МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№11(№24)
лістапад
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Дзень герояў Беларусі


На здымку: герб Беларускай Народнай Рэспублікі, пад якім ваявалі слуцкія палкі

Шаноўнае спадарства!

Кожны год 27 лістапада беларусы ўсяго свету адзначаюць Дзень герояў Беларусі. Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуе ўсіх беларусаў з 82-мі ўгодкамі Слуцкага збройнага чыну і зычыць далейшай плённай працы на карысць Радзімы.

Управа ЗБС "Бацькаўшчына"

Віншаванне з Вільні

Таварыства Беларускай Культуры ў Літве віншуе аднадумцаў з днём герояў - Слуцкім збройным чынам - зорнай старонкай нашай гісторыі. Яно сведчыць, што ў 1920 годзе Беларускі народ Случчыны "выйшаў шчыльнымі радамі", каб са зброяй у руках змагацца за свабоду і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны Беларусі. Вечная слава героям! Жыве Беларусь!

Старшыня ТБК у Літве,
Хведар Нюнька

Віншаванне з Аўстраліі

Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі віншуе вас, дарагія суайчыннікі, з 83-мі ўгодкамі Слуцкага Збройнага Змагання за волю і незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Змагары Случчыны ўзнялі Бел-Чырвона-Белы сцяг і ўпершыню гімн незалежнасці пралунаў над радамі жаўнераў:

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор,
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор, дамо адпор!

Гэтыя і ўсе паследуючыя словы гімна гавораць усё, што можа сказаць шчыры беларус ворагам нашай Бацькаўшчыны. Слава Слуцкіх змагароў, наш сцяг і наш гімн будуць жыць з намі заўсёды, і мы павінны перадаць гэтую слаўную спадчыну нашай беларускай моладзі, каб не забывалі і ганарыліся нашымі змагарамі, якія аддавалі сваё жыццё, каб жыла наша Беларусь вольнай і незалежнай. Вечная памяць героям Случчыны! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Старшыня Управы БЦКВ,
Алег Шнэк

З гісторыі

Акт 25-га сакавіка 1918 года быў сустрэты жыхарамі Случчыны з вялікім патрыятычным уздымам. 14 лістапада 1920 году ў Слуцку пачаўся двухдзённы беларускі з'езд, які вітаў найвышэйшую раду БНР як адзіную паўнамоцную ўладу ў краіне. Рада Случчыны вылучыла патрабаванне незалежнасці Беларусі ў яе этнаграфічных межах ды пастанавіла бараніць інтарэсы беларусаў. Дэлегаты даручылі ўтворанай на з'ездзе Беларускай радзе Случчыны фармаваць войска. Так пачалося самае масавае антысавецкае паўстанне беларусаў. 27 лістапада першая Слуцкая брыгада пачала актыўныя баявыя дзеянні. Слуцкія падзеі - працяг барацьбы за незалежнасць. Папярэдне была добра арганізаваная хваля сялянскіх паўстанняў на Віцебшчыне ў 1918 годзе, потым у 1919 годзе была каласальная хваля выступаў на Магілёўшчыне. Пік, апагей гэтага руху - Слуцкае паўстанне. Бальшавікі перакінулі ў Беларусь новыя войскі, і Слуцкае паўстанне пацярпела паразу. Случакі маглі перамагчы пры адной умове: прызнанне іх правоў Еўропай. На той момант Еўропа не хацела прызнаць права Беларусі на дзяржаўнасць. Адна з задачаў Слуцкага паўстання была доказ, дэманстрацыя еўрапейскім колам сапраўднага жадання беларусаў жыць у самастойнай дзяржаве. Лёс слуцкіх паўстанцаў трагічны. Многія загінулі. Тыя, хто ацалеў, былі скалечаныя бальшавіцкімі турмамі. Але тыя, хто перайшоў мяжу, да канца дзён працавалі ў эмігранцкіх беларускіх арганізацыях на карысць будучае незалежнасці краіны.

Слуцкае паўстанне выкраслілі са школьных падручнікаў

Сённяшняе пакаленне змагароў за незалежнасць мала ведае пра случакоў: антыбальшавіцкія паўстанні не вывучаюцца ў школьным курсе гісторыі. А ва ўніверсітэцкіх падручніках Слуцкае паўстанне за незалежнасць краіны называецца "контаррэвалюцыйным мяцяжом". Гісторыкаў, якія вывучаюць тыя падзеі, улада пераследуе. Нядаўна была звольненая з працы ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнае акадэміі навук Ніна Стужынская. Ёй не дазваляюць абараніць доктарскай дысертацыі на тэму "Антысавецкі рух у Беларусі ў 20-я гады ХХ стагоддзя". Некалькі іншых даследнікаў з БДУ і Акадэміі навук, які вывучалі гісторыю антыбальшавіцкіх паўстанняў, вымушана памянялі тэмы сваіх працаў на больш нейтральныя.

Радыё "Свабода". 2003. 14 ліст.

Юбілеі

5 год ансамблю "Лянок"

"Лянок" - ансамбль беларускай песні Цюменскага нацыянальна-культурнага таварыства "Беларусь" (Расія). Ля вытокаў стварэння ансамбля стаялі Т.Грыгор'ева (мастацкі кіраўнік), Ф.Валодзін (акампаніятар), Н.Смірнова, К.Зуева, В.Абібок, Л.Федарава. Усё пачыналася ў 1998 г., калі познімі восеньскімі вечарамі пасля працы з усіх канцоў Цюмені пачалі збірацца беларусы, каб пачуць родную мову і паспяваць песні. Першы канцэрт калектыва адбыўся 1 лістапада. Большасць песняў было выканана на "Біс", і гледачы доўга не разыходзіліся. Быў наладжаны дадатковы набор жадаючых займацца мастацкай самадзейнасцю. Сёлета спаўняецца пяць год, за якія ансамбль "Лянок" даў сотні канцэртаў, стаў неаднаразовым лаўрэатам і дыпламантам абласных і міжнародных фестываляў, пастаянным удзельнікам Усерасійскіх дзён славянскай культуры. Акрамя актыўнай канцэртнай дзейнасці, ансамбль ладзіць беларускія каляндарныя святы ў гарадах і вёсках вобласці. Асабліва запамінаюцца паездкі ў вёскі, дзе жывуць нашчадкі беларусаў-"самаходаў", што прыйшлі ў Сібір з Беларусі ў ХІХ ст. Гледачы ў такіх вёсках просяць многія песні паўтараць, а потым пасля канцэрта доўга не разыходзяцца. Старажылы гэтых вёсак згадваюць старыя песні, якія чулі ад сваіх матуль, згадваць мову гэтых песняў. Шмат новых, мясовых песняў адкрылі для сябе салісты "Лянка" ў такіх паездках. Пачутае не прападае, а застаецца і запамінаецца. Каб жыць нам. Каб жыць нашым дзецям.

Вось дзеля такіх сустрэчаў з мэтай вывучэння мовы, звычаяў і побыту "самаходаў", дзеля прапаганды беларускай культуры "колесят" па раёнах салісты ансамбля "Лянок".

Начальнік аддзела
беларускай культуры,
Людміла Татарынцава

15 год "Сьвітанку"

ансамбль Таварыства ''Сьвітанак''Віншаванне. Вось ужо больш за 10 год Згуртаванне "Бацькаўшчына" мае гонар супрацоўнічаць з Таварыствам "Сьвітанак". Мы спадзяемся, што і надалей нашыя арганізацыі будуць працаваць разам, каб, не зважаючы ні на якія часовыя перашкоды, наша Радзіма стала вольнай і незалежнай еўрапейскай краінай. Шчыра віншуем з юбілеем, зычым поспехаў, натхнення, здзяйснення творчых планаў, каб ставала моцы не схіляць голаў ні перад якімі цяжкасцямі.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

на сцэне У.АрлоўСвята. 2 лістапада адбыліся святочныя мерапрыемствы (мастацкая выстава, урачыстасці, канцэрт) у межах святкавання 15-гадовага юбілею Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Святочная праграма была пабудавана такім чынам, што выступы і віншаванні гасцей чаргаваліся з мастацкай і канцэртнай часткамі. Віншавалі світанкаўцаў беларусы з Ліепаі - Валянціна Грыбоўская, старшыня беларускай суполкі "Мара", з Вентспілсу - Алена Нарушэвіч, наместніца старшыні суполкі "Спадчына" і інш. Выходзілі на сцэну і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а палякі выканалі надзвычай прыгожыя рамантычныя песні. Віншавалі "Сьвітанак" і палітыкі і актывісты арганізацыі. З Беларусі прыехалі з віншаваннямі Старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская і славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Згуртаванне "Бацькаўшчына" прывезла ў падарунак бібліятэку з больш за 100 беларускіх кніжак, а таксама арганізавала прыезд і выступ беларускага гурта "Стары Ольса".

З гісторыі. 27 лістапада 1988 г. у Рызе, у Дома культуры прафсаюзаў сабраліся беларусы, адданыя патрыёты сваёй Радзімы, каб стварыць Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". З гэтага дня маладое Таварыства пачало руплівую працу па яднанню беларусаў Латвіі, абуджэнню іх нацыянальнай свядомасці, выхаванню любові да роднай мовы, гісторыі і культуры. Была адроджана беларуская газета Латвіі "Голас Беларуса", утвораны часопіс "Сьвітанак", арганізавана Рыжская беларуская мастацкая студыя "Вясёлка", якая да гэтага часу далучае дзяцей беларусаў да нацыянальнага мастацтва. Менавіта з ініцыятывы "Сьвітанка" была ўтворана Рыжская беларуская нядзельная школа, якая з цягам часу вырасла ў Рыжскую беларускую асноўную школу. З 1990 г. і да гэтага часу дзейнічае на Латвійскім радыё культурна-асветніцкая праграма "Сьвітанак". Вялікай падзеяй на шляху адраджэння і развіцця нашай культуры ў Латвіі стала заснаванне аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" на чале з актыўным дзеячам беларускага руху Вячкам Целешам. Была створана бібліятэка Таварыства. Пачынаючы ад свайго стварэння "Сьвітанак" паслядоўна і аддана трымаецца ідэялаў 25 сакавіка.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Парыж, Францыя

удзельнікі пікета4 лістапада ў Парыжы сябры Беларуска-Еўрапейскага Задзiночання (БЕЗ), арганiзацыi, якая аб'ядноўвае палiтычных уцекачоў з Беларусi, правялi пiкет ля будынка, дзе праходзiла пасяджэнне адмысловай камiсii Парламенцкай Асамблеi Рады Еўропы па справах знiклых беларускiх палiтыкаў. На пачатку пасяджэння 10 чалавек разгарнулi каля галоўнага ўвахода ў будынак, дзе адбывалася пасяджэнне камiсii, беларускiя сцягi i транспаранты, на якiх было напiсана "Спынiць супрацоўнiцтва з дыктатарскiм рэжымам Беларусi", "Лукашэнка апошнi дыктатар Еўропы". Акцыя выклiкала вялiкую зацiкаўленасць дэпутатаў. Да пiкетчыкаў выйшаў прадстаўнiк камiсii Богдан Клiх. Падобныя акцыi адбылiся таксама ў Бельгii, Галандыi ды Чэхii. Такiм чынам беларускiя палiтычныя эмiгранты iмкнулiся прыцягнуць увагу да сiтуацыi, якая склалася ў Беларусi. Удзельнiкi акцыяў патрабуюць ад урадаў еўрапейскiх краiнаў паспрыяць дапушчэнню ў Беларусь Камiсii Парламенцкай Асамблеi Рады Еўропы, якая вядзе расследаванне знiкненняў беларускiх апазіцыйных палiтыкаў.

pahonia.promedia.by 2003. 5 ліст.

Нью-Ёрк, ЗША

У Нью-Ёрку адбылася 24-я сесія Рады БНР, якая выпрацавала план дзейнасці Рады на бліжэйшы час і пераабрала сваё кіраўніцтва. Старшынёй Рады БНР ізноў абраная Івонка Сурвілла (паводле Статуту Рады, выбары кіраўніцтва адбываюцца раз на шэсць гадоў). Таксама былі пераабраныя ўсе сябры Прэзідыюму. Апрача выбараў і бягучых адміністрацыйных спраў, Рада абмеркавала палітычную сітуацыю ў Беларусі, а менавіта напад на беларушчыну. Рэзалюцыя, якую прыняла Рада БНР у форме звароту да беларускага народу, заклікае беларускі народ у Беларусі і на чужыне захоўваць свае нацыянальныя каштоўнасці і сваю нацыянальную культуру, каб быць паўнавартасным сябрам сям'і народаў свету.

Івонка СурвіллаРадыё "Свабода". 2003. 27 кастр.

Даведка. Iвонка Сурвілла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. З 1944 году - у эміграцыі. Скончыла Вышэйшую мастацкую школу ў Парыжы, пазней - лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэту (1959). У 1958-1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё. З 1969 году і да апошняга часу працуе англа-францускім перакладчыкам у Федэральным урадзе Канады. Старшыня Рады БНР з 1997 году.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Зігін, Германія

У горадзе Зігіне ладзіцца выстава твораў беларускай мастачкі Наталлі Рудзіной, дзе будзе прадстаўлена больш за 20 карцін. На адкрыцці выставы прадстаўнікі беларускай дыяспары маюцца прадставіць інфармацыю аб гісторыі і культуры Беларусі. Імпрэзу ладзіць арганізацыя "Новая работа Sigierlanda" у межах праграмы "Xenos" міністэрства вытворчасці і працы Германіі. На выставе будзе выступаць прафесар Манферэд Забель, супрацоўнік IBB, які добра ведае Беларусь. Ужо запрошаныя болей за 300 асобаў на адкрыццё, якое адбудзецца 23 лістапада. Выстава, на якой мае гучаць беларуская музыка, будзе доўжыцца да сярэдзіны студзеня.

Язэп Паўловіч

Талін, Эстонія

Адбылася сустрэча Генеральнага консула Беларусі ў Таліне сп. Пятра Крачко з міністрам па справах народанасельніцтва і нацыянальных меншасцей Эстоніі сп. Пауль-Эрыкам Румо. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя са становішчам беларускай дыяспары пасля ўступлення Эстоніі ў Еўрапейскі союз і фінансавай падтрымкай дзейнасці беларускіх культурных таварыстваў з боку ўрада Эстоніі. Былі таксама разгледжаны магчымасці ўстанаўлення дзелавых кантактаў паміж ведамствамі Эстоніі і Беларусі, якія займаюцца пытаннямі нацыянальных меншасцей.

www.mfa.gov.by 2003. 10 ліст.

Рыга, Латвія

У вучняў дзяржаўнай беларускай школы ў Рызе толькі адзін падручнік беларускай літаратуры на дзесяць чалавек. Кіраўніцтва школы ў гэтым звязку наракае на беларускую дзяржаву, якая не дапамагае сваім суайчыннікам за мяжой у атрыманні адукацыі на роднай мове.

Беларускіх дзяржаўных школаў па-за межамі краіны вельмі мала. Сярэднія навучальныя ўстановы працуюць у Вільні, Рызе і на Беласточчыне. Геаграфія "нядзельных" школаў болей шырокая - Расія, Украіна, Эстонія. Але самі беларусы, якія там жывуць, называюць гэтыя класы не болей як "гурткамі па інтарэсах".

Дырэктарка беларускай школы ў Рызе Ганна Іванэ крыўдуе, што іншыя, нашмат меншыя колькасна дыяспары, маюць у Латвіі асобныя будынкі, беларуская ж арандуе плошчы ў дзіцячым садку на ўскрайку гораду. Яна таксама распавяла, што апошнія гады вучні старэйшых класаў беларускай школы ў Рызе ўвогуле займаюцца па адным падручніку беларускай літаратуры: навучальныя дапаможнікі з Мінску ў Рыгу трапляюць хіба выпадкова. "Міністэрства адукацыі ўсе стасункі з нашай школай ажыцьцяўляе праз амбасаду. Амбасада проста не настолькі сур'ёзна да нас ставіцца, каб хоць бы падручнікі прывезці. Гэтыя людзі баяцца беларускай школы як чорт крыжа. Каб іхнія дзеці тут вучыліся, было б прасцей. Тое, што ў Беларусі адбываецца, бумерангам б'е па нас. У Рызе ёсць украінская школа, літоўская, эстонская. І гэта ўжо зусім іншыя школы - яны нават па-іншаму выглядаюць, бо іх падтрымліваюць свае" - гаворыць сп. Ганна Іванэ, і дадае, што міністэрства адукацыі Латвіі падтрымлівае гэтую школу значна больш, чым беларускае міністэрства.

Днямі беларускую школу ў Рызе наведалі прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Сябра АГП Людміла Гразнова кажа, што нават не магла ўявіць сабе тых умоў, у якіх вучацца 82 вучні і працуюць каля дзесяці выкладчыкаў - людзей, якія, насуперак абставінам, спрабуюць захаваць гэткім чынам сваю нацыянальную адметнасць.

Радыё "Свабода". 2003. 13 ліст.

Вентспілс, Латвія

У Вентспілсу адбыўся Другі фэст нацыянальных культур "Вентспілскі вянок". Фестываль быў арганізаваны Вентспілскай Асацыяцыяй нацыянальна-культурных таварыстваў і Вентспілскай беларускай суполкай "Спадчына". У фестывалі ўдзельнічалі 26 калектываў. Самай шматлікай аказалася беларуская суполка: у гала-канцэрце ўзялі ўдзел 4 беларускія калектывы - адзін з Мінску ("Спас"), два з Рыгі ("Сьвітанак" і "Надзея") і "Журавінка" з Вентспілсу. Ансамбль беларускай песні "Журавінка" быў утвораны ў мінулым годзе пры Вентспілскай беларускай суполцы "Спадчына". Спонсарскую дапамогу калектыву і ўсёй Вентспілскай беларускай суполцы аказвае акцыянернае таварыства "Калія парк", якое перагружае беларускія калійныя ўгнаенні праз Вентспілскі порт. Госцем фэсту быў калектыў майстэрні абрадавай творчасці "Спас" Мінскага каледжу мастацтваў. "Спас" даў у Вентспілсе асобны канцэрт і ўзяў удзел у гала-канцэрце фестывалю.

намесніца старшыні праўлення суполкі "Спадчына",
Алена Нарушэвіч

Свіслач-Вільня

Па ініцыятыве Гродзенскага аддзела "Фонду імя Льва Сапегі" ўжо сёмы год адзначаюцца ўгодкі паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У гэтым годзе на святкаванне былі запрошаны прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры (ТБК) з Літвы, якія ахвотна прынялі запрашэнне. Свята пачалося ў г. Свіслач, дзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнікі прайшлі па горадзе да магілы Віктара Каліноўскага - старэйшага брата і настаўніка Кастуся. Затым накіраваліся да помніка і бюста Кастусю Каліноўскаму, устаноўленых сіламі і сродкамі беларусаў-патрыётаў. Сябры мясцовага "Таварыства братоў Каліноўскіх" выступілі з прамовамі. Цікава распавяла пра жыццё Каліноўскіх праунучка Віктара Каліноўскага, 16-гадовы ўнук, які жыве ў Чэбаксарах. завецца Кастусь Каліноўскі, валодае беларускай мовай і характарам падобны на свайго продка.

Са Свіслачы ўдзельнікі накіраваліся ў Якушоўку, былы фальварак Каліноўскіх. Тут захаваліся падмуркі дома Каліноўскіх, а цяпер намаганнямі сяброў і прыхільнікаў Таварыства пастаўлены 6-метровы металёвы крыж і камень-валун з памятным надпісам. Тут перад прысутнымі выступілі старшыня "Фонду імя Льва Сапегі" Уладзімір Хільмановіч, Хведар Нюнька і іншыя ўдзельнікі свята.

Старшыня ТБК у Літве,
Хведар Нюнька

Беласточчына, Польшча

Ha тэрыторыі былога Падляшскага ваяводства дзейнічае каля 90 Еўрапейскіх школьных клубаў. Яны папулярызуюць ідэі еўраінтэграцыі ды веды пра Еўрасаюз. Часта яны дзейнічаюць паралельна з профілем навучальнае ўстановы. Гэта свабодная форма заняткаў, якая менавіта таму і падабаецца моладзі. Сёлета ў студзені пры ведамстве падляшскага ваяводы і з ягонае ініцыятывы, быў створаны Форум еўрапейскага дыялогу для падляшскай моладзі. У лютым было абранае кіраўніцтва - гэта пяць чалавек, настаўнікі з розных школаў Беласточчыны. Сёння на тэрыторыі Падляшскага ваяводства дзейнічае 80-90 клубаў.

"Наша ніва". 2003. 31 кастр.

Варшава, Польшча

З цэнтру Варшавы ў бок Амбасады Беларусі прайшоў марш, арганізаваны "Звязам на карысць Дэмакратыі ў Беларусі". Мэтай удзельнікаў маршу было ўручэнне Амбасадару Беларусі петыцыі, у якой звяртаюць увагу на тое, што ў дзень 7 лістапада варта згадваць пра трагічныя наступствы Кастрычніцкай рэвалюцыі, а не працягваць рэвалюцыйную дактрыну, чым займаюцца сённяшнія ўлады Рэспублікі Беларусь.

Беларуская служба радыё "Polonia". 2003. 7 ліст.

Беласток, Польшча

У Беластоку створаны Еўрарэгiянальны Медыцынскi Цэнтр Даследаванняў i Адукацыi. Дамову аб стварэннi Цэнтру падпiсалi прадстаўнiкi Беластоцкай Медыцынскай Акадэмii, Вiленскага Унiверсiтэту i Гродзенскага Дзяржаўнага Медыцынскага Унiверсiтэту. Новая ўстанова мае займацца арганiзацыяй супольных навуковых даследаванняў i студэнцкiх абменаў.

pahonia.promedia.by 2003. 4 ліст.

Варшава, Польшча

31 кастрычніка Амбасадар Беларусі ў Польшчы Павел Латушка сустрэўся з польскім віцэ-міністрам культуры Рафалам Скомпскім. Амбасадар перадаў міністру беларускі праект дамовы пра супрацоўніцтва паміж ведамствамі культуры Польшчы і Белaрусі. Павел Латушка зацікаўлены ў хуткім падпісанні гэтага дакументу з мэтай актывізацыі культурных кантактаў. Размова датычыла, між іншым, праблемы фінансавых датацый на культурна-асветніцкую дзейнасць беларускіх асацыяцый у Польшчы ды фінансавання Музею і Цэнтру Беларускай Культуры ў Гайнаўцы пасля яго адкрыцця.

Беларуская служба радыё "Polonia". 2003. 4 ліст.

Беласточчына, Польшча

Сёлетняя "Бардаўская восень" на Беласточчыне мела адметны фармат: замест двух дзён у Бельску канцэрты адбываліся цягам трох дзён у Беластоку, Бельску і Гайнаўцы. Не было традыцыйнай конкурснай праграмы, толькі выступы запрошаных зорак. За дзесяць гадоў існавання ўровень фестывалю якасна змяніўся. Сёння - гэта салідная імпрэза, на якую ахвотна едуць музыкі, а гледачы ідуць сем'ямі. Можа таму беластоцкая яе частка адбывалася ў канцэртнай зале Польскага радыё і транслявалася ўжывую, што ў Мінску наўрад ці было б мажліва.

На фестывалі сёлета не прагучала ніводнай новай "змагарскай" песні. Панаваў дух кабарэ - музыкі адпачынку, з'едлівага гумару, дэкадансу. Калі раней барды навыперадкі кляліся ў сваёй любові да зямелькі роднай, то цяпер гэтая тэма гучала збольшага як настальгічная рэмінісцэнцыя. Крыху грамадзянскай лірыкі, крыху алькагольнай тэматыкі, адна песня пра смерць. Да гэтага баян, скрыпка, акустычная гітара, плюс спевы разам з залай, ды скокі пад сцэнай. Такі весь фестываль. Прыязная публіка, знаёмыя спевакі, добрая музыка.

Апроч афішаў "Бардаўскай восені" на вуліцах Беластоку можна было пабачыць таксама афішы канцэрту гурта "Zero-85", прызёра "Басовішча". Беларуская культурная прысутнасць робіцца ў Польшчы звычайнай з'явай. Найноўшая генерацыя адчувае сябе беларусамі, як тое мае быць. Шлях да самаідэнтыфікацыі перастаў быць рэвалюцыйным, як гэта было у 80-я. Беларушчына нарэшце робіцца натуральнай, зручнай, свойскай.

Міхал Анемпадыстаў. "Наша ніва". 2003. 31 кастр.

Беласток, Польшча

Супрацоўнік Найвышэйшай кантрольнай палаты Польшчы (НІК) Роберт Скварко паўтара месяца шукаў у рэдакцыі беларускай газеты "Ніва" слядоў небяспечнай для польскай дзяржаўнасці дзейнасці. У ліпені НІК выпусціў інфармацыю, нібыта ў "Ніве" за два гады няправільна расходавалі 174 тысячы злотых. Матэрыялы з кантролю НІК асабіста пастаўляў у прэсу пасол адной з мясцовых польскіх нацыяналістычных груповак. У польскіх сродках масавай інфармацыі, а асабліва ў тэлебачанні, з вялікай заангажаванасцю і задавальненнем інфармавалі аб блізкім канцы нашага тыднёвіка.

Дырэктар Беластоцкай дэлегатуры НІК Антон Янухта тым часам слаў нам лісты, са зместу якіх вынікала, што мы павінны дакладна прадставіць Міністэрству культуры свае выдаткі. Бухгалтарка састаўляла табліцы, пералічвала сумы з тысячаў дакументаў. Нічога не бракавала. Інфармацыю пасылалі мы ў Міністэрства і Беластоцкую дэлегатуру НІК. З Міністэрства прыйшоў станоўчы адказ, адабраючы нашы справаздачы. Начальнікам дэлегатуры стала зразумелым, што такім шляхам не ўдасца закрыць наш тыднёвік. Вырашылі тады накіраваць абвінавачанне супраць мяне і нашай бухгалтаркі ў пракуратуру. Для польскіх "патрыётаў" выдаванне "Нівы" здаўна было злачынствам. Дзякую ўсім тым, якія ў час антыніўскай істэрыкі выказалі нам гатоўнасць свае падтрымкі.

Яўген Мірановіч, рэдактар "Нівы"
"Ніва". 2003. 26 кастр.

Масква, Расія

У Музеі наіўнага мастацтва ў Маскве (Саюзны праспект, 15а) 30 кастрычніка адчынілася выстава "Зямля і космас Язэпа Драздовіча". Матэрыялы для экспазіцыі (дываны і графіка) у Маскву прыехалі з Заслаўскага гісторыка-культурнага музею. Выстава працягнецца да 14 лістапада.

"Наша Ніва". 2003. 7 ліст.

Ханты-Мансійск, Расія

выступ беларускіх танцораўА.Каспяровіч гатуе дранікі
7 лістапада ў Ханты-Мансійску праходзіў "Дзень згоды і прымірэння", падчас якога адбылася цырымонія адкрыцця акруговага будынку "Дружбы народаў". Памяшканне, хоць і маленькае і са старой мэбляй, але атрымала і нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Югры". Кіраўніцтва беларускай аўтаноміі прасіла даць памяшканне пад офіс у горадзе Сургуце, дзе пражывае найбольш беларусаў, ці хаця б у іншым горадзе, дзе жывуць беларусы. Аднак кіраўніцтва Ханты-Мансійскай акругі вылучыла памяшканне ў доме "Дружбы народаў" ў горадзе Ханты-Мансійску, дзе беларусаў амаль што няма. Нягледзячы на гэта кіраўніцтва і сябры беларускай аўтаноміі поўныя сілаў і жадання працаваць, што і паказалі на "Дні згоды". Беларусы добра паказалі сябе і на сцэне і на свяце нацыянальных кухняў. Кумпякі па 12 кг, груздзі, апяты, самагонка на травах, і, вядома, дранікі агульнай колькасцю ў 2 вядры - трымалі гасцей ля беларускага стала даўжэй за ўсё. Беларускі кухар Андрэй Каспяровіч сказаў, што на наступнае свята зробіць асобную шыльду з рэцэптам дранікаў, бо яму на працягу ўсяго свята прыходзілася шматкроць распавядаць рэцэпт гэтай нашай стравы. Беларуская аўтаномія аказала спонсарскую дапамогу немцам і ўкраінцам, прадаставіўшы ім транспарт.

Сяргей Бандарэнка

Калінінград, Расія (Прусія)

З 18 па 22 лістапада ў Калініградзе і Калінінградскай вобласці адбыліся святочныя мерапрыемствы ў межах "Тыдня беларускай культуры". "Тыдзень беларускай культуры" быў прысвечаны памяці Васіля Быкава. Адбылося 5 канцэртаў у розных гарадах вобласці. У канцэртах браў удзел ансамбль беларускай песні г. Калініграда "Тутэйшыя музыкі". У межах падтрымкі на канцэртах выступалі музычныя калектывы іншых нацыянальнасцяў. З Беларусі падтрымаць землякоў прыехалі вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава, беларускі бард Андрэй Мельнікаў і гурт сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса". У канцэртах у нязмушаных абставінах чаргаваліся музычныя, паэтычныя і ўрачыстыя часткі. Арганізавала "Тыдзень беларускай культуры" нацыянальна свядомая беларуская дыяспара г. Калінінграда і Калінінградскай вобласці - "Беларускае таварыства культуры" на чале са старшынёй Ігарам Шаховічам. Калінінградскія беларусы наладзілі надзвычай гасцінны прыём гасцей з Беларусі, арганізаваўшы вялікую культурную і, нават, аздараўленчую праграму. Арганізатарам паездкі беларускай дэлегацыі выступіла Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Святочныя канцэрты прайшлі насуперак шматлікім перашкодам, якія чыніла кіраўніцтва фармальнай беларускай дыяспары, створанай беларускімі дзяржаўнымі структурамі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Кніжная палічка

"Беларусы ў культуры і навуцы Малдавіі"

Пад эгідай Фонду славянскага пісьменства і культуры ў Рэспубліцы Малдова пабачыў свет пятнаццаты выпуск літаратурна-публіцыстычнага альманаха "Ларец" ("Куфэрак") пад назвай "Беларусы ў культуры і навуцы Малдавіі". Яго матэрыялы выклікаюць вялікую цікавасць, бо раскрываюсь чытачу новыя, невядомыя старонкі дзейнасці прадстаўнікоў беларускага народа ў Малдове. Зборнік складаецца з 27 біяграфічных артыкулаў-партрэтаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры і навукі Малдовы. Найперш - гэта выдатныя мастакі, бацька і сын Уладзімір і Расціслаў Акушкі, прадстаўнікі беларускага шляхецкага роду з Ашмян. У мінулым годзе адзначалася 140-годдзе з дня нараджэння выпускніка Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Акушкі, які потым працаваў дырэктарам школы малюнка ў Кішынёве, дзе ім быў створаны гурток прыхільнікаў мастацтваў, які затым быў ператвораны ў Бесарабскае таварыства выяўленчых мастацтваў. Яго сын, мастак-партрэтыст Расціслаў Акушка, - заслужаны дзеяч мастацтваў Малдаўскай ССР. Наш сучаснік, вядомы беларускі мастак Гаўрыіл Вашчанка з 1953 года выкладаў у Кішынёўскім рэспубліканскім мастацкім вучылішчы. Пра ягоны творчы шлях можна даведацца з артыкула "Яго Палессе і Малдова".

У кнізе апісаны жыццёвы шлях выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, былога настаўніка 1-й Кішынёўскай гімназіі Аляксандра Шыманоўскага (1850-1918). Яго навуковая праца "Матэрыялы па этнаграфіі Мінскай губерні" ў 1899 годзе была ўзнагароджана Рускім геаграфічным таварыствам. Асобны артыкул прысвечаны памяці прафесара-філолага, ураджэнкі Мінска Таццяны Васільевай. У кнізе таксама апісаны жыцці ўраджэнца Гомеля, выпускніка Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі Уладзіміра Шэлестава, даследчыка глебаў прафесара І.Захарава, прафесара У.Чатыркіна, першага дырэктара Кішынёўскага сельскагаспадарчага інстытута прафесара П.Герасімовіча і многіх іншых.

Голас Радзімы. 2003. 6 ліст.

"Святыя зямлі беларускай"

Выдавецтва Варшаўскай праваслаўнай метраполіі пры садзеянні Пасольства Беларусі ў Польшчы выпусціла манаграфію "Святыя зямлі беларускай". Кніга, якая выдадзена на польскай мове, мае папулярны характар і дае магчымасць шырокаму колу польскіх чытачоў лепш пазнаёміцца з багатай гістарычнай, культурнай і рэлігійнай спадчынай беларускага народа. Выданне ўключае звесткі аб звыш сарака праваслаўных святых, жыццё і дзейнасць якіх звязана з беларускай зямлёй. Побач з такімі вядомымі постацямі, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі, манаграфія прадстаўляе таксама беларускіх святых, якія былі кананізаваныя ў апошні час. Як лічаць аўтары, асаблівую вартасць выданне будзе мець для этнічных беларусаў у Польшчы, перш за ўсё моладзі, для якой знаёмства з дзейнасцю святых беларускай зямлі паспрыяе фарміраванню і ўмацаванню нацыянальнай і духоўнай свядомасці.

www.mfa.gov.by 2003. 11 ліст.

Творы Яна Станкевіча

Кніга, якая выйшла ў выдавецтве "Энцыкляпэдыкс", адрасаваная аматарам гісторыі. Амаль 800-старонкавы том прадстаўляе гістарычнае мысленне Яна Станкевіча такімі творамі, як "Крыўя-Беларусь у мінуласьці" (1942), "Савецкае хвальшаваньне гісторыі Беларусі" (1956), "Нарысы з гісторы Вялікалітвы" (1978) і інш. Адзін з апублікаваных матэрыялаў, "Курс гісторыі Крывіі-Беларусі" (1941), дагэтуль быў вядомы толькі вельмі вузкаму колу спецыялістаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Жыццёвы шлях. Янка Станкевіч - вучоны, перакладчык, грамадска-палітычны, культурны дзеяч, доктар славянскага мовазнаўства і гісторыі. Псеўданімы: Брачыслаў Скарыніч, Янучонак.

Нарадзіўся ў 1891 г. У часе навучання ў Ашмянскім вучылішчы займаўся грамадскай працай, распаўсюджваў газету "Наша Ніва" і супрацоўнічаў з рэдакцыяй ў якасці карэспандэнта. Арганізоўваў беларускае школьніцтва ў Ашмянскім і Вілейскім паветах. Супрацоўнічаў з М.Гарэцкім у падрыхтоўцы "Маленькага беларуска-рускага слоўніка". З'яўляўся сябрам Беларускай Віленскай Рады, адным з заснавальнікаў Беларускага Навуковага Таварыства. Па пераездзе ў у Мінск удзельнічаў у гістарычных пасяджэннях Рады БНР, на адным з якіх адбылося абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Браў удзел у адкрыцці больш за 200 пачатковых і сярэдніх школ (1921). У 1926 г. закончыў Карлаў універсітэт у Празе і вярнуўся на Беларусь. Займаўся выдавецкай, педагагічнай дзейнасцю. Удзельнічаў у дзейнасці Беларускага Навуковага Таварыства, быў актыўным у грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі. Выкладаў беларускую мову ў Духоўнай праваслаўнай акадэміі пры Варшаўскім універсітэце, удзельнічаў у працы Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы, Беларускага Студэнцкага Саюза, супрацоўнічаў з Беларускім Навуковым Таварыствам у Вільні. Быў арыштаваны польскімі ўладамі (1939). Па вызваленні быў адным з арганізатараў падпольнай Партыі Беларускіх Нацыяналістаў. Падчас фашысцкай акупацыі займаўся выдавецкай дзейнасцю.

Выехаў з Беларусі ў 1944 г. Удзельнік Беларускага Нацыянальнага Камітета ў Рэгенсбургу, заснавальнік Крывіцкага (Беларускага) Таварыства. У 1949 г. пераехаў у Нью-Ёрк. Удзельнічаў у працы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Заснавальнік фундацыі імя Льва Сапегі. Ажыццявіў расшыфроўку Аль-Кітабу (святой кнігі беларускіх мусульман XІІ ст.). Аўтар шматлікіх падручнікаў, дапаможнікаў, слоўнікаў па беларускай мове, кніг па мовазнаўству і гісторыі. Падрыхтаваў і выдаў "Белорусско-русскій (Веліколітовско-русскій) словарь". Пераклаў на беларускую мову Біблію - "Новы Закон" (1970), Стары і Новы Закон" (1973).

Памёр у 1976 г. у ЗША. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку.

Лідзія Савік

"Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя"

Шмат маладых навукоўцаў пакінулі Беларусь за апошнія гады. Іх сёння можна сустрэць у многіх заходніх універсітэтах ды карпарацыях. На жаль, працаваць для Радзімы магчымасці яны не бачаць. Але ёсць і такія, хто прыяжджае ў родную краіну не толькі ў адведкі. Супрацоўнік Польскай акадэміі навук Юрась Гарбінскі прывёз кнігу, напісаную для Беларусі і пра Беларусь. Пад грыфам Польскай Акадэміі навук выйшла ў свет аб'ёмістая (у ёй больш за 500 старонак) кніга пад назвай "Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя". Яна напісаная Юрасём Гарбінскім у суаўтарстве з прафесарам Юрыем Туронкам. "Беларускі хрысьціянскі рух ХХ стагодзьдзя" - своеасаблівы працяг ранейшага даследавання "Беларускія рэлігійныя дзеячы", якое пабачыла свет у 1999 г. Галоўным крытэрам адбору пэрсаналіяў для кнігі быў удзел беларускіх святароў - каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў - у беларускім жыцці, іх заангажаванасць у беларускую справу, у пашырэнне беларускай нацыянальнай ідэі. Мэтай кнігі было ўвесці ў навуковы ўжытак як мага большую колькасць людзей, якія бралі ўдзел у беларусізацыі каталіцкага касцёлу, праваслаўнай царквы і пратэстанцкіх супольнасцяў. Сярод тых, хто дапамагаў у выданні кнігі, названыя біскуп Антоні Дыдыч і нават кардынал Ёзэф Глемп. Польская касцельная іерархія пачынае разумець, што касцёл у Беларусі не можа быць і ніколі не будзе польскім.

Радыё "Свабода". 2003. 19 ліст.

Вяртанне Рыгора Крушыны

ВокладкаУ выдавецтве МГА "Беларускі кнігазбор" пабачыла свет кніга вершаў Рыгора Крушыны "Цымбаліст". Гэта першая кніга паэта на Радзіме. Яна выдаецца з паралельнымі аўтарскімі перакладамі на рускую мову. Кніга выдадзена рупнасцю сына паэта сп. Ігара Казака (ЗША). Прадмову да зборніка напісаў паэт Міхась Скобла.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Рыгор КрушынаЖыццёвы шлях. Рыгор Крушына (Рыгор Казак) - паэт, празаік, крытык. Як празаік выступаў пад псеўданімам Кастусь Рамановіч.

Нарадзіўся ў 1907 г. у Вільні. Скончыў Белпедтэхнікум, дзе пачаў пісаць і друкаваць вершы, стаў сябрам "Маладняка". У гады вайны жыў у Мінску, друкаваўся ў "Беларускай газэце", "Беларускім работніку", "Раніцы". З 1944 г. - на выгнанні. Жыў у Германіі, а потым у ЗША.

Апынуўшыся ў вольным свеце, Р.Крушына вырываецца праз догмы савецкай літаратуры 30-40-х гг. на шырокі прастор свабоднага мастацтва, дзе нязмушана гучалі самыя разнастайныя матывы. За 30 гадоў актыўна-творчай працы на эміграцыі Р.Крушна выдаў сем паэтычных зборнікаў ("Лебедзь чорная", "Выбраныя творы", "Вячорная лірыка", "Хвіліна роздуму", "Вясна ўвосень", "Дарогі", "Сны і мары"), напісаў шэсць цікавых, высокамастацкіх і змястоўных паэм ("Пэрсыдская легенда", "Песня песняў Саламона", "Эротава іскрынка", "Кантата самотных", "Паэма пра вусны", "На руінах пачуццяў"), займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М.Багдановічам, У.Дубоўкам, Я.Пушчам. Друкаваўся ў многіх эмігранцкіх выданнях. У 50-60-я гг. працаваў на радыёстанцыі "Свабода" у Мюнхене, займаўся грамадскай і рэдактарскай дзейнасцю, быў адным з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (1951), з'яўляўся адзіным прадстаўніком ад беларускай пісьменніцкай эміграцыі ў Міжнародным Пэн-клубе.

Рыгор Крушына памёр у 1979 г. у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША).

Лідзія Савік

Магілы нашых землякоў у свеце

Магілы беларусаў-эмігрантаў раскіданыя па ўсім свеце. Найбольш іх у Амерыцы: там пахаваныя Арсеннева і Віцьбіч, Тумаш і Адамовіч, Сяднёў і Золак. Даглядаюць іх эмігранцкія суполкі, хоць многія дзяржавы лічаць сваім абавязкам апекавацца пахаваннямі суродзічаў на чужыне. У Злучаных Штатах уласна беларускіх могілак двое, і яны знаходзяцца ў ведамстве нашых праваслаўных цэркваў. У Нью-Брансвіку (апякуецца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква) і ў Саўт-Рыверы (яна - у грэцкай юрысдыкцыі). Могілкі называюцца праваслаўнымі, але рэлігійнасць ці канфесійная прыналежнасць вялікага значэння не мае. Там хавалі ўсіх беларусаў: каталікоў, праваслаўных і баптыстаў. У Кліўлендзе ёсць беларуская секцыя агульнагарадскіх могілак, яна ў вельмі добрым стане і даглядаецца. А так беларусы ў іншых месцах пахаваныя на агульных цвінтарах.

Займаюцца даглядам цэрквы, якія адказныя за могілкі. У цэрквах дзеля гэтага вызначаныя пэўныя асобы. Таму ў Нью-Брансвіку і ў Саўт-Рыверы беларускія могілкі знаходзяцца ў вельмі добрым стане. Там стаяць выдатныя помнікі беларусам, палеглым за незалежнасць Беларусі. На беларускіх могілках у ЗША існуе пантэон - там пахавана шмат выдатных беларускіх дзеячаў розных пакаленняў. I на іхніх надмагільных помніках напісаныя іхнія біяграфіі, ідэалы іх жыцця. Шмат на якіх помніках ёсць цытаты з нашых класікаў. У прыватнасці, на помніку бацькоў Вітаўта Кіпеля ёсць словы Янкі Купалы: "Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні...".

Некаторыя магілкі асабліва ўшаноўваюцца, да іх ускладаюцца вянкі. Прыкладам, на магілы прэзідэнтаў БНР Васіля Захаркі ў Празе і Міколы Абрамчыка ў Парыжы. Было паломніцтва на магілу Язэпа Варонкі ў Чыкага. Часам моладзь едзе ўскласці вянок на магілу Наталлі Арсенневай у ЗША.

Што тычыцца беларускіх помнікаў магільнага характару, то адзін быў пастаўлены ў 1947-48 г. у горадзе Мітэнвальдзе ў Нямеччыне. Ён быў названы "У гонар слуцкіх паўстанцаў". Другі помнік усталяваны на могільніку маленькага гарадка Ляймен, недалёка ад Штутгарту. Варта згадаць таксама вялікі помнік у Канадзе. Наогул, беларускія могілкі ў шырокім свеце - цікавая тэма для даследаванняў.

Паводле Вітаўта Кіпеля. "Наша ніва". 2003. 31 кастр.

Семінар

17 лістапада ў Мінску, ў беларускім таварыстве па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма" пачалася стажыроўка кіраўнікоў калектываў мастацкай самадзейнасці беларускай дыяспары. Пра гэта паведаміў галоўны спецыяліст аддзела па справах нацыянальнасцей Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Міхаіл Рыбакоў. Паводле яго слоў, задача курса заключаецца ў павышэнні кваліфікацыі арганізатараў мастацкай самадзейнасці, азнаямленні іх з найноўшымі методыкамі і рэпертуарам айчынных калектываў. У праграме семінара - знаёмства замежных спецыялістаў з дзейнасцю вядучых калектываў мастацкай самадзейнасці краіны, навуковымі распрацоўкамі Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры і вядучых спецыялістаў у галіне беларускага народнага танца, харэаграфіі і фальклора. У курсах, якія працягнуцца тыдзень, бяруць удзел 15 прадстаўнікоў беларускіх абшчын з Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі.

БелаПАН. 2003. 17 ліст.
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by