МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№4(№41)
красавік
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ЮБІЛЕІ

95 гадоў Барысу Кіту
6 красавіка нашаму славутаму земляку прафесару Барысу Кіту споўнілася 95 гадоў.

70 гадоў Мікалаю Жаўрыду
20 красавіка адзначыў 70 гадоў сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Мікола Жаўрыд (Латвія).

45 гадоў Івану Панасюку
14 красавіка адзначыў 45 гадоў сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Іван Панасюк (Расія).

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе юбіляраў, зычыць здароўя, натхнення, здзяйснення ўсіх творчых планаў!


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

“Бацькаўшчына” рыхтуецца да з’езду
Падрыхтоўка да Чацвёртага з’езду беларусаў свету адбываецца ў адпаведнасці з планам, зацверджаным Аргкамітэтам. Так, працягваецца пошук памяшкання, дзе пройдзе з’езд. На дадзены момант разглядаюцца некалькі варыянтаў. Актыўна ідзе праца над праграмай з’езду, вызначаюцца дакладчыкі і тэмы асноўных дакладаў. Складаецца спіс выступоўцаў адпаведна заяўкам, якія паступаюць у Рабочую групу. Рэдакцыйная камісія працуе над праектамі выніковых дакументаў.
Распрацоўваюцца лагатыпы з’езду, рыхтуюцца да друку мандаты, пасведчанні дэлегатаў і гасцей, іншыя матэрыялы. На пасяджэнні Малой Рады была зацверджана норма прадстаўніцтва на з’ездзе, у адпаведнасці з якой “Бацькаўшчына” вядзе працу па вылучэнні дэлегатаў на з’езд. Зараз “Бацькаўшчына” падтрымлівае пацвярджэнні аб удзеле з розных краін свету, пратаколы аб вылучэнні дэлегатаў. Некаторыя суполкі ўжо накіроўваюць прывітальныя лісты з’езду.
Вядзецца актыўная праца і ў накірунку фінансавага забеспячэння з’езду. У сувязі з чым арганізатары звяртаюцца да беларускіх суполак у свеце і да асобных фундатараў.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Да 95-годдзя Барыса Кіта
6 красавіка ў Мінску адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная 95-годдзю славутага беларускага акадэміка Барыса Уладзіміравіча Кіта – акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, заслужанага прафесара Вашынгтонскага Мерылендскага ўніверсітэта, акадэміка, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, Ганаровага прафесара Гродзенскага ўніверсітэта, Ганаровага грамадзяніна г. Навагрудка, які цяпер жыве ў Германіі, у Франкфурце-на-Майне.
Вечарыну ладзілі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Сябрына імя Барыса Кіта, Інстытут гуманітарных і эканамічных тэхналогій Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.
Зала Дома літаратараў была поўнай, прыйшлі многія пісьменнікі, навукоўцы, прадпрымальнікі, студэнты, школьнікі, наогул, беларусы, не абыякавыя да гісторыі Бацькаўшчыны. Вечарыну адкрыла і вяла пісьменніца Вольга Іпатава. Была арганізавана выстава кніг, прысвечаных нашаму выдатнаму суайчынніку, вымушанаму пасля вайны эмігрыраваць у ЗША, дзе ён стаў адным з першапраходцаў амерыканскіх касмічных даследаванняў і вынаходнікаў касмічнага паліва, затым прафесарам Вашынгтонскага універсітэта і яго філіялаў у Еўропе.
На вечарыне выступілі: Лідзія Савік, пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол, які прамаўляў на беларускай мове, паэт Сяргей Законнікаў, старшыня ТБМ Алег Трусаў, пісьменнік Васіль Якавенка. Студэнты Універсітэта культуры чыталі ўрыўкі з новай кнігі пра Барыса Кіта “Грамадзянін свету”. Вольга Іпатава зачытала прывітальныя лісты Барысу Кіту ад Згуртавання беларусаў Аўстраліі і Канады. Напрыканцы прагучалі словы самога Барыса Кіта з ягонага ліста, дасланага на вечарыну. У завяршэнне адбыўся канцэрт таленавітых выканаўцаў старажытнай беларускай музыкі вядомага гурта “Стары Ольса”.
Лідзія Савік


СВЯТКАВАННЕ 25 САКАВІКА

Лондан, Англія
2 красавіка 2005 года ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) ладзіла святкаванне 87-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі (БНР). А 14-й гадзіне ў царкве св. Пятра і Паўла айцец Надсан адслужыў малебен за беларускі народ і за душу св. Айца Яна Паўла II Папу рымскага.
У 15.00 пачалася Акадэмія. На імпрэзе быў брытанскі амбасадар у Беларусі Браян Бэнет і беларуская спявачка Кася Камоцкая. Змястоўны рэферат пра гістарычныя падзеі ў Мінску 25 Сакавіка 1918 года прачытаў М.Пачкаеў. Спявачка Кася Камоцкая пад гітару праспявала народныя песні. Акадэмія закончылася спяваннем гістарычнага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Сільвестар Будкевіч

Мельбурн, Аўстралія
У нядзелю 3 красавіка 2005 года Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вікторыі супольна з Парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы – Святых Віленскіх Пакутнікаў у Мельбурне адзначылі 87-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. А. Кулакоўскі адслужыў малебен за беларускі народ. На наступны тыдзень афіцыйная частка святкавання адбылася ў прыцаркоўнай залі з наступнай праграмай: старшыня БЦКВ сп. Алег Шнэк прывітаў усіх прысутных і папрасіў сп. Аўгена Грушу прачытаць дасланыя прывітанні. Потым сп. Янка Барысевіч прачытаў вельмі змястоўны рэферат на тэму дня. Пасля мастацкай часткі ўсе прысутныя ўсталі і праспявалі Беларускі Нацыянальны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Пасля агульнага пачастунку А.Шнэк падзякаваў усім за прысутнасць.
Алег Шнэк,
старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторы

Нью-Брансвік, ЗША
У вялікай залі гатэля Гаят Рыджэнсі ў Нью-Брансвіку 20 сакавіка адбылася сумесная святочная імпрэза аддзелаў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) у Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі, прысвечаная 87-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Традыцыйна святкаванні Акту 25 Сакавіка — Дня Волі праходзілі па чарзе ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі і ладзіліся супольна двума аддзеламі, і цяпер гэтая традыцыя ўзноўленая. Імпрэзе папярэднічала набажэнства ў Царкве Божае Маці Жыровіцкай у Гайленд Парку.
Пасля афіцыйнай часткі адбыўся святочны канцэрт. Па словах удзельнікаў імпрэзы, сярод якіх сёлета было вельмі шмат моладзі, святкаванне ператварылася ў сапраўднае свята беларускасці, дало магчымасць пачуцца беларусамі далёка ад Бацькаўшчыны, паслухаць беларускую песню як традыцыйную, так і новую.
“Беларус”. 2005. красавік

Таронта, Канада
Надзвычай прыемная атмасфера панавала ў Беларускім грамадскім цэнтры ў Таронта ў час святкавання Дня Волі. Зала была перапоўнена. У царкве святога Кірылы Тураўскага айцец Вячаслаў адслужыў малебен за Беларусь. Надзея Дробіна прачытала даклад, прысвечаны 87-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Былі зачытаны лісты, сярод якіх – Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы і віншаванне Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянона Пазняка. Першы беларускі тэатр на паўночна-амерыканскім кантыненце, арганізаваны спадарыняй Ірынай Шарамет, парадаваў суайчыннікаў і гасцей прэм’ерай спектакля “Паўлінка” паводле п’есы Янкі Купалы.
Радасна адзначыць, што ў святкаванні бралі ўдзел парафіяне яшчэ адной беларускай праваслаўнай царквы ў Таронта – царквы святой Ефрасінні Полацкай. А 26-га сакавіка, як і кожны год, над ратушай сіці-хола ў Таронта ўздымаўся беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Гэтую акцыю многа гадоў таму арганізавала доктар Раіса Жук-Грышкевіч, а зараз працягвае доктар Руслан Качаткоў – старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады.
Надзея Дробіна,
старшыня таронтскага аддзелу Згуртавання Беларусаў Канады

Вільня, Літва
Каб ушанаваць 87-ю гадавіну абвяшчэння Незалежнасці БНР, 25 сакавіка сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве, колькасцю звыш 20 чалавек, зладзілі пікет пратэсту перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Літве. З нацыянальнымі сцягамі і плакатамі: “Ідзе вясна – вясна свабоды”, “Свабоду палітычным вязням”, “87 – Жыве Беларусь” удзельнікі звярнуліся праз гучнагаварыцель да грамадзян Літвы і супрацоўнікаў амбасады аб значэнні даты 25 сакавіка 1918 года для гісторыі, а таксама аб парушэнні правоў чалавека і выніках татальнай русіфікацыі ў школьніцтве і грамадскім жыцці беларусаў. Імпрэза была паказана на літоўскім тэлебачанні. 26 сакавіка на сядзібе ТБК сябры таварыства адзначылі гістарычную падзею абвяшчэння ІІІ Устаўной Граматай Незалежнасці БНР. Са змястоўным дакладам аб гістарычным значэнні 25 сакавіка выступіў прафесар Анатоль Грыцкевіч, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Мастацкую частку выканаў вядомы бард Зміцер Бартосік.
Хведар Нюнька,
старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы

Гайнаўка, Польшча
У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы святкаванне Дня Волі ўжо даўно стала традыцыяй. У гэтым годзе 23 сакавіка перад белгімназістамі выступілі ў час лінейкі вучні 3Б класа, якія дзеля ўшанавання 87-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі падрыхтавалі гістарычна-музычны мантаж. На спатканне з белліцэістамі быў запрошаны доктар Алег Латышонак з Універсітэта ў Беластоку, які расказаў пра ўзнікненне беларускіх нацыянальных сімвалаў — герба, сцяга і гімна.
“Ніва”. 2005. 3 крас.

Масква, Расія
Каля двух дзесяткаў чалавек правялі пікет ля беларускага пасольства ў расійскай сталіцы, каб павіншаваць яго супрацоўнікаў з Днём Волі. Яны трымалі плакат “З Днём Волі!”, бел-чырвона-белыя сцягі і шарыкі. Для супрацоўнікаў пасольства быў падрыхтаваны віншавальны ліст на беларускай і рускай мовах, дзе гаварылася: “Гэты дзень – наша свята як людзей, чые продкі пахаваныя ў Беларусі. Гэта і ваша свята як людзей, якія служаць беларускай дзяржаве”. Персанал пасольства прыняць ліст адмовіўся.
“Наша Ніва”. 2005. 8 крас.

Прага, Чэхія
Урачыстым святкаваннем адзначыла 87-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) культурна-асветніцкая суполка “Скарына” ў Чэхіі. Праграма пачалася 25 сакавіка ўскладаннем кветак да магіл Cтаршыняў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі на Альшанскіх могілках у Празе. Пад бел-чырвона-белым сцягам дзеля ўшанавання памяці славутых нацыянальных дзеячаў сабраліся беларусы, якія жывуць у Чэхіі, Беларусі ды іншы краінах Еўропы.
26 сакавіка, традыцыйна ў Люстраной Залі Нацыянальнай Бібліятэкі ў празе была праведзена імпрэза з удзелам ганаровых гасцей: старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, беларускага мастака Алеся Пушкіна і даверанай асобы генерала Фралова Сяргея Коваля.
Імпрэза пачалася з гімна “Магутны Божа…” і чытання тэкста “Звароту да беларускага народа” Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы з нагоды свята 25 сакавіка.
Ганаровыя госці, як і ўсе прысутныя, прывіталі стварэнне першага друкаванага выдання беларусаў у Чэхіі – газеты “ВыдРа беларуская”. Напрыканцы імпрэзы прагучалі патрыятычныя вершы (Віталь Цімошчанка) і бардаўскія спевы Святаслава Ліпеня.

Іна Паўловіч,
старшыня суполкі “Скарына”

Прага, Чэхія
25 сакавіка ўрачыстасці па святкаванні 87-х угодкаў абвешчання БНР ладжаныя культурна-асветніцкай суполкай “Скарына” пачаліся а 12-й гадзіне на альшанскіх могілках. Прысутныя ўшанавалі памяць прэзідэнтаў Рады БНР.
Наступны дзень сябры суполкі ды госцуі з Беларусі і прадстаўнікі чэшскай грамдскасці сустрэліся на Славянскай выспе ў палацы Жофін. На ўрачыстай акадэміі з вітальнымі словамі выступілі пасланец чэшскага парламенту і былы дысідэнт Сватаплук Карасэк, сенатар і князь Карэл Шварцэнберг, сябра Рады БНР Сяргей Навумчык, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і паэт Рыгор Барадулін. Знакамітая чэшская беларусазнаўца і супрацоўніца Славянскае бібліятэкі ў Празе прачытала прысутным вершы Рыгора Барадуліна ў сваім перакладзе на чэшскую мову. Працягам урачыстае акадэміі стаўся канцэрт чэшскага барда і былога дысідэнта Пэпы Носа ды знакамітага беларускага спевака і тэатральнага дзеяча Віктара Шалкевіча.
Ілля Глыбоўскі


НАВІНЫ

Лондан, Англія
Літаратурную прэмію імя Францішка Багушэвіча Беларускі ПЭН-цэнтр сёлета прысудзіў а. Аляксандру Надсану (Лондан) за кнігу “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус”. Як сказаў старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, журы выбірала з чатырох прэтэндэнтаў. Кнізе Надсана аддалі перавагу як наватарскай: “У нас звычайна па гісторыі беларускай царквы выдаюцца абагульняльныя працы, а тут усё паказана на прыкладзе жыцця і дзейнасці аднаго чалавека”. Прэмію лаўрэату мяркуюць уручыць падчас ягонага найбліжэйшага прыезду ў Беларусь.
“Наша Ніва”. 2005. 21 крас.

Берлін, Германія
Аб’яднанне па студэнцкім абмене GFPS (Аб’яднанне па студэнцкім абмене ў Сярэдняй і Усходняй Еўропе) размяркоўвае ў зімовым семестры 2005/06 адну стыпендыю для студэнта(ткі) з Беларусі. Мы будзем Вам вельмі ўдзячныя за распаўсюджанне гэтай інфармацыі ў Беларусі, ва ўніверсітэтах і сярод знаёмых.
Каротка: 520 еўра штомесяц (навучанне на працягу семестра + практыка ў нямецкім Бундэстагу), час: 01.10.2005 – 31.03.2006, месца: адна з берлінскіх ВНУ, сканчэнне падачы заяў: 15 траўня 2005 г. Далейшую інфармацыю Вы можаце атрымаць таксама на форуме па Усходняй Еўропе:
www.gfps.org/osteuropaforum/viewforum.php?f=4
З сяброўскім прывітаннем,
Себасцьян Версіг

ЗША
Скончыліся гастролі па ЗША беларускага музыкі Лявона Вольскага. Канцэрты былі арганізаваныя беларускай дыяспарай Амерыкі. Лявон за акіянам быў упершыню, разам з ім была ягоная жонка Ганна. Вольскія кажуць, што многія з новага пакалення беларусаў не цікавяцца беларускім эміграцыйным жыццём, і дзівіліся, калі натрапілі на асяродак беларускай культуры ў Нью-Ёрку, дзе выступаў Вольскі. “Пасяджэнні беларускай дыяспары з урачыстымі прамовамі, абедам і народнымі спевамі для маладых беларусаў падаюцца занадта афіцыёзнымі, хоць ніводнага “чырвона-зялёнага” ў Амерыцы мы не напаткалі, усе толькі пад бел-чырвона-белымі сцягамі! Моладзевых імпрэзаў для беларусаў амаль няма, таму яны існуюць самі па сабе”, – тлумачыць Вольскі. Паводле назіранняў музыкі, маладыя беларусы маюць праблемы псіхалагічнага кшталту. Шмат хто не можа дазволіць сабе з’ездзіць на Радзіму, бо назад вярнуцца будзе цяжка. Да таго ж – фармальнасці: легальнасць пражывання, дазвол на працу (некаторыя так і застаюцца нелегаламі).
Шмат для каго канцэрт рок-музыкі стаў культурнай падзеяй, таму рыхтаваліся загадзя – сцягі зрабілі, песні развучылі. Усе канцэрты Вольскага прайшлі ў эмацыйна-разняволеным рэчышчы. Мала хто моўчкі сядзеў на месцы. У тым ліку ў Кліўлендзе, дзе сабралася публіка больш паважнага ўзросту. Адна з неафіцыйных сустрэч прайшла ў ірландска-беларускім пабе, на даху якога лунаюць амерыканскі, ірландскі і беларускі сцягі. У пабе быў нават музычны аўтамат з беларускай музыкай.
На канцэрты заходзілі не толькі беларусы – было шмат украінцаў, расійцаў, амерыканцаў. Вольскі з’ездзіў у Амерыку з карысцю для сябе і астатніх. З’яднаў сваімі канцэртамі беларусаў – яны перазнаёміліся між сабой на Лявонавых выступленнях у штатах Дэлавер, Агаё, Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку.
music.fromby.net

Даўгаўпілс, Латвія
Пад гукі “Паланеза” Агінскага ў Цэнтры латышскай культуры г. Даўгаўпілса пачаўся творчы вечар паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі. Вечар быў прысвечаны прэзентацыі дыска песень “Верю в свою звезду”. У яго ўвайшлі цудоўныя вершы, музыку на якіх напісалі даўгаўпілскія кампазітары Генрых Галіцкі, Аляксандр Рудзь: “Я твая Купалінка”, “Зязюля”, “Браслаўскія зарніцы”. Многія песні напісаў кампазітар з Магілёўшчыны Мікола Яцкоў.
Вельмі прыемна, што і моладзь цікавіцца паэзіяй Станіслава. Маладая спявачка, студэнтка музычнага факультэта Даўгаўпілскага ўніверсітэта Вера Хахлова выканала песню на словы Станіслава Валодзькі “Обращение к сердцу” такога ж маладога кампазітара Юлі Васільевай. Пяць песень праспявалі даўгаўпілскія барды Ірэна Цымбала і Яўген Лявіцін. Яны ж з’яўляюцца і аўтарамі музыкі гэтых песень на словы Ст. Валодзькі. Былі віншаванні, многа цёплых слоў, мора кветак. Госці з Вісагінаса, Вільнюса, госці з Рыгі (І.Віннік, В.Піскунова), прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, прадстаўнікі нацыянальных суполак украінцы і палякі).
Паводле газеты “Прамень”

Вільня, Літва
Летам гэтага года ў Вільнюсе адновіць работу Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), закрыты беларускімі ўладамі ў ліпені 2004 года. Як паведаміла балтыйскае інфармацыйнае агенцтва Бі-Эн-Эс, пра гэта стала вядома падчас чарговага “Гімніха” – неафіцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрапейскага Саюза, якая адбылася 15-16 красавіка ў Люксембургу. Міністр замежных спраў Літвы Антанас Валіоніс, звярнуў увагу сваіх калег на “некаторыя тэндэнцыі ў Беларусі, што выклікаюць неспакой”, і адзначыў неабходнасць “працягу дзейнасці няўрадавага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта для распаўсюджання агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей у як мага больш шырокіх слаях акадэмічнай грамадскасці суседняй Беларусі”. Афіцыйнае адкрыццё ЕГУ ў Вільнюсе намечана на 9 чэрвеня.
“Народная Воля”. 2005. 19 крас.

Вільня, Літва
Членамі Таварыства беларускай культуры ў Літве падрыхтавана і выдадзена кніга, прысвечаная драматычным калізіям жыцця беларускага культурна-грамадскага дзеяча і вучонага-этнографа Мар’яна Пецюкевіча. Выданне адметнае перш-наперш тым, што складаецца цалкам з дакументальных матэрыялаў, якія праліваюць святло на многія невядомыя грамадскасці старонкі жыцця не толькі прадстаўніка беларускай інтэлігенцыі, але і цэлага пакалення яе даваеннага і пасляваеннага перыяду. Напрыклад, у цэнтры ўвагі кнігі жыццёвы лёс Мар’яна Пецюкевіча, з маладосці заангажаванага ў беларускі адраджэнскі рух. Кніга “Ніткі лёсу беларускага патрыёта”, так названа выданне пра М.Пецюкевіча, кідае яскравае святло на механізмы савецкага правасуддзя апошніх сталінскіх год і дае аб’ектыўнае ўяўленне пра лёс чалавека, які трапляў у яго цянёты. Гэта ўжо трэцяя кніга, якая прыйшла да чытача з іменем Мар’яна Пецюкевіча. Першыя дзве – “У пошуках зачараваных скарбаў” і “Кара за службу народу” – мемуары, якія належалі пяру самога М.Пецюкевіча. У іх беларускі культурна-грамадскі дзеяч і навуковец расказаў пра свой шлях да асветы, культуры, сваё далучэнне да беларускай адраджэнскай працы і жыццё на высылцы, пасяленні ў Сібіры, да арышту. Трэцяя кніга – чыста дакументальная. У выбарцы матэрыялаў з архіва Літоўскай рэспублікі, укладанні выдання вялікая заслуга старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі. Пра жыццёвы шлях, культурна-грамадскую і навуковую працу М.Пецюкевіча хораша распавяла ў пасляслоўі журналістка Леакадзія Мілаш.
“Новы час”. 2005. крас.

Свіраны, Літва
28 мая 2005 года (субота) у 12.00 на радзіме Францішка Багушэвіча (фальварак Свіраны Віленскага раёна, Літва) адбудзецца імпрэза на тэму: “Святы куточак той Свіраны, дзе пуп паэта закапаны”, прысвечаная 165-м угодкам класіка беларускай літаратуры.
У праграме:
1. Крыжовы шлях Ісуса Хрыста (малітва ля 14-ці часовых стаўняў і асвячэнне іх).
2. Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Содаля пра Свіраны.
3. Асвячэнне Фігуры Ісуса Хрыста.
4. Аконца паэзіі.
5. Маёўка (супольны абед).
Набажэнства падчас імпрэзы будзе праводзіць ксёндз-уніят Ян Даукшыс.
Запрашаем у Свіраны.
Юры Гіль,
старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю

Польшча
25-28 красавіка навучэнцы зачыненага Беларускага ліцэю разам з сяброўскімі гуртамі рушылі ў Польшчу са сваёй рок-праграмай “Партызанская школа”. Плануюцца выступы ў Варшаве, Познані і Гайнаўцы.
У кастрычніку мінулага года, трэба сказаць, ліцэісты ўжо ездзілі ў Польшчу на гастролі. Тады, пасля 2 забароненых у Менску канцэртаў, польскі прадпрымальнік Ігар Знык вырашыў дапамагчы і арганізаваць 3 выязныя канцэрты. Дзесяць удзельнікаў праекту выступілі ў Варшаве, дзе сабралі мясцовую беларускамоўную публіку, Гайнаўцы, дзе на канцэрт у залю ўпіхнулася каля 350 чалавек, і Бельску з паўнюткім Домам культуры. Гэта былі своеасаблівыя канцэрты салідарнасці з Беларускім ліцэем.
Інфармацыйную падтрымку аказваюць найбуйнешая газета Польшчы “Gazeta Wyborcza”, Беларуская служба Польскага радыё, Беларуская асацыяцыя студэнтаў і іншыя дзейсныя беларускія асяродкі. Канцэрты пройдуць у вядомым беларускім выканаўцам познанскім “Centrum Kultury Zamek”, варшаўскім клубе “Пункт”, а таксама гайнаўскім ліцэі.
Франак Bячорка

Варшава, Польшча
У Варшаву прыехала дэлегацыя настаўнікаў, вучняў і бацькоў вучняў Беларускага гуманітарнага ліцэю на чале з кіраўніком гэтай навучальнай установы Уладзімірам Коласам. Госці з Беларусі цягам некалькіх дзён будуць знаёміцца з сістэмай навучання ў польскіх ліцэях, а таксама абмяркоўваць магчымасці супрацоўніцтва з імі ды наведваць цікавыя месцы польскай сталіцы. Ліцэістаў запрасіла ў Польшчу аўтарытэтная і ўплывовая арганізацыя Клуб каталіцкай інтэлігенцыі.
Радыё “Свабода”. 2005. 15 крас.

Варшава, Польшча
23 сакавіка, напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі, беларусы сабраліся на Святую Імшу, адпраўляную па-беларуску, каб разам маліцца за нашую Радзіму. Імша была ўрачыстай удвая – у гэтым годзе Дзень Незалежнасці амаль што супадае з Вялікаднем. Прыемна, што ў гэты дзень на беларускай Імшы былі не толькі беларусы, але, па добрай традыцыі, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Як і кожны раз, Імшу служыў душпастар беларускай моладзі ў Варшаве – ксёндз Аляксандр Амяльчэня. Вельмі ўзрушваючае казанне прачытаў ксёндз Алесь Каліноўскі. Як заўсёды, казанне айца Алеся было вельмі блізкім і зразумелым для кожнага.
Пасля Святой Імшы ўсе перайшлі да “Камедульскіх Падзямелляў”, дзе чакала святочная вячэра з прысмакамі, некаторыя з якіх былі спецыяльна прывезеныя з Беларусі. Гэтым разам на нашае спатканне прыйшоў вядомы перакладчык беларускіх твораў на польскую мову – спадар Чэслаў Сенюх. Развітваючыся, ён сказаў, што менавіта тут, разам з намі, ён упершыню ў Польшчы пабачыў месца, дзе можна адчуць сапраўдны беларускі дух. Па сутнасці, менавіта таму і існуюць гэтыя спатканні – каб у цэнтры Польшчы па-ранейшаму адчуваць сябе Беларусам.
З нагоды Дня Незалежнасці прыехалі двое маладых беларускіх бардаў, таму смакуючы беларускія стравы, можна было адначасова слухаць вельмі вядомыя, а таксама новыя для нас аўтарскія песні. “Незалежная – Ты ў нас адна...” – гучалі словы адной з песень. Што ж, сапраўды, яна ў нас адна, але, на жаль, пакуль што зусім не незалежная. Таму мы збіраемся разам і молімся за нашыя сем’і, якія засталіся на Беларусі, за нашую зямлю, якая такая дарагая нашаму сэрцу, за нашую краіну, якая абавязкова дачакаецца сваёй незалежнасці. Дзякуй Богу, маліцца на Беларусі пакуль што не забаронена.
www.biel.ini.org.pl

Варшава, Польшча
У Варшаве пройдзе Нацыянальная выстава Рэспублікі Беларусь у Польшчы. На сённяшні дзень ужо вядомы ўдзельнікі выставы, план яе працы, а таксама склад афіцыйных дэлегацый. Гэта першая Нацыянальная выстава Беларусі ў Польшчы. Пра ўдзел у мерапрыемстве заявілі больш за 130 беларускіх фірмаў. Гэта будзе найбольшая выстава, на якой будуць прэзентаваны магчымасці супрацоўніцтва беларускіх і польскіх фірм. Выстава пройдзе ў цэнтры “Грамада” ў Варшаве.
Паводле “Radio Polonia”

Кракаў, Польшча
19 красавіка ў Кракаве пачаліся Дні беларускай культуры, які працягнуцца пяць дзён. Цягам гэтага мерапрыемства, якое адбываецца пад патранатам віцэ-спікера Еўрапарламенту Януша Анышкевіча і прарэктара кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта Анджэя Хвальбы, жыхары старажытнай польскай сталіцы змогуць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх музыкаў, мастакоў, паэтаў, а таксама сустрэцца з прадстаўнікамі беларускамоўных незалежных медыяў з Беларусі і Беласточчыны. “Дні культуры ладзяцца на грамадскіх пачатках, без аніякай дапамогі беларускіх уладаў. Упершыню Дні беларускай культуры ў Кракаве ладзіліся летась і ўжо тады звярнулі на сябе ўвагу незвычайным размахам, нягледзячы на тое, што гэта студэнцкая ініцыятыва. Што да сёлетніх Дзён, дык у межах матэрыялу цяжка нават пералічыць усіх гасцей – праграма імпрэзы займае 8 друкаваных старонак.
www.belarusy.com

Нараўка, Польшча
11 красавіка 2005 года ў Нараўцы адбыўся фінал дэкламатарскага конкурсу “Роднае слова”, у якім прынялі ўдзел больш за 100 прадстаўнікоў школ з вывучэннем беларускай мовы з Беласточчыны. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі адзела адукацыі, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, вядомы беларускі пісьменнік В.Швед, бацькі. Консул Генконсульства зачытаў віншавальны ліст да арганізатараў і вучняў школ ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, у якім была выказана падзяка арганізатарам і ўдзельнікам конкурсу за сістэматычную працу дзеля захавання і развіцця беларускай мовы і культуры ў Польшчы, а таксама ўручыў каштоўны падарунак ад імя Пасольства пераможцы Юліане Дораш з гімназіі № 3 г. Бельск-Падляска.
“Міністэрства замежных спраў РБ”. 2005. 12 крас.

Іркуцк, Расія
У чарговай этнаграфічнай экспедыцыі на поўнач Бурацкай акругі, старшыня Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры (ІТБК) Алег Рудакоў выявіў шэраг беларускіх вёсак, адной з якіх з'яўляецца вёска Лідзінск. Гэта паселішча было ўтворана каля 100 год таму беларускімі перасяленцамі пад час Сталыпінскіх рэформ. У нашы дні жыццё насельніцтва ў вёсцы мае той жа нацыянальны каларыт, што і ў часы яе ўтварэння. 2 красавіка ІТБК ладзіць абрадавае свята Гуканне Вясны ў вёсцы Лідзінск. Мэтай гэтага фэсту з'яўляецца не толькі дэманстрацыя маладзі з вёскі і блізкіх населеных пунктаў самога абрадавага свята, але і прыцягненне беларусаў да захавання існуючых ведаў, аднаўлення забытых і да перадачы нацыянальнага гістарычнага досведу нашчадкам. У правядзенні свята задзейнічаны фальклорны ансамбль «Ленушка», харэаграфічны ансамбль «Самоцветы», Маладзёжны клуб ІТБК «Крывiчы».
Алена Мамантава,
Прэс-сакратар “ІТБК имя Яна Чэрскага”

Новасібірск, Расія
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адзначыла рэгіянальная нацыяльна-культурная аўтаномія беларусаў Навасібірска. Падзея гэта сёлета супала з падрыхтоўкай да юбілею Перамогі. А менавіта ў тыя ваенныя гады, на фронце і ў тылу ў поўнай меры праявілася ўзаемадапамога і братэрства ўсіх народаў. На свята былі запрошаны і беларусы, і рускія – ветэраны вайны і працы. А юбілейныя ўзнагароды ім уручылі кіраўнік аддзялення пасольства Рэспублікі Беларусь у Новасібірску Ігар Саўко ды намеснік главы адміністрацыі Чыгуначнага раёна Аляксандр Вовікаў. Цёплую атмасферу свята падтрымалі і юныя артысты з ансамбляў з мілагучнымі назвамі “Кужэлёк”, “Зорачкі”, “Святкі”, Званочкі”. Свята адбылося ў бібліятэцы нацыянальных літаратур імя Чэхава.
Уладзімір Буракоў,
Прэзідэнт нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў

Санкт-Пецярбург, Расія
Беларус у Санкт-Пецярбургу Анатоль Разумаў складае спіс ахвяраў Сталінскіх рэпрэсіяў. Вядомае выслоўе “На такіх людзях свет трымаецца” можна цалкам дапасаваць да Анатоля Разумава, беларуса са Слуцка, які жыве ў Санкт-Пецярбургу. Праца, дзеля якой спадар Анатоль ахвяруе свой працоўны і вольны час, мае высокі гістарычны і гуманны сэнс. Ён лічыць, што павінна быць названа імя кожнага бязвінна забітага падчас сталінскіх рэпрэсій, каб такое больш ніколі не магло паўтарыцца. Спадар Разумаў з’яўляецца кіраўніком цэнтру “Вернутыя імёны”, які створаны пры Расейскай нацыянальнай бібліятэцы дзеля збору і публікацыі інфармацыі пра загінулых падчас сталінскіх рэпрэсій.
Сотні беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі пахаваныя ў Левашове. Там многа помнікаў, там помнікі ставяць ад сэрца. На дрэвах развешваюць фотаздымкі, крыжыкі пакідаюць. Нацыянальныя суполкі ў Санкт-Пецярбургу ставяць свае помнікі.
На сайце Цэнтра ў Інтэрнэце visz.nlr.ru можна пабачыць інфармацыю пра дзейнасць цэнтру і спісы ахвяраў рэпрэсій, а таксама атрымаць магчымасць далучыцца да гэтай працы і пры жаданні прапанаваць сваю дапамогу.
Беларускі сайт Мартыралога месціцца па адрасе www.martyraloh.org
Радыё “Свабода”. 2005. 3 крас.

Львоў, Украіна
У Львове пачала выходзіць новая беларуская газета “Беларускі Голас”, якую выдае Беларуская нацыянальная грамада Львова. У прадмове да першага нумара выдання чытаем: “Аднойчы ўначы да цябе прыйдуць Яны, твае продкі, тыя, хто будаваў цудоўныя і непаўторныя харомы Полацка, пракладваў шлях “з вараг у грэкі”, біўся на смерць з татарамі на Сіняй Вадзе і з крыжакамі на Грунвальдскім полі... Сусветна вядомыя: як князі-ваяры Усяслаў Чарадзей і Вітаўт, асветнікі – Францыск Скарына і Іван Фёдаравіч; святыя – Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі.
А можа Тыя, хто не пакінуў сваё імя ў летапісу, але, дзякуючы жыццю альбо смерці якіх, атрымаў жыццё ты, твае дзеці, а можа, і дзеці тваіх дзяцей. Увесь род тых, хто завецца крывічамі – ліцьвінамі беларусамі... Яны прыйдуць. Суровыя і спакойныя ў сваёй несмяротнасці, моцныя ў веры, верныя ў каханні і адданыя ў бацькоўстве. Яны прыйдуць. І пад іх позіркам адчуеш ты прагу даць рахунак уласнаму сумленню ... Ці памятаеш ты род свой, мову маці.”
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прага, Чэхія
16 красавіка суполка “Скарына” правяла вечарыну, прысвечаную творчасці вядомага беларускага мастака сп. Алеся Пушкіна. А.Пушкін знаходзіўся ў Чэхіі па запрашэнні нашае суполкі з 21 сакавіка. Пасля святкавання Дня Волі працаваў у Чэшскім Крумлове, і менш як за месяц намаляваў 8 алейных і шмат графічных твораў. Выстава адбылася ў Празе. Прысутнічалі сябры суполкі “Скарына”, іншых беларускіх арганізацый у Чэхіі: Я.Сідорык ад “Зьвязу беларусаў замежжа”; П.Бараноўскі; супрацоўнікі радыё “Свабода”: С.Навумчык, Сяргей і Вольга Абламейка, А.Радкевіч, А.Бублікаў; прадстаўнікі чэшскай грамадскасці, пастар Евангельскай царквы св. Салватора Тамаш Пэйц.
У сваёй прамове да выставы сп. Алесь Пушкін распавядаў пра свае ўражанні ад знаходжання ў Чэшскім Крумлове, гаварыў аб ролі культуры і хрысціянскай этыкі ў сучасным жыцці, выказаў падзяку Радзе суполкі за арганізацыю ягонага знаходжання ў Чэхіі і асабіста намесніку старшыні Рады сп. Сяргею Скарулісу, які найбольш ім тут апякаўся, сп-ру Юрку Станкевічу, які даслаў запрашэнне.
Шматлікія госці, якія наведалі выставу, мелі магчымасць адначасова з праглядам мастацкіх працаў нашага знакамітага земляка паслухаць канцэрт маладых беларускіх выканаўцаў, што жывуць у Празе: Вольгі Дзямко (гітара) і Антона Дзегцярова (акардыён) – студэнтаў Пражскай кансерваторыі; спевы ў гітарным суправаджэнні Святаслава Ліпеня і Алены Кажамяка.
Удзельнікі доўга не разыходзіліся і пасля заканчэння канцэрта, а на вуліцы лунаў спакойна бел-чырвона-белы сцяг. Маленькі востраў Беларусі ў чэшскай сталіцы…
Іна Паўловіч,
старшыня суполкі “Скарына”

Прага, Чэхія
Адозва былых студэнцкіх актывістаў да беларускага студэнцтва да пятнаццатай гадавіны заснавання Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. ...Пры ўсведамленні незамяняльнай ролі вальнадумнага студэнцтва для развіцця дэмакратыі, мы звяртаемся да Еўрапейскай камісіі ды іншых інстытуцый Еўрапейскага звязу, каб яны істотна пашырылі магчымасці падтрымкі беларускіх студэнтаў у краінах Еўразвязу. Перш за ўсё трэба перагледзець і спрасціць працэдуру адбору студэнтаў для навучання ў краінах Еўрапейскага звязу, прычым вырашальнымі павінны быць здольнасці саміх студэнтаў, а ні ў якім разе не меркаванне вышэйшае школы.
Мы выступаем за тое, каб беларускі народ меў поўнае права свабодна для сябе абраць еўрапейскі шлях. Еўрапейскі звяз мае маральны абавязак даць яму гэтую магчымасць.
Моніка МакДонаг-Паерава,
Яна Гыбашкова, дэпутатка Еўрапейскага парламеанту
Йіржы Дэнстбер малодшы,
Томаш Прашэк,
Ігар Хаўн,
Марцін Штайнер,
Йіржы Ворач,
Марцін Мэйстржык, сенатар Парламенту Чэшскай Рэспублікі

Прага, Чэхія
У Празе ў сакавіку бягучага года пачаў выдавацца бюлетэнь “ВыдРа беларуская”. Гэтая экзатычная назва насамрэч утворана са скаротаў слоў “Выд-анне Ра-ды” Беларускай суполкі ў Чэхіі “Скарына”. Выйшлі два нумару бюлетэня: першы – пілотны, другі – удвая большым нумарам з шэрагам матэрыялаў гістарычнага зместу. Рэдактар выдання – Андрэй Рамашэўскі. Электронны адрас бюлетэня: vydra@skaryna.net Суполка “Скарына” была заснавана напрыканцы 1996 года і зарэгістравана ў Чэшскай Рэспубліцы як грамадская арганізацыя ў студзені 1997 года. Мэта суполкі – пашыраць веды аб Беларусі, беларускім народзе, яго гісторыі, мове і культуры ды падтрымаць чэшска-беларускія сувязі. Суполка “Скарына” прысутнічае ў Інтэрнэце. Афіцыйны сайт суполкі знаходзіцца на адрасе www.skaryna.net, а на адрасе www.forum.skaryna.net працуе форум, адчынены для дыскусіі паміж сябрамі суполкі ды з іншымі беларусамі. Карыстальнікі Інтэрнэта могуць знайсці цікавых суразмоўцаў.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прага, Чэхія
У Празе адбылося святкаванне 80-х угодкаў Славянскай бібліятэкі. Гэта ўнікальнае кнігасховішча злучана моцнымі повязямі з беларускай гісторыяй. У Празе ў міжваенны час існавала актыўная беларуская эміграцыя, жыццё якой таксама было звязанае са Славянскай бібліятэкаю, там беларускія эмігранты пакінулі свой адметны след. Пражская Славянская бібліятэка адметная тым, што тут захоўваецца літаратура і перыядычныя выданні беларускай эміграцыі міжваеннага часу. Беларускі аддзел Славянскай бібліятэкі сёння складае 9 тысяч звязкаў. Асноваю гэтага фонду сталі зборы Інстытуту беларускай культуры з Мінска. У іх складзе ёсць камплект першай беларускай газеты “Наша Ніва”, якая выдавалася ў Вільні. Ёсць таксама першыя выданні класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы – напрыклад, “Жалейка”, выдадзеная ў Петраградзе ў 1908 годзе. Таксама першыя выданні іншых вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў міжваеннага часу – Гарэцкага, Чорнага, Гартнага і іншых. Цікавасць уяўляе сабою збор беларускай эміграцыйнай перыёдыкі, якая выходзіла ў Празе – “Іскры Скарыны”, “Бюлетэнь загранічнай групы беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў”, часопіс “Прамень”.
Акрамя кніг і перыёдыкі Славянская бібліятэка мае і архіўныя матэрыялы. Гэтыя матэрыялы яшчэ далёка не ўсе апісаныя і можна спадзявацца, што сярод іх знойдуцца раней невядомыя беларускія дакументы, а можа, нават нешта і з Беларускага пражскага архіву, які да сёння не знойдзены.
У мінулым годзе паступіла толькі 40 кніг з Беларусі. Гэтая лічба выклікае не толькі сум, але прымушае задумацца: хто мог бы быць адказным за фармаванне беларускага фонду бібліятэкі. Усім вядома, што апошняе дзесяцігоддзе беларускі адраджэнскі кнігадрук перажывае час сапраўднага ўздыму. Але колькі з усяго выдадзенага ў Беларусі і на эміграцыі трапляе ў Славянскую бібліятэку? Відаць, што кожнаму беларускаму аўтару ці выдаўцу варта было б клапаціцца пра тое, каб выдадзеныя кнігі, часопісы, газеты траплялі ў Прагу, у Славянскую бібліятэку, дзе яны будуць пэўна захаваныя для гісторыі і нашчадкаў.
Радыё “Свабода”. 2005. 2 крас.

Візіт
Беларусь наведала адна з прапраўнучак пачынальніка новай беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Барбара Крыжаньская-Чарнавеская. Гэта ўжо яе другія пагасціны на радзіме знакамітага продка. Упершыню Барбара пабачыла Мінск і Люцінку, Пяршаі і Валожын у 2003 годзе падчас урачыстасцяў, звязаных з святкаваннем 195-годдзя з дня нараджэння Дуніна-Марцінкевіча.
Цяпер госця спынілася ў старадаўнім мястэчку Ракаве над Іслаччу. І не таму, што, прыляцеўшы самалётам з Амерыкі, дзе Барбара жыве апошнія дзесяць гадоў, ёй не хапіла б на пражыванне ў сталічных гатэлях, а каб быць бліжэй да Валожыншчыны – да родавай Люцінкі. Аднак у вёсцы Малая Люцінка, на жаль, ад былога старасвецкага маёнтку застаўся толькі падмурак. Ведаючы пра набліжэнне 200-годдзя з дня нараджэння свайго вялікага продка (2008 год будзе аб’яўлены на Беларусі годам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), Барбара робіць пэўныя захады паспрыяць аднаўленню сядзібы продкаў. Барбара атрымала ад беларускіх уладаў афіцыйнае пацверджанне пра гэты высакародны намер, здзяйсненню якога магла б дапамагчы таксама замежная дыяспара, будучы ўпэўненай у мэтавым выкарыстанні сабраных за акіянам ахвяраванняў.
Па даручэнні намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Дражына з прапраўнучкай класіка айчыннай літаратуры сустрэлася старшыня Таварыства “Радзіма” па сувязях з замежнымі суайчыннікамі Н.Іванова. У выніку паўстала папярэдняя дамова, што пасля зацвярджэння складу “Арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” Барбара абавязкова ўвойдзе ў рабочую групу па аднаўленні пісьменніцкай сядзібы ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага р-на.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ТРАВЕНЬ У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

• 1 траўня – 75 гадоў з дня нараджэння (1930) Петрашкевіча Алеся (Аляксандра Лявонцьевіча), беларускага драматурга, празаіка, публіцыста, кінасцэнарыста, заслужанага работніка культуры Беларусі.
• 13 траўня – 100 гадоў з дня нараджэння Станюты Стэфаніі Міхайлаўны (1905–2000), беларускай актрысы, народнай артысткі Беларусі і СССР.
• 17 траўня – 160 гадоў з дня нараджэння Нікіфароўскага Мікалая Якаўлевіча (1845–1910), беларускага этнографа і фалькларыста.
• 27 траўня – 105 гадоў з дня нараджэння Жылкі Уладзіміра Адамавіча (1900–1933), беларускага паэта, перакладчыка, крытыка.
Паводле Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва


Травень у гісторыі беларускай дыяспары
1946 год – 7 траўня 59 гадоў таму адбыўся арганізацыйны сход Літаратурнага аб’яднання “Шыпшына” ў Рэгенсбургу. У ім бралі ўдзел: Юрка Віцьбіч, Наталля Арсеннева, Уладзімір Сядура (Глыбінны).
1949 год – 5 траўня 56 гадоў таму ў Нью-Ёрку пачало дзейнасць Крывіцкае Навуковае Таварыства імя Францішка Скарыны. ( кіраўнік Янка Станкевіч). 6 траўня 56 гадоў таму ў Таронта (Канада) прайшоў Першы з’езд Згуртавання беларусаў у Канадзе (ЗБК). На з’ездзе прысутнічалі: Кастусь Акула, Алесь Грыцук, Язэп Пітушка, Валеры Навіцкі, Міхась Пашкевіч, Мікола Ганько. 30 траўня 56 гадоў таму ў Брэдфардзе (Англія) выйшаў першы нумар бюлетэня беларусаў “Патрыёт”.
1950 год – 6 траўня 55 гадоў таму ў Лондане ЗБВБ ладзіла першую грамадскую вечарыну. 19 траўня 55 гадоў таму ў Нью-Ёрку створана Беларуска-Амерыканскае Каталіцкае Таварыства. Сябрамі яго сталі: д-р Станіслаў Грынкевіч, Вацлаў Пануцэвіч, Барыс Даніловіч, Андрэй Попка.
1952 год – 31 траўня 53 гады таму на сходзе ў Таронта было створана Беларускае Нацыянальнае Аб’яднанне. Удзельнікамі яго сталі: Міхась Пашкевіч, Васіль Камароўскі, Сяргей Хмара.
1954 год – 20 траўня 51 год таму беларускай секцыяй радыё “Вызваленне” з Мюнхена пачаліся штодзённыя радыёперадачы на Беларусь.
1958 год – 28 траўня 47 гадоў таму ў Грамадскім цэнтры ў Брукліна (ЗША) пачала працаваць беларуская бібліятэка.
1960 год – 28-29 траўня 45 гадоў таму ў Брукліне прайшоў Епархіяльны з’езд духавенства і вернікаў БАПЦ (з Канады і ЗША). У Епархіяльную ўправу ўвайшлі: архіяпіскап Васіль (Тамашчык), Міхась Тулейка, Міхась Міцкевіч, Янка Ніхаёнак, М.Захаркевіч, Мікола Гарошка, Мікалай Тарашкевіч, С.Андрэйчык.
1961 год – 44 гады таму ў траўні (Прыстан, Нью-Джэрсі (ЗША) выйшаў першы нумар часопіса “Беларускі каталік”, рэдактар Рыжы-Рыскі.
1971 год – 15 траўня 34 гады таму адбылося ўрачыстае высвячэнне і адкрыццё Беларускай бібліятэкі і музею ў Лондане, дзе бралі ўдзел прыхільнікі беларускай справы і беларускага грамадства. 30 траўня 34 гады таму ў Мельбурне (Аўстралія) адбыўся арганізацыйны сход Згуртавання беларускай моладзі. У часовую ўправу ўвайшлі: Ніна Грыцук, Ала Корбут, Віктар Швэд, Юрка Нікан, М.Гуз, Уршуля Нікан, Ю.Швэд.
1975 год – 25 траўня 30 гадоў таму адбылося ўрачыстае высвячэнне і адкрыццё помніка палеглым змагарам на істбрансвіцкіх беларускіх могілках.
Паводле “Хронікі беларускага жыцця на чужыне”


СТРАТЫ

Масква, Кафедральны касцёл
8 красавіка 2005 г., Кніга спачуванняў. За час пантыфікату Свяцейшага Папы Яна Паўла Другога каталіцкая царква ў межах Рэспублікі Беларусь упершыню стала на бок беларускасці. Касцёлы ў Беларусі паступова становяцца асяродкамі рэлігійнага, духоўнага, эстэтычнага і нацыянальнага Адраджэння. Сябры Маскоўскай Грамады беларускай культуры, людзі розных веравызнанняў, у смутку і жалю, разам з усім мірам, спачуваюць у сувязі з адыходам у Вечнасць Вялікага Гуманіста Свяцейшага Папы Яна Паўла Другога.
Рада Маскоўскай Грамады імя Францішка Скарыны:
Генадзь Лех, Таісія Мішчанка, Антон Сабалеўскі

Спачуванне
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае шчырыя спачуванні ўсім беларусам-католікам і ўніятам, якія страцілі вялікага правадыра ў асобе Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Сумуюць сёння мільёны людзей добрай волі, незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Памёр Барыс Рагуля
22 красавіка ў Канадзе на 86-м годзе жыцця памёр намеснік Старшыні Рады БНР Барыс Рагуля. Барыса Рагулю можна назваць легендай беларускай дыяспары, адным з выбітных асобаў паваеннай хвалі эміграцыі.
Барыс Рагуля нарадзіўся ў 1920 г. на Наваградчыне. Ваяваў у польскім войску, з верасня 1939 г. – у нямецкім палоне. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Наваградку, быў акруговым кіраўніком Беларускай Народнай Самапомачы, акруговым інспектарам Саюзу Беларускай Моладзі на Наваградскую акругу, стварыў і ўзначаліў Наваградскі конны швадрон (1943-1944). З лета 1944 г. – на эміграцыі. Супрацоўнічаў з амерыканскімі спецслужбамі, кіраваў закідкай дэсантнікаў у Беларусь. З 1948 г. вучыўся ў Лювенскім універсітэце (Бельгія), дзе займаўся гуртаваннем студэнтаў-беларусаў. З 1952 г. – у Канадзе; доктар медыцыны; займаўся лекарскаю практыкай. Быў намеснікам старшыні Рады БНР.
Беларусь заўсёды заставалася ягоным клопатам. Ён збіраў сродкі для ахвяраў Чарнобылю, дапамагаў былым ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсій. Менавіта Барыс Рагуля ў 1997 годзе ініцыяваў абнаўленне Рады БНР.
Барыс Рагуля – аўтар кніг успамінаў “Беларускае студэнцтва на чужыне” і “Жыцьцё пад агнём” (супольна з Лявонам Юрэвічам). Апошняя кніга, напісаная ім па-англійску, выйдзе ў канцы гэтага года ў Канадзе.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Памёр Янка Азарка
14 красавіка адбылося пахаванне на беларускіх праваслаўных могілках у Іст-Брансвіку светлай памяці Янкі Азаркі, які пасля цяжкага інсульту памёр на 82-м годзе жыцця.
Янка Запруднік


ВЕСТКІ

Грамадства

* * *
26 красавіка ў Менску прайшла акцыя ўшанавання 19-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. А 18-й гадзіне ля будынку Адміністрацыі прэзідэнта распачаўся збор подпісаў грамадзянаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыя дазволіла аддаць гэтыя заявы, але не дазволіла прайсці шляхам да месца правядзення санкцыянаванага ўладамі мітынгу. Людзі былі разагнаныя з праспекту Скарыны, каля двух дзесяткаў затрыманыя. Мітынг ля Чарнобыльскай капліцы ўсё ж такі адбыўся, удзел у ім узялі некалькі сотняў чалавек. Мітынг распачаўся ў 19.30 традыцыйным жалобным звонам.
Прэс-служба БНФ

***
Ніжняя палата беларускага парламента ратыфікавала пагадненне паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб узаемных паездках грамадзян. У адпаведнасці з пагадненнем, для спрашчэння працэдур паездак грамадзян кампетэнтныя органы адной дзяржавы выдаюць грамадзянам іншай дзяржавы візы без запрашэнняў. Захоўваецца бязвізавы рэжым паездак для беларускіх грамадзян, якія накіроўваюцца транзітам у краіны Шэнгенскага пагаднення, а таксама ў Славакію, Вялікабрытанію, Чэхію, Ірландыю, Венгрыю.
Прадугледжваецца выдача бясплатных віз тым, каму няма 16 гадоў, і хто дасягнуў 65-гадовага ўзросту, а таксама студэнтам і выкладчыкам па зваротах навучальных устаноў, грамадзянам, якія наведваюць месцы пахаванняў блізкіх сваякоў, удзельнікам нацыянальных спартыўных каманд. Тым, хто адпраўляецца ў паездку для наведвання сваякоў, візы павінны выдавацца са зніжэннем консульскага збору на 50%.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі”. 2005. 7 крас.

***
Падчас штогадовага паслання да беларускага народа, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі ў тым, што яно праводзіць дэструктыўную работу сярод палякаў Беларусі. Вялiкi розгалас напярэдаднi святкавання 60-годдзя перамогi над фашызмам набывае падзел памiж афiцыйнымi ўладамi Польшчы, Беларусi i Расіi ў разуменнi гiстарычнай праўды адносна асобных момантаў Другой сусветнай вайны. Гэта выявiлася напоўнiцу 16-га красавiка падчас святкавання ў Польшчы “Дня ахвяр Катынi”.
Паводле pahonia.promedia.by


***
Гродзенскія ўлады адмовіліся пераназваць частку вуліцы Курчатава ў вуліцу імя Яна Паўла ІІ. З такой ініцыятывай да ўладаў звярталася грамадскае аб’яднанне “Polska Macierz Szkolna”. Актывісты грамадскага аб’яднання ўжо сабралі 10 тысяч подпісаў. Аб зборы подпісаў ведалі ў выканкаме, паколькі туды быў накіраваны афіцыйны ліст. Планавалася, што да гэтага прыкладуцца 20 тысяч подпісаў. Аднак у выканкаме не сталі чакаць на ўсе подпісы, а даслалі грамадскаму аб’яднанню адмову. Падобна выглядае сітуацыя і з наданнем адной вуліц Гродна імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які жыў у Гродна і напісаў тут шмат сваіх вядомых усяму свету твораў.
“Polskie radio “Polonia”. 2005. 14 крас.

***
Чарговая, трэцяя па ліку, рэзалюцыя, канстатуючая сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, прынята на 61-й сесіі Камісіі ААН па правах чалавека. З зайздросным пастаянствам беларускае Міністэрства замежных спраў адмаўляецца ўспрымаць гэтыя дакументы “ні па форме, ні па сутнасці”, паўтараючы, што Беларусь з’яўляецца цвёрдым праціўнікам рэзалюцый па краінах.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 19 крас.


***
У красавіку споўнілася 50 гадоў газеце “Голас Радзімы” – дзяржаўнаму выданню для беларусаў замежжа. Свой юбілей газета сустрэла на пад’ёме. Апошнім часам беларускія ўлады сталі ўдзяляць “Голасу Радзімы” больш увагі. Газета была створаная ў 1955 г. створаная савецкімі ўладамі дзеля таго, каб выконваць прапагандысцкія задачы ў замежжы. Галоўнаю з іх было сагітаваць да вяртання на Радзіму тых беларусаў, якія па вайне апынуліся на чужыне. Газета тады мела адпаведную назву – “За вяртанне на Радзіму”. Як вядома, гэтая шырокамаштабная акцыя савецкіх уладаў не ўдалася.
Радыё “Свабода”. 2005. 18 крас.

***
У справаздачы Вярхоўнага камісарыята ААН па справах уцекачоў за мінулы год адзначаецца, што ў 2004 годзе папрасілі палітычны прытулак у заходніх краінах 2616 грамадзян Беларусі, з іх 2204– у краінах Еўразвязу. Варта адзначыць, што ўжо ў 2002 годзе Беларусь трапіла ў лік тых краінаў, грамадзяне якіх найчасцей выязджаюць у эміграцыю. Палітычныя ўцекачы з Беларусі накіроўваюцца пераважна ў Нямеччыну, Францыю, Вялікабрытанію, Швецыю, апошнім часам беларускія эмігранты пачалі “асвойваць” Нарвегію, Фінляндыю. Адметна, што пасля далучэння да Еўразвязу суседняй Польшчы, гэтая краіна стала больш прывабнай для беларусаў, ў мінулым годзе там папрасілі палітычны прытулак 49 грамадзянаў Беларусі.
Радыё “Свабода”. 2005. 8 крас.

***
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўжо дзевяты год працуе, так і не прыняўшы закон аб вышэйшым заканадаўчым органе краіны, які б рэгламентаваў дзейнасць дэпутатаў і апарату. Такім чынам, Палата прэтэндуе на тое, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. Сапраўды, мабыць, цяжка знайсці яшчэ адну краіну, дзе парламент прыняў бы законы аб выканаўчай і судовай уладзе, і ня меў заканадаўчага акту аб уласнай дзейнасці.
Паводле Радыё “Свабода”


Эканоміка

***
Эксперты Міжнароднага валютнага фонду лічаць, што сёлетні рост беларускай эканомікі складзе 7,1%. Урадавы прагноз — 8—10%. МВФ лічыць, што інфляцыя складзе 12%, а Саўмін разлічвае на 8—10%. Паводле МВФ, эканоміка краіны будзе ўсё часцей сутыкацца з рызыкай праз змяншэнне станоўчага ўплыву замежных фактараў — у прыватнасці, праз падаражанне расейскага газу. Праўда, улічваючы абяцанне Крамля не павышаць у 2006 г. цаны на блакітнае паліва, прагнозы МВФ ураду ўжо ня страшныя.
“Наша Ніва”. 2005. 8 крас.

***
Дзяржаўным прадпрыемствам, установам, арганізацыям забараняецца ўсялякая спонсарская дапамога без узгаднення з кіраўніком дзяржавы. Забарона ўведзена ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта ад 1 сакавіка 2005 года і адносіцца таксама да прадпрыемстваў з дзяржаўнай доляй уласнасці. Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, іншым арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму прадпісана забяспечыць безумоўнае выкананне даручэння прэзідэнта. Мяркуецца па ўсім, у нашай краіне хутка застанецца толькі адзін чалавек, які будзе мець права рабіць дабро.
“Народная Воля”. 2005. 14 крас.

***
Прэзідэнт Беларусі загадаў узмацніць дзяржаўны кантроль над усімі аператарамі мабільнай сувязі. Падчас нарады аб развіцці сотавай сувязі ён заклікаў змяніць кіраўніцтва Velcom ды МТС, а таксама запатрабаваў, каб сотавыя аператары набывалі максімум айчыннага абсталявання. Дарэчы, наваствораны дзяржаўны аператар сотавай сувязі “БеСТ” ужо аб’явіў тэндэр на закупку апаратуры для разгортвання сеткі.
“Наша Ніва”. 2005. 15 крас.

***
У Беларусі запазычанасць па плацяжах у бюджэт узрасла ў параўнанні з пачаткам года на 22,6 % і на 1 красавіка склала 288,3 млрд. рублёў. Па дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, найбольшыя сумы запазычанасці прыходзіліся на падатак на дадатковую вартасць (34 %), акцызы (23,6 %) і плацяжы ў рэспубліканскі бюджэт з выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг (17 %).
“Hrodnanews”. 2005. 20 крас.

***
Палова работнікаў сельскай гаспадаркі атрымліваюць заробак ніжэй бюджэта пражытачнага мінімума, паведаміла першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Н.Каткавец. Н.Каткавец адзначыла, што памер і своечасовасць выплаты заробку работнікам сельскай гаспадаркі застаюцца “напружанай праблемай”. Міністр працы і сацыяльнай абароны А.Марова таксама “са шкадаваннем” падкрэсліла: нягледзячы на тое, што “тэмпы росту сельскай гаспадаркі апярэджваюць усе іншыя галіны”, заробкі да гэтага часу не дасягнулі годнага ўзроўню.
“Белорусский рынок”. 2005. 11-18 крас.


Культура

***
У Музеі сучаснага мастацтва ў Менску адкрылася выстава мастакоў творчай суполкі “Пагоня”. Яна прысвечаная страчаным помнікам духоўнае спадчыны краіны. Экспазіцыю склалі творы дваццаці пяці мастакоў розных жанраў і стыляў — ад графічных рэканструкцый знішчаных часам і людзьмі помнікаў да інсталяцый з асобных ацалелых фрагментаў матэрыяльнае культуры народу. Экспазіцыя, у якой больш за тры дзесяткі графічных аркушаў і столькі ж жывапісных палотнаў, называецца “Беларуская Атлантыда”.
Паводле “Charter’97”

***
Міжнародная сетка драматургаў і культурных аператараў “The FENCE”, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў больш, чым з чатырох дзесяткаў краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, пасля абмеркавання сітуацыі ў тэатральнай сферы Беларусі накіравалі зварот-ультыматум да міністра культуры Леаніда Гулякі. У лісце патрабуецца неадкладна ўпарадкаваць сістэму выплаты ганарараў замежным аўтарам, якія значацца ў рэпертуары беларускіх тэатраў. У іншым выпадку тэатральная грамадзкасць пагражае фінансавымі санкцыямі ў еўрапейскіх судах і забаронай на гастролі беларускіх тэатраў за межамі краіны. “Беларускія тэатры не выконваюць беларускае і міжнароднае заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў. Асабліва засмучае той факт, што парушэнні назіраюцца перадусім у дзяржаўных тэатрах, якія з’яўляюцца установамі Міністэрства культуры”, – так пачынаецца ліст да міністра культуры.
Радыё “Свабода”. 2005. 5 крас.

КРУГЛЫ СТОЛ

“Эканамічныя аспекты пашырэння Еўразвязу і становішча ў Беларусі”

8-11 красавіка 2005 г. адбыўся Круглы стол “Эканамічныя аспекты пашырэння Еўразвязу і становішча ў Беларусі”. Ініцыятарамі і арганізатарамі выступілі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Грамадскае аб’яднанне “Фонд “Адкрытае грамадства”, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр НДА, газета “Беларускі рынак”. Працу круглага стала адкрылі старшыня ды МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”Алена Макоўская, выканаўчы дырэктар ГА “Фонд “Адкрытае грамадства” Віктар Чарноў і вядучы Круглага стала журналіст і аналітык Паўлюк Быкоўскі.

Правядзенне гэтага форуму – надзённая неабходнасць. Еўразвяз падышоў да межаў Беларусі, што змянілася ў сувязі з гэтым у эканоміцы самой краіны, якія эканамічныя стасункі і перспектывы мае наша дзяржава – агульны лейтматыў гэтай сустрэчы, у якой бралі ўдзел вядомыя эксперты і навукоўцы з Беларусі і замежжа.

У працы круглага стала ўдзельнічалі дэпутаты выканкамаў з розных гарадоў Беларусі, прадстаўнікі цэнтральнай і раённай прэсы, сябры недзяржаўных арганізацый з Беларусі.

На жаль, па прычынах не звязаных з правядзеннем круглага стала некалькі экспертаў з замежжа не змаглі атрымаць візу ў Беларусь – Яўген Вапа, кіраўнік Звязу беларускіх арганізацый у Польшчы і Рута Вайненя, саветнік мэра г. Вільнюса па эканоміцы. Тым не менш тэзісы іх дакладаў былі агучаны на мерапрыемстве.

Удзельнікі круглага стала былі вельмі задаволены новай, атрыманай інфармацыяй і выказалі зацікаўленасць браць удзел у іншых круглых сталах, прысвечаных розным аспектам пашырэння Еўразвяза і ўплыву на працэсы ў Беларусі (сацыяльны, культурны).

Вынікі праведзенага мерапрыемства, інтарэс удзельнікаў, дыскусіі, якія працягваліся па-за праграмным часам, цікавасць выкладзенай інфармацыі натхнілі арганізатараў на паўтор круглага стала для іншага складу ўдзельнікаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” прапануе ўвазе чытачоў тэзісы дакладаў, прагучаўшых на пасяджэннях Круглага стала. Па прычыне актуальнасці і важнасці ўзнятых на Круглым стале праблем рэдакцыя прыняла рашэнне пазнаёміць чытачоў з поўным зместам тэзісаў у гэтым і наступным нумарах бюлетэня. Спадзяемся, што выкладзеная інфармацыя і думкі даследчыкаў выклічуць цікавасць і водгукі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Ірыс Кемпе,
навуковы супрацоўнік цэнтра
прыкладных палітычных даследаванняў, Мюнхен
Рэспубліка Беларусь і Еўрапейскі Саюз.
Шанцы і межы супрацоўніцтва ў галіне непасрэднага суседства

Беларусь: патэнцыялы для еўрапейскай дзяржавы.

Геаграфічная блізкасць Беларусі да Еўрапейскага Саюзу, плошча яе тэрыторыі, якую можна параўнаць з Румыніяй, і частка сваёй гісторыі – ўсе гэтыя фактары могуць вызначаць еўрапейскую самасвядомасць краіны. Пры гэтым Беларуская савецкая рэспубліка была перадавіком савецкай індустрыялізацыі, саступаючы толькі тром балтыйскім рэспублікам. Разам з параўнальна прагрэсіўнай індустрыяльнай вытворчасцю, Беларусь валодала вышэй сярэдняга развітымі па савецкіх маштабах, кваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі. Гэтыя структурныя фактары маглі бы быць у канцы 90-х “пуцявымі адзнакамі” ў працэсе пераўтварэння, накіраванага на Еўропу.

Але афіцыйная Беларусь далёкая ад таго, каб выкарыстоўваць сваю структурную блізкасць да Еўропы для актыўнай “суседскай” палітыкі ў кантэксце пашырэння Еўрапейскага Саюза. Нягледзячы на ў цэлым абмежаваную свабоду дзеянняў, мінскае Міністэрства замежных спраў прызнала праблемы, выкліканыя пашырэннем Саюза на Ўсход. Яшчэ адзін наступны матыў для як мінімум частковага раскрыцця выцякае з эканамічнай сітуацыі Беларусі. Шчыльныя стасункі з Расіяй былі да гэтага часу гарантам забеспячэння сыравінай і энергіяй, аднак не ўяўлялі ні ў якім разе магчымасці для эканамічнай мадэрнізацыі краіны. З-за аднамерных эканамічных стасункаў замежныя інвестары зводзяцца да нуля, а магчымасці эканамічнай мадэрнізацыі могуць быць ацэнены толькі як вельмі нізкія.

Уплыў ўсходняга пашырэння ЕС на Рэспубліку Беларусь.

Нягледзячы на магчымыя цяжкасці, пашырэнне Еўрапейскага Саюза на Ўсход – гэта прычына для свята. З уступленнем дзесяці новых дзяржаў Еўропа здзейсніла важны крок да агульнаеўрапейскай дзейнай асобы. Для новых дзяржаў-удзельніц ЕС вяртанне ў садружнасць дзяржаў Еўропы азначае прызнанне дзесятка гадоў знешнепалітычнай арыентацыі на Захад і паслядоўных пераўтварэнняў.

З уступленнем непасрэдных суседзяў Беларусі ў Еўрапейскі Саюз з’яўляецца ўсё ж небяспека, што будучая мяжа ЕС на Ўсходзе пераўтворыцца ў новы водападзел паміж Усходам і Захадам. Хаця ЕС менавіта і хоча гэтага пазбегнуць.

З-за пашырэння ЕС на Ўсход узніклі новыя межы паміж Беларуссю і блізкімі суседзямі – Польшчай і Літвой.

1. Перасоўванне прыватных асоб: Пад націскам Еўрапейскай Камісіі, дзяржавы, якія ўступілі ў ЕС былі вымушаны прыняць прадпісанні Шэнгенскай дамовы. Выезд на Захад стане складаней як адміністрацыйна, так і фінансава. Гэта будзе новай нагрузкай для грамадскіх і эканамічных стасункаў з польскімі і літоўскімі партнёрамі.

2. Гандлёвыя стасункі: З уступленнем у ЕС новыя дзяржавы-ўдзельніцы ўспрынялі гандлёвыя ўмовы ЕС. Знешнія гандлёвыя адносіны Беларусі з Польшчай і Літвой зараз заснаваны не на дамовах аб найбольшым спрыянні. З’явіліся змены на мытні і ў заканадаўстве. Але непасрэднае суседства з краінамі ЕС мае і пазітыўны ўплыў на Беларусь. Памежныя краіны Польшча і Літва, а таксама Славакія, сталі прадстаўнікамі еўрапейскай беларускай палітыкі.

Стратэгічныя распрацоўкі па супрацоўніцтву. У сакавіку 2003 г. Еўрапейская Камісія прадставіла план па стварэнню адносінаў з бліжэйшымі суседзямі, які называецца “Вялікая Еўропа – суседнія дзяржавы”. Хутка пасля пашырэння ЕС план быў дапоўнены стратэгічным дакументам па палітыцы ў адносінах дзяржаў-бліжэйшых суседзяў. Пры гэтым, з аднаго боку, ЕС адгэагаваў на патрабаванне новых дзяржаў-удзельніц пабудаваць узаемаадносіны з непасрэднымі суседзямі, з іншага боку, з гэтым стратэгічным канцэптам ЕС сустракаецца са знешнепалітычнымі пажаданнямі некаторых краін-суседзяў – у першую чаргу Украіны – уступіць у ЕС.

ЕС падштурхоўвае суседнія дзяржавы да прасоўвання палітычных і эканамічных пераўтварэнняў. ЕС прапаноўвае суседнім дзяржавам браць удзел у чатырох свабодах ЕС: удзел у свабодным перасоўванні тавараў, паслуг, капітала і прыватных асоб. У канчатковым выніку прапановы ЕС да суседніх дзяржаў складаюцца ў свабоднай зоне гандлю са свабодным перасоўваннем прыватных асоб ад Лісабона да Уладзівастока.

Нягледзячы на поспехі, у ЕС не атрымалася распрацаваць рэалістічную для яго і для дзяржаў-суседзяў стратэгію. У асноўных пастановах можна адзначыць недахоп арганізацыйных прапаноў па супрацоўніцтву і інтэграцыі ЕС адносна суседніх дзяржаў. Да таго ж еўрапейскай палітыцы па адносінах з суседзямі не хапае на дадзены момант агульнаеўрапейскай перспектыўнай стратэгіі, якая магла бы забяспечыць бяспеку, стабільнасць і дабрабыт Вялікай Еўропе. Таму ад ЕС патрэбна патрабаваць перагледзець яго палітыку адносна суседніх дзяржаў і паставіць задачу для ЕС як для агульнапалітычнай дзейснай асобы.

Як ніякая іншая краіна Беларусь увасабляе кантраст паміж структурнай блізкасцю да Еўропы і невыпрацаванай еўрапейскай самасвядомасцю, што звязана з недахопам еўрапейскіх норм і каштоўнасцяў. Разам з тым, заходняя палітыка ізаляцыі павялічвае і без таго наяўныя эканамічныя і палітычныя асіметрыі паміж Беларуссю і еўрапейскімі суседнімі дзяржавамі. Націск Еўропы ў чаканні дзеянняў расце пры адсутнасці адэкватных сродкаў. Да таго часу, пакуль афіцыйны Мінск не прызнае еўрапейскія каштоўнасці і нормы, еўрапейская палітыка адносна Беларусі будзе заставацца стрыманай.

Дадаткі:

Табліца I. Сярэднестатыстычная працягласць жыцця.

* Estland, Lettland, Litauen, Polen, Slowakische Republik, Tschechien, Ungarn.

Quelle: EBRD - Transition Report 2003.

Табліца II. Валавы ўнутраны прадукт.

* Estland, Lettland, Litauen, Polen, Slowakische Republik, Tschechien, Ungarn.

Quelle: EBRD - Transition Report 2003.

Табліца III. Паказальнік Freedom House.

Паказальнік Freedom House разлічваецца штогод і вымярае палітычныя асноўныя правы і правы грамадзян у краіне. Паказальнік разлічваецца паміж 1 і 7. Каэфіцыенты да 2,5 прыраўноўваюцца як “свабодныя”, паміж 2,5 і 5,5 – “часткова свабодныя”, вышэй 5,5 прыраўноўваюцца да катэгорыі “несвабодныя”.

* Estland, Lettland, Litauen, Polen, Slowakische Republik, Tschechien, Ungarn.

Quelle: Freedom House - Freedom in the World 2003.

Рута Вайнене,
Эксперт Літоўскага Інстытута Вольнага Рынку,
Дарадчыца па эканоміцы мэра Вільнюса

Літоўская і беларуская эканомікі: бітва сістэм альбо бітва за спажыўцоў?

Адлегласць паміж Вільнюсам і Мінскам – толькі 170 кіламетраў. Хапае дзвюх гадзін, каб даехаць адзін да аднаго. Але ж не фізічныя адлегласці раздзяляюць Літву і Беларусь. Мы, народы гэтых дзвюх краін, нашмат сур'ёзней падзеленыя эканамічнымі і палітычнымі сістэмамі, у якіх мы жывем.

Я пакіну пытанне пра палітычныя адрозненні палітыкам і палітолагам. Мяне папрасілі распавесці пра эканамічныя адрозненні паміж нашымі краінамі. А таксама адказаць на пытанне, ці вядзецца зараз бітва паміж двума эканамічнымі ладамі, і калі вядзецца, то якая сістэма выйграе.

Па-першае, давайце разгледзім, які перад намі ёсць выбар эканамічных сістэм. Калі пачаць з самага правага боку, мы знойдзем там класічны варыянт свабоднай рынкавай эканомікі, дзе ўсе паслугі і тавары людзям даюць прыватныя прадпрыемствы. У чыста рыначным грамадстве ўрад папросту не ўмешваецца ў жыццё грамадства, але я не магу прыгадаць прыклад такой дзяржавы ў гісторыі.

На цяперашні момант пазбаўлена ўрадавага ўмяшальніцтва эканоміка Самалі (з-за адсутнасці цэнтралізаванага ўрада), і гэтая практыка там аказалася даволі паспяховай. Калі вас цікавіць больш падрабязная інфармацыя пра гэта, вы можаце праглядзець матэрыялы Сусветнага банка, якія размешчаны на яго вэб-старонцы (http://www.worldbank.org/so).

Сусветны банк лічыць, што прыклад Самалі заслугоўвае больш глыбіннага аналізу, таму што зараз шырока распаўсюджана думка, што ніводная краіна не можа існаваць без урада. Хаця тэорыя даказвае, што людзі могуць больш эфектыўна вырашаць свае праблемы ў межах рынкавых адносін, а не па-за імі, на жаль, палітыкі часцей за ўсё занадта скептычна адносяцца да такіх эканамічных тэорый, і шукаюць парад, якія бы пацвярджалі неабходнасць умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку.

Калі мы паглядзім на крайне левы бок шкалы выбараў эканамічнай арганізацыі грамадства, мы знойдзем там чысты сацыялізм, калі ўсе паслугі і тавары прадстаўляюць дзяржаўныя кампаніі. У эканамічнай гісторыі і геаграфіі рэальных прыкладаў сацыялізму болей: на бягучым этапе гэта Паўночная Карэя. Літва таксама доўгі час мела сацыялістычную эканоміку.

Тое, што знаходзіцца паміж гэтымі дзвюма крайнасцямі, называецца інтэрвенцыянізмам. Большасць свету зараз жыве ва ўмовах так званай змешанай рынкавай эканомікі, дзе частка паслугаў і тавараў прадстаўляецца прыватнымі прадпрыемствамі, а частка – дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Мы ўсе знаходзімся на гэтай лініі інтэрвенцыянізму, некаторыя – бліжэй для вольнага рынку, некаторыя – да сацыялізму. Можам лі мы казаць, што гэты выбар насамрэч вельмі абмежаваны, бо ўвесь свет за нязначнымі выключэннямі сёння жыве ў межах адной эканамічнай сістэмы? Канешне, не. Бо кожны сантыметр эканамічнай свабоды паміж вольным рынкам і сацыялізмам мае сваю вялікую каштоўнасць. Каштоўнасць, якую можна нават вымераць грашыма, прыбыткам людзей і прадпрыемстваў.

Пятнаццаць год таму Беларусь і Літва былі падобнымі ў плане эканамічных сістэм: дзяржаўная ўласнасць і кантроль; цесная інтэграцыя ў межах былога СССР і рублёвая зона, вялікая залежнасць ад танных энергетычных прадуктаў, рэгуляцыя коштаў (уключаючы заробак).

Аб’ёмы прадукцыі і прыбытку, якія памяншаюцца. За пятнаццаць год Літва змагла стаць краінай свету, якая найбольш хутка развіваецца, – не азіяцкую, а літоўскую эканоміку можна назваць “тыграм” па тэмпах росту ў 2003-2004 гг. І цяперашні рост – гэта яшчэ не найвышэйшы з магчымых паказчыкаў. Адказ на пытанне, чаму так адбылося – ў тым, што краіна спыніла барацьбу паміж сістэмамі эканомікі і пачала барацьбу за спажыўцоў, то бок пачала рынкавыя рэформы.

Каб даказаць, што паміж эканамічнай свабодай і эканамічным ростам існуе вельмі выразная і непасрэдная залежнасць, можна звярнуцца да некалькіх даследаванняў – так званых індэксаў эканамічнай свабоды. Інстытут Фрэйзера ў Канадзе і Фонд Heritage Foundation ў ЗША шмат гадоў назіраюць за тым, як эканамічны рост і дабрабыт суадносяцца з эканамічнай свабодай. Згодна індэксу Фонда Heritage Foundation, Беларусь атрымала 143-е месца сярод 161 краін, а Літва – 23-е. Галоўныя слабыя месцы беларускай эканомікі, згодна з аўтарамі індэкса Свабоды, наступныя: грашовая палітыка; заробкі і кошты; дзяржаўны кантроль; банкаўская сфера і фінансы; абарона праў на ўласнасць.

Шчыра кажучы, усюды, акрамя нефармальнай эканомікі, якая часта адсутнічае ў эканоміках каманднага тыпу, Беларусь з'яўляецца амаль несвабоднай эканамічна краінай, і гэта павінна выклікаць найбольшую трывогу.

Давайце больш падрабязна разгледзім: якімі асаблівасцямі адрозніваюцца несвабодныя эканамічныя сістэмы?

Па-першае, гэтыя сістэмы спрабуюць утрымліваць усе пастаўкі тавараў і паслуг у дзяржаўных руках, пад кантролем урада. Нават калі яны дазваляюць прыватную ўласнасць, яны ўтрымліваюць "залатую акцыю" і кантроль. Больш за тое, прыватны статус у несвабоднай эканоміцы фінансава не акупляецца з-за высокіх падаткаў, мер па кантролю за капіталам і пастаяннага рэгулятарнага кантролю.

Па-другое, у несвабодных эканоміках няма верхавенства закона. Насамрэч там няма нават закона – ў разуменні дэмакратычнага свету. Адсутнасць верхавенства закона азначае, што ніхто не ведае правіл гульні і гэтыя правілы могуць змяняцца па ходзе гульні. Арбітры гуляюць на полі разам з асноўнымі ігракамі.

Па-трэцяе, у такой эканоміцы няма канкурэнцыі. Звычайна бізнесу падабаецца быць манапалістамі, таму што тады можна кіраваць манапольнымі коштамі і мець выгады ад манаполіі. Але ў камандных эканоміках нават бізнесоўцы не зацікаўленыя ў тым, каб быць манапалістамі. Ад адсутнасці канкурэнцыі не выйграе ніхто. Кошты кантралююцца так строга, што з аднаго боку прадпрыемствы не могуць прафінансаваць сваё абнаўленне, а з другога, спажыўцы не задаволеныя якасцю тавараў і паслуг. Вытворцы губляюць канкурэнтныя перавагі і могуць працаваць толькі на ўнутраным рынку.

Гэта вядзе да “заганнага кола”. Бізнесоўцы не зацікаўленыя ў спажыўцах, бо займаюцца бізнесам у калідорах дзяржаўных інстытутаў, а спажыўцы не маюць матывацыі і магчымасцяў запатрабаваць задавальняючыя іх тавары і паслугі. Такім чынам: людзі застаюцца беднымі з-за сістэмы, а бедныя людзі не маюць дастатковага ўплыву на змену сітуацыі.

Адрозніваючай рысай усіх несвабодных эканомік з’яўляецца тое, што эканоміка не абслугоўвае спажыўца. Наадварот, людзі абслугоўваюць урад. Урад спрабуе нападаць на найбольш эфектыўныя эканамічныя сістэмы, каб даказаць іх нежыццяздольнасць. Гэта бітва на словах, але ў рэальным жыцці гэта не бітва за спажыўца і нават не бітва паміж сістэмамі.

Вольная эканоміка перамагае нават без барацьбы. Бо свабодная эканоміка не ўдзельнічае ў барацьбе паміж сістэмамі. У яе нават няма прадстаўнікоў, якія маглі б гэтым займацца. Бізнесмены займаюцца сваімі штодзённымі справамі ў барацьбе за спажыўца. А гэта не самая лёгкая з задач.

Шлях да пра-рынкавай эканомікі быў нялёгкім для кожнай пераходнай краіны. Нашмат прывабней палітычна рэгуляцыя эканомікі, дэманстрацыя ўлады над рынкам, а не прызнанне таго, што ўрад не можа замяніць рынак і сам стварыць дабрабыт.

Трэба адзначыць, што Літва таксама дапускала памылкі, якія прывялі да запавольвання эканамічнага росту: затрыманне лібералізацыі коштаў, сур’ёзная рэгуляцыя фінансавага сектару, занадта позняе ўвядзенне сістэмы Валютнай Рады, недастатковая бітва з карупцыяй і непразрыстая прыватызацыя, абмяжоўваючыя выкарыстанне для прыватызацыі Нацыянальную біржу, адсутнасць адэкватнай справаздачнасці камерцыйных банкаў, якая прывяла да банкаўскага крызісу, наіўная вера ва ўладу заахвочвання і ўзнагароджвання (якая засталася да гэтых пор).

Давайце будзем рэалістамі. Беларусь адстае ад іншых краінаў у прасоўванні эканамічных рэформ. Але давайце будзем і аптымістамі. Беларусь можа выкарыстаць досвед усіх астатніх посткамуністычных дзяржаў, якія прайшлі праз рынкавыя рэформы. Урокі іншых краін могуць быць вывучаныя Беларуссю.

Йонас Лаўрынавічус,
журналіст, Вільнюс
Капіталізм у Літве.

Вачыма журналіста

1. Рынкавая эканоміка – каталізатар мабілізацыі ўнутраных рэсурсаў грамадства для яго выжывання нават у экстрэмальных умовах і адэкватная форма яго самарэалізацыі ва ўмовах ліберальнай дэмакратыі.

(Рынкавая эканоміка робіць устойлівай нават адносна невялікую гаспадарку: прыклады – рэакцыя літоўскіх сялян на палітыку царскай Расіі пасля пракладкі чыгунак праз Літву, НЭП пасля “ваеннага камунізму” ў СССР, супраціў эканамічнай блакадзе Літвы ў 1990 г. і г.д).

Літва за два міжваенныя дзесяцігоддзі дасягнула ўзроўню нацыянальнага прыбытку на душу насельніцтва, амаль у тры разы вышэйшага, чым тагачасны СССР (адпаведна 1840 і 640 долараў). Прыкладна такі ж баланс удалося аднавіць і цяпер, пасля 15 гадоў адноўленай незалежнасці краіны: па даных 2001-2002 гг., у Літве зафіксаваны аб’ём ВУП на душу жыхарства, у тры разы вышэйшы, чымсьці ў Беларусі – эканамічным лідэры у СНД.

2. Ці маленькая краіна Літва? (5 гарадоў-стотысячнікаў, тры “кантоны” еўрапейскага значэння, унікальныя аб’екты для ўсяго рэгіёна Балтыі – Ігналінская АЭС, Мажэйкскі нафтаперапрацоўчы комплекс разам з Буцінгскім марскім тэрміналам, незамерзаючы Клайпедскі марскі порт, разгалінаваная сетка чыгунак, чатыры міжнародныя аэрапорты, два еўрапейскія мультымадальныя транспартныя калідоры – з Поўдня на Поўнач і з Усходу на Захад ... – усё гэта робіць Літву блізкай да вызначэння сярэдняй, а не малой краіны. Дарэчы, такія ж мэты – стаць рэгіянальнай дзяржавай, узнімаюцца і ў палітычнай дактрыне Літвы).

3. Кан’юнктура моманту (палітыка, міжнароднае становішча, гарантыі знешняй бяспекі ў НАТО і новыя магчымасці развіцця чалавечага фактару ва ўмовах ЕС, умовы для прытоку прамых замежных інвестыцыяў і да т.п.)

4. Інфраструктура сучаснай Літвы – клопат ураду. Мэта – стварыць умовы для развіцця прыватнай ініцыятывы. Суадносіны паміж рэгулюючай дзейнасцю цэнтральнай улады і прыватным капіталам – не ў адміністрацыйнай, а ў заканадаўчай і падатковай плоскасці.

Ужо ў першыя гады пасля аднаўлення незалежнасці ўрад Літвы ўзяў курс на развіццё сродкамі дзяржбюджэту (яны цяпер дапаўняюцца і падтрымкай з фондаў ЕС) пяці галоўных інфраструктурных сфераў – фінансаў, энергетыкі, транспарту, інфарматыкі і сувязі, экалогіі, якія павінны стаць асновай для развіцця прыватнай рынкавай эканомікі. Ад поспехаў у гэтай падрыхтоўчай працы ў значнай ступені залежаць і першыя дасягненні эканомікі Літвы, і яе сённяшнія праблемы. (Прапанауецца беглы агляд таго, што зроблена ў гэтых галінах гаспадаркі і наступствы зробленага для ўмацавання ці, наадварот, аслаблення пазіцый рынкавай эканомікі і, адпаведна – палітычнай незалежнасці краіны).

5. Канкурэнцыйнасць як найважнейшы прыярытэт пры вызначэнні перспектыўнасці той альбо іншай вытворчай структуры, суб’екта гаспадарання. Да гэткага ліберальнага планавання эканомікі ў Літве прыйшлі не адразу. Страчана шмат сродкаў і часу на падтрымку нават заведама бесперспектыўных ва ўмовах абмежаванага ўнутранага рынку невялікай краіны прадпрыемстваў. Там, дзе гэты прынцып парушаецца, - у тым ліку і ў выніку карупцыйнай лабісцкай дзейнасці, вынік той жа і сёння – урон усёй эканоміцы, усяму грамадству. Здольнасць жа вытрымліваць канкурэнцыю дае ўжо цяпер для цэлага шэрагу кампаній дала магчымасць знайсці сваю нішу ў міжнародным падзелу працы і заняць у ёй заўважнае мейсца як у рэгіёне Балтыі, так і ва ўсёй Еўропе. Хто-ніхто знайшоў шлях і на рынкі ЗША.

6. Змены ў структуры эканомікі Літвы на аснове натуральнага адбора і з улікам патрабаванняў рынку. Перазамеркаванне ўдзельнай вагі ВУП паміж асобнымі сферамі гаспадаркі – на карысць сфер абслугоўвання і абарачэння за кошт уласна вытворчых сфераў. Надышоў час інтэнсіўнага назапашвання капіталу ў галінах з найбольшай нормай прыбытку (гандаль, фінансавае пасрэдніцтва, СМІ, харчовая і лёгкая прамысловасць) з пашырэннем сфер прымянення набытага такім чынам капіталу як ушыр (насычэнне ўнутранага рынку і спроба захапіць рынкі навакольных краін, чаму класічны прыклад дае гандлёвы гігант “Vilniaus prekyba”), так і ўглыб (укладанне сродкаў найперш у сферы, зноў жа, хуткага і высокапрыбытковага абарачэння капіталу – такія, як размеркаванне электрычнасці, будаўніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка, індустрыя відовішчаў і г.д.) Непазбежным уяўляецца і зварот да іншых жыццёва важных для Літоўскай дзяржавы і яе грамадства сфераў (сведчаннем чаму могуць служыць хаця б і першыя вялікія інфраструктурныя праекты спартыўнага прызначэння ва ўсіх буйных гарадах Літвы. Летась, напрыклад, на грошы прыватных прадпрымальнікаў ужо ўзведзена найвялікшая ў краінах Балтыі арэна “Siemens” у Вільнюсе на 11 тысяч гледачоў).

7. Дынаміка развіцця літоўскай эканомікі ў 1990-2004 гг. Пасля абвальнага падзення аб’ёмаў вытворчасці ў першыя гады незалежнасці (у сувязі з разрывам традыцыйных вытворчых і гандлёвых сувязей на Усходзе) з 1995 г. пачаўся паступовы рост ВУП (прыпынены толькі ў 1998-м у сувязі з расійскім эканамічным крызісам). На пачатак сёлетняга года, па маіх падліках, аб’ём ВУП дасягнуў у грашовым выражэнні 89,5 % ад узроўню 1990 года і ў бліжэйшыя 3-5 гадоў абяцае пераўзыйсці рэкордны год развіцця савецкай эканомікі. Мае беларускія сябры-эканамісты справядліва заўважаюць, што гэта – якасна іншыя працэнты і аб’ёмы, бо яны дасягнутыя ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, арыентаванай на канкрэтнага спажыўца, а не з дапамогай цэнтралізаванага размеркавання Дзяржпланам.

Увесь час хуткімі тэмпамі растуць аб’ёмы экспарту, але знешнегандлёвы баланс застаецца адмоўным. Не пераадолены дэфіцыт дзяржбюджэту, плацёжнага і бягучага балансу. Аб’ём знешніх пазыкаў перавышае 25% ад ВУП. Тым не менш, гэтыя макраэканамічныя паказчыкі знаходзяцца ў рамках, дапушчальных Сусветным банкам і МВФ. Літва ацэньваецца імі як адзін з дысцыплінаваных і паспяховых партнёраў.

9. Сацыяльныя праблемы. Гэта, бадай, тая сфера, на якой сыходзяцца ўсе крытыкі сённяшняга становішча ў Літве – ад ідэолагаў сацыялізму да шэраговага спажыўца. Закрану коратка асноўнае: гэта –

*абарона правоў работнікаў перад работадаўцамі, сістэма аховы здароўя. (Адсутнасць моцных, дзейсных прафсаюзаў дазваляе прадпрымальнікам жорстка эксплуатаваць рабочую сілу, а сістэма высокіх падаткаў прымушае хаваць сапраўдныя даходы і прыбыткі – як свае ўласныя, так і наёмных работнікаў.);

*абарона правоў спажыўца (якая паступова набывае ўсё больш акрэсленыя заканадаўчыя формы – аб адказнасці гандлюючых арганізацый і прадпрыемстваў сферы абслугоўвання за якасць прададзенага тавару ці паслугі);

*сацыяльная абарона грамадзянаў, якім патрэбная падтрымка (досыць значныя кампенсацыі за камунальна-пабытовыя паслугі, за лекі, але – слабая дапамога маладым сем’ям, малыя пенсіі, невялікая дапамога ў выпадку часовай непрацаздольнасці і г.д.);

*пенсійная сістэма (масавы ад’езд моладзі за мяжу і працэс натуральнага старэння грамадства вядзе да зніжэння магчымасцей гарантаваць людзям забяспечаную старасць – адно толькі з дзяржаўных фондаў сацыяльнага страхавання. Таму праводзіцца пенсійная рэформа, мэта якой – каб людзі з маладосці самі пачыналі адкладваць сабе на будучую пенсію.).

10. Рэзюме. Кажуць, што дэмакратыя не дасканалая, але ўсё ж найлепшая з сацыяльных сістэмаў, выпрацаваных чалавецтвам. Відаць, тое ж можна сказаць і пра рынкавую эканоміку. Стымулюючы развіццё грамадства ў натуральных для яго вымярэннях, яна вымушае да пошуку і знаходжання выйсцяў там, дзе абсалютна бездапаможная сістэма цэнтралізаванага планавання.

Міхась Андрасюк,
кіраўнік Беларускага форуму самакіравання
ў Рэспубліцы Польшча, Гайнаўка

Беларускія няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы і іх ініцыятывы ў пашырэнні еўрапейскага досведу ў галіне эканомікі і мясцовага самакіравання з партнёрамі з Беларусі

У дадзены момант паміж Польшчай і Беларуссю заўважаецца адсутнасць кантактаў на высокім узроўні. Не сустракаюцца прэзідэнты, прэм’ер міністры, спарадычна міністры. Гэта не абазначае, што супрацоўніцтва між Польшчай і Беларуссю зараз немагчыма. Яно неабходная. Можна сказаць: мы – суседзі і нам наканавана супрацоўніцтва.

Якія ў такім выпадку ў нас магчымасці і дзе іх шукаць? На маю думку карысным фактарам можна лічыць прысутнасць беларускай меншасці ў Польшчы.

У Рэспубліцы Польшча колькасць беларускага насельніцтва абмяркоўваецца неафіцыйна на 150 – 200 тысяч чалавек, афіцыйна, па выніках перапісу насельніцтва 48 тысяч. Вялікае значэнне мае факт, што беларусы жывуць кампактна, на тэрыторыі ўсходняй Беласточчыны, на мяжы між Еўрасаюзам і Беларуссю. Кампактнасць насельніцтва дазваляе ствараць свае арганізацыі, а таксама паспяхова прымаць удзел у выбарах у органы мясцовага самакіравання.

Паколькі – па палітычных прычынах польска-беларускія кантакты немагчымыя на высокім узроўні, трэба наладжваць іх на ўзроўні грамадскім – праз мясцовае самакіраванне, еўрарэгіёны і няўрадавыя арганізацыі, таксама беларускія.

1. Мясцовае самакіраванне ў Польшчы. Беларусы ў самакіраванні.

Самакiраванне ў Польшчы, як грамадская супольнасць, актыўная ў публiчным жыццi i адказная за лёс свой i сваёй малой айчыны, пачынаецца з 1989 года, як рэзультат палітычнай трансфармацыі і дэмакратызацыі краіны. Палiтычныя рэформы далi звычайнаму грамадзянiну магчымасць выбiраць i быць выбраным, скарысталі яе таксама і польскія беларусы, ствараючы свае выбарчыя камітэты – беларускія, грамадскія, або змяшчаючы кандыдатаў на спісках палітычных партыяў. З 1989 г. ў кампетэнцыях гміны, як базавай адзінкі самакіравання, знаходзяцца ўсе грамадскія справы лакальнага значэння.

У кантэксце польска-беларускага супрацоўніцтва, неабыякавы той факт, што гміна можа таксама самастойна наладжваць кантакты з лакальнымі і рэгіянальнымі супольнасцямі іншых дзяржаваў, напрыклад у рамках супрацоўніцтва еўрарэгіёнаў. У Польшчы зараз еўрарэгіёнаў шаснаццаць і ўсе яны ўзніклі як вынік нізавай ініцыятывы – мясцовага самакіравання або лакальнай дзяржаўнай адміністрацыі.

2. Еўрарэгіёны – памосты ў працэсе еўрапейскай інтэграцыі.

Такую ролю адыгралі яны ў заходняй, паўночнай і паўднёвай Еўропе на зломе 60 – 70 гадоў, у пачатку дзевяностых на граніцы заходняй і сярэдняй Еўропы, а ў дадзены момант гэты працэс пачынае спрацоўваць таксама на польска-беларускай мяжы.

На польска-беларускай граніцы зараз тры еўрарэгіёны:

Нёман – узнік у 1997 годзе, лучыць памежныя рэгіёны Беларусі, Літвы, Польшчы і Калініградскай вобл. (РФ).

Буг – узнік раней, у 1995 як польска-ўкраінскі, у 1998 далучылася Беларусь, уваходзяць Брэсцкая вобласць, Люблінскае ваяводства Польшчы і Валынская вобласць Украіны

Трэці еўрарэгіён - Белавежская пушча – наймалодшы, дамову аб стварэнні падпісалі 25 мая 2002 года з польскага боку Гайнаўскі павет і самакіраванні дзевяці гмінаў Гайнаўшчыны, з беларускага - раёны Свіслач, Камянец і Пружаны.

Еўрарэгіён мае свой падрабязны статут, сваю праграму дзеяння, свае мэты, залежныя ад мясцовых варункаў, гістарычнага досведу, структуры грамадства і г.д., але ў агульным усе дзеянні ідуць да: заахвочвання транспамежных зносінаў і супрацоўніцтва суседніх краін; пераадолення ізаляцыі жыхароў суседніх рэгіёнаў; падтрымкі росту і развіцця гаспадаркі і інфраструктуры; павышэння ўзроўню жыцця людзей.

Еўрарэгіён мае таксама – празаічнае – але вельмі важнае значэнне з эканамічнага пункту гледжання. Дапамагае здабываць еўрапейскія фінансы. У выпадку Еўрарэгіёну Белавежская пушча гэта пакуль – з увагі на маладую біяграфію – квоты невялікія. У мінулым годзе ў рамках праграмы Фонду малых праектаў Phare 2002 Еўрарэгіён атрымаў 50 000 еўра, у 2005, у рамках Нацыянальнай праграмы для Польшчы 2003, Фонд малых праектаў Phare 2003, 200 000 еўра.

Школам, няўрадавым арганізацыям, домам культуры і другім установам самакіравання гэтыя грошы далі магчымасць арганізаваць шмат праектаў у супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі.

3. Беларускія няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы.

У Польшчы існуе даволі многа беларускіх арганізацыяў, ці не больш за пятнаццаць. Ёсць меркаванні, што іх зашмат, але на маю думку такія меркаванні абсалютна памылковыя.

Грамадзянская актыўнасць – пачатак і падстава для поспеху лакальнага грамадства. Можа яна выяўляцца як актыўнасць палітычная, у такім выпадку людзі аб’ядноўваюцца ў палітычных партыях. Актыўнасць гаспадарчая – грамадзяне ствараюць фірмы і прадпрыемствы. Уся астатняя актыўнасць, што не змяшчаецца ў вышэй названыя рамкі, засяроджваецца ў няўрадавых арганізацыях.

Колькасць і разнароднасць беларускіх суполак дае падставы назваць беларускае грамадства ў Польшчы грамадствам актыўным. Амаль усе беларускія арганізацыі ў Польшчы або – няхай сабе ў невялікім маштабе – ужо супрацоўнічаюць з партнёрамі ў Рэспубліцы Беларусь, або выказваюць жаданне такое супрацоўніцтва наладзіць. Прыкладам можа быць Беларускае аб’яднанне студэнтаў і ягоны рок-фестываль Басовішча з удзелам выканаўцаў з Беларусі, Беларускі саюз у Польшчы, як арганізатар літаратурных семінараў Бязмежжа, ці таксама Беларускі форум самакіравання ў РП. Гэтай арганізацыі адвяду якраз больш увагі. Форум узнік у 2002 годзе. Сябры арганізацыі – актуальныя і былыя дэпутаты мясцовага самакіравання, перш за ўсё тыя, хто ў выбарах балатаваўся ад беларускіх камітэтаў, а таксама іншыя асобы, зацікаўленая праблемамі беларусаў у Польшчы. Спектр дзейнасці Форуму даволі шырокі, хачу тут засяродзіцца толькі на польска-беларускім транспамежным супрацоўніцтве.

Цягам двух апошніх гадоў Форум арганізаваў некалькі праектаў з беларускімі партнёрамі: Фондам імя Льва Сапегі ў Мінску, гродзенскай філіяй Фонду, таксама з гродзенскім аддзяленнем Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Удзельнікі і адрасаты праектаў – жыхары беларускай правінцыі, стаўляем таксама націск на кантакты з усходнімі рэгіёнамі Беларусі. Можна сказаць, што для пэўнай часткі нашых гасцей удзел у праекце дае аказію для першага кантакту з польскім самакіраваннем, а нават бывае першай паездкай за мяжу.

Сэнс нашага супрацоўніцтва з беларускімі сябрамі зводзіцца да простай праўды: лепей раз паказаць як дзесяць разоў распавядаць. Таму вось значнейшую колькасць заняткаў адводзім на студыйныя візіты і непасрэдныя сустрэчы з людзьмі. Кожны ўдзельнік праекту мае магчымасць пабачыць як працуе школа, шпіталь, дом культуры, павятовае ведамства працы, камунальнае прадпрыемства, рада гміны або павету падчас сесіі. Паралельна з практычнай часткай праводзяцца таксама тэарэтычныя заняткі – лекцыі і даклады.

За апошнія два гады звыш сотні беларускіх мясцовых дэпутатаў, працаўнікоў самакіравання і грамадскіх лідэраў пазнаёміліся даволі грунтоўна з праблематыкай самакіравання ў Польшчы. Хачу таксама звярнуць увагу на ўскосную карысць, якую раней не бралі мы пад увагу. У дарозе на Беласточчыну, людзі ад розных рэгіёнаў Беларусі знаёміліся між сабой і, спадзяемся, іх кантакты не абарвуцца на адной паездцы, спрацуюць у будучыні.

4. Высновы – складанасці і перспектывы.

Праблематыка мясцовага самакіравання выклікае вялікае зацікаўленне нашых беларускіх сяброў. Ці не ўсе ўдзельнікі нашых праектаў бачаць неабходнасць гаспадарчай і палітычнай трансфармацыі ў сваёй краіне. Мацней гэта відавочнае ў асяродках інтэлігенцкіх, маладзёвых і вялікіх гарадах. Беларуская правінцыя выклікае ўражанне паміранай са сваім лёсам, аднак гэта толькі ўражанне. Уяўная згода на актуальную рэчаіснасць мае сваю прычыну перш за ўсё ў недастатковасці кантактаў з вонкавым светам. Нават польскі, геаграфічна самы блізкі досвед самакіравання, у беларускай правінцыі мала вядомы, або, намаганнямі масмедыяў, даходзіць туды ў дэфармаваным кшталце. Недастатковая колькасць міжчалавечых кантактаў і адсутнасць альтэрнатыўнай інфармацыі спрычыняюцца да неразумення структур, кампетэнцыі і механізмаў мясцовага самакіравання нават сярод дэпутатаў і лідэраў няўрадавых арганізацыяў. Прыкладна доўга даводзіцца нам тлумачыць чаму войт польскай гміны не падначальваецца павятоваму старосту або маршалку ваяводства, або адказваць на пытанне – хто, калі не прэзідэнт краіны кіруе жнівом у Польшчы.

Складанасці для трансплантацыі станоўчых дасягненняў еўрапейскага самакіравання ў Беларусь, вядома, ёсць. Асноўныя - нізкі ўзровень кампетэнцыі самакіравання ў Беларусі і кволы трэці сектар. Ліквідаваць гэтыя перашкоды ў дадзены момант мы не зможам. Усё-такі палітычныя і гаспадарчыя перамены ў Беларусі непазбежныя. На гэты працэс паспрыяе таксама пашырэнне Еўразвязу. І вось тэмп і якасць трансфармацыі ў значнай меры будзе залежная ад ведаў, досведу, кампетэнтнасці канкрэтных людзей, што выконваць больш ці менш адказныя функцыі ў мясцовым самакіраванні. Калі адсутнасць станоўчых прыкладаў і непасрэдных кантактаў можна лічыць перашкодай, якраз гэтую перашкоду можам у значнай меры нівеліраваць.

На заканчэнне – чаму арганізацыі беларускай меншасці ў Польшчы лічу добрым памостам для пашырэння ідэі самастойнага і дэмакратычнага самакіравання ў Рэспубліку Беларусь? Як грамадзяне Польшчы мы былі і сведкамі, і ўдзельнікамі палітычнай і гаспадарчай трансфармацыі ў краіне. Прыжыты досвед можам тады перадаць беларускім партнёрам. Пры тым у нас падобны менталітэт, шмат вякоў супольнай гісторыі, не існуе моўны бар’ер, можам размаўляць без перакладчыкаў, на адной мове. Гэта безумоўна павышае ўзровень узаемнага даверу. Па другое, мы – жывы доказ, што дэмакратычныя інструменты зараз не прывілея канкрэтнай краіны, або нацыі, а стандарт, кожнаму грамадству і кожнай нацыі даступны.

Яўген Ваппа,
кіраўнік Беларускага звязу ў Польшчы, Беласток

Магчымасці і напрамкі транспамежнага супрацоўніцтва паміж Беласточчынай і Гарадзеншчынайу кантэксце еўрапейскай мяжы

Беласточчына і Гарадзеншчына да часу ўсталявання мяжы паміж Польшчай і СССР пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны ў 1945 г. увесь час выяўлялі сабою кампактную грамадска-эканамічна-культурную прастору. Землі гэтыя былі месцам шматвяковай канфрантацыі і спаборніцтва Усходу і Захаду – двух вялікіх цывілізацыйна-хрысціянскіх кругоў, якія сваю духоўную і тэрытарыяльную экспансію пашыралі таксама і з дапамогай крыжа і мяча. Гэтая тэрыторыя ў сувязі з яе шматнацыянальнасцю і шматкультурнасцю спрыяла ўзнікненню і фарміраванню істотных асяродкаў рэлігійна-палітычна-грамадскай думкі. Тут побач ў местачковым краявідзе узносіліся праваслаўныя цэрквы, каталіцкія касцёлы, яўрэйскія сінагогі ці мусульманскія мячэці. Незвычайнае, міжкультурнае багацце і іх узаемадзеянне нарадзіла на гэтай зямлі людзей, якія адціснулі трывалы і важны след у гісторыі сваіх народаў.

Зразумела, што рэлігійна-нацыянальнае адрозненне прыносіла і іншае вымярэнне агульначалавечых суадносін: нянавісць, здраду, а ў канцы і палітычны тэрор. Працэс фарміравання сучасных еўрапейскіх народаў на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў вызначыў гэтую тэрыторыю як польска-беларускае сумежжа, на якім два бакі імкнуліся выявіць свае палітычныя памкненні ў выглядзе сваёй дзяржаўнасці. У выніку Рыжскага дагавору з сакавіка 1921 г. гэтыя землі апынуліся ў Польшчы. У адміністрацыйным плане частка Гарадзеншчыны апынулася тады ў Беластоцкім ваяводстве. Паводле польскага гісторыка Ежы Тамашэўскага, пражывала ў ім 269 тысяч беларусаў, нацыянальныя, асветныя і культурныя памкненні якіх былі рэзка ліквідаваныя польскімі ўладамі. Пасля дамовы Савецкага Саюза з Нямеччынай пра падзел Польшчы і выбуху ІІ сусветнай вайны ў 1939-1941 гадах Беласточчына і Гарадзеншчына апынуліся ў БССР. Ва ўмовах нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў Беластоцкая акруга была непасрэдна далучана да Нямеччыны ў якасці правінцыі Усходнія Прусія. Тэрытарыяльныя змены межаў у Еўропе, будучыя вынікам ялцінска-патсдамскіх дагавораў 1945 г. раздзялілі Беласточчыну і Гарадзеншчыну жалезнай заслонай на сорак пяць гадоў.

У часы рэальнага сацыялізму і жалезнай заслоны звычайныя міжчалавечыя кантакты былі зведзены амаль да нуля. Адбываліся перад усім партыйныя сустрэчы ўладаў Беластоцкага ваяводства і Гродзенскай вобласці. Зрэдку меў месца абмен мастацкімі ці спартыўнымі калектывамі. Усе кантакты дакладна адсочваліся службамі бяспекі. У такой сітуацыі гэты трансгранічны абшар патраціў сваю адметнасць і будаваны стагоддзямі спецыфічны нацыянальны характар. Русіфікацыя з аднаго боку мяжы і паланізацыя з другога мелі служыць толькі і выключна пабудове камунізму і сацыялізму, а не захоўванню нацыянальных каштоўнасцяў ці грамадзянскіх інтарэсаў.

Палітычныя перамены ў Польшчы 1989 г., развал Савецкага Саюза (здзейснены ў Віскулях, што ў памежнай Белавежскай пушчы) і ўзнікненне незалежнай беларускай дзяржавы давалі надзею на адраджэнне шчыльнейшых кантактаў паміж сумежнымі рэгіёнамі. Шанец аднак не быў, на маю думку, скарыстаны ў плане дзяржаўна-самаўрадавых кантактаў. Гістарычныя рэсентыменты, іншыя палітычныя вектары замежнай польскай палітыкі не надалі моцнай дынамікі трансгранічнаму супрацоўніцтву на польска-беларускай мяжы. Інакш мелася справа на польска-нямецкім ці польска-чэшскім памежжы. Там пабольшвалася колькасць памежных пераходаў, развівалася інфраструктура і супольныя праекты, якія неўзабаве былі і дафінансаваны з еўрасаюзных фондаў. Іншае месца адводзілася хіба для ўсходняй сцяны. Тут мяжа, як будучая еўрасаюзная граніца, мела быць шчыльнай, добра пільнаванай. Таму не былі патрэбнымі і не адкрываліся новыя пагранпераходы. А прыток людзей з пашпартамі, якія на пачатку 1990-х, не чакаючы дзяржаўных указанняў, па абодвух баках мяжы ўзялі справы ў свае рукі, з часам пачаў абмяжоўвацца дзяржаўнымі распараджэннямі. Ізноў павісла рэальная пагроза чарговай заслоны.

Паводле даных, выказаных беластоцкім віцэ-прэзідэнтам Марыянам Блехарчыкам на канферэнцыі, арганізаванай 1-3 снежня 2004 г. у Беластоку і Гародні Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча – Беларусь ды фондам Конрада Адэнаўэра на тэму “Перспектывы памежнага супрацоўніцтва” аказалася, што пасля 1990 г. базар на вуліцы Кавалерыйскай у Беластоку быў самым вялікім у Польшчы. Мяркуецца, што абарот на ім быў значна большы за бюджэт горада (у самы лепшы для базару перыяд працавала там 40 кантораў абмену валюты, у якіх, паводле разнастайных падлікаў, абменьвалася ўдзень па 3-4 мільёны долараў ЗША. У гэтым жа самым часе наглядаем небывалы росквіт рэчавых рынкаў у Гародні, якія выконваюць ролю оптавых для многіх гандляроў з усяго былога Савецкага Саюза. Узрастае роля горада як чыгуначнага вузла, а нават на нейкі час узнаўляе сваю працу мясцовы аэрадром.

Дарэчы, сёння недахоп малога аэрадрома ў Беластоку ёсць адной з найважнейшых прычын крытыкі з боку прадпрымальнікаў і замежных інвестараў у адрас мясцовых уладаў. Хуткае яго ўзнікненне дае ў будучыні шанц для заснавання спалучэння Беласток – Гродна. Патрэбныя аднак супольныя дзеянні і дальнабачнасць палітычных і гаспадарчых элітаў. Не сакрэт аднак, што праблемы трансгранічнага супрацоўніцтва ўскладняюцца ў сувязі з ізаляцыяй Беларусі на міжнароднай арэне, да якой давяла палітыка Александра Лукашэнкі. Замарожаныя кантакты абедзвюх краін вызначаюць і памкненні рэгіянальнай адміністрацыі – дзе апрача афіцыйшчыны няма месца і ахвоты не рэальнае ажыццяўленне смелых транспамежных праектаў, на якія існуе магчымасць атрымаць сродкі з еўрасаюзных фондаў.

Адкрытасць межаў, магчымасці сумежнага гандлю – гэта самы лепшы спосаб на ажыццяўленне нармальнасці і нацыянальна-грамадзянскага партнёрства на польска-беларускай мяжы. У палове 1990-х гадоў калі ў Польшчы з’явіліся першыя абмежаванні для прыязджаючых з усходу і рэзка адчуваліся сімптомы расейскага гаспадарчага крызісу – беластоцкія гандляры перад ваяводскай управай сарганізавалі пікет з лозунгамі: “Мы хочам рускіх”. Дзесяць гадоў раней паўсюдна ў камуністычнай Польшчы праходзілі дэманстрацыі з клічам: ”Рускія дадому”. Беласток і Гродна, хаця адлеглыя яны на няпоўныя 80 км., зноў дзеліць не найлягчэйшая мяжа.

Далучэнне Польшчы да Еўрасаюза і візавыя абмежаванні ўносяць змены ў структуру і характар памежнага гандлю. Месца малога гандлю (адміранне базараў на Беласточчыне і змяншэнне такога ж тавараабароту ў Гродне) могуць узяць на сябе толькі моцныя фірмы і спецыялізаваныя кампаніі з большым капіталам. Зменшваецца роля транспамежнага гандлю ў карысць міждзяржаўных гандлёвых і фінансавых аперацыяў. Паводле даных Пасольства Беларусі ў Польшчы тавараабарот паміж Беларуссю і Польшчай па выніках 2004 года склаў 1,203 млрд. дол. ЗША і павялічыўся ў параўнанні з 2003 годам на 53,8 %. З улікам павелічэння тавараабароту ў 2003 годзе на 58,1 %, у перыяд са студзеня 2003 года па снежань 2004 года аб’ём беларуска-польскага гандлю павялічыўся больш чым у 2 разы.

Беларускі экспарт у 2004 годзе вырас на 67,8 % і дасягнуў 728,7 млн. дол., Імпарт павялічыўся на 36,3 % і склаў 474,9 млн. дол. ЗША. У 2004 годзе пашырылася таварная наменклатура беларуска-польскага знешнегандлёвага абароту. Па выніках 2004 года яе фарміравалі 37 таварных груп з пастаўкамі звыш 5 млн. дол. ЗША.

Аснову беларускага экспарту складалі пастаўкі нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, звадкаванага газу, казеіну, частак і прыладаў маторных транспартных сродкаў, электраэнергіі, паўфабрыкатаў з жалеза альбо нелігіраванай сталі, цэменту, лесаматэрыялаў, правадоў ізаляваных і кабеляў.

Аснову імпарту польскіх тавараў складалі: свініна, пліты драўнянастружкавыя, пліты драўлянавалакняныя, яблыкі, вуглевадароды цыклічныя, хатняя птушка жывая, лямпы і электронныя трубкі, арматура, шлакавата, цукар, лекавыя сродкі, часткі і прылады да аўтамабіляў і трактараў. На сённяшні дзень у Беларусі дзейнічае 320 прадпрыемстваў з польскім капіталам.

Па выніках 2004 года аб’ём прыцягнутых у беларускую эканоміку польскіх інвестыцый склаў 28,85 млн. дол. ЗША, павялічыўшыся ў параўнанні з 2003 годам на 44,9 %. Месцам, дзе шукае сабе прыстанішча ў Беларусі польскі інвестар, ёсць свабодныя эканамічныя зоны. У сувязі з тым, што іх стварэнне забаронена зараз у самім Еўрасаюзе, нягледзячы на высокую ступень рызыкі інвестыцыяў у беларускую эканоміку звязаную з яе надта палітызаваным характарам, непрадбачлівасцю законаў і неадэкватнага выкарыстання падатковых, адміністрацыйных інструментаў у гаспадарчым жыцці краіны, знаходзяцца польскія фірмы гатовыя прыняць такую рызыку. Найбліжэйшыя польска-беларускай мяжы такія зоны знаходзяцца ў Брэсце і Гродне. Свабодная эканамічная зона Гроднаінвест была зарэгістравана ў красавіку 2002 г. Мінімальны капітал для рэгістрацыі павінен быць не меншы чымсьці 20 тысяч долараў ЗША, удзел экспарту ў тавараабароце – не меншы 60%, тэхнічнае абсталяванне – не старэйшае чымсьці 5 гадоў – 90%. Узамен – падатковыя ільготы. Паводле даных са студзеня 2005 г. у зоне Гроднаінвест былі зарэгістраваны 24 фірмы, з чаго 9 было з польскім або польска-беларускім капіталам.

Вельмі частай формай транспамежнага супрацоўніцтва ў Еўрасаюзе з’яўляюцца еўрарэгіёны. Апрача еўрарэгіёнаў улады Падляшскага самаўрадавага ваяводства падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Гродзенскай вобласцю ў галіне культуры, абмену вопытам, пошуку далейшых партнёраў і апрацоўкі супольных праектаў. Аб гістарычных традыцыях адзінства рэгіёна сведчыць падобная дэмаграфічная структура абодвух бакоў. У Падляшскім ваяводстве і Гродзенскай вобласці пражыве прыблізна па 1 млн. 200 тысяч жыхароў. А Беласток і Гродна налічваюць пад 300 тысяч насельніцтва у кожным з іх.

Характэрным і трывалым элементам гэтага сумежжа надалей застаецца існаванне беларускай меншасці на Беласточчыне і польскай на Гарадзеншчыне. Іхні патэнцыял, магчымасці і вопыт вельмі часта не ўлічваюцца і рэальна не скарыстоўваюцца ў транспамежных праектах, рэалізаваных мясцовымі ўладамі.

У 2003 г. па ініцыятыве маршалка Падляшскага ваяводства створаны быў Еўрарэгіянальны даследчыцкі і адукацыйны медычны асяродак з удзелам Медычнай акадэміі ў Беластоку, Медычнага універсітэта з Гродна і Медычнага факультэта Віленскага універсітэта. Асяродак арганізуе міжнародныя канферэнцыі навукоўцаў і студэнтаў з удзелам асоб з вышэй згаданых дзяржаваў і другіх еўрасаюзных краінаў. Напрыклад, 12-13 мая бягучага года ў рамках гэтага праекта адбудзецца І Міжнародная канферэнцыя студэнтаў медыцыны і маладых лекараў з удзелам перад усім медычнага асяроддзя Беластока і Гродна.Супрацоўніцтва розных акадэмічных цэнтраў двух транспамежных гарадоў павінна быць адным з важнейшых напрамкаў такой дзейнасці. Асновы ёсць – у Беластоку зараз у дзяржаўных і прыватных вышэйшых школах вучыцца больш за 40 тысяч студэнтаў.

Вельмі цікавым праектам з’яўляецца створаны 25 мая 2002 года ў Гайнаўцы на Беласточчыне Еўрарэгіён Белавежская пушча. Яго тэрыторыя – гэта унікальны ў сусветным маштабе лясны комплекс. Еўрарэгіён стварылі мяжуючыя з сабою гміны Гайнаўскага павета, а з беларускага боку – Камянецкі, Свіслацкі і Пружанскі раёны. Супольныя дзеянні перш за ўсё накіраваны на: ахову натуральнага асяроддзя, павышэнне ўзроўню жыцця ў транспамежнай зоне, абмен жыхароў і розных прафесійных асяродкаў, развіццё памежнай інфраструктуры, супрацоўніцтва ў выпадку стыхійных бедстваў. На 2005 г. у Белавежскай пушчы прадугледжваецца адкрыццё памежнага перахода, прызначанага толькі для турыстычнага абмену. У будучыні можа гэта быць адным з большых козыраў Падляшскага ваяводства ў турыстычнай інфраструктуры еўрасаюзнай супольнасці.

Пашырэнне Еўрасаюза на тры дзяржавы – суседкі Беларусі: Польшчу, Літву і Латвію – будзе мець істотны ўплыў на памежныя рэгіёны Беларусі і то ў эканамічным, як і культурным плане. Новая мяжа з аднаго боку адкрывае новыя перспектывы, але з другога боку асацыюецца людзям з новай жалезнай заслонай, візавым рэжымам, які ў руках дзяржаўных служб ужо сёння з’яўляецца інструментам націску з боку беларускіх улад на нявыгадных ім людзей. Адмовы ў візе атрымоўваюць журналісты, дзеячы няўрадавых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Візавы аргумент можа быць скарыстаны як сродак націску ў эканамічнай актыўнасці.

На сённяшні момант цяжка сказаць аб аб’ектыўнай расцэнцы плюсаў і мінусаў пашырэння Еўрасаюза і яго новай мяжы. Кароткатэрміновымі наступствамі напэўна з’яўляюцца ўскладненні у перасяканні мяжы і згортванне памежнага гандлю. Але, як кажа Марцін Рэмбач, кіраўнік бюро прамоцыі горада Беластока, “нам, у Беластоку, засталося адстойваць пазіцыю, што самы лепшы шлях з Захаду на Усход пралягае праз Беласток і Гродна”. Многія скептыкі будуць упірацца, што не найкарацейшая гэта дарога, але мы будзем пераконваць, што яна самая лепшая.

Ад рэдакцыі:

Нагадваем, што сп. Яўген Вапа да гэтага часу не можа атрымаць візу для ўезду ў Беларусь.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by