МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№10(№35)
кастрычнік
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАННЕ Ў ПОЛЬШЧЫ

***
Польскія беларусы расчараваныя вынікамі разгляду ў другім чытанні праекта закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальных мовах. Упершыню праект быў прадстаўлены Сойму ў лютым 2002 г. Пасля разгляду ў першым чытанні Сойм яго не прыняў. Другое чытанне сёлета таксама не было плённым: 23 верасня Сойм зноў паслаў праект на дапрацоўку ў камісіі.
Паводле праекта, у пэўных гмінах (сельсаветах) мовы мяншыняў могуць атрымаць статус «дапаможных», г.зн. будзе дазволена выкарыстанне мовы меншасці ва ўстановах, а таксама выкарыстанне назваў вуліц ці мясцінаў на мове меншасці, дзе падчас перапісу насельніцтва больш за 8% заявілі аб сваёй прыналежнасці да пэўнай меншасці. Польскія правыя хочуць падняць гэтую лічбу аж да 50%, што робіць шанцы беларускай мовы мінімальнымі.
З рэзкай крытыкай рашэння Сойму выступіла беластоцкая «Ніва». Прыкрае рашэнне супала з перадачай у пракуратуру справы аб быццам бы нямэтавым выкарыстанні грошай Праграмнай радай газеты. На мінулым тыдні паліцыя ўзяла адбіткі пальцаў усіх сяброў управы «Нівы». «Ніўцы» звязваюць гэта з спробамі польскіх спецслужбаў дыскрэдытаваць беларускі рух.
“Наша ніва”. 2004. 8 кастр.

***
У Беластоку разгараецца скандал, звязаны з абвiнавачаннем сяброў Праграмнай Рады газеты “Нiва”. Анiхто з пяцi абвiнавачваемых, а гэта аўтарытэтныя i шырока вядомыя не толькi ў Польшчы грамадскiя дзеячы, сваёй вiны не прызналi. Больш таго, яны сцвярджаюць, што прад’яўленыя абвiнавачаннi з’яўляюцца добра спланаванай правакацыяй з мэтай выключыць беларусаў з грамадскага i палiтычнага жыцця Польшчы. У падтрымку сяброў з Беластока выступiлi дзесяткi грамадскiх арганiзацыяў з усяго свету. Акрамя таго, у Беларусi пачаўся збор подпiсаў з патрабаваннем не дапусцiць расправы над беларускiмi iнтэлегентамi Польшчы. Мiж тым, артыкул, якi iнкрымiнуецца дзеячам беларускага руху на Беласточчыне, прадугледжвае пакаранне ад двух да васьмi гадоў пазбаўлення волi. Iх фотаздымкi змешчаныя ў крымiнальную картатэку.
pahonia.promedia.by
***
Пры канцы верасня членаў Управы Праграмнай рады Тыднёвіка “Ніва” абвінавацілі ў парушэнні закону аб рахункаводстве. Выглядае гэта так, што сябры Управы вінаватыя ў тым, што бухгалтарка не запоўніла ці дрэнна запоўніла нейкія дакументы. Калі пачалася акцыя Найвышэйшай кантрольнай палаты ў рэдакцыі “Нівы”, вядома было, што шукаюцца падставы для нейкага скандалу. Удар па “Ніве” быў дасканала запланаваны.
Пасля абвяшчэння вынікаў перапісу насельніцтва 2002 г., польскія патрыёты Беласточчыны прыйшлі да вываду, што працэс асіміляцыі беларусаў моцна прытармазіўся і трэба яму паспрыяць адміністрацыйна-рэпрэсіўнымі метадамі.
Другая атака пайшла на школы, у якіх як прадмет вывучаецца беларуская мова. Функцыянеры патрабавалі ад дырэктараў школаў дэкларацый ад бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вывучалі родную мову. Дэкларацыямі вельмі паспяхова знішчалася беларускае школьніцтва ў міжваенны перыяд і сямідзесятыя гады. Сёння выглядае на тое, што пачынаюць выкарыстоўваць гэты правераны метад для змагання з рэшткамі беларускага школьніцтва.
Абвінавачанне сяброў Управы Праграмнай рады – гэта своеасаблівая інфармацыя для ўсіх актыўных беларусаў. Ведаюць, што ўсё ў адносінах да беларусаў можна рабіць бяскарна, ніхто не будзе абараняць нашых інтарэсаў, а мы настолькі дэінтэграваныя, што не можам нават пратэставаць супраць адкрытай дыскрымінацыі. А прытым як нейкае правіла дзейнічае закон, што калі толькі пачынаецца змаганне з беларускім рухам на Беларусі, з невялікім спазненнем такі працэс наступае ў Польшчы. Так было ў трыццатыя і сямідзесятыя гады ХХ стагоддзя.
Найгоршае стане тады, калі польскія нацыяналісты здолеюць запалохаць тых беларусаў, якія праяўлялі волю. Магчыма, стануць нас абвінавачваць у нацыяналізме, сепаратызме, тэрарызме ці невядома яшчэ ў якіх злачынствах. Спробы прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў – Найвышэйшай кантрольнай палаты і пракуратуры – зрабіць злачынцамі выдаўцоў “Нівы” паказваюць, што ў Польшчы магчыма ўсё.
Паводле Яўгена Мірановіча,
“Ніва”. 2004. 10 кастр.

Заява

Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае глыбокую заклапочанасць і трывогу ў сувязі з падзеямі, якія могуць прывесці да закрыцця аднаго з самых аўтарытэтных сярод беларускіх нацыянальна-культурных выданняў – тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” – у выніку не прадуманых адміністрацыйных захадаў з боку пэўных афіцыйных структур у Рэспубліцы Польшча.
Газета “Ніва” паўстала ў 1956 г. у Беластоку і стала адметным сімвалам, адмысловым цэнтрам у пашырэнні беларускага друкаванага слова сярод беларускага грамадства ў Польшчы. Неацэнная яе роля ў падтрымцы беларускага школьніцтва, у фарміраванні ў моладзі светапогляду, заснаванага на грамадзянскім патрыятызме, павазе да краіны пражывання і любові да этнічнай культуры, зямлі продкаў.
Ва ўціску на тыднёвік “Ніва” бачыцца трывожны сімптом і рэцыдыў таталітарнай палітыкі 1970-х гадоў, калі частка беларускіх адукацыйных устаноў у Польшчы была папросту скасаваная, а беларускае пісьменства, мова і школьніцтва апынуліся на мяжы знікнення.
У той час, як увесь свет сёння салідарызуецца з нацыянальна-дэмакратычнымі інстытутамі ў Беларусі і беларускімі супольнасцямі ў іншых краінах, якія вядуць няпростае змаганне за пабудову ў Рэспубліцы Беларусь сапраўды дэмакратычнага грамадства і вяртанне дзяржавы ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору (згадаем “Акт падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі”, адпаведныя заявы афіцыйных структур Еўразвязу) пазіцыя польскіх уладаў выглядае не зусім адэкватнай, як для краіны нядаўна прынятай у Еўразвяз. Відавочна, што вымушанае спыненне выхаду тыднёвіка “Ніва” паслабіць не толькі беларускую нацыянальную супольнасць у Польшчы, але і ў самой Рэспубліцы Беларусь негатыўным чынам адаб’ецца на працэсе дэмакратызацыі і нацыянальнага адраджэння.
Закрыццё газеты “Ніва” і ціск на беларускую нацыянальную меншасць Польшчы фактычна з’яўляецца парушэннем Рамачнай канвенцыі аб ахове нацыянальных меншасцяў, якая была прынятая Радай Еўропы ў 1995 г. і якую Польшча ратыфікавала ў 2000 г.
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, выказваючы думку шырокай беларускай грамадскасці ў свеце, спадзяецца, што беларуская меншасць у Польшчы будзе мець права на сваё нацыянальнае выяўленне, а сітуацыя з тыднёвікам “Ніва” – вынік непаразумення і становішча будзе выпраўлена на карысць далейшага выхаду і дзяржаўнага спрыяння выданню газеты “Ніва” з боку Польшчы.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
12.10.2004

Заява

Як нам стала вядома, улады Беласточчыны пачалі справу супраць тыднёвіка „Ніва” — адзінага ў Польшчы на беларускай мове, які карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод беларусаў усяго свету.
Пад маскай бухгалтарскай праверкі і другіх форм ціску ідзе акцыя па ліквідацыі ня толькі тыднёвіка „Ніва”, але і беларускага школьніцтва, якое яшчэ захавалася на Беласточчыне, хаця беларускімі школамі іх можна назваць толькі ўмоўна, бо адзіны беларускі прадмет, які захаваўся, — гэта пару гадзін на тыдзень беларускай мовы.
Як усё гэта нагадвае сумныя міжваенныя часы, калі польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі была зліквідаваная ўся беларуская культурная дзейнасць. З сямі беларускіх гімназіяў у 1939 годзе засталася адна гімназія ў Вільні, і тая была далучана да польскай. Не засталося ні воднай беларускай сярэдняй ці пачатковай школы, а беларусы лічыліся грамадзянамі другой катэгорыі.
Мы верым, што Польшча, якая актыўна выступае супраць антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі, у новай гісторыі будзе больш спрыяльна ставіцца да беларусаў-аўтахтонаў, пражываючых на Беласточчыне.
Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве
і Таварыства беларускай мовы Віленскага краю
7 кастрычніка 2004 года

Заява

З трывогай і хваляваннем беларусы, аб’яднаныя ў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, ўспрымаюць сітуацыю, якая ў апошні час складваецца вакол тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”, у прыватнасці, і вакол беларускіх грамадскіх арганізацый Польшчы наогул.
Лічым патрэбным адзначыць, што ў апошні час тыднёвік беларусаў Польшчы “Ніва” набывае ўсё большую вагу не толькі ў мясцовай інфармацыйнай прасторы Беластоцкага рэгіёну Польшчы. Расце аўтарытэт выдання як у беларусаў Латвіі, так і ўсяго Балтыйскага рэгіёну. Для нас тыднёвік “Ніва” – гэта не толькі крыніца інфармацыі аб жыцці беларусаў у суседняй з намі краіне Еўразвязу, але і рэальная магчымасць ліквідацыі інфармацыйнай ізаляванасці ў асвятленні жыцця часткі беларускай дыяспары дэмакратычнага накірунку ў краінах, якія сёлета ўступілі ў Еўразвяз. Таму такую вялікую заклапочанасць выклікаюць у нас падзеі, якія зараз разгортваюцца ў Польшчы. Лічым неабходным выказаць сваю падтрымку Праграмнай радзе газеты “Ніва” і далучыць свой голас у абарону адзінага беларускага штотыднёвіка ў краінах ЕЗ і адзінага друкаванага сродку масавай інфармацыі, які маюць магчымасць рэгулярна атрымліваць беларусы Балтыйскага рэгіёну.
У сваю чаргу мы верым, што разглядаючы справу тыднёвіка “Ніва”, польскія ўлады будуць кіравацца перш за ўсе дэмакратычнымі прынцыпамі, якія гарантуюць роўныя правы ўсім сваім грамадзянам, незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці. Гэта дае нам надзею спадзявацца, што “Ніву” не напаткае лёс загубленых беларускамоўных газет і яшчэ доўгі час газета будзе чаканым госцем і крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі не толькі ў сем’ях беларусаў Польшчы, але і за яе межамі.
Рада Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”
Рыга. 13.10.04

Заява

У апошні час з непакоем наглядаем за зменай польскай палітыкі ў адносінах да беларусаў у Польшчы. Праверкі праведзеныя Найвышэйшай кантрольнай палатай у рэдакцыі штотыднёвіка „Ніва” і ў школах, у якіх навучаецца беларуская мова, выклікаюць уражанне запланаванай расправы з цэнтрамі нацыянальнага жыцця беларускай нацыянальнай меншасці.
Абвінавачанне Раённай Пракуратурай Беласток-Поўдзень Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка „Ніва” ўспрымаем як форму запалохвання беларускай грамадскасці, каб тая баялася ўключацца ў любую публічную дзейнасць. Прадстаўнікі польскіх улад і ўстаноў даюць беларусам перад выбарамі выразны сігнал, што распараджаюцца сродкамі і адпаведна падрыхтаванымі кадрамі, здольнымі кожнага грамадзяніна, які праяўляе незалежную думку, бяскарна прыніжаць, абвінавачваць, выкарыстоўваючы багаты набор рэпрэсіўных сродкаў, якія прымяняліся ў мінулых дзесяцігоддзях.
Пашырэнне дзеянняў супраць беларускага руху стала заўважальным пасля абнародавання вынікаў усеагульнага перапісу насельніцтва ад 2002 года, які паказаў існаванне амаль 50-тысячнай неапалячанай грамадскасці.
Упершыню ад сямідзесятых гадоў пастаноўлена з такой рашучасцю выкарыстаць дзяржаўны апарат для абмежавання беларускага нацыянальнага жыцця.
Гістарычны вопыт паказвае, што заўсёды, калі пачынаўся пераслед беларускага руху на Беларусі, неадкладна падобны палітычны працэс у адносінах да беларускай меншасці ініцыяваўся ў Польшчы. З прыкрасцю сцвярджаем, што нават далучэнне Польшчы да Еўрапейскага Саюза не змяніла гэтую традыцыю.
Асацыяцыя Беларускіх Журналістаў салідарызуецца з сябрамі з Праграмнай Рады Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы „Ніва” і пратэстуе супраць метадаў, якія прымяняюцца адміністрацыяй у адносінах да іх.
Асацыяцыя Беларускіх Журналістаў
Беласток, 29 верасня 2004 г.

У падтрымку беларусаў Польшчы таксама прыняты заявы Управы Партыі Беларускага Народнага Фронту (Беларусь), Каардынацыйнай Рады Дэмакратычнага форуму Беларусаў Эўропы (Чэхія), Рады Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі, Саюзу беларускіх пісьменнікаў (Беларусь), Маладога Фронту (Беларусь).

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звяртаецца да ўсіх, каму не абыякавы лёс беларусаў Беласточчыны, выказаць салідарнасць нашым суродзічам у Польшчы – накіраваць адпаведныя Звароты на беларускай і польскай мовах у польскія структуры, на беларускай і англійскай – у структуры Еўразвязу, копіі лістоў на беларускай мове даслаць на адрас тыднёвіка Ніва redakcja@niva.iig.pl , факс + 48 85 743 50 22.
Ніжэй падаем прыкладныя тэксты Зваротаў, якія можна змяняць альбо дапаўняць і адрасы для дасылкі.

Jozef Oleksy
Marszalek Sejmu
Kancelarja Sejmu
Ul. Wiejska 4/6/8
00-902 Warszawa, Polska
Jozef.Oleksy@sejm.pl

Aleksander Kwasniewski
Prezydent Rzeczypospolitej Polskiej
Kancelaria Prezydenta RP
Ul.Wiejska 10, 00-902 Warszawa, Polska
listy@prezydent.pl

Lodzimierz Cimoszewicz
Minister spraw zagranicznych
Ministerstwo spraw zagranicznych
Al.J.Ch.Szucha 23
00-580 Warszawa, Polska
sm@msz.gov.pl
Rolf Ekeus
the OSCE High Commissioner on National Minorities
P.O. Box 20062, 2500 EB The Hague, Netherlands
E-mail: hcnm@hcnm.org

Alvaro Gil-Robles
Commissioner for Human Rights of the Council of Europe
Council of Europe
F-67075 STRASBOURG CEDEX
Belgium
e-mail: commissioner.humanrights@coe.int

Louise Arbour
High Commissioner for Human Rights
Petitions Team
Office of the High Commissioner for Human Rights
United Nations Office at Geneva
1211 Geneva 10, Switzerland
E-mail: tb-petitions@ohchr.org

Зварот

Беларуская суполка (назва арганізацыі) .................. у (горад і краіна) ............. з непакоем адсочвае сітуацыю, якая склалася зараз вакол Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” (Беласток). Газета “Ніва” пачынаючы з 1956 г. адыгрывае незаменную ролю ў захаванні беларускай тоеснасці і незалежнай ідэі не толькі ў Польшчы, але і ў самой Беларусі. “Ніва” карыстаецца заслужанай павагай у асяродках беларускай дыяспары на ўсіх кантынентах.
На жаль, на Беласточчыне знайшліся сілы, якія распачалі дзеянні дыскрымінацыйнага характару ў дачыненні да беларускай меншасці ў Польшчы. Па сутнасці ідзе знішчэнне штотыднёвіка “Ніва” і праз гэта праяваў нацыянальнага выяўлення беларусаў у Польшчы. Абвінавачванне раённай пракуратурай Беласток-Поўдзень управы праграмнай рады тыднёвіка “Ніва” успрымаецца намі як форма запалохвання беларускай грамадскасці ў Польшчы з мэтай выключэння беларусаў Беласточчыны з палітычнага жыцця краіны
Ва ўціску на тыднёвік “Ніва”, у праверцы Найвышэйшай кантрольнай палаты школ з дадатковым навучаннем беларускай мове, у патрабаванні ад бацькоў штогадовых дэкларацый адносна навучання дзяцей на роднай мове бачыцца трывожны сімптом і рэцыдыў палітыкі 1970-х і 1930-х гадоў, калі частка беларускіх адукацыйных устаноў у Польшчы была папросту скасаваная, а беларускае пісьменства, мова і школьніцтва апынуліся на мяжы знікнення.
Беларуская суполка (назва арганізацыі) .................. у (горад і краіна)............ спадзяецца, што вярхоўныя ўлады Польшчы, краіны, якая нядаўна стала паўнавартасным сябрам Еўразвязу, звярнуць увагу на сітуацыю, якая склалася вакол тыднёвіка “Ніва” і спыняць пераслед людзей паводле нацыянальнай прыналежнасці. Спадзяемся, што беларуская меншасць у Польшчы будзе мець права на нацыянальнае выяўленне.
Oswiadczenie

Bialoruska organizacja (nazwa) .................... w (miasto, panstwo) ............................................. z niepokojem sledzi sytuacje, jaka wytworzyla sie wokol wydawanego w Bialymstoku tygodnika Bialorusinow w Polsce „Niwa”. Gazeta „Niwa”, poczynajac od 1956 roku, odgrywa nieoceniona role w zachowaniu bialoruskiej tozsamosci i idei niezaleznosci nie tylko w Polsce, lecz rowniez na Bialorusi. „Niwa” cieszy sie zasluzonym szacunkiem w centrach bialoruskiej diaspory na wszystkich kontynentach.
Niestety, na Bialostocczyznie znalazly sie sily, ktore rozpoczely dzialania o charakterze dyskryminacyjnym w stosunku do bialoruskiej mniejszosci w Polsce. W istocie chodzi o zniszczenie tygodnika „Niwa” i w poprzez to przejawow narodowej obecnosci Bialorusinow w Polsce. Oskarzenie przez Rejonowa Prokurature Bialystok-Poludnie Zarzadu Rady Programowej Tygodnika „Niwa” odbieramy jako forme zastraszania bialoruskiej spolecznosci w Polsce majacego na celu wyeliminowanie bialostockich Bialorusinow z politycznego zycia kraju.
W presji wywieranej na tygodnik „Niwa”, w kontroli NIK szkol z dodatkowym nauczaniem jezyka bialoruskiego, w zadaniu skladania przez rodzicow corocznych deklaracji w sprawie nauczania dzieci jezyka ojczystego widzimy niepokojacy symptom powrotu do polityki lat 1970. i 1930., gdy czesc bialoruskich placowek oswiatowych w Polsce zostala po prostu zlikwidowana, a bialoruski ruch literacki, jezyk i szkolnictwo znalazly sie na granicy znikniecia.
Bialoruska organizacja (nazwa) .................... w (miasto, panstwo) ........................... ma nadzieje, ze naczelne wladze Polski, kraju, ktory niedawno zostal pelnoprawnym czlonkiem Unii Europejskiej, zwroca uwage na sytuacje, jaka wytworzyla sie wokol tygodnika „Niwa” i wstrzymaja przesladowania ludzi ze wzgledu na przynaleznosc narodowa.
Mamy nadzieje, ze bialoruska mniejszosc narodowa w Polsce bedzie miec prawo do narodowego istnienia.

Appeal
The Belarusan society (…) … in (…) … is worried over the situation with the weekly of the Belarusans in Poland “Niva” (Bialystok). Since 1956, the newspaper “Niva” has been playing an unexpendable role in preserving the idea of the Belarusan identity and independence not only in Poland, but in Belarus as well. “Niva” has a due respect among Belarusan Diaspora all around the world.
Unfortunately, in Bialystok Region, there are forces that have begun their actions of a discriminative kind towards the Belarusan minority in Poland. In essence, the weekly “Niva” and the signs of the Belarusans’ national life in Poland are being destroyed right now. We consider the accusations of the Region’s Prosecutor's Office Bialystok-North against the weekly “Niva” as a form of intimidation of the Belarusan community in Poland aimed at excluding the Belarusans of Bialystok Region from the country’s political life.
The pressure upon the weekly “Niva”, the revision of the Highest Control Chamber in the schools with the additional courses of the Belarusan language and the yearly demands of presenting the parents’ declarations concerning their children’s desire to be educated in their native tongue reveal an alarming symptom and a recurrence of the policy of the 1970’s and 1930’s when some Belarusan education establishments in Poland were closed and the Belarusan writing, language and school system were at the vanishing point.
The Belarusan society (…) … in (…) … does hope that with your assistance the highest powers of Poland, the country that has recently become a full member of the European Union, will pay their attention to the situation with the weekly “Niva” and stop the persecution of the people according to their nationality. We do hope that the Belarusan minority in Poland will have the right for their national life.

ЮБІЛЕІ

Віншаванне!
* 24 кастрычніка святкуе 45-гадовы юбілей сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алег Якшэвіч (Мінск, Беларусь).
* 25 кастрычніка спаўняецца 70 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Адамовічу (Мінск, Беларусь);
* 27 кастрычніка святкуе свой 70-гадовы юбілей сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Альберт Мітэр (Новасібірск, Расія);
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе з юбілеямі паплечнікаў, зычыць здароўя, поспехаў і плённае працы на ніве Беларускага Адраджэння.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

!!! У мінулым нумары бюлетэня “Беларусы ў свеце” была зроблена недарэчная памылка: сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Васіль Жуковіч быў павіншаваны з 80-гадовым юбілеем замест 65-гадовага. Ад імя рэдакцыі просім прабачэння.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе дзяячку беларускага руху Канады Раісу Жук-Грышкевіч з 85-гадовым юбілеем!
Раіса Жук-Грышкевіч вельмі шмат працавала ў імя беларускай ідэі. Яшчэ будучы студэнткай Таронцкага ўніверсітэту, яна актыўна ўдзельнічала ў беларускім эміграцыйным жыцці. У 1953 г., будучы студэнткай, узяла шлюб з В.Жук-Грышкевічам. Была сябрам і сакратаром Галоўнай управы Згуртавання беларусаў Канады, выконвала функцыі рэферэнта асветы, старшыні, доўгія гады была старшынёй Задзіночання беларускіх жанчын Канады, арганізатарам якога з’яўлялася. Выступала з чытаннем вершаў на розных урачыстасцях, з дакладамі пра славутых Еўфрасінню Полацкую, Рагнеду, Цётку, Ларысу Геніюш, наладжвала творчыя вечары Наталлі Арсенневай, паэтычны талент якой высока цаніла. З часу заснавання (1967 г.) у Канадзе Беларускага інстытута навукі і мастацтва (філія Нью-Ёркскага) стала яго сакратаром, была таксама сакратаром, а з 1989 г. старшынёй Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (ККБК). У 1971 г., калі ўрад Канады абвясціў палітыку шматкультуралізму, як прадстаўнік беларускай этнічнай групы Раіса Жук-Грышкевіч была назначана Канадскім федэральным урадам сябрам Канадскай кансультатыўнай рады па справах шматкультуралізму. Яна належала да розных прафесійных канадскіх арганізацый. Шмат намаганняў яе як старшыні патрабавала правядзенне сустрэч беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта, праца сакратара канадскага сектара Рады БНР, сакратара-скарбніка Выдавецкага камітэта пры ККБК, адміністратара Фонду беларускіх падручнікаў. Разам з мужам несла асноўныя цяжкасці па будаўніцтве і ўзнясенні Беларускага памятнага крыжа і цяпер штогод наладжвае туды паломніцтва беларусаў. Арганізоўвала канферэнцыі прадстаўнікоў беларускага грамадства Канады і экспазіцыі-павільёны на канадскіх шматкультурных фестывалях у Бэры (тут знаходзіцца і дом Жук-Грышкевічаў) і ў Сімко-Каўнты Музеі. Як старшыня ККБК Раіса Жук-Грышкевіч уваходзіць у савет дырэктараў Канадскай этнакультурнай Рады, з’яўляецца сябрам савета дырэктараў Канадскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, арганізоўвае разам з іншымі беларускімі жанчынамі адпачынак дзяцей з чарнобыльскай зоны, якіх запрашаюць у Канаду.
Пра ўсе гэтыя справы, падзеі жыцця ў Канадзе Раіса Жук-Грышкевіч піша артыкулы, допісы ў беларускі друк, яна актыўна супрацоўнічае з газетай “Беларус”, якая друкуецца ў Нью-Йорку. Ёю напісаны апавяданні: “Слова на дзень маткі”, “У дзень бацькі – майму тату”, “Калядніца”, успаміны пра родную цётку, настаўніцу Кацярыну Стаўбунік. Аднак галоўным пісьменніцкім дасягненнем стала яе кніга “Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, якая выйшла ў чэрвені 1993 года, якраз напярэдадні Першага з’езду беларусаў свету. Раіса Жук-Грышкевіч была дэлегатам з’езда, выступала з прамовай і была абрана сябрам Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Трэба падкрэсліць неацэнную яе ролю не толькі ў стварэнні кнігі пра свайго мужа як грамадскага дзеяча, але і яе пісьменніцкія здольнасці і не меншы, чым у Вінцэнта, талент і ўменне арганізаваць беларускую справу, актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх пачынаннях беларусаў. Яна прарабіла тытанічную працу – сабрала, захавала столькі дакументаў, лістоў, фотаздымкаў, размеркавала іх па гадах, падзеях, зрабіла адпаведныя каментары.
Раісе Жук-Грышкевіч уласцівыя такія рысы як працавітасць, цярплівасць, самаадданасць, высокая нацыянальная свядомасць, духоўная напоўненасць.
Лідзія Савік

ВЕСТКІ

Па афіцыйных дадзеных больш як 89% выбаршчыкаў узялi ўдзел у галасаваннi на парламенцкiх выбарах i рэспублiканскiм рэферэндуме. Такая вялiкая колькасць удзельнiкаў дазволiла прэзiдэнту Беларусi атрымаць станоўчы адказ на вынесенае iм пытанне, а таксама амаль цалкам сфармiраваць Палату прадстаўнiкоў, не выбранымi ў якую засталiся толькi тры чалавекi. За змяненне Канстытуцыi выказалiся 77,3% выбаршчыкаў. Найменшую падтрымку А. Лукашэнка атрымаў у Мiнску i Брэсцкай вобласцi — 61,3 i 75,7% адпаведна, найбольшую — у Магiлёўскай (88,8%) i Гродзенскай (82,2%) абласцях. У Вiцебскай вобласцi за змяненнi прагаласавалi 80,1%, Гомельскай — 83, Мiнскай — 75,5% выбаршчыкаў.
Балтыйская служба Інстытуту Гэлапа абнародавала мемарандум з асноўнымі вынікамі апытання грамадскай думкі. Апытанне праводзілася ў Беларусі з 15 па 17 кастрычніка. У мемарандуме гаворыцца, што 48,4% зарэгістраваных выбаршчыкаў у Беларусі прагаласавалі на рэферэндуме за прапанаваную папраўку ў Канстытуцыю.
Кіраўніца доўгатэрміновых назіральнікаў ад АБСЕ амбасадарка Одры Главэр паўтарыла заяву намесніцы старшыні ПА АБСЭ Тунэ Тынгсгорд пра тое, што беларускія выбары значна не адпавядалі рэкамендацыям Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе.
Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Рычард Баўчэр выступіў у Вашынгтоне з заявай адносна выбараў і рэферэндуму ў Беларусі: “Мяркуючы па пастаянных і сур’ёзных парушэннях правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі, мы выказваем сур’ёзны сумнеў, што выбары ў Беларусі будуць адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам”.
Камiтэт за свабодную Беларусь, у склад якога ўваходзiць шэраг дэпутатаў Еўрапейскага парламенту i былы прэзiдэнт Чэхii Вацлаў Гавел, выказаў глыбокае абурэнне манiпуляцыямi ды фальсіфікацыяй вынiкаў рэферэндуму аб змене Канстытуцыi, а таксама парламенцкіх выбараў у Беларусi.
Міністэрства замежных спраў Расейскай Федэрацыі ўхваліла афіцыйныя вынікі выбараў і рэферэндуму ў Беларусі. “Увогуле, на наш погляд, вынікі выбарчай кампаніі ў Беларусі адлюстравалі зрэз грамадскай думкі ў рэспубліцы. Можна сказаць, што яна прайшла спакойна і празрыста, што, несумненна, з’яўляецца важным чыннікам з пункту гледжання развіцця дэмакратычных інстытутаў ў гэтай краіне і ўмацавання асноваў грамадзянскай супольнасці,” – заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Якавенка.

АКЦЫІ ПРАТЭСТУ

Брусель, Бельгія
У Бруселі 17 кастрычніка новаствораная арганізацыя “Беларуская Унія” наладзіла пікет каля амбасады Беларусі – у ім узялі ўдзел каля 20 чалавек. Пазней адбылося шэсце, арганізаванае Беларускім Цэнтрам і прадстаўнікамі Еўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”.
“Свабода”. 2004. 17 кастр.

Берлін, Германія
У Берліне 17 кастрычніка прайшла акцыя “За Беларусь. Не – змене канстытуцыі”. Да пікету далучылася група студэнтаў ЕГУ – Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, якія пасля закрыцця ўніверсітэту зараз вучацца ў Нямеччыне.
www.belarusy.com

Гаага, Галандыя
18 кастрычніка ў галандскай Гаазе адбылася акцыя Звязу Беларусаў Галандыі пры падтрымцы беларусаў Бельгіі. Мерапрыемства пачалося каля Міжнароднага трыбуналу. Потым акцыя працягнулася каля Палацу Міру і скончылася каля беларускага консульства. Удзельнікі акцыі раздавалі чыноўнікам міжнародных структураў і мінакам тэксты рэзалюцыяў ПАРЭ, кнігі "Мы хочам ведаць праўду" і ўлёткі.
razam.org

Варшава, Польшча
17 кастрычніка каля 100 чалавек сабраліся каля беларускай амбасады ў Варшаве з акцыяй пратэсту. На пачатку акцыі адбыўся перфоманс: «Выбары ў Беларусі». У акцыі прынялі ўдзел: Звяз на карысць дэмакратыі ў Беларусі, а таксама польскія маладзёвыя арганізацыі: Млоде Центрум, Млодзі Демокраці, Зялёныя, ДЖЭФ.
Перад шматлікай прысутнай на акцыі прэсай была зачытана супольная заява вышэй пералічаных арганізацыяў.
www.charter97.org

Масква, Расія
10 кастрычніка ў Маскве беларуская моладзь, якая навучаецца ў расійскіх ВНУ, арганізавала пікет супраць рэферэндуму ў Беларусі. Асаблівасць падзеі ў тым, што гэтую акцыю пратэсту наладзіла частка сяброў новай маладзёвай арганізацыі, якая зараз ствараецца ў Маскве па ініцыятыве беларускай амбасады. Вядома, што зараз паўсюдна ў замежжы беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы актыўна займаюцца кантактамі з мясцовай дыяспарай. У гэтым накірунку працуе і беларуская амбасада ў Маскве. Увесну па ініцыятыве амбасады быў скліканы сход беларускіх студэнтаў, што навучаюцца ў Маскве, – з мэтаю стварэння Зямляцтва беларускіх студэнтаў. Сама па сабе ідэя спадабалася моладзі, тым больш, што на чужыне маладыя людзі патрабуюць кантактаў з суродзічамі, і амбасада прапанавала арганізацыйную дапамогу.
Моладзь пачала знаёміцца між сабою, сустракацца і абмяркоўваць агульныя праблемы.
“Свабода”. 2004. 13 кастр.

Масква, Расія
Прадстаўнікі расійскай моладзі правялі ў Маскве ля амбасады Беларусі пікет у падтрымку рэферэндуму. Яго арганізатарам выступіў Расійскі камуністычны саюз моладзі. Паколькі пікет не быў санкцыянаваны мясцовымі ўладамі, некалькіх яго ўдзельнікаў затрымалі прадстаўнікі маскоўскіх праваахоўных органаў.
www.embassybel.ru

Прага, Чэхія
Акцыю пратэсту каля беларускай амбасады ў Празе супраць рэферэндуму ў Беларусі ладзілі беларусы Чэхіі. У ёй прынялі ўдзел больш за паўсотні чалавек. Тут сабралася даволі вялікая беларуская грамада – гэта беларускія палітычныя ўцекачы, гэта тыя беларусы, хто жыве і працуе ў Празе, а таксама сябры-чэхі.
На будынку амбасады вісіць аб’ява пра тое, што там знаходзіцца выбарчы ўчастак, нумар ягоны пазначаны – 691. З пачатку пікета з 10.00 раніцы ніхто з беларусаў з Чэхіі не прыходзіў галасаваць, тут не бачылі ніводнага выбаршчыка.
Беларусаў прыйшлі падтрымаць таксама сябры-ўкраінцы.
“Свабода”. 2004. 17 кастр.

Стакгольм, Швецыя
У Стакгольме ад аўторка на выхадзе з амбасады Беларусі адбывалася апытанне грамадзянаў Беларусі, якія галасавалі ў амбасадзе. Некалькі чалавек наладзілі каля амбасады анты-рэферэндумны пікет, а на адным з будынкаў каля беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва быў наклеены вялізны плакат з надпісам “Не – рэферэндуму”.
“Свабода”. 2004. 17 кастр.

Талін, Эстонія
17 кастрычніка ў Таліне адбыўся пікет каля Беларускага консульства. У ім ўзялі ўдзел маладыя палітыкі, сябры маладзёвых згуртаванняў розных эстонскіх партый. Сярод іх былі прыхільнікі рэфармістаў, цэнтрыстаў, сябры народнага саюзу, а таксама беларусы з Таліна і Кохтла-Ярве.
supolka-bez.photofile.ru

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

12 кастрычніка 2004 г. адбылося пасяджэнне Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, асноўнымі пытаннямі якога былі падрыхтоўка да чарговага Чацвёртага з’езду беларусаў свету і прыняцце заявы ў падтрымку тыднёвіка “Ніва”.
На сярэдзіну лістапада плануецца пасяджэнне Малой Рады Згуртавання, на якой будзе абмеркавана дата правядзення Чацвёртага з’езду беларусаў свету, а таксама асноўныя пытанні, якія датычаць падрыхтоўкі і правядзення гэтага сусветнага форуму.

Навіны сайту zbsb.org
На сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сёння месцяцца кнігі, якія выдала Згуртаванне за часы сваёй дзейнсці. Але, плануецца, што бібліятэка будзе значна папаўняцца не толькі выданнямі “Бацькаўшчыны”, але і кнігамі, якія выходзілі ў Беларусі і замежжы і прысвячаліся тэме беларускай дыяспары. Хутка на сайце з’явцяцца матрыялы канферэнцый “Культура і адукацыя беларускага замежжа” (1993 і 1998 гг.), “Беларусы ЗША” Вітаўта Кіпеля.

Анонс
* У 2004 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” заснавала адмысловую серыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечаную жыццю і дзейнасці беларускай дыяспары. Першай кнігай у серыі стала “Месца выдання – Парыж” (выбраныя старонкі часопіса Моладзь 1948 – 1954 гг.). Зараз рыхтуецца да здачы ў друк другая кніга серыі -- “Удзел беларусаў у бітве пад Монтэ-Касіна”. Выхад кнігі з’яўляецца актуальным яшчэ і таму, што ў гэтым годдзе спаўняецца 60 гадоў бітве. У кнізе будзе змешчана аповесць Пятра Сыча “Смерць і салаўі”, а таксама навукова-папулярны матэрыял маладога даследчыка ўдзелу беларусаў у арміі генерала Андэрса Юрыя Грыбоўскага (Беларусь).
* Ідзе праца па падрыхтоўцы ў друк трэцяй кнігі серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” “Беларусы ў Аўстраліі”. Аўтар – маладая даследчыца з Беларусі – Наталля Гардзіенка. Кніга сталася вынікам паездкі Наталлі Гардзіенка ў Аўстралію па запрашэнні і пры дапамозе тамтэйшых беларусаў. Кніга пабудавана паводле навуковых даследаванняў аўтаркі, успамінаў беларусаў Аўстраліі.
* Распачынаецца праца па перавыданні яшчэ адной серыйнай кнігі “Мемуарыстыка на эміграцыі”, якая была выдадзена Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ў 1999 г. Аўтар – Лявон Юрэвіч (ЗША). Адрозніваць новае выданне будзе тое, што даследванне будзе абноўлена, а галоўнае – будзе дададзены матэрыял пра некралогі як жанр і бібліяграфіі, а ў дадатку – новыя ўспаміны.
* Яшчэ адным выданнем стануць матэрыялы міжнароднай канферэнцыі “Рэфармацыя і грамадства. 16 стагоддзе”. Канферэнцыя прайшла ў мінулым годзе, у ёй узялі ўдзел разам з слыннымі беларускімі і польскімі навукоўцамі пераможцы конкурсу сярод студэнтаў і аспірантаў.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Франкфурт-на-Одэры, Германія
Своеасаблівая дабрачынная акцыя адбываецца ва ўніверсітэце “Віадрына” (Viadrina) горада Франкфурт-на-Одэры, а таксама ў іншых еўрапейскіх універсітэтах. Гэтыя ўніверсітэты прымаюць студэнтаў незалежнай вышэйшай навучальнай установы Беларусі, зачыненай сёлета. Пяць гадоў таму рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску (ЕГУ) Міхайлаў падпісаў з прэзідэнтам універсітэта “Віадрына” пагадненне аб супрацоўніцтве. Асобныя студэнты з Мінска ўжо прыязджалі па абмене ў Франкфурт-на-Одэры. У студзені ў ЕГУ быў адкрыты сумесна створаны факультэт міжнароднага мэнэджмента. Акрамя гэтага студэнты “Віадрыны” арганізавалі таварыства “Лагода” (Lahoda), якое займаецца абменам студэнтаў паміж Беларуссю і Германіяй. Некаторыя з нямецкіх студэнтаў, якія сустракаюць беларускіх “студэнтаў-уцекачоў” у пошуках прытулку ведаў, самі да гэтага былі ў Беларусі.
www.belarusy.com

ЗША
7-га снежня 2004 г. адбудзецца Сустрэча беларускай моладзі ў ЗША. У праграме сустрэчы эксклюзіўны канцэрт вядомага музыкі Лявона Вольскага (NRM, Krambambula): любімыя і новыя песні, задушэўныя размовы. Больш дакладную інфармацыю Вы можаце атрымаць, звярнуўшыся да арганізатараў на адрас: lobay@tut.by
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Рыга, Латвія
15 кастрычніка ў Рызе – адкрыццё выставы мастакоў аб'яднання “Маю гонар”, а 23 кастрычніка – вялікая вечарына, прысвечаная латышскім дайнам і беларускім народным песням, а таксама ў рамках вечарыны прэзентацыя кнігі С.Панізніка “Крывіцкія руны”.
Таццяна Казак

Латвія
З ліпеня бягучага года беларусы ў Латвіі маюць магчымасць чытаць тыднёвік “Ніва" не толькі ў Інтэрнэце. Распаўсюджваецца газета праз Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, якое працуе ў Рызе на працягу апошніх 16 гадоў. “Сьвітанак” лічыць сябе пераемнікам і прадаўжальнікам традыцый беларускага таварыства “Бацькаўшчына", што існавала ў Латвіі ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. Тады ў Латвіі працавалі больш за 50 беларускіх школ, настаўніцкія курсы, тэатры, быў нават аддзел беларускіх школ у Міністэрстве адукацыі, існавалі беларускія друкаваныя выданні. Таварыствам “Сьвітанак” у канцы 1980-ых гадоў быў адноўлены выпуск газеты беларусаў Латвіі “Голас беларуса”, што выдавалася ў 30-ыя гады, пачаў выходзіць таксама часопіс “Сьвітанак”. Аднак з-за недахопу сродкаў адноўленая газета праіснавала некалькі гадоў, апошняя спроба аднавіць выхад “Голаса беларуса” адбылася ў 1996 годзе. Таму дасланая з Беластока “Ніва” выклікала цікавасць у “сьвітанкаўцаў” і наогул у беларусаў Латвіі. Добра, што цяпер ёсць магчымасць даведацца, як жывуць беларусы ў суседняй з намі краіне Еўрасаюза, атрымаць навіны і аб Беларусі (напрыклад музычныя і спартыўныя). Дзеці беларускай школы ў Рызе, заснаванай таварыствам “Сьвітанак” у 1994 годзе, цяпер маюць магчымасць чытаць “Зорку".
У канцы жніўня “сьвітанкаўцы” бралі ўдзел у вечарыне дружбы, што ладзіў яўрэйскі культурны цэнтр “Алеф”. Акрамя беларускіх песень і страваў сваёй нацыянальнай кухні беларусы прэзентавалі прысутным (а гэта прадстаўнікі больш як трыццаці нацыянальна-культурных грамадскіх арганізацый) беластоцкую “Ніву”.
“Ніва”. 2004. 26 вер.

Вільня, Літва
6 кастрычніка 2004 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Гаркун перадаў вучням і настаўнікам Віленскай сярэдняй школы імя Ф.Скарыны з беларускай мовай навучання звыш дзвюх тысяч экземпляраў вучэбных падручнікаў, дапаможнікаў, мастацкай літаратуры, якія выдадзены на беларускай мове Цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
www.mfa.gov.by

Варшава, Польшча
На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылося арганізацыйнае пасяджэнне грамадскага камітэта пабудовы ў польскай сталіцы помніка народным пісьменнікам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу.
У мерапрыемстве прыняў удзел Пасол Беларусі ў Польшчы П.Латушка і прадстаўнік дэпартамента міжнародных сувязей Міністэрства культуры Польшчы Іаланта Мітцэль.
Ініцыятыўная група па адкрыцці ў Варшаве помніка Янку Купалу і Якубу Коласу, у склад якой уваходзілі прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандр Баршчэўскі, старшыня Варшаўскага аддзялення БГКТ Янка Заброцкі, перакладчык і публіцыст Чэслаў Сэнюх, дэпутат Сейма Яўген Чыквін, старшыня Галоўнага праўлення Таварыства “Польшча – Беларусь” Баляслаў Хмялінскі, праінфармавала ўдзельнікаў пасяджэння аб праведзенай да гэтага часу рабоце па рэалізацыі ідэі і прадставіла абгрунтаванне яе мэтазгоднасці.
Старшынёй Грамадскага камітэту выбраны дырэктар Літаратурнага музея Адама Міцкевіча ў Варшаве прафесар Януш Адрованж-Пянёнжэк.
www.mfa.gov.by

***
Беларуская амбасада ў Варшаве выказала зацiкаўленасць у паўстаннi помнiка i нават абяцала ўсялякую дапамогу, каб паскорыць яго пабудову. Пакуль невядома, на чые сродкi i ў якiм месцы Варшавы будзе ўсталяваны помнiк Янку Купалу i Якубу Коласу. Па словах Чэслава Сэнюха, няблага было б яго паставiць у адным са сквераў Варшаўскага ўнiверсiтэта, а яшчэ лепш у колiшнiм Агродзе Уяздоўскiм, дзе заўсёды шматлюдна i можна праводзiць музычна-паэтычныя iмпрэзы.
pahonia.promedia.by

Гайнаўка, Польшча
25 верасня ў Музеі i Асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы была адчыненая выстава фотаздымкаў “Шляхамі Якуба Коласа і Янкі Купалы”. Выстава раней гасціла ў Гданьску. Зараз з хараством мясцовасці, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі вядомыя беларускія пісьменнікі, могуць пазнаёміцца жыхары Беласточчыны. Наведвальнікі выставы могуць пабачыць каля 40 мастацкіх фотаздымкаў.
www.bialorus.pl

Беласток, Польшча
Абраны новы старшыня Таварыства Беларускiх Журналiстаў у Польшчы, ім стаў галоўны рэдактар беластоцкага месячнiка “CZASOPIS” Юрка Хмялеўскi.
Таварыства Беларускiх Журналiстаў у Польшчы iснуе з 1992 года, i ягоныя сябры – гэта супрацоўнiкi пераважна беластоцкiх медыяў, якiя непасрэдна спецыялiзуюцца на беларускай тэматыцы. Папярэднiм старшынём Таварыства быў Славамiр Iванюк. Абранне Юркi Хмялеўскага абумоўлена ягоным багатым досведам працы i арганiзацыйнымi здольнасцямi.
Таварыства Беларускiх Журналiстаў у Польшчы акрамя таго, што з’яўляецца выдаўцом месячнiка “Czasopis”, рэалiзуе шэраг Iнтэрнэт-праектаў, выдае сумесна з Villa Socrates асобныя лiтаратурна-мастацкiя i публiцыстычныя кнiгi, iмкнецца абараняць правы журналiстаў на творчую самарэалiзацыю i свабоду слова.
“У Таварыства яшчэ шмат працы наперадзе, i не толькi ў Польшчы. Мы таксама занепакоены сiтуацыяй са свабодай слова ў самой Беларусi, таму будзем надалей праяўляць салiдарнасць з нашымi калегамi па другі бок мяжы”, – заявiў пасля абрання на новую пасаду Юрка Хмялеўскi.
pahonia.promedia.by

Польшча
З 16 па 30 кастрычніка беларускі гурт “NRM” дасць шэраг канцэртаў у польскіх гарадах Беласток, Вроцлаў, Кракаў, Лодзь, Варшава, Познань, Шчэцін, Хойна.
“Народная воля”. 2004. 6 кастр.
Польшча
Дэпутат Еўрапарламента Богдан Клiх звярнуўся да камiсара Еўразвяза па справах замежнай палітыкі Крыса Патэна, з прапановай сфінансаваць з’яўленне на тэрыторыi Польшчы незалежнага беларускага радыё, якое будзе транслiраваць праграмы на тэрыторыю Беларусi.
Ён прапануе каб Еўрапейская камiсiя разглядзела магчымасць стварэння i фiнансавання дзейнасцi незалежнай радыёстанцыi, якая трансліравала б на беларускай мове праграмы на тэрыторыю Беларусi.
Да гэтай пары Еўразвяз не ангажаваўся ў такiя праекты, хаця i выдзяляе датацыi на еўрапейскае тэлебачанне Euronews, якую праз сатэлiтарныя антэны можна прымаць у Расіi, Украiне i Беларусi.
“Rzeczpospolita”. 2004. 15 кастр.

Бельск, Польшча
Склалася так, што найбольш прадстаўнічы фэст беларускай аўтарскай песні «Бардаўская восень» адбываецца не ў вялікіх гарадах Беларусі, а на Беласточчыне, у Бельску. Пры канцы кастрычніка там адбудзецца чарговы, 11-ы па ліку фестываль. На адборачным канцэрце ў Доме літаратара ў Мінску былі абраныя тыя, хто будзе на тым фестывалі выступаць. Інфармацыйную падтрымку ажыццявілі “Polskie Radio Bialystok”, “Gazeta Wyborcza”, штомесячнік “Czasopis”, сайт www.slonko.com.pl. Спонсарамі выступілі гатэль “Unibus” у Бельску-Падляшскім, “Semafic - Skaner 2”. Фестываль адбываецца пад патранатам Міністэрства культуры Польшчы, Мэрыі горада Бельск-Падляшскі і Спавятовага стараства ў Бельску-Падляшскім. Арганізацыйныя праблемы вырашае Звяз беларускай моладзі ў Польшчы. Уваход на канцэрты – вольны.
Паводле “Нашай нівы” і www.slonko.com.pl.

Гайнаўка, Польшча
Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы (Беласточыына) аб'яўляе фатаграфічны конкурс “Падляшша ў фотааб'ектыве” ў трох катэгорыях: чалавек традыцыйнай прафесіі, даўняя царкоўная архітэктура і будзённы дзень у вёсках калісь шматлюдных і шумных, сёння амаль забытых. Удзельнікі конкурсу павінны прыслаць тры фатаграфіі фармату 15 х 21 см. Высылаць здымкі з аднае катэгорыі або па адным з кожнай з трох катэгорый (http://niva.iig.pl). Тэрмін да 17 снежня 2004 года.
“Ніва”. 2004. 3 кастр.

Іркуцк, Расія
Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК) і ў летнія месяцы актыўна працавала на карысць адраджэння беларускай традыцыі. У канцы мая ІТБК ладзіла тыдні беларускай культуры, у канцы чэрвеня праводзілася беларускае народнае свята “Купалле”, у якім узялі ўдзел каля 200 чалавек. У жніўні пры спонсарскай падтрымцы Генадзя Гацукова была здзейснена этнаграфічная экспедыцыя на поўнач Усць-Ардынскай акругі ў беларускія вёскі: Тургенеўка, Васільеўка, Таўстоўка, Лідзінск, Шаманка і Ахіны. Было сабрана мноства матэрыялаў аб гісторыі ўтварэння беларускіх вёсак, уладкавання беларусаў у сібірскім краю, песні і абрады, якія памятаюць і шануюць нашчадкі беларусаў, побытавыя рэчы беларусаў, якія захаваліся з часоў утварэння вёскі і з’яўляюцца ўнікальнымі з пункту гледжання гісторыі.
Старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК ажыццявіла афіцыйную паездку ў Мінск, дзе яна сустракалася з прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў (Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў) і грамадскімі арганізацыямі, такімі як Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы і інш. Некаторыя дамовы выклікаюць аптымізм па далейшым узаемадзеянні ІТБК з метраполіяй.
Мамантава Алена,
прэс-сакратар РАА “ІТБК імя Я.Чэрскага”

Іркуцк, Расія
17 кастрычніка ў Іркуцку намаганнямі Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя яна Чэрскага быў створаны дзіцячы клуб “Зярнятка”, сябры якога будуць мець магчымасць вывучаць родную мову, знаёміцца з гісторыяй Беларусі. Для іх таксама будуць арганізаваны гурткі па рамёствах – саломапляценні і вышыванні. А для дарослых плануецца стварэнне лекторыя.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Масква, Расія
11 кастрычніка ў Маскве адбылося пасяджэнне экспертнага савета па скульптуры, манументальным і дзкаратыўным мастацтве пры Камітэце па культуры Масквы. На парадку дня: разгляд рабочай мадэлі помніка Янку Купалу, прапанаваны Рэспублікай Беларусь у падарунак гораду Маскве (аўтары – скульптары народны мастак Беларусі Леў і Сяргей Гумілеўскія). Месца ўсталявання помніка – сквер па Кутузаўскім праспекце.
Рабочая мадэль разглядалася з улікам заўваг і рэкамендацый Савета, выказаных на выязным пасяджэнні ў Мінску 6 ліпеня 2004 года. Савет адзначыў, што аўтарамі зроблена значная праца па развіцці вобразна-пластычнага рашэння скульптурнай кампазіцыі і пошуку архітэктурнага элемента кампазіцыі замест раней прапанаванага каменя-валуна.
Рабочую мадэль помніка Савет прыняў і, з улікам выпраўленых заўваг, рэкамендаваў аўтарам у двухтыднёвы тэрмін прадставіць фотаздымкі дапрацаванай рабочай мадэлі. Пасля чаго распачаць выкананне гэтай мадэлі ў лёгкім матэрыяле ў прапорцыях збудавання.
“Культура”. 2004. 16-22 кастр.

Калінінград, Расія
28 верасня ў Калінінградзе (Расія) устаноўлены помнік славутаму беларускаму асветніку Францішку Скарыну. Яго ўрачыстае адкрыццё запланавана на канец кастрычніка. Як паведаміў кіраўнік калінінградскага аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі Уладзімір Заламай, аўтарам манумента, адлітага ў Беларусі, стаў вядомы беларускі скульптар Анатоль Арцімовіч. Ініцыятарам устанаўлення помніка выступіла Калінінградскае зямляцтва беларусаў.
“Народная воля”. 2004. 1 кастр.

Прага, Чэхія
Выстава Алеся Пушкіна адбылася ў пражскай галерэі “Artmap”. У чэскай сталіцы Пушкін жыў цэлы месяц і намаляваў некалькі палотнаў – “Святы Мікулаш над Прагай”, “Францішак Скарына ў Празе”. На выставе паказалі фільмы пра мястэчка Бобр, дзе жыве мастак, і пра яго перфоманс “Беларуская прысутнасць” на Карлавым мосце. Запрошаныя прадстаўнікі беларускага пасольства ў Празе на выставу не прыйшлі.
“Наша ніва”. 2004. 1 кастр.

Прага, Чэхія
Адбылося паседжанне Рады суполкі беларусаў Прагі “Скарына”. Былі абмеркаваны розныя пытанні працы суполкі “Скарына”. Пастаноўлена склікаць агульны сход 4 снежня 2004 г., да наступнага паседжання Рады суполкі выпрацаваць Абвестку дня агульнага сходу, удакладніць спіс сяброў суполкі.
www.skaryna.cz


ВАКОЛ ПАДЗЕІ

З Рэзалюцыі 26–й Cустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі
Удзельнікі 26-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі канстатуюць:
- Распад камуністычнай імпэрыі ў канцы 80-х гадоў 20 ст. выразна паказаў ступень гістарычнага і маральнага занядбаньня беларускай нацыі і пераемнасьць гэтага працэсу ў дачыненьні да Беларусі з часоў падзелу Рэчы Паспалітай і гвалтоўнага далучэньня нашых земляў да Расеі. Нягледзячы на вонкавыя прыкметы незалежнасьці, Беларусь усё больш страчвала нацыянальную культуру, мову і гістарычную арыентацыю і ператваралася ў невыразнае ўтварэньне ў рамках СССР, а яе нацыя і культура рабіліся палігонам для стварэньня так званай “адзінай (савецкай) нацыі”.
- Разам з тым у нетрах савецкай сыстэмы высьпела і засьведчыла сябе ў мастацкай творчасьці, навуцы ды культуры паўнавартасная беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, якая змагла супрацьпаставіць афіцыйнай дэнацыяналізацыі ды русіфікацыі выразна выказаную яшчэ ў час утварэньня БНР нацыянальную ідэю. Дзякуючы гэтаму ў час распаду СССР у канцы 20 ст. Беларусь змагла выкарыстаць свой гістарычны шанец – у 1991 г. была афіцыйна абвешчана яе незалежнасьць. Мы лічым, што існаваньне незалежнай Беларусі працуе на ейную будучыню.
- З прыходам да ўлады сёньняшняга прэзыдэнта беларуская культура зноў падпала пад уціск. Яе зноў спрабуюць пазбавіць гістарычнай і нацыянальнай арыентацыі, ператварыць у падмурак сучаснай ідэалёгіі, якая стаіць на постсавецкіх прынцыпах і вызнае будаўніцтва так званай “адзінай дзяржавы”. Такая палітыка вядзе да новага супрацьпастаўленьня ў грамадзтве, які спрабуюць супыніць недастойнымі мэтадамі.
Удзельнікі 26-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі пастанаўляюць:
- Мы заяўляем рашучы пратэст супраць уціску і новай спробы саветызацыі нацыянальнай культуры, перасьледу яе дзеячоў, супраць зьмяншэньня сфэры ейнага ўплыву ў грамадзтве. Мы зьвяртаемся да ўраду Рэспублікі Беларусь, які адказвае за сёньняшні стан беларускага грамадзтва, з патрабаваньнем спыніць русіфікацыю краіны і перайсьці да вырашэньня надзённых задачаў, якія ставяць сёньня перад нашай нацыяй час і гістарычныя абставіны.
- Мы прапануем прыняць дзяржаўную праграму па гістарычнай адукацыі нашага народу, які на працягу доўгіх стагодзьдзяў знаходзіўся пад уплывам чужой і варожай яму ідэалёгіі.
- Неабходна як мага хутчэй спыніць закрыцьцё беларускіх школ і пачаць аднаўленьне беларусізацыі ўва ўсіх галінах культуры і іншых жыцьцёва неабходных сфэрах духоўнага жыцьця Беларусі.
- Вярнуць у школьныя праграмы выкінутыя за апошнія гады мастацкія творы, у тым ліку творы пісьменьнікаў-эмігрантаў, павялічыць колькасьць гадзін выкладаньня беларускай літаратуры, а таксама аднавіць школьныя экзамэны па ёй.
- Скасаваць палітычную цэнзуру на радыё і тэлебачаньні, даць магчымасьць адкрыта выказвацца як палітыкам, так і нацыянальным творцам, незалежна ад іх палітычных поглядаў.
- Мы лічым, што асновай захаваньня самасьвядомасьці беларусаў у замежжы ёсьць іх яднаньне на глебе павагі і любові да роднай зямлі, мовы, культуры, гісторыі і падтрыманьне ідэяў свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
- Заклікаем усіх нашых суайчыньнікаў ствараць беларускія суполкі для захаваньня культурных, моўных і гістарычных каштоўнасьцяў у беларускай дыяспары. Кожны беларус, дзе б ён ні знаходзіўся, адказны за лёс Беларусі. Мы, беларусы Паўночнай Амэрыкі, разумеем, што такая адказнасьць ляжыць на кожным і пачынаецца перш-наперш дома. Мы павінны заахвоціць нашых дзяцей размаўляць па беларуску, рабіць даклады пра нашу бацькаўшчыну у школах і грамадзкіх цэнтрах.
- Мацаваць сьвядомасць беларусаў замежжа праз стварэньне мастацкіх гурткоў, беларускіх суботніх клясаў для дзяцей і дарослых, праз пэрыядычныя выданьні (газэты “Беларус”, “Беларускае слова”, “Belarusian review”), інтэрнэт-старонкі (www.belaruscanada.com, цікавыя сайты для моладзі, інтэрнэт-кафэ, клубы знаёмстваў у інтэрнэце на беларускай мове), фэстывалі, сьвяты, сустрэчы, асабліва ж урачыста адзначаць 25 сакавіка - Дзень Незалежнасьці, Слуцкі Збройны Чын, Купальле.
- Усталяваць больш шчыльныя кантакты з Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, зь беларускімі суполкамі ў краінах і рэгіёнах.
- Для фінансаваньня беларускіх праектаў праводзіць тлумачальную работу сярод эмігрантаў, амэрыканцаў і канадыйцаў з мэтай збору сродкаў на грамадзкую дзейнасьць.
Канада, Таронта,
5 верасня 2004 гoда

Сучасная беларуская дзяржаўнасьць замацоўваецца ці слабее?
(Даклад Янкі Запрудніка на 26-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Таронце 5 верасьня 2004 г.)
Яшчэ ў сьнежні 1991 году, калі канчальна разваліўся Савецкі Саюз, Васіль Быкаў, даючы ацэнку новай эпосе, празорліва сказаў: “Самае галоўнае, самае кардынальнае пытаньне, якое цяпер стаіць перад беларусамі -- гэта пытаньне дзяржаўнасьці”. (Быкаў на Свабодзе. РС, 2004, с. 10.) Пытаньне гэтае стаіць перад намі й сёньня і гучыць яно трывожна: быць беларускай дзяржаўнасьці ці не? Выжывем мы ці ня выжывем як сувэрэнная й поўнакроўная нацыя? Хоць сёньня ў сьвеце йдуць працэсы глябалізацыі, фармаваньня розных міжнародных зьвязаў, усё ж нацыянальная дзяржава застаецца аптымальнай формай забясьпечаньня дабрабыту свайму народу і асноўнай цаглінай у будаваньні міжнародных структураў.
На Беларусі тым часам няспынна адбываюцца дзяржаватворчыя працэсы: віруе палітычнае жыцьцё, горача дэбатуецца пытаньне культурнага зьместу Рэспублікі. Расьце маладое пакаленьне, пагляды якога крышталізуюцца ў абставінах існаваньня фармальна незалежнай дзяржавы. Калі пад Саветамі на панятак “беларуская дзяржаўнасьць” было накладзенае табу, сёньня ён на вуснах і рэжыму і апазыцыі. Факт і патрэба існаваньня свае дзяржавы не аспрэчваюцца ніводным з бакоў. Аспрэчваецца толькі культурны зьмест дзяржавы, а ад яго ж залежаць шансы далейшага выжываньня беларускай нацыі.
Паўтара году таму назад прэзыдэнт Лукашэнка ўзяўся ўкарэньваць у сьведамасьці грамадзянаў г. зв. “ідэялёгію беларускай дзяржавы”. З гэтай мэтай пры Адміністрацыі Прэзыдэнта была створаная ідэялягічная ўправа, па цэлай рэспубліцы – ад Акадэміі Навук праз усе школы і аж да мясцовых саветаў – працуе ідэялягічная врэтыкаль, выдаюцца падручнікі, чытаюцца курсы. Іншая рэч, што для ўсёй арміі вэртыкальшчыкаў ня зусім ясна, што гэта за штука, тая “ідэялёгія”. Але, прыгледзеўшывся бліжэй, становіцца ясна, што “ідэялёгія беларускай дзяржавы” прызначаная на прытупляньне, прыглушваньне нацыянальнай сьведамасьці беларусаў, рост якое стымулюецца фактам існаваньня Беларускай Дзяржавы.
Лукашэнка, запачаткоўваючы сваю ідэялягічную кампанію, параўнаў дзяржаўную ідэялёгію зь “імуннай сыстэмай для жывога арганізму”: калі імунітэт аслабее, кажа ён, дык “любая, нават самая нязначная, інфэкцыя становіцца сьмяротнай”. (Даклад на сэмінары..., ч. 1, с. 1). А найстрашнейшая для яго – гэта “інфэкцыя нацыяналізму”. Пад “нацыяналізмам” ён разумее, пэўна ж, беларускі нацыяналізм, бо расейскага нацыяналізму, асабліва ў форме моўнай экспансіі, цяпер на Беларусі поўна. Тым ня менш, і расейскі нацыяналізм у сучаснай беларускай дзяржае мае сваю мяжу. Яна параходзіць там, дзе Лукашэнка бачыць пагрозу сваім асабістым палітычным інтарэсам. Выступаючы перад урадаўцамі ў сакавіку 2003 году на ідэялягічным сэмінары, прэзыдэнт РБ гаварыў пра інфармацыйную канкурэнцыю, якая адбываецца на тэлеканалах (а якія на Беларусі каналы? – расейскія ды беларускія). “Гэтая ня проста канкурэнцыя, -- перасьцерагаў ён, -- ня проста інфармацыйнае супорніцтва. Гэта – змаганьне ідэялёгіяў. Ня дай Бог прайграць у гэтым змаганьні: страцім самае сьвятое – дзяржаўны сувэрэнітэт, нацыянальную самабытнасьць беларускага народу, ягоны духовы стрыжань і маральную апору”. (Даклад на сэмінары..., 27 сакавіка 2003, ч. 5, с. 5.) Гэтак гаворыць палітычны каньюнктуршчык, які намагаецца спляжыць тую “нацыянальную самабытнасьць”, які высьмейвае беларускую мову, які пра беларусаў кажа: «это те же русские, только со знаком качества”.
Раздвоенасьць, шызафрэнія лукашэнкаўскай палітыкі ў дачыненьні да дзяржаўнасьці й ейнага культурнага зьместу ўсьцяж паглыбляецца. Тым часам як культурны зьмест дзяржаўнасьці, тая “нацыянальная самабытнасьць беларускага народу” падсякаецца ў корань, палітычны аспэкт дзяржаўнасьці замацоўваецца новай хваляй фразэалёгіі. Паказальнай у гэтым сэнсе сталася Лукашэнкава прамова перад пасламі РБ, якіх ён склікаў у ліпені сёлета. Мэтай кіраўніка дзяржавы было даць сваім дыпляматам асэнсаваньне прынцыпова новай міжнароднай сытуцыі ў Эўропе пасьля таго, як Эўрапейскі Зьвяз пашырыўся на ўсходзе аж да межаў Беларусі. “Хачу сёньня сказаць наўпрост і ўпэўнена, -- заявіў Лукашэнка: -- Беларусь ёсьць і будзе заставацца самастойнай у Эўропе і ў сьвеце. Сувэрэнітэт і незалежнасьць для нас не разьменная карта, а сьвятая, сталая каштоўнасьць. Яна належыць не Прэзыдэнту і ня Ўраду. Яна належыць народу і дзяржаве. І мы павінны быць годныя гэтай каштоўнасьці”. (www.president.gov.by -- Выступление Президента РБ А. Г. Лукашенко «Внешняя политика РБ в новом мире», 7-29-04, с. 3.)Лукашэнка раптам пачаў гучэць, як беларускі нацыяналіст. Цытую: «Выбар, які нам звычайна спрабуюць навязаць як лёсавызначальны – Усход ці Захад? – гэта наагул ня выбар. Ня выбар для Беларусі! Гэта фальшывая дылема. Мы выбіраем ня Ўсход і Захад або Ўсход ці Захад – мы выбіраем Беларусь». (Там жа.)
Адзін зь незалежных камэнтатараў беларускае палітычнае сцэны, Валеры Карбалевіч, гэтак абагульніў Лукашэнкава выступленьне перад сваімі дыпляматамі: “Увесь зьмест дакладу сьведчыць аб тым, што праз 13 гадоў пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусь вылязае з-пад крыла двухгаловага арла і ўпяршыню спрабуе глядзець на сьвет уласнымі шырока адчыненымі вачыма”.
Гэтую аптымістычную ацэнку трэба ўспрыймаць, аднак, ведаючы, што ў Беларусі сёньня пануе дыктатура аднаго чалавека і трэба памятаць характар гэтага чалавека. Некалі Станіслаў Шушкевіч трапна сказаў пра Лукашэнку: у яго сем пятніцаў на тыдзень, ён на наступны дзень не памятае таго, што сказаў учора. Лукашэнка – натура эмацыянальная й супярэчлівая, а Лукашэнка-палітык – прагны ўлады каньюнктуршчык. З другога боку, мы ведаем, што словы ўмеюць жыць сваім жыцьцём. Словы прэзыдэнта РБ пра ідэялёгію беларускай дзяржаўнасьці прарастаюць у галовах некаторых слухачоў на свой лад. Афіцыйная фразэалёгія пра незалежнасьць дае здаровыя канцэптуальныя плады, іншыя ад тых, на якія разьлічвае ўлада. У курсе абмеркаваньня Лукашэнкавай прамовы на ідэялягічным сэмінары 2003 году сярод розных водгукаў можна было пачуць і такое – пры чым на інтэрнэтаўскім прэзыдэнцкім сайце:
Нехта Грыгор’еў Дзімітры: “Ребята, да это же просто бред!!! Как можно искусственно создать национальную идею???... Мне стыдно, что я должен писать это на русском языке, а не на родной, ‘беларускай мове‘! Так начните возрождать наш народ, ибо мертв тот народ, у которого нет языка! ... Отмените русский язык, как второй оффициальный, переведите ВСЕ школы на белорускую программу! Да просто начните говорить на белорусском! Говорить везде! Дома, на работе, в общественном трансполорте, на улице!!! Вот вам идею, если вы так уж хотите ее получить!” (www.president.gov.by -- Идеология: мнения посетителей сайта / Декабрь 2003.)
На тым жа сайце хтосьці Ігар Шырко напісаў: “Беларуская ідэялёгія павінна стварацца цалкам на новым грунце. Беларусь – незалежная краіна, з новымі нацыянальнымі інтарэсамі і для яе не падыходзяць заклікі часоў СССР. Асноўная задача беларускай ідэялёгіі – гэта аб’яднаньне беларускай нацыі вакол сваёй славутай мінуўшчыны, вакол сваёй вялікай культуры дзеля забясьпечанай і заможнай будучыні...”. (www.president.gov.by -- Идеология: мнения посетителей сайта / Октябрь 2003.)
У разуменьні ідэйна-псыхалягічных працэсаў у грамадзтве, якое жыве пад дыктатарскім рэжымам, пад узьдзеяньнем інтэнсыўнай нутраной прапаганды, трэба ўлічваць, што афіцыйная фразэалёгія робіць вялікі ўплыў на сьветагляд людзей, асабліва моладзі. Мы гэта пабачылі на прыкладзе савецкага чалавека. Ідэялягічнае “прамываньне мазгоў” пад камунізмам, нягледзячы на ўсю крытыку яго з боку эамежнай контрпрапаганды, пакінула глыбокія сьляды на сьведамасьці людзей. Гэтыя сьляды і сёньня відавочныя шмат у каго. Дык і ў сёньняй Беларусі афіцыйная прапаганда не застаецца бяз вынікаў. Але ў многіх яна не заглушае здаровага розуму, бо сучасныя беларусы жывуць ужо ў кантакце з вонкавым сьветам і бачаць, як рэалізуецца ў нармальных умовах нацыянальная ідэя, як у цывілізаваных народаў спалучаныя ў адно цэлае палітычная форма і культурны зьмест нацыянальнай дзяржаўнасьці.
Паводле розных крыніцаў, сярод маладых беларусаў расьце, хоць і памалу, лік асобаў, якія прагнуць быць пасьлядоўнымі ў сваім сьветаглядзе, у сваіх маральных варасьцях. Вось адзін з прыкладаў. У Беларускай праграме РС мінулага аўторка (1 верасьня) выкладчыцца ангельскае мовы рускамоўнае школы ў Воршы засьведчыла: “Сёньня я магу сказаць з упэўненасьцю й адказнасьцю, што ў нас – добрая моладзь. Яна патроху-патроху, але выбіраецца з павуціньня савецкасьці. Але гэта – паўтаруся – адразу ня робіцца. Гэта – доўгая справа. Зрухі відочныя. Вось было тэставаньне па беларускай і рускай мовах – на выбар. Здавалася б, руская мова пануе ўсюды, то й будуць выбіраць яе… Не. Значная частка вучняў сьвядома выбірае беларускую мову, і яны ведаюць яе, і імкнуцца ведаць добра, хаця гэта й складаней у рускамоўнай школе…”
У сучасным сьвеце, у якім дзяржаўнасьць сталася паказьнікам найвышэйшай ступені разьвіцьця грамадзтва, факт існаваньня фармальна незалежнай РБ спараджае й стымулюе незалежніцкую псыхалёгію, выклікае жаданьне быць роўнымі зь іншымі дзяржаўнымі народамі, прыводзіць грамадзянаў да дзеяньняў на карысьць свае дзяржавы. Нават некаторыя расейскамоўныя дзеячы палітыкі й культуры выказваюцца за захаваньне незалежнасьці Беларусі. Дачка славутага бацькі, камуністка Натальля Машэрава заяўляе, што “хто б ні стаяў на чале Беларусі, наша краіна застанецца незалежнай”. Рэктару зачыненага нядаўна Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту Анатолю Міхайлаву слухач Беларускай параграмы РС задаў пытаньне: “Спадар Міхайлаў, Вы бачыце Беларусь нацыянальнай дзяржавай, ці для Вас гэта проста тэрытарыяльная адзінка, ‘другая Расея’?” Адказ Міхайлава: “Я лічу, што даўно надышоў час перайсьці ад дэклярацыяў наконт статусу і характару дзяржаўнасьці Беларусі да канкрэтнай, напружанай працы, якая зробіць яе магчымай. Стварэньне ЭГУ, які спрыяў фармаваньню мысьленьня новага пакаленьня, і ёсьць, я лічу, неабходны элемэнт гэтай працы». [Беларуская праграма РС, 10/08/2004 16:25]
Такія выказваньні, як у Машэравай і Міхайлава, людзей расейскай культуры, трэба ацэньваць у сьвятле ўсё больш праблематычнае беларуска-расійскае інтэграцыі. Пасьля трынаццаці гадоў назелжнасьці РБ імпэрскія апэтыты расейцаў паступова прытупляюцца. Не апошні па сваім узьдзеяньні ўплыў на гэтае прытупленьне маюць заходнія дзяржавы, у добрых дачыненьнях зь якімі хацела б быць Масква. У кожным выпадку, расейскі Фонд “Грамадзкая думка” апублікаваў у канцы жніўня сёлета вынікі сацыялягічнага апытаньня ў Расеі на тэму беларуска-расейскае інтэграцыі. Вынікі паказалі, што лік расіянаў, якія спадзяюцца на аб’яднаньне Расеі й Беларусі ў адну дзяржаву, паступова меншае. 37% апытаных мяркуюць, што аб’яднаньне адбудзецца, 36% упэўненыя, што такога ня здарыцца. Паказльна аднак тое, што за апошні год гэтых апошніх, якія не прадбачаць расійска-беларускай інтэграцыі пабольшала на 10%. Беларускае прэсавае агенцтва, БелаПан, падало вестку пра вынікі апытаньня пад загалоўкам “Расеі цяжка разьвітацца зь імпэрскім духам. А мы прывыкаем да незалежнасьці”. (Кирилл Позняк. России трудно расстаться з имперским духом. А мы привыкаем к независимости. Интернет-газета БелаПан, 27.08.04)
Дык які адказ на спачатнае пытаньне: беларуская дзяржаўнасьць -- замацоўваецца яна ці слабее? Адказ такі: замацоўваецца інстытуцыйна; факт існаваньня дзяржавы заглыбляецца ў сьведамасьці палітычнай эліты й маладога пакаленьня, умацоўваецца ў міжнароднай сфэры. І разам з тым дзяржаўнасьць слабее сваім нацыянальна-культурным зьместам, у тым ліку беларускай мовай. Сучасная РБ -- дзяржава анамальная: форма свая, зьмест у вялікай меры чужы. У яблыку беларускай дзяржаўнасьці сядзіць расейскі чарвяк. У гістарычнай пэрспэктыве ўсё гэта пагражае зьвесьці нацыянальную дзяржаўнасьць да зьявы пераходнае, якая можа быць заменена радыкальна іншай формай. Таму мы стаім перад заданьнем: пашыраць і паглыбяляць у нашым грамадзтве разуменьне, што якар беларускай дзяржаўнасьці, ейная трываласьць і росквіт заключаюцца ў вывучэньні й разуменьні свайго апрычонага гістарычнага шляху, свае духовае самабытнасьці, унікальнасьці беларускага культурна-цывілізацыйнага кампанэнту як часткі сусьветнай культуры. Трываласьць беларускай дзяржаўнасьці будзе таксама залежаць ад высокаякаснай культурнай творчасьці на народнай глебе, ад прыношаньня ў сусьветную культурную скарбніцу нашага ўнікальнага жыцьцёвага дазнаньня ды мірнага бачаньня сьвету, як выніку нашага Гістарычнага Шлячу.
Разам з пытаньнем “Выжыве ці ня выжыве беларуская дзяржава?” трэба адказаць і на пытаньне: “Што мы ў замежжы можам зрабіць, каб яна выжыла ды замацавалася сваім нацыянальным зьместам?”
Назавем тут наступныя заданьні:
1. Падтрымваць усімі сродкамі дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды цікавіцца бесьперапынна падзеямі на Бацькаўшчыне.
2. Трымаць актыўнае сяброўства і спрыяць далучэньню новых сяброў да такіх нашых арганізацыяў, як Згуртаваньне Беларусаў Канады, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва.
3. Падпісвацца й даваць ахвяраваньні на нашыя друкаваныя органы: газэты “Беларускае Слова”, “Беларус”, “Беларускі Дайджэст”, часапісы “Запісы БІНіМ” i “Belarusian Review”.
4. Падтрымваць матар’яльна беларускія выданьні й беларускамоўнае школьніцтва на Беларусі.
5. Запрашаць у нашыя грамадзкія асяродкі суродзічаў, што цяпер прыбываюць зь Беларусі сюды на пасяленьне.
6. Трымаць лучнасьць з палітычнымі партыямі Канады й Злучаных Штатаў, з заканадўцамі і ўрадаўцамі месцаў нашага пасяленьня.
Дзякую за ўвагу.
Жыве Беларусь!


КАСТРЫЧНІК У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

985 гадоў таму, у 1019 г. – першая згадка ў летапісах пра Брэст.
690 гадоў таму, у 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак.
605 гадоў таму, у 1399 г. – паражэнне ад татараў арміі ВКЛ на чале з князем Вітаўтам на рацэ Ворксле.
485 гадоў таму, у 1519 г. беларускі новалацінскі паэт Мікола Гусоўскі пачаў складаць славутую паэму "Песню пра зубра".
120 гадоў таму, у 1884 г. у Менску нарадзіўся Флярыян Ждановіч, беларускі акцёр і рэжысёр, арганізаваў беларускія спектаклі і Першае беларускае таварыства драмы і камедыі.
У кастрычніку 1924 г. у Мінску быў заснаваны музычны тэхнікум.
65 гадоў таму, у кастрычніку 1939 г. Літве былі перададзены Вільня і часткі былога Віленскага ваяводства БССР на аснове дагавору паміж СССР і Літвой.
У 1964 г. каля Рэчыцы адкрыта першае прамысловае радовішча нафты на Беларусі.
У кастрычніку 1989 г. адбыўся вялікі мітынг у Курапатах у памяць загінуўшых там ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Мітынг жорстка разагнаны савецкай міліцыяй.
Паводле kamunikat.net.iig.pl

КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Кніга пра армію Андэрса
У Вялікабрытаніі выйшаў раман Клары Фрэнсіс «Бацькаўшчына» («Homeland») пра лёс дэмабілізаваных жаўнераў польскай арміі Андэрса пасля Другой сусветнай вайны. Дзея адбываецца ўзімку 1946 г. Перайсці да цывільнага жыцця вайскоўцам замінаюць не толькі праблемы з асіміляцыяй у чужой краіне, але і непрыязнасць да іх з боку ангельцаў, пра якую, як кажа Клара Фрэнсіс, ужо мала хто памятае. Як вядома, у арміі Андэрса было шмат беларусаў.
“Наша ніва”. 2004. 24 вер.

Гістарычная фаналогія беларускае мовы
Выйшла фундаментальная праца амерыканска-ізраільскага лінгвіста Пола Вексьлера «Гістарычная фаналёгія беларускай мовы» ў беларускім перакладзе. Арыгінальны варыянт з’явіўся яшчэ ў 1977 г. у выдавецтве Гайдэльбергскага ўніверсітэту. Вексьлерава манаграфія — пакуль адзінае грунтоўнае даследаванне, прысвечанае гістарычнаму развіццю гукаў беларускае мовы. Пераклад ажыццявілі Алеся Літвіноўская і Мікола Раманоўскі, навуковым рэдактарам перакладу выступіў праф. Генадзь Цыхун.
“Наша ніва”. 2004. 24 вер.

“Пралескі”
Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага выдала зборнік паэзіі беларускай іркуцкай паэткі Кацярыны Лапо-Агаркавай. Зборнік атрымаў назву “Пралескі”. Лейтматывам кнігі пастаўлены вядомыя словы Адама Міцкевіча пра беларускую мову: “Беларуская мова – гэта адна з найбольш старажытных і добра распрацаваных славянскіх моваў!”
У слове да чытача паэтка піша: “Усё маё дзяцінства прайшло ў Беларусі, у горадзе Орша на беразе Дняпра. Адтуль жа на ўсё жыццё ўзяла дабрыню людзей, шчырае сяброўства і цудоўную прыгажосць Радзімы! З 1996 года жыву ў Іркуцку. Вялікі дзякуй «Беларускаму Таварыству» і яго гаспадару Алегу Рудакову, бо пасля сустрэчы з імі пачала пісаць вершы на роднай мове. Нізкі паклон вам, шаноўныя сябры!”
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Рэчыцкае Палессе”
У верасні месяцы пабачыла свет чарговая кніга праекту “Беларускі кнігазбор” – “Рэчыцкае Палессе” Часлава Пяткевіча. Гэтая кніга своеасаблівая этнаграфічная энцыклапедыя Усходняга Палесся. Апошні раз праца друкавалася ў 1938 годзе ў Варшаве на польскай мове (мова арыгінала). Праца ўпершыню перакладзена на беларускую мову Уладзімірам Васілевічам і Ліяй Салавей. Кніга добра аздоблена – больш за 200 малюнкаў. У ёй распавядаецца, як палешукі будавалі жыллё, што і як вырошчвалі, як лекаваліся, як адпачывалі і рабілі музычныя інструменты, іхнія прыказкі, прымаўкі, праклёны і тосты.
Інфармацыйны цэнтр
“МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


З НАШАЙ ПОШТЫ

***
Паважанае спадарства, мая маці, Валянціна Герасімаўна Казлоўская, у 20-я гады мінулага стагоддзя жыла ў Латвіі і вучылася ў беларускай сярэдняй школе ў Люцыне (Лудзі) і Дзвінску (Даўгаўпілс). Там яна пад уплывам Кастуся Езавітава ўключылася ў беларускі нацыянальны рух і ўваходзіла ў арганізацыі “Гайда”, “Беларуская хата”. Пісала вершы, некаторыя былі надрукаваны ў зборніку “Першы крок”, выдадзены ў Рызе ў 1926 г. У 1927 г., скончыўшы педагагічныя курсы ў Рызе, пры садзейнічанні Езавітава і Янкі Купалы, пераехала ў Мінск каб там атрымаць вышэйшую адукацыю. Яна скончыла Мінскі медыцынскі Інстытут у 1931 г., калі ўжо была замужам за аднакурснікам Маісеем Шапіра. Яе жыццё ў БССР у 1931-1937 гг. вызначалася месцам службы мужа, ваеннага лекара. У снежні 1937 г. В.Казлоўская была арыштаваная, абвінавачаная ў шпіянажы на карысць латвійскай разведкі і расстраляная 31 сакавіка 1938 г.
Зараз я займаюся гісторыяй яе жыцця, і быў бы рады любому кантакту, які дазволіць удакладніць некаторыя незразумеласці ў яе біяграфіі. З Казлоўскай у 1927 г. у БССР прыехалі яе аднакурснікі з педагагічных курсаў Ян Доўгі і Аляксандр Вайноўскі. Скончыўшы ўніверсітэт у Мінску, Доўгі працаваў у АН БССР, выкладаў у Камвузе, а Вайноўскі працаваў у дрэваапрацоўчай прамысловасці ў Бабруйску. НКВД праз катаванні выцягнулі з яе прызнанне, што яе паплечнікі Доўгі і Вайноўскі. Аднак, мяркуючы па рэабілітацыйных матэрыялах (я пазнаёміўся з імі ў 2001 г.), яны абодва не прыцягваліся да судовай адказнасці. Ці можна высветліць, што з імі здарылася далей?
Я буду вельмі ўдзячны, калі хто-кольвечы дапаможа знайсці адказы на гэтыя пытанні. Са свайго боку я гатовы падзяліцца з вамі тымі матэрыяламі, якімі валодаю.
Марк Шапіра, 173015, Расія, Вялікі Ноўгарад,
вул. Новалучанская, д. 33, кор. 2, кв 6.
Марк Шапіра


НАШЫЯ СТРАТЫ

Пахаванне Алеся Асташонка
11 кастрычніка на мінскіх Кальварыйскіх могілках быў пахаваны беларускі пісьменнік і перакладчык Алесь Асташонак, які памёр 7 верасня ў Кіеве. Алесь Асташонак належыць да таго пакалення айчынных пісьменнікаў, якое ярка, упэўнена і самабытна ўваходзіла ў літаратуру на хвалі новага беларускага адраджэння другой паловы 1980-х пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя.
“Свабода”. 2004. 11 кастр.

Памёр Іван Шамякін
У ноч на 14 кастрычніка на 84-м годзе жыцця памёр Іван Шамякін. Народны пісьменнік Беларусі, класік нацыянальнай і сусветнай літаратуры, акадэмік, лаўрэат некалькіх дзяржаўных і многіх літаратурных прэмій, Герой Сацыялістычнай Працы, франтавік, узнагароджаны ордэнамі і медалямі ваеннага і мірнага часу. І ўсё ж галоўнае, відаць, яго званне – народны пісьменнік, майстар слова, які стварыў больш за дзесятак раманаў, каля чатырох дзесяткаў аповесцей, шмат п’ес, апавяданні, публіцыстыку, крытыку.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Управа і сябры Згуртавання “Бацькаўшчына” разам з усёй Беларуссю глыбока смуткуюць з нагоды сыходу з жыцця Алеся Асташонка і Івана Шамякіна і выказваюць шчырыя спачуванні іх родным і блізкім.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by