МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№05(№53)
травень
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

Вячка Целеш – кавалер ордэна Трох Зорак

Вядомы беларускі мастак Латвіі, заснавальнік суполкі беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”, грамадскі і культурны дзеяч, актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары Латвіі, сябра Вялікай рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Вячаслaў Целеш атрымаў найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Латвіі ордэн Трох Зорак за заслугі на карысць Латвійскай дзяржавы. Спадар Целеш так пракаментаваў гэтую падзею: “Гэтая ўзнагарода ды прызнанне я лічу не толькі мне але усіх беларусаў як у Латвіі так і ў Беларусі якія адстойваюць і падтрымліваюць незалежнасць і дэмакратыю у Латвіі ды Беларусі”.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вячка Целеш. Нарадзіўся 25 верасня 1938 г. у п. Краснасельскі (в. Краснае Сяло) Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. З 1958 г. жыве ў Латвіі. У 1975 г. скончыў Латвійскую акадэмію мастацтваў. Вучыўся ў Іманта Вэцозола, Петэрыса Постажа, Эдварда Грубэ, Уладзіміра Козіна, Конрада Убана, Эдгара Ілтнера, Эдуарда Калныньша i Петэрыса Ўпіціса. Працуе ў розных жанрах станкавага жывапісу і графікі, а таксама ў экслібрысе. Сябра Саюза мастакоў Беларусі з 1995 года.
Сваю творчасць мастак прысвяціў Беларусі і Латвіі. Больш за 200 сваіх мастацкіх палотнаў В.Целеш прысвяціў Латвіі і яе людзям. Сваімі працамі мастак прадстаўляў латвійскае мастацтва на міжнародных мастацкіх выставах у Пекіне, Канадзе, Італіі, Чэхіі, Японіі, Чэхіі. Яго імя ўнесена ў каталог “Сусветны экслібрыс” (1994-1998), у міжнародны каталог “Мініяцюрная графіка і экслібрыс” (Пекін), “Сусветную энцыклапедыю мастакоў ўсіх часоў і народаў”.

3 1977 г. удзельнічае ў мастацкіх выставах у Лaтвii, Бeлapyci, Эстоніі, Канадзе, Кітаі, Швецыі, Чэхіі, Iтaлii, Pacei i іншых міжнародных выставах. Экспанаваў свае працы на 23 персанальных выставах у Латвіі, Беларусі, Даніі, Канадзе і ЗША, удзельнічаў у 76 рэспубліканскіх і замежных выставах.

Мастацкія творы Вячкі Целеша знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі , у музеі Янкі Купалы ў Мінску, у музеі ў Гродна і іншых дзяржаўных і прыватных зборах Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Канады, ЗША, Італіі, Румыніі, Чэхіі, Кітая, Францыі, Ізраіля, Расіі і Даніі.

У 1990 годзе В.Целеш стаў заснавальнікам Міжнароднага аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Выставы аб’ яднання ладзіліся ў Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Літве, Чэхіі.

Аўтар тэкстаў і складальнік кніг “Мінск на старых паштоўках” (1984), “Рыга на старых паштоўках” (1991), “Гарады Беларусі на старых паштоўках” (1984). За кнігу “Гарады Беларусі на старых паштоўках” Беларускі ПЭН-цэнтр у 2000-м годзе ўзнагароджвае Вячаслава Целеша Ганаровай прэміяй імя Францішка Багушэвіча.

Вялікі ўнёсак як арганізатар В.Целеш зрабіў у справу адраджэння беларускай асветы ў Латвіі. Ён узнагароджаны памятным знакам Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. У 1997 годзе за заслугі перад Латвіяй Сейм Латвійскай Рэспублікі прысвоіў Вячаславу Целешу латвійскае грамадзянства.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем!
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе свайго сябру і паплечніка. Жадаем далейшай плённай дзейнасці на карысць Латвіі і Беларусі. Спадзяемся, што неўзабаве наступяць часы, калі і Беларусь будзе годна адзначаць дасягненні сваіх суайчыннікаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншуем!
У траўні святкуюць свае дні нараджэння сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алесь Петрашкевіч і Барыс Стук (Беларусь), Алена Міхалюк (Англія), Вітаўт Кіпель (ЗША) і Алег Латышонак (Польшча). Жадаем добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

10 гадоў ІТБК

31 траўня спаўняецца 10 гадоу Іркуцкаму таварыству беларускай культуры імя Я.Чэрскага. Гэта адна з самых моцных і актыўных беларускіх арганізацый Сібіры. Дзенічае 10 рэгіянальных аддзяленняў ІТБК. Таварыства адзначае ўсе беларускія народныя святы, аднаўляе многія абрады, такія як Гуканне Вясны, Купалле, Каляды. Пры Таварыстве працуе гістарычны клуб “Спадчына” і маладзёвы клуб “Крывiчы”. ІТБК ладзіць “Тыдні Беларускай Культуры ў Іркуцкай вобласці”, якія пераўтвараюцца ў сапраўдныя святы беларускай культуры. Таварыства супрацоўнічае са школамі г.Іркуцка, усімі СМІ г.Іркуцка і раённымі камітэтамі культуры Іркуцкай вобласці. Актыўнасць беларускага жыцця ў Іркуцку грунтуецца на адданай працы многіх шчырых беларусаў на чале з кіраўніком ІТБК Алегам Рудаковым. Іркуцкая вобласць – унікальны рэгіён, бо шчыльна заселены беларусамі, якія ў 19 ст. цэлымі вёскамі перасяляліся з Беларусі ў гэты сібірскі край.

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе сяброў Іркуцкага таварыства з ганаровым 10-гадовым юбілеем і зычыць далейшага плённага развіцця.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Спыненне дзейнасці Беларускага дому?

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і створаны на яе базе Беларускі дом могуць застацца без памяшкання і без юрыдычнага адрасу.

3 траўня 2006 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” атрымала ліст ад арэндадаўцы – КУП “Мінская спадчына”. У лісце паведамлялася, што “У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама ад 20 красавіка 2006 года № 766 “Аб зацвярджэнні праектна-каштарыснай дакументацыі і дазволу вытворчых будаўніча-мантажных прац і ўнясенні змен у паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Мінска на 2006 год” КУП “Мінская спадчына” дазволена вытворчасць будаўніча-мантажных прац па аб’екту “Рэканструкцыя з прыстасаваннем будынка № 15 па вул. Рэвалюцыйнай...”

У выніку – “Бацькаўшчына” вымушана будзе выселіцца з памяшкання. Пры гэтым застаецца абсалютна незразумелым, ці зможа арганізацыя сюды вярнуцца пасля капрамонту. Таму што ўсе звароты па гэтым пытанні ў Мінгарвыканкам не праяснілі сітуацыю, што ж плануецца ў будынку, дзе раней размяшчалася першая навуковая ўстанова Беларусі, з якой паўстала Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі, дзе працаваў Якуб Колас. Застаецца пагроза, што ў гэтым будынку будзе рэстаран!!!

У 1992 г. Савет Міністраў прыняў пастанову № 184 “Пытанні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, згодна з якой дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь рэкамендавалася аказаць дапамогу МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў стварэнні ў г. Мінску культурнага цэнтру – Беларускага дому – для забеспячэння патрэбаў беларускай дыяспары, а Мінгарвыканкаму даручалася забяспечыць нашу арганізацыю памяшканнем для размяшчэння ствараемага культурнага цэнтру і кіруючых органаў аб’яднання. Па рашэнні Мінгарвыканкама памяшканне па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, было прадстаўлена ў арэнду да 2018 года.

Па стану на 2006 год “Бацькаўшчына” ў межах рэалізацыі канцэпцыі Беларускага дома стварыла і актыўна папаўняе архіў, музей, бібліятэку беларускай дыяспары, якой сёння карыстаюцца студэнты і навукоўцы. Створаны інфармацыйны цэнтр, якім назапашаны велізарны банк інфармацыі. Згуртаваннем ужо сабрана ўнікальная база дадзеных беларускіх грамадскіх аб’яднанняў за мяжой, беларускіх бібліятэк, навуковых і культурных цэнтраў, фондаў, помнікаў культуры і архітэктуры, што будзе падмуркам для стварэння Энцыклапедыі беларускага замежжа, над якой зараз актыўна працуе “Бацькаўшчына”.

За ўвесь час сваёй дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” неаднойчы вывыконвала праграмы, якія мелі дзяржаўнае значэнне, унікальныя па характары. “Бацькаўшчына” сёння з’яўляецца актыўным грамадскім цэнтрам па супрацы з беларускімі асяродкамі за мяжой, які мае добрую рэпутацыю сярод розных беларускіх дыяспар у свеце.

Зараз жа “Мінская спадчына” хоча ў аднабаковым парадку скасаваць дамову арэнды, хаця юрыдычных падставаў, адпаведна вышэй узгаданым дамове з Мінгарвыканкамам і пастанове Савету Міністраў, такім дзеянням няма. Для МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” страта дамовы аб арэндзе — гэта страта юрыдычнага адрасу. Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” прыкладае ўсе намаганні дзеля таго, каб захаваць юрыдычны адрас, знайсці новае прыдатнае памяшканне на час рамонту, а самае галоўнае захаваць існуючы Беларускі дом.

На жаль, тыя прапановы, што мае зараз “Бацькаўшчына” па размяшчэнні сядзібы зводзяцца да будынку ў прамысловай зоне, на ўскрайку Мінску. Прапанаваны варыянт не можа разглядацца сур’ёзна паколькі прывядзе да спынення дзейнасці Беларускага дому.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Напярэдадні падвядзення вынікаў конкурса

Штогод МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” праводзіць міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс сярод школьнікаў 12-14-гадовага ўзросту. У гэтым годзе конкурс пад назвай “Радзіма вялікая і малая” быў абвешчаны яшчэ ў студзені.

Галоўнымі патрабаваннямі былі: адпаведны ўзрост маленькіх творцаў і фантазія ў літаратурным ці мастацкім увасабленні легенд, міфаў, паданняў пра свае мястэчкі ці ў апісанні выбітных асоб ды гістарычных падзей.

У адрас МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” кожны дзень прыходзілі лісты з дзіцячымі працамі. Часам настаўнікі прывозілі падборкі лепшых твораў сваіх вучняў. І іх было шмат! Мы атрымалі працы з усіх абласцей Беларусі і нават дзве працы (малюнак-гуаш і нарыс) з Цвярской вобласці Расіі. Вельмі прыемна, што ўдзельнікі папярэдніх нашых конкурсаў пры магчымасці зноў бяруць у іх удзел, а некаторыя навучальныя ўстановы ўзялі на прыкмету конкурс і падтрымліваюць сваіх вучняў у творчасці.

Прыём прац скончыўся 20 красавіка. Даслана 135 цудоўных літаратурных твораў (сачыненні і вершы), а таксама 165 малюнкаў. Зараз ідзе праца экспертнай камісіі па вызначэнні пераможцаў. Камісію па выяўленчых працах узначальвае вядомы мастак, кіраўнік “Бацькаўшчыны” Аляксей Марачкін. У камісіі па літаратурных творах працуюць: Ірына Шаўлякова, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Лідзія Савік, Анатоль Івашчанка, Вольга Іпатава.

У канцы траўня будуць абвешчаны вынікі конкурсу. Усе пераможцы будуць узнагароджаныя. Спонсар конкурсу як і шмат гадоў запар вядомая мецэнатка з ЗША сп. Ірэна Каляда-Смірноў.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту “Бацькаўшчына”

Паважаныя наведвальнікі і чытачы, мы працягваем паведамляць Вам аб зменах і дапаўненнях на нашым сайце (http://zbsb.org/). Галоўная старонка цалкам змяніла свой выгляд. Для больш лёгкага пошуку цікавых Вам навінаў, інфармацыя падзяляецца на тры падраздзелы: “Нашы навіны”, дзе змешчана інфармацыя выключна пра дзейнасць “Бацькаўшчыны”; “Беларусь” – раздзел, са звесткамі па нашай краіне і “Замежжа”, дзе змешчаныя навіны нашых суполак за мяжой, а таксама інфармацыя з замежжа, што датычыцца Беларусі. Ніжэй змешчаны раздзел “Бібліятэка”, з анонсамі кніжных навінак.

У раздзеле “Артыкулы” з’явілася дзве новых працы доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча, пад назвамі “Гарбачоўская перабудова як галоўны фактар беларускага Адраджэння” і “Пра мову ўсёй грамадой”.

Мы ўдзячныя вам за цікавасць да нашай дзейнасці.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Гераічны эпас”

Пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і Ірэны Каляда-Смірноў пабачыў свет восьмы альбом гурта “Стары Ольса”. Назва альбома – “Гераічны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы”. Сюды ўвайшлі творы гераічнай тэматыкі часоў Вялікага Княства Літоўскага – толькі арыгінальныя старадаўнія мелодыі і толькі арыгінальныя старадаўнія песні.

Усе без выключэння прэзентаваныя песні грунтуюцца на гістарычных крыніцах – пісьмовых творах XIV—XVII стст. і нотных матэрыялах XVI—ХІХ стст. “Гераічны Эпас” – плён паўтарагадовай навуковай і творчай працы ўдзельнікаў гурта і навуковых кансультантаў. Навуковымі кансультантамі выступілі знаныя беларускія навукоўцы і фалькларысты – А.Дзітрых, Э.Зайкоўскі, А.Глушко, С.Акінчыц. Аранжыроўкі, музычныя адаптацыі гістарычных тэкстаў, трактаванне старадаўняй і народнай музыкі выкананы гуртом “Стары Ольса”.

Усе песні прысвечаны славутым героям і пераможным бітвам літвінаў-беларусаў. Гэта народныя песні, духоўныя творы, а таксама песні на тэксты славутых паэтаў і рыцараў ВКЛ, такіх як Мацей Стрыйкоўскі, Ян Козак, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша. Тэксты пакладзены на музыку ВКЛ з “Астрамечаўскага рукапісу”(“Полацкі сшытак”, XVI—XVIІ стст.), з нотнага зборніка “Piesni Chwal Boskich” Яна Зарэмбы 1558 г. і на народныя мелодыі. Для кожнай песні падабраны адпаведны па часе набор інструментаў: дуды, жалейкі, лютні, гуслі, ліра, дудка, барабаны.

На дыску, да прыкладу, прадстаўлены: народная балада “Падымалісь чорны хмары” пра перамогу жыхароў Крычыва над татарамі; духоўны гімн “Песнь о велебной девици панне Марии” (“Багародзіца”) са Статута ВКЛ 1529 г.; панегірычны твор 1430 г. “Пахвала Вітаўту”; урывак “Рыцарства ўсё сышлося” з рыцарскай паэмы 1585 г. Андрэя Рымшы; баявы псалом войска ВКЛ “Песнь Монаршэ Вечнэму”; народная беларуская песня “У каралеўскім войску”; “Аршанская бітва” паэта-рыцара Мацея Стрыкоўскага (1582); беларуская балада XVI ст. “Рыцар Байда”; вайсковая песня 1686 г. “Песнь а Будзіне” і шмат іншага.

Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце гурта “Стары Ольса” – staryolsa.com

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ПАДЗЕЯ

Абвінавачванні з “Нівы” знятыя

Амаль тры гады доўжыўся разгляд справы сяброў Праграмнай рады тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Сяброў рады абвінавачвалі ў парушэнні законаў аб рахункаводстве. Як пацвярджала сама пракуратура, якая і выставіла абвінавачванні, ніводны злоты, што быў атрыманы на газету з бюджэта Польшчы не знік. Размова ішла толькі пра тое, што бухгалцерка неналежным чынам запоўніла бланкі. Сябры Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва”, як і іх адвакаты, ад самага пачатку былі не згодныя з бокам абвінавачвання, і неаднаразова выказваліся пра тое, што справа носіць перадузяты, надуманы характар.

9 траўня ў Беластоку адбылося паседжанне Беластоцкага Раённага Суда, на якім, зыходзячы з паказанняў усіх праслуханых сведак, адвакацкі бок звярнуўся з прапановай цалкам апраўдаць іх кліентаў.

16 траўня адбылося качатковае пасяджэнне суда, на якім усе абвінавачванні з сяброў Праграмнай Рады Тыднёвіка “Ніва” былі знятыя. Усе 11 сябраў праграмнай рады “Нівы”, на чале з прафесарам Яўгенам Мірановічам, у справе якіх вялося следства, прызнаныя невінаватымі. Суд падкрэсліў, што яны не зрабілі ніякага злачынства, бо пэўныя памылкі ў справаводстве, якія мелі месца, не азначаюць, што беларускія дзеячы метанакіравана хацелі здзейсніць злачынства. Суд адзначыў, што абвінавачваць выдаўцоў “Нівы” маглі толькі асобы, непрыхільныя да іх. Прысутныя віталі рашэнне суду воплескамі. Па сімвалічным супадзенні, суд адбыўлася 16-га чысла, а гэтая дата для беларусаў мае асаблівае значэнне, бо адзначаецца як дзень Салідарнасці з палітзняволенымі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вынікі кансалідацыі

За тры гады працэс над сябрамі тыднёвіка “Ніва” набыў палітычны характар і выклікаў грамадскі рэзананс як у Беларусі, так і беларускім замежжы. Ад пачатку працэсу над газетай “Ніва” шмат беларускіх арганізацый, проста неабыякавых людзей звярталіся ва Урад Польшчы, польскія амбасады сваіх краін з просьбай звярнуць увагу на перадузятасць абвінавачванняў у адрас газеты “Ніва”. У 2005 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звярнулася да суполак беларускага замежжа з заклікам падртрымаць беларускую нацыянальную меншасць Польшчы, выказаць касалідацыю, накіраваць адмысловыя звароты да польскіх урадавых структур. Зацягнуўшыйся працэс над сябрамі рады тыднёвіка “Ніва”, якія з’яўляюцца актыўнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі Белаточчыны негатыўна адбіўся на грамадскіх працэсах у гэтым рэгіоне. Больш таго, вынясенне нават адміністратыўнага прысуду забароніла сябрам праграмнай рады ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, што маюцца адбыцца ў кастрычніку гэтага года.

Неадназначнасць сітуацыі ў справе тыднёвіка “Ніва” падкрэсліў і ўдзел у апошнім пасяджэнні суда беларускіх і польскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. На працэс прыехалі Аляксандр Мілінкевіч, былы польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч, старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, прадстаўнік правааборнчага цэнтру “Вясна” з Мінску і шмат іншых сябоу і паплечнікаў сябраў праграмнай рады “Нівы”.

Па заканчэнні суда, пасля зняцця абвінавачванняў з сяброў рады большасць прысутных накіравалася ў рэдакцыю газеты “Ніва”, куды ўвесь час тэлефанавалі прадстаўнікі беларускай прэсы і грамадскасці з віншаваннямі. Рэдактар газеты Яўген Вапа падзякваў усім прысутным за падтрымку падчас разгляду справы, выказаўшы асаблівую падзяку тым асяродкам беларускай дыяспары, што праявілі кансалідацыю і выказалі сваю падтрымку “Ніве” ў самыя цяжкія для яе часы.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Лондан, Англія

14 траўня ў Лондане быў пасвечаны ў дыякана Сяргей Стасевіч –выхаванец Папскай Грэцкай калегіі ў Рыме і былы супрацоўнік выдавецтва “Pro Christo”.

С.Стасевіч нарадзіўся ў 1978 г. ў Івацэвічах на Берасцейшчыне. Падчас студыяў у БДУ далучыўся да Каталіцкай царквы ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску. Пры падтрымцы рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане Аляксандра Надсана ён быў прыняты ў Грэцкую калегію ў Рыме. Атрымаў ступень бакалаўра тэалогіі на Папскім Універсітэце святога Тамаша Аквінскага “Анджэлікум” у 2004 г.

Аляксандр Надсан у звароце да прысутных зазначыў, што надыходзячая святарскія пасвячэнні Сяргея Стасевіча – важная падзея, чакаць якой у Лондане давялося каля 25 гадоў. У беларускай царкве св. Пятра і Паўла Сяргей Стасевіч атрымаў пасвячэнні ад біскупа Паўла (Стэмфардскі біскуп Украінскай каталіцкай царквы ў ЗША). Пасля набажэнства дыякана Сяргея Стасевіча ды Аляксандра Надсана на прыступках катэдры сустракала і шчыра віншавала беларуская грамада. Прадстаўнікі беларускай грамады ў Вялікабрытаніі таксама сардэчна дзякавалі біскупу Паўлу за яго разуменне духоўных патрэбаў беларусаў і чынную дапамогу. У размове з біскупам намеснік старшыні Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі Мікалай Пачкаеў зазначыў, што значэнне высвячэння новага беларускага святара ў Вялікабрытаніі – гэта падзея, духоўны сэнс якой сягае далёка па-за межы ўласна супольнасці беларускіх каталікоў у гэтай краіне.

www.unija.info

Аўстралія

Працягваюцца сустрэчы старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы з актывістамі беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі. У Сіднэі Івонку Сурвіллу прывітаў старшыня Беларускага грамадска-культурнага клубу Міхась Лужынскі. У будынку клубу адбылася сустрэча з беларусамі Сіднэю, падчас якой абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і спосабы, якімі дыяспара можа дапамагчы дэмакратызацыі Бацькаўшчыны.

Івонка Сурвілла наведала Сіднэйскі унівэрсітэт – найбольшую навучальную ўстанову Аўстраліі. Прафэсар Вольга Качан расказала пра навуковыя праграмы ўнівэрсітэту, дзе, дарэчы, захоўваецца калекцыя беларускіх пэрыядычных выданняў. Варта сказаць, што аўстралійскія беларусы вялі актыўную выдавецкую дзейнасць – выходзілі часопісы “На варце” і “Лучнік”, бюлетэнь “Новае жыццё” (гэты апошні цяпер адноўлены намаганнямі прадстаўніка апошняй хвалі эміграцыі Віктара Кавалеўскага).

Пасля Сіднэю Івонка Сурвілла накіравалася ў Мельбурн, які доўгі час лічыўся цэнтрам беларускага жыцця ў Аўстраліі. Старшыня Рады БНР наведала набажэнства ў царкве Трох віленскіх пакутнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, сустрэлася з сябрамі парафіяльнай рады. Кіраўнік Федэральнай рады беларускіх арганізацыяў ў Аўстраліі Яўген Груша наладзіў прыманне, на якім прысутнічалі і лідэры беларускіх арганізацыяў штату Вікторыя. Дарэчы, шмат хто з іх збіраў сродкі для дапамогі ахвярам Чарнобылю, 20-годзе якога нядаўна ўспаміналі ў парламенце штату Вікторыя. Удзельнікі вакальнай групы “Каліна” прэзентавалі свае песні, выдадзеныя на CD.

Івонка Сурвілла наведала беларускія могілкі ў Фоўкнеры, дзе ў 1970-я гады ўстаноулены помнік “На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых Беларусаў”.

www.unija.info

Берлін, Германія

Стужкай “Аазіс” вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста Юрыя Хашчывацкага берлінскі кінатэатр “Арсенал” завяршыў паказ фільмаў, прысвечаных 20-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі творчасць Юрыя Хашчывацкага знаходзіцца пад тайнай забаронай. Затое нямецкі глядач добра знаёмы з працамі беларускага рэжысёра: яго фільмы неаднаразова прымалі ўдзел у Берлінскім кінафестывалі. Еўрапейская акадэмія “Усход-Захад” уключыла фільм “Аазіс” у праграму кінапаказу, прысвечанага катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, не выпадкова. “Аазіс” Хашчывацкі зняў праз 10 гадоў пасля выбуху. Калі падавалася, што аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС ужо ўсё сказана.

Фільму “Аазіс” быў прысуджаны Гран-пры фестывалю дакументальных фільмаў СНД, ён быў намінантам прэстыжных міжнародных фестываляў. Яго шматразова паказвалі па каналах расійскага тэлебачання. На беларускі тэлеэкран “Аазіс” патрапіў адзін раз (выпадкова, па недаглядзе ўладаў). А пасля скандальнай стужкі “Звычайны прэзідэнт” Юрый Хашчывацкі стаў персонай нон-грата на тэлебачанні.

www.charter97.org

Вільня, Літва

У Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылася імпрэза, прысвечаная 20 гадавіне Чарнобыльскай аварыі. З гэтай нагоды, акрамя выступленняў быў паказаны фільм пра пікет, зняты сіламі ТБК, на Вялікай вуліцы, каля табліцы Ф. Скарыны ў 1997 годзе. Людзі ўважліва праслухалі паведамленне пра жыццё і творчасць вядомай беларускай патрыёткі ў эміграцыі Валянціны Пашкевіч, якую даслала Таварыству беларускай культуры спадарыня Раіса Жук-Грышкевіч. Ніна Эванс распавяла пра жыццё ў Англіі, а сям’я Акуневічаў пра турыстычнае падарожжа па Італіі. Пра складанае палітычнае становішча ў Беларусі, пра рэпрэсіі распавялі Андрусь Старавойтаў і старшыня ТБК Хведар Нюнька.

Па ініцыятыве сходу была прынятая аднагалосна заява, дзе між іншым сказана: “Мы выказваем рашучы пратэст супраць антыбеларускай палітыкі і патрабуем спыніць пераслед, і неадкладна вызваліць з турмаў усіх беларускіх патрыётаў”.

Хведар Нюнька,
старшыня ТБК Літвы

Варшава, Польшча

У дзень беларускай салідарнасці, 16 траўня, у амбасады Расіі ў Варшаве адбылася акцыя-перфоманс. Актывісты Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі прыйшлі да амбасады ў масках прэзідэнта Расіі У.Пуціна. Потым “клоны” Пуціна з’елі адмысловы чырвона-зялёны торт, які нагадваў па форме тэрыторыю Беларусі. Такім чынам сябры Звязу хацелі паказаць, чым пагражае Беларусі палітыка Лукашэнкі і Пуціна.

Паводле www.charter97.org

Варшава, Польшча

12-14 траўня ў Варшаве Беларуская Ініцыятыва правяла першы Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры “Mediawave - Belarus' Free Space”. Лідэр арганізацыі “Беларуская ініцыятыва” і галоўны арганізатар фестывал Уладзь Міхневіч.

Такі фэст упершыню адбываецца ў Польшчы і амаль цалкам прысвечаны незалежнай беларускай культуры – музыцы, літаратуры, кіно. Фестываль “MEDIAWAVE”, мета якога – папулярызацыя “разнастайных культурных ініцыятываў Еўропы”, пераважна некамерцыйнага характару, нарадзіўся ў Вугоршчыне першапачаткова як кінафестываль, але пазней быў пашыраны на іншыя краіны – Славаччыну, Аўстрыю, Чэхію і іншыя мастацкія накірункі. Сёлета фестываль упершыню адбыўся ў Польшчы, але прысвечаны ён Беларусі, незалежнай беларускай культуры, таму да назову “MEDIAWAVE” дададзеныя словы “Belarus free space” – беларуская вольная прастора. Праграма фестывалю вельмі разнастайная – гэта паказ фільмаў сярод іншых Галіны Адамовіч і Віктара Дашука, сустрэчы з гэтымі рэжысёрамі, прэзентацыя твораў беларускіх пісменнікаў – сярод іх Андрэй Хадановіч, выступы беларускіх гуртоў, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на беларускі фальклор – “Ветах”, “Госціца” і “Osmira”.

www.biel.ini.org.pl і радыё “Свабода”

Варшава, Польшча

У Польшчы, дзе Дзень салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў, палітзняволенымі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі адзначаецца ўжо восьмы раз, сёння было вырашана сабрацца, каб падсумаваць вынікі працы, зробленай за гэты час. У цэнтры Варшавы з самога ранку зноу з’явіўся намёт, які стаяў паўтары месяцы насупраць беларускай амбасады.

Калі акцыя салідарнасці адбывалася ў Варшаве ўпершыню летась у восень, дык у ёй узялі ўдзел толькі некалькі дзясяткаў чалавек, потым гэта ўжо былі сотні, а да сталіцы далучыліся два дзясяткі польскіх гарадоў. На мітынгах прамаўлялі вядомыя палітыкі, грамадскія дзеячы.

www.charter97

Гайнаўка, Польшча

З 14 па 20 мая ў гарадах Гайнаўка, Беласток і Варшава праходзіць Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”. Фестываль царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы з’яўляецца адным з вядомых фестываляў царкоўнай музыкі ў Еўропе. За час правядзення фестывалю ў ім прынялі ўдзел звыш 50 разнастайных харавых калектываў з Беларусі, апошнія тры гады беларускія калектывы атрымоўвалі галоўныя ўзнагароды фестывалю: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны хор радыё і тэлебачання Беларусі. Вядомыя дзеячы харавога мастацтва Беларусі штогод прымаюць удзел у рабоце журы фестывалю.

На ўрачыстым адкрыцці фестывалю ў Саборы Святой Троіцы ў Гайнаўцы, якое распачалося богаслужэннем з удзелам Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы, прысутнічалі вышэйшыя духоўныя асобы праваслаўнай і каталіцкай царквы Польшчы, дэпутаты Сейма Польшчы, кіраўнікі Падляскага ваяводства і мясцовых органаў самакіравання, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, у тым ліку Пасольства Беларусі ў Польшчы і Генконсульства ў Беластоку, цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Пачынаючы з 2006 года, для адзначэння аднаго з калектываў-пераможцаў фестывалю ўстаноўлены спецыяльны дыплом і ўзнагарода Пасольства Беларусі ў Польшчы, што было вельмі станоўча ўспрынята арганізатарамі фестывалю.

“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча”.
2006. 16 траў.

Познань, Польшча

Пасля перамоваў з уладамі гораду Познань, на працягу красавіка, было дамоўлена аб прызначэнні Беларускаму Культурна-Асветніцкаму Цэнтру ўласнае сядзібы. Рашэнне аб прадстаўленні памяшкання прыняў віцэ-мэр горада Мацей Франкевіч. Да гэтай пары арганізацыя мела выключна намінальную сядзібу. Памяшканне будзе месціцца ў Групе Гандлёвых Школ, што побач з міжнародным кірмашом у цэнтры горада. Дамова з кіраўніком будынку падпісаная на тры гады, да красавіка 2009 г. Сядзібу плануецца абсталяваць кампутарам, відэатэхнікай і арганізаваць у ёй беларускую бібліятэку. У памяшканні Беларускага Цэнтра будзе таксама месціцца сталая экспазіцыя прац беларускіх мастакоў, якія жывуць у Познані. Адкрыццё новай сядзібы, з удзелам запрошаных гасцей і сяброў арганізацыі, адбудзецца ў траўні.

Віталь Воранаў,
старшыня БКАЦ Познані

Польшча

У сувязі з адзначэннем 61-ай гадавіны Перамогі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, а таксама консульскія ўстановы Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце. 7 траўня ў горадзе Рыбалы адбылася праваслаўная жалобная служба па ўшанаванні памяці загінуўшых у чэрвені 1941 г. пры абароне пераправы праз р.Нарэў. 8 траўня ў Варшаве прайшло ўрачыстае ўскладанне кветак да Магілы нявядомага салдата. Пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Польшчы 8 траўня ў Доме Дружбы ў Варшаве была агранізавана ўрачыстая сустрэча актывістаў польскіх аб’яднанняў ветэранаў вайны, удзельнікаў вызвалення Беларусі, Польшчы, іншых краін Еўропы. 9 траўня з нагоды 61-ай гадавіны заканчэння другой сусветнай вайны з удзелам кіраўнікоў пасольстваў Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстану, Арменіі і іншых краін СНД, адбылося ўскладанне вянкоў да маўзалею савецкім салдатам, загінуўшым пры вызваленні Варшавы.

“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча”.
2006. 16 траў.

Украіна

Выключаных па палітычным прычынам студэнтаў гатовыя бясплатна навучаць ВНУ Украіны. Адпаведны дакумент намеснік міністра адукацыі Украіны перадаў Усеўкраінскай маладзёвай арганізацыі “Студэнцкае братэрства”. Раней згоду навучаць беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ па палітычных матывах, выказалі Польшча, Літва і Эстонія.

У адказ на зварот “Студэнцкага братэрства” Міністэрства адукацыі Украіны прывяло пералік дакументаў і ўмоў, неабходных для пераводу тых, каго праследуюць па палітычных матывах на навучанне ва Украіну. Міністэрства адукацыі Украіны паведаміла, што беларускія студэнты могуць карыстацца правам на адукацыю на ўзроўні з грамадзянамі Украіны.

Паміж тым, у міністэрстве адукацыі Беларусі лічаць удзел студэнтаў у акцыях апазіцыі “праколам” педагогаў.

Паводле www.telegraf.by

АБ’ЯВЫ

Стварэнне бібліятэкі імя Ф.Багушэвіча

Беларускі Культурна-Асветніцкі Цэнтр у Познані аб’яўляе аб намеры стварэння беларускай бібліятэкі імя Францішка Багушэвіча ў Познані. Цэнтр звяртаецца да ўсіх беларускіх арганізацый у Беларусі і ў свеце, а таксама да прыватных асоб з просьбай перадачы кніжных выданняў у фонд беларускай бібліятэкі ў Познані. Цэнтр забяспечвае транспартаванне кніжак. Кантакты:
Беларусь (+375-17) 243-05-72, koshul@gmail.com (Уладзімір Кошчанка);
Замежжа (+48) 600-460-130, vital.voranau@gmail.com (Віталь Воранаў).

Віталь Воранаў,
старшыня БКАЦ Познані

Сайт для беларускамоўных дзетак і бацькоў

У павуціне інтэрнета, на радасць свядомым карыстальнікам, з’яўляецца ўсё больш беларускамоўных сайтаў! Нядаўна быў запушчаны цудоўны праект “Нашыя дзеткі”, арганізаваны “групай ініцыятыўных мамашак”. Сайт цалкам беларускамоўны і прысвечаны выхаванню дзіця беларускай сям’ёй у Беларусі. Тут сабрана інфармацыя, якая можа дапамагчы ў выхаванні дзетак, напрыклад, па такіх тэмах: цяжарнасьць і роды, спеў-развівалка для самых маленькіх, калыханкі, дзеці – “вундэркінды” сучаснага ці самыя звычайныя дарослыя будучыні, школа, сямейныя стасункі, кар’ера, хатняя гаспадарка, мова, кніжны куток, гульні для дзяцей, “купляй беларускае”, як пайсці ў садок і шмат іншага. Для абмеркавання пытанняў, на якія маці не можа знайсці адказ на электронных старонках, ёсць форум.

У прадмове аўтарка сайта напісала: “Мне б не хацелася, каб людзі, якія будуць наведваць гэты сайт, былі адабраныя па моўным прынцыпе. Усе мы родам з СССР, амаль усе вучылі беларускую мову як другасную. Што зробіш — так была пабудаваная сістэма выхавання. Некаторыя не здолелі пазбавіцца гэтага “моўнага калецтва”, але ўсё ж жадаюць, каб іх дзеці размаўлялі па-беларуску, ці хаця б маглі размаўляць. Некаторыя, наадварот, размаўляюць па-беларуску, але выхоўваюць дзетак па-руску, бо лічаць, што ім так лепей. Усе мы розныя. Давайце сябраваць ?.”
Для сяброўства зазірніце па гэтай спасылцы: dzietki.staronki.com
Напісаць аўтарам праекта можна на адрас: dzietki@gmail.com

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Новы сайт беларусаў Масквы

Пачаў працу яшчэ адзін сайт беларусаў Масквы www.licvin.com Сардэчна запрашаем Вас на ягоныя старонкі! Там Вы знойдзеце інфармацыю па беларускай гісторыі і культуры, прозу і паэзію лепшых пісьменнікаў ды паэтаў, актуальныя артыкулы пра падзеі ў Беларусі і за яе межамі. Таксама чакаем Вас на нашым форуме. Выказвайце свае меркаванні, думкі, цікавае. Будзьце актыўнымі! Чакаем Вашых допісаў! Вельмі хочацца, каб наш форум зрабіўся месцам сустрэч беларусаў усяго свету! Спадзяемся, што наш сайт Вам спадабаецца і Вы зробіцеся нашымі трывалымі сябрамі. Калі ў Вас узнікнуць пытанні, прапановы, заўвагі - лістуйце на licvin@gmail.com
Калі ў Вас ёсць сайт, прапануем абмен спасылкамі!

Адміністрацыя сайта
www.licvin.com

“Басовішча-2006”

Прыём заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у конкурснай праграме “Басовішча-2006” працягваецца да 11 чэрвеня. Да гэтай даты адбываецца прыём дэма-запісаў ад зацікаўленых гуртоў, лепшыя з іх паводле рашэння журы будуць удзельнічаць у адборачным канцэрце, па выніках якога каля дзесяці пераможцаў паедуць на фестываль “Басовішча” змагацца за галоўныя прызы. Нагадаем, што гурт-пераможца “Басовішча” атрымлівае прыз “Радыё Беласток” – запіс у прафесійнай студыі ў Польшчы. Таксама на фестывалі ёсць шэраг іншых прызоў для гуртоў: фінансавыя ўзнагароды БАС, гміны Гарадку, Радыё “Polonia”, Звязу беларусаў у Польшчы і інш.

У гэты ж час будзе весціся інтэрнэт-галасаванне на “Тузіне Гітоў”, паводле якога будзе вызначаны яшчэ адзін гурт, які паедзе на фестываль разам з гуртамі, абранымі журы на адборачным канцэрце.

Паводле metallection.com

“Беларуская ініцыятыва” дэкларуе

Варшаўская беларуская арганізацыя “Беларуская ініцыятыва” праз свой сайт www.biel.ini.org.pl дэкларуе дапамогу беларускім студэнтам, якіх выключылі з навучальных установаў па палітычных прычынах. Калі ласка, дасылайце нам вашыя дадзеныя і падрабязную інфармацыю пра вашае выключэнне на адрас stud@ini.org.pl

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Польская прапанова студэнтам

Беларускія студэнты, якія былі выключаныя са сваіх навучальных установаў па палітычных прычынах, могуць складаць свае заяўкі на стыпендыю ў Польшчы. Стыпендыі разлічаны на трыста беларускіх студэнтаў. Каардынацыяй гэтай праграмы займаецца бюро пры Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Менавіта туды ўсе жадаючыя атрымаць стыпендыю павінны накіроўваць свае заяўкі. Плануецца, што выбраныя студэнты прыедуць у Польшчу ў ліпені для вывучэння польскай мовы перад тым, як распачаць сваё навучанне ў гэтай краіне.

www.rzeczpospolita.pl

Заява рэктараў нямецкіх універсітэтаў

Кіраўніцтва 260 нямецкіх універсітэтаў і вышэйшых школ абуранае рэпрэсіямі ў дачыненні да студэнтаў у Беларусі. У прынятай заяве канферэнцыі рэктараў вышэйшых школ Германіі гаворыцца пра “неабмежаваную гатоўнасць нямецкіх вучэбных устаноў” кааперавацца з усімі партнёрамі ў Беларусі, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве.

Нямецкія рэктары таксама разгледзелі пытанне адносна пошуку месцаў для навучання гэтых студэнтаў у Германіі. Было выказанае меркаванне адносна стварэння гэтак званай еўрапейскай універсітэцкай прасторы – сістэмы незалежных і аўтаномных вышэйшых школ, якія былі б зацікаўленыя ў абмене і кааперацыі са студэнтамі краінаў, якія не належаць да Еўрапейскага Саюза.

“Канферэнцыя рэктараў вышэйшых школ Германіі заяўляе пра сваю салідарнасць з тымі студэнтамі, супрацоўнікамі беларускіх універсітэтаў, якія бяруць актыўны ўдзел у справе развіцця свабоды слова, даследаванняў і адукацыі ў мэтах адкрытай, еўрапейскай Беларусі”, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Кіраўніцтва ўніверсітэта Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры, які ў свой час даў прытулак студэнтам зачыненага ў Мінску Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, дае высока ацэньвае здольнасці беларускай моладзі. Паводле рэктара Віядрыны прафесара Гезынэ Шван, “беларускія студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі не могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтай краіны”.

Паводле by.milinkevich.org

МЗС Латвіі
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Латвіі Артыс Пабрыкс 15 траўня звярнуўся да вышэйшых навучальных устаноў краіны з пісьмовай просьбай ацаніць магчымасць прыняцця на вучобу студэнтаў з Беларусі, якім “адмоўлена ў навучанні ў сваёй краіне з-за палітычных перакананняў”.

“AFN”. 2006. 16 траў.

У Маскве не далі запаліць свечкі салідарнасці з Беларуссю
16 траўня, у Дзень беларускай салідарнасці, расіяне імкнуліся прайсці да беларускай амбасады ў Маскве, каб запаліць там свечкі салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі, рэпрэсаванымі, сем’ямі зніклых апазіцыянераў і ўсімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Але на падыходзе да будынка групу маладых людзей з беларускімі нацыянальнымі сцягамі спынілі супрацоўнікі міліцыі. Пасля праверкі дакументаў і “прафілактычных” размоў да дыппрадстаўніцтва пад’ехаў аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі. Міліцыянеры паглядзелі на людзей, якія мірна стаялі побач з іх калегамі, і паехалі, што выклікала негатыўную рэакцыю ў некаторых супрацоўнікаў беларускай амбасады.

Паводле www.charter97.or


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

“Беларускае студэнцтва на чужыне”
У кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, якую заснавала МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, – юбілей! Выдадзена 10-я кніга серыі. Ёй стала кніга успамінаў Барыса Рагулі “Беларускае студэнцтва на чужыне”. Кніга адрэдагавана Лявонам Юрэвічам і багата насычана архіўнымі матэрыяламі. Гэта фактычна першыя і на дадзены момант адзіныя мемуары ў свеце, прысвечаныя беларускай вышэйшай адукацыі і беларускае студэнцтва на эміграцыі. Шырокае выкарыстанне ўспамінаў 21 былога беларускага студэнта надало кнізе полімемуарны характар, што вельмі павялічвае яе каштоўнасць. У выданні кнігі дапамагалі многія знакамітыя дзеячы беларускай дыяспары з розных краін: Янка Жучка, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Надзея Дробіна, Уладзімір Набагез і Марыя Ганько.

У прадмове Барыс Рагуля піша: “Я хачу пазбегнуць памылак іншых, хто ў сваіх успамінах расказвае пра мінулае так, быццам бы яны, аўтары ўспамінаў, вызначалі ход падзеяў. Я перакананы, што, калі б не было мяне, нехта іншы выканаў бы маю ролю... Мне пашчасціла апынуцца ў адпаведным месцы, у адпаведны час, пры адпаведных спрыяльных абставінах ды спаткаць адпаведных людзей.”

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Гісторыкі і ўлада”
Выйшла кніга нямецкага гісторыка Лінднэр Райнер “Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX-XX стст.” Гэта пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”). Кніга нямецкага гісторыка ёсць першым даследаваннем узаемадачыненняў гістарычнай навукі і палітыкі ў Беларусі. Бесстаронне аналізуючы шматбаковую сувязь паміж гісторыяй, фармаваннем нацыі і дзяржаўнай палітыкай, аўтар стварае панараму інстытуцыйна-кадравых і канцэптуальна-зместавых пераменаў у беларускай гістарыяграфіі ад яе станаўлення да нашага часу.

knihi.net


ВЕСТКІ

Грамадства

***
Закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” не будзе заменены нейкім новым заканадаўчым актам, яго мяркуецца ўдасканальваць паартыкульна. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю БелТА міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч. Гаворачы пра тое, якія істотныя змены вызначана занесці ў закон, Уладзімір Русакевіч сказаў, што ў першую чаргу гэта закране заканадаўчае рэгуляванне інтэрнета ў дзяржаве. Міністр падкрэсліў, што “такая патрэбнасць паўстала не толькі ў Беларусі, над гэтым пытаннем працуюць у шматлікіх іншых краінах”.

Па словах Уладзіміра Русакевіча, карэкціроўка закону будзе праводзіцца ў рэчышчы інфармацыйнай палітыкі, якая выпрацаваная ў Беларусі ў сувязі з новым этапам яе сацыяльна-эканамічнага развіцця.

www.charter97.org

***
Гарадзенскі аграрны ўніверсітэт замарозіў праграмы праходжання практыкі студэнтаў старэйшых курсаў на Захадзе, і зараз перадавому досведу вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці яны будуць вучыцца на фермах і палях Радзімы.

Дэкрэт Презідента “Аб некаторых мерах па супрацьдзеянні гандлю людзьмі” стукнуў па імпарце перадавых тэхналогій і ідэй у сельскую гаспадарку, якія ўвозілі ў краіну аграрнікі-студэнты ў сваіх галовах. Таму аддзел знешніх сувязяў пры Гарадзенскім аграрным практычна бяздзейнічае і досвед, назапашаны ім за 10-гадовае існаванне, страчаны. “Памруць” сувязі паміж ГАУ і еўрапейскімі універсітэтамі, якія ствараліся вельмі доўга.

Дэкрэт стукнуў не толькі па тэхналагічным патэнцыяле сельгасвытворчасці, ён яшчэ пазбавіў студэнтаў магчымасці падзарабіць грошай на перыяд сваёй вучобы. Такім чынам аграрнае акно ў Еўропу забіта “цвіком” прэзідэнцкага ўказу. А яно працавала на будучыню...

www.hrodna.by

***
У ноч з 20 на 21 сакавіка, калі 120-кілаграмовы Звон Свабоды везлі дахаты з Кастрычніцкага пляца, яго арыштавала міліцыя. 21 дзень Звон знаходзіўся ў РАУС Цэнтральнага раёна. Калі прайшлі і “Чарнобыльскi шлях”, і першамайскі мітынг, і 9 Траўня, Звон вырашылі вярнуць аўтарам. Мастакі гавораць, што ў міліцыі да Звону паставіліся з павагай — трымалі не абы-дзе, а ў навучальным класе. Зараз мастакі А.Шатэрнік і А.Марачкін не выпускаюць Звон Свабоды з рук.

Паводле “Комсомольской правды” в Беларуси”

***
Старшыню Беларускага Хельсінскага камітэта Таццяну Процьку не выпусцілі за мяжу. 12 траўня яна накіроўвалася ў Берлін па запрашэнні Партыі зялёных, каб выступіць з дакладам пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Але ў мінскім аэрапорце яе затрымалі, абшукалі, у пашпарце анулявалі штэмпель з дазволам на выезд ва ўсе краіны свету. У Т.Процькі канфіскавалі гадавую справаздачу БХК, відэафільм аб ходзе прэзідэнцкіх выбараў ды іншыя матэрыялы, прысвечаныя праблематыцы правоў чалавека ў Беларусі. Затрыманне працягвалася амаль гадзіну, пакуль не вылецеў самалёт. Ніякіх абвінавачанняў ёй не выставілі.

“Polskie radio “Polonia”. 2006. 14 траў.

***
Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала вязнямі сумлення яшчэ пяць беларусаў — арыштаваных апазіцыйных лідэраў Аляксандра Бухвостава, Вінцука Вячорку, Зміцера Дашкевіча, Сяргея Калякіна і Аляксандра Мілінкевіча. Усе яны былі асуджаныя за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу ў межах акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Па меркаванні арганізацыі, беларускія палітыкі былі затрыманыя “выключна за тое, што скарысталіся сваімі правамі на волю збораў, асацыяцый і выразаў”.

Паводле Белапан

***
Камітэт абароны журналістаў назваў дзесяць краін з самай жорсткай цэнзурай. Беларусь увайшла ў гэты спіс. На першым месцы ў спісе месціцца Паўночная Карэя, дзе цэнзура - татальная. За ёй знаходзяцца - Бірма, Туркменія, Экватарыяльная Гвінея, Лівія, Эрытрэя, Куба, Узбекістан, Сірыя і Беларусь. Міжнародная праваабарончая арганізацыя апублікавала даклад з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня.

“AFN”. 2006. 3 траў.

***
Міністэрства аховы здароўя не пацвярджае і не абвяргае факт збіцця дэманстрантаў. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька атрымаў адказ на свой запыт адносна колькасці пабітых удзельнікаў дэманстрацыі на Дзень Волі ў Мінску. Ён прасіў таксама пацвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю аб смерці аднаго ці некалькіх дэманстрантаў. Намеснік міністра аховы здароўя Віктар Калбанаў адказаў спадару Лябедзьку, што інфармацыя пра стан здароўя пацыентаў, а ў выпадку смерці – аб выніках анатаміравання трупа, з’яўляецца лекарскай тайнай, якая абараняецца заканадаўствам Беларусі. Аднак сп. Лябедзька лічыць, што інфармацыя пра траўмы грамадзян ад рук спецназу, а таксама пра магчымую смерць дэманстранта не можа насіць закрытага характару.

Паводле прэсавай службы АГП

***
15 траўня Белы Дом абнародаваў указ Джоржа Буша, у якім ён забараняе ўезд у ЗША чальцам беларускага ўраду. У дакуменце сказана, што ўезд забаронены асобам, “якія вызначаюць, рэалізуюць, прымаюць удзел альбо атрымліваюць выгаду ад палітыкі альбо дзеянняў, уключаючы фальсіфікацыю выбараў, парушэнні правоў чалавека альбо карупцыю, што разбураюць дэмакратычныя інстытуты альбо перашкаджаюць пераходу да дэмакратыі ў Беларусі”. Пад дзеянне ўказа трапляюць таксама мужы і жонкі чальцоў беларускага ўраду, а таксама асобы, якія атрымліваюць фінансавыя выгады ад вышэйназванай палітыкі. Спіс асобаў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, павінен вызначыць дзяржсакратар ЗША. У дакуменце сказана, што ўезд гэтых асобаў “шкодзіць інтарэсам Злучаных Штатаў”.

www.unija.info

***
Рада Еўрасаюза прыняла эканамічныя санкцыі ў дачыненні да 36 беларускіх службоўцаў. Прыняты Радай ЕС дакумент прадугледжвае замарожванне “ўсіх фондаў і эканамічных рэсурсаў” для 36 беларускіх службоўцаў. Па меркаванні краін ЕС, пералічаныя ў дакуменце дзяржслужачыя нясуць адказнасць “за парушэнне міжнародных выбарчых стандартаў і наступ на правы грамадства і дэмакратычную апазіцыю”.

У спіс службоўцаў, у дачыненні да якіх уведзеныя эканамічныя санкцыі, разам з Аляксандрам Лукашэнкам увайшлі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас, яго намеснікі, а таксама міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і шэраг іншых высокапастаўленых дзяржслужачых Беларусі.

www.belaruspartizan.org

***
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і шэрагу іншых вышэйшых службовых асоб з яго асяроддзя забаронены ўезд на тэрыторыю Эстоніі. Рашэнне аб нявыдачы ўязных і транзітных віз прадстаўнікам беларускага кіраўніцтва прынята на пасяджэнні ўрада. Разам з візавымі абмежаваннямі “Эстонія мае намер ужыць фінансавыя санкцыі”.

NEWSru.com

***
ЕС праігнараваў канферэнцыю Інтэрпола ў Беларусі. На 35 Еўрапейскую рэгіянальную канферэнцыю Інтэрпола, якая пачалася 17 траўня, прыбылі прадстаўнікі толькі 12 з 46 краін рэгіёну. Генеральны сакратар Інтэрпола Рональд Ноўбл сказаў, што краіны ЕС адмовіліся дасылаць сваіх прадстаўнікоў у Беларусь і парушылі тым самым статут арганізацыі. Рашэнне правесці канферэнцыю ў Мінску было прынятае год назад кіраўнікамі паліцэйскіх службаў 45 дзяржаў амаль аднагалосна. Р.Ноўбл сказаў, што прадстаўнікі Інтэрпола з краін ЕС “павінны паводзіць сябе як прадстаўнікі арганізацыі, а не краін... Інтэрпол павінен захоўваць палітычны нейтралітэт”. У прэсавым рэлізе (www.interpol.int), што размешчаны на сайце Інтэрпола ўказваецца, што нягледзячы на адсутнасць прадстаўнікоў – краін ЕС, канферэнцыя Інтэрпола пройдзе ў адпаведнасці з падрыхтаваным графікам. Абмяркоўвацца на ёй будуць праблемы, найбольш тыповыя для рэгіёна, сярод якіх кантрабанда людзей, распаўсюджванне наркотыкаў і арганізаваная злачыннасць.

Паводле lenta.ru

***
У Швецыі разгарэўся скандал, калі стала вядома аб тым, што кампанія “Sirius”, якая часткова належыць да дзяржавы, плануе арганізаваць спадарожнікавую рэтрансляцыю беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў на ўсю Еўропу і краіны СНД. Шведская фірма “SES Sirius AB” вядзе перамовы з беларускім бокам у справе трансляцыі праз свой спадарожнік тэлеканалаў ОНТ і СТВ. Гэтую інфармацыю пацвердзіла дырэктар фірмы ў справах рынку і камунікацыяў Анна-Карын Модзіг. Шведскі эксперт у справах Беларусі Тобіяс Люнгваль выказаў упэўненасць, што фірма “SES Sirius AB” пасля такога розгаласу ў медыях, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад удзелу ў праекце трансляцыі беларускіх тэлеканалаў.

Паводле радыё “Свабода”

***
У Мінску пачынаюцца Дні Еўропы. Пры падтрымцы Еўракамісіі іх арганізуюць дыпламатычныя місіі краін Еўрапейскага саюза і краін-кандыдатаў на далучэнне да Саюза. Пачынаючы з 22 траўня, цягам шасці дзён запар у сталіцы Беларусі пройдзе мноства імпрэзаў. Паколькі Аўстрыя – цяперашні старшыня ў Еўрасаюзе – не мае сваёй амбасады ў Беларусі, яна даручыла прадстаўляць агульнаеўрапейскія інтарэсы ў Мінску дыпламатам Латвіі. Амбасадар гэтай краіны Майра Мора падкрэслівае, што Дні Еўропы – гэта магчымасць яшчэ раз згадаць і адзначыць, што беларусы – еўрапейцы, хаця і адмежаваныя цяпер ад з’яднанай Еўропы.

Радыё “Свабода”. 2006. 22 траў.

***
Рада Еўрапейскага саюза па агульных справах і знешніх адносінах падтрымлівае ініцыятыву аб умацаванні працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі і кантактаў з ёй грамадзянаў і жыхароў ЕС. Таму Міністэрства замежных спраў Латвіі прапанавала з 1 чэрвеня вызваліць грамадзян Беларусі ад выплаты дзяржаўнага збору пры разглядзе дакументаў на атрыманне візы. Па дадзеных латвійскага статыстычнага кіравання, у 2005 годзе візы для наведвання Латвіі запытвалі 22.472 грамадзяніны Беларусі.


news.tut.by

Эканоміка

***
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін распарадзіўся спыніць любое субсідзіраванне беларускай эканомікі. Даручана “прыняць вычарпальныя меры” з мэты спынення рээкспарту або кантрабанды любых расійскіх тавараў (у першую чаргу энерганосьбітаў) праз тэрыторыю краіны. “Газпрам” у перамовах з беларускім бокам ужо выконвае прамое распараджэнне прэзідэнта Расіі. Павышэнне коштаў на газ ударыць па інвестыцыйнай прывабнасці беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Указ датычыць таксама нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі. З павышэннем коштаў на газ і спыненнем субсідзіравання нафтавага экспарту Масква нанясе па А.Лукашэнку сур’ёзны палітычны ўдар. Мінск будзе змушаны альбо пайсці на ўмовы Масквы, альбо апынуцца перад тварам магутных эканамічных і сацыяльных узрушэнняў. Па крамлёўскіх крыніцах, “адзіны спосаб для Беларусі атрымоўваць газ па ўнутрырасійскіх коштах – гэта ўвайсці ў склад Расіі”. Аднак канвертаваць эканамічны прэсінг у палітычную перамогу на беларускім напрамку Крамлю будзе не так проста.

“Камерсантъ-Daily”

***
Аналітыкамі крок У.Пуціна расцэньваецца як спроба паскарэння расійска-беларускай інтэграцыі, але часцей чуваць слова “аншлюс”. Нагадаем, што раней ужо былі заявы дэпутата Дзярждумы Расіі Уладзіміра Жырыноўскага, які прапанаваў Беларусі ўвайсці ў склад Расіі на правах федэральнай акругі. Лідэр беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што гэта ўжо вядомы інструмент шантажу. Экс-кандыдат у прэзідэнты заявіў, што рух “За Свабоду” будзе супрацьстаяць усемагчымым крокам з боку Расіі, якія скіраваныя на страту незалежнасці Беларусі.

“Polskie radio “Polonia”. 2006. 15.05.

***
Беларускі ўрад упэўнены ў тым, што рэспубліка не будзе мець сур’ёзныя фінансава-эканамічныя праблемы ў выпадку павелічэння кошту на расійскі газ у 2007 г. Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў прызнаў, што ў перагаворным працэсе з расійскім бокам пытанне павелічэння кошту на газ прысутнічае. Па яго словах, задача заключаецца ў тым, каб знайсці такія суадносіны кошту на газ у Беларусі і Расіі, каб яны дазволілі беларускай эканоміцы быць канкурэнтаздольнай на беларуска-расійскай эканамічнай прасторы. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што сёння заўчасна загадваць, якія будуць кошты і якія будуць наступствы для айчыннай эканомікі. Пры гэтым ён прызнаў, што ў “Газпрама”, як і ў Беларусі, ёсць свае прыярытэты, і галоўнае – дасягнуць захавання інтарэсаў бакоў.

“Новая экономическая газета”. 2006. 19 траў.

***
Беларусь гатовая прадаць ААТ “Газпрам” 50% акцый ААТ “Белтрансгаз” пры ўмове ўдзелу рэспублікі ў здабычы газу ў Расіі, заявіў на сімпозіуме ў рамках Беларускага прамысловага форума першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. “Мы гатовыя аддаць 50% акцый наўзамен актываў расійскіх газаздабывальных прадпрыемстваў, якія бы дазвалялі нам здабываць штогод 12 млрд. куб. м газу”, – працытавалі ў апараце Саўміна выказвання У.Сямашкі.

У.Сямашка таксама адзначыў, што ў цяперашні час паміж прадпрыемствамі ідуць перамовы. “Разумеем, што яны будуць няпростыя. Зразумела, якія мэты ў “Газпрама” - ён імкнецца атрымаць кантроль над газатранспартнымі сістэмамі і ў Еўропе, і ў Азіі, у Беларусі стараецца дабіцца вызначанай ступені ўплыву на Белтрансгаз”, – прывялі ў апараце Саўміна словы першага віцэ-прэм’ера.

“Новая экономическая газета”. 2006. 19 траў.

***
Беларусь створыць стабілізацыйны фонд для мінімізацыі наступстваў павышэння кошту на газ, аналагічны таму, што існуе ў Расіі. Стварэнне фонду абумоўлена пастаянным павышэннем коштаў на энерганосьбіты, якія пастаўляюцца ў краіну з Расійскай Федэрацыі. Фонд будзе напаўняцца за кошт розных крыніцаў, у тым ліку за кошт прыбытку дзяржаўных прадпрыемстваў.

Паводле www.tut.by

***
Ліміт недэкларуемага ўвозу замежнай валюты ў Беларусь павялічаны ў тры разы – з 3 да 10 тысяч даляраў ЗША. Аб гэтым паведаміў кіраўнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў. Пры гэтым ліміт недэкларуемага вывазу замежнай валюты з Беларусі не змяніўся і складае 3 тысячы даляраў ЗША, удакладнілі ў Нацбанку.

Паводле БелаПАН

***
Беларусь прапанавала забараніць размяшчэнне радыеактыўных магільнікаў бліз ахоўных прыродных тэрыторый. 12 траўня, выступаючы ў штаб-кватэры ААН на пасяджэнні 14-й сесіі Камісіі ААН па ўстойлівым развіцці, намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Таццяна Старчанка прапанавала ўключыць у выніковыя дакументы сесіі становішча аб неабходнасці забароны будаўніцтва ядзерных аб’ектаў, у тым ліку электрастанцый, сховішчаў і магільнікаў, паблізу ахоўных прыродных тэрыторый.

“Прадстаўніцтва ААН у Беларусі”. 2006. 13 траў.

***
Выпускнікі ВНУ бюджэтнай формы навучання павінны будуць адпрацоўваць па размеркаванні 2 года. Менавіта такі тэрмін кампенсуе дзяржаве выдаткаваныя на маладога спецыяліста бюджэтныя грошы. Студэнтам, якія паспрабуюць пазбегнуць размеркавання, прыйдзецца раскашэліцца. Па новым законе, яны павінны кампенсаваць дзяржаве ўсе выдаткі на навучанне. А гэта нярэдка круглая сума – ад 3 да 10 мільёнаў рублёў. Не плаціць грашовае кампенсаванне за адмову ад размеркавання можна толькі пры паважлівай прычыне, хваробе або распадзе таго прадпрыемства, на якое быў размеркаваны выпускнік.

www.ont.by


НАШ КАЛАНДАР

Чэрвень у гісторыі Беларусі
• У чэрвені 1861 года скасавана прыгоннае права.
• У чэрвені 1862 года выйшаў першы нумар нелегальнай газеты “Мужыцкая праўда”.
• У чэрвені 1957 года ў Акадэміі навук БССР заснаваны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора (з 1996 г. імя Кандрата Крапівы).
• 8 чэрвеня 1895 годзе нарадзіўся Ігната Дварчаніна (памёр у 1937 г.), беларускі літаратуразнаўца, паэт, грамадскі дзеяч.
• 9 чэрвеня 1960 года быў заснаваны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.
• 10 чэрвеня 1812 года адкрылася Полацкая акадэмія.
• 14 чэрвеня 1900 года нарадзіўся Забэйда-Суміцкі (сапр. Забэйда) Міхаіл Іванавіч (памёр у 1981 г.), беларускі спявак. Жыў у Празе.
• 15 чэрвеня 1905 года нарадзіўся Юрка Віцьбіч (памёр у 1975 г.), беларускі празаік. Жыў у ЗША.
• 16 чэрвеня 1937 года скончыў жыццё самагубствам у сувязі з палітычнымі абвінавачаннямі старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў – адзін з заснавальнікаў БССР.
• 17 чэрвеня 1980 года адкрыўся Мінскі гарадскі тэатр. З 1920 г. і дагэтуль у яго памяшканні працаваў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы.
• 21 чэрвеня 1937 года скончыў жыццё самагубствам у сувязі з палітычнымі абвінавачваннямі старшыня Савета Народных Камісараў БССР Н.Галадзед.
• 24 чэрвеня 1900 года нарадзіўся Кузьма Чорны (сапр. Мікалай Раманоўскі; памёр у1944 г.), беларускі празаік, драматург, публіцыст.
• 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 года нарадзіўся Янка Купала.
• 25 чэрвеня 1905 года нарадзіўся Пятрусь Броўка (памёр у 1980 г.), беларускі паэт, празаік, грамадскі дзеяч, народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі.
• 28 чэрвеня 1942 года пры загадкавых абставінах загінуў у Маскве класік беларускай літаратуры Янка Купала. След ягонай смерці вядзе да спецслужбаў СССР.

Чэрвень у гісторыі беларускай дыяспары
• 4-5 чэрвеня 1948 года на 10-м саборы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў эміграцыі (г.Канстанц, ФРГ) створана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ў эміграцыі.
• 9 чэрвеня 1973 года урачыстае адкрыццё Беларускага аддзела ў Кліўлендскай бібліятэцы з беларускай выставай.
• 13 чэрвеня 1947 года адбыўся сход беларускіх настаўнікаў і заснаванне Аб’яднання беларускіх настаўнікаў у Англійскай зоне Германіі.
• 14 чэрвеня 1953 года створаны нью-ёркскі аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання.
• 18 чэрвеня 1949 года створаны Беларуска-Амерыканскі Дапамогавы Камітэт у Саўт-Рыверы (ЗША).
• 23 чэрвеня 1946 года заснавана Крывіцкае Навуковае Таварыства імя Францыска Скарыны ў Рэгенсбургу (Германія).
• 21 чэрвеня 1950 года заснаванне Беларускага Нацыянальнага аб’яднання ў Таронта (Канада).
• 22 чэрвеня 1950 года першая беларуская праваслаўная служба ў Таронта (Канада).
• 22 чэрвеня 1958 года першая служба ў беларускай праваслаўнай царкве св. Пятра і Паўла ў Мельбурне (Аўстралія).
• 28 чэрвеня 1953 года Беларуская Аб’яднанне ў Таронта набыло будынак для царквы і грамадскага цэнтра, асвячэнне і першая служба.
• 28 чэрвеня 1969 года асвячэнне Беларускага грамадскага цэнтра “Слуцак” (Канада).
• У чэрвені выйшаў № 1 Беларускага часопіса “Царкоўны светач”, Саўт-Рывер (ЗША).

Паводле Беларускага архіва-музея ЛіМ і
“Іллюстраванай храналогіі”
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by