МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№7(№32)
ліпень
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

15 гадоў Таварыству беларускай мовы імя Ф.Скарыны
Аднаму з найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі – ТБМ імя Ф.Скарыны – споўнілася 15 гадоў. 27 чэрвеня 1989 года адбыўся Устаноўчы з’езд, і ўжо ў верасні таго ж года Прэзідыум Вярхоўнага Савета зарэгістраваў Статут арганізацыі. ТБМ паўстаў дзеля аднаўлення ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нацыянальнай святыні.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе Таварыства беларускай мовы з юбілеем і зычыць плённае працы на ніве беларускага адраджэння.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

75 гадоў Сымону Беламу
26 ліпеня святкуе свой 75-гадовы юбілей сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Сымон Белы. Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас і зычым здароўя і поспехаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

65 гадоў Анатолю Кірвелю
23 ліпеня святкуе свой 65-гадовы юбілей сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Анатоль Кірвель. Анатоль Кірвель – празаік, эсэіст, аўтар кніг “Човен Харона”, “Мармуровы воўк”, “Мёртвы горад”, “Ласінае крэда” і інш. Нарадзіўся ў 1939 г. у вёсцы Вітуніцы Докшыцкага раёна. Жыве ў Санкт-Пецярбурзе (Расія). Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас і зычым здароўя, поспехаў, здзяйснення творчых планаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***
65-гадоваму юбілею пісьменніка цалкам прысвяціла нумар газета піцерскіх беларусаў “Родзічы”. У газеце інтэрв'ю з юбілярам, ягоныя вершы і апавяданні, фотаздымкі розных гадоў і нават малюнкі Анатоля Кірвеля.
Анатоль Крэйдзіч: “У Анатоля Кірвеля літаратурна-філасофскія пошукі нагадваюць вопыты, якія праводзіць, скажам, мікрабіёлаг: бярэ кропельку-імгненне чалавечага жыцця, узбройваецца мікраскопам-інтэлектам, апрацоўвае інфармацыю ў лабараторыі-вобразнасці, а пасля паказвае нам атрыманы вынік: кожнае імгненне мае сваю адметнасць, філасофію, будову і афарбоўку...”
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Зварот да беларусаў Еўропы
Беларуская суполка “Скарына” ў Празе, якая складаецца з новай беларускай эміграцыі ў Чэхіі, працягвае ранейшыя традыцыі беларускай прысутнасці ў гэтай краіне і, найперш, тую асветніцкую і культурную працу, якую вялі ў Чэхіі ў 1923–1943 гг. Рада БНР і беларускае студэнцтва. У міжваенны час Прага была цэнтрам беларускага жыцця ў Еўропе.
Суполка “Скарына” выступае з ініцыятываю аб’яднання беларускай эміграцыі ў Еўропе і правядзення пастаянных сустрэч беларусаў краінаў Еўропы.
Сёння бальшыня краінаў Еўропы аб’ядналася ў адзіную палітычную і эканамічную прастору – Еўрапейскі звяз. Далучэннем у траўні бягучага года да Еўразвязу шэрагу ўсходнееўрапейскіх краінаў, працэс аб’яднання Еўропы наблізіўся да свайго завяршэння. Аднак, па-за межамі аб’яднанай Еўропы ўсё яшчэ застаецца наша Бацькаўшчына – Беларусь, а таксама і іншыя еўрапейскія краіны, дзе жывуць беларусы.
З пашырэннем Еўразвязу знешнепалітычная сітуацыя Беларусі, тым не менш, істотна змянілася, яна стала бліжэйшай суседкаю аб’яднанай Еўропы. Еўразвяз мае цяпер непасрэднае зацікаўленне ў дэмакратызацыі беларускага грамадства.
Беларуская эміграцыя ў Еўропе, якая ў апошні час значна папоўнілася новымі ўцекачамі з Беларусі, таксама мусіць рэагаваць на гэтыя геапалітычныя працэсы – аб’яднацца і працаваць як для далейшага замацавання беларускай прысутнасці па цэлай Еўропе, так і дзеля дапамогі Бацькаўшчыне. Мы маем цяпер значна большыя магчымасці, нас ужо амаль не падзяляюць межы, мы можам звяртацца за падтрымкаю да агульнаеўрапейскіх структур.
Звяртаемся да беларускіх арганізацый у краінах Еўразвязу, а таксама ва Украіне, Расіі і інш. краінах, да асобных беларусаў з прапановаю правесці Першую сустрэчу беларусаў Еўропы ў Празе 28-29 жніўня бягучага года.
Запрашаем да ўдзелу ў справе падрыхтоўкі форуму Раду БНР, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і іншыя зацікаўленыя дэмакратычныя арганізацыі ў Беларусі.
Дзеля падрыхтоўкі форуму Рада суполкі “Скарына” стварыла Арганізацыйны камітэт з удзелам прадстаўнікоў Чэхіі і іншых краінаў.
Адносна фінансавага забеспячэння хацелі б, каб гэта стала нашым агульным клопатам. Наша прапанова, каб удзельнікі маглі прыехаць у Прагу за ўласны кошт, мелі нейкія мінімальныя сродкі на харчаванне, а іх побыт у Празе (жыллё) і арганізацыйныя расходы на сам форум забяспечыць суполка “Скарына”.
Чакаем вашых водгукаў і прапаноў.
Кантакты:
surmach@seznam.cz
innap@mail.ru
Рада Беларускай суполкі “Скарына”

Лондан, Англія
У зале Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра (39, Holden Rd. London N12 8HS) адбыўся 58-мы з’езд Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.
З’езд пачаўся малітваю айца А.Надсана за поспех мерапрыемства. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць сяброў, якія адышлі на той свет. Мандатная камісія ў складзе М.Швэдзюка, Яўсіловіча і С.Будкевіча канстатавала, што кворум ёсць, і прызнала з’езд правамоцным.
У прэзідыум з’езду ўвайшлі М.Швэдзюк, В.Еўдакімаў і М.Пачкаеў. Са справаздачамі выступілі старшыня ўправы Л.Міхалюк, казначэй С.Піткевіч, кіраўнік нагляднай управы М.Швэдзюк. Доўгі час заняла дыскусія па справаздачах. Пасля гэтага адбыліся выбары Галоўнай управы. Старшынёю зноў аднагалосна была выбрана Л.Міхалюк, намеснікам старшыні – М.Пачкаеў, сакратаром-казначэем С.Піткевіч. Старшыня новай управы падзякавала з’езду за такі давер.
Сяброўкі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі прыгатавалі пачастунак.
“Голас Радзімы”. 2004. 15 ліп.

Лондан, Англія
Беларуская каталіцкая місія (Візантыйскага абраду) у Лондане была створана ў 1947 г. для душпастырскай працы для беларусаў, якія апынуліся ў Вялікабрытаніі пасля Другой сусветнай вайны. Місія імкнецца быць часткай духоўнага і нацыянальнага жыцця беларускай супольнасці ў Брытаніі. Важнай часткай дзейнасці місіі з’яўляецца ўтрыманне Беларускага рэлігійна-культурнага цэнтру ў Лондане.
У Лондане набажэнствы па-беларуску адбываюцца штодня ў капліцы святых апосталаў Пятра і Паўла (Marian House, на скрыжаванні Holden Avenue і Holden Road). Вячэрня штодня (акрамя нядзелі) а 6-й вечара. Літургія ў нядзелю а 10.30.
Адрас місіі: Marian House, Holden Avenue, London N12 8HY, England Email: catholic@belarusians.co.uk
У Лондане знаходзіцца Беларуская бібліятэка імя Францыска Скарыны, якая захоўвае найбуйнейшую па-за межамі Беларусі калекцыю беларускіх кніг і перыёдык (у т.л. па-ангельску, па-польску, па-руску, па-нямецку, па-французску і інш.), а таксама ўтрымлівае невялікі музей мапаў, рукапісаў, старадрукаў, манетаў, паштовых марак і прадметаў мастацтва. Звычайна бібліятэка адчыненая штодня, але час наведвання пажадана ўзгадніць з супрацоўнікам бібліятэкі. Aдрас: 37 Holden Road, London N12 8HS, Вялікабрытанія. E-mail: library@skaryna.org Адрас у Беларусі: а/с 18, Мінск-68, 220068.
www.skaryna.org

Брусель, Бельгія
У дзень пачатку працы новага складу Еўрапарламенту, 20 ліпеня 2004 г. у Бруселі беларуская грамада ў Бельгіі правяла акцыю, якая была прымеркавана да 10-годдзя заканчэння “прэзідэнцкага” тэрміну Лукашэнкі. У акцыі прынялі ўдзел актывісты беларускай палітычнай эміграцыі.
Як паведамляюць беларусы Аўстрыі, 21 ліпеня ў Вене адбудзецца пікетаванне беларускай амбасады. Таксама рыхтуюцца да акцыі дыяспары Нямеччыны, Польшчы, Бельгіі, Швецыі, Францыі.
Паводле www.razam.org

Мехелен, Бельгія
У Мехелене, у прэстыжнай арт-студыі “Jorissen” праходзіць выстава “Сучасны жывапіс Беларусі”. Экспазіцыя складаецца з работ сямі сучасных беларускіх мастакоў, якія належаць да розных пакаленняў і накірункаў творчасці. Гэтае мерапрыемства стала чарговым этапам культурнага праекта, які прадугледжвае турнэ работ беларускіх мастакоў па рэгіёнах Бельгіі. Раней выстава дэманстравалася ў Намюры (сталіца рэгіёна Валонія) і Бруселі.
“Народная воля”. 2004. 17 ліп.

Рыга, Латвія
20 чэрвеня ў самым сэрцы Рыгі, у Белай зале дома Латвійскага таварыства ў тры гадзіны дня запаліліся памінальныя свечкі. Запаліліся яны ў гонар Васіля Быкава, беларускага пісьменніка і патрыёта.
Ушанаваць памяць вялікага сына беларускай зямлі прыйшлі не толькі яго землякі. Аддаць даніну павагі Васілю Быкаву сабраліся рускія, украінцы, палякі, татары – сябры таварыстваў з Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (АНКТЛ), у якую ўваходзяць прадстаўнікі звыш 20 суполак. Прыйшлі сталыя людзі, якія добра ведаюць творчасць знакамітага празаіка. Прыйшла моладзь, якая робіць першыя крокі да Быкава. Прыйшлі яго чытачы – творы Быкава перакладзены на 52 мовы, у тым ліку – і на латышскую. У некаторых у руках – кнігі Васіля Уладзіміравіча. Невялікую кніжную выставу наладзілі тут жа, у самой зале. А ў цэнтры – партрэт Васіля Быкава, намаляваны рыжскім мастаком Вячкай Целешам.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся кіраўнікі гэтых арганізацый. Ад імя Міністэрства культуры Латвіі ўдзельнікаў сустрэчы вітаў саветнік міністра культуры Эльвіра Мантрава, ад імя Міністэрства інтэграцыі – яго прадстаўніца Айна Балашка. Прысутнічаў на мерапрыемстве і старшыня Саюза пісьменнікаў Латвіі Яніс Юрканс.
Творы Васіля Бакава сталі неўміручымі. Неўміручай будзе і наша памяць пра чалавека, які быў і застаецца сумленнем беларускай нацыі. Такім быў лейтматыў гэтай сустрэчы, якую распачала яе вядучая, старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак.
Ад самага сэрца ідуць словы прызнання, удзячнасці, павагі. Гучаць яны на латышскай, расейскай, беларускай мовах. У кожнага з выступоўцаў у памяці жыве свой Быкаў.
Васіль Уладзіміравіч зведаў многія выпрабаванні, прыгадвае госць з Мінска, кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол. Каб зразумець подзвіг Быкава, трэба ведаць беларускую рэчаіснасць тых і сённяшніх дзён. Зразумець Быкава, зірнуць на яго вачамі тых, хто быў з ім поплеч... У нейкай меры прысутным дапамагла гэта зрабіць стужка “Дарога дамоў. Рэквіем”, якую прадэманстравалі на сустрэчы. Разважанні і ўспаміны старшыні АНКТЛ, армянскага музыканта, прафесара Раффі Хараджаняна, расійскага пісьменніка Сяргея Жураўлёва, латышскай навукоўцы прафесара Ілзы Апінэ, беларускага мастака Вячкі Целеша...
Не толькі сумам і журботай быў адзначаны гэты дзень памяці. Былі ў ім і светлыя фарбы. У Рызе беларускія дзеці вывучаюць творы народнага пісьменніка, аб гэтым прыгадала дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ. Свой чацвёрты нумар прысвяціў Васілю Быкаву латвійскі часопіс “Даўгава”.
Нараджаюцца вершы, прысвечаныя пісьменніку. Іх на вечарыне памяці чыталі не толькі самадзейныя артысты са “Сьвітанка”. Дружнымі апладысментамі сустрэлі слухачы выступленне паэта Івана Кунцэвіча, які прачытаў свае вершы, прысвечаныя Быкаву. Васількі і рамонкі прынеслі ў той чэрвеньскі дзень да партрэта Васіля Уладзіміравіча яго землякі. Нізкі паклон і светлую ўдзячнасць сусветна вядомаму пісьменніку прынеслі жыхары латвійскай сталіцы.
І светлая туга, і надзвычайная эмацыянальная ўзнёсласць, і духоўная еднасць панавалі ў той дзень у Белай зале... Магчыма таму, што ў той дзень і разам з намі, рыжанамі, была душа Васіля Быкава...
Дзень памяці ладзіўся Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак” у супрацоўніцтве з АНКТЛ і грамадскай арганізацыяй “Адкрытая Беларусь”.
Таццяна Касуха

Вільня, Літва
Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве, амаль у поўным складзе, здзейсніла запланаванае падарожжа па гістарычных мясцінах Беларусі.
Раніцай 26 чэрвеня віленскія беларусы мікрааўтобусам выехалі з Вільні і прыехалі ў сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, дзе нас ветліва сустрэлі сябры “Бацькаўшчыны” на чале са старшынёю Рады Аленай Макоўскай. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, настрой усіх быў вельмі добры. З дапамогай Аляксея Галіча, выдатнага экскурсавода і краязнаўцы, наведалі Маскоўскія могілкі, дзе ўсклалі кветкі на магілу Васіля Быкава. Уся магіла Васіля Быкава патанала ў жывых кветках і вянках, прынесеных народам свайму апосталу. Тут сустрэлі пісьменніка Уладзіміра Някляева і гасцей з Фінляндыі.
На Кальварыйскіх могілках ушанавалі памяць акадэміка Усевалада Ігнатоўскага і іншых выдатных дзеячаў беларускага адраджэння.
Наступны маршрут быў у Курапаты, дзе пакланіліся бязвінным ахвярам бальшавіцкага варварства. Далей шлях ляжаў цераз Барысаў да Бабра – на радзіму вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна, дзе пазнаёміліся з усёй яго раднёю. Сам Алесь у гэты час знаходзіўся на працы ў Міхалішках. Знайсці хату Пушкіна было няцяжка, бо на фасадзе дома лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Мы ў захапленні аглядалі як мастацкія творы А.Пушкіна, так і кожны элемент інтэр’ера дома, што меў непаўторны пушкінскі акцэнт.
Добра адпачыўшы накіраваліся ў Оршу. Тут наведалі музей Уладзіміра Караткевіча, яго прыгожы помнік у гарадскім парку, дом, дзе нарадзіўся У.Караткевіч, і, канешне, сам горад. З Оршы рушылі да Віцебска. Горад Віцебск мае сусветную славу, звязаную з імем Марка Шагала. Агледзелі музей М.Шагала, вельмі прыгожую скульптуру Уладзіміра Караткевіча ў гарадскім парку, шмат пахадзілі па горадзе.
Далей шлях ляжаў у Полацк. У Полацку сустрэліся і бліжэй пазнаёміліся з сям’ёй Алеся Аркуша. Яны міла апекаваліся намі і размясцілі ў сваім, з вялікім густам, адрэстаўраваным доме. Полацк вабіць сваёй гісторыяй, велічнымі царквой і касцёлам. У Спаса-Еўфрасіннеўскім кляштары прыклаліся да мошчаў св. Еўфрасінні Полацкай і выслухалі аповед пра жыццё св. Еўфрасінні.
Далей шлях ляжаў у Паставы і Міхалішкі. У Міхалішках сустрэлі А.Пушкіна, які рэстаўруе іконы ў мясцовым касцёле.
Поўныя прыемных уражанняў і добрага настрою, пасля трох дзён падарожжа вярнуліся ў Вільню.
На жаль, не абышлося без лыжкі дзёгцю. Падводзячы вынікі нашага падарожжа па гарадах і вёсках Беларусі з болем у сэрцы адзначаем пра трагічны стан галоўнага элемента культуры, асновы нацыі – беларускай мовы, якой амаль нідзе не чулі.
Хведар Нюнька,
старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве

Вільня, Літва
У Віленскай беларускай школе адбыўся 10-ты выпуск. Час праляцеў вельмі хутка. Толя Шавыраў і Наталля Бука прайшлі ўсе прыступкі школы з 1 па 12 клас. Яны – гонар і гісторыя беларускай адукацыі ў Вільні. Выпускнікі добра ведаюць некалькі моў: родную, рускую, літоўскую, англійскую.
А Наталля Бука і Алена Базар праславілі нашу школу не толькі ў Літве, а і далёка за яе межамі. Яны напісалі праектную працу “Малым рэкам – вялікую будучыню”, якую прадстаўлялі ў розных краінах свету. У мінулым годзе ў Беларусі і Празе яны занялі другое месца, а сёлета ў Галандыі – першае месца сярод маладых навукоўцаў. Іх запрасілі ў МДУ (Масква), у жніўні паедуць у Стакгольм. Сваю навуковую працу нашы вучні абаранялі на розных мовах: беларускай, літоўскай, англійскай, рускай.
Н.Бука будзе вучыцца ў Мінску ў Сахараўскім універсітэце, атрымае спецыяльнасць эколага, а А.Базар – у Англіі.
У час вучобы дзяўчынкі актыўна займаліся ў школьным хоры “Лянок”, які шмат выступаў у Вільні, гарадах Літвы, у Беларусі і Рызе. На апошнім званку яны атрымалі ў падарунак касеты з выступленнямі хору, фотаздымкі і букецік з ільну. Такі падарунак зрабіла настаўніца музыкі і кіраўнік хору Валянціна Кавальчук. Упэўнена: школу яны будуць успамінаць, як светлыя і радасныя гады, і ў школе іх заўсёды будуць чакаць.
Вось імёны тых, хто склаў гонар 10-га выпуску: Наталля Бука, Алена Базар, Яна Станкевіч, Вольга Фалевіч, Віялета Герасім, Гена Адамовіч, Алег Вяршыла...
Пройдуць гады, магчыма, калі-небудзь у сваіх манаграфіях яны напішуць і пра беларускую віленскую школу імя Ф.Скарыны. У добры шлях!
Леакадзія Мілаш,
настаўніца беларускай школы імя Ф.Скарыны

Белавежа, Польшча
Беларусы ў Польшчы святкавалі ноч Купалы. Гэта найбольш людная і найбольш вядомая імпрэза беларускай нацменшасці. Сёлета Купалле адбылося ў 20-ты раз. Гэты фестываль беларускай культуры на фоне непаўторнай прыроды Белавежскай пушчы штогод прываблівае звыш 10 тыс. народу з усяе Польшчы і не толькі.
“Купалле” ў Белавежы заўсёды адбываецца на пачатку ліпеня. Сёлета забава працягнулася да раніцы. Былі скокі праз вогнішча, вянкі на вадзе, танцы, спевы і пошукі папараць-кветкі. Некалькі адважныx выкупалася ў рацэ Нараўка, каб у ноч Купалы атрымаць магутнасць і віталістычныя сілы. На сцэне белавежскага амфітэатра выступілі звыш дзесяці народных калектываў з Беласточчыны ды госці з Беларусі – фолькавая група „Неруш” з Мінска.
“Купалле” арганізуюць Беларускае грамадска-культурнае таварыства і мясцовыя ўлады Белавежы.
Радыё “Polonia”. 2004. 4 ліп.

Чарамша, Польшча
Ёсць толькі адно такое месца на Падляшшы, якое за два чэрвеньскіх вечары са спакойнай і соннай вёскі пераўтвараецца ў насычаны святочнымі гукамі музычны закуток.
Чарамша, невялікае паселішча ля самай мяжы Беларусі, у якой па ініцыятыве мясцовага гурта “Чарамшына” дзевяты год адбываецца Фальклорная Сустрэча “З вясковага падворку”.
У гэтым годзе арганізатары, як і штогод, зрабілі ўсё, каб гэта была імпрэза паспяховая і на высокім музычным узроўні. І традыцыйна таксама ў гэтым ім шкодзіў дождж, які ў пятнічны вечар змусіў іх перапыніць імпрэзу перад уласным выступам.
У суботнім канцэрце быў рэалізаваны супольны праект разам з беларускім музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам пад назвай “Для Пушчы і Людзей”. І публіка літаральна шалела пад сцэнай у такт мелодыям, надзвычайна насычаных энергетыкай, скандуючы “яшчэ, яшчэ!”
Адбылося мноства імпрэз каляфестывальных. Фальклорныя Сустрэчы з кожным годам штораз збіраюць усё болей і болей аматараў з усёй Польшчы.
“Gazeta Wyborcza”. 2004. 28 чэр.

Гайнаўка, Польшча
У Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы нядаўна былі адкрыты выставы жывапісу і фатаграфій. Жывапісцы паказваюць плён мастацкіх пленэраў у Дубічах-Царкоўных і каля Скупава. Фатографы прадстаўляюць здымкі прыроды Гайнаўшчыны. У калідоры музея на фатаграфіях увекавечаны сёлетнія сустрэчы моладзі з Беларусі і Гайнаўскага павета. На адкрыцці выстаў выступілі фальклорныя калектывы “Ільінская пятніца” з Латвіі, “Кудзьмень” з Мінска і гурт “Ад Познані”, якія раней выступалі ў Музеі малой айчыны Дарафея Фіёніка ў Студзіводах.
У “Слаўконіі” каля Скупава праходзіў мастацкі пленэр з удзелам гайнаўскіх і варшаўскіх мастакоў. Дадаткова прымалі ў ім удзел гімназісты з Нараўкі. Уласнікам маёнтка “Слаўконія” з’яўляецца Славамір Галёнка з Гайнаўкі, які цяпер жыве ў Варшаве. Пленэр знаёміў з трыма жывапіснымі школамі мастакоў з Варшавы, Заходняй Беларусі і Гайнаўшчыны.
“Ніва”. 2004. 4 ліп.

Масква, Расія
Адбылося выязное пасяджэнне экспертнай рады Камітэту культуры Масквы, якая адмовілася зацвердзіць праект помніка Янку Купалу, які плануецца ўсталяваць на Кутузаўскім праспекце расійскай сталіцы. Падставай для гэтага стала нібыта недасканаласць мастацкай часткі праекту. Аднак беларускія адмыслоўцы кажуць пра надуманасць заяваў расійскіх экспертаў і выказваюць думку, што помнік так і не будзе ўсталяваны.
Камісія расійскіх экспертаў на чале з намеснікам галоўнага архітэктара Масквы Юрыем Грыгор’евым працавала ў Мінску 6 ліпеня. Гэткім чынам, адмоўнае рашэнне ў справе зацвярджэння праекту помніка было прынятае напярэдадні 122-й гадавіны з дня нараджэння Янкі Купалы.
Сябра мастацкага савету пры Мінкульце Беларусі, які высока ацаніў працу скульптараў Сяргея і Льва Гумілеўскіх, скульптар Анатоль Арцімовіч гэтаксама трымаецца меркавання, што ўстаноўка помніка класіку беларускай літаратуры ў Маскве адтэрміноўваецца наўмысна.
Паводле спадара Арцімовіча, аналагічны лёс можа напаткаць і помнік Францішку Скарыну, аўтарам якога ён з’яўляецца. Меркавалася, што манумент будзе ўсталяваны ў Калінінградзе пры канцы чэрвеня. Аднак з невядомых прычынаў гэтая падзея была адкладзеная на нявызначаны тэрмін.
Паводле міждзяржаўных дамоўленасцяў, помнік Янку Купалу мусіў быць усталяваны ў Маскве да 120-гадовага юбілею паэта ў якасці падарунка расійскай сталіцы. Гэтага, аднак, не адбылося і да 122-гадавіны нараджэння паэта.
Радыё “Свабода”. 2004. 7 ліп.

Масква, Расія
У ноч з 19 на 20 чэрвеня беларусы Масквы святкавалі Купалле ля возера ў маскоўскім прадмесці Лыткарыно. Святкаванне было арганізавана Беларускім Моладзевым Зямляцтвам. Дажджы, што псавалі надвор’е сталіцы Расіі ўвесь чэрвень, якраз тым вечарам скончыліся і не перашкодзілі нашаму фэсту. Згодна з беларускімі традыцыямі на вогнішчы была спаленая лялька, вадзіліся карагоды вакол вогнішча, спяваліся купальскія песні. Апагеем святкавання было начное купанне самых смелых маладых маскоўскіх беларусаў.
Традыцыйна беларускае Купалле ў Маскве аб’яднала розныя нацыі: у святкаванні ўдзельнічалі нашы сябры – рускія, амерыканцы, аргенцінцы, украінцы, казахі. Ужо некалькі гадоў запар мы на Купаллі знаёмім прадстаўнікоў іншых краінаў з беларускаю культурай і традыцыямі.
Аб нашым свяце зняло рэпартаж расійскае тэлебачанне, яго таксама можна будзе пабачыць на канале АНТ і ў Беларусі.
Алесь Чайчыц

Цюмень, Расія
3 ліпеня сваё 80-годдзе адзначыў Вікулаўскі раён Цюменскай вобласці, дзе з ХІХ ст. жывуць беларускія перасяленцы. З самага ранку ля Дома культуры мітусіліся людзі ў народных строях, аздабляліся нацыянальныя падворкі – рускія, украінскія, казахскія, татарскія, цыганскія, армянскія, эстонскі, фінскія.
Журы адзначыла беларускі падворак (Ермакоўская с/а, кіраўнік адміністрацыі Надзея Аленіч; вёска Ермакі, заснаваная выхадцамі з Магілёўшчыны), дзе ў карчме “Бульбянай” гасцінныя гаспадыні частавалі гасцей дранікамі, калдунамі, галушкамі, шкваркамі з яешняй, а за хатнім ермакоўскім півам пашыхтавалася чарга. Вікулаўцы і госці маглі не толькі сфатаграфавацца ля старой дзіцячай калыскі, але і ўзяць урокі па пляценні.
На падворку гучалі беларускія народныя песні ў выкананні ансамбляў в. Ермакі (мастацкі кіраўнік Н.Вычужаніна) і в. Вікулава (мастацкі кіраўнік В.Міхіенка). Гледачы не маглі ўтрымацца: падпявалі, скакалі. А калі зайграла на скрыпцы юная Вольга Зуева (г. Цюмень), усё сціхла.
Салісты народнага ансамбля АДНК “Будаўнік” г. Цюмені “Лянок” (мастацкі кіраўнік К.Зуева) пазнаёмілі гледачоў з адным з найбольш яркіх і паэтычных абрадаў беларусаў “Купалля”.
Людміла Татарынцава,
начальнік аддзела беларускай культуры
АДНК “Будаўнік”

Уфа, Расія
18 ліпеня 1996 года ў г. Уфе на ўстаноўчай канферэнцыі створана адна з першых у Расіі беларускіх арганізацый: грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурны цэнтр беларусаў Рэспублікі Башкартастан “Спадчына” на правах рэгіянальнай арганізацыі. Мэтай работы беларусы Башкартастана вызначылі папулярызацыю і развіццё беларускай культуры, мовы і традыцый сярод грамадзян рэспублікі. Знайсці нас можна па адрасе: 450000, г. Уфа, вул. Леніна, 56, Дом народаў Рэспублікі Башкартастан. Тэлефоны: (3472) 23-03-47, 22-04-54.
Адной з асноўных задач Цэнтра з’яўляецца адстойванне правоў беларускага насельніцтва Башкартастана (да 15.000 чалавек). Сябрамі арганізацыі могуць быць фізічныя асобы, якія цікавяцца беларускай культурай і мовай, юрыдычныя асобы, якія выказваюць жаданне садзейнічаць Цэнтру.
Узмацнілася цікаваць сярод беларусаў да гісторыі і культуры свайго народа. Павялічылася колькасць дасведчаных у беларускай мове, дзякуючы адкрыццю беларускіх школаў у месцах кампактнага пражывання. Выкарыстоўваючы падручнікі і метадычныя дапаможнікі з Беларусі, асабліва па народнай культуры і фальклору, пачалі наладжвацца беларускія святы, часцейшым стаў удзел у нацыянальных выставах, вывучаецца гісторыя беларускіх паселішчаў у Башкартастане, ствараецца музей пасяленцаў у вёсцы Будзёны. Беларусы зразумелі, што неабходна сур’ёзна змагацца за выжыванне, аб’ядноўваючыся і ствараючы для гэтага абавязковую ў такіх выпадках інфраструктуру.
НКЦ “Спадчына” распрацаваў і рэалізуе Праграму захавання і развіцця беларускай грамады Башкартастана, якая ўключае два этапы. Да 2005 года ствараецца падмурак для развіцця культуры, адукацыі і сацыяльнага ўладкавання грамады, падрыхтоўка кадраў для вырашэння гэтых задач. Да 2025 года разгортваецца ўладкаванне месцаў яе кампактнага пражывання ў сацыяльна-эканамічнай і культурна-адукацыйнай сферах. Праграма прадугледжвае прыцягнення беларусаў да працэсу нацыянальнага самаразвіцця, аднаўлення традыцый, прагрэсіўных формаў гаспадарання і грамадскага жыцця. Для гэтага вырашаюцца задачы захавання культуры, развіцця адукацыйных цэнтраў на беларускай мове як на роднай, сацыяльна-палітычнай кансалідацыі беларусаў і далучэння да дзяржаўнага жыцця Башкартастана.
belros.ru

Нью-Ёрк, ЗША
1 ліпеня 2004 года ў Пастаянным прадстаўніцтве Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адбыўся дзяржаўны прыём з нагоды Дня Рэспублікі і 60-годдзя вызвалення краіны.
На мерапрыемстве прысутнічалі больш як 220 гасцей, у тым ліку Старшыня 58-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Дж.Хант, кіраўнікі дыпламатычных місій, кіраўнікі розных дэпартаментаў Сакратарыята ААН, прадстаўнікі дзелавых і грамадскіх колаў Нью-Ёрка, СМІ, ветэраны вайны, беларуская дыяспара.
www.mfa.gov.by


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Навіны на сайце “Бацькаўшчыны”
На сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (zbsb.org) з’явіліся новыя раздзелы, прысвечаныя беларускай эміграцыі. Гэта галерэя славутых дзеячаў, якая будзе паступова папаўняцца, і раздзел “Нашы могілкі”, у якім утрымліваецца інфармацыя пра беларускія помнікі за мяжой і месцы пахавання прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Акрамя гэтага на ZBSB.ORG ёсць спасылкі на сайты асяродкаў беларускай дыяспары з 16 краін свету, а таксама інфармацыя пра беларускія сродкі масавай інфармацыі за мяжой – газеты, часопісы, бюлетэні.
У раздзеле “Наша Беларусь” можна атрымаць разгалінаваную даведачную інфармацыю пра нашую краіну для яе наведвальнікаў: карта Беларусі, надвор’е, абмен валют, месцы адпачынку і турызму, расклад цягнікоў, самалётаў, пасажырскія аўтаперавозкі, сетка мінскіх бібліятэк, галерэі беларускіх фатографаў, рынак нерухомасці, бізнес-каталог Беларусі, даведкі Мінска, сайты беларускіх гарадоў.
На сайце ZBSB.ORG можна таксама пазнаёміцца з дзейнасцю Згуртавання “Бацькаўшчына”, яе мэтамі, задачамі, структурай і апошнімі навінамі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нашае заканадаўства

Папраўкі да закона аб замежных грамадзянах
Папраўкі ў закон “Аб прававым палажэнні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, якія Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі рыхтуе да прыняцця ў другім чытанні на асенняй сесіі, прадугледжваюць увядзенне міграцыйных карт для замежнікаў.
Штогод мяркуецца выдаваць каля 5 млн. міграцыйных карт. Замежнік мусіць запаўняць такую карту пры ўездзе ў краіну і разам з дакументам для выезду за мяжу паказваць афіцыйнай асобе памежных войскаў на пункце пропуска праз дзяржаўную мяжу. Як адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Леанід Глухоўскі, праект таксама прадугледжвае стварэнне цэнтралізаванага банка дадзеных, што дапаможа ажыццявіць неабходны кантроль над міграцыйнымі працэсамі.
Пры распрацоўцы законапраекту ўлічваліся змены ў міжнароднай міграцыйнай палітыцы ў сувязі з тэрарыстычнымі актамі 11 верасня 2001 года. Запрапанаваная рэдакцыя закона юрыдычна замацоўвае правы і абавязкі замежнікаў, усталёўвае тры рэжымы знаходжання на тэрыторыі Беларусі: часовае – да 90 дзён на год, пастаяннае – з атрыманнем віду на жыхарства, пражыванне да аднаго года.
www.afn.by

Ад рэдакцыі: На жаль, сярод паправак, якія будзе абмяркоўваць Палата, нічога не гаворыцца пра беларусаў, якія да гэтага часу залічваюцца да чужынцаў і, сустракаючыся са сваёй Радзімай, вымушаны праходзіць прыніжаючыя іх працэдуры рэгістрацыі, усталяваныя для “замежнікаў і асоб без грамадзянства”.
Цікава, што “Бацькаўшчына” звярталася ва ўладныя органы з прапановамі вылучэння беларусаў сярод замежнікаў і стварэння для іх спрыяльных ўмоў пры прыездзе ў краіну яшчэ ў 2001 г., адразу пасля Трэцяга з’езду беларусаў свету.

***
У пачатку чэрвеня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” чарговы раз звярнулася ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ніжэй падаем адказ на наш запыт:

“Аб прадстаўленні інфармацыі
У адпаведнасці з запытам аб прадстаўленні інфармацыі па пэўных пытаннях узаемадзеяння з беларусамі замежжа Камітэт паведамляе наступнае.
Нагадваем, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” не можа, як гэта выкладзена ў вашым лісце, “прадстаўляць інтарэсы не ўласна аб’яднання, а значнай колькасці суполак беларускай дыяспары”, паколькі артыкулам 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” прадугледжана, што яны прадстаўляюць і абараняюць правы і інтарэсы толькі сваіх членаў. Статут МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” таксама не можа прадугледжваць такія палажэнні, як сцвярджаецца ў вашым лісце, бо гэта супярэчыць дзеючаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Таксама нагадваем, што прадстаўнікі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” былі ўключаны ў склад рабочай групы па падрыхтоўцы праекту закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой” па прапанове Камітэта. Яны прысутнічалі на ўсіх пасяджэннях рабочай групы, валодаюць усёй магчымай інфармацыяй адносна палажэнняў дадзенага законапраекту і могуць у поўным аб’ёме самастойна вызначыць, якія прапановы і пажаданні ўдзельнікаў трох з’ездаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” былі ўлічаны пры яго падрыхтоўцы. Канчатковы варыянт гэтага законапраекту знаходзіцца ў Нацыянальным цэнтры законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў з’яўляўся распрацоўшчыкам і арганізатарам працы рабочай групы па падрыхтоўцы праекту закона.
Паведамляем, што ў сувязі з адсутнасцю ўзгаднення зацікаўленымі канчатковага праекту Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” просьба МГА “ЗБС Бацькаўшчына” аб прадстаўленні тэксту праграмы не можа быць задаволена.
Старшыня Камітэта С.І.Буко”

Ад рэдакцыі: Паведамляем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сапраўды ў адпаведнасці са статутам прадстаўляе інтарэсы толькі сяброў сваёй арганізацыі. І сёння ў адзін толькі кіруючы орган “Бацькаўшчыны” – Вялікую Раду – уваходзяць 72 кіраўнікі беларускіх арганізацый з 16 краін свету.
“Бацькаўшчына” сапраўды была сябрам Рабочай групы і выйшла з шэрагам прапаноў да законапраекту, распрацаваных юрыдычнай камісіяй аб’яднання. Яшчэ ў 2002 г. “Бацькаўшчына” звярнулася ў Цэнтр законапраектнай дзейнасці з просьбай прадставіць канчатковы варыянт законапраекту, але атрымала па тэлефоне адказ, што законапраект знаходзіцца ў Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, а дакладна – у Камітэце па справах рэлігій. Менавіта гэтым і тлумачацца шматлікія звароты аб’яднання да гэтых структур.
Таксама нагадваем, што праект дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” быў распрацаваны Камітэтам яшчэ ў 2002 г. Спадзяемся, што 2-х гадовае ўзгадненне праграмы з “усімі зацікаўленымі асобамі” ўсё ж скончыцца неўзабаве прыняццем праграмы.

ЛІПЕНЬ У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

***
У ліпені нарадзіліся Марк Шагал і Янка Купала. Угодкі М.Шагала і Я.Купалы ў Віцебску ўпершыню святкаваліся разам. У дзень народзінаў сусветна вядомага мастака ў Віцебску штогод праводзяцца міжнародныя Шагалаўскія дні. Cёлета замежныя госці былі ўражаныя тым, што, аказваецца, у адзін дзень са знакамітым Шагалам нарадзіўся і слынны беларускі пясняр Янка Купала, угодкі якога дагэтуль у Віцебску не адзначалі.
Ініцыятыва адзначаць у Віцебску ўгодкі Янкі Купалы належыць тутэйшаму паэту Барысу Беляжэнку. Дагэтуль хіба толькі ў Ляўках, на Аршаншчыне, праводзілася мясцовае літаратурнае свята, прычым галоўныя высілкі кіраўніцтва горада ды вобласці былі скіраваныя не на яго, а на штогадовую падрыхтоўку да “Славянскага базару”.

***
15 ліпеня 1410 года супольныя беларускія і польскія войскі ў жорсткай бітве пад Грунвальдам разграмілі рыцараў Тэўтонскага ордэну. Пасля бітвы пераможцы падышлі да сталіцы Тэўтонскага ордэну гораду Мальбарк і асадзілі яго. Гэтая перамога спыніла крывавыя набегі тэўтонскіх рыцараў на Беларусь, Літву і Польшчу і ўмацавала міжнародны прэстыж Вялікага Княства Літоўскага.
Пераможная бітва галоўных сілаў Вялікага Княства Літоўскага ды Польскага Каралеўства з Тэўтонскім Ордэнам – найбуйнейшая бітва Сярэднявечча. Бальшыню войска Вітаўта Вялікага складалі беларусы. І хоць афіцыйны Мінск звычайна не адзначае гадавіну Грунвальдскай бітвы, лепшыя прадстаўнікі беларускіх рыцарскіх клубаў шмат гадоў запар па традыцыі ездзілі гэтымі днямі ў Польшчу і ўдзельнічалі ў грандыёзных святкаваннях. У гэтым годзе больш за дзве з паловаю сотні рыцараў з Беларусі накіраваліся ў мястэчка Грунвальд, што ў перакладзе з нямецкай азначае “Зялёны гай”. Толькі з Мінска адправілася 5 аўтобусаў з рыцарамі. Паехалі таксама прадстаўнікі Гродна, Брэста, Полацка, Ліды. Усе яны – прадстаўнікі канфедэрацыі “Рыцары Вялікага Княства”.
***

У часе Паўночнай вайны Рэч Паспалітая заключыла саюз з Расіяй супраць Швецыі. У 1705 г. маскоўскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі. 11 ліпеня 1705 г. падчас п’янага разгулу ў Полацку цар Пётр І увайшоў у полацкую катэдру св. Сафіі. У гэты час там малілася шасцёра святароў і манахаў. Цар перарваў набажэнства і пачаў збіваць айца-вікара Канстанціна Зайкоўскага. Зваліўшы яго з ног, Пётр працяў яго шабляй. Царскія паплечнікі таксама накінуліся на Божых служак. Меншыкаў адразу засёк палашом прапаведніка Тэафана Кульбячынскага, затым былі засечаныя рэгент саборнага хору Якуб Кнышэвіч і айцы Язэп Анкудовіч і Мялет Кандратовіч.
Састарэлага архімандрыта Якуба Кізікоўскага забралі ў вайсковы табар і ўсю ноч катавала, спрабуючы даведацца, дзе схаваны царкоўны скарб. Нараніцу яго разам з параненым а. К.Зайкоўскім павесілі. З шасці пакутнікаў уратаваўся толькі а. Язэп Анкудовіч, якога палічылі забітым.
Целы па загадзе цара былі спаленыя і расцярушаныя над Дзвіною, каб іхнія магілы не сталі месцам паломніцтва. Святая Сафія і манастыр былі аддадзеныя на рабаванне салдатам, якія абчысцілі іх дашчэнту. Саму старажытную царкву зачынілі і пераўтварылі ў вайсковы склад, дзе трымалі амуніцыю і коней. Пры адыходзе войскаў з Полацка св. Сафію ўзарвалі, але Бог захаваў яе ад поўнага разбурэння.


КНІЖНАЯ ПАЛІЦА

“Мая Радзіма”
У Новасібірску выйшаў з друку зборнік вершаў беларускіх аўтараў з Сібіры, які прысвечаны 60-годдзю вызвалення Беларусі. Назва зборніку – “Мая Радзіма”. На адным баку вокладкі – сібірскі краявід, на другой – буслы, сімвал Беларусі. Вершы на дзвюх мовах – рускай, якая стала роднай, і на беларускай – мове продкаў. Аўтары – людзі розных пакаленняў, але ўвесь зборнік насычаны любоўю да гістарычнай Радзімы, да Беларусі, і да Расіі.
Побач з імёнамі паэтаў-прафесіяналаў – сябра Саюза пісьменнікаў Расіі Галіны Шпак і прафесара, доктара філасофскіх навук, аўтара 12-ці паэтычных зборнікаў Аляксандра Арэхоўскага, – імёны тых, хто піша “ад душы”, але чые вершы не менш моцныя.
Дзяцінства Галіны Шпак, зараз супрацоўніцы газеты “Навука ў Сібіры” прайшло ў Новасібірску, куды была эвакуіравана сям’я. Бацька, лётчык, не вярнуўся з вайны, загінула мноства сваякоў. “Связать, скрутить разорванную нить”, знайсці свае вытокі – у гэтым бачыць сваё прызначэнне паэтэса. Праз шмат гадоў здолела яна пабываць у месцы свайго нараджэння – у Чэрвені Мінскай вобласці.
Аляксандр Арэхоўскі, таксама дзіця вайны, асэнсоўвае лёс беларуса, які апынуўся ў Сібіры.
Ураджэнец Магілёўскай вобласці, выпуснік Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Ленінградскай ваеннай акадэміі сувязі Уладзімір Сілін большую частку сваіх вершаваных радкоў прысвяціў сустрэчам з роднай Беларуссю, якую ўжо нячаста ўдаецца наведваць. Але ўжо абсалютна іншыя інтанацыі ў зусім юнага аўтара – дачкі Уладзіміра Сіліна Алены.
Карэнную мінчанку Наталлю Соммер, студэнтку Новасібірскага каледжа, хвалюе пытанне анкеты: “ці лічыце вы рускую сваёю роднай мовай?” Памеркаваўшы, аўтар рашуча адказвае: “Не! Тая мова, на якой я гэты верш пішу!”
Зборнік змяшчае таксама вершы Мікалая Семакова, Валянціна Бурава, Людмілы Шчаслівенкі, Галіны Лістапад, Марты Зорыч і інш.
Дзень сённяшні і гады мінулыя, гонар за продкаў, боль за тых, хто не вярнуўся з вайны, генетычная памяць аб сваёй гістарычнай Радзіме – Беларусі – змест зборніка “Мая Радзіма”.
Зборнік выдадзены ў Новасібірску Беларускім культурна-асветным цэнтрам імя Еўфрасінні Полацкай, у гонар якой тут пабудаваны храм.
Людміла Бяляўская,
віцэ-прэзідэнт Новасібірскай рэгіянальнай аўтаноміі беларусаў


Новы нумар “Часопіса”
З’явіўся новы нумар беластоцкага штомесячніка “Часопіс” (ліпень-жнівень). У нумары між іншым:
- Юрка Хмялеўскі пра вынікі выбараў у Еўрапарламент;
- Славамір Іванюк пра адносіны польскіх палітычных элітаў да нацыянальных меншасцяў;
- Сакрат Яновіч пра Фестываль Беларускае Культуры ў Вроцлаве.
У вакацыйным “Часопісе” знойдзеце таксама размову з Тамашам Саевічам – ваенным карэспандэнтам Польскага Радыё ў Іраку. Журналіст “Часопіса” цікавіўся між іншым, ці беларускае паходжанне не перашкаджала Тамашу працаваць у Іраку. У вакацыйным “Часопісе” ёсць таксама рэцэнзія скандальнай кнігі Марты Пінскай “Беларуска” і цікавы артыкул пра беларускі рок.
Пачытаць часопіс можна ў сеціве Інтэрнэт на сайце Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі KAMUNIKAT
kamunikat.net.iig.pl
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Ніва”
У Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. У нумары – шмат цікавых публікацый аб жыцці тамтэйшай беларускай грамады.
На першай паласе “Ніва” распавядае пра тое, што апошнім часам дзеці са школ Беласточчыны, якія вывучаюць беларускую мову, сталі ў сваіх школах аднымі з найлепшых вучняў. Таму сярод бацькоў у польска-беларускіх сем’ях расце зацікаўленасць заняткамі па беларускай мове. Сёлета ў пачатковай школе № 4 у Беластоку беларускую мову будуць вывучаць ужо 50 дзетак, а ў гімназіі № 7 – 20. Рэкордная колькасць дзетак будзе сёлета і ў беларускім дзіцячым садку – таксама каля 50-ці.
“Нашы дзеці – найлепшыя ў школах. Яны і іхнія бацькі атрымліваюць цягам навучальнага года шмат узнагародаў за ўдзел у беларускіх імпрэзах, за працу на карысць школы”, – піша журналістка “Нівы” Ганна Кандрацюк.
У матэрыяле “Фестываль пойдзе наперад” карэспандэнт тыднёвіка гутарыць з Ілонай Карпюк – старшынёй Беларускага аб’яднання студэнтаў, якое ўжо 15 раз запар ладзіць у польскім Гарадку фэст музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Заяўкі на ўдзел у Басовішчы падалі 25 гуртоў з Беларусі і Польшчы.
“Ніва” распавядае таксама пра знанага лётчыка, генерала польскага войска Міхася Полеха, які нарадзіўся ў беларускай вёсцы Аднога, што на Беласточчыне. Спадар Полех зрабіў добрую кар’еру, быў намеснікам камандуючага польскай авіяцыяй. Памёр ён пяць гадоў таму. “Тым не менш, Міхась застаўся добрым сябрам і, будучы ўжо генералам, ніколі не цураўся роднай мовы і са сваімі землякамі заўсёды гаварыў па-нашаму”, – успамінае аўтар артыкула Віктар Бура.
Радыё “Свабода”. 2004. 1 ліп.


Да беларускіх аўтараў
“Беларускія Аўтары” (http://autary.iig.pl) – новы праект Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі КАМУНІКАТ. “Беларускія Аўтары” – гэта магчымасць бясплатнага размяшчэння Вашых навуковых публікацый ці літаратурнай творчасці.
Дзеля гэтага патрэбна Вашая біяграма, здымак, спіс важнейшых публікацый і гэтыя ж публікацыі (кнігі, артыкулы, выступленні на канферэнцыях) у электронным варыянце. З усяго гэтага атрымаецца Вашая старонка з прыкладным адрасам: http://autary.iig.pl/прозвішча_аўтара
Калі Вы зацікаўленыя такой формай прэзентацыі сваёй навуковай ці літаратурнай працы на сайце “Беларускія Аўтары”, пішыце на адрас:
autary@iig.pl
kamunikat.net.iig.pl


ВЕСТКІ

***
Як паведамілі ў Міністэрстве эканомікі, за першае паўгоддзе 2004 года колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарацілася на 2,5 тысячы і склала па стану на 1 ліпеня 186,2 тысячы. Разам з тым, па дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, сума падатковых паступленняў за гэты перыяд павялічылася на 28,9%.
www.afn.by/news

***
Калі летась падатковыя службы хваліліся, што здолелі легалізаваць блізу 200 мільянераў, то па выніках сёлетняй справаздачы ўсе гэтыя багатыры кудысьці зніклі. Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ў Беларусі рэальна можа быць паўтысячы доларавых мільянераў, але з адным істотным удакладненнем – падпольных. Мільянер у Беларусі – далёка не самая бясспрэчная фігура. Калі трэба плаціць 30% ад прыбыткаў, то лепей гэтыя грошы зарабіць у Расіі і заплаціць там 13%. Таму куды лягчэй стаць рэзідэнтам расійскай падатковай сістэмы, альбо зусім сысці ў “нікуды” – умоўна кажучы, у Занзібар ці Гандурас.
Радыё “Свабода”. 2004. 1 ліп.


Вакол Закона пра КГБ

***
Палата прадстаўнікоў Беларусі ў апошні дзень сесіі прыняла ў першым чытанні закон “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”. Гэта – не першая версія закона аб КГБ: такі закон у 1993 годзе прыняў Вярхоўны Савет ХІІ склікання. Тады дэпутатам апазіцыі БНФ удалося заблакаваць шэраг палажэнняў, якія надавалі КГБ надзвычайныя функцыі. Супраць цяперашняга законапраекту прагаласавалі толькі тры дэпутаты.
Адзначым, што закон пакуль не дзейнічае – ён прыняты ў першым чытанні.
Паводле новага законапраекту, супрацоўнікі КГБ маюць права ўзломваць дзверы без санкцыі пракурора – гэтую санкцыю “чэкісты” могуць атрымаць пазней, на працягу дваццаці чатырох гадзінаў. Прычым тычыцца гэта не толькі памяшканняў, якія належаць грамадзянам Беларусі альбо беларускім установам і арганізацыям. Паводле артыкула 14 Закона, супрацоўнікі КГБ могуць пранікаць у службовыя памяшканні замежных дзяржаваў, якія вядуць выведку і могуць нанесці шкоду інтарэсам бяспекі Беларусі. Крытэрыі гэтай шкоды, натуральна, будзе вызначаць сам КГБ.
У Латвіі дэпутаты парламенту прагаласавалі за тое, каб працягнуць яшчэ на дзесяць гадоў у дачыненні да агентаў КГБ забарону займаць пасады ў дзяржаўных органах. Паводле латышскага закона, усе архівы КГБ будуць рассакрэчаныя.
У Беларусі грыф “сакрэтна” застаецца на большасці спраў нават 70-гадовай даўніны, у тым ліку і перыяду рэпрэсіяў 30-50 гадоў. Да гэтага часу КГБ не абнародавала ніводнага прозвішча тых, хто расстрэльваў людзей у Курапатах.
Радыё “Свабода”. 2004. 1 ліп.

***
Беларускае КГБ будзе мець права ўводзіць сэксота – свайго тайнага агента – у кожную прыватную і дзяржаўную фірму, беларускую ці замежную, якая дзейнічае на тэрыторыі краю.
Трапіць за краты паводле закона можна будзе за размовы пра метады і мэты працы тайных агентаў. Старшыня КГБ Беларусі Леанід Ерын паведаміў, што існуе практыка галоснай і негалоснай працы спецслужбаў у розных дзяржаўных арганізацыях. Галосна – гэта калі кіраўнік ведае пра супрацоўніка спецслужб і ягоных задачах, негалосна – гэта калі кіраўнік прадпрыемства не ведае аб прысутнасці ў ягонай структуры такога чалавека.
Беларускае КГБ з энтузіязмам усталёўвае савецкія традыцыі. Камітэт адбудоўвае фамільную сядзібу Фелікса Дзяржынскага. Тут, дзе вырас першы гаспадар Лубянкі, шэф чэкістаў, уступаючыя на службу агенты КГБ – яўныя і тайныя – прымаюць прысягу.
“Gazeta Wyborcza”. 2004. 6 ліп.


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ

100-я ўгодкі “Славацкай Нестаркі”
26 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Людмілы Краскоўскай – “Нестаркі славацкай археалогіі і нумізматыкі”.
Па шэрагу прычын імя Л.Краскоўскай на сённяшні дзень застаецца вядомай толькі вузкаму колу спецыялістаў, як правіла, тым, хто займаўся ці займаецца пытаннямі беларускай эміграцыі ў Празе.
Нарадзілася Людміла Краскоўская ў Вільні, вучылася ў гімназіях у розных гарадах былой Расійскай імперыі. У часы асабліва моцных грамадскіх завірух вучоба праходзіла, у асноўным, похабкам, бо сям’я вымушана была пераязджаць з месца на месца, ратуючыся ад вайны і едучы ўслед за месцамі бацькавага службовага прызначэння. Поўная сярэдняя адукацыя была атрымана ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, дзе бацька, Іван Ігнатавіч Краскоўскі, працаваў дырэктарам у 1922–1925 гг. Далей вучоба працягвалася (да 1929 г.) на філасофскім факультэце Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Л.Краскоўская вывучала археалогію і гісторыю мастацтва. Тут у 1930 годзе яна абараніла дактарат філасофіі “Заходнія ўплывы ў архітэктуры Х–ХІІІ стагоддзяў у ўсходніх славян”. Адначасова праходзіла навучанне на літаратурна-гістарычным аддзяленні Украінскага педагагічнага інстытута ў Празе. У 1929–1931 гг. Л.Краскоўская працавала ў якасці навуковага супрацоўніка ў Археалагічным аддзеле Нацыянальнага музея ў Празе. У 1931 годзе – кустодка ў Славацкім краязнаўчым музеі ў Браціславе (цяпер – Славацкі нацыянальны музей). У гэтай установе і прайшло ўсё яе працоўнае жыццё (1931–1988 гг.).
Л.Краскоўская стала першай у Чэхаславакіі жанчынай – кандыдатам гістарычных навук (1961).
Плёнам навуковай працы сталі больш як 50 археалагічных раскопак. Л.Краскоўская – аўтар каля 270 артыкулаў у галіне археалогіі, нумізматыкі, музейнай справы, 2 кніг па археалогіі, якія выйшлі ў Славакіі. 2 кнігі былі выдадзены на англійскай мове Оксфардскім універсітэтам. Прызнаная даследчыца была членам шэрагу навуковых і рэдакцыйных рад, розных камісій, брала ўдзел ва ўсіх археалагічных і нумізматычных канферэнцыях у Чэхаславакіі, у міжнародных археалагічных канферэнцыях у Польшчы, Венгрыі, Германіі. Сярод узнагарод, якімі ўганаравала Славакія нястомную руплівіцу навукі, – прэміі імя Андрэя Кмета (1969), імя Войцеха Будзінскага-Крычку (1996), ганаровыя званні “Будаўнік Браціславы” (1975), “Заслужаны работнік культуры” (1996).
Узаемадачыненні Людмілы Краскоўскай, вядомага славацкага археолага, нумізмата, рупліўца музейнай справы, педагога з навукоўцамі Беларусі маюць сваю даволі працяглую гісторыю. У шэрагу суразмоўцаў Л.Краскоўскай у ліставанні варта прыгадаць С.Александровіча, У.Калесніка, Г.Каханоўскага, С.Панізніка і інш. У асноўным перапіска з вядучымі даследчыкамі-літаратуразнаўцамі і гісторыкамі датычылася раскрыцця і асэнсавання дзейнасці беларускага студэнцкага культурнага асяродка ў Празе ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя.
Маё асабістае завочнае знаёмства з Людмілай Краскоўскай пачыналася з Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Па першапачатковых планах экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, павінна была быць створана не толькі на другім, але і на першым паверсе аддадзенага пад музей будынка. На плануемай экспазіцыі, якая мела рабочую назву “Багдановіч і сучаснасць”, думалася прадставіць матэрыялы аб багдановічаўскай традыцыі ў беларускай літаратуры. Як ужо стала няпісаным правілам, першае месца сярод паэтычных спадкаемцаў песняра чыстай красы займае У.Жылка. Музейшчыкамі назапашваліся матэрыялы пра жыццё і творчасць паэта, многія з іх і на сённяшні дзень яшчэ не ўвасобіліся ў публікацыі, належным чынам не спрацавалі на асвятленне няпростага і трагічнага жыццёвага шляху песняра.
У свой час беларускім даследчыкам У.Калеснікам для аўтараў экспазіцыі была падказана рэальная магчымасць знайсці што-небудзь новае пра Жылку – быў перададзены адрас Людмілы Краскоўскай у Славакіі. У.Жылку з сям’ёй Краскоўскіх звязвалі самыя цесныя сувязі: і падчас вучобы ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, і пад час жыцця ў савецкім Мінску, не перарывалася цёплае ліставанне.
Калега з Браціславы ласкава адгукнулася на першыя просьбы музейшчыкаў, завязалася трывалая перапіска. Л.Краскоўская дасылала музею новыя матэрыялы, удакладняла імёны людзей на адшуканых фотаздымках, асвятляла абставіны студэнцкага жыцця ў Празе, рупілася пра тое, каб музей Багдановіча займеў свае стасункі з літаратурнымі музеямі Славакіі.
Адносна паэта з-пад пяра Краскоўскай выйшла ўсяго некалькі старонак пад назвай “З успамінак пра Уладзімера Жылку”. Інфармацыі гэтыя ўспаміны ўтрымліваюць няшмат, адчуваецца асцярога аўтара перад суб’ектыўнасцю ацэнак.
У 1997 годзе Людмілу Краскоўскую наведаў паэт, укладальнік “Выбраных твораў” У.Жылкі Міхась Скобла.
Багаты жыццёвы вопыт, вынікі кантактаў з многімі навукоўцамі, дзеячамі культуры славянскага свету аселі змястоўным архівам у кватэры Л.Краскоўскай. Многае ў ім яшчэ не расчытана, не сістэматызавана. Але сёння ўзрастае цікавасць у Славакіі, Украіне, Беларусі да І.Краскоўскага, Л.Краскоўскай, чыё жыццё і дзейнасць знаходзяцца на мяжы некалькіх культур. Пацверджаннем гэтаму сталі і даклады, прачытаныя на міжнародным навуковым семінары ў Прэшаве (Славакія) “Славацка-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі” (20–21.09.2000 г.).
Да разбору часткі архіва Краскоўскіх спрычыніўся акадэмік Мікулаш Мушынка. Супольная праца ў дадзеным накірунку ў Беларусі, Украіне, Славакіі, Чэхіі і іншых краінах павінна даць цікавы і багаты плён. З зычлівай дапамогі акадэміка М.Мушынкі, амбасады Рэспублікі Беларусі ў Чэхіі і Славакіі, асабістай падтрымкі першага сакратара дыпламатычнага прадстаўніцтва Яніны Тарасевіч, уважлівага стаўлення Ніны Бучынскай стала магчымым пераправіць частку архіву Л.Краскоўскай у Беларусь. Аўтарам гэтых радкоў былі адшуканы шэраг дагэтуль невядомых матэрыялаў да жыцця і творчасці У.Жылкі, перапіска сёлетняй юбіляркі з А.Луцкевічам, выпускнікамі Дзвінскай беларускай гімназіі, пражскім беларускім асяродкам, дзеячамі ўкраінскай культуры: Д.Дарашэнкай, Ольжычам, А.Лятурынскай, А.Мазепай і інш. Усё гэта чакае сваёй публікацыі. Сёлетні юбілейны год з дня нараджэння руплівіцы навукі – годная падстава належным чынам ушанаваць яе навуковыя заслугі, сплаціць доўг памяці. Новыя цікавыя знаходкі, жаданне супрацоўнічаць навукоўцаў розных краін толькі ўмацоўваюць у думцы пра патрэбу пошукаў, патрэбу аб’яднання працы ў гэтым накірунку.
Мікалай Трус,
кандыдат філалагічных навук

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by