МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№1(№14)
СТУДЗЕНЬ
2003
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Шаноўнае спадарства!

Згуртаванне "Бацькаўшчына" распачала працу над падрыхтоўкай да друку матэрыялаў Другога і Трэцяга з'езду беларусаў свету. У сувязі з гэтым, просім усіх удзельнікаў гэтых сусветных форумаў даслаць у наш адрас (МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", вул. Рэвалюцыйная, 15, 220050, Беларусь) фатаздымкі і тэксты выступаў. Будзем шчыра ўдзячны за любую дапамогу ў выданні матэрыялаў з'ездаў.

З удзячнасцю,
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Нью-Ёрк, ЗША

Беларуская дыяспара атрымлівае запрашэнні на Кангрэс беларусаў замежжа. Сустрэчы супрацоўнікаў пасольстваў з прадстаўнікамі дыяспары прайшлі ў ЗША, Канадзе, Бельгіі і Чэхіі. З прычыны гэтых сустрэч Нью-Ёркскі аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання (гэта адна з найбольшых арганізацый беларусаў у ЗША) прыняў зварот да дыяспары і беларусаў замежжа. "Якімі б не былі афіцыйныя мэты кангрэсу, якія б абяцанні не давалі прадстаўнікі рэжыму адносна ўмоў удзелу дыяспары, гэта не будзе мець істотнага значэння. Добра вядома, як Лукашэнка і яго памагатыя не стрымліваюць сваіх слоў і не клапоцяцца аб шанаванні нават элементарных норм прыстойнасці. Інфармацыя заўсёды перадаецца ў скажоным і перавернутым выглядзе, як у нядаўнім выпадку з амерыканскімі кангрэсменамі ў Мінску", - лічаць аўтары пісьма. У прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі паведамілі, што сустрэча другога сакратара пасольства Беларусі ў Чэхіі - усяго толькі ініцыятыва гэтага дыпламатычнага прадстаўніцтва. А паколькі беларусы ЗША не бачаць пунктаў сутыкнення з афіцыйным Мінскам, прапануюць яны заклікаць усе замежныя беларускія арганізацыі і паасобных прадстаўнікоў дыяспары "не мець нічога супольнага з планаванай рэжымам акцыяй пад назвай "Кангрэс беларусаў замежжа", а таксама адмовіцца ад асабістых кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму".

"Белорусские новости". 2002. 26 снеж.

Квэбэк, Канада

Набліжаюцца 85-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На імя Прэзідэнта МГА ЗБС "Бацькаўшчына" прафесара Анатоля Грыцкевіча быў атрыманы ліст ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы: "Шаноўны спадар Грыцкевіч, надыходзяць 85-я ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі - найважнейшай падзеі ў гісторыі нашай нацыі. Гэтую гадавіну Рада БНР мяркуе адзначыць ва ўсіх беларускіх асяродках у розных краінах свету. У бліжэйшым часе дзеля гэтай мэты будзе створаны адмысловы Юбілейны камітэт. Аднак зразумела, што самае галоўнае святкаванне павінна адбыцца на Бацькаўшчыне. З гэтай нагоды я прашу Вас стварыць і ўзначаліць Нацыянальны Аргкамітэт у справе святкавання Акту 25 сакавіка ў Беларусі. Вельмі хацела б бачыць у гэты дзень пад бел-чырвона-белымі сцягамі прадстаўнікоў усіх сілаў, якія выступаюць за Незалежнасць Беларусі, супраць планаў захопу яе імперскай Масквой".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беласточчына, Польшча

Беларускія дэпутаты Польшчы арганізуюцца. Рыхтаваць кандыдатаў-беларусаў да ўдзелу ў мясцовых і парламенцкіх выбарах - гэта адна з галоўных мэтаў створанага напярэдадні ў Гайнаўцы Беларускага самаўрадавага форуму - першай арганізацыі беларускіх дэпутатаў Польшчы. Пад час апошніх мясцовых выбараў у гарадскія і павятовыя рады на Беласточчыне ад беларускіх выбарчых камітэтаў трапілі больш за 5 дзесяткаў асоб, якія адкрыта дэкларавалі сваю беларускасць. Паводле старшыні Беларускага самаўрадавага форуму, дэпутата рады Гайнаўскага павету Міхася Андрасюка, вынік мог быць і лепшы, калі б кандыдаты-беларусы спачатку мелі нейкі каардынацыйны цэнтр. Спадар Андрасюк адзначыў таксама, што важнымі для арганізацыі з'яўляюцца не толькі праблемы падрыхтоўкі да ўдзелу ў мясцовых выбарах, але і польска-беларускія эканамічныя стасункі. Аднак, паводле сябраў Беларускага самаўрадавага форуму, галоўнае, што разам дэпутатам-беларусам будзе лягчэй узняць свой голас у Польшчы і за мяжой.

Радыё "Свабода". 2003. 7 студз.

Гайнаўка, Польшча

З верасня гэтага года на 177 асоб пабольшала колькасць вучняў, якія ў гайнаўскіх асноўных і гімназічных школах (апрача Комплексу школ з беларускай мовай) вучацца беларускай мове. Зацікаўленне вывучаннем роднай мовы выклікала атракцыйнасць згаданага Комплексу школ. Зараз у Гайнаўцы беларускай мове вучыцца 459 вучняў у школах, падпарадкаваных гарадскім уладам, і 568 асоб у белліцэі і белгімназіі, за якімі наглядаюць улады Гайнаўскага павета.

"Ніва". 2002. 29 снеж.

Мельбурн, Аўстралія

Мельбурн, Аўстралія

Парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святых Віленскіх Мучанікаў адзначыла 21-ыя ўгодкі пасвячання царквы. Пасля літургіі айцец Аляксандар Кулакоўскі і айцец Юрый адслужылі традыцыйны малебен удзячнасці гэтай парафіі. Затым адбыўся супольны пачастунак з удзелам беларускага жаночага хору "Каліна", які спяваў прыгожыя беларускія песні. Айцец Аляксандар падзякаваў усім за прысутнасць і пажадаў усім добрага здароўя.

Алег Шнэк

Літва

У Літве абвешчаныя вынікі другога туру прэзідэнцкіх выбараў. Прэзідэнтам Літвы на наступную пяцігадовую кадэнцыю абраны Раландас Паксас. За Р.Паксаса галасавалі пераважна тыя рэгіёны Літвы, дзе кампактна жывуць беларусы. Актыўнасць выбаршчыкаў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Літве - 52%. Супернічалі два кандыдаты: парламентар Раландас Паксас, лідэр ліберал-дэмакратаў, атрымаў 54,91% галасоў. Валдас Адамкус, цяперашні прэзідэнт краіны, беспартыйны кандыдат, якога у другім туры падтрымлівалі 6 парламенцкіх партый Літвы, - 45,19% галасоў. Прэзідэнтам абвешчаны 46-гадовы Раландас Паксас. За В.Адамкуса найбольш галасавалі у Ковенскай гарадской і раённай выбарчых акругах, у некаторых акругах Вільні, у мястэчку Бірштонас. За Р.Паксаса найбольш галасоў аддалі выбаршчыкі Жэмайціі, а таксама у тых мястэчках і раёнах, дзе жывуць беларусы, - Салечніцкім, Свянцянскім раёнах, у Новавілейскім раёне, у Вільні, у Вісагінасе.

Радыё "Свабода". 2003. 6 студз.

Швецыя

У Швецыі выйшаў з друку апошні нумар часопісу "Ostersjojudisk Bulletin", прысвечаны Беларусі. У часопісе шэраг артыкулаў пра гісторыю беларускіх яўрэяў, стан іудзейскіх бажніцаў і могілак, сучаснае жыццё суполак. Амаль усе артыкулы рахтаваліся аўтарамі па выніках вандроўкі ў Беларусь, таму ў нумары шмат змястоўнай інфармацыі і цікавых каляровых здымкаў з Віцебска, Мінска, Жыровічаў. Асобны матэрыял прысвечаны Марку Шагалу, ёсць таксама агульная інфармацыя пра Беларусь з мапай краіны. Сярод актуальных раздзелаў - інтэрв'ю з апошнім беларуска-яўрэйскім паэтам Гершам Рэлесамбам, віцэ-міністрам Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Уладзімірам Ламекам, інфармацыя пра працу новага цэнтру Скандынаўскіх доследаў, які адчынілі ў Мінску Універсітэт паўднёвага Стакгольму, Шведскі інстытут і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Рэдактар часопіса Барбро Сольбэ адзначыла, што з выхадам кніжак пра беларуска-шведскія кантакты стан ведаў шведскага грамадства пра новую краіну Еўропы палепшыўся. Беларускі нумар шведскага часопіса ёсць яшчэ адным каштоўным унёскам у гэтую скарбонку.

"Беларус". 2002. снежань

Рыга, Латвія

У выставачнай зале Асацыяцыi Нацыянальна-культурных таварыстваў Латвii адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака Латвіі Пётры Мiрановiча. Выставу арганiзавалi Аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыi "Маю гонар" i Латвiйскае таварыства беларускай культуры "Cьвiтанак". Акрамя беларускiх мастакоў - сяброў латвiйскай суполкi Аб'яднання "Маю гонар" Васiля Малышчыца, Кацярыны Вольскай, Анатоля Ермаковiча, Мiколы Гаўрыловiча, Вячкi Целеша, Алены Раманенка, Ларысы Лойка, Ганны Пейпiнi, Георгiя Насенкі i Тамары Насенка, у выставе ўзялi ўдзел мастакі iншых нацыянальнасцяў. Дзве карцiны юбiляра "Партрэт Сяргея Сахарава з унукам" i "Возера ў Латгалii" з уласнай калекцыi для экспазiцыi аддала дачка вядомага беларускага дзеяча ў Латвii Сяргея Сахарава, сябра "Cьвiтанка" Iрына Вiлькель. На адкрыццё сабралася шмат беларусаў, беларускiх прадпрымальнiкаў, карэспандэнтаў з латвiйскiх газет i радыё, мастацтвазнаўцаў. Аб жыццi i творчасцi П.Мiрановiча расказаў прысутным старшыня Аб'яднання "Маю гонар" Вячка Целеш. Сваiмi ўспамiнамi аб П.Мiрановiчу падзялiлiся яго сваякi - пляменнiк i пляменнiцы мастака, якiя прыехалi на адкрыццё выставы з розных куткоў Латвii. Яны прывезлi таксама з сямейных архiваў цiкавыя фотаздымкi мастака. Цудоўным выкананнем беларускiх песень упрыгожыла адкрыццё выставы спявачка Ганна Крупская. Кiраўнiцтва Латвiйскага таварыства беларускай культуры "Cьвiтанак" i Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыi "Маю гонар" выказала падзяку беларускiм прадпрымальнiкам Валянцiне Варатнiковай i Янку Кабановiчу, якiя дапамаглi ў арганiзацыi выставы.

Таццяна Казак

Прага, Чэхія

Інфасервіс Беларускага цэнтра ў Празе распаўсюдзіў заяву Васіля Быкава з нагоды інфармацый некаторых расійскіх СМІ: "У сувязі з відавочна тэндэнцыйнымі паведамленнямі некаторых расійскіх СМІ, у прыватнасці, газеты "Известия", з выпадку майго пераезду ў Прагу хачу заявіць, што я не прасіў у чэшскага ўраду або прэзідэнта Вацлава Гавэла палітычнага прытулку і не меў намеру атрымаць такі. Мая просьба заключалася ў прадастаўленні мне і маёй жонцы права на больш-менш працяглае пражыванне ў Чэхіі, неабходнае для літаратурнай працы і лячэння як хроніку-лёгачніку. Такое права я і атрымаў у снежні 2002 года, сапраўды, пры садзеянні прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі. Спроба некаторых СМІ ператварыць гэты факт, увогуле звычайны для цеперашніх часоў, у палітычную акцыю ёсць, на мой погляд, зусім правакацыйнай і вартай асуджэння".

Васіль Быкаў

Масква, Расія

Аддзел нацыянальных літаратур Дзяржаўнай бібліятэкі імя Н.Някрасава ўтрымлівае самы буйны ў Маскве збор твораў на беларускай мове. Гэта грамадская чытальная зала вельмі зручна размешчаная - 100 м ад станцыі метро "Прафсаюзная". Супрацоўнікі біблятэкі імкнуцца выпісваць беларускую перыёдыку. Грамада беларускай культуры імя Ф.Скарыны г. Масквы сябруе з Аддзелам і з дапамогай папулярных беларускіх пісьменнікаў папоўніла ягоны фонд. Даволі буйныя прыватныя зборы твораў беларускай літаратуры ёсць шмат у каго з маскоўскіх беларусаў, але яны не для агульнага карыстання, бо недаступны грамадскасці. Адрас Аддзелу нацыянальных літаратур некрасаўскай бібліятэкі Масквы: Нахімаўскі праспект, 49 (у будынку Медыцынскай бібліятэкі на 4-м паверсе), тэл. чытальнай залы: (095) 120-93-22.

Таіса Мішчанка

Пецярбург, Расія

З 24 па 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу адбыліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь. Надзвычай прадстаўнічай была наша творчая дэлегацыя: ансамбль салістаў "Класік-авангард", прадстаўнікі "Белвідэацэнтра", "Белканцэрта", Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы РБ, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і інш. Усяго ў Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Пецярбургу ўдзельнічала каля 120 чалавек. Адкрывалі Дні ва ўрачыстай атмасферы два міністры культуры: Леанід Гуляка і міністр культуры Расійскай Федэрацыі Міхаіл Швыдкой. Сама ж праграма Дзён уключала ў сябе такія вядомыя айчыннаму гледачу спектаклі, як "Ідылія", "Чорная панна Нясвіжа" і "Ромул Вялікі" Купалаўскага тэатра, кінапраграму са стужак "Павадыр", "Прыкуты" і "Паміж жыццём і смерцю", выставу з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, якая да гэтага пабывала ў Парыжы і Кіеве, шэраг іншых творчых акцый.

"Культура". 2003. 28 снеж.-3 студз.

Падзея

Пажар у Нясвіжскім замку

24 студзеня, акурат на Святы вечар, загарэўся Нясвіжскі замак. Пажар пачаўся каля 19-й. Атрымаўшы сігнал, супрацоўнікі Нясвіжскага раённага аддзелу Міністэрства па надзвьгчайных сітуацыях выехалі на месца, аднак самі рады даць не змаглі. Давялося выклікаць дапамогу з суседніх раёнаў - Капыльскага і Баранавіцкага, а потым Клецкага ды Мінскага. Палаў дах цэнтральнае вежы Радзівілаўскага замку. Агонь займаў плошчу 300 кв.м. Лакалізаваць пажар удалося толькі а 21-й, а канчаткова загасіць - каля другой гадзіны начы. Ахвяраў не было. Як паведамілі ў МНС, у ліквідацыі пажару былі задзеяныя 127 супрацоўнікаў і 18 пажарных машынаў. Вежа цяпер стаіць зусім без даху, моцна пацярпела ляпніна XVIII ст. Карціны ў самім замку (у тым ліку і ўнікальная распісаная столь памерам 15 на 18 м) засталіся цэлымі, толькі закурэлі. Нашкодзіў замку не толькі пажар, але і ягоная ліквідацыя. Супрацоўнікі МНС працягвалі заліваць будынак вадой нават калі агонь згас, каб не засталося дзе схаваных агмянёў. Вільгаць можа зашкодзіць фрэскам на столі і паркетнай падлозе. Апрача таго, драўляныя перакрыцці набрынялі амаль трыма тонамі вады, ад чаго існуе пагроза абвалу.

"Наша Ніва". 2002. 27 снеж.

Зюзя

З нашай пошты

У Кішынёве жыве шчыры беларус і таленавіты мастак Вячаслаў Ігнаценка. Спадар Вячаслаў адзіны з беларускіх мастакоў уваходзіць у Саюз мастакоў Малдовы. Вельмі дарэчы да беларускага надвор'я нам быў дасланы ягоны малюнак з выявай бога марозу Зюзі.

З базы дадзеных

У Швецыі дзейнічае беларуская культурна-асветная арганізацыя пад назвай "Vitryssland" ("Беларусь"). Узначальвае яе Марыя Сёдэрберг. Арганізацыя ўтворана ў 1998 г. і налічвае 20 пастаянных сяброў. "Vitryssland" жа дае кантактаваць і супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі па культурных і гуманітарных накірунках. Кантакты: +070-632 67 55, +46 (0)8-749 00 91, maria@soderberg-sundelin.se, www.vitryssland.nu, www.belarus.nu

Шведскія бібліятэкі маюць шмат беларускіх кніг. Каля 500 кніг па-беларуску мае Універсітэт Sodertorns hogskola, які з дапамогай беларусаў Швецыі працягвае папаўняць свой фонд. Агульная колькасць беларускіх кніг у Швецкіх бабліятэках налічваецца каля 2000 назваў, у тым ліку захоўваецца каля 100 старадрукаў. Адрас для навуковых кантактаў: Andrej Kotljarchuk, Sodertorns hogskola F203/2145, Box 4104, 141-04 Huddinge, SWEDEN.

Андрэй Катлярчук

Весткі

Нас меншае

Колькасць насельніцтва Беларусі пасля другой сусветнай вайны ўвесь час расла. Аж да пачатку 90-х. Праўда, тэмпы росту пачалі зніжацца яшчэ ў 70-я, калі натуральны прырост зменшыўся ў параўнанні з 50-і ў два разы. 1992 г. быў апошнім годам з прыростам насельніцтва (ён склаў 11,3 тыс. чалавек). Пачынаючы з 1993 г. у нашай краіне назіраецца натуральная страта насельніцтва, якая прывяла да скарачэння яго колькасці на 3% (па маштабах - гэта калі б з карты знік такі горад, як Берасце). У 2000 г. натуральная страта склала 41,2 тыс. чалавек, у 2001 г. - 48,2 тыс, а за першае паўгоддзе 2002 г. перавышэнне колькасці памерлых над народжанымі склала 32,7 тысячы.

Наша Ніва. 2002. 27 снеж.

Творы маленькіх патрыётаў

Мой родны кут, як ты мне мілы...

У снежні 2002 г. пабачыў свет зборнік сачыненняў пераможцаў дзіцячага конкурсу "Мой родны кут, як ты мне мілы...", які праходзіў у сакавіку-траўні мінулага года. У конкурсе бралі ўдзел 176 дзяцей з розных куткоў Беларусі. Экспертная камісія атрымала 55 малюнкаў і 121 літаратурны твор, з якіх перамаглі адпаведна 31 і 44. Нашая зямля з няспыннай упартасцю нараджае яскравыя таленты, а збіраць іх, даваць магчымасць першых творчых крокаў і закліканы такія дзіцячыя конкурсы. Вялікую колькасць твораў даслалі дзеці з вёсак Нясвіжскага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Гомельскага, Полацкага, Петрыкаўскага, Шчучынскага, Круглянскага, Івацэвіцкага, Светлагорскага і іншых раёнаў. Узнагародаю для ўсіх лаўрэатаў конкурсу стала вандроўка ў Балгарыю. Для дзяцей з далёкіх куткоў Беларусі, з невялікіх вёсак і мястэчак, гэта быў сапраўдны падарунак.

Ажыццяўленне гэтага праекта стала магчымым дзякуючы руплівасці і клопатам спадарыні Ірэны Каляда-Смірноў, кіраўніку дабрачыннага фонду ў Кліўлендзе (ЗША).

Гэты зборнік змяшчае творы тых, хто ўжо з маленства ўлюблёны ў сваю Радзіму і выказвае гэтае пачуццё даступным для свайго ўзросту чынам. Праз вобразы, народжаныя ў дзіцячай свядомасці, Беларусь успрымаецца па-новаму і вельмі нязвыкла для нас, дарослых, - жыццярадасна і аптымістычна, з цвёрдай упэўненасцю і верай у шчаслівую будучыню, з узнёслым гонарам і непрыхаваным жаданнем адстойваць усё сваё. Знаёмства з гэтымі творамі пераносіць у чысты і сонечны свет дзіцячых мараў, насычае неспатоленай прагай да жыцця.

Перад Новым годам дзеці-лаўрэаты конкурсу атрымалі ў падарунак кнігі са сваімі творамі, а тыя, хто не змог паехаць на адпачынак у Балгарыю, - суцяшальныя прызы - гадзіннікі. Перад Калядамі Згуртаванне "Бацькаўшчына" атрымала шмат лістоў ад дзяцей з падзякамі Ірэне Каляда-Смірноў і супрацоўнікам "Бацькаўшчыны", а адзін хлопчык перадаў нават спечаны уласнымі рукамі торт.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Прэс-рэліз
ІІ-га пасяджэння Грамаднага аргкамітэта
па святкаванні 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі

20 снежня пад старшынствам прафесара Анатоля Грыцкевіча адбылося ІІ-е пасяджэнне Аргкамітэта, мэтай якога было абмеркаваць і зацвердзіць падрабязны план мерапрыемстваў, што будуць праводзіцца на працягу ўсяго наступнага года на ўсёй тэрыторыі Беларусі і асабліва ў мясцінах, гістарычна звязаных з падзеямі, асобамі і помнікамі Рэфармацыі і ўвогуле "Залатога веку" ў нашай краіне. Вынікам стала зацвярджэнне спіса мерапрыемстваў з вызначэннем дат і адказных асоб з ліку сяброў Аргкамітэту. Сярод мерапрыемстваў святкавання вызначаны наступныя:

  • Правядзенне канцэртаў, прысвечаных Рэфармацыі;
  • Правядзенне ў Мінску і рэгіёнах серыі лекцый;
  • Правядзенне акцыі "Біблія ў кожны дом";
  • Арганізацыя 3-дзённага фестывалю мастацкіх калектываў;
  • Выпуск і прэзентацыя дыска сярэднявечнай музыкі гурта "Стары Ольса";
  • 10-дзённая мастацкая выстава, прысвечаныя Рэфармацыі;
  • Правядзенне конкурсу сярод студэнтаў і маладых навукоўцаў "Рэфармацыя і Рэнесанс у Беларусі. ХVІ ст.";
  • Правядзенне 2-х Міжнародных навуковых канферэнцый;
  • Мемарыялізацыя мясцінаў, звязаных з Рэфармацыяй у Беларусі (Нясвіж, Брэст, Слуцк, Лепель);
  • Правядзенне рэспубліканскага дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу;
  • Правядзенне конкурсу сярод мастакоў і скульптараў Беларусі на лепшы мастацкі твор, прысвечаны Рэфармацыі;
  • Правядзенне круглага стала "Традыцыі талерантнасці ў ВКЛ. Культурна-філасофскі аспект";
  • Правядзенне творчых сустрэч паэтаў і пісьменнікаў;

Вялікая ўвага сярод мерапрыемстваў аддаецца выдавецкай дзейнасці:

  • Выданне брашур "Галоўныя падзеі Рэфармацыі" і "Дзеячы Рэфармацыі";
  • Выданне кнігі пра Радзівіла Чорнага, грамадска-палітычных трактатаў А.Волана, кнігі "Хронікі Залатога Веку", "Катэхізіса" Сымона Буднага;
  • Выданне Новага Запавету на беларускай мове;
  • Выданне ў серыі "Беларускі кнігазбор" кнігі Крыштафа Дарагастайскага "Гіпіка, альбо аповед пра коней".

Прэс-служба Аргкамітэту

Асноўныя мерапрыемствы Міжнароднага грамадскага аб'яднання
"Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" за 2002 год



Студзень 2002 г. Распрацоўка праекта закона "Аб стасунках з беларусамі замежжа" на падставе дакументаў Трэцяга з'езду беларусаў свету.
Студзень 2002 г. -
па гэты час
Выданне і дасылка штомесячных бюлетэняў "Беларусы ў свеце" і галіновых дайджэстаў "Культура", "Эканоміка", "Грамадства" па больш за 200 арганізацый беларускай дыяспары з 18 краін свету.
Люты 2002 г. Прыняцце заявы ў падтрымку Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Сакавік 2002 г. Удзел у святкаванні 25 сакавіка - Дня Волі - у Маскве па запрашэнні Грамады беларускай культуры імя Ф.Скарыны. Арганізацыя выступу гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" ў святочнай культурнай праграме.
Красавік 2002 г. Выданне кнігі Ф.Дастаеўскі "Аповесці, апавяданні" ў перакладзе на беларускую мову А.Каляды. Спонсарская падтрымка праекта ажыццяўлялася сп. Ірэнай Каляда-Смірноў (ЗША).
Красавік 2002 г. Арганізацыя разам з Андрэем Калядой прэзентацыі кнігі Ф.Дастаеўскага "Аповесці, апавяданні".
Красавік 2002 г. Удзел у зборы беларускіх кніг для суполкі беларусаў Башкартастана.
Красавік 2002 г. Зварот у Мінгарвыканкам з просьбай дазволіць размясціць мемарыяльную дошку дзеячам Інстытута беларускай культуры (які ў 1928\1929 гадах быў ператвораны ў Беларускую акадэмію навук) на будынку, дзе ён раней знаходзіўся, па адрасе: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15.
Травень 2002 г. Правядзенне дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу "Мой родны кут як ты мне мілы..." і "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці".
Травень 2002 г. Перадача беларускіх кніжак для беларускай суполкі ў Арменіі.
Травень 2002 г. Зварот у Савет Міністраў і Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь аб выкананні рашэнняў Трэцяга з'езду беларусаў свету.
Травень 2002 г. Удзел у святкаванні 3-годдзя Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Комі. Арганізацыя выступу гурта "Стары Ольса" ў культурнай праграме мерапрыемства.
Травень 2002 г. Падрыхтоўка і накіраванне зварота аб выкарыстанні асоб з беларускай дыяспары як ганаровых консулаў, віцэ-консулаў і консульскіх агентаў Рэспублікі Беларусь у краінах іх пражывання згодна з Міжнароднай Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 г.
Чэрвень 2002 г. Правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі "Рэфармацыя - залаты век Беларусі".
Чэрвень 2002 г. Размяшчэнне на сайце базы дадзеных беларускага замежжа.
Чэрвень -
ліпень -
жнівень 2002 г.
Накіраванне на аздараўленчы адпачынак у Балгарыю трох груп беларускіх дзяцей - перможцаў літаратурна-мастацкага конкурсу "Мой родны кут як ты мне мілы..." і "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". Падрыхтоўка да друку кнігі прац пераможцаў конкурсу. Спонсарская падтрымка праекта ажыццяўлялася сп. Ірэнай Каляда-Смірноў (ЗША).
Ліпень 2002 г. Удзел у ІІІ Канферэнцыі беларусаў краін Балтыі. Удзел у арганізацыі культурнай праграмы для дэлегатаў і гасцей канферэнцыі.
Жнівень 2002 г. Прыняцце заявы ў падтрымку Міколы Маркевіча, галоўнага рэдактара газеты "Пагоня".
Жнівень 2002 г. Удзел у працы Рабочай групы, створанай пры Цэнтры законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, па падрыхтоўцы закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой".
Верасень 2002 г. Правядзенне пасяджэння Малой Рады. Прыняцце Дэкларацыі "Аб незалежнасці і суверэнітэце Беларусі".
Кастрычнік -
снежань 2002 г.
Правядзенне пасяджэння Вялікай Рады пісьмовым апытаннем.
Кастрычнік 2002 г. Удзел у ІІ з'ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі".
Кастрычнік 2002 г. Выпуск матэрыялаў канферэнцыі "Рэфармацыя - залаты век Беларусі".
Кастрычнік 2002 г. Накіраванне зваротаў у Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь і Савет Міністраў з прапаноўвамі і заўвагамі па законапраекту "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой" на падставе закона, распрацаванага "Бацькаўшчынай".
Лістапад 2002 г. Правядзенне нарады старшынь рэгіянальных арганізацый "Бацькаўшчыны" з Беларусі.
Лістапад 2002 г. -
па гэты час
Правядзенне перарэгістрацыі сяброў "Бацькаўшчыны".
Лістапад 2002 г. Зварот у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з лістом аб задавальненні інфармацыйных патрэбаў беларускай дыяспары:
  • заключэнне пагадненняў аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары і нацыянальных меншасцяў Беларусі;
  • распрацоўка мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавых пагадненняў аб распаўсюджванні на тэрыторыі краін СНД, Балтыі і інш. беларускіх тэле- і радыёпраграмм, арганізацыі тэле- і радыёвяшчання на гэтыя краіны;
  • спрыянне стварэнню ў краінах былога СССР агульнадзяржаўных выданняў на беларускай мове;
  • арганізацыя цэнтралізаванай падпіскі расійскіх бібліятэк на беларускі перыядычны друк (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя выданні) у постсавецкіх дзяржавах.
Лістапад 2002 г. Ініцыіраванне стварэння грамадскага Аргкамітэту па святкаванні 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі.
Снежань 2002 г. Арганізацыйнае спрыянне выпуску музычнага альбому "Verbum" гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса".
Снежань 2002 г. Выданне кнігі "Мой родны кут, як ты мне мілы..." з творамі лаўрэатаў аднайменнага дзіцячага конкурсу.
Снежань 2002 г. Уручэнне кніг "Мой родны кут, як ты мне мілы..." 70-і лаўрэатам дзіцячага конкурсу.
Снежань 2002 г. Зварот да прэзідэнта НАН Беларусі сп. М.Мясніковіча з просьбай узгадніць тэкст дошкі дзеячам Інбелкульта.
Снежань 2002 г. Зварот у Міністэрства замежаных спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць стварэнню пры пасольствах Рэспублікі Беларусь цэнтраў юрыдычнай дапамогі для беларускай дыяспары.
Снежань 2002 г. Зварот у НАН Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець магчымасць стварэння пры Акадэміі навук Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах беларускай дыяспары.

Канадскія ўражанні

Шмат ёсць месцаў на Зямлі, дзе мне хацелася б пабываць, а ў некаторых марылася і пажыць. У маладыя гады мроілася залатая Прага, а пазней неадольна цягнула ў невядомае Самалі. Але даехаць у гэтыя краіны так і не давялося. Канадаю зацікавілася тады, калі на пачатку 90-х гадоў адкрыліся магчымасці навуковага асэнсавання лёсу беларускай эміграцыі, а мне пашчасціла працаваць у аддзеле Інстытута гісторыі Акадэміі навук, які пачаў вывучаць гэтую праблему. Шмат разважала над публікацыямі ў беларускіх эмігранцкіх выданнях, сабрала нямала звестак і матэрыялаў пра беларусаў у Канадзе, іх жыццё тут у ХХ стагоддзі, грамадска-культурную, царкоўна-рэлігійную і іншую нацыянальную працу, уключала іх у свае публікацыі. Вось каб усё гэта на свае вочы пабачыць... Такі няблізкі свет, іншы кантынент, немалыя (у параўнанні нашых заробкаў) выдаткі і яшчэ шмат чаго замінала сур'ёзна думаць аб такім падарожжы. Але ўжо два гады ў Таронта жыве сям'я дачкі, і мой васьмігадовы ўнук Мікіта чакаў нараджэння сястрычкі. Ну як тут не паляціш за акіян. Таму з першых хвілін на канадскай зямлі я пачала спазнаваць радасці, цяжкасці, праблемы беларусаў праз вопыт адаптацыі родных мне людзей, а таксама іх сяброў, знаёмых, калег па працы, якія ўладкаваліся ў Таронта ў апошнія гады.

У нац. строях К.Янощская, Е.Малашчанка, В.Кавалёва

Новыя ўражанні, а таксама іншыя аспекты жыцця суродзічаў у гэтым самым вялікім канадскім горадзе адкрыліся пасля наведвання Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтра. Месціцца ён амаль у цэнтры горада і гасцінна расчыняе дзверы кожную сераду і нядзелю. Я трапіла якраз у тую нядзелю, калі сабралася не меней 50-ці асобаў, каб абмеркаваць бягучыя справы, паглядзець відэакасету з запісам 25-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі (першая адбылася 50 гадоў таму якраз у Канадзе). На гэтай сустрэчы (Нью-Джэрсі, ЗША, 31 жніўня - 1 верасня 2002 г.), прысвечанай асэнсаванню "Ролі беларускай дыяспары ў дэмакратызацыі Беларусі і захаванні незалежнасці", канадскія беларусы былі прадстаўлены годна. Ад Згуртавання беларусаў Канады выступіў ягоны старшыня Пётра Мурзёнак, прывітанні даслалі вядомыя ў замежжы і на Бацькаўшчыне беларускія дзеячы спадар Кастусь Акула і спадарыня Раіса Жук-Грышкевіч. А як прыгожа і прафесійна спяваў народныя беларускія песні ансамбль з Таронта "Яваровыя людзі". Нездарма апладысменты былі доўгімі, а з вялікай залы чуліся галасы "Жыве Канада", якія я зразумела як "трымайцеся так і надалей". Тыя, што сабраліся ў Цэнтры, узрушана абмяркоўвалі ўсе папярэднія сустрэчы, а я ціха радавалася, што Згуртаванне беларусаў Канады, якое набліжаецца да свайго 55-годдзя, аказалася трывала жыццядзейснай арганізацыяй, плёнам ахвярнай працы розных пакаленняў беларусаў. Таронцкі аддзел Згуртавання вельмі актыўны, ён - ці не галоўнае апірышча ўсёй арганізацыі. Кіруе аддзелам прыгожая, вельмі тактоўная Надзея Дробіна, яе спакойная разважлівасць дапамагае знаходзіць разумны кампраміс. Ну а розныя меркаванні, нават гарачыя спрэчкі пры абмеркаванні надзённых праблем - гэта нармальна і дазваляе выпрацаваць найбольш прыдатнае рашэнне. Але ж праблем хапае. Як заўсёды, не стае грошай, каб ажыццявіць задуманае. І мне спадабалася, што адразу шукалі шляхі, як іх зарабіць, якія мерапрыемствы правесці дзеля гэтага, як найлепей выкарыстаць памяшканне Цэнтра, не спадзеючыся, што грошы нехта дасць.

На здымку Р.Качаткоў, Б.Рагуля, Р.Жук-Грышкевіч

Відавочна, што Згуртаванне перажывае змену пакаленняў. Старэйшых рупліўцаў, што шчыравалі на ніве беларусчыны, стаялі ля вытокаў першых беларускіх арганізацый і выданняў замежжа, засталося ўжо няшмат і час няўмольны. Але гэта яны набылі будынак Цэнтра, заснавалі ў Таронта царкву, дзе набажэнствы адбываюцца, вядома, на роднай мове; на ёй гучаць малітвы да Госпада Бога за Беларусь, за беларускі народ і абавязкова малітва-гімн Н.Арсенневай "Магутны Божа", цяпер ужо добра вядомая і на Бацькаўшчыне. Усімі гэтымі набыткамі, матэрыяльнымі і духоўнымі, карыстаюцца новыя эмігранты-беларусы, якія сталі прадаўжальнікамі традыцый старэйшага пакалення.

Пікет 6 красавіка 2002 г., г. Атава

Прыйшлі новыя перасяленцы ў Беларускі цэнтр рознымі шляхамі, спрычыніліся да дзейнасці Згуртавання беларусаў Канады па розных прычынах. Адныя свядома шукалі аднадумцаў, бо беларускасць - іх існасць, іншых прывяла сюды туга па бацьках і Беларусі, жаданне адчуць звыкласць і цяпло суродзічаў, землякоў. Некага прыцягнула жаданне добра бавіць час сярод людзей блізкіх па мове і звычаях. Ёсць і такія, хто толькі тут, у чужой краіне, усвядоміў сваю беларускасць, адчулі сваю прыналежнасць да лёсу, дасягненняў і трагедый беларускага народа, пачаў цікавіцца ягонай сапраўднай гісторыяй. Слухаю аповяды розных людзей аб беларускай нацыянальнай працы цяпер і разумею, што змена пакаленняў - гэта пераемнасць маладымі беларусамі вызначальных ідэй, галоўных каштоўнасцей, якія напрацавала пасляваенная беларуская эміграцыя. Штогод тут святкуецца 25 сакавіка Дзень волі. У гэты дзень, ужо 30 гадоў запар, над Таронцкай ратушай лунае бел-чырвона-белы сцяг, прыходзяць маладыя беларусы, каб вітаць свой нацыянальны сімвал. Урачыстыя паседжанні з нагоды гэтага свята ў мінулым годзе прайшлі ў Аттаве, Манрэалі, Таронта і сабралі прадстаўнікоў розных хваляў і плыняў міграцый. Разам, баронячы незалежнасць Беларусі, стаялі яны ў пікеце каля беларускай амбасады з лозунгамі "Беларусь у Еўропу", "Жыве БНР", "Жыве Беларусь". На адным з пасяджэнняў абмяркоўвалі, як годна адзначыць чарговыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Прыемна было даведацца, што арганізаваныя тут беларусы добра абазнаныя ў галоўных падзеях на Бацькаўшчыне і неабыякавыя да іх. Ад імя Каардынацыйнай Рады беларусаў Канады спадарыня Раіса Жук-Грышкевіч летам дасылала ў міжнародныя арганізацыі і амбасады розных краін лісты з тлумачэннем неабходнасці падтрымаць дэмакратычныя сілы Беларусі ў іх змаганні за незалежнасць краіны ў сувязі з новымі нахрапістымі ініцыятывамі і прыступамі "расійска-беларускага яднання". Я была сведкай пошукаў магчымасцей дапамагчы перавыдаць вельмі патрэбную кнігу У.Арлова, а таксама дапамагчы іншым аўтарам.

Высілкамі беларусаў з 2002 года ў Таронта выходзіць газета "Беларускае Слова" (гал. рэдактар Віялета Кавалёва). Гэта, безумоўна, адметная падзея, бо яна значна пашырыла інфармацыйную беларускую прастору. Згуртаваннем беларусаў у Квебеку выдаецца часопіс "Прамень". Аглядаючы інфармацыйны куток у Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры, я ўбачыла дасланыя Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" інфармацыйныя бюлетэні, якія даюць шырокую і рознабаковую панараму грмадскага, культурнага і эканамічнага жыцця Беларусі, новыя звесткі аб беларусах у замежжы. Як сябра Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", з задавальненнем адзначыла, што манрэальскі "Прамень" поўнасцю змясціў навейшыя інфармацыйныя бюлетэні "Бацькаўшчыны". Пры гэтым думалася, што трэба шукаць большага ўзаемадзеяння беларусаў Канады і Згуртавання беларусаў свету.

Не толькі агульныя справы, але і сумесны адпачынак аб'ядноўваюць беларусаў Таронта і прыгарадаў. Жэня Малашчанка, які па дарозе ў беларускі цэнтр заязджаў за мной (вялікі дзякуй яму за гэта), расказаў пра базу адпачынку "Слуцак", што каля горада Пэры-Саўнд. А потым на фотаздымках я бачыла амаль што беларускія краявіды, спевы вечарам каля вогнішча, святкаванне Купалля. І не дзіва, што даволі танны адпачынак сярод знаёмых, блізкіх па духу людзей папулярны ў беларускай грамадзе. А яшчэ ладзяцца дыскатэкі, восеньскі баль, святкаванне Каляд і Новага года, ды і проста збіраюцца ў Цэнтры пагутарыць, паслухаць спеўкі фальклорнага ансамбля.

Незабыўнымі сталіся для мяне сустрэчы з многімі тутэйшымі беларусамі. Мая дачка і зяць былі проста зачараваныя спадарыняй Раісай Жук-Грышкевіч, калі мы наведалі яе ў г. Берн: зачараваныя яе гасцінасцю, беларускай гаврокай, апантанасцю беларускімі справамі і яе нястомнай, шчырай працай на гэтай ніве. Шкадую, што не пра ўсё запыталася ў спадара Кастуся Акулы, збіралася прыняць запрашэнне наведаць яго дом. Але даруйце мне, спадар Кастусь, што сямейныя клопаты не пакінулі мне для гэтага часу.

Удзельнікі пасяджэння БІНІМу. 2002 г.

Увесь час знаходжання ў Канадзе я разважала над тым, як не проста ўжывацца, уладкоўвацца ў новым для эмігрантаў жыцці. Сапраўды, праблемы там, дзе жывеш. Толькі тут у Канадзе праблемы сталых яе жыхароў і нядаўна прыбыўшых - розныя. Усе жыццёвыя сілы новых пасяленцаў, назапашаны вопыт, веды скіраваныя толькі на адаптацыю, пошук першай кватэры, атрыманне працы, а потым намаганні не страціць яе, утрыманне і вучобу дзяцей. І нават потым, калі з'явіцца пэўны дабрабыт, шмат хто з беларусаў будуць па крыху асімілёўвацца, але няспрэчна і тое, што беларуская прысутнасць у Канадзе ўжо трывала засведчана, і ёсць надзея, што яна будзе пашырацца.

І вось ужо адлятаю з Таронта. Перш чым знікнуць за дзвярыма мытні, напаследак азіраюся на сваіх родных: яны стаяць асобнай групкай, маленькая канадская беларусачка Аляксандра, якая нарадзілася ў Таронта, яшчэ не разумее нічога, а Мікіта з усяе моцы стрымлівае слёзы. Мяне ахінае шчымліва-пякучая хваля тугі, і я рузумею, што часцінка мяне засталася ў Канадзе.

Галіна Сяргеева
Мінск, студзень 2003
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by