МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№10(№57)
кастрычнік
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

  1. Навіны МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»
  2. Дзейнасць МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»
  3. Кніжныя навіны “Бацькаўшчыны”
  4. Віншаванні
  5. Падзея
  6. Навіны замежжа
  7. Весткі

НАВІНЫ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

“Бацькаўшчыне” застаецца спадзявацца на справядлівасць суда?

“У сувязі з адмовай кіруемай Вамі арганізацыі аб скасаванні дагавора арэнды ва ўстаноўленым парадку, КУП “Мінская спадчына” ў дадзены час накіравала іскавую заяву аб скасаванні дагавора арэнды ў Гаспадарчы суд г. Мінска”, – так заканчваецца ліст, атрыманы “Бацькаўшчынай” 23 кастрычніка. Менавіта так КУП “Мінская спадчына” рэагуе на колішняе рашэнне Савета Міністраў аб спрыянні “Бацькаўшчыне” і выдзяленні ёй памяшкання на 25 гадоў і на законапаслухмянасць самой “Бацькаўшчыны”, якая не толькі зрабіла прыстойнае офіснае памяшканне з закінутага будынка, своечасова аплачвала яго арэнду цягам 13 гадоў ды па патрабаванні КУП “Мінскай спадчыны” ў жніўні г.г. своечасова вызваліла яго, каб не замінаць правядзенню рэканструкцыі гэтага памяшкання. (Дарэчы, рэканструкцыя дагэтуль яшчэ і не пачыналася…)

І вось са жніўня месяца “Бацькаўшчына” дэ-факта пазбаўленая памяшкання. Архівы, дакументы, найбольш каштоўныя кнігі знаходзяцца па прыватных кватэрах, мэбля і іншыя рэчы – па гаражах. Але “дэ-факта” балансаўтрымальніка не хвалюе: дагэтуль КУП “Мінская спадчына” выстаўляе рахункі за арэнду, нават аднекуль ўзяўся рахунак за быццам бы выкарыстанае святло ў верасні. Як кажуць, без каментароў.

Скасаванне дзеючай дамовы арэнды цягне за сабой, па-першае, пазбаўленне Згуртавання юрыдычнага адрасу. Пазбаўленне юрыдычнага адрасу ў сваю чаргу можа прывесці да скасавання юрыдычнай рэгістрацыі. А гэта не толькі ўскладніць дзейнасць, але можа прывесці і да крымінальнай адказнасці за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Настойлівае патрабаванне скасаваць дамову арэнды па вул. Рэвалюцыйнай, 15, азначае, што дзяржава і не думае вяртаць “Бацькаўшчыну” і Беларускі дом у гэты будынак, не зважаючы на згаданую пастанову Саўміна.

Але ж нельга сказаць, што дзяржава ўвогуле ігнаруе праблемы адной з найстарэйшых грамадскіх арганізацый незалежнай Беларусі. Адказныя асобы Савета Міністраў запэўніваюць у сваім спрыянні ды аб тым, што Мінгарвыканкаму неаднаразова даваліся распараджэнні аб вырашэнні пытання з памяшканнем “Бацькаўшчыны”. Мінгарвыканкам жа як быццам гатовы падтрымаць “Бацькаўшчыну”, толькі чамусьці далей за словы гэта не ідзе. То на прыёме чыноўнікі дэманструюць дасканалае валоданне не толькі дадзенай праблемай, але і ўвогуле пытаннямі дзейнасці “Бацькаўшчыны”, то робяць выгляд, што чуюць пра гэта ледзь не ўпершыню.

Цэнтр нерухомасці таксама не абыходзіць “Бацькаўшчыну” ўвагай, увесь час прапаноўвае варыянты: ці памяшканні, ужо кімсьці занятыя, ці разнастайныя сховішчы і падвалы на розных ускрайках горада.

У гэтых умовах “Бацькаўшчына” не сядзіць склаўшы рукі. Пастаянна аб’язджае горад у пошуку вольных памяшканняў (за гэты кароткі перыяд іх было прагледжана больш за паўсотні), вядзе актыўную перапіску з уладамі (якая хутка будзе налічваць некалькі тамоў). Толькі ў выніку, як сказаў у прыватнай гутарцы адзін чыноўнік: “І ўлады спрыяюць, і “Бацькаўшчына” памяшканні знаходзіць, але нешта не зрастаецца...”

Дык чаго ўсё-ткі хоча “Бацькаўшчына”:

- мець права на дзейнасць, гарантаванае Канстытуцыяй;

- працягваць выконваць пастаўленую беларусамі свету перад “Бацькаўшчынай” мэту – духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць у Беларусі і па-за яе межамі;

- захоўваць і папулярызаваць спадчыну беларусаў замежжа і даваць падставы для беларусаў усяго свету ганарыцца тым, што яны беларусы;

- забяспечыць далейшую дзейнасць і развіццё Беларускага дома.

І для гэтага ад уладаў горада патрэбна няшмат – прадаставіць не бясплатна, а ў арэнду дасягальнае па транспартных камунікацыях памяшканне пад Беларускі дом.

А пакуль – пакуль Гаспадарчы суд будзе вырашаць, ці мае права балансаўтрымальнік будынка адмяняць пастанову Савета Міністраў…

Мы застаемся на сувязі праз мабільны тэлефон + 375 29 572-82-92, а таксама электронныя адрасы: zbsb@lingvo.minsk.by; press-zbsb@telegraf.by

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ДЗЕЙНАСЦЬ МГА «ЗБС «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

24 кастрычніка адбылося пасяджэнне Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, на якім разглядаўся шэраг пытанняў адносна бягучай дзейнасці аб’яднання, вынікаў працы па пошуку памяшкання для Беларускага дома і кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Таксама ішла гаворка аб перарэгістрацыі рэгіянальнай суполкі “Шыпшына”, аб удзеле у Форуме “За незалежнасць” і правядзенні Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

На пасяджэнні была прынятая заява ў падтрымку царквы “Новае жыццё”.

ЗАЯВА

ў падтрымку царквы “Новае жыццё”

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае глыбокую заклапочанасць і разуменне праблем, якія вымушана паўсталі перад мінскай пратэстанцкай царквой “Новае жыццё” Аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь.

Нежаданне мясцовых уладаў (Мінгарвыканкама) надаць культавы статус будынку царквы (м-н Сухарава, вул. Кавалёва, 72), захады па фактычнай экспрапрыяцыі будынка і зямельнага надзелу вакол яго носяць гвалтоўны і несправядлівы характар. Усё гэта яскрава нагадвае адрынутыя гісторыяй ленінска-сталінскае ды хрушчоўскае “змаганні з рэлігіяй” і патыхае палітыкай “ваяўнічага атэізму”. І ў той жа час на высокім дзяржаўным узроўні гучаць запэўніванні ў зацікаўленасці і гатоўнасці ўлады да плённага супрацоўніцтва з рэлігійнымі сацыяльнымі інстытутамі. Як гэта разумець?!

Сябры Згуртавання салідарызуюцца з сотнямі вернікаў, якія здзяйсняюць духоўны подзвіг у імя Госпада, шляхам галадоўкі пратэстуючы супраць беззаконня і парушэння сваіх грамадзянскіх і рэлігійных правоў. Трагізм сітуацыі заключаецца ў тым, што нават такая ахвярнасць доўгі час застаецца па-за ўвагаю абыякавага чынавенства. Аб якой жа духоўнасці і вышэйшай справядлівасці сучаснага беларускага ладу можна казаць?!

Статутнай мэтай дзейнасці МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” з’яўляецца якраз яднанне і кансалідацыя беларусаў незалежна ад іх палітычных поглядаў і рэлігійных перакананняў. Прадстаўнікі беларускай дыяспары жывуць у краінах свету з самымі рознымі дамінуючымі веравызнаннямі, у тым ліку – з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам. Зразумела, што такія неабачлівыя крокі з боку гарадской улады ў адносінах да вернікаў царквы “Новае жыццё” самым негатыўным чынам адбіваюцца на прэстыжы Рэспублікі Беларусь у міжнароднай супольнасці і ўскосна закранаюць інтарэсы замежных беларускіх зямляцтваў.

З часоў беларускай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, у якім прынцып рэлігійнай верацярпімасці быў замацаваны ў спецыяльных артыкулах знакамітага айчыннага Статута ВКЛ 1588 г., для беларусаў як нацыі характэрныя канфесійная талерантнасць, духоўнасць і спагада ў вырашэнні грамадскіх і жыццёвых спраў.

Вось чаму МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звяртаецца да ўсіх зацікаўленых афіцыйных асобаў і грамадскіх структур з просьбай як мага найхутчэй вырашыць узніклы канфлікт з улікам пажаданняў вернікаў і надалей пазбягаць падобных інцыдэнтаў на рэлігійнай глебе. Гэта не толькі дапаможа захоўваць сацыяльны спакой у беларускім грамадстве, але і будзе спрыяць годнаму пачуванню суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь у сусветнай цывілізацыйнай прасторы ХХІ стагоддзя.

Управа
МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
24.10.2006 г.

Са справаздачы аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Кастрычнік, 2006

- Правядзенне работы з дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па прадастаўленні памяшкання пад Беларускі дом і офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”; агледжана 15 памяшканняў.

- Правядзенне працы па пошуку памяшкання для размяшчэння рэгіянальнай арганізацыі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Шыпшына”.

- Перарэгістрацыя “Шыпшыны” ў органах юстыцыі.

- Выпуск інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”.

- Папаўненне электроннай бібліятэкі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, сканаванне кніг.

- Удзел і дапамога ў арганізацыі правядзення Дзён нацыянальнай літоўскай і беларускай культур.

- Удзел у святкаванні 50-годдзя газеты “Ніва”, арганізацыя выступу гурту “Testament”.

Набыццё і перадача кніг і падручнікаў для:

- арганізацыі нядзельнай школы пры суполцы “Пагоня”, Чэхія;

- Нядзельнай школы Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Перадача кніг для:

- бібліятэкі Таварыства беларускай культуры “Світанак”;

- беларускай школы ў Латвіі;

- Беларускага культурнага таварыства г.Калінінграда;

- беларускіх школ Гайнаўкі, Польшча.

Выпуск кніг:

- “Радзіма вялікая і малая” – зборнік твораў дзяцей – пераможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу;

o “Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя”.

Падрыхтоўка да друку кніг:

- Аляксандр Адзінец “Эміграцыя на скрыжаванні лёсаў”;

- “Удзел беларусаў у бітве за Монтэ-Касіна”;

- Юры Туронак “Саюз беларускай моладзі”;

- Альбом дзіцячых малюнкаў “Гэта мы – гэта наша гісторыя”.

Верасень, 2006

- Правядзенне работы з дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па прадастаўленні памяшкання пад Беларускі дом і офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”; агледжана 23 памяшканні.

- Выпуск інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”.

- Папаўненне электроннай бібліятэкі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

- Правядзенне працы з арганізацыямі і прадстаўнікамі беларускай дыяспары па папаўненні фізічнай бібліятэкі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Як вынік – атрыманне кніг ад Я.Запрудніка (ЗША), Беларускага гістарычнага таварыства (Польшча).

- Перадача беларускіх кніг таварыству “Пагоня”, Чэхія.

- Правядзенне працоўных сустрэч з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Чэхіі.

Падрыхтоўка да друку кніг:

- А.Каляда “П’есы сусветных класікаў у перакладзе на беларускую мову”;

- Ю.Віцьбіч “Антыбальшавіцкі рух у Беларусі”;

- В.Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь”;

- В.Іпатава “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”;

- Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”.

- Арганізацыйная дапамога Таварыству беларускай культуры ў правядзенні Дзён нацыянальнай беларускай і літоўскай культур: арганізацыя прыезду беларускай дэлегацыі і падрыхтоўка беларускай часткі культурнай праграмы.

- Удзел у кампаніі “Падаруй кнігу дзіцячаму дому”, арганізаванай маладзёвай ініцыятывай г. Салігорска.

Жнівень

- Правядзенне і арганізацыя аздараўленчага адпачынку для 90 дзяцей – пераможцаў міжнароднага літаратурна-мастацкага конкурсу “Радзіма вялікая і малая”.

- Правядзенне работы з дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па прадастаўленні памяшкання пад Беларускі дом і офіс МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

- Вызваленне займаемага памяшкання па адрасу вул. Рэвалюцыйная, д. 15. Здача памяшкання КУП “Мінская спадчына”.

- Размяшчэнне маёмасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” па прыватных кватэрах і гаражах.

- Арганізацыя працы апарату МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ва ўмовах адсутнасці памяшкання.

- Пошук памяшкання для Беларускага дома і офіса Згуртавання, агледжана 47 памяшканняў.

- Падрыхтоўка да друку кніг:

- Творы дзяцей – пераможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу “Радзіма Вялікая і малая”;

- Альбом малюнкаў дзяцей, што былі пераможцамі літаратурна-мастацкіх конкурсаў, арганізаваных “Бацькаўшчынай” на працягу апошніх 6 гадоў;

- Навукова-папулярны зборнік пра рэлігійнаму жыццю беларускай дыяспары.

- “Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя”.

- Падручнік “Сцэнічная мова”, аўтар Андрэй Каляда.

- Дапамога ў выданні дзіцячай кнігі-маляванкі “Прыгоды Какоса-Маракоса”, аўтар С.Мінскевіч.

- Дапамога ў выданні кнігі “Успаміны сэрца майго”, аўтар Н.Дземідовіч.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку

Шчырую падзяку за падтрымку Згуртавання мы выказваем нашым сябрам: Аляксею Парошыну (Расія), Рыце Гаціх і Іллі Глыбоўскаму (Чэхія).

Кніжныя навіны “Бацькаўшчыны”

“Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ ст.”

Калекцыя кніг, выдадзеных МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, папоўнілася. Выйшла ў свет навукова-папулярнае выданне, зборнік артыкулаў і ўспамінаў “Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя”.

Укладальнікамі кнігі сталі гісторыкі Алег Латышонак і Станіслаў Акінчыц, а рэдагаваў выданне доктар гістарычных навук Захар Шыбека. Кожны артыкул кнігі прысвечаны асобнаму аспекту (палітычнаму, рэлігійнаму, культурніцкаму) грамадскага жыцця Беларусі, які адыграў пэўную ролю ў канфесійным падзеле і які беларускі нацыянальны рух мусіў пераадолець.

Кніга “Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя” выдадзеная невялікім накладам — 200 асобнікаў. Праз некаторы час яе электронны варыянт будзе змешчаны на нашым сайце (у раздзеле “Бібліятэка”).

“Радзіма вялікая і малая”

Выдадзена кніга “Радзіма вялікая і малая” па выніках міжнароднага дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу, які адбыўся ў лютым – траўні 2006 года.

Зборнік складаецца з твораў сарака трох пераможцаў. У ім таксама змешчаны спіс малюнкаў-пераможцаў, што будуць надрукаваныя ў альбоме “Гэта мы — гэта наша гісторыя”.

Мы выказваем шчырую падзяку спадарыні Ірэне Калядзе-Смірновай, старшыні Дабрачыннага фонду “Ethnic voice of America” (Парма, ЗША), дзякуючы падтрымцы якой стала магчымым правядзенне самога конкурсу, годная ўзнагарода пераможцаў і выданне гэтай кнігі.

“Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”

Для ўсіх, хто цікавіцца мінулым Беларусі, будзе цікава пазнаёміцца з новай гістарычнай аповесцю Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”. Кніга толькі выйшла ў свет, была надрукаваная па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” пры тэхнічнай дапамозе ПУП “Кнігазбор”.

“Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” гэта гісторыка-мастацкі твор, прысвечаны часам Вялікага княства Літоўскага. У кнізе апавядаецца пра трох пакутнікаў хрысціянскай веры Іаана, Антонія і Яўстафія, што ў 1374 годзе былі кананізаваныя ў Канстанцінопалі. А цікавыя гэтыя асобы тым, што ў язычніцтве насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла і былі прыдворнымі фаварытамі князя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Альгерда...

Кніга выдадзеная накладам у 1000 асобнікаў. Пазнаёміцца з ёй Вы можаце ў бібліятэках альбо замовіць сабе экземпляр праз выдавецтва “Кнігазбор” (тэл/факс (017) 204-86-97), ці набыць у мінскіх кнігарнях.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ВІНШАВАННІ

Віншуем!

У лістападзе святкуюць свае дні нараджэння сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Станіслаў Акінчыц, Генадзь Вінярскі, Анатоль Вярцінскі, Зміцер Сасноўскі (Беларусь), Алена Нарушэвіч (Латвія), Антон Сабалеўскі (Расія), Максім Вінакураў (Аўстрыя), Ларыса Пліско-Балі (Швейцарыя).

Маем гонар павіншаваць паважаных імяніннікаў і пажадаць ім добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнага і творчага росту!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

Галадоўка вернікаў

5 кастрычніка ў Мінску пачалася галадоўка вернікаў – прыхаджанаў царквы “Новае жыццё”. 25 кастрычніка ў ёй удзельнічалі ўжо 103 чалавекі. Патрабаванні вернікаў:

1. Адмяніць пазапраўнае рашэнне Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка;

2. Перапрафіліраваць будынак царквы ў культавы.

Царква “Новае жыццё” была афіцыйна зарэгістраваная Мінгарвыканкамам у 1992 г. У 2002 г. царква набыла ўласны будынак — былы кароўнік у Мінскім раёне. У пункце 4 дамовы куплі-продажу будынка напісана, што ён набываецца з мэтай рэканструкцыі пад культавы будынак. У 2003-2004 гг. царква двойчы атрымоўвала ўзгадненні на будаўніцтва і рэканструкцыю ад Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву Мінгарвыканкама (гэтыя дакументы пасля былі адкліканыя па прамым указанні Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінгарвыканкама) і ў 2004 г. будынак быў прыведзены ў адпаведнасць з тэхнічным пашпартам паводле арт. 65 Закона РБ «Аб архітэктурнай, будаўнічай і горадабудаўнічай дзейнасці».

У 2003 г. тэрыторыя вёскі Сухарава ўвайшла ў межы Мінска, а ў 2005 г. Мінгарвыканкам прыняў рашэнне спыніць права карыстання зямлёй і выкупіць будынак царквы за… нямэтавае выкарыстанне, гэта значыць за тое, што царква не разводзіла ў Мінску кароў. Пры гэтым Мінгарвыканкам усталяваў кошт за будынак плошчай 1641 кв. метр — 37,5 млн. руб., з разліку $10 за адзін кв. м. (пры коштах у Мінску каля 1000 даляраў за кв. м.). Пасля таго як царква адмовілася прадаваць свой будынак, Мінгарвыканкам прыцягнуў суд для выканання свайго рашэння.

Вернікі звярталіся ў суд, але не былі пачутыя. 29 верасня гэтага года, паводле рашэння Мінскага гарадскога Гаспадарчага суда (ад 21 ліпеня), грошы для прымусовага выкупу былі пералічаныя з рахунку Фонду Мінгармаёмасць на рахунак царквы “Новае жыццё”. Пасля гэтага вернікам было дадзена 10 дзён на тое, каб вызваліць будынак. Тэрмін мінуў 8 кастрычніка.

У адказ на гэтыя дзеянні 5 кастрычніка, у чацвер, вернікі абвясцілі акцыю грамадзянскага непадпарадкавання — пост-галадоўку.

Улады ўсімі намаганнямі спрабуюць прымусіць удзельнікаў паста-галадоўкі саступіць. Нават дзяржаўная медычная служба адмовілася кантраляваць здароў’е тых, хто галадае, і на сённяшні дзень ім дапамагаюць медыкі-валанцёры і прыязджае на вызавы хуткая дапамога.

Царкву ў справе абароны свайго існавання падтрымліваюць вернікі па ўсёй Беларусі і: Расіі, Латвіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і ў іншых краінах.

Дзень салідарнасці

Салідарная Вільня

16 кастрычніка ў Вільні беларускія студэнты падтрымалі Дзень салідарнасці! Па ўсім інтэрнаце было выключана святло і запаленыя свечкі салідарнасці.

У Бруселі прайшла міжнародная канферэнцыя ў Еўрапарламенце, прысвечаная палітычнай, эканамічнай сітуацыі і сітуацыі медыяў у Беларусі, а ў Варшаве, у сваю чаргу, адбыўся пікет каля пасольства і мультымедыйная прэзентацыя – падсумаванне гадавых вынікаў акцый салідарнасці.

У канферэнцыі ў Еўрапейскім парламенце ўзялі ўдзел прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай уладаў Еўрасаюза, з беларускага боку – старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і іншыя.

На канферэнцыі было аб’яўлена аб адкрыцці Офіса за дэмакратычную Беларусь у Бруселі. “Цікаўнасць да беларускіх праблемаў вялікая, нягледзячы на тое, што выбары прайшлі. Тут жадаюць працаваць з намі, працаваць на карысць вольнай Беларусі”, – сказала кіраўнік офіса Вольга Стужынская.

Між тым у Варшаве беларускія студэнты, што вучацца ў Польшчы ў межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага, наладзілі акцыю пратэсту каля беларускага пасольства – да іх далучыліся таксама палітычныя ўцекачы. Разам, больш за 30 чалавек, праспявалі гімн “Магутны Божа” і запалілі каля пасольства свечкі.

Пазней у польскай сталіцы актывісты Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі ў студэнцкім клубе “Рамонт” падсумавалі вынікі акцый салідарнасці – першая адбылася ў Варшаве роўна год таму. Паводле словаў старшыні Звязу Антося Цялежнікава, цяпер па ўсёй Польшчы будуць ладзіцца перадусім лекцыі і мультымедыйныя прэзентацыі аб сітуацыі ў Беларусі.

Паводле радыё “Свабода”

Дзень салідарнасці ў Беларусі

16 кастрычніка акцыі салідарнасці прайшлі ў Мінску, Салігорску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Брэсце.

Заканчваліся ўсе акцыі аднолькава — разгонам і затрыманнямі, прычым міліцыя спачатку папярэджвала ўдзельнікаў, каб тыя разыходзіліся, а як толькі моладзь спрабавала запаліць свечкі — затрымлівалі ўсіх, асабліва тых, у каго былі значкі “За Свабоду!”. Прадстаўнікі Міліцыі тлумачылі юнакам і дзяўчатам, што затрымліваюць іх дзеля “высвятлення асобаў”. А пратрымаўшы актывістаў у аддзяленнях па некалькі гадзінаў — адпускалі, нават не напісаўшы пратакол.

Напэўна, на гэты раз міліцыя вырашыла быць добрай і, не карыстаючыся антысацыяльнымі сродкамі, правесці толькі прафілактычныя затрыманні.

Паводле радыё “Свабода”
З нашай пошты

НАША ПАДАРОЖЖА Ў БЕЛАРУСЬ

Якой авіялініяй ляцець? Адказ напрошваецца сам сабой: польская (LOT) хоча 840 даляраў, нямецкая (Lufthansa) — больш за 1300. Дык ці ж вартая розніца ў абслузе 400 з нечым даляраў? Зрэшты, розніцы ў камфорце вялікай і няма. Гэта выявілася ў выніку пазнейшай неспадзяванай блытаніны: туды ляцелі на “Лёце”, а назад, пачынаючы ад Варшавы (з перасадкай у Франкфурце) — на “Люфтганзе”.

Падарожжа гэтым разам было звязана ў мяне і жонкі Надзі не толькі з сямейнымі справамі, але і з адной ці не найважнейшай для нас культурна-грамадскай падзеяй – прэзентацыяй англійска-беларускага слоўніка, над якім цэлая група людзей працавала гадамі ды які нарэшце пабачыў свет у мінскім выдавецтве.

Правёўшы 16 дзён у гасцях — пабыўшы ў Баранавічах і Міры, Жыткавічах, Тураве і Салігорску, зведаўшы Мінск з ягонай манументальнай Нацыянальнай бібліятэкай, наглядзеўшыся і наслухаўшыся самага рознага — цяпер магу адказаць на пытанне: “Ну, і як там?”. Ды так, як сказаў адзін мінскі таксіст, у якога мы папыталіся: “Як жывём?” — “Ды не паміраем”. З дадаткам пасля паўзы: “Вось калі б можна было яшчэ крышку свабадней падзарабляць...” Яму, як і пераважнай бальшыні людзей, хацелася б эканамічнай свабоды, вызвалення ад усюдыіснага падатковага кантролю, удушлівага бюракратызму.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыязджаеш з Амерыкі, гэта адсутнасць на вуліцах ажырэлых маладых і сярэдніх векам людзей. Беларуская моладзь спрэс танклявая і рослая, як тыя бярозкі з сасонкамі.

Цэнтральная частка горада чыстая, дагледжаная. Але ступі ўбок — і малюнак мяняецца. Нават мясцінамі ў цэнтры — прыкладам, за Акадэміяй навук, – паламаныя ходнікі, ямы і начная цемрадзь. Сталічнае паветра па беларускіх мерках лічыцца чыстым. Але наведніку з Амерыкі лезе ў вочы ды ў нос смуга выхлапных газаў са шматлікіх яшчэ старых аўтобусаў, грузавікоў ды шмат якіх легкавушак. Праўда, транспартны парк горада папаўняецца ўжо і новымі акуратнымі на выгляд аўтобусамі.

Неўзабаве сталіца зможа пахваліцца першым падземным трохпавярховым гандлёвым цэнтрам на плошчы Леніна. Там ужо часткова закончаны першы паверх з шыкоўнымі крамамі, разлічанымі на людзей з кашальком. Тавараў у крамах поўна, але грошай у людзей мала. Урадавая інфармацыя кажа, што 70% тавараў на паліцах – айчыннай вытворчасці. Але, калі гэта праўда, дык дасягаецца такое цаной абмежавання канкурэнцыі, свабоднага выбару з боку прадаўца і пакупніка.

Мінскае метро працуе спраўна, але людзі рухаюцца подбегам, са спешкаю. Аднаго месца працы, відаць, замала, каб звесці канцы з канцамі. Сярод пасажыраў вельмі рэдка пабачыш вясёлы твар. Кожны нечым заклапочаны. Надзя мне кажа: “Твар чалавека – як люстэрка...”

П’янства моладзі на вуліцах Мінска ўразіла. Піва прадаецца амаль у кожным кіёску, магазіне. І тут жа распіваецца. П’юць хлапцы і дзяўчаты. Некаторыя з літровымі бутэлькамі ў руках. Невялікія сметніцы запоўненыя апарожненымі пасудзінамі ды абгорткамі ад закускі. Па вуліцы Леніна — там, дзе яна перасякае праспект Незалежнасці – не размінуцца са спажыўцамі піўной брагі. Прахожым даводзіцца чуць і грубіянскія рэплікі. Праціўна глядзець і слухаць. Уладам, відаць, больш патрэбен збыт піва, чым прыстойнасць у публічным месцы.

Прэзентацыя слоўніка прайшла выдатна, але не без праблемаў, звязаных з пошукамі памяшкання, якія зваліліся на галаву (і ногі) самога выдаўца. Рэч у тым, што слоўнік, падрыхтаваны за межамі краіны, выйшаў у прыватным выдавецтве. На прэзентацыю запрашаліся агульна ўсе, у тым ліку прадстаўнікі замежых пасольстваў. Адміністратары памяшканняў, баючыся прыкрасці з боку ўладаў, адзін за адным адмаўлялі ў арэндзе залі. Нарэшце, на самым пярэдадні падзеі дырэкцыя гарадской Пушкінскай бібліятэкі дала згоду.

Сабралася чалавек пад 120: выкладчыкі, студэнты, журналісты, пісьменнікі ды проста зацікаўленыя асобы. Усе выступоўцы выказваліся пра значэнне самога факту слоўніка (падобнага да якога няма ў рэспубліцы), пра добрую якасць публікацыі. Адбыўся традыцыйны фуршэт. Прысутныя маглі набыць па зніжаным кошце слоўнік, хоць на ўсіх ахвотнікаў не хапіла асобнікаў. Сябрам рэдкалегіі давялося папрацаваць, падпісваючы набытыя людзьмі экземпляры.

Выявілася адна несамавітая дэталь беларускай аўтарытарнай улады. Аказваецца, ніякая бібліятэка не можа набыць са свайго бюджэту кніжку, хоць сабе і самую “нявінную”, якая выдадзена прыватным (недзяржаўным) выдавецтвам. Падарунак такой кніжкі бібліятэка прыме (і то, можа, не кожная), але купіць за свае грошы не мае права. Вось адзін з мноства спосабаў, якімі ўрад кантралюе змест бібліятэчных фондаў. Вось яна, лукашэнкаўская “свабода слова”. Наш слоўнік тым часам можна набыць у Мінску толькі ў магазіне “Акадэмкніга”, што на рагу вул. Сурганава і былога праспекта Скарыны.

Нацыянальную бібліятэку Беларусі прамінуць было нельга. Здадзеная сёлета ў карыстанне, яна канцэнтруе вакол сябе розныя супярэчлівыя чуткі і ацэнкі. Дзвюхгадзіннае азнаямленне пакінула моцнае і дадатнае ўражанне. На фасадзе 23-павярховай будыніны і ўнутры яе беларускай мове адведзена належная ўвага. Калі наведнік адпаведна настаўлены, ён заўважыць пры ўваходзе выгравіраваны заклік Францішка Багушэвіча (“Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”), а таксама зваротку з верша Янкі Купалы (“Ты зжылося з намі, бацькоўскае слоўца, як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца”) ды іншыя мудрыя словы, у тым ліку Францішка Скарыны, статуя якога высіцца тут жа ля ўваходу. Беларуская мова ўсюды і ўнутры бібліятэкі на шыльдах ды тлумачальных надпісах. Багатае мастацкае афармленне велічнага інтэр’еру зробленае па матывах нацыянальных сюжэтаў, фальклорнага і гістарычнага характару. Усё гэта толькі падкрэслівае парадокс беларускай рэчаіснасці — фасадны статус нацыянальнай мовы і функцыянальная роля рускай.

Бібліятэка налічвае 19 чытальных залаў і 1850 чытацкіх месцаў. У параўнанні з папярэднім будынкам штат працаўнікоў падвоіўся да 1400 асобаў. Палепшыліся ўмовы працы бібліятэкараў. Прыспешыўся тэмп абслугі чытачоў.

Дарэчы, у часе свайго падарожжа мы ўсюды карысталіся беларускай мовай і нідзе не адчулі варожага стаўлення ад тых, да каго звярталіся. Раней такога адчування не было. Гэта, можа, суб’ектыўнае ўражанне, але не выключана, што беларуская мова, як мова апазіцыі, сустракае большую прыхільнасць у шырокім грамадстве. Варта тут прыгадаць евангельскае выслоўе: “Хто не супраць нас, той з намі” (Мк. 9:40).

Шмат увагі ўрад надае турыстычнаму бізнесу са зразумелым разлікам на замежных наведнікаў. Адбудоўваюцца паступова цэнтры гарадоў, рэстаўрыруюцца палацы, архітэктурныя помнікі. Да прыкладу: у Міры разам са славутым замкам адноўлены цэнтр мястэчка ў сувязі з праведзеным там некалі святам беларускага пісьменства. Каля замка адбываюцца цяпер канцэрты, тэатральныя паказы. Але прылеглыя да цэнтру бакавыя вуліцы, у тым ліку і мая колішняя Высокая вуліца (цяпер Кірава), гэтак і засталіся з ямамі ды выбоінамі, якія аніяк не пасуюць да выгляду мястэчка. Безумоўна, без завершанага ўпарадкавання мястэчка цяжка разлічваць на ягоную аптымальную прываблівасць.

Новай архітэктурнай перлінай можа пахваліцца Івянец. Разам са сп. Валянцінай Трыгубовіч і сп. Сяргеем Ляшэнкам мы наведалі мястэчка Івянец, дзе айцец Віктар Перагудаў і ягоныя прыхаджане завяршаюць будаўніцтва цудоўнай царквы св. Еўфрасінні Полацкай. Стаіць яна ў самым цэнтры на месцы старажытнага праваслаўнага храма і глядзіцца як архітэктурная выдатнасць. Царква яшчэ не закончаная ўнутры, але ў сваіх падмурках мае прыгожа аформленую капліцу св. Міны Полацкага. Айцец Віктар спадзяецца, што ў жніўні наступнага года адбудзецца вялікая ўрачыстасць асвячэння святыні, аднаго з дынамічных асяродкаў беларускага праваслаўя.

Яшчэ адзін бок беларускіх могілак і сучаснай пахавальнай абрадавасці адкрыўся нам у Жыткавічах. Маса свежых магіл, густа пакрытых вялізнымі штучнымі цёмна-зялёнымі вянкамі, ды мора гэткіх жа штучных зыркіх кветак, якія ляжаць там месяцамі, калі не гадамі. У сонечны дзень здаецца, што трапляеш не на могілкі, а ў нейкую квяцярню. Аж у вачах мігціць. Шмат дзе ў сярэдзіне агароджаў стаяць столікі для памінальнай яды і пітва – гарэлкі, без якой душы на тым свеце не пачуюць памінальнікаў.

Нядаўна кінуты прэзідэнтам кліч абладжваць справы “ля аднаго акна” (заміж таго, каб абіваць парогі па многіх канторах) да палепшання не прывёў. У Жыткавічах, каб зарэгістравацца ў міліцыі, як гэтага ад нас патрабаваў закон, давялося стаяць ля трох вакон (або дзвярэй), і ўсе з чэргамі. Паўдня страчанага часу і патрапаных нерваў. Праблема часткова ў тым, што ўсялякая афіцыйныя плата ў Беларусі павінна выконвацца ў банку. Гэтак трымаецца кантроль над грашыма і падаткамі. Людзі плацяць у банку за самыя розныя паслугі (тэлефон, кватэра, розныя падаткі, якіх процьма, ды ўсё іншае). На плату кожнай паслугі трэба запоўніць асобны дэталёва распрацаваны фармуляр. На сталах ляжаць спецыяльныя даведнікі, у якіх людзі капаюцца, пакуль знойдуць патрэбны нумар дробналітарнага фармуляра. На тым сляпым фармуляры мусіш павыпісваць адказы на цэлую кучу пытанняў. Тады з фармулярам – у чаргу да вакна. Да аднаго з адной паперкай, да другога – з другой, каб атрымаць патрэбныя подпісы і пячаткі. Татальнае бюракратычнае ачмурэнне! Гэтак вось працуе жорсткі дзяржаўны кантроль цаной чалавечага часу, нерваў і здароўя.

Рэгістрацыя замежных наведнікаў у міліцыі на працягу трох дзён па прыездзе ў Беларусь – адна з самых непрыемных дэталяў побыту ў Беларусі. Гэта — паважная перашкода на шляху да павелічэння турызму і стварэння краіне патрэбнай рэкламы, іміджу.

Азнаямленне з беларускай медыцынай пакінула сумнае ўражанне. Мы з Надзяй мелі нагоду пабыць у мінскай 5-й бальніцы, наведаць там маладую жанчыну-маці, якая мае вялікую праблему з пазваночнікам. Пра 5-ю бальніцу нам сказалі, што гэта адна з лепшых. Але ўмовы, у якіх ляжаць пацыенты (у некаторых палатах па 8-10 чалавек), і тое, як мізэрна яны забяспечаныя дапаможнымі прыладамі і лекамі, сведчыць пра цэлыя дзесяцігоддзі, што ляжаць паміж аховай здароўя ў Беларусі і ў Амерыцы.

Мінскі аэрапорт крыху “пабялеў”, набыў весялейшы выгляд; шэрае цэментавае аблічча будыніны абцягнулі святлейшым матэрыялам. У пашыранай сярэдзіне тры ці чатыры прыстойныя крамы сувеніраў, гарэлкі і парфумерыі. У сувязі з нядаўняй забаронай браць вадкія рэчы на борт самалётаў далёкіх рэйсаў, продаж гэтага галоўнага тавару рэзка скараціўся.

Аэрапортаўскія туалеты далёка не заходняга стылю, але цяпер крыху чысцейшыя, хоць папера ўсё яшчэ ў дэфіцыце.

Беларускае неба. Некалі мастачка Тамара Стагановіч сказала мне, што беларускае неба мае сваю асаблівую прыгажосць. Пра гэта мне ніколі не падумалася. А ў Тамары нават малюнак ёсць, названы “Беларускае неба”. Я пачаў прыглядацца і да таго малюнку, і да айчыннага неба, і сапраўды звярнуў увагу на своеасаблівыя контуры ды размеркаванне белых хмараў на светлым нябесным блакіце. Але што мяне наймацней уразіла ў беларускім небе, яшчэ з дзён маленства, дык гэта ягонае багатае ночна-зорыстае аблічча, якое ўлетку зіхціць-пераліваецца бляскам далёкіх нябесных свяцілаў. Паўдзённаму небу ў Нью-Джэрсі далёка да той таямнічай зоркасці беларускага начнога паднябесся. З якой асалодай я ўглядаўся ў яго і гэтым разам, і так хацелася, каб гэты момант ніколі не знік з маёй памяці.

Янка Запруднік

НАВІНЫ

Брусель, Бельгія

У Бруселі за дэмакратычную Беларусь...

Віншуем Офіс за дэмакратычную Беларусь у Бруселі (Office for a Democratic Belarus), які нарэшце атрымаў асобнае памяшканне і юрыдычны адрас.

Звязацца з брусельскай арганізацыяй “Office for a Democratic Belarus” можна праз Вольгу Стужынскую (Olga Stuzhinskaya), e-mail: stuzh@yahoo.com, альбо тэл.: +324-79-35-76-77

Афіцыйны прыём, прымеркаваны да пачатку працы арганізацыі, адбыўся 16 кастрычніка ў Еўрапейскім парламенце, як частка мерапрыемства пад назвай “The Belarus Forum: a Discussion of Belarus Politics, Economics and Media”. (пра гэта чыт.на стар...)

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Паводле інфармацыі ад Вольгі Стужынскай

Даўгаўпілс, Латвія

1 кастрычніка 2006 г. святкаваўся міжнародны дзень пажылога чалавека. Гэта свята адзначыў таксама і Цэнтр беларускай культуры, яго творчыя калектывы былі запрошаны на святочны канцэрт у невялікі слынны беларускі горад Шаркаўшчына. Дарэчы, адзін з мікрараёнаў Даўгаўпілса ў народзе таксама называюць Шаркаўшчынай, бо там жыве і працуе многа выхадцаў з шаркаўшчынскай зямлі.

З шаркаўшчынскай зямлі паходзяць такія знакамітыя людзі як мастак, этнограф і фалькларыст Язэп Драздовіч, садавод-селекцыянер Іван Сікора. У раёне 56 культурных устаноў. Сярод іх Дом культуры, дзе ў паўнюткай зале даўгаўпілскія беларусы віталі сваіх землякоў беларускімі песнямі, танцамі, вершамі. Пасля яны наведалі вёску Германавічы (у 18 км ад раённага цэнтра), дзе знаходзіцца музей Язэпа Драздовіча. Дарэчы, помнік яму пастаўлены і ў Мінску, у Траецкім прадмесці.

Паводле інфармацыі ад Т.Бучэль,

Даўгаўпілс, Латвія

Рыга, Латвія

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ў межах сваёй паездкі па краінах Балтыі наведала сталіцу Латвіі Рыгу.

Падчас візіту спадарыня Івонка Сурвілла мела сустрэчу з намеснікам дзяржсакратара Міністэрства замежных спраў Латвіі Эдгарам Скуя, наведала Рыжскую беларускую асноўную школу, дзе адбылася сустрэча з настаўнікамі, сустрэлася з сябрамі Латвійскага таварыства беларускай культуры “Свiтанак”, дзе распавяла аб дзейнасці Рады БНР, аб жыцці беларускай дыяспары ў Канадзе, пасля чаго спадарыня Івонка адказала на шматлікія пытанні “cвітанкаўцаў”.

На здымках: падчас сустрэч у МЗС і ў старой Рызе

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”
www.svitanak.lv

Вільня, Літва

6-8 кастрычніка ладзіліся Віленскія Дні нацыянальнай беларускай і літоўскай культуры.

У імпрэзах прынялі ўдзел літоўскія парламентарыі Вацлаў Станкевіч і Ёнас Чэкуоліс, кіраўнік дэпартамента нацыянальных меншасцей пры літоўскім урадзе Антанас Пятраўскас. Былы прэм’ер-міністр Літвы Альгірдас Бразаўскас забяспечыў фінансавую падтрымку.

У ліку беларускіх удзельнікаў былі Станіслаў Шушкевіч; Ірына Казуліна; Алесь Аркуш — журналіст, аўтар “Нашай Нівы” з 1993 г.; Сяргей Харэўскі — намеснік галоўнага рэдактара “Нашай Нівы”; Радзім Гарэцкі — прафесар, акадэмік; Алег Трусаў — старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”; Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, старшыня і намесніца старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Генадзь Бураўкін і Сяргей Законнікаў — пісьменнікі; Алесь Пушкін і Мікола Купава — беларускія мастакі.

Таксама прысутнічалі вядомыя беларусы з замежжа: Івонка Сурвілла — Прэзідэнт Рады БНР (Канада); Сяргей Навумчык — намеснік старшыні Рады БНР (Чэхія); Янка Барысевіч — старшыня суполкі беларусаў Мельбурна (Аўстралія); Таццяна Казак — старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак”; Юрка Станкевіч — старшыня Дэмакратычнага Форуму Еўропы, заснавальнік суполкі “Пагоня” (Чэхія); Алена Міхалюк — старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі; Павел Шаўцоў — сябра Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі; Ігар Шаховіч — старшыня Калінінградскага рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства культуры” (Расія); Яўген Янчук — старшыня Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання ў Гайнаўцы (Польшча).

8 кастрычніка, у віленскай ратушы адбыліся канцэрты і выставы кніг і мастацкіх твораў, прайшлі дыскусіі. Запамінальнымі былі выступленні Віктара Шалкевіча, гурту “Стары Ольса”. Падчас дыскусій абмяркоўвалася магчымасць выдання беларуска-літоўскага і літоўска-беларускага слоўнікаў, кніг па гісторыі Літвы, зробленых літоўскімі аўтарамі па-беларуску, і гісторыі Беларусі, напісанай беларусамі па-літоўску, выданняў па гісторыі Вільні і Віленскага універсітэта.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вільня, Літва

13-14 кастрычніка ў Вільні прайшоў двухдзённы семінар Парламенцкай Асамблеі НАТО (ПА НАТО), прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. На форуме абмяркоўваліся палітычныя, эканамічныя, грамадскія працэсы ў Беларусі, а таксама адбываліся дыскусіі па пытаннях: як дапамагчы беларускаму народу і дэмакратычным сілам Беларусі, што рабіць, каб краіна не апынулася цалкам адрэзанай ад Еўрасаюза?

Форум адкрылі кіраўнік дэлегацыі Бундэстагу ў ПА НАТО Карл Ламерс і парламентарый, былы міністр замежных спраў Літвы Антанас Валёніс. Таксама у форуме прынялі ўдзел парламентарыі з краін-удзельнікаў НАТО, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, палітолагі, прадстаўнікі літоўскага ўраду, грамадскіх і палітычных арганізацый з Беларусі – Вінцук Вячорка і ягоны намеснік Алесь Міхалевіч (БНФ), намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук (АГП), старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, а таксама навукоўцы і незалежныя аналітыкі.

Першы дзень семінару адзначыўся і арганізаваным моладзевым пікетам каля будынка, дзе адбываўся семінар Парламенцкай Асамблеі НАТО. Пікет ладзіла беларуская моладзь Вільні. Удзельнікі акцыі адзначылі ўвагу і з боку літоўскіх журналістаў, і прадстаўнікоў Літвы і Еўрасаюза. У ліку тых, хто падыходзіў, каб распытаць пікетоўцаў, быў і міністр абароны Літвы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беласток, Польшча

13-14 кастрычніка, у Беластоку, у канферэнц-зале гатэля “Галэмбеўскі” прайшла навукова-папулярная канферэнцыя ў рамках Беларускіх дзён “Нівы” і гала-канцэрт з нагоды пяцідзесяцігоддзя “Нівы”.

На юбілейныя мерапрыемствы прыехалі госці з Польшчы, Беларусі, ЗША і Канады, увечары першага дня на сустрэчу прыехаў прывітаць усіх удзельнікаў канферэнцыі лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч.

“Юбілейнай “Ніве” толькі пяцьдзесят гадоў. А можна і так сказаць – аж пяцьдзесят гадоў з чытачамі. Столькі гадоў для беларускай газеты, ды яшчэ па-за межамі Беларусі — падзея незвычайная. Некалькі пакаленняў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы свой радавод і сваю беларускасць вызначаюць менавіта з нашай рэдакцыяй....”, — казаў падчас свайго выступу Яўген Вапа. Галоўны рэдактар таксама прэзентаваў альбом “Ніва” — час і людзі 1956-2006, які быў падараваны кожнаму прысутнаму на сустрэчы.

Пасля канферэнцыі адбыўся святочны абед, а затым — гала-канцэрт з нагоды юбілею “Нівы”, на якім “Ніву” павіншавалі: старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, дэпутат Еўрапарламента Барбара Кудрыцкая, дэпутат польскага Сойма Роберт Тышкевіч, Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады і намесніца старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, затым былі віншаванні ад грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў беларусаў Падляшша, а сённяшні галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа ўсім, былым і сучасным супрацоўнікам беластоцкага тыднёвіка, уручыў памятныя падарункі.

Урачыстае віншаванне было разбаўленае шыкоўнай канцэртнай праграмай. Вельмі цікавым нумарам была тэатральная пастаноўка “Цацачная крама” ў выкананні дзяцей і моладзі з Беластоцкіх пачатковай школы № 4 і гімназіі № 7. Выступілі таксама: Гандзя Кандрацюк (песні ад ракі Нарвы), ансамбль “Знічка” (калектыў беларускіх школ у Гайнаўцы), быў прадстаўлены акустычны праект “Ilo з сябрамі” (салістка — Ілона Карпюк — старшыня Беларускага Аб’яднання Студэнтаў), з Мінска пры арганізацыйнай падтрымцы “Бацькаўшчыны” прыехаў гурт “Тэстамент”, які завяршыў канцэрт старажытнай музыкай.

Інфармацыйны цэнтр МГА“ЗБС“Бацькаўшчына”

Беласток, Польшча

12 лістапада 2006 г. у Польшчы адбудуцца мясцовыя выбары (у мясцовыя структуры самакіравання). У іх актыўны ўдзел прымаюць і Беларусы Польшчы (прадстаўнікі нацыянальнай меншасці). Спрыяльнай умовай для іх удзелу ў выбарах з’яўляецца той факт, што беларусы жывуць кампактна — на паўднёва-ўсходняй тэрыторыі Беласточчыны, а па закону аб нацыянальных меншасцях” пад час мясцовай выбарчай кампаніі можна нават выкарыстоўваць афіцыйную мову нацменшасці ў СМІ.

Створана тры беларускія арганізацыі, якія займаюцца вылучэннем кандыдатаў:

• Беларускі выбарчы камітэт (БВК), сфарміраваны ў Беластоку; ад яго вылучаецца 29 кандыдатаў у рады горада Беласток, а ў соймік Падляшскага ваяводства — 19 кандыдатаў;

• Беларуска-народны выбарчы камітэт (БНВК), сфарміраваны ў Гайнаўцы, вылучае 40 кандыдатаў на раду горада Гайнаўка, у рады гайнаўскага павету — 32 кандыдата, у рады гмінаў у Гайнаўскім павеце — 53 кандыдаты, а таксама чатыры кандыдаты на войтаў гмін.

• Бельская кааліцыя (выбарчая кааліцыя беларускіх арганізацый і Саюза украінцаў Падляшша ў Бельшчыне) вылучае 32 кандыдаты ў рады бельскага павету, 70 кандыдатаў у рады гмінаў, аднаго кандыдата на пасаду бурмістра і двух — на войтаў.

Апрача беларусаў, якія ідуць ад беларускіх камітэтаў і кааліцыі, ёсць беларусы, якія самастойна знайшлі сабе месца ў спісах польскіх выбарчых камітэтаў (Янка Сычэўскі), вядомыя ў грамадстве Сакрат Яновіч, Яўген і Антон Мірановічы, Алег Латышонак, Яўген Вапа, Міхась Андрасюк, Андрэй Сцепанюк, Славамір Іванюк, Яўген Сашко і яшчэ шмат іншых. Усе яны падкрэсліваюць сваю беларускасць і спадзяюцца на падтрымку беларускай дыяспары.

Шчыра жадаем усім поспеху!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,
паводле інфармацыі ад Яўгена Янчука

Іркуцк, Расія

20 кастрычніка ў Іркуцку, у Доме сяброўства народаў, пасля доўгага адпачынку распачалося першае ў гэтым навучальным годзе пасяджэнне Літаратурна-гістарычнага клуба “Спадчына” (ЛГК “Спадчына”). Нават першая тэма сустрэчы была восеньскай: “Уплыў напалеонаўскага нашэсця на лёс народаў”. Арганізатар мерапрыемства — Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага.

На сустрэчы былі агучаныя даклады прадстаўнікоў беларускіх, польскіх, літоўскіх і ўкраінскіх грамадскіх арганізацыяў. Склад выступоўцаў не выпадковы — у разглядзе гэтай тэмы важная не столькі асоба Напалеона Банапарта, колькі станоўчыя і адмоўныя бакі нашэсця, пераломленага праз лёс народаў.

Каардынатар ЛГК “Спадчына” Вольга Галанава

Масква, Расія

На сайце “Беларуская Масква” (maskva.com) — гэта праект Віктара Дзятліковіча — навінава-інфармацыйны змест не аднаўляецца з траўня гэтага года, канешне, па прычыне занятасці аўтара праекта. Але форум сайта згуртаваў вакол сябе шэраг беларусаў.

10 кастрычніка на форуме “Беларускай Масквы” была адкрыта тэма “Выбар назвы для сайта і арганізацыі”. Зараз на ім даволі горача абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні сайта, а таксама некамерцыйнай грамадскай арганізацыі дзеля падтрымкі беларусаў, што прыязджаюць у Маскву ці Маскоўскую вобласць. Закраналася нават пытанне аб размяшчэнні старонкі новай арганізацыі на сайце “Беларускай Масквы”, але толькі пакуль як дыскусійная зачэпка.

Вы маеце магчымасць прыняць удзел у абмеркаванні гэтай тэмы. Можа, ваша прапанова будзе гістарычным унёскам у стварэнне актыўнай беларускай суполкі Масквы і Падмаскоўя.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Нарва, Эстонія

У горадзе Нарва прайшоў фестываль “Спяваюць беларусы Прыбалтыкі”, у якім брала ўдзел культурна-асветнае таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс) па запрашэнні кіраўнікоў таварыства “Крыніца” г. Cіламяэ (Эстонія) Сяргея і Таццяны Тульжэнкаў.

Падчас фестывалю адбылося знаёмства з беларускімі таварыствамі краю Іда-Вірумаа, якія арганізавалі гэта свята: “Сябры” – г. Нарва (існуе 7 год); “БЭЗ” – г. Йыхва (існуе 17 гадоў); “Крыніца” – г. Сіламяэ (існуе 1 год); “Лёс” – з Таліна (існуе 10 год). Па іх запрашэнні на фестываль з’ехаліся таксама і іншыя нацыянальныя таварыствы горада Сіламяэ: таварыства славянскіх культур “Святагор”, украінскае зямляцтва, рускае таварыства “Русіч”. На свяце прысутнічаў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Таліне А.Астроўскі, які выказаў свае віншаванні і пажаданні ўдзельнікам фестывалю.

Паводле інфармацыі ад Таццяны Бучэль,
Даўгаўпілс, кастрычнік, 2006

ВЕСТКІ

Грамадства

***

Рада Еўрасаюза 23 кастрычніка прыняла рашэнне аб пашырэнні спісу беларускіх службоўцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. Зараз у спіс неўяздных службоўцаў дададзеныя яшчэ чатыры чалавекі — суддзя Маскоўскага суда Мінска Аляксей Рыбакоў, дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Бортнік, суддзя Цэнтральнага суда Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Мігун.

АФН
2006. 24 кастр.

***

У Беларусі падрыхтаваны праект дзяржаўнай праграмы па вяртанні суайчыннікаў, у мінулым грамадзян Беларусі, што выехалі за межы рэспублікі. Праграма скіравана на прыцягненне ў рэспубліку працоўных рэсурсаў. У ёй прадугледжана, што для былых суайчыннікаў па шматлікіх пазіцыях, у тым ліку па працаўладкаванні, падаткаабкладанні будуць прадугледжаныя вызначаныя палёгкі ў параўнанні з іншымі эмігрантамі.

Каментар да гэтага пытання радыёстанцыі “Нямецкая хваля” дала намеснік старшыні МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская: “Аб гэтым праекце мы даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі, і да нашай арганізацыі не звярталіся па нейкія рэкамендацыі ці інфармацыю і гэта трошкі дзіўна, таму што на тэрыторыі Беларусі аналагічнай нашай арганізацыі няма. Я асцерагаюся, мяркуючы па стаўленні нашай дзяржавы да гэтага пытання, што гэты праект, таксама як і закон аб грамадзянах, якія выехалі за мяжу, які дагэтуль не прыняты, будзе мець дэкларатыўны і папулісцкі характар і практычнага вырашэння пытанняў і праблем, звязаных з вяртаннем былых грамадзян Беларусі назад у рэспубліку, можа не несці. З іншага боку, натуральна, гэта добры намер дзяржавы. Калі б ён выконваўся ў нармальным аб’ёме, гэта прынесла б пэўны вынік па вяртанні тых людзей, якія робяць вялікі ўнёсак у развіццё іншых дзяржаваў, а не нашай рэспублікі. Але праблема ў тым, што ці не стане гэты праект падставай для чарговай сартыроўкі суайчыннікаў на сваіх і чужых... Па нашых кантактах, кантактах нашай арганізацыі, маіх асабіста, абсалютна відавочна, што найбольшая колькасць зваротаў аб атрыманні беларускага грамадзянства паступаюць не ад беларусаў, якія калісьці выехалі за мяжу, а ад грамадзян, скажам, усходніх краін. І я не лічу, што гэта раўназначна тым людзям, якія з’язджаюць”.

Паводле www.belta.by і
www.dw-world.de
2006. 10 кастр.

***

11 кастрычніка парламент Беларусі ў другім чытанні прыняў праект закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Мясцовыя эксперты асцерагаюцца, што ён будзе выкарыстоўвацца для барацьбы з іншадумствам.

Новы дакумент акрэслівае “экстрэмізм” як “дзеянне, скіраванае на падрыў нацыянальнай бяспекі дзяржавы, гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу, захоп улады, стварэнне пазапраўных узброеных фарміраванняў, ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці”. Раней паведамлялася, што ў Беларусі распрацоўваецца і закон аб барацьбе з тэрарызмам. Намеснік старшыні праваабарончай арганізацыі “Беларускі хельсінкскі камітэт” Гары Паганяйла асцерагаецца таго, што “новыя артыкулы будуць выкарыстоўвацца для запалохвання насельніцтва, як гэта было напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў папярэджвалі аб тэрактах, што нібыта рыхтуюцца і кожнага, хто выйдзе на вуліцу па закліку апазіцыі, абяцалі прыраўнаваць да тэрарыста”.

Але Савет Рэспублікі 20 кастрычніка адхіліў унесены ў парламент урадам і прыняты Палатай прадстаўнікоў праект закона. Прапанову профільнай камісіі аб адхіленні прававога акта падтрымалі 42 парламентарыя. За яго прыняцце прагаласавалі двое.

Як адзначыў М.Чаргінец, шматлікія палажэнні праекту патрабуюць дапрацоўкі і ўдакладнення. Профільная камісія паказала, што распрацоўнікі, напрыклад, не вызначылі крытэры аэнкі для прызнання або непрызнання арганізацыі экстрэмісцкай.

Паводле “Независимая газета”, 2006. 17 кастр. І
АФН, 2006. 20 кастр.

***

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР) заняла годнае месца ў палітычнай дузе Лукашэнкі. Аб гэтым 20 кастрычніка, падчас сустрэчы з кіраўніком Нацыянальнай Асамблеі Парламента ПАР Балекай Мбетэ, выказаўся А.Лукашэнка.

“Беларусі трэба ствараць так званую “дугу” супрацоўніцтва з іншымі магутнымі і багатымі дзяржавамі, такімі як Венесуэла, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Іран, Малайзія”, — заявіў Лукашэнка.

“Свой візіт у ПАР беларускі бок рыхтуе вельмі сур’ёзна. Мы жадалі б супрацоўнічаць з гэтай краінай па ўсіх напрамках”, — сказаў Лукашэнка.

Але пагаварыць са спадарыняй Мбэтэ аб “рэальнай” эканоміцы не атрымалася. Госця “ключавой сферай” назвала супрацоўніцтва па лініі інфармацыйных тэхналогій. А паколькі ПВТ “завіс”, бакі гаварылі аб “пабудове справядлівага светаладу”, “адзіных гуманістычных каштоўнасцях”, “росце дабрабыту нашых народаў”.

АФН
2006, 20 кастр.

***

15 кастрычніка (па заканчэнні 10 сутак арышту) міліцыя адпусціла Паўла Красоўскага. Следства не змагло падаць пераканаўчых доказаў вінаватасці.

Актывіста “Маладога фронту” Паўла Красоўскага затрымалі 5 кастрычніка. Яго абвінавацілі ў дачыненні да падрыхтоўкі выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасня 2005 года, а затым дадалі падазрэнні ў забойствах са згвалтаваннем.

Павел Красоўскі адразу назваў падазрэнні следчых абсурднымі, бо падчас леташніх віцебскіх выбухаў ён знаходзіўся ў Польшчы.

— Я думаў, што гэта маё жалезнае алібі, але яны высунулі супраць мяне падазрэнне і затрымалі за забойства. Артыкул 139 частка 3. Фактычна гэта “расстрэльны” артыкул. Я быў у шоку, нават не памятаю, як падпісваў розныя паперкі, знаёміўся з правамі. Потым, недзе на пятыя суткі, яны высунулі яшчэ два забойствы з сексуальнымі дамагальніцтвамі. Тады я ўжо зразумеў, што гэта нейкая такая гульня, каб выбіць мяне з каляіны. Я гэта ўспрыняў больш адэкватна. Яны мяне гэтым артыкулам нават павесялілі. — паведаў у сваім інтэрв’ю для радыё “Свабода” Павел.

Паўлу Красоўскаму пакуль не вярнулі пашпарт і мабільны тэлефон, спаслаўшыся на тое, што яны патрэбныя для следчых дзеянняў. Павел кажа, што ўдзячны ўсім, хто ўвесь гэты час дамагаўся ягонага вызвалення.

Паводле радыё “Свабода” і telegraf.by
2006, 16 кастр.

***

20 кастрычніка 2006 года экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін пачаў бестэрміновую галадоўку пратэсту.

У адпаведнасці з заканадаўствам А.Казулін афіцыйна, пісьмова праінфармаваў адміністрацыю папраўчай установы, у якой ён адбывае пакаранне, аб пачатку галадоўкі. У гэтым дакуменце ён таксама згадвае прычыны і патрабаванні, якія прад’яўляюцца ім у сувязі з пачаткам палітычнай галадоўкі. А.Казулін падкрэслівае, што яго галадоўка ніякім чынам не звязаная з умовамі знаходжання ў калоніі, — гэта спроба прымусіць міжнародную супольнасць ажыццявіць якія-небудзь дзеянні для змянення палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

20 верасня ў сваёй заяве А.Казулін прапанаваў апазіцыі, Палітрадзе аб’яднаных дэмсілаў склікаць у лістападзе 2006 г. Кангрэс дэмакратычных сіл; звярнуцца да прэм’ер-міністра Сідорскага з патрабаваннем у адпаведнасці з Канстытуцыяй прыняць на сябе з 21 верасня 2006 года часовае выкананне абавязкаў кіраўніка дзяржавы і прызначыць паўторныя прэзідэнцкія выбары; накіраваць звароты ў нацыянальныя і міжнародныя інстанцыі па пытанні нелегітымнасці прэзідэнцтва А.Лукашэнкі; стварыць нацыянальную камісію для арганізацыі і правядзення міжнароднага грамадскага трыбуналу над А.Лукашэнкам і яго памочнікамі.

Прэс-служба А.Казуліна
www.kozylin.com

Эканоміка

***

25 кастрычніка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытанні грамадзян РФ у прамым эфіры, выказаўся за паскарэнне стварэння саюзнай дзяржавы з Беларуссю і заявіў, што не сумняваецца ў А.Лукашэнку як у паслядоўным прыхільніку стварэння СД. Тут жа “падчапіў” беларускага калегу заявай аб неабходнасці пераходу на адзіную валюту і засмуціў прызнаннем у тым, што яму добра вядома, колькі нафты імпартуе і колькі нафтапрадуктаў экспартуе Беларусь, і, што самае жудаснае для беларускіх уладаў, паабяцаў навесці парадак у гэтай сферы.

Паводле АФН
2006, 25 кастр.

***

Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю “Адносна візавай палітыкі Еўрасаюза”, у якой выказаў нязгоду з павышэннем візавых тарыфаў для краін-суседзяў, у тым ліку Беларусі, і заклікаў “як найхутчэй шукаць спосабы спрасціць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі”. Новыя кошты на візы для беларускіх грамадзянаў пачнуць дзейнічаць ад 1 студзеня 2007 года. Віза для беларусаў будзе каштаваць 60 еўра.

Рэзалюцыя, ініцыяваная парламентарыем Вацлавам Станкевічам, закранае пытанні візавай палітыкі Еўрасаюзу адносна: Беларусі, Украіны, Малдовы, балканскіх, каўказскіх краінаў, і Расіі.

Што да Беларусі, рэзалюцыя звяртае ўвагу, што павялічэнне коштаў на візы ў краіны Еўрасаюзу да 60 еўра значна ўскладніць магчымасці падарожнічаць для жыхароў Беларусі, негатыўна паўплывае на працэсы дэмакратызацыі ў краіне і не адпавядае прынцыпам палітыкі суседства Еўрасаюза.

Сябра камітэта замежных спраў Сейма Літвы Вацлаў Станкевіч ініцыяваў запыт адносна новых візавых тарыфаў для краін-суседзяў у часе урадавай гадзіны, а таксама абмеркаванне гэтай праблемы ў парламенце і падрыхтаваў тэкст прынятай рэзалюцыі, — ён адзначае, што упэўніўся, што літоўскі ўрад працуе над гэтай праблемай. Таму рэзалюцыя адрасаваная ў структуры Еўрапарламента, і праз дыпламатычныя каналы яна будзе перададзена ў кіруючыя структуры Еўрасаюза.

Паводле радыё “Свабода”
2006, 25 кастр.

Да ведама: Вацлаў Станкевіч мае беларускія карані, нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Належыць да знакамітага роду Станкевічаў, што даў беларусам вядомых навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў. У 1958 годзе сям’я спадара Вацлава пераехала ў вёску Буйвіджай непадалёку ад Вільнюса.

З 1997 года В.Станкевіч — дэпутат Клайпедскага гарадскога самакіравання, старшыня яго камітэта па гаспадарцы горада. З 2000 года член Сойма Літвы, прадстаўляе ў ім сацыял-лібералаў. У Сойме ўзначальваў камітэты і камісіі па сувязях з Беларуссю, Францыяй, Польшчай і іншымі краінамі. З 2001 года старшыня камісіі па ўваходжанні Літвы ў Еўрапейскі Саюз і НАТО, дэлегат Літвы ў парламенцкай Асамблеі Еўропы.

Па магчымасці наш суайчыннік дапамагае беларусам Літвы. Прымае ўдзел у розных іх мерапрыемствах. Дэлегат ІІІ з’езду беларусаў Балтыйскага рэгіёна. Ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Літве. В.Станкевіч валодае некалькімі мовамі: беларускай, польскай, літоўскай, англійскай, рускай. Жыве ў Клайпедзе.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

***

Афіцыйны Мінск сёння заняты пошукамі альтэрнатыўных расійскім крыніц атрымання сыравіны і энергарэсурсаў, і багаты на “чорнае золата” Азербайджан у гэтым плане выглядае нядрэннай кропкай прыкладання высілкаў. Прынамсі, так лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Да 2008 года Азербайджан плануе ўдвая ў параўнанні з цяперашнім годам павялічыць аб’ёмы здабычы нафты. У сувязі з гэтым у краіне можа паўстаць неабходнасць у новых трубаправодах, асабліва ў еўрапейскім напрамку. Таму прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб прадстаўленні беларускіх трубаправодаў для транзіту каспійскай нафты ў Прыбалтыку і Польшчу можа быць выгаднай. Умацоўваючы эканамічнае супрацоўніцтва з Баку, Беларусь разлічвае заручыцца і палітычнай падтрымкай Азербайджана. Асабліва зараз, калі ў СНД сур’ёзны крызіс.

Паводле www.naviny.by
2006, 18 кастр.

Культура

***

У Беларусі выйшаў у свет зборнік навукова-папулярных артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Піліпа Орліка — украінскага гетмана, беларуса па паходжанні.

Матэрыялы ў кнізе прадстаўленыя на трох мовах — беларускай, украінскай і рускай. Яе прэзентацыя адбылася 10 кастрычніка ў пасольстве Украіны ў Беларусі напярэдадні святкавання 334-годдзя са дня нараджэння Піліпа Орліка, якое адзначаецца 11 кастрычніка.

Зараз ідзе праектаванне памятнага знака Піліпу Орліку, які будзе ўсталяваны ў сяле Касута Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Над праектам працуе вядомы беларускі архітэктар Уладзімір Тарноўскі. А сярод планаў мясцовых уладаў — стварэнне капліцы-музея роду Орлікаў на тэрыторыі Петрапаўлаўскай царквы, пабудаванай у сяле Касута яшчэ ў 1863 годзе. Гетман Піліп Орлік стаў аўтарам “Пактаў і Канстытуцыі законаў і вольнасцяў Войска Запарожскага”. Шматлікія даследчыкі лічаць гэтую канстытуцыю першай у свеце канстытуцыяй у сучасным разуменні гэтага тэрміна. Прынятыя 5 красавіка 1710 года ў Бэндэрах (Малдова) “Пакты і Канстытуцыі” не толькі рэгулявалі адносіны паміж гетманам і казацкім старшынёй, але і канстытуцыянавалі ўнутранае ўпарадкаванне дзяржавы. Па меркаванні спецыялістаў, сфармуляваныя Піліпам Орлікам ідэі парламентарызму актуальныя і дагэтуль.

Паводле belarustoday.info
2006. 10 кастр.

***

Беларускія іудзеі знайшлі святую кнігу — Тору, страчаную ў часы вайны. Яна належала рэлігійнай грамадзе мястэчка Смілавічы на Міншчыне.

Рэліквія знікла ўвосень 1941 года. Тады фашысты правялі ў мястэчку карную акцыю і знішчылі габрэйскае насельніцтва. А ўжо ў наш час у музей гісторыі і культуры габрэяў Беларусі патэлефанаваў чалавек, які назваўся Міхаілам Шчэрбам. Ён знайшоў на гарышчы свайго дома скруткі Торы. Высветлілася, што ягоны дзед знайшоў у знішчаных фашыстамі Смілавічах Тору, прынёс яе дадому і выкарыстаў як уцяпляльнік для гарышча. Выратаванне святарных скруткаў заняло амаль год. І напярэдадні рэлігійнага свята Сімхат-Торы нарэшце рэліквія заняла сваё месца ў музеі. Спецыялісты лічаць, што знойдзеныя скруткі маглі быць напісаныя ў ХІХ стагоддзі.

Паводле ИТАР-ТАСС
2006, 16 кастр.

***

Архівы Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы ствараюць інфармацыйна-пошукавую сістэму па роду Радзівілаў. Беларускі архіў з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце сховішчаў дакументаў князёў Радзівілаў (каля 26 тыс. адзінак) з XIV стагоддзя па 1939 год. Другая вялікая частка матэрыялаў знаходзіцца ў Галоўным архіве старажытных актаў, што ў Варшаве. Невялікая колькасць дакументаў месціцца ў архівах Літвы і Украіны.

У гэтых чатырох краінах захоўваюцца граматы, дакументы, датычныя кіравання маёнткамі, перапіска Радзівілаў па службовых, вайсковых, асабістых пытаннях, а таксама кнігі-радаводы, генеалагічныя табліцы, дароўныя, завяшчанні і іншыя дакументы. Раней яны захоўваліся ў Нясвіжскім архіве, створаным у 1551 годзе адным з князёў услаўленага магнацкага роду.

Ала Галубовіч, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва, адзначыла, што мэта праекту — аб’яднанне ў інфармацыйна-пошукавай сістэме некалі адзінага нясвіжскага архіўнага комплексу. Пакуль рэалізацыю праекту пачалі толькі Беларусь і Польшча, таму гаварыць аб тэрмінах завяршэння прац заўчасна.

Паводле БДГ-online і БелТА

***

У беларускім сектары інтэрнету пачаў працу нацыянальны партал Belarus.by. Ён створаны ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Інфарматызацыя” пры тэхнічным забеспячэнні адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. Асноўнай задачай аўтараў парталу было стварэнне ў сеціве рэсурсу, які “фармаваў бы станоўчы імідж краіны”.

Сфармаваць уяўленне пра Беларусь наведнікі могуць на пяці мовах – рускай, англійскай, французскай, іспанскай і арабскай. Няма ў пераліку толькі мовы беларускай, у адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій патлумачылі: партал разлічаны на замежнікаў, якія хацелі б даведацца пра Беларусь, а яны не ведаюць беларускай мовы. Таму як “агульнадаступная” для мясцовых карыстальнікаў была абраная руская мова.

Партал Belarus.by увабраў у сябе чатыры асноўныя тэматычныя блокі: “Аб краіне”, “Інфармацыя для турыстаў”, “Бізнес у Беларусі” і “Навучанне ў Беларусі”.

Паводле радыё “Свабода”
2006, 12 кастр.

У вянок памяці Віктара Шматава

На 71-м годзе жыцця адышоў у вечнасць вядомы мастак, доктар мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, педагог, чалавек шырокай эрудыцыі, патрыёт сваёй краіны Віктар Шматаў. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, ТБМ імя Францішка Скарыны, сябры па творчай суполцы “Пагоня” смуткуюць з прычыны вялікай страты, якую панесла нашая культура, і выказваюць шчырае спачуванне сям’і Віктара Шматава, ягоным сваякам, калегам па працы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by