Сёмы iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусы ў свеце"

Змест:

Віншаванні

Паважаная і дарагая спадарыня Зора Кіпель!

Кіраўніцтва Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" сардэчна вітае і віншуе Вас з юбілеем, 75-годдзем з дня нараджэння.

Усё Ваша жыццё прысвечана беларускай справе, адданасці ідэі незалежнасці Беларусі і росквіту Бацькаўшчыны. Атрымаўшы грунтоўную прафесійную адукацыю ва універсітэтах Лювена і Нью-Брукліна, Вы, спадарыня Зора, аддалі навуковым пошукам у гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэчнай справе, асвеце і нацыянальнай культуры беларускага замежжа. Даследчыкам добра вядомы Вашыя манаграфіі "Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе", хрэстаматыя і бібліяграфія "Беларуская дзяржаўнасць", даследаванні па беларускай літаратуры ХУІІ стагоддзя, асабліва пераклад на англійскую мову "Аповесці аб Трышчане", каментарыі і навуковыя даследаванні аб беларускіх этнічных элементах гэтай аповесці, што была распаўсюджвана ў свой час у Беларусі.

Агульнавядомы Ваш ўнёсак у наладжванне пастаянных навуковых кантактаў з беларускай грамадстасцю пад час навуковых канферэнцый у Беларусі. Па-ранейшаму Вы актыўна ўдзельнічаеце ў мерапрыемствах нашага аб'яднання.

У дзень юбілею жадаем Вам, дарагая спадарыня Зора, шмат гадоў плённага творчага жыцця, новых поспехаў у беларускай справе, сямейнага шчасця і добрага здароўя.

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"

Урачыстасці

200-гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі!

Ігнат Дамейка (1802 - 1889) - беларус, нацыянальны герой Чылі, сусветнавядомы вучоны. Па адной з версій I. Дамейка нарадзіўся ў ліпені ў в. Мядзведцы (Наваградчына), па-другой у Сітцах (Докшыччына). У 14 гадоў ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Яшчэ студэнтам Дамейка далучыўся да патрыятычнага руху, прымаў удзел у Таварыстве філаматаў. Па заканчэнню універсітэта ён атрымаў ступень магістра філасофіі. Але ў 1823 годзе Ігнат Дамейка трапіў пад следства, у выніку якога быў высланы з Вільні пад нагляд паліцыі ў вёску Заполле на Лідчыне, што, аднак, не перашкодзіла яму ўзяць удзел у паўстанні супраць царскіх уладаў 1830-1831 гадоў.

Ігнат Дамейка першым у Еўропе склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчыя мапы зямель былой Рэчы Паспалітай. Вымушаны жыць у выгнанні, Ігнат Дамейка адкрыў у 1840 г. у Андах від срэбнай руды. У Сант'яга ён кіраваў кафедрай хіміі і перыядычна, з 1867 па 1883 г., займаў пасаду рэктара. Наш зямляк здзейсніў шматлікія навуковыя экспедыцыі ў Чылі, Бразілію, Уругвай, Перу і Аргенціну, пад час якіх зрабіў шэраг адкрыццяў. Яго імя атрымалі знойдзены ім мінерал, а таксама горад.

З базы дадзеных

Саратаўская рэгіянальная грамадская арганізацыя Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларускае зямляцтва Паволжа" была створана 2 чэрвеня 1999 г. Асноўнай мэтай аб'яднання з'яўляюцца спрыянне развіццю славянскіх традыцый. Сябрам зямляцтва можа стаць любы грамадзянін, каму не абыякавы лёс мовы і традыцый беларускага народа, усе, каму цікавы гісторыя і культура Беларусі. "Беларускае зямляцтва Паволжа" - арганізацыя маладая, але за час працы яе прадстаўнікі ўзялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія праводзіла кіраўніцтва Саратаўскай вобласці. Прымалі ўдзел у працы прэзідыума чэрвеньскай Асамблеі народаў Саратаўскай вобласці, сталі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскіх межнацыянальных канферэнцый і сустрэч. Арганізавалі прэзентацыю ў Саратаве НКА "Беларускае земляцтва Паволжа", у межах якой была праведзена сустрэча з саратаўскімі СМІ. Зямляцтва пры падтрымке спонсараў праводзіць дабрачынныя акцыі, аказвае сябрам зямляцтва і іншым грамадзянам усебаковую дапамогу. Пастаянна вядзецца праца па прыцягненню беларусаў да супрацоўніцтва з зямляцтвам.

У планах саратаўскай арганізацыі беларусаў:

  1. Падрыхтваць і правесці Купалле;
  2. Да 120-годдзя Я. Коласа і Я. Купалы адкрыць секцыю беларускай літаратуры на базе адной з бібліятэк Саратава;
  3. Па меры магчымасці аказваць дапамогу ў адкрыцці Цэнтра расійска-беларускай дружбы на базе ПТУ № 22.

З 13 сакавіка па 19 красавіка 2002 г. у гімназіі № 5 зямляцтвам праводзіўся месячнік беларускай культуры. У межах гэтага мерапрыемства правадзіліся віктарына, конкурсы сачыненняў, малюнкаў, прысвечаных Беларусі. У заключны дзень прайшоў канцэрт, які быў падрыхтаваны сябрамі зямляцтва і вучнямі гімназіі. Падчас канцэрта выконваліся беларускія народныя песні і танцы, вучні чыталі вершы на беларускай мове, гучалі песні аб Беларусі. У перапынках паміж канцэртнымі нумарамі ўзнагароджваліся пераможцы віктарыны. Пасля канцэрта дзеці былі запрошаны ў сталовую, дзе для іх падрыхтавалі смачныя стравы беларускай кухні.

24 траўня святкавалі "Славянский венец" (свята, прысвечанае Дню славянскай пісьменнасці і культуры). Зямляцтва прыняло ў гэтым свяце самы актыўны ўдзел. Фальклорныя калектывы выконвалі беларускія песні. У інсцэнаванай хаце былі прадстаўлены: куток з літаратурай беларускіх пісьменнікаў і кнігі аб Беларусі, вырабы беларускіх народных промыслаў з лазы і саломкі, дрэва і керамікі, ткацтва і вышыўка. А сапраўдным ўпрыгожаннем хаты стаў дегустацыйны стол са стравамі беларускай кухні.

А. Кужэлка,
старшыня рады НКА "Беларускае зямляцтва Поволжа"

Цікава

Самай папулярнай песняй ЗША, па агульнаму прызнанню, з'яўляецца песня "Божа, блаславі Амерыку" ("God, Bless America"), дзе людзі ўсяго свету жывуць разам, адной сям'ёй у волі. Словы і музыку да гэтай песні напісаў Ірвін Берлін. Упершыню яна была выканана на ўсю краіну ў Дзень памінавання 11 лістапада 1933 г. Праз некалькі дзён яе пела ўся краіна, і хутка песня стала неафіцыйным гімнам ЗША. Сапраўднае імя амерыканскага кампазітара Ірвінга Берліна - Ізраіль Бейлін. Ён нарадзіўся ў беларукім горадзе Магілёве 11 траўня 1888 г. у сям'і кантара (галоўнага спевака) мясцовай сінагогі. Хутчэй за ўсё, гэта і паўплывала на лёс будучага кампазітара. Пяці год ён разам з бацькамі, у 1893 г., ад'ехаў у ЗША.

"Аргументы и факты в Беларуси". 2002. 5 чэрв.

Анонс

ІІІ канферэнцыя беларусаў Балтыі

13 - 14 ліпеня 2002 г. у Вільні адбудзецца ІІІ канферэнцыя беларусаў Балтыі. Канферэнцыю ладзіць Таварыства беларускай культуры на чале з яго кіраўніком Хведарам Нюнькам. Мерапрыемства будзе праходзіць у будынку Тэхналагічнага універсітэта (былой Беларускай гімназіі). У канферэнцыі будуць браць удзел больш за 70 дэлегатаў - кіраўнікоў і сяброў беларускіх арганізацый з Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША, Францыі і Германіі. Будуць прысутнічаць у якасці гасцей прадстаўнікі ўрада Літвы, амабасадаў замежных краін, кіраўнікі іншых дыяспар, якія пражываюць у Літве. На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца як літоўскія, так і беларускія пытанні, і, зразумела, праблемы жыцця і дзейнасці беларусай дыяспары ў Літве.

Навіны дыяспары

Лондан , Вялікабрытанія

Англа-беларускае таварыста правяло святкаванне традыцыйнага беларускага летняга свята. 15 чэрвеня ў суботу адбылося Купалле ў Беларускім культурным і рэлігійным цэнтры ў Лондане. Праграма ўключала фальклорныя песні, гульні, танцы, вогнішча.

Нью-Ёрк, ЗША

Старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель, сябра прэзідыума Рады БНР Янка Запруднік, сустрашыня Кааліцыі ў абарону дэмакрытыі і правоў чалавека ў Беларусі Аляксандр Сільвановіч, старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання Антон Шукелойц выступілі з заявай "Пра пагром беларускіх літаратурных часопісаў урадам Рэспублікі Беларусь". У заяве гаворыцца, што "Нядаўняя пастанова ўрада Беларусі аб стварэнні холдынга, у руках якога будуць фінансы на выдаванне літаратурных перыёдык і прызначэнне на пасаду галоўных рэдактараў літаратурных часапісаў асоб, гатовых выконваць урадавы кантроль, - гэта яшчэ адзін крок у наступе на беларускую нацыянальную культуру". Заява заклікае "ўсіх прыхільнікаў справы нацыянальнага адраджэння Беларусі як на Бацькаўшчыне, гэтак і ў дыяспары падтрымваць беларускіх пісьменнікаў усякімі магчымымі спосабамі ў іхнай абароне сваіх правоў ды магчымасцяў нармальнай творчай працы. Няхай сёлетняе 120-годдзе народзінаў волатаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа станецца годам узмацнення нашай агульнай адданасці справе далейшага развіцця ў свабодных умовах літаратуры як выказніка волялюбных імкненняў беларускага народу".

Ванкувэр, Канада

Упершыню за апошнiя гады пачалi збiрацца на сходкi беларусы ў Ванкуверы. У красавiку i маi адбылiся дзве такiя сустрэчы. Першая адбылася 27 красавіка i была прымеркавана да Чарнобыльскай даты. Але гэта была i першая сустрэча беларусаў новай эмiграцыi ў Ванкуверы. Былi дыскусii, знаёмствы i згода з тым, што такiя сустрэчы вельмi важныя для ўсiх прыехаўшых з Беларусi. 26 мая многiя з тых, хто прыходзiў на першую сустрэчу, зноў сабралiся, цяпер ужо на прыродзе, каб працягнуць пачатыя размовы i падумаць пра далейшыя шляхi стварэння спрыяльнага асяроддзя для маральнага, псiхалагiчнага i бытавога развiцця на зямлi Паўночнай Амерыкi. Iнiцыятарамi i арганiзатарамi гэтых сустрэч былi ў Ванкуверы спадарыня Валянцiна Лапцэвiч i спадарыня Iрына Беразуцкая. Для тых, хто жадае паглядзець на здымкi з апошняй сустрэчы i, магчыма, убачыць сваiх знаёмых, заходзьце, калi ласка, на веб-сайт: www.welcome-to-vancouver.com

Таронта, Канада

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады выказаў падтрымку Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Гэта звязана з праблемамі, якія ў апошнія гады перажывае СБП. Дзяржава адняла ў саюза Дом літаратара, паліклініку, а з ліпеня 2001 г. не выплачвае заробак супрацоўнікам пісьменніцкай арганізацыі. Акрамя таго, без узгаднення з кіраўніцтвам СПБ былі заменены рэдактары шэрага вядучых літаратурных журналаў у Беларусі. У сваім звароце д-р Р. Жук-Грышкевіч заклікала ўрад Беларусі "выконваць свой доўг - падтрымліваць нацыянальную літаратуру і спрыяць яе развіццю". У звароце таксама заклік да ўсіх беларусаў замежжа "падтрымліваць беларускіх пісьменнікаў у іх абароне сваіх правоў і магчымасцяў нармальнай работы".

Свіраны, Літва

На радзіме Францішка Багушэвіча, у Свіранах, што пад Вільняй, знікла мэмарыяльная дошка ў гонар паэта. Беларускі нацыянальны сцяг, які быў прымацаваны побач, спалілі.

"Наша слова". 2002. 31 мая.

Вільня, Літва

У Таварыстве беларускай культуры адбылася сустрэча з фальклорным калектывам "Ветах" з Мінска. Удзельнікам усяго па 14 - 16 гадоў, але, нягледзячы на юны ўзрост, артысты на сцэне адчувалі сябе ўпэўнена, добра і прафесійна падрыхтаванымі. Яны ў Вільні выконвалі фальклорныя песні, вадзілі карагоды. Усе ўдзельнікі былі ў нацыянальных строях.

"Наша слова". 2002. 12 чэрв.

Вільня, Літва

6 чэрвеня ў Вільні адбылася цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Барыса Кіта выдатнага беларускага журналіста, супрацоўніка Радыё "Свабода" Валерыя Каліноўскага і беларускага паэта Алега Мінкіна, які жыве ў Вільні, шмат робіць для развіцця беларускай справы, з'яўляецца галоўным рэдактарам газеты "Рунь". На ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася ў Музеі Адама Міцкевіча, прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве, літоўскія дзеячы, першы лаўрэат прэміі імя Барыса Кіта Лідзія Савік, якая расказала пра жыццё і дзейнасць славутага беларускага вучонага. Прэмію ўручаў доктар Ёханес Шлотц, які ўзначальвае арганізацыю беларуска-нямецкіх сустрэч, створаную пры Берлінскім свабодным універсітэце і які з'яўляецца не толькі вядомым нямецкім вучоным, прафесарам Свабоднага нямецкага універсітэта Берліна, але і нястомным арганізатарам практыкі беларускіх студэнтаў у Германіі.

Ізяслаў, Украіна

Паэтычная імпрэза, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы была арганізавана гуртам беларускай культуры "Зорка Венера" ў г. Ізяславе. Імпрэзу адкрыў сваім паведамленнем кіраўнік гурта П. Капчык. Вершы Янкі Купалы на беларускай мове чыталі вучні, якіх вучыць Пятрусь Капчык. У канцы ўдзельнікі вечарыны праглядзелі відэафільм "Мінск. Спатканне вясны".

Гайнаўка, Польшча

Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі прайшоў ужо ў 21-шы раз у Гайнаўцы. Конкурсныя праслухоўванні і канцэрты праходзілі не ў Свята-Троіцкім саборы, як звычайна, а ў Доме культуры, зала якога не можа пахваліцца ні добрай акустыкай, ні той колькасцю слухачоў, якую збірае сабор. Да таго ж, царква забараніла ўдзел у фэсце ўсім прыхадскім харам Польшчы. Гэтыя факты шырока асвятляліся ў польскай прэсе, выказваліся трывожныя меркаванні, што падобны раскол зусім невыпадковы і прыйшоўся на час надзвычай высокага еўрапейскага ўзроўню фестывалю.

"Культура". 2002. 8 - 14 чэрв.

Беласток, Польшча

У Беластоцкім амфітэатры 9-га чэрвеня прайшло традыцыйнае 17-е па ліку Свята беларускай культуры. На ім прэзентаваліся лаўрэаты песенных конкурсаў, фестывалю беларускай песні, а таксама госці з Беларусі - ансамбль "Зараніца" (Нясвіж), Я. Навуменка, С. Восіпаў. Арганізатарам свята выступіла Беларускае грамадска-культурнае таварыства. На свяце прысутнічалі воявода Беластока, дыпламаты, у тым ліку пасол Беларусі ў Польшчы М. Крэчка, польскія беларускія палітычныя дзеячы.

Беласток, Польшча

Роўна на сваё 44-годдзе, 8 чэрвеня, сабрала Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа" сваіх сяброў на чарговы справаздачна-выбарчы з'езд. Справаздачу аб дзейнасці аб'яднання трымаў ягоны старшыня Ян Чыквін. За апошнія 2 гады аб'яднанне пастаянна праводзіла літаратурныя сустрэчы- семінары, было выдадзена 3 нумары "Тэрмапілаў", 3 нумары "Год беларускі", выдадзена 26 кніг і адна Анталогія. Абрана новая ўправа "Белавежы" і кіраўніцтва: старшыня - Ян Чыквін, намеснік - Сакрат Яновіч.

Іркуцк, Расія

22 - 25 мая іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага наведала Новасiбiрск. Там іркуцкі беларускі фальклорны гурт "Ленушка" i некаторыя актывiсты ўдзельнiчалi ў свяце "Днi славянскай духоўнасцi i культуры", а таксама ў афiцыйным адкрыцці Праваслаўнай Царквы св. Ефрасiннi Полацкай. 31 мая - Дзень прыбайкальскiх беларусаў - 6 год iснавання Іркуцкага таварыства. У гэты дзень у Доме Дружбы адбылася лiтаратурная вечарына, прысвечаная 120-годдзю Янкi Купалы і Якуба Коласа. Гучала iх бiяграфiя, вершы, песнi на iх словы. На Купалле да таварыства збiраюцца прыехаць госці са Швейцарыi - аматары фальклору і экзотыкi.

А. Рудакоў

Парыж, Францыя

У штаб-кватэры ў Парыжы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы, прысвечанай 200-й гадавіне нацыянальнага героя Чылі, беларуса, Ігната Дамейкі. Выстава праводзілася сумеснымі намаганнямі Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі і Чылі - краін, з якімі былі звязаны жыццё і дзейнасць І. Дамейкі. Сярод экспанатаў ад Беларусі былі прадстаўлены карціны з пейзажамі родных мясцін І. Дамейкі работы мастака з Ліды Р. Грушы.

Кохтла-Ярве, Эстонія

Беларуска-Эстонскае згуртаванне "БЭЗ" святкавала 120-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа разам з Беларускім паэтычным тэатрам "Зьніч". У імпрэзе бралі ўдзел не толькі сябры іншых нацыянальных суполак, але і мясцовыя жыхары. Спектакль, прадстаўлены Галінай Дзягілевай і Кірылам Успенскім (гітара) называўся "Мне сняцца сны пра Беларусь" і распавядаў пра трагічны лёс паэта Янкі Купалы. Гэта ўжо другая вандроўка тэатра "Зьніч" ў Эстонію.

Навіны Беларусі

"Бацькаўшчына" інфрамуе

МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" завяршае працу па ўзнаўленню базы дадзеных беларускай дыяспары. Напрацягу больш за паўгады арганізацыям беларускай дыяспары прапаноўвалася запоўніць анкету "Бацькаўшчыны", якая ўтрымлівала пытанні па самых розных аспектах дзейнасці суполак беларускай дыяспары. Апрацоўка адказаў беларускай дыяспары заняла больш за чатыры месяцы і зараз любы, хто жадае пазнаёміцца з дзейнасцю той ці іншай арганізацыі дыяспары, ці наогул даведацца пра суполкі беларусаў далёкага і блізкага замежжа, здолее зрабіць гэта на сайце "Бацькаўшчыны" - http://www.zbsb.org

База дадзеных - гэта не проста спіс беларускіх арганізацый. У ёй вы зможаце даведацца аб тым, дзе існуюць беларускія цэрквы ды касцёлы, якія ёсць помнікі беларускім дзеячам, дзе навучанне дзяцей вядзецца па-беларуску, якія беларускія бібліятэкі працуюць у замежжы. Зараз з'явілася першая частка базы. Ідзе праца над дапаўненнем і ўдасканаленнем другой. Свае заўвагі, меркаванні і прапановы дасылайце на наш электроны адрас: zbsb@lingvo.minsk.by . Да ўвагі арганізацый беларусаў замежжа: просьба да тых арганізацый, інфармацыя аб якіх адсутнічае ў базе дадзеных, тэрмінова даслаць інфармацыю для наладжвання супрацоўніцтва і размяшчэння на сайце.

Рэфармацыя і Залаты век Беларусі

1 чэрвеня 2002 г. МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" правяло навукова-практычную канферэнцыю "Рэфармацыя і Залаты век Беларусі", удзельнікамі якой сталі вядомыя гісторыкі, філосафы, грамадскія дзеячы, а таксама служыцелі евангельскіх цэркваў ўсіх дэнамінацый. Канферэнцыя ставіла сваёй мэтай даследаванне ўплыву Рэфармацыі на развіццё беларускага грамадства ў ХVІ ст., вывучэнне прычын Залатога dеку Беларусі. Адкрыў канферэнцыю доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч дакладам "Рэфармацыя ў Еўропе", у якім было паказана развіццё рэфармацыйнага руху. У наступным дакладзе "Поліэтнічны характар культуры Вялікага Княства Літоўскага" д-р філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс паказаў, што Залатое стагоддзе ў гісторыі Беларусі - гэта ХVІ стагоддзе. Філасофскі і багаслоўскі аспекты Рэфармацыі былі асветлены ў дакладзе Станіслава Акінчыца "Рэфармацыя - узнаўленне першапачатковага вобраза". Пасля выступленняў дакладчыкаў сваімі назіраннямі, меркаваннямі наконт розных аспектаў падзей ХVІ ст. і сённяшняй сітуацыі дзяліліся іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. Вынікам канферэнцыі стала згода ўдзельнікаў на далейшыя сустрэчы, прысвечаныя Рэфармацыі ў Беларусі, а таксама заява аб неабходнасці святкавання ў 2003 г. 450-годдзя Рэфармацыі ў Беларусі.

Юбілейныя выданні

МГА "Беларускі кнігазбор" плануе ў гэтым годзе выпусціць у сваёй серыі кнігу Выбраных твораў Янкі Купалы. Выданне будзе прысвечана 120-годдзю песняра. Таксама плануецца выдаць кнігу славутага беларуса Ігната Дамейкі "Мае падарожжы" ў перакладзе Здзіслава Сіцькі. Гэта кніга таксама юбілейная і прысвечана 200-годдзю з дня нараджэння гэтага выдатнага беларускага дзеяча.

Беларуская Біблія

У Мінску накладам 10 тысяч асобнікаў выдадзены першы поўны пераклад кананічнага тэксту Бібліі на сучасную беларускую літаратурную мову. Аўтарам перакладу з'яўляецца Васіль Сёмуха, які прысвяціў гэтай працы 14 гадоў свайго жыцця. Пераклад Бабліі на старабеларускую мову належыць пяру Францыска Скарыны, які парушыў права царквы на тлумачэнне біблейскіх тэкстаў. У другой палове ХХ ст. Ян Станкевіч пераклаў Біблію на віленска-літоўскі дыялект беларускай мовы. Аднак гэтыя пераклады не былі прызнаны Царквой. Біблія ж у перакладзе В. Сёмухі пад рэдакцыяй Юркі Рапецкага (Канада) выдадзена з блаславення мітрапаліта Мікалая, главы Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы ЗША і Канады, а таксама Хрысціянскай пратэстанскай місіі ў Канадзе. Па прычыне рознагалосся з Рускай праваслаўнай царквой сп. Сёмуха адмовіўся ад супрацоўніцтва з ёй, каб захаваць творчую свабоду. Фінансавалі выданне сам перакладчык, яго дачка Леся, сын Сяргей, прадстаўнікі нацыянальнай дыяспары ў Канадзе, ЗША, беларускія бізнесмены. Кніга, кошт аднаго асобніка якой для выдаўцоў склаў 13 тысяч рублёў, хутка будзе прадавацца ў крамах хрысціянскіх канфесій, штаб-кватэрах грамадскіх аб'яднанняў Беларусі.

Выдаўцы кнігі вельмі зацікаўлены, каб Біблію атрымалі тыя, хто не ў стане за яе заплаціць. Таму звяртаемся да ўсіх, хто можа прыдбаць Біблію не толькі для сябе, але і выкупіць неабходную колькасць накладу для дамоў міласэрнасці, школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, бібліятэк следчых ізалятараў і месцаў зняволенняў, хворых і сацыяльна незабяспечаных людзей, дапамажыце гэтай катэгорыі насельніцтва! Таксама, калі вы ў стане купіць Біблію на роднай мове для школ і дзіцячых садкоў, бібліятэк - зрабіце гэта!

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся ў офіс МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Візы ў Беларусь

З 14 чэрвеня Беларусь павялiчвае цэны на ўсе катэгорыi ўязных вiз для грамадзян Лiтвы на 5 долараў, а на транзiтныя - на 3 долары. Аднаразовая ўязная вiза будзе каштаваць 15 долараў, аднаразовая транзiтная - 8 долараў. За тэрмiновае афармленне вiз будзе прымяняцца iншы тарыф. Узмацненне вiзавага рэжыму напрамую закране амаль 500 тысяч беларусаў, якiя жывуць за межамi рэспублiкi. Узмацненне вiзiвага рэжыму з Лiтвой, Латвiяй, Польшчай напрамую закране 320 тысяч беларусаў, якiя жывуць у Польшчы, 97 тысяч, якiя жывуць у Латвii, i 65 тысяч, якiя жывуць у Лiтве. Гэтыя лiчбы прывёў у ходзе прэс-канферэнцыi ў Мiнску намеснiк мiнiстра замежных спраў Беларусi Аляксандр Герасіменка. Дыпламат нагадаў, што ўмовы праезду беларускiх грамадзян у Лiтву рэгулявалiся мiжурадавымi пагадненнямi, згодна з якiмi бязвiзавы ўезд у Лiтву мелi грамадзяне прыгранiчных раёнаў, работнiкi авiя, чыгуначнага i аўтамабiльнага пасажырскага транспарту, перавозчыкi грузаў, грамадзяне старэй за 60 гадоў i шэраг iншых катэгорый. З 1 студзеня 2003 года вiзавы рэжым уводзiцца для ўсiх катэгорый грамадзян.

"Звязда". 2002. 18 чэрв.

Клуб "Гаспадар" запрашае да супрацоўніцтва!

Галоўнай мэтай стварэння Клуба "Гаспадар" з'яўляецца аб'яднанне на ўзаемавыгаднай аснове юрыдычных і фізічных асоб, эканамічных і юрыдычных экспертаў для ўдзелу ў праграмах па развіццю беларускага бізнеса і спрыяння эканамічным рэформам у Беларусі.

Прапануюцца наступныя накірункі супрацоўніцтва:

  1. Стварэнне адзінага Банку дадзеных.
  2. Размяшчэнне на сайце інфармацыі аб партнерах.
  3. Абарона інтарэсаў сяброў клуба ва ўладных структурах.
  4. Спрыянне ў пошуку інвестыцый.
  5. Павышэнне кваліфікацыі, навучэнне і стажыроўкі.
  6. Наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва.
  7. Арганізацыя клубных сустрэч.

Больш падрабязную інфармацыю вы можаце атрымаць па наступнаму адрасу:
Рэспубліка Беларусь, 220050, г.Мінск, а/с 534
тэл. (+375 17) 2222718, 2891286
E-mail: liucka@tut.by, gaspadar@gaspadar.com
Сайт: www.gaspadar.com

20 чэрвеня, на 86-м годзе жыцця, у Таронта памёр уладыка Мiкалай, архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яго імя ад нараджэння - Міхал Мацукевіч. Ён нарадзіўся 21 траўня 1917 года ў Самарскай губерні. Маці памерла, калі хлопчыку было 6 месяцаў, а бацька вярнуўся ў Беларусь, у родны Мотыль, у 1921 годзе. Пад час Другой сусветнай вайны Міхал Мацукевіч апынуўся ў канцлагеры. У канцы вайны ён служыў у польскім войску ў Англіі. Там жа Міхал Мацукевіч і далучыўся да беларускага згуртавання. З 1951 г. ён пераехаў у Канаду. Пераканаўшыся, што беларуская грамада ў Канадзе загіне без сваёй царквы, ён пайшоў вучыцца на святара. Адукацыю ён атрымаў у Канадзе, у Вініпегу, у Калегіі св. Андрэя.

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае глыбокія спачуванні ўсім прыхажанам Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў сувязі са смерцю яе першага іерарха.