Змест:
АКТУАЛЬНАЯ ТЭМА: З’ЕЗД БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ
Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы
(Вільня, Літва):
“У ліпені маюцца сабрацца беларусы ўсяго свету ў нашай сталіцы
Мінску. Гэта вялікая падзея, і ўсе мы рыхтуемся там сустрэцца,
выказаць свае думкі. Напэўна, кожны будзе мець, што сказаць. Думаю,
што павінны прыехаць усе патрыёты, і нашы суайчыннікі і далёкага
замежжа таксама. Калі ўлады не перашкодзяць, то гэтая падзея,
думаю, павінна прайсці на добрым узроўні. Спачуваю і разумею тую
вялікую працу, якую зараз выконвае невялікі калектыў Згуртавання
“Бацькаўшчына”, таму ад усяго сэрца жадаю ім поспехаў і ведаю,
што праблемаў ёсць шмат – і фінансавыя, і арганізацыйныя.
Будзе таксама прыемна паслухаць прадстаўнікоў беларускага боку.
Мы пакуль не атрымалі дакладную праграму, але хочацца паслухаць
нашых паважаных вялікіх патрыётаў Ніла Гілевіча, Радзіма Гарэцкага,
Генадзя Бураўкіна і цэлы шэраг іншых паважаных людзей. Калі мне
будзе дадзена слова, я хацеў бы сказаць пра праблемы культуры
як у Беларусі, так і ў нас, у Літве. Ёсць шмат нагодаў для сустрэчы
і шмат тэмаў для размовы, таму я з радасцю чакаю сустрэчы”.
Яўген Вапа, галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” (Беласток, Польшча):
“З’езды беларусаў свету, якія лазіць “Бацькаўшчына”, – гэта тая
падзея, якую чакаюць беларусы замежжа, гэта, вядома, нагода для
сустрэчы і нейкі шанс на развіццё нашай дзейнасці. Але ёсць шмат
складанасцяў, і самае горшае, што такі З’езд, як бачым, у дачыненні
да некаторых людзей у гэтым годзе можа быць праблемай, бо справа
ў тым, ці дадуць улады ўсім жадаючым прыехаць візы. Большасць
эміграцыі – гэта людзі дэмакратычных поглядаў, беларускія нацыянальныя
меншасці свету ў большасці выступаюць за каштоўнасці незалежнай
дэмакратычнай Беларусі, і таму ўзнікае шмат сумненняў і пытанняў
– ці ўсе жадаючыя асобы атрымаюць візы. Гэта магу сцвярджаць на
сваім асабістым выпадку. З такім пытаннем да мяне ўжо звяртаюцца
і звоняць – ці ўсе атрымаюць візы. Таму чакаем адказу з боку ўраду
Беларусі”.
Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага таварыства беларуска культуры
імя Я.Чэрскага (Іркуцк, Расія):
“Мы ў Іркуцку пакрысе гуртуем беларусаў вакол сябе, мы ствараем
дзіцячыя клубы і гэтак далей, але ўсё роўна, калі ты ведаеш, што
ёсць падобныя арганізацыі і ў іншых краінах, у іншых гарадах,
гэта вельмі натхняе, дае дадатковую моц працаваць. Таму вельмі
цудоўна, што ў нас ёсць Згуртаванне “Бацькаўшчына”, ёсць бюлетэнь
“Беларусы ў свеце”, дзе друкуецца інфармацыя пра дзейнасць беларускіх
суполак у свеце, і вельмі добра, што мы раз на чатыры гады маем
магчымасць збірацца на агульны З’езд. Я спадзяюся, што на З’езд
прыедуць мае маладыя намеснікі, каб яны атрымалі вялікі запал
рабіць далей нашу справу. З’езд неабходны для таго, каб мы маглі
збірацца разам, каб мы маглі раіцца адзін з другім, распавядаць
пра свае поспехі і цяжкасці, абменьвацца інфармацыяй”.
НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”
Пасяджэнне Рабочай групы
13 траўня адбылося чарговае пасяджэнне Рабочай групы па падрыхтоўцы
Чацвёртага з’езда беларусаў свету, якое было прымеркавана разгляду
праектаў выніковых дакументаў Чацвёртага з’езду беларусаў свету.
Рабочая група разгледзіла прапанаваныя праекты, выказала свае
заўвагі. Было вырашана частку дакументаў накіраваць на дапрацоўку.
Загадчык арганізацыйнага аддзела Ніна Шыдлоўская праінфармавала
прысутных аб колькасці прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія
пацвердзілі свой удзел у з’ездзе, а таксама аб тым, што актыўна
паступаюць заяўкі на выступленні на форуме.
Разглядаліся пытанні па арэндзе памяшкання для правядзення З’езда,
арганізацыяй культурнай праграмы і шмат іншых, не менш важных,
пытанняў па падрыхтоўцы Чацвёртага з’езда.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Інтэрнет-бібліятэка на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
На сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (www.zbsb.org) змешчаныя тэксты
дзвюх кніг, створаных у Лондане: зборнік “Роля беларускай дыяспары
ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры” і біяграфія “Біскуп
Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і беларус”, напісаная а. Аляксандрам Надсанам.
Абедзве кнігі выйшлі ў мінулым годзе ў Мінску і прадаюцца праз
незалежных распаўсюджвальнікаў. Кнігу айца А.Надсана можна замовіць
з Скарынаўскай бібліятэкі (library@skaryna.org ?12 + кошт перасылкі).
Паводле www.belarusians.co.uk
НАВІНЫ
Аўстрыя
25 сакавіка 2005 г. у Аўстрыі было створана Беларуска-Аўстрыйскае
Задзіночанне, першым мерапрыемствам якога стала актыўная падтрымка
беларускай каманды падчас удзелу ў Чэмпіянаце свету па хакеі,
што праходзіў у Аўстрыі ў пачатку траўня 2005 г.
Распавядае Ляна Бурцава, старшыня задзіночання: “Сябры Беларуска-Аўстрыйскага
Задзіночання і Задзіночання Беларускае Моладзі Замежжа прыйшлі
“паxварэць” за беларускую каманду і падтрымаць Беларусь і беларусаў
нацыянальнымі сцягамі і плакатамі.
Сцягі выклікалі ўвагу замежнікаў, якія падчас перапынкаў падыxодзілі
да беларусаў і прасілі распавесці пра сцяг. Высветлілася, што
сярод замежнікаў ёсць шмат неабыякавыx да сітуацыі ў Беларусі.
Асаблівым імпэтам адзначыліся заўзятары са Славаччыны, якія падчас
гульні Беларусі з Расіяй падтрымлівалі Беларусь і маxалі бела-чырвона-белымі
сцягамі. Не абышлося і без інцыдэнтаў, калі адзін з прадстаўнікоў
“афіцыйнага” Мінска зняў бела-чырвона-белы сцяг з трыбуны. Што,
аднак, не перашкодзіла заўзятарам вярнуць сцяг на месца і далей
падтрымліваць беларускую каманду.
Гаспадары чэмпіянату запрасілі некалькі дзяўчынак-мастачак размалёўваць
твары жадаючыx колерамі нацыянальных сцягаў. Некалькі беларускіx
заўзятараў скарысталіся з магчымасці і папрасілі намаляваць беларускія
бела-чырвона-белыя сцяжкі на шчокаx. Наколькі ж мы былі прыемна
здзіўленыя, калі праз пару дзён на гульні Беларусі з Аўстрыяй
усе дзяўчынкі-мастачкі з уласнае ініцыятывы намалявалі сабе беларускія
сцяжкі на шчочкаx.
Выдатная гульня Беларусі з адным з фаварытаў хакейнае лігі – камандай
Славакіі, нягледзячы на паразу Беларусі з лікам 2:1, далі надзею
на далейшыя перамогі Беларусі ў гульняx з Аўстрыяй і Расіяй. Кіраўнік
беларускае каманды Слава Кісялёў запэўніў, што каманда Беларусі
падрыxтавала для апанентаў сюрпрыз, і так яно і атрымалася: Беларусь
перамагла Аўстрыю з сенсацыйным лікам 5:0, xаця гэтым разам і
не адолела Расію.
Xаця Беларусь і не трапіла ў фінал чэмпіянату, плён усё ж быў:
выдатная гульня беларускае каманды ўзняла прэстыж Беларусі ў вачаx
супольнасці, а сябры беларускае суполкі мелі магчымасць разам
падтрымаць сваю краіну і проста добра пабавіць час”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Амстэрдам, Галандыя
7 траўня, у дзень Жыровіцкае іконы Божае Маці, вернікі Беларускае
парафіі Уваскрасення Хрыстовага здзейснілі пілігрымку ў Амстэрдам
на 7-ы міжнародны Дзень Малітвы для ўшанавання Багародзіцы – Уладаркі
ўсіх народаў.
Беларускі бела-чырвона-белы сцяг ізноў лунаў у часе працэсіі Усіх
Народаў і вернікі БГКЦ маліліся з вернікамі іншых народаў і іншых
хрысціянскіх канфесій. У часе святкаванняў уладыка Хуры пасвяціў
ікону Жыровіцкае Маці Божае, якую наша парафія атрымала ў дар
ад грэка-каталікоў Віцебска, і зараз адмыслова ўзялі з сабой на
ўрачыстасць у Амстэрдам. Цудоўны абраз Маці Божае будзе адкрыты
для ўшанавання ў Беларускай царкве ў Антверпене.
www.razam.org
Ландсхут, Германія
7 траўня з 13 да 15 гадзінаў у горадзе Ландсхут блізу Мюнхена
Звяз беларусаў Нямеччыны ладзіў пікет з нагоды шостай гадавіны
знікнення Юрыя Захаранкі. Пікет быў дазволены гарадскімі ўладамі
Ландсхута. Пікетоўшчыкі трымалі плакаты. Арганізатар пікета, палітычны
ўцякач з Гомеля, Яўген Мурашка сказаў: “Мы памятаем усё дрэннае
і добрае, што было ў Беларусі”.
Радыё “Свабода”. 2005. 7 траўня
Нью-Ёрк, ЗША
Ужо некалькі месяцаў, як сайт беларускай амерыканскай газеты “Беларус”
(www.bielarus.org) значна ўдасканаліў свой выгляд і структуру.
Паводле лічыльніка Акавіты, усталяванага на сайце, агульная колькасць
наведвальнікаў сайта газеты (з часу з’яўлення лічыльніка) перавысіла
10 000 чалавек. Дзесяцітысячны наведвальнік зайшоў на сайт 10
траўня з Канады. На гэты момант сярэдняя колькасць наведвальнікаў
— 26 за дзён.
Часцей за ўсё сайт наведваюць карыстальнікі з ЗША (40%) і Беларусі
(23%). Наогул, Акавіта зарэгістравала наведвальнікаў з 32 краінаў.
У іх ліку і такія экзатычныя, як Бразілія, Новая Зеландыя, Кітай,
Сінгапур і Пеэру. Паўсюль у свеце ёсць беларусы!
Да таго ж на сайце з’явілася новая старонка – “МАЛАДЗЁВАЯ БАЧЫНА.
Раздзел для моладзі”, дзе падаецца адрас адказных за маладзёвую
бачыну – moladz_bielarus@tut.by Адміністрацыя сайта запрашае маладых
аўтараў дасылаць свае артыкулы!
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Ліепая, Латвія
Ліепайчане зноў убачылі “Пралеску” – беларускую старонку ў мясцовай
газеце “Кurzemes vards” (“Слова Курзэме”). Тут распавядаецца аб
фестывалі “Разам гучым, разам можам”, у якім актыўны ўдзел прымала
мясцовая беларуская суполка “Мара” са сваім вакальным гуртом “Паўлінка”.
Аб тым, як рыхтуюцца да паездкі ў Рыгу на творчую сустрэчу cа
старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі Ігарам Лучанком. Ёсць тут
і традыцыйныя весткі з Радзімы.
Вельмі цікавы нарыс пра зямляка – ліепайчаніна Васіля Мікалаевіча
Яршова. Васіль Мікалаевіч – канцэртмайстар добра вядомага ансамбля
народнай песні “Вольніца”.
Асабліва ўразіла невялікая занатоўка пад рубрыкай “Дабрыня”. У
ёй расказваецца аб тым, што бібліятэка “Мары” папоўнілася новымі
кнігамі: “Падаравала гэта багацце суполцы вельмі сціплая жанчына,
наша беларуска, якая вельмі прасіла не называць публічна яе прозвішча.
І мы яе разумеем: добрыя словы робяцца не для рэкламы. Яны ідуць
ад сэрца”.
А мне стала шкада, што не даведаюцца прозвішча жанчыны. Добрыя
справы абавязкова павінны мець імя. Таму з задавальненнем называю
прозвішча сваёй зямлячкі, намесніка старшыні беларускай суполкі
“Мара” Валянціны Грыбоўскай. Гэта менавіта дзякуючы Валянціне
штомесяц у горадзе Ліепаі на ўзбярэжжы Балтыкі з’яўляецца беларуская
“Пралеска”.
Таццяна Касуха
Лімбажы, Латвія
У музеі горада Лімбажы адбылося адкрыццё выставы твораў сяброў
Латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”.
Выстава адбылася дзякуючы падтрымцы Фонда Грамадскай Інтэграцыі
і Еўразвяза PHARE праекта “Музеі – грамадству. Стварэнне сеткі
мультыкультурных музеяў у Відзэмэ”.
Творы беларускіх мастакоў Алены Раманенка, Алены Лаўрыновіч, Ганны
Пейпіні, Васіля Малышчыца, Вячкі Целеша і Анатоля Ермаковіча,
выкананыя ў тэхніках алейнага жывапісу, пастэлі і шаўкаграфіі
склалі экспазіцыю выставы, якая засведчыла мясцовым жыхарам, што
ў Латвіі існуе не толькі латышскае, расійскае, але і беларускае
мастацтва і культура.
У горадзе і раёне людзі не маюць этнічных праблемаў, бо ўсе добра
валодаюць латышскай мовай і любяць сваю родную, захоўваюць нацыянальныя
традыцыі свайго народа. У гэтым можна было пераканацца падчас
адкрыцця выставы “Маю Гонар”, на якую прыйшлі вучні мясцовых сярэдняй
і мастацкай школ і жыхары горада. Каб больш адчувалася прысутнасць
захаваных нацыянальных традыцый і любоў да іх, побач з творамі
жывапісу экспанавалася выстава фотаздымкаў пра Беларусь, Малдову
і Азербайджан. Дапоўніла ўсё гэта застолле, на якім мастакі і
прысутныя частаваліся пловам, далмой і лавашам, прыгатаванымі
мясцовай азербайджанскай сям’ёй Місіравых. А беларуска-малдаўская
сям’я Станкевічаў прыгатавала беларускія дранікі са шкваркамі,
малдаўскае салодкае віно, мамалыгу і іншыя нацыянальныя стравы.
Пра выставу беларускіх мастакоў у Лімбажы інфармавалі мясцовае
тэлебачанне і радыё і газета “Auseklis”.
Вячка Целеш,
старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”
Вільня, Літва
У суботу 30 красавіка ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве
адбылася імпрэза, прысвечаная 19 гадавіне Чарнобыльскай аварыі.
Сябра рады Андрусь Старавойтаў, які знаходзіўся ў часе аварыі
ў небяспечнай зоне радыяцыі, распавёў пра злачынства ўладаў, што
не папярэдзілі насельніцтва аб страшных наступствах радыяцыі;
аб масавых захворваннях і смерці людзей, аб ненармальнасцях развіцця
раслін і жывёл.
Павел Саўчанка распавёў пра жыццёвы шлях беларускага грамадскага
і палітычнага дзеяча Сымона Рак-Міхайлоўскага – ахвяры бальшавіцкага
рэжыму. Пра круглы стол на тэму “Эканамічныя аспекты пашырэння
Еўразвязу і становішча на Беларусі”, арганізаванага ЗБС “Бацькаўшчына”,
распавёў удзельнік круглага стала ад Літвы Йонас Лаўрынавічус.
Старшыня ТБМ Віленскага краю Юры Гіль даў інфармацыю аб падрыхтоўцы
ў Свіранах да 165-х угодкаў нараджэння паэта Францішка Багушэвіча
– абаронцы беларускай мовы і ўдзельніка паўстання 1863 года.
Напрыканцы была паказана дакументальная стужка аб сустрэчы ў 1997
г. у Вільні былога камандзіра Беларускага эскадрона ў Наваградку
Барыса Рагулі, памерлага 22 красавіка г.г. у Канадзе. На сустрэчу
са сваім камандзірам прыехалі былыя байцы эскадрона: Уладзімір
Сіўко, Мікола Рулінскі, Кастусь Шышэя і інш. Людзі з вялікай цікавасцю
глядзелі і слухалі беларускіх герояў, якія са зброяй у руках абаранялі
Беларусь. Вырашана, што кожную апошнюю суботу месяца ТБК будзе
ладзіць імпрэзы, прысвечаныя падзеям у гісторыі Беларусі і відным
грамадскім і палітычным дзеячам.
Хведар Нюнька,
старшыня ТБК у Літве
Бельск-Падляшскі, Польшча
13 мая 2005 г. у Бельску-Падляшскім адбыўся 32-гі агульнапольскі
конкурс “Беларуская песня” сярод вучняў пачатковых школ і гімназій,
галоўным арганізатарам якога з’явілася Беларускае грамадска-культурнае
таварыства. У гэтым годзе ў конкурсе прыняло ўдзел звыш 50 калектываў
і выканаўцаў з розных школ і гімназій Падляшша. На мерапрыемстве
прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых органаў самакіравання, адзела
адукацыі, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, бацькі.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы
Польшча”.
2005.16 траўня
Варшава, Польшча
У Варшаве адбыўся Еўрапейскі Шуманаўскі Парад. А 13 гадзіне шматтысячная
калона рушыла па вуліцы Маршалкоўскай пад Палац Культуры і Навукі,
дзе адбыліся галоўныя ўрачыстасці. Немагчыма было не заўважыць
дзесяткі беларускіх сцягоў, якія расцягнуліся па ўсёй кіламетровай
калоне. Сярод беларускай групы ўдзельнікаў параду былі беларусы
з Варшавы, Мінска, вучні Беларускага Ліцэю і пераможцы ўсебеларускага
конкурсу “Што я ведаю пра Еўропу”, а з платформы, якая была размешчана
на грузавіку дэманстрантаў падтрымлівалі беларускія гурты “Сцяна”
і “Тарпач”. Прысутнасць беларусаў была настолькі заўважальная,
што бела-чырвона-белыя сцягі можна было пабачыць на найвышэйшым
будынку Варшавы – Палацы Культуры і Навукі. Вяртаючыся праз зялёны
парк Палаца Культуры і Навукі, на прыступках якога працягваўся
святочны канцэрт, адчувалася атмасфера Мінска пачатку 90-х гадоў:
навокал беларуская мова, нашы сцягі, вясёлая моладзь і надзея
на перамены.
“Беларуская ініцыятыва”. 2005. 14 траўня
На здымку: падчас Параду
Прага, Чэхія
Па запрашэнні Беларускага цэнтра ў Празе знаходзіўся вядомы праваабаронца
Алесь Бяляцкі. Алесь Бяляцкі, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага
цэнтра “Вясна-96”, удзельнічаў у фестывалі дакументальных фільмаў
“Адзіны свет”. Ён з’яўляўся адным з сяброў журы імя Рудольфа Вярбы,
што кожны год складаецца з людзей, якія вылучыліся сваім унёскам
у барацьбу за правы чалавека. Акрамя ўдзелу ў журы А. Бяляцкі
таксама правёў шэраг сустрэч у міністэрстве замежных спраў, з
чэшскімі палітыкамі ды з партнёрамі з недзяржаўнага сектара.
“Беларускі Цэнтр у Празе”. 2005. 8 траўня
КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА
Запісы. Беларускі інстытут навукі і мастацтва
Пабачыў свет чарговы 28 нумар “Запісаў”, што выдаецца Беларускім
інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША. Новы нумар штогодніка прысвечаны
дырэктару нью-ёркскага Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва
Вітаўту Кіпелю.
Друкуюцца ўспаміны-абразкі пра сп. Вітаўта У.Арлова, Т.Бэрда,
Я.Запрудніка, А.Мальдзіса, Г.Сагановіча, Ю.Туронка, З.Шыбекі.
Змешчана бібліяграфія твораў В.Кіпеля – кнігі, артыкулы, рэцэнзіі
(460 пазіцый).
У раздзеле “Тэксты” – артыкулы пра Уладзіміра Дубоўку, Восіпа
Арлоўскага і яго кнігу “Беларускія народныя расказы”. Артыкулы
пра БАПЦ, БЦР, мовазнаўчую канферэнцыю 1942 г. Раздзел “Літаратура”
прадстаўлены паэзіяй Я.Золака, Зніча, зацемкамі Я.Юхнаўца.
Сярод дакументаў – ліст жонкі Алеся Салаўя, які праясняе прычыны
дэпрэсіі паэта ў Аўстраліі. Своеасаблівая сенсацыя – факсіміле
справаздачы амерыканскага разведчыка аб “вандроўцы” ў Беларусь
у 1948-1949 гг. і побыце ў беларускіх партызан.
“Наша Ніва”. 2005. 29 крас.
“Лісты з-пад коўдры”
Першая беларускамоўная кніга вершаў з ініцыятывы Асацыяцыі ўкраінскіх
пісьменнікаў і пры фінансавай падтрымцы Адэскай абласной дзяржаўнай
адміністрацыі выйшла днямі ў кіеўскім выдавецтве “Факт”. Аматарам
паэзіі ва Украіне ўжо знаёмае імя беларускага паэта Андрэя Хадановіча
— тры гады таму там выйшла ягоная першая кніга “Лісты з-пад коўдры”.
Але тады гэта былі пераклады.
Кніга Андрэя Хадановіча “From Belarus with Love” выдадзеная ў
Кіеве ў серыі “Зона Авідыя” – першы такі прэцэдэнт у гісторыі
айчыннае літаратуры, калі беларускамоўныя творы прызначаныя для
замежных чытачоў. За мяжой выдаваліся і выдаюцца беларускія кнігі,
але гэта выданні, якія распаўсюджваюцца ў беларускамоўных асяродках
альбо сярод навукоўцаў-беларусістаў. Як прыклады можна назваць
Беласточчыну ў Польшчы ці Беларускі інстытут навукі і мастацтва
ў Нью-Ёрку. Што ж да росту папулярнасці беларускіх аўтараў ва
Украіне, то можна яшчэ дадаць, што сёлета там запланаванае выданне
кнігаў выбраных твораў па-ўкраінску Васіля Быкава і Уладзіміра
Арлова.
Радыё “Свабода”. 2005. 13 траўня
НАМ ПІШУЦЬ
Ташкент, Узбекістан
Ад імя беларускай дыяспары ва Узбекістане, ад Савета БКЦ “Світанак”,
і ад мяне асабіста, дазвольце павіншаваць Вас і ўсіх суайчыннікаў
з 60-годдзем перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Жадаем здароўя,
шчасця, поспехаў у працы, умацавання сувязяў з усімі народамі
нашай планеты.
Беларуская дыяспара, якая жыве ў Рэспубліцы Узбекістан, свята
беражэ і падтрымлівае свае традыцыі, культуру, фальклор і звычаі.
На працягу 12 гадоў з дня ўтварэння БКЦ “Світанак” наша дыяспара
актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ўсімі
культурнымі цэнтрамі, што ўваходзяць ў склад Інтэрнацыянальнага
Культурнага Цэнтра ў г. Ташкенце.
Дзякуючы Вашаму інфармацыйнаму бюлетэню мы маем магчымасць даведвацца
пра замежную беларускую дыяспару, а таксама пра падзеі і знамянальныя
даты нашай гістарычнай Радзімы. Мы ўдзячныя Вам за тое, што Вы
памятаеце пра тую дыяспару, што пражывае на тэрыторыі Рэспублікі
Узбекістан.
З павагай да Вас.
Л.С.Белазёрава
ВАКОЛ ПАДЗЕІ
Працэс дзевяцёх
У Беластоку ў сераду адбыўся папярэдні разгляд справы сяброў Праграмнай
Рады штотыднёвіка “Нiва”. Пракуратурай “Беласток-Поўдзень” яны
вінавацяцца ў неадпаведным выкарыстанні бюджэтных сродкаў. “Ніўцы”
лічаць справу спробай уціску беларускага жыцця ў Польшчы. Паводле
заканадаўства, пры ўмове прызнання сваёй вiны, сябры Праграмнай
Рады маглi без разгляду атрымаць мiнiмальнае пакаранне – умоўнае
закрыццё справы i па 600 злотых штрафу кожны. Але такi падыход
iх не задаволiў, будзе суд, артыкул крымiнальнага кодэксу прадугледжвае
да васьмi год пазбаўлення волi. Дзень суда яшчэ не вызначаны.
Паводле “Нашай нівы”, www.euramost.org
У Беластоку пачаўся працэс
Нiводны з дзевяцi абвiнавачваемых сяброў Праграмнай Рады беластоцкага
штотыднёвiка “Нiва” не прызнаў сваёй вiны падчас папярэдняга разгляду,
якi адбыўся ў раённым судзе горада Беластока. У сувязi з гэтым,
справа сяброў Праграмнай Рады стане прадметам паўнацэннага судовага
працэсу. Дата першага пасяджэння пакуль не названая.
Мiж тым, артыкул крымiнальнага кодэксу, паводле якога абвiнавачваюць
беластоцкiх беларусаў, прадугледжвае да васьмi год пазбаўлення
волi. У гэтых умовах беларусы Беласточчыны разлiчваюць не толькi
на аб'ектыўны i бесстароннi суд, але i на маральную падтрымку
беларускага свету.
“Асабiста для мяне гэтая беларуская салiдарнасць вельмi важная,
– гаворыць Яўген Вапа. – Яна азначае, што калi беларуса б’юць
у Беластоку, то гэты боль адчуваецца паўсюдна, дзе толькi ёсць
беларускае жыццё. У гэтым я бачу заруку нашай перамогi. Прынамсi,
перамогi маральнай”.
pahonia.promedia.by
Ад рэдакцыі
Мы папрасілі сп. Я.Вапу ў тэлефоннай размове пракаментаваць падзеі
для бюлетэня “Беларусы ў свеце”.
Яўген Вапа: “У ходзе пасяджэння Пракуратура запрапанавала нам,
каб гэтак званае ўмоўнае пакаранне было за тое, што мы згаджаемся
з абвінавачваннямі і прызнаемся ў віне, – і за гэта год у адтэрміноўцы
пакарання і 600 злотых штрафу. Ніхто з 9-ці абвінавачаных сяброў
Праграмнай Рады не прызнаў сябе вінаватым, і таму справа будзе
разглядацца ўжо ў судзе. Тэрмін судовага пасяджэння пакуль не
вядомы, але на працягу паўтары-двух месяцаў, паводле слоў адвакатаў,
павінна адбыцца першае пасяджэнне, так што мы разлічваем на справядлівасць
суда”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
АКТУАЛЬНАЯ ТЭМА
У некаторых сродках інфармацыі з’явіліся паведамленні пра дзяржаўную
праграму “Беларусы ў Польшчы 2005-2010 гг.”, распрацаваную пры
дапамозе Міністэрства замежных спраў Беларусі і прынятую Саветам
Міністраў Беларусі. Незвычайнасць сітуацыі ў тым, што пазнаёміцца
са зместам гэтай Праграмы супрацоўнікам “Бацькаўшчыны” так і не
ўдалося. Інфармацыя пра гэты дакумент адсутнічае на сайце Пасольства
Рэспублікі Беларусь у Польшчы, няма яе на афіцыйным сайце Міністэрства
замежных спраў; у прэс-службе Міністэрства замежных спраў супрацоўніку
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” паведамілі, што не маюць гэтай Праграмы,
а толькі бралі ўдзел у яе складанні. У прыёмнай Савета Міністраў
таксама не атрымалася высветліць месцазнаходжанне гэтага дзяржаўнага
дакумента.
Увазе шаноўных чытачоў прапануем апісанне Праграмы “Беларусы ў
Польшчы 2005-2010 гг.”, атрыманае намі з некалькіх сродкаў інфармацыі,
а таксама каментар да яе аднаго з самых актыўных дзеячаў беларускай
супольнасці Польшчы, рэдактара беларускага тыднёвіка “Ніва”, кіраўніка
Беларускага звязу ў Польшчы Яўгена Вапы.
Праграма “Беларусы ў Польшчы”
Урад Беларусі ўпершыню прыняў праграму супрацоўніцтва і дапамогі
беларускай меншасці Польшчы на пяць бліжэйшых гадоў. Праграма
супрацоўніцтва з беларускай меншасцю ў Польшчы пад назвай “Беларусы
ў Польшчы ў 2005-2010 гадах” была зацверджана Саветам Міністраў
у канцы студзеня гэтага года. Апрацавала яе Міністэрства замежных
спраў Беларусі пры ўдзеле ведамстваў культуры, адукацыі, інфармацыі,
гаспадаркі, гандлю, Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей,
публічнага тэлебачання, Акадэміі навук і іншых. Канчатковае прыняцце
праграмы, супала з падрыхтоўкай у Польшчы і канчатковым прыняццем
Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове.
Як кажа пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы Павел Латушка, мэта
праграмы – “дапамога і развіццё ды ўзаемнае карыснае супрацоўніцтва
Беларусі і беларускай меншасці ў Польшчы”, якія маюць служыць
фармаванню “добрасуседскай паласы” вакол Беларусі і захаванню
тоеснасці беларускай меншасці ў Польшчы. Мае яна таксама на мэце
ўключэнне прадстаўнікоў меншасці ў эканамічнае супрацоўніцтва
паміж Беларуссю і Польшчай, дапамогу польскім беларусам у атрыманні
адукацыі ў Беларусі ды развіццё культурнай і падтрымку нацыянальнай
тоеснасці.
Як падкрэслівае пасол П.Латушка, з ліку больш дзесяці раздзелаў
найважнейшыя тыя, якія датычаць адукацыі на беларускай мове, падтрымкі
беларусаў у захаванні нацыянальнай і культурнай самабытнасці ды
развіццё гаспадарчага супрацоўніцтва пры ўдзеле меншасці. Праграма
прадугледжвае вучобу ў беларускіх вышэйшых навучальных установах
маладых беларусаў з Польшчы ды дапамогу ў адкрыцці беларускамоўных
школ і класаў у Польшчы, а таксама супрацоўніцтва навуковых устаноў,
якія займаюцца беларускай мовай, і арганізацыю курсаў павышэння
кваліфікацый настаўнікаў з Польшчы, якія навучаюць беларускай
мове. Мае быць заснаваны спецыяльны фонд дзеля забеспячэння польскіх
школ і беларускіх класаў падручнікамі і іншымі метадычнымі кнігамі,
а таксама мастацкай літаратурай і слоўнікамі. Зоймецца гэтым Беларуская
навукова-педагагічная бібліятэка.
У рамках праграмы прадугледжваецца таксама забеспячэнне і арганізацыя
турыстычна-адпачынкавай пабыўкі ў Беларусі беларускіх дзяцей і
моладзі з Польшчы. Вучні з польскіх школ і беларускіх класаў будуць
запрашацца на агульнабеларускую алімпіяду па беларускай мове,
і будзе таксама аказвацца дапамога ў арганізацыі фіналаў падобнай
агульнапольскай алімпіяды. Што важнае – беларускі ўрад прадбачвае
дапамогу ў заснаванні ў Польшчы ў будучыні Цэнтра беларускай культуры,
які мае ўзнікнуць у Варшаве.
У большым маштабе, чым да гэтай пары, маюць удзельнічаць фальклорныя
калектывы з Беларусі ў разнастайных культурных мерапрыемствах,
арганізаваных у Польшчы (і наадварот). Прадугледжваецца шчыльнейшае
супрацоўніцтва і дапамога Музею і асяродку беларускай культуры
ў Гайнаўцы. Маюць быць наладжаны непасрэдныя кантакты тае ўстановы
з Нацыянальнай бібліятэкай і Нацыянальным музеем гісторыі і культуры
Беларусі. Беларускі бок будзе “арганізацыйна і творча” падтрымліваць
святы беларускай культуры ў Польшчы. Школам, музеям і Музею ў
Гайнаўцы ды беларускім арганізацыям запрапануюцца беларускія мастацкія
і дакументальныя фільмы на беларускай мове. Штогод у Падляшскім
ваяводстве мае арганізавацца тыдзень беларускіх фільмаў. Беларускія
фальклорныя калектывы паступова будуць атрымліваць касцюмы, інструменты
і адпаведную спецыяльную літаратуру, таксама рэпертуарную. Урадавы
праект прадбачвае публікацыі ў беларускіх СМІ, між іншым, у часопісе
“Культура”, матэрыялаў аб культурнай дзейнасці меншасці. Кіраўнікі
беларускіх фальклорных гуртоў маюць ездзіць на стажыроўкі ў Беларускі
дзяржаўны ўніверсітэт культуры ў Мінску. Беларускі бок намерваецца
паставіць фільм аб беларускай меншасці ў Польшчы і выдаваць у
Беларусі кнігі беларускіх аўтараў з РП.
У рамках гаспадарчага супрацоўніцтва будзе падтрымлівацца супрацоўніцтва
з прадпрымальнікамі беларускага паходжання. Прадстаўнікам меншасці
гарантуецца дапамога ў заснаванні дылерскіх сетак продажу беларускіх
тавараў і паслуг на польскім рынку. Гаспадарчыя суб’екты з Беларусі
і прадпрымальнікі з Польшчы з беларускім радаводам атрымаюць льготы
пры арганізацыі супольных фірмаў і ўзаемнай рэкламы сваёй дзейнасці.
Запланаваны сустрэчы прадпрымальнікаў-беларусаў з Польшчы з прадстаўнікамі
органаў урада РБ.
На пытанне “Нівы” аб крыніцах і сродках на рэалізацыю Праграмы,
пасол Павел Латушка адказаў: “Усе сродкі ў сувязі з канкрэтнымі
мерапрыемствамі Праграмы будуць атрымлівацца з бюджэту асобных
міністэрстваў, абласных выканаўчых камітэтаў і прадпрыемстваў.
Ад 2005 года ўсе гэтыя ўстановы будуць абавязаны нашым урадам
вылучыць сродкі з уласнага бюджэту. Праграма не называе канкрэтнай
сумы”.
Паводле “Нівы”. 2005. 27 сак.,
“Голаса Радзімы”. 2005. 28 крас.,
www.bialorus.pl
Яўген Вапа наконт Праграмы “Беларусы ў Польшчы 2005-2010 гг.”:
“Агульнавядома, што ўсе дзяржавы імкнуцца дапамагчы сваім нацыянальным
дыяспарам. І гэта ёсць нармальная практыка ва ўсім свеце. Зразумела,
што праграма, пра якую ідзе гутарка, ёсць, з аднаго боку, добрая
рэч, але, з другога боку, мы ведаем, што адбываецца зараз з беларускасцю
ў Беларусі. Для мяне асабіста гэта з’яўляецца вельмі важным фактам.
Вельмі важна, каб узмацненне беларускасці адбылося ў самой Беларусі.
І гэта была б для дыяспары самая лепшая дапамога, самы лепшы доказ
таго, што ёсць сур’ёзныя намеры будаваць менавіта незалежную беларускую
дзяржаву. А калі ў самой Беларусі ёсць працэсы, звязаныя з русіфікацыяй,
то дзеянні, скіраваныя на развіццё нацыянальнай меншасці ў Польшчы,
могуць выклікаць у многіх людзей падазрэнні і пытанні: “Чаму ж
у сябе гэтага не робяць, а тут гэта робіцца?” Усё было б нармальна,
каб Беларусь была беларускай дзяржавай.
Тое, што праграма гэтая не надрукаваная, – гэта зусім не зразумела.
Калі гутарка ідзе, што ёсць праграма, то трэба яе пабачыць. Мы
таксама не ведаем, якія будуць выдзелены сродкі на яе выкананне.
Я некалькі разоў пытаўся консула ў Беластоку, якія ёсць сродкі
на праграму ў іх распараджэнні, але ніхто нічога не ведае”.
Чэрвень у гісторыі Беларусі
8 чэрвеня – 110 гадоў з дня нараджэння Ігната Дварчаніна (1895–1937),
беларускага літаратуразнаўца, паэта, грамадскага дзеяча.
9 чэрвеня – 45 гадоў з дня стварэння (1960) Беларускага дзяржаўнага
архіва-музея літаратуры і мастацтва.
14 чэрвеня – 105 гадоў з дня нараджэння Забэйды-Суміцкага (сапр.
Забэйда) Міхаіла Іванавіча (1900–1981), беларускага спевака. Жыў
у Празе.
15 чэрвеня – 100 гадоў з дня нараджэння Юркі Віцьбіча (1905–1975),
беларускага празаіка. Жыў у ЗША.
17 чэрвеня – 115 гадоў з дня адкрыцця (1890) Мінскага гарадскога
тэатра. З 1920 г. у яго памяшканні працуе Нацыянальны акадэмічны
тэатр імя Я.Купалы.
24 чэрвеня – 105 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (сапр.
Мікалай Раманоўскі; 1900–1944), беларускага празаіка, драматурга,
публіцыста.
25 чэрвеня – 100 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі (1905–1980),
беларускага паэта, празаіка, грамадскага дзеяча, народнага паэта
Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі.
28 чэрвеня 1942 г. пры загадкавых абставінах загінуў у Маскве
класік беларускай літаратуры Янка Купала. След ягонай смерці вядзе
да спецслужбаў СССР.
Паводле Беларускага архіва-музея літаратуры
і мастацтва
Чэрвень у гісторыі беларускай дыяспары
23 чэрвеня 1946 г. заснавана Крывіцкае Навуковае Таварыства імя
Пранціша Скарыны ў Рэгенсбургу (Германія).
13 чэрвеня 1947 г. адбыўся сход беларускіх настаўнікаў і заснаванне
Аб’яднання беларускіх настаўнікаў у Англійскай зоне Германіі.
18 чэрвеня 1949 г. створаны Беларуска-Амерыканскі Дапамогавы Камітэт
у Сайт-Рыверы (ЗША).
21 чэрвеня 1950 г. заснаванне Беларускага Нацыянальнага аб’яднання
ў Таронта (Канада).
22 чэрвеня 1950 г. першая беларуская праваслаўная служба ў Таронта
(Канада).
14 чэрвеня 1953 г. створаны нью-ёркскі аддзел Беларуска-Амерыканскага
Задзіночання.
28 чэрвеня 1953 г. Беларуская Аб’яднанне ў Таронта набыло будынак
для царквы і грамадскага цэнтра, асвячэнне і першая служба.
22 чэрвеня 1958 г. першая служба ў беларускай праваслаўнай царкве
св. Пятра і Паўла ў Мельбурне (Аўстралія).
21 чэрвеня 1964 г. адбыўся Беларускі фестываль песні, музыкі і
танца (120 выканаўцаў) на Сусветнай выставе ў Нью-Ёрку (ЗША).
28 чэрвеня 1969 г. асвячэнне Беларускага грамадскага цэнтра “Слуцак”
(Канада).
9 чэрвеня 1973 г. урачыстае адкрыццё Беларускага аддзела ў Кліўлендскай
бібліятэцы з беларускай выставай.
У чэрвені выйшаў № 1 Беларускага часопіса “Царкоўны светач”, Саўт-Рывер
(ЗША).
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Міхась Забэйда-Суміцкі
Міхась Забэйда-Суміцкі – спявак, педагог, грамадска-культурны
дзеяч. Нарадзіўся 14.06.1900 г. У 1920 г. у сувязі з падзеямі
грамадзянскай вайны М.Забэйда-Суміцкі выехаў у Харбін (Далёкі
Усход), дзе выпадкова трапіў у трупу опернага калектыву Харбінскага
тэатра. З 1929 г. пачалася бліскучая кар’ера М.Забэйды-Суміцкага
як спевака. Да 1932 г. Міхась праспяваў 15 тэнаровых партый на
сцэне Харбінскага опернага, у той жа час працаваў школьным настаўнікам,
каб зарабіць грошы для стажыроўкі ў Італіі. У 1932 г. М.Забэйда-Суміцкі
выехаў у Мілан, працаваў там у тэатры “Ла Скала”, у якім выканаў
амаль усе тэнаровыя патрыі. Абвастрэнне старой хваробы — працэсу
ў лёгкіх — змусіла М.Забэйду-Суміцкага лячыцца ў Сан-Рэма, па
звароце ў Мілан спявак зноў выказаў сваё майстэрства ў оперных
спектаклях, канцэртных выступленнях.
У 1935–1936 гг. спяваў у Познанскім оперным тэатры (Польшча).
Пасля пераехаў у Варшаву, адкуль аднойчы, па запрашэнні Рыгора
Шырмы, выязджаў з канцэртамі ў Вільню. У гады вайны жыў у Празе,
настойліва адмаўляўся ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі.
Спевамі імкнуўся з’яднаць людзей, народы, а таму выконваў песні
на 16 мовах свету.
У Беларусі выступаў у Ваўкавыску, ганарар перадаў партызанам.
Фашысты лічылі М.Забэйду-Суміцкага бальшавіцкім агентам, паводле
даносаў неаднаразова арыштоўвалі, садзілі ў турму (1944), хацелі
выселіць з Прагі. Пасля вайны і да апошніх гадоў жыцця спявак
жыў у Празе. З песнямі розных народаў выступаў у канцэртах, на
радыё, як выкладчык чытаў лекцыі пра мастацтва спеваў. Прыязджаў
на гастролі на Беласточчыну, дзе М.Забэйду-Суміцкаму ўдалося выпусціць
дзве грампласцінкі беларускіх песень. У 1963 г. быў на гастролях
у Мінску, Віцебску, беларуская публіка высока ацаніла талент спевака.
Аднак на Радзіме М.Забэйда-Суміцкі так і не змог выпусціць ні
адной грампласцінкі. Галоўная заслуга артыста перад Радзімай у
тым, што ён вывеў беларускі песенны фальклор на сусветную сцэну.
М.Забэйда-Суміцкі памёр у Празе 21.12.1981 г., пахаваны на Альшанскіх
могілках Прагі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Юрка Віцьбіч
Юрка Віцьбіч, Алесь Крыжаніч (сапраўднае імя Юры Аляксандравіч
Стукаліч) – празаік, публіцыст, гісторык. Нарадзіўся ў 1905 г.
у г. Веліж (цяпер Смаленская вобл.) у сям’і святара. Скончыў педтэхнікум,
але не быў дапушчаны да настаўніцкай працы як сын “класавага ворага”.
Вымушаны быў пакінуць Беларусь, паехаў у Маскву. Працаваў на будаўніцтве,
на Дзербянёўскім хімічным заводзе, жыў у сутарэнні на Арбаце,
дзе знаходзіўся Цэнтральны Беларускі клуб. Атруціўся газам, але
выжыў. Да гэтага часу ён ужо быў аўтарам каля 40 апавяданняў і
аповесці “Арцыбіскуп і смерд”.
Атрымліваў шмат прапаноў ад розных літаратурных згуртаванняў,
але лічыў сваім згуртаванне “Узвышша”, якое цкавалі з усіх бакоў
за яго прыхільнасць да беларускай нацыянальнай ідэі. Віцьбіч не
падпісаў ліст аб самаліквідаванні “Узвышша”. Пачалося цкаванне
Віцьбіча за "нацыяналістычныя" памылкі.
Віцьбіч зноў вяртаецца ў Віцебск, працягвае творчую працу. Узначальваў
навуковыя экспедыцыі па даследаванні і ўліку помнікаў гісторыі,
мастацтва, дойлідства, займаўся археалагічнымі раскопкамі (раскапаў
каля 70 курганоў), напісаў шэраг навуковых прац па гэтых праблемах.
Пабываў у Крошыне, адшукаў магілу Паўлюка Багрыма.
У 30-я гады шмат друкаваўся. Тэматыка твораў, заснаваная на беларускім
сучасным і мінулым, на праблемах захавання гістарычнай спадчыны,
выклікала абсалютнае непрыманне савецкай крытыкай. Ён улюбёна
ўслаўляў родную Віцебшчыну, Дзвіну, імкнуўся распавесці пра супраціўленне
беларускага народа розным захопнікам, раскрыць вобразы герояў-змагароў
за незалежнасць Бацькаўшчыны.
Падчас вайны Віцьбіч жыў у Віцебску, затым у Мінску, працаваў
у штабе БКА разам з К.Езавітавым. Друкаваў нарысы і артыкулы,
у якіх гаварыў пра калектывізацыю, сталінскі тэрор, разбурэнне
святыняў. Выдаў два зборнікі публіцыстыкі выразна антысавецкай
накіраванасці. Падрыхтаваў да выдання тры нумары часопіса “Узвышша”
як працяг справы загінуўшых у ГУЛАГу сяброў. Перыяд нямецкай акупацыі
за ім палявалі падпольшчыкі, гестапа ведала пра творы, дзе ён
абараняў яўрэяў. Сам пісьменнік лічыў, што ён працуе на нацыянальную
ідэю, марыў пра незалежнасць Беларусі.
Давялося пакінуць Радзіму. У 1949 г. Віцьбіч пераязджае ў ЗША,
г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), дзе заснавалася калонія беларусаў-эмігрантаў.
Даводзілася цяжка фізічна працаваць, але ён працягваў выдаваць
“Шыпшыну”, пісаў артыкулы для радыёстанцыі “Свабода”, як мог садзейнічаў
згуртаванню землякоў.
Увесь час працаваў над тэмай “Антыбальшавіцкія паўстанні на Беларусі”.
Збіраў матэрыялы пра змагароў Вяліжскага, Парэцкага, Мірскага,
Слуцкага, Гомельскага, Бешанковіцкага паўстанняў, пра Мсціслаўскую
сялянскую дэмакратыю, Койданаўскую незалежную рэспубліку, Барысаўскі
бунт, антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу на Беларусі (1918-29
гг.) – усё дзеля таго, каб разбурыць легенду “о тихом белорусе”.
Віцьбіч ліквідаваў многія “белыя плямы” ў савецкай гісторыі Беларусі.
Віцьбіч быў непераўзыдзеным майстрам эпісталярнага жанру. Ён вёў
вялікую перапіску амаль з усімі беларускімі пісьменнікамі, вядомымі
дзеячамі беларускага замежжа.
Юрка Віцьбіч памёр у 1975 г. у Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Паводле Лідзіі Савік
ВЕСТКІ
***
У сакратарыят старшыні парламента Еўрасаюза Джозэпа Борэлла перададзены
праект рэзалюцыі аб стварэнні сеткі рэгіянальных радыёстанцый
для вяшчання на Беларусь. Як паведаміў ініцыятар рэзалюцыі польскі
еўрадэпутат Багдан Кліх, у дакуменце прапаноўваецца ЕС падтрымаць
будаўніцтва радыёстанцый у Літве, Польшчы і, магчыма, Украіне.
Праект сабраў дваццаць подпісаў пры неабходных двух. Па яго словах,
чакаецца, што праект рэзалюцыі па Беларусі будзе разгледжаны ў
ходзе наступнай сесіі Еўрапарламента 6-9 чэрвеня ў Страсбургу.
www.afn.by
***
Грамадзяне Расіі і Беларусі па-ранейшаму змогуць ажыццяўляць узаемныя
паездкі па ўнутраных пашпартах. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік
расійскага МЗС Аляксандр Якавенка, паведамляе афіцыйны інтэрнэт-сайт
расійскага знешнепалітычнага ведамства. У адпаведнасці з пратаколам
да пагаднення паміж Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй
і Таджыкістанам аб узаемных бязвізавых паездках наведаць гэтыя
краіны цяпер можна толькі па замежных пашпартах. Аднак, заявіў
А.Якавенка, гэта не тычыцца грамадзян Беларусі. Пратакол да пагаднення
ўступіць у сілу 24 мая.
“Народная Воля”. 2005. 6 траўня
***
Беларуская амбасада ў Швецыі адмовіла ў візах 9-ці прадстаўнікам
шведскіх няўрадавых арганізацый, якія меліся прыехаць на беларуска-шведскую
канферэнцыю ў Мінск. Апроч таго, ад арганізатараў мерапрыемства
– шведскага цэнтра развіцця міжнароднага супрацоўніцтва “Forum
Syd” і аддзялення ў Мінску амбасады Швецыі ў Маскве – Мінгарвыканкам
запатрабаваў адмысловага дазволу на правядзенне канферэнцыі. У
выніку яе адмянілі.
Планавалася беларуска-шведская канферэнцыя няўрадавых арганізацый
з мэтай наладжвання сумесных праектаў у сацыяльнай ды экалагічнай
сферах. Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама
Уладзімір Зубрык патлумачыў, што арганізатары падобных канферэнцый
павінны звяртацца па адпаведны дазвол. У.Зубрык: “Дазвол дае Палата
прадстаўнікоў, камісія, а ў гэту камісію накіроўваюцца дакументы
праз Міністэрства эканомікі. Таму звяртацца трэба ў міністэрства
эканомікі, а тыя перадаюць дакументы ў Палату прадстаўнікоў і
там прымаецца рашэнне”.
Радыё “Свабода”. 2005. 21 траўня
***
Кошт візы ў Літву зменшаны з 20 да 5 еўра. Такое рашэнне было
прынятае ўчора падчас рабочай сустрэчы прадстаўнікоў консульскіх
службаў Міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі. Аднак,
каб рашэнне набыло моц, патрэбны тэхнічныя працэдуры ў Літве і
Беларусі. Амбасадар Літвы ў Беларус Ёнас Паслаўскас спадзяецца,
што рашэнне набудзе моц на пачатку турыстычнага сезона. Адпаведна
і для літоўцаў кошт на беларускія візы будзе зменшаны.
“Народная Воля”. 2005. 6 траўня
***
Доля адмоваў у выдачы віз у амбасадзе Германіі ў Мінску павялічылася
з 4 да 10 адсоткаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, якое распаўсюдзіла
прэс-служба амбасады. Рост ліку адмоваў абумоўлены тым, што ў
Мінску павялічваецца колькасць заяўляльнікаў, якія спрабуюць пры
дапамозе нелегальных метадаў або ўказання няправільных ці няпоўных
дадзеных дабіцца пастаяннага месцазнаходжання ў Германіі або ЕС.
www. belarusy.com
***
Беларусь не плануе скарачаць экспарту ўзбраення і ваеннай тэхнікі,
заяўляюць у Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце краіны. Спецыялісты
камітэта не бачаць “нічога няправільнага” ў тым, што Беларусь
прадае лішкі запасаў узбраення і ваеннай тэхнікі з рэзерву Мінабароны
на міжнародным рынку. Дзяржваенпрам адзначае, што наша краіна
ўвайшла ў дзесятку вядучых экспарцёраў узбраення ў свеце.
“Наша Ніва”. 2005. 13 траўня
***
Урад абмяркоўвае магчымасць значнага павышэння ПДВ. Цяпер гэты
падатак складае 18%. Пры гэтым падаткі з абароту будуць зніжаны.
Зробяць гэта для таго, каб захаваць аб’ём цэнтралізаваных сродкаў,
якія ідуць на выкананне амбітных дзяржаўных праграм. Новы прынцып
спагнання ПДВ паводле краіны прызначэння, мяркуюць ва ўрадзе,
«развязаў рукі» Беларусі: цяпер падатак спаганяецца не з экспарцёраў
беларускай прадукцыі, а з мясцовых імпарцёраў расійскага тавару.
“Наша Ніва”. 2005. 29 крас.
***
Галоўны дзяржаўны інспектар аховы гісторыка-культурнай спадчыны
Мінгарвыканкама Уладзімір Папруга заявіў Радыё “Свабода”, што
падасць у адстаўку, калі адміністрацыя Лукашэнкі і надалей будзе
трымацца пазіцыі радыкальнай перабудовы гістарычнага Верхняга
горада Мінска.
Месяц таму вядомыя беларускія архітэктары, мастацтвазнаўцы, філосафы
напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у Камітэт Дзяржкантролю
і Генеральную пракуратуру з заклікам спыніць знішчэнне гістарычнага
цэнтра Мінска, вядомага як Верхні горад. Пасля гэтага падпісанты
былі выкліканыя ў прэзідэнцкую адміністрацыю, дзе ім паабяцалі
стварыць камісію, якая мусіць наноў вырашыць лёс праекта татальнай
перабудовы Верхняга горада. Аднак мінулі ўсе акрэсленыя тэрміны,
адведзеныя на перагляд праекта.
Паводле Радыё “Свабода”
Дыпламатычны канфлікт
Прапануем падборку падзей паводле беларускага і польскага друку.
Падзеі пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці.
Беларускія ўлады прызналі нелегітымным 6-ы з’езд Саюзу палякаў
Беларусі, які адбыўся ў Гродна 12-13 сакавіка. Міністэрства замежных
спраў Польшчы выступіла з заявай, дзе зазначана, што польскае
МЗС успрыняло паведамленне аб такім рашэнні “з абурэннем”.
У Польскім Сейме адбылося пасяджэнне, падчас якога абмяркоўваліся
польска-беларускія адносіны. Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы
Анджэй Залуцкі заявіў, што ў адказ на дзеянні беларускіх уладаў
польскі бок падрыхтаваў спіс беларускіх чыноўнікаў, якія не могуць
перасякаць мяжы. Вышэйшым прадстаўніком беларускіх уладаў, якога
не пусцяць у Польшчу, з’яўляецца міністр юстыцыі Беларусі Віктар
Галаванаў. Апрача таго, у Польшчу не змогуць прыехаць чыноўнікі
беларускага Камітэта па справах нацыянальнасцяў і рэлігіі, а таксама
функцыянеры КДБ.
Калі польскія ўлады прымуць рашэнне аб забароне на ўезд у Польшчу
для асобных беларускіх грамадзян, то Беларусь “адкажа адэкватнымі
мерамі”. Аб гэтым заявіў журналістам 20 траўня старшыня Палаты
прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Канаплёў
у перапынку пленарнага пасяджэння.
Польскі дыпламат Марэк Буцька прызнаны ў Беларусі персонай нон-грата.
Дыпламат адказваў за кантакты з палітычнымі партыямі і няўрадавымі
арганізацыямі, а таксама падтрымліваў “працоўныя кантакты” з Саюзам
палякаў у Беларусі (СПБ). Па словах дыпламата, ён меў кантакты
з беларускай апазіцыяй, аднак гэта ўваходзіла ў яго абавязкі.
У адказ польскім бокам прынята рашэнне аб выдварэнні з тэрыторыі
Польшчы дарадчыка беларускага пасольства.
Паводле “Белорусской деловой газеты”,
“Radio “Polonia”,
“Пасольства Рэспублiкi Беларусь у Рэспублiцы Польшча”,
“Zycie Warszawy”, “Hrodnanews”
Арышт удзельнікаў Чарнобыльскага шляху
26 красавіка ў гадавіну Чарнобыльскай трагедыі дзесяткі чалавек
сабраліся, каб перадаць петыцыю ў адміністрацыю А.Лукашэнкі. У
выніку разгону акцыі амонаўцы затрымалі больш за сорак чалавек.
Сярод іх 5 грамадзянаў Украіны і 14 грамадзянаў Расеі. Непаўнагадовых
удзельнікаў адпусцілі. Затрымалі 6 беларусаў, актывістаў Маладога
Фронту.
27 красавіка адбыўся суд, аднаго украінца арыштавалі на 9 сутак,
трох – на 10 сутак і аднаго на – 15. У судзе іх абвінавацілі ў
тым, што яны разам з іншымі скандзіравалі: “Жыве Беларусь!” Суд
расцаніў гэта як парушэнне грамадскага парадку. Украінскі консул
В.Сардэнка сказаў, што здзіўлены, чаму вокліч “Жыве Беларусь!"
з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Пасля абвяшчэння прысудаў
украінскія грамадзяне адмовіліся прымаць ежу. Украінскі консул
перадаў ім ваду і сок. Лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук
Высоцкі і актывісты Маладога фронту Зміцер Дашкевіч і Кірыл Шымановіч
атрымалі аналагічныя тэрміны зняволення. Яны галадалі ў знак салідарнасці
са сваімі ўкраінскімі сябрамі. Расейцаў з розных палітычных партыяў
пакаралі арыштамі ад 5 да 15 сутак.
28 красавіка ля беларускае амбасады ў Кіеве нацягнулі сімвалічны
калючы дрот. Ля амбасады пачаўся бардаўскі канцэрт. Удзельнікі
пікетавання скандзіравалі “Украінцам свабоду” і “Жыве Беларусь!”
30 красавіка ў Мінску расейцаў вызвалілі з-пад варты згодна з
пратэстам пракуратуры, і яны праз дзве гадзіны пакінулі тэрыторыю
Беларусі. Што тычыцца грамадзянаў Украіны, то старшыня суду ўсе
прысуды пакінуў без зменаў.
2 траўня МЗС Украіны заявіў, што па-ранейшаму намагаецца вызваліць
сваіх грамадзянаў, аднак зазначае падвойныя стандарты Беларусі
ў дачыненні да Украіны і Расіі: затрыманых расейцаў адпусцілі,
але асуджаных разам з імі ўкраінцаў трымаюць за кратамі.
4 траўня адбылося далейшае абвастрэнне беларуска-ўкраінскіх дачыненняў
у сувязі з адмовай Мінска перагледзець прысуд, 5 украінцаў засталіся
за кратамі. Тым часам беларуская амбасада выступіла з афіцыйнай
заявай, у якой
скардзілася, што пікетоўцы блакавалі доступ да будынка і скандзіравалі
нецэнзурныя лозунгі на адрас кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.
Амбасадар Беларусі Валянцін Вялічка сказаў, што не выключае прыпынення
працы місіі.
5 траўня прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка зрабіў заяву: “Факт
падвойных стандартаў стаўлення да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі
грамадзянаў Украіны, грамадзянаў Расеі, грамадзянаў іншых краінаў,
засведчыў адмысловы падыход беларускага кіраўніцтва да гэтага
эпізоду”. Пасол Беларусі ва Украіне В.Вялічка быў выкліканы ў
МЗС Украіны, дзе яму была ўручаная нота, у якой падкрэсліваецца,
што санкцыянаваная грамадзянская акцыя каля беларускага пасольства
“ніякім чынам не перашкаджае доступу да службовых памяшканняў
і на тэрыторыю пасольства”. Калючы дрот не замінае праходу супрацоўнікаў
і мае сімвалічны характар. Украінская міліцыя заяўляе, што прэтэнзіяў
не мае.
5 траўня дэпартаваны першы з украінскіх палітвязняў. 6 траўня
са спецпрыёмніка выйшлі 8 палітвязняў: 4 грамадзянаў Украіны і
4 – Беларусі, якія трымалі галадоўку. За кратамі заставаўся актывіст
Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, якога арыштавалі на 12 сутак.
Паводле “Народнай волі”, pahonia.promedia.by,
“Беларускай Масквы”, www.afn.by, “Белорусского рынка”
Перайменаванне
***
У сувязі з 60-годдзем Перамогі і па шматлікіх просьбах ветэранаў
7 траўня прэзідэнт А.Лукашэнка падпісаў загад аб перайменаванні
вуліц Мінска: праспект Францыска Скарыны ў праспект Незалежнасці,
праспект Машэрава ў праспект Пераможцаў. Вуліцай Ф.Скарыны будзе
былы Старабарысаўскі тракт у раёне новага будынка Нацыянальнай
бібліятэкі. У праспект Машэрава будуць перайменаваныя вуліцы Ерусалімская,
Дразда і Варвашэні.
probelarus.ru
***
Спачатку людзі думалі, што ўказ – кепскі жарт апазіцыі. За рашэннем
“панізіць Скарыну” праглядаецца жаданне панізіць беларускую культуру
ў сімвалічнай іерархіі гістарычных падставаў нацыі. Уладзімір
Арлоў: “У працяг я б прапанаваў па просьбах ветэранаў, працоўных
і беспрацоўных нашу сталіцу перайменаваць у Саўмінск”.
“Наша Ніва”. 2005. 13 траўня
***
Мінская міліцыя затрымала 8 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі
пратэсту супраць перайменавання сталічных вуліц і праспектаў.
10 мая каля 19 гадзінаў дзесяткі людзей выстраіліся ўздоўж былога
праспекта Скарыны. На галовах у іх былі белыя павязкі з чырвоным
надпісам “SOS!”. Адзін удзельнік акцыі трымаў плакат: “Ветэраны,
мы вас паважаем, але не чапайце Скарыну і Машэрава!” Акцыя неўзабаве
была спынена АМАПам.
Народная Воля”. 2005. 12 траўня
***
Таварыства Беларускай мовы iмя Францыска Скарыны iнiцыявала збор
подпiсаў пад патрабаваннем захаваць назву галоўнай магiстралi
г. Мінска “Праспект Францыска Скарыны”. У распаўсюджаным сёння
звароце да грамадскасцi кiраўнiцтва гэтай арганiзацыi заклiкала
сваiх актывiстаў актыўна ўключыцца ў гэты працэс, дасылаючы сабраныя
подпiсы на адрас: 220016, г. Мінск, вул. К.Маркса, 38, Адмiнiстрацыя
Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
pahonia.promedia.by
АБ’ЯВЫ
“Басовішча-2005”
22-23 ліпеня ў польскім мястэчку Гарадок пад Беластокам адбудзецца
ХVІ фестываль беларускага року “Басовішча-2005”. Традыцыйна бяруць
удзел генералы айчыннай музыкі: NRM, Krama, Neuro Dubel, Zet,
Ulis, а таксама леташнія пераможцы “Тарпач”, “Сонцаварот”, “Таксі”,
HMP і іншыя каманды.
Як і ў мінулым годзе, усім, хто пажадае самастойна ўзяць удзел
у фэсце, будзе прадастаўлена “Вольная сцэна”. Галоўная ўмова —
беларускамоўныя тэксты. З беларускага боку на конкурс паедзе 8
выканаўцаў. Для усіх жадаючых наведаць адзінае штогадовае свята
беларускай рок-музыкі арганізуюцца традыцыйныя аўтобусы.
“Hrodnanews”. 2005. 19 траўня
Камунікат
Сардэчна Вам дзякую за чарговы нумар бюлетэня! Адбыліся змены
інтэрнэт-адраса Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі “KAMUNIKAT”. Зараз
наш адрас:
http://kamunikat.fontel.net
Загадзя шчыра дзякую! З павагай,
Яраслаў Іванюк
НАШЫЯ ГОСЦІ
У Мінску знаходзіцца старшыня Іркуцкага Таварыства беларускай
культуры Алег Рудакоў. Ён наведаў сядзібу МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
і распавёў пра грамадскую, творчую і навуковую дзейнасць свайго
Таварыства. Прапаноўваем чытачам пазнаёміцца з гэтай адной з самых
актыўных беларускіх арганізацый Расіі.
2 красавіка, у дзевяты раз, мы правялі Гуканне вясны. Гэтае мерапрыемства
адносіцца да штогадовых абавязковых для нас: мы ладзім Каляды,
Гуканне, Купалле, восеньскія Дзяды. Гуканне вясны ў гэтым годзе
мы правялі ў новым стылі ў адной з беларускіх вёсак Іркуцкай вобласці
(беларускіх перасяленцаў пачатку ХХ ст.) – у вёсцы Лідзінск. Гэта
вельмі цікавая ў этнаграфічным сэнсе вёска. Там 2 вуліцы, паміж
якімі ўзімку адбываецца спаборніцтва – лепяць са снегу розныя
фігуры, прычым кожная вуліца стварае нейкіх сваіх герояў. Там
захавалі вельмі старажытныя карагоды, дзе ўдзельнікі рухаюцца
“сценка на сценку”: з аднаго боку праграмных стаяць дзяўчаты,
з іншага – хлопцы. У гэтай вёсцы вельмі актыўныя мужчыны – яны
спяваюць, развучваюць розныя сцэнкі. Назва паходзіць ад імя адной
беларускай дзяўчыны – Ліды, якая пры перасяленні беларусаў на
гэтае новае месца абмярала зямлю для беларускай вёскі.
Прадстаўнікі ІТБК прыехалі ў в. Лідзінск са сваімі трыма фальклорнымі
гуртамі (“Пралескі”, “Самацветы” і “Ленушка”) і актыў беларускага
моладзевага клуба “Крывічы”. ІТБК паказала архаічнае Гуканне вясны.
ІТБК рэгулярна ладзіць этнаграфічныя экспедыцыі ў беларускія вёскі
Іркуцкай вобласці (беларусы-перасяленцы пачатку ХХ ст., якія закансервавалі
ў Сібіры многія абрады і фальклорныя творы). Пры гэтым рэгулярна
адбываюцца адкрыцці – мы знаёмімся з новымі беларускімі вёскамі,
пра якія яшчэ не ведалі этнографы, і часта сустракаем там багатую
фальклорную спадчыну і актыўнае жыццё. Звычайна адбываецца так:
я нейкім чынам даведваюся, што ёсць нейкая беларуская вёска, спачатку
выязджаю туды адзін. Напрыклад, у Лідзінск я паехаў спачатку адзін,
пазнаёміўся з тамашнімі актывістамі і ўбачыў вялікі патэнцыял,
ёсць жаданне стварыць суполку – аддзяленне нашага Таварыства.
Потым, звычайна, мы едзем з нейкім канцэртам ці з нейкай праграмай.
ІТБК прыехала ў в. Чарчэт з Каляднай праграмай і паказала старыя
беларускія Каляды. Гэты прыезд так там усё ускалыхнуў, і зараз
пры вясковай бібліятэцы ствараецца фальклорная студыя. Прайшоў
сход жыхароў вёскі і прынята рашэнне пра стварэнне аддзялення
ІТБК. Гэта ўжо 6-е аддзяленне ІТБК у Іркуцкай вобласці.
Зараз скончаны перамовы пра стварэнне яшчэ 3-х аддзяленняў ІТБК:
два у вёсках Іркуцкай вобласці і адно ў г. Саянску. Гэтыя суполкі
пачнуць сваю дзейнасць ужо на працягу 2-3-х месяцаў гэтага года.
Падчас этнаграфічных экспедыцый не толькі збіраем фальклор і нейкія
рэчы, але і вядзем працу з нашчадкамі беларусаў-перасяленцаў.
Па выніках экспедыцый мы адкрылі ў Іркуцку этнаграфічны музей.
Са снежня ІТБК ладзіць пасяджэнні гістарычнага клуба “Спадчына”.
Калі мы пачыналі – гэта была ініцыятыва толькі нашага Таварыства,
але два апошніх пасяджэнні мы правялі разам з Літоўскім, Польскім
і Украінскім цэнтрамі. Клуб збірае поўную залу. Пасяджэнні сталі
такім месцам, дзе нацыянальныя цэнтры прадстаўляюць народы, якія
мяжуюць з Беларуссю. Прыходзяць таксама супрацоўнікі гарадской
і абласной адміністрацыі, яны лічаць беларускі гістарычны клуб
вельмі цікавай навацыяй, якая знаёміць з інфармацыяй, невядомай
на афіцыйным узроўні.
У межах працы з дзецьмі ў сядзібе ІТБК дзейнічае дзіцячы клуб
“Зярнятка”. Клуб працуе кожную суботу, у ім вывучаецца тры асноўных
прадметы: беларускае слова (мова і літаратура), гісторыя беларускага
народа (гісторыя, этнаграфія і інш.) і беларускія рамёствы (саломапляценне,
вышыўка, дадаткова да святаў вывучаюцца беларускія песні).
Журналістаў тэлебачання цікавіць нашая дзейнасць, быў зняты шыкоўны
дакументальны фільм пра Яна Чэрскага (славутага беларуса – даследчыка
Сібіры), які шматразова трансляваўся, а таксама быў зняты вялікі
рэпартаж пра беларускую вышыўку і інш. Таму можна сказаць, што
мы вельмі шчыльна працуем са сродкамі інфармацыі.
6 траўня ІТБК ездзіла ў г. Саянск, дзе адбылася прэм’ера новага
праекта ІТБК, у межах якога мы спрабуем спяваць старажытныя беларускія
песні. Гэта адбылося падчас уручэння медалёў “60 год вызвалення
Беларусі” ветэранам, якія вызвалялі Беларусь. Мэр горада Саянска
аказаўся беларусам і сказаў, што прыезд ІТБК яго натхніў і цяпер
у горадзе будзе створана беларуская суполка.
У ІТБК ёсць дзве 2 асноўныя мэты: аб’яднанне беларусаў вобласці
ў адзіную супольнасць і пашырэнне ведаў пра беларускую культуру.
Таму мы зацікаўленыя ў стварэнні ў Іркуцкай вобласці нашых аддзяленняў
– апорных кропак, з дапамогай якіх мы маглі б працаваць сістэмна
і мэтанакіравана.
Алег Рудакоў
Падарожжа на Радзіму
Іркуцкія беларусы вымушаны былі 2 сутак ехаць да сваёй гістарычнай
Радзімы. З першых хвілін знаходжання на беларускай зямлі іркуцкі
фальклорны гурт “Ленушка” спяваў. 17 траўня на пероне Мінскага
вакзала пад гармонік удзельніцы гурта віталі беларускую сталіцу
беларускімі народнымі спевамі.
Праграма візіту іркуцкіх беларусаў была надзвычай насычаная. У
дзень прыезду ўдзельнікі гутра “Ленушка” здзейснілі экскурсію
па Мінску, праспявалі цэлы канцэрт на заводзе “Атлант”, зладзілі
творчую сустрэчу з гуртамі “Радавод” і “Радаводзік”. 18 траўня
гурт выступіў на заводзе “Жалезабетон”, а ўвечары адбылася сустрэча
са “Студэнцкім Этнаграфічным Таварыствам”, дзе было шмат народных
спеваў, шмат танцаў пад беларускую дуду і гармонік. 19 траўня
гурт накіраваўся ва ўнікальную вандроўку – музей драўлянай архітэктуры
Строчыцы, Мірскі замак, Радзівілаўскі замак у Нясвіжы. Увечары
Згуртаванне “Бацькаўшчына” наладзіла творчую сустрэчу з мінскімі
фольк-гуртамі, гуртамі “Старым Ольса” і “Яварына”, дзе было шмат
танцаў і спеваў. 20 траўня адбылася экскурсія ў этнаграфічны музей
Акадэміі Навук, сустрэча з кіраўніком гурта “Троіца” Іванам Кірчуком
і студэнтамі факультэта Народнай творчасці педагагічнага ўніверсітэта.
21 траўня гурт “Ленушка” паспяхова выступіў на VI Усебеларускім
Фестывалі нацыянальных культур.
22 траўня, зноў жа з беларускімі спевамі на пероне, іркуцкія беларусы
развіталіся з Мінскам, скончыўшы сваю доўгую, удалую і багатую
на прыгоды і падзеі вандроўку. У якасці падарунка і дзеля далейшай
працы Згуртаванне “Бацькаўшына” прэзентавала невялікую бібліятэчку
беларускай мастацкай і навуковай літаратуры.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|