МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванні

Народнаму пісьменніку Беларусі Янку Брылю!

Вельмішаноўны і дарагі Іван Антонавіч! У сувязі з Вашым 85-годдзем Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" шчыра віншуе Вас з юбілеем. Вы з'яўляецеся адным з лепшых сыноў нашага народу, народным пісьменнікам Беларусі, яго гонарам і сумленнем. Вашыя творы з'яўляюцца філасофскі асэнсаваным адлюстраваннем гісторыі беларускага народу ў цяжкім і складаным жыцці роднага краю ХХ стагоддзя. Праўдзівасць у адлюстраванні жыцця, перадача ў пакаленнях патрыятычных і эстэтычных ідэалаў, духоўны свет чалавека характэрныя для ўсіх Вашых твораў, па якіх вучацца грамадскай і нацыянальнай свядомасці пакаленні беларусаў. Зычым Вам доўгіх гадоў, добрага здароўя і новых поспехаў у творчасці. З вялікай павагай

Прэзідэнт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч

Заява Рады БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой асуджае прапанову прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "адносна інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі". У заяве, прынятай прэзідыумам Рады БНР 15 жніўня, адзначаецца: "Апошнія выказванні прэзідэнта Расіі У.Пуціна аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі пры фактычнай страце ўсіх атрыбутаў дзяржаўнасці знаходзяцца за межамі агульнапрынятых норм міжнародных зносінаў". "Нават калі словы расійскага прэзідэнта тлумачацца жаданнем пазбавіць улады Лукашэнку, якога Расія дагэтуль падтрымлівала насуперак пазіцыі дэмакратычных краін Захаду, яны выклікаюць вялікую трывогу: беларускі народ не павінен расплачвацца за дзеянні Лукашэнкі правам на свабоду і незалежнасць, - гаворыцца ў дакуменце. - Рада БНР бачыць у заявах Крамля насілле над годнасцю беларускага народу і воляй, выяўленай у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года жыць у сваёй уласнай суверэннай дзяржаве." Рада БНР заклікае палітычныя партыі і рухі Беларусі "ўсвядоміць небяспеку і выступіць у абарону нацыянальных каштоўнасцей, здабытых многімі пакаленнямі, якія неабходна захаваць для нашчадкаў".

"Народная воля". 2002. 20 жніў.

Заява МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"

15 жніўня 2002 г. абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу рэдактара газеты "Пагоня" Міколы Маркевіча і супрацоўніка рэдакцыі Паўла Мажэйкі. Суд пацвердзіў папярэдні вырак суда Ленінскага р-на г. Гродна, хаця і зменшыў тэрмін пакарання Міколе Маркевічу і Паўлу Мажэйку. Бясспрэчна, гэта ёсць саступка вымушаная - пад націскам пратэстаў беларускай і міжнароднай грамадскасці. Аднак сама фармулёўка прысуду па крымінальным артыкуле 367-2 "Паклёп у дачыненні прэзідэнта" засталася нязмененай.

Прэцэндэнтаў падобных спраў у Беларусі яшчэ не было. Некалькі распачатых у нядаўнім часе спраў "за знявагу гонару" былі ціха спыненыя. У гістарычным кантэксте ўзгадваюцца справы "за знявагу яго вялікасці" па фактах пашкоджання партрэтаў цара ў часы першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гг. І прысуды "троек" часоў сталіншчыны за любое неасцярожнае слова ў адрас "бацькі ўсіх народаў".

Прысуд журналістам "Пагоні" ёсць працяг пераследу газеты. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў яна была забаронена ўладамі. Усе спробы калектыву рэдакцыі аднавіць выданне альбо зарэгістраваць новае пад любымі надуманымі адгаворкамі адвяргаліся.

Абвінаваўчы прысуд, вынесены такім чынам, ставіць пад пагрозу гарантаваную Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека свабоду слова, права грамадзян на атрыманне праўдзівай інфармацыі.

Мікола Маркевіч з'яўляецца сябрам Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". Нашая арганізацыя, статутная мэта якой - нацыянальна-духоўнае яднанне ўсіх беларусаў у адзіную супольнасць незалежна ад сацыяльна-палітычных перакананняў, але на грунце захавання нацыянальнай аўтэнтычнасці, роднай мовы і культуры, суверэнітэту і незалежнасці Беларускай дзяржавы, лічыць, што варункі вынясення прысуду і сам прысуд з'яўляюцца паспешнымі, памылковымі і недальнабачнымі судзебнымі крокамі. Бо ў канчатковым выніку яны скіраваныя на раз'яднанне, а не на кансалідацыю нацыі. Больш таго, яны паглыбляюць раскол паміж нацыянальна свядомай інтэлігенцыяй і дзяржавай. Беларусаў ва ўсім свеце непакоіць такі стан рэчаў на Радзіме. Таму МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае пратэст у сувязі з асуджэннем журналістаў Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якое супярэчыць асноўным правам чалавека; настойвае на спыненні іх пераследу, перагляду справы ў вышэйшай інстанцыі і адмене несправядлівага прысуду.

Управа ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

г. Вільня, Літва

Вільня гістарычна заўсёды была і застаецца важным цэнтрам дзейнасці культурных, прафесійных і аматарскіх беларускіх асяродкаў. Кафедра беларускай філалогіі, створаная на факультэце славістыкі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта па Пастанове Урада Літоўскай Рэспублікі, - адзін з іх. Яе адкрыццё - з'ява заканамерная; у сучаснай беларускай адукацыйнай сістэме Літвы кафедра займае цэнтральнае месца як метадычны цэнтр у каардынацыі і падрыхтоўцы спецыялістаў для беларускіх навучальных устаноў у Літве і літоўскіх - на Беларусі, у канцэпцыі беларускай школы ў сістэме адукацыі краіны, у стварэнні (адаптацыі) вучэбных дапаможнікаў і распрацоўцы навучальных праграм і стандартаў. Па ініцыятыве кафедры арганізавана сярэдняя школа імя Ф.Скарыны з беларускай мовай навучання, распрацаваны білеты для выпускных экзаменаў, праграмы і стандарты па беларускай мове. Сёння на беларускім аддзяленні вучыцца каля 100 чалавек, сярод якіх ёсць грамадзяне Рэспублікі Беларусь з Мінска, Брэста, Баранавічаў, Ліды, Навагрудка, Маладзечна, Ашмянаў, Воранава і іншых гарадоў, а таксама жыхары Англіі і Іспаніі. Для замежных грамадзян арганізавана завочнае навучанне па спецыяльнасці "беларуская філалогія". Выпускнікі беларускага аддзялення працуюць у Віленскай сярэдняй школе імя Ф.Скарыны, беларускіх пачатковых класах Вісагінаса, у беларускіх праграмах літоўскага радыё і тэлебачання, у школах Беларусі, а таксама працягваюць вучобу ў магістратуры. За час свайго існавання наладжаны кантакты з шэрагам навуковых і навучальных устаноў розных краін, у прыватнасці, Беларусі, Польшчы, ЗША, аказана дапамога ў стварэнні цэнтра літуаністыкі ў Беларускім дзяржаўнам педагагічным універсітэце імя М.Танка. Найбольш плённае супрацоўніцтва ўсталявалася з факультэтам беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Факультэт усе гады актыўна аказвае рознабаковую метадычную дапамогу, штогод арганізоўвае навукова-педагагічную стажыроўку студэнтаў на факультэце і ў школах г. Мінска (сумесна з Міністэрствам адукацыі і навукі Беларусі). Выкладчыкі факультэта чытаюць лекцыі па беларускай мове і літаратуры, кіруюць дыпломнымі працамі. У 2000 г. падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне даследаванняў беларуска-літоўскага памежжа з Аб'яднаннем кафедраў сацыяльна-гуманітарных навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. У 1992 г. сумесна з Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф.Скарыны і Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў была праведзена навуковая канференцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння З.Верас. У 1997 г. кафедра выступіла суарганізатарам Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Культура беларуска-літоўска-польскага памежжа". У 2001 г. кафедра беларускай філалогіі адзначыла 10-годдзе сваёй дзейнасці.

Лілія Плыгаўка

г. Вільня, Літва
Віленскі педагагічны ўніверсітэт запрашае

Кафедра беларускай філалогіі факультэта славістыкі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта абвяшчае набор абітурыентаў па спецыяльнасці беларуская філалогія з магчымасцю атрымання дадатковай спецыяльнасці: журналістыка, культуралогія, маркетынг антыкварнай справы, геапалітыка. У Беларусі дыплом Універсітэта мае юрыдычную сілу. Навучанне завочнае, платнае. Структура навучання ва Універсітэце мае тры ступені: бакалаўр, магістр, дактарант. Пад час вучобы замежныя студэнты змогуць атрымаць бясплатныя шматразовыя візы, папрацаваць у багатых архівах і бібліятэках Літвы, пазнаёміцца з мовай і культурай народа-суседа, узяць удзел у культурным жыцці беларускай дыяспары. Можна таксама паспрабаваць свае сілы ў беларускіх праграмах літоўскага радыё і тэлебачання, газетах Літвы. Прыём дакументаў для замежных грамадзян да 15.09.2002 г., для грамадзян Літвы - да 15.10.2002 г. Для паступлення неабходна даслаць наступныя дакументы: атэстат альбо дыплом вышэйшай школы (копія), 3 фотакарткі (3х4), выпіску з працоўнай кніжкі (калі ёсць), заяву на імя рэктара.

Дакументы, калі ласка, дасылайце на адрас:

Baltarusiu filologijos katedra
(кафедра беларускай філалогіі)
Vilniaus pedagoginis universitetas
Studentu g. 39-527
2004 Vilnius
LIETUVA
Падрабязная інфармацыя:
Tэл./факс: (8-10-370-2) 75 16 04, 75 03 60, маб. тэл. (8-10-370) 9806710
тэл. у Баранавічах: (8-0163) 47 05 03 пасля 5 жніўня
e-mail: belfil@vpu.lt
http://www.kraj.org/ belfil

г. Вісагінас, Літва

Вакальны калектыў Беларускага культурнага цэнтра "КРОК", ансамбль "Світанак", нядаўна вярнуўся з Фінляндыі, дзе браў удзел у этнаграфічным фестывалі ў горадзе Кемі. На фестываль, які ладзіцца ўжо сёмы год, прыбылі ансамблі з Перу, Інданэзіі, Балівіі, Марока, Эквадора, Танзаніі, Швецыі і самой Фінляндыі. Ансамбль "Світанак" прадстаўляў "нескандынаўскую" Еўропу. Выступленні ансамбля мелі вялікі поспех. Арганізатары фестывалю выказалі думку, што нашыя сувязі не павінны абрывацца. Для паездкі ў Фінляндыю шмат зрабілі каардынатар цэнтра "КРОК" А.Давідзюк, кіраўнік ансамбля Л.Віткоўская і вядучы выканаўца С.Шабадалаў. Пасля фестывалю калектыў некалькі дзён вандраваў па краіне, пабываў таксама і ў Швецыі.

Ірына Дамінікевіч

г. Вентспілс, Латвія

З 22 ліпеня па 4 жніўня ў Юркалне Вентспілскага раёна праходзіў сумесны літоўска-беларускі пленер мастакоў "120х120". Пленэр "120х120" - працяг сяброўства і супрацоўніцтва мастакоў дзвюх краін, якое пачалося ў маі 2001 г., калі ў Віцебску, у музеі Шагала, адкрылася 1-я выстава маладых латвійскіх мастакоў. Потым была выстава карцін беларускіх мастакоў П.Кірыліна, В.Крупскай, Р.Лядэнкі, Л.Мядзведскага і В.Мікалаева ў Рускім доме кангрэсаў і ў Кінагалерэі ў лістападзе-снежні мінулага года. А ўжо ў красавіку-траўні гэтага года ў Віцебску адбылася 2-я выстава латвійскіх мастакоў. У пленэры ўдзельнічалі 27 мастакоў з Мінска, Віцебска і Рыгі. Спонсарамі гэтага мерапрыемства былі вентспілскія прадпрыемствы АТ "Калія паркс" і АТ "Вентспілскі гандлёвы порт" пры падтрымцы Беларускай амбасады ў Рызе. Падтрымка творчага супрацоўніцтва мастакоў двума вентспілскімі прадпрыемствамі тлумачыцца тым, што адобва займаюцца перагрузкай беларускіх экспартных тавараў у Вентспілскім парту. Гэтыя ж прадпрыемствы аказваюць матэрыяльную падтрымку і беларускай суполцы "Спадчына" ў Вентспілсу. 2 жніўня, калі ў Вентспіслу пройдзе свята горада, у сярэднявечным замку адкрыецца выстава карцін беларускіх і латвійскіх мастакоў.

Алена Нарушэвіч

г. Рыга, Латвія

У латвійскай сталіцы праведзены "Дзень Даўгаўпілса ў Рызе". Небывалы поспех выпаў на долю беларускага фальклорнага ансамбля "Купалінка". У гэты калектыў улілося шмат здольных маладых выканаўцаў. Ансамбль выходзіў на сцэну некалькі разоў і кожны раз карыстаўся вялікай павагай гледачоў і цікаўнасцю ў фотакарэспандэнтаў і тэлеаператараў.

"Прамень". 2002. № 4

г. Даўгаўпілс, Латвія

Вечарына памяці Шагала адбылася ў Цэнтры беларускай культуры, дзе была арганізавана выстава кніг з фондаў Латгальскай цэнтральнай бібліятэкі, бібліятэкі Даўгаўпілскага ўніверсітэта, асабістых бібліятэк Э.Мекша, выкладчыка ўніверсітэта, супрацоўніцы краязнаўчага музея Ф.Залецілы, старшыні таварыства "Уздым" Таццяны Бучэль. Студэнтка Даўгаўпілскага ўніверсітэта Алена Бучэль падрыхтавала работу "Шагал і Віцебск". Паважаныя госці падзяліліся сваімі поглядамі аб творчасці Шагала, яго месцы ў сустветным мастацтве. Гаворачы пра Шагала, успомнілі пра Маркуса Родка, якога ведае Еўропа, але пакуль што не ведаем мы. Гісторыя паўтараецца. Ён нарадзіўся ў нашым горадзе, чым мы павінны ганарыцца. А карані яго вядуць на Гродзеншчыну, у сяло Міхалішкі.

Таццяна Бучэль

г. Даўгаўпілс, Латвія

Дзень беларускай культуры ў гэтым годзе пачаўся "круглым сталом" "Латвія i Беларусь: дыялог культур". Мы нездарма такім чынам абазначылі гэта значнае і цікавае мерапрыемства. На тое ёсць шэраг прычын. Менавіта ў гэтым годзе споўнілася 10 гадоў станаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі дзяржавамі. У гэтым годзе Беларусь урачыста адзначае 120-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нашы краіны аднолькава шчыра і з вялікім гонарам шануюць імёны народных паэтаў Янкі Купалы і Яніса Райніса. Нас звязваюць не толькі гэтыя славутыя імёны, але і магіла маці Райніса, якая знаходзіцца на Віцебскіх могілках і якую даглядаюць беларусы. Трэба адзначыць і нашы даўнія культурныя сувязі, дыялог культур. Свой погляд выказалі ўсе ўдзельнікі дыскусіі. Гэта былі шаноўныя госці з Рыгі і з Беларусі, студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, дыпламаты і работнікі культуры і адукацыі, прадстаўнікі друку і тэлебачання, самакіравання і грамадскіх арганізацый. Размова атрымалася цікавай і змястоўнай. Гісторыя і культура ў мультынацыянальным грамадстве, культурнае супрацоўніцтва латвійска-беларускага памежжа, праблемы інтэграцыі культур, агульнасць традыцый, перспектывы супрацоўніцтва - усе гэтыя пытанні аднолькава хвалююць і беларусаў і латышоў. Вучоныя інстытута філасофіі і сацыялогіі Акадэміі навук Латвіі з 90-х гадоў працуюць у галіне ўзаемадзеяння культур у Латвіі, актыўна даследуюцца нацыянальныя працэсы ў гісторыі краіны. Надрукаваны шэраг кніг на гэтую тэму. У 1995 г. выйшла кніга прафесара Ілгі Апінай "Беларусы ў Латвіі", у 1996 г. - "Рускія ў Латвіі" Ул.Волкава, у 1995 г. - "Украінцы ў Латвіі" - Л.Дрыбінай, у 1998 г. - "Славяне ў Латвіі" І.Апінай і Ул.Волкава, у 1997 г. - "Латышская дзяржава і этнічныя меншасці".

Старонка таварыства "Уздым". "Латгалес лайкс". 2002. 11 ліп.

г. Чарнігава, Украіна

12 ліпеня 2002 года адбыўся форум, прысвечаны 1-й гадавіне стварэння нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў "Сябры". У форуме бралі ўдзел: 3-ці сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь на Украіне А.Стэпук, старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў Н.Аржахоўская, кіраўнік аддзела па справах міграцыі і нацыянальных меншасцяў аблдзяржадміністрацыі А.Нежынець, кіраўнік рускай грамады г. Чарнігава В.Шанаў, кіраўнік яўрэйскай грамады С.Бельман, рэдактары радыё і газет, удзельнікі таварыства "Сябры", святары Беларускай і Украінскай цэркваў. У пачатку форума праслухалі даклад старшыні таварыства Г.Варажбіт. Яна падрабязна распавяла аб гісторыі стварэння, аб мэтах і задачах таварыства. Затым быў адслужаны малебен за дабрабыт Рэспублікі Беларусь і ўсяго беларускага народа. Прадстаўнікі дыяспары арганізавалі багатую культурную праграму, выконваліся песні, чыталіся вершы на беларускай мове. Н.Басак і Т.Дзміцерка зачытвалі свае ўласныя вершы. Форум, які пачаўся ў 14-00, скончыўся толькі з надыходам цемры. Арганізатары выказваюць падзяку за дапамогу і падтрымку ў правядзенні форуму паслу Рэспублікі Беларусь на Украіне В.Вялічку, старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў Н.Аржахоўскай, энтузіязм і энергія якой у многім служыць нам прыкладам.

Старшыня Чарнігаўскага таварыства "Сябры"
Галіна Варажбіт

г. Севастопаль, Украіна

З гісторыі беларускага Севастопаля. У чэрвені 2001 года грамадскія аб'яднанні беларусаў, украінцаў і іншых народаў ладзілі ўрачысты сход з нагоды візіту Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ на Украіну.

Сябры Севастопальскай суполкі Таварыства беларускай мовы спрычыніліся да ўсталявання мемарыяльнай дошкі паэту Адаму Міцкевічу на сцяне дома № 21 па вуліцы Каліча ў Балаклаве. Адкрыццё дошкі адбылося 25 лістапада 2001 года і было прымеркаванае да 175-годдзя выхаду ў свет шэдэўра паэзіі "Крымскіх санетаў".

Севастопальская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны адзначала 110-я ўгодкі Максіма Багдановіча. 9 снежня 2001 года сябры Таварыства наладзілі вечарыну, а назаўтра арганізавалі паездку ў Ялту, дзе пахаваны паэт. Пра гэтыя падзеі з нагоды юбілею Максіма Багдановіча былі змешчаны артыкулы ў газетах "Слава Севастополя" і "Литературный Крым".

Севастопальская суполка ТБМ славіцца сваёй гасціннасцю. Мінулым летам нашыя землякі цёпла прымалі Людмілу Дзіцэвіч, намесніка старшыні ТБМ, а таксама дэлегацыю з Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Узначальвае Севастопальскую суполку ТБМ Валерый Барташ.

"Наша Слова". 2002.

г. Саўт Рывер, ЗША

4-ты "Беларускі Фестываль", нягледзячы на пахмурнае надвор'е, прайшоў надзвычай ўдала. Было шмат прысутных з блізкіх і далёкіх ваколіцаў. Былі людзі з Канады, Канектыкута, Нью-Ёрку, Пенсільваніі ды іншых штатаў, былі нават і з Беларусі. Былі розныя беларускія традыцыйныя стравы, розныя латарэі і, як заўседы, - беларуская народная музыка і спевы. Так як і ў мінулыя гады, выступала сям'я Казакоў - трыо на чале з Валяй Пархоменка, яе мужа Алеся і іх дачкі Волі. Выглядала, што прысутныя былі задаволеныя, а таксама быў ладны прыход для царквы св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт Рыверы. Найбольшая падзяка належыцца сп-ні Соні Арцюшэнка і яе супрацоўнікам.

Сябры Севастопальскай суполкі Таварыства беларускай мовы спрычыніліся да ўсталявання мемарыяльнай дошкі паэту Адаму Міцкевічу на сцяне дома № 21 па вуліцы Каліча ў Балаклаве. Адкрыццё дошкі адбылося 25 лістапада 2001 года і было прымеркаванае да 175-годдзя выхаду ў свет шэдэўра паэзіі "Крымскіх санетаў".

"Беларускі Дайджэст". 2002. жнівень

г. Нью-Брансуік, ЗША

Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне і Згуртаванне беларусаў Канады запрашаюць 31-га жніўня - 1-га верасня 2002 года ў Нью-Брансуіку, штат Нью Джэрсі, ЗША на 25-ю сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі. Тэма сустрэчы: "Роля беларускай эміграцыі ў дэмакратызацыі Беларусі".

г. Лондан, Англія
Сайту беларусаў у Брытаніі і Ірландыі тры гады

"Тры гады таму наш сайт з'явіўся ў інтэрнэце. Мы рады, што сайт дапамог многім з нас пазнаёміцца, беларускім арганізацыям у Брытаніі - прыдбаць новых сяброў, а Скарынаўцы і нашым пэрыёдыкам - яшчэ больш чытачоў. Мы рэгулярна атрымліваем паведамленні літаральна з усяго свету. Нехта цікавіцца рэдкімі кнігамі, іншы шукае сваякоў, а хто хацеў бы завітаць у Лонданскі цэнтр. Так наш сайт заняў сваё вельмі адметнае месца ў беларускім жыцці. З мноства задуманага мы змаглі зрабіць толькі частку. Вялікі дзякуй кожнаму, хто дапамагае ствараць сайт. Яго існаванне было б немагчымым без падтрымкі Скарынаўскай бібліятэкі, якой належыцца нашая асаблівая падзяка. Сёлета, нарэшце, у нас з'явілася магчымасьць ствараць старонкі па-беларуску. Праз нейкі час мы абновім практычна ўвесь сайт. На ім будзе месца для ангельскіх тэкстаў, але мы маем вельмі шмат чаго сказаць па-беларуску".

Адрас сайта: home.clara.co.uk/skaryna/

г. Атава, Канада

18 жніўня ў нядзелю з 11.00 да 17.00 адбылася чарговая сустрэча і сумесны адпачынак беларусаў Атавы на Philippe Lake. Апошняя сустрэча мела месца 14 ліпеня. Пад час такіх сустрэч беларусы маюць магчымасць пазнаёміцца і сустрэцца з суродзічамі, якія жывуць у Атаве, пагуляць у актыўныя гульні, добра адпачыць.

г. Навасібірск, Расія

У Навасібірску ладзіліся "Дні пісьменнасці Кірылы і Мефодзія". У святкаванні бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх суполак з Цюмені, Іркуцка, Навасібірска і Навасібірскай вобласці. У гэтыя дні быў асвечаны храм, пабудаваны ў гонар Еўфрасінні Полацкай.

Мікола Сулкоўскі

Весткі

Помнік Міколу Улашчыку

У музеі выяўленчага мастацтва "Фонд А.Белага" ў г. Старыя Дарогі пастаўлены новы помнік выдатнаму беларускаму гісторыку Міколу Улашчыку. Гэта другі помнік пастаўлены на працягу года і восьмы за час стварэння музея. Помнік уяўляе сабою камень-волат з чырвонага фінскага граніту памерам 3х2х1,5 метраў, на якім замацаваны бронзавы барэльеф гісторыка, яго факсімільны надпіс "Мікола Улашчык" і шыльду з адмысловым тэкстам. На шыльдзе напісаны словы з яго любімага верша Ларысы Геніюш "Як жыць - дык жыць для Беларусі, А без яе - зусім ня жыць". Тры гады праляжаў помнік Міколы Улашчыка ў Дзяржынскім райвыканкаме. Каля сямі гадоў помнік Ларысе Геніюш немагчыма паставіць на яе радзіме ў Зэльве.

Анатоль Белы

Кнігі

У бібліятэцы часопіса "Беларускага Гістарычнага Агляда" (Мінск) у серыі "Доследы" выйшла кніга ньюёркскага даследчыка Лявона Юрэвіча "Літаратурны рух на эміграцыі". Даследванне прысвечана літаратурнаму працэсу на беларускай эміграцыі: плыні, асобы, суполкі, перыёдыкі, кнігі. Аўтар уўпершыню ў беларускай крытыцы дае поўную карціну эміграцыйнай літаратуры. Кніга дапоўненая цікавымі матэрыяламі да гісторыі беларускай літаратуры ў выгнанні, а таксама каштоўнымі аўтографамі і фотаздымкамі.

У бібліятэцы часопіса "Беларускага Гістарычнага Агляда" ў серыі "Доследы" рыхтуюцца да друку наступныя кнігі: Ю.Бардах "Штудыі з гісторыі Вялікага княства Літоўскага"; Ф.Гурэвіч Старажытны Наваградак (замак і горад); А.Радаман, В.Галубовіч "Ваяводскія і павятовыя ўраднікі Вялікага княства Літоўскага ў другой палове ХVІ - першай палове ХVІІ ст."; Г.Сагановіч "Нямецкі ордэн у беларускай гісторыі ХІІІ - ХVІ ст."; А.Смалянчук "Раман Скірмунт: шлях да Беларусі".

Выйшаў першы нумар часопіса "Зямля" за 2002 год, які цалкам прысвечаны тэме эміграцыі. Часопіс змяшчае артыкулы з аналізам гісторыі беларускай эміграцыі, выкладаннем псіхалагічных і філасофскіх аспектаў выгнанніцтва (вымушанай эміграцыі) і развітання з Радзімай. Нават для вельмі дасведчанага чытача будуць цікавыя ўспаміны Паўла Навара. Беларускага актывіста і сябра Саюзу беларускай моладзі, успаміны жонкі графа Храптовіча вольгі, а таксама аналіз творчасці Адама Міцкевіча, гісторыя творчай эміграцыі беларусаў, бібліяграфічны артыкул пра мецэнатку і грамадскую дзеячку беларускай дыяспары Ірэну Калядзе-Смірноў, літаратурныя творы на тэму эміграцыі. Часопіс адметны найвышэйшай якасцю паліграфіі, вялікай колькасцю ілюстрацый і фотаздымкаў. Усе матэрыялы пададзены на добрай беларускай мове.

Адрас часопіса ў Інтэрнэце: www.medisont.com.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"

Гісторыя

Дэпартацыя

Дэпартацыя (лацінскае dерогtаcіо - літаральна "вываз") - выгнанне, прымусовае высяленне асоб з месца пастаяннага жыхарства па сацыяльных, палітычных, рэлігійных і іншых матывах. Прымяняецца як мера крымінальнага ці адміністрацыйнага пакарання "сацыяльна-небяспечных" асоб з абмежаваннем свабоды перамяшчэння на новым месцы. У праве - тэрмін для абазначэння асобных відаў ссылкі. У Расійскай імперыі шырока практыкавалася высылка тых грамадзян, якіх улады лічылі "непажаданымі" ў палітычных адносінах. У 1824 г. больш 20-ці ўдзельнікаў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Беларусі і Літве былі высланы ў Пецярбург і ў аддаленыя губерні Расіі. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1794 г., 1830-1831 гг., 1863-1864 гг. былі высланыя ўжо тысячы асоб ў аддаленыя і кліматычна суровыя для жыцця і працы рэгіёны імперыі. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі шляхты да новай улады ў паўднёвыя губерні Расіі пераселена пасля паўстання 1830-1831 гг. значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзяржаўных сялян-аднадворцаў. Пасля падаўлення паўстання 1863 г. на Беларусі ў Сібір і іншыя этнічныя рэгіёны былі высланыя 12 483 асобы. У гады Першай сусветнай вайны, калі расійскія ўлады ва ўмовах адступлення 1915 г. спрабавалі прымяняць тактыку "выпаленай зямлі", частка насельніцтва была прымусова дэпартавана з прыфрантавой тэрыторыі ўглыб дзяржавы. Пасля ўсталявання савецкай улады дэпартацыі прымяняліся ў адносінах да апазіцыі, патэнцыяльных непрыхільнікаў новага ладу жыцця. З месцаў пастаяннага пражывання гвалтоўна высылаліся (у 20-40-я гг. масава, без суда і следства) грамадзяне, якіх таталітарная сістэма з класавых пазіцый прызнавала ворагамі народа. Дэпартацыі практыкаваліся не толькі ў адносінах да асоб, але і саслоўяў (дваранства, заможнага сялянства, нацыянальнай інтэлігенцыі). За межы Беларусі ў канцы 1920 - пачатку 1930-х гг. дэпартаваны шматлікія прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў т.зв. "нацыянал-дэмакратызме". Масавыя дэпартацыі з Беларусі сялянства ажыццяўляліся падчас калектывізацыі, якая з 1929 г. праводзілася адміністрацыйна-прымусовымі метадамі. Падчас рэалізацыі палітыкі "ліквідацыі кулацтва як класа", да якога ўлады Беларусі аднеслі шмат сераднякоў, было "раскулачана" каля 15% сялянскіх гаспадарак. Да вясны 1930 г. у БССР было "раскулачана" і выселена са сваіх двароў больш за 15,5 тыс. сялянскіх сем'яў. Многія з іх былі вывезеныя на Крайнюю Поўнач, у Сібір, Казахстан і іншыя рэгіёны з фармулёўкай "за антысавецкую агітацыю супраць калектывізацыі", "невыкананне збожжавых паставак", "шкодніцтва ў калгасах". 3 мая 1932 г. па май 1933 г. выслана 35 тыс. сем'яў. Усяго ў 1931-1934 гг. з БССР гвалтоўна выселена каля 260 тыс. асоб, многія з якіх загінулі ад голаду, непасільнай працы ў месцах дэпартацыі ці яшчэ ў дарозе. Пасля далучэння да БССР Заходняй Беларусі савецкая ўлада стала актыўна пазбаўляцца ад "ненадзейных", "класава варожых" элементаў, і з гэтай тэрыторыі з кастрычніка 1939 г. і да нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941 г. з грубымі парушэннямі закона было дэпартавана больш за 120 тыс. чалавек (частка іх лічылася спецперасяленцамі). Калі Другая сусветная вайна перасягнула межы СССР, пачаліся пазасудовыя расправы і высылкі ні ў чым не вінаватых членаў сем'яў "здраднікаў Радзімы" і ваеннапалонных. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. з'явіўся загад, які прадугледжваў адказнасць членаў сям'і завочна асуджаных здраднікаў Радзімы, вызначаны парадак высяленняў аддаленыя раёны. Ахвярамі татальнага недаверу з боку савецкай сістэмы ў пасляваенныя гады сталі жыхары Беларусі, якія па розных прычынах засталіся на акупаванай немцамі тэрыторыі, апынуліся за мяжой (ваеннапалонныя, остарбайтэры, удзельнікі еўрапейскага антыфашысцкага руху супраціўлення, ваяваўшыя ў саюзных арміях). Вайскоўцы-беларусы з 2-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала У.Андэрса (8-я Брытанская армія), што змагаліся на Заходнім фронце і пасля яго расфарміравання ў 1946-1947 гг. вярнуліся на бацькаўшчыну, былі 1 красавіка 1951 г. разам з сем'ямі вывезены на спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць. Пры гэтым рашэнне аб іх высяленні і канфіскацыі маёмасці прымалася асобай нарадай ужо пасля вывазу. Амністыяй 1955 г. "андэрсаўцы" былі памілаваны (а не рэабілітаваны) і пачалі вяртацца ў родныя мясціны. Дэпартацыі з заходніх абласцей БССР прадоўжыліся ў 1944-1953 гг., калі тут ажыццяўлялася прымусовая калектывізацыя. У верасні 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў Пастанову "Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР", у выніку ажыццяўлення якой толькі ў 1952 г. за межы БССР была выслана 4431 "кулацкая" сям'я ў Казахстан, Якуцію, Кіргізію і іншыя аддаленыя рэгіёны дзяржавы. 3 другой паловы 50-х гг. пачалася рэабілітацыя бязвінных ахвяр таталітарнай сістэмы, якая працягваецца і зараз. У кастрычніку 1992 г. Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна падпісалі Пагадненне па пытаннях, звязаных з узнаўленнем правоў дэпартаваных асоб, нацыянальных меншасцяў і народаў. У ім дзяржавы асудзілі "тое, што мела месца ў мінулай таталітарнай практыцы" прымусовае перасяленне народаў, нацыянальных меншасцяў і асобных грамадзян былога СССР, як злачынства, якое супярэчыць агульначалавечым, гуманным прынцыпам. Яны перанялі на сябе абавязкі па законнай абароне дэпартаваных і забеспячэнні добраахвотнага вяртання ў месцы іх пражывання на момант высылкі. У пагадненні прадугледжваецца вырашэнне пытанняў грамадзянства, свабоднага выезда-ўезда, пенсійнага забеспячэння, спрыяння ў атрыманні крэдытаў для ўладкавання. Сваім рашэннем ад мая 1996 г. Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія, Кыргызская Рэспубліка, Таджыкістан і Украіна абавязаліся прымаць меры па вырашэнню комплекса пытанняў, неабходных для рэалізацыі Пагаднення 1992 г.

Галіна Сяргеева

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by