МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№12(№48)
снежань
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ!

З КАЛЯДАМІ І НОВЫМ ГОДАМ!

Дні нараджэння!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сяброў Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Уладзіміра Роўду, Марыю Садоўскую, Вячаслава Сіўчыка, Аляксандра Сцепаненку, Станіслава Шушкевіча, Язэпа Паўловіча, Андрэя Рубцова, Надзею Дробіну, Міхася Андрасюка, намесніцу старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніну Шыдлоўскую, прэзідэнта МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з 1993 па 2001 гг. Радзіма Гарэцкага. Жадаем ім здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
Больш чым праз месяц, 15 снежня позна ўвечары, з вуснымі прабачэннямі за “памылковае затрыманне” з боку адміністрацыі турмы Ворст у Бруселі быў вызвалены старшыня Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання Зміцер Піменаў.
Зміцера Піменава затрымала бельгійская паліцыя 8 лістапада сёлета, калі ён патрабаваў вызвалення палітвязняў у Беларусі і расследавання справы зніклых палітыкаў. Ён разам са сваімі паплечнікамі праводзіў акцыю-галадоўку на пляцы Шумана ў цэнтры Бруселя. Але дазволу застацца на ноч галадоўшчыкі не атрымалі і падчас разбіральніцтва з праваахоўнымі органамі спадара Піменава арыштавалі. На пачатку з’явілася інфармацыя, што яго абвінавачваюць у нелегальным знаходжанні на тэрыторыі Бельгіі, потым, аднак, высветлілася, што ён мае права на жыхарства на тэрыторыі гэтай краіны, і ў часе рэгістрацыі, якую трэба праходзіць замежнікам раз на тры месяцы, ніхто не меў да Піменава ніякіх прэтэнзій.
Пасля свайго вызвалення сп. Зміцер Піменаў адзначыў, што адпор будуць мець не толькі яго крыўдзіцелі, што няўдала паспрабавалі дыскрэдытаваць ягонае імя, але і ўсе антыбеларускія сілы, якія стаяць за спінамі сваіх марыянетак.
Паводле www.unija.info

Лёван, Бельгія
Селета беларуская жанчына ўпершыню атрымала навуковую ступень доктара багаслоўя. Гэта Ірына Дубянецкая з Мінску, якая паспяхова абараніла дысертацыю ў Лёванскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі.
На чатырохстах старонках прааналізавана больш чым тры тысячы міфалагічных тэкстаў Блізкага Усходу і Бібліі, прапрацаваны шматлікія навуковыя даследаванні па сакральнай тэалогіі і ўсходазнаўстве. Ва універсітэце Ірына вучылася на англійскай мове, аднак для напісання сваёй працы вывучыла габрэйскую, грэцкую, арамейскую мовы. Яна таксама працавала з шумерскай, акадскай, хетыцкай і угарыцкай мовамі, каб мець магчымасць чытаць усе тэксты ў арыгінале.
“Deutsche Welle”. 2005. 16 снеж.

Берлін, Германія
З 25 лістапада па 3 снежня ў Берліне працавала выстава нямецкіх і беларускіх фатографаў “Berlin-Minsk. Alternative Aussichten». Мэта праекта, па словах яго ініцыятараў Ані Анкер і Марыі Несцеравай, – падтрымка дыялогу паміж беларускімі і нямецкімі фатографамі і пераадольванне культурнай ізаляванасці Беларусі.
У выставе ўдзельнічалі Максім Шумілін і Міхаіл Леўенка (Беларусь), а таксама Андрэй Логінаў і Дзмітрый Лельчук (Беларусь-Германія). Нямецкі бок прадстаўлялі Кай Крысціян Анакер-Сантаровіч (Kai Christian Anacker-Santarovic ) і Фолкер Барндт (Volker Barndt).
На адкрыцці выставы ў пятніцу, 25 лістапада, клуб “Kirche von Unten” наведала больш за 300 чалавек, уключаючы шматлікіх беларускіх студэнтаў і студэнтак, а таксама “дарослых” беларусаў, якія жывуць у Берліне і наваколлі. Да выставы быў удала прымеркаваны канцэрт гурта “Plan 9”. У панядзелак працяг – прэс-канферэнцыя з удзельнікамі, а таксама дэгустацыя беларускай кухні.
Адбыўся таксама Беларускі вечар у Берліне. На сустрэчы нарадзілася ідэя арганізаваць спіс рассылкі для беларусаў Берліна. Калі вы жадаеце далучыцца да рассылкі – паведамляйце свой e-mail па адрасе:
belarusy_in_berlin-subscribe@yahoogroups.de
Паводле www.belarusy.com

Вільня, Літва
У Таварыстве беларускай культуры Літвы (ТБК) адзначылі 75-я ўгодкі з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – паэта, пісьменніка, Вялікага Патрыёта Бацькаўшчыны.
Зал упрыгожыў партрэт пісьменніка, выпушчаны ТБМ імя Францыска Скарыны. Зал Таварыства гэтым разам быў перапоўнены – на мерапрыемстве прысутнічалі студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Агляд жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча зрабіла Л.Мілаш, пасля прысутныя паглядзелі відэафільм “Рыцар і слуга”.
Група актывістаў ТБК здзейсніла вандроўку на радзіму Уладзіміра Караткевіча, у Оршу, потым у Віцебск, наведалі магілу пісьменніка на Усходніх могілках у Мінску. Перачытвалі яго творы ды кнігі даследчыкаў яго творчасці: Адама Мальдзіса і Анатоля Вераб’я. Як для Караткевіча М.Багдановіч быў прыкладам маральнай чысціні, духоўнай велічы, так Караткевіч – для нас. А яшчэ ён прыклад патрыёта, любові і служэння Беларусі, па творах якога можна вывучаць сапраўдную гісторыю Беларусі.
Так супала, што ў гэтым годзе адначасова адзначалі і 85-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Аб падзеях 20-х гадоў расказаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, зачытаў прывітанне ад прэзідэнта БНР Івонкі Сурвіллы, а напрыканцы ўдзельнікі праглядзелі фільм паводле апавядання В.Быкава “На чорных лядах”.
Так у ТБК, у Вільні, адзначылі дзве знамянальныя даты, якія пакінулі след у гісторыі Беларусі і служаць прыкладам для моладзі. Таму, напэўна, студэнты гуманітарнага універсітэта яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўвалі, спрачаліся пра творчасць і асобу Уладзіміра Караткевіча, пра мужнасць паўстанцаў, а потым працягвалася размова пра беларускія справы ў Вільні. Мерапрыемства мела выхаваўчае значэнне для моладзі, яно застанецца ў памяці нашчадкаў.
Леакадзія Мілаш

Познань, Польшча
10 снежня ў чарговую гадавіну прыняцця Дэкларацыі правоў чалавека (1948 год), Моладзь дэмакратыі і Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр ладзілі маніфестацыю ў цэнтры Познані. Сябры гэтых арганізацый прыгадалі мінакам, што тыя карыстаюцца правамі, якіх бракуе ў Беларусі.
Арганізатары ў рупар папераменна па-польску і па-беларуску зачыталі ўсе артыкулы Дэкларацыі і заахвочвалі да таго ж астатніх. Пад транспарантамі “Права да сходаў”, “Права да свабоды думкі”, “Памятайце аб сваіх правах” былі таксама выстаўленыя чорна-белыя здымкі зніклых. Перад кожным здымкам, увасабляючы бела-чырвона-белы сцяг, стаялі тры запаленыя свечкі.
Акцыя доўжылася гадзіну і была актыўна падтрыманая буйнымі, агульнапольскімі і лакальнымі СМІ. У гэты час было распаўсюджана больш за шэсцьсот улётак. Пасля заканчэння маніфестацыі арганізатары пераслалі на адрас спадара Лукашэнкі Дэкларацыю правоў чалавека ў перакладзе на беларускую мову. Ліст гэты мае на мэце прыгадаць атрымальніку, што мы, простыя грамадзяне, памятаем пра свае правы і будзем іх адстойваць.
Віталь Воранаў

Гайнаўка, Польшча
26–27 лістапада ў Гайнаўцы адбыліся юбілейныя дзесятыя польска-беларускія літаратурныя спатканні “Бязмежжа-2005”, у часе якіх пісьменнікі з суседніх краінаў дзяліліся сваім досведам. Гэта адна з найбольш значных падзеяў у беларускім літаратурным жыцці Беласточчыны.
Удзельнікі двухдзённай імпрэзы, якую арганізаваў Беларускі саюз у Польшчы, гаварылі не толькі пра літаратуру. У першы дзень у цэнтры ўвагі творцаў з Польшчы і Беларусі была мяжа – мяжа, якая існуе паміж дзвюма дзяржавамі, але таксама мяжа, якую пераходзіць дзяржава, спрабуючы падпарадкаваць пісьменніка.
Па словах аднаго з арганізатараў “Бязмежжа-2005”, гайнаўскага літаратара Міхася Андрасюка, распачынаючы гэтае мерапрыемства, арганізатары хацелі паказаць, што літаратура можа перасякаць межы. Але госці з Беларусі жывуць у вельмі вузкіх межах.
“Бязмежжа” перадусім спрыяе збліжэнню польскай і беларускай літаратур. Беларускі саюз у Польшчы выдаў некалькі кніжак перакладаў беларускай літаратуры на польскую мову. Гэта, па словах спадара Андрасюка, вельмі важна, бо маладая беларуская літаратура амаль не вядома ў Польшчы.
Нягледзячы на тое, што ў другі дзень спатканняў дамінавала паэзія – свае вершы дэкламавалі Міра Лукша, Надзея Артымовіч і Ежы Плютовіч з Беласточчыны, а таксама Юры Гумянюк і Анатоль Івашчанка з Беларусі, – удзельнікі “Бязмежжа” закраналі таксама і апошнія падзеі, звязаныя са стварэннем праўладнай пісьменніцкай арганізацыі ў Беларусі.
“Мы ўжо ведаем, што створана альтэрнатыўная пісьменніцкая арганізацыя – падуладная. А калі саюзам пісьменнікаў кіруе генерал, дык тут аказваецца, што дурнота гэтай улады можа быць бязмежная. Тут перасякаюцца ўсе межы, зразумелыя еўрапейцу”, – гаворыць Міхась Андрасюк.
Паводле Аляксея Дзікавіцкага, Радыё “Свабода”

Гайнаўка, Польшча
На юбілейных святкаваннях 50-годдзя дзейнасці Педагагічнай бібліятэкі ў Гайнаўцы, якія праходзілі 2 снежня ў Музеі і асяродку беларускай культуры, сабраліся дырэктары школ, бібліятэкары і кіраўнікі культурных устаноў горада. Сярод прысутных былі намеснік старасты Гайнаўскага павета Ежы Сірак і бурмістр горада Анатоль Ахрыцюк, якія асабіста падзякавалі бібліятэкарам за іх працу на карысць адукацыі насельніцтва.
Пасля некалькіх спробаў ліквідацыі педагагічных бібліятэк, якія з’яўляюццафіліяламі Цэнтра адукацыі настаўнікаў у Беластоку, а ў гэтым ліку і гайнаўскай установы, кіраўнікі павета і горада звярталі ўвагу на патрэбу дзейнасці Педагагічнай бібліятэкі на тэрыторыі Гайнаўскага павета. Іншыя выступаючыя госці пералічвалі вартасці гайнаўскай бібліятэкі, якая працуе дзеля настаўнікаў, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, працаўнікоў культурных устаноў і прапануе карыстацца сваімі фондамі на месцы ўсім жыхарам Гайнаўскага павета.
“Ніва”. 2005. 11 снеж.

Беласток, Польшча
15 снежня 2005 года ў Беластоку ў сядзібе Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы (БГКТ) распачаліся Дні беларускага кіно. Арганізатарамі дзён кіно з’яўляюцца Пасольства Беларусі ў Польшчы пры ўдзеле Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і садзеянні Генеральнага консульства ў Беластоку, Галоўнага праўлення БГКТ і Музея і Цэнтра беларускай культуры ў Гайнаўцы.
Пасольства РБ у Польшчы. 2005.
15 снеж.

Беласток, Польшча
11 снежня 2005 года ў Беластоку адбыўся 15-ты з’езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы (БГКТ). На з’ездзе асноўная ўвага была нададзена падсумаванню вынікаў працы адной з буйнейшых арганізацый беларускай меншасці ў Польшчы, а таксама акрэсленню далейшых накірункаў у яе дзейнасці. Асаблівая ўвага была нададзена арганізацыі мерапрыемстваў у сувязі з 50-годдзем БГКТ, якое будзе адзначацца ў лютым 2006 года.
Ад імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адкрыцці з’езду беларускаму паэту Польшчы Віктару Шведу паслом Беларусі ў Польшчы быў уручаны медаль Францыска Скарыны. В.Швед адзначаны ўзнагародай Беларусі за шматгадовую актыўную дзейнасць па папулярызацыі твораў беларускай літаратуры ў Польшчы, вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне беларуска-польскіх культурных сувязей ў сувязі з 80-гадовым юбілеем.
На з’ездзе адбыліся перавыбары кіраўніцтва БГКТ. На чарговы 4-гадовы перыяд старшынёй Галоўнага праўлення БГКТ аднагалосна выбраны Ян Сычэўскі.
Пасольства РБ у Польшчы. 2005. 12. снеж.

АКЦЫЯ САЛІДАРНАСЦІ

У Бельгіі, Польшчы, Італіі
Беларуская грэка-каталіцкая грамада ў Антверпене таксама далучылася да акцыі салідарнасці. А восьмай гадзіне ў капліцы пры царкве Святога Сэрца Ісуса Хрыста была запалена ўрачыстая свечка і адслужаны малебен за Беларускі народ.
Акцыя салідарнасці “16” атрымала шырокую падтрымку хрысціянскай супольнасці. Так, у Польшчы ў Любліне група грэка-каталікоў і рыма-каталікоў (беларусаў і палякаў) а 20-й гадзіне запаліла свечкі і малілася ў духу салідарнасці з усім зняволеным Беларускім народам, успамінаючы асабліва ўсіх зніклых пакутнікаў і апазіцыянераў.
У Познані Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр, Маладыя дэмакраты, НЗС (Незалежнае студэнцкае задзіночанне) і ЗДБ (Звяз на карысць дэмакратыі ў Беларусі). Сябры гэтых арганізацый сабраліся ў чарговы раз на плошчы імя Адама Міцкевіча. Удзельнікі запалілі свечкі і трымалі партрэты зніклых апанентаў улады. Пасля заканчэння акцыі са свечак было выкладзена сэрца — сэрца надзеі для вольнай Беларусі.
Хрысціянская Італія таксама далучылася да малітвы за Беларусь. Міжканфесійная група, што назвала сябе “Candela 16” (Свяча 16), у сваім звароце зазначае: “Молімся за ўвесь Беларускі народ, за поўную свабоду для Беларусі. З радасцю даведваемся, што многія хрысціянскія цэрквы ў Беларусі з’ядналіся ў малітве за свабоду Беларускага народа і за захаванне поўнай незалежнасці вашае Краіны”.
Паводле www.unija.info
і Віталя Воранава

У Беларусі і свеце
16-ты дзень кожнага месяца ў Беларусі праходзяць Дні салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў, палітзняволенымі, незалежнымі журналістамі, усімі змагарамі за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Адміністрацыя інтэрната аднаго з мінскіх ВНУ бярэ са студэнтаў, якія там жывуць, падпіскі аб тым, што яны не будуць выключаць святло ў сваіх пакоях і запальваць свечы салідарнасці. Аб гэтым распавядае студэнт адной са сталічных ВНУ, які даслаў электронны ліст на адрэс арганізатараў акцыі. Аўтар ліста, нягледзячы на перашкоды, піша: “Заклікаю усіх – запаліце свечку на 15 хвілін і распавядзіце пра гэта сваім знаёмым і блізкім , бо ВОЛЯ не павінна быць пустым гукам!”
Акцыю падтрымалі ў Гродне, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Вілейцы, Барысаве, Светлагорску, Асіповічах, Паставах, Белаазерску, Салігорску, Жодзіне, Оршы, Заслаўі, Мар’інай Горцы, Івацэвічах, Бярозе, Бабруйску, ва ўсіх раёнах Мінска.
У Маскве акцыя адбылася 16 снежня а 19-й гадзіне ля пасольства Беларусі на вуліцы Марасейка. Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў гэты дзень у шматлікіх кропках планеты. Свечкі свабоды запаліліся ў ЗША, Канадзе, Нідэрландах, Германіі, Швецыі, Славакіі, Польшчы, Украіне, Расіі, Літве, Эстоніі, Венгрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі.
Паводле“Polskie radio “Polonia”,
газеты “Пагоня” і www.charter97.org

НАШ КАЛЯНДАР

Юбілеі 2006 году
* 845 гадоў (1161 г.) як Полацкі майстар Богша (у хрышчэнні Лазар) па замове Еўфрасінні Полацкай стварыў для Спаскай царквы Крыж – святыню Полацкай зямлі (у 1941 годзе бясследна знік з Магілёва, у 1997 г. створана копія і перададзена Спаскай царкве).
* 615 гадоў таму (1391 г.) Гародня атрымала права на самакіраванне (магдэбургскае права).
* 565 гадоў (1441 г.) таму Слуцку было дадзена магдэбургскае права.
* 500 гадоў (1506 г.) таму адбылася Клецкая бітва, падчас якой перамога была за семітысячным войскам ВКЛ, пад кіраўніцтвам Міхаіла Глінскага, войск крымскіх татар.
* 495 гадоў (1511 г.) таму Наваградку было дадзена Магдэбургскае права.
* 485–484 гады (1521 –1522гг.) як Беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі стварыў паэму “Песня пра зубра”.
* 440 гадоў (1566 г. 11 сакавіка) таму быў зацверджаны Статут ВКЛ.
* 420 гадоў (8 кастрычніка 1586) прайшло з выдання (у Вільні) першай друкаванай граматыкі беларускай мовы.
* 415 гадоў (12 студзеня 1591 г.) як Менск атрымаў гарадскі герб.
* 385 гадоў (7 верасня 1621 г.) прайшло ад Хацінскай бітвы, падчас якой войскі Рэчы Паспалітай разграмілі турэцкую армію.
* 350 гадоў (24 кастрычніка 1656 г.) таму было заключана Віленскае перамір’е паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, падчас вайны 1654–1667 гг.
* 320 гадоў (16 мая 1686 г.) ад падпісання “Вечнага міру” паміж Расіяй і Рэчай Паспалітаю, адпаведна якому да Расіі адышлі Смаленскія землі і Кіеў.
* 285 гадоў (1721 год) прайшло ад заканчэння Паўночнай вайны паміж Расійскай імперыяй і Рэччу Паспалітай.
* 260 гадоў (4 лютага 1746 г.) ад нараджэння Тадэвуша Касцюшкі – палітычнага і ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года (памёр у 1817 годзе).
* 220 гадоў (23 снежня 1786 г.) адзначаецца са дня нараджэння Вінцэнта Равінскага, аўтара паэмы “Энеіда навыварат”.
* 215 гадоў (3 траўня 1791 г.) прайшло ад Сойму Рэчы Паспалітай, на якім была зацверджана першая Канстытуцыя ў Еўропе, другая пасля ЗША.
* 210 гадоў (7 ліпеня 1796 г.) як нарадзіўся беларуска-польскі паэт Ян Чачот (памёр у 1847 г.).
* 200 гадоў (17 лютага 1806 г.) з дня нараджэння Канстанціна Тышкевіча, заснавальніка археалогіі ў Беларусі (памёр у 1868 г.).
* 165 гадоў (6 чэрвеня 1841 г.) як нарадзілася беларуская пісьменніца Элаіза Ажэшка (памерла ў 1910 годзе).
* 145 гадоў (1 студзеня 1961 г.) са дня нараджэння Еўстафія Фёдаравіча Карскага, філолага, славяніста, заснавальніка беларускай навуковай філалогіі.
* 145 гадоў (28 жніўня 1861 г.) ад нараджэння Ігната Буйніцкага, беларускага тэатральнага дзеяча, бацькі беларускага тэатра.
* 140 гадоў (15 ліпеня 1876 г.) прайшло ад нараджэння беларускай паэткі-рэвалюцыянеркі, адной з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады Цёткі (Алаізы Пашкевіч).
* 130 гадоў (23 сакавіка 1886 г.) як нарадзіўся беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля.
* 125 гадоў (9 снежня 1891 г.) святкуем са дня нараджэння Максіма Багдановіча.
* 120 гадоў (5 сакавіка 1896 г.) таму нарадзіўся Кандрат Крапіва (К.К. Атраховіч), народны пісьменнік Беларусі, драматург і байкапісец.
* 110 гадоў (14 лютага 1906 г.) са дня нараджэння Мікалая Улашчыка.
* 100 гадоў (14 верасня 1906 г.) як пабачыў свет першы нумар легальнай беларускай газеты “Наша доля” ў Вільні.
* 100 гадоў (10 лістапада 1906 г.) таму ў Вільні выйшаў першы нумар газеты “Наша Ніва”.
* 85 гадоў (11 ліпеня 1921 г.) ад заснавання ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэту (адчынены 30 кастрычніка) – галоўнай вышэйшай навучальнай установы Беларусі.
* 85 гадоў (1921 г.) са стварэння ў Латвіі беларускай культурна-асветніцкай суполкі “Бацькаўшчына” (яе кіраўнічыя ворганы размяшчаліся да 1925 года ў г. Дзвінску).
* 80 гадоў (9 жніўня 1926 г.) са дня нараджэння Янкі Запрудніка, выбітнага прадстаўніка беларускай дыяспары ў ЗША, навукоўца.
* 75 гадоў (30 верасня 1931 г.) прайшло, як нарадзіўся беларускі пісьменнік Ніл Гілевіч.
* 70 гадоў (28 жніўня 1936 г.) ад нараджэння Генадзя Бураўкіна, выбітнага беларускага пісьменніка.
* 60 гадоў (лістапад 1946 г.) з заснавання ў Англіі нацыянальнай арганізацыі “Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі” (праведзена 59 з’ездаў, выдавалі часопісы “Беларус на чужыне”, “На шляху”, “Божым шляхам”).
* 55 гадоў (1951 г.) ад часу стварэння Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі.
* 50 гадоў (13 жніўня 1956 г.) як памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас.
* 15 гадоў (студзень 1991 г.) таму ў Кліўлендзе (ЗША) выйшаў першы нумар беларуска-амерыканскага часопіса “Полацак”.
* 15 гадоў (25 жніўня 1991 г.) як нададзены статус Канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 г.
* 15 гадоў (23 кастрычніка 1991 г.) не існуе (афіцыйна распушчаны) КДБ СССР.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Студзень у нашай гісторыі

* 1 студзеня 1467 г. нарадзіўся Жыгімонт I Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў 1506–1548 гг.
* 1 студзеня 1831 г. уладамі Расійскай імперыі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. у Віцебскай і Магілёўскай губернях.
* 1 студзеня 1861 г. нарадзіўся Яўхім Карскі, беларускі філолаг-славіст, мовазнавец, літаратуразнавец, фалькларыст, этнограф, палеограф, археограф, бібліёграф, педагог, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.
* 1 студзеня 1919 г. у Вільні была заснаваная беларуская гімназія.
* 1 студзеня 1919 г. у Смаленску была абвешчана Савецкая сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.
* 1 студзеня 1920 г. нарадзіўся Барыс Рагуля, дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў 1940-я, адзін з кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі, пасля вайны ў эміграцыі (Бельгія, Канада), з 1971 г. намеснік прэзідэнта Рады БНР.
* 1 студзеня 1933 г. у Вільні выйшаў першы нумар газеты “Родны край” (выдавалася да 1936 г.) – органа Таварыства беларускай асветы.
* 4 студзеня 1729 г. нарадзіўся Яўхім Храптовіч, грамадскі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладчык.
* 4 студзеня 1975 г. памёр Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменнік, грамадска-культурны дзеяч эміграцыі (ЗША).
* 4 студзеня 1952 г. нарадзіўся Юры Захаранка, генерал, былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін са зніклых без вестак апазіцыйных беларускіх палітыкаў.
* 6 студзеня 1892 г. нарадзіўся Адам Станкевіч, беларускі рыма-каталіцкі святар, грамадска-культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст.
* 6 студзеня 2005 г. не стала беларускага паэта, празаіка, драматурга Янкі Юхнаўца (жыў у ЗША).
* 7 студзеня 1995 г. памёр Мікола Панькоў, дзеяч беларускай эміграцыі, журналіст (Нямеччына, ЗША).
* 8 студзеня 1911 г. нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі, беларускі паэт, дзеяч БЦР і эміграцыі (у 1976 выехаў у СССР і бясследна знік).
* 8 студзеня 1919 г. Мінск быў абвешчаны сталіцаю БССР.
* 11 студзеня 1862 г. выйшла першая нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.
* 12 студзеня 1591 г. Мінск атрымаў гарадскі герб.
* 13 студзеня 1593 г. памёр Сымон Будны.
* 18 студзеня 1947 г. у Лондане адбыўся (ішоў два дні) першы ўстаноўчы з’езд Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ).
* 20 студзеня 1892 г. нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, беларускі грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец.
* 20 студзеня 1892 г. нарадзіўся беларускі кампазітар, фалькларыст і грамадскі дзеяч Рыгор Шырма.
* 20 студзеня 1905 г. нарадзіўся Ян Пятроўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, выдавец, эмігрант (Германія, Аўстрыя, ЗША). Ян Пятроўскі да свайго 100-годдзя не дажыў тры гады.
* 22 студзеня 1863 г. пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
* 23 студзеня 1889 г. памёр Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінералог, нацыянальны герой Чылі.
* 23 студзеня 1938 г. быў расстраляны Вацлаў Ластоўскі, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, мовазнавец, літаратуразнавец, публіцыст, этнограф.
* 26 студзеня 1990 г. беларуская мова была абвешчана ў Беларусі адзінай дзяржаўнай.
* 27 студзеня 1527 г. адбылася бітва ля ракі Альшаніца (пад Кіевам) паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства было разбіта.
* 27 студзеня 1913 г. адбылася першая пастаноўка неўміручага твора Я.Купалы “Паўлінка”.
* 28 студзеня 1588 г. быў зацверджаны III Статут ВКЛ.
* 28 студзеня 1922 г. нарадзіўся Янка Жамойцін, беларускі грамадскі дзеяч, публіцыст, дзеяч беларускай эміграцыі (Польшча).
* 29 (ці 30) студзеня 1884 г. нарадзіўся Антон Луцкевіч, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, старшыня Ураду БНР.
* 30 студзеня 1922 г. заснаваны Інстытут Беларускай культуры (Інбелкульт), які 1 студзеня 1929 г. быў пераўтвораны ў Беларускую Акадэмію навук (з 1991 г. Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі).
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

Пояс Вітаўта
Да 27 лістапада Рэспубліканскі Тэатр беларускай драматургіі разам з аўкцыённым домам “Парагіс” праводзілі выставу, на якой упершыню ў Беларусі выстаўляўся унікальны срэбраны пояс ХV стагоддзя, з Ракаўскага скарба – падарунак цара Хаджы-Гірэя вялікаму князю Вітаўту. Па словах экспертаў, гісторыкаў і археолагаў, “Пояс Вітаўта” ўключаны ў дзяржаўны рэестр каштоўных помнікаў першай катэгорыі, гэта значыць – з’яўляецца каштоўнасцю сусветнага маштабу. Лічыцца, што пояс быў падараваны Хаджы-Гірэем князю Вітаўту прыкладна ў 1428 годзе. Ён быў знойдзены ў пачатку 1990-х гадоў, каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна. Аб скарбе стала вядома напрыканцы 1994 года, калі да беларускага гісторыка Валянціна Рабцэвіча звярнуўся мінскі калекцыянер з запрашэннем правесці антыкварную экспертызу.
Тады пояс быў унесены ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурнай спадчыны вышэйшай катэгорыі. У пратаколе, складзеным камісіяй Нацыянальнага музея гісторыі і мастацтва Беларусі, гаворыцца аб тым, што скарб ацэнены ў $ 80 тысяч і чвэрць гэтай сумы неабходна выплаціць захаваўшаму знаходкі аматару. Але ў дзяржавы на той час, напэўна, не было грошай, і пояс нечакана быў прададзены за сімвалічны кошт камерцыйнай фірме.
Як такое магло здарыцца, невядома да гэтага часу. Па словах Валянціна Рабцэвіча, ён даслаў у пракуратуру дакументы, дзе распавёў аб ролі ў гэтай справе кіраўніка, на той час, Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Дзмітрыя Бубноўскага, які павінен быў ахоўваць дзяржаўныя інтарэсы. Пасля быў суд. Аргументы пракурора былі такія: калекцыянер не меў правоў прадаваць пояс фірме, паколькі не быў яго ўладаром, а замежная фірма не мела правоў набываць гісторыка-культурную каштоўнасць Рэспублікі Беларусь. Але суд узаконіў правы прыватнай фірмы на набыты скарб.
Валянцін Рабцэвіч упэўнены, што пояс князя Вітаўта бясцэнны, як крыж Еўфрасінні Полацкай, і яго нельга аддаваць у прыватныя рукі.
Выстаўлены зараз на таргі “Пояс князя Вітаўта” так і не знайшоў свайго пакупніка. Ён, хутчэй за ўсё, будзе зноў выстаўлены на таргі, якія адбудуцца ў апошні тыдзень снежня. Да таго часу кожны, хто пажадае, зможа паглядзець на яго ў будынку Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Як можа наша Міністэрства культуры адмаўляцца ад магчымасці набыць нацыянальную каштоўнасць? Бо толькі так можна быць упэўненымі, што скарб застанецца ў краіне. А апраўданне накшталт таго, што ў дзяржавы не было на набыццё скарбу горшай, – не дае ёй гонару. Будуючы “залатыя” гмахі са шклу і бітону, нельга выдаткаваць $ 80 тысяч на гістарычную каштоўнасць, якая можа знікнуць у прыватных, незацікаўленых ў захаванні беларускай гісторыі і культуры, руках.
Паводле інфармацыі “Рэспубліка”, “Беларускія навіны”,
Радыё “Свабода” і www.probelarus.ru.

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Нясвіж – культурны цэнтар Еўропы. Нацыянальны помнік”
У бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску адбылася прэзентацыя відэадыска “Нясьвіж – культурны цэнтар Эўропы. Нацыянальны помнік”. Гэта першы ў Беларусі электронны дыск, прысвечаны помнікам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ягонае выданьне адбылося ў межах адмысловага праекту ЮНЕСКА.
На відэадыску змешчаныя здымкі бібліятэчнай літаратуры, архіўных дакументаў, відэаролік Нясвіжскага палаца, зняты да апошняга пажару, партрэты Радзівілаў і нават музыка, напісаная прадстаўнікамі гэтага знакамітага роду.
Паводле старшыні Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЕСКА Уладзіміра Шчаснага, дыск зьявіўся, у тым ліку, у звязку з уключэннем Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І гэта толькі пачатак працы ў гэтым кірунку – кажа спадар Шчасны.
У спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА акрамя Нясвіжскага палаца і паркавага комплексу ўключаныя таксама Дуга Струвэ, Мірскі замак і Белавеская пушча. Раней Міністэрства культуры Беларусі склала дэтальную характарыстыку шэрагу аб’ектаў-кандыдатаў у спіс ЮНЕСКА. У гэты пералік былі ўключаныя: Полацкія Спаса-праабражэнскі і Сафійскі саборы, Мікольская царква ў Магілёве, Камянецкая вежа, Брэсцкая крэпасць, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, а таксама Аўгустоўскі канал.
Паводле www.belarus21.by

“Беларускі фальклор”
Нядаўна ў Мінску пабачыў свет першы том энцыклапедыі “Беларускі фальклор” – першае ў гісторыі нацыянальнай культуры галіновае навукова-даведачнае выданне, якое асвятляе пытанні духоўнай культуры беларусаў. Выданне адлюстроўвае багацце мастацкай творчасці беларускага народа, разнастайнасць яе відаў і жанраў, створаных паэтычным словам вобразаў. Энцыклапедыя будзе складацца з 2 тамоў, у якіх змешчана каля 3 тысяч артыкулаў, прысвечаных абрадам, звычаям, традыцыям і вераванням беларусаў, іх вусна-паэтычнай творчасці, народнаму мастацтву. Значная частка артыкулаў прысвечана фалькларыстычнай навуцы, яе гісторыі, асноўным тэндэнцыям развіцця, а таксама даследчыкам беларускага фальклору, яго збіральнікам і папулярызатарам.
“Ніва”. 2005. 18 снеж.

АБ'ЯВЫ

Ушанаванне памяці Ф.Багушэвіча
Таварыства беларуска мовы (ТБМ) імя Ф.Скарыны Віленскага краю працягвае намаганні па ўшанаванні памяці Ф.Багушэвіча. У саміх Свіранах ужо створаны мемарыял паэту, які фактычна можна назваць “Храм Божы пад адкрытым небам”, дзе кожны год у апошняю суботу траўня праводзяць Дзень беларускай паэзіі і малітвы. У суседняй вёсцы, на сцяне мясцовай бібліятэкі, усталявана мемарыяльная дошка ў гонар паэта, а вуліца носіць ягонае імя. У самой бібліятэцы створаны куток паэта.
Праўда, сёлета не давялося ўсталяваць мемарыяльную дошку Ф.Багушэвічу ў Вільні па вуліцы Арклю, 20. Цяпер ТБМ імя Ф.Скарыны Віленскага краю, маючы ад гарадскіх уладаў дазвол на ўстаноўку мемарыяльнай дошкі ў Вільні па вул. Арклю, 20, збірае грошы, каб гэтую добрую справу зрабіць 25 сакавіка 2006 года.
Юры Гіль, старшыня
ТБМ Ф.Скарыны Віленскага краю

Міжнародная канферэнцыя
23–24 сакавіка 2006 г. кафедра славянскай філалогіі Львоўскага нацыянальнага універсітэта ім. І.Франка (slavia@hu.franko.lviv.ua) ладзіць Міжнародную навуковую славістычную канферэнцыю, прысвечаную 10-годдзю выкладання харвацкай мовы ў Львоўскім універсітэце.
На тэматычных пасяджэннях будуць абмяркоўвацца праблемы: сучасныя тэндэнцыі ў развіцці харвацкай і іншых славянскіх моў і літаратур, міжславянскія культурныя ўзаемаадносіны, Іван Франко і славістычная праблематыка.
Працоўныя мовы ўсе славянскія. Заяўку на ўдзел і тэму трэба дa 15 лютaгa 2006 г. даслаць электроннай поштай на адрас: ljvasiljeva@mail.lviv.ua Усе фінансавыя выдаткі за кошт удзельнікаў. Неабходна загадзя забраніраваць месца ў гатэлі ці студэнцкім інтэрнаце. Арганізацыйны ўнёсак – 10 грыўнаў – у час рэгістрацыі.
Тэксты дакладаў аб’ёмам да 7 старонак са згоды рэдкалегіі могуць быць надрукаваныя ў “Віснику Львівського університету” (Серія філологічна). Матэрыялы да друку падаюцца ўдзельнікам канферэнцыі на працягу аднаго месяца пасля яе заканчэння ў электронным выглядзе (на адной дыскеце – дзве копіі з рознымі імёнамі файлаў, адна ў фармаце RTF) плюс раздрукоўка. Рэдактар для Windows у фармаце ІВМ, шрыфт – Times New Roman, 10, праз адзін інтэрвал. Спасылкі ў квадратных дужках. Параметры старонкі: фармат А4, злева – 4 см, справа – 4 см, зверху – 4,6 см, знізу – 4,6 см. Перад загалоўкам у левым куце – УДК. Пасля загалоўка – кароткае рэзюме на ўкраінскай мове і ключавыя словы. Спіс літаратуры падаецца на ўзор:
1. [Тимошевський 1912] Тимошевський В. Мова і національність. – Чернівці, 1912.
2. [Cichonska 2002] Сichonska M. Formalna i semanticka struktura naslova clanaka u hrvatskom i poljskom tisku // Suvremena kretanja u nastavi stranih jezika. Zagreb, Rijeka 2002. S.103-109.
У канцы артыкула падаецца рэзюме і ключавыя словы на англійскай мове.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту
Паважаныя чытачы і наведвальнікі сайту МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (zbsb.org), паведамляем вам аб новых зменах на ім. Калі вы яшчэ не паспелі пабачыць галоўную старонку сайта, то паведамляем, што зараз яна выглядае па новаму: пашырана на ўвесь экран і мае новае меню. Зараз наведаць фотагалерэі дзіцячага адпачынку, IV з’езда і галерэю дзеячаў вы можаце, націснуўшы на фотаспасылкі ўверсе старонкі. Ніжэй зараз змяшчаюцца анонсы галоўных навін, якія вы можаце поўнасцю прачытаць, націснуўшы спасылку “Чытаць”. Бакавыя меню навігацыі па сайце засталіся амаль не змененымі.
У бліжэйшы час адбудуцца змены на старонках форуму для больш лёгкага карыстання яго рэсурсамі, таму запрашаем вас да прагляду раздзела “Навіны” і абмеркавання іх на форуме. Магчыма, на вашы пытанні зможа адказаць кіраўніцтва МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВЕСТКІ

***
16 снежня адбылося пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь, на якім быў зацверджаны каляндарны план перадвыбарнай кампаніі, а таксама прыняў асноўныя пастановы, якія тычацца першачарговых задач. Дакументы растлумачваюць парадак вылучэння кандыдатаў, фарміраванне ініцыятыўных груп, збор подпісаў, прапісаныя правы назіральнікаў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 19 сакавіка. Такое рашэнне прыняла Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Прапанаваўшы правесці выбары 19 сакавіка, парламентарыі кіраваліся пажаданнямі выбаршчыкаў, па меркаванні якіх менавіта вясенні перыяд найбольш ўдалы для правядзення найважнейшых палітычных мерапрыемстваў. Пры гэтым кожны выбаршчык (паводле меркавання парламентарыяў) зможа максімальна рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у выбарах.
www.tvr.by

***
Што думаюць у Германіі аб будучых прэзідэнцкіх выбарах? Думка дэпутата Бундэстага Уты Цапф: “Гэта мэтанакіраваны моцны ўдар – правесці гэтыя выбары так рана. У дадзеным выпадку апазіцыйныя партыі і іх кандыдат не маюць дастаткова часу і прасторы, каб правесці выбарчую кампанію належным чынам. Каб годна правесці кампанію, неабходна дастатковая падрыхтоўка, наяўнасць сваіх газет, якія б маглі давесці ўсю неабходную інфармацыю да грамадства. З гэтым вельмі вялікія праблемы.”
Паводле “Deutsche Welle”

***
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы (КК і КПК), якія ўзмацняюць адказнасць “за дзеянні, якія накіраваны супраць чалавека і грамадскай бяспекі”. Дадзены законапраект паступіў у Парламент 23 лістапада ад імя прэзідэнта з адзнакай “тэрміновы”.
Крымінальны кодэкс дапаўняецца шэрагам новых артыкулаў. А дакладна, артыкулам 193-1 (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, фонду ці ўдзел у іх дзейнасці). Норма артыкула прадугледжвае, што арганізацыя дзейнасці ці ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання і фондаў, у адносінах да якіх уступіла ў сілу рашэнне аб прыпыненні іх дзейнасці ці ліквідацыі, будуць карацца штрафам, ці арыштам тэрмінам да шасці месяцаў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год.
Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у такой арганізацыі ці якая заявіла аб гэтым адпаведным дзяржаўным органам, будзе вызваляцца ад крымінальнай адказнасці, калі ў яе дзеяннях няма складу іншага злачынства.
Артыкул 293 дапаўняецца нормай, згодна з якой абучэнне і падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаванне падобных дзеянняў будуць карацца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох год.
Артыкул 342 дапаўняецца палажэннем, якое прадугледжвае, што абучэнне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства будуць карацца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год.
Згодна з законапраектам, узмацняецца адказнасць за публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады ці гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу. За гэта прадугледжваецца пакаранне ад шасці месяцаў арышту да пазбаўлення волі на тэрмін да трох год.
Заклікі, якія накіраваны да іншаземных дзяржаў, іншаземнай ці міжнароднай арганізацыі, выканаць дзеянне ў шкоду знешняй бяспецы Беларусі, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай еднасці, а таксама распаўсюджванне матэрыялаў зтакімі заклікамі караюцца арыштам на тэрмін ад шасці месяцаў да трох год. Калі гэтыя заклікі будуць распаўсюджвацца праз СМІ, пакаранне ўзрастае – выкарыстоўваецца пазбаўленне вольнасці на тэрмін ад двух да пяці год.
Крымінальны кодэкс таксама дапаўняецца новым артыкулам – “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Пад дыскрэдытацыяй разумецца “прадстаўленне іншаземнай дзяржаве, іншаземнай ці міжнароднай арганізацыі загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян Рэспублікі Беларусь ці яе органаў улады”. Падобныя дзеянні будуць карацца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год.
БелаПАН. 2005. 11 снеж.

***
Савет Еўропы выразіў “сур’ёзную заклапочанасць” становішчам з правамі чалавека ў Беларусі. Заява Савета Еўропы была зроблена ў сувязі з папраўкамі, якія былі ўнесеныя нядаўна ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі. “Нядаўняе рашэнне “Нацыянальнага сходу” Беларусі аб ухваленні законапраекту аб унясенні паправак у Крымінальны кодэкс наносіць яшчэ больш моцны, чым раней, удар па правах на правядзенне сходаў, стварэнне асацыяцый і свабодзе волевыяўлення, а таксама ўдар па няўрадавых арганізацыях і партыях Беларусі”, — гаворыцца ў камуніке Савета Еўропы. Кіраўніцтва Савета Еўропы патрабавала ад беларускіх уладаў пераглядзець прыняты закон і выключыць з яго “палажэнні, якія могуць у якой-небудзь ступені абмяжоўваць правы чалавека і асноўныя свабоды”.
“Belarus Today”. 2005. 16 снеж.

***
Румынія, якая старшынствуе ў Камітэце міністраў Савета Еўропы, выказала ад імя гэтага органа глыбокую занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Заява была зробленая ў звязку з ухвалай Нацыянальным сходам Беларусі паправак у Крымінальны кодэкс, якія, на яе думку, наносяць урон “праву на свабоду сходаў, асацыяцыяў і выказвання думкі, а таксама няўрадавым арганізацыям і палітычным партыям”. У заяве ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў “перагледзець сваю пазіцыю адносна гэтага тэксту і выключыць з яго палажэнні, якія абмяжоўваюць права чалавека і асноўныя свабоды”.
“Deutsche Welle”. 2005.16 снеж.

***
Каментар намесніка кіраўніка ўпраўлення інфармацыі МУС: “...Не так даўно Румынія апынулася ў самым цэнтры скандалу ў сувязі з размяшчэннем на сваёй тэрыторыі сакрэтных турмаў ЦРУ. Дарэчы, гэтым пытаннем зараз актыўна займаецца спецыяльны дакладчык Савета Еўропы. У гэтай сувязі крытыка Румыніі ў адрас Беларусі прадстаўляе сабой не што іншае, як спробу пераключыць увагу з уласных праблем і адвесці ад сябе сур’ёзныя падазрэнні міжнароднай супольнасці ў грубейшым парушэнні правоў чалавека на сваёй тэрыторыі.”
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. 2005. 15 снеж.

***
7 снежня Камітэт абароны журналістаў (Commitee to Protect Journalists, Нью-Ёрк) выступіў з заявай, у якой выказаў устрывожанасць праектам закона, які, на думку арганізацыі, “зробіць крытыку на адрас Аляксандра Лукашэнкі і яго ўраду нагодай для турэмнага пакарання на тэрмін да 5 гадоў”. Гаворка ідзе пра законапраект “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты РБ па пытанні ўзмацнення адказнасці за дзеянні, накіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі”, які прадугледжвае папраўкі ў Крымінальны Кодэкс РБ. Нагадаем, што 8 снежня раніцай Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ адзінагалосна ўхваліў гэты дакумент.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

***
Абмінаючы Беларусь, Расія распачала будаўніцтва Паўночна-Еўрапейскага газаправоду, які стане найбуйнейшым у Еўропе. Газаправод працягласцю 1200 км пройдзе па дне Балтыйскага мора і, адпаведна, абміне транзітныя краіны – Беларусь, Літву, Польшчу, Украіну. Дагэтуль праект выклікае крытыку, у тым ліку ў Германіі. Пасля таго як стала вядома, што экс-канцлер Шродэр, які прабіваў дамову пра гэты газаправод, зойме пасаду ў яго кіраўніцтве, розныя палітычныя сілы вінавацяць яго ў карупцыі.
“Наша ніва”. 2005. 16 снеж.

***
Старшыня парламенцкай фракцыі партыі Права і справядлівасць (PiS) Пшэмыслаў Гасеўскі лічыць, што Польшча разам з іншымі Балтыйскімі краінамі можа заблакіраваць пабудову Паўночнага газаправоду. П.Гасеўскі пераконвае, што гэткі крок прадугледжвае Канвенцыя мора, у якой гаворыцца пра экалагічную бяспеку. “Гаворка ідзе пра мабілізацыю ўсіх Балтыйскіх краінаў, бо гэтая інвестыцыя накіраваная супраць бяспекі ўсіх краінаў,” – заявіў Гасеўскі з PiS. Дэпутат прыгадаў, што польскі ўрад хоча стварыць кааліцыю, якая магла б заблакіраваць згаданы праект, а прэм’ер Казімеж Марцінкевіч прадстаўляе выразную пазіцыю па гэтай справе. Старшыня парламенцкай фракцыі PiS абвінаваціў папярэдні ўрад Марка Бэлькі, што ён дапусціў да рэалізацыі праект Паўночнага газаправоду.
“Polskie radio “Polonia”.
2005. 11 снеж.

***
Неўключэнне ў падпісны каталог шаснаццаці незалежных газет і выгнанне іх з “Саюздруку” – адна з найважнейшых падзеяў лістапада-снежня. Дзяржаўная прэса пра яе ні словам не абмовілася.
“Наша ніва” 2005.16 снеж.

***
“Рэпарцёры без межаў”: У год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі могуць застацца толькі дзяржаўныя СМІ. Варта паглядзець на апошнія некалькі месяцаў, каб зразумець наколькі драматычная склалася сітуацыя. Апошні прыклад – прыняцце паправак у Крымінальны кодэкс, у якіх змяшчаюцца пагрозы турэмнага пакарання ў выпадку дыскрымінацыі ўрада. Гэта амаль смяротны удар па незалежнасці прэсы”, — канстатавала Катрын Эверс. Яна падкрэсліла, што “Рэпарцёры без межаў” працягваюць інфармаваць шырокае грамадства і звяртацца да палітычных структур па пытаннях сённяшняй сітуацыі ў Беларусі.
“Belarus Today”. 2005. 16 снеж.

***
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася да чытачоў з заклікам выступіць у падтрымку незалежных газет. Пратэсты і звароты трэба накіроўваць генеральнаму дырэктару РУП “Белпошта” (220050 г. Мінск, праспект Незалежнасці, 10, тэл. 226-01-73, факс 226-11-70) і Міністру сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (220050 г. Мінск, праспект Незалежнасці, 10, тэл. 227-38-61, факс 227-21-57). У лістах неабходна ўказаць пасаду адрасата, Вашы прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас, указанне на парушэнне Вашых правоў выключэннем з падпіснога каталогу выданняў, патрабаванне забяспечыць выкананне беларускага заканадаўства, а таксама дату і подпіс. Акрамя таго, кожны можа ўнесці запіс у Кнігу заўвагаў і прапановаў у сваім паштовым аддзяленні. У адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам № 2 ад 14 студзеня 2005 года “Аб удасканаленні працы з насельніцтвам” гэтая кніга павінна быць прад’яўлена па першым патрабаванні грамадзяніна, а прапановы і заўвагі – разгледжаныя на працягу 15 дзён.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***
Бюджэт-2006. Палата прадстаўнікоў прыняла Закон аб бюджэце на наступны год. Савет Рэспублікі мае ўхваліць законапраект. Між тым доля выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя ў бюджэце знізілася ў параўнанні з мінулым годам. Расходы бюджэту-2006 складуць 36% ад узроўня ВУП (сёлета будзе 34,58%). На адукацыю пойдзе 993 млрд (+16% да 2005 г.), на ахову здароўя – 754,5 млрд рублёў (+4,7%). Калі ўлічыць, што расходы ў цэлым вырастуць на 24,2%, дык доля выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя скароціцца.

***
У той жа час на праваахоўную дзейнасць і бяспеку пойдзе 1,486 трлн руб., прычым 64% ад гэтай сумы – на заработную плату. На армію ў бюджэце-2006 закладзена 908,2 млрд руб. (на 26,7% больш). На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі пойдзе 2,36 трлн руб. (1,77 трлн у 2005 годзе).
У праект бюджэту закладзенае зніжэнне падатковага цяжару за кошт адмены збору ў мясцовыя мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды, збору на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, збору з грамадзянаў пры перасячэнні імі дзяржаўнай мяжы Беларусі, памяншэння памеру сплаты зямельнага падатку, а таксама – агульнай стаўкі падаткаў з выручкі з 3,9% да 3%.
Галоўныя “асаблівасці” бюджэту-2006 – вялікія выдаткі на датацыі сялу, жыллёвае будаўніцтва, пенсіі, інвестыцыйныя праекты. Адукацыя, культура, навука фінансуюцца ў непараўнальна меншых памерах.
“Наша ніва” 2005.16 снеж.

***
На галоўнай будаўнічай пляцоўцы Беларусі – будынку Нацыянальнай бібліятэкі – экспертныя камісіі змяняюць адна адну. Галоўны інжынер будоўлі кажа: спробы зрабіць усё як мага хутчэй пашкодзілі якасці. Тэрміны ўрачыстага адкрыцця Нацыянальнай бібліятэкі ўжо тройчы пераносіліся. На момант пачатку будаўніцтва ў 2002 г. казалі пра 1 ліпеня 2005 г., потым адкрыццё збіраліся прымеркаваць да Дня ведаў 1 верасня, нарэшце – 1 студзеня новага, 2006-га. Пасля гэтага ўсе досыць насцярожана ставяцца да новага тэрміну, акрэсленага Аляксандрам Лукашэнкам – травень наступнага года. Замаруджанне працы на беларускім “дыяменце” (так з-за складанай формы ахрысцілі будынак афіцыйныя СМІ) дае падставы казаць пра пэўныя праблемы. Канструктар комплексу і галоўны інжынер будоўлі Людміла Шохіна: “Нарматыўны тэрмін для гэтага будынку быў сем гадоў і два месяцы. Каму прыйшла ў галаву думка пабудаваць за два з паловай гады?.. Эксперыментальны будынак, які не прайшоў экспертызу! І паралельна, без дакументацыі, праектавалі будаўніцтва”.
Пры прагнозных паказчыках у 100-120 мільёнаў долараў кошт бібліятэкі ўжо перавысіў 200 мільёнаў долараў. Аднак пры такіх выдатках застаецца нямала нараканняў на архітэктурнае рашэнне “нацыянальнай скарбніцы”. У кулуарах супрацоўнікі называюць бібліятэку “кратовай нарой”. Хоць знешне будынак і падаецца сучасным, затое ўнутры, як кажуць, звычайны “саўдэп” – з мноствам вузкіх калідораў і маленькіх памяшканняў.
Радыё “Свабода”. 2005. 16 снеж.

***
Індэкс сацыяльнага дабрабыту (ІСД) – гэта паказчык, аснова якога ў ацэнцы колькасці часу, неабходнага для атрымання грошай для набыцця таго ці іншага тавару альбо паслугі. Разлік яго вельмі просты: першы кампанент – заробак; бярэм сярэдні гадавы заробак, які падлічваюць органы дзяржстатыстыкі. Другі кампанент — працягласць працоўнага дня, месяца і года. Трэці – рознічная цана тавару альбо паслугі.
На набыццё 10 харчовых прадуктаў у кошыку ІСД сярэдні беларус павінен працаваць 20 гадзін 20 хвілін (у 2000 г. — 56 г. 58 хв., а ў 1990 г. – 13 г. 38 хв.). Па гэтым фактары мы вельмі адсталі ад Польшчы (7 г. 14 хв.) і ЗША (2 г. 24 хв.). Нават сярэдні расіянін траціць на гэтыя рэчы 16 г. 18 хв. – на 4 г. 2 хв. меней, чым у Беларусі. Каб дазволіць сябе сытны абед у кафэ сярэдняга класу, трэба працаваць амаль цэлы дзень. Напэўна, таму ў нас пакуль не прыжываецца традыцыя снедаць па-за межамі хаты. У 2005 г. на 10 нехарчовых тавараў сярэдні беларус страчвае 427 г. 19 хв., альбо 2,6 месяца. Кампутар зараз каштуе толькі 3,3 месяца працы, калі паляк траціць на яго набыццё 172 г. 25 хв. (крыху болей за тыдзень), амерыканец – увогуле капейкі (42 г. 25 хв.).
Прыкладна 73% кошту 35 тавараў і паслуг у Беларусі складае жыллё. У 2005 г. на яго набыццё трэба працаваць 23 гады і 10 месяцаў. Паляк на кватэру павінен працаваць 11 гадоў 7 месяцаў, рускі – 19 гадоў 4 месяцы, амерыканец – 6 гадоў 4 месяцы (заўважым, што для Амерыкі мы бярэм не кватэру 60 кв.м, а дом у 120 кв.м.).
Паводле “Белгазеты”

***
Паводле звестак Мінсельгасхарчу, ад пачатку года ў Беларусі было створана 106 фермерскіх гаспадарак. Ліквідавана – 150. Доля фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме сельскагаспадарчай вытворчасці складае 2%.
“Наша ніва”. 2005. 16 снеж.

***
Колькасць асоб, якія злоўжываюць спіртным, у Беларусі няўхільна павялічваецца, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску галоўны нарколаг краіны Уладзімір Максімчук. Паводле звестак міністэрства аховы здароўя, цяпер на наркалагічным уліку ў Беларусі знаходзіцца больш за 253 тысячы чалавек – алкаголікаў, наркаманаў і таксікаманаў. Гэта на 4,1 працэнта больш, чым па стане на студзень 2005 года. Пераважная большасць з іх маюць цягу да спіртнога – каля 169 тысяч мужчын і больш за шэсць тысяч жанчын. Апрача таго, пад назіраннем нарколагаў з пачатку года знаходзіцца 57,965 чалавек.
Як паведаміў У.Максімчук, апошняе сацыялагічнае апытанне паказала, што абсалютна цвярозы лад жыцця вядуць усяго 22 працэнты грамадзян Беларусі; 42 працэнты апытаных заявілі, што выпіваюць зрэдку, 26 працэнтаў – выпіваюць эпізадычна, а 10 працэнтаў – сістэматычна.
“Народная воля”. 2005. 8 снеж.

НАШЫЯ СТРАТЫ

Памёр Францiшак Бартуль
Aд нас адышоў Францішак Бартуль – выбітны грамадска-палітычны дзеяч, адзін з найбольш актыўных лідэраў беларускае грамады Паўночнай Амерыкі.
Францішак Бартуль нарадзіўся ў вёсцы Бярозкі ля Прыдруйcку ў Дзвінскім краі, вучыўся ў Дзвінскай і Віленскай беларускіх гімназіях. Заўсёды быў у цэнтры беларускага грамадска-палітычнага жыцця. Як афіцэр арміі Андэрса закончыў Другую сусветную вайну. На эміграцыі быў заснавальнікам і ўваходзіў у кіраўніцтва беларускіх арганізацыяў ува ўсіх краінах, куды вёў яго лёс: Задзіночанне беларусаў Вялікай Брытаніі; Беларускае каталіцкае аб’яднанне “Рунь” у Рыме, дзе вывучаў тэалогію; Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, віцэ-старшынёй якога быў да апошніх дзён. Францішак Бартуль быў старшынём Беларускай каталіцкай грамады Паўночнай Амерыкі, кіраўніком Фонду імя Пётры Крачэўскага. Усюды і заўсёды пільна бараніў ідэалы Беларускае Народнае Рэспублікі, у Раду якой уваходзіў.
Пільна сачыў за падзеямі ў Беларусі, шчыра цешыўся з вяртання дзяржаўнае незалежнасці ў 1991 годзе і неўзабаве наведаў Бацькаўшчыну, якая стала на шлях адраджэння. Цяжка перажываў паўторны наступ антыбеларускіх сілаў. Востры і часам скептычны на слова, быў адданым і аптымістычным змагаром за Беларусь.
Францішак Бартуль – патрыярх цэлага беларускага роду, ужо трэцяе пакаленне якога на чужыне застаецца беларускім паводле мовы і духу. Незадоўга перад адыходам ён адзначыў 87-годдзе. Апошнія пытанні ягоныя былі пра Беларусь. Шчырыя спачуванні родным і блізкім, вечная яму памяць і пухам зямля.
Паводле www.belarusy.com і pbnf.org

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by