава Яновіча “Likwidacja oficjalnego nazewnictwa miejscowosci Bialostocczyzny pochodzenia bialoruskiego przez administracje rzadowa w latach 1921-2004. Dokumenty. Komentarze”. (“Ліквідацыя афіцыйнай тапанімікі беларускай меншасці Беласточчыны ў 1921-1924 гг.”). Справай змены дзяржаўнай адміністрацыяй беларускіх геаграфічных назваў Яраслаў Яновіч займаецца ўжо больш за дваццаць гадоў. Спрабаваў ён пры дапамозе сяброў з Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай стрымаць гэтую палітыку і нават запачаткаваць працэс вяртання беларускіх назваў. Аднак усё гэта выглядала так, быццам галавою хацеў разбурыць тоўстую бетонную сцяну.

Кніга адлюстроўвае шматгадовую працу Яраслава Яновіча, яго карэспандэнцыю з прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў, пералік населеных пунктаў, якім адміністрацыя памяняла назвы так, што загубілі яны беларускі характар, а часам і першапачатковы сэнс. Апублікаваная карэспандэнцыя, якую атрымлівалі Яраслаў Яновіч і Беларускі саюз, робіць прыгнятальнае ўражанне. Грамадзяніну, які патрабуе спыніць адну з форм асіміляцыі, армія чыноўнікаў, спасылаючыся на законы, пастановы, фармалістыку, згодным хорам адказвае “не”.

Каментарыі Яраслава Яновіча, якія датычаць выказванняў шматлікіх палітыкаў і публіцыстаў, паказваюць рэакцыю польскіх элітаў на лозунг „беларускім мясцовасцям вярнуць беларускія назвы”. Дзесяцігоддзі на Беласточчыне нічога не мяняецца. Якая-небудзь ініцыятыва беларусаў выклікае падобную рэакцыю. Заўсёды пачынаюць даказваць, што мы тут – вынік царскай русіфікацыйнай палітыкі. Мясцовы біскуп у 1993 г. сказаў нават, што да 1989 г. ніякіх беларусаў у Польшчы ўвогуле не было, прафсаюз “Салідарнасць” прымаў пастановы не дапусціць ніякіх беларускіх назваў да афіцыйнага ўжытку. Публіцысты прыпаміналі, што Польшча – дзяржава аднае нацыі; і тады каму патрэбныя беларускія назвы?

Якой-небудзь дыскусіі на інтэрнэтавых старонках беластоцкай “Gazety Wyborczej” аб мясцовых беларусах найчасцей спадарожнічаюць пажаданні, каб найлепш з’ехалі мы на ўсход, “да Лукашэнкі”, ці абы-куды, толькі каб не псавалі сваёй “рускай” прысутнасцю культурнага і монаэтнічнага краявіду.

“Ніва”. 2005. 16 студз.


Закон аб нацыянальных меншасцях

Напярэдадні праваслаўных Калядаў Сейм завяршыў працу над законам аб нацыянальных меншасцях. Працы над ім працягваліся ледзь не 15 гадоў.

Заявы і іншыя чыноўніцкія дакументы можна будзе падаваць у дванаццаці гмінах на беларускай мове, калі толькі такую волю будзе мець мясцовы самаўрад, значыць, лакальная рада. На такой жа мове павінен надысці адказ. Калі ўедзем у адну з тых гмін, не павінны нас здзіўляць табліцы, на якіх, апрача польскіх, будуць змешчаны назвы на беларускай мове. Так будзе, калі больш чым палова яе жыхароў выкажацца за такой прапановай.

Закон аб меншасцях разам з сенацкімі папраўкамі, што выклікала ўжо меншае рознагалоссе, а што надзвычай важнае для меншасных асяроддзяў, устанаўлівае між іншым супольную камісію ўрада і прадстаўнікоў названых у ім дзевяці нацыянальных і этнічных меншасцей. За датацыямі да меншасных мерапрыемстваў, часопісаў і г.д. могуць хадайнічаць па-за адкрытым конкурсам. Старацца за тое могуць таксама польскія арганізацыі, якія дзейнічаюць дзеля меншасцей альбо распаўсюджваюць іх культуру. Куратары асветы будуць абавязаны папулярызаваць у школах культуры меншасцей.

Цяпер закон чакае подпісу прэзідэнта Польшчы.

“Ніва”. 2005. 16 студз.


Без моладзі няма нацыі

Без моладзі няма нацыі, таму што нацыя – гэта працэс з працягласцю на пакаленні. Беларуская нацыянальная меншасць у Беластоцкім Краі яшчэ ўсё фармуецца. У пасляваенны час існавала яна як вясковая этнаграфічная група. У яе агульнаграмадскай свядомасці асобная іншасць зводзілася да рэлігійна-праваслаўнай тоеснасці і, часткова, моўнай асаблівасці.

Так было да 1980 года, да выбуху ў Польшчы “Салідарнасці”. Выходжанне маладых на першапланавыя ролі мела тут характар – іншы раз гвалтоўны, прабойны. У настроі класічнага канфлікту дзяцей з бацькамі. Пакаленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства – акрамя літаральна некалькіх выключэнняў – не падтрымала маладабеларускага руху, што, на першы погляд, можа падацца дзіўным. Бацькі актывістаў Беларускага аб’яднання студэнтаў, як і пазнейшага Звязу беларускай моладзі, засталіся пакаленнем этнаграфічных беларусаў, якіх задавальняў народны фальклор, песні і танцы, усякія фэсты і нічога болей. Яны не былі яшчэ беларускай нацыяй, беларускай нацыянальнай меншасцю, адно рэгіянальнай асаблівасьцю польскай тэрыторыі, паўночна-ўсходнім каларытам краіны.

Дочкі і сыны ўжо ведалі гісторыю Беларусі – ад Рагвалода ў дзесятым стагоддзі да Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне” ў нашы дні. Хадзілі пад знакамі Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга. Гаварылі па-беларуску не адно ў заціхлай вёсцы, але і на шумных бульварах Польшчы і далей, Еўропы. Іх свет не канчаўся ў акруговым Беластоку, а філасофія быту не фіналізавалася ў царкве, але ў канкрэтыцы нацыянальнае ідэі. Гэта былі народзіны беларускай нацыі Еўропы. У апошнія дэкады дваццатага стагоддзя ў другім тысячагоддзі ад Хрыста.

Трэба ганарыцца тым, што змена пакаленняў у нас не закончылася татальнай катастрофаю беларускай нацыянальнай меншасці. Маладыя беларусы перастаюць быць маладымі. I ў іх нараджаюцца дзеці, унукі “апошніх індзейцаў Еуропы”. Вырастаюць з іх нармальныя людзі, што не азіраюцца за сябе, гаворачы па-свойму, па-беларуску. Гэта гіганцкі здабытак нам. Тым больш, што ў іх заўсёдная альтэрнатыва адмежавацца ў польскасць. Палякамі ў нас робяцца тыя, у каго слабы характар або недавучанасць. Стацца палякам прасцей, не трэба столькі інтэлігентнасці, ані праяваў волі.

Працэс асіміляцыі спыняецца на парозе нацыянальнай інтэлігентнасці. Мацаванне беларускай нацыянальнай меншасці адбываецца дзякуючы маладым інтэлігентам, якіх у гады Беларускага грамадска-культурнага таварыства налічваліся адзінкі, прычым прымітыўна закамплексаваныя патомным мужыцтвам. Чаму пакаленне бацькоў не вылучыла нацыянальных лідэраў, хоць паяўляліся такія яшчэ ў даваенныя часы? Гэта стане зразумелым, калі ўлічым тую гістарычную акалічнасць, што ў камуністычных умовах мела месца вайна супраць сялянства як класа ўласнікаў.

Знікненне вёскі, таварызацыя сельскай гаспадаркі, пераўвасабляе беларускую нацыянальную меншасць з сялянскай у мяшчанскую. Дэмаграфічна яна паменшае, але культурна і інтэлектуальна набудзе дынамічнасці, як гэта зазвычай бывае з гарадскім элементам. Моладзь, былыя БАСаўцы, фанаты “Басовішча”, выспеляць ды стабілізуюць тут нашу нацыю. Мала таго – яны дадуць пачатак новай беларускай нацыі ў Еўропе, а менавіта нацыі беларускамоўных беларусаў як супрацьлегласць расейскамоўных за ўсходнім кардонам. Адсюль магчымая капітальная выснова: перастанем быць беларускай нацыянальнай меншасьцю ў Польшчы і Еўропе, перафармаваўшыся ў беларускамоўны малы народ Еўропы, што пражывае ў еўразвязавай Польшчы. Усяму гэтаму паспрыялі маладабеларусы, не столькі свядома, колькі ў моц аб’ектыўных законаў грамадскага жыцця.

Дзеці беларусаў-фалькларыстаў павырасталі проста на беларусаў, як палякі на палякаў, немцы на немцаў, французы на французаў. У кожным народзе спачатку было племя і потым ужо народ, нацыя. Мы толькі што выходзім з племя, крокамі маладых, ясная рэч.

Сакрат Яновіч

“Беларускі дайджэст”. 2004. снежань



Юбілеі 2005 года

1025 гадоў таму (980 г.) упершыню згаданы г. Тураў (“Аповесць мінулых гадоў”).

1025 гадоў таму (980 г.) – захоп Полацка князем Уладзімірам Святаславічам, паланенне князёўны Рагнеды.

875 гадоў таму (1130 г.) нарадзіўся Кірыла Тураўскі, пісьменнік-прапаведнік, царкоўны дзеяч, майстар аратарскай прозы.

850 гадоў таму (1155 г.) - першая летапісная згадка пра г. Мазыр.

675 гадоў таму (1330 г.) полацкія князі пачалі карыстацца пячаткай з Пагоняй.

675 гадоў таму (1330 г.) заключаны гандлёвы дагавор Полацка з Рыгаю. Яго тэкст – адзін з першых пісьмовых помнікаў, у якім фіксаваліся асаблівасці беларускай мовы.

575 гадоў таму (1430 г.) зрываецца каранацыя вялікага князя Вітаўта, бо асвечаную Папай карону скралі па загаду Ягайлы палякі.

535 гадоў таму (1470 г.) нарадзіўся Мікола Гусоўскі, беларускі паэт-гуманіст эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай літаратурнай школы, дзеяч славянскай культуры.

515 гадоў таму (1490 г.) нарадзіўся Францыск Скарына, беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік, гуманіст, філосаф, пісьменнік.

480 гадоў таму (1525 г.) выйшла першае ва ўсходнеславянскім свеце выданне “Апостала”, перакладзенага на беларускую мову Ф.Скарынам.

475 гадоў таму (1530 г.) нарадзіўся Сымон Будны, дзеяч беларускай  культуры, асветнік, гуманіст, тэолаг, рэлігійны рэфарматар, філосаф, гісторык, паэт.

475 гадоў таму (1530 г.) нарадзіўся Васіль Цяпінскі, беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік, выдавец, дзеяч рэфармацыйнага руху.

425 гадоў таму (1580 г.) – выданне беларускамоўнага “Евангелля” Васіля Цяпінскага.

420 гадоў таму (1585 г.) быў заснаваны Полацкі школьны тэатр. Існаваў да 1819 г.

275 гадоў таму (1730 г.) нарадзіўся Міхал Казімір Агінскі, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дзядзька кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, стваральнік тэатру, капэлы і балетнай школы ў Слоніме.

265 гадоў таму (1740 г.) быў створаны Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Існаваў да 1792 г.

225 гадоў таму (1780 г.) – заснаванне ў Магілёве тэатру.

165 гадоў таму (1840 г.) быў створаны тэатр В.Дуніна-Марцінкевіча. Існаваў да 1860-х гг.

150 гадоў таму (1855 г.) быў створаны Віленскі музей старажытнасцей, заснаваны Я.Тышкевічам і адкрыты ў 1856 годзе ў будынку Віленскага ўніверсітэту. Існаваў да 1914 г.

130 гадоў таму (1875 г.) нарадзіўся Марцін Кухта, друкар, выдавец кніг на беларускай мове.

100 гадоў таму (1905 г.) адбыліся першыя вечары беларускай нацыянальнай культуры ў Вільні, Мінску, Гродна, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах.

85 гадоў таму (1920 г.) быў створаны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы.

75 гадоў таму (1930 г.) нарадзіўся славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

70 гадоў з часу выдання (1935 г.) літаратурна-навуковага часопіса “Калоссе”, які выходзіў у Вільні на беларускай мове да 1940 г.

35 гадоў таму (1970 г.) пачаў выходзіць ілюстраваны культурна-гістарычны часопіс “Спадчына”.

15 гадоў таму (1990 г.) быў створаны Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Студзень у нашай гісторыі

1 студзеня – 15 гадоў з дня стварэння (1990) Слонімскага беларускага драматычнага тэатру.

1 студзеня 1467 г. нарадзіўся Жыгімонт I Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў 1506-48 гг.

1 студзеня 1831 г. уладамі Расійскай імперыі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.

1 студзеня 1861 г. нарадзіўся Яўхім Карскі, беларускі філолаг-славіст, мовазнавец, літаратуразнавец, фалькларыст, этнограф, палеограф, археограф, бібліёграф, педагог, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

1 студзеня 1919 г. у Вільні была заснаваная беларуская гімназія.

1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчана Савецкая сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.

1 студзеня 1920 г. нарадзіўся Барыс Рагуля, дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў 1940-я, адзін з кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі, пасля вайны ў эміграцыі (Бельгія, Канада), з 1971 г. намеснік прэзідэнта Рады БНР.

1 студзеня 1929 г. у Мінску была адчынена Беларуская Акадэмія навук (з 1991 г. Акадэмія навук Беларусі).

1 студзеня 1933 г. у Вільні выйшаў першы нумар газеты «Родны край» (выдавалася да 1936) – органа Таварыства беларускай асветы.

2  студзеня 1928 г. нарадзіўся Уладзімір Цвірка, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Англія, Бельгія), журналіст.

2  студзеня 1986 г. памёр Уладзімір Тарасевіч, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа (ЗША).

4 студзеня 1729 г. нарадзіўся Яўхім Храптовіч, грамадскі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладчык.

4 студзеня 1975 г. памёр Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч эміграцыі (ЗША).

4 студзеня 1952 г. нарадзіўся Юры Захаранка, генерал, былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін са зніклых без вестак апазіцыйных беларускіх палітыкаў.

6 студзеня 1892 г. нарадзіўся Адам Станкевіч, беларускі рыма-каталіцкі святар, грамадска-культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст.

7 студзеня 1995 г. памёр Мікола Панькоў, дзеяч беларускай эміграцыі, журналіст (Нямеччына, ЗША).

8 студзеня 1911 г. нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі, беларускі паэт, дзеяч БЦР і эміграцыі (у 1976 выехаў у СССР і бясследна знік).

11 студзеня 1862 г. выйшла першая нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.

12 студзеня споўнілася б 64 гады Уладзіміру Мулявіну.

12 студзеня 1591 г. Мінск атрымаў гарадскі герб.

13 студзеня 1841 г. нарадзіўся Ігнат Здановіч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г.

14 студзеня 1989 г. у Вільні на Другім Вальным сойме беларускіх суполак (доўжыўся два дні) была заснавана Канфедэрацыя беларускіх моладзевых суполак (66 арганізацый).

15 студзеня 1926 г. у Заходняй Беларусі выйшаў першы нумар сатырычнага часопісу «Маланка» (выдаваўся ў Вільні да 26 снежня 1928).

16 студзеня 1826 г. нарадзіўся Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г.

18 студзеня 1947 г. у Лондане адбыўся (ішоў два дні) першы ўстаноўчы з’езд Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ).

19 студзеня 1926 г. нарадзіўся Віктар Сянкевіч, беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, журналіст на эміграцыі (Вялікабрытанія, ЗША).

20 студзеня 1892 г. нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, беларускі грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец.

20 студзеня 1892 г. нарадзіўся Рыгор Шырма.

20 студзеня 1905 г. нарадзіўся Ян Пятроўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, выдавец, эмігрант (Нямеччына, Аўстрыя, ЗША).

20 студзеня – 100 гадоў з дня нараджэння Яна Пятроўскага, вядомага беларускага эміграцыйнага празаіка, перакладчыка, мемуарыста і выдаўца. Ян Пятроўскі да свайго 100-годдзя не дажыў тры гады.

21  студзеня 1818 г. нарадзіўся Адам Кіркор, беларуска-польскі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, грамадскі дзеяч.

21  студзеня 1840 г. нарадзіўся Станіслаў Ляскоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г.

22 студзеня 1863 г. пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

23 студзеня 1889 г. памёр Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінералог, нацыянальны герой Чылі.

23 студзеня 1938 г. быў расстраляны Вацлаў Ластоўскі, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, мовазнавец, літаратуразнавец, публіцыст, этнограф.

24 студзеня – 120 гадоў з дня нараджэння Юрыя Тарыча (1885–1967), беларускага рэжысёра, сцэнарыста, заснавальніка беларускай мастацкай кінематаграфіі.

26 студзеня 1990 г. беларуская мова была абвешчана ў Беларусі адзінай дзяржаўнай.

27 студзеня 1527 г. адбылася бітва ля ракі Алыпаніца (пад Кіевам) паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства было разбіта.

28 студзеня 1588 г. быў зацверджаны III Статут ВКЛ.

28 студзеня 1922 г. нарадзіўся Янка Жамойцін, беларускі грамадскі дзеяч, публіцыст, дзеяч беларускай эміграцыі (Польшча).

29 студзеня 1884 г. нарадзіўся Антон Луцкевіч (ці 30-га), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, старшыня Ураду БНР.

30 студзеня 1922 г. у Мінску быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

ВЕСТКІ

Па папярэдняй ацэнцы, колькасць насельніцтва Беларусі за 2004 г. паменшылася на 49,9 тыс. чалавек і склала на 1 студзеня бягучага года 9 млн. 799,2 тыс. чалавек. Найбольшы паказчык натуральнага змяншэння насельніцтва быў у Віцебскай вобласці.

“AFN”. 2005. 20 студз.

Кіраўніцтва тэлеканала “ЛАД” адмовілася ад трансляцыі навінаў “Euronews”. Прычыну адмовы ў прэс-службе беларускага тэлебачання тлумачаць тым, што гэта стала занадта дарагім задавальненнем.

“Белорусская деловая газета”. 2005. 18 студз.

У 2005 годзе Беларусь плануе арганізаваць 11 нацыянальных выстаў за мяжой. Сярод краін, дзе пройдуць беларускія экспазіцыі, – Расія, Польшча, Літва, Германія, Турцыя, В’етнам і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

“Агенцтва тэлевізійных навін”. 2005. 10 студз.

Беларусь апынулася на 143-м месцы з 155-ці ў штогадовым рэйтынгу эканамічнай свабоды. Яго складаюць амерыканскі “Фонд спадчыны” ды газета “The Wall Street Journal”. На думку складальнікаў даклада, Беларусь займае месца перад Нігерыяй і Таджыкістанам у групе “ў асноўным несвабодных эканомік”.

“Народная Воля”. 2005. 6 студз.

Апублікаваны штогадовы рэйтынг працягласці жыцця ў розных краінах. Такі рэйтынг служыць звычайна паказчыкам якасці жыцця. Эстонія – 118-е месца, Літва і Латвія на 124-м і 130-м месцах. Усе астатнія краіны былога СССР знаходзяцца ніжэй. 139-ю пазіцыю займае Беларусь з паказчыкам у 68,43 года. Замыкае спіс Мазамбік, дзе людзі ў сярэднім жывуць усяго 31 год.

www.charter97.org

Гродзенскія ўлады падалі заяўку на занясенне гадзінніка на Фарным касцёле ў беларускую кнігу рэкордаў – як найстарэйшага з дзейных вежавых гадзіннікаў Еўропы. Аснова механізма захавалася з XVI ст. У 1992-1997 гг. гадзіннік быў канчаткова адноўлены: цяпер ён адбівае нават чвэрці гадзіны.

“Наша ніва”. 2005. 7 студз.

16 студзеня ў Бялынічах (Магілёўшчына) асвяцілі храм Бялыніцкай Божай Маці, які будавалі цягам чатырох гадоў. Са старой праваслаўнай царквы сюды перанеслі копію цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, які лічыцца святыняй і для каталікоў, і для праваслаўных.

Гісторыя бажніцы – гісторыя дзесяткаў праваслаўных цэркваў у Беларусі. Напачатку гэта быў каталіцкі храм, адзін з найпрыгажэйшых на нашых землях, пабудаваны на сродкі канцлера Сапегі. У час хрысціянскіх святаў у мястэчку збіраліся тысячы паломнікаў. У 1761 г. у Рыме Папа Бенедыкт XІV урачыста каранаваў абраз, з таго часу касцёл стаў еўрапейскай знакамітасцю, тут стала жыў папскі нунцый, а ў Бялынічы пацягнуліся пілігрымы. У 1857 г. храм згарэў, а праз два гады на ягоным месцы быў пабудаваны новы. Але праіснаваў ён нядоўга: у 1876 г. яго перарабілі пад праваслаўную царкву, якую ўжо ў 1960-х знеслі.

“Наша ніва”. 2005. 21 студз.

З просьбай аб выратаванні айчыннай навукі радыкальна настроеныя беларускія вучоныя вырашылі звярнуцца да прэзідэнта краіны. Прычынай гэтага кроку стаў праект новага статута Нацыянальнай Акадэміі навук.

“Белорусская деловая газета”. 2005. 18 студз.

Група мовазнаўцаў практычна завяршыла сваю працу над новым Зводам правілаў класічнага правапісу (правапіс да савецкай рэформы 1933 года). Праект дасланы на апошнія рэцэнзіі. Мяркуецца, што пасля надрукавання ім будуць кіравацца незалежныя выданні, і скончыцца разнабой.  Класічны правапіс вярнуўся ў беларускі друк 15 гадоў таму. Ён прыстасаваўся да сучасных моўных рэаліяў. Зараз праект разасланы на рэцэнзію ў 25 выданняў і інстытуцыяў, у тым ліку Беларускую асацыяцыю журналістаў, Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук, газеты “Звязда”, “Наша Ніва”, часопісы “Роднае слова”, “Arche”, “Дзеяслоў”, асобным людзям накшталт а. Аляксандра Надсана, Уладзіміра Арлова, Аляксея Рагулі і інш.

“Наша ніва”. 2005. 21 студз.

Крыху больш за 200 тысяч чалавек не хапае Мінску для таго, каб стаць горадам з 2-мільённым насельніцтвам. Калі дакладней, то, па даных Мінскага гарадскога ўпраўлення статыстыкі, у сталіцы пражывае 1 мільён 750 тысяч 200 чалавек. Па аптымістычным варыянце прагнозу, колькасць мінчукоў да 2020 года складзе 2 мільёны 300 тысяч, па песімістычным – 1 мільён 800 тысяч.

Цікава, што па даных таго ж упраўлення, колькасць тых, хто працуе ў апараце структур дзяржулады і кіравання, судовых і юрыдычных установах, на 1 лістапада мінулага года склала 16,5 тысячы чалавек. Іначай кажучы, амаль на кожных 10 жыхароў прыходзіцца адзін кіраўнік.

Дарэчы, жанчын у органах дзяржулады Мінска больш, чым мужчын – ажно 64%.

“Народная воля”. 2005. 21 студз.

Беларусь застаецца ў дваццатцы найбуйнейшых экспарцёраў зброі ў свеце, заявіў у сераду ў інтэрв’ю радыё “Свабода” начальнік упраўлення кампаніі “Белтэхэкспарт”, якая займаецца пастаўкамі зброі за мяжу, Вячаслаў Шэйда. Беларускі МЗС у сваёй гадавой справаздачы не падае краінаў, у якія прадаецца беларуская зброя.

“Наша ніва”. 2005. 14 студз.

Паводле распараджэння адміністрацыі прэзідэнта ад 1 студзеня забаронены выезд на аздараўленне за мяжу школьнікаў з Беларусі ў часе вучобы. Такім чынам беларускія ўлады пачалі рэалізацыю загаду А.Лукашэнкі, які 17 лістапада ў Нацыянальным сходзе загадаў звесці “не проста да мінімуму, а практычна да нуля” выезд дзяцей на аздараўленне за мяжу.

www.charter97.org

МЗС вынайшла новы Інструмент нарошчвання экспарту. За мяжой будуць ствараць гандлёвыя кампаніі, чый капітал на 100% будзе знаходзіцца ў руках дзяржавы. Праз гэтыя фірмы будуць прадаваць беларускія тавары за мяжой, а таксама набываць неабходную мясцовую прадукцыю. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі.

Расія падняла цану на газ на 18%. А.Лукашэнка загадаў адпаведна павялічыць тарыфы на транзіт газу. Пакуль гэтага не зроблена, трэба чакаць росту сабекошту прадукцыі айчынных прадпрыемстваў.

“Наша ніва”. 2005. 14 студз.

    Ад рэдакцыі: з 1 студзеня 2005 года ўступае ў сілу Федэральны закон “Аб унясенні зменаў у артыкул 112 Працоўнага кодэксу Расійскай Федэрацыі”, дзе дзень 4 лістапада абвяшчаецца “Днём народного единства”. Якім быў гэта дзень з погляду беларускай гісторыі, прапануе прасачыць прафесар А.Грыцкевіч.

Погляд у гісторыю.

У Расійскай Федэрацыі галоўным дзяржаўным святам з’яўляецца Дзень незалежнасці (12 чэрвеня) – дзень прыняцця 1-ым з’ездам дэпутатаў РСФСР Дэкларацыі аб незалежнасці (1990 г.), якой абвяшчаўся дзяржаўны суверэнітэт Расіі. А 7 лістапада стала адзначацца як дзень прымірэння і згоды. Лічылася, што такім чынам можна прымірыць народ Расіі, і згодных з камуністычным рэжымам, і яго праціўнікаў. Зразумела, што назва аказалася штучнай.

Руская праваслаўная царква і Міжрэлігійны Савет Расіі выступілі з ініцыятывай замяніць свята 7 лістапада на іншы дзень, блізкі па часе. Патрыярх Алексій II прапанаваў дзень 4 лістапада, дзень заканчэння Смуты ў Расійскім царстве ў пачатку ХVII ст., матывуючы тым, што якраз у гэты дзень Масква была вызвалена апалчэннем К.Мініна і Дз.Пажарскага ад “польска-літоўскіх інтэрвентаў”. Прапанавана гэты дзень абвясціць у Расіі Днём  адзінства народа.

Аднак Смута ў Расіі не скончылася ні ў 1612 г., ні ў 1613 г. з абраннем царом Міхаіла Раманава, родапачынальніка царскай дынастыі Раманавых. Барацьба як унутры Расіі, так і з фармальна абвешчаным у Маскве ў 1610 г. царом, каралевічам Уладзіславам Сігізмундавічам (як яго называлі ў Расіі), які потым у 1632-1648 гг. быў каралём польскім і вялікім князем Літоўскім і за якога  ў 1613-1618 гг. выступала нямала рускіх баяраў, дваран, гараджан, казакоў і сялян, працягвалася ажно да 1618 г., калі ўрэшце было заключана Дэулінскае перамір’е.

Да таго і дата 4 лістапада не супадае з датай поўнага вызвалення Масквы. Дарэчы, правільна было б назваць вызваленне Масквы ад польска-беларускіх акупантаў, бо шляхта з Беларусі складала значную частку гарнізона Масквы. У інтэрвенцыі ў Расію ўдзельнічала і 12 рот выбранецкай пяхоты Вялікага Княства Літоўскага, з іх – 10 з беларускіх паветаў.

Сярод камандавання гарнізона Масквы былі беларускія шляхціцы. Адным палком  войска Вялікага Княства Літоўскага камандаваў палкоўнік Язэп Будзіла, харунжы Мазырскі (ганаровы тытул павятовай шляхты), другім палком – палкоўнік Эразм Стравінскі (са шляхты Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Камандзірам гарнізона быў палкоўнік Мікалай Струсь, падольскі шляхціц з Украіны. Яму падпарадкоўваліся польскія жаўнеры.

Маскву ад акупантаў вызвалялі ратныя людзі (вайскоўцы-дваране і апалчэнцы) апалчэння К.Мініна і князя Дз.Пажарскага, да якіх далучыліся казакі пад кіраўніцтвам князя Дз.Трубяцкога. Масква была імі вызвалена ў жніўні 1612 г., за выключэннем цэнтральнай часткі горада: умацаваных крэпасцей Кітай-горада і Крамля. Апалчэнне ўзяло штурмам Кітай-горад 22 кастрычніка 1612 г. Акупацыйнае войска адступіла ў Крэмль, дзе гарнізон (каля 1,5 тысяч чалавек) трымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.

Згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку выпусцілі з Крмаля рускіх баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. На наступны дзень, 28 кастрычніка 1612 г. капітуляваў гарнізон Крамля. Я.Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Дз.Пажарскага, а М.Струсь з іншымі жаўнерамі – праз некалькі брам на Красную плошчу1 – да казакоў Дз.Трубяцкога. Жаўнеры Я.Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі і шмат каго забілі. Сведка гэтых падзеяў запісаў: “По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей  посекоша, а больших панов по темницам засадиша”.

Дзень 4 лістапада як дзень народнага адзінства не адпавядае гістарычным фактам і падзеям. Пасля ўзяцця Масквы Ніжагародскім апалчэннем К.Мініна і Дз.Пажарскага, Смута ў Расіі працягвалася. Яшчэ дзейнічалі казацкія атрады, што былі прыхільнікамі царыцы Марыны (Мнішак) і яе маленькага сына Івана, сына Ілжэдзімітрыя II (беларускага паходжання, са Шклова). Яны не прызналі выбар цара Міхаіла Раманава. У 1614 г. Марына Мнішак з сынам былі схоплены. трох гадовы хлопчык быў павешаны, а Марына памерла ў турме. Як адзначае расійскі гісторык С.М.Салаўёў: “Нагаі спусташалі ўскраіны, пераправіліся праз Аку, паваявалі каломенскія, серпухоўскія, бароўскія месты і прыходзілі нават у Дамадзедаўскую падмаскоўную воласць. Ратныя людзі рабавалі на дарогах, не атрымліваючы жалавання.”

У 1617-1618 гг. каралевіч Уладзіслаў з войскамі пайшоў здабываць сваё Маскоўскае царства, то да яго далучыліся некаторыя ваяводы, дваране, гараджане і сяляне. (У Маскве пасля яе вызвалення ў 1612 г. зноў узяла “сямібаяршчына”, якая ў свой час, у 1610 г. пасля звяржэння цара Васіля Шуйскага капітулявала перад польска-беларускім войскам.) “Сямібаяршчына” прыняла прысягу на вернасць новаму цару, 15-гадоваму каралевічу Уладзіславу Сігізмундавічу (як яго называлі ў Маскве), сыну караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы. Разам з “сямібаяршчынай” прысягу на вернасць цару Уладзіславу тады далі масквічы і жыхары іншых гарадоў Расіі. Каралевічу была адаслана крыжацалавальная грамата аб яго выбранні з подпісамі баяраў, дваран і прадстаўнікоў гараджан.

У склад новага ўрада Расіі пасля абрання ў лютым 1613 г. на Земскім саборы новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, акрамя “сямібаяршчыны”, увайшлі і прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Ілжэдзімітрыя  II, а пасля яго смерці – Уладзіслава і акупантаў.

А бацька Міхаіла Раманава, насільна пастрыжаны ў манахі па загаду Барыса Гадунова, “тушынскі” патрыярх Філарэт (пры  Ілжэдзімітрыі II) раней агітаваў за кандыдатуру каралевіча Уладзіслава. Філарэт нават узначаліў пасольства да караля Жыгімонта пад Смаленск (які прымаў у аблозе кароль), каб кароль даў згоду адпусціць на царства свайго сына. Там ён быў затрыманы і адпраўлены як закладнік  у Варшаву. Пасля падпісання Дэулінскага перамір’я  ў снежні 1618 г. патрыярх Філарэт вярнуўся ў Маскву і стаў фактычна кіраваць Расіяй.

Такім чынам, прапанаваная ў Расіі дата новага свята ў лістападзе, вызвалення Масквы ад польска-беларускіх акупантаў, не стасуецца ні з народным адзінствам, ні з датамі гістарычных падзеяў, а стасуецца з царкоўным святам Рускай праваслаўнай царквы. На гэтае несупадзенне, дарэчы, указваюць і некаторыя расійскія палітыкі і вучоныя.

Што да Беларусі, то мы па-ранейшаму святкуем расійскае бальшавіцкае свята, якое не мела непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі, нашага нацыянальна-вызвольнага руху, адраджэння нашай дзяржавы. Праўда, наступствы прыходу да ўлады бальшавікоў мелі згубныя вынікі для нашай краіны, была страчана наша незалежнасць, абвешчаная Радаю БНР 25 сакавіка1918 года. З-за далучэння тэрыторыі Беларусі да савецкай Расіі бальшавіцкае свята 7 лістапада (яшчэ і са сталінскай назвай) стала дзяржаўным у БССР як складовай частцы СССР, а ў канцы ХХ ст. зноў і ў Рэспубліцы Беларусь.

Заўвага: Красная (“красівая” – прыгожая), а не Чырвоная (А.П.Грыцкевіч)

 Анатоль Грыцкевіч,
прафесар, доктар гістарычных навук

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by