МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№12(№25)
снежань
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

КАЛЯДЫ - вельмi старое свята, непа-срэдна звязанае з астранамiчным новым годам. Па даўняй традыцыі на КАЛЯДЫ прынята збірацца разам, каб пабачыцца з роднымі, успомніць продкаў, падзякаваць Богу за пражыты год. І куды б лёс не закідваў беларусаў: у Сібір ці на Далёкі Усход, у Заходнюю Еўропу ці ў Паўночную Амерыку, у такія дні яны заўсёды імкнуліся быць разам.

Эра глабалізацыі і свабодных рынкаў зрабіла калядныя святы агульнымі. Ва ўсім свеце людзі розных веравызнанняў пачалі святкаваць Каляды. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята застанецца заўжды радасным, велічным і бездакорна аптымістычным.

СА СВЯТАМ ВАС, ДАРАГІЯ СУАЙЧЫННІКІ!

Нашыя Каляды

Нашыя Каляды Сярод усіх нашых сённяшніх святаў само гэтае слова - КАЛЯДЫ - самае нерэ-лігійнае, самае народнае. Для беларусаў Каляды - нагода парадавацца. Нашы людзі казалі: "Калядкі - вясёлыя святкі: бліны ды аладкі".

Містыкай святочнасці жылося ў Каляды. Была гэта сапраўды вялікая падзея! Калядаў чакалі з салодкім прадчуваннем урачыстага. Каляды - рэлігійнае свята для вернікаў і прыгожы міф для іншых. Каляды звязаныя з нараджэннем Ісуса, які мусіў вырасці для выратавання чалавецтва. Аднак шмат якія калядныя звычаі бяруць пачатак ад вераванняў, усталяваных задоўга да нараджэння Ісуса Хрыста.

На працягу двух калядных тыдняў адзначалiся 3 куццi.

Першая куцця - посная, або Вялiкая. Менавiта на гэты дзень прыпадалi найбольшыя ўрачыстасцi i найболь-шая колькасць ма-гiчных абрадаў. Пачыналася абрадавае дзейства з паўдня, калi людзi пачыналi рыхтавацца да святочнай вячэры. Калядны стол уяўляў сабою ўдачы года. Вячэралi выключна поснымi стравамi, сярод iх "куцця" была абавязковай, самай важнай. На першую куццю гатуюць селядзец, верашчаку з селядца з цыбуляй і поліўкай (юшкай), аладкі, бліны, крупнік кіслы, рыбу, стравы з грыбамі, кампоты, аўсяны кісель. Куцця (каша) складае заключную страву. У большасцi мясцовасцяў Беларусi куцця - гэта каша з ячных крупаў, якую прыпраўлялi мёдам і макам. У iншых месцах куццю варылi з пшанiцы, дадавалi арэхi і разынкi. Пачынаў есцi куццю гаспадар хаты, прычым на куццю заклiкалi прыйсцi таксама продкаў. Каб як-небудзь задобрыць Бога зімы Зюзю, адкладвалі частку куцці ў асобную талерку і пакідалі на ноч на асобным стале. Куцця застаецца цэлая, але павер'е сведчыць, што яе з'ядае Зюзя.

Другая куцця называецца шчодрай, тоўстай, багатай, ласай. У гэты вечар на стале можа стаяць куцця з маслам або шквар-камi, а таксама мяса - смажанае, варанае і печанае. Трэцяя куцця з цягам часу атрымала назву Вадзяная, бо прыпадае якраз на пярэдадзень Вадохрышча - царкоўнага свята хрышчэння Хрыста.

Святкаванне Калядаў багатае на розныя абрады i вiдовiшчы. Каляднiкi збiралiся ў гурты, спявалi калядкi i шчадроўкi - вiншавальныя песнi, жадалi поспехаў і дабрабыту. Калядоў-шчыкі хадзілі па дамах з песнямі і вадзілі з сабой Казу, Бусла і Мядзведзя. Гэта былі пераапранутыя хлопцы і дзяўчаты. Верхаводзіла сярод іх Каза. За гэта калядоўшчыкi атрымлiвалi падарункi - першапачаткова яны збiралася на ахвяру багам, пасля сталі проста падзякай, пачастункам.

А яшчэ на Каляды варажылi. З першай куццёй варажылi на ўраджай, з другой i трэцяй - на жанiцьбу.

Юбілеі

Радзіму Гарэцкаму - 75 год

Радзім Гарэцкі 7 снежня споўнілася 75 год акадэміку Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Расійскай Акадэміі навук Радзіму Гарэцкаму, выдатнаму беларускаму вучонаму і грамадскаму дзеячу. Усё сваё творчае жыццё ён прысвяціў развіццю навукі ў галіне геалогіі і геатэктонікі. Чалавек незвычайных здольнасцей, Радзім Гарэцкі праявіў сябе і ў грамадскай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны.

Радзім Гарэцкі нарадзіўся ў 1928 г. у Мінску ў сям'і вучонага і грамадскага дзеяча акадэміка Беларускай Акадэміі навук Гаўрылы Гарэцкага, брата класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - родны пляменнік Максіма Гарэцкага. Належнасць да славутага беларускага роду, атмасфера беларускасці ў сям'і, прыклады бацькі і дзядзькі выхоўвалі ў Радзіма Гарэцкага патрыятызм, любоў да роднага слова, да гераічнай гісторыі Беларусі. Вы-прабаванні, якія выпалі на лёс сям'і, рэпрэсіі да старэйшага пакалення роду Гарэцкіх гартавалі нязломны дух маладога Ра-дзіма Гарэцкага. І яму давялося развітацца з Радзімай і жыць далёка ад Беларусі.

Пасля заканчэння школы ён паступіў у Маскоўскі нафтавы інстытут. Працаваў у Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР. У 1961 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1969 - доктарскую.

У 1971 г. Р.Гарэцкі, ужо вядомы ў СССР вучоны, вяртаецца ў Беларусь і працуе ў Інстытуце геалагічных навук Акадэміі навук Беларусі. Яго шматлікія навуковыя працы (больш за 600) сведчылі аб вялікім унёску ў развіццё геалагічнай навукі ў Беларусі. Акадэмік Радзім Гарэцкі з'яўляецца заснавальнікам беларускай школы тэктаністаў. У 1980 г. Радзіму Гарэцкаму было нададзена званне прафесара. У 1972 г. ён абіраецца членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі, а ў 1977 г. - акадэмікам АН Беларусі. У 1978 г. яму нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У 1994 г. Расійская Акадэмія навук абрала Радзіма Гарэцкага замежным члена Ра-сійскай Акадэміі навук, ён таксама з'яўляецца сябрам Амерыканскага геафізічнага саюза, з'яўляецца ганаровым дырэктарам Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі, прэзідэнтам Беларускага геалагічнага таварыства. У 1994 г. Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі быў абраны акадэмікам-заснавальнікам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі. У 1992-1997 гг. быў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай Акадэміі Беларусі.

Радзім Гарэцкі плённа працуе як грамадскі дзеяч, які ня-зменна стаіць на пазіцыях незалежнасці Беларусі. У 1990 г. ён быў абраны сябрам Рады, а з 1993 г. да 2001 г. акадэмік Радзім Гарэцкі быў прэзідэнтам Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"; цяпер ён працягвае актыўна ўдзельнічаць у працы Згуртавання як сябра Управы і сябра Рады. Радзім Гарэцкі быў адным з арганізатараў трох З'ездаў беларусаў свету і кіраваў іх працай. Ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод беларусаў замежжа ў розных краінах СНД, Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі. Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - нязменны ўдзельнік усіх з'ездаў Таварыства беларускай мовы, сябра Рады ТБМ.

Пяру Радзіма Гарэцкага належаць і кнігі пра род Гарэцкіх, пра свайго бацьку і дзядзьку, шматлікія артыкулы ў прэсе.

Радзім Гарэцкі - добразычлівы чалавек, перакананы ў перамозе нацыянальнага Адраджэння. Гэты яго настрой перадаецца людзям, што працуюць разам з ім і сустракаюцца з ім.

У сувязі з 75-годдзем вельмішаноўнага Радзіма Гаўрыла-віча Гарэцкага жадаю яму доўгіх гадоў жыцця, добрага здароўя, шчасця і поспехаў. Новай творчай працы ў навуцы і ў грамадскай дзейнасці.

Анатоль Грыцкевіч,
Кіраўнік МГА "Згуртаванне беларусаў свету
"Бацькаўшчына"

Вечна жыве Беларусь!

Радзім ГарэцкіУ выдавецтве МГА "Беларускі кнігазбор" рыхтуецца да выдання кніга Радзіма Гарэцкага "Вечна жыве Беларусь!: Артыкулы, інтэрв'ю, замалёўкі". У кнізе сабраныя артыкулы, выступленні, інтэрв'ю акадэміка Р.Гарэцкага за апошнія пяць гадоў. Некаторыя матэрыялы друкуюцца ўпершыню. У іх - роздум пра дзяржаўнасць, незалежнасць, дэмакратыю, нацыянальнае адраджэнне Беларусі, становішча беларускай мовы, развіццё культуры, навукі, адукацыі, успаміны і нарысы пра дзеячаў навукі, а таксама абразкі і кароткія мініяцюры розных гадоў. Да выдання кнігі спрычынілася МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Юры Весялкоўскі адзначае 80-годдзе

Юры Весялкоўскі - вядомы беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі (Англія). Нарадзіўся ён на Стаўпеччыне. Падчас Другой сусветнай вайны быў кадэтам Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны, скончыў вайну ў складзе Арміі Андэрса. У Польскіх узброеных сілах, якія змагаліся ў складзе брытанскіх войск, удзельнічала звыш 30 тысяч беларусаў і ўра-джэнцаў Беларусі. Пасля заканчэння асноўных баёў у Італіі сярод жаўнераў 2-га польскага корпуса пачалі стварацца зямляцкія беларускія гурткі. Такі гурток разам з Паўлам Наварай стварыў і Юры Весялкоўскі. Пасля вайны сп. Весялкоўскі апынуўся ў Вялікабрытаніі, дзе жыве і дагэтуль. У сваіх кнігах бадай што падзённа Весялкоўскі распавядае пра ўсе здарэнні, якія адбываліся з кадэтамі афіцэрскай школы БКА, якім удалося падчас знаходжання ў Францыі ўцячы з дывізіі Зіглінга і, прайшоўшы праз палон французскіх партызанаў і амерыканцаў, апынуцца на супрацьлеглым баку - у складзе Арміі Андэрса, жаўнерамі якой скончыць вайну ў Італіі.

Працы Весялкоўскага - рэдкая крыніца па гісторыі беларускіх вайскоўцаў пад Брытанскай камандай. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, як склаўся лёс тых 6еларусаў з ліку жаўнераў 2-га Польскага Корпуса, якіх ён асабіста ведаў і якія стаялі на чале беларускага руху напрыканцы II сусветнай вайны. Творы Весялкоўскага цікавыя і тым, хто даследуе тэматыку гісторыі беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, асабліва першыя па-сляваенныя гады яе існавання. Тут ёсць змястоўныя звесткі пра працу 1-га З'езду беларусаў Вялікай Брытаніі, утварэнне і дзейнасць Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ).

Віншуем шаноўнага сп. Юрыя Весялкоўскага з юбілеем, зычым здароўя, шчасця і плёну ў дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны!

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Наш маленькі юбілей

У снежні спаўняецца 2 гады ад першага выдання бюлетэня "Беларусы ў свеце". За гэты час бюлетэнь вырас па колькасці старонак, значна пашырыўся агляд навінаў беларускай дыяспары, з'явіліся новыя рубрыкі, нала-джаны шматлікія новыя сувязі, моцна павялічылася коль-касць нашых адрасатаў і падпісчыкаў. Зараз рэдакцыя бюлетэня атрымлівае ў дзесяткі разоў большую пошту з усіх куткоў свету. Нам пішуць шчырыя, неабыякавыя да лёсу роднай культуры людзі. Дзеля гэтых людзей, дзеля жыцця і росквіту нашай нацыі мы і працуем.

Рэдакцыя выказвае шчырую ўдзячнасць усім сябрам "Бацькаўшчыны", якія на працягу двух гадоў патрымліваюць нашу дзейнасць.

Навіны

Вільня, Літва

Месяц лістапад гэтага года выдаўся вельмі "ўраджайны" на знамянальныя даты нашай Бацькаўшчыны: 120 год Вацлаву Ластоўскаму і Язэпу Лёсіку, 110 год Леаніле Чарняўскай, пісьменніцы, настаўніцы Віленскай беларускай гімназіі (жонцы Максіма Гарэцкага), а таксама Кастусю Езавітаву ды шмат іншых угодкаў.

Таварыства Беларускай Культуры ў Літве штомесячна праводзіць імпрэзы, прысвечаныя тым ці іншым славутым імёнам. На гэты раз сябрам ТБК былі прапанаваны змястоўныя выступы доктара Сяргея Карабача і Аляксандра Трусава, пры-свечаныя памяці Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка. Павал Саўчанка распавёў пра літаратурную спадчыну беларускага гісторыка Міколы Шкялёнка, закатаванага НКВД у 1946 годзе, а Андрусь Старавойтаў гаварыў пра найважнейшую падзею ў Беларускім руху першай паловы ХХ стагоддзя - Слуцкім збройным чыне. Такія імпрэзы на гістарычныя, літаратурна-гістарычныя і культурныя тэмы заўсёды вы-клікаюць зацікаўленасць у прысутных. Гэтая імпрэза прагучала на літоўскім радыё і была паказана па тэлебачанні.

ТБК лічыць сваім абавязкам, сваёй задачай задавальняць гэтую цікавасць, за-прашаючы навукоўцаў, літаратараў, дзеячаў культуры з Беларусі і з замежжа.

Павал Саўчанка,
сябра Таварыства беларускай культуры Літвы

Рыга, Латвія

29 лістапада ў Рыжскім доме Латышскага таварыства адбыўся Міжнародны фестываль беларускай народнай песні. Ягоным заснавальнікам і арганізатарам вы-ступіў Саюз грамадскіх арганізацый беларусаў Латвіі. Такі фестываль, з удзелам самадзейных калектываў беларускай дыяспары і прафесійных выканаўцаў з Літвы і Эстоніі, праводзіўся ў Латвіі ўпершыню. Удзельнікаў фестывалю віталі Пасол Беларусі ў Латвіі Вадзім Ламкоў, Міністр па справах грамадскай інтэграцыі Латвіі Нілс Муйжніекс, начальнік Дэпартамента нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Юрый Уральскі, а таксама прадстаўнікі рускай і армянскай абшчын, Саюза ўкраінцаў, азербайджанскага таварыства. Больш за сотню ўдзельнікаў фестывалю прадставілі незвычайную разнастайнасць і самабытнасць багатай беларускай культуры. З вялікім поспехам прайшоў выступ фальклорнага ансамблю Белдзяржуніверсітэта "Неруш". На вечары прысутнічалі каля 300 чалавек, у тым ліку дэпутаты Латвійскага Сойму.

www.mfa.gov.by 2003. 1 снеж.

Рыга, Латвія

27-30 лістапада ў Рызе адбываліся вялікія святочныя мерапрыемствы, пры-свечаныя 15-годдзю Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі - выставы і вялікі канцэрт з удзелам калектыву Таварыства "Сьвітанак" у Доме Кангрэсаў. Канцэрт дэманстраваўся па Латвійскім тэлебачанні. Лепшымі спевакамі назвалі беларускі і цыганскі ансамблі. Таварыства "Сьвітанак" урачыста віншавала свайго прыхільніка спадара О.Тыпанса (шматгадовага Саветніка па нацыянальных пытаннях Прэзідэнта Латвіі) з атрыманнем узнагароды за згоду ў грамадстве (прысуджаецца раз на год).

Таццяна Казак,
Старшыня ЛТБК "Сьвітанак"

Рыга, Латвія

У жніўні 2003 г. Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" накіравала ў Сойм і да Прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі ліст пра закрыццё беларускага ліцэю ў Мінску. Ніжэй падаем адказ Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі на вышэйзгаданы ліст:

Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі
20 лістапада 2003 года
№ 25/1051-9023

Міністэрства замежных спраў уважліва пазнаёмілася з Вашым лістом, у якім Вы выказваеце занепакоенасць закрыццём у Мінску Нацыянальнага дзяржаўнага ліцэю імя Я.Коласа і просіце давесці да ведама кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неабходнасць аднавіць працу гэтай навучальнай установы. Мне даручана Вас інфармаваць пра наступныя адносіны Латвійскай дзяржавы да гэтага пытання.

Палітыка ў галіне адукацыі - гэта ўнутраная справа кожнай дзяржавы, іншыя краіны не маюць права ў яе ўмешвацца. Адначасова, на падставе занепакоенасці беларускай дыяспары Латвіі гэтай сітуацыяй, дэпутаты Латвійскага Сойму і прадстаўнікі МЗС выказалі сваё здзіўленне і заклапочанасць беларускаму боку такім прынятым кіраўніцтвам Беларусі рашэннем і заклікалі ацаніць магчымасць аднавіць працу ліцэю, што неабходна для захавання свабоды слова і поглядаў, а таксама правоў на адукацыю. Група дэпутатаў Сойму гэты погляд выказала ў лісце кіраўніку групы Беларускага Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтву з Латвіяй Т.Быкавай. Міністр замежных спраў ЛР С.Калніетэ згаданае пытанне актывізавала ў размове з Міністрам замежных спраў РБ С.Мартынавым. Пра закрыццё ліцэю імя Я.Коласа ішла размова і ў рамках іншых су-стрэч дыпламатаў Латвіі і Беларусі.

Адначасова хацелася б інфармаваць, што МЗС будзе гатовым прыняць прапановы і ідэі Вашага таварыства аб магчымых праектах па супрацоўніцтву з выкладчыкамі і выхаванцамі зачыненага ліцэю, а таксама ў нашай кампетэнцыі і магчымасцях падтрымаць рэалізацыю такіх магчымых праектаў.

З павагай,
намеснік дзяржаўнага сакратара А.Тэйкманіс.

Беласток, Польшча

27 лістапада ў Бельску Падляшскім у гарадской ратушы адкрылася выстава твораў сучаснай беларускай графікі са збораў Музею сучаснага выяўленчага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі. Галоўная ідэя выставы - пазнаёміць шырокія колы польскай грамадскасці з глыбокімі традыцыямі і багаццем беларускай мастацкай культуры. На выставе побач з творамі такіх славутых беларускіх майстроў, як М.Басалыга, Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, былі прадстаўлены працы маладых мастакоў усіх стыляў і напрамкаў сучаснага мастацтва нашай краіны.

Выстава праводзіцца ў Бельску Падляшскім невыпадкова. У гэтым горадзе кампактна пражываюць этнічныя беларусы, для якіх нацыянальная культура Беларусі з'яўляецца часткай іх культуры і якія, захоўваючы сваю беларускасць, свае традыцыі, узбагачаюць і памнажаюць агульную беларускую культурную спадчыну.

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічаў намеснік Падляшскага ваяводы Ежы Пул'яновіч, кіраўніцтва горада і павета Бельск Падляшскі, дзеячы культуры, прадстаўнікі грамадскасці Падляшша, кіраўнікі аб'яднанняў беларускай меншасці ў Польшчы, моладзь з беларускамоўных ліцэяў у Бельску Падляшскім і Гайнаўцы, журналісты мясцовых СМІ.

www.mfa.gov.by 2003. 28 ліст.

Прага, Чэхія

10 снежня - Міжнародны дзень правоў чалавека. У гэты дзень сябры "Зьвязу Беларусаў замежжа" ладзяць акцыю каля Беларускай амбасады ў Празе.

www.belabroad.org

Лондан, Англія

22 лістапада ў Лондане ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра адбылася ўрачыстая Акадэмія, прысвечаная 83-м угодкам Слуцкага паўстання, арга-нізаваная Згуртаваннем Беларусаў Вялікай Брытаніі. Перад Акадэміяй айцец Аляксандар Надсан адслужыў паніхіду за ўсіх герояў-воінаў, якія аддалі сваё жыццё за Бацькаўшчыну-Беларусь. Урачыстую акадэмію адкрыла старшыня ЗБВБ спадарыня Лёля Міхалюк. Спадар Мікола Пачкаеў зачытаў вітанні ад Івонкі Сур-віллы, Старшыні Рады БНР, ад беларусаў з Аўстраліі і ад беларусаў з Вялікай Брытаніі, якія не змаглі прысутнічаць на ўрачыстасці. Асаблівасць сёлетняй урачыстасці ў тым, што ў Вялікую Брытанію запрошаныя госці з Беларусі: гісторык і вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў і беларускі бард і журналіст Зміцер Бартосік. Уладзімір Арлоў зрабіў вельмі змястоўны даклад пра Слуцкае паўстанне. Даклад быў асабліва цікавы тым, што падаваў шматлікія мала вядомыя прозвішчы паўстанцаў з розных слаёў насельніцтва Случчыны. Гаспадаром другой часткі Урачыстай акадэміі стаў бард Зміцер Бартосік. Напрыканцы ўрачыстасці ўсе прысутныя адспявалі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Пасля ўрачыстай часткі яшчэ доўгі час за беларускім пачастункам працягвалася сяброўская размова з Уладзімірам Арловым і Зміцерам Бартосікам.

Беларусы Вялікай Брытаніі таксама радыя павіншаваць айца Аляксандра Надсана з 45-мі ўгодкамі ягонага святарства. 23 лістапада 1958 года айцец Аляксандар быў пасвечаны ў святары ў Рыме. Зычым айцу Аляксандру моцнага здароўя і шмат сілаў у ягонай самаахвярнай працы на справу Беларушчыны.

Паводле Ліліі Сазанавец
і Міхася Баяроўскага,
сяброў Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі

Вікторыя, Аўстралія

7 снежня Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі супольна з Парафіяй Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святых Віленскіх Мучанікаў адзначыў 83-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Змагання. Айцец Аляксандар Кулакоўскі адслужыў літургію, і ўсе прысутныя перайшлі ў прыцаркоўную залу, каб належна адзначыць гэты слаўны дзень.

Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі сп. Алег Шнэк прывітаў прысутных і прапанаваў хвілінай цішыні ўшанаваць памяць сп. Паўла Гуза, сп-ні Эміліі Шнэк, сп. Міхася Раецкага і матушкі Вольгі Бурнос.

Сп. Шнэк агучыў дасланыя прывітанні, а сп. Барысевіч прачытаў рэферэт на тэму дня. Сп. Шнэк зрабіў дадатак да рэферата аб сённяшняй сітуацыі ў свеце. Потым сп. Груша прадэкламаваў верш аб Слуцкіх змагарах.

На заканчэнне ўсе стоячы праспявалі Беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Алег Шнэк,
Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі

Лондан, Англія

Беларуская школа ў Лондане працягвае ранейшыя традыцыі адукацыі дзяцей беларускай эміграцыі ў гэтай краіне. Зараз вельмі шмат маладых сем'яў у Лондане і па-за Лонданам. Да школы дзеткі адно аднаго не ведалі. Караліна Мацкевіч два з паловай гады таму прапанавала арганізаваць адзіную ў Англіі беларускую школу ў Лондане, там цяпер і вучыцца яе 6-гадовая дачка Алена. Дзеці гуляюць, спяваюць, вучацца пісаць. Гэта не ёсць фармальнай адукацыяй. Караліна Мацкевіч і Ігар Іваноў спрабуюць навучыць дзяцей элементарным рэчам - некаторым элементам культуры і, безумоўна, гаварыць па-беларуску. Не ўсе дзеці гавораць, а часам і не разумеюць па-беларуску, таму, каб трымаць іх разам, даводзіцца ўсё рабіць вельмі актыўным, з гульнямі, з песнямі, і ў той жа час рабіць усё гэта па-беларуску. І гэта спрацавала вельмі добра. Дзеці добра сябруюць, вельмі ахвотна прыязджаюць на нашыя спатканні. Тут дзеці ўсіх узростаў, старэйшай - 10 гадоў, а малодшаму - 3 гады. Дзеці са школы далучаюцца да жыцця беларускай суполкі ў Лондане, найперш, разам з дарослымі святкуюць нацыянальныя і рэлі-гійныя святы. Самыя вялікія падзеі - Каляды і Купалле. Купалле - гэта ўлюбёны дзень для ўсіх, калі ў садзе Беларускай каталіцкай місіі раскладаецца вогнішча. Дзеткі апранаюцца ў беларускія строі. Пасля ўсе ідуць у парк недалёка, там ёсць рачулка, дзе ўсе пускаюць вянкі. Аднойчы быў смешны выпадак, калі гурт ангельскіх падлеткаў, якія там гулялі, пабачылі беларусаў у строях з вянкамі, са свечкамі і зацікавіліся, што мы далей будзем рабіць. Адзін хлопчык у другога пытаецца: "А што гэта - секта нейкая?" А другі гаворыць: "Сціхні ты, дурань, гэта нацыянальнае свята". Пасля гэтага каментару яны стаялі і з вялікай павагаю сачылі за тым, што рабілі беларусы.

Беларуская школа працуе ў памяшканні Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. Але яна патрабуе дапамогі з боку ўсёй свядомай беларускай эміграцыі ў Ангельшчыне, і асабліва з апошняй хвалі эмігрантаў, якія мусяць клапаціцца пра тое, каб іхнія дзеці не забыліся на сваё паходжанне. Добрым прыкладам ім можа служыць старэйшае пакаленне эмігрантаў, якое далёка не ў лепшых умовах старалася даць сваім дзецям на чужыне беларускую адукацыю. Сучасная беларуская школа ў Лондане стварылася не на пустым месцы. Яна фактычна працягвае справу адукацыі, якую ў 1960-х гадах рабіла школа-інтэрнат, створаная ў гэтых жа будынках Беларускай каталіцкай місіі. Гэта была ўнікальная, адзіная такая беларуская школа ў замежжы, дзе вучыліся дзеці не толькі беларусаў з Англіі, але і з іншых краінаў. Гэта ўсё было на высокім узроўні, выкладчыкамі там былі айцец Германовіч, айцец Гарошка, айцец Надсан. Там былі дзеці з Амерыкі, з Бельгіі, з Нямеччыны. З Нямеччыны, напрыклад, было тры чалавекі - сын Юркі Сянькоўскага, сын спадара Ложкі і сын спадара Гоха. Спадар Гох быў немцам, але так любіў Беларусь, што паслаў свайго сына сюды вучыць беларускую мову і гісторыю. Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі дапамагала ў арганізацыі цяперашняй школы, падтрымлівае яе фінансава і цяпер.

Паводле Радыё "Свабода"

Беларусы Расіі асімілююцца

Этнічныя беларусы ў Расіі па колькасці займаюць 9-е месца сярод 160 нацыянальнасцей, што пражываюць y краіне. Гэта вынікае са звестак перапісу 2002 года. З 145 млн. жыхароў Расіі беларусы складаюць 815 тыс. чалавек. Але ў 1989 годзе ў Pacіi жыло 1.206 тыс. беларусаў.

"Наша Ніва". 2003. 28 ліст.

Помнік Ларысе Геніюш

Першы ў Беларусi помнiк Ларысе Генiюш быў урачыста адкрыты i асвечаны ў суботу ў Зэльве. Помнiк паэтцы ўстаноўлены на пляцы мясцовай Траецкай царквы. Дазвол на яго ўстаноўку даў Мiтрапалiт Мінскi i Слуцкi Фiларэт. Панiхiду па Ларысе Генiюш адслужылi чатыры святары. Асвячаючы помнiк паэтцы айцец Анатоль, сакратар Гарадзенскай епархii сказаў, што жыццё Ларысы Генiюш з'яўляецца сапраўдным прыкладам змагання за веру. "Мы ўсе хацелi б быць падобнымi да яе", - завершыў сваю прамову айцец Анатоль. На адкрыццi помнiка прысутнiчаў Пётр Краўчанка, першы мiнiстр замежных спраў незалежнай Беларусi. Помнiк Ларысе Генiюш быў створаны ў 1991 годзе ўраджэнцам Зэльвы, скульптарам Мiхасём Iньковым. Зэльвенскiя ўлады дванаццаць год не давалi дазвол на яго ўсталяванне ў Зэльве.

Ларыса Генiюш вярнулася са сталiнскiх лагераў у 1956 годзе. Беларускiя ўлады па сённяшнi дзень адмаўляюцца яе рэабiлiтаваць.

pahonia.promedia.by

Кніжная палічка

"Славянская паэзія XX-XXI стст."

Ёмісты том y цёмна-зялёнай вокладцы памерам y 700 старонак. Ha вокладцы надпіс: "Славянская паэзія XX-XXI стст.". У залатой "арцы" - асноўная назва: "З веку ў век". Крыху ніжэй: "Беларуская паэзія". Так вонкава выглядае анталогія беларускай паэзіі, якая выйшла нядаўна ў Маскве ў выдавецтве "Пранат" i стала падзеяй y культурным жыцці дзвюх краін - Paсiі i Беларусі. Выдадзены том пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі i Расіі i Міністэрства культуры РФ y межах святкавання Дня славянскага пісьменства i культуры ў 2003 годзе. A напярэдадні стваральнікамі яго сталі маскоўскі паэт Сяргей Главюк i нашы землякі, якія жывуць y Маскве, пісьменнікі Алесь Кажадуб i Любоў Турбіна. Яны з'яўляюцца ўкладальнікамі тома. Прадмову напісаў В.Купрыянаў.

ЛіМ. 2003. 28 ліст.

"Гісторыкі і ўлада"

На беларускай мове ў перакладзе Лявона Баршчэўскага выйшла з друку грунтоўная манаграфія нямецкага гісторыка Райнэра Лінднэра. Кніга называецца "Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка" і з'яўляецца першым даследваннем узаемадачыненняў гістарычнай навукі і палітыкі ў Беларусі. Аналізуючы шматбаковую сувязь паміж гісторыяй, фармаваннем нацыі і дзяржаўнай палітыкай, аўтар стварае панараму пераменаў у беларускай гістарыяграфіі ад яе станаўлення да нашага часу. Манаграфія нямецкага навукоўца будзе цікавая як гісторыкам, так і палітыкам. Дзяржаўныя кнігарні Беларусі адмаўляюцца прадаваць выданне з тае прычыны, што гісторыя ў ім не скончваецца 1994 годам.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Успаміны пра Мікалая Улашчыка

Інстытут сусветнай літаратуры пры Расійскай акадэміі навук выдаў кнігу, прысвечаную памяці славутага беларускага навукоўца, даследчыка старадаўніх беларускіх летапісаў Мікалая Улашчыка. Кніга называецца "Деревня Вицковщина" і з'яўляецца грунтоўным гісторыка-этнаграфічным нарысам жыцця роднай вёскі М.Улашчыка - Віцькаўшчына. Большая частка кнігі апісвае побыт, святы і звычаі вёскі ў храналагічным прамежку 1880-1917 гадоў. Другая частка складаецца з успамінаў аб Мікалаю Улашчыку вядомых беларускіх і расійскіх навукоўцаў. Прадмову да кнігі напісаў актыўны дзеяч беларускай дыяспары Масквы Аляксей Каўка.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

З нашай пошты

Беласток, Польшча

Цягам апошніх тыдняў здарыліся на Беласточчыне вельмі важныя для нашай самасвядомасці падзеі. Па першай праграме польскага тэлебачання дэманстраваўся дакументальны фільм Агнешкі Арнольд "Герой" пра Рамуальда Райса "Бурага" і ягоны крывавы след, пакінуты сярод беларускага насельніцтва Беласточчыны зімой 1946 года. Упершыню ў агульнапольскім эфіры палякі маглі пачуць не толькі з вуснаў беларусаў, але і падуладных "Бурага", што іхні камандзір паводзіў сябе па-садысцку. Але найбольш уразілі разыходжанні ў ацэнцы ягонай асобы, зробленай жаўнерамі АК з Віленшчыны і падляшскімі "ідэйнымі байцамі". Паводле першых, дзеянні "Бурага" ў дачыненні да нашых продкаў - гэта бандытызм, паводле іншых - "па-геройску" здзейсненая "цывілізацыйная місія". I тых, хто сёння адмаўляе нам права на нашую беларускую грамадска-палітычную прысутнасць, дастаткова сярод палітыкаў розных партый Польшчы.

Фільм пра "Бурага" каментавалі ў беластоцкай радыёперадачы Юркі Ляшчынскага "Пад знакам Пагоні". Славамір Іванюк выказаў спадзяванне, што, нягледзячы на спробы з боку псеўданавукоўцаў, Беластоцкае аддзяленне Інстытута нацыянальнай памяці аб'ектыўна расследуе справу "Бурага". Сумная гістарычная і маральная праўда, вядомая беларусам Польшчы, урэшце прызнаная. I сем'і за-бітых непасрэдна па загадзе "Бурага", і тых, якія загінулі ад рук іншых арганізацый польскага падполля ці звычайных бандыцкіх груп, павінны дачакацца з боку польскага ўрада маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі. "Буры", "Лупашка" і іншыя "змагарныя камандзіры і жаўнеры", якія пераследвалі беларускае насельніц-тва, не павінны быць узорам патрыятычнага выхавання ў Польшчы. Мы ведаем пра выставы, альбомы, вечарыны памяці, помнікі ў гонар гэтых "герояў". Злачынства супраць мірнага беларускага насельніцтва ніколі не павінна падпадаць пад тэрмін даўнасці. I той, хто дапусціўся такіх злачынстваў, заўсёды падлягае пакаранню згодна з міжнародным заканадаўствам, якое падпісала Польшча. Хачу нагадаць, што зараз адбываюцца суды над тымі, хто вінаваты ў этнічных чыстках на Балканах. A тут, у Польшчы, пракурор адмаўляецца ўзбудзіць справу адносна злачынстваў, якія з'яўляюцца генацыдам па эт-нічных прыкметах.

Хачу нагадаць, што, дзякуючы таксама руплівасці журналістаў "Нівы", "Часопіса", беларускіх перадач Беластоцкага радыё i тэлебачання, Радыё "Рацыя" і "Беларускага гістарычнага сшытка", адбудоўвалі мы памяць народу таксама i пра трагічнае мінулае. Можна ўжо зараз уявіць, колькі трэба прысвяціць часу, старанняў i сродкаў, каб да канца высветліць беларуска-польскія суадносіны на Бела-сточчыне пасля вайны. Колькі мусіць мінуць яшчэ часу, каб мы маглі паставіць помнікі i астатнім ахвярам, калі каты перастануць быць героямі, калі ў адносінах да нас, беларусаў, з боку польскіх уладаў пачуем хрысціянскае слова "прабачце".

Яўген Вапа,
Старшыня Беларускага саюзу
ў Польшчы

Мурманск, Расія

Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Аб'яднанне беларусаў Мурманскай вобласці "Радзіма" выказвае шчырую ўдзячнасць за дасыланне інфармацыі аб нашых земляках ва ўсім свеце. Гэтая інфармацыя дае ўяўленне аб жыцці і дзейнасці беларусаў, якія апынуліся па-за межамі сваёй этнічнай Радзімы. Многія ўдзельнікі нашай арганізацыі з вялікай цікаўнасцю знаёмяцца з гэтай інфармацыяй, якая нярэдка досыць бурна абмяркоўваецца. Гэта кажа пра тое, што дзе б ні знаходзіліся беларусы, незалежна ад таго, як яны апынуліся ў тым месцы, - памятаюць і любяць сваю Радзіму, з захапленнем і любоўю даказваюць прыгажосць Беларусі.

Многія выказваюць пажаданне, каб атрымліваць інфармацыю аб беларусах у іншых дзяржавах, якія займаюцца прад-прымальніцкай дзейнасцю, аб магчымасці наладжвання сувязяў і стварэння сумесных прадпрыемстваў, як з асобнымі прадпрымальнікамі, так і з беларускімі арга-нізацыямі. У гэтым зацікаўлена і нашая грамадская арганізацыя, бо з'яўляецца юрыдычнай асобай і мае права займацца камерцыйнай і дабрачыннай дзейнасцю.

У Мурманскай вобласці пражывае 38 тысяч беларусаў. "Радзіма" была створана ў сакавіку 1999 года. Зараз наспела неабходнасць стварэння нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў. Па папярэдніх планах аўтаномія будзе створана ў сакавіку 2004 года.

"Радзіма" наладжвае разнастайныя мерапрыемствы. Асабліва масава быў адзначаны Дзень незалежнасці і вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зараз ідзе падрыхтоўка да 60-годдзя вы-звалення Беларусі ад фашыстаў. У вобласці пражывае 12 беларусаў-ветэранаў. "Радзіма" па магчымасці аказвае ім маральную і матэрыяльную падтрымку, напрыклад, медыцынская і рэабілітацыйная дапамога ў абласной бальніцы. Рэгулярна "Радзіма" аказвае дабрачынную дапамогу беларусам-ветэранам працы, малазабяспечаным і шматдзетным сем'ям. У школе № 25 г. Мурманска арганізаваныя гурткі па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры. Гурткі забяспечаныя падручнікамі. Створаны беларускія гурты мастацкай самадзейнасці, але, на жаль, няма нацыянальных строяў. У абласной бібліятэцы створаны куток беларускай літаратуры. Вядуцца папярэднія перамовы з доктарам гістарычных навук А.Кісялёвым аб стварэнні кнігі пра Кольскі паўвостраў, мэта якой распавесці жыхарам Мурманскай вобласці аб тым, як на гэтай зямлі з'явіліся беларусы, аб найбольш вядомых з іх.

У 1997 годзе выдадзена кніга Памяці рэпрэсаваных на Кольскім паўвостраве. З 1989 па 1996 год было рэабілітавана звыш 6.000 чалавек, з іх больш за 156 - беларусы, 124 чалавекі іншых нацыянальнасцей родам з Беларусі. Адзін са складальнікаў гэтай кнігі, беларус С.Дашчынскі, накіраваў інфармацыю ў сродкі масавай інфармацыі Беларусі.

Эдмунд Вярцінскі,
Старшыня Рады Згуртавання
беларусаў Мурманскай вобл.
"Радзіма"

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

"Рэфармацыя і грамадства. XVI стагоддзе"

29 лістапада ў межах святкавання 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя "Рэфармацыя і грамадства. XVI стагоддзе". Канферэнцыя прайшла ў Міжнародным адукацыйным цэнтры "IBB".

Гэта адно з мерапрыемстваў у вялікім ланцугу значных круглых сталоў, канцэртаў, канферэнцый, сустрэч і публікацый, якія ладзіліся на працягу сыходзячага года Нацыянальным аргкамітэтам па святкаванні юбілею Рэфармацыі на нашых землях.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел 47 навукоўцаў. На канферэнцыі гучалі даклады: доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Грыцкевіча, доктара юрыдычных навук, прафесара Таісіі Доўнар, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча, доктара філасофскіх навук, прафесара Уладзіміра Конана, кандытата гістарычных навук з Беластоцкага ўніверсітэта Алега Латышонка, кандытата гістарычных навук з Беластоцкага ўніверсітэта Мажэны Ледке.

Свае даклады на Канферэнцыю да-слалі прафесары Багуміла Косманава і Марцэлі Косман, абазнаныя даследчыкі гэтага перыяду з Польшчы, Таццяна Бучэль - кіраўнік суполкі "Уздым" з Латвіі. У сувязі з вялікай колькасцю заяўленых удзельнікаў, вядомых і пачынаючых навукоўцаў, праца канферэнцыі ішла па трох секцыях: Гістарычны аспект Рэфармацыі ў Беларусі; Культура Беларусі ХVI ст.; рэлігійна-філасофская думка Рэфармацыі ў Беларусі.

У Канферэнцыі таксама бралі ўдзел і студэнты - пераможцы навуковага конкурсу, абвешчанага Згуртаваннем "Бацькаўшчына" на пачатку 2003 г. - маладыя даслечыкі з Полацку, Гомеля, Баранавічаў, Оршы. Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваныя ў 2004 г. асобнай кнігай.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

100-годдзе Наталлі Арсенневай

27 лістапада ў бібліятэцы Дома літаратара адбылася вечарына, прысвечаная 100-гадоваму юбілею славутай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Наладзілі імпрэзу Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Мерапрыемства наведала такая колькасць людзей, што бібліятэка Дома літаратара не змагла змясціць усіх жадаючых. Праграма вечарыны прадугледжвала чаргаванне тэатральных, публіцыстычных і музычных блокаў. Вечарына пачалася з верша "Малітва" ў выкананні аднаго з ліцэістаў Франака Вячоркі. Далей вершы Наталлі Арсенневай загучалі ў выкананні студэнтаў Беларускага ўніверсітэта культуры. Вёў вечарыну вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін.

Сярод выступоўцаў былі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, пісьменніца Вольга Іпатава, даследчыца творчасці беларускай дыяспары Лідзія Савік, грамадскі і палітычны дзеяч Пётр Краўчанка, паэт Сяргей Панізнік. Пра знаёмства з творчасцю Наталлі Арсенневай і свае вершы, прысвечаныя ёй, прачытала паэтка, журналістка Валянціна Аксак. Большасць выступоўцаў была асабіста знаёма з Наталляй Арсенневай і дзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэч з нашай знакамітай зямлячкай. Вельмі ажывілі вечарыну вершы ў выкананні ліцэістаў - навучэнцаў тэатральнай студыі Нацыянальнага ліцэю імя Я.Коласа пад кіраўніцтвам Сяргея Патаранскага. З песнямі на вершы Наталлі Арсенневай перад прысутнымі выступіў бард Аляксей Галіч. Гімн "Магутны Божа" ў выкананні Аляксея Галіча, які прагучаў напрыканцы вечарыны, падхапіла ўся зала.

На вечарыне скульптар Алесь Шатэрнік прадставіў макет будучай мемарыяльнай дошкі Наталлі Арсенневай. Гэтая праца фундуецца Пятром Краўчанкам. Абмяркоўваліся варыянты размяшчэння барэльефа.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Наталля Арсеннева

Наталля АрсенневаНаталля Аляксееўна Арсеннева - адна з самых таленавітых паэтак беларускай замежнай літаратуры. Нарадзілася ў 1903 г. Вучылася ў Віленскай Першай беларускай гімназіі, дзе на яе сталенне аказалі ўплыў Максім Гарэцкі і Браніслаў Тарашкевіч. Потым вучылася на гуманістычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Друкавалася ў заходне-беларускіх часопісах і газетах.

У 1927 г. у Вільні выйшаў першы зборнік Н.Арсенневай "Пад сінім небам", тады ж была падрыхтавана да друку кніга "Жоўтая восень". Ужо першы зборнік адразу атрымаў самую высокую ацэнку як у Заходняй, так і ў Савецкай Беларусі.

Заходняя Беларусь у 1939 г. далучана да СССР, а Вільню пераўтвараюць у летувіскі горад, зачыняюць усе беларускія выданні. Муж Арсенневай апынуўся ў савецкім засценку. У 1940 г. яе з двума сынамі арыштавалі і саслалі ў Казахстан, пра што пазней былі напісаны ўспаміны "У казахстанскай ссылцы". У 1941 г. намаганнямі Я.Купалы, М.Танка і інш. вярнулася з няволі ў Мінск.

У тым жа 1941 г. прыйшла іншая няволя - фашысцкая. У 1943 г. у Мінскім гарадскім тэатры загінуў ад міны старэйшы сын Наталлі Арсенневай. Н.Арсеннева пісала вершы, перастварала па-беларуску замежных класікаў. У 1944 г. у Мінску выйшаў яе другі зборнік "Сягоння". Друкуюцца ўзнёсла-патрыятычныя вершы, з відавочным аптымістычным настроем: "А ўсё ж будзем жыць", "Жыве Беларусь", "Хай грыміць" і інш.

У 1944 г. Н.Арсеннева з сынам пакідае Мінск: Берлін, Амберг (Баварыя), лагер для перамешчаных асобаў. Урэшце паэтка з сям'ёй пераязджае ў ЗША.

Н.Арсеннева пераклала з нямецкай "Разбіты кубак" Кляйста, дала магчымасць пачуць па-беларуску оперы "Вяселле Фігаро" і "Чарадзейная флейта" Моцарта, "Вольны стралок" Вебера і "Кармэн" Бізэ, а таксама ўсе арыі "Яўгенія Анегіна" Чайкоўскага, лібрэта аперэты Штраўса "Цыганскі барон".

Наталля Арсеннева плённа супрацоўнічала з кампазітарам М.Шчагловым (Куліковіч). Пяру паэткі належаць лібрэта да опер "Лясное возера" і "Усяслаў Чара-дзей", да аперэт "З выраю" і "Купалле", словы да кантаты "Сакавік". Як і словы патрыятычных, гісторыка-патрыятычных, лірычных песень кампазітара М.Шчаглова: "Песня каліноўцаў", "Беларусь, наша Маці-краіна", "У гушчарах" і г.д.

Вялікі збор твораў Н.Арсенневай "Паміж берагамі" выйшаў у Нью-Ёрку - Таронта ў 1979 г. Але сама Наталля Арсеннева з Радзімай і сваімі чытачамі больш не сустрэлася. 1944 г. стаўся годам расстання назаўсёды...

У 1997 г. Наталля Арсеннева пакінула гэты свет.

Ала Сямёнава

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае вялікую падзяку за падтрымку аб'яднання Cтаніславу Шушкевічу (Беларусь), Вользе Іпатавай (Беларусь), Алегу Латышонку (Польшча), Беларускаму гістарычнаму таварыству (Польшча), Антону Сабалеўскаму (Расія)
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by