МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№4(№17)
красавік
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванні

Валянціну Грыцкевічу - 70 гадоў

30 сакавіка адзначыў свой 70-гадовы юбілей вядомы дзеяч беларускай дыяспары Расіі, славуты гісторык Валянцін Грыцкевіч.

Валянціну Грыцкевічу - 70 гадоўНарадзіўся Валянцін Грыцкевіч 30 сакавіка 1933 г. у сям'і настаўніка і лекаркі ў Менску. Тут ён атрымаў сярэднюю і вышэйшую адукацыю, скончыўшы адразу інстытут замежных моваў на аддзяленні ангельскай мовы (вячэрняе аддзяленне), медыцынскі інстытут на лячэбным аддзяленні (дзённае аддзяленне) і гістфак БДУ (на завочным аддзяленні). Такая шырокая адукацыя і абумовіла тое, што Валянцін Грыцкевіч мае шмат значных набыткаў у галіне гісторыі медыцыны і музейнай справы, па метадалогіі гістарычнай навукі, эндакрыналогіі. Ён з'яўляецца аўтарам шматлікіх кніг, дзе маецца шмат гістарычных звестак і імёнаў па гісторыі медыцыны нашай краіны, яму таксама належыць больш за 350 навуковых публікацый па гісторыі медыцыны і музейнай справы. Валянцін Грыцкевіч - сябра Вялікай Рады "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства г. Санкт-Пецярбурга, кандыдат медыцынскіх навук па гісторыі медыцыны Беларусі.

Шаноўны Валянцін Пятровіч! Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ад усяго сэрца віншуе Вас, слыннага сына нашай Радзімы з юбілеем, зычыць Вам здароўя, творчых поспехаў і Боскага спрыяння ва ўсіх справах!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Хведару Нюньку - 75 гадоў

6 красавіка адзначыў свой 75-гадовы юбілей актыўны дзеяч беларускага руху ў Літве Хведар Нюнька.

Хведару Нюньку - 75 гадоўХведар Нюнька - бяззменны кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Літве на працягу 10 гадоў. Вялікая заслуга спадара Хведара ў тым, што з самага пачатку ўтварэння ТБК, у Раду ўвайшлі інтэлігенты, вядомыя ў літоўскім грамадстве, нашчадкі беларускай інтэлігенцыі пачатку XX стагодздзя - Лявон і Юрка Луцкевічы, Лявон Кароль, Яраслаў Станкевіч, Сяргей Карабач, Мікола Рулінскі. Нарадзіўся спадар Нюнька 6 красавіка 1928 г. у в. Алешавічы Шчучынскага павету. У 1943 г. сям'я пераехала ў Вільню. У 1948 г. Хведар Нюнька скончыў гімназію імя У.Чарняхоўскага, у 1953 г. - Літоўскую Сельскагаспадарчую Акадэмію ў Коўна. 3 1959 па 1992 гг. працаваў у праектных інстытутах Вільні, апошнія 25 гадоў займаў пасаду галоўнага спецыяліста па каштарысах.

Хведар Нюнька - актыўны беларускі грамадcка-культурны дзеяч Віленскага краю. У 1989 годзе абраны старшынёю Таварыства Беларускай Культуры ў Літве. Бясцэнны яго ўнёсак у адраджэнне беларускасці на Віленшчыне. У 1997 г. увайшоў у Прэзідыум Рады БНР у Нью-Ёрку. Сябра Беларускага Народнага Фронту. Актыўна адстойвае пазіцыю адраджэння і захавання беларускасці ў Літве.

Шаноўны Хведар Якубавіч! Ад імя ўсіх сяброў Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", ад усіх шчырых і адданых беларусаў віншуем Вас з юбілеем, зычым верных сяброў, надзейных паплечнікаў, здароўя, сілаў і плёну, ажыццяўлення творчых і гарамадскіх планаў!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

85-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Урачысты сход, Мінск

Урачысты сход, Мінск25 Сакавіка ў Доме культуры "Сукно" адбыўся Урачысты сход, прысвечаны 85-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Сход стаў кульмінацыйным мерапрыемствам у працы Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па святкаванні 85-х угодкаў БНР. Арганізатарам Урачыстага сходу і яго непасрэдным каардынатарам (у межах Аргкамітэту) выступіла МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Урачысты сход сабраў эліту беларускай інтэлігенцыі, грамадскіх і палітычных дзеячаў, навукоўцаў - людзей, неабыякавых да гісторыі і лёсу Беларусі. Гэтае мерапрыемства стала важкім крокам у сапраўдным яднанні прадстаўнікоў разнастайных партый і рухаў на глебе адзінай ідэі служэння Беларусі. Акрамя "Бацькаўшчыны" правядзенню Сходу паспрыялі і іншыя грамадскія арганізацыі і партыі Беларусі - Беларускі Хельсінскі камітэт, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Аб'яднаная грамадзянская партыя. Вяла Сход вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка. На пачатку Сходу прагучаў гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Адмысловым узрушэннем для ўдзельнікаў Сходу стаў аўдыёзапіс прывітальных словаў Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Перад прысутнымі выступіў Старшыня Аргкамітэту, прэзідэнт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", прафесар Анатоль Грыцкевіч. З натхненнем і ўзнёсласцю Сход павітаў акадэмік НАН Беларусі і Расійскай Акадэміі навук Радзім Гарэцкі. Узрушэнне ўдзельнікаў Сходу выклікаў выступ славутага паэта Ніла Гілевіча, прамову якога ўся зала вітала стоячы.

Урачысты сход, МінскУ канцэртнай праграме Урачыстага сходу ўзялі ўдзел фальклорныя, вакальныя і інструментальныя гурты "Ветах", "Ліцьвіны", "Унія", тэатр танца "Карагод", гурт "Стары Ольса". У завяршэнні праграмы хор "Унія" выканаў беларускі гімн-малітву "Магутны Божа". Напрыканцы вядучая Зінаіда Бандарэнка звярнулася да ўдзельнікаў з наступнымі словамі: "Мы верым, што і 85 гадоў жыцця Беларускай Народнай Рэспублікі, і нашая сённяшняя імпрэза пакіне памяць і стане яшчэ адным прыкладам яднання на глебе служэння сваёй краіне, свайму народу! Дзякуй, што былі разам!"

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Адэлаіда, Аўстралія

Беларуская грамада ў Паўднёвай Аўстраліі сабралася ў невялікім грамадскім будынку раёна Вудвілл, каб адсвяткаваць 25-я ўгодкі дзейнасці Беларускага Аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі, а таксама 85-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР. Урачыстае святкаванне адкрыў старшыня Беларускага Аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі сп. Віктар Кавалеўскі. Ён прывітаў усіх прысутных беларусаў і запрошаных гасцей, сярод якіх былі: міністр культурных спраў штата Паўднёвая Аўстралія Майкл Аткінсан, старшыня Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі сп. Аўген Груша, старшыня Беларускага культурна-грамадзкага клубу ў Сіднэі сп. Міхась Лужынскі, сябра камітэту Федэральнай Рады, прадстаўнік Беларускага Вызвольнага Фронту ў Аўстраліі сп. Алег Шнэк, госця з Бацькаўшчыны, гісторык-даследчыца жыцця беларускіх эмігрантаў Наталля Гардзіенка. Віншаванні з нагоды свята беларусам Адэлаіды даслалі: прэзідэнт Рады БНР сп. Івонка Сурвілла, старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў штаце Вікторыя сп. Паўла Гуз, старшыня Беларускага Аб'яднання ў Заходняй Аўстраліі сп. Міхась Раецкі. Святкаванне незалежнасці Беларусі пачалося агульным спяваннем беларускага гімну - "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Святочны рэферат прачытаў сп. Міхась Лужынскі. Пасля таго, як айцец Міхаіл Бурнос блаславіў ежу, пачаўся святочны абед. Праз некалькі гадзін у зале загучалі беларускія народныя песні.

Віктар Кавалеўскі

Чыкага, ЗША

Беларусы Чыкага і прыгарадаў урачыста адзначалі Дзень Волі ў нядзелю 30 сакавіка. У Беларускай праваслаўнай царкве святога Юр'я пасля набажэнства і спявання рэлігійнага гімну "Магутны Божа" на словы Наталлі Арсенневай са спецыяльным казаннем, прысвечаным 85-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларусі, да прысутных звярнуўся настаяцель царквы айцец Дзмітры Бажко. Потым прагучала маленне за Беларусь, за яе народ, які варты лепшай долі і лепшага лёсу. Перад святочным абедам з рэфератам "Значэнне Дня 25 Сакавіка для беларусаў Бацькаўшчыны і ўсяго свету" выступіў журналіст Ванкарэм Нікіфаровіч. Напрыканцы імпрэзы адбылося падпісанне лістоў да сенатара Рычарда Дурбіна і кангрэсмена ад штата Ілінойс Рахма Эмануэла з просьбамі падтрымаць унесены на разгляд Сенату і Кангрэсу ЗША "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі - 2003". Урачыстасць, прысвечаная 85-й гадавіне абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі адбылася таксама 30 сакавіка ў Чыкага ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры пры царкве Хрыста-Збаўцы. Удзельнікі праспявалі гімн БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" і амерыканскі гімн. Са словамі віншавання ў сувязі са святам да прысутных па-беларуску звярнуўся д-р Вітаўт Рамук, па-ангельску - спадарыня Вера Рамук. Былі зачытаныя прывітанні ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, ад беларусаў Ліды, ад беларускай грамады з Вільні і іншыя віншаванні.

Ванкарэм Нікіфаровіч

Таронта, Канада

Падчас святкавання ў Таронта 85-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі была наладжаная выстава маладых беларускіх мастакоў у Канадзе. Там прысутнічала старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла, якая сама ёсць вядомай мастачкай у беларускім замежжы.

Радыё "Свабода". 2003. 1 крас.

Рыга, Латвія

Сёлета Латвiйскаму таварыству беларускай культуры "Сьвiтанак" спаўняецца 15 гадоў. 22 сакавiка ў 15-ы раз Таварыства святкавала Дзень абвяшчэння Незалежнай БНР. На 85-я ўгодкi былi запрошаныя славутыя беларускiя "Прымакi" з Беласточчыны. Звычайна на святочных вечарынах выступалi мясцовыя артысты, таму прыезд "Прымакоў" стаўся сапраўды святочным падарункам для латвiйскiх беларусаў. Iнфармацыю пра свята з удзелам "Прымакоў" надрукавалi ўсе цэнтральныя латвiйскiя газеты, а на Латвiйскiм радыё ў беларускамоўнай праграме таварыства "Сьвiтанак" песнi ў выкананнi "Прымакоў" гучалi ўжо на працягу паўгода. Захапленне i радасць выклiкалi беларускiя песнi ў выкананнi беларускiх артыстаў з Польшчы. У вачах многiх былі слёзы, калi гучалi "Мой родны кут", "Ты i я навекi", "Александрына", "Месяц" i iншыя лiрычныя песнi, а гаспадары залы не змаглi ўспомнiць яшчэ канцэртаў, калi б i сталыя людзi, i моладзь так пусцiлiся ў скокi. Спадабалiся прысутным i беларускiя песнi ў выкананнi гурту "Вавёрачка" Рыжскай беларускай школы, а таксама вакальнага калектыву таварыства "Сьвiтанак". Нi адзiн госць вечарыны не застаўся незадаволеным тым, што ўбычыў i пачуў (у тым лiку i даклад аб падзеях у 1918 годзе), а на працягу некалькiх дзён пасля свята кiраўнiцтва таварыства "Сьвiтанак" атрымлiвала падзякi, вельмi станоўчыя публiкацыi былi змешчаныя ў прэсе. На заканчэннi канцэрту ўсе ўдзельнiкi разам праспявалi песню "Люблю мой край, старонку гэту", а потым нашы чароўныя беларускiя песнi далей ужо гучалi за святочным сталом.

Рыга, ЛатвіяНе менш цёпла прымалi гурт "Прымакi" ў латвiйскiм партовым горадзе Вентспiлсе. Канцэрт беларускага калектыву там арганiзавала беларускае таварыства "Cпадчына". На гэты канцэрт спецыяльна прыехалi прадстаўнiкi беларусскай суполкi "Мара" з латвiйскага горада - Лiепаi. Кiраўнiцтва ЛТБК "Сьвiтанак" арганiзавала спевакам экскурсiйную праграму ў Рызе.

Таццяна Казак,
старшыня ЛТБК "Сьвiтанак"

Вільня, Літва

З нагоды 85-х угодкаў абвяшчэння БНР віленскія беларусы правялі некалькі святочных імпрэзаў. 22 сакавіка ўрачыста адчыніліся дзверы Таварыства беларускай культуры. Госці размясціліся ў пекна аздобленай беларускімі нацыянальнымі сімваламі і плакатамі зале. Тут дзейнічала і выстава апошніх прац мастака Уладзіміра Кузьменкі, які перанёс на палотны мясціны Вільні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых беларускіх дзеячоў: К.Каліноўскага, П.Сергіевіча, Ф.Рушчыца ды інш. У зале было нямала сучасных вядомых беларускіх і літоўскіх дзеячоў і палітыкаў: 3.Пазняк, А.Трусаў, У.Хілшановіч, праф. Пяткевіч, В.Ландсбергіс і інш. Ландсбергіс адзначыў, што дух незалежнасці жыве ў Беларусі па сённяшні дзень і беларусы маюць надзею на жыццё ў незалежнай дзяржаве. 23 сакавіка адбылося набажэнства за Беларусь у касцёле св. Барталамея на Зарэччы. Набажэнства праводзіў кс. Шуткевіч, які павіншаваў прыхаджанаў з Днём Волі, а потым даволі рэзка гаварыў пра малую актыўнасць беларусаў Вільні, пра незгуртаванасць у справе дапамогі сваёй Бацькаўшчыне, пра неразуменне падступнай палітыкі цяперашняга беларускага ўраду, пра лёс беларускага народу. 25 Сакавіка, адранку, шмат беларусаў-віленчукоў з ініцыятывы Беларускага інфармацыйнага цэнтру і Беларускага музею імя І.Луцкевіча сабралася каля помніка Гедыміну на катэдральным пляцу. Пасля прывітальных прамоў прысутныя рушылі на Замкавую гару, дзе ўсклалі кветкі і паставілі свечкі на месцы пахавання Кастуся Каліноўскага. Сёння гэтае месца робіцца для беларусаў святым месцам паломніцтва ў Вільні. 25 Сакавіка а 16 гадз., у царкве св. Мікалая пачалося багаслужэнне за Беларусь і ейны народ. Вельмі добра прамаўляў а. Васілі, усе прысутныя прасілі ў Бога прыходу ў Беларусь лепшай долі і жыцця. 25 Сакавіка, увечары, у Доме нацыянальных абшчынаў гучалі беларускія песні ў выкананні З.Бартосіка і В.Кавальчук. Святкаванне 85-х угодкаў БНР скончылася адмысловай заявай; у ёй віленскія беларусы адзначаюць, што ў той час, як Літва праводзіць еўрапейскую палітыку, Беларусь усё больш ізалюецца ад цывілізаваных дэмакратычных краінаў свету. "Таму, - гаворыцца ў заяве, - цяпер практычна спынілася сувязь паміж беларусамі Віленшчыны і Беларусі". Гэта негатыўна адбіваецца на актыўнасці беларускае дыяспары, якая цяпер практычна пазбаўленая мажлівасці сталых стасункаў з Бацькаўшчынай. Асноўным лейтматывам выступаў удзельнікаў святочнага сходу былі заклікі да прысутных усімі даступнымі спосабамі спрыяць усталяванню ў Беларусі дэмакратычнага ўраду, які ў сваёй палітыцы будзе кіравацца ідэаламі Беларускае Народнае Рэспублікі.

"Рунь". 2003. 4 крас.

Вільня, Літва

Згуртаванне Беларускіх Суполак урачыста адзначыла абвяшчэнне Беларусі Незалежнай Дзяржавай! У вызначаны дзень, да 15-й гадзіны зала была запоўнена да апошняга месца. Сцяну эстрады ўпрыгожвалі нацыянальныя сцягі Летувы і старажытнай Беларусі. Праграму вяла настаўніца Віленскай беларускай гімназіі імя Скарыны Валянціна Іванова. У прывітанні прысутных Прэзідэнт ЗБС Леанід Мурашка падкрэсліў глыбокія традыцыі беларускага народу, які ў мінуўлым быў цэнтральнай сілай Вялікага Княства Літоўскага. Успамінаючы вялікасць тагачаснай дзяржавы, сп. Мурашка падкрэсліў, што "не гледзячы на пазнейшую страту палітычнай незалежнасці, наш народ ніколі не адракаўся ад свабоды свайго краю. Ідэя незалежнасці не згасала нават у самыя жорсткія гады акупацыі ўсходніх і заходніх імперыяў". Пасля афіцыйнай часткі, на сцэну выйшлі дзяўчаткі Віленскай беларускай школы імя Францішка Скарыны - хор пад кіраўніцтвам Валянціны Кавальчук. Гэты дасведчаны ансамбль, з падмацаваннем хору "Сябрыны" быў цёпла прыняты публікай. Пасля гэтага на сцэну выйшлі артысты з горада Вісагінаса і сваёй жыццярадаснасцю адразу заваявалі сімпатыі залы. Пад акампанемент баяна, цымбалаў ды іншых інструментаў, паплылі родныя, душэўныя песні. Заслужаным выканаўцам былі ўручаны падарункі і многа кветак. Нямала добрых слоў заслужылі і кіраўнік Вісагінскага культурнага цэнтру Алег Дывідзюк, і кіраўнік хору Людміла Віткоўская.

"Наша слова". 2003. 9 крас.

Беласток, Польшча

З выступа на святочнай імпрэзе ў Беластоку кіраўніка Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапы: "У 2003 годзе Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа" адзначае юбілей 45-годдзя дзейнасці. Для часткі "белавежцаў" сустрэчы з Ларысай Геніюш і яе паэзіяй былі тым імпульсам, што дазволіў паверыць у свой беларускі лёс. Тут, на Беласточчыне, спачыў на векі сын Ларысы Геніюш - Юрка, якога літаратурны талент прывёў у Літаратурнае аб'яднанне "Белавежа". Прыроджаная інтэлігентнасць дазваляла яму пранізліва бачыць беларусаў Беласточчыны - як аграмадны патэнцыял, які можам, на жаль, самі растраціць. Дзень Волі 25 Сакавіка - свята вольных людзей. Але сённяшняе сакавіцкае свята 85-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі ставіць перад намі, тут прысутнымі, шматлікія пытанні: вакол якіх ідэй і спраў трэба нам самаарганізавацца сёння і заўтра? Ці зможам мы захаваць нашу беларускую тоеснасць у Польшчы? Дзень Волі - дзень надзеі на лепшую будучыню, у якой беларускасць зойме сваё, належнае месца, як у беларускай дзяржаве, так і ў нас, у Польшчы. Межы можна адкрыць і закрыць, але раз паднятага духоўнага нацыянальнага адраджэння не разбурыць нат і стагоддзямі. Гэты вольны беларускі дух дазваляе нам, беларусам у Польшчы, самаарганізавацца з большымі ці меншымі поспехамі ў грамадска-палітычнае ці культурнае жыццё. Няхай здзейсняцца сны беларускага народу пра незалежную, дэмакратычную і багатую Беларусь, якою будуць ганарыцца таксама беларусы Польшчы".

"Ніва". 2003. 6 крас.

Беласток, Польшча

У Беластоку адбыўся ўрачысты сход і канцэрт, прысвечаны 85-м угодкам абвяшчэння БНР, на які прыехалі беларусы з усёй Беласточчыны. Урачысты сход у кавярні беластоцкага цэнтру культуры распачаўся з супольнага выканання гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Пазней з прывітальнай прамовай выступіў Яўген Вапа, старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы, арганізацыі, якая наладзіла імпрэзу. Пазней з гісторыяй станаўлення беларускай дзяржаўнасці гасцей пазнаёміў вядомы беластоцкі гісторык, прафесар Алег Латышонак. Паводле ягоных словаў, адной з прычынаў дрэннага становішча ў Рэспубліцы Беларусь ёсць тое, што цяперашнія ўлады краіны не хочуць быць пераемнікамі ідэй 25-га сакавіка. Дзень Волі ў Польшчы беларусы падпольна святкавалі і ў паваенны час, аднак больш масава гэта пачалі рабіць студэнты Варшаўскага ўніверсітэту, што прыехалі з Беласточчыны, у сярэдзіне 1980-х. Паводле сябраў Беларускага Саюзу ў Польшчы, з кожным годам святкаванне Дня Волі становіцца ўсё больш масавым і цікавым. Сапраўды, калі звярнуць увагу хаця б на канцэртную праграму ўчарашняй імпрэзы, дык паводле колькасці і разнастайнасці выступоўцаў з беластоцкім святкаваннем, напэўна, цяжка супернічаць.

Радыё "Свабода". 2003. 24 сак.

Варшава, Польшча

У Польшчы завершыўся тыдзень святкаванняў 85-х угодкаў абвяшчэння БНР. Апошняе мерапрыемства, прысвечанае Дню Волі, прайшло ў Варшаве. На пачатку ў варшаўскім клубе "Апетыт Архітэктаў", сябры Інстытуту беларускай культуры коратка распавялі пра гісторыю паўстання Беларускай Народнай Рэспублікі і значэнне гэтай падзеі для сучаснасці нашай краіны. Пасля прысутныя разам заспявалі гімн "Магутны Божа". Сцены памяшкання, дзе адбывалася імпрэза, былі аздобленыя беларускай сімволікай, матэрыяламі, звязанымі з абвяшчэннем БНР, а ў холе можна было набыць шматлікія касеты ды кампакт-дыскі з беларускай музыкай. Святкаванне Дня Волі ў Варшаве ўжо некалькі гадоў запар ладзіць Інстытут беларускай культуры. Пасля ўрачыстай часткі распачаўся канцэрт маладога, але ўжо добра вядомага ў Беларусі гурта "Стары Ольса". "Стары Ольса" ўпершыню выступаў у Варшаве, у другой палове канцэрту ўжо амаль ніхто не сядзеў на месцы - пляцоўка перад сцэнай ператварылася ў пляцоўку для танцаў.

Радыё "Свабода". 2003. 28 сак.

Польшча

У час, калі ў суседняй Беларусі і, у прыватнасці, у блізкай да Беластоку Горадні людзей арыштоўваюць толькі за тое, што яны выступаюць з прамовамі пра гісторыю БНР ці бяруць удзел у мірных шэсцях, у Польшчы Дзень Волі святкуецца ў школьных і ўніверсітэцкіх залах. Прыкладам, у беларускім ліцэі ў Бельску-Падляскім мерапрыемствы рознага характару працягваліся тры дні. З нагоды святкавання ліцэісты прэзентавалі ў сваёй школе беларускую традыцыю, сустрэліся з гарадзенскім акцёрам і бардам Віктарам Шалкевічам ды прафесарамі з Беластоцкага ўніверсітэту. Шэраг мерапрыемстваў быў наладжаны таксама ў Варшаве і Гданьску. І невялікая дэталь: значная частка аўдыторыі на традыцыйных беларускіх чытаннях у Варшаўскім універсітэце, адзначае спадар Максімюк, - гэта студэнты беларускай філалогіі - аддзялення, на якое з кожным годам паступае ўсё больш палякаў. Аляксандар Максімюк быў адным з тых, хто распачаў адкрытае святкаванне 25 Сакавіка ў Польшчы ў сярэдзіне 1980-х. Ад тых часоў Дзень Волі ў Польшчы адзначаецца штогод, прычым у апошнія гады цікаўнасць да гэтай вялікай даты падвышаецца. На думку спадара Максімюка, гэта пэўным чынам звязанае з сітуацыяй у самой Беларусі - чым больш святкаванне 25 Cакавіка пераследуецца беларускімі ўладамі, тым больш шырока і адкрыта гэтае свята адзначаецца ў беларускім замежжы.

Радыё "Свабода". 2003. 11 крас.

Масква, Расія

З 26 сакавіка ў Маскве праходзіць выстава мастака Алеся Пушкіна "А.Пушкин и его Беларусь", прысвечаная 85-м угодкам абвяшчэння незалежнасці БНР. На яе адкрыццё прыйшлі шматлікія прадстаўнікі беларускай дыяспары, а сярод іх - прафесар Яўген Шыраеў, былы дысідэнт Міхась Кукабака, лідэр мясцовага беларускага руху Генадзь Лех ды інш. Праігнаравалі запрашэнне касманаўт Уладзімір Кавалёнак і журналіст Павел Шарамет. У сапраўдны перформанс ператварылася спроба А.Пушкіна запрасіць на выставу пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Грыгор'ева. Само з'яўленне мастака ў пасольстве, дзе ніхто не размаўляе па-беларуску, надоўга запомніцца дыпламатычным пасланцам.

"Наша ніва". 2003. 11 крас.

Севастопаль, Украіна

Севастапальскае Таварыства беларусаў імя Максіма Багданавіча "Пагоня" адзначыла Дзень Волі. Гэты год у дзейнасці Таварыства вызначаны годам герояў паўстання 1863 года, годам памяці Кастуся Каліноўскага. 22 сакавіка ў дзень пакарання смерцю нацыянальнага героя Беларусі на сходах Матроскага бульвара адбыўся мітынг. Месца правядзення мітынгу было ўпрыгожана транспарантам з надпісам на беларускай мове "Свабода, Незалежнасць, Дзяржаўнасць", нацыянальнымі сцягамі Беларусі і Украіны, сцягамі БНФ і ТБМ. Прагучалі вершы беларускіх паэтаў, "Пагоня" Максіма Багдановіча; хвілінай маўчання ўдзельнікі ўшанавалі памяць герояў, якія загінулі за свабоду Бацькаўшчыны. У гэты ж дзень была адслужана імша ў касцёле ў памяць Кастуся Каліноўскага. 23 сакавіка ў царкве парафіі святой Троіцы Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы быў адслужаны малебен за беларускі народ на беларускай мове. Адбылася канферэнцыя, прысвечаная 85-м угодкам абвяшчэння БНР. Зала была ўпрыгожана бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня, украінскімі сцягамі. У выступах прагучала ўпэўненасць, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай з нацыянальнай культурай.

Валер Барташ,
старшыня Таварыства "Пагоня"

Прага, Чэхія

25 Сакавіка ля беларускай амбасады ў Празе сабраліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый Чэхіі, беларускага студэнцва, грамадзяне Беларусі і іх украінскія калегі. Мэта - у 85-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі патрабаваць ад беларускіх уладаў гарантый незалежнасці. Прысутныя выказалі рашучы пратэст супраць так званага "единения Беларуси и Расии", патрабавалі спыніць пераслед беларускіх грамадзян па палітычных матывах. Быў зачытаны супольны зварот Звязу Беларусаў Замежжа і культурніцка-адукацыйнай суполкі "Скарына" да беларускага грамадства з заклікам адчуць адказнасць за лёс Беларускай Дзяржавы і Народу і ўсімі магчымасцямі бараніць Незалежную Беларусь. Прадстаўнікі беларускай амбасады не знайшлі магчымасці адгукнуцца на званкі ў дзверы з мэтай перадаць Зварот і сустрэцца з землякамі.

Прэс-служба Звязу Беларусаў Замежжа

Прага, Чэхія

Беларусы, якія жывуць у Чэхіі, сабраліся ў так званай Люстраной зале ў будынку старажытнага Клементынуму, які лічыцца адным з найпрыгажэйшых архітэктурных комплексаў Прагі. Менавіта тут у 1923 годзе заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, якія апынуліся ў эміграцыі, адзначалі 5-годдзе ўтварэння БНР. Сёлетнюю ўрачыстую акадэмію, прысвечаную 85-м угодкам БНР, распачаў намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык. Ён зачытаў прывітанні ад Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, ад беларускіх арганізацый з Канады і Аўстраліі. Свае віншаванні даслалі адзін з лідэраў беларускай дыяспары ў Францыі Лявон Шыманец, а таксама сусветна вядомы навуковец Барыс Кіт, які жыве ў Нямеччыне. Шмат якія асяродкі беларускага замежжа запрасілі на святкаванне старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу, але яна абрала менавіта Прагу. І.Сурвілла: "Прага - таму што ў гэтым годзе юбілей, вялікае свята, і сюды з'язджаецца шмат нашых суродзічаў і з Беларусі, і з іншых краін Еўропы, наогул, гэта такое сусветнае святкаванне, так што тут вельмі прыемна быць". У сваім прывітальным слове да беларусаў Прагі Івонка Сурвілла заклікала ўсіх беларусаў свету аб'яднацца дзеля Бацькаўшчыны. Віталі беларусаў у Празе пісьменнік Валянцін Тарас, дэпутат Пухавіцкага раённага савету Алесь Міхалевіч, старшыня Чэшскай суполкі беларусаў імя Скарыны Ганна Сурмач. Прадстаўнік чэшскага фонду "Чалавек у нядолі" Любаш Вэсэлы ў сваім звароце да беларусаў Прагі павіншаваў усіх са святам і пажадаў, каб наступныя ўгодкі БНР беларусы адзначалі ўжо ў вольнай Беларусі. На ўрачыстай акадэміі ў Празе выступіў Васіль Быкаў, які сёлета ўзначальвае Усебеларускі камітэт святкавання ўгодкаў БНР.

Радыё "Свабода". 2003. 24 сак.

Навіны

Рыга, Латвія

13 красавiка Латвiйскае таварыства беларускай культуры "Сьвiтанак" у самым цэнтры Старой Рыгi - Доме Менцэндорфа - ладзiла Дзень беларускай культуры. Дом Менцэндорфа - гэта дом-музей багатага рыжанiна, якi знаходзiцца ў прыгожым трохпавярховым будынку 18-га стагоддзя. Iнiцыятарамi правядзення свята выступiлi сённяшнiя гаспадары Дома Менцэндорфа - супрацоўнiкi музею. На гэты раз "сьвiтанкаўцы" падрыхтавалi дзве выставы: экспазiцыю беларускiх кнiг i выставу вырабаў беларускiх майстроў. Асаблiвую цiкавасць наведвальнiкаў выклiкалi нашыя цудоўныя рушнiкi, паясы, коўдры, посцiлкi, вытканыя ў мiнулым стагоддзi. Сярод беларускiх кнiг можна было ўбачыць даволi рэдкiя i каштоўныя, напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне Бiблii, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах у трох тамах, альбомныя выданнi, кнiгi з аўтографамi беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў з прыватных калекцый арганiзатараў выставы. Частку сувенiраў i кнiг для выстаў арганiзатарам свята далi для паказу ў музеi дыпламаты беларускай амбасады. Пачалося свята знаёмствам публiкi з гicторыяй беларусаў на тэрыторыi сучаснай Латвii, з гicторыяй беларуска-латышскiх сувязяў, аб сучасным жыццi нашае дыяспары, дзейнасцi беларускiх суполак у Латвii. Пра працу беларускай школы ў Рызе распавядалi старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыi "Маю гонар" Вячка Целеш, аўтарка кнiгi "Беларусы ў Латвii" прафесар Латвiйскага Унiверсiтэту Iлга Апiнэ, рэдактар газеты "Прамень" Алесь Карповiч. Адна з частак свята была прысвечаная беларускай кухнi. Гасцей чакала дэманстрацыя прыгатавання беларускiх дранiкаў, а потым больш як дзве гадзiны працягваўся канцэрт.

Таццяна Казак,
старшыня ЛТБК "Сьвiтанак"

Іркуцк, Расія

Намаганнямі Алега Рудакова ў Іркуцкім Лiнгвiстычным унiверсiтэце з 2004 года адкрыецца Факультэт беларускай мовы, на якім будуць навучаць беларускай мове студэнтаў i ўсiх жадаючых як дадатковай спецыяльнасцi. Гэта вялiкi поспех. У апошнi тыдзень траўня плануецца правесцi Днi беларускай культуры ў Iркуцкай вобласцi, прычым па ўсёй вобласцi пройдуць розныя мерапрыемствы, але патрэбна шмат матэрыялу для суполак у раёнах - патрэбны мастацкiя фiльмы, альбо спектаклi беларускiя, якія сп. Алег дамовiўся паказаць па Іркуцкім абласным тэлебачанні. 31 траўня ў Іркуцку адбудзецца вялiкi беларускі канцэрт. 29 сакавiка Іркуцкае таварыства ездзіла ў беларускую вёску Тургенеўка Гукаць Вясну. Пры Мэрыі Іркуцка ствараецца Каардынацыйны Савет па Нацыянальных пытаннях (таксама прапанова Алега Рудакова, якому прапаноўваюць стаць Намеснiкам старшынi гэтага Савету). Але сп. Алег на гэтым не спыняецца і лабiруе пытанне пра выкладанне ў Іркуцкiм Дзяржаўным Унiверсiтэце, на гiстарычным факультэце, прадмета "Гiсторыя Беларусi і Украiны".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Кніжная паліца

У Літве робяць высокаякасны самвыдат

Намаганнямі Таварыства беларускай культуры ў Літве пабачылі свет два высокаякасныя і надзвычай арыгінальныя выданні. Першае - гістарычны нарыс Радаслава і Віктара Астроўскіх "Беларусь у Х-ХVІ стст.". Выданне падрыхтавала да друку вядомая віленская дзеячка Леакадзія Мілаш, камп'ютарны набор зрабіла Святлана Йорданава. Усё, што напісана ў выданні, цікавае і вартае ўвагі. Кніга можа быць выкарыстана гісторыкамі, філолагамі і, увогуле, шырокім колам чытачоў. У ёй кароткі агляд гістарычных падзей ад X да XVI ст. Праходзяць стагоддзі, а гісторыя паўтараецца. Каб упэўнена крочыць у будучыню, трэба ведаць мінулае. Другое выданне - альбом "Таварыства Беларускай Культуры ў Літве (ТБК)", дзе адлюстравана дзейнасць арганізацыі на працягу больш за 10 гадоў. Паказана шмат значных падзей з жыцця і дзейнасці ТБК, сабраны ўсе матэрыялы, якія публікаваліся ў СМІ, былі зняты на фота за час існавання Таварыства. Здымкі і друкаваныя матэрыялы з газет вельмі розных гадоў і рознай якасці, што стварае ўражанне дакументальнага даследвання. Многія здымкі, не гледзячы на самвыдаўскі фармат, вельмі высокай якасці. У альбоме наўмысна не захавана храналагічная паслядоўнасць.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Бібліятэка Беларускага Гістарычнага Згуртавання ў Аўстраліі

У Бібліятэцы Беларускага Гістарычнага Згуртавання ў Аўстраліі выйшлі дзве брашуры, прысвечаныя 25-годдзю актыўнай дзейнасці Беларускага Аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі. Першая з іх так і называецца "Беларускага эміграцыя ў Паўднёвай Аўстраліі". Кніга падрыхтавана паважаным айцом Міхаілам Бурносам і сп. Віктарам Кавалеўскім, як зборнік узаемазвязаных дакументаў, маючых дачыненне да грамадскай, палітычнай і рэлігійнай дзейнасці беларусаў Паўднёвай Аўстраліі. Коратка падаецца інфармацыя пра дзейнасць лідэраў беларускага нацыянальнага руху ў Аўстраліі. Вялікая колькасць пададзеных у кнізе прыватных і афіцыйных лістоў напісана з ўжываннем граматыкі розных беларускіх школ: сп. Тарашкевіча, сп. Я. Лёсіка і ў некаторых выпадках - Янкі Станкевіча. Кніга прадстаўляе думкі і запісы пасляваеннай хвалі эміграцыі з адкрытым крытыцызмам камунізму і расійскага імперыялізму, які доўгі час панаваў на Беларусі. Другая брашура - збор твораў славутага дзеяча беларускага руху Аўстраліі канца 60-х гадоў, першага старшыні Беларускага Аб'яднання Паўднёвай Аўстраліі - Янкі Ролсана. Называецца брашура "Янка Ролсан і яго творы".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Весткі з Беларусі

Намеснік старшыні Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Беларусі Уладзімір Ламека мяркуе, што супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай павінна садзейнічаць эканамічнаму развіццю краіны. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 красавіка. "Зараз прымаюцца актыўныя захады да таго, каб выкарыстоўваць кантакты з замежнымі суайчыннікамі для развіцця і ўмацавання эканамічных і навуковых адносінаў з замежнымі дзяржавамі," - сказаў Уладзімір Ламека. Паводле слоў Уладзіміра Ламекі, да канца гэтага года плануецца завяршыць распрацоўку канцэпцыі эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з дыяспарай, а ў 2005 годзе правесці на яе аснове Кангрэс беларусаў свету ў Мінску. Сярод праблем стасункаў з замежнымі суайчыннікамі начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Тадэвуш Стружэцкі назваў адсутнасць сувязей з абшчынамі далёкага замежжа і адсутнасць мэтавага дзяржаўнага фінансавання праграм матэрыяльнай падтрымкі беларускай дыяспары. Тадэвуш Стружыцкі лічыць, што для развіцця ўсіх форм супрацоўніцтва неабходна ствараць беларускія культурныя цэнтры за мяжой.

Марат Гаравы, БелаПАН

Інфармацыйны цэнтр "Бацькаўшчыны" звяртае ўвагу, што ў тым жа 2005 г. адбудзецца чарговы Чацвёрты з'езд беларусаў свету, які ладзіць МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў адпаведнасці са сваім Статутам.

З нашай пошты

У Даўгаўпілскім універсітэце вывучаюць беларускую мову

Некалькі гадоў таму (1996) у перспектывах кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Даўгаўпілскі ўніверсітэт па ініцыятыве загадчыцы кафедры, доктара педагогікі, дацэнта Наталлі Пятроўны Трафімавай планавалася пашырэнне цыкла вывучэння славянскіх моў. Да гэтага вывучалася толькі руская і польская мовы. Улічваючы патрэбы часу і нацыянальную асаблівасць горада Даўгаўпілса, дзе пражывае 10% працэнтаў беларусаў, а таксама зацікаўленасць студэнтаў да беларускай мовы, з 1996 года існуе ўводны курс беларускай мовы, які выкладаецца на другім курсе і пашырае лінгвістычны светапогляд студэнтаў, а на чацвертым курсе - як прадмет па выбару. Акрамя таго плануецца ўвядзенне новай спецыянальнасці - славістыкі, дзе будуць прапанаваныя дзве мовы: польская і беларуская і, такім чынам, будзе прадстаўлена магчымасць засвоіць іх на больш высокім узроўні, пазнаёміцца з беларускай культурай, этнаграфіяй і фальклорам. Славістыка - перспектыўны напрамак, канчатковая мэта якога - стварэнне ў нашым горадзе цэнтру славянскай культуры.

На кафедры вядзецца навуковая праца. Абаронена адна бакалаўрская і дзве магістарскія працы параўнальнага характару беларускай, рускай і латышскай мовы, пішацца доктарская дысертацыя ў галіне трохмоўнага супастаўлення, што сведчыць аб зацікаўленасці студэнцкай моладзі беларускім мовазнаўствам, беларускай культурай і гісторыяй.

Усё гэта падахвоціла шукаць сувязі з беларускімі ВНУ, з кафедрай беларускай мовы БДУ. Першыя крокі былі зробленыя ў 1998 годзе, 24 лютага 1999 года быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцве паміж Даўгаўпілскім і Беларускім дзяржаўным універсітэтамі. Была арганізавана паездка ў Віцебскі ўніверсітэт з мэтай распрацоўкі сумеснага плана.

У 1999 годзе студэнты былі запрошаныя ўзяць удзел у 4-м летнім семінары беларускай мовы, літаратуры і культуры на філалагічным факультэце БДУ, куды з'ехаліся слухачы з Чэхіі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Аўстрыі, Ізраіля і Латвіі (Даўгаўпілс). Беларускую стыпендыю ў Школе беларусістыкі атрымалі трое студэнтаў. Неаднаразова студэнты-беларусы праводзілі навукова-практычныя канферэнцыі ў межах Дзён славянскай пісьменнасці:

  • "Беларуская мова і культура: гісторыя і сучаснасць", 1999, 23 удзельнікі;
  • "Беларусь у маім сэрцы", 2000, 14 удзельнікаў;
  • "Ці ведаеце вы гісторыю Беларусі", 2001, 15 удзельнікаў;
  • "Беларусы Латвіі: культура і асвета", 2002, 15 удзельнікаў;
  • бралі ўдзел у круглым стале "Беларусь - Латвія: дыялог культур";
  • плануецца чарговая канферэнцыя "Беларусы Латгаліі: мінулае і сучаснасць".

Беларускія дыпламаты не пакідаюць без увагі студэнтаў. Першая сустрэча адбылася ў 1997 г., калі ўніверсітэт наведаў першы Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Анатоль Іванавіч Жалтоўскі, консул Валерый Сысоеў, прарэктар па навуцы БДУ Уладзімір Астапенка. Другая сустрэча адбылася з Генеральным консулам Васілём Міхайлавічам Марковічам, а трэцяя - зусім нядаўна, у сакавіку, з новым консулам Мікалаем Сцяпанавічам Камышакам. Сёння мы маем беларускую нядзельную школу і спецкурс беларускай мовы для студэнтаў-гуманітарыяў. Хацелася б, каб гэта развівалася далей і на больш высокім узроўні.

Таццяна Бучэль,
выкладчык беларускай мовы,
Даўгаўпілскі ўніверсітэт

Падзяка

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае падзяку за падтрымку арганізацыі спадарам Аўгену Грушу, Міколу Антуху і Алегу Шнэку (Аўстралія).

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Традыцыі талерантнасці ў ВКЛ"

13 красавіка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры "ІВВ", у межах дзейнасці Нацыянальнага Аргкамітэту па святкаванні 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі, адбыўся Круглы стол "Традыцыі талерантнасці ў ВКЛ". Арганізатарам выступіла МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". Мэта гэтага навуковага форуму - папулярызацыя ведаў аб традыцыях грамадскага жыцця сярэднявечнай Беларусі, аб талерантнасці як духоўнай, гістарычнай і культурнай з'яве. Сярод задач былі вызначаныя прыцягненне ўвагі беларускай грамадскасці да культурнай спадчыны Беларусі 16-17 стст., навуковае асэнсаванне беларускай культуры міжэтнічных і міжканфесійных зносін у 16 ст., ушанаванне памяці знакамітых дзеячаў беларускай культуры 16 ст. На Круглым стале абмеркаваны наступныя тэмы: "Традыцыі талерантнасці ў Беларусі" (дакладчык доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч), "Талерантнасць у Беларусі вачыма іншаземных падарожнікаў" (доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс), "Праявы талерантнасці ў грамадскім жыцці ВКЛ" (доктар філасофскіх навук Сямён Падокшын), "Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэфармацыі" (доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан), "Юрыдычныя падставы талерантнасці ў ВКЛ" (доктар юрыдычных навук Таіса Доўнар), "Аб ушанаванні памяці Саламона Рысінскага" (прафесар Алег Латышонак), "Традыцыі талерантнасці ў сямейных звычаях і побыце беларусаў 16 ст." (Зміцер Сасноўскі). Прысутнічалі і бралі ўдзел у абмеркаванні прадстаўнікі многіх грамадскіх арганізацый ("Гісторыка", сябры Управы "Бацькаўшчыны", сябры Аргкамітэта, ТБМ і інш.), выкладчыкі мінскіх ВНУ, карэспандэнты многіх СМІ ("БелаПАН", "Культура", "Рэспубліка" і інш.), госці з Галандыі і Нарвегіі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Зора Кіпель

14 красавіка пайшла з жыцця знакамітая дзеячка беларускай культуры, навуковец, беларусазнаўца, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Зора Кіпель.

Зора КіпельЗора і Вітаўт абодва нарадзіліся ў Мінску ў 1927 годзе, сям'ю стварылі ў 1956 годзе, выхавалі ў беларускім духу двух дзяцей. Бацькі Зоры і Вітаўта - знакамітыя дзеячы нацыянальнага адраджэння 20-30-х гадоў на Бацькаўшчыне. Драматычнай была гісторыя сям'і Зоры - сям'і таленавітага беларускага пісьменніка Лявона Савёнка, які пісаў пад псеўданімамі Лявон Крывічанін і Леанід Свэн. З маці Зора часта бывала ў Купалавай сям'і. Лявон Савёнак быў арыштаваны і ў 1933 годзе высланы ў Сібір, вярнуўся толькі ў 1939 годзе. У 1944 годзе сям'я Савёнкаў, як і сем'і многіх іншых пайшла ў выгнанне, жылі напачатку ў Германіі, у лагерах перамешчаных асобаў. Тут наспела патрэба вучыць дзяцей. З 1945 г. Зора пачала вучыцца ў беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. Дырэктарам гімназіі быў Аляксандр Орса, маці Зоры Апалонія Савёнак працавала настаўніцай, у 1946 годзе яна выдала "Беларускі лемантар".

Пасля заканчэння гімназіі ў 1948 годзе Зора Савёнак разам з Вітаўтам Кіпелем і паступілі ў Цюбінгенскі ўніверсітэт, пасля становяцца студэнтамі Лювенскага ўніверсітэту. Яны заўсёды былі разам, відаць, самім лёсам было наканавана ўсё жыццё правесці поруч. У 1953 годзе Зора Савёнак скончыла вучобу са званнем магістра, а Вітаўт Кіпель з кандыдацкай дысертацыяй. I Вітаўт і Зора, разам з такімі юнакамі беларускага руху як Янка Запруднік, актыўна ўдзельнічалі ў студэнцкіх арганізацыях і Саюзе беларусаў Бельгіі. Напачатку 50-х гадоў многія беларускія сем'і, у тым ліку Савенкі і Кіпелі, пераехалі з Еўропы ў ЗША. У Амерыцы ўтварылася сям'я Зоры і Вітаўта, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Бацькаўшчыне, вядомасці Беларусі ў свеце. Папрацаваўшы некалькі год па сваіх спецыяльнасцях, Зора і Вітаўт вырашылі набыць гуманітарную адукацыю і скончылі бібліятэчны факультэт Ратгерскага ўніверсітэту (Нью-Джэрсі). З шасцідзесятых гадоў яны пачалі працаваць у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы: Вітаўт загадчыкам навуковага аддзела і рэдактарам бюлетэня "Новыя тэхнічныя кнігі", а Зора - спачатку каталагізатарам літаратуры, а з 1981 па 1991 гг. - намеснікам загадчыка славянскага аддзела. Зора, захапіўшыся беларускай літаратурай, асабліва рукапіснай спадчынай ХVІ ст., зноў паступае ў Ратгерскі ўніверсітэт на факультэт параўнальнага літаратуразнаўства, які скончыла ў 1988 годзе.

Іх творчая і грамадская дзейнасць надзвычай шматгранная. Яны разам апрацоўвалі беларускую бібліяграфію, склалі бібліяграфічны даведнік "Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе", хрэстаматыю "Беларуская дзяржаўнасць" на англійскай мове. Склалі таксама некалькі бібліяграфій па грамадазнаўству, гісторыі літаратуры (Скарынінская бібліяграфія, у якой каля трох тысяч назваў, складзена таксама з дапамогай Кіпеляў).

Зора Кіпель неаднойчы брала ўдзел у Канферэнцыях бібліятэкараў ЗША, займалася збіраннем і камплектаваннем беларускіх кніг славянскага аддзела бібліятэкі, арганізоўвала юбілейныя выставы вядомых беларускіх грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў. Правяла вялікую работу па апісанню і камп'ютарызацыі старадрукаў, падрыхтавала "Даведнік пра этнічныя групы штата Нью-Джэрсі". Як літаратуразнавец яна засяродзілася на вывучэнні сярэдневяковай беларускай літаратуры, пераклала старабеларускі змест "Аповесці пра Трыстана" на англійскую мову, напісала да яе навуковы каментар і выдала асобнай кнігай у Гарландскай серыі сярэдневяковай літаратуры, выдала новае даследаванне "Этычныя элементы ў беларускім Трыстане ХVІ ст.". У хуткім часе павінна выйсці кніга "Беларуская літаратура ХV-ХVІІ стст.". Зора Кіпель - аўтар шматлікіх артыкулаў па бібліятэчнай справе, асвеце, нацыянальнай культуры і літаратуры беларусаў, якія друкаваліся ў англамоўных і беларускамоўных выданнях. Разам з Вітаўтам яна ўдзельнічала ў шматлікіх міжнародных канферэнцыях, міжнародных кангрэсах беларусістаў, з'яўляецца членам Амерыканскай асацыяцыі славянскіх даследаванняў.

Зора і Вітаўт разам з дачкой Алесяй бралі ўдзел у Першым і Трэцім з'ездах беларусаў свету. Зора Кіпель была верным паплечнікам і дарадцам ва ўсіх справах свайго мужа. Вітаўт Кіпель з'яўляецца адным з выдаўцоў часопіса "Запіскі БІНІМ", супрацоўнічае ў газеце "Баларус" (Зора Кіпель была рэдактарам "Беларуса" з 1991-1992 гг. і з 1994 г.), займаецца кнігавыдавецкай дзейнасцю, якую ажыццяўляе Баларускі інстытут навукі і мастацтва па збіранні і выданні літаратурнай спадчыны баларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Зора і Вітаўт Кіпелі правялі прэзентацыю серыі выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мінску ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" смуткуе з прычыны заўчаснага адыходу ў лепшы свет Зоры Кіпель і выказвае шчырае спачуванне яе сям'і, сябрам і паплечнікам. Імя Зоры Кіпель будзе ўпісана вялікімі літарамі ў гісторыю культуры Беларусі.

Сябры Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Памяці Зоры

Народны паэт Рыгор Барадулін лічыць, што са смерцю Зоры Кіпель Беларусь страціла вельмі шмат: "Смерць Зоры Кіпель - сапраўдная страта для нацыі, для беларускага духу, для беларускай ідэі. Памяць пра яе застанецца ў беларускім народзе". Паэт Генадзь Бураўкін пазнаёміўся з Зорай Кіпель, калі працаваў у Нью-Ёрку прадстаўніком Беларусі ў ААН: "Калі я сустракаўся з Зораю, заўсёды адчуваў, што ўсімі нітачкамі, якія звязвалі яе з роднай Беларуссю, яна вельмі даражыла. Хаця фізічна жыла яна за акіянам, але духоўна яна жыла ў Беларусі". Вядомы гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў перакананы, што душа Зоры Кіпель вернецца ў Беларусь, якую яна так любіла: "Зора Кіпель з таго шэрагу беларускіх жанчын, да якога належаць Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш. Сваім талентам, розумам і душой Зора Кіпель была аддадзеная Беларусі. Ад пачатку 90-х гадоў Зора штогод прыязджала ў Беларусь. Цяпер сюды будзе вяртацца яе душа".

Паводле Радыё "Свабода"
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by