Восьмы iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусы ў свеце"

Змест:

Віншаванні

Кіраўніцтва МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" шчыра віншуе Адама Мальдзіса з юбілеем, 70-годдзем з дня нараджэння!

Адам Восіпавіч не толькі выдатны беларускі вучоны ў галіне літаратуразнаўства і гісторыі культуры беларусаў, не толькі пісьменнік, публіцыст, але і шырокавядомы грамадскі дзеяч нашай краіны, прызнаны за яе межамі. Шэраг яго манаграфій і шматлікіх навуковых артыкулаў па гісторыі беларускай культуры ХVII-ХIХ стагоддзяў, па беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх літаратурных дачыненнях стала ўвайшлі ва ўжытак навукоўцаў і студэнтаў. Пастаянная арганізацыйная праца сп. Мальдзіса паставіла Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны ў шэраг важнейшых навуковых устаноў Беларусі. Энцыклапедычнае значэнне мае бібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі", які выйшаў пад кіраўніцтвам Адама Восіпавіча. Часопіс "Канакты і дыялогі" з яго навуковымі артыкуламі змяшчае біяграфіі прадстаўнікоў беларускага замежжа. Адам Восіпавіч адзін з дзеячоў беларускай інтэлігенцыі, хто яшчэ ў савецкі час пачаў справу Беларускага Адраджэння, якая шмат у чым садзейнічала падрыхтоўцы да абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г.

Яшчэ раз шчыра віншуем Вас, дарагі Адам Восіпавіч, зычым Вам шмат гадоў жыцця, добрага здароўя, плённай творчай працы і новых поспехаў на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

З базы дадзеных

Вентспілскае беларускае нацыянальна-культурнае згуртаванне "Спадчына"

Заснавана ў студзені 1999 года. Асноўныя накірункі дзейнасці згуртавання - адраджэнне беларускага фальклору, мовы і традыцый; сувязі з Бацькаўшчынай; развіццё турызму і прадпрымальніцтва паміж беларусамі Вентспілса і суайчыннікамі на радзіме; удзел у працэсах інтэграцыі латвійскага грамадства; аб'яднанне беларусаў Латвіі і Балтыі. Зараз згуртаванне аб'ядноўвае каля 50 сябраў.

Старшыня згуртавання - Мікалай Жаўрыд, намесніца старшыні - Алена Нарушэвіч.

"Спадчына" - маладая арганізацыя, але брала ўдзел ў шматлікіх мерапрыемствах, якія ладзіліся як ёй самой, так і іншымі арганізацыямі беларусаў Латвіі.

Згуртаванне зацікаўлена ў развіцці сувязяў і наладжванні плённага супрацоўніцтва з арганізацыямі ў Беларусі па наступных накірунках: турызм, прадпрымальніцтва, сяброўства гарадоў Латвіі і Беларусі, абмен дэлегацыямі, дапамога ў заснаванні беларускай нядзельнай школы і беларускага фальклорнага ансамбля, інфармацыйны абмен.

Беларуска-Амерыканскае задзіночанне (БАЗА)

БАЗА з'яўляецца найбуйнейшай беларуская арганізацый у ЗША, была заснавана ў 1949 годзе ў Нью-Ёрку. Закладальнікамі БАЗА былі Мікола Гарошка, Мікола Дарашэвіч, Уладзімір Машанскі, др. Янка Станкевіч, Янка Ніхаёнак, др. Аляксандар Орса, Міхась Тулейка. У 1950 годзе арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнанне з боку амерыканскіх уладаў. 20.09.1950 г. з'явіўся першы нумар друкаванага органу БАЗА - газета "Беларус".

У 1950-1953 гады ўзніклі аддзелы ў Манхатане, Брукліне, Мэспэце (Кўінз), якія пазьней былі аб'яднаныя ў Нью-Ёркскую акругу БАЗА. У 1951 годзе быў заснаваны аддзел ў Кліўлендзе (Агаё). 15 кастрычніка 1951 года беларуская грамада Нью-Ёрку набыла будынак пад Беларускі Народны Дом і сабор Беларускай Аўтакефальнай Праваславнай Царквы ў Брукліне.

У 1950-х гадах паўсталі аддзелы таксама ў Нью-Брансвіку і Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі), Дэтройце (Мічыган), Стэмфадзе (Канэктыкут), Бікане (Нью-Ёрк), Спрынгфілдзе (Масачусэтс), Пэорыі (Ілінойс), дэлегатуры ў Джэрсі-Сіты (Нью-Джэрсі), Атланце (Джоржыя). У 1953-1958 гг. Згуртаванне Беларусаў у Штаце Ілінойс фактычна з'яўлялася Чыкагскім аддзелам БАЗА.

У 1959 быў зансаваны Лос-Анджэлскі аддзел (Каліфорнія). У 1965 годзе быў створаны Лонг-Айлэндзкі адзел, які ў 1975 годзе ўліўся ў Нью Ёркскую акругу. У сярэдзіне 60-х існаваў аддзел у Новай Англіі. У 1979 годзе паўстаў аддзел у Вашынгтоне (акруга Калумбія). У ліпені 1999 году быў адноўлены аддзел у Новай Англіі (Бостан, Масачусэтс).

Зараз сходы Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА збіраюцца раз на месяц, кожную другую суботу месяца а 7-й гадзіне ўвечары ў Фундацыі імя П.Крэчэўскага.

Беларуска-амерыканскае задзіночанне ладзіць чарговую 25-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі 31-га жніўня - 2-га верасня 2002-га году ў Хайлэнд Парку, штат Нью-Джэрсі.

Навіны

Лондан, Англія

З'езд Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі. 22 чэрвеня 2002 году адбыўся 56-ты агульнагадавы З'езд Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі, які пачаўся з сумнай навіны: 20 чэрвеня ў Таронта памёр Уладыка Мікалай. Уладыка Мікалай - адзін з пачынальнікаў Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Раніцай 22 чэрвеня перад адкрыццём з'езду айцец Аляксандар Надсан адслужыў малебен у знак светлай памяці Уладыкі Мікалая. Згуртаванне Беларусаў Вялікай Брытаніі за апошні час страціла пяць сваіх сяброў. Сябры ЗБВБ ушанавалі памяць хвілінаю маўчання.

З'езд ЗБВБ адбыўся ў залі Беларускага рэлігійна-культурнага цэнтру ў Лондане. Адкрылала з'езд старшыня Згуртавання спадарыня Алена Міхалюк і перадала слова айцу Аляксанду дзеля малітвы. У склад прэзідыума былі абраныя: спадар Швэдзюк - старшыня, спадары Шаўцоў і Пяткевіч - сакратары. Алена Міхалюк зачытала справаздачу ўступаючай Галоўнай Управы ЗБВБ. Мінулай восенню Згуртаванне наладзіла сустрэчу з беларускім рэжысёрам Віктарам Дашуком, які прывёз і прадэманстраваў зняты ім новы фільм пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. 1-га снежня мінулага года адбылася акадэмія з нагоды ўгодкаў Слуцкага паўстання. Ад імя беларусаў Вялікай Брытаніі спадарыня Міхалюк перадавала на радыё "Свабода" каляднае і навагодняе прывітанне ўсім беларусам свету. На з'ездзе быў зачытаны ліст, які Згуртаванне Беларусаў Вялікай Брытаніі даслала Каралеве Элізабэт II з нагоды 50-ці гадовага юбілею каранавання. Аднагалосна было прынятае рашэнне падзякаваць Галоўнай Управе ЗБВБ за самаадданую працу.

У новую Галоўную Управу былі абраныя: спадарыня Алена Міхалюк - старшыня, спадар Павал Шаўцоў - заступнік старшыні, спадар Сяргей Пяткевіч - скарбнік, спадарыня Алена Сенька - сакратар, спадарыня Джоан Дзейка - сябра Управы.

На закрыццё З'езду ўсе прысутныя адспявалі беларускі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Ад імя Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі
Лілія Сазанавец

Вільня, Літва

ІІІ канферэнцыя беларусаў Балтыі. 13-14 ліпеня 2002 г. у Вільні прайшла ІІІ канферэнцыя беларусаў Балтыі. Арганізатарам каферэнцыі выступіла Таварыства беларускай культуры Літвы на чале з кіраўніком Хведарам Нюнькам. У працы форуму бралі ўдзел прэзідэнт Рады БНР Івонка Сурвіла, старшыня Кансерватыўнай партыі БНФ Зянон Пазняк, спікер Вярхоўнага Савета 12 склікання Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, акадэмік Радзім Гарэцкі, прэзідэнт МГА "Згуратванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч і іншыя вядомыя асобы. Беларускую дыяспару далёкага замежжа прадстаўлялі Алена Міхалюк (Вялікая Брытанія), Янка Жучка (Бельгія), Міхась Навумовіч (Францыя). У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэлегацый з Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Расіі (Калінінграда), Чэхіі.

У адмысловым лісце Канферэнцыю прывітаў Прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, з трыбуны выступілі першы віцэ-спікер Сойму Літвы Чэславас Юршэнас, лідэр Партыі кансерватараў, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс; у залі таксама прысутнічалі кіраўнік камісіі па НАТА Літоўскага Сойму, беларус Вацлаў Станкевіч ды сябра Сойму Літвы, кіраўнік арганізацыі былых ссыльных і палітвязняў Літвы Антанас Стасічкіс.

    Дэлегаты Канфрэнцыі абмеркавалі становішча ў Беларусі, праблемы ўступлення дзяржаваў Балтыі ў Еўразвяз і НАТА, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з культурнымі і адраджэнскімі патрэбамі землякоў у гэтай частцы Еўропы. На Канферэнцыі былі прыняты наступныя выніковыя дакументы:
  • Два звароты да Польскага ўраду з просьбай захаваць радыёстанцыі, якія транслююць на Беларусь з Польшчы (Радыё Рацыя і беларуская служба Radio Polonia).
  • Рэзалюцыя па падтрымцы будучага ўступлення Літвы, Латвіі і Эстоніі ў НАТА і ў Еўрапейскі Эканамічны Звяз і заклік да Еўракамісіі не ізаляваць Беларусь ад Еўропы.
  • Зварот, прысвечаны праблеме незалежнасці Беларусі.
  • Зварот па праблеме адраджэння віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча.

У межах культурнай праграмы Канферэнцыі былі арганізаваны экскурсіі па старым горадзе ў Вільні, выстава мастакоў-беларусаў з суполкі "Маю гонар" (Латвія), канцэрт гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса" (Беларусь), арганізаваны пры дапамозе Згуртавання "Бацькаўшчына".

Іркуцк, Расія

22-23 чэрвеня 2002 г. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага святкавала Купалле, на якім прысутнічала каля 500 чалавек. Былі таксама прадстаўнікі азербаджанскай, бурацкай дыяспар. Святкаванне праходзіла ў вёсцы Тургенеўка. Дарэчы, хутка адбудзецца святкаванне 90-годдзя з дня заснавання гэтай вёскі, дзе пражываюць беларусы. І пачала яна сваё існаванне з трох беларускіх сем'яў. Таксама пры ТБК створаны і дзейнічаюць беларускі народны хор "Варэнічкі" і дзіцячы самадзейны гурток "Рушнічок". З верасня пачынае працаваць нядзельная беларуская школа па вывучэнні беларускай мовы і гісторыі. Ствараецца музей гісторыі заснавання вескі Тургенеўка, вялікую падтрымку ў стварэнні якога аказвае Уладзімір Якавенка - старшыня Савета ІТБК.

Вільня, Літва

Таварыства беларускай культуры ў Літве праз СМІ звярнулася да Саюзу беларускіх пісьменнікаў з заявай, у якой выказала занепакоенасць стаўленнем уладаў Беларусі да адраджэння беларускай культуры, да беларускага школьніцтва, да беларускіх пісьменнікаў, якіх на працягу апошняга стагоддзя масава знішчалі антыбеларускія рэжымы. ТБК канстатуе, што зараз фактычна ідзе ліквідацыя беларускай мовы і саміх беларусаў як нацыі. У сваім звароце ТБК выступіла з асуджэннем тых пісьменнікаў у Беларусі, якім не хапіла мужнасці ў крытычны момант салідарна выйсці на абарону сваёй маёмасці - Дома Пісьменнікаў. Таварыства беларускай культуры ў Літве выказала рашучы пратэст беззаконню ўладаў і патрабуе вярнуць Дом Пісьменнікаў законным гаспадарам.

Зварот падпісалі восем сяброў Рады ТБК.

Чыкага, ЗША

Сустрэча беларускага зямляцтва. Пяць гадоў таму эмігранты з рэспублік былога Саюзу ўтварылі добраахвотную грамадскую арганізацыю - Асацыяцыю "Землякі". Побач з іншымі ўтварылася і беларускае зямляцтва. Чарговая сустрэча беларусаў адбылася 14 ліпеня ў гасціннай залі чыкагскага ОРТ-інстытуту. Яна была прысвечана чарговай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і двум знамянальным ліпеньскім юбілеям: 120-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і 115-годдзю Марка Шагала.

Адкрыў урачыстасць прэзідэнт беларускага зямляцтва Асацыяцыі "Землякі" Іосіф Кацман. У сваім лірычным вершы, які ён напісаў спецыяльна да гэтай сустрэчы, ён заклікаў усіх "адкінуць слова "настальгія" і проста ўспомніць Беларусь". Усіх прысутных вітаў дырэктар ОРТ-інстытута Артур Элдар. Быў паказаны слайд-фільм, падрыхтаваны кіраўніцтвам беларускага зямляцтва. Прысутныя ўбачылі краявіды гарадоў і вёсак Беларусі, цікавыя архітэктурныя помнікі, непаўторныя лірычныя пейзажы беларускай зямлі. М.Рапапорт суправаджала паказ чытаннем славутай "Спадчыны" Янкі Купалы, урыўкаў з "Новай зямлі" Якуба Коласа, вершаў беларускіх паэтаў Міколы Аўрамчыка, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Сяргея Панізніка. Музычную праграму паспяхова вёў Аркадзь Пеўны. Спецыяльнымі прызамі былі ўзнагароджаны актыўныя ўдзельнікі ўсіх пяці папярэдніх сустрэч беларускага зямляцтва.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Брусэль, Бельгія

Арганiзацыя ўцекачоў з Беларусi за мяжой, якая мае назву "Беларускi цэнтр у Бельгii", пад кiраўнiцтвам Iгара Лазарчука ў рамках кампанii "Хочам ведаць праўду" ладзiць у бельгiйскай сталiцы ў панядзелак, 8 лiпеня, пiкетаванне беларускай амбасады. Асноўная мэта акцыi, як сцвярджаюць арганiзатары, "выказаць пратэст наступам на свабоду слова ў Беларусi i выразiць салiдарнасць са сваякамi i знаёмымi тэлеаператара ГРТ Змiцера Завадскага, якi быў скрадзены ў лiпенi 2000 года, а таксама з асуджанымi нядаўна журналiстамi газеты "Пагоня" Мiкалаем Маркевiчам i Паўлам Мажэйкам". Нагадаем, што пiкет у Бруселi з'яўляецца часткай серыi акцый пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусi, якiя ладзiць Беларускi цэнтр у Бельгii. Раней неаднаразова арганiзоўвалiся пiкеты каля беларускай амбасады, Еўрапейскага парламента, Савета Еўропы ў французскiм Страсбургу, Мiжнароднага суда ў Гаазе. Дарэчы, нiякай рэакцыi з боку прадстаўнiкоў беларускiх уладаў у Бельгii, згодна са словамi сп. Лазарчука, на iх акцыi да гэтага моманту не назiралася.

"Народная Воля". 2002. 6 ліп.

Cтаршыня рады БНР

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая цяпер знаходзіцца ў Вільні, накіравала Ноту на адрас Міністэрства замежных справаў Расійскай Федэрацыі. Нагодай было выказванне кіраўніка расійскага замежнапалітычнага ведамства Ігара Іванова. "У сваім інтэрв'ю маскоўскай газеце "Известия" 10 ліпеня 2002 года, якое было перадрукаванае са скарачэннямі ў варшаўскай "Rzeczpospolita" 11 ліпеня 2002 года, - гаворыцца ў Ноце, - міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Ігар Іваноў выказаўся за стварэнне "транзіту", які дасць магчымасць свабоднага праезду грамадзянаў РФ у Калінінград праз тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

На пытанне, як разумець паняцце "транзіт", міністр адказаў: "Рух праз тэрыторыю Літвы ад адной расійскай мяжы да другой". Аднак міністр замежных спраў Расіі не можа не ведаць, што Літва, акрамя мяжы з Калінінградскай вобласцю, не мае іншай мяжы з Расіяй - яна мяжуе з Беларуссю. Трэба меркаваць, што менавіта гэтую мяжу і мае на ўвазе міністр", - гаворыцца ў Ноце Старшыні Рады БНР. Івонка Сурвіла лічыць, што "такая заява кіраўніка расійскага замежнапалітычнага ведамства не можа быць вынікам звычайнай агаворкі. Гэтыя словы выяўляюць ігнараванне Масквой Беларусі як незалежнай і суверэннай дзяржавы, што абсалютна недапушчальна ў практыцы міждзяржаўных стасункаў".

Радыё "Свабода". 2002. 13 ліп.

Весткі з Беларусі

З 1 кастрычніка 2001 года з перыядычнасцю 2 разы на месяц на Палтаўскім дзяржаўным абласным тэлебачанні "Лтава" выходзіць цыкл перадач "Пра Беларусь з любоўю". Кожная перадача - гэта новая старонка гісторыі, культуры, духоўнасці Беларусі. Гэты цыкл - сумесны праект, створаны намаганнямі рэдактара тэлебачання Іны Дзідык (Снарскай), рэжысёра Дзмітрыя Старыкава, а таксама іх калег з Белвідэацэнтра (Мінск) пад кіраўніцтвам Віктара Шавялевіча.

На сённяшні дзень праект знаходзіцца пад пагрозай зрыву з-за амаль поўнай адсутнасці фінансавання. На жаль, аўтару праекта Іне Дзідык не ўдалося знайсці зацікаўленых ў выхадзе перадач асоб ні ў Беларусі, ні на Украіне, акрамя пробашча касцёлу св. Сымона і св. Алены ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка, які ў мінулым годе прафінансаваў прыезд у Мінск палтаўскіх журналістаў. У гэтым годзе І.Дзідык і Д.Старыкаў за ўласны кошт прыехалі ў Магілёў на фестываль "Магутны Божа", каб зрабіць перадачу пра гэтую падзею. Усе 5 дзён Палтаўскае тэлебачанне працавала на фестывалі і гэта ў той час, калі прадстаўнікоў БТ так і недачакаліся.

Шаноўнае спадарства! Адгукніцеся, дапамажыце выжыць цудоўнаму праекту. Фінансавыя сродкі можна пералічваць на рахунак МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"з пазнакай: на праект "Пра Беларусь з любоўю".

Іна Снарская, г. Палтава

Навіны МГА "Бацькаўшчына"

"Бацькаўшчына" ў 20-цы лепшых

Па дадзеных паштовых і тэлефонных апытанняў, праведзеных Беларускай рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй "Аб'яднаны шлях", а таксама па аналізу паведамленняў СМІ, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ўвайшло ў дваццатку недзяржаўных грамадскіх арганізацый (НГА), якія маюць найбольш высокі рэйтынг у Беларусі. З мэтай прапаганды метадаў працы лепшых НГА і дасягнутых імі вынікаў "Аб'яднаны шлях" рыхтуе кнігу на трох мовах (ангельскай, нямецкай і рускай) з рабочаю назвай "Тое, што прынесла плён". Інфармацыя аб дзейнасці "Бацькаўшчыны" будзе змешчаная ў гэтай кнізе.

Перапіска з Урадам

У маі "Бацькаўшчына" ў лісце да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выказала занепакоенасць тым, што ў значнай ступені не выкананая Дзяржаўная праграма "Беларусы ў свеце", якая была распрацавана НАН Беларусі пры актыўным удзеле МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" (зацверджана пастановай Савета Міністраў РБ (1993 г.) і ўхвалена дэлегатамі Першага з'езду беларусаў свету ў 1993 г.), а таксама Прапановы і просьбы, выкладзеныя ў "Звароце да Парламента і Урада Рэспублікі Беларусь", прынятым на Першым і дапоўненым на Другім з'ездзе беларусаў свету (1997 г.).

Акрамя таго, "Бацькаўшчына" прасіла паведаміць аб выніках разгляду і прынятых мерах па рэалізацыі праграмы "Сусветная беларуская супольнасць у ХХІ ст.", дэкларацый "Беларуская дыяспара і свет" і "Наш шлях: вартасці і мэты", рэзалюцыі "Беларуская мова павінна развівацца і квітнець у ХХІ ст.", прынятых Трэцім з'ездам беларусаў свету і накіраваных у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

У адказ на гэта 12 ліпеня "Бацькаўшчына" атрымала ліст з Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка старшыні Камітэту У.Б.Ламека. Прыводзім цалкам:

"Па даручэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей разгледзеў зварот МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" аб падтрымцы беларускай дыяспары і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р. Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцей дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў зацікаўленых (у тым ліку і МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына") праект новай рэдакцыі Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце" на 2002-2010 гг. і праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце" на 2002-2010 гг.", якія ўзгадняюцца ва ўстаноўленым парадку Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам культуры, Міністэрствам эканомікі".

З гэтага ліста так і засталося незразумелым, што ж усё-ткі зроблена адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі па выкананні Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце", а таксама якія прапановы і заўвагі ўлічаныя пры дапрацоўцы новай рэдакцыі Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце" на 2002-2010 гг. Пытанне ж "Бацькаўшчыны" аб праграме "Сусветная беларуская супольнасць у ХХІ ст.", а таксама аб выніковых дакументах Трэцяга з'езду беларусаў свету, якія тычацца беларускай дыяспары, так і засталіся без адказу.

Каб даведацца, якія прапановы ўлічаныя ў новай рэдакцыі праграмы "Беларусы ў свеце", а якія - не, "Бацькаўшчына" звярнулася ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей з просьбай даслаць гэты дакумент. Вынікі праведзенага аналізу і вызначаць далейшыя крокі "Бацькаўшчыны" па дадзенай праблеме.

"Беларусы" ці "суайчыннікі"?

З Першага з'езду беларусаў свету МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ставіла пытанне перад дзяржавай аб неабходнасці прыняцця закона аб беларускай дыяспары. "Бацькаўшчына" выказвала і выказвае занепакоенасць, што Беларусь не толькі не аказвае падтрымкі, але і не праяўляе якойсьці рэальнай зацікаўленасці ў наладжванні стасункаў з беларускай дыяспарай.

У 2001 г. Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачаў распрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой". У адпаведнасці з назвай Закона, размова ідзе пра "суайчыннікаў", што цалкам размывае і падмяняе паняцце "беларускай дыяспары" і практычна знішчае само нацыянальнае вызначэнне "беларус" у адносінах да беларусаў замежжа. Як паказвае практыка, грамадзяне Беларусі іншых нацыянальнасцяў, з'язджаючы за мяжу, далучаюцца да этнічных дыяспар ці ўвогуле вяртаюцца на сваю этнічную радзіму. Беларускай дзяржаве варта ў першую чаргу клапаціцца аб беларусах. Тым больш, што асіміляцыйныя працэсы набываюць небяспечную тэндэнцыю.

"Нам падаецца застацца лепш непрызнанымі, але рэальна існуючымі БЕЛАРУСАМІ замежжа, чым суайчыннікамі неакрэсленай нацыянальнасці", - ацэнка праекта Закона юрыстам, намеснікам старшыні Грамады беларускай культуры імя Ф.Скарыны ў Маскве Таісы Мішчанка. Прыняцце такога закону ўнясе яшчэ большы раскол у асяродак беларускай дыяспары. Акрамя таго, асноўныя правы, якія дае гэты закон, ужо замацаваныя ў існуючых міжнародных і міждзяржаўных дамовах і пагадненнях.

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" накіравала ў Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ліст, у якім выклала сваю пазіцыю адносна праекта закона і звярнулася "з настойлівай просьбай перагледзець падыход да гэтага пытання і распрацоўваць закон аб беларускай дыяспары, а не аб суайчынніках".

З поўным тэкстам Закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой" вы можаце азнаёміцца на сайце "Бацькаўшчыны" www.zbsb.org. Вельмі просім выказваць свае меркаванні і заўвагі, дасылаючы іх на наш электронны адрас: zbsb@lingvo.minsk.by ці па пошце: вул. Рэвалюцыйная, 15, Мінск, Беларусь, 220050.

Дзіцячы адпачынак

Дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету "Бацькаўшчына" і персанальна спадарыні Ірэне Калядзе-Смірноў, 35 дзяцей з Беларусі здолелі пабачыць Варненскі курорт у Балгарыі, жыць у гатэлі "Маяк" у курортным комплексе Св. Канстанціна і Алены. І гэта толькі першая група з трох, якія накіроўвае гэтым летам на адпачынак "Бацькаўшчына". На адпачынак адправіліся дзеці, якія перамаглі ў конкурсе на лепшыя апавяданні пра Беларусь. На роднай мове ў Балгарыі ладзіліся вечарыны, адзначаўся дзень народзінаў, Купалле ды іншыя святы. Дзеці чыталі некалькі раздзелаў з кніжкі Уладзіміра Арлова "Адкуль наш род" і распавядалі, што даведаліся новага пра тыя ці іншыя падзеі беларускай гісторыі. Арловым дзеці зачытваліся, чыталі па начах, каб паспець перадаць іншаму. І ўсё роўна на ўсіх не хапіла. Невялікая лекцыя доктара і выдатнага знаўца гісторыі Віталя Кошалева перамяжалася аповедамі дзяцей аб гістарычных падзеях і вызначальных датах беларускай гісторыі. На Купальскую ноч на беразе Чорнага мора было раскладзена невялічкае вогнішча (за такую справу балгарам даюць да пяці гадоў турмы, але беларусы дамовіліся). Былі спевы. Была Купалінка, былі цікавыя конкурсы на заваяванне вянкоў ад дзяўчынак, інсцэніроўкі беларускіх народных песень. Беларускія дзеці паказалі сябе сапраўднымі беларусамі і еўрапейцамі: з добрым выхаваннем, адукацыяй, культурай. За што і атрымалі вялікую падзяку ад кіраўніцтва гатэлю, сталоўкі і ад усіх, каго можна. У апошні дзень на моры дзяўчынкі плакалі. Плакалі ў цягніку. Плакалі на вакзале. Як спачатку некаму хацелася дадому, так напрыканцы не хацелася развітвацца з сябрамі і Балгарыяй.

Данесці Слова Божае ў беларускае мове да сэрцаў людзкіх

Біблія ў нацыянальнае мове ёсць завяршальны этап праверкі нацыі на сталасьць і самарэалізаванасьць. Дзьве першыя спробы перакладу Бібліі Францішка Скарыны на старабеларускую мову ды Яна Станкевіча на віленска-літоўскі дыялект не былі прызнаныя царквой. Гавораць, Пан Бог любіць троіцу. Шчыра спадзяемся, што трэці варыянт перакладу будзе прыняты як цэрквамі, так і беларускім народам. Маем вялікае спадзяваньне, што плён 14-гадовай працы вядомага беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі станецца значным унёскам у справу дасягненьня поўнага паразуменьня і ўсталяваньня хрысьціянскае еднасьці паміж вернікамі ўсіх канфэсыяў Беларусі. Спадар Васіль сьвядома на этапе перакладу не карыстаўся падтрымкай ніводнае з хрысьціянскіх канфэсыяў, маючы на мэце, што Біблія ёсьць каштоўнасьць Агульнанацыянальная, Агульначалавечая.

У вадрозьненьні ад двух першых перакладаў гэтая Біблія ўжо ёсьць кананічная, бо выдадзена з блаславеньня мітрапаліта Мікалая (сьветлая памяць - памёр 20 чэрвеня), главы Беларускай праваслаўнай царквы ЗША і Канады, а таксама Хрысьціянскай пратэстанцкай місіяй у Канадзе.

Фінансавалі выданьне прадстаўнікі нацыянальнае дыяспары з Канады, ЗША, беларускія бізнесмэны. З часткай фундатараў была дасягнута дамоўленасьць аб вяртаньні ўкладзеных імі грошай па меры распаўсюджваньня Бібліі. У ідэале вельмі б хацелася, каб Кніга не прадавалася, а раздавалася ўсім ахвотным у цэрквах, касьцёлах, малельных дамох, таксама пажадана было б падарыць Біблію школкам, дзіцячым садкам, дзіцячым дамам. Перадаць колькі соцен асобнікаў Міністэрству ўнутраных спраў, Міністэрству абароны, КДБ (мо стануць троху дабрэй).

Таму вымушаныя зьвярнуцца да Вас з просьбай знайсьці людзей, якія змогуць выкупіць частку накладу, каб данесьці Слова Божае ў беларускае мове да сэрца кожнага беларуса.

Нашыя каардынаты:
e-mail: BIBLIJA@TUT.BY
тэл. +375 296 522875
тэл./факс: +375 17 2893194

Зычым Вам усяго найлепшага ды памыснае працы на карысьць нашае Бацькаўшчыны.

(захаваны правапіс арыгінала)