МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№12(№37)
снежань
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

ВІНШУЕМ З КАЛЯДАМІ І НОВЫМ ГОДАМ!
Шаноўныя суродзічы! КАЛЯДЫ – вельмi старое свята, непасрэдна звязанае з астранамiчным новым годам. Па даўняй традыцыі на КАЛЯДЫ прынята збірацца разам, каб пабачыцца з роднымі, успомніць продкаў, падзякаваць Богу за пражыты год. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята застанецца заўжды радасным, велічным і бездакорна аптымістычным. СА СВЯТАМ ВАС, ДАРАГІЯ СУАЙЧЫННІКІ!

Станіславу Шушкевічу – 70!
15 снежня споўнілася 70 гадоў дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Станіславу Шушкевічу. Ад імя Управы зычым здароўя, шчасця і поспехаў у дзейнасці.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Станіслаў Шушкевіч – беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га склікання, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох падпісантаў Белавежскага пагаднення аб распадзе СССР. Нарадзіўся 15 снежня 1934 г. у сям’і беларускага пісьменніка Станіслава Шушкевіча, які быў пазней рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, працаваў загадчыкам сектара лабараторыі ядзернай фізікі БДУ, загадчыкам кафедры ядзернай фізікі БДУ. З 1994 г. – дырэктар Цэнтру палітычных і эканамічных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (зачынены ўлетку 2004). Лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.

У Вольгі Іпатавай – юбілей!
5 студзеня святкуе свой юбілей вядомая беларуская пісьменніца і паэтка, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Вольга Іпатава. Здароўя, натхнення, разумення і плёну Вам, шаноўная спадарыня Вольга!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вольга Іпатава – беларуская пісьменніца і паэтка. Нарадзілася 1 студзеня 1945 г. у Міры Мінскай вобласці ў сям’і служачых. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай, рэдактарам тэлебачання, літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, намеснікам рэдактара часопіса “Спадчына”. Узначальвала Саюз беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” і медалём Францыска Скарыны. Аўтар зборнікаў вершаў, аповесцяў і апавяданняў, кніг “Дваццаць хвілін з Немезідай”, “Перакат”, “За морам Хвалынскім”, “Альгердава дзіда”, кніжак для дзяцей.

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Польскія сустрэчы
Адбылася паездка старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай у Польшчу па запрашэнні старшыні Беларускага Форуму Самакіравання ў Рэспубліцы Польшча Міхася Андрасюка. У межах паездкі Алена Макоўская наведала Другі агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, групу школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, Беларускі музей у Гайнаўцы, Асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы, рэдакцыю газеты “Ніва” ў Беластоку. Падчас сустрэч абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва паміж МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і згаданымі ўстановамі, а таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка да Чацвёртага з’езду беларусаў свету.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Да сяброў Вялікай Рады
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” па прычыне вялікай пільнасці справы звяртаецца да сяброў Вялікай Рады з просьбай не затрымлівацца з запаўненнем формаў для галасавання па абвестцы Вялікай Рады. Формы для галасавання дасылайце, калі ласка, на адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Да сяброў і суполак МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
23 лістапада 2004 г. адбылося пасяджэнне Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, на якім было прынятае рашэнне аб скліканні 16-17 ліпеня 2005 г. Чацвёртага з’езду беларусаў свету. У сувязі з пачаткам падрыхтоўкі з’езду Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца да сяброў і суполак з просьбай своечасова сплаціць складкі і падтрымаць фінансава падрыхтоўку да з’езду.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Выданне зборніка
Навагрудскае рэгіянальнае аддзяленне Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Навагрудскае раённае аддзяленне аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і Дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Міласэрнасць” г. Брэста пачынаюць падрыхтоўку да рэалізацыі праекта “Выданне зборніка вершаў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў”. Пасля выдання зборніка адбудуцца прэзентацыі з запрашэннем і дастаўкай на прэзентацыю аўтараў.
Просьба да ўсіх зацікаўленых: па ніжэйпададзенаму адрасу дасылайце вершы, малюнкі, інфармацыю аб аўтары і накіраваўшай яго арганізацыі альбо ініцыятыве, фотаздымак аўтара і кантактную інфармацыю.
231400 Гродзенская вобл.,
г. Навагрудак,
вул. Ламаносава, 18-3
Царуку А. П.
Тэл. (01597) 32243
E-mail: dialog2004@mail15.com альбо shureek2000@mail.ru
Алесь Царук

НАВІНЫ

Мельбурн, Аўстралія
Парафія Святых Віленскіх Пакутнікаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы адзначыла юбілей 23-годдзя асвячэння Мітрапалітам Ізяславам царкоўнага будынка парафіі ў Мельбурне. Пасля літургіі а. Аляксандар Кулакоўскі супольна з а. Юрыем адслужылі малебен удзячнасці. Па заканчэнні малебна ў прыцаркоўнай залі адбыўся надзвычайны абед-пачастунак, прыгатаваны сястрынствам парафіі. Затым, пасля сяброўскіх гутарак, жартаў і добрых пажаданняў на будучыню жаночы хор "Каліна" выканаў некалькі народных песняў.
Алег Шнэк

Мельбурн, Аўстралія
28 лістапада Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі супольна з Парафіяй Святых Віленскіх Пакутнікаў адзначылі 84-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Змагання. Айцец Аляксандар Кулакоўскі супольна з а. Юрыям пасля літургіі адслужылі паніхіду па загінулых змагарах. Затым усе прысутныя перайшлі ў прыцаркоўную залю, каб належна адзначыць гэты слаўны дзень. Старшыня БЦКВ Алег Шнэк прывітаў прысутных, прачытаў імёны адышоўшых ад нас у вечнасць былых беларускіх вайскоўцаў з Аўстраліі і прапанаваў хвілінай цішыні ўшанаваць усіх змагароў, якія загінулі за волю нашай Бацькаўшчыны. Прысутныя разам адспявалі жалобны гімн “Спі пад курганам герояў”. Затым пасля агучаных прывітанняў сп. Янка Барысевіч прачытаў вельмі змястоўны даклад да тэмы дня. Мастацкая частка складалася з дэкламацыі патрыятычных вершаў спадаром Аўгенам Грушам, спадарыняй Верай Шайпак. Сп. Слава Жук прачытаў уласны верш “Запавет”. На заканчэнне, як заўсёды, усе разам праспявалі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Па заканчэнні афіцыйнай часткі святкавання бальшыня прысутных засталіся на сяброўскі пачастунак, а дэлегаты ад Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі і БЦКВ паспяшаліся ў цэнтр горада да будынка Парламента штату Вікторыі па запрашэнні Украінскай Грамады на дэманстрацыю ў падтрымку украінскай апазіцыі Віктара Юшчанка. На шматлюднай дэманстрацыі, на якой прысутнічалі і дэлегацыі латышоў, славенцаў, грэкаў і іншыя, з прамовай выступіў старшыня ФРБАА сп. А.Груша, затым старшыня БЦКВ сп. А.Шнэк.
Алег Шнэк,
Старшыня БЦКВ

Страсбург, Бельгія
У Страсбургу ў Еўрапарламенце адбылася цырымонія ўзнагароджання Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) прэміяй імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” за 2004 год. Старшыня Еўрапарламенту Ёзэф Барэль уручыў прэмію прэзідэнту БАЖ Жанне Літвіной. У гэтым годзе разам на яе атрыманне прэтэндавалі 11 арганізацый і асобаў, у тым ліку дзіцячы лекар з Расіі Леанід Рошаль, былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”. Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснавана Еўрапарламентам у 1988 г. і прысуджаецца штогод. У мінулым годзе лаўрэатам прэміі стала ААН.
“Rzeczpospolita”. 2004. 15 снеж.

ЗША
Праз некалькі тыдняў пасля адмовы Лявону Вольскаму ў амерыканскай візе, амбасада Злучаных Штатаў перагледзела сваё рашэнне. Адмена канцэрта саліста вядомых гуртоў N.R.M. і КРАМБАМБУЛЯ, які павінен быў адбыцца 7 снежня ў штаце Дэлавэр, выклікала буру адмоўных эмоцый сярод прыхільнікаў беларускай музыкі ў Амерыцы, якія з нецярпеннем чакалі сустрэчы з адным з самых знакамітых дзеячаў сучаснай беларускай культуры. Аднак прадстаўнікі ЗША ў Рэспубліцы Беларусь своечасова разабраліся ва ўзніклым непаразуменні і запрасілі музыку на паўторную гутарку. На жаль, дастаткова шчыльны канцэрны графік не дазволіць Лявону Вольскаму парадаваць беларуска-амерыканскую публіку ў гэтым годзе. Але ўжо на пачатак сакавіка будучага года запланаваныя адразу некалькі дабрачынных канцэртаў-сустрэч музыкі ў шэрагу гарадоў Злучаных Штатаў.
www.belarusy.com

Чыкага, ЗША
У Чыкага адбываецца выстава мастака Юзафа Пучынскага. Гэтая экспазіцыя здаецца дзіўнай і незвычайнай менавіта тут, сярод высотных будынкаў горада-мегаполіса, у шумным урбаністычным асяроддзі, там, дзе пачынаецца славутая “чароўная міля”, што вядзе ў даўнтаўн Чыкага. Але тым не менш яна карыстаецца вялікім поспехам у выставачнай зале прэстыжнай галерэі “Кamp” на першым паверсе Drake Hotel, што знаходзіцца паміж вуліцай Мічыган і возерам з такой жа назвай. У гэтым гатэлі спыняюцца прэзідэнты Злучаных Штатаў Амерыкі і іншыя знакамітыя асобы; тут у лістападзе распачалася персанальная выстава твораў мастака Юзафа Пучынскага, аднаго са старэйшых і вопытнейшых у эмігранцкім асяроддзі майстроў выяўленчага мастацтва.
Выстава змяшчае ў асноўным пейзажныя творы мастака, напісаныя ім у розныя гады. Адразу ж звяртаеш увагу на нейкую незвычайна яскравую насычанасць жывапісу Юзафа Пучынскага, на ягоныя сакавітыя фарбы, шырокія і тонкія мазкі з дзіўным багаццем адценняў, паўтаноў, каларыстычных пераходаў. Іншую групу пейзажаў Юзафа Пучынскага адрознівае гармонія нібы прыглушаных фарбаў, не кантрастных, але на дзіва арганічных, якія вельмі добра перадаюць эмацыянальны настрой. І ўсё гэта – сакавіты высакакласны жывапіс, дзе заяўлена і майстэрства, і актыўная аўтарская прысутнасць, – яго, аўтара, адносіны да таго, што ён адлюстроўвае.
Большасць пейзажаў Юзафа Пучынскага, якія экспануюцца на гэтай выставе, напісаны ў роднай мастаку Беларусі. Але цеплыня і арыгінальнасць аўтарскага бачання прыроды захоўваецца і ў нямногіх працах, напісаных у іншых мясцінах.
Шматгаліновая творчасць Юзафа Пучынскага прадстаўлена на гэтай выставе пераважна пейзажнымі творамі. Але ў актыве мастака – і тэматычны жывапіс, і графічныя працы, і літаратурныя творы. Яго індывідуальная мастакоўская манера – гэта працяг дапытліва-рэалістычных і адкрыта-імпрэсіянісцкіх традыцый, тонкі дэкаратыўны пачатак, паглыбленае спасціжэнне свету разам са сваімі аўтарскімі адносінамі да яго, з нейкай сваёй фантазіяй, што ідзе ад заснаванай Маркам Шагалам Віцебскай мастакоўскай школы. Менавіта там, у Віцебску, талент Юзафа Пучынскага набываў у перадваенныя гады асновы майстэрства. Пейзажы Юзафа Пучынскага загадкавыя і філасафічныя; мастак запрашае гледача разам з ім зірнуць на натуру, пастаяць, падумаць, уявіць сябе ў тым часе і ў той рэальнасці.
Хочацца пажадаць Юзафу Пучынскаму моцнага здароўя, доўгіх творчых гадоў і новых поспехаў ва ўсіх жанрах яго натхнёнай творчасці.
Ванкарэм Нікіфаровіч

Даўгаўпілс, Латвія
У Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя кнігі “Летапіс беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (1993-2003)” і адзначалася 10-годдзе выпуска беларускай старонкі ў газеце “Латгалес Лайкс” пад назвай “Беларус Латгаліі”. Прадстаўляючы сваю кнігу, аўтар Таццяна Бучэль распавяла аб тым, як стваралася кніга, якую ёй дапамагала пісаць дачка Алена, аб яе героях і падзякавала ўсім, хто дапамагаў у стварэнні кнігі. Сустаршыня таварыства “Уздым”, выкладчык спецкурса беларускай мовы Даўгаўпілскага ўніверсітэта Т.Бучэль на прэзентацыі добрым словам згадала імёны тых людзей, хто стаяў ля вытокаў беларускага таварыства. “Летапіс” – гэта кніга аб 10-гадовай дзейнасці “Уздыма” ў Даўгаўпілсе, многія старонкі кнігі распавядаюць аб шматграннай дзейнасці беларускіх настаўнікаў, асветнікаў і паэтаў у перадваенныя гады, іх біяграфіі. Таццяна Бучэль і Станіслаў Валодзька распавялі аб працы над выданнем у газеце “Латгалес Лайкс” беларускай старонкі.
Паводле “Латгалес Лайкс”

Вільня, Літва
У Вільні адбылося пахаванне беларускага вайсковага і грамадскага дзеяча Кастуся Шышэі. Ураджэнец Наваградчыны Кастусь Шышэя ў часе Другой сусветнай вайны быў адным з камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, за што пасля доўгія гады правёў у сталінскіх лагерах. У ГУЛАГу Шышэя пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, якая піша пра яго ў сваёй кнізе “Споведзь”, а Геніюш пазнаёміла яго з сяброўкай слонімскай маладзёвай арганізацыі “Чайка” Леакадзіяй Кавальчык, якая стала жонкай Кастуся Шышэі. Па звальненні з лагераў іхняя сям’я жыла ў Вільні.
Памёр Кастусь Шышэя на 83-м годзе жыцця 11 снежня. Пахаванне адбылося на віленскіх Спаса-Еўфрасінеўскіх могілках. Пасля Кастуся Шышэі засталася нявыдадзеная кніга ягоных успамінаў, фрагменты якой друкаваліся ў “Нашай Ніве”.
Радыё “Свабода”. 2004. 13 снеж.

Вільня, Літва
У Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылося мерапрыемства, прысвечанае ўгодкам Слуцкага збройнага чыну. Прыйшло каля паўсотні чалавек, тых, хто ведае гістарычнае мінулае беларускага народа і хто цікавіцца новай гісторыяй. Гэтым разам свята адзначалі ў новым памяшканні ТБК, старшыня Хведар Нюнька з гонарам паказваў бібліятэку, пакой, у якім кожны месяц збіраецца рада, пакой для гасцей і ўтульная зала, дзе праходзіла мерапрыемства.
Залу ўпрыгожвае герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сцяг, плакаты, зробленыя вядомым віленскім мастаком Алегам Аблажэем, з надпісам на адным “Яны пайшлі паміраць, каб жыла Беларусь”, і на другім – “Слуцкі збройны чын 21-27 лістапада 1920 г.” Ганарыцца ёсць чым: такое памяшканне мае толькі ТБК у Вільні, у гэтым вялікая заслуга старшыні Хведара Нюнькі.
Прыемна і радасна, што кола прыхільнікаў таварыства пашырылася, прыйшлі студэнты ўніверсітэта. Ганаровым госцем нашага свята быў вядомы гісторык і грамадскі дзеяч з Беларусі Алег Трусаў Ён выступіў перад прысутнымі з грунтоўным дакладам пра Слуцкі збройны чын, падрабязна распавёў пра дзеянні Булак-Балаховіча і іншых асоб паўстання. Да выступоўцы было шмат пытанняў і пра палітычныя падзеі ў краіне, і пра апошні рэферэндум, і пра падзеі ў свеце, і, у прыватнасці, на Украіне.
Напрыканцы імпрэзы саліст Андрусь Старавойтаў выканаў некалькі палітычных песень. Ніхто не спяшаўся разыходзіцца, за кубкам гарбаты яшчэ доўга працягвалася сяброўская бяседа, абмяркоўвалі планы на будучы месяц. Такія сустрэчы гуртуюць, збліжаюць.
Наступная сустрэча будзе прысвечана вядомаму грамадскаму і рэлігійнаму дзеячу, беларускаму ксяндзу Адаму Станкевічу, яна адбудзецца 8 студзеня. У 2005 годзе ТБК плануе ў Вільні адкрыць мемарыяльную дошку Адаму Станкевічу.
Леакадзія Мілаш

Бельск, Польшча
Бельскі хор “Васілёчкі” адзначыў саракагадовы юбілей. У госці да юбіляраў прыехалі прадстаўнікі міністэрскіх, ваяводскіх і мясцовых улад ды калектывы “Цаглінкі” з Ляўкова і “Зорка” з Беластока. Вядучая канцэрта сакратар ГП БГКТ Валянціна Ласкевіч, якая калісьці сама спявала ў хоры, у перапынках паміж паасобнымі нумарамі праграмы расказала публіцы гісторыю калектыву. З нагоды юбілею хору паасобным спевакам былі прысвоены ўзнагароды. За заслугі ў прапагандаванні фальклору Падляшша Залаты крыж заслугі атрымала Ірына Астапчук, а Срэбны – Ніна Бялецкая і Галена Пашкоўская. Медалі ўручыў віцэ-ваявода Ежы Паўяновіч.
“Ніва”. 2004. 5 снеж.

Беласток, Польшча
Сябры Беларускага гістарычнага таварыства запачаткавалі святкаванне Дня герояў. Гэты дзень у міжваенны перыяд адзначаўся беларусамі 28 лістапада як Дзень Слуцкага збройнага чыну. Алег Латышонак, Славамір Іванюк, Яўген Янчук і Анатоль Вап усклалі вянок да помніка Станіславу і Язэпу Булак-Балаховічам і жаўнерам іх арміі, які знаходзіцца каля дарогі Гайнаўка – Белавежа. Непадалёк ад гэтага месца быў забіты генерал Язэп Булак-Балаховіч. Сябры Беларускага гістарычнага таварыства ўсклалі таксама вянок на яго магіле ў Белавежы. Алег Латышонак: “Святкаванне Дня герояў выпадае на 28 лістапада. Тады пачалося Слуцкае паўстанне 1920 года. Мы вырашылі адзначыць гэтае свята 27 лістапада таму, што ў гэты дзень беластоцкі батальён маёра Міколы Дзямідава арміі Булак-Балаховіча выратаваў свайго камандзіра з бальшавіцкага акружэння пад Жыткавічамі над Прыпяццю...”
“Ніва”. 2004. 5 снеж.

Варшава, Польшча
У Варшаве адбыўся “Беларускі Андэграунд” – штогадовае мерапрыемства, арганізаванае Беларускім Аб’яднаннем Студэнтаў Польшчы. Звычайна падчас яго ў сталіцы выступаюць пераможцы “Басовішча”, аднак сёлетні “Беларускі Андэграунд” адрозніваецца ад папярэдніх тым, што каб запрасіць пераможцаў “Басовішча” ў арганізатараў не хапіла грошай. Таму перад варшаўцамі выступяць беларускія гурты WZ-Orkiestra, ULIS, Кася Камоцкая. Апрача таго будзе паказаны фільм Віктара Корзуна “Васіль Быкаў. Вяртаньне”.
Падчас мерапрыемства збіраліся подпісы пад лістом пратэсту да ўладаў Беларусі, якія не дазваляюць некаторым гуртам і выканаўцам выступаць у радыё- і тэлевізійным эфіры, арганізоўваць канцэрты.
Паводле “Radio Polonia” і www.kulturalna.pl

Варшава, Польшча
У Варшаве створана новая арганізацыя “Беларуская ініцыятыва”, якая 11 снежня наладзіла сваю першую значную акцыю ў польскай сталіцы – канцэрт гурта “Крама”. Канцэрт адбыўся ў варшаўскім клубе “Hybrydy”. У “Беларускую ініцыятыву” ўвайшлі некалькі беларусаў, якія стала жывуць у Варшаве, а таксама студэнты з Беларусі, якія вучацца ў Варшаве. Канцэрт арганізаваны ў межах цыклу “Гурты з чорнага спісу”. Тры месяцы таму беларускія ўлады стварылі “чорны спіс” рок-гуртоў і папулярных гуртоў, спяваючых па-беларуску, сярод якіх запісана таксама “Крама”.
www.bialorus.pl

Вроцлаў, Польшча
Беларуская мастачка Ганна Ларына паказвае свае працы ў Вроцлаве ў Галерэі Фундацыі Калегіюму Усxодняй Еўропы. Яна абітурыент Мінскай Акадэміі Мастацтва і Акадэміі Мастацтва ў Вроцлаве. Вырашыла жыць у Польшчы. Куратар выставы праф. Марэк Станялевіч, прадстаўляючы мастачку, робіць акцэнт на Мінскую Акадэмію, бо лічыць, што гэта знакамітая школа графікі, можа нават адна з лепшыx у Еўропе. Ганна Ларына ўжо доўгі час займаецца кніжнай ілюстрацыяй, і на выставе апрача графікі можна таксама паглядзець арыгіналы кніжныx ілюстрацый, і нават кнігі з карцінкамі мастачкі.
“Radio Polonia”. 2004. 9 снеж.

Гайнаўка, Польшча
12 снежня ў галерэі “Гайна” ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы адкрыта выстава мастацкай самадзейнасці жыхароў Гайнаўшчыны. Экспазіцыю можна будзе глядзець да 31 студзеня 2005 г. Наведвальнікі выставы атрымаюць буклет пра творчыя дасягненні творцаў-аматараў з Гайнаўскага павета.
“Ніва”. 2004. 5 снеж.

Гайнаўка, Польшча
Сустрэча на тэму „Белавежская пушча — супольная адказнасць”, арганізаваная Павятовым староствам і польскім аддзяленнем Сусветнага фонду дзікай прыроды ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы пераўтварылася ў дыскусію наконт планаванага на наступны год адкрыцця пагранперахода побач Белавежы. Вялікі лозунг “Дзікае прыгожае” павесіла Таварыства аховы краявідаў, якое выступае супраць адкрыцця турыстычнага перахода і змагаецца за суцэльную ахову Белавежскай пушчы. У петыцыі накіраванай у Міністэрства аховы асяроддзя маладыя члены таварыства просяць не адчыняць пагранперахода ў сярэдзіне пушчы.
“Ніва”. 2004. 19 снеж.

Польшча
Вядомы беластоцкі тэлежурналіст Ежы Каліна атрымаў прэстыжную ўзнагароду Звязу журналістаў Польшчы за матэрыял пра Беларускі гуманітарны ліцэй. Узнагародай імя Казімера Дзеваноўскага Звяз журналістаў Польшчы адзначае аўтара найбольш цікавага матэрыялу на міжнародныя тэмы. У рашэнні журы гаворыцца, што Ежы Каліна – аўтар тэлевізійнага рэпартажу “Партызанская школа” – атрымлівае ўзнагароду за тое, што “зрабіў фільм, які немагчыма было зрабіць” пра апошні ў беларускай сталіцы ліцэй з беларускай мовай навучання.
Атрымліваючы ўзнагароду, Ежы Каліна адзначыў, што цяпер яшчэ больш упэўнены ў неабходнасці “паказваць Беларусь і сапраўдны твар сістэмы, якая там пануе”. Спадару Каліне, які з’яўляецца таксама аўтарам фільма “Апошні дыктатар Еўропы”, узнагароджанага на шэрагу фестываляў і конкурсаў, ад жніўня гэтага года беларускае консульства не дае візу для ўезду ў Беларусь.
www.charter97.org

Польшча
У Польшчы зняты дакументальны фільм, прысвечаны асобе выбітнага мастака і беларускага дзеяча з Беласточчыны Лявона Тарасевіча. Здымкі гадзіннага фільма пра Лявона Тарасевіча “Станцыя Валілы – Венецыя”, цягнуліся тры гады. Рэжысёр Хэлена Владарчык кажа, што назоў стужкі – гэта метафара дарогі, якую прайшоў мастак ад месца, дзе нарадзіўся, да прэстыжных галерэяў у розных краінах свету, не губляючы пры гэтым сувязі з гэтым месцам. Лявон Тарасевіч, нягледзячы на шматлікія выставы ў Швецыі, Нямеччыне, Ізраілі, Беларусі, Злучаных Штатах, Карэі, дагэтуль жыве ў вёсцы Валілы, што на мяжы з Беларуссю. А ў 2001 годзе на прэстыжным Біенале ў Венецыі спадар Тарасевіч рэпрэзентаваў Польшчу.
У фільме Лявон Тарасевіч паказаны ў гэтых двух месцах – Валілах і Венецыі, а таксама ў Варшаве, дзе ён працуе выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў. Стужка ўтрымлівае шмат меркаванняў крытыкаў і выказванняў самога мастака – ён распавядае пра тое, што лічыць у мастацтве найбольш важным, пра свае беларускія карані, шматлікія падарожжы.
Прэм’ера дакументальны фільма “Станцыя Валілы – Венецыя” адбудзецца пасля Новага года на другой праграме польскага тэлебачання.
Радыё “Свабода”. 2004. 10 снеж.

Іркуцк, Расія
На рахунку Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага (ІТБК) будзе ўжо дзевятае калядаванне. 7 студзеня па традыцыі адбудзецца свята для ўсіх сяброў ІТБК. Свята будзе мець абрадавы характар: прыйдуць калядоўшчыкі з казой, варажбітка і, вядома, Каляда.
Ужо з 25 снежня і да 7 студзеня калядоўшчыкі будуць хадзіць па дамах. Дом будзе выбірацца па прынцыпу, якім кіраваліся і нашы продкі: калі гаспадары ўвесь мінулы год добра працавалі, не ленаваліся, дапамагалі сваякам і ладзілі адзін з адным і з суседзямі.
Алена Мамантава,
прэс-сакратар ІТБК імя Яна Чэрскага

Сургут, Расія
У Палацы мастацтваў “Нафтавік” у г. Сургуце Ханты-Мансійскага аўтаномнай акругі (Югра, Расія) адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная ўручэнню юбілейных медалёў “60 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія бралі ўдзел у вызваленні Беларусі. Мерапрыемства было арганізаванае Нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Югры” сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медалі ветэранам уручыў Саветнік Пасольства У.Паўловіч. Ва ўрачыстай вечарыне ўзяў удзел славуты беларус, двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Пётр Клімук. Пасля заканчэння ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт легендарнага калектыва “Беларускія Песняры”. Артысты ансамбля, даведаўшыся пра мэты мерапрыемства, выступілі перад гледачамі з дабрачынным канцэртам.
Неацэнную дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў беларускай дыяспары Сургута робіць прадпрыемства “Сургутнафтагаз”, дзякуючы якому і асабіста генеральнаму дырэктару “Сургутнафтагаз” Уладзіміру Багданаву беларусы не лічаць сябе адарванымі ад культурнага жыцця Радзімы. Асаблівая падзяка сябрам аўтаноміі “Беларусы Югры”: старшыні камітэту аховы здароўя Сургута Мікалаю Гваздзю; начальніку ўпраўлення па каардынацыі збыту нафтапрадуктаў Георгію Вароніну, сябру Рады КПА “Бацькаўшчына” Валянціне Лянкевіч.
З гісторыі стварэння Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Югры”: 19 чэрвеня 1999 г. у Сургуце была створана першая грамадская арганізацыя беларусаў – Культурна-асветнае таварыства “Бацькаўшчына”. Узначаліў арганізацыю Валерый Шляхценка. Асноўнымі мэтамі дзейнасці таварыства з’яўляюцца захаванне мовы і культуры, абуджэнне ў людзях гонару за прынадлежнасць да свайго этнасу, рэстаўрацыя гістарычнай памяці. 4 верасня 2001 г. было створана грамадскае аб’яднанне беларусаў Сургуцкага раёна “Спадчына”, старшынёй якога быў абраны Сяргей Бандарэнка. 20 верасня 2002 г. у Ханты-Мансійску зарэгістраванае гарадское нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры”, старшыня Валерый Зіновіч. Наступным крокам беларускіх аб’яднанняў стала заснаванне рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі. У гэтых мэтах 11 лютага 2003 г. у г. Сургуце адбыўся ўстаноўчы сход рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Югры”. Тэрыторыя дзейнасці аўтаноміі – Ханты-Мансійская аўтаномная акруга. 31 сакавіка 2003 г. – дата дзяржаўнай рэгістрацыі НКА “Беларусы Югры”.
Сяргей Бандарэнка,
кіраўнік НКА “Беларусы Югры”

Харкаў, Украіна
9 снежня ва Украінскім культурным цэнтры ўпершыню ў г. Харкаве адбылося свята беларускай дыяспары і Дзень беларускай культуры. Свята было арганізаванае па ініцыятыве праўлення Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб'яднання беларусаў “Сябры”. Акрамя беларусаў на свяце было многа прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад фашысцкіх акупантаў.
Галоўная мэта правядзення Дня беларускай культуры – паказаць прыгожасць нашай беларускай мовы і музыкі. На свяце гучалі беларускія песні і вершы. З асаблівай увагай слухачы прымалі песні на беларускай мове саліста Харкаўскага тэатра оперы, выпускніка Беларускай кансерваторыі Уладзіміра Грашчанка. Усе, хто прысутнічаў у гэты вечар ва Украінскім культурным цэнтры, змаглі бліжэй пазнаёміцца з культурай беларускага народа.
Васіль Астаповіч,
Старшыня праўлення Харкаўскага
нацыянальна-культурнага аб'яднання беларусаў "Сябры"

Украіна
Паводле звестак амбасады Беларусі ў Кіеве, усяго на Украіне пражывае 285,5 тысяч беларусаў. Сярод нацыянальных меншасцяў гэтай краіны беларусы па колькасці займаюць другое месца пасля расейцаў. Ва ўсялякім разе, беларусаў на Украіне жыве больш, чымсьці ўкраінцаў у Беларусі, якіх тут 237 тысяч чалавек.
Беларуская дыяспара вельмі нераўнамерна расселеная па тэрыторыі Украіны. Больш за ўсё іх – ва ўсходняй і паўднёвай яе частках. Асабліва шмат беларусаў жыве ў Данбасе, куды ў свой час яны, альбо іх бацькі ці дзяды мігравалі на працу ў тамтэйшыя шахты. У сталіцы Украіны Кіеве – 16 тысяч беларусаў. Нарэшце, найменшая колькасць – у Заходняй Украіне. На Львоўшчыне, напрыклад, пражывае ўсяго каля паўтары тысячы беларусаў.
Статыстыкі наконт таго, якому кандыдату – Януковічу ці Юшчанку – аддалі беларусы перавагу, няма. Разам з тым, пэўна можна сказаць адно, што адзінага кандыдата ва ўкраінскіх беларусаў не было. Вінніцкая вобласць, напрыклад, месціцца ў цэнтры Украіны. Тут жыве нямала беларусаў, пра што паведаміла Ніна Свірыд, наша суайчынніца, ураджэнка Бярэзінскага раёна. Што тычыцца палітычных прыхільнасцяў, вінніцкія беларусы падчас галасавання падзяліліся: “Беларусы – палова за Юшчанку, палова за Януковіча”.
Радыё “Свабода”. 2004. 6 снеж.

Берн, Швейцарыя
10 снежня ў галерэі “Доктархауз-Обердыссбах” г. Берна (Швейцарская Канфедэрацыя) адкрылася выстава майстроў выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь пад тэматычнай назвай “Землякі Марка Шагала – сучаснае выяўленчае мастацтва Беларусі”. На выставе прадстаўлены 61 карціна і 5 скульптур сучасных беларускіх майстроў: Генадзя Шутава, Віктара Альшэўскага, Уладзіміра Савіча, Віктара Ціханава, Уладзіміра Зінкевіча, Валянціны Сідаравай, Дзмітрыя Аганава. На адкрыцці выставы з вітальным словам да прысутных звярнуўся Пасол Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі В.Каралёў.
www.mfa.gov.by


У ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Закон аб нацыянальных меншасцях
Польскі Сенат выказаўся за спрашчэнне правілаў афіцыйнага ўвядзення другой мовы ў якасці “дапаможнай” у дзяржаўных установах раёнаў, дзе жывуць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Гэта карысна і для польскіх беларусаў. Праект “Закона аб нацыянальных меншасцях”, які быў запрапанаваны на разгляд Сейму, прадугледжваў, што другую так званую дапаможную мову можна ўводзіць, калі ў дадзеным раёне жыве не менш 7% прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. Сейм, аднак, змяніў гэтую лічбу на 50%. Гэтаму патрабаванню адпавядалі б 4 гміны на Беласточчыне, дзе жывуць беларусы. Паводле польскай Канстытуцыі, законы, якія прымае Сейм, мусіць зацвердзіць Сенат – вышэйшая палата парламенту. Сенатары знізілі гэтую лічбу да 20% і такому патрабаванню цяпер адпавядаюць болей гмінаў, дзе жывуць беларусы. “Закон аб нацыянальных меншасцях” ізноў вернецца на дапрацоўку ў Сейм.
Радыё “Свабода”. 2004. 3 снеж.

Гайнаўка
На Інтэрнэт-старонцы беластоцкага горада Гайнаўка (www.hajnowka.com.pl) змешчана анкета з пытаннем: “Ці згаджаешся на ўвядзенне двухмоўных польскіх і беларускіх назваў у Гайнаўскім павеце?” Як паведамілі прадстаўнікі беларускай дыяспары, пры папулярызацыі галасавання яны дзеля ветлівасці просяць галасаваць толькі адзін раз, каб ведаць рэальнае становішча і грамадскую думку наконт гэтага пытання. Але заўважана, што праціўнікі двухмоўных шыльдаў паводзяць сябе непрыстойна – галасуюць кожны дзень па некалькі разоў, набіраючы такім чынам галасы на сваю карысць. Прадстаўнікі дыяспары заяўляюць пра важнасць пытання і запрашаюць ўсіх неабыякавых выказаць сваю думку.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Салідарнасць з суродзічамі
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” зноў звяртаецца да ўсіх свядомых беларусаў з просьбай адгукнуцца на праблему беластоцкай беларускай супольнасці, якая знаходзіцца ў вельмі цяжкім палітычным і грамадскім становішчы. Мы зноў змяшчаем узор зварота ў польскія і міжнародныя ўстановы з просьбай спыніць націск на беларускую нацыянальную меншасць на Беласточчыне. Мы мусім бараніць адзін аднаго і нашую культуру.
Звяртаемся да ўсіх з просьбай выказаць салідарнасць нашым суродзічам у Польшчы – накіраваць Звароты ў падтрымку беларускай нацыянальнай меншасці гэтай краіны на беларускай і польскай/англійскай мовах у польскія структуры, копіі лістоў на беларускай мове даслаць на адрас тыднёвіка Ніва redakcja@niva.iig.pl, факс + 48 85 743 50 22.

Jozef Oleksy
Marszalek Sejmu
Kancelarja Sejmu
Ul. Wiejska 4/6/8
00-902 Warszawa, Polska
Jozef.Oleksy@sejm.pl

Aleksander Kwasniewski
Prezydent Rzeczypospolitej Polskiej
Kancelaria Prezydenta RP
Ul.Wiejska 10, 00-902 Warszawa, Polska
listy@prezydent.pl

Lodzimierz Cimoszewicz
Minister spraw zagranicznych
Ministerstwo spraw zagranicznych
Al.J.Ch.Szucha 23
00-580 Warszawa, Polska
sm@msz.gov.pl


ВЕСТКІ

***
Сакратарыяту Саюза беларускiх пiсьменнiкаў пагражае выкiдванне на вулiцу. Супрацоўнiкаў сакратарыяту могуць выкiнуць з двух пакояў, якiя апарат СБП займае ў Доме, якi ў 1997 годзе прыбрала ў свае рукi Кiраўнiцтва справамi прэзiдэнта. Пiсьменнiкаў могуць пазбавiць i права карыстацца вялiкай залай Дома лiтаратара, дзе зазвычай праходзяць лiтаратурныя iмпрэзы. Лёс памяшканняў мусiць вызначыць Кiраўнiцтва справамi прэзiдэнта.
pahonia.promedia.by

***
6 снежня адбылося пасяджэнне Рады Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. Галоўнае пытанне – чарговае папярэджанне Мiнiстэрства юстыцыi. Першае было вясною. Тады Мiнiстэрства прад’явiла творчаму Саюзу тры прэтэнзii. Першая: на пячатцы арганiзацыi словы “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” забылi ўзяць у двукоссе. Другая: на шыльдзе Саюза – “Пагоня”. Трэцяя: сярод сяброў Саюза ёсць замежныя грамадзяне.
Гэтым разам Мiнюст звярнуў увагу на тое, што Брэсцкая абласная арганiзацыя Саюза пiсьменнiкаў нерэгулярна робiць фiнансавыя справаздачы. Нiякiх грошай праз рукi кiраўнiцтва Саюза і яго абласных фiлiй, не праходзiць. Усе справы ў Саюзе робяцца на грамадскiх пачатках. Брэсцкiм пiсьменнiкам проста надакучыла якi год запар пiсаць паперы: "Прыбытак - 0, выдаткi - 0".
Другое пытанне, якое абмяркоўвалася на Радзе, наўпрост звязана з першым. Саюз можа пазбавiцца свайго юрыдычнага адрасу, а гэта таксама падстава, каб у адпаведнасцi з заканадаўствам ліквідаваць грамадскае аб’яднанне. Разам з выцiсканнем СБП з Дома лiтаратара разгарнулася кампанiя па стварэннi “альтэрнатыўнага” (чытай: лаяльнага i памяркоўнага) Саюза пiсьменнiкаў, што мусiць замянiць iснуючы.
”Народная Воля”. 2004. 8 снеж.

***
Прафесарскае званне ў Беларусі неўзабаве будзе прысуджаць сам прэзідэнт. Пра гэта паведаміў старшыня Вышэйшай тэстацыйнай камісіі Анатоль Рубінаў пасля сустрэчы з А.Лукашэнкам. Прафесараў сёння ў Беларусі каля 1300 чалавек. З іх шэрагаў будуць вылучаны “апорныя пункты”, якія маюць рухаць наперад навуку ва ўніверсітэтах. Гэтыя навукоўцы, такім чынам, маюць стаць прафесарамі больш высокай ступені, чым звычайныя. Уганараваныя такім чынам будуць каля 250 прафесараў. Квоты на званне будуць вылучаны ўсім ВНУ краіны.
Інстытут “новых прафесараў” – не адзіная навіна ў навуковай сферы. Палажэнне аб прысуджэнні вучоных ступеняў і навуковых званняў, якое мае ўвайсці ў сілу з 23 лютага 2005 г., уводзіць абсалютна новае правіла: Прэзідыум ВАК можа пазбавіць навуковага звання за “вызначанае судом здзяйсненне ўчынкаў, несумяшчальных з педагагічнай дзейнасцю”. Як уплывае непедагагічны ўчынак на навуковую дзейнасць, на навуковыя адкрыцці? Прафесар Мікалай Крукоўскі растлумачыў гэтую норму імкненнем распраўляцца з неўпадабанымі.
Яшчэ адзін крок у гэтым кірунку – загад М.Мясніковіча па Акадэміі навук (супрацоўнікаў НАН Беларусі пачалі знаёміць з ім зусім нядаўна). Дакумент, падпісаны Мясніковічам, фактычна ўводзіць цэнзуру ў Акадэміі. Згодна з ім, усе (!) матэрыялы супрацоўнікаў НАНБ, якія накіроўваюцца ў адкрыты друк ці для публікацыі за мяжой, павінны разглядацца адмысловымі экспертнымі камісіямі. Тлумачыцца гэта захаваннем дзяржаўнай таямніцы. Можна знайсці падставы для захавання дзяржтаямніцы ў інстытуце ядзернай фізікі, але ў інстытуце літаратуры?..
“Наша ніва”. 2004. 17 снеж.

***
Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка незадаволены, як праводзіцца ў краіне ідэалагічная праца. Прэзідэнт паставіў задачу ў бліжэйшы час стварыць дакладную і паслядоўную праграму ідэалагічнай працы на 2005-2006 г.
Прэзідэнт таксама мае намер узмацніць кантроль за Парламентам. А.Лукашэнка лічыць неабходным увесці інстытут правамоцнага прадстаўніка Прэзідэнта ў Нацыянальным сходзе краіны.
А.Лукашэнка паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе створана аператыўна-следчая інспекцыя з вялікімі паўнамоцтвамі, якая “ўсур’ёз зоймецца ўсімі ўзроўнямі дзяржаўнай улады, у тым ліку і пракурорскімі работнікамі, якія дапускаюць правапарушэнні”.
www.afn.by

***
Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэспубліканскіх рэферэндумах Лідзія Ярмошына і камандзір мінскага АМАПу Юрый Падабед папоўнілі сфармаваны сёлета ў верасні спіс неўяздных у ЕС. У дадатак да таго, Савет па справах агульных пытанняў і знешніх адносінаў Еўрасаюза абвясціў, што палітыка еўрапейскага суседства па-ранейшаму на Беларусь не распаўсюджваецца.
pahonia.promedia.by

***
У Беларусі з 2005 г. замежныя інвестары будуць пазбаўлены бальшыні падатковых ільготаў. Як паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах, для ствараемых прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі і прадпрыемстваў, дзе доля замежнага інвестара на 1 студзеня 2005 г. складзе менш за 30%, адмяняецца трохгадовае вызваленне ад падатку на прыбытак (з моманту яго абвяшчэння).
З пачатку 2005 фармальна адмяняецца прадугледжанае Інвестыцыйным кодэксам вызваленне ад аплаты падатку на дадатковую вартасць (ПДВ) з тавараў, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю Беларусі ў якасці ўкладаў у статутны фонд арганізацый з замежнымі інвестыцыямі.
www.afn.by

***
Больш за 15%, ці кожны сёмы жыхар Беларусі, маюць запазычанасць па камунальных плацяжх – паведаміў міністр жылкамунгасу краіны Уладзімір Белахвостаў. Уладзімір Белахвостаў сказаў, што ў Беларусі рэдка практыкуецца высяленне з кватэраў за неплацяжы – сёлета было выселена 10 сем’яў.
Радыё “Свабода”. 2004. 14 снеж.

***
Савет міністраў Беларусі вырашыў з новага года змяніць сістэму збору платы з замежнікаў, якія праязджаюць па беларускіх дарогах. Памер будзе залежаць ад тыпа транспартнага сродку і часу знаходжання на тэрыторыі краіны. Падобная сістэма зараз дзейнічае ў многіх краінах Еўропы. Праўда, там так званая сістэма еўравіньеткі дзейнічае толькі для грузавікоў, беларусы ж па-ранейшаму будуць браць грошы з кожнай замежнай машыны. З 1 студзеня 2005 г. для вялікагрузных аўтамабіляў аплата за знаходжанне на тэрыторыі Беларусі на працягу сутак складзе 40 даляраў, тыдня – 60. Уладальнікі легкавых аўтамабіляў за суткі будуць плаціць 5 даляраў, за тыдзень – 10.
www.gazeta.ru

***
У студзені-верасні бягучага года ў Беларусь паступіла 1.007,2 млн. USD замежных інвестыцый, што на 17,4% больш сумы інвестыцый за аналагічны перыяд мінулага года. Найбуйнейшы аб’ём замежных інвестыцый паступіў у гандаль і грамадскае харчаванне — 320,7 млн. USD (31,8% ад усіх замежных інвестыцый), у прамысловасць — 264,2 млн. USD (26,2%) і ў сувязь — 162,4 млн. USD (16,1%).
“Белорусский рынок”. 2004. 13-20 снеж.

***
У Беларусі на 1 лістапада былі стратнымі 3050 прадпрыемстваў, альбо 26,2% ад іх агульнай колькасці па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу. Пры гэтым доля стратных прадпрыемстваў і арганізацый у прамысловасці склала 38,4%, на транспарце – 15,9%, у будаўніцтве – 17,3%, у гандлі і грамадскім харчаванні – 29,7%, у сельскай гаспадарцы – 19,1%, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы – 39,4%. Найбольшая ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў адзначана ў Мінскай і Віцебскай абласцях – 34,3% і 29,8% адпаведна.
“Народная воля”. 2004. 26 ліст.

КАЛЯНДАР

Снежань у нашай гісторыі
1264 г. – заключаны мірны і гандлёвы дагавор Полацка і Віцебска з Рыгаю і Готландам.
1268 г. – забіты Войшалк – Вялікі князь літоўскі, адзін з сярэднявечных кіраўнікоў нашага краю.
1520 г. – у Нясвіжы нарадзілася Барбара Радзівіл. Кажуць, што яна была адзінай каралевай у Еўрапейскай гісторыі, якая выйшла замуж па каханні.
1784 г. – нарадзіўся Зарыян Далэнга-Хадакоўскі, славяназнаўца, адзін з пачынальнікаў беларускай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі.
1856 г. – адкрыўся Віленскі музей старажытнасцяў, заснаваны беларускім археолагам і гісторыкам Яўстахам Тышкевічам. Напрыканцы ХІХ ст. у фондах музея налічвалася больш за 12 тысяч экспанатаў.
1882 г. – у Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі.
1884 г. – памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, класік беларускай літаратуры.
1924 г. – заснаваны беларускі кінематограф (Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі).
1886 г. – нарадзіўся кампазітар Мікола Равенскі. Абсалютна ўсё, што створана Равенскім, створана па-беларуску. Апошнія гады жыцця кампазітар жыў на эміграцыі, у Бельгіі, у горадзе Лювэне, дзе кіраваў беларускім студэнцкім харавым ансамблем пры тамтэйшым універсітэце. Памёр у 1953 г.
1891 г. – у Мінску нарадзіўся класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч.
1907 г. – нарадзіўся беларускі паэт Рыгор Крушына. У часе вайны апынуўся ў акупаваным Менску, адкуль патрапіў у эміграцыю, дзе працягваў сваю творчасць, выпускаючы паэтычныя кнігі. Працаваў і на Радыё “Свабода”, стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, а таксама першым беларусам-сябрам Міжнароднага ПЭН-цэнтру. Памёр у 1979 годзе.
1914 г. – нарадзіўся Чэслаў Сіповіч, беларускі ўніяцкі біскуп, заснавальнік Беларускае бібліятэкі і музея імя Ф.Скарыны ў Лондане.
1917 г. – пачаў працу Першы Усебеларускі з’езд ў Мінскім гарадскім тэатры (цяпер – тэатр імя Янкі Купалы). Там былі дэлегаты ад усіх мясцовасцяў Беларусі, ад палітычных, вайсковых і бежанскіх арганізацый. Пасля дыскусіі з’езд схіліўся да незалежнасці краіны. Тады бальшавіцкія вайсковыя ўлады, што пільна сачылі за форумам, разагналі яго. Тым не менш, Усебеларускі з’езд паспеў абраць Выканаўчы камітэт, які абвясціў сябе законнай, абранай народам уладай і прывёў да стварэння 25 сакавіка наступнага, 1918 г. незалежнай БНР.
1918 г. – Рада і Урад БНР пакідаюць Мінск. Кіраўніцтва БНР пераехала ў Вільню, пасля ў Горадню, адкуль пачалася доўгая гісторыя Рады БНР у эміграцыі.
1922 г. – у Горадні быў урачыста адкрыты гісторыка-археалагічны музей. Яго заснаваў археолаг і краязнаўца Язэп Ядкоўскі. Музей праіснаваў да нашага часу. У ім больш за 100 тысяч экспанатаў – археалагічныя знаходкі, манеты, дакументы, мастацкая калекцыя.
1926 г. – нарадзіўся беларускі паэт у эміграцыі Янка Юхнавец, творы якога толькі нядаўна пачалі друкавацца на Бацькаўшчыне, бо за савецкім часам былі забароненыя.
1930 г. – заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча
1937 г. – Беларусь страціла сваіх выдатных дзеячаў. Органамі НКВД былі знішчаныя фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, палітык і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін, а таксама дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі Я.Гаўрылік.
1939 г. – горад Беласток быў абвешчаны абласным цэнтрам БССР. Пасля вайны Беласток разам з цэлым рэгіёнам будзе аддадзены Польшчы, але там і сёння жыве шмат беларусаў.
1940 г. – заснавана Дзяржаўная акадэмічная капэла Беларусі імя Р.Шырмы.
1949 г. – пачатак сталых радыёперадач на Беларусь з радыёстанцыі Ватыкана а. Пятра Татарыновіча. У Бібліятэцы ўсходніх моваў у Парыжы адчынены беларускі аддзел. Склаўся Камітэт перакладу Бібліі на беларускую мову ў Нямеччыне.
1959 г. – пачатак нядзельных беларускамоўных радыёперадач І.Маркевіча са станцыі Таронта-Гамільтан. Саўтрыверскі прыход царквы св. Еўфрасінні Полацкай (ЗША) набыў надзел зямлі пад беларускія могілкі.
1985 г. – у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.
1991 г. – у беларускай урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расіі падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. З гэтага моманту Савецкі Саюз перастаў існаваць як суб’ект міжнароднага права. Выйшла ў эфір першая перадача Польскага Радыё на беларускай мове.
Паводле “Народная Воля”, Радыё “Свабода”, slounik.org,
www.slonko.com.pl, www.razam.org

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”
Кніжная серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаваная МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сёлета, папоўнілася новым выданнем. Выйшаў з друку зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”. Кніга прысвечаная адной з самых трагічных баталіяў Другой сусветнай вайны – бітве пры Монтэ-Касіна, у якой бралі ўдзел тысячы беларусаў. На яе старонках даследуецца гісторыя стварэння Арміі генерала Андэрса, упершыню апублікаваны поўны спіс нашых суайчыннікаў, якія загінулі ў Італіі і пахаваныя на монтэ-касінскіх могілках. Змешчаная таксама дакументальная аповесць Пётры Сыча “Сьмерць і салаўі”, прысвечаная падзеям пры Монтэ-Касіна. Кніга разлічаная на чытача, неабыякавага да гісторыі Беларусі.
Нагадаем, што сёлета споўнілася 60 гадоў з часу той вялікай бітвы. Гэтая дата шырока святкавалася ў Польшчы і Італіі, асабліва на самім месцы бітвы, дзе ўсталяваны мемарыял толькі з польскімі нацыянальнымі сімваламі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Беларусь, край, аточаны гарамі...”
У Варшаве выйшла анталогія сучаснага беларускага апавядання “Беларусь, край, аточаны гарамі...” У зборнік увайшлі творы Уладзіміра Арлова, Евы Вежнавец, Уладзіміра Някляева, Ігара Бабкова ды іншых сучасных празаікаў. Роберт Траба – старшыня аўтарытэтнай грамадскай арганізацыі “Барусія”, якая выдала анталогію, лічыць, што творы, прадстаўленыя ў ёй, сталіся падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі і, напэўна, будуць цікавыя палякам.
www.bialorus.pl

“Мясцовая гравітацыя”
Выйшла новая кніжка Міхася Андрасюка “Мясцовая гравітацыя”. Першую сустрэчу з чытачамі кніжкі “Мясцовая гравітацыя” Міхась Андрасюк арганізаваў у роднай Гайнаўцы. На спатканне ў кіназале Музея і асяродка беларускай культуры прыйшлі настаўнікі беларускай мовы гайнаўскіх школ, знаёмыя аўтара, пастаянныя наведвальнікі літаратурных спатканняў і госці з Беластока і Бельска-Падляшскага. Жыхары Гайнаўкі вельмі цёпла ўспрынялі новую кніжку.
“Ніва”. 2004. 12 снеж.

“Наша місія”
Выйшаў чарговы пяты нумар (зіма 2004-2005) бюлетэня вернікаў Беларускае каталіцкае місіі ў Англіі “Наша місія”. У звароце ад рэдакцыі між іншага чытаем: “Дарагі Чытачу, аддаём у твае рукі зімовы, перадкалядны нумар нашае газеты, тэмаю якога з’яўляецца спроба асэнсавання царкоўнае і грамадскае самаідэнтыфікацыі беларусаў грэка-каталіцкага вызнання. Артыкулы, якія мы прапануем Вам для развагі, напісаныя рознымі аўтарамі, як беларускімі, так і замежнымі, як багасловамі, так і вернікамі, якія не вывучалі багаслоўе. Мэта такой падборкі – прынамсі часткова запоўніць інфармацыйны вакуум, які існуе ў беларускім грэка-каталіцкім асяроддзі на сённяшні дзень, і, такім чынам, дазволіць магчымасць крытычнага мыслення ў пытаннях нашае тоеснасці ў сучасным свеце і каталіцкай Царкве”. У нумары змешчаны артыкул Ігара Лабацэвіча “Усходнія каталіцкія цэрквы пасля ІІ Ватыканскага сабору. Гістарычны экскурс”. “У доме айца майго” – так называецца артыкул Веры Рыч, вядомай перакладчыцы беларускае літаратуры на англійскую мову, шматгадовай прыхажанкі парафіі св. Пятра і Паўла ў Лондане. Артыкул пачынаецца такімі думкамі: “Быць каталіком у Брытаніі значыць належаць да рэлігійнае меншасці. Быць грэка-каталіком – гэта быць меншасцю з меншасцяў, якая вельмі часта бачыцца рыма-каталікамі як “не зусім сапраўдная рэч”... А быццё беларускім грэка-каталіком, які не мае дачынення да большай колькасна ўкраінскай супольнасці, роўнае быццю меншасці ў трэцяй ступені”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры
Пабачылі свет Матэрыялы Міжнароднай канферэнцыі “Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры”, якая была наладжана ў верасні 2001 г. Бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане. У Рэдакцыйную калегію ўвайшлі Ігар Іваноў, Ігар Лабацэвіч, Арнольд Макмілін, Аляксандр Надсан. Зборнік складаюць матэрыялы канферэнцыі, прысвечанай навукова-культурным асяродкам беларускай дыяспары і яе асобным дзеячам. Паказваецца іх роля ў захаванні, развіцці і папулярызацыі роднай мовы і культуры. Кніга прызначана для шырокага кола чытачоў.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Узнагароджанне
1 снежня ў памяшканнi лiцэя Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта адбылася цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў прэмii iмя Барыса Кiта. Запрошаных вiтаў амбасадар Германii ў Беларусi Марцiн Хiккер i доктар Iааханес Шлоотц са Свабоднага ўнiверсiтэту Берлiна. Разам з уручэннем прэмiй адбылася прэзентацыя кнiгi “Грамадзянiн свету”, выдадзенай да 95-годдзя Барыса Уладзiмiравiча Кiта – вядомага ў свеце навукоўца, доктара фiласофii ў галiне матэматыкi, акадэмiка Мiжнароднай акадэмii астранаўтыкi, ганаровага доктара шэрагу ўнiверсiтэтаў. Наш славуты суайчыннiк мае грамадзянства Злучаных Штатаў Амерыкi, але стала жыве ў Германii. Кнiга складаецца з нiзкi жыццёвых аповедаў Барыса Кiта, занатаваных Васiлём Быкавым; мастацка-дакументальнай аповесцi Вольгi Iпатавай; успамiнаў вучняў, сяброў i супрацоўнiкаў юбiляра.
Барыс Кіт – ганаровы старшыня “Рабочай групы беларуска-нямецкiх спатканняў”, якая заснавана пры Свабодным унiверсiтэце Берлiна. “Рабочая група”, бяручы да ўвагi заслугi Барыса Кiта перад Беларуссю i Германiяй, заснавала прэмiю ў ягоны гонар для навукоўцаў i дзеячаў. Сёлета яе атрымалi былы вiцэ-прэзiдэнт Нацыянальнай акадэмii навук Радзiм Гарэцкi i пiсьменнiк Уладзiмiр Арлоў.
“Народная Воля”. 2004. 4 снеж.

“Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус”
На прэзентацыю кнігі айца Аляксандра Надсана “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус” 8 снежня ў Мінску сабралася поўная зала Чырвонага касцёлу. Кніга “Біскуп Чэслаў Сіповіч святар і беларус” прысвечана першаму за апошнія некалькі стагоддзяў біскупу-беларусу, заснавальніку Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. Прэзентацыя нездарма была прызначаная на 8 снежня. У гэты дзень споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння біскупа Сіповіча. Найбольшая заслуга Чэслава Сіповіча для беларусаў — гэта заснаванне ім лонданскай бібліятэкі.
Людзі прыйшлі і дзеля самой кнігі, і дзеля яе аўтара, што пасля 4-гадовага перапынку зноў пабываў у Беларусі. Беларуская місія ў Лондане, на чале якой стаіць 78-гадовы айцец Аляксандар Надсан, даўно стала сапраўдным духоўным цэнтрам беларусаў. Навукоўцы і пісьменнікі імкнуцца ў лонданскую місію, каб трапіць у Бібліятэку Імя Францішка Скарыны – адзіную на Захадзе беларускую бібліятэку, дзе захоўваецца ўнікальная калекцыя кніг і рукапісаў.
Айца Надсана чатыры гады не было ў Беларусі. Ад часу, калі МЗС увёў новую норму, паводле якой для атрымання беларускай візы айцу трэба было пытацца дазволу ў Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а. Надсан перастаў прыязджаць у Беларусь. Сёлета ён адступіў ад сваіх прынцыпаў. Ён прыехаў, каб прэзентаваць працу, дзе грунтоўна раскрываецца гісторыя адраджэння ўніяцкай царквы ў мінулым стагоддзі.
Кніга пра біскупа Сіповіча — першая праца Аляксандра Надсана, з якой зможа пазнаёміцца шырэйшая аўдыторыя чытачоў, паколькі гэта першая ягоная кніга, што выходзіць у Беларусі. Сустрэча з айцом Надсанам завяршылася спевам гімну «Магутны Божа» ў выкананні хору “Голас душы”.
Увечары 9 снежня а. Аляксандр адслужыў у касцёле ў Серабранцы літургію – адзіную падчас сёлетняга прыезду ў Беларусь. I ўсе шэсць дзён прабывання а. Аляксандра ручаінка людзей цякла ў кватэрку на Залатой Горцы, дзе спыняўся гэты светлы чалавек.
“Наша ніва”. 2004. 17 снеж.

Ад рэдакцыі: Падчас свайго візіту а. Аляксандр наведаў сядзібу Згуртавання “Бацькаўшчына”.

МІГРАЦЫЯ

Міграцыйная сітуацыя ў Беларусі
Сёлета супрацоўнікі праваахоўчых органаў выявілі 120 груповак так званых “нелегалаў”. Намеснік кіраўніка дэпартаменту Аляксей Бягун назваў лічбу 24 800 – столькі іншаземцаў прыцягнулі да адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання і транзітнага праезду праз тэрыторыю Беларусі. Больш за тры тысячы беларускіх грамадзянаў пакаралі за тое, што не забяспечылі іншаземцам выкананне правілаў знаходжання. Больш за 2 000 іншаземцаў дэпартавалі з краіны, палову з іх – пад канвоем. Аляксей Бягун абвінаваціў нелегальных мігрантаў у распаўсюджванні арганізаванай злачыннасці.
Не толькі беларускія грамадзяне просяць прытулку ў замежжы. 800 чалавек маюць статус уцекачоў у Беларусі. Большасць з іх – былыя грамадзяне Афганістана і афрыканскіх краінаў. Сёлета ўцекачамі сталі 11 грамадзянаў Афганістану і 6 – Грузіі.
Дакладную лічбу беларускіх грамадзянаў, якія маюць статус уцекачоў у іншых краінах, прадстаўнікі Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі не назвалі, спаслаўшыся на адсутнасць адпаведнай статыстыкі. Невядома таксама і колькі беларусаў выязджае ў замежжа на заробкі. Вядома, што сёлета 2000 чалавек заключылі працоўныя дамовы, каб з’ехаць у краіны Еўразвязу. Але для таго, каб працаваць у Расіі, папярэдніх дамоваў не трэба, а туды штогод едуць дзесяткі тысяч чалавек.
Супрацоўнікі Дэпартаменту казалі пра тое, што шмат беларусаў пакідаюць краіну назаўсёды. Большасць з іх селіцца ў краінах Еўразвязу, Канадзе і ЗША. Галоўным чынам гэта – аб’яднанне сям’і і атрыманне палітычнага прытулку. Тысячы беларусаў просяць прытулку ў замежжы, але далёка не ўсім адказваюць станоўча. Супрацоўнікі Дэпартаменту паведамілі, што сёлета некалькі былых грамадзянаў Беларусі, якія раней эмігравалі ў Ізраіль, вярнуліся жыць на Бацькаўшчыну, але пакуль у якасці іншаземцаў.
Радыё “Свабода”. 2004. 18 снеж.

Міграцыйны абмен Беларусі
Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываецца з Расіяй, Украінай і Казахстанам. Імігранты з гэтых краін складаюць 84% прыбыўшых у нашу рэспубліку з краін СНД і Балтыі. За дзевяць месяцаў з Расіі прыехалі ў Беларусь 5 592 чалавекі, з Украіны – 1 620, з Казахстана – 883 чалавекі. Выехалі ў згаданыя дзяржавы з рэспублікі адпаведна 5 тыс. 78 беларусаў, 718 і 128 чалавек. Міграцыйны прырост за 9 месяцаў бягучага года склаў 1,1 тыс. чалавек і паменшыўся ў параўнанні з леташнім перыядам на 69%.
www.afn.by

Міжнародная арганізацыя па міграцыі
У Жэневе адбылася 88 сесія Рады Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ), у працы якой у якасці назіральніка ўзяла ўдзел дэлегацыя Рэспублікі Беларусь. Абмеркаваўшы негатыўныя і пазітыўныя аспекты міграцыі, дзяржавы-члены Рады прынялі рашэнне аб неабходнасці хутчэйшага прыняцця новай стратэгіі дзейнасці МАМ, якая павінна ўзмацніць ролю і значэнне МАМ у міжнародным дыялогу па міграцыі. Абмяркоўвалася таксама тэматыка кіравання міграцыяй, супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі і гандлю людзьмі, узмацненне міжнароднага супрацоўніцтва ў міграцыйных пытаннях, якая мае значны інтарэс для Рэспублікі Беларусь.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by