МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№03(№51)
сакавік
2006
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ Ў МІНСКУ

19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы а 20 гадзіне сабралася больш за 20 тысяч людзей, якія прыйшлі патрабаваць справядлівага падліку галасоў. Акрамя сталіцы людзі збіраліся на галоўных плошчах і ў іншых гарадах, такіх як Гродна, Віцебск, Гомель, Магілёў і г.д. Вялікія акцыі ў падтрымку дэмакратычнага руху адбыліся і па-за межамі нашай краіны.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

САЛІДАРНЫЯ З БЕЛАРУСАМІ

У Беларусі з 18 па 25 сакавіка адбыўся шэраг мірных акцый у пад-трымку свабоды і незалежнасці Беларусі, супраць няроўных умоваў для кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, супраць вылучэння кандыдата ў прэзідэнты А.Лукашэнкі на трэці тэрмін, супраць уціску на беларускую мову і культуру.
За гэты час у краіне, паводле розных крыніцаў, было арыштавана і асуджана да арышту на тэрмін ад 5 да 15 сутак каля 1000 чалавек. Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі атрымалі прысуды паводле Адміністрацыйнага кодэксу, безумоўна, асуджаныя яны былі па палітычных матывах. Акрамя таго, разгоны мірных дэманстрацый, збіццё іх удзельнікаў, затрыманне беларускіх і замежных журналістаў, яскрава засведчылі тое, што кіраўніцтва краіны не прытрымліваецца сусветных дэмакратычных каштоўнасцяў і не лічыцца з правамі чалавека.

Салідарнасць з удзельнікамі мірных акцый, збітымі, затрыманымі і асуджанымі беларусамі выказваецца ў гэтыя дні па ўсім свеце. Людзі розных нацыянальнасцей, веравызнанняў, палітычных поглядаў пратэстуюць супраць незаконнага за-трымання актывістаў дэмакратычнага руху – грамадзянаў Беларусі і іншых краінаў; супраць гвалтоўнага разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў ноч з 23 на 24 сакавіка, супраць здзеклівага абыходжання з моладдзю, якая годна выказвала сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю; супраць сілавога разгону мірнай дэманстрацыі, што адбылася ў Мінску 25 сакавіка.

Старонкі разнастайных газет і часопісаў ва ўсім свеце, эфіры радыё- і тэлеканалаў напоўненыя шчырымі і адкрытымі словамі пра тое, што адбылося ў нашай Беларусі ў гэтыя дні.

Сёння амаль не засталося абыякавых да таго, што судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай беларускай апазіцыі парушаюць грамадзянскія і палітычныя правы чалавека.

Свет заклікае неадкладна вызваліць грамадскіх і палітычных актывістаў і ўсіх незаконна затрыманых у Беларусі.

Кастусь Сакалоўскі

ПАДЗЕІ

ВЫБАРЫ АГУЛЬНЫ АГЛЯД

19 сакавіка 2006 г. адбыліся выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 23 сакавіка Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла аб выніках галасавання. Паводле афіцыйных дадзеных, за А.Лукашэнку прагаласавала 5 501 249 выбаршчыкаў, што склала 83,0% усіх выбаршчыкаў. За астатніх кандыдатаў у прэзідэнты галасы размеркаваліся наступным чынам: за А.Мілінкевіча - 405 486 галасоў (6,1%), за С.Гайдукевіча – 230 664 голаса (3,5%), за А.Казуліна – 147 402 голаса ( 2,2%). 115 532 ці 1,7% бюлетэняў прызнана несапраўднымі.

Паводле вынікаў датэрміновага галасавання, якое доўжылася пяць дзён, усяго прагаласавала больш як 30% выбар-шчыкаў, што стварае непаўторны прэцэдэнт датэрміновага галасавання. Звычайна ў краінах у датэрміновым галасаванні прымаюць удзел ад 1 да 4% выбаршчыкаў, якія проста не змогуць прагаласаваць непасрэдна ў дзень выбараў. У датэрміновым галасаванні асабліва актыўны ўдзел прымалі навучэнцы ВНУ пад прымусам выкладчыкаў і дэканаў факультэтаў, якія нават абвясцілі незапланаваныя выхадныя, каб іншагароднія студэнты з’ехалі са сталіцы. Датэрмінова галасавала таксама вялікая колькасць супрацоўнікаў дзяржаўных установаў па зага-дзе зверху. Акрамя таго, на беларускім тэлебачанні ішла пастаянная рэклама датэрміновага галасавання.

На выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысутнічала каля 30 тыс. назіральнікаў, у тым ліку 1265 міжнародных. Міжнародных назіральнікаў ад СНД было акрэдытавана 467 чалавек. Назіральнікі ад СНД адзначылі ў сваёй справаздачы, што ў Беларусі былі створаны ўсе неабходныя прававыя і арганізацыйна-тэхнічныя ўмовы для ажыццяўлення міжнароднага назірання, што сведчыць пра адкрытасць і празрыстасць выбарчага працэсу. Назіральнікі ад Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі былі салідарныя са сваімі калегамі з місіі СНД і заявілі, што працэс галасавання праходзіў у адпаведнасці з беларускім нацыянальным заканадаўствам, а выбары былі адкрытымі, свабоднымі, дэмакратычнымі і легітымнымі.

Міжнародных назіральнікаў з боку АБСЕ было акрэдытавана 450 чалавек. Неабходна адзначыць, што незалежным назіральнікам з краінаў Еўрасаюза было цяжка атрымаць візы, шмат каму было адмоўлена. Напрыклад, дэлегацыі Парламента Еўропы, віцэ-спікеру Еўрапейскага парламента Янушу Анышкевічу было адмоўлена ў беларускіх візах без тлумачэння прычыны. Акрамя таго, напярэдадні выбараў беларускія візы было амаль немагчыма атрымаць і іншым замежным грамадзянам, якія збіраліся наведаць Беларусь па сваіх справах.

Назіральнікамі былі зафіксаваны шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства і працэсу галасавання. У выніковых прэс-рэлізах АБСЕ гаворыцца пра тое, што выбары прызнаюцца несапраўднымі і недэмакратычнымі. Пасля таго, як былі абвешчаны афіцыйныя вынікі галасавання, краіны Еўрасаюза і ЗША заявілі аб сваім непрызнанні вынікаў выбараў і прынялі шэраг рэзалюцый па сітуацыі ў Беларусі. Міністры замежных спраў краінаў Еўразвязу падчас сустрэчы Рады ЕС у Бруселі прынялі адмысловую дэкларацыю па выбарах у Беларусі. Старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусі з нагоды прэзідэнцкіх выбараў Богдан Кліх заявіў: “Выбары спадара Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта адбыліся незаконна, таму мы звяртаемся да Еўрапейскай камісіі з заклікам пашырыць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў і адначасова спрасціць візавы рэжым для прадстаў-нікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўсіх беларускіх грамадзянаў, каб яны маглі без перашкодаў наведваць краіны Еўрасаюза”.

Кандыдаты ў прэзідэнты, акрамя А.Лукашэнкі, скарысталіся правам выступіць з прадмовай па нацыянальным тэлебачанні два разы па паўгадзіны. Але дзейны прэзідэнт запаўняе амаль 100% эфіру інфармацыйных праграмаў і навінаў, таму толькі гадзіна эфіру для апанентаў А.Лукашэнкі – паказчык няроўных умоваў у СМІ.

Перад выбарамі ў краіне праводзілася некалькі сацыялагічных даследаванняў. Паводле апытання, ВЦІАМ (дзяржаўны расійскі сацыялагічны і даследчы інстытут) намер прагаласаваць за А.Лукашэнку выказалі 60% рэспандэнтаў, за кандыдата ў прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі А.Мілінкевіча – 11%, за А.Казуліна – 5%, за С.Гайдукевіча – 1%. Пры гэтым 17% пакуль не вызначыліся са сваім выбарам. Але эксперты ВЦІАМа заяўляюць аб тым, што неабходна адняць мінімум 10% галасоў, якія аддаюцца на карысць уладзе па прычыне пастаяннага запалохвання грамадзянаў. Такім чынам, па дадзеных расійскіх сацыёлагаў, А.Лукашэнка набірае 50% галасоў. Больш таго, гэтыя дадзеныя па Беларусі ў цэлым разам з маленькімі гарадамі і вёскамі. У Мінску і абласных цэнтрах дзейны прэ-зідэнт набірае прыблізна 30-40%.

Яшчэ адзін расійскі сацыялагічны цэнтр “Лявада-цэнтр” 19 сакавіка агучыў дадзеныя экзіт-полу, паводле якога за А.Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала 47% выбаршчыкаў, за Аляксандра Мілінкевіча – каля 30%. Было адзначана, што каля 30% людзей адмовілася адказваць на пытанне “за каго вы прагаласавалі”. (Пазней “Лявада-цэнтр” адмовіўся ад сваіх высноваў.)

Расійскі прэзідэнт У.Пуцін павіншаваў А.Лукашэнку з перамогай на выбарах яшчэ да абвяшчэння вынікаў выбараў.

Вядомы беларускі палітолаг Уладзімір Роўда гаворыць аб тым, што нават калі прызнаць вынікі выбараў, якія былі абвешчаны ЦВК РБ, што зрабіць вельмі цяжка, то тыя 17% выбаршчыкаў, якія не галасавалі за А.Лукашэнку, з’яўляюцца дастаткова вялікай часткай насельніцтва, з інтарэсамі якіх павінна лічыцца ўлада.

 

Паводле elections.belapan.com,
www.belta.by, tut.by, news.by

ГАРАДОК СВАБОДЫ І ПРАТЭСТУ

На Кастрычніцкай плошчы 20 сакавіка адбыўся шматтысячны мітынг у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Па завяршэнні мітынгу сярод моладзі стыхійна ўзнікла ініцыятыва ставіць на плошчы намёты. Першыя намёты з’явіліся ўжо ў 21.00.

Мінчукі пачалі прывозіць цёплыя рэчы, тэрмасы з кавай і гарбатай. Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў акцыі не ўжываць алкаголю.

Усё адбывалася спантанна. За некалькі хвілінаў да поўначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі чалавек, якія неслі намёты, коўдры і харчаванне. Усе падыходы да плошчы ўжо былі перакрытыя спецназам.

У дзве гадзіны ночы 21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы знаходзілася каля 500 чалавек, у цэнтры – 18 намётаў. Паколькі вакол гарадка пастаянна знаходзі-ліся людзі ў цывільным, спецназ, падыходзілі правакатары, якія прапаноўвалі спіртное, узнікла ініцыятыва арганізаваць ахову гарадка. Маладыя людзі, хлопцы і дзяўчаты ўзяліся за рукі і стварылі па-двойнае кола вакол намётаў, пастаянна змянялі адзін аднаго. У гарадку віравала надзвычайная атмасфера, моладзь спявала песні, размахвала сцягамі. На франтоне будынка Палаца прафсаюзаў віселі лозунгі “Верым, можам, пераможам!”, “Свабоду!”, “Мілінкевіч!”.

На раніцу, 21 сакавіка, да гарадка стала далучацца болей людзей, але адначасна міліцыя не давала пранесці ежу на пло-шчу, даглядала ўсе пакеты. Было забаронена падносіць таксама і цёплыя рэчы. Распачаліся арышты людзей, што неслі ежу. Сярод арыштаваных апынуўся і рэдактар газеты “Наша ніва” Андрэй Дынько. Моладзь, што імкнулася пакінуць гарадок, каб з’ездзіць дахаты, пераапрануцца ды крыху адпачыць, адсочвалі ў метро, на прыпынках, збівалі і затрымлівалі.

Тым не менш, людзі працягвалі несці ежу, гарачае пітво, цёплыя рэчы. У асноўным пранасілі на сабе, пад курткамі. Вялікай праблемай сталася прыбіральня. Супрацоўнікі міліцыі, спецназ, супрацоўнікі ДАІ, што трымалі пад наглядам лагер, не давалі падвесці біяпрыбіральні. А ў сярэ-дзіне дня прыехалі камунальныя службы і заварылі ўсе каналізацыйныя люкі на плошчы.

У 18.30 аднавіўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Выступы прамоўцаў перамяжоўваліся гуказапісам песняў рок-гуртоў, што сталі забароненымі ў Беларусі. Бліжэй да начы пачалася імправізацыйная дыскатэка, у якой бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Людзі танцавалі каб не змерзнуць, бо мароз даваў аб сабе ведаць. І хаця дзяўчаты з імправізаванай кухні пастаянна разносілі гарбату і каву, цёплыя рэчы, было вельмі халодна. Шмат лю-дзей трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, сцягі з гербам Мінску і Еўрасаюза.

У ноч з 21-га на 22-е людзей у гарадку стала адчувальна болей, і гэта нягле-дзячы на тое, што ішлі пастаянныя масавыя затрыманні, на тое, што Беларускае тэлебачанне пастаянна трансліравала, што быццам бы на плошчы сабраліся п’яныя юнакі, якім заходнікі заплацілі па 20 тысяч рублёў, каб яны стаялі на плошчы. Адчуўшы, што гледачам цяжка паверыць, што моладзь пад рызыкай выключэння з ВНУ, збіцця, арышту гатова мерзнуць за такую суму, ідыёлагі БТ павялічылі яе памер ужо да 50 даляраў.

Але маладыя людзі на плошчы трымаліся. Яны стаялі коламі вакол свайго лагера, пастаянна скандзіруючы “Жыве Беларусь!”, “Свабода”, “Застаемся!” і як доказ неўжывання алкаголю: “Мы сухія!”, “П’янству бой!”. Праз мікрафоны пастаянна ішло папярэджанне быць уважлівымі, сачыць, каб нічога не падкінулі ў кішэні, не прымаць з рук правакатараў, што ўвесь час круціліся вакол гарадка, алкаголь. Як і кожную ноч, людзі на плошчы чакалі, што іх пачнуць разганяць, таму што па перыметры гарадка стаялі людзі ў цы-вільным, спецназ, якія пастаянна мянялі сваю дыслакацыю, то проста стаялі, то строіліся ў шыхты. З розных канцоў гарадка вяліся аператыўныя здымкі. Часам атрымлівалася перашкодзіць аператыўнікам, завесіўшы іх камеры сцягамі.

У гарадку пастаянна агучваліся словы беларусаў і тых, хто ўвесь гэты час быў з Беларуссю – палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з усяго свету. Студэнты навучальных устаноў Беларусі дасылалі словы сваёй салідарнасці, пісалі, што душою на плошчы, але вельмі баяцца адлічэння, бо дэканатамі ўжо складаюцца адпаведныя спісы, адсочваецца прысутнасць кожнага студэнта на занятках. Найбольш смелыя перадавалі прывітанні сваім дэканам, што прыходзілі на пло-шчу, каб перапісаць сваіх студэнтаў.

У гарадку прагучала ініцыятыва даць плошчы, дзе адбывалася акцыя імя Кастуся Каліноўскага, і на наступны дзень моладзь ужо трымала ў руках вялікі транспарант “Плошча імя Кастуся Каліноўскага”.

Плошча, дзе адбывалася акцыя – цэнтральная ў Мінску і знаходзіцца каля галоўнай транспартнай артэрыі гораду – праспекта Скарыны. Кіроўцы машын, што ехалі па праспекце, выказвалі сваю падтрымку ўдзельнікам гудкамі. Некаторыя з іх за гэта паплаціліся запісамі ў талонах.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Затрыманы Звон Свабоды
20 сакавіка міліцыя затрымала машыну, у якой везлі Звон Свабоды на прыватную кватэру. Затрыманне адбылося літаральна ў арцы пад’езду дома. Звон завезлі ў РАУС Цэнтральнага раёну. Міліцыя па-трабавала, каб былі прадстаўленыя дакументы на мастацкі выраб ад аўтараў – Алеся Шатэрніка і Аляксея Марачкіна. Лідэры дэмакратычных сілаў маюць намер вызваліць Звон Свабоды ў найбліжэйшым часе. Дагэтуль Звон Свабоды застаецца ў Цэнтральным РАУС Мінску. Давераная асоба А.Казуліна Алесь Пашкевіч і аўтары Звана Свабоды прыйшлі ў Цэнтральны РАУС з дакументамі на звон з мэтай яго забраць. Міліцыя адмовілася разглядаць дакументы. Звон і аўтамабіль, у якім яго перавозілі, затрыманыя на нявызначаны тэрмін. Падставы для затрымання міліцыя не паведамляе.

www.svaboda.info

Палітвязняў сотні
Штодня, пачынаючы ад 20 сакавіка, у Мінску судзілі затрыманых лю- дзей, якія намагаліся прайсці на Кастрычніцую плошчу альбо вярталіся адтуль дадому. Не пазбеглі затрыманняў і судоў журналісты. Камеры спецпрыём-ніка перанаселены, але новых затрыманых прывозяць туды дзесяткамі.

Палова арыштаваных – людзі, якія намагаліся пранесці на плошчу харчаванне і цёплыя рэчы. Выкладчыцу універсітэта Ірыну Дарафейчук за спробу пранесці тэрмас з кавай арыштавалі на 7 сутак, а назаўтра яна мелася абараняць дысертацыю.

У выніку масавых затрыманняў міліцыянты вымушаны былі выселіць усё звычайнае насельніцтва са спецразмеркавальнікаў (бамжоў, хуліганаў), бо камеры набіваліся людзьмі, якіх арыштоўвалі як за ўдзел у акцыі пратэсту, так і спачуванні пратэстуючым. Афіцыйным повадам для абвінавачвання была лаянка матам у публічным месцы.

Сваякам затрыманых не давалі ніякай інфармацыі. На Кастрычніцкай плошчы людзі збіралі подпісы пад скаргай у гарадскую пракуратуру. Яны патрабавалі не хаваць прозвішчаў арыштаваных удзельнікаў акцыі.

Паводле www.unija.info

Знішчаны гарадок на Кастрычніцкай плошчы
24 сакавіка, каля трэцяй гадзіны ночы, быў знішчаны гарадок на Кастрычніцкай плошчы. Жыхароў намётавага гарадка пахапалі ў тым, у чым яны былі. Аперацыя не была імгненная, і людзям, якія спалі ў намётах, далі час каб прачнуцца і ачуняць. Нейкая невядомая жанчына, якая падчас ачаплення зразумела, што лагера больш не будзе, узяла ў рукі мегафон, папрасіла не чыніць гвалту і сказала, што жыхары гарадка ўсё зробяць самі. Гвалту сапраўды не было, адзінае, калі ўжывалася сіла, – гэта калі людзей запіхвалі ў аўтазакі (машыны для перавозкі зняволеных) і адвозілі ў спецразмеркавальнік.

На момант штурму колькасць лю- дзей у гарадку стабілізавалася – у тры гадзіны ўночы новыя людзі не падыходзілі. Паводле ацэнак журналістаў, іх было крыху меней за 500 чалавек. Частка з іх стаяла па перыметры і бараніла лагер, частка адпачывала. У асноўным стаялі хлопцы, дзяўчаты адпачывалі.

Пасля таго, як людзей пахапалі, на плошчу выехалі трактары, якія згрэблі тое, што засталося ад намётавага лагеру. Тут ужо пабывала некалькі машынаў, грузавікоў, якія вывозілі абсалютна ўсё, што было ў дэманстрантаў. Папярэдне сцягі і транспаранты забралі людзі ў цывільным.
Аперацыя, якую нават нельга назваць штурмам, скончылася ўсяго за 20 хвілінаў. Пасля таго як усіх арыштавалі і адвезлі ў пастарунак, яшчэ пэўны час стаяла ачапленне міліцыі, але журналісты бачылі, што ў гэтае ачапленне ўвайшлі людзі ў цы-вільным і таксама людзі, якія мелі бытавыя відэакамеры – звычайна такімі камерамі робяцца аператыўныя здымкі. Потым знялі ачапленні і дазволілі журналістам падысці да таго месца, дзе знаходзіўся лагер.

Калі супрацоўнікі камунальных службаў пачалі прыбіраць рэшткі лагера, знайшлі гару пустых бутэлек ад гарэлкі і ад піва. Журналісты адразу адзначылі, што якраз у тым сектары лагеру якраз і прысутнічалі людзі ў цывільным і тыя, хто вёў аператыўную здымку.

Паводле радыё “Свабода”

На Акрэсціна
Па розных звестках уноч на 24 сакавіка затрымана каля 500 чалавек. Бацькі затрыманых цэлы дзень стаяць перад зачыненымі брамамі спецразмеркавальніка на вул. Акрэсціна. Сярод іх ёсць людзі, якія больш як двое сутак ня могуць знайсці сваіх дзяцей. Яны патрабуюць ад міліцыі інфармацыі, але ніхто ім нічога не паведамляе. Толькі зрэдку з-за брамаў выходзіць міліцыянт, выкрыквае 3-4 прозвішчы і сыходзіць. 24 сакавіка моладзь масава грузілі па аўтобусах на Акрэсціна і развозілі па судах розных раёнаў Мінска, потым па месцах адбывання пакаранняў. Паколькі мінскія ізалятары ўжо не могуць прымаць затрыманых – няма месцаў, людзей развозяць у рэгіёны.

Паводле словаў тых бацькоў, якім пашчасціла наведаць сваіх дзяцей, юнакі кажуць што было вельмі страшна, але дух Свабоды аб’ядноўвае і дапамагае. Моладзь трымаецца разам, адзінае, узніклі праблемы з пітной вадой.

Паводле радыё “Свабода”

Апошнія навіны
* 24 сакавіка мінчукі сталі прыходзіць на месца, дзе стаяў лагер, ускладаць кветкі і сінія стужкі. Увечары каля 100 чалавек моладзі імкнуліся патрапіць на плошчу, каб ускласці кветкі, але іх не пусцілі. За плошчай назіралі міліцэйскія пасты. Камунальныя службы адразу прыбіралі прынесеныя рэчы, і ў выніку сметніцы навакол плошчы поўніліся кветкамі.

* Каля станцыі метро Няміга запаленыя свечкі салідарнасці. Сабраліся каля 200 чалавек. Сабраныя запалілі свечкі на знак салідарнасці з тымі, хто быў затрыманы пасля 19 сакавіка. Супрацоўнікі міліцыі пакуль толькі назіраюць за акцыяй, аднак ня ўмешваюцца.

* Некалькі соцень арыштаваных і затрыманых апазіцыянераў знаходзяцца ў Мінскім спецпрыёмніку, а таксама ў ізалятарах Мінскага раёну і вобласці. Камеры перанаселеныя. У Жодзінскім следчым ізалятары знаходзяцца больш як дзве сотні затрыманых у Мінску апазіцыянераў. Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Мінскага раёну трымаюць 59 дзяўчат. Суды праходзілі 27 сакавіка.

Паводле радыё “Свабода”

Сайт АНТ узламаны
Сайт беларускага дзяржаўнага тэлеканала АНТ (Агульнанацыянальнае тэлебачанне) быў узламаны. Замест сайта зараз вывешана “заглушка” хостынг-правайдэра. Сайт АНТ выдае малюнак са свіннямі, якія жруць з карыта “памоі”, што ліюцца з тэлевізара. Гэтая падзея выклікала неверагодны ажыятаж сярод беларускіх інтэрнет-карыстальнікаў і сайт проста не вытрымаў наплыву наведвальнікаў, таму на дадзены момант карцінку пагля-дзець ужо немагчыма.

news.tut.by

25 сакавіка ў Мінску. Разгон мірнай дэманстрацыі
На 25 сакавіка тысячы людзей сабраліся ў цэнтры Мінску, каб ад-святкаваць Дзень Волі. На цэнтральных вуліцах сталіцы раніцай пачалі збірацца людзі з мэтай прайсці на Кастрычніцкую плошчу, але яна была заблакавана вялікай колькасцю міліцыі. Нягледзячы на гэтае, лю-дзям атрымалася сабрацца ў скверы Янкі Купалы, дзе і адбыўся мітынг. А.Мілінкевіч выступіў з вітальным словам і абвясціў аб стварэнні Народна-вызваленчага руху, у якім галоўнымі прынцыпамі стануць: свабода, праўда, справядлівасць.

Пасля мітынгу ў Купалаўскім скверы частка дэманстрантаў на заклік А.Казуліна рушыла да спецпрыёмніка-размеркавальніка на ву-ліцы Акрэсціна, каб патрабаваць вызвалення палітзняволеных. Пасля таго, як дэманстранты перайшлі дарогу насупраць Тэатру музкамедыі, пад мостам насупраць Маскоўскага райвыканкаму салдаты ў шлемах і са шчытамі пабудавалі некалькі ланцугоў. Наперадзе стаяў палкоўнік Дз.Паўлючэнка. Адлегласць паміж вай-скоўцамі і дэманстрантамі скарачалася. Аляксандр Казулін разам са святарамі спрабаваў дамовіцца, каб супраць дэманстрантаў не ўжывалі сілы, сцвярджаў, што гэта мірная акцыя салідарнасці. Але перамовы не далі вынікаў. Салдаты былі экіпаваныя ў бронекамізэлькі, шлемы, шчыткі на нагах, яны пачалі кідаць у натоўп дымавыя шашкі і шумавыя гранаты. Салдаты пайшлі ў атаку і пачалі жорстка збіваць людзей нагамі і дубінкамі, кідаючы іх на асфальт.

У выніку жорскага разгону мірнай дэманстрацыі некалькі дзесяткаў чалавек атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжкасці і іншыя раненні, многія былі дастаўлены ў бальніцы. Адразу пасля заканчэння акцыі прайшлі чуткі аб cмерці аднаго з удзельнікаў дэманстрацыі – Сяргея Атрошчанкі. Паводле апошніх звестак, ён знаходзіцца ў адной з мінскіх бальніц у вельмі цяжкім стане. Падчас разгону дэманстрацыі было затрымана па розных звестках ад 250 да 400 чалавек. У панядзелак 27 сакавіка ў розных судах Мінска адбыліся працэсы над затрыманымі.


Алена Сідаровіч

ВЫБАРЫ Ў ЗАМЕЖЖЫ

Прага
Паводле інфармацыі Аляксея Ор-гіша, кіраўніка студэнцкай ініцыятывы, у Празе (Чэхія) быў праведзены экзіт-пол падчас выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Актывісты ініцыятывы стаялі перад амбасадай з 8.00 да 20.00. Імкнуліся апытаць абсалютна ўсіх. За гэты час на выбарчы ўчастак прыйшло 157 чалавек. З іх адмовіліся адказваць 30 чалавек. Прагаласавалі супраць усіх 6 чалавек. За Гайдукевіча прагаласаваў 1 чалавек, за Казуліна – 8 чалавек, за Лукашэнку – 9 чалавек. За Мілінкевіча прагаласавалі 103 чалавекі. Пасля галасавання у Празе адбылася маніфестацыя беларускай моладзі.

Паводле радыё “Свабода”

Стакгольм
Каля амбасады Беларусі ў Швецыі адбылася акцыя ў падтрымку беларускай апазіцыі і супраць фальсіфікацыяў вынікаў выбараў. Каля паўсотні чалавек – шведаў і беларусаў – сабраліся каля будынку беларускай амбасады ў Стакгольме. Прысутныя трымалі беларускія і шведскія сцягі і плакаты. Акцыю наладзілі сябры некалькіх вядучых палітычных партый Швецыі, якія лічаць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі. Удзел ў акцыі ўзялі і прадстаўнікі Звязу беларусаў Швецыі.

Паводле радыё “Свабода”

Пікет у Вене
19 сакавіка а 19-й гадзіне ў Вене (Аўстрыя) на цэнтральнай плошчы каля сабору Св. Штэфана адбыўся пікет у падтрымку дэмакратычных зменаў у Беларусі, у якім прыняло ўдзел каля 30 чалавек. Беларусаў падтрымалі ўкраінцы, што спачуваюць нашаму народу. Людзі трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, сцягі Украіны і Аўстрыі, а таксама плакаты. Мінакам тлумачылі сітуацыю ў Беларусі, раздавалі інфармацыйныя ўлёткі, трансліраваліся радыё “Свабода” і выступ Аляксандра Мілінкевіча.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Пікет у Берне
19 сакавіка ў сталіцы Швейцарыі адбыўся пікет каля беларускай амбасады у Муры ам Берн. Акцыю ў падтрымку свабодных выбараў і палітычных зняволеных у Беларусі арганізаваў новаствораны Беларускі камітэт у Швейцарыі.

Беларусы трымалі плакаты і нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі, скандзіравалі “Жыве Беларусь!”.

Пікетоўцы правялі экзіт-пол каля ўваходу ў амбасаду, у выніку якога выявілі, што за Лукашэнку пададзена 24 галасы, за Мілінкевіча 2 галасы, за Казуліна і Гайдукевіча ніводнага. У Швейцарыі на консульскім уліку знаходзіцца 56 асобаў, з якіх бальшыню складаюць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, беларускія дзяржаўныя гандлёвыя і банкаўскія агенты. Амбасадар Беларусі ў Швейцарыі некалькі разоў выходзіў да дэманстрантаў і абвясціў, што яўка выбарцаў у іх склала 100%.

www.unija.info

Пікет у Боне
19 сакавіка Звяз беларусаў Нямеччыны зладзіў акцыю пратэсту каля прадстаўніцтва Беларускай амбасады ў Боне.

А 9 гадзіне раніцы сябры Звязу беларусаў Нямеччыны на чале са старшынёй Звязу Яўгенам Мурашкам спярша спрабавалі прагаласаваць каля ўваходу ў амбасаду, палічыўшы ўваход на тэрыторыю Беларускай амбасады даволі небяспечным для палітычных уцекачоў. Супрацоўнік амбасады адмовіўся вынесці выбарчую скрыню да агароджы амбасады. Такім чынам, грамадзянаў Беларусі пазбавілі права галасаваць. Таму наступнай пастановай было – распачаць акцыю пратэсту. Сярод удзельнікаў акцыі бралі ўдзел Аляксандр Юшкевіч, Ігар Закрэўскі, Вольга ды Алена Захаранкі, Галіна Арцёменка, Тацяна Пінчук, грамадзяне Іспаніі, Нямеччыны, Украіны.

www.unija.info

Акцыя салідарнасці ў Амстэрдаме
У Амстэрдаме адбылася акцыя салідарнасці з пратэстуючымі ў Беларусі. Выступілі палітыкі, прадстаўнік Еўрапарламента, якіх не прапусцілі праз мяжу падчас выбараў, і галандскі студэнт, які быў на дэманстрацыі 19 сакавіка ў Мінску. Таксама адбыліся провады 5 студэнтаў, якія на мікрааўтобусе накіраваліся ў Мінск, каб асабіста сустрэцца з А.Лукашэнкам і ўручыць яму ліст з ультыматумам наконт фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

thepaperclip.livejournal.com

Ля амбасады ў Вільні
19 сакавіка аб 11-й гадзіне каля беларускай амбасады ў Вільні (Літва) сабраліся каля 50 чалавек, каб выказаць сваю падтрымку беларусам на Бацькаўшчыне.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Экзіт-пол у Вільні
Экзіт-пол пры амбасадзе Беларусі ў Літве праводзілі дацкія і літоўскія актывісты. Паводле звестак экзіт-полу пры амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Літве, за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча аддалі свае галасы 35,7% апытаных (45 са 126 апытаных), 54,8% (69 чалавек) галасавалі за Аляксандра Лукашэнку, 1,6% (2 чалавекі) за Сяргея Гайдукевіча, 0,8% (1 чалавек) – за Аляксандра Казуліна, 7,14% (9 чалавек) – супраць усіх. Экзіт-пол у Вільні праводзілі актывісты дацкай грамадскай аргнізацыі “Сілба” і літоўскай арганізацыі “Маладыя ліберал-цэнтрысты”, якіх не пусцілі у Беларусь.

У прэс-рэлізе асацыяцыі “Маладых лібэрал-цэнтрыстаў” гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не маглі быць дэмакратычнымі, паколькі у краіну не пусцілі незалежных назіральнікаў, з краіны беспадстаўна дэпартавалі замежных грамадзянаў, а за тыдзень перад выбарамі ўвогуле спынілі афармленне беларускіх візаў для замежных грамадзянаў.

www.svaboda.org

Ля амбасады Беларусі ў Латвіі
20 сакавіка ў Рызе насупраць Амбасады Беларусі ў Латвіі адбылася акцыя пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і салідарнасці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Як вядома, усе элементы выбараў – збор подпісаў, няроўныя магчымасці доступу да СМІ, фарміраванне выбарчых камісіяў, назіранне, датэрміновае галасаванне, прапаганда ў дзяржаўных СМІ ў дзень галасавання – немагчыма назваць справядлівымі, сумленнымі, і свабоднымі. Удзельнікі акцыі трымалі плакаты. На плакатах – фотаздымкі арыштаваных удзельнікаў выбарчай кампаніі, здымкі, на якіх АМАП разганяе, збівае і арыштоўвае мірных дэманстрантаў. Падчас акцыі былі праведзеныя таксама імправізаваныя “выбары” з супрацоўнікамі КДБ ля скрыняў для галасавання.

Акцыю арганізавала грамадская арганізацыя “Адкрытая Беларусь”, яе пад-трымалі шэраг латвійскіх моладзевых арганізацый. Інфармацыя аб гэтай акцыі з’явілася ў шматлікіх латвійскіх СМІ, у тым ліку былі паказаныя сюжэты ў выпусках навінаў на некалькіх цэнтральных тэлеканалах.

www.svitanak.lv

Галасаванне ў Маскве
У сталіцы Расіі для грамадзян Беларусі былі адчыненыя чатыры ўчасткі для галасавання – у Маскве, Калінінградзе, Краснадары і Санкт-Пецярбургу. Пэўна, галоўным з іх быў участак у беларускім пасольстве ў Маскве. Менавіта туды, на вуліцу Марасейка, 17, прыйшлі галасаваць беларусы, якія знаходзіліся ў гэты час у расійскай сталіцы ці пражываюць непадалёк ад яе. Месца сталага пражывання значэння не мела, што ўжо паказвала на магчымасць узнікнення недакладнасці пры падліку галасоў. Бо пры дзеючым інстытуце датэрміновага галасавання, які існуе ў беларускім выбарчым заканадаўстве, пры жаданні не цяжка прагаласаваць па месцы жыхарства ў Беларусі, а потым зрабіць тое ж самае, прыехаўшы ў Расію.

“Ніва”. 2006. 26 сак.

Беларусы Расіі – за Мілінкевіча
Напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі, беларуская дыяспара Масквы вывесіла на трасе Масква-Мінск некалькі плакатаў у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча. Яны праіснавалі каля тыдня і былі сарваныя па загадзе мясцовых уладаў.

www.maskva.com

Акцыя пратэсту ў Польшчы
Каля будынку амбасады Рэспублікі Беларусь у Польшчы адбылася акцыя падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў. Каля паўтысячы чалавек сабраліся каля будынка беларукай амбасады ў Варшаве, каб падтрымаць беларускую апазіцыю. Удзельнікі акцыі спявалі беларускія, а таксама польскія песні, якія дапамагалі польскім дэмакратам у часы ваеннага становішча і камуністычнай дыктатуры.

www.unija.info

Хваля салідарнасці ў Польшчы
Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ўсю Польшчу захапіла хваля салідарнасці ў змаганні за свабоду: Гданьск, Кракаў, Торунь, Познань, Вроцлаў, Варшава, Беласток. Дні салідарнасці з Беларуссю поўным ходам пачаліся канцэртам у нядзелю – у Варшаве на Новым рынку.

“Ніва”. 2006. 26 сак.

Няўрадавыя арганізацыі пратэстуюць
Няўрадавыя арганізацыі польскага горада Люблін пратэстуюць супраць арышту беларускіх апазіцыянераў. Шмат з іх супрацоўнічала з люблінскімі арганізацыямі. Беларускіх актывістаў выключаюць з навучальных установаў. У сувязі з гэтым у Любліне праведзены пікет у абарону пераследаваных асобаў. З заклікам да жыхароў рэгіёну звярнуўся Міхал Вуйцік з фундацыі Nowy Staw.

Паводле “Polskie radio “Polonia”

Украінска-польска-літоўская акцыя
19 сакавіка на мяжы з Беларуссю адбылася сумесная ўкраінска-польска-літоўская акцыя, накіраваная на падтрымку беларускага народа ў яго змаганні за грама-дзянскія свабоды. З украінскага боку ініцыятарам стала арганізацыя “Пара”, з польскага – правячая партыя “Права і Справядлівасць”, з літоўскага – шэраг грамадскіх арганізацый. На аўтамабільных пераходах, якія злучаюць Украіну, Польшчу і Літву з Беларуссю, акты-вісты і праваабаронцы ўручалі апельсіны грамадзянам, што вярталіся на радзіму.

Паводле www.korrespondent.net
і pora.org.ua

Супольны канцэрт у Варшаве
12 сакавіка ў Варшаве, на рынку Новага Горада, адбыўся супольны канцэрт польскіх ды беларускіх музыкаў пад назваю “Салідарныя з Беларуссю”. Удзел у імпрэзе прынялі найбольш тытулаваныя гурты як з Беларусі, так і з Польшчы, сярод іх Perfect, Raz Dwa Trzy, Hey, T.Love з польскага боку, ды “Крама”, “Уліс”, NRМ, “Індыга”, Зміцер Вайцюшкевіч з Мінска. Беларускія музыкі выконвалі польскія песні часоў “Салідарнасці”. Канцэрт зрабіў вялікае ўражанне сваёй дасканалай рэжысурай, выкананнем і сцэнаграфіяй, што разам стварала непаўтаральную атмасферу ўзнёсласці.

Канцэрт трансліраваўся ў прамым эфіры першага каналу польскага тэлебачання TVP, а таксама TV Polonia, дзякуючы чаму канцэрт змаглі ўбачыць ахвочыя у большасці краінаў свету. Па пад-ліках, глядацкая аўдыторыя ў самы разгар канцэрту склала каля 6 тысяч чалавек. Дзесяткі беларускіх сцягоў ды тысячы бел-чырвона-белых стужак і значкоў былі аздобаю канцэрту і расхопліваліся прысутнымі як цёплыя булачкі. У пэўны момант беларускія сцягі з’явіліся на дахах і ў вокнах.

Выступы гуртоў раз-пораз перарывала скандаванне “Салідарны з Беларуссю”, “Менск-Варшава – супольная справа” і, вядома ж, “Жыве Беларусь”. Падчас канцэрту выступілі вядомыя польскія артысты, акцёры кіно і тэатру. Прыемнай нечаканасцю было з’яўленне на сцэне кінарэжысёра Анджэя Вайды.

biel.ini.org.pl

Пікет ля расійскага консульства
24 сакавіка сябрамі Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання быў зладжаны пікет ля расійскага консульства ў Антверпене (Бельгія). Супрацоўнікі расійскага консульства катэгарычна адмовіліся прыняць пратэстную петыцыю. Пікетоўцы разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты.

Перад уваходам стаяў натоўп наведвальнікаў консульства. Кожнаму з іх пікетоўцы ўручылі кніжку пра зніклых у Беларусі. Пратэстная петыцыя, прызначаная амбасадару, была ўкінутая ў паштовую скрыню консульства.

www.unija.info

Незалежнае апытанне ў Бельгіі
Беларуска-Еўрапейскі Даследчы Цэнтр (Бельгія) 19 сакавіка правёў незалежнае апытанне грамадзянаў Беларусі, што стала пражываюць у Бельгіі. Апытанне складалася з дзвюх частак.

У першай частцы былі апытаныя грамадзяне Беларусі, што не мелі магчымасці прыняць удзел у галасаванні (палітычныя уцекачы і кантрактнікі). Было апытана 60 чалавек. Вынікі:
А.Мілінкевіч – 50 чалавек
А.Казулін – 5 чалавек
Народнае галасаванне – 5 чалавек
С.Гайдукевіч – 0 чалавек
А. Лукашэнка – 0 чалавек
У другой частцы былі апытаныя грамадзяне Беларусі, якія прынялі ўдзел у галасаванні ў Амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Бруселі.
Апытанне праходзіла 19 сакавіка з 10 да 17 гадзін. Было апытана 45 чалавек. Вынікі:
А.Мілінкевіч – 28 чалавек
Адмовіліся адказаць на пытанне – 10 чалавек
А.Лукашэнка – 6 чалавек
А.Казулін – 1 чалавек
С. Гайдукевіч – 0 чалавек

Сяржук Аксімовіч,
кіраўнік БЭДЦ

Беларускі мітынг у Бруселі
19 сакавіка ў 19.00 беларусы, што жывуць у Бельгіі выйшлі, на адну з цэнтральных плошчаў сталіцы Еўрасаюза Бруселя, каб выказаць сваю салідарнасць з народам Беларусі, які змагаецца за сваё канстытуцыйнае права ў вызначэнні будучага краіны.

Людзі выказалі свой пратэст супраць масавай фальсіфікацыі ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў.

Пры дапамозе мітынгу беларусы заявілі пра сваю пазіцыю і заклікалі Еўрапейскую супольнасць да актыўных дзеянняў, скіраваных на недапушчэнне далейшага набліжэння краіны да сталінскай дыктатуры. Акцыя арганізавана Беларускім цэнтрам.

Галіна Мацюшына

Акцыі салідарнасці ў Нью-Ёрку...
На прайшоўшай акцыі салідарнасці ў Нью-Ёрку ўзяло ўдзел каля 80 чалавек. Настрой на вызваленне Бацькаўшчыны, што пачаў адчувацца ў Беларусі, перадаўся і на чужыну.

www.baza-belarus.org

...і ў Вашынгтоне
19 сакавіка ў амерыканскай сталіцы перад будынкам амбасады Беларусі адбылася акцыя пратэсту, у ходзе якой яе арганізатары – прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары, а таксама актывісты амерыканскай праваабарончай арганізацыі “Погляд” – выказалі сваё стаўленне да грубых парушэнняў з боку ўлады, якія суправаджалі выбарчую кампанію. 20 сакавіка акцыя аднавілася.

На гэты раз да акцыі далучыліся студэнты з Украіны, Расіі, балтыйскіх дзяржаў, якія навучаюцца ва ЗША, а таксама моладзь з амерыканскіх студэнцкіх арганізацый.

Удзельнікі пікету мелі джынсавы сцяг, а таксама трымалі транспаранты з фотаздымкамі зніклых апанентаў улады і палітычнымі вязнямі.

www.charter97.org

ВАКОЛ ПАДЗЕЙ

Са Звароту старшыні Рады БНР І.Сурвіллы
Да суродзічаў-беларусаў на чужыне. Нас сотні тысяч на чужыне. Кожны з нас мае доступ да палітыкаў. Калі “мы выйдзем шчыльнымі радамі”, нас паслухаюць, не дазволяць новага паняволення нашага народу. Абавязкам кожнага беларуса – дапамагчы сваім суродзічам – сваім братам і сёстрам на Бацькаўшчыне. Бярыце ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізуюцца ў падтрымку незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі. Кантактуйце з вашымі дэпутатамі ці кангрэсменамі, дэманструйце, пішыце лісты...

Івонка Сурвілла

Еўрасаюз прыняў дэкларацыю
Еўрапейскі саюз лічыць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі з істотнымі недахопамі. Еўрапейскі саюз рыхтуе абмежавальныя меры адносна беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнне міжнародных выбарчых стандартаў. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай дэкларацыі Еўрасаюза. У дакуменце ад-значаецца, што Еўрасаюз пагаджаецца з ацэнкамі беларускіх выбараў, дадзеных назіральнай групай бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЕ, паводле якіх выбары не адпавядалі патрабаванням АБСЕ як дэмакратычныя. Адзначаецца адвольнае выкарыстанне дзяржаўнага адміністрацыйнага рэсурсу падчас выбараў, запалохванне, падаўленне незалежных меркаванняў, а таксама праблемы з датэрміновым галасаваннем і падлікам галасоў. Еўрасаюз таксама выказвае шкадаванне з прычыны таго, што некаторым назіральнікам АБСЕ і Еўрасаюза, у тым ліку і дэпутатам Еўрапарламента, было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. У дэкларацыі гаворыцца пра палітыку самаізаляцыі беларускіх уладаў, пра тое, што дзеянні ўладаў перашкаджаюць беларускім грамадзянам карыстацца дабротамі еўрапейскай праграмы добрасуседства.

У дэкларацыі нагадваецца, што пытанне аб увядзенні абмежавальных мераў супраць адказных за парушэнне дэмакратычных выбарчых стандартаў у Беларусі разглядалася ўжо двойчы – сёлета ў сту-дзені і летась у лістападзе.

Дэкларацыю акрамя 26 краін-удзельніц ЕС падтрымалі яшчэ шэраг дзяржаваў, якія не ўваходзяць у Саюз – Балгарыя, Румынія, Турцыя, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна, Сербія і Чарнагорыя, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Малдова і Украіна.

www.unija.info

Звароты
У падтрымку моладзі, што арганізавала намётавы лагер на плошчы Кастуся Каліноўскага (Кастрычніцкай плошчы) былі прыняты звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Згуртавання беларусаў Канады, Таварыства беларускай культуры Літвы, Таварыства беларускай культуры Латвіі “Світанак”, Беларускага цэнтра ў Бельгіі, беларусаў Чэхіі, Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ў Польшчы, Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

З Заявы старшыні Рады БНР І.Сурвіллы да беларусы свету
Дарагія Суродзічы! Увесь свет гля-дзеў з абурэннем, як збівалі 24-га і 25-га сакавіка нашых маладых герояў, якія прыйшлі на Кастрычніцкую Плошчу без зброі, годна і мірна, каб абвясціць, што яны хочуць жыць у вольнай краіне без страху і тэрору.

Тады, калі ўвесь свет асудзіў фальсіфікацыю выбараў, расійскі прэзідэнт прыслаў свае віншаванні. Тады, калі ўвесь свет выказвае сваё абурэнне перад расправай з мірнымі дэманстрантамі, Масква маўчыць.

Заклікаю ўсіх Вас выказаць сваё абурэнне паводзінамі Расіі. Пасля інаўгурацыі А.Лукашэнка гатовы давесці да канца распачаты працэс інтэграцыі Беларусі ў Расію. Мы не можам гэтага дапусціць. Трэба дамагчыся ад нашых заходніх урадаў, каб змусілі Пуціна далучыцца да асу-джэння крымінальных паводзінаў сілавых структураў у Беларусі.

Наш голас свет пачуе. Заклікаю ўсіх Вас яго выказаць як можаце. Пікеты перад расійскімі амбасадамі звярнулі б увагу на ролю Расіі ў бядзе нашага народу. 2-га красавіка ёсць днём, калі трэба, каб свет нас пачуў.
Дык да працы, дарагія суродзічы! Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

Зварот Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі
Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі з непакоем назірае за разгортваннем падзеяў з нагоды выбараў прэзідэнта на Беларусі і рашуча пратэстуе супраць масавых парушэнняў правоў чалавека ў часе перад выбарамі і атмасферы тэрору супраць дэмакратычнай апазіцыі, практыкі датэрміновага галасавання і фальсіфікацыі.

гэтай сувязі Згуртаванне зазначае, што беларускі народ быў пазбаўлены свайго суверэннага права рабіць свабодны і інфармаваны выбар кіраўніка краіны. Зварот уладаў Рэспублікі Беларусь да ўжывання брутальнае сілы пазбаўляе Лукашэнку магчымасці сцвярджаць аб пераважнай падтрымцы яго кандыдатуры выбаршчыкамі.

Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытаніі, якое ўжо на працягу 60 гадоў яднае у Вялікай Брытаніі беларусаў, прыхільных ідэям беларускай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржаўнасці. ЗБВБ пад-трымлівае пратэст усіх тых мужных беларусаў, хто сабраўся на Кастрычніцкім пляцы на карысць аднаўлення ў Беларусі правоў і свабодаў чалавека...

Управа Згуртавання беларусаў
Вялікай Брытаніі

Заява беларусаў Канады
5 сакавіка 2006 г. у зале Беларускага рэлігійна-грамадскага Цэнтра ў Таронта адбыўся сход сябраў таронтскага аддзелу “Згуртавання Беларусаў Канады”. На сходзе пасля абмеркавання была прынята “Заява да беларускіх дзяржаўных інстытутаў аб парушэннях выбарчага заканадаўства і правоў выбарцаў у Беларусі цягам сёлетняй кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі”. Заяву даслалі ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Атаве і на радыё “Свабода”.

Галоўная ўправа
Згуртавання беларусаў Канады

НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
У Бельгіі пачаў працу Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасці, мэта дзейнасці якога – дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасці – гэта грамадская ініцыятыва, арганізаваная беларускімі грамадзянамі новай хвалі палітычнай эміграцыі, а ў праграмнай радзе фонду – вядомыя беларускія дзеячы Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Жанна Ліцьвіна ды іншыя.

Дырэктар фонду, супрацоўнік сакратарыяту віцэ-спікера Еўрапарламента Янка Чурыловіч кажа, што планавалася пачаць працу арганізацыі крыху пазней. Беларускі дэмакратычны фонд салідарнасці ўжо дапамог некалькім асобам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па дадатковую інфармацыю, дапамогу ці з прапановамі Янка Чурыловіч параіў звяртацца на інтернет-старонку

www.belarussolidarity.org
Паводле радыё “Свабода”

Рыга, Латвія
У Доме Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі (г. Рыга, вул. Слокас, 37) адбыўся чарговы Агульны справаздачна-выбарчы сход Латвій-скага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, які праводзіцца згодна са Статутам раз на год не пазней за 31 сакавіка.

Праца кіраўніцтва таварыства за справаздачны перыяд была ацэненая на схо-дзе як здавальняючая. Сябры ЛТБК “Сьвітанак” абралі новую Раду ў складзе 9 чалавек. Склад Рады абноўлены амаль напалову, з 9 сябраў 4 абраныя ўпершыню. Трэцюю частку Рады складаюць асобы ўзростам да 25 гадоў. Старшынёю на наступны тэрмін сябры Рады пераабралі Таццяну Казак. На сходзе выказваліся спадзяванні на тое, што павелічэнне колькасці моладзі ў складзе Рады надасць новы імпульс у працы таварыства.

На сходзе адбылося таксама абмер каванне плану працы таварыства на 2006 г., у тым ліку найбліжэйшага культурнага мерапрыемства – святкавання 88-х угодкаў Акту 25 сакавіка.

На працягу справаздачнага перыяду таварыствам былі арганізаваныя некалькі вялікіх імпрэз, у якіх узялі удзел не толькі беларусы, але прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў. Гэта святкаванні Калядаў і ўгодкаў Акту 25 сакавіка, вечарыны, прысвечаныя: 100-м угодкам з дня нараджэння беларускага паэта з Латгаліі Пятра Сакола, 70-м угодкам кавалера найвышэйшай узнагароды ЛР ордэна Трох зорак, паэта і перакладчыка Рыгора Барадуліна і 75-м угодкам з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У вечарынах таварыства бралі актыўны ўдзел вучні і настаўнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы, школьны гурт “Вавёрачка”.

Беларускі вакальны гурт таварыства “Сьвітанак” актыўна удзельнічаў не толькі ў “світанкаўскіх” імпрэзах, але і ў шэрагу канцэртаў і фестываляў песні. Рэгулярна выходзіла ў эфір штомесячная беларускамоўная радыёперадача таварыства “Cьвітанак”. Дэлегаты ЛТБК “Cьвітанак” удзельнічалі ў працы IV З”езда беларусаў свету ў Мінску 17-18 ліпеня 2005 г.

Да 1 ліпеня 2005 г. працягвалася рэалізацыя праекту “Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў – аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”, падтрыманага Латвійскім Фондам грамадскай інтэграцыі. У рамках праекту акрамя правядзення вечарын былі набытыя новыя беларускія нацыянальныя строі для гурта таварыства, а таксама быў створаны сайт www.svitanak.lv падтрымка якога працягваецца і пасля заканчэння праекту на грамадскіх пачатках высілкамі сябраў таварыства.

www.svitanak.lv

Вільня, Літва
У Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылося мерапрыемства, пры-свечанае жыццю і творчасці аднаго з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, Максіма Гарэцкага, лёс якога звязаны з Вільняй. У 1923 г. пісьменнік змушаны быў пакінуць Вільню і пераехаць у Мінск, бо быў пераслед з боку палякаў як да беларускага нацыяналіста. Ён ведаў што яго чакае ў Беларусі, але хацеў быць разам з народам, сярод сваіх чытачоў, гатовы быў разам перажываць пакуты. Мужнасць Максіма Гарэцкага ўражвае, а жыццё з’яўляецца прыкладам для моладзі.

У праграме вечарыны былі выступ журналіста радыё “Палонія” А.Старавойтава, палітолага А.Палескага. Напрыканцы прысутныя паглядзелі відэафільм пра святкаванне 10-годдзя ТБК. Вёў імпрэзу старшыня ТБК Хведар Нюнька.

Леакадзія Мілаш

ДЗЕНЬ ВОЛІ-2006

З 88-МІ ЎГОДКАМІ БНР!
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх свядомых беларусаў з 25 сакавіка – нашым нацыянальным гістарычным святам – Днём Волі! У гістарычнай біяграфіі кожнага народа ёсць дзень, значэнне якога роўнае цэлай эпосе, які служыць сімвалам незалежнасці і дзяржаўнасці для ўсёй нацыі. Гэта дзень-сімвал, які штогод урачыстым, святочным успамінам аб’ядноўвае ўсіх грамадзянаў краіны, а па ўсім свеце – сыноў і дачок гэтага народа. Для грамадзянаў Беларусі, для ўсіх беларусаў у свеце галоўным дзяржаўным і нацыянальным святам – ёсць Дзень Волі 25 Сакавіка. Для нас ён роўны толькі галоўным хрысціянскім рэлігійным святам. Не выпадкова савецкая сістэма на дзесяцігоддзі выкрасліла Дзень Волі з беларускай гісторыі. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, адроджанай у ХХ стагоддзі Беларускай дзяржавы. Ідэя незалежнай рэспублікі была выказана на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г. Аднак бальшавіцкае кіраўніцтва ў Мінску на чале з А.Мясніковым загадала разагнаць з’езд. Незалежніцкія настроі сярод дзеячаў беларускага нацыянальнага руху толькі ўзмацніліся пасля разгону з’езду. У апошняе дзесяцігоддзе ў Дзень Волі беларусы выходзяць пад бела-чырвона-белымі сцягамі і гербам “Пагоня”, каб разам успомніць, што мы – вольны еўрапейскі народ. Мы, беларусы, каб не згубіць сваю годнасць і гонар, каб не згубіць сябе сярод іншых народаў, павінны захаваць сваю вялікую нацыянальную каштоўнасць – Дзень Волі. Жыве незалежная вольная Беларусь!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Дзень Волі ў Гамбургу
Учора ў Гамбургу адбылася акцыя ў падтрымку нашых сяброў у Мінску. Няхай мы не маглі быць побач з вамі на пляцы, нашы сэрцы былі ў Мінску. Падчас пікету распаўсюджваліся ўлёткі з падрабязным апісаннем апошніх падзей на Беларусі, размаўлялі з простымі немцамі, якія спачувалі і жадалі поспехаў у нашай барацьбе за дэмакратыю.

community.livejournal.com

Дзень Волі ў Калінінградзе
25 сакавіка, у гонар 88-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі на старажытнай прускай зямлі ў Караляўцы (сучасная назва – Калінінград) сябры Беларускага таварыства культуры ладзяць урачыстыя мерапрыемствы, салідарызуючыся з усімі сіламі дабра ў свеце і на нашай Бацькаўшчыне. Хай развеяцца чорныя хмары над нашай Радзімай! Жыве Беларусь!

Ігар Шаховіч, старшыня БТК

Вільня
У Вільні апрача традыцыйных святочных імпрэзаў да Дня Волі адбылася чарговая штодзённая акцыя пры амбасадзе Беларусі. Акцыя пратэсту супраць гвалту ў Беларусі адбылася пасля таго, як з Мінска пачалі прыходзіць звесткі пра жорсткае збіццё мірных дэманстрантаў.

На акцыю пры будынку амбасады Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек, бальшыня – беларускія студэнты, якія не змаглі сёння прыехаць у Мінск з-за праблем з пашпартамі. Як яны распавялі, гэтымі днямі кіраўніцтва ЕГУ перадала пашпарты студэнтаў з двух факультэтаў для афармлення дазволу на пражыванне ў Літве. Удзельнікі акцыі зрабілі сімвалічнае шэсце па вуліцах з бела-чырвона-белымі і літоўскімі сцягамі.

Імпрэзы да Дню Волі ладзяць і беларускія суполкі ў іншых гарадах Літвы, – Салечніках, Вісагінасе, Друскеніках, Клайпедзе.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ЗША
25 сакавіка ў Вашынгтоне, Нью-Ёрку і Сэнт-Поле (штат Мінесота) адбыліся акцыі пратэсту супраць разгону мірных дэманстрацый у Мінску.

Пікет каля беларускай амбасады ў Вашынгтоне распачаўся ў 11 гадзін раніцы і працягваўся да 18:00. Удзел узялі больш за 40 чалавек. Пікет выклікаў жывы інтарэс і падтрымку з боку жыхароў Вашынгтону. Многія тут уважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі. Пікетаванне беларускай амбасады ў Вашынгтоне адбывалася кожны дзень, пачынаючы з 19 сакавіка.

Акцыя пратэсту ў горадзе Сэнт-Пол, штат Мінесота, працягвалася дзве гадзіны на прыступках кангрэсу штата, далучылася каля 40 чалавек. У Нью-Ёрку пікет адбыўся ля беларускай і расійскай місіяў ААН і прайшоў пад лозунгамі “За справядлівыя выбары” і “За вольную Беларусь”.

Паводле радыё “Свабода”

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Віншаванне!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сябраў Вялікай Рады арганізацыі Міколу Люцко, Аляксея Марачкіна, Лідзію Савік, Кастуся Цвірку (Беларусь), Валянціна Грыцкевіча (Расія), Іну Снарскую (Украіна) і Юрку Станкевіча (Чэхія).

Дарагія паплечнікі, зычым здароўя, плёну і непарушнай веры ў нашую справу!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беларусы замежжа пазбаўляюцца ўсялякіх ільготаў
Шаноўныя чытачы, працягваем знаёміць з вынікамі перапіскі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з беларускімі дзяржаўнымі структурамі. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, выконваючы рашэнні З’ездаў беларусаў свету, мэтанакіравана на працягу шмат гадоў адстойвае інтарэсы беларусаў замежжа. Падаем да ўвагі чытачоў адказ Міністэрства адукацыі па пытанні аб умовах паступлення моладзі беларускай дыяспары, які жадаюць навучацца ў ВНУ Беларусі. Паводле новых Правілаў паступлення ў ВНУ, беларусы замежжа пазбаўляюцца ўсялякіх ільготаў і вымушаны паступаць на агульных умовах. Наша арганізацыя накіравала лісты для ўдакладнення.

Для дакладнасці падаем арыгінальны тэкст, без перакладу:

“На ваши обращения в совет Министров Республики Беларусь и Администрацию Президента Республики Беларусь министрество Образования сообщает следующее.

Лица белорусской национальности, являющиеся гражданами иностранных государств и проживающие на их территории, имеют льготу учавствовать на равных условиях с гражданами Республики Беларусь в конкурсе на получение высшего образования в государственных вузах за счёт республиканского бюджета (при поступлении обеспечиваются общежитием, стипендией).

Международными договорами Республики Беларусь могут быть установлены дополнительные льготы, не предусмотренные Правилами приема в вузы.

Правилами приема упорядочены льготы поступающих, ограничены льготы граждан Республики Беларусь, поступающих вне конкурса (не на все специальности разрешен внеконкурсный прием, требования к аттестату – отметки по предметам вступительных испытаний не ниже 6 баллов и др.), ряд заранее действующих льгот отменен.”

Ліст прыйшоў за подпісам першага намесніка міністра адукацыі А.І.Жука.

“Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага”
У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выйшла кніга “Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага”, якая прысвечана гісторыі беларускіх газет “Бацькаўшчына” і “Беларус” (ЗША). Яе аўтар – вядомы публіцыст беларускай дыяспары ЗША Лявон Юрэвіч. Змест гэтай працы ахоплівае храналагічны адрэзак з 1947 да 2000 гг. Выкладзеныя матэрыялы апавядаюць пра газеты беларусаў у Амерыцы ў кантэксце гісторыі беларускага эміграцыйнага друку.

Манаграфія “Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага” пабудавана на архіўных матэрыялах, успамінах удзельнікаў рэдакцыйных калегій, унікальных друках часоў лягераў ДП. Аўтар прасочвае не толькі гісторыю газетаў “Бацькаўшчына” і “Беларус”, але і лёсы сябраў рэдакцыі, асвятляе кола ідэяў і тэмаў, што абмяркоўваліся на старонках газетаў. У кнігу ўключана бібліяграфія тэматычных артыкулаў, а таксама ўпершыню створаны слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў дзеячаў эміграцыі.

Кніга “Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага” – восьмая кніга ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” і першая ў сумесным выданні МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (ЗША). Серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны” была заснавана МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 годзе дзеля выдання архіўных матэрыялаў і літаратурных твораў беларускай дыяспары – усяго, што прынеслі ў скарбонку беларускай гістарычнай навукі і культуры беларусы замежжа.

Зборнік эміграцыйнай прозы
Выдадзена новая кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пад назвай “Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы”. Укладальнік зборніка –Лявон Юрэвіч. Падрыхтоўка і выданне выканана ў МГА “Беларускі Кнігазбор”. У зборнік увайшлі творы трох пісьменнікаў беларускай эміграцыі Антона Адамовіча, Лявона Савёнка і Янкі Юхнаўца. У іхных разнажанравых творах, ад філасофіі да сатыры, падаецца погляд на жыццё пад акупацыяй у Мінску ў часы Другой сусветнай вайны. Кніга “Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы” – дзевятая ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.

Беларускае літаратурнае вымаўленне
Па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выдадзена навукова-папулярная праца – Практыкум па дыкцыі “Беларускае літаратурнае вымаўленне”. Аўтар кнігі – вядомы беларускі педагог, спецыяліст ў галіне навучання выразнаму чытанню, прафесар кафедры сцэнічнай мовы Акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда. У кнізе зацікаўлены чытач знойдзе звесткі пра асаблівасць літаратурнага вымаўлення, артыкуляцыю галосных і зычных гукаў беларускай мовы. Для дапрацоўкі дыкцыйнай выразнасці і практычнага засваення нормаў беларускага літаратурнага вымаўлення ў дапаможніку змешчаны прыказкі, прымаўкі, чыстагаворкі, скорагаворкі, асобныя строфы з вершаў беларускіх паэтаў.

Цікавым і вельмі карысным з’яўляецца дадатак да кнігі – 3 аўдыёдыскі з практычнымі заняткамі і ўзорамі па літаратурным вымаўленні, складзеныя і запісаныя ў студыі прафесарам А.Калядой.

Выданне такой каштоўнай і рэдкай кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы адданай беларускі і вядомай мецэнаткі з ЗША Ірэны Каляды-Смірноў. Сп-ня Ірэна працягвае традыцыі свайго высакароднага прызвання – з вартай гонару па-слядоўнасцю яна на працягу дзесяціго-ддзяў падтрымлівае беларускія культурныя акцыі як на Беларусі, так і па-за яе межамі.

Ірэна Каляда-Смірноў паходзіць са славутага роду. Беларускія войскі пад харугвамі з гербам Каляды бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Лепшыя прадстаўнікі роду ахвяравалі свае жыцці Беларусі. Сп-ня Ірэна нарадзілася ў вёсцы Падкасоўе Наваградскага раёна. У 1944 г. разам з маці трапіла ў Германію, адкуль сям’я выехала ў Кліўленд (ЗША).

Ірэна скончыла беларускую гімназію імя Янкі Купалы, дзе пазнаёмілася са славутымі беларускімі кампазітарамі Куліковічам і Равенскім. Брала ў іх урокі вакалу, спявала ў царкоўным хоры, выконвала партыі ў беларускіх спектаклях. Для дапамогі хворым дзеткам у Беларусі сп-ня Ірэна стварыла Дабрачынны фонд “Этнічны голас Амерыкі”.

Гэтае выданне будзе надзвычай карысна для беларускіх школ як у Беларусі, так і ў асяродках беларускай дыяспары. Замовіць кнігу можна:
Тэл.: + (375) 17 289-31-94
Эл. пошта: zbsb@lingvo.minsk.by
Альбо на сайт: zbsb.org
Старонка падрыхтавана
Інфармацыйным цэнтрам
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

ЮБІЛЕІ

55 гадоў БККА!
55 гадоў таму, у лютым 1951 г., быў заснаваны “Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амерыкі” (БККА). Побач з права-слаўным прыходам Св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, БІНІМам і БАЗА, БККА з’яўляецца адным са стаўпоў беларушчыны ў ЗША.

1 лютага 1951 г. у Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі) сабраліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый. Выканаўчым органам Кангрэсу і стаў Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амерыкі. Пазней пры БККА было за-снаванае Беларускае Выдавецкае Таварыства (старшыня – Барыс Шчорс), галоўным праектам якога стала стварэнне ў 1960 г. часопіса “Беларуская Думка”, што выдаецца і па сёння.

І БККА, і БАЗА прарабілі шмат працы ў кірунку папулярызацыі беларускай справы ў амерыканскім асяроддзі. БККА увайшоў у Кааліцыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – аб’яднанне этнічных груп у ЗША. У ліпені 1993 г. адбылося “пры-знанне” БККА і ў Беларусі. Р.Завістовіч узяў удзел у Першым з’ездзе беларусаў свету ў Мінску.

Алег Гардзіенка

50 гадоў “Ніве”!
Столькі гадоў для беларускай газеты і то яшчэ па-за межамі Беларусі – падзея незвычайная. Некалькі пакаленняў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы свой радавод і сваю беларускасць вызначала менавіта з нашай рэдакцыяй. Дзякуючы гэтаму ўжо ніхто сёння не можа перакрэсліць нашага беластоцкага, беларускага мінулага. А за будучыню трэба надалей усім пазмагацца.

Журналісты “Нівы” на працягу гэтага перыяду, можна смела сказаць, выканалі рэч незвычайную – сталі летапісцамі пэўнай часткі беларускага народа, якому выпала жыць у сваёй малой айчыне – Беласточчыне. Людзі з асяроддзя “Нівы” пасля заканчэння журналісцкай ці карэспандэнцкай актыўнасці не пакідалі пяра. Надалей дзейнічалі як літаратары і навукоўцы, настаўнікі і выкладчыкі, мастакі і мовазнаўцы, этнографы і фалькларысты. А пасля пераменаў 1989 г. вызначылі сябе дадаткова палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, выдаўцамі. Толькі за апошні час Праграмная рада нашага тыднёвіка выпусціла больш за трыццаць выданняў літаратурна-гістарычна-публіцыстычнага кшталту.

Яўген Вапа, рэдактар “Нівы”

НАШ КАЛЯНДАР

- 5 красавіка 1949 г. з радыёстанцыі ў Лімбургу пачалася трансляцыя паўга-дзінных беларускіх радыёперадач, арга-нізаваных Уладзіславам Рыжым-Рыскім.

- 6 красавіка 1947 г. выйшаў № 1 часопіса беларусаў-католікаў “Беларуская думка”, які выдаваўся Беларускім Каталіцкім Парафіяльным камітэтам у Ватэнштэце (рэдактар Вацлаў Пануцэвіч).

- 7 красавіка 1951 г. быў створаны Каардынацыйны Камітэт беларускіх арганізацыяў у Вялікабрытаніі (Лондан). Увайшлі ў гэты Камітэт: Часлаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Міхаіл Мацукевіч.

- 9 красавіка 1946 г. было створана Беларускае літаратурнае Згуртаванне “Шыпшына” ў Міхельсдорфе (Германія). Арганізатары Юрка Віцьбіч і Наталля Арсеннева.

- 9 красавіка 1946 г. адбыўся канцэрт Беларускага студэнцкага хору кампазітара Міколы Равенскага ў Бруселі.

- 9 красавіка 1946 г. адбыліся канцэрты Беларускага студэнцкага хору кампазітара Міколы Равенскага ў Парыжы.

- 9 красавіка 1946 г. адбылася выстава беларускага эміграцыйнага друку ў Буэнас-Айрэсе.

- 9 красавіка 1946 г. пачаліся сталыя беларускамоўныя перадачы з Сіднея.
- 9 красавіка 1946 г. адчынены новы прыход БАПЦ у Мельбурне.

- 9 красавіка 1946 г. створаны Беларускі Культурна-асветніцкі камітэт у Нью-Брансвіку. Управу склалі: Васіль Стома, Галіна Русак, Ліза Бакуновіч, Аўген Люсюк, Б.Р., Г.Тодт.

- 9 красавіка 1946 г. у Нью-Брансвіку выйшаў № 2 тыднёвіка беларускіх вайскоўцаў “Змагар” (рэдактар Віктар Васілеўскі).

- 9 красавіка 1946 г. на сустрэчы беларусаў Аўстраліі ў Албуры створаны Каардынацыйны Камітэт Беларускіх арганізацыяў. У яго склад увайшлі: Міхась Зуй, Мікола Ціхан, Уладзімір Пацко, Уладзімір Кулецкі – ад Сіднея; а. А.Грыцук, Язэп Слесарэвіч, Павал Гуз, Язэп Алехнік – ад Мельбурна.

- 9 красавіка 1946 г. з нагоды Акту 25 сакавіка ў Палаце лордаў англійскага Парламента была прынятая беларуская дэлегацыя ў складзе біскупа Часлава Сіповіча і Паўла Навары.

- 9 красавіка 1946 г. адбылося святкаванне 30-х угодкаў Ангельска-Беларускага Таварыства ў Лондане.

- 11 красавіка 1937 г. памёр Цішка Гартны (Д.Ф.Жылуновіч) – беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч.

- 14 красавіка 1880 г. нарадзіўся Язэп Дыла (памёр 1973 г.) – беларускі празаік, драматург і грамадскі дзеяч.

- 14 красавіка 1885 г. нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі (памёр 1938 г.), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог.

- 18 красавіка 1814 г. нарадзіўся Еўстафій Тышкевіч – беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнаўца, адзін з заснавальнікаў навуковай археалогіі Беларусі (памёр 8 верасня 1873 г.).

- 19 сакавіка 1881 г. нарадзіўся Усевалод Ігнатоўскі – беларускі гісторык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч (памёр 4 лютага 1931 г.).

- 20 красавіка 1952 г. быў адчынены Беларускі народны Дом у Кліўлендзе.

- 21 красавіка 1835 г. нарадзіўся Ялег Пранціша Вуля (сапр. Карафа-Корбут; памёр у 1880 г.) – беларускі паэт.

- 23 красавіка 1794 г. у ВКЛ створаны паўстанцкі ўрад – Найвышэйшая Рада літоўскага народа. Кіраўніком паўстання на Беларусі быў Т.Касцюшка.

- 25 красавіка 1946 г. адбылося асвячэнне і першае богаслужэнне ў беларускай праваслаўнай царкве св. Еўфрасінні Полацкай у Рэгенсбургу. Службу вёў епіскап Апанас (Мартас).

Паводле “Хронікі беларускага жыцця на чужыне”,
Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва

АБ’ЯВЫ

Беларускі клас у Атаве
Пры актыўным садзеянні і фінансавай падрымцы дзяржаўных адукацыйных установаў Канады ў Атаве працуе беларускі суботні клас. У беларускі клас прымаюцца дзеці да 8 класа уключна. Заняткі праводзяць настаўнікі з вялікім стажам працы з дзецьмі дашкольнага, малодшага і сярэдняга школьнага узросту. Гэта унікальная магчысмасць для кожнага дзіцяці не толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, мовай і гісторыяй, але і набыць дадатковыя веды па матэматыцы.

Заняткі па суботах у школе Dr.Roy Kennedy з 9.00 да 11.00 гадзін. Тэлефон для даведак:
(613) 733-5775

www.belaruscanada.com

Навіны беларусаў Масквы
Спадарства, можна падпісацца на навіны “Беларускай Масквы”. Дзеля таго каб падпісацца на рассылку, дашліце пусты ліст на адрас: news-on@maskva.com Пасля гэтага на вашую электронную адрэсу прыйдзе лiст з просьбай пацвердзiць падпiску. На яго трэба проста адказаць.

www.maskva.com
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by