МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№8(№21)
жнівень
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Зварот да замежных суродзічаў
Грамадзкага камітэту абароны Беларускага ліцэю

будынак ліцэюДарагія суродзічы, Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа - адзіная ў нашай краіне сярэдняя навучальная ўстанова ліцэйска-гімназійнага тыпу, дзе ўсё выкладанне вялося па-беларуску, на падставе арыгінальных аўтарскіх праграм, на грунце сапраўднага дэмакратызму і глыбокае павагі да асобы навучэнца.

Створаны ў 1990 г. як недзяржаўная навучальная ўстанова, Гуманітарны ліцэй сабраў дзеля выкладання ці не найлепшыя інтэлектуальныя сілы. У 1991 г., калі ў краіне пачаліся змены да лепшага, Ліцэй стаў дзяржаўным і заняў будынак у цэнтры гораду на вул. Кірава, 21. На чале калектыва Ліцэю стаў педагог і рэжысёр Уладзімір Колас. Практычна ўсе выпускнікі ліцэю штогод паступалі ў беларускія і замежныя ўніверсітэты, рэгулярна перамагалі на беларускіх і сусветных алімпіядах школьнікаў у розных дысцыплінах, ліцэй прыняты ў партнёрскую сетку United World Colleges.

Здавалася б, дзяржава павінна ўсяляк падтрымліваць школу, якая гадуе сапраўдных патрыётаў, але 25 чэрвеня Савет Міністраў выдаў пастанову № 850 "Аб ліквідацыі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа". У ёй не называюцца прычыны ліквідацыі. Пастанова парушае дзейнае заканадаўства аб правах бацькоў і дзяцей выбіраць мову навучання і навучальную ўстанову, а менавіта арт. 49, 50 Канстытуцыі і 51 Закону "Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь", якія гарантуюць даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй адукцыі, даюць права выбару установы адукацыі і мовы навучання для нашых дзяцей. Яна парушае арт. 13 Міжнароднага пакту "Аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах" ААН, арт. 2,3 і 30 Канвэнцыі ААН "Аб правах дзіцяці". Паводле Канвэнцыі ААН "Аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі" ад 14.12.1960 беспадстаўную ліквідацыю Ліцэю мы расцэньваем як дыскрымінацыю па моўнай і нацыянальнай прыкметах у галіне адукацыі.

пікет ліцэістаўУвесь гэты час бацькі, выкладчыкі, ліцэісты вялі нястомную барацьбу за свае правы. Яны стаялі ў пікетах, выходзілі на шэсці, збіралі подпісы, падавалі заявы ў суды і пракуратуру. Улады некалькі разоў ужывалі сілу супраць дарослых і дзяцей - абаронцаў ліцэю.

13 жніўня пісьмова запрошаныя чыноўнікамі на чарговую гутарку бацькі з дзецьмі-ліцэістамі накіраваліся ў гарадзкое ўпраўленне адукацыі. Але там іх сустрэлі людзі ў цывільным і сілай не пусцілі ліцэйскую дэлегацыю ў будынак. Гэтыя "ахоўнікі парадку" паднялі руку нават на дзяцей. 13-гадовую Кацю Раковіч машына "хуткай дапамогі" звезла ў Дзіцячы хірургічны цэнтар.

Але барацьба за Ліцэй - гэта барацьба за Беларусь, за яе будучыню. Мы, педагогі, бацькі навучэнцаў і ліцэісты, маем намер 1 верасня прыйсці да будынку нашага Ліцэю і пачаць вучобу на нашай мове і паводле нашых праграмаў - хай сабе нават на вуліцы. Але мы не ведаем, якім чынам дзеці атрымаюць атэстаты аб сярэдняй адукацыі. Таму мы будзем намагацца зарэгістраваць недзяржаўны Гуманітарны ліцэй, што вельмі нялёгка.

Дарагія суродзічы, нам патрэбная вашая неадкладная дапамога.

Просім Вас звярнуцца да парламентаў і ўрадаў Вашых краінаў з просьбай паўплываць на кіраўніцтва Беларусі і патрабаваць спыніць парушэнне правоў чалавека, якім ёсць ліквідацыя Ліцэю.

Для арганізацыі альтэрнатыўнага навучальнага працэсу патрэбныя матэрыяльныя рэсурсы (дошкі ды іншыя навучальныя прылады; падручнікі, слоўнікі, энцыклапедыі, папера, камп'ютары ды іншая тэхніка, памяшканні). Любая дапамога тут будзе дарэчы.

Змаганне працягваецца. Разам мы пераможам!

Інфармацыю пра становішча Ліцэю можна атрымаць на сайце http://licej.org. E-mai: licej@licej.org, факс +375 17 2205941, тэл. +375 17 2242738 (Уладзімір Колас), +375 29 6703085 (Рэгіна Зімніцкая).

Зварот Рады Таварыства Беларускай культуры ў Літве

Ужо жоўгі час ідзе змаганне за сваё існаванне вучняў і бацькоў адзінага ў Беларусі беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Беларусы Літвы абураны дзейнасцю адміністратыўных і сілавых структур, якія пярэчаць статуту ААН і правам чалавека, выказваюць рашучы пратэст і патрабуюць спыніць антыбеларускую кампанію.

Рада ТБК
Вільня, 14 жніўня 2003

Навіны

Прага, Чэхія

Удзельнікі камітэту 'За свободную Беларусь'У Сенаце Чэшскай Рэспублікі адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная заснаванню яго сябрамі камітэту "За свабодную Беларусь". Асноўнымі задачамі камітэту з'яўляюцца: збор фактаў для інфармавання органаў Еўрапейскага Звязу аб парушэннях правоў чалавека на Беларусі; больш аператыўнае рэагаванне чэшскіх улад на гэтыя парушэнні праз дыпламатычная каналы. Заснавальнікамі з'яўляюцца вядомыя чэшскія палітыкі. Дэкларацыю камітэту падпісала ўжо больш за 50 чэшскіх сенатараў і парламентарыяў. Сенатары ў кароткіх уступных заявах нагадалі пра тое, што для іх, як і для шматлікіх іншых еўрапейцаў, якія даўно ўжо ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі, 27 ліпеня 1991 году (Дэкларацыя аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь) быў і застаецца нацыянальным святам Беларускай незалежнасці. Стварэнне камітэту якраз было прыўрочана да святкаваньня сёлеташняй 12-ай гадавіны гэтай падзеі.

Удзельнікі камітэту знаёмыя з беларускай сітуацыяй наўпрост. Даніэл Кроўпа быў назіральнікам на выбарах у Беларусі. Ян Румл, былы міністр унутраных спраў, быў незалежным назіральнікам на палітычных судовых працэсах. Марцін Мэйстржык параўнаў сённяшнія рэпрэсіі на Беларусі з падзеямі ў Чэхіі ў 1989 году. Ад імя беларусаў выказаў сваю падзяку сенатарам і пажаданні плённай працы ў камітэце Аўген Сідорык, старшыня Звязу Бларусаў замежжа. Стварэнне камітэту актыўна падтрымаў Вацлаў Гавел, які прыслаў тэлеграму з выказваннем падтрымкі.

Падтрымку выказаў і доктар Ян Странскі, вядомы чэшскі дысідэнт, які вывесіў з вакна свайго дома ў цэнтры Прагі бел-чырвона-белы сцяг і запрасіў усіх беларусаў адсвяткаваць Дзень Незалежнасці ва ўласным вечаровым клубе.

А. Гайдамацкі
www.belabroad.org

Нью-Джэрсі, ЗША

23 жніўня ў царкве Божай Маці Жыровіцкай у Хай-Ланд Парку (штат Нью-Джэрсі) адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША з новым паслом Злучаных Штатаў у Беларусі Джорджам Кролам.. Мэта сустрэы амерыканскага дыпламата з амерыканскімі беларусамі - знаёмства, абмен інфармацыяй, а таксама дыскусія па пытаннях, звязаных з Беларуссю. Як чакаецца, у верасні 2003 году Дж.Крол прыбудзе ў Беларусь.

Аляксей Шэін, БелаПАН

Нью-Ёрк, ЗША

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША ўзялі ўдзел у штогадовым "Маршы паняволеных нацый", які прайшоў 20 ліпеня ў Нью-Ёрку. Марш з'яўляецца першай падзеяй "Тыдня паняволеных нацый", у якім штогод, пачынаючы з 1959 году, удзельнічаюць прадстаўнікі дыяспар тых краін свету, дзе адсутнічае дэмакратыя, грамадзянскія свабоды і ўціскаецца права нацый на самавызначэнне. Мерапрыемства пачалося багаслужбаю за народы ў катэдральным саборы Святога Патрыка, а сам марш прайшоў у цэнтры Нью-Ёрку. У цэнтральным парку Нью-Ёрку адбылося афіцыйнае адкрыццё "Тыдня паняволеных нацый". Нагадаем, што 18 ліпеня ў Даласе (Тэхас), беручы ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да "Тыдня паняволеных нацый", прэзідэнт Джордж Буш заявіў, што Беларусь уваходзіць у лік шасці краін з рэжымамі, што "ўціскаюць правы чалавека". У той "чорны спіс" таксама трапілі Бірма, Зімбабвэ, Іран, Куба і Паўночная Карэя.

"Наша Ніва". 2003. 25 ліп.

Брадфард, Англія

У Англіі расчпачала працу новая беларуская радыёпраграма. Мы назвалі нашую праграму "Сакавік", таму што гэтае слова не новае для тых, хто жыве ў Брадфардзе. Доўгі час у клубе з такою назваю збіраліся беларусы, каб за кубкам кавы ці добрага піва паразмаўляць, паспяваць ці абмеркаваць нешта. Беларускую мову зараз можна будзе чуць на хвалях мясцовага радыё ВСВ (Bradford/Community Broadcasting). Гэта мясцовая радыёстанцыя, якая працуе на 96.7 FM. Паколькі няшмат хто разумее нашую мову, мы асаблівую ўвагу надзяляем выбару музыкі. Музыка, якую мы перадаем на радыё, вельмі беларуская, і мы спадзяемся, надзвычай выкшталцоная. Пакуль што мы перадавалі навіны з Беларусі ды ўвогуле інфармацыю, звязаную з Беларуссю. Мы збіраемся працягваць так і наладей. Але ў нашых планах ёсць стварэнне цыклу перадачаў пра беларусаў, хто жыве ці жыў за мяжою, найперш у Брытаніі, а таксама пра тых, хто меў нейкае дачыненне да Брадфарду. Таму мы просім усіх, хто мае нейкую інфармацыю, пісаць нам на адрас:

Mrs. Liliya Sazanavets \ 136 Park Lane
Bradford BD50LN UK
е-mail: lsazanavets@yahoo.com

Іншы цыкл перадачаў, які мы плануем стварыць, - гэта перадачы пра беларускіх пісьменнікаў, якіх лёс закінуў далёка ад Беларусі. У гэтым выпадку не мае значэння, у якой краіне апынуўся пісьменнік. Мы просім дасылаць нам інфармацыю, a таксама творы.

Шаноўнае спадарства! Слухайце беларускае радыё кожны панядзелак 5.30-6.00 па ангельскаму часу на сайце www.bcb.yorks.com у real audio. Усім беларускае прывітанне!

Лілія і Зміцер Сазанавец

Сочы, Расія

Падчас наведвання Беларусі ў офіс МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" завітаў старшыня Беларускай Грамады "Белая Русь" г. Сочы Уладзімір Астапук. Адбылася карысная дзелавая размова з кіраўніцтвам Згуртавання, вызначаны магчымыя шляхі супрацоўніцтва. У г. Сочы пражывае 10 тысяч беларусаў. Грамада "Белая Русь" шукае сувязі з гістарычнай Радзімай, плануе займаца культурным абменам, а таксама развіваць эканамічныя ўзаемаадносіны.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Цюмень, Расія

Ад 30 ліпеня да 4 жніўня ў г. Цюмені праходзіў III Міжнародны фальклорны фестываль "Сибирские родники". Удзел узялі больш за 80 творчых калектываў Карэі, Тайваня, Казахстана, Украіны, Сібіры, Урала, Калінінградскай і Цюменскай абласцей. Беларускую культуру на фестывалі прадстаўлялі народны ансамбль беларускай песні "Лянок" (г. Цюмень), народны фальклорны ансамбль "Вячоркі" (с. Вікулава Цюменскай вобл.), вакальны ансамбль "Крынічанька" і інструментальны ансамбль "Азарычы" (г. Новасібірск). Нават дождж не стаў перашкодай для гледачоў, якія кінуліся ў скокі, калі нашыя калектывы выконвалі зухаватую "Лявоніху".

Людміла Татарынцава

Рыга, Латвія

У Рызе плённа парцуе ансамбль беларускай народнай песні "Надзея" пад кіраўніцтвам Зоі Калвіш. "Надзея" аб'ядноўвае 16 чалавек веку ад 30 да 60 гадоў з Рыгі і іншых месцаў. У планах калектыва стварэнне і беларускага дзіцячага гурта народнай песні.

Таварыства "Прамень"

Увага! Конкурс

Віленскі педагагічны універсітэт абвяшчае набор абітурыентаў на 1 курс факультэта славістыкі па спецыяльнасці беларуская філалогія. Навучанне завочнае платнае. Прыём дакументаў - да 15.09.2003 г. Дакументы можна выслаць на адрас:

Baltarusiu filologijos katedra
(кафедра беларускай філалогіі)
Vilniaus pedagoginis universitetas
Studentu g. 39-527
2004 Vilnius
LIETUVA

Падрабязная інфармацыя:
Tel. (+370) 615-275-77, (+370) 698-067-10;
тэл. у Баранавічах: (8-0163) 47-05-03;
e-mail: belfil@vpu.lt; http:// www.vpu.lt/belfil

З стэнаграмы прэс-канферэнцыі А.Лукашэнкі для расійскіх СМІ 1 жніўня2003 г.

Змешчана на афіцыйным прэзідэнцкім сайце. А.Лукашэнка: "Если я скажу, что я очень наблюдаю за диаспорой в России, поддерживаю их, это будет неправдой. Неправдой в силу особых взаимоотношений белорусов и россиян. Я не вижу разницы между россиянами и той диаспорой белорусов, которая там проживает. Куда не приезжаю, в том числе будучи в Новосибирске, я встречаюсь с представителями диаспоры. Если они у меня попросят, я им помогаю. Стараюсь помочь, если им нужна какая-то конкретная помощь, которую я должен оказать. Не какая там особая из-за того, что они - диаспора Беларуси, а просто попали в трудное положение. Мы, конечно, поддержим, но так же, как и россиян. У нас в Беларуси даже и не принято такое понятие, как диаспора. Может быть "диаспора армян, грузин" нормально звучит в России, а диаспора белорусов не очень."

2003. 2 жніў. "www.president.gov.by"

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларускія дзеці на адпачынку ў ЧэхііСкончаны чарговы "конкурсны сезон", які трэці год запар ладзіць "Бацькаўшчына". Звычайна ад пачатку арганізацыі рэспубліканскага конкурсу і да вяртання пераможцаў з аздараўленчай вандроўкі праходзіць палова года. Так адбылося і ў гэтым годзе. З пачаткам вясны былі вызначаны крытэрыі і метады правядзення літаратурна-мастацкага конкурсу, створана экспертная камісія. Потым было абвяшчэнне конкурса пад назвай "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі", потым атрыманне і апрацоўка конкурсных прац. Шмат часу запатрабавала абранне лепшых. Абраныя працы ўжо трэці год пераконваюць, што на Беларусі нараджаецца новая патрыятычная інтэлектуальна-мастацкая эліта - вольная ад піянерска-камсамольскай шэрасці.

Беларускія дзеці на адпачынку ў ЧэхііЕўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Сцяпан Батура, Тадэвуш Касцюшка, курганы, замкі, касцёлы, рэкі, азёры, камяні, Пагоня, гербы гарадоў і шляхецкіх родаў, мілагучнасць мовы і хараство прыроды і многае-многае іншае! Гэта тэмы, якія хвалююць сёння маладыя беларускія таленты. Творы нашых дзяцей насычаны імкненнем жыць і ствараць! І крытэрыем поспеху для іх ёсць гонар і слава нашай краіны.

Пераможцы конкурсу атрымалі цудоўны падарунак - магчымасць адпачыць і ўмацаваць здароўе на курорце ў Чэхіі. Падрыхтоўка аздараўленчай вандроўкі, у якую едуць пераможцы конкурса, і распрацоўка культурных праграм адпачынку як і заўсёды патрабавалі шмат арганізацыйных намаганняў На кожны дзень былі распрацаваны падрабязныя планы імпрэз, прысвечаныя славутым дзеячам і падзеям айчыннай гісторыі. Адказнай працай з'яўляўся падбор выхавацеляў, якія мусілі мець зносіны з вельмі таленавітымі і адукаванымі дзецьмі. І вось нарэшце - падарожжа і адпачынак.

вокладка зборніка 'Гістарычныя вандроўкі'Падчас дзіцячага падарожжа выйшаў з друку Зборнік літаратурных прац пераможцаў конкурса "Гістрычныя вандроўкі" . Гэты зборнік стане яшчэ аднім падарукам маладым талентам. А восенню, у музеі М.Багдановіча будзе арганізавана выстава малюнкаў усіх удзельнікаў конкурсу.

Аздараўленчы адпачынак будучай творчай эліты Беларусі і выданне кнігі сталіся магчымымі, як і колькі год запар, дзякуючы славутай беларускай мецэнатцы з ЗША сп. Ірэне Калядзе-Смірноў.

Управа Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" шчыра ўдзячна сп. Ірэне Каляда-Смірноў за адданы клопат пра духоўнае сталенне і здароўе беларускіх дзетак, а таксама ўсім удзельнікам конкурсу - за ўдзел.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Пішуць удзельнікі конкурсу...

Беларускія дзеці на адпачынку ў ЧэхііДобры дзень, шаноўная Алена Макоўская і ўсе супрацоўнікі "Бацькаўшчыны", я ўжо дома ў Цюмені. Хачу сказать "Вялізны дзякуй" сп. Ірэне Каляда-Смірноў і Вашаму Згуртаванню за арганізацыю конкурса сачыненняў і за дзівосную паездку ў Чэхію. Ведаю дакладна, што толькі дзякуючы нашай амерыканскай спонсарцы і "Бацькаўшчыне" я пабачыў сярэднявечныя замкі Чэхіі, ледзяныя пячоры і іншыя дзявосныя месцы. Але самае галоўнае, мой нататнік папоўніўся адрасамі новых сяброў. Успаміны аб конкурсах, экскурсіях, паходах у горы, песнях ля вогнішча будуць саграваць мяне доўгай сібірскай зімой. А такога цікавага і жыццярадаснага кіраўніка групы, як спадар Алесь, я ніколі не сустракаў. Прызы з сімволікай Бацькаўшчыны занялі сваё месца ў маёй калекцыі. Я заўважыў, што многія мае аднагодкі не могуць актыўна адпачываць і чакаюць, калі іх пачнуць забаўляць. А я лічу, што адпачынак павінен быць не на канапе, а ў падарожжах, у даведванні аб чымсьці новым і цікавым. Я раю аднагодкам вывучаць гісторыю свайго краю, культуру свайго народу, сваі радаводы і... удзельнічайце ў конкурсах. Спрабуйце! І поспех Вам усміхнецца!

Улад Татарынцаў, 14 год, г. Цюмень, Расія

Паважаная спадырыня Ірэна! Вялікі Вам дзякуй за тое, што Вы далі многім таленавітым дзецям магчымасць пабачыць свет, бо не кожныя бацькі здольны адправіць свайго сына ці дачку ў такое падарожжа. Дзякуй за тое, што з Вашай дапамогай шмат хто з дзяцей знайшоў метад самавыразу. Шмат каму "Бацькаўшчына" дапамагла паверыць у свае сілы і таленты, адчуць тое, што яны здольныя да вялікіх перамог.

Каця Прыгара, 14 год, Мінск

Беларускія дзеці на адпачынку ў ЧэхііПрывітанне, шаноўная сп. Ірэна. Піша Вам дзяўчынка з маленькай вёсачкі Цяхцін, якая знаходзіцца на беразе чароўнай ракі Друць. Гэта адзін з самых прыгожых і паэтычных куточкаў нашай Беларусі, асабліва для мяне, бо я тут нарадзілася, зрабіла першы крок у жыццё, у першы раз пачула з вуснаў маей матулечкі родную мову, мову маіх продкаў. Менавіта з дапамогай гэтых мясцін я пачала пісаць вершы, паэмы, сачыненні.... Переда мной узнікалі прыгожыя вобразы, якія я пераносіла на ліст паперы.

Малюнак Віялеты Кандратовіч, 14 год, Мар'іна горкаЯ заўсёды марыла пабываць за мяжой. Убачыць розныя старнажытныя помнікі архітэктуры, жывапісу, вывучыць культуру і традыцыі. І вось настала гэтая радасная часіна - я ў Чэхіі. Тут вельмі ціква. Розныя вандроўкі, конкурсы, гульні. Асабліва мне спадабаліся помнікі архітэктуры: кафедральны сабор св. Пятра і Паўла, старая ратуша, замак сярэднявечча Боўзаў, а таксама неверагодныя вандроўкі ў пячоры.

Вы падаравалі мне і ўсім астатнім дзецям вялікае шчасце - пабачыць сваімі ўласнымі вачымя краіну, з якой звязаны многія сусветныя падзеі, у якой нарадзіліся многія знакамітыя людзі. Я ўсёй душой гавару Вам шчырае дзякуй, што Вы здзейснілі маю запаветную мару.

Каця Філіпава, 15 год, Бялыніцкі р-н, Магілёўская вобл.

Беларусы Беласточчыны

Адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная 10-ым угодкам Першага з'езду беларусаў свету. На імпрэзу як пачэсных гасцей запрасілі беларусаў з замежжа. Сярод іх быў старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, выступ якога выклікаў жывы водгук.

З біяграфіі спадара Яўгена. Яўген Вапа нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Доўгі Брод Гайнаўскага павету. У 1984-м годзе скончыў беларускі ліцэй у Гайнаўцы, пазней вучыўся ў Варшаўскім універсітэце на гісторыка. У 1980-я гады - лідэр незалежнага моладзевага беларускага руху на Беласточчыне, працяглы час старшыня Беларускага Аб'яднання Студэнтаў, сябра Беларускага Гістарычнага Таварыства, сустваральнік і рэдактар Радыё Рацыя. З 1995-га году - старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы.

Яўген Вапа: "Беларусы на Беласточчыне ёсць неад'емнаю часткай беларускага культурнага арэалу. Мы хочам быць адказнымі за тое, што робіцца на нашай тэрыторыі, там, дзе жыве найбольш беларусаў, на Беласточчыне. Для мяне адчуваецца духоўная повязь з тым, што адбываецца на нашай вялікай Бацькаўшчыне Беларусі. І повязь вельмі моцная. Гэта цяжка зразумець, але тыя людзі, што жывуць па-за межамі Беларусі, уважлівей і часам эмацыйней рэагуюць на тое, што адбываецца ў метраполіі. Для нас - гэта павага да мовы, гісторыі, дзяржаўнасці, тое, чым можна ганарыцца перад людзьмі іншае нацыі.

Я працаваў шмат гадоў настаўнікам гісторыі ў Гайнаўцы, дзе навучаюцца беларускай мовы. Я казаў, каб вучні, моладзь гаварылі паміж сабой па-беларуску. На гэта часта адказвалі: "Пан прафесар, мы будзем гаварыць, калі ў Беларусі будуць гаварыць па-беларуску". Але мова жыве, людзі яе ведаюць. Паводле апошняга перапісу ў Польшчы, сваю прыналежнасць да беларускай нацыянальнасці дэкларавала амаль 50 тыс. жыхароў. Гэта паказвае вялікую сведамасць і адказнасць.

З 1989 году, калі адбыліся перамены, мы, беларуская інтэлігенцыя, сталі перад пытаннем "Што рабіць?" Беларуская эліта як адна з меншасцяў Польшчы, у 80-я гады стварыла сваю сістэмную антыкамуністычную структуру. Гэта дало пачатак арганізаванага беларускага руху. Летась як вынік пэўнага працэсу паўстаў Беларускі самаўрадавы форум: нашыя бурмістры, войты, радныя, тыя, хто балатаваўся, стварылі арганізацыю для самаадукацыі і культуральнага развіцця. Беларускі звяз выступіў з ініцыятывай пашырэння беларускіх перадачаў на "Радыё Беласток", з'яўлення праграм па-беларуску на Беластоцкай тэлевізіі. Трэба сабраць 30-50 тыс. подпісаў жыхароў Беласточчыны, якія б гэта падтрымалі.

Мусім вучыцца ладзіць грамадзянскія акцыі. На жаль, дагэтуль у Польшчы яшчэ не прынялі закону аб нацыянальных меншасцях. Зразумела, калі не будзе моцнай духовай Бацькаўшчыны, нацыянальныя меншасці і дыяспара выракаваныя на асіміляцыю. Мы адчуваем такую пагрозу. У Беларусі, на жаль, дамінуе расейская мова. Чужыя ж мова і культура вядуць у нябыт. Нам, па розныя бакі мяжы, трэба разлічваць перадусім на свае сілы і працу.

Для нашага Беларускага Звязу вельмі важнае спрыянне беларускай культуры ў Польшчы. Адсюль вынікаюць цесныя кантакты з Беларуссю арганізацый, паяднаных у Беларускім Звязе. Кожная мае свае сяброўскія дачыненні з грамадзкімі арганізацыямі Беларусі: пісьменнікі з пісьменнікамі, гісторыкі з гісторыкамі, моладзь з моладдзю. Дзякуючы гэтаму ўсталявалася шмат цесных і дзейсных кантактаў.

Думаю, што мяжа, якая паўстала паміж Беларуссю і Еўразвязам, можа паслабіць кантакты, але не разарваць. Аднак нацыянальная меншасць не можа істотна дапамагчы метраполіі - наадварот, падтрымкі вымагае дыяспара. У нацыянальных меншасцяў іншая місія: яны найлепшыя паслы дзяржавы ў чужых краінах.

"Свой Лад". 2003. № 8

Нашыя славутыя землякі

Народзіны Ларысы Геніюш

9 жніўня ў Зэльве адбылося святкаванне 93-й гадавіны з дня нараджэння Ларысы Геніюш. У Зэльвенскай царкве адслужылі імшу, спяваў гарадзенскі хор духоўнай музыкі "Бацькаўшчына", на магілу паэткі ўсклалі кветкі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Лёс Ларысы Геніюш

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш (сапраўднае імя Ларыса Антонаўна Міклашэвіч) - беларуская пісьменніца, дзеяч бел. адраджэння. Нарадзілася ў 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Гродзенскага пав. Вучылася ў польскай школе, у 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. Тады і пачала пісаць вершы. У 1937-48 гг. жыла з сям'ёй у Празе. Ларыса Геніюш была сакратаром прэзідэнта БНР В.Захаркі, займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіва, апякунствам беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. Вершы Геніюш спрабавала пісаць яшчэ на Радзіме, але толькі ў Празе адчула магутны творчы імпульс. Друкавацца пачала ў 1939 г. у берлінскай газеце беларускай эміграцыі "Раніца".

У 1942 г. у Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі "Ад родных ніў". Матывы волі і настальгіі па пакінутай Радзіме пранізваюць усе вершы.

Творчасць паэткі пад час Другой сусветнай вайны адлюстравана ў рукапісным зборніку 1945-47 гг. Яе высакадумны паэтычны малебен звернуты да ўсвятарненай Бацькаўшчыны і Бога. (Сёння зберагаецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзе быў выдадзены ў 1992 г. пад назвай "Вершы".)

У 1948 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі арыштаваны, знаходзіліся ў турмах Чэхаславакіі, Львова, з канца 1948 г. у турме Мінску. У 1949 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі асуджаны на 25 гадоў кожны. Пакаранне Л.Геніюш адбывала ў лагерах Комі АССР і Мардоўскай АССР, дзе станавіла сабой прыклад фенаменальнай духовай трывушчасці, яднала вакол сябе беларусаў. Яе шчырае і мужнае паэтычнае слова дапамагала суайчыннікам выжыць у нялюдскіх умовах. Сярод вязняў яе клікалі Маці, вершы яе называлі "глюкозай", іх завучвалі на памяць, як малітвы.

У 1956 г. Геніюшы былі вызвалены і вярнуліся на Беларусь. 27 гадоў зэльвенскага жыцця Л.Геніюш праходзілі пад наглядам КДБ. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасці, не дазваляючы паехаць да сына Юркі, які жыў побач, у Беластоку.

Духовай падтрымкі ад паэткі чакалі суайчыннікі ў Мэльбурне і Рыме, Лондане і Нью-Ёрку, Маскве і Празе, Вільні і Менску, Вроцлаве і Львове... Геніюш прынцыпова не прымала савецкае грамадзянства, не ўступала ў Саюз пісьменнікаў. Ад уладнага свавольства Л.Геніюш неаднаразова бараніў М.Танк.

У 1967 г. выйшаў першы на Радзіме зборнік "Невадам з Нёмана", які ўяўляў з сябе выбранае за тры дзесяцігоддзі - з 1937 па 1966. Паэтычнай творчасці Л.Геніюш характэрны цнатлівы лірызм, глыбокія народнасць і гуманізм, філасофскае асэнсаванне жыцця, моцныя хрысціянскія і нацыянальна-патрыятычныя матывы. Прыкметнае месца ў яе творчасці займае гістарычная тэматыка.

Пры садзейнічанні М.Танка, У.Караткевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, надрукаваны 2 зборнікі паэзіі і 2 кніжкі вершаў для дзяцей. Сапраўднай падзеяй у беларускай мемуарыстыцы стала пасмяротная публікацыя кнігі ўспамінаў Л.Геніюш "Споведзь".

Памерла Л.Геніюш у 1983 г.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Вярхоўны суд адмовіўся рэабілітаваць Л.Генiюш

Беларускi Хельсiнскi камiтэт звярнуўся 9 лiпеня да кiраўнiка дзяржавы з просьбаю рэабiлiтаваць паэтку. У 1949 годзе Ларыса Генiюш была асуджаная да 25 гадоў зняволення паводле абвiнавачання ў падрыўной дзейнасцi супраць СССР. Яна датэрмiнова была вызваленая ў 1956 годзе i да сваёй смерцi ў 1986 годзе жыла ў пасёлку Зельва пад наглядам КГБ. У лiсце БХК да Лукашэнкi адзначаны шэраг юрыдычных матываў: Генiюш была асуджаная, не з'яўляючыся грамадзянкаю БССР, з матэрыялаў яе справы вынiкае, што ёй iнкрымiнавалася сяброўства ў арганiзацыях "Беларуская Рада" i "Беларуская народная самапомач", якiя не вялi антысавецкай цi прафашыцкай дзейнасцi. Апроч iншага, артыкулы крымiнальнага кодэксу, паводле якiх Ларыса Генiюш была асуджаная, былi скасаваныя ў 1960 годзе, што паводле заканадаўства мусiць цягнуць за сабою скасаванне прысуду i рэабiлiтацыю. У 1999 годзе БХК ужо звяртаўся ў Генпракуратуру Беларусi з просьбаю апратэставаць прысуд Ларысе Генiюш i яе мужу Яну. Справа была накiраваная ў Вярхоўны суд, якi пастанавiў, што Ларыса Генiюш увогуле не падлягае рэабiлiтацыi. Цяперашнi зварот Хельсiнскага камiтэту Аляксандар Лукашэнка пакiнуў без адказу, пераадрасаваўшы яго Вярхоўнаму суду. А Вярхоўны суд пацвердзiў сваю ранейшую пазiцыю, адказаўшы, што Ларыса Генiюш была абгрунтавана прызнаная не падлягаючай рэабiлiтацыi.

"Биржа информации". 2003. 31 ліп.

Кніжная паліца

Метадычны дапаможнік з Іркуцку

Падчас свайго насычанага на сустрэчы і імпрэзы наведвання Беларусі Алег Рудакоў, кіраўнік Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Чэрскага, знайшоў час завітаць на офіс "Бацькаўшчыны" і прэзентаваў метадычны дапаможнік "Беларускія абрадавыя святы". Дапаможнік, аўтарам якога з'яўляецца сам спадар Алег, прызначаны для сцэнарыстаў і арганізатараў беларускіх каляндарных святаў. Гэтая надзвычай карысная кніга, асабліва для жыцця дыяспары, падзелена на чатыры раздзелы. Першы прысвечаны Калядам і складаецца з дзвюх частак: "Каляды" і "Жаніцьба Цярэшкі". Другі раздзел асвятляе асаблівасці і паслядоўнасць веснавых беларускіх абрадаў. У гэтым раздзеле прапануюцца сцэнарыі вясновых святаў: Гукання вясны і Сёмухі. Трэці раздзел апісвае і тлумачыць як правесці традыцыйнае беларускае Купалле. Апошні раздзел прысвечаны беларускім Дзядам. Кніга мае прадмову і пасляслоўе. Дапаможнік аздоблены здымкамі са святаў, наладжаных самім Іркуцкім Таварыствам Беларускай культуры.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Гісторыя Беларусі па-нямецку

У Германіі пад рэдакцыяй Р.Лінднера і Д.Бемрава з'явілася новая кніга пра Беларусь - "Дапаможнік па гісторыі Беларусі" (Handbuch der Geschicte Weissrusslands). Рыхтуючы яго, аўтары ставілі за мэту звярнуць увагу нямецкага чытача на найбольш значныя, на іх думку, перыяды і праблемы, звязаныя з гістарычным развіццём нашага краю. Даследаванне адкрываецца прадмовай, за якой змешчаны раздзел "Гістарыяграфія і геральдыка", дзе аўтары знаёмяць чытачоў з беларускімі крыніцамі і геральдыкай, што з'яўляецца яркім сведчаннем таго, што Беларусь ужо ў раннім сярэднявеччы мела як свае княсты, так і сваё магнацтва і шляхту, князёў і баяр. Наступны раздзел самы вялікі і найбольш грунтоўны - "Храналогія з X да пачатку XX ст.". Тут крок за крокам, пачынаючы ад распаду Кіеўскай Русі праз ВКЛ, Рэч Паспалітую, Паўночна-Заходні край, БССР, Крэсы Усходнія, пасляваенную БССР і сучасную Рэспубліку Беларусь прасочваецца гістарычны лёс нашага народа. У трэцім раздзеле "Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі" вылучаны і асветлены такія з іх, як сацыяльная гісторыя грамадства, эканоміка, гарады, этнічныя і канфесійныя праблемы, Другая сусветная вайна, мова і літаратура. Тут разгледжаны розныя сацыяльныя слаі беларускага сярэдневяковага грамадства: баяры, князі, магнаты, прыгонныя, гараджане. Мове прысвечаны два значныя падраздзелы: "Мова ў Беларусі да канца XIX ст." і "Барацьба за родную мову ў XX ст.".

Нягледзячы на тэматычную разнастайнасць, у апошнім раздзеле нямала белых плямаў. Да іх, у першую чаргу, трэба аднесці недастатковае асвятленне канфесійнага жыцця ў Беларусі, беларускага кнігадрукавання, адсутнасць характарыстыкі такой постаці, як Ф.Скарына, беларускага тэатра, мастацтва, урэшце - фальклору.

Што тычыцца навуковага апарату, то ён зроблены даволі грунтоўна, уключае шырокі спектр дадаткаў, якія ўдала дапаўняюць матэрыялы раздзелаў і даюць мажлівасць хутка арыентавацца ў даволі аб'ёмным выданні. Выкарыстаныя крыніцы шматлікія і разнастайныя.

Літаратура і мастацтва. 2003. 8 жніў.
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by